Гродна


Знаёмства з гэтым горадам лепей за ўсё пачынаць з месца на вуліцы Замкавай, між двума замкамі, двума палацамі каралёў: Старым і Новым, на высокім стромкім беразе Нёмана, адкуль выдатна праглядаецца панарама Занёманскай часткі горада і дзе, прайшоўшы праз мост і трапіўшы ў Стары замак, можна ва ўсёй сваёй прыгажосці ўбачыць самую старадаўнюю царкву горада — Каложскую, альбо, як яе іначай называюць, Каложу. У беларускай паэзіі пра яе напісана нямала вершаў, прывядзём радкі з аднаго:

Ад сонца захіліўшыся далоняй,

Хмурынай-хусткай атуліўшы плечы,

Стаіць здаўна над Нёманам Каложа,

Нібы мяжу пераступіла ў Вечнасць.

Каложская (альбо Барысаглебская, паколькі названа ў гонар святых пакутнікаў Барыса і Глеба) царква была пабудавана ў другой палове XII стагоддзя. Яна сведчыць, што ў старажытным Гродне (у летапісах яго называюць Гарадзень, Горадня) існавала вельмі самабытная архітэктурна-мастацкая школа — пра гэта раскажуць маёліка і рознакаляровыя камяні, што з высокім мастацкім густам упрыгожваюць сцены.

Пра высокую культуру гарадзенскіх майстроў гаворыць таксама выкарыстанне арыгінальных уставак — гаршкоў, якія ўстаўляліся ў сцены (іх называлі галаснікамі, таму што кожнае слова, сказанае ў царкве, чулася паўсюль, і не трэба было напружваць голас). Барысаглебская царква захавалася не поўнасцю — частку яе разбурылі войны, частка абрушылася ў Нёман пасля апоўзня.

Такой жа прыгожай, як гавораць раскопкі, была і Ніжняя царква, рэшткі якой захаваліся на тэрыторыі Старога замка. Яна знаходзілася на селішчы, вядомым яшчэ з X стагоддзя, якое да часу ўзнікнення Барысаглебскай царквы стала крэпасцю.

Сцены гэтай крэпасці ў XIII-XIV стагоддзях лічыліся непрыступнымі, што не раз маглі засведчыць крыжакі, якія шмат разоў прыходзілі сюды, каб заваяваць прыгожы і багаты горад з высокай культурай.

Праўда, у 1284 годзе, пры самым першым нападзе крыжакаў на Гродна, ім удалося ўзяць яго. Ды не сілай — як расказваюць паданні, два браты з племені прусаў (племя гэтае пазней было цалкам знішчана нямецкімі рыцарамі, але ў гэтыя часы яно яшчэ існавала і шукала абароны ў гродзенцаў і ў іншых славянскіх гарадоў) дапамаглі немцам уварвацца ў горад...

Пазней жа, калі тут жыў кашталян Давыд Гарадзенскі, усе спробы заваёўнікаў заканчваліся няўдачай.

Давыд Гарадзенскі ў шэрагу беларускіх вояў стаіць, бадай што, за Усяславам Чарадзеем — магутным полацкім князем. Яго ваенны талент праявіўся неаднойчы і зрабіў яго славутым на славянскіх землях. Вялікі князь Гедымін (які, дарэчы, і сам загінуў у 1341 годзе ў бітве з крыжакамі, што гаворыць само па сабе аб яраснай барацьбе за незалежнасць, якая тут вялася ў XIII-XV стагоддзях, да самай Грунвальдскай бітвы ў 1410 годзе) высока цаніў Давыда і аддаў за яго сваю дачку Біруту. Для прыкладу — сярод зяцёў Гедыміна былі кароль Польшчы Казімір Вялікі, маскоўскі князь Сімяон Горды, цвярскі князь Дзмітрый... А для многіх дыпламатычных перамоваў, для ваенных радаў вялікі князь найперш запрашаў Давыда, якога пасля сталі клікаць Давыдам Гарадзенскім... Давыд рабіў у адказ на набегі крыжакаў паходы ў Германію — на Брандэнбург, на Франкфурт-на-Одэры — і быў у рэшце рэшт забіты ў спіну ў сваім паходным шатры польскім рыцарам Андрэем Гостам...

