Летапісная Орша, ад якой засталося толькі археалагічнае ўрочышча Замчышча пры зліцці ракі Аршыцы з Дняпром, першы раз згадваецца ў летапісах у 1067 годзе пад назваю Рьша. Повад для ўспомнення быў дастаткова трагічны — менавіта сюды на сустрэчу з кіеўскімі князямі Яраслававічамі прыехаў полацкі князь, асілак, воін Усяслаў Чарадзей. Прыехаў, паверыўшы клятве не рабіць зла Усяславу, але толькі перамовіцца з ім — у чым князі цалавалі крыж.
Адсюль, з ліпеня 1067 года да красавіка 1069 года, пачаўся шлях Усяслава разам з сынамі як палонніка, як вязня Кіева. Затым здарылася нечаканае: кіяўляне прагналі свайго князя, вызвалілі з цямніцы Усяслава і ўрачыста пасадзілі яго на княжы пасад у Кіеве...
А дата — 1067 — стала лічыцца летапісным пачаткам горада, які ўвайшоў у гісторыю Беларусі як горад майстроў — разьбяроў і друкароў, чыя слава выйшла далёка за яго межы,— і як горад славы ваеннай.
Цяпер там, дзе былі першыя дамы і княжы пасад, засталася пляцоўка, якая на 6-7 метраў узвышаецца над навакольнай мясцовасцю. У XII