Пытанне аб месцазнаходжанні летапіснай Літвы — адно з сама важных у нашым даследванні. Сапраўды, дзе была тая зямля, імя якой пасля дало назоў адной з найбуйнейшых дзяржаваў у Эўропе? Гэтая праблема патрабуе дэталёвага разгляду, бо з яе заблытвання найперш і пачынаецца заблытванне гісторыі ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага.
У розныя гістарычныя перыяды пад Літвой разумелі не адну і тую ж тэрыторыю. Яшчэ ў канцы ХІХ ст. А. Качубінскі аспрэчваў тых вучоных, якія «сучаснае этнаграфічнае становішча Літвы ўзводзілі ў становішча дагістарычнае, ад веку непарушнае»[76]. На жаль, гэтая слушная думка была пакінута ў навуцы па-за ўвагай, і па-ранейшаму ў даследваннях і падручніках па гісторыі старажытная Літва ХІ-ХІІІ стст. (уласна Літва) атаясамліваецца з іншай гістарычнай вобласцю — Аўкштотай (Аўкштаціяй), якая займала ўсходнюю частку сучаснай Летувы[77].
Адной з прычын атаясамлівання летапіснай Літвы і Аўкштоты з'яўляецца тое, што апошняя ва ўсходнеславянскіх летапісах не згадваецца. Таму быў зроблены вывад, што яна выступае тут пад назовам Літвы[78]. Гэта стала агульнапрынятым, што і стрымлівала далейшае высвятленне пытання, дзе была летапісная Літва ХІ-ХІІІ стст. Даследнікі, замест таго каб уважліва прачытаць і прааналізаваць адпаведныя месцы летапісаў з мэтаю даць адказ на гэтае пытанне, бяздоказна паўтаралі: Літва — гэта Аўкштота. Аднак Літва ХІ-ХІІІ стст. — гэта зусім не Аўкштота і знаходзілася яна не там, дзе яе змяшчаюць даследнікі.
Адказ на пытанне, дзе была летапісная Літва, даюць галоўным чынам некаторыя запісы нашых летапісцаў. Паведамленні гэтыя, як убачым далей, пацвярджаюцца тапанімікай ды іншымі матэрыяламі.
Іпацеўскі летапіс пад 1159 г. паведамляе пра тое, што менскі князь Валадар Глебавіч «ходяше под литвою в лесех»[79], а пад 1162 г., што ён жа выступіў на свайго праціўніка «с литьвою»[80]. Адсюль бачна, што Літва знаходзілася па суседстве з Менскім княствам. Да такой сама высновы, грунтуючыся на тых жа летапісных звестках, прыйшоў і А. Насонаў[81].
Тэрыторыю, якая ляжала на захад ад Менска, як Літву паказвае, але ўжо з боку Новагародка (і гэта асабліва каштоўна), запіс Іпацеўскага летапісу пад 1262 г. Паведамляецца, што князь Войшалк «учини собе манастырь на реце на Немне, межи Литвою и Новымгородком»[82]. Як вядома, Войшалк заснаваў манастыр пры ўпадзенні ракі Валаўкі ў Нёман, там, дзе цяпер знаходзіцца в. Лаўрышава[83] (на паўночны ўсход ад Наваградка). Такім чынам, згодна з летапісам, на паўночны ўсход ад Лаўрышава, за Нёманам, у кірунку Менска знаходзілася Літва, што цалкам адпавядае летапісным звесткам 1159 і 1162 гг. Калі б пад Літвой тут разумелася Аўкштота, дык летапісец ніяк не сказаў бы, што заснаваны Войшалкам манастыр быў паміж Літвою і Новагародкам, бо Аўкштота знаходзілася ад Новагародка не ў паўночна-ўсходнім, а ў паўночна-заходнім кірунку.
Летапісная Літва была не толькі на правым, але і на левым беразе Нёмана. У 1190 г. князь Рурык Расціславіч намерыўся дапамагчы сваім родзічам — пінскім князям у барацьбе з Літвой і сабраўся ў паход на яе, але не здолеў дайсці туды, бо зрабілася цёпла і снег растаў, а ў гэтай балоцістай краіне толькі й можна ваяваць у моцныя халады[84]. З гэтага можна зрабіць выснову, што Літва была недалёка ад Пінскай зямлі, за яе балотамі. Пра гэта таксама сведчыць Іпацеўскі летапіс пад 1246 г. Ён паведамляе пра літву, якая, зрабіўшы набег на Перасопніцу (на Валыні), вярталася праз Пінскую зямлю назад, дзе была разбітая галіцка-валынскімі князямі[85]. У наступным годзе літва напала на Мельніцу і Лякоўню (таксама на Валыні) і зноў вярталася праз Пінскую зямлю, дзе таксама была разбітая[86]. У 1262 г. аддзелы літвы, пасланыя Міндоўгам на валынскія гарады, адступалі: адзін — у кірунку Ясельды[87], а другі — да Небля[88], г. зн. у бок Пінскай зямлі, як і ў папярэдніх выпадках. Паколькі кожны раз зваротны шлях «літвы» праходзіў праз Пінскую зямлю, то можна зрабіць вывад, што Літва знаходзілася дзесьці па суседстве з ёю. Так яно і было, што непасрэдна пацвердзіў Іпацеўскі летапіс. Пад 1253 г. у ім гаворыцца, як галіцка-валынскія князі, ідучы праз Пінск на Новагародак, сустрэлі на сваім шляху літву: «Й послаша сторожу литва на озеро Зьяте (дарэчы, у сярэдзіне ХVІ ст. пры перапісе пінскіх пушчаў яно ўжо называлася балотам[89]) и гнаше через болото до реки Щарье»[90]. «Старожа» звычайна высылалася для аховы межаў краіны. З гэтага вынікае, што Літва знаходзілася дзесьці на вышнявіне левай прытокі Нёмана — Шчары. Дарэчы, назоў гэты балцкага паходжання, азначае «вузкая»[91].
