Дарога да Гродна праходзіць праз вёску Ракаў, якая цяпер з'яўляецца толькі цэнтрам сельскага савета. Але гэтае мястэчка ў гісторыі Вялікага княства Літоўскага вядомае з XV стагоддзя. Яго ўладальнікі былі прадстаўнікі вядомых на Беларусі магнацкіх і шляхецкіх родаў, асабліва такія, як Сангушкі. Раман Сангушка, напрыклад, быў гетманам польным літоўскім, паспяхова ваяваў з туркамі і крымскімі татарамі, а таксама паказаў сябе як храбры воін у Лівонскай вайне, у бітвах пад Чашнікамі і Улай на Віцебшчыне. Шлюб аднаго з іх, князя Дзмітрыя, ускалыхнуў усю Рэч Паспалітую: гэты рамантычны маладзец выкраў унучку славутага гетмана Канстанціна Астрожскага і хацеў разам з ёю схавацца ў Чэхіі, але, паколькі яна была самай багатай нявестай Вялікага княства Літоўскага і шлюб кароль не ўхваліў, за імі паслалі пагоню. Маладога князя падчас бойкі забілі (па некаторых іншых звестках, уначы па загаду аднаго з кандыдатаў на руку нявесты яму пераламалі хрыбет прыстаўленыя да яго татары)...
Самыя старажытныя будынкі Ракава не захаваліся: гэта былі дамініканскі (1686 год) і базыльянскі (1702 год) манастыры.
Сённяшняя царква Прэабражэння, якая стаіць на цэнтральнай плошчы, таксама досыць старажытная — яна пабудавана ў 1793 годзе ў пераходны перыяд ад барока да класіцызму. З паўночнага боку да яе прылягае рызніца, а з паўднёвага — Нікольская капліца з трохграннай алтарнай часткай. Вежы на галоўным фасадзе захаваліся толькі як першыя ярусы. Купал быў дабудаваны пазней, як і двух'ярусная брама, прыкладна ў другой палове XIX стагоддзя.
Вядома ж, тут знаходзіцца і касцёл. Ён узнік у пачатку нашага стагоддзя, у 1903 годзе, стыль — неаготыка. Сапраўды гатычны выгляд яму надаюць высокія вокны, нішы, унутры стральчатыя скляпенні. Стральчатая арка-партал мае наверсе падобнае да ружы акно.
Ракаў вядомы сваімі майстрамі — ганчарамі, якія выраблялі тут прыгожы посуд з гліны, аздоблены раслінным арнаментам, а таксама кафлю, дзіцячыя цацкі, фігурныя пасудзіны. Ніводны кірмаш у канцы мінулага — пачатку XX стагоддзя не праходзіў без ракаўскіх вырабаў.
У Ракаве захавалася пабудаваная ў другой палове XIX стагоддзя капліца, якая знаходзіцца на могілках. Там жа — магіла кампазітара Міхаіла Грушвіцкага (вядомая яго кантата на словы паэмы А. Міцкевіча «Дзяды», а таксама музыка да твораў У. Сыракомлі). Гэты высокаадукаваны чалавек, які скончыў дваранскі інстытут у Вільні, а таксама вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце, жыў свае апошнія гады ў Ракаве, дзе памёр у 1904 годзе.
Паэма «Дзяды» Адама Міцкевіча, на словы якой напісана кантата,— твор, дзе ў геніяльных вершах расказваецца пра глыбінную сувязь беларусаў з культам продкаў і пра адзін з самых арыгінальных абрадаў іх памінання, які адбываўся 3-4 разы на год. Галоўнымі былі «Дзяды змітраўскія» (асяніны). Гатавалі святочныя стравы, якія пакідалі і памерлым, таксама на Радаўніцу і перад Масленіцай і Сёмухай, сярод гэтых страў галоўнай была куцця, якая звычайна варылася з цэлых зярнят, што сімвалізавала вечнасць і несмяротнасць жыцця. Нездарма да хлеба ў беларусаў асабліва паважлівае, нават трапяткое пачуццё: тут добра ведаюць цану кавалку хлеба. Са старажытнасці, напрыклад, вядома мноства абрадаў, якімі суправаджаўся ўвесь пасяўны цыкл — аж да збору ўраджаю. Асабліва паэтычныя «дажынкі». Яны праходзяць па-рознаму. Адзін з абрадаў такі: трэба пакінуць на полі колькі нязжатых каласоў, абвязаць іх чырвонаю стужкай. Каля такога «снапа» клалі хлеб-соль, спявалі розныя жніўныя песні, прысвечаныя Жыценю, гаспадару поля, які быццам бы знойдзе ў гэтым снапе сваё прыстанішча. Гэты абрад, адзін з самых старажытных, называецца «завіванне барады».
