Генадзь Каханоўскі — краязнавец


Завочнае знаёмства са славутым беларускім краязнаўцам, доктарам гістарычных навук Генадзем Каханоўскім адбылося ў мяне ў сакавіку 1991 года. Не памятаю ўжо пра што я ў яго пытаўся ў пісьме, але хутка атрымаў з Маладзечна адказ. Генадзь Аляксандравіч пісаў: “Добры дзень, калега Сяргей Чыгрын! Даўно я за табой сачу, чытаю, радуюся. Сапраўдны краязнавец! Малайцом, што збіраеш пра Слонімшчыну: па гісторыі, літаратуры, культуры. Я ўжо сам збіраўся напісаць, але Ты мяне апярэдзіў. Дзякуй! Так і трэба маладым...” і г. д.

Пасля было новае ліставанне, дзе Генадзь Каханоўскі не толькі адказваў на мае пытанні, а разам з тым ганарыўся і радаваўся, што і я маладзейшы за яго калега, цікаўлюся гісторыяй роднага краю. Ён так і пісаў мне ў лістах: “Спадзяюся, што Вы ад Слонімскага краю не адступіце, будзеце прадаўжаць традыцыі лепшых краязнаўцаў”.

Разам з тым Генадзь Аляксандравіч вучыў мяне краязнаўству: “Вельмі раю Вам цяпер ужо ўзяцца за складанне ўласнага “банка ведаў Слонімшчыны”. Зрабіце скрыначку, ці можа знаёмыя бібліятэкары дадуць Вам свой “куфэрачак”, і ў алфавітным парадку складайце карталюшкі з паметкаю пра што гаворыцца (газета, кніга, часопіс і г. д.). А калі ёсць магчымасць выразайце патрэбныя матэрыялы (як некалі рабіў для свайго архіва ксёндз Адам Станкевіч), а найлепш браць выкарыстаныя на адзін бок лісткі з рэдакцыі, а на другі — пісаць, што дзе здабудзеце.Тут могуць быць і тэматычныя картатэкі: 1. Першыя ўспаміны населеных пунктаў і легенды. 2. Паўстанні, выступленні. 3. Вайна 1812 года. 4. Паўстанне 1863 года. 5. Пісьменнікі Слонімшчыны. 6. Мастакі Слонімшчыны. 7. Тэатралы. 8. Кампазітары. 9. Вучоныя. 10. Хто пісаў (піша) пра Слонімшчыну і г. д. А можна і так: 1. Слонім. 2. Чамяры. 3. Чапялёва. 4. Новая Стража. 5. Капусты. 6. Літва. 7. Заполле. 8. Тартакі і г. д. Абы была сістэма, бо пасля самі не разбярацеся ва ўласным архіве. Раю па праву старэйшага...”, — зычыў Генадзь Каханоўскі.

Здзіўляюся сёння, дзе ён знаходзіў час пісаць такія доўгія лісты-урокі, лісты-прапановы і парады. Ён жа пісаў не толькі мне, пісаў у архівы і бібліятэкі, сябрам і знаёмым. Ён, як Язэп Драздовіч, хадзіў па роднай зямлі, збіраючы па крупінцы звесткі пра забытых і малавядомых беларусаў, звесткі пра Маладзечна, Вілейку і пра іншыя мясціны Бацькаўшчыны. I яшчэ паспяваў адказваць на пісьмы.

