+

Раніца у якой не існуе нічога апроч тваёй сьмерці

калі ты паміраеш не са мной

з кімсьці іншай

разрывае мяне на кавалкі

і парваную

прымушае жыць далей

калі так ня хочацца


+

маленькі поні катае маленькіх дзяцей

за грошы

што плацяць бацькі ягонаму гаспадару

але іх ўсё адно не хапае

каб кожны дзень есьці салодкую моркву

таму на вячэру сёньня

маленькі поні будзе есьці сухую траву

я не падобна да поні і да маленькіх дзяцей не

падобна

можа я морква

а можа трава

якую ты перажоўваеш ужо каторы год

быў час калі я ня ўмела чытаць

і гэта рабіла мама

тады ў кніжцы было напісана

што

маленькі поні катае маленькіх дзяцей

проста так


Загрузка...