Галоўная вуліца Ракава — праезджая дарога на Захад. I, едучы далей, мы можам на нейкі час заехаць у Іўе — таксама невялічкі гарадок, які мае сваю цікавую гісторыю.
Ён вядомы з 1444 года, пераважна як уласнасць беларускіх магнатаў. Адзін з іх, Ян Кішка, пакінуў след у культуры тым, што тут, у Іўі, заснаваў арыянскую акадэмію, рэктарам якой у 1585-1593 гг. быў славуты паэт-лацініст Ян Ліцыній Намыслоўскі. Навучанне ў акадэміі вылучалася вельмі высокім для свайго часу ўзроўнем. Сам Ян Кішка быў высокаадукаваным чалавекам: ён вучыўся ва уні-версітэтах Базеля, Цюрыха, Рыма, Неапаля, Балонні. У сваіх уладаннях заснаваў друкарню, якая найбольш прадуктыўна працавала ў недалёкім адсюль Лоску. дзе друкаваў кнігі і свае рэлігійныя трактаты. Выступаў за верацярпімасць, але сам хіліўся да кальвінізму. Пры ім у Іўі пабудаваны кальвінскі збор (пры якім існавала акадэмія).
Ян Ліцыній Намыслоўскі быў таксама адметнаю постаццю: аўтар вершаў і філасофскіх трактатаў, ён працаваў прапаведнікам арыян у Навагрудку, але ў 1615 годзе адлучаны Навагрудскім сінодам ад абшчыны: погляды яго былі шырэй за любое рэлігійнае вучэнне. Друкаваў свае творы ў Вільні і Лоску.
Іўеўская друкарня была адной з першых на Беларусі. Цікава, што менавіта тут надрукаваная «Граматыка» Мялеція Сматрыцкага, па якой вучыліся дзеці на Украіне і ў суседняй Расіі (менавіта пра гэта ўспамінае М. Ламаносаў). Урыўкі з яе друкаваў I. Капіевіч у Галандыі. Яна стала ўзорам для сербскай, балгарскай і харвацкай граматык, будучы больш як два стагоддзі адным з самых славутых падручнікаў па славянскаму мовазнаўству.
Мялецій Сматрыцкі — адзін з самых вядомых на Беларусі дзеячаў XVII стагоддзя.
Скончыўшы філасофскі факультэт Віленскай езуіцкай акадэміі, ён удасканальваўся затым у Вітэнбергскім і Лейпцыгскім універсітэтах, а пасля пастрыгся ў праваслаўныя манахі, быў рэктарам Кіеўскай брацкай школы. У 1610 годзе ў Вільні выдаў славутую кнігу «Фрынас, альбо Лямант адзінай усяленскай апостальскай усходняй царквы» — аб тым, што выйшла такая кніга, было паведамлена самому каралю, які ў гэты час стаяў пад Смаленскам вайсковым абозам (ішла вайна з Масковіяй). Пад пагрозай штрафу ў пяць тысяч чырвоных залатых было забаронена прадаваць альбо купляць кнігу. Віленскі войт і магістрат атрымалі загад канфіскаваць тыраж у друкарні, спаліць кнігу, а аўтараў і выдаўцоў пасадзіць у турму. I сапраўды — архімандрыт Лявон Карповіч два гады адседзеў у вязніцы, паколькі быў пісарам і карэктарам друкарні.
Аднак Мялецій Сматрыцкі ў 1627 годзе спачатку тайна, пасля адкрыта перайшоў на бок уніятаў, хаця менавіта ягоная віна ў тым, што ў Віцебску забілі уніяцкага біскупа Ясафата Кунцэвіча... Складаныя часы... Няпроста было рашыць, якія шляхі павінен выбраць народ... Жыццё гэтага выдатнага вучонага, а таксама ягоныя кніжкі — сведчанне гэтаму.