Гэтая Літва прыкрывала сабою Новагародскую зямлю з паўднёвага ўсходу, бо галіцка-валынскія войскі, перамогшы яе, «наутрея же плениша всю землю Новогородьскую»[92]. Пра такое ж месцазнаходжанне Літвы гаворыць і запіс Іпацеўскага летапісу пад 1255 г.: «Данилови же (Даніла Галіцкі) пошедшу на войну на литву, на Новогородок»[93]. Гэта значыць, што галіцкія войскі ішлі на Новагародак той жа дарогай, што і ў 1253 г., а менавіта праз Літву. Гэтыя факты, відаць, і мела на ўвазе Ф. Гурэвіч, калі зазначыла, што ў летапісных звестках пра Новагародак у 50-70-х гадах ХІІІ ст. «апавядаецца аб пранікненні галіцка-валынскіх князёў з Літвы ў гэты горад»[94]. У Т. Нарбута мы чытаем, што ў 1405 г. тураўскі біскуп Антоній са згоды Вітаўта хрысціў у Літве народ у праваслаўную веру[95]. Было незразумела, чаму менавіта тураўскі біскуп хрысціў Літву, якая, калі яе атаясамліваць з Аўкштотай, знаходзілася далёка ад Турава. Але ў святле папярэдне сказанага ўсё становіцца ясным. Літва была па суседстве з Турава-Пінскай зямлёй, і таму зусім натуральна, што яе хрысціў тураўскі біскуп.
Пра такое суседства сведчаць і археалагічныя даследванні. В. Сядоў на іх падставе лічыць, што дрыгавічы далей на поўнач ад Выганаўскага балота не жылі нават у параўнальна позні час[96]. Менавіта Выганаўскае балота было прыроднай мяжой паміж Пінскай зямлёй і летапіснай Літвою. Яно ж было прычынай і таго, што дрыгавіцкая каланізацыя летапіснай Літвы значна замарудзілася і таму апошняя магла так доўга праіснаваць. У згодзе з прыведзенымі фактамі знаходзіцца і паведамленне М. Стрыйкоўскага пра літву над Нёманам, «якая жыла ў пушчах і здаўна прыслужвала Наваградскаму княству»[97].
Характэрна, што на тэрыторыі, якая ў летапісах выступае пад назовам Літвы, да сённяшняга дня захаваўся тапонім «Літва». Населеныя пункты з такім найменнем мы сустракаем у Слонімскім (Гарадзенская вобл.), Ляхавіцкім (Берасцейская вобл.), Уздзенскім, Стаўпецкім, Маладэчанскім (Менская вобл.) раёнах. Гэта карэнныя назовы, якія супадаюць з летапісным назовам «Літва» і ёсць толькі ў паказаным рэгіёне. Іх трэба адрозніваць ад тапонімаў тыпу «Літвінава», «Літвінавічы», «Ліцвякі» і да іх падобных, якія сустракаюцца ў іншых мясцінах Беларусі, Расеі, Украіны. З'яўленне іх там звязанае з высяленцамі ў тыя мясцовасці. Адзін з такіх тапонімаў — «Літвілішкі» — выяўлены намі на тэрыторыі Аўкштоты (былая Мукснікаўская вол. Віленскага пав.). І побач з ім — тапонім «Мінчукі»[98]. Зразумела, што яны былі заснаваныя выхадцамі з летапіснай Літвы і суседняй з ёю Меншчыны.
Летапісныя дадзеныя і тапаніміка даюць магчымасць збольшага акрэсліць тэрыторыю Старажытнай Літвы. На поўначы яна межавала з Полацкім княствам па нёманскай Бярэзіне. (Пазней гэтую раку пераблыталі з дняпроўскай Бярэзінай, якую і лічылі мяжой Літвы з Руссю. Так, маскоўскія паслы, прад'яўляючы прэтэнзіі на беларускія гарады, гаварылі паслам Вялікага Княства Літоўскага: «…а рубеже был тем городам с Литовской землею по Березыню»[99]). Пра сумежжа тут літвы і крывічоў сведчаць і размешчаныя побач тапонімы «Літва» і «Палачаны» (Маладэчанскі р-н). Па гэтай жа Бярэзіне ішла паўночна-заходняя мяжа Літвы з Нальшчанамі. На ўсходзе Літва межавалася з Менскім княствам, заходні рубеж якога не ішоў далей за раку Ўсу (прыток Нёмана)[100]. На ўсходзе левабярэжжа верхняга Нёмана Літва ў глыбокай старажытнасці, відаць, суседнічала з балцкім племем лотвай, пра што сведчаць аднайменны гідронім (Капыльскі р-н) і тапонімы «Вялікая Лотва» і «Малая Лотва» (Ляхавіцкі р-н)[101]. Не выключана, што менавіта адсюль і пачалося рассяленне літвы і лотвы: першай — на паўночны захад, другой — на поўнач і паўночны ўсход[102]. Далей мяжа Літвы пераходзіла на р. Шчару, вялікая паўднёвая лука якой і была прыродным рубяжом Літвы на паўднёвым усходзе, поўдні і паўднёвым захадзе. Прыкладна па вышнявіне р. Мышанкі і нізавіне р. Валаўкі ішоў заходні рубеж Літвы, які ў больш старажытныя часы аддзяляў яе ад яцьвягаў.
