Нясвіж


Гэты горад, што знаходзіцца за 112 кіламетраў на паўднёвы захад ад Мінска — горад-рамантык. Нягледзячы на ўсе прыкметы сучаснасці, ён, здаецца, так і не адпусціў ад сябе цені тых, хто некалі тут жыў, панаваў, займаўся асветніцтвам, пакутаваў... Ім валодаў род Радзівілаў, і можа, менавіта тут найбольш выразнымі рабіліся рысы характару кожнага з іх, якія накладвалі глыбокі адбітак на лёсы навакольных людзей і сталі здабыткам гісторыі.

Хаця першае дакументаванае ўпамінанне пра Нясвіж адносіцца да 1446 года (тады вялікі князь Казімір перадаў яго Мікалаю Яну Неміровічу) і сярод яго ўладальнікаў славутыя магнаты Мантыгірды і Кішкі, аднак да самых апошніх дзён 1939 года, калі войска Чырвонай Арміі ўвайшло ў замак і ён перастаў быць магнацкім горадам, а стаў звычайным заштатным гарадком, Нясвіж звязаны з Радзівіламі, і таму, хацелі б мы гэтага ці не, размову пра горад пачнем з палаца.

Дакладна вядомы год закладкі мураванага палаца —1583-і. Тады, вярнуўшыся з Рыма, дзе ён быў захоплены прыгажосцю і веліччу «вечнага горада», магнат Мікалай Крыштоф Радзівіл (Сіротка) запрасіў у Нясвіж італьянскага архітэктара Дж. Марыю Бернардоні дзеля таго, каб тут, у сваіх уладаннях, будаваць горад, варты велічы магнацкага роду. Сам ён застаўся ў гісторыі культуры як мецэнат і аўтар кнігі «Мікалая Крыштофа Радзівіла падарожжа ў Святую зямлю», выдадзенай на лаціне ў 1601 годзе. Гэтае падарожжа паспрыяла яшчэ і выгнанню з горада пратэстантаў, якім ён раней шмат дапамагаў, як і ягоны бацька.

На месцы першага драўлянага жытла неўзабаве вырас палац, які цудоўна гарманіраваў з акаляючым асяроддзем і, нягледзячы на тое, што быў абкружаны высокім, да 20 метраў, земляным валам з валунамі і своеасаблівымі «вартаўнікамі» — бастыёнамі, а таксама ровам, які запаўняўся вадой, стаўся не абарончым збудаваннем, а перш-наперш жытлом магнатаў.

Мы ведаем, што замак быў спалены ў 1706 годзе шведамі, але потым адноўлены. Ад XVIII стагоддзя засталіся імёны архітэктараў, якія прымалі ў гэтым удзел,— М. Педэці, М. Фларыянавіч, К. Спампані, А. Лоцы. Гісторыя разбурэнняў і аднаўленняў яго — асобная, яна ўкладваецца ў схему бясконцых войнаў, якія вяліся на нашай зямлі, а мы пагаворым найперш аб людзях, якія жылі ў гэтым замку.

Мікалай Радзівіл Першы, які прымаў каталіцтва ў Кракаўскім саборы разам з Ягайлам, Вялікім князем Літоўскім, не жыў у Нясвіжы, але ён заклаў аснову багацця і магутнасці роду.

Сын Мікалая Старога Юрый таксама не жыў у гэтым палацы (ён памёр у красавіку 1541 года), але веліч Радзівілаў без ягоных ваенных подзвігаў будзе няпоўнай.

Горад быў своеасаблівай сталіцай Вялікага княства, куды прыязджалі не толькі палітыкі, але і дзеячы тагачаснай культуры, асветы, мастацтва...

Палітыка і атрута, каханне і прыгоды — усё сплялося ў лёсе Барбары Радзівіл, чые партрэты і сёння навяваюць лёгкі водгалас ашаломленасці ад жаночай прыгажосці і смутак перад Часам.