Генадзя Каханоўскага сёння па праву можна назваць адным з заснавальнікаў беларускага гістарычнага краязнаўства. Бо яно, як кроў жыло ў ягоных венах, ён дасканала ведаў краязнаўчую справу і атрымліваў ад гэтага пэўную асалоду. Іншым ён быць не мог. Бо яшчэ са школьнай парты зацікавіўся краязнаўствам Беларусі. А падчас працы ў Мінскім абласным краязнаўчым музеі, што ў Маладзечне, сабраў значную колькасць рэдкіх выданняў і кніг. Некаторыя з гэтых выданняў былі ўключаны ў манаграфію “Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI-XIX стст.” Гэта была і засталася нам вельмі сур’ёзная і каштоўная праца. На жаль, пра яе ў свой час у беларускай прэсе напісалі вельмі мала. Я ведаю толькі адну рэцэнзію на гэтую манаграфію Анатоля Грыцкевіча і Алега Трусава, якая была змешчана ў вераснёўскім нумары “Нёмана” за 1985 год. Кніга Генадзя Каханоўскага “Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў ХVІ-ХІХ стст.” вельмі багатая на краязнаўчы матэрыял. На аснове апублікаваных і выяўленых у архівах і музеях матэрыялаў аўтар падсумаваў звесткі пра развіццё гістарычнага краязнаўства Беларусі ў эпоху феадалізму, канчаючы перадрэформенным перыядам XIX ст. Генадзь Каханоўскі гэтай працай правёў адбор найважнейшых матэрыялаў, звёў некатарыя факты з гісторыі вывучэння і аховы помнікаў, погляды на іх захаванне з боку дзяржаўных і прыватных асоб. Кніга каштоўная і тым, што аўтар цікава расказаў пра Зарыяна Даленгу-Хадакоўскага, Тэадора Нарбута, Канстанціна Тышкевіча, Адама Кіркора, Яўстафія Тышкевіча і іншых знакамітых беларусаў. А ў 1991 годзе, разам з сынам Аляксандрам Каханоўскім, яны ўпершыню выдалі асобную кнігу пра Яўстаха Тышкевіча — знатнага беларускага этнографа, фалькларыста, краязнаўцу і археолага, сапраўднага “рупліўца нашай старасведчыны”.

Упершыню з кнігі Генадзя Каханоўскага “Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI-XIX стст.” я даведаўся пра археолага Сяргея Дубінскага (1884-1937), гісторыка і паэта Мацея Стрыйкоўскага (1547-1586), этнографа, асветніка, дыпламата Яна Ласіцкага (1534-1605), гісторыка і царкоўнага дзеяча Ігната Кульчынскага (1707-1747), гісторыка і паэта Адама Нарушэвіча (1733-1796), літаратара і царкоўнага дзеяча Станіслава Богуш-Сестранцэвіча (1731-1826) і многіх іншых. Сёння пра кожнага з іх нам, краязнаўцам, літаратарам і гісторыкам, трэба пісаць кнігі. Пошукі іх слядоў ужо зрабіў Генадзь Каханоўскі, а працягваць — тым, хто сёння жыве і працуе на ніве адраджэння Бацькаўшчыны.

Вынікам шматгадовых краязнаўчых пошукаў Генадзя Каханоўскага свет пабачылі яго гісторыка-эканамічныя нарысы “Маладзечна”, “Вілейка”, кніга гісторыка-літаратурных нарысаў “Адчыніся, таямніца часу”, кнігі пра Янку Купалу, Максіма Багдановіча і іншыя. Адны загалоўкі некатарых краязнаўчых артыкулаў нашага земляка інтрыгавалі, звярталі на сябе ўвагу: “Мастак Кастусь Харашэвіч” (Беларусь, № 7, 1977 г.), “Сем прыгод Богуш-Сестранцэвіча” (Голас Радзімы, 20.03.80 г.), “Памяць і падзяка: Я. Колас на Маладзечаншчыне” (Голас Радзімы, 18.11.82 г.), “Як выглядаў бацька Янкі Купалы”(ЛіМ, 6.07.84г.) і г. д.

У свой час Генадзь Каханоўскі ўзначальваў Беларускае таварыства краязнаўцаў. Праводзіліся з’езды, канферэнцыі, сустрэчы — адным словам вялася пэўная работа. Ці існуе сёння ў нашай дзержаве краязнаўчае таварыства? Хто яго ўзначальвае і што яно робіць? Я, шчыра кажучы, не ведаю. Тады быў Генадзь Каханоўскі, які добра ведаў усіх краязнаўцаў рэспублікі і які сур’ёзна адносіўся да сваёй справы. Мы бралі прыклад з яго, мы вучыліся ў яго руплівасці, тактоўнасці і цярпенню. Калі ішла размова пра Генадзя Каханоўскага ці гутарка з ім — там абавязкова прысутнічала размова пра нашу гісторыю, пра Беларусь. Ён быў і застаўся аксакалам беларускага краязнаўства.

Нядаўна яшчэ раз перачытаў кнігі Генадзя Каханоўскага з аўтографамі. На тытульнай старонцы манаграфіі “Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI-XIX стст.” напісана: “Сяргею Чыгрыну — каб дапоўніў гэтую кнігу слонімскімі знаходкамі. Аўтар”.

Прабачце, Генадзь Аляксандравіч, але ў параўнанні з Вамі, мною яшчэ зроблена мала. Ці то я не ўмею працаваць так, як Вы, ці проста да Вас, як гісторыка і краязнаўцы, я ніколі не дасягну.

2000 г.

Загрузка...