Месцазнаходжанне Старажытнай Літвы:
1 - прыблізныя межы Старажытнай Літвы
2 - тапонім «Літва»
Для навукі мае прынцыповае значэнне высвятленне пытання, дзе была «Літва Міндоўга». У. Пашута паказваў яе ў Аўкштоце, на тэрыторыі, якая ўлучала гарады Вільню, Трокі, Кернаў, Дзялтуву, Укмерге[103]. Але на гэтай жа карце ён змяшчаў (праўда, з пытальнікам) г. Варуту, дзе, як адзначана ў летапісе пад 1252 г., бараніўся Міндоўг ад сваіх супраціўнікаў[104], на месцы сучаснага пасёлка Гарадзішча (Баранавіцкі р-н), што вельмі далёка ад Аўкштоты. У сувязі з гэтым узнікае пытанне, чаму Міндоўг бараніўся ад ворагаў не ў «Літве Міндоўга», а ў Новагародскай зямлі, чаму ён кінуў «сваю» Літву і прыйшоў шукаць абарону ў чужой зямлі. У. Пашута не ставіў гэтых пытанняў і, натуральна, не даў на іх адказу, як і не тлумачыў, чаму ён меркаваў, што Варута павінна быць на месцы сучаснага Гарадзішча.
Але ўся рэч у тым, што «Літва Міндоўга», як і ўся Літва, знаходзілася не ў Аўкштоце, а ў Верхнім Панямонні, дзе і Варута. Ужо летапіснае паведамленне, што «Даниил возведе на Кондрата литву Миндовга Изяслава Новогородского»[105], дае зразумець, што «літва Міндоўга» і Новагародак знаходзіліся блізка адзін ад другога. Відаць, гэта апошняе было прычынай таго, што Э. Гудавічус, які прысвяціў «Літве Міндоўга» спецыяльнае даследванне і які лічыць, што яна знаходзілася на поўдні сучаснай Летувы, нават не прыгадаў, дзе і ў якім кантэксце яна ўпамінаецца[106]. Блізкасць «Літвы Міндоўга» ад Новагародка дае магчымасць вызначыць (хоць прыблізна) месцазнаходжанне Варуты. Хаця яе атаясамліванне з сучасным Гарадзішчам не бясспрэчнае, аднак можа быць блізкім да ісціны. Мы з свайго боку пра месцазнаходжанне і назоў Варуты выказваем такое меркаванне. Між рэкамі Сэрвечам і Валоўкай ёсць невялічкая рэчка Рута і некалькі населеных пунктаў з такім найменнем. Магчыма, на месцы аднаго з іх і знаходзілася Варута. У першапачатковай рэдакцыі летапісу, створанай, як меркаваў У. Пашута[107], у Новагародку, магло быць напісана, што Міндоўг «вниде во град во Руту». (Паўтарэнне прыназоўнікаў характэрна для Новагародскага летапісу: «на реце на Немне», «за Домонтом за Нальшанским», «На Романа на Брянского»[108]). Пазнейшы рэдактар, устаўляючы Новагародскі летапіс у Галіцка-Валынскі, мог, не разабраўшыся, «во Руту» прыняць за адно слова і, зрабіўшы іншыя рэдакцыйныя змены, напісаць «вниде во град именем Ворута». Магчыма, што «Варута» знаходзілася на месцы сучасных Карэлічаў, якія размешчаныя на р. Рута і дзе ёсць гарадзішча[109].
Менавіта «Літву Міндоўга» разам з правабярэжнай Літвой і Нальшчанамі ваяваў у 1258 г. татарскі ваявода Бурундай[110]. Але Р. Батура мяркуе, што пад «зямлёй Літоўскай» у летапісе трэба разумець Новагародскае княства, якое нібыта ўжо належала Літве[111]. Аднак ён не ўлічыў таго, што гэтым часам Новагародак не атаясамліваўся з Літвой, пра што сведчыць згаданае вышэй летапіснае паведамленне пра заснаванне Войшалкам манастыра паміж Літвой і Новагародкам. У 1262 г. Міндоўг помсціў валынскаму князю Васільку за яго ўдзел у паходзе Бурундая нападам на валынскія гарады. Паказальна, што аддзелы «літвы» і гэтым разам адступалі праз Пінскую зямлю[112], што яшчэ раз сведчыць пра знаходжанне «Літвы Міндоўга» паміж Пінскай і Новагародскай землямі. З гэтага вынікае, што Бурундай мог ваяваць адзіную ў той час Літву, якая знаходзілася ў Верхнім Панямонні і з якой ён перайшоў у Нальшчанскую зямлю. Хоць апошняя пакуль што даследнікамі дакладна не лакалізаваная, аднак бясспрэчна, што яна, мяжуючы з Літвой, знаходзілася на паўночным захадзе сучаснай Беларусі. І калі Бурундай, рухаючыся з паўднёвага ўсходу, прайшоў праз Літву ў Нальшчаны, то лівонцы і рыжане, якія рухаліся з паўночнага захаду, праз Нальшчаны (durch Nalsen)[113] праніклі ў Літву. Гэтае яскравае супадзенне ў паказаннях Іпацеўскага летапісу і Лівонскай Рыфмаванай кронікі — яшчэ адно відавочнае сведчанне, дзе была старажытная Літва. Суседствам Новагародка і «Літвы Міндоўга» тлумачыцца факт з'яўлення апошняга ў гэтым горадзе, аб чым будзе гаворка ніжэй.
