7. ПАЛІТЫКА ВОЙШАЛКА І ДРУГАЯ ЗАВАЁВА ЛІТВЫ

Як бачым, першая спроба заваёвы Літвы Ноўгародскай зямлёй скончылася няўдачай. Галоўнымі праціўнікамі гэтага былі: знутры — літоўскія феадалы, а звонку — галіцка-валынскія князі. Гэтыя дзве сілы найбольш паслядоўна змагаліся за раз'яднанне Новагародка і Літвы і давялі сваю справу да канца.

Аднак, нягледзячы на першую няўдачу і спусташэнне, якое прынеслі тры паходы галіцка-валынскага войска на Новагародскую зямлю, яе феадалы не адмовіліся ад свайго намеру заваяваць Літву. Яны ўлічылі горкі вопыт першай сваёй спробы, выканаўца якой — Міндоўг — паказаў сябе няўмелым палітыкам. Яго дзеянні выклікалі міжнародны канфлікт, цэлая кааліцыя выступіла супраць Новагародскай дзяржавы. Асабліва няўдалым палітычным манеўрам Міндоўга быў альянс з Ордэнам. Па-першае, гэта вельмі пашкодзіла балцкім землям. Міндоўг рабіў за кошт іх зямельныя ахвяраванні Ордэну і адмаўляўся дапамагаць Жамойці пад час барацьбы з немцамі. Рыцары, развязаўшы сабе рукі ўмовай з Міндоўгам, разгарнулі шырокі наступ супраць Прусіі і Жамойці. З другога боку, манеўр Міндоўга нічога не даў і Новагародку — не спыніў галіцка-валынскага наступу, што і было галоўнай прычынай няўдачы.

Улічваючы праваслаўны фанатызм будучага новагародскага князя Войшалка, можна думаць, што прыняцце Міндоўгам каталіцтва выклікала незадаволенасць новагародцаў і сталася адной з прычын пазбаўлення яго княскага пасада ў Новагародку.

Такім чынам, роля Міндоўга ў гісторыі яўна перабольшваецца. Ён фактычна не быў стваральнікам Вялікага Княства Літоўскага, як гэта да апошняга часу тлумачыцца ў літаратуры[273]. Не ён зрабіў сваёй сталіцай Новагародак[274], а Новагародак выбраў яго сваім князем. Не літоўскую ўладу ажыццяўляў тут Міндоўг[275], а быў выканаўцам дзяржаўных імкненняў Новагародка. Калі ж не апраўдаў спадзяванняў новагародскіх феадалаў, дык і страціў пасад.

Праўда, апошнім часам сцвярджаецца, што сталіцай Міндоўга быў не Новагародак, а Вільня[276]. Аднак гэта супярэчыць пісьмовым крыніцам. Нельга ігнараваць і тапаніміку: у Новагародку ёсць гара Міндоўга[277] і гай Міндоўга[278]. Вільня ж упершыню як сталіца Вялікага Княства Літоўскага прыгадваецца толькі ў 1323 г.

Мы не ведаем дакладна, калі Міндоўг пакінуў Новагародак, гэта, відаць, адбылося ў 1254 г., як быў заключаны мір з галіцка-валынскімі князямі. Але ад імя Новагародка ў гэтай акцыі ўдзельнічаў не Міндоўг, а Войшалк.

Новагародскім феадалам, як і раней, патрэбны быў князь-ліцьвін, які, захапіўшы Літву, мог бы з'явіцца там як спадчыны гаспадар. Ён меўся быць такім жа непераборлівым у сродках для дасягнення сваіх мэтаў, такім жа рашучым і вераломным, як і Міндоўг. (Будучыня паказала, што Войшалк у гэтым не толькі не саступаў свайму бацьку, але і перасягаў яго.) Адначасова патрэбны быў тонкі палітык і дыпламат, які б дзейнічаў больш дальнабачна і меў менш ворагаў, чаго не здолеў зрабіць Міндоўг. І тут новагародскія феадалы таксама не памыліліся. Нарэшце, князь гэты павінны быць больш прывязаным да Новагародка, дзейнічаць у яго інтарэсах. Міндоўг жа, як вядома, у асноўным помсціў за свае крыўды, ва ўсіх яго ўчынках бачна імкненне найперш задаволіць асабістыя амбіцыі. Ён больш прыстасоўваўся да адпаведных умоў, чым ствараў іх, сведчаннем чаго з'яўляецца яго пераход з паганства ў праваслаўе, з праваслаўя ў каталіцтва, потым зноў у паганства. Войшалк быў поўнай процілегласцю Міндоўга. Служэнне Новагародку і праваслаўю — вось тая спружына, якая рухала дзейнасць Войшалка. Тут ён нагадваў Даўмонта, які, нягледзячы на літоўскае паходжанне, верна служыў Пскову і праваслаўю, за што быў абвешчаны пасля смерці святым.

