Раздробленымі, зацягнутымі ў твань міжусобіц і слабымі паказаны ў даследваннях і падручніках па гісторыі беларускія землі ХІІ-ХІІІ стст. Яны быццам спыніліся ў сваім развіцці і толькі чакалі, калі хто-небудзь іх заваюе і збярэ ў адзінае цэлае, што нібыта і зрабіла Літва (сучасная Летува), дзе ў выніку развіцця феадалізму ўтварылася дзяржаўная ўлада, абапіраючыся на якую феадалы прыгняталі сваіх сялян і заваёўвалі чужыя землі. Чаму не магла ўтварыцца дзяржава на беларускіх землях, дзе феадалізм узнік на некалькі стагоддзяў раней, чым на летувіскіх, і як абыходзіліся беларускія феадалы без дзяржаўнай улады, на гэтыя, як і на іншыя падобныя, пытанні гісторыкі чамусьці адказу не даюць.
Такі погляд на беларускія землі таго часу вынікае з пашыранай у гістарычнай навуцы догмы, паводле якой аб'яднанне Беларусі і ўтварэнне беларускай народнасці і культуры адбывалася ў ХІV-ХVІ стст. пасля так званай літоўскай заваёвы Беларусі[15]. У сапраўднасці ж усё было інакш. Працэс збірання паасобных гістарычных абласцей Беларусі ў адзінае цэлае і ўтварэнне беларускай народнасці і культуры пачаўся значна раней. Як адзначыў акадэмік Б. Д. Грэкаў, «распад Кіеўскай дзяржавы перш за ўсё вынік росту асобных яе складовых частак, кожная з якіх стала праводзіць сваю ўласную палітыку, маючы на ўвазе ўласныя мэты»[16]. Гэтым і было абумоўлена з'яўленне новых эканамічных і палітычных цэнтраў, вакол якіх і пачалі фармавацца тэрыторыі ўсходнеславянскіх народнасцяў (расейскай, украінскай, беларускай).
Першапачатковым ядром фармавання тэрыторыі Беларусі была Полацкая зямля. Як сведчаць навуковыя даследванні, Полацкае княства, якое жыло «сваім асобным жыццём з першага свайго з'яўлення на гістарычнай сцэне»[17], было «найбольш самастойнай палітычнай адзінкай старажытнай Русі»[18]. Размешчаная на скрыжаванні найважнейшых гандлёвых шляхоў і аб'яднаная імі, Полаччына эканамічна ўмацавалася і абагнала ў сваім развіцці некаторыя іншыя ўсходнеславянскія землі[19]. Адрозна ад усіх іх яна мела сваю княскую дынастыю Ізяславічаў. Тут склалася багатая арыгінальная культура[20].
Як адзначыў Л. Аляксееў, феадальны клас Полаччыны «раней за феадалаў іншых земляў пачаў пашыраць сваю абласную тэрыторыю»[21]. Вось чаму Полацкае княства, якое ўзнікла ў ІХ-Х стст. на невялікай тэрыторыі па Заходняй Дзвіне ў раёне ракі Палаты[22], ужо пад канец ХІ ст. «ахоплівала большую частку сучаснай Беларусі. Яно ляжала ў асноўным па Заходняй Дзвіне, Нёмане і Бярэзіне з іх прытокамі»[23]. Хоць на пачатку ХІІ ст. княства падзялілася на асобныя ўдзелы, пашырэнне яго тэрыторыі працягвалася. Найбольш моцны з полацкіх удзелаў — Менскі — выступаў супернікам Полацка ў далейшым збіранні беларускіх земляў. Менскі князь Глеб Усяславіч выкарыстоўваў зручнае геаграфічнае становішча свайго княства, якое, знаходзячыся на мяжы Нёманскага і Дняпроўскага водападзелаў, займала ключавыя пазіцыі на важных гандлёвых шляхах. Ён імкнуўся далучыць да сваіх уладанняў паўднёвыя (прыпяцкія), заходнія (нёманскія) і ўсходнія (дняпроўскія) землі. Дзеля дасягнення гэтых мэтаў ён ажыццявіў паходы на Слуцак (1116 г.) і разам з палачанамі — на Новагародскую і Смаленскую землі (1119 г.)[24]. Такім чынам, ужо ў намерах Глеба Менскага акрэсліваюцца ў асноўным контуры будучай Беларусі і цэнтральнае становішча ў ёй Менска.