Вялікі князь Вітаўт, які зрабіў Гродна па сутнасці сталіцай Вялікага княства Літоўскага, шмат перацярпеў у гэтай крэпасці, калі стаў ёю валадарыць. Тут ён ледзь не згарэў разам з сям'ёй у час моцнага пажару, тут вытрымліваў асаду каралеўскага войска, якім кіраваў ягоны стрыечны брат Ягайла (той забіў у крэпасці Крэве бацьку Вітаўта, князя Кейстута, і сам Вітаўт ледзь уратаваўся з Крэўскай турмы). Ягайла пры дапамозе ваеннай хітрасці авалодаў замкам — але праз нейкі час браты памірыліся, падпісаўшы разам Астроўскае пагадненне.

Уявіце сабе замак тых часоў: магутныя каменныя сцены таўшчынёй каля трох метраў, пяць вежаў, з якіх дзень і ноч сачылі за ваколіцамі ўзброеныя воіны... Па дакументах, менавіта ў Гародні каралева Соф'я апраўдвалася перад сеймам і клялася, што сыны яе — ад старога караля Ягайлы і што князь Вітаўт дарэмна ў гэтым сумняваецца...

Можа, ад таго, што і месца было вельмі зручным — на беразе вялікай ракі, на гары, пры ўпадзенні ў Нёман рэчкі Гараднічанкі,— сваёй любімай рэзідэнцыяй выбраў Гродна і кароль Стэфан Баторый, які і памёр тут 12 снежня 1586 года, паводле легенды, атручаны сваімі супернікамі. Памёр тут і другі кароль, вялікі князь літоўскі, Казімір Ягелончык (1427-1492) — і гэта сведчыць аб тым, якое значэнне меў горад у гісторыі Вялікага княства Літоўскага. Пры Баторыі перабудаваны Стары замак, і пры перабудове перайначаны палац Вітаўта, вежы-байніцы. Новы палац — не сурова-аскетычнае збудаванне воіна, а сапраўднае каралеўскае жытло. Нездарма палац будаваў італьянец Скота з Пармы. I ўсё ж і кароль Баторый вёў жыццё воіна, і таму ў замку былі таксама тоўстыя, «абарончыя» сцены. Пакоі караля на другім паверсе былі ўпрыгожаны каменнай разьбой, кафлямі, а падлога выкладзена керамічнымі і мармуровымі плітамі. Брама была з пад'ёмным мостам і жалезнымі дзвярыма.

Баторый, сямігародскі ваявода, які ажаніўся з Ганнай Ягелонкай і стаў каралём федэратыўнай дзяржавы — Польшчы і Вялікага княства Літоўскага (у снежні 1575 года), скончыў Падуанскі універсітэт. Ён заснаваў езуіцкую школу ў Полацку, акадэмію ў Вільні. Але вымушаны быў шмат ваяваць — Лівонская вайна прайшла праз усю Беларусь, балюча адбілася на Полацку, страты якога былі вялізнымі: вайна за яго з маскоўскім царом Іванам Жахлівым знішчыла шмат якія скарбы культуры гэтага старажытнага горада, але прынесла славу Баторыю як храбраму ваяру, які пакінуў пра сябе ў беларусаў добрую памяць.

Пад Гродна была гара, якую народ назваў Баторавай, бо там гэты кароль паляваў на зуброў і мядзведзяў — іх у тыя часы было мноства. Засталіся і паданні пра вайну з Масковіяй, толькі вось сапраўды гістарычныя асобы там перапляліся з казачнымі персанажамі. А замак у Гродне захаваўся, і ён цесна звязаны з тым гістарычным перыядам нашай зямлі, калі яе каралём быў Стэфан Баторый.

Цяпер тут краязнаўчы музей, дзе сабрана шмат цікавых экспанатаў — старадаўнія гарматы, знойдзеныя ў рацэ Нёмане, кальчугі рыцараў і меч з надпісам «Пі кроў», гербарый славутай пісьменніцы Элізы Ажэшка, якая тут жыла доўгія гады і памерла, напісаўшы шмат кніг, дзе расказвалася пра беларусаў, пра «тутэйшых». Ёсць тут і славутае шкло, якое выраблялася на гродзенскіх мануфактурах, і звесткі пра розныя часы нашай гісторыі.