Паданні Нясвіжа — гэта, перш за ўсё, расказы аб трагічным лёсе менавіта гэтай прыгажуні, што пражыла жыццё хаця і кароткае, але поўнае, якое нагадвае кілішак празрыстага, пеністага шампанскага. I, як у сапраўдных прыгодніцкіх раманах,— у тым кілішку і кропля атруты ад свякрыві, італьянкі Боны Сфорца, якая стала каралевай Польшчы і не хацела, каб яе нявестка была з ліцвінак і тым узняла прэстыж Вялікага княства Літоўскага, а прынесла дзяржаве новыя землі. Праўда, некаторыя гісторыкі пішуць, што Барбара памерла ад раку — але ж легендзе не забароніш плесці свае ўласныя карункі...

Маладую жанчыну, якую горача пакахаў будучы кароль Жыгімонт Аўгуст, чакалі не толькі любоўныя ўцехі і захапленне — калі памёр стары кароль і ўсе даведаліся, што каралевіч патаемна, у віленскай капліцы, толькі ў прысутнасці яе братоў ажаніўся з Барбарай,— на яе абрынулася ўся знаць, усе тыя, хто з новым шлюбам караля звязваў свае надзеі. Быў каранаваны кароль, яе муж,— а яе не каранавалі, не прызнавалі... Два гады яе староннікі, і ў першую чаргу два браты, адчайна змагаліся за каранацыю. Нясвіжскі князь Мікалай Чорны некалькі разоў ездзіў да папы рымскага... Але, хаця ў снежні 1550 года сейм каранаваў Барбару ў Кракаўскім саборы, жыць ёй заставалася каля пяці месяцаў, і памірала яна ў страшных пакутах. Кароль быў з ёю не толькі да апошняй хвіліны: нібыта змагаючыся з самою Смерцю, ён не хацеў хаваць жонку. Два тыдні ляжала цела Барбары ў развітальным пакоі, дзе праходзілі літургіі і дзе гадзінамі сядзеў і гаварыў з ёю, нібыта з жывою, Жыгімонт Аўгуст. Але і пасля, калі ён вырашыў пахаваць яе не ў Вавелі, дзе хавалі каралёў, а ў любімай Вільні, сталіцы княства, ён сам суправаджаў картэж па ўсім шляху ад Вавельскага сабору да капліцы Святога Казіміра.

У кожным горадзе ці маленькай вёсачцы малады кароль спыняў каня і ішоў пехатой. Аб чым думаў ён у тыя невыносна доўгія гадзіны? Можа, успамінаў лісты, якія яму пісала каханая, і, гледзячы на пярсцёнак з гадзіннікам, які яна яму падаравала, паўтараў словы, напісаныя ў час, калі шчасце здавалася вечным і бясконцым: «Пасылаю Вашай Каралеўскай Мосці, свайму літасціваму пану пярсцёнак у выглядзе гадзінніка, каб В. К. М. заўсёды спяшаўся да сонца на ўсход у Літву. Дай Бог, каб хутчэй паспяшаўся. Пакорна прашу, каб В. К. М., гледзячы на гэтыя дванаццаць стрэлак, хаця б адну сабе выбраў, у час якой успомніў бы мяне, ніжэйшую і пакорную слугу В. К. М., каб збярог у памяці Вашай».

Але і пасля пахавання ён не мог забыць Барбару. Вось чаму, паводле легендаў, і вырашыў выклікаць яе цень у Нясвіжы, ва ўладаннях братоў нябожчыцы — Мікалая Рудога і Мікалая Чорнага. Мікалай Чорны стаў асабліва блізкім для караля, шмат садзейнічаў таму, каб Вялікае княства Літоўскае набыло самастойнасць, а таксама дапамагаў кнігадрукаванню (нагадаем, што ў тыя часы дзяржаўнай мовай княства была беларуская).

Паводле легендаў, дапамагчы каралю зноў убачыць каханую вызваўся сам славуты чарнакніжнік Твардоўскі. Толькі папярэдзіў, каб Жыгімонт Аўгуст не дакранаўся да ценю. Аднак, калі ў выніку чарадзейных маніпуляцый цень Барбары ў белым адзенні з'явіўся перад імі, Жыгімонт Аўгуст кінуўся да яго... Раздаўся выбух, усё знікла — але з таго часу прывід Чорнай Дамы нібыта блукае па начах у Нясвіжскім палацы і толькі пад раніцу вяртаецца ў вялізныя падзямеллі, якія і дасюль не даследаваны археолагамі. Кажуць, што ў час вайны, пабачыўшы ў парку чорную постаць, нямецкія вартавыя з крыкам «Шварцэ фрау» стралялі ў тым кірунку.