Аднак пашырэнне тэрыторыі Полацкай зямлі «не магло не прывесці да сутычкі з інтарэсамі феадалаў суседніх земляў»[25]. Полацкія князі рабілі напады на Ноўгарад, Пскоў, Смаленск. Кааліцыйныя сілы суседзяў у сваю чаргу спусташалі Полацкую зямлю, разбуралі яе гарады, нават на некаторы час пазбаўлялі яе самастойнасці і далучалі да Кіева, як, напрыклад, Полацка ў 980 г., Менска ў 1119 г., Полацка ў 1129 г. Аднак раздробленасць, якая была вынікам феадальнага спосабу вытворчасці, з'яўлялася на той час заканамерным і прагрэсіўным этапам гістарычнага развіцця. Таму яе нішто не магло спыніць. Вось чаму ніякія захады кіеўскіх князёў не маглі стрымаць далейшага палітычна-эканамічнага развіцця Полацкай зямлі. Феадальная раздробленасць, як слушна адзначаюць даследнікі, перш за ўсё праявілася ў Полацкай зямлі, што сведчыла пра яе больш высокае сацыяльна-эканамічнае развіццё параўнальна з некаторымі іншымі землямі[26]. Гэта і было прычынай таго, што яна, вызваліўшыся з-пад апекі кіеўскіх князёў, у сваю чаргу сама стала дзяліцца на ўдзелы. У кожным з іх замацаваўся той ці іншы род полацкіх князёў. Аднак па-ранейшаму для ўсіх іх быў прывабны Полацкі пасад, які меў значэнне вялікакняскага і за які пачалася паміж імі барацьба. Яна дасягнула найбольшай вастрыні ў 50-60-х гадах ХІІ ст.
Аднак феадальная раздробленасць і звязаная з ёю палітычная дэцэнтралізацыя і міжусобная барацьба не маглі цягнуцца без канца. Рэч у тым, што ў нетрах самой раздробленасці выспявалі ўмовы для яе адмірання. Ствараючы лепшыя магчымасці для асваення новых земляў і прыродных рэсурсаў, росту гарадоў, развіцця земляробства і рамёстваў, яна гэтым самым садзейнічала таварнай вытворчасці, г. зн. вытворчасці непасрэдна для абмену, для гандлю. А гэта ў сваю чаргу вяло да эканамічнага і палітычнага збліжэння паасобных земляў. Менавіта ў Полацкай зямлі, дзе раней пачаўся працэс феадальнай раздробленасці, ён раней і закончыўся. У выніку гэтага і міжусобная барацьба полацкіх князёў паступова заціхла значна раней, чым у іншых усходнеславянскіх землях. Ва ўсялякім разе яна доўжылася не пазней за 1180 г., калі з выключнай яскравасцю выявілася адзінства Полацкай зямлі. У паходзе на Друцак, які падпаў пад уплыў Смаленска, удзельнічалі шэсць полацкіх князёў, г. зн. уся зямля. Праўда, Л. Аляксееў зазначае, што сярод іх не было менскіх князёў. Аднак катэгарычна сцвярджаць гэта нельга. Калі не было менскіх князёў, дык якія ж былі? У летапісе, дзе перадаюцца гэтыя падзеі, пазначаны месцы княжання толькі трох князёў (Полацак, Віцебск, Лагойск)[27]. Чацверты князь Васілька Брачыславіч, як слушна лічыць Л. Аляксееў, быў ізяслаўскім князем[28]. Але калі ў гэтым паходзе былі лагойскі і ізяслаўскі князі, то ці можна лічыць, што там не было менскага князя? Ім мог быць Андрэй Валодшыч, сын таго Валодшы, якога ў 1159 г. Глебавічы пасадзілі ў поруб. Чаму ж паход на Друцак прадэманстраваў такое адзінства полацкіх князёў? Бо тут справа ішла пра абарону эканамічна-гандлёвых інтарэсаў усёй Полаччыны, у прыватнасці пра валоданне найважнейшым для Полацкай зямлі Друцка-Ўшацкім волакам[29]. Без агульнасці эканамічных інтарэсаў полацкіх земляў не магло быць такога вайсковага адзінства, якое выявілася ў 1180 г. Праўда, у 1186 г. лагойскі князь Васілька Валадаравіч і друцкі князь Усяслаў, відаць, пад націскам Смаленска, які не мог прымірыцца з сваёй паразай у 1180 г., разам з ім