I прайшоўшы па яго залах, мы вернемся да пачатку і раскажам пра другі замак, што стаіць насупраць.

Гэты каралеўскі палац пабудаваны дрэздэнскімі архітэктарамі М. Д. Пёпельманам, I. X. Яўхам і I. Ф. Кнёбелем у 1734-1751 гг. на месцы Ніжняга замка, які існаваў яшчэ пры Вітаўце і найбольш цесна звязаны з імем апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста, фаварыта рускай царыцы Кацярыны II.

Тут, па жаданню караля, адбыўся асенні сейм Рэчы Паспалітай 1793 года. Магнаты Вялікага княства Літоўскага тады далі згоду на аплату асабістых даўгоў караля, і таму ў Белавежы адбылося пышнае каралеўскае паляванне на зуброў, а пры ад'ездзе ў Гродна — як бы сімвалічнае братанне Польшчы з Літвой (Беларуссю). Прымалі караля надзвычай багата і пышна. Як успамінаюць сучаснікі, болей за ўсё тады балявалі ў Нясвіжы.

Але ў гісторыю Гродзенскі сейм увайшоў як апошні, надзвычайны сейм Рэчы Паспалітай, які яшчэ называюць «нямым сеймам». Рускі пасол Я. Северс загадаў акружыць войскамі замак і горад, і хаця дэпутаты не сказалі ніводнага слова, было заяўлена пра ратыфікацыю дамовы з Прусіяй, якой адыходзілі спрадвечныя польскія землі — таму што, як казуістычна было заяўлена, «маўчанне — знак згоды».

У час Гродзенскага сейма ў гэтым палацы жылося раскошна: тут былі залы, дзе магло баляваць па семсот чалавек, адбываліся маскарады, а ў зімовым садзе расло шмат экзатычных дрэў і садавіны. I гэта ў час развалу краіны, пры амаль пустой дзяржаўнай казне! Затое ў апошнія месяцы свайго каралявання менавіта тут, у Гродзенскім палацы, Станіслаў Аўгуст, магчыма, як ніколі сур'ёзна думаў аб лёсе краіны і яе народаў — ён шмат хадзіў у недалёкі адсюль касцёл, маліўся, жыў даволі адзінока, пад наглядам нядобразычлівых вачэй. Нейкі цень як быццам і сёння ахутвае гэты прыгожы палац, сведку магнацкай пыхі і ўпадку іхняй велічы (праўда, значная частка яго згарэла і была адноўлена пасля апошняй вайны).

Магчыма, Станіслаў Аўгуст успамінаў сябра сваёй ранняй маладосці, з якім выхоўваўся разам у Волчыне (цяперашняя Брэсцкая вобласць), Антонія Тызенгаўза, былога свайго міністра, надворнага літоўскага падскарбія. Апошняму ў сэнсе памяці нашчадкаў-гродзенцаў пашанцавала болей, чым гэтаму каралю: ва ўсіх даведніках і апісаннях горада ўспамінаюцца пабудаваныя ім дамы і мануфактуры, а таксама два пасёлкі, якія ўзніклі ў выніку яго грандыёзнай дзейнасці,— Ласосна і Гарадніца. За пятнаццаць гадоў гэты чалавек пабудаваў у Гродне і пасёлках дваццаць тры мануфактуры, на якіх вырабляліся тканіны і карункі, дываны і паясы, шкло і карэты — яны разыходзіліся па ўсёй Рэчы Паспалітай. Сёння на галоўнай вуліцы Гродна яшчэ стаяць дамы, узведзеныя ім для рабочых і рамеснікаў. Але гэты чалавек, які хацеў зрабіць з Гродна новую Галандыю, дзейнічаў варварскімі і самаўпраўнымі метадамі, вяртаючы на паншчыну ўжо вызваленых ад яе людзей, адбіраючы дзяцей у бацькоў, каб сілком рабіць з іх патрэбных спецыялістаў. З самім Тызенгаўзам абышліся гэтак жа крута і па-барбарынску: калі па ўказу караля, злосна настроенага супраць свайго былога сябра, які закрануў і інтарэсы магнатаў, яго знялі з пасады, то паводзілі сябе з падскарбіем як з дзяржаўным злачынцам і нават судзілі яго — пазней. А ў час секвестру яго маёмасці гэтаму некалі самаму магутнаму ў Гродна чалавеку давялося хавацца ў былой езуіцкай калегіі.

