«Літоўскія набегі» гістарычная навука разглядае як фактар, які нібыта падрыхтаваў заваёву «літоўскімі феадаламі» беларускіх земляў. Даследнікі звычайна спасылаюцца для пацверджання гэтага на «Слова аб палку Ігаравым». Так зрабіў і Ў.Пашута. Зазначыўшы, што гэты твор паведамляе пра страту полацкімі князямі былых пазіцый у Літве і Падзвінні, ён падмацоўвае сваё меркаванне наступнымі радкамі: «И Двина болотом течет оным грозным полочаном под клики поганых. Един же Изяслав, сын Васильков, позвони своими острыми мечи о шеломы литовськыя, притрепа славу деду своему Всеславу, а сам под чрьлёными щиты на кроваве траве притрепан литовськими мечи… Не бысть ту брата Брячислава, ни другаго Всеслава…»[169] Як вядома, «Слова» не летапіс, а мастацкі твор. Таму перад даследнікам стаіць задача высветліць, якія гістарычныя падзеі адлюстраваныя ў гэтым месцы твора. Хутчэй за ўсё аўтар яго, гаворачы пра з'яўленне «паганых» на Дзвіне, меў на ўвазе падзеі 1167 г., калі вядомы нам менскі князь Валадар Глебавіч рушыў з сваім войскам, у складзе якога, як і ў 1162 г., магла быць літва, на Полацак, захапіў яго і пайшоў далей уздоўж Дзвіны на Віцебск, дзе яго напаткала няўдача[170]. Выкарыстанне полацкімі князямі літвы і ліваў як вайсковай сілы ў паходзе на Друцак мела месца і ў 1180 г.[171], незадоўга да напісання «Слова». Вось гэтыя і падобныя факты далі падставу аўтару «Слова» гаварыць пра з'яўленне «паганых» на Дзвіне. Але гэтыя факты сведчаць, што не сама літва прыйшла на Полаччыну, як звычайна сцвярджаецца, а была прыведзеная полацкімі князямі для барацьбы паміж сабой. Такія дзеянні былі характэрныя не толькі для полацкіх князёў. Кіеўскія князі ў міжусобнай барацьбе часта выкарыстоўвалі полаўцаў. За гэта аўтар «Слова» асуджае і кіеўскіх, і полацкіх князёў: «Ярославли (г. зн. кіеўскія князі) и вси внуци Всеславли (г. зн. полацкія князі)!.. Вы бо своими крамолами начасте наводити поганыя полкы на землю Рускую, на жизнь Всеславлю…» Вось гэтых слоў і не падаюць даследнікі, а якраз у іх і паказаная праўдзівая прычына з'яўлення «паганых» на Дзвіне.
Што да князя Ізяслава Васількавіча, які загінуў у барацьбе з літвою, то найперш трэба адзначыць, што гэта адзіны герой у «Слове», якога не ведаюць летапісы, і таму цяжка сказаць, дзе ён княжыў. Выраз «трубяць трубы гарадзенскія» яшчэ не дае падставы гаварыць, што ён быў князем у Гарадзені (сучасная Горадня), бо ў тым часе гарадоў з такім назовам было даволі шмат. Але, як паказвае «Слова», полацкі і віцебскі князі Брачыслаў і Ўсяслаў Васількавічы не падтрымалі свайго брата Ізяслава ў барацьбе з літоўцамі. Гэтым яно таксама пацвердзіла, што полацкія князі не былі ў варожых стасунках з літвою нават і тады, калі з ёю ваяваў іх брат. Такім чынам, «Слова» дае праўдзівую гістарычную карціну дачыненняў паміж Полацкам і літвой. І таму не маюць рацыі тыя даследнікі, якія вырываюць з тэксту «Слова» паасобныя месцы, каб пацвердзіць штучную канцэпцыю пра падначаленне літве беларускіх земляў.
І ўсё ж у першыя тры дзесяцігоддзі ХІІІ ст. у розных крыніцах зарэгістраваныя тры літоўска-полацкія канфлікты, на якіх у даследваннях асабліва завастраецца ўвага. Таму яны патрабуюць уважлівага разгляду, каб высветліць іх характар.