і Ноўгарадам выступілі супраць Полацка. Аднак гэты паход скончыўся мірна[30], і ўдзел у ім лагойскага і друцкага князёў не перашкодзіў усталяванню згоды між полацкімі ўдзеламі. Гэта пацвярджаюць падзеі 1195 г., калі полацкія князі ўдзельнічалі ў паходзе на Смаленск і адыгралі вызначальную ролю ў перамозе над ім[31]. Тое, што ў летапісе ўжыты выраз «полацкія князі», гаворыць нам, што іх было некалькі, а можа і ўсе. Л. Аляксееў чамусьці сцвярджае, што Друцак і цяпер знаходзіўся пад эгідай смалянаў, на баку якіх змагаўся супраць чарнігаўскіх Ольгавічаў[32]. Аднак гэта яўна супярэчыць летапісу, у якім сказана, што друцкі князь Барыс захапіў у палон смаленскага князя Мсціслава Раманавіча і аддаў яго чарнігаўцам[33]. Удзел у гэтым паходзе друцкага князя сведчыць, што ваенныя падзеі 1180 г. не прайшлі марна: Друцак па-ранейшаму знаходзіўся ў шчыльным хаўрусе з Полацкам і ў сферы яго ўплыву.
З прычыны далейшага развіцця прадукцыйных сілаў грамадства і пашырэння гандлю пачаўся працэс феадальнай канцэнтрацыі, на аснове якога ішло збліжэнне асобных тэрыторый Полацкай зямлі. І хаця ўдзелы працягвалі існаваць яшчэ доўгі час, аднак міжусобная барацьба паміж імі не адзначана ў крыніцах, як, напрыклад, у сярэдзіне ХІІ ст. Эканамічныя інтарэсы бралі верх і прымушалі падпарадкавацца ім. Характэрная ў гэтым дачыненні грамата полацкага князя Ізяслава (1265 г.), у якой ён піша: «Полотеск Видьбеск одно есть»[34]. Гэтая грамата выяўляе і прычыну такога адзінства — гандаль па Заходняй Дзвіне: «Полочаном Видьбляном вольное торгованье в Ризе, на Готьском березе и в Любце». Тут зноў выяўляецца яскравая карціна таго, як эканамічныя інтарэсы бяруць верх над князеўскімі стасункамі. Палітычна Полацак і Віцебск — два княствы, у эканамічных жа адносінах — «одно есть». Такім чынам, няма падставаў гаварыць пра міжусобіцы князёў у канцы ХІІ і ў першай палове ХІІІ ст. Пра палітычную ўстойлівасць унутры Полацкай зямлі гэтым часам сведчыць і тое, што на полацкім пасадзе на працягу 30 гадоў (1186–1216) княжыў адзін князь — Валодша. Цяжка знайсці ў іншых усходнеславянскіх землях такі фенаменальны для часоў удзельшчыны факт. Згуртаванню Полацкай зямлі спрыяла і яе барацьба з крыжацкай агрэсіяй, пра што будзе гаворка далей. Усё адзначанае сведчыць, што напярэдадні і пад час утварэння Вялікага Княства Літоўскага Полацкая зямля ўяўляла сабой больш-менш адзінае цэлае і пра міжусобную барацьбу тут не можа быць гаворкі.
У Турава-Пінскім княстве таксама назіралася тэндэнцыя да збліжэння з іншымі беларускімі землямі, якая праявілася ўжо на пачатку ХІІ ст. Нездарма ж Глеб Менскі хацеў сілай паскорыць гэты працэс, імкнучыся далучыць да сваіх уладанняў прыпяцкія землі, чым наклікаў на сябе вялікі гнеў і жорсткую помсту кіеўскага князя. У сувязі з гэтым нам хочацца звярнуць увагу на наступны факт. Далучыўшы часова да сваіх уладанняў у 1119 г. Менск, кіеўскі князь у 1131 г. аддаў менскаму князю Ізяславу Тураў і Пінск[35], якія былі ў сферы ўплыву Кіева. І справа, вядома, не толькі ў тым, што Ізяслаў быў іх стаўленікам (у часы ўдзельшчыны ўсе князі лёгка прасякаліся мясцовымі інтарэсамі). Галоўнае ў тым, што ўжо тады, відаць, пачалі вызначацца эканамічныя сувязі Турава-Пінскай зямлі з Менскам і, як паказала гісторыя, гэтыя сувязі былі невыпадковыя. Яны ўвесь час мацнелі, што і прывяло ў будучым да задзіночання Турава-Пінскай зямлі з усёй Беларусяй.