Вось такі чалавек стаў новагародскім князем. Тым часам яму было 32 гады (паводле Тацішчава, ён нарадзіўся ў 1223 г.). Першай буйной дзяржаўна-дыпламатычнай справай Войшалка было дасягненне міру з галіцка-валынскімі князямі. У летапісе сказана: «Потом же Воишелк створи мир с Данилом и выда дщерь миндовгову за Шварна, сестру свою»[279]. Прыйсці да згоды было нялёгкай справай. Князю пераможанай і знясіленай краіны трэба было дамагчыся выгаднага для сябе міру. Войшалк добра разумеў галоўны пралік Міндоўга: захоп Літвы выклікаў варожасць галіцка-валынскіх князёў. Таму яго асноўнай задачай было перацягнуць былых праціўнікаў на свой бок і на пэўны час абапірацца на іх дапамогу. Гарантыяй гэтага стала выданне дачкі Міндоўга за сына Данілы Галіцкага. Сама летапісная формула сведчыць, што ўсё было зроблена супраць волі Міндоўга. Праўда, той у 1252 г. таксама разам з пытаннем пра мір ставіў і пытанне «о сватьстве», але, відаць, на іншых умовах, і таму зараз ужо не Міндоўг выдаваў «свою дщерь», а Войшалк выдаваў «дщерь Миндовгову и свою сестру за Шварна». Але замацаванне міру праз шлюб было звычайнай з'явай, якая ў бальшыні выпадкаў не гарантавала трываласці пагаднення. Таму Войшалк пайшоў на незвычайны ўчынак. Ён аддаў Новагародскую зямлю разам з Новагародкам, Слонімам, Ваўкавыскам і астатнімі гарадамі сыну Данілы — Раману. Такі дзіўны крок сучаснікі не маглі растлумачыць інакш як імкненнем Войшалка пастрыгчыся ў манахі. У сапраўднасці ж гэта быў вельмі тонкі і дальнабачны палітычны ход. Войшалк канчаткова ўваходзіў у давер да галіцка-валынскіх князёў. У. Пашута сцвярджаў, нібыта па ўмовах міру «Чорная Русь засталася за Літвой» і «што ў ёй правіў Войшалк»[280], не тлумачачы і не аналізуючы таго, навошта патрэбна было Міндоўгу аддаваць Войшалку Новагародскую зямлю. Мы ўжо ведаем, што яна ніколі не належала Літве, а ўсё было наадварот. Больш за тое, У. Пашута гаварыў, што Міндоўг пакінуў сабе Новагародак, а Войшалку аддаў усе астатнія гарады Новагародскай зямлі, таму Войшалк перадаў Раману Новагародак ад імя Міндоўга, а Ваўкавыск, Слонім ды іншыя гарады — ад сябе. Гэта як быццам пацвярджаецца словамі летапісу: «…вдасть… Новогородок от Миндовга и от себе и Вослоним и Волковыеск и все городы». Але гэты тэкст летапісу дае падставы для розначытанняў у залежнасці ад таго, куды аднесці словы «и от себе» — да Новагародка ці да астатніх гарадоў. Затое летапісны запіс пад 1257 г. ясна гаворыць, што Войшалк ад сябе, а не ад Міндоўга перадаў Раману Новагародак: «Войшелк бе дал Новогородок Романови»[281]. Як бачым, тут летапіс не згадвае Міндоўга. Чаму ж ён фігуруе ў папярэднім тэксце? Войшалк мог прадбачыць, што ў яго адсутнасць Міндоўг мог прэтэндаваць на Новагародак і ўсю зямлю і пры зручным выпадку вярнуцца туды. Забягаючы крыху наперад, скажам, што пільнасць Войшалка не была лішняй. Хто-хто, а ён ведаў свайго бацьку. Той сапраўды, выхваляючыся, неўзабаве паабяцаў Данілу Галіцкаму, падбіваючы яго ісці на татараў (ён не мог ім дараваць нападу Бурундая на яго зямлю ў 1258 г.): «Пришлю к тобе Романа с новогородце»[282]. Відаць, ён і хацеў, карыстаючыся адсутнасцю Рамана з войскам і занятасцю галіцка-валынскіх князёў барацьбой з татарамі, нейкім чынам вярнуцца ў Новагародак. Звычайна даследнікі паказваюць на прыведзеныя вышэй словы Міндоўга як на сведчанне залежнасці ад яго Новагародка і пры Рамане. Але яны не ўлічваюць, што новагародцы аказаліся непаслухмянымі, і Міндоўгу давялося пасылаць сваё войска, тым часам як Раман прывёў «мало людий»[283].

Вось чаму Войшалк прымусіў Міндоўга пацвердзіць і ад сябе перадачу Новагародскай зямлі. Адсюль упамінанне Міндоўга пра перадачу земляў Раману сведчыць не аб прыналежнасці яму гэтай тэрыторыі, а пра канчатковае і прымусовае адрачэнне ад яе, тады як Войшалк аддаваў яе толькі да часу.

Тое, што Войшалк без хістанняў аддаваў Новагародскую зямлю галіцка-валынскім князям, сведчыць пра яго дальнабачнасць. Ён добра разумеў, што Новагародская зямля для галіцка-валынскіх князёў — адзін з сама прывабных кавалкаў, валоданне якім адчыняе дарогу да літоўскіх і полацкіх земляў. Ён таксама бачыў тыя нутраныя і вонкавыя супярэчнасці, у якія трапляла Галіцка-Валынская зямля, і таму прадбачыў яе немінучае аслабленне, у выніку якога яна не толькі не зможа ўтрымаць за сабой Новагародскую зямлю, але і сама стане аб'ектам захопу суседзяў. Вось чаму Войшалк пайшоў на такую смелую палітычную камбінацыю, як перадача Новагародскай зямлі галіцкаму князю. Апрача таго, гэта на пэўны час забяспечвала ягонай Новагародчыне мірнае жыццё.