Першы з іх знайшоў адлюстраванне ў «Кроніцы Лівоніі» Генрыха Латвійскага пад 1201 г. Тут сказана, што летоны, пасля таго як, прыйшоўшы ў Рыгу, учынілі мір з хрысціянамі, «наступнай зімою, спусціўшыся ўніз па Дзвіне, з вялікім войскам накіраваліся ў Семігалію. Пачуўшы, аднак, яшчэ да ўступлення туды, што кароль полацкі прыйшоў з войскам у Літву (Летонію), яны кінулі семігалаў і паспешліва адышлі назад»[172]. Найперш узнікае сумнеў, ці былі гэтыя «літоўцы» з тэрыторыі сучаснай Летувы, як гэта прынята лічыць, бо ім у такім выпадку не было сэнсу плысці па Дзвіне ў Семігалію, паколькі апошняя знаходзілася на левабярэжжы Дзвіны і на поўдзень ад яе была Летува ў сучасным разуменні і таму да семігалаў прасцей і бліжэй было дабрацца па сушы. Калі ж гэта былі сапраўды літоўцы, то яны жылі не на тэрыторыі сучаснай Летувы, а дзесьці далей на ўсход, побач з Полацкай зямлёй, ім у такім разе зручней было дабірацца да семігалаў па Дзвіне. Незразумела, чаму В. Данілевіч сцвярджаў, што вынікі гэтага паходу полацкага князя ў Літву невядомыя і што, маўляў, такія адзінкавыя спробы ўціхамірыць літву мала прыносілі карысці для Полацка[173]. Як ўжо відаць з вышэй пададзеннага ўрыўка, летоны, даведаўшыся, што полацкі князь пайшоў у іх зямлю, адмовіліся ісці ў Семігалію, бо менавіта за намер напасці на апошнюю як на ягонае ўладанне і помсціў Полацак паходам на Летонію. Такім чынам, тут яўна выявілася сіла Полацка і бяссілле Летоніі. Звяртаем увагу і на тое, што «Кроніка Лівоніі» засведчыла прыналежнасць Семігаліі Полацку.
Паводле Я. Длугаша, у 1216 г. літоўскія дружыны ўварваліся ў ваколіцы Полацка і сталі рабаваць іх. Яны нібыта былі разгромленыя і выгнаныя смаленскім князем Мсціславам Давыдавічам[174]. Такую магчымасць нельга адмаўляць. Якія б ні былі прыязныя дачыненні паміж суседнімі землямі, яны тым не менш не перашкаджалі спробе пажывіцца пры нагодзе за кошт суседа. А такая нагода ў 1216 г. магла з'явіцца. Полацкі князь у гэтым годзе сабраў войска, каб ісці на Рыгу, але раптоўна памёр. Таму літва, якая была ў складзе полацкага войска, магла выкарыстаць замяшанне ў Полацку і пачаць рабаваць пры адыходзе менавіта яго ваколіцы. Можна таксама дапусціць, што з прычыны часовай адсутнасці ў Полацку свайго князя палачане звярнуліся да смаленскага князя (які мог быць удзельнікам паходу на Рыгу і таму прысутнічаў тады ў Полацку), каб расправіцца з літоўцамі. І ўсё ж такога не было. Па-першае, наяўнасць літвы ў войску Ўладзіміра гаворыць пра шчыльны хаўрус Полацка з ёю ў гэтым часе. Па-другое, смаленскім князем тады быў не Мсціслаў Давыдавіч, а Ўладзімір Рурыкавіч, які княжыў тут у 1214–1219 гг.[175] Па-трэцяе, апошні таксама не мог бы прыйсці на дапамогу Полацку, бо тым часам удзельнічаў разам з іншымі князямі ў паходзе на Суздаль[176]. Усё гэта адмаўляе факт нападу на Полацак і разгром яго Мсціславам Давыдавічам у 1216 г.
Адзначаецца і яшчэ адзін факт, калі ў 1225 г. літва напала на Полацкую, Ноўгарадскую і Смаленскую землі. Сапраўды, у Лаўрэнцеўскім летапісе занатавана: «Тою же зимы воеваша Литва Новгородскую волость, и поимаша множество много христиан и много зла сотворише, воюя около Новгорода, и около Торопца и Смоленска, и до Полотьска, бе бо рать велика ака же не было от начала миру»[177]. Аднак у тым жа летапісе, паводле Акадэмічнага спіса, гаворыцца пра нашэсце літвы ў раён Тарапца і Таржка, а Полацак не называецца[178]. І гэты запіс больш праўдзівы, бо ён супадае з адпаведным запісам Ноўгарадскага І летапісу[179]. А каму, як не ноўгарадцам, лепш было ведаць, на каго ў гэтым выпадку нападала літва. Як бачым, усе тры факты, якімі аперуюць даследнікі дзеля пацверджання нападаў літвы на Полацак, малаверагодныя. І сапраўды, як ў ХІІ ст., так і ў ХІІІ ст. літва была зброяй у руках Полацка для барацьбы з суседнімі землямі. Больш за тое, каб кампенсаваць свае страты ў Ніжнім Падзвінні, якім завалодалі крыжакі, Полацак усё больш умацоўваў сувязь з літвой і свой уплыў на яе. Аб гэтым і сведчыць усё большы лік набегаў літвы на Пскоўскую, Ноўгарадскую і Смаленскую землі. Вось іх пералік паводле Пскоўскага, Ноўгарадскага і Суздальскага летапісаў: 1200 г. — на Ловаць да Налюця, 1310 г. — на Хадынічы, 1213 г. — на Пскоў, 1217 г. — на Шэлонь, 1223 г. — на Тарапец, 1224 г. — на Русу, 1225 г. — на Таржок і Тарапец, 1229 г. — на Любну, Марэву і Селігер, 1234 г. — на Русу, 1238 г. — на Пскоў, 1245 г. — на Таржок і Бежыцу, 1247 г. — на Пскоў, 1248 г. — на Зубцоў. Дарэчы, заўважым, што А. Сабалеўскі на падставе гэтых звестак зрабіў выснову, што Літва тады была не ля Вільні і Трокаў, а ў раёне Ўсвятаў, між Віцебскай і Смаленскай земляў[180]. Але ён не ўлічыў, што Ўсвяты, далей якіх за «літвой» не гналіся ноўгарадцы ў 1223, 1225 і 1245 гг., былі крайнім полацкім уладаннем, дзе яна і знаходзіла сабе надзейнае прыстанішча. Апрача таго, ён не ўзяў пад увагу, што пададзеныя ім словы літоўскага паходжання, як «твань», «нетра» і іншыя, сустракаюцца не толькі на Смаленшчыне, але і на ўсёй тэрыторыі Беларусі і ўсюды там, дзе ў далёкія часы жылі балцкія плямёны.