У 1158 г. Тураў выйшаў з-пад улады Кіева і ў ім асела самастойная княская дынастыя. І хоць на тэрыторыі Турава-Пінскай зямлі ўзнік шэраг асобных удзелаў (Тураўскі, Пінскі, Дубровіцкі, Слуцкі, Клецкі ды інш.), аднак князі іх дзейнічалі згуртавана. На пачатку ХІІІ ст. Турава-Пінская зямля, пераадольваючы імкненне галіцка-валынскіх князёў падначаліць яе сабе, усё больш і больш звязвае свой лёс з Новагародскай зямлёй. Нездарма ж у 1228 г. новагародцы ўдзельнічалі на баку Расціслава Пінскага ў яго барацьбе з Данілам Галіцкім, а ў 1263 г. іх князь Войшалк пры дапамозе пінянаў заваёўваў літву[36]. І гэтыя сувязі былі невыпадковыя.
Менавіта пры канцы ХІІ і пачатку ХІІІ ст. па сваім эканамічна-палітычным развіцці на першае месца сярод іншых беларускіх земляў выйшла Новагародская, якую многія даследнікі неправамерна называюць Чорнай Руссю (у тым часе яна не мела такога назову). На вялікі жаль, гістарычная навука аддавала ёй вельмі мала ўвагі і разглядала не як суб'ект гісторыі, а толькі як аб'ект заваёўніцкіх дзеянняў суседзяў. Так, У. Пашута характарызаваў яе «як вельмі істотны фактар гісторыі Літвы»[37]. Пытанне аб ролі Новагародскай зямлі ў гісторыі Беларусі, у аб'яднанні беларускіх земляў навукай не распрацаванае.
Летапісныя паведамленні і асабліва археалагічныя даследванні, праведзеныя апошнімі дзесяцігоддзямі, даюць магчымасць па-новаму зірнуць на гэты гістарычны абшар Беларусі. На долю Новагародскай зямлі выпала гістарычная роля стаць у другой палове ХІІІ ст. ядром аб'яднання беларускіх і прылеглых балцкіх земляў у адзіную дзяржаву. Адрозна ад Полацкай і Тураўскай земляў яна была параўнальна новым гістарычным абшарам Беларусі, які ўзнік на левым беразе верхняга Нёмана. Яго фармаванне пачалося з часу заснавання Новагародка (сучасны Наваградак), наконт чаго выказана некалькі меркаванняў. М. Дзмітрыеў у 1858 г. сцвярджаў, што Новагародак быў заснаваны ў 1116 г. сынам Уладзіміра Манамаха Яраполкам[38]. Аднак гэта не пацвярджаецца верагоднымі крыніцамі. М.Ціхаміраў лічыў, што Новагародак упершыню ўпамінаецца ў 1212 г.[39]. Ён спасылаўся на наступнае месца Іпацеўскага летапісу: «В лето 6720. Король отья Перемышль от Лесьтька Любачев. Лесьтько же зжалися о срамоте своей и после к Новогороду по Мстислава и реки братьми еси пойди и сяди в Галиче»[40]. Але тут, як бачым, гаворка ідзе аб нейкім Новагорадзе ў Галіцкай зямлі.