Але іншая легенда пра Чорную Даму гаворыць, што гэта прывід князёўны Марысі, якая закахалася ў простага конюха. I хаця прыгожым і дасціпным быў той хлопец, але гордыя Радзівілы не маглі дапусціць такой ганьбы. Хлопца засеклі да смерці, а князёўна ад гора і адчаю выкінулася з высокай вежы і з таго часу вечна блукае сярод экзатычных дрэваў парку, дзе нават сёння ёсць крыніца Марысі, якая так і называецца «Марысіны слёзы».

Як бы там ні было, але ў вялікіх свету гэтага тыя ж пакуты праз каханне, тая ж чырвоная кроў у жылах, і ў палацы няшчасце і адзінота — тыя ж...

Яшчэ пра адну выдатную жанчыну, якая некалі жыла тут, варта ўспомніць, хаця паходзіла яна з роду Вішнявецкіх, а, выйшаўшы замуж за Міхала Казіміра Радзівіла (Рыбаньку), увайшла пад гэтым імем у гісторыю Беларусі і Польшчы.

Уршуля Францішка Радзівіл была не толькі жонкай магутнага магната. Яна пісала п'есы, і першы яе твор «Дасціпнае каханне», што ўбачыў свет у Альбе пад Нясвіжам у 1746 годзе, быў напісаны ў форме камедыі-пастаралі з песнямі і танцамі, дзе бралі ўдзел прыгонныя сяляне. Гэта была унікальная з'ява — драматычны балет і тэатр у Нясвіжы, якія дзейнічалі амаль трыццаць тры гады. Дарэчы, менавіта беларускія майстры танца залажылі асновы польскага балета, пра што піша ў кнізе «Тэатральная культура Беларусі XVIII стагоддзя» Г. Барышаў: «Гісторыя распарадзілася так, што «Таварыства танцаўшчыкоў яго каралеўскай вялікасці» ў Варшаве было сфармавана з выпускнікоў балетных школ Гродна і Слоніма — прыгонных беларускіх танцоўшчыкаў». Балетная трупа графа Зорыча са Шклова ў поўным складзе была вывезена ў Санкт-Пецярбург і выступала ў сталічным балеце, даўшы яму такія славутыя імёны, як К. Азарэвічава і К. Буткевіч... А Сімяон Полацкі ўвогуле стаў пачынальнікам рускага школьнага тэатра з часу напісання ім «Камедыі-прытчы аб блудным сыне».

Уршуля Францішка Радзівіл была тонкай і далікатнай натурай, і тэма яе п'ес амаль аднолькавая — каханне, ашуканства, сардэчныя пачуцці занядбанай мужам жанчыны, адзінота душы. I, можа таму, што гэтыя тэмы — вечныя, яе п'есы засталіся ў гісторыі тэатра і нашай культуры, а яе імя прыдало яшчэ болей бляску роду Радзівілаў.

Нагадаем, што ў часы Уршулі род Вішнявецкіх верна служыў польскай ідэі, а між тым, як і многія магнацкія і шляхецкія роды, пачынаўся ён як паборнік праваслаўя і —т часта — самастойнасці Вялікага княства і тым самым беларускай ідэі. Лічыцца, што прозвішча Вішнявецкіх ён атрымаў ад назвы замка Вішняўца, заснаванага, паводле няпэўных дадзеных, праўнукам сына Альгерда Карыбута-Дзмітрыя Салтанам. Прысягаючы ў 1569 годзе на унію, староста жытамірскі Канстанцін ад імя валынскіх магнатаў прасіў не змушаць іх да перамены веры. Брат яго, Дзмітрый, герой шматлікіх народных песняў, змагаўся з татарамі і атрымаў ад іх мянушку Байды. Так што да часу сватання Міхала Казіміра Радзівіла да дачкі кракаўскага ваяводы род гэты змог узвысіцца і стаць славутым.