Не ўсе яго творы раўназначныя, і для гісторыі захаваўся найбольш «Фрынас», а таксама «Граматыка». Першая — дзякуючы паэтычнай трактоўцы палітычных падзей, сіле мастацкага слова. У гэтым Мялецій Сматрыцкі падобны да другога пісьменніка-манаха Кірылы Тураўскага, які яшчэ ў XII стагоддзі пісаў свае царкоўныя творы жывою, паўнагучнай мовай. I Мялецій Сматрыцкі аб становішчы праваслаўнай царквы выказваецца як паэт:
«Калісь дзіўная і багатая, цяпер агіджаная і бедная; калісь каралева, усім светам каханая, цяпер усімі пагарджаная і мучаная. Усё, што жыве, усе народы, усе жыхары зямлі, прыступіце да мяне, паслухайце майго голасу, пазнайце, чым была я даўней, і дзівуйцеся. Пасмешышчам свету я сталася, а калісьці для людзей і анёлаў была я дзівоснаю». Якраз у часы выйсця гэтай кнігі, з розніцай у 10 гадоў, тут быў пабудаваны кляштар бернардзінцаў (1600 год) і Петрапаўлаўскі касцёл, які мае рысы барока, частка яго галоўнага фасада перабудаваная ў канцы XVIII стагоддзя.
З першай паловы XVII стагоддзя тут існавалі так званыя іўеўскія сядзібы і два сады, адзін з якіх называўся «італьянскім». Палацы былі спачатку драўляныя, пасля, асабліва ў часы, калі. Іўем валодалі Агінскія (славуты род, з якога выйшлі два кампазітары), выглядалі як прыгожыя магнацкія мураваныя сядзібы, з брамай і гадзіннікам. У самім жа палацы, па апісанню, знаходзілася шмат скульптур, драўлянай разьбы. Зала, празваная «залатой», была абабіта скуранымі шпалерамі з залатым цісненнем. Адзін з паркаў, дзе некалі існавалі аранжарэі, млын, мураваная скарбніца, захаваўся, але патрабуе аднаўлення.
У 1884 годзе ў Іўі была пабудаваная мячэць.
Татары на Беларусі — цікавая старонка нашай гісторыі. Сюды яны ўцякалі з Арды і Крыму ад міжусобіц і паселеныя на Беларусі недзе ў 1397-1398 гадах. Пазней яны аселі яшчэ тут і як палонныя і, прыжыўшыся, знакаміцейшыя з іх займалі дзяржаўныя пасады, а таксама мелі сваю, цесна звязаную з беларускай культуру. У мястэчку Сорак Татараў пад Вільняй у 1915 годзе быў знойдзены «Аль-Кітаб» — рэлігійная кніга, напісаная арабскімі літарамі, але беларускаю мовай, якая ўтрымлівае унікальныя звесткі аб жыцці нашай дзяржавы, а таксама старажытную беларускую фанетыку XVI стагоддзя. З 20—30-ых гадоў пачалося вывучэнне падобных рукапісаў, якіх аказалася некалькі. Яны ўтрымліваюць шмат легендаў і паданняў мусульман. Прывядзём адно (з Крушынянскага аль-кі-табу):
«Ішоў у мячэць малады багамолец. Але па дарозе зайшоў у карчму, дзе карчмарка замкнула за ім дзверы і сказала, што ён выйдзе толькі тады, калі вып'е кухаль гарэлкі, альбо саграшыць з ёю, альбо заб'е дзіця. Падумаўшы, што найменшым грахом будзе піццё гарэлкі, багамолец так і зрабіў. Але, упіўшыся, сатварыў ён таксама і два астатнія грахі — забіў дзіця і саграшыў з карчмаркаю». Вывад, які робяць у запісе, маралізатарскі — трэба не піць гарэлкі і не хадзіць у карчму...
Мячэці раней былі ў розных частках Вялікага княства Літоўскага, але з іх засталася адна старажытная — у Іўі (цяпер ладзяць і новыя). Цікавы факт з нашага сумеснага жыцця — аж да XVII стагоддзя ішлі ў мячэцях службы па вялікім князі Вітаўце, які зрабіў шмат для таго, каб мусульмане ў гэтым краі маглі спавядаць сваю веру. Звяртаючыся да вялікага князя Жыгімонта ў 1519 годзе, мусульмане пісалі: «На шаблі нашыя мы прысягалі, што любім ліцвінаў, каторыя ў вайну забралі нас у палон, але ўступаючым на гэтую зямлю сказалі, што гэты пясок, гэтая вада і гэтыя дзеравы для нас агульныя».