Аднак вернемся да разгляду так званых літоўскіх нападаў. Найперш заўважым, што не заўсёды летапісы адрознівалі «літву» ад суседніх народаў. Так, у Пскоўскім летапісе пад 1213 г. чытаем: «Изгнаша от себя псковичи князя литовьского Владимира Торопецкого»[181]. Такім чынам, нават князь з Тарапца, сын вядомага Мсціслава Ўдалога, называецца літоўскім. На жаль, даследнікі не звяртаюць увагі на такія дэталі. Калі ў разрад «літоўскіх» залічваўся князь з Тарапца, то гэта яшчэ ў большай ступені магло рабіцца ў дачыненні да полацкіх князёў. У свой час гісторык І.Бяляеў зазначыў, што ў летапісах літву атаясамлівалі з палачанамі, і пад літоўскімі набегамі разумеліся полацкія[182]. І хаця літва і палачане не заўсёды ўспрымаліся як адно, пра што сведчаць запісы ў Ноўгарадскім І летапісе пад 1191, 1198, 1258 і 1262 гг., аднак у выснове І.Бяляева ёсць вялікая доля праўды. Усе гэтыя набегі былі перш за ўсё інструментам полацкай палітыкі незалежна ад таго, хто ў іх браў большы ўдзел — палачане ці літва. Як паказваюць летапісы, у пераважнай бальшыні выпадкаў літва складала галоўны кантынгент полацкага войска і таму гэтыя набегі ў летапісах называліся набегамі літвы. Нельга згадзіцца з думкай, што яны прыносілі ўзбагачэнне князям Літвы, мэтай якіх было рабаванне, захоп палонных, жывёлы, што з'яўлялася адной з крыніц назапашвання багацця класа феадалаў, які ў тым часе фармаваўся там[183]. Бясспрэчна, што ўдзел у гэтых набегах не мог быць бескарыслівым. Аднак у цэлым яны не толькі не ўзбагачалі і не ўзмацнялі Літву, але яшчэ больш яе знясільвалі, бо, як правіла, пераважная бальшыня з іх канчалася паразай, стратай палонных і нарабаванага, вялікай колькасцю забітых. На жаль, усё гэта замоўчваецца ў даследваннях ва ўгоду штучнай схеме: Літва мацнела, Полацак слабеў. Такі сумны зыход мелі набегі 1200, 1210, 1225, 1229, 1234, 1245, 1248, 1253 гг., і толькі мала якія з іх (у 1217 і 1223 гг.) былі больш-менш удалыя. Некаторыя паразы насілі яўна катастрафічны характар. Так, у 1225 г. загінула 2 тыс. «літвы» з агульнай колькасці 7 тыс., а ў 1245 г. Аляксандр Неўскі пад Тарапцом знішчыў больш за 8 князёў, а пад Жыжцом і ўсіх астатніх. А колькі ж тады загінула простых вояў? Пры такім стане рэчаў неразумна гаварыць, што гэтыя набегі прыносілі карысць Літве. Не, гэта магло быць толькі ў інтарэсах полацкіх феадалаў. У. Пашута лічыў, што пра падначаленае становішча палачан сведчыць Ноўгарадскі І летапіс, які пад 1258 г. паведамляе пра напад ужо не «полочан с литвой», як раней, а «литвы с полочаны» на Смаленск[184]. А крыху вышэй у сваёй кнізе гэты даследнік папракае той сама летапіс за тое, што ў паведамленні пра паход 1240 г. на Вендэн на першае месца ставіцца літва, тады як галоўную ролю там адыгралі немцы[185]. Гэтым сама аспрэчыў і свой уласны довад наконт стасункаў Полацка і літвы. Не меў рацыі Ў.Пашута і тады, калі сцвярджаў, што гэты паход на Смаленск быў «справай рук Таўцівіла»[186], які княжыў тады ў Полацку. Вядома, што яшчэ задоўга да Таўцівіла палачане хадзілі на Смаленск, а цяпер прымусілі ісці і яго. Што набегі літвы на Ноўгарад залежалі ад полацкай палітыкі, сведчыць і такі факт. Як толькі Полацак і Ноўгарад у 1262 г. учынілі мір, літва не толькі спыніла набегі на ноўгарадскія землі, але і стала разам з палачанамі дапамагаць ноўгарадцам, як, напрыклад, пры паходзе на Юр'еў супраць немцаў у 1262 г.[187]
Літву выкарыстоўвалі для аслаблення Галіцка-Валынскай зямлі і турава-пінскія князі. Пры канцы 20-х гадоў ХІІІ ст. дачыненні паміж Валынню і Пінскам настолькі абвастрыліся, што ўзнік канфлікт. Піняне ў 1227 г. захапілі г. Чартарыйск. У наступным годзе Даніла Галіцкі вярнуў яго назад. Пасля гэтага пінскі князь Расціслаў арганізаваў супраць яго кааліцыю князёў, у якой сярод іншых удзельнічалі тураўцы і новагародцы. Але яна пацярпела паразу, і Пінск падпаў пад уплыў Валыні, князі якой прымушалі пінянаў ваяваць з суседняй літвой. З свайго боку пінскія князі неаднаразова прапускалі літву праз свае землі для нападу на Галіцка-Валынскае княства. Пра сувязь пінскіх князёў з літвой сведчыць Іпацеўскі летапіс пад 1247 г., калі апісвае набег на Валынь літвы, якой спрыяў пінскі князь Міхаіл[188].