Было зроблена пярэчанне, што тэрыторыю, паказаную намі як Літву, з ІХ ст. займалі славяне і што тут з Х ст. існаваў старажытнабеларускі горад Ізяслаўль[114]. Аднак славяне на гэтым месцы, як і на ўсёй тэрыторыі Беларусі, не былі аўтахтонамі, бо да іх, як зазначае Ф. Гурэвіч, «тут жылі балцкія плямёны культуры штрыхаванай керамікі»[115]. На гэта паказваюць і археалагічныя помнікі, такія, як Гарадзішча (Баранавіцкі р-н), Карэліцкі тракт, Чарэшля (Наваградскі р-н), Бяздоннае, Кабакі, Ніз (Слонімскі р-н), Валожын (Валожынскі р-н), Дзяржынск, Навасады, Старая Рудзіца (Дзяржынскі р-н), Гарадзілава, Гарадок (Маладэчанскі р-н) ды інш.[116].
Трэба зазначыць, што першапачаткова ў канцы Х ст. хрысціянізацыі падпадала відаць толькі славянскае насельніцтва, а іншапляменнае пераважна заставалася ў паганстве[117]. Вось чаму астравы балцкага насельніцтва яшчэ доўгі час існавалі на тэрыторыі Беларусі, як, напрыклад, у раёне Абольцаў (Талачынскі р-н), Гайны (Лагойскі р-н) ды інш.[118]. Насельніцтва іх было ахрышчанае ў каталіцкую веру па ўмове Крэўскай вуніі 1385 г. Між іншага, гэтым і тлумачыцца, чаму ў Абольцах і Гайне былі пабудаваныя адны з першых у Беларусі касцёлаў. Не выключана, што насельніцтва гэтае, у тым ліку і старажытнай Літвы, абваколенае славянамі, у значнай ступені асімілявалася і было не столькі балцкім, колькі паганскім. Як убачым, Міндоўг і Войшалк спачатку былі паганцамі. Нездарма ж пазнейшы Хлебнікаўскі летапіс адрозна ад «Аповесці мінулых часоў»[119] змяшчае літву сярод славянскіх плямёнаў[120].
У святле пададзеных фактаў цяжка пагадзіцца з думкай, што найбольш раннія ўпамінанні Літвы адносяцца да ўсходняй, цэнтральнай і занямонскай частак сучаснай Летувы[121]. Гэта адхіляецца першым жа прыгадваннем Літвы пад 1009 г. у Кведлінбургскіх аналах. Ужо тое, што ў гэтай лацінамоўнай крыніцы назоў «Літва» выступае ў славянскай форме і што тут гаворыцца аб яе сумежжы з «Руссю» (in confinio Rusciae et Lituae)[122], сведчыць: гаворка тут можа ісці аб Літве ў Верхнім Панямонні, бо толькі ў такім разе яна магла межаваць з «Руссю», ад якой тэрыторыя сучаснай Летувы была адгароджана яцьвягамі[123].
Гэта ж пацвярджаюць і наступныя паведамленні аб Літве, звязаныя са згаданымі вышэй паходамі на яе Яраслава Мудрага ў 1040 і 1044 гг. У Я. Длугаша знаходзім дадатковыя звесткі аб гэтым, а менавіта тое, што кіеўскі князь «разбіў літву на палях слонімскіх (прыгадаем, што тут ёсць тапонім «Літва») і завалодаў ёю да Нёмана»[124], г. зн. захапіў яе левабярэжную частку. Прыведзеныя факты супярэчаць думцы, што тапонімы «Літва» ў названым намі рэгіёне з'явіліся ў выніку прасоўвання сюды пазней (калі менавіта, не ўказваецца) «літоўскіх» паселішчаў[125]. Аднак падзеі 1009, 1040 і 1044 гг. паказваюць, што ўжо ў ХІ ст. гэтая мясцовасць называлася Літвой.