Вартае ўвагі і тое, што Войшалк перадаў Новагародскую зямлю не Шварну, а Раману. Шварн, жанаты з сястрой Войшалка, меў бы ў выпадку перадачы яму Новагародскай зямлі законныя правы на яе. Іншая справа з Раманам. Няўдалы прэтэндэнт на аўстрыйскую карону, ён мог быць задаволены становішчам новагародскага князя, не прэтэндуючы на спадкаемства. Распальванне супярэчнасцяў паміж сынамі Данілы Галіцкага ў іх дамаганнях на Новагародскую зямлю, як мы пабачым далей, стане нязменным элементам палітыкі Войшалка і з'явіцца нават прычынай яго смерці.

Аддаўшы Новагародскую зямлю пад надзейную ахову галіцка-валынскіх князёў, Войшалк пакінуў яе. Куды ён пайшоў і з якой мэтай? Летапіс так гаворыць пра гэта: «Иде Войшалк до Галича к Данилови князю и Василькови, хотя прияти мниски чин»[284]. Прыкінуўшыся богабаязным манахам, Войшалк, аднак, настойліва ствараў умовы для дасягнення сваіх палітычных мэтаў. Ён бачыў яшчэ адну перашкоду ў задзіночанні Новагародскай зямлі з суседняй Літвой, а менавіта паганства апошняй. Дарэчы, зазначым, што ў Іпацеўскім летапісе пад 1262 г. сказана, што Войшалк стаў княжыць у Новагародку, будучы паганцам, і вылучаўся таму незвычайнай жорсткасцю. І толькі пасля, прыняўшы хрысціянскую веру, стаў іншым чалавекам. Аднак гэтае месца — пазнейшая ўстаўка ў летапіс. Густынскі летапіс пад 1246 г. ды іншыя запісы Іпацеўскага летапісу яскрава сведчаць, што Войшалк перайшоў у хрысціянства да таго, як стаў князем у Новагародку. Сваё знаходжанне ў Галіцкай зямлі Войшалк выкарыстаў для падрыхтоўкі хрышчэння літвы, для чаго патрэбны былі значныя рэлігійныя сілы. Іх, відаць, не хапала ў самога Новагародка, на землях якога не было тады яшчэ ніводнага манастыра. Таму Войшалк тры гады знаходзіўся ў Палонінскім манастыры, дзе збіраў манахаў для заснавання манастыра ў Новагародскай зямлі. Мала таго, ён пайшоў у Грэцыю, у Афонскі манастыр, зноў жа, відаць, з мэтай прывесці і адтуль манахаў. Аднак з прычыны вайсковых перашкодаў вымушаны быў, дайшоўшы да Балгарыі, вярнуцца з дарогі. Ён цалкам увайшоў у давер да галіцка-валынскіх князёў. Выказвалася меркаванне, што Войшалк знаходзіўся ў Галіцкай зямлі ў якасці закладніка, што гарантавала бяспеку Рамана ў Новагародку. Такая магчымасць не выключаная. Але як бы там ні было, галіцкія князі паверылі ў яго намер аддацца выключна манаскаму жыццю (сведчаннем чаго былі манахі, якіх ён браў з сабою) і адпусцілі яго. Гэта была вялікая дыпламатычная перамога Войшалка. Яму толькі тое і трэба было. У летапісе не занатаваная дакладная дата вяртання Войшалка ў Новагародскую зямлю. Увесь ягоны жыццяпіс дадзены пад 1262 г. Аднак, беручы пад увагу, што ён пакінуў Новгародак у 1254 г., прабыў у Палонінскім манастыры тры гады, ды яго падарожжа цягнулася не менш за паўгода, можна меркаваць, што Войшалк вярнуўся дадому не пазней як на пачатку 1258 г. Пасля вяртання ён не раскрыў адразу сваіх палітычных намераў. Войшалк працягваў насіць маску богабаязнага манаха і заснаваў манастыр. Тое, што гэты манастыр знаходзіўся паміж Новагародкам і Літвою, сведчыць пра яго галоўнае прызначэнне — стаць у далейшым асяродкам хрышчэння паганскай літвы.

Заснаваўшы манастыр і дзеля прыліку пасяліўшыся ў ім, Войшалк перайшоў да ажыццяўлення галоўнай мэты — вызвалення ад галіцка-валынскай залежнасці. Але, каб зрабіць гэта, трэба было знайсці іншага хаўрусніка. Тут Войшалк звярнуў увагу на Полацак, дзе тым часам княжыў Таўцівіл.