Як бачым, у навуцы непамерна перабольшана значэнне так званых літоўскіх набегаў. У даследваннях скрупулёзна падлічваецца іхная колькасць ды яшчэ без уліку іх вынікаў. І на падставе гэтага робяцца высновы пра літоўскі наступ на славянскіх суседзяў. Тым часам замоўчваецца славянская, перш за ўсё крывіцкая і дрыгавіцкая, каланізацыя балцкіх земляў. Што да літоўскіх набегаў на славянскія землі, то калі яны й былі, дык усё адно не маглі спыніць шырокай плыні крывіцкай і дрыгавіцкай каланізацыі ў балцкія землі.
Як паказваюць матэрыялы археалогіі, гідраніміі, тапанімікі, лінгвістыкі, балцкія плямёны (латыгола, лотва, літва, яцьвягі і інш.) засялялі амаль усю тэрыторыю Беларусі[189] да прыходу сюды славянаў на мяжы VІ-VІІ стст. па Нараджэнні Хрыстовым[190]. Славянскае засяленне ішло з некалькіх бакоў. Калі дрыгавічы рухаліся з поўдня на поўнач (ад Прыпяці да Дзвіны), то крывічы — па Бугска-Нёманскім міжрэччы з захаду на ўсход і паўночны ўсход[191]. З захаду, як сведчыць летапіс, прыйшлі і радзімічы. Трэба зазначыць, што апрача гэтых галоўных славянскіх насельнікаў Беларусі тут аселі і часткі іншых плямёнаў, дарогі якіх ішлі праз Беларусь, — севяран, славенаў, дулебаў. Усё гэта спрыяла больш інтэнсіўнай славянскай каланізацыі і асіміляцыі ранейшага насельніцтва. Працэс гэты, пачаўшыся, ужо не мог спыніцца і ішоў на працягу стагоддзяў. Хаця не выключана, што напачатку (і гэта заканамерна) славянская каланізацыя сустракалася з варожасцю карэннага насельніцтва, пра што могуць сведчыць разбураныя і пагарэлыя балцкія гарадзішчы. Аднак у далейшым сужыццё славянаў і балтаў працякала мірна. Славянская каланізацыя (і асіміляцыя) не ўсюды адбывалася раўнамерна. Асобныя астравы балцкага насельніцтва на тэрыторыі Беларусі заставаліся аж да канца ХІV ст. Вось гэтая акалічнасць і дазволіла Е. Ахманьскаму ў яго працы аб летувіскай этнічнай мяжы на ўсходзе прапанаваць новую канцэпцыю ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага. Паводле яе, «цэнтральная Літва» (усход сучаснай Летувы), абапіраючыся на астравы балцкага насельніцтва, заваявала «заходнерускія землі». Неабгрунтаванасць гэтага сцверджання відавочная. Па-першае, паўстае пытанне, чаму «цэнтральная Літва» не магла зрабіць гэтага значна раней, калі славянскае насельніцтва было астраўным у моры балцкага. Па-другое, малаверагодна каб адрэзаныя вялізнай адлегласцю і сотнямі гадоў адзін ад аднаго, гэтыя балцкія рэшткі захавалі пачуццё адзінства паміж сабой. Па-трэцяе, незразумела, чаму гэтыя летувіскія плямёны, як лічыў іх Е. Ахманьскі, стварылі славянскую дзяржаву, у афіцыйным жыцці якой за пяць стагоддзяў існавання не прагучала ніводнага літоўскага слова. І апошняе (можа, самае галоўнае), крыніцы не прыводзяць аніякіх фактаў якой-небудзь падтрымкі «цэнтральнай Літвы» з боку балцкіх астравоў, як і наагул заваёвы ёю беларускіх земляў.