Аднак найбольш верагодна, што да Новагародка адносіцца запіс у Сафійскім І летапісе, дзе пад 1044 г. сказана: «Ходи Ярослав на литву, а на весну заложил Новогород и сделал и». Такі ж запіс і пад тым жа годам ёсць ў Ноўгарадскім ІV летапісе[41] і ў В. Тацішчава[42]. Гэты гісторык быў першым, хто выказаў думку, што згаданы тут Ноўгарад і ёсць Новагародак Літоўскі[43], г. зн. сучасны Наваградак. Аднак яна засталася незаўважанай і забытай. На карысць яе гаворыць наступнае. Ва ўсіх памянёных вышэй летапісах заснаванне Новагародка звязваецца з паходам Яраслава Мудрага на літву. А ў тым часе, як убачым, пад літоўскай зямлёю разумелася не сучасная Летува, а тэрыторыя Верхняга Панямоння. Менавіта паход Яраслава Мудрага і меў за мэту заваяванне гэтай літвы. А. Ельскі адзначаў, што Новагародак узнік на мяжы старажытнай літвы і яцьвягаў[44], што і слушна, бо пацвярджаецца летапісам, у якім сказана, што паход на літву Яраслаў Мудры зрабіў пасля паходу на яцьвягаў у 1038 г.[45]. Аб населенасці Новагародскай зямлі ў мінулым яцьвягамі сведчыць тапаніміка[46]. Тое, што яцьвягі складалі значную частку насельніцтва ў Новагародскай зямлі, гаворыць за іх важкі ўклад, які яны ўнеслі ў справу ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага. Праўда, Ф. Гурэвіч аспрэчвае паказаную дату заснавання Новагародка. Але яе довады вельмі няпэўныя, бо ў адной працы яна сцвярджае, што гэты горад заснаваны ў першай палове ХІ ст.[47], у другой сказана, што ў другой палове ХІ ст.[48], пры гэтым не тлумачачы, чаму яна змяніла сваю думку. Пабудова Новагародка павінна была забяспечыць панаванне Кіева над яцьвягамі і літвой, аб чым і сведчыць хуткае яго будаўніцтва, якое, паводле В. Тацішчава, працягвалася толькі вясну і лета. Горад адначасова стаў і важным цэнтрам славянскай каланізацыі, пра што сведчыць наступнае паведамленне Тацішчава. На падставе летапісу, які быў у яго распараджэнні, ён пісаў, што ў 1119 г. менскі князь Глеб ваяваў Новагародскую зямлю[49], што належала аднаму з сыноў Уладзіміра Манамаха. Гэтае паведамленне, сведчыць пра залежнасць Новагародка ад Кіева і тым жа часам паказвае яго рост, які быў вынікам каланізацыі і сцягвання вакол сябе пэўнай тэрыторыі, што і прывяло да ўтварэння Новагародскага княства. Каштоўнай з'яўляецца наступная звестка пра Новагародак, якую знаходзім зноў-такі ў В. Тацішчава. У ёй паведамляецца, што ў 1130 г. кіеўскі князь Мсціслаў пасля паходу на літву вярнуўся ў Новагародак, дзе заклаў царкву (відаць, яе рэшткі выявіў М. К. Каргер у 1961 г.[50]), і адтуль пайшоў у Кіеў[51]. Гэтае паведамленне пацвярджае значэнне Новагародка як апорнага пункта кіеўскіх князёў для сваіх паходаў на літву.
Амаль праз стагоддзе зноў з'яўляецца вестка аб Новагародку на старонках Іпацеўскага летапісу. У ім пад 1228 г. паведамляецца пра ўдзел новагародцаў разам з тураўцамі і пінянамі ў кааліцыі з іншымі князямі ў паходзе на Камянец супраць Данілы Галіцкага[52]. На падставе гэтага можна меркаваць, што барацьба паміж Кіевам і Галічам тады ішла ў значнай меры з-за Турава-Пінскай і Новагародскай земляў. Гэта тым больш верагодна, што наступнае паведамленне Іпацеўскага летапісу пад 1235 г. ясна гаворыць пра залежнасць Новагародка і літвы ад Данілы Галіцкага: «Даниил возведе на Конрада литву Мандога Изяслава Новогородьского»[53]. Сама каштоўнае ў гэтай вестцы тое, што, паводле яе, Новагародак меў свайго князя. Аднак Новагародак быў не толькі цэнтрам асобнага княства. Летапісныя звесткі 50-60-х гадоў ХІІІ ст. гавораць пра наяўнасць цэлага гістарычнага абшару — Новагародскай зямлі[54].
Да сярэдзіны ХІІІ ст. Новагародская зямля дасягнула высокага эканамічнага і культурнага развіцця, чаму спрыяў шэраг фактараў. Тут было добра развітое земляробства, якому спрыяла ўрадлівая глеба, што не патрабавала вельмі цяжкай апрацоўкі (чаго не было ў Падзвінні). Новагародская зямля была краінай развітых рамёстваў. Тут здабывалася жалеза і была наладжаная вытворчасць разнастайных вырабаў з яго, апрацоўваліся каляровыя і каштоўныя металы. Існавалі ганчарнае, кастарэзнае і іншыя рамёствы[55].