Калі і як з'явіўся ён у Полацку? Адны лічаць, што Таўцівіл быў залежным ад Міндоўга і стаў княжыць у Полацку дзякуючы яму[285]. Другія сцвярджаюць, што Таўцівіл пашырыў сваю ўладу на Полацак у тым часе, калі пасля прыбыцця ў Рыгу яму абяцалі дапамагаць «божии дворяне и бискуп и вся воя рижская»[286]. Аднак ніводнай з гэтых спрэчных думак нельга даць веры. Таўцівіл ніколі не мірыўся з Міндоўгам, ніколі не залежаў ад яго і ні з яго дапамогай, ні з дапамогай рыжанаў не пашыраў сваёй улады на Полацак. Верагодней за ўсё, што Таўцівіл (як і Едзівід) быў князем у правабярэжнай Літве, шчыльна звязанай з Полацкай зямлёю. Вось чаму ён больш за ўсё і быў незадаволены ўладай Міндоўга і адыграў у далейшым асноўную ролю ў перамозе над ім і выгнанні яго з Літвы. Не дзіўна, што Міндоўг, стаўшы новагародскім князем, перш за ўсё намерыўся расправіцца з ім. Таўцівіл, як вядома, у сваёй барацьбе з Міндоўгам уступіў у хаўрус з галіцка-валынскімі князямі. Але тыя, дасягнуўшы сваёй мэты — раз'яднання Новагародка і Літвы, страцілі ўсялякую цікавасць да Таўцівіла і не падумалі дапамагчы яму ўсталявацца ў Літве. Ды ў летапісе ж і сказана, што Даніла на Таўцівіла «гнев имеющу»[287]. Таму зразумела, што ён, затаіўшы гнеў на свайго былога хаўрусніка, вымушаны быў шукаць сабе іншых гаспадароў. І знайшоў іх у асобе полацкіх феадалаў. Яны не маглі не бачыць, што Літва дажывае апошнія дні свайго палітычнага існавання. Толькі было няпэўна, каму дастанецца яна. Правабярэжная Літва ўжо даўно была ў залежнасці ад Полацка, адкуль ён чэрпаў матэрыяльныя сродкі і вайсковую сілу. Але адкрыта далучыць яе да сябе Полацак не наважваўся. На Літву, апрача яго, было яшчэ некалькі прэтэндэнтаў: Новагародак, Валынь, Жамойць. Таму захоп яе мог выклікаць вялікія ўскладненні: прыклад Новагародка быў яшчэ свежы ў памяці. Заставалася чакаць зручнага моманту. А пакуль, каб умацаваць свае пазіцыі ў гэтым складаным суперніцтве, Полацак намерыўся па прыкладзе Новагародка прыдбаць законнага спадкаемца Літвы. У гэтым галоўная прычына з'яўлення Таўцівіла на полацкім пасадзе. Немалое значэнне ў выбранні яго полацкім князем было і тое, што Таўцівіл меў пэўны ўплыў у Літве, пра што сведчыць і летапіс: «Литовьская земля в руку бе их»[288]. А полацкім феадалам асабліва патрэбная была ў гэтым часе немалая вайсковая сіла, і, беручы да сябе Таўцівіла, яны разлічвалі на яго ўплыў у Літве, у чым і не памыліліся. У паходзе 1258 г. на Смаленск удзельнічалі аб'яднаныя сілы Полацка і Літвы. Абранне Таўцівіла полацкім князем пацвердзіла і тое, што ён быў з правабярэжнай Літвы і меў цесныя сувязі з Полацкам і, магчыма, сваяцтва з яго князямі.

Войшалк быў упэўнены, што атрымае дапамогу ад Таўцівіла, бо той быў зацікаўлены ў аслабленні Галіцка-Валынскай зямлі, чаму садзейнічала вызваленне з-пад яе залежнасці Новагародка. Акрамя гэтага, Войшалк ведаў, што ён лёгка дамовіцца з Таўцівілам і таму, што той захаваў гнеў на галіцка-валынскіх князёў. Дзякуючы Таўцівілу і праз вераломства Войшалк схапіў Рамана Данілавіча (і, магчыма, забіў яго), стаўшы такім чынам паўнапраўным гаспадаром Новагародскай зямлі. Адбылося гэта ў 1258 г., незадоўга да паходу Бурундая і Васількі на Літву. Апошні пад час гэтага паходу шукаў Рамана па гарачых слядах.

Толькі цяпер галіцка-валынскія князі ўбачылі далёкасяжныя планы Войшалка і зразумелі, якую яны зрабілі памылку, адпусціўшы яго. Вядома, дзеянні Войшалка яны не пакінулі без пакарання. Даніла Галіцкі пайшоў на Новагародскую зямлю, захапіў Ваўкавыск, марна шукаў ворагаў сваіх — Войшалка і Таўцівіла. Пасля паслаў атрад на Зэльву, а сына Льва — на Гарадзен. Аднак галіцка-валынскія князі не мелі моцы, каб справіцца з Войшалкам і вярнуць сабе Новагародскую зямлю. Яны ўсё больш падпадалі пад уладу мангола-татараў, якія ў тым жа 1258 г. прымусілі іх удзельнічаць у паходзе на Літву, куды і пайшоў Васілька. Цікава, што Бурундай, ідучы на Літву і разбіўшы яе, пакінуў у спакоі Новагародскую зямлю. У гэтым таксама нельга не бачыць дыпламатычнага поспеху Войшалка, які, відаць, звярнуў увагу Бурундая на тое, што новагародцы, па сутнасці, сарвалі паход Данілы Галіцкага на Кіеў праз Вязвягль, накіраваны супраць татараў[289].