Найбольшым з балцкіх астравоў у Беларусі, відаць, і была Старажытная Літва. Хоць яна была абваколеная балотамі і пушчамі, славянская каланізацыя не абмінула яе. Тут гэты працэс пачаўся пазней і працякаў павольней. Калі канкрэтна ён пачаўся, сказаць цяжка, можна толькі выказаць некаторыя меркаванні. Вядома, што паўднёвая частка летапіснай Літвы была заваяваная Яраславам Мудрым у 1040–1044 гг., у выніку чаго быў заснаваны Новагародак. З гэтага часу, верагодней за ўсё, пачалася славянская каланізацыя левабярэжнай Літвы. У правабярэжнай, можна думаць, яна пачалася раней.
У Густынскім летапісе пад 1128 г. занатавана, што кіеўскі князь Мсціслаў паслаў свае войскі ў Літву да Ізяслаўля. Такім чынам, гэты горад, які знаходзіцца за 18 км на паўночны захад ад Менска, быў зафіксаваны летапісцам на літоўскай тэрыторыі. З летапісу таксама вядома, што Ізяслаўль (Заслаўе) узнік пры канцы Х ст.[192], што пацверджана і археалогіяй[193]. Значыцца, да гэтага часу крывічы і дрыгавічы, каланізаваўшы іншыя балцкія плямёны, назовы якіх засталіся невядомымі, падышлі да чарговага балцкага племя — літвы, усходняя мяжа рассялення якога, як мы высветлілі, праходзіла на захад ад Менска. Відаць, Ізяслаўль і быў адным з першых цэнтраў крывіцка-дрыгавіцкай каланізацыі Літвы. Можна меркаваць, што з канца Х ст. пачынаецца сужыццё беларускіх плямёнаў з літвою.
Крывічы былі сама блізкімі суседзямі балцкіх плямёнаў, з якімі больш за ўсё сустракаліся, што знайшло адлюстраванне ў называнні латышамі ўсяго славянскага імем сваіх спрадвечных суседзяў крывічоў — крэвамі (крээвс). Крээвс — рускі, Крээвссэме — руская зямля. Усё гэта сведчыць пра шматвяковыя сувязі балтаў і крывічоў[194].
Першапачатковы ўсходнеславянскі летапіс называе літву ў ліку народаў, якія давалі даніну Русі. Як паказана Л. Аляксеевым, даніна літвы ішла Полацкаму княству, з'яўляючыся адной з асноваў яго эканамічнай магутнасці[195]. Але гэта датычыць толькі правабярэжнай літвы, бо левабярэжная была пад уладай Кіева.
Літва паступова стала адной з крыніцаў ваеннай магутнасці полацкіх князёў. Гісторык І.Бяляеў лічыў, што Ўсяславу Брачыславічу ўдалося ў 1071 г. вярнуць сабе полацкі пасад з дапамогай літвы. Але асабліва шчыльныя сувязі з ёй трымала суседняе Менскае княства. Глеб Менскі ў 1104 г. адбіў паход кааліцыі ўкраінскіх князёў таму, што выкарыстаў, відаць, літву. Хаўрус з ёю быў падставаю шырокіх палітычных планаў Глеба. Можна з упэўненасцю казаць, што прынамсі ад пачатку ХІІ ст. летапісная літва была сталым ваенным хаўруснікам полацкіх князёў. Вось чаму пасля пераможнага паходу кіеўскіх князёў на Полаччыну ў 1128 г. і высылкі яе князёў у Візантыю ў 1129 г. адбыліся іх паходы на літву (1130, 1132 гг.). А Густынскі летапіс называе паход кіеўскіх князёў у 1128 г. паходам на літву да Ізяслаўля, тым самым раскрываючы дужкі гэтай «Літвы». Магчыма, што і паходы 1130 і 1132 гг., якія ў летапісах паказваюцца як паходы на літву, таксама былі паходамі на Ізяслаўль, які тым часам заняў месца Менска, далучанага часова да кіеўскіх уладанняў. Ізяслаўль, відаць, і абараняла войска, набранае з літвы, якая жыла вакол гэтага горада.
Іпацеўскі летапіс, гаворачы пра падзеі 50-60-х гадоў ХІІ ст., паказвае, адкуль менскія князі бралі дадатковыя сілы для барацьбы з полацкімі князямі. Адзін з сама непакорных — Валадар Глебавіч — у 1159 г., адмовіўшыся мірыцца з полацкім князем Рагвалодам, «ходяше под литвою в лесах», г. зн. збіраў там сілы для барацьбы і ў 1162 г. з літвою нанёс цяжкую паразу палачанам.