Мы ўбачым раён Гарадніцы крыху пазней, а зараз трэба агледзець храмы, якія густа ляпіліся вакол гістарычнай часткі горада і былі ў свой час асновай яго абарончага комплексу.

Вядома, шмат якія з іх не захаваліся — цэрквы Васкрасенская, Мікалаеўская, Сімяонаўская, Троіцкая, Чэснага крыжа... Не захавалася і ратуша з гандлёвымі радамі, знішчаныя ўжо ў самыя апошнія часы, касцёл Фара Вітаўта...

I ўсё гэта было тут, недалёка ад замкаў. Ды частку былога хараства можна ўбачыць: засталіся фарны, бернардзінскі, францысканскі, брыгіцкі і іншыя касцёлы, пры якіх былі і кляштары. Але, сыходзячы з маста між двума замкамі, мы, зірнуўшы на воданапорныя вежы, пабудаваныя ў канцы XIX-пачатку XX стагоддзя (непадалёк ад іх некалі мясціўся славуты Рыбны рынак), пастаім крыху каля былога Гродзенскага манастыра базыльянак, пабудаванага ў 1720-1751 гг. у стылі барока. Базыльяне — уніяцкі ордэн, і таму ў XVIII стагоддзі, калі уніятамі была пераважная частка насельніцтва Вялікага княства Літоўскага (Беларусі), кляштар і ягоны храм карысталіся вялікай павагай.

...У 70-80-ых гадах, калі тут ствараўся Рэспубліканскі музей атэізму і гісторыі рэлігіі, можна было бачыць груды тонкіх жаночых костачак — калісьці жанчын, якія вырашылі прысвяціць сябе Богу, пасля смерці хавалі тут, у манастыры. 3 астанкамі ў музеі абыходзіліся беражна — якраз вярталіся часы, калі да кожнага чалавечага жыцця, як і да яго праху, пачыналі ставіцца з павагай. Шмат намаганняў, каб сабраць тут экспанаты для музея, прыклаў пісьменнік Аляксей Карпюк, яго першы дырэктар... Хацелася б, каб яго імя захавалася, як захавалася імя архітэктара I. Фантана, які рабіў будынак манастыра. У комплексе манастыра — царква Раства Багародзіцы, капліца, дом ігуменні, гаспадарчыя прыбудовы. Не захавалася Гродзенская Прачысценская царква, але рэшткі яе красамоўна гавораць аб высокай мастацкай вартасці, як і разнастайная кафля, выяўленая на тэрыторыі манастыра.

А далей праз вуліцу Замкавую пойдзем на плошчу. Але спачатку спынімся каля дома № 16 і, увайшоўшы ў двор, паглядзім гэты прыгожы дом, ляпніну раслінных гірляндаў, вокны з арыгінальнымі ліштвамі. Стыль дома — класіцызм, але нам цікава глядзець на гэты дом як на звычайнае жытло, якое ўпрыгожвалі для сябе, каб было ўтульна і добра на душы. Тут, на вуліцы Замкавай, асабліва ўвечары, пануе цішыня, і здаецца, што дамы перагаворваюцца паміж сабой. Увогуле кожны дом цікавы — і можна гадзінамі разглядаць каваныя ўзоры на балконах, дзвярах, старадаўнія аркі, якія былі ў свой час непрыступнымі, таму што не так проста было прабіць тоўстыя дубовыя дзверы. Цяпер у двары можна заходзіць свабодна, бачыць, як там няспешна ідзе сваё жыццё — але нас чакае плошча.

З двух бакоў яе як бы замыкаюць велічныя пабудовы — былы касцёл езуітаў (фарны) і бернардзінскі. Дакладней, гэта не толькі касцёлы — гэта таксама цэлыя комплексы, кожны з якіх мае сваю арыгінальную архітэктуру і гісторыю.