Некаторыя даследнікі, каб даказаць знаходжанне старажытнай Літвы на поўдні сучаснай Летувы, з наймення рэчкі «Летаўка» (правы прыток Віліі ў раёне г. Кернаў) выводзяць назовы «Летува-Летава-Літва»[126]. Такая этымалогія, аднак, занадта сумнеўная, бо ў сама ранніх пісьмовых звестках, як і ў тапаніміцы, адлюстраваўся назоў «Літва», а не «Летува» і «Летава». Ва ўсякім разе нельга бачыць толькі паказаны спрэчны гідронім і не заўважаць цэлае гняздо адзначаных вышэй красамоўных тапонімаў «Літва» у Верхнім Панямонні. Нельга прызнаць удалай і спробу лакалізаваць на тэрыторыі сучаснай Летувы ўладанні літоўскіх князёў ХІІІ ст., згаданых у пісьмовых крыніцах[127]. Рэч у тым, што тапонімы, падобныя да імёнаў названых князёў, ёсць не толькі на тэрыторыі Летувы, але і ў іншых мясцінах, у прыватнасці ў Беларусі, як, напрыклад, Таўтвілы (Пружанскі р-н), Юткі (Мядзельскі р-н), Даўяты (Браслаўскі р-н), Руклі (Аршанскі р-н) ды інш. Спасылка Р. Батуры на грамату Міндоўга ад 1253 г.[128] не дадае аргументаў на карысць месцазнаходжання старажытнай Літвы ў Аўкштоце, бо ў гэтым дакуменце пералічаны землі, якія нібыта належалі Літве, але што разумелася пад ёй, тут не відаць. Тое ж датычыць і дамовы Гедзіміна за 2 кастрычніка 1323 г.[129] Ужо тое, што гэты князь, называючы сябе каралём Літвы, палічыў патрэбным у ліку іншых земляў, ад імя якіх ён учыніў дамову, назваць Аўкштоту і Жамойць, гаворыць аб іх такім агульнавядомым у тым часе найменні і што тытул караля Літвы, такім чынам, паходзіў не адсюль. Гэта ж пацвярджае і П. Дузбург, у якога Аўкштота паказана ў сувязі з падзеямі 1294–1300 гг. як «уладанне караля Літвы» (terra regis Litowia)[130], з чаго відаць, што Літва і Аўкштота — розныя на той час геаграфічныя паняцці. Як доўга яшчэ трымаўся назоў «Аўкштота» ўжо пад час існавання Вялікага Княства Літоўскага, сведчыць прыгадванне яе Вітаўтам у ягоным лісце за 11 сакавіка 1420 г.[131] Тое, што ў 1268 г. Нальшчаны названыя «правінцыяй Літвы»[132], не гаворыць аб пашырэнні назову апошняй на гэтую зямлю, а толькі аб прыналежнасці яе да Літвы, што і адпавядала сапраўднасці, бо Войшалк заваяваў яе разам з Дзяволтвай у 1264 г. Калі Вартбэрг паказаў Кернаў у Літве[133], дык гэта зразумела, бо ён пісаў сваю кроніку пасля 1378 г.[134], калі найменне «Літва» ужо замацоўвалася ў тым месцы. Выказана яшчэ думка, што з тэрыторыі, якая нібыта з'яўлялася цэнтрам утварэння «феадальнай Літоўскай дзяржавы» (г. зн. з усходу і цэнтра сучаснай Летувы), у пачатку ХІV ст. знік назоў «Літва» і заменены там назовам «Аўкштота»[135]. У такім разе незразумела, чаму гэтае найменне адтуль знікла і калі і чаму яно там зноў з'явілася і замацавалася.
Аднак усё адбывалася інакш: спачатку ўсходняя частка сучаснай Летувы называлася Аўкштотай, пра што тут могуць сведчыць і такія тапонімы, як Аўкштайцы, Аўкштыня, Гаўкштаны, Аўкштадворы, Аўкштэлі і да іх падобныя ў былых Быстрыцкай, Міляцкай, Міцкунскай, Няменчынскай, Рашанскай, Шырвінскай і Янішскай валасцях Віленскага пав., у Жосельскай, Алькенішскай і Сумілішскай валасцях Троцкага пав., у Аляксандраўскай воласці Лідскага пав. і ў Лынгмянскай воласці Свянцянскага пав.[136]. І толькі пазней у сувязі з перанясеннем сталіцы нашай дзяржавы ў Вільню на пачатку ХІV ст. назоў «Літва» паступова пашырыўся на яе ваколіцы і замацаваўся там. Але адначасова ён працягваў захоўвацца і на ранейшым месцы яшчэ цэлыя стагоддзі. У Магілеўскай кроніцы пад 1695 г. гаворыцца, што літоўскае пагранічча праходзіла недалёка ад Менска і Слуцка[137]. Наколькі гэтае найменне ў Верхнім Панямонні мела ўсеагульнае прызнанне (і нават афіцыйнае), можа служыць той факт, што дзекабрыст А. Бястужаў, жывучы ў 1821 г. на тэрыторыі сучаснага Валожынскага р-на, даў у Пецярбург такі свой адрас: «Литва, д. Выгоничи, в 40 верстах от Минска»[138]. Дзе знаходзілася ўласна Літва ў старажытнасці, добра ведаў і расейскі гісторык М. Надзеждзін: «Уласна ў «Літве» ёй (летувіскай мовай. — М.Е.) гавораць ужо вельмі нямногія, і менавіта: адно паселішча ў павеце Вілейскім, некалькі сёлаў у паветах Наваградскім і Слонімскім»[139]. Ў часы А.Міцкевіча Літвою называлі не сучасную Летуву (Жамойць), а пэўную частку беларускай тэрыторыі. Аднак апошняя насіла такое найменне не таму, што калісьці ўваходзіла ў склад Вялікага Княства Літоўскага[140], а таму, што менавіта тут і была ў далёкія часы ўласна Літва.