Але калі да 70-х гадоў ХІІ ст. літва выкарыстоўваецца галоўным чынам менскімі князямі ў барацьбе з Полацкам, дык пачынаючы з 80-х гадоў яна служыць інтарэсам усёй Полацкай зямлі. Характэрна, што ў 1180 г. пад Друцак літву прывялі не суседнія з ёю менскі і ізяслаўскі князі, а палачане. Гэта сведчыць пра ўмацаванне сувязі літвы з усёй Полацкай зямлёй, а не толькі з асобнымі яе ўдзеламі, як было раней. Ноўгарад добра бачыў, што вайсковае сілкаванне Полацка ідзе ад літвы, і таму імкнуўся пасварыць іх паміж сабой. Спроба гэта была зробленая яшчэ ў 1191 г. Тады ноўгарадцы намерыліся навязаць палачанам паход на літву. Праўда, У. Пашута зазначыў, быццам гэта палачане хацелі ў асобе ноўгарадцаў знайсці сабе хаўруснікаў супраць літвы і нават эстаў. Памылковасць гэтага меркавання відавочная: палачанам ніколі не было патрэбы ваяваць з літвой і тым больш з эстамі, якія былі суседзямі ноўгарадцаў, а не палачан. Апошнія разумелі, што ісці на літву — усё адно, што секчы сук, на якім сядзіш. І таму не толькі адмовіліся ад паходу на яе, але ў 1198 г., як паведамляе Ноўгарадскі І летапіс, прыйшлі з ёю ваяваць Вялікія Лукі.
У сувязі са славянскай каланізацыяй балцкіх земляў стаіць пытанне з'яўлення агульных полацка-літоўскіх князёў. Беспасярэдняе суседства, працяглае гістарычнае сужыццё беларускіх і балцкіх плямёнаў не маглі не прывесці да сваяцкіх дачыненняў паміж полацкімі і літоўскімі князямі. І.Бяляеў на падставе летапіснага паведамлення, якое сведчыла, быццам пры нараджэнні славутага полацкага князя Ўсяслава Чарадзея прысутнічалі «валхвы», рабіў вывад, што маці гэтага князя была ліцьвінкай і сам Усяслаў быў напалову ліцьвінам. Аднак справа не толькі ў сваяцтве. Полацкія князі, якія адрозна ад князёў іншых усходнеславянскіх земляў маглі княжыць толькі ў Полацкай зямлі, страціўшы з той ці іншай прычыны свой пасад, уцякалі ў літоўскія землі. Вядома, што ў 1129 г. не ўсе полацкія князі былі ўзятыя ў палон і адпраўленыя ў Візантыю. Некаторыя з іх пазбеглі гэтага і, можна думаць, знайшлі сабе прытулак у Літве. Відаць, адным з іх быў Васілька Святаславіч, які ў 1132 г. пасля выгнання з Полацка кіеўскага стаўленіка Святаполка адразу стаў тут князем. За такі кароткі час ён, вядома, не мог прыехаць з Візантыі. Полацка-літоўскім князем быў і Гердзень — сын полацкага князя Давіда Расціславіча, чаго не адмаўляе сучасная навука[196]. Такім чынам, перш чым стаць «літоўскім» князем у Полацку каля 1265 г., Гердзень быў полацкім князем Нальшчанаў. Беларускія гісторыкі ХІХ ст. М. Без-Карніловіч[197] і А.Кіркор[198] даводзілі, што Гердзень быў бацькам вялікіх князёў літоўскіх Віценя і Гедзіміна.
З паходжаннем апошніх звязанае пытанне ўтварэння Віленскага ўдзела Полацкага княства, што адбылося, відаць, на пачатку ХІІ ст. Васкрасенскі летапіс паведамляе, што пасля 1129 г. «вильняне взяша ис Царяграда князя полотского Ростислава Рогволодовича детей: Давила князя, да брата его Мовколда князя»[199]. Давіл (магчыма, Давід) і быў першым віленскім князем, ад яго ў далейшым, як сведчыць гэты летапіс, паходзяць Гердзень (Ердзень), Віцень і Гедзімін. Гэта тым болей верагодна, што, як гаварылася вышэй, крывічы ішлі з захаду па Нёмане і Вільня магла быць адным з першых буйных крывіцкіх паселішчаў на новым месцы. Нездарма ж нямецкі краніст П. Дузбург у пачатку ХІV ст. прыгадваў Крывіцію[200], якая, на думку П. Шафарыка, знаходзілася на поўнач ад Новагародка, дзе шмат тапонімаў накшталт «Крэва» і «Крывічы»[201]. Не выключана, што гэтыя крывічы былі паганцамі. Сапраўды, у «Жыццяпісе трох віленскіх пакутнікаў» гаворыцца пра трох знатных ліцьвіноў, якія ў першай палове ХІV ст. паплаціліся жыццём за прыняцце праваслаўя. Але імёны іх — Круглец, Кумец і Няжыла — чыста славянскія.