На гэты час прыпадае пачатак адкрытай варожасці паміж Войшалкам і Міндоўгам. Летапіс адзначае, што, пасля таго як Войшалк стаў жыць у заснаваным ім манастыры, «отец же его Миндовг укоревашеться ему по его житью, он же на отца своего не любовашеть вельми»[290]. У. Пашута тлумачыў гэту варожасць тым, што Войшалк прыняў хрысціянства. Але, па-першае, Войшалк быў хрысціянінам, прынамсі, ужо з 1246 г., а летапіс гаворыць пра пагаршэнне дачыненняў паміж імі пасля заснавання Войшалкам манастыра, г. зн. пасля 1258 г. Па-другое, трэба ўлічваць, што варожасць была ўзаемная. Вядома, яе карані не ў рэлігійных разыходжаннях. Яе прычынай было нарастанне варожасці паміж Новагародком і Літвой. Міндоўг не мог не бачыць, што манастыр, заснаваны Войшалкам на мяжы з Літвой, прызначаўся для яе хрышчэння, якое магло ажыццявіцца толькі пасля захопу.

З другога боку, тонкі палітык, Войшалк бачыў нетрывалае становішча Міндоўга, хоць нібыта здавалася, што Міндоўг дасягнуў сваёй мэты — аб'яднання балцкіх земляў. Сапраўды, пасля перамогі Літвы ля возера Дурбе ў 1260 г. Жамойць ўзнялася на барацьбу з Ордэнам, звярнуўшыся да Міндоўга па дапамогу, пры гэтым згаджаючыся прызнаць яго ўладу. Зазначым, што Міндоўг заўсёды станавіўся зброяй тых, хто яму прапаноўваў уладу: яшчэ ў 1246 г. ён прыняў запрашэнне новагародцаў стаць у іх князем, а ў 1251 г. ён, апынуўшыся ў крытычным становішчы, прыняў каралеўскую карону і ўступіў у альянс з Ордэнам, які выкарыстаў гэта ў барацьбе з Жамойцяй. Цяпер Міндоўг таксама не адмовіўся ад прапановы жамойцкага князя Траняты прыняць уладу над Жамойцяй. Ён парывае з Ордэнам, адракаецца ад хрысціянства і зноў пераходзіць у паганства. Вось гэты час і меў на ўвазе летапісец, гаворачы пра Міндоўга: «…И нача княжити один во всей земле Литовской и нача гордети вельми и вознеся гордостью и славою великою и не творящу противо себя никакого же»[291]. Гэтыя словы заўсёды падаюцца даследнікамі як сведчанні вялікай дзяржаўнай сілы Міндоўга. Аднак гісторыя на гэтым не спынілася, і яе далейшы ход паказаў зусім адваротнае. Тут будзе дарэчы нагадать словы Л. Любаўскага, што ў літоўскіх землях «абазначыўся ўжо сацыяльны падзел грамадства, з'явіліся зародкі дзяржаўнай улады, але ўсё гэта было пакуль простым фактам, не набыло цвёрдага юрыдычнага характару і таму было хісткім і зменлівым»[292]. Далейшыя падзеі яскрава пацвердзілі гэта. Сапраўды, Міндоўг стаў ахвярай палітычнай камбінацыі Траняты, якому была патрэбная не столькі ўлада Міндоўга, колькі дапамога Літвы ў барацьбе з Ордэнам. І калі гэтая барацьба скончылася перамогай Жамойці, адразу ж пачалося суперніцтва феадалаў Жамойці і Літвы, вонкавай праяваю чаго была ўзаемная варожасць паміж Транятам і Міндоўгам.

Транята зрабіў усё, каб аслабіць Міндоўга. Так, ён падбіў апошняга на паход зімой 1261/62 г. у Лівонію, абяцаючы, быццам на дапамогу яму прыйдуць крывічы, а лівы і латышы паўстануць супраць немцаў. Аднак нічога гэтага не адбылося. Міндоўг вымушаны быў ні з чым вярнуцца з Лівоніі[293]. Здрада Траняты была відавочнай, і Міндоўг павінны быў выслухаць дакоры нават сваёй жонкі за тое, што «дарэмна слухае такую малпу, як Транята», які прадае яго, што дарэмна адрокся ад каталіцтва і парваў сувязі з Ордэнам. Міндоўг мусіў прызнаць, што паступіў неразумна, але вяртацца назад не можа[294].

Сапраўды, хаўрус з Ордэнам і быў галоўнай сілай, якая трымала Міндоўга, бо ён не меў цвёрдай нутраной апоры нават у сваёй Літве. Таму, парваўшы з Ордэнам, ён убачыў хісткасць свайго становішча і міжволі павінны быў, як ён сам сказаў, кіравацца ўказаннямі Траняты і жамойтаў[295], якія не маглі дараваць яму хаўрус з Ордэнам і не хацелі мірыцца з яго ўладай. У асяроддзі жамойцкіх феадалаў узнікла змова з мэтаю забіць Міндоўга. На бок Траняты перайшоў і нальшчанскі князь Даўмонт, у якога Міндоўг забраў жонку. Без хаўрусу з Нальшчанамі, якія знаходзіліся паміж Жамойцяй і Літвой, Транята, вядома, не мог і марыць пра авалоданне Літвой. Нальшчаны, як адзначала адна нямецкая кроніка, былі спрэчнай тэрыторыяй паміж Жамойцяй і Літвой[296] (гэтае сведчанне, дарэчы, можа паказваць на тое, што Аўкштота выступала пад назовам Жамойці). Таму, згаварыўшыся з нальшчанскім князем Даўмонтам, Транята атрымаў вялікую перавагу над Міндоўгам.