Усё гэта ў першую чаргу датычыць Новагародка. Так, па колькасці жалезных знаходак ён адзін з сама багатых гарадоў[56]. Можна меркаваць, што адной з прычын шпаркага эканамічнага росту Новагародка з'яўлялася тое, што ён быў размешчаны побач з багатымі пакладамі балотнай руды, пра што можа сведчыць найменне блізкага пасёлка Руда. Аднак вядучай галіной у Новагародку была апрацоўка каляровых і каштоўных металаў. Праца кавалёў па золаце і ювеліраў у ХІІ ст. набыла асаблівае значэнне. Яна ператварыла іх у досыць заможных месцічаў[57].
Адначасова археалагічныя матэрыялы сведчаць, што Новагародак не толькі вызначаўся інтэнсіўным нутраным жыццём, але і меў шырокія вонкавыя сувязі. У гэтым дачыненні асабліва паказальны такі факт. Новагародак, які памерамі сваёй умацаванай часткі (2,5 га) належаў да невялікіх гарадоў, знаходкамі імпартных прадметаў раскошы супернічае з усімі ўсходнеславянскімі гарадамі, мае ўнікальныя рэчы. Новагародскі імпарт з поўнай падставай дазваляе лічыць, што ў ХІІ-ХІІІ стст. горад вёў інтэнсіўны гандаль заморскімі таварамі. Новагародак гандляваў з Полацкам і старажытнаўкраінскімі гарадамі, з Прыбалтыкай і Польшчай, з Візантыяй і Блізкім Усходам[58].
У выніку развіцця рамёстваў і гандлю, наяўнасці шчыльнага сельскага насельніцтва на параўнаўча невялікай тэрыторыі Новагародскай зямлі было шмат гарадоў: апрача сталічнага — Слонім, Ваўкавыск, Гарадзен (Горадня), Здзітаў, Зэльва, Свіслач ды інш. Хоць летапіс іх упершыню называе толькі ў ХІІІ ст., але яны, як паказвае археалогія, узніклі значна раней — у канцы Х-пачатку ХІ ст. Як сведчыць Іпацеўскі летапіс, у Новагародку (1235)[59], Горадні (1128 ды інш.)[60], Ваўкавыску (1256)[61], Свіслачы (1256)[62] былі свае князі. Можна думаць, што яны былі і ў іншых гарадах, як, напрыклад, у Слоніме (пад 1281 г. у Іпацеўскім летапісе прыгадваецца Васілька Слонімскі, магчыма, князь). Значыць, гэтыя гарады з'яўляліся цэнтрамі асобных удзелаў. Аднак усе яны шчыльна гуртаваліся вакол Новагародка, князь якога, магчыма, меў для ўсіх іх значэнне вялікага князя. Цэнтральнае становішча Новагародка і вызначыла назоў гэтай зямлі. Летапісы не зарэгістравалі ніводнага выпадку міжусобнай барацьбы яе князёў. Новагародская зямля была краінай развітога феадальнага грамадства. Ужо ў ХІ ст. тут панаваў феадалізм і вылучылася сацыяльная верхавіна грамадства, побыт якой вызначаўся выключнай раскошай[63]. Наяўнасць багатых магіл побач з мноствам безынвентарных сведчыць пра выразную сацыяльную дыферэнцыяцыю грамадства Новагародскай зямлі[64]. Аб высокім сацыяльна-эканамічным і культурным развіцці Новагародскай зямлі гавораць і археалагічныя даследванні Ваўкавыска[65], Слоніма[66], Здзітава[67]. Асабліва ў гэтым дачыненні вызначаўся Гарадзен (Горадня). Тут, як і ў Полацку, у ХІІ ст. склалася свая самабытная архітэктура, найбольш выдатным помнікам якой з'яўляецца Каложская царква[68].