Мы лічым, што зусім неправамерна ставіць Васкрасенскі летапіс у адзін шэраг з гістарычна-публіцыстычнымі творамі ХVІ ст., дзе тэндэнцыйна перайначвалася гісторыя Вялікага Княства Літоўскага[202]. Вядома, як і кожная крыніца, запіс пра першых віленскіх князёў патрабуе крытычнага падыходу, аднак, на нашу думку, у ім шмат праўдзівага. У. Пашута лічыў вартым увагі сведчанне гэтага летапісу пра сына Гердзеня цвярскога біскупа Андрэя і тым сама прызнаў праўдзівасць яго[203]. Навошта ж тады адмаўляць іншыя звесткі гэтага летапісу, якія не супярэчаць дадзеным сучаснай гістарычнай навукі? Хіба не мог узнікнуць Віленскі ўдзел Полацкага княства і хіба не маглі вільняне ўзяць сабе полацкіх князёў, калі вядома, што Вільня, заснаваная крывічамі, доўгі час мела назоў Крывы Горад, ці Крывічгорад, і магчыма ўжо ў ХІ ст. была адной са сталіц крывічоў[204]? Чаму не маглі паходзіць вялікія літоўскія князі Віцень і Гедзімін ад віленскіх князёў? Чамусьці не зважаюць на тое, што браты Гедзіміна мелі відавочна славянскія імёны Віцень і Воін. Таксама няма падставаў лічыць імя Гедзімін летувіскім. Некалі В. Юргевіч назваў кур'ёзам імкненне шукаць паходжанне імёнаў Ягайла, Кейстут, Гедзімін, Свідрыгайла, Скіргайла, Войшалк, Вітаўт ды іншых у летувіскай мове. Шляхам філалагічнага аналізу ён паказаў славянскае паходжанне імёнаў літоўскіх князёў[205].
Полацкія князі, апынуўшыся на балцкіх землях, у паганскім асяроддзі, з палітычных меркаванняў прыкідваліся паганцамі, пра што слушна гаварыў А.Кіркор[206]. У сувязі з гэтым заслугоўвае ўвагі тое, што ў пераліку балцка-літоўскіх князёў у дамове 1219 г. сама першы і сама старэйшы з іх носіць славянскае імя Жывінбуд. Гэтак жа і літоўскія князі (Міндоўг, Войшалк, Даўмонт, Таўцівіл і інш.), апынуўшыся на княскіх пасадах у суседзяў славянаў, прымалі праваслаўе. Відаць, ні полацкія, ні літоўскія князі не вызначаліся рэлігійным фанатызмам і таму па некалькі разоў мянялі сваю веру дзеля палітычных інтарэсаў (Міндоўг, Таўцівіл). Тое, што Воін стаў полацкім князем, таксама сведчыць пра ягоную прыналежнасць да роду полацкіх князёў (полацкае веча не прымала князёў чужых дынастый). А гэта ў сваю чаргу пацвярджае, што ягоныя браты Віцень і Гедзімін таксама паходзяць з роду полацкіх князёў. Такім чынам, можна з вялікай доляй упэўненасці сказаць, што з канца ХІІІ ст. у Вялікім Княстве Літоўскім запанавала полацкая княская дынастыя.
Гаворачы пра ўзаемадачыненні хрысціянства і паганства, трэба ўлічваць яшчэ адну акалічнасць. Пашырэнне хрысціянства на беларускіх землях было далёка не мірным працэсам. Яно суправаджалася ўзмацненнем феадальнай эксплуатацыі. А гэта не магло не выклікаць супраціву сялянства, які часам набываў форму барацьбы з хрысціянствам. Трэба думаць, што нямала было сялянаў, якія, ратуючыся ад феадальнага прыгнёту і звязанага з ім хрысціянства, уцякалі ў балцкія землі і там доўгі час заставаліся паганцамі. Таму пашырэнне хрысціянства на беларускіх землях пэўным чынам спрыяла славянскай каланізацыі на балцкіх землях. Доўгі час заставаліся паганцамі і асіміляваныя балты. Усё гэта дае падставу меркаваць, што прыналежнасць да паганства не была выключнай адзнакай балтаў не толькі ў ХІ-ХІІ, але і ў ХІІІ-ХІV стст. і нават на пачатку ХV ст. Гэтым, відаць, тлумачыцца тое, што ў асяроддзі беларусаў аж да ХХ ст. у значна большай ступені, чым у іншых славянскіх народаў, захаваліся перажыткі паганства.
Полацкая каланізацыя, якая ішла галоўным чынам па р. Віліі ўглыб балцкіх земляў, спрыяла далейшаму росту Крывога Горада — Вільні, што ўздымала значэнне віленскіх князёў. Новагародак мог быць цэнтрам Вялікага Княства Літоўскага да таго часу, пакуль яно не выходзіла за межы Нёманскага басейна. З пашырэннем дзяржавы ўсё больш акрэслівалася яго невыгоднае размяшчэнне — ізаляванасць ад іншых земляў, асабліва тых, што ляжалі ў Дзвінскім басейне.