Міндоўг бачыў усё гэта і намерыўся ў барацьбе з жамойцкімі і нальшчанскімі феадаламі выкарыстаць такі ж спосаб, што і ў 1248 г. у барацьбе з Таўцівілам, Едзівідам і Вікінтам. Ён паслаў шмат каго з іх, у тым ліку і Даўмонта, ваяваць за Дняпро, пад Бранск[297], мяркуючы расправіцца са сваімі ворагамі. Аднак змоўнікі перахітравалі яго. Даўмонт вярнуўся з дарогі назад, дагнаў Міндоўга, забіў яго і двух ягоных сыноў. Забойства Міндоўга азначала крах справы аб'яднання балцкіх земляў вакол летапіснай Літвы.

Стаўшы князем «во всей земле Литовской и Жемоти»[298] Транята не мог адчуваць сябе ў бяспецы, ведаючы, што ў Полацку і Новагародку сядзяць такія ж, як і ён, законныя спадкаемцы Літвы. Таму ён вырашыў расправіцца паасобку з Таўцівілам і Войшалкам. Першага ён выклікаў да сябе пад выглядам запрашэння дзяліць «землю і добыток Миндовгов»[299]. Намер быў просты: забіць Таўцівіла, захапіць полацкіх баяраў, якія прыехалі з ім, і, карыстаючыся гэтым, навязаць Полацку сваю волю і князя.

Таўцівіл паехаў да Траняты з такім сама контрнамерам: забіць Траняту, завалодаць ягоным пасадам і далучыць Літву да Полацка. План гэты быў, бясспрэчна, прадыктаваны Таўцівілу полацкімі феадаламі. Дзеля гэтага яны ўзялі яго да сябе. Не дзіўна, што Таўцівіла суправаджала цэлая світа полацкіх баяраў, каб трымаць яго пад сваім кантролем і дапамагчы ў ажыццяўленні забойства Траняты. Аднак гэтаму плану не суджана было збыцца: Транята апярэдзіў. Намер Таўцівіла выдаў полацкі баярын Пракоп. Ён, мабыць, належаў да партыі тых полацкіх баяраў, якая змагалася за хаўрус з Смаленскам. Таўцівіл быў забіты, а полацкія баяры захопленыя. Рабілася спроба захапіць і забіць сына Таўцівіла, які знаходзіўся ў Полацку, але палачане дапамаглі яму ўцячы ў Ноўгарад. Гэты факт пацвярджае меркаванне, што Таўцівіл некалі быў не прызначаны ў Полацак Міндоўгам, як сцвярджаюць некаторыя гісторыкі, а выбраны полацкім вечам, якое лічыла яго законным князем, і таму палачане не выдалі ягонага сына.

Палачане, апынуўшыся ў складаным становішчы, мусілі пайсці на часовую ўступку Траняту і прыняць ад яго князя. Ноўгарадскі І летапіс, адзіная крыніца, якая паведамляе пра гэта, не называе імя стаўленіка Траняты ў Полацку. Выказвалася меркаванне, што гэтым князем быў Гердзень[300], сын полацкага князя Давыда Расціславіча[301]. Значыць, Транята фактычна пасадзіў у Полацку не літоўскага князя, а полацкага князя з Нальшчанаў. Гэта магло б быць яшчэ адным сведчаннем на карысць таго, што палачане нават у цяжкі момант сваёй гісторыі не бралі да сябе князёў іншых дынастый. Аднак катэгарычна сцвярджаць, што гэтым князем быў Гердзень, нельга, бо ў крыніцы пра гэта сказана вельмі цьмяна.

Забойства Таўцівіла вывела Полацак з далейшай барацьбы за літоўскую спадчыну. Цяпер была чарга Войшалка. Але той аказаўся больш хітрым і дальнабачным, каб за нішто ісці ў рукі Траняты. Пачуўшы пра забойства Міндоўга, «Войшелк убоявся того же и бежа до Пинська и ту живяшеть»[302]. Гэтыя словы летапісу сведчаць, што Войшалк разгадаў намер Траняты. Але не адзін толькі страх і не ён перадусім гоніць Войшалка ў Пінск, што і паказалі наступныя падзеі. Перацягнуўшы на бок Новагародка пінянаў, якія ўжо даўно адчувалі на сабе цяжар залежнасці ад галіцка-валынскіх князёў, Войшалк уважліва сачыў за падзеямі ў Літве, не спяшаючыся з адкрытым умяшаннем у яе справы. Ён добра разумеў, што феадалы Літвы не будуць мірыцца з жамойцкім панаваннем, і, можна думаць, раздзімаў гэтыя супярэчнасці, што і дало свой плён. Транята быў забіты конюхамі-парабкамі Міндоўга[303]. Смерць Траняты азначала крах намераў жамойцкіх феадалаў аб'яднаць балцкія землі вакол Жамойці.