Кляштар і касцёл бернардзінцаў і па сёння складаюць самы вялікі і цэласны комплекс, і менавіта яны, узнесеныя высока над Нёманам і горадам, надаюць сілуэту Гродна непаўторнасць і хараство. Чатырох'ярусная вежа — званіца, што размясцілася між касцёлам і манастыром, сам касцёл — трохнефная шасцістоўпная базіліка, у якой спалучаюцца стылі готыкі, рэнесанса і барока, і арыгінальны кляштарны корпус выглядаюць як адно цэлае. Варта зайсці ў касцёл: вока цешыцца высокамастацкай разьбой па дрэву, скульптурамі, фрэскавым жывапісам, які з'явіўся ў XVIII стагоддзі (сам касцёл і кляштар будаваліся на працягу двух стагоддзяў, з XVI па XVIII). Вядома ж, гэта наклала свой адбітак на выгляд касцёла — колькі разоў за гэты час змяняліся як палітычная сітуацыя, так і архітэктурны стыль! Год пачатку будаўніцтва — 1595 — быў годам перад царкоўнай уніяй 1596 года ў Брэсце, пасля уніі люблінскай, на якую па-рознаму глядзелі жыхары Вялікага княства Літоўскага: адны, спадзеючыся, што уніяцтва стане нацыянальнай рэлігіяй беларусаў, даўшы ім нарэшце рэлігійную цэласнасць; другія бачылі ў ёй сродак зліцця ў адно двух народаў, кожны з якіх меў і дасюль мае свае яркія адметнасці, але на што, мабыць, спадзявацца было дарэмна; трэція — ярасна выступаючы за цэласнасць праваслаўя і падазраючы ў уніі толькі сродак для далейшага знішчэння самабытнасці вялікай беларуска-літоўскай дзяржавы. I тут, у гэтых сценах, віравалі страсці. Спрачаюцца і сёння — ці будзе на Беларусі свой, беларускі, касцёл? Парасткі былога — у сённяшнім часе.

Славуты дзеяч Беларускага Адраджэння Вацлаў Ластоўскі піша ў сваёй «Кароткай гісторыі Беларусі»:

«Брэсцкая унія адбылася пры поўным разладзе ў грамадстве і пайшла па дарозе, якая не мела нічога супольнага з нацыянальнай справай. Гэта была вялікая абмылка. Яе зразумелі нават пазнейшыя каталіцкія гісторыкі і наракаюць на тагачасных «місіянераў», кажучы, што яны былі зусім няздатныя да працы сярод беларусаў, бо не апіраліся на нацыянальнае пачуццё народу, але яго апалячвалі». I далей прыводзіць словы каталіцкага ксяндза Калінкі: «Усе народы створаны Богам, мілыя Богу, ды ўсе яны, не трацячы свайго нацыянальнага пачуцця, могуць прылучыцца да ўсясветнай царквы».

Мы дапусцілі гэтае адступленне, бо яно ўсё мае непасрэднае дачыненне да касцёла, які стаіць на другім канцы плошчы, на якой некалі стаяла Ратуша. Рэлігійныя і палітычныя разлады падарвалі моц Рэчы Паспалітай, і справа, якую езуіты так паспяхова пачыналі, абярнулася супраць іх: ордэн урэшце быў забаронены, Рэч Паспалітая разам з беларускімі землямі раздзелена, і народ чарговы раз перажыў гвалт — прымусовы пераход з уніі, якая пратрымалася на Беларусі 243 гады, у праваслаўе, а палякі адчулі нацыянальнае прыніжэнне, аб якім пісаў геніяльны сын двух народаў, Адам Міцкевіч. Так — хацелася б пісаць пра нашы помнікі толькі як пра архітэктурныя вышыні і мастацкія пошукі — але занадта шмат горычы і ўспамінаў выклікае кожны з іх! Бо нават будаўніцтва іх было палітыкай.

Комплекс фарнага касцёла і кляштара ў мінулым быў самым багатым і вядомым ва ўсёй Рэчы Паспалітай. Ён таксама помнік архітэктуры двух стагоддзяў, гэты выдатны ансамбль у стылі барока. Калісьці тут быў славуты калегіум, бібліятэка, будынак самай старажытнай на нашай зямлі аптэкі, што захавалася. Аднаму амбону ў касцёле прысвечаны цэлыя захопленыя апісанні спецыялістаў! Амбон, паводле легендаў, сімвалізуе Ноеў каўчэг — і на Беларусі вядомы амбоны ў форме карабля (касцёл св. Андрэя ў Слоніме), перавёрнутай кветкі званочка (Праабражэнскі касцёл у Баранавіцкім раёне) і г. д. Тут, у касцёле езуітаў, ён зроблены ў форме ракавіны (адразу пазнаём трохі жэманны стыль ракако XVIII стагоддзя), а ягоны балдахін упрыгожаны багатай разьбой, постацямі анёлаў, амураў, а таксама евангелістаў.