У гэтым дачыненні становішча Вільні было лепшае. Размешчаная на скрыжаванні важных гандлёвых шляхоў, у тым ліку і на Віліі, якая злучала яе з Полацкай зямлёй, яна ўсё больш набывала цэнтральнае значэнне ў дзяржаве. «Яшчэ да часу княжання Гедзіміна Крывы Горад развіўся ў такое значнае паселішча, што Гедзімін палічыў патрэбным перанесці сюды сталіцу Вялікага Княства Літоўскага»[207]. Няма падставы сцвярджаць, што адной з прычынаў перанясення сталіцы ў Вільню было тое, што яна размешчаная «ў цэнтры карэннай літоўскай зямлі, цэнтры народнасці»[208]. Па-першае, што разумець пад «карэннай літоўскай зямлёй»? Ёю была зямля летапіснай літвы, якая, як мы бачылі, знаходзілася ў Верхнім Панямонні, абваколеная славянскімі землямі. Па-другое, Аўкштота і Нальшчаны ўжо даўно з'яўляліся аб'ектам крывіцкай каланізацыі, вынікам чаго і было ўзнікненне Крывога Горада — Вільні, які, паводле дадзеных археалогіі, «быў заснаваны крывічамі пад час пашырэння тэрыторыі Полацкага княства ў раннюю феадальную эпоху на захад»[209]. Таму становішча Вільні вызначалася не тым, што яна была цэнтрам «карэннай літоўскай зямлі», а тым, што гэта быў адзін з даўных і найбуйнейшых цэнтраў крывіцкай каланізацыі балцкіх земляў. Праўда, побач з крывіцкім там жыло і карэннае насельніцтва, стаяла свяцілішча паганскага бога Пяркунаса, аднак усё гэта ўжо не было вырашальным фактарам. Тут, як і паўсюдна на балцкай тэрыторыі, куды пранікала крывіцка-дрыгавіцкая каланізацыя, працягваўся інтэнсіўны працэс асіміляцыі. Наколькі ён быў моцны, сведчыць і тое, што ў летапісе, дзе апавядаецца пра заснаванне Гедзімінам Вільні (як мог летувіс даць ёй славянскі назоў?), Вілія ўжо не называецца па-летувіску Нярысам[210]. А. Качубінскі памыляўся, калі меркаваў, што беларуская мова пашырылася на захад ад Вільні толькі ў апошнія дзесяцігоддзі ХІХ ст.[211], бо ўжо ў кнізе, выдадзенай у 1861 г., гаворыцца, што ў прасторы паміж Вільняй і Трокамі просты народ, г. зн. карэннае насельніцтва, гаворыць па-беларуску[212]. Але А. Качубінскі зусім слушна заўважаў, што Віленская губерня… уваходзіць у тэрыторыю беларускага племя і сама Вільня ўжо за рубяжом літоўскім[213]. Такі вынік быў перадвызначаны яшчэ ў ХІ-ХІІІ стст. заснаваннем Вільні ды іншых крывіцкіх калоній у Нальшчанах і Аўкштоце.
Такім чынам, перанясенне сталіцы Вялікага Княства Літоўскага з Новагародка ў Крывы Горад — Вільню — было вынікам крывіцка-дрыгавіцкай каланізацыі ўглыб балцкіх земляў. Яно сведчыла таксама, што на першае месца ў гэтай дзяржаве выходзіла Полаччына. А гэта выклікала змену новагародскай дынастыі на полацкую. У святле пададзеных фактаў нельга пагадзіцца з сцверджаннем пра «паступовае пранікненне»[214] і «наступленне Літвы на Русь»[215]. Фактычна пад націскам славянскай каланізацыі адбываўся адваротны працэс. Утварэнне Вялікага Княства Літоўскага не толькі не спыніла, а, наадварот, яшчэ больш паскорыла асіміляцыю балцкага насельніцтва. Ф. Д. Гурэвіч лічыць, што прасоўванне межаў беларускай мовы ў зону пашырэння балцкіх археалагічных помнікаў, відаць, адносіцца да ХІV ст.[216], г. зн. да таго часу, калі ўжо ўтварылася Вялікае Княства Літоўскае. І ў гэтым нічога дзіўнага няма, бо ў новаўтворанай дзяржаве беларуская культура была панавальнай, а беларуская мова — дзяржаўнай. Таму нельга пагадзіцца з думкаю, нібыта Беларусь у Вялікім Княстве Літоўскім была падначаленай[217] і займала ў ім нераўнапраўнае становішча[218]. У такім выпадку становіцца незразумелым, чаму падначаленая, эксплуатаваная і нераўнапраўная краіна ўвесь час пашырала сваю тэрыторыю, а панавальная, якой лічыцца Летува, траціла сваю тэрыторыю і насельніцтва. Усё гэта гаворыць за тое, што беларускі народ у Вялікім Княстве Літоўскім прадаўжаў тварыць сваю гісторыю, развіваў сваю культуру, а не рабіў толькі ўклад у чужую гісторыю[219].
Тое, што ўтварэнне Вялікага Княства Літоўскага паспрыяла славянскай каланізацыі балцкіх земляў і асіміляцыі іх насельніцтва, што панавальнай культурай у ім стала беларуская і дзяржаўнай мовай беларуская, характарызуе гэтую дзяржаву як славянскую. Такім чынам, не так званыя «літоўскія набегі на заходнерускія землі», а славянская каланізацыя балцкіх земляў была вызначальным фактарам ва ўтварэнні Вялікага Княства Літоўскага.