Новагародская зямля мела выгоднае геаграфічнае становішча, і гэта асабліва праявілася ў сярэдзіне ХІІІ ст.: «У перыяд двух вялікіх бедстваў, якія абрынуліся на Кіеўскую Русь, Польшчу і Прыбалтыку, — мангольскай заваёвы і крыжовых паходаў, - Беларускае Панямонне было параўнаўча бяспечнай тэрыторыяй»[69]. І таму яно з сярэдзіны ХІІІ ст. стала прытулкам для жыхароў шмат якіх краёў Усходняй Эўропы, што ратаваліся ад жорсткіх заваёўнікаў з Усходу і Захаду[70]. Прыліў новага насельніцтва, зразумела, не мог не выклікаць яшчэ большага развіцця прадукцыйных сілаў Новагародскай зямлі, што ў першую чаргу выкарысталі для свайго ўзбагачэння яе феадалы. Маючы ў сваіх руках вялікія багацці, яны былі зацікаўленыя ва ўсталяванні больш моцнай дзяржаўнай улады, з дапамогай якой можна было б трымаць у пакоры сялян і рамеснікаў, захопліваць новыя землі.
Адначасова тут ва ўмовах перамешвання этнічна разнастайнага насельніцтва фармавалася новая арыгінальная культура. Археалагічныя знаходкі паказваюць, што ў ёй «дзівосна перапляталіся мясцовыя, паўднёвыя і заходнія рысы, але дамінавала ўсходнеславянская культура. Вельмі магчыма, што менавіта ў гэтых умовах былі закладзеныя першыя асновы беларускай народнасці»[71]. Як бачым, найноўшыя навуковыя дадзеныя адхіляюць укаранелую ў навуцы думку, паводле якой фармаванне беларускай народнасці і культуры пачалося дзесьці ў ХІV-ХVІ стст., пасля ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага.
Усё гэта агулам — высокае эканамічнае развіцце, прыліў новага насельніцтва, што абумовілі далейшы рост прадукцыйных сілаў, канцэнтрацыя вялікіх багаццяў у руках новагародскіх феадалаў і далейшае ўмацаванне іх улады — павялічвала палітычную вагу Новагародскай зямлі сярод іншых гістарычных абшараў Беларусі і дало ёй магчымасць стаць новым дзяржаватворным цэнтрам беларускіх — славянскіх і размешчаных сярод іх балцкіх — земляў.
Наяўнасць мяшанага дрыгавіцка-крывіцкага насельніцтва і інвентар могільнікаў[72], тып жыллёвых збудаванняў[73] пераканаўча сведчаць пра шчыльныя эканамічныя і культурныя сувязі Новагародскай зямлі з Полаччынай. Новагародскі храм ХІІ ст. мае яскравыя сляды ўплыву полацка-віцебскага дойлідства[74]. Нездарма ж некаторыя даследнікі лічылі, што Новагародская зямля належала Полацкаму княству[75]. Ва ўсялякім разе бясспрэчна тое, што працэс узаемнага эканамічнага і культурнага збліжэння беларускіх земляў у ХІІ-ХІІІ стст. не толькі не абмінуў Новагародскай зямлі, але і найвыразней тут праявіўся. Эканамічна магутныя новагародскія феадалы шмат зрабілі для збірання ў адзінае цэлае беларускіх земляў, эканамічнае і культурнае збліжэнне якіх пачалося раней.
Значэнне Новагародскай зямлі як цэнтра новай дзяржавы добра разумелі галіцка-валынскія князі, якія самі прэтэндавалі на ролю збіральнікаў старажытнаўкраінскіх і беларускіх земляў. Аднак мангола-татарскае нашэсце аслабіла Галіцка-Валынскую зямлю, і яе князі павінныя былі саступіць ролю збіральнікаў гэтых земляў Новагародку.
Такім чынам, у сярэдзіне ХІІІ ст. цэнтр палітычнага жыцця Беларусі перайшоў з Полацка ў Новагародак, які стаў асяродкам зараджэння новай дзяржаўнасці. Вядома, гэта не гаворыць пра страту Полацкам свайго значэння ў далейшай гісторыі Беларусі. Ён яшчэ доўгі час быў цэнтрам сваёй зямлі і адыгрываў вялікую ролю ў эканамічным, палітычным і культурным жыцці ўсёй дзяржавы. Такім чынам, не ўтварэнне Вялікага Княства Літоўскага было перадумовай фармавання тэрыторыі Беларусі і беларускай народнасці і культуры, а, наадварот, працэс фармавання тэрыторыі Беларусі, беларускай народнасці і культуры, які праходзіў на грунце эканамічнага і культурнага збліжэння беларускіх земляў, і зараджэння новай дзяржаўнасці ў Новагародку быў перадумовай утварэння Вялікага Княства Літоўскага.