Сапраўды, касцёл можна аглядаць гадзінамі. Тут таксама перапляліся розныя эпохі і стылі. Галоўны алтар зроблены з дрэва, якое падроблена пад мармур, час утварэння — гэта час позняга барока, а бакавыя фасады — ранняга. У нішах касцёла 14 сюжэтных кампазіцый, прысвечаных святому Францыску Ксаверыю, патрону гэтага храма, фрэскавы жывапіс належыць да сярэдзіны XVIII стагоддзя.

Выдатныя калонкі іканастасаў, выкананыя з дрэва. Чыстыя, ясныя і нейкія пявучыя фарбы фрэсак... Комплекс займаў цэлы квартал, але цяпер па прызначэнню выкарыстоўваецца толькі яго частка, галоўная з якіх — касцёл. Зірнем апошні раз на выдатны арган, на якім, канешне ж, некалі іграў спявак і кампазітар Іяхім Глінскі (1853-1898) і які багата дэкараваны ў стылі барока, і дазволім сабе няспешна прайсціся вакол комплексу, зазіраючы ў старажытныя вузкія вулачкі, якія перпендыкулярна, адна за адной, як бы ўпіраюцца ў магутныя каменныя сцены кляштара, але на самым выхадзе з касцёла звернем увагу на будынак старажытнай аптэкі, дзе цяпер Салон мэблі... Тут, пры калегіуме, у 1651—1754 гадах існаваў школьны тэатр, адсюль выходзілі не толькі рэлігійныя служкі, але і дзеячы культуры.

Недалёка знаходзіцца касцёл і кляштар брыгітак, пабудаваны ў 1634-1642 гадах у стылі ранняга барока. Але даследчыкі адзначаюць своеасаблівую трактоўку элементаў, адыход ад класічных формаў. Мае дзве прыгожа аздобленыя брамы, васьмігранныя вежы на вуглах і высокую, болей за пяць метраў, сцяну. Унутры збярогся так званы «лямус» — драўляны дом, дзе жылі манашкі-брыгіткі, вельмі своеасаблівая драўляная пабудова канца XVII стагоддзя.

Нялішне нагадаць, што ў XVI-XVII стагоддзях на Беларусі існавала 18 мужчынскіх і 7 жаночых манаскіх ордэнаў, пераважна каталіцкіх. Былі таксама мячэці, сінагогі, пратэстанцкія храмы (напрыклад, кальвінскі збор у Смаргоні), аб чым піша ў цікавай працы «Старонкі мураванай кнігі» А. Трусаў.

Адсюль мы рушым у бок даўнейшай Гарадніцы, якая цесна звязана з дзейнасцю Антонія Тызенгаўза. Але перш спынімся на вуліцы Элізы Ажэшка; тут у скверыку стаіць помнік і непадалёк — дом, дзе яна жыла многія гады.

Гэтая вядомая пісьменніца была палымянай патрыёткай горада, у час бяды, якая спасцігла яго, яна звярнулася па дапамогу да еўрапейскіх дзеячаў, і, калі стала вядома аб яе цяжкай хваробе (памерла ў 1910 годзе, пражыўшы ў Гродна сорак гадоў), на вуліцы перад домам пані Элізы насцілалі салому, і гродзенцы стараліся цішэй ездзіць па вуліцы, каб не турбаваць хворую. Яна была не толькі вядомай польскай пісьменніцай, але і сувязной атрада паўстанцаў Р. Траўгута, які дзейнічаў у Беларусі. Нездарма вуліца — па сутнасці галоўная ў горадзе — названа яе імем. Тут жа, на гэтай вуліцы, ёсць дамы (№ 1, 9, 15, 19, 28, 35, 37), якія таксама з'яўляюцца помнікамі архітэктуры XVIII-пачатку XX стагоддзя. Адзін з іх, дом № 37, пабудаваны хутчэй за ўсё ў 1765 годзе, захаваў імя архітэктара — Ю. Мёзера і вядомы як дом рамесніка. Гэты ж архітэктар будаваў і гродзенскія корчмы, захавалася апісанне адной з іх з выразнай назвай «Галеча».

