+
у вагоне нумар 898
чыканьне пасьпявае заплесьці коску
да левай скроні прыціскаецца моцна
пытаньне
- Вы сыходзіце на наступным?
не,
я чырвоную кнопку сэрца
націскаю
для экстранай сувязі з машыністам
каб падпісацца пад целам тваім
самым жорсткім сваім кампрамісам
і калі вочы стануць чыстымі ад аблокаў
і калі голас лісьце назад да дрэваў
уздыме
я ўпаду
як тэмпература за вокнамі
ніжэй спадара Цэльсія
бо той хто носіць са студні вёдры
не абавязкова поўніць вадой іх
вусны звяжу на вузел
на самай мяжы твараў
каб той хто мяне чакае
шанец меў
не дачакацца
мужнасьць - гэта тварам
да пасажыраў
сесьці
у поўным тралейбусе
у 22.30
і не забыцца
што невызначальным
можа быць
ня толькі артыкль