Са знаходжаннем летапіснай Літвы ў Беларускім Панямонні звязана і тое, што насельніцтва яго, асіміляваўшыся ў беларусаў, называла сябе па-ранейшаму ліцьвінамі. Пісьмовыя крыніцы адзначаюць гэта ўжо з канца ХІІІ-пачатку ХІV ст. Так, П. Дузбург, напрыклад, у сваёй кроніцы два разы (пад 1296 і 1305 гг.) піша пра змаганне нямецкіх рыцараў з літоўскімі і абодва разы заўважае, што апошнія былі «рускімі»[141], г. зн. толькі па назове былі ліцьвінамі, а па сутнасці з'яўляліся славянамі. У «Кроніцы Літоўскай і Жамойцкай» пад 1405 г. гаворыцца пра Андрэя Літвіна, які раіў Вітаўту не ісці на згоду з непрыяцелем, крыкнуўшы пры гэтым: «Не мири, Витавте, не мири»[142]. З прычыны гэтага Вітаўт празваў яго Нямірам, ад якога і род такі пайшоў. Як бачым, ні гэты ліцьвін, ні вялікі літоўскі князь не гаварылі па-летувіску. У інтэрмедыі драмы Георгія Каніскага «Воскресение мертвых» (1746) пад імем Літвіна выведзены беларускі селянін[143]. А.Міцкевіч (1798–1855), які нарадзіўся пад Наваградкам, сваю айчыну называў Літвой[144]. Нават беларускі пісьменнік ХІХ ст. В. Дунін-Марцінкевіч (1807–1884), якога аніяк нельга западозрыць у адсутнасці беларускай нацыянальнай свядомасці, лічыў, што ён вырас сярод ліцьвіноў[145]. Гэтак жа народзінец Гарадзеншчыны К. Каліноўскі, рэвалюцыйная дзейнасць якога прыпадае на 60-я гады ХІХ ст. і які заўсёды звяртаўся да свайго народа на беларускай мове, як правіла, называў родны край Літвой. Называе сябе ліцьвіном і адзін з герояў трылогіі Я. Коласа «На ростанях» (у ёй паказваюцца падзеі пачатку ХХ ст.) Баранкевіч, хоць ён і беларус[146]. Не будзем множыць аналагічныя прыклады, бо Я. Юхо пераканаўча паказаў, што найменне «Літва» на працягу многіх стагоддзяў адносілася да Беларусі і было, па сутнасці, яе гістарычным найменнем[147]. Толькі на пачатку ХХ ст., калі завяршыўся працэс утварэння беларускай нацыі, назоў «Беларусь» замацаваўся і за Беларускім Панямоннем, выцесніўшы адтуль найменне «Літва», якая з таго часу стала адносіцца толькі да сучаснай Летувы.
Цяпер коратка спынімся на некаторых іншых гістарычных абшарах і княскіх родах, якія прыгадваюцца ў крыніцах побач з Літвой. У дамове 1219 г. названы князі Булевічы і Рушкавічы. Наконт іх месцазнаходжання ўжо былі выказаны меркаванні. Так, І.Бяляеў паказваў без размежавання першых і другіх на тэрыторыі ад Віліі да Нёмана і Свіслачы і на ўсход да Бярэзіны дняпроўскай[148]. На жаль, ён не назваў ні крыніцы, ні меркаванняў, якія яму далі падставу для гэтай высновы. Апошнім часам Э. С. Гудавічус на падставе тапапімікі, якая асацыюецца з імёнамі булевіцкіх і рушкавіцкіх князёў, лічыць, што Булевічы валодалі Шаўляйскай зямлёй, а Рушкавічы — зямлёй Упітэ[149]. Аднак падобныя тапонімы ёсць і ў Беларусі (Булеўскае балота ды інш.)[150]. Намі было выказанае меркаванне, што Булевічы знаходзіліся па тэрыторыі Стаўпецкага р-на, бо там былі тапонімы Балевічы[151]. Гэта, як бачым, супадае са сцверджаннямі І.Бяляева. Булевічы толькі аднаго разу ўпамінаюцца ў летапісах, і таму магчыма, што летапісец не зусім дакладна перадаў іх імя. На гэтую думку наводзіць тое, што ў Нягневічах (Наваградскі р-н) ёсць рэчка з крыху незвычайным найменнем «Буловіч»[152]. Гэта не так далёка ад Стаўпецкага р-на і таму можа быць пэўным арыенцірам для лакалізацыі Булевічаў. Становіцца зразумела, чаму Міндоўг так жорстка абышоўся з булевіцкімі князямі, усіх іх знішчыўшы[153]. Падначаленне Булевічаў, якія знаходзіліся на яго шляху ад Новагародка ў Літву, адчыніла яму шлях да заваёвы апошняй. Адзначым яшчэ, што ў Памераніі ёсць населеныя пункты Bulitz, Bullen[154]. А гэта можа паказваць на заходнеславянскае паходжанне Булевічаў, тым болей што імёны іх князёў, як, напрыклад, Вішымут, належаць да славянскіх[155]. Магчыма, што Булевічы з усім сваім родам і князямі ўцяклі з заходнеславянскіх земляў, ратуючыся ад анямечвання і хрысціянізацыі, на тэрыторыі, дзе было яшчэ нямала паганскага насельніцтва.
