Аб'яднанне Войшалкам Новагародскай, Пінскай, Літоўскай, Нальшчанскай, Дзевалтоўскай і Полацка-Віцебскай земляў у адзіную дзяржаву было фактычна трывалым пачаткам утварэння Вялікага Княства Літоўскага. У гэтым і палягала гістарычная заслуга Войшалка. Але калі далучэнне балцкіх земляў Літвы, Нальшчанаў і Дзяволтвы да Новагародка было гвалтоўным, то далучэнне Пінска, Полацка і Віцебска праходзіла добраахвотна. Гэтак сама пазней да Вялікага Княства Літоўскага далучаліся і іншыя беларускія абшары. Такое аб'яднанне было вынікам гістарычнага працэсу эканамічнага, палітычнага і культурнага збліжэння беларускіх земляў у басейнах рэк Дзвіны, Дняпра, Нёмана, на аснове чаго ішло фармаванне тэрыторыі Беларусі. Вызначальную ролю ў складванні і пачатковай гісторыі Вялікага Княства Літоўскага меў найперш Новагародак. Нездарма ж і герб гэтага горада — коннік з мечам у руцэ — стаў дзяржаўным гербам Вялікага Княства Літоўскага[318]. Важнае значэнне Новагародка ва ўтварэнні Вялікага Княства Літоўскага і ў пашырэнні тэрыторыі гэтай дзяржавы паказаў і М. Улашчык[319]. І хоць пазней, на пачатку ХІV ст., Новагародак страціў сваё цэнтральнае значэнне, аднак яшчэ доўга жыла памяць аб ім як сталіцы. Вось чаму ў летапісах ХVІ ст. яшчэ гаворыцца аб «Новогородской державе, над Немном лежачее»[320], якая прасціралася «ад Вилии аж до жродел Неменовых, где ся за Копылем пять миль починается»[321].
Складванне гэтай «Новагародскай дзяржавы» было паскорана і знешнімі палітычнымі прычынамі — пагрозай з боку крыжакоў і татараў. Тым, для каго застаюцца аўтарытэтамі заснавальнікі навуковага камунізму, адрасую выказванне на гэты конт Ф. Энгельса, які адзначыў, што ўкраінскія і беларускія землі «знайшлі сабе абарону ад азіяцкага нашэсця, далучыўшыся да так званага Літоўскага княства»[322]. Як бачым, Ф. Энгельс лічыў гэтую дзяржаву Літоўскай толькі па назове, што і адпавядае сапраўднасці. Сучасныя летувіскія землі ў гэтай дзяржаве займалі толькі дзесятую частку яе тэрыторыі, і з гэтай прычыны, вядома, не маглі ў ёй дамінаваць. У старой гістарыяграфіі факт пашырэння ў Вялікім Княстве Літоўскім славянскай беларускай мовы, культуры тлумачыўся звычайна тым, што, маўляў, літоўскія князі заваявалі славянскую тэрыторыю, і таму, каб кіраваць такой вялізнай прастораю, павінны былі прыняць славянскую мову і культуру як панавальныя ў дзяржаве. Як мы бачылі, ніякай літоўскай заваёвы нават у самым пачатку гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, не было. Ф. Энгельс адкінуў такое яўна валюнтарысцкае тлумачэнне ўтварэння Вялікага Княства, адзначыўшы, што ў гэтым гаспадарстве «ва ўладанні саміх літоўцаў» былі толькі «паўночныя землі Прыбалтыкі»[323], г. зн. уласна летувіскія (жамойцкія) землі, а не ўсе землі дзяржавы. К. Маркс таксама разглядаў Вялікае Княства Літоўскае як славянскую, «рускую» дзяржаву. Ён пісаў у сваёй працы «Сценька Разін»: «Русь тады была падзеленая на дзве дзяржавы: Маскву і Літву»[324]. Славянскі характар Вялікага Княства Літоўскага быў ужо перадвызначаны, як мы бачылі, пры ўтварэнні гэтай дзяржавы ў сярэдзіне ХІІІ ст.
Падсумоўваючы ўсё сказанае ў гэтай кнізе, мы прыходзім да наступных высноваў.
Ніводная гістарычная крыніца не пацвярджае літоўскай заваёвы Чорнай Русі ды іншых беларускіх земляў, што нібыта і паклала пачатак утварэнню Вялікага Княства Літоўскага. Такое сцверджанне ўзнікла ў сярэдзіне ХVІ ст., каб ідэалагічна абгрунтаваць права вялікага князя літоўскага на беларускія землі, значная частка якіх тады часова была занята войскамі Івана Жахлівага. Праз «Кроніку» М. Стрыйкоўскага гэтая версія перайшла ў многія кнігі па гісторыі, пазней была некрытычна прынятая шмат якімі даследнікамі і, стаўшы традыцыйнай, доўгі час не пераглядалася.
Значнай перашкодай для аб'ектыўнага асвятлення працэсу ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага ёсць атаясамліванне летапіснай Літвы з усходняй часткай сучаснай Летувы. Аднак гістарычныя сведчанні і тапаніміка паказваюць, што пад Літвой у ХІ-ХІІІ стст. разумелася тэрыторыя Верхняга Панямоння, якая знаходзілася паміж Полацкай, Турава-Пінскай і Новагародскай землямі і якая побач з імі з'яўлялася адным з гістарычных рэгіёнаў Беларусі. Менавіта яна і была далучаная да Новагародка спачатку ў 50-х гадах ХІІІ ст. літоўскім перабежнікам Міндоўгам, а пасля ў 60-х гадах ХІІІ ст. канчаткова яго сынам Войшалкам. Гэта было першым крокам у пашырэнні ўлады Новагародка, які дасягнуў да таго часу значнага эканамічнага, палітычнага і культурнага развіцця, на іншыя беларускія і балцкія землі. Толькі гэтым і можна вытлумачыць, чаму Новагародак стаў першай сталіцай Вялікага Княства Літоўскага. Адсюль, з Беларускага Панямоння, дзе знаходзілася летапісная Літва, і пайшло найменне новай дзяржавы як Літоўскай.
Тое, што ўтварэнне Вялікага Княства Літоўскага суправаджалася заваёвай балцкіх земляў (Літвы, Нальшчанаў, Дзяволтвы), знішчэннем і выгнаннем іх феадалаў, адхіляе пашыранае ў навуцы сцверджанне, што ўзнікненне гэтай дзяржавы дыктавалася іхнымі інтарэсамі. Паколькі ўтварэнне Вялікага Княства Літоўскага было найперш вынікам эканамічнага, палітычнага і культурна-этнічнага збліжэння і аб'яднання беларускіх земляў, то гэты гістарычны працэс быў у інтарэсах беларускіх феадалаў, што і характарызуе гэтую дзяржаву найперш як беларускую. Таму становіцца зразумелым, чаму ў Вялікім Княстве Літоўскім панавальнае месца заняла беларуская культура і дзяржаўнай стала беларуская мова.