Цяжка пагадзіцца з думкай, што падзеі пасля смерці Міндоўга «зноў пацвердзілі нутраную цвёрдасць Літоўскай дзяржавы»[304]. Наадварот, падзеі да і пасля смерці Міндоўга пацвердзілі нутраную слабасць Літвы. Галоўнай прычынай гэтай слабасці быў непераадольны антаганізм паміж Літвой і Жамойцяй. За кароткі перыяд 1260–1263 гг. ідэя аб'яднання балцкіх земляў як вакол Літвы, так і вакол Жамойці канчаткова наказала сваю нежыццяздольнасць.

Войшалк быў адным з тых людзей, якія разумелі ўсю марнасць асобнага ад славянскіх земляў аб'яднання балцкіх і таму назаўсёды звязаў свой лёс з Новагародкам. Паміж Жамойцяй і Літвой не было і не магло быць трывалых эканамічных сувязяў. Апрача таго, летапісная Літва, абкружаная амаль з усіх бакоў славянскімі землямі і ўсеяная славянскімі калоніямі, вядома, не магла быць прыцягальнай для Жамойці з яе кампактнай тэрыторыяй і аднародным паганскім насельніцтвам. Феадалы Літвы і Жамойці не мелі дастатковай моцы, каб узяць верх адны над другімі. Усё гэта не пацвярджае меркавання, што Літва ў выніку ўсталявання ў ёй манархічнай улады Міндоўга мацнела. Наадварот, як мы бачылі, манархічная ўлада Міндоўга выклікала яшчэ большы антаганізм паміж Літвой і Жамойцяй. Дзеля аб'яднання іх ды іншых балцкіх земляў патрэбны быў іншы цэнтр, якім і стаў Новагародак.

З Новагародка і прыйшла сіла, якая пачала аб'ядноўваць у адзінае цэлае Новагародскую, Пінскую, Літоўскую, Полацкую землі. Войшалк, даведаўшыся, што Транята забіты, а Літва і Жамойць ў стане разгубленасці і безуладдзя, зразумеў, што прыйшла пара дзейнічаць. Гэтага ён толькі і чакаў. Ён распачаў непасрэдную рэалізацыю той мэты, якой не ўдалося здзейсніць Міндоўгу, калі той быў новагародскім князем, — поўнай і канчатковай заваёвы Літвы. У. Пашута, грунтуючыся на запісах Ноўгарадскага І летапісу, сцвярджаў, што апорай Войшалка былі «вои отца и приятели»[305]. Аднак галіцка-валынскі летапісец, які, бясспрэчна, лепш ведаў сапраўднае становішча ў суседніх землях, сведчыў пра іншае: «Войшелк поиде с Пиняны к Новогороду и оттоле поя со собою Новогородце и поиде в Литву княжить»[306]. Вядома ж, ні ў Пінску, ні ў Новагародку вояў Міндоўга не было. Войшалк у заваёве Літвы абапіраўся толькі на сілы Новагародка і Пінска. Паказальна, што Ў.Пашута ў сваёй кнізе не прывёў гэтага летапіснага сведчання. Тое ж сама мы бачым і ў сучаснага даследніка Э. Гудавічуса, які, робячы мантаж з летапісных звестак 1263–1265 гг., не ўлучыў у яго прыгаданага паведамлення[307]. У дадзеным выпадку важна не тое, што паказваецца, а тое, што замоўчваецца. Замоўчваецца ж галоўнае: Войшалк заваёўваў Літву ды іншыя балцкія землі з Новагародка сіламі пінянаў і новагародцаў. Такім чынам, тое, што было крыху зацемненае ў дачыненні заваёвы Міндоўгам Літвы з Новагародка, тут, у дачыненні Войшалка, ужо выступае адкрытым тэкстам. Як сведчыць далей летапіс, «Литва же вся прияше и с радостью своего господитича»[308], г. зн. прыхільна сустрэла Войшалка, як свайго законнага гаспадара. На гэта і разлічвалі новагародскія феадалы, калі бралі Войшалка сваім князем. Але, відаць, прыязна ставіліся да Войшалка толькі ў «Літве Міндоўга», тым часам як астатняя Літва ўчыніла супраціў Войшалку. У летапісе пад 1264 г. чытаем: «Воишелк же нача княжити во всей земле Литовской и поча вороги свои убивати, изби их бесчисленное множество, а друзии разбегошося камо кто видя»[309]. Характэрна, што і гэтае месца апусціў Э. Гудавічус, а Пашута далучыў яго да заваёвы Войшалкам Нальшчанаў і Дзяволтвы. Усё гэта сведчыць пра тое, што Войшалку супраціўляліся літоўскія феадалы, што менавіта яны былі галоўнымі ворагамі ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага і што Войшалк, будучы правадніком палітыкі новагародскіх феадалаў, жорстка расправіўся з літоўскімі феадаламі, бальшыня якіх была знішчаная, а частка разбеглася.