Што да Рушкавічаў, то гэтае прозвішча празрыста славянскае. На карце Памераніі мы знаходзім Ruskewitz[156], што таксама можа паказваць на месца, адкуль яны прыйшлі. Імёны іх князёў — Кінцібут, Ванібут, Бутавіт, Віжэнік, Вішлій, Кіцэній, Плікасова, Хвал, Сірвіт — маюць славянскі характар[157]. Па-ранейшаму ў нас адсутнічаюць звесткі, якія б далі магчымасць больш-менш дакладна вызначыць месца іх княжання. Толькі па тапанімічных дадзеных, як спрабуе Э. Гудавічус, рабіць гэта нельга. Паколькі ў ХІІІ ст. Рушкавічы рабілі напады на Валынь, то мы схільныя лічыць, што іх уладанні былі па суседстве з Пінскай зямлёй. Відаць, з князямі старажытнай Літвы Булевічаў і Рушкавічаў звязвала найперш іх паганства.
Некалі Э. Вальтэр зрабіў спробу вызначыць месцазнаходжанне Нальшчанскай зямлі, якую ён паказваў на паўночным захадзе сучаснай Летувы[158]. Адным з крытэраў для такой высновы была наяўнасць там тапонімаў тыпу «Налішкі». Аднак, адшукаўшы такі ў Жамойці, даследнік зазначыў, што нічога агульнага з Нальшчанамі ён не мае. А гэта азначала, што й іншыя падобныя тапонімы нельга было ўпэўнена адносіць да Нальшчанаў. Прычынай няўдачы Э. Вальтэра было тое, што, атаясамліваючы старажытную Літву з сучаснай, ён не звярнуў увагі на сведчанні, якія супярэчылі гэтаму. Так, адзначыўшы, што ў нямецкіх крыніцах «Нальсен» і «Наліске» знаходзяцца ў сувязі з памежнай тэрыторыяй, як бы спрэчнай, не жамойцкай і не літоўскай, ён не заўважыў, што тут вельмі выразна паказана становішча Нальшчанаў як тэрыторыі, што раздзяляла Літву і Жамойць. Прыведзенае Вальтэрам паведамленне Рыфмаванай кронікі, што шлях лівонцаў у Літву на Міндоўга пралягаў праз Нальшчаны і што яны знаходзіліся на дарозе ад Дзвінска да Літвы, таксама пацвярджала месцазнаходжанне і старажытнай Літвы і Нальшчанаў. Але гэтыя сведчанні засталіся без уважлівага аналізу Э. Вальтэра. А.Кіркор атаясамліваў Нальшчаны з Гальшанамі[159]. Паводле Ў.Пашуты, Нальшчанская зямля займала ўвесь крайні паўночны захад сучаснай Беларусі і крайні паўднёвы ўсход сучаснай Летувы (ад Нёмана ніжэй за Горадню і да Заходняй Дзвіны ў раёне Даўгаўпілса і ад Крэва да Вільні)[160]. У нейкім сэнсе гэта слушна, але, на жаль, не патлумачана. Нальшчаны непасрэдна межавалі са старажытнай Літвой, як мы бачылі вышэй, і гэта дае падставу іх лакалізаваць на паўночным захадзе Беларусі. У некаторых месцах Рыфмаванай кронікі Нальшчаны маюць назоў «Альсен». Ён, магчыма, нямецкага (гоцкага?) паходжання, бо мог утварыцца ад слоў Aal (вугор) і Seen (азёры), што значыць «азёры, населеныя вуграмі». Калі так, то гэтая вобласць, відаць, займала тэрыторыю паўночна-заходняй часткі Беларускага Паазер'я, багатага на вугроў. Бясспрэчна, што карэннымі насельнікамі Нальшчанаў былі балты. Але, як вядома, гэта раён найбольш ранняга пранікнення славян-крывічоў, на што паказвае назоў «Крэва» і падобныя да яго. І таму Нальшчаны трэба адносіць да найбольш аславяненых да гэтага часу абшараў. Бадай, неправамерна залічаць Нальшчанскую зямлю да летапіснай Літвы, асабліва калі ўлічыць, што яе князі адсутнічалі ў валынска-літоўскай дамове 1219 г. Нездарма і нальшчанскі князь Даўмонт з усім сваім родам уцёк у Пскоў і там быў абраны князем. Пасля ХІІІ ст. назоў «Нальшчаны» знік, прынамсі ў пісьмовых дакументах. На іх тэрыторыі пазней утварылася Крэўскае княства.
Летапісны назоў «Дзяволтва» — мабыць, сцягнутая форма наймення «Дзевалотва», што можа гаварыць аб насельніках гэтай вобласці як адгалінаванні балцкага племя лотвы, што ў старажытныя часы насяляла цэнтральную і паўночна-заходнюю частку Беларусі[161], тым больш што ў Хлебнікаўскім летапісе Дзяволтва і названая Лотвай[162]. «Кроніка Быхаўца», створаная ў ХVІ ст., паказвае на існаванне Дзевалтоўскага княства[163], якое нібыта знаходзілася ў раёне Вількаміра. Няпэўнасць крыніц спарадзіла неразбярыху ў навуковай літаратуры нават аднаго і таго ж аўтара. Так, на карце, прыкладзенай да кнігі Ў.Пашуты «Героическая борьба русского народа за независимость» (1956), Дзяволтва паказана ў міжрэччы Нявежы і Швянтоі. А на карце «Земли и населенные пункты Древней Литвы» у кнізе Ў.Пашуты «Образование Литовского государства» на месцы Дзяволтвы паказана вобласць Упітэ, а асноўная частка тэрыторыі Дзяволтвы аднесена на ўсход ад ракі Швянтоі, туды, дзе звычайна паказваецца Аўкштота.