Каля вуліцы Ажэшка зараз існуе плошча Леніна, якая таксама знаходзіцца на месцы былой Гарадніцы. Гэты куточак горада мае таксама свой, арыгінальны выгляд і звязаны, як мы ўжо гаварылі, з імем Тызенгаўза.

Паўкруглая плошча атулена з аднаго боку былым домам віцэ-адміністратара (другая палова XVIII стагоддзя) і былым музычным флігелем, вядомым з 70-ых гадоў XVIII стагоддзя як «крывая афіцына», бо ён мае выгнутую форму. 3 другога боку знаходзіцца былы тэатр Тызенгаўза.

З гэтым тэатрам звязаны імёны «прэм'ера музыкі», таленавітага скрыпача і дыры-жора Л. Сітанскага, які па заданню А. Тызенгаўза быў пасланы ў 1772 годзе ў Еўропу, каб запрасіць у Гродна лепшых майстроў сцэны. I сапраўды — у 1776 годзе ў тэатры працавала ўжо пятнаццаць іншаземцаў, сярод якіх — Дж. Кампанучы, спявачка К. Банафіні, «басіст» Я. Гіблер. Літоўскі падскарбій нават запрашаў у Гродна фран-цузскага філосафа і пісьменніка Ж.-Ж. Русо і браўся аплаціць яму ўсе выдаткі. Балетная трупа тэатра дасягнула да 1779 года высокага прафесійнага ўзроўню і налічвала болей за 30 чалавек, сярод якіх выдзяляўся балетмайстар Г. Петынеці. Ставіліся оперы, балеты, камедыі, сярод якіх «Севільскі цырульнік» П. Бамаршэ, оперы А. Сакіні і П. Гульельмі. У музычным флігелі — «крывой афіцыне» — былі не толькі класы для заняткаў і інтэрнат для навучэнцаў, але таксама даваліся канцэрты, на якія хадзіла гродзенская публіка — вядома ж, з акружэння магнатаў і шляхты. Але навучэнцамі былі дзеці прыгонных сялян і мяшчан. Першай танцоўшчыцай, славутасцю тэатра была Мар'яна Малінская (Малевіч), што нарадзілася каля 1767 года на Палессі, а пасля з прыгоннай стала каралеўскай танцоўшчыцай у складзе Варшаўскай каралеўскай трупы.

Побач з тэатрам існаваў і палац Тызенгаўза, за якім пачынаўся парк (былы Батанічны сад, закладзены вядомым французскім вучоным і медыкам Ж. Жыліберам, які прыехаў сюды з Лондана ў 1774 годзе). Ж. Жылібер — стваральнік і медычнай школы, або акадэміі, якая пабудавана ў 1770 годзе ў стылі позняга барока. Пасля шматлікіх пераробак, асабліва ў XIX стагоддзі, выкарыстоўваецца як адміністрацыйны будынак.

Батанічны сад — першы ў Рэчы Паспалітай, для якога Жылібер, не шкадуючы сіл, збіраў розныя экзатычныя расліны. Вучоны зжыўся з гэтым горадам, стараўся для яго росквіту, і сапраўды Гродна быў цэнтрам як музычнай культуры, так і навукі. Тут працавалі людзі з усёй Еўропы — балетмайстар Леду, хімік Мюнц, матэматык і астраном Ф. Нарвойш, многія іншыя, тут выдаваліся ў мясцовай друкарні кнігі і падручнікі на лацінскай, польскай і стараславянскай мовах, прамовы дэпутатаў на сеймах, творы Вальтэра і Мальера, газеты, календары.

Гродна памятае ўсіх — прыгонных артыстаў, што стваралі высокія ўзоры мастацтва, вучоных, што тут, у цішы Гарадніцы, узвышалі славу беларускай навукі, а таксама і тых знакамітых уладароў, якія праславіліся ў гісторыі. Напрыклад, Пётр I,— рускі цар, які ўчыніў Беларусі шмат разбурэнняў, быў тут разам з войскам Аўгуста II, польскага караля, абкружаны войскамі шведскага караля Карла XII. Штурм не адбыўся, але рускія пры адступленні затапілі ў Нёмане свае пушкі і ядры (вы бачылі іх у музеі). Памятае горад каралеўскія мануфактуры, на якіх стагналі тысячы нявольнікаў, ствараючы творы мастацтва. Яго любілі каралі, яму зайздросцілі ворагі.