Цікава, што знаёмства маладых людзей было не зусім звычайным. Міхал Казімір сам захацеў пазнаёміцца з дзяўчынай, пра прыгажосць якой чуў даўно. Але, прыехаўшы ў госці да Вішнявецкіх, ён напачатку быў расчараваны: Уршуля, якая сядзела на другім канцы стала, падалася яму надта непрыгожай. Але раніцай усё змянілася. Яму параілі наведаць князёўну, і ён пайшоў да яе ў спальню (тады такія візіты былі звычайнымі, і вечарам, разам з іншымі, ён ужо быў там). Але на гэты раз Уршуля Францішка была адна і, уся ў белым, малілася, стоячы на каленях ля ложка. Побач ляжаў французскі малітоўнік, і калі жаніх узяў яго (нячутна падышоўшы) і раскрыў, то адразу прачытаў: «Завяршы тое, што пачаў, я дапамагу табе». Гэта надзвычай узрушыла яго і падалося прароцтвам. Да таго ж, цяпер ён добра разгледзеў дзяўчыну і ўбачыў, што сваю добрую славу яна заслугоўвае.

Заручыны адбыліся вельмі хутка. У дзённіку маладога магната запісана, што, абменьваючыся пярсцёнкамі, ён «учыніў ёй першы гвалт, бо пацалаваў яе ў куце».

Гэты «першы гвалт» быў прыемным — у адрозненне ад будучага сямейнага жыцця, дзе з гадамі ў спешчанага, самалюбівага князя з'яўляліся новыя ўцехі і новыя інтарэсы, а жонка аказалася занядбанаю. Але для гісторыі культуры гэта сыграла станоўчую ролю — і Уршуля сваё расчараванне выліла ў творах, якія застаюцца і сёння цікавымі для нас, бо праз прызму ўяўнай класічнасці і трохі напышлівасці мы бачым жывых людзей з іх страсцямі і клопатамі...

Але сапраўдную энцыклапедыю страсцей, або, найпраўдзівей, забаў, пакінуў гісторыі яшчэ адзін Радзівіл — Пане Каханку. Ездзячы па Еўропе, ён стаў знакамітым дзякуючы багаццю, характару, а яшчэ болей — нечуваным забавам, жартам, на якія быў вялікі аматар. Пра Пане Каханку ведалі, што калі летам захацелася яму праехаць некалькі вёрстаў на санках, то ён папросту загадаў пасыпаць гэты шлях соллю і здзейсніў задуманае. Аднойчы, падчас генеральнага сейму ў Варшаве, калі плошча была запоўненая людзьмі і фурманкамі, ён спецыяльна спазніўся і пад'ехаў на карэце, запрэжанай мядзведзямі.

А вось яшчэ адна «фацэсія» (так называліся тады гэткія штукі), якую друкаваў «Вестник Западной России», нядобразычліва расказваючы пра Пане Каханку.