Але моцы Новагародка і Пінска хапіла Войшалку толькі для заваёвы Літвы. Бачачы гэта, ён зноў пайшоў на альянс з галіцка-валынскімі князямі. Магчыма, бярог уласныя сілы і хацеў грэбці жар чужымі рукамі. Нялёгка было зноў увайсці ў давер да галіцка-валынскіх князёў, і ён сыграў на іх слабай струнцы — імкненні валодаць Новагародскай зямлёй і Літвою.

Войшалк прызнаў іх вярхоўную ўладу над сабой: «Нарекл бо бяшеть Василка отца себе и господина»[310]. Галіцка-валынскія князі пасля гэтага згадзіліся дапамагчы Войшалку ў падпарадкаванні іншых балцкіх земляў. Няма чаго казаць, што яны дзейнічалі недальнабачна, трацячы свае сілы на захоп таго, што ім не магло належаць. Галіцка-Валынская зямля і без таго была знясіленая залежнасцю ад татараў, пасля смерці Данілы Галіцкага ўжо абазначыўся яе распад. Вось чаму так смела пайшоў Войшалк на вонкавае падначаленне яе князям.

Атрымаўшы дапамогу Шварна і Васількі, Войшалк не менш жорстка расправіўся з феадаламі Дзяволтвы і Нальшчанаў і, далучыўшы гэтыя абшары да сваіх уладанняў, вярнуўся «восвояси»[311], г. зн. у Новагародак. Такім чынам, утварэнне Вялікага Княства Літоўскага суправаджалася амаль пагалоўным вынішчэннем феадалаў балцкіх земляў. Усё гэта лішні раз пярэчыць тым сцверджанням, што ўтварэнне гэтай дзяржавы «вызначалася інтарэсамі літоўскіх феадалаў».

Нельга пагадзіцца і з тым, што «Войшалк не рабіў замаху на паганства ў Літве»[312]. Галоўнай мэтай пасля заваёвы Літвы Войшалк лічыў хрышчэнне яе. Для таго і быў заснаваны ім Лаўрышаўскі манастыр. Але, відаць, яго магчымасцяў для хрышчэння Літвы было недастаткова. Таму Войшалк у 1265 г. увайшоў у зносіны з пскоўскім князем, які абяцаў прыслаць святароў з Пскова, бо яны больш за іншых знаёмыя з мовай і звычаямі Літвы[313]. Войшалк, вядома, не атрымаў іх, бо ў 1266 г. пскоўскім князем стаў Даўмонт, былы нальшчанскі князь, які ўцёк у Пскоў, ратуючыся ад Войшалка. Вось чаму хрышчэнне Літвы ці, магчыма, нейкай часткі яе зацягнулася да 1405 г., калі толькі верыць Т. Нарбуту, звесткі якога не заўсёды вызначаюцца праўдзівасцю.

Захоп Новагародкам Літвы, Нальшчанаў і Дзяволтвы быў адначасова і ўдарам па Полацку, які пасля страты Ніжняга Падзвіння страціў сваю апору і ў гэтых землях. Каб і надалей карыстацца матэрыяльнымі рэсурсамі і вайсковай сілай балцкіх земляў, Полацак мусіў прызнаць «волю» Новагародка. У гэтым і палягаў стратэгічны план Войшалка. Падначаленне Полацка Новагародку адбылося, відаць, у 1265 г. Грамата полацкага князя Гердзеня, напісаная 22 снежня 1264 г.[314], не гаворыць пра залежнасць Полацка і Віцебска ад Войшалка. Затое грамата полацкага князя Ізяслава, напісаная крыху пазней, ужо сведчыць пра гэта[315].

Летапісныя крыніцы нічога не гавораць пра тое, ці заваяваў Войшалк Жамойць. Магчыма, каб ажыццявіць гэтую мэту, дзеля чаго патрэбная была новая дапамога галіцка-валынскіх князёў, ён аддаў сваё княства Шварну, а сам зноў пайшоў у Галіцкую зямлю. Варта нагадаць, што ў 1254 г. Войшалк не пажадаў аддаць яму княства, бо асцерагаўся, што, жанаты з ягонай сястрой, той будзе мець законняй правы на ўладанне. Цяпер ужо ён не баяўся гэтага, бо Шварн не меў дзяцей, значыць, у выпадку яго смерці не было каму атрымаць у спадчыну княскі пасад. Перадача гэта не спадабалася брату Шварна — галіцкаму князю Льву Данілавічу, які хацеў сам валодаць Новагародскай і Літоўскай землямі, злучанымі зараз у адзінае цэлае. Вось чаму гэты князь і забіў Войшалка, «завистью оже бяшеть дал землю Литовськую брату его Шварнови»[316]. Аднак, паводле іншых крыніц, што, магчыма, болей праўдзіва, Шварн памёр раней за Войшалка, і той зноў вярнуўся ў сваё княства. Пасля ён прыехаў на перамовы са Львом Данілавічам, які лічыў Літоўскае княства сваёй спадчынай пасля смерці брата Шварна. Войшалк не згадзіўся на прэтэнзіі Льва і быў забіты[317]. Але запозненая помста Льва не дала ніякіх вынікаў для яго. Вялікім князем літоўскім стаў Трайдзень, які працягваў палітыку Войшалка. Аднак далейшы разгляд гісторыі Вялікага Княства Літоўскага не ўваходзіць у задачу гэтага даследвання.

Загрузка...