Можна шмат чаго яшчэ паказваць у Гродна. I варта, мабыць, праехаць праз Гарадніцу да новых вуліц горада, аж да Новага маста, каб адтуль, з левага берага Нёмана, глянуць на Каложу. А пакуль аўтобус будзе ехаць міма новых будынкаў, міма ляснога масіва, варта расказаць адну з легендаў пра магутны Нёман — раку, якую ўспамінаюць у сваіх песнях і паданнях многія народы. Пяройдзены Напалеонам у 1812 годзе, як Рубікон, пасля якога прыйшла параза, Нёман цячэ і сёння, як стагоддзі назад, несучы на сабе параходы і лодкі:

«Даўным-даўно з-пад вялізнага каменя, дзе б'е крынічка, нарадзіўся славуты багатыр, якога празвалі Нёманам. Быў ён прыгожы і працавіты. А непадалёк жыла прыгажуня Лоша — лянівая, распешчаная. За што пакахаў яе Нёман — ніхто не ведае, але гулялі вяселле ўсе суседзі — Сула, Уса, Уздзянка, Шчара [1]. Пайшлі будзённыя дні; не хацела Лоша разам з Нёманам працаваць на людзей, выходзіць на шырокія прасторы. I аднойчы цёмнаю ноччу кінуўся ён бегчы ад некалі каханай жанчыны: вельмі хацелася яму знайсці спатолю ў моры!

Прачнулася Лоша, усё зразумела і ўслед за багатыром кінулася. Доўга бегла, пакуль не дагнала яго каля груда пясчанага, дзе цяпер Пясочнае, і кінулася, плачучы, да яго на грудзі. Так зноў злучыліся Лоша з Нёманам, і разам пабеглі да мора...» На Новым мосце і Каложа, і два каралеўскія замкі, і набярэжная глядзяцца па-новаму. I, праязджаючы паралельна рацэ, можна колькі часу глядзець на касцёл і кляштар францысканцаў, якія ўпрыгожваюць сілуэт Занёманскай часткі Гродна.

Пабудаваны ў 1635 годзе, комплекс быў ахвярай вялікага пажару і адноўлены ў XVIII стагоддзі. Цяпер тут — касцёл у выглядзе трохнефавай базілікі, трох'ярусная вежа-званіца з самастойным уваходам. Разам з двухпавярховым кляштарным корпусам яны ўтвараюць замкнёны двор. Тут, у засені дрэў, вельмі ўтульна сядзець, разглядаючы ярусы галоўнага фасада, яго вокны. У самім жа касцёле захавалася прыгожае багатае афармленне — накладная драўляная разьба, шмат скульптур, ляпніны, прыгожы двух'ярусны галоўны алтар і амбон у стылі ракако, упрыгожаны выявамі чатырох евангелістаў.

Недалёка адсюль знаходзіцца тытунёвая фабрыка — былая фабрыка Шарашэўскага, а вуліца, якая вядзе да старога моста, названая імем аднаго з пагранічнікаў, якія загінулі пры абароне беларускай зямлі ў першыя ж дні вайны — Р. Гарнавога.

Пералічваць імёны славутых сыноў і дачок Гродна, мабыць, не варта — іх спіс вельмі доўгі. Назавём толькі паэтаў, якія сядзелі і пісалі вершы ў Гродзенскай турме — П. Пестрак, Б. Тарашкевіч, В. Таўлай. Тут адбылося творчае станаўленне аднаго са знакаміцейшых пісьменнікаў сучаснай Беларусі — Васіля Быкава, сюды не раз прыязджаў класік нашай літаратуры Ф. Багушэвіч... але досыць, бо пяро само просіць называць яшчэ і яшчэ... Гродна — не толькі каралеўскі горад, гэта горад-вартаўнік, праз які імкнуліся на нашу зямлю чужынцы. I няхай яго высокія вежы, яго званіцы не скажуць ніколі аб новым нашэсці, а радуюць людзей, што прыязджаюць да нас са светлымі пачуццямі...


Загрузка...