Праблема месцазнаходжання Аўкштоты таксама заблытаная. Нават нельга ўпэўнена сказаць, ці на тэрыторыі яе была Вільня, бо некаторыя даследнікі лічаць, што гэта гістарычная вобласць знаходзілася на захад ад Вільні. Тапаніміка сведчыць, што племя аўкштота займала прастору ў міжрэччы Меркіс і Стравы і міжрэччы Жаймяны і Швянтоі. Але наўрад яно жыло за правым берагам Швяйтоі, аж да р. Нявежыс, як гэта паказвае Ў.Пашута. У адной з нямецкіх кронік гаворыцца, што ў 1332 г. лівонцы зрабілі набег на Жмудзь (Жамойць) і дайшлі да Швянтоі. У наступным годзе яны зноў хадзілі на Жмудзь і дайшлі да Вількенбэрга (Укмерге)[164]. З гэтага можна зрабіць выснову, што заходні рубеж Аўкштоты не перасягаў Швянтоі.
Гаворачы аб месцазнаходжанні Жамойці, тэрыторыя якой цягнулася да Балтыйскага мора, мы хочам звярнуць увагу на наяўнасць значнай колькасці танонімаў тыпу «Жамойцішкі», «Жамайтэлі» і ім надобных у былых Бутрымонскай і Язненскай валасцях Троцкага, у Падбярэзскай, Рукойненскай, Янішскай валасцях Віленскага пав., у Аляксандраўскай, Беняконскай, Ганчарскай і Эйшышскай валасцях Лідскага, у Дубатоўскай воласці Свянцянскага, у Забрэскай і Суботнікаўскай валасцях Ашмянскага паветаў ды інш.[165]. Гэтыя тапонімы досыць сканцэнтраваныя і шчыльна абымаюць усходнія і паўднёва-ўсходнія межы сучаснай Летувы. Е. Ахманьскі заўважыў неадпаведнасць наймення «Жамойць» (нізкая зямля) таму геаграфічнаму становішчу, якое займае гэта вобласць, размешчаная на высокім месцы. І ён выказаў меркаванне, што гэты назоў паўстаў тады, калі жамойты сядзелі на нізінным месцы над р. Нявежай. Але адсюль іх нібыта выцеснілі аўкштоты, якія прыйшлі з ашмянскіх пагоркаў (адсюль і Аўкштота — высокая зямля). У выніку гэтага жамойты і засялілі сваю сучасную мясцовасць, выцесніўшы адтуль куронаў[166]. Так гэта ці не, але наяўнасць у адных і тых жа мясцінах жамойцкіх і аўкштоцкіх тапонімаў можа ў некаторай меры пацвярджаць гэту думку. Адначасова адсюль можна дапусціць, што ў нашых летапісах Аўкштота выступае над старым назовам сваёй тэрыторыі. І гэта найбольш верагодна, бо яшчэ ў канцы ХІХ і пачатку ХХ ст. жыхары ўсходняй Літвы нярэдка называліся жамойтамі, а летувіская мова — жамойцкай[167].
З разгледжанага бачна, што балцкія землі некампактна цягнуліся з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход ад Балтыйскага мора да вышнявіны Шчары. У даследваннях сцвярджаецца аб наяўнасці на гэтых землях ужо ў пачатку ХІІІ ст. адносна адзінай дзяржавы[168], сведчаннем чаго нібыта з'яўляецца дамова 1219 г. Аднак з гэтым цяжка пагадзіцца. У ёй упамінаюцца больш за 20 старэйшых князёў, што яскрава сведчыць аб выключнай раз'яднанасці гэтых земляў. Выраз «старэйшыя князі» адносіцца ў гэтай дамове не толькі да князёў Літвы, як гэта звычайна сцвярджаецца даследнікамі, але і да князёў усіх пералічаных тут земляў. Тое, што князі Літвы названыя першымі, яшчэ раз паказвае яе месцазнаходжанне ў Верхнім Панямонні. Яна была найбліжэй да Валыні і таму названая першай. Апрача таго, не звярталася ўвага на адсутнасць у гэтай дамове нальшчанскіх князёў. А гэта таксама не дае права гаварыць аб наяўнасці нават адносна адзінай дзяржавы на гэтых землях. Але самае галоўнае, гэтак званае адзінства было вынікам не нутранога развіцця, а вонкавага фактару: балцкія князі былі пакліканыя валынскімі князямі для барацьбы з палякамі і тым сама паказалі сябе ў якасці наймітаў.
На заканчэнне зноў вернемся да старажытнай Літвы. Найбольш важна тут будзе падкрэсліць, што яна ўрэзвалася клінам паміж Полацкай, Турава-Пінскай і Новагародскай землямі і побач з імі з'яўлялася адной з гістарычных абласцей Беларусі. Зразумела, што пры аб'яднанні гэтых земляў яна не магла не ўвайсці ў склад тэрыторыі Беларусі як адна з яе складовых частак. Не бачачы такога геаграфічнага становішча старажытнай Літвы, нельга зразумець, чаму яна ў сярэдзіне ХІІІ ст. апынулася ў фокусе палітычнага суперніцтва суседніх з ёю земляў, якія імкнуліся заваяваць яе, што было першым звяном у пашырэнні іх улады на іншыя землі. У гэтым суперніцтве атрымаў перамогу Новагародак, які і стаў цэнтрам утварэння новай дзяржавы — Вялікага Княства Літоўскага.