«Жыў-быў у Слуцку слаўны цырульнік Мошка. Голіць ён, бывае, быццам аксамітам гладзіць па барадзе. Пачуў пра гэта Пане Каханку, загадаў паклікаць Мошку, пагаліўся, спадабалася яму галенне Мошкі і ён загадаў яму прыходзіць праз дзень, для прымянення свайго мастацтва да яснавяльможнага твару. Мошка быў таксама весялун у сваім родзе і не супраць маленькай фацэсіі. Усё тады хварэла на фацэсію — ад Мошкі да Радзівіла. Пакуль Мошка паголіць Пане Каханку, ён папляткарыць пра ўсе гарадскія навіны, перасыпаючы свае плёткі жартамі, намёкамі, каламбурамі, прымаўкамі і лёстачкамі — нездарма ж рыхтуецца да сваёй ролі двое сутак! Пане Каханку так прывыкае да Мошкі, што гатовы галіцца па два разы на дзень, што чакае, як нецярплівае дзіця, пакуль той прыйдзе. Мошка голіць Пане Каханку ў ягоным кабінеце; першы заслужыў такі давер апошняга, што ў час гэтай працэдуры перасталі прысутнічаць асістэнты, дый Мошка часам казаў тое-сёе, што не дапушчае трэцяй пары вушэй. Вось голіць аднойчы Мошка Пане Каханку, возіцца каля яго гарлавога яблыка, трымае моцна ў левай руцэ бараду, спыняецца на колькі секунд і пытаецца: «Чый Слуцк?». Пане Каханку, падумаўшы дзве-тры секунды, адказвае: «Твой». Мошка дастае з кішэні прыгатаваны ў хаце дакумент і просіць падпісаць. У апошняга нарадзілася фацэсія, ён падпісвае. Мошка хавае паперу ў кішэню, цалуе пане Каханку крысо, нізка яму кланяецца і свабодна выходзіць з кабінета. Ужо ўзышоў Мошка на пад'емны мост, не чуе ён пад сабой дошак ад радасці, фацэсія разыграна так удала; як раптам ляціць контр-фацэсія — раздаўся стрэл, куля, што вылецела з любімага карабіна Пане Каханку, прашыла Мошку навылёт, на пад'ёмны мост цяжка ўпаў труп уладара Слуцка. Пане Каханку пляснуў у ладкі, з'явіўся камердынер. «Там на мосце ляжыць труп Мошкі,— сказаў ён,— вынь з ягонай кішэні ўсе паперы, прынясі да мяне, а самога кінь у роў — хай ядуць яго такія ж, як ён, сабакі». Прынесены паперы; куля Пане Каханку закранула шмат дзе дарункавую грамату. Ён пераліў яе густа чарніламі і схаваў у сваё бюро на памяць. Перасаліў крыху бедны Мошка! Складзі ён запіс на хату, нават фальварак, фацэсія, магчыма, і ўдалася б, але цэлы Слуцк — гэта ўжо было занадта. Перасаліў бедны Мошка!».

Дададзім ад сябе — сапраўды: фальварак ці вёску госці Радзівіла часта атрымлівалі, гуляючы з ім у латарэю. Але сярод выйгрышаў той латарэі былі не толькі фальваркі — былі і батагі. Таму і неахвотна ішла шляхта на тыя фацэсіі — быць бітым нікому не хацелася, нават чыста сімвалічна, на дыванчыку, злёгку. Але — выйграваць хацелі, таму прыходзілі ў госці, удзельнічалі ў забавах, гулялі ў прыгожым парку, нават рэшткі якога расказваюць нам аб высокай культуры садаводства на гэтай зямлі.

Парк «Альба» стаіць непадалёку ад замка. А калісьці ён быў прыгарадам Нясвіжа, летняй рэзідэнцыяй для палявання. У 1604 годзе тут былі пабудаваныя павільён Эрмітаж, створаны «звярынец», фазанавае поле, а таксама палац Кансаляцыя. Крыху пазней быў пабудаваны новы палац «Альба», мараходнае і артылерыйскае вучылішчы. Дарэчы, у спектаклях нясвіжскага прыдворнага тэатра танцавалі таксама кадэты кадэцкага корпуса, або, як іх іначай называлі, «элевы» «Рыцарскай акадэміі». Так што будучыя афіцэры тут вывучалі, апроч ваенных прадметаў, таксама і танцавальнае мастацтва і, трэба думаць, праз многія гады зачароўвалі сваіх дам грацыёзнымі «па». Была ў Нясвіжы і музычная бурса, так што прыходзілі сюды і юныя спевакі з горада.

Была створана таксама складаная сістэма каналаў і штучных азёр — іх жывіла рака Уша. Азёры насілі прыгожыя назвы — напрыклад, Альбянскае, Дзявочае... Па-майстэрску зроблены і запланаваны, парк падзяляўся на чатыры часткі — алеяй і папярочным каналам — і ўлетку, калі высачэзныя ліпы і хваіны ўтульна адцяняюць алеі і сцяжынкі, здаецца, што час тут — спыніўся...

Гораду Нясвіжу пашанцавала — разбуральная рука новых камуністычных улад не хутка дацягнулася сюды, але і, дацягнуўшыся, не знайшла часу «расчысціць» цэнтральную плошчу ад гандлёвых радоў XVII-XVIII стагоддзяў, як зроблена гэта было ў Гродне. Захавалася ратуша — сведчанне, што горад меў магдэбургскае права. Захаваліся і гандлёвыя рады.

...Можна ўявіць, як у 1562 годзе па гэтых вуліцах хадзіў гуманіст і асветнік, рэфармацыйны дзеяч XVI стагоддзя Сымон Будны, які разам са сваімі аднадумцамі — нясвіжскім намеснікам М. Кавячынскім і прапаведнікам Л. Крышкоўскім заснаваў тут друкарню. Па рашэнню ЮНЕСКО дата ягонай смерці — 1593 год — адзначалася праз 400 гадоў на сусветным узроўні.

Кнігі, якія выдаваў тут Сымон Будны, былі таксама напісаныя і па-беларуску, таму гэтага чалавека лічаць на Беларусі прадаўжальнікам справы вялікага Скарыны — першадрукара славянскіх народаў. Сымон Будны — адзін з заснавальнікаў навуковай крытыкі Бібліі, яго ідэі аказалі значны ўплыў на развіццё еўрапейскага рацыяналізму. У красавіку 1564 года паслаў ліст да швейцарскага тэолага Г. Булінгера, які жыў у Цюрыху, і ў гэтым лісце выказвае сумненні ў праўдзівасці хрысціанскага дагмату Тройцы. Яго можна было б назваць "беларускім Вольтэрам". Праўда, свой пераклад Новага запавету з прадмовай і творы «Пра дзве сутнасці Хрыста» і «Супраць хрышчэння дзяцей» Сымон Будны выдаў у недалёкім Лоску, жывучы ўжо не ў Радзівілаў, а ў магнатаў Кішкаў, але ж друкарня ў Нясвіжы была для яго, хутчэй за ўсё, самай дарагой — тут жылі ягоныя сябры, прадаўжальнікі ягонай справы, яна была першай на Беларусі сапраўды беларускай друкарняй... Нездарма тут, непадалёк ад ратушы, стаіць цяпер помнік гэтаму буйнейшаму дзеячу свайго стагоддзя — недалёка і ад былой друкарні, дзе сёння працуе «раёнка»... Гэтая ратуша была пабудаваная ў 1586 годзе, пасля пераезду С. Буднага, але хочацца верыць, што ён прыязджаў сюды перад сваёй смерцю і хадзіў па новенькіх яе прыступках і па зале магістрата на другім паверсе, дзе праходзілі розныя ўрачыстасці і тэатральныя дзеі...

Архітэктар Дж. Марыя Бернардоні пакінуў пасля сябе і яшчэ адно цудоўнае збудаванне — касцёл. Гэты касцёл езуітаў таксама быў пашкоджаны войнамі, як і ўвесь ансамбль езуіцкага калегіума, але перажыў і пажары, і агонь, і чалавечае забыццё. Тут хавалі Радзівілаў, унізе стаяць труны з іх астанкамі, і мясцовы ксёндз паэтычна раскажа вам пра кожную труну і пра таго, хто ляжыць у ёй. А ўверсе, на галоўным алтары, жоўта-карычневым і фіялетава-чырвоным адсвечвае «Тайная вячэра», намаляваная ў 1753 годзе мастаком К. Д. Гескім. У Нясвіжскім касцёле, дзе бывае шматлюдна толькі на вялікія святы, хораша стаяць на вячэрняй службе і слухаць арган, а пасля доўга ўглядацца ў твары фрэсак і скульптур. З левага боку іх некалькі. Вось гэты, з каляровага мармуру, семнаццацігадовы сын М. Сіроткі, што памёр у Балонні, у Італіі. Яшчэ адзін сын, які памёр немаўлём — і між імі, у адзенні пілігрыма, сам Сіротка, а надпіс унізе на лаціне гаворыць, што перад тварам смерці кожны не рыцар, а толькі пілігрым-вандроўнік. Вось гэтая прыгажуня на калоне ці не сама Барбара Радзівіл, толькі намаляваная яна ў касцюме пазнейшай эпохі... Але якая розніца — яна ўсё роўна засталася тут, у Нясвіжы, дзе дух яе выклікаў некалі закаханы кароль... Постаці святых тут таксама нейкія мяккія, як бы прыглушаныя колерам і часам, і добра ўплятаецца ў агульны стыль мемарыяльная дошка беларуска-польскаму паэту Уладзіславу Сыракомлю, які тут вучыўся, працаваў у канцылярыі і так любіў ваколіцы Міра і Нясвіжа, што пісаў пра іх усё жыццё, каб даведаўся цывілізаваны свет аб славе продкаў і велічы гэтай зямлі...

У тым жа XVI стагоддзі, якое нездарма называюць залатым векам беларускай культуры, быў пабудаваны і кляштар бенедыктынак, і жылы манастырскі корпус з касцёлам, а таксама кляштар бернардзінцаў з ягоным жылым корпусам — помнікам архітэктуры барока. Гэтыя збудаванні архітэктару і аматару архітэктуры цікава назіраць з пункту гледжання таго, як мясцовыя традыцыі ўпляталіся ў задумы прыезджых майстроў, як кампазіцыйна вырашана тая ці іншая забудова — а мы проста паглядзім на высачэзныя купалы і нацэленыя ўвысь крыжы... I ўявім тых, чые нешматлікія імёны захаваліся ў дакументах (арганіст Ян Зубрыцкі, картограф Тамаш Макоўскі, які гравіраваў першую дакладную карту Вялікага княства Літоўскага), і чые не захаваліся, але жыцці якіх прайшлі ў гэтых сценах у пошуках вышэйшага, чым давала ім свецкае жыццё, сэнсу чалавечага існавання. Усе яны нібыта яшчэ тут — маладыя дзяўчаты, якія навекі сталі манахінямі-бенедыктынкамі і маліліся за пагрузлае ў грахах чалавецтва, мужчыны — тыя, хто дасягаў вышынь у сферы чалавечага духу... Усё тут было побач — ціхае жыццё манастыроў і пышныя магнацкія забавы; першыя на Беларусі друкаваныя кнігі, якія тады здаваліся цудам,— і бойкі гандаль іншаземных купцоў, якія любілі заязджаць у Нясвіж. Тут, у горадзе, да 1760 года працавала фабрыка славутых «перскіх пасаў», якія сталі вядомымі як слуцкія паясы, бо фабрыку гэтую пазней перавялі ў Слуцк. Рэестры расказваюць, якога колеру былі нясвіжскія паясы, колькі яны каштавалі. Мы знаходзім звесткі аб тым, што на некаторыя з іх ішло да 200 грамаў золата і 4 лотаў (лот — 12,8 грама) серабра, што кожны шляхціц лічыў свой касцюм няпоўным без такой аздобы — але ўсе гэтыя вырабы, паясы, разышліся па свеце, і ў Нясвіжы пакуль няма ніводнага з тых даўнейшых часоў, як няма нічога з таго, чым ён быў слаўны,— ткацтва, скураных вырабаў, палатна...

Чым болей ходзіш па гораду, набліжаючыся да яго славутых мясцінаў, праходзячы скрозь вузенькую старажытную Слуцкую браму, дзе некалі гуляла, мабыць, у азартныя гульні аблянелая ад сытага жыцця варта — тым больш задумваешся і аб лёсе нашчадкаў Радзівілаў, раскіданых па свеце, і пра партрэты, якія, выкрадзеныя і вывезеныя адсюль заваёўнікамі, яшчэ, можа, адшукаюцца недзе ў будучым. У нашай разбуранай войнамі Беларусі Нясвіж — адзін з нешматлікіх куточкаў, якія даюць уяўленне пра сярэдневяковы магнацкі горад з яго высокай культурай і адкрытасцю еўрапейскім нормам жыцця і слаўны сувязямі з Еўропай і яе гарадамі. Не толькі магнаты ездзілі ў Германію, Італію, іншыя краіны — адтуль таксама прыязджалі і працавалі тут іншаземцы: французскія балетмайстры Л. Мац'е, А. Пуціні, мастакі з Германіі, майстры з Чэхіі.

Ціхія вулачкі, ветлівыя жыхары, прыгожыя паркі і сам замак з яго роспісамі, кафляй і сталовай чорнага дрэва пакідаюць незабыўнае ўражанне ва ўсіх, хто прыязджае ў Нясвіж — старадаўні горад Радзівілаў.


Загрузка...