Па сёння мусульмане — караімы — жывуць у Троках, маюць нават назву вуліцы — Караімская.
Дарэчы, Трокі маюць самае непасрэднае дачыненне і да другога горада, які ляжыць на шляху да Гродна. У іх ёсць замак, які ўваходзіў некалі ў сістэму абарончых крэпасцей супраць крыжакаў. Такія ж абарончыя крэпасці былі пабудаваныя ў Крэве і Лідзе.
Ліда — таксама старажытны горад. Працягваючы наша апавяданне пра татар на Беларусі, не можам не нагадаць, што менавіта ў Лідскім замку жылі Тахтамыш з Залатой Арды, якому даў прыстанішча вялікі князь Вітаўт з 1396 па 1399 год, і Даўлет-Хаджы Гірэй, які з дапамогай Вялікага княства Літоўскага стаў на чале перакопскіх татар.
Прыехаўшы ў Ліду, агляд, канешне ж, пачнем з замка. Замак, ад якога засталася Паўднёвая сцяна і частка вежаў (цяпер рэстаўруецца), пабудаваны пры князі Гедыміне, будаўніцтва пачалося ў 1323 годзе на месцы зліцця двух рэчак — Каменкі і Лідзеі, дзе ўзведзены штучны востраў, зроблены вялікі роў, які абараняў паўночны бок. Сцены замка мелі прыкладна 12 метраў у вышыню, а таўшчыня сцен вежаў дасягала 3 метраў. Для свайго часу гэта — вельмі сучасная абарончая сістэма, там выкарыстаны ўсе самыя новыя прыстасаванні для абароны замка і горада. Дасюль, пасля столькіх войнаў, грозна глядзяць байніцы... У адной з вежаў была царква Георгія Пераможцы, у другой — вязніца; тут жа месціліся архіў замка, судовая зала. З усходняга і паўднёва-ўсходняга боку замак прыкрывала вялікае штучнае возера.
Места — уласна сам горад Ліда — ляжыць на поўначы. Тут пазней знаходзіўся княжы двор, з яго да замка вяла вуліца Замкавая.
Вялікакняжацкі ўдзел, Ліда па смерці Гедыміна перайшла да яго сына Альгерда (у хрышчэнні — Аляксей), а пасля дасталася любімаму сыну Альгерда Ягайле, што ўскосна сведчыць пра яе значнасць. Аднак, як мы ўжо згадвалі, Альгерд меў 12 сыноў і натуральна, што між імі ўзнікалі вялікія спрэчкі за ўдзелы, чым і карысталіся крыжакі. Напрыклад, з Вітаўтам пад сцены Ліды прыйшлі нямецкія і англійскія рыцары, сярод якіх быў і граф Нартумберлендскі, а таксама камандор Конрад Ліхтэнштэйнцкі. Зімой 1394 года паход быў паўтораны, але, калі на першы раз ваеннае шчасце спрыяла рыцарам, на другі раз захоп не адбыўся. Дарэчы, у гэтым жа замку знаходзіліся і паланёныя Вітаўтам родзічы і жонка смаленскага князя Юрыя, якіх таму не ўдалося адбіць, хаця ён прыходзіў сюды з вялікім атрадам воінаў.
Лідская харугва ваявала таксама разам з усімі воямі Вялікага княства Літоўскага пад Грунвальдам у 1410 годзе, вярнуўшыся з вялікай славай. Дарэчы, адна з галоўных вуліц, што ішлі ад рынку, называлася Віленскай — са сталіцай княства Ліда была цесна звязана.
У час вайны з Маскоўскай дзяржавай у сярэдзіне XVII стагоддзя замак быў пашкоджаны, горкая «традыцыя» працягвалася і пазней, на пачатку XVIII стагоддзя, у час вайны са шведамі, калі ворагі падарвалі ягоныя вежы. I нават у XX стагоддзі немцы стараліся знішчыць самую памяць аб гэтым замку: прынамсі падчас вайны тут размясцілі склад боепрыпасаў, які прыйшлося доўга размініраваць.
Магдэбургскае права Ліда атрымала 17 верасня 1590 года. Герб горада: поле шчыта падзелена на 2 часткі. Правая — чырвонага колеру з залатым ільвом, павернутым управа, левая — блакітная з двума залатымі скрыжаванымі ключамі. У той час горад стаў павятовым цэнтрам Віленскага ваяводства, і ў замку пабудавалі спецыяльнае памяшканне для судовых кніг.
Ад мінулых стагоддзяў апроч замка у Лідзе захаваўся фарны касцёл, пабудаваны ў 1770 годзе (стыль барока). Праз дваццаць чатыры гады ў ім маліліся за перамогу паўстанцы Тадэвуша Касцюшкі, ураджэнца Беларусі. Паўстанне было супраць расійскага царызму, у ім удзельнічалі беларусы і палякі, што апынуліся ў іншай дзяржаве, але хацелі свабоды.
З гэтым касцёлам доўга змагаліся атэістычныя ўлады. У 70-ыя гады знайшлі былі падставу для закрыцця: аказваецца, будынак на метр выступаў наперадзе вызначанай для вуліцы прасторы. Касцёлу было прапанавана «пасунуцца». Выратавалі яго адчайныя намаганні жыхароў, і дзякуючы ім мы паранейшаму маем гэты трохнефавы храм, дзе ля ўвахода размешчаны невялікі прытвор, а на поўдні — сакрысція. Браму ж адстояць не ўдалося. Болей пашанцавала іосіфаўскаму касцёлу піяраў: у ім размясцілі планетарый, і таму гэты храм у стылі класіцызму збярогся. Пабудаваны ў 1797—1825 гадах як ратонда, наверсе 8-гранны ліхтар, а па баках — прамавугольныя пабудовы з дарычнымі калонамі. Побач з ім размешчаны кляштар (у ім некалі жылі браты-піяры), а таксама званіца.
Музей, што адкрыты тут у 1959 годзе, перажывае перыяд абнаўлення, як і ўся беларуская гісторыя. Шматлікія раскопкі Лідскага замка ўзбагацілі яго экспазіцыі, дзе раней выстаўлялі найбольш экспанаты апошняй вайны і савецкага часу. Цяпер тут, як і паўсюдна на Гродзеншчыне, можна ўбачыць дакументы аб паўстанні 1863—1864 гадоў супраць царызму, яго на Беларусі ўзначаліў Кастусь Каліноўскі, нацыянальны беларускі герой, які выдаваў першую дэмакратычную беларускую газету. Прыгавораны ў Вільні да павешання, гэты дваранін памёр са словамі: «Няма дваран, усе людзі роўныя».
З рамёстваў у Лідзе быў развіты выраб куфраў — сундукоў, дзе захоўвалася адзенне, розныя рэчы. Куфры былі прыгожыя, фарбы ў спалучэнні з разьбой надавалі ім надта самабытны выгляд. На вяселлі, калі перавозілі пасаг, такі куфар выстаўляўся на пачэсным месцы.
Калісьці менавіта тут, у Лідзе, вялікі князь і кароль Ягайла выдаў загад, які забараняў усе выявы паганства з мэтай,- каб жыхары прынялі хрысціянства (каталіцтва), але і па сёння паганскія матывы ў размалёўцы куфраў і ўсяго, што выходзіць з рук мясцовых майстроў, захоўваюцца: і салярныя выявы, і хвалістыя сімвалы змеяў... Тут некалі быў вельмі распаўсюджаны звычай карміць у хаце вужоў. На поўначы Беларусі знаходзілі шмат медалёў-змеявікоў, а ў беларускіх легендах нямала згадак пра змеяў, вужоў. Вось вытрымка з аднаго: «Мірна жыве з ліцвінамі вуж. Не кусае нікога, поўзае па хаце, як сем'янін, і калі дзеці возьмуцца за лыжкі, зараз жа падлязае да іх і працягвае сваю морду да міскі. Здараецца, што дзіця трэсне яго лыжкаю — нічога: вуж зашыпіць. адпаўзе на мінуту, а з'явіцца з другога боку. У якім доме жыве вуж, таму дому суджаны дастатак і шчасце».
Гэтыя звычаі — тое, што яднае нас" з балтамі, тое, што з'яўляецца агульным для літоўцаў і беларусаў, як і многае ў нашых казках і паданнях. Ды і дзіўНым было б, каб у выніку таго, што нашы землі Доўгія вякі былі побач, не было элементаў узаемапранікнення, асабліва ў язычніцкіх культах.
...Ліда застаецца ззаду, а мы едзем у Гродна, адзін з тых нешматлікіх гарадоў, дзе захавалася архітэктура — гэтая «застылая музыка вякоў», якою ганарыліся нашы продкі і якая ацалела тут цудам.