5. ДЛЯ КАГО БЫЛА БОЛЬШАЯ ПАГРОЗА?

Мангола-татарскае нашэсце і нямецкая агрэсія ў сучасных падручніках гісторыі і навуковых даследваннях падаюцца як фактары, што нібыта паспрыялі захопу беларускіх земляў Літвой: «Барацьба Русі з татара-мангольскімі заваёўнікамі значна аблегчыла літоўскім князям ажыццяўленне іх захопніцкай палітыкі ў адносінах да рускіх земляў. Ва ўмовах татара-мангольскай няволі некаторыя феадалы Русі ў асобе Літоўскай дзяржавы бачылі сілу, якая не толькі можа даць адпор татарскім і нямецкім захопнікам, але і разам з тым будзе садзейнічаць далейшаму ўмацаванню іх панавання над сялянскімі масамі»[220]. Прыблізна тое ж сказана і ў другім даследванні: «Феадалы, якія прыйшлі да ўлады ў Аўкштайціі, пайшлі на змову з феадаламі значна больш развітай Беларусі, напалоханымі Ардой і Ордэнам. Падзяліўшыся рэнтай з літоўскім пануючым класам, беларускія феадалы ўвайшлі ў яго склад»[221]. Але ж добра вядома, што Беларусь, з выняткам яе крайніх паўднёвых мясцінаў, не ведала мангола-татарскага нашэсця. Значыць, феадалам Беларусі не было ніякай патрэбы шукаць у некага абароны ад татараў. Больш за тое, паводле сведчання летапісаў, літоўскія князі ніколі не атрымлівалі ніякіх перамог над мангола-татарамі.

Праўда, у вядомай «Кроніцы Быхаўца» апавядаецца пра дзве бітвы, у якіх татары нібыта былі разгромлены літоўскімі войскамі, - пад Магільнам і пад Койданавам. Аднак шэраг акалічнасцей прымушае сумнявацца ў тым, што яны былі ў сапраўднасці.

Вось што гаворыцца пра Магільнянскую бітву. Пасля таго як літоўскі князь Рынгальт немалы час пракняжыў у Новагародку, князі Святаслаў Кіеўскі, Леў Уладзімірскі і Дзмітры Друцкі намерыліся выгнаць яго адтуль. Узяўшы сабе на падмогу ад цара заволжскага некалькі тысяч татараў, яны рушылі на Новагародак. Рынгальт сустрэў іх на Нёмане, ля Магільна (цяпер на тэрыторыі Уздзенскага р-на, Менскай вобл.), і ў лютым баі, які працягваўся цэлы дзень, разбіў сваіх праціўнікаў і з багатай здабычай вярнуўся ў Новагародак[222]. У «Кроніцы Быхаўца» не паказана, калі адбылася гэта падзея. У ранейшай гістарычнай літаратуры яна адносілася да 1235 г.[223]. Але прыняць гэтую дату нельга, бо тут прыгадваюцца татары, якія з'явіліся на Русі толькі пры канцы 30-х гадоў ХІІІ ст. Апроч таго, Рынгальт не мог княжыць у 1235 г. у Новагародку, бо гэтым часам тут княжыў Ізяслаў, як сведчыць Іпацеўскі летапіс. Сярод князёў, што ішлі на Рынгальта, згадваецца Леў Уладзімірскі. Гэта магло б дапамагчы вызначыць найбольш верагодную дату гэтай падзеі, калі б яна сапраўды была. У Іпацеўскім летапісе пад 1274 г. сказана, што шэраг усходнеславянскіх князёў, сярод якіх быў і галіцкі (а не ўладзімірскі) князь Леў, разам з татарамі ішлі на Новагародак[224], які тады быў сталіцай Вялікага Княства Літоўскага. Паколькі гэтыя князі і татары рухаліся на Новагародак ад Слуцка[225], то іхны шлях мог праходзіць і праз Магільна. Аднак летапіс, які падрабязна асвятляе гэты паход, нічога не гаворыць пра бітву пад Магільнам. Як мы ведаем, у «Кроніцы Быхаўца» сказана, што гэтая бітва была вялікай і што татары з хаўруснікамі пацярпелі страшэнную паразу, а пасля такой няўдачы яны, вядома, не маглі б ісці далей, да Новагародка. А між тым летапіс гаворыць, што яны, перайшоўшы р. Сэрвеч, падышлі да Новагародка і ўзялі яго вакольны горад. Прыдуманы і сам князь Рынгальт, бо нідзе ў іншых крыніцах ён не прыгадваецца. Апрача таго, «Кроніка Быхаўца» называе яго вялікім князем, але ў 1274 г. ён не мог быць такім, бо гэтым часам у Новагародку княжыў Трайдзень. Не мог ён быць і бацькам Міндоўга, бо той загінуў у 1263 г., а ў «Кроніцы Быхаўца» сказана, што Міндоўг стаў княжыць пасля смерці Рынгальта. Гэты аналіз не пацвярджае таго, што была бітва пад Магільнам, прынамсі ў 1274 годзе, найбольш верагодным для яе, асабліва калі ўлічыць, што ў «Кроніцы Літоўскай і Жамойцкай» яна значыцца пад 1284 г.[226] (у гэтай крыніцы шмат якія падзеі зрушаныя на 10–15 гадоў наперад). Тым не менш усё гэта не выключае таго, што гэтая бітва была. Магчыма, яна калі-небудзь і была, але яе апісанне ў «Кроніцы Быхаўца» скажонае да непазнавальнасці, як гэта адбылося і з бітвай пад Гарадцом у 1161 г., пра што мы гаварылі раней. Не выключана, што і бітва пад Магільнам адбылася таксама ў полацкія часы, а пасля была прыпісаная літоўскім князям.

Малаверагодная бітва і пад Койданавам, бо звесткі пра яе яшчэ больш супярэчлівыя. У «Кроніцы Быхаўца» сказана, што заволжскі татарскі цар Балаклай сабраў вялікую раць і пайшоў на Русь. А вялікі князь Скірмант, сабраўшы сваё войска ў Койданаве, перамог усю раць татарскую і самога цара забіў[227]. У літаратуры гэта падзея адносілася да 1241 г.[228]. Апрача таго, паказваецца яшчэ адна бітва пад Койданавам, у якой нібыта Міндоўг у 1249 г. разбіў татараў на чале з Кайданам і яго хаўруснікаў галіцка-валынскіх князёў Данілу і Васільку. Прычым сцвярджаецца, што Кайдан загінуў тут, і адсюль пайшло найменне паселішча «Койданаў», якое да таго называлася Крутагор'ем. Гэта найбольш пашыраная версія, і яна нават увайшла ў сучасныя падручнікі гісторыі Беларусі[229]. У «Запісках Кацярыны ІІ» прыведзены звесткі пра бітву пад Койданавам у 1276 г., якія нагадваюць падзеі бойкі 1241 г.

Паколькі ўсе гэтыя бітвы звязаныя з татарамі, то яны не маглі адбыцца ні ў 1241, ні ў 1249 г., бо, як паказваюць даследванні, першае ўварванне татараў на тэрыторыю Беларусі адбылося ў 1258 г.[230]. Бітву 1241 г. мы наагул павінны адкінуць як выдуманую, бо ніколі не было ні вялікага літоўскага князя Скірманта, ні татарскага хана Балаклая. Ёсць нешта падобнае ў падзеях 1249 і 1258 гг. Сапраўды, князем літоўскім тады быў Міндоўг, разам з татарамі ішоў валынскі князь Васілька (яго брат Даніла, прыкінуўшыся хворым, ухіліўся ад гэтага паходу). Але татараў узначальваў не Кайдан, а Бурундай, і, што сама важнае, ніякай перамогі Міндоўг не атрымліваў: татары на чале з Бурундаем без супраціву занялі землі літоўскую і нальшчанскую (нагадаем, што гэта тэрыторыя на захадзе сучаснай Беларусі). Гэта пацвярджае і Ноўгарадскі І летапіс, у якім сказана, што татары ўзялі ўсю зямлю літоўскую, а саміх пабілі[231].

Трэба зазначыць, што ёсць яшчэ сумневы ў праўдзівасці існавання Кайдана. Сярод татарскіх ханаў, военачальнікаў і ваяводаў ён не значыцца[232]. Праўда, у татарскага хана Менгу Цімура, які цараваў у Залатой Ардзе ад 1266 да 1280 г., быў сын Кадан[233]. Менавіта ў Менгу Цімура галіцкі князь Леў Данілавіч прасіў дапамогі ў паходзе на Новагародак. У 1274 г. Менгу Цімур даў татарскае войска, але яго ўзначальваў не Кадан, а ваявода Ягурчын[234]. Паводле Галіцка-Валынскага летапісу татары хадзілі на Новагародак і ў 1277 г. Таму можна меркаваць, што яны ішлі праз Койданаў. Але, па-першае, пацярпеўшы там паразу, яны б не пайшлі далей. Па-другое, узначальваў гэтае войска не Кайдан, а ваявода Мамшэй[235]. Усё гэта сведчыць, што Койданаўскай бітвы не магло быць ні ў 1274, ні ў 1276, ні ў 1277 гг. Апрача таго, тапонім «Койданаў» на Беларусі не адзін (населены пункт з такім назовам быў недалёка і ад г. Паставы[236]), што таксама ставіць пад сумнеў паходжанне яго ад імя татарскага хана.

З усяго сказанага вынікае, што Магільнянская і Койданаўская бітвы — гэта хутчэй за ўсё міфы, створаныя ў ХVІ ст., для ўзвелічэння літоўскіх князёў, якія быццам толькі адны маглі супрацьстаяць мангола-татарскім заваёўнікам, чаго ў сапраўднасці не было.

Вядома, нельга адмаўляць пагрозы татарскага нашэсця, якая вісела над беларускімі землямі, бо ўварванні татараў, як мы ўжо бачылі, сапраўды былі. Аднак і нельга справу паказваць так, нібы толькі літва магла абараніць нашую зямлю ад татарскай заваёвы. Яна не магла абараніць ад татараў і сваёй зямлі, як гэта было ў 1258 г. Вось чаму беларускія феадалы не маглі бачыць у асобе літоўскіх князёў сілу, здольную абараніць іх ад татараў. Вось чаму беларускім феадалам не было патрэбы дзяліцца з літоўскімі сваёй «рэнтай».

Тое, што Беларусь не ведала мангола-татарскага пагрому і панавання, мела для яе важнае значэнне, якое пакуль што яшчэ не ацэненае ў гістарычнай навуцы. Як вядома, мангола-татарскае панаванне перапыніла і замарудзіла працэс палітычнага аб'яднання расейскіх і ўкраінскіх земляў, падарвала іх прадукцыйныя сілы. Усяго гэтага пазбегла Беларусь. Яе аб'яднанне не было спыненае, а яе прадукцыйныя сілы ў выніку прытоку новага насельніцтва яшчэ больш узраслі. Усё гэта і было прычынай таго, што фармаванне тэрыторыі Беларусі і кансалідацыя беларускага этнасу пайшлі хутчэй, чым аналагічныя працэсы ў іншых усходнеславянскіх землях. Так, калі ў першай палове ХІV ст. пры Іване Каліце толькі пачало ўзвышацца Маскоўскае княства, дык нашыя землі да гэтага часу амаль усе былі сабраныя і задзіночаныя ў Вялікім Княстве Літоўскім. Беларускія феадалы выкарысталі ў сваіх інтарэсах выгадную для іх кан'юнктуру, у прыватнасці аслабленне расейскіх і ўкраінскіх земляў у барацьбе з татарамі, і заваявалі значныя часткі іх тэрыторый.

Паколькі культурныя цэнтры Беларусі не былі разбураныя, нашая культура развівалася без перашкодаў, што было прычынай яе высокага роўню. Таму яна і заняла панавальнае месца ў Вялікім Княстве Літоўскім, а беларуская мова стала ў ім дзяржаўнай.

Што да нямецкай агрэсіі, то яна сапраўды з'явілася цяжкім ударам для Полацка. У выніку яе Полацкае княства было адсечанае ад Балтыйскага мора, што істотна паўплывала на далейшую гісторыю Беларусі. Аднак, гаворачы пра гэта, нельга паказваць справу так, нібы беларускія землі знаходзіліся ў бязвыхадным становішчы і іх магла выратаваць толькі літва. Не меншую пагрозу нямецкая агрэсія несла і народам Прыбалтыкі, якія разам з Полаччынай сталі аб'ектам нападу «псоў-рыцараў». Апошнім удалося, пакарыўшы балцкія плямёны прусаў, куршаў і земгалаў, з трох бакоў акружыць Жамойць. Над ёй, як і над іншымі балцкімі землямі, навісла смяротная пагроза. Са сказанага відаць, што нямецкай агрэсіяй былі запалоханы не так беларускія, як балцкія феадалы. Калі Полаччына траціла набытыя ёю ў Ніжнім Падзвінні землі, то балты трацілі свае карэнныя землі. Дык хіба маглі феадалы Літвы ў гэтым часе адважыцца на заваёву беларускіх земляў, хіба маглі беларускія феадалы ў іх асобе бачыць абаронцаў ад нямецкай агрэсіі?

У даследваннях па гісторыі адзначаецца, што нямецкая агрэсія прымусіла балцка-літоўскія землі аб'яднацца і тым сама паскорыла працэс утварэння Літоўскай дзяржавы. Гэта, маўляў, і дало магчымасць літоўскім феадалам заваяваць беларускія землі, якія нібыта былі раз'яднаныя. Аднабаковасць гэтай схемы відавочная, бо паўстае пытанне, чаму тая ж нямецкая агрэсія не прымусіла аб'яднацца беларускія землі. Мы ўжо гаварылі, што раз'яднанасць беларускіх, у прыватнасці полацкіх, земляў у ХІІІ ст. надзвычай перабольшаная. На горкім вопыце спазнаўшы смяротную пагрозу нямецкай агрэсіі, Полаччына шчыльней згуртоўвалася для адпору ворагу. Трэба сказаць, што Полацак не адразу разгледзеў сапраўдную сутнасць нямецкіх рыцараў. Полацкі князь Уладзімір (Валодша) у 1186 г. даў нямецкаму манаху Майнарду (відаць, угледзеўшы ў яго дзейнасці толькі місіянерскі, а не захопніцкі характар) дазвол на права хрышчэння ліваў, якія залежалі ад Полацка. Яшчэ больш легкадумна паставіліся напачатку да рыцараў у іншых краях Усходняй Эўропы. Летоны ў 1202 г. учынілі дамову з біскупам Альбертам супраць земгалаў. Мазавецкі князь Конрад у 1225 г. запрасіў тэўтонцаў для барацьбы з прусамі. Не раз супольна з рыцарамі дзейнічалі пскоўскія і ноўгарадскія аддзелы. Гэтая бесклапотнасць і была адной з прычын першых поспехаў немцаў ва Ўсходняй Эўропе. Для Полацка яна абярнулася стратай Ніжняга Падзвіння.

Згуртаванасць Полаччыны ў барацьбе з крыжакамі вельмі добра выяўлена ў «Кроніцы Лівоніі». Так, паводле яе, для паходу на тэўтонцаў «полацкі кароль Вальдэмар (памянёны Валодша) сабраў войска з усяго свайго каралеўства, а таксама ад суседніх каралёў (удзельных князёў Полаччыны), сваіх сяброў і з вялікай храбрасцю спуціўся ўніз па Дзвіне»[237]. Хіба такое магло быць пры міжусобнай барацьбе?

Смяротная пагроза нямецкай агрэсіі, якая навісла над Усходняй Эўропай, патрабавала задзіночання сілаў. Яскравым сведчаннем гэтага можа быць факт, што войска Валодшы Полацкага, з якім ён у 1216 г. сабраўся ісці на Рыгу, напалову складалася з літоўцаў. Важным фактарам у арганізацыі адпору рыцарам было ўмацаванне сувязяў Полацкай зямлі з суседнімі ўсходнеславянскімі землямі, перадусім з Ноўгарадскай і Пскоўскай. Пацверджаннем гэтага з'яўляецца жаніцьба ноўгарадскага князя Аляксандра Неўскага з дачкой полацкага князя Брачыслава ў 1239 г. Хаўрус Полацкай і Ноўгарадскай земляў быў важнай умовай перамогі над нямецкімі агрэсарамі на Чудскім возеры ў 1242 г., што ў далейшым палегчыла і абарону беларускіх земляў ад крыжакоў. Адзінства Полацкай, Ноўгарадскай і Пскоўскай земляў прывяло да перамогі над немцамі і ў 1262 г. пад Юр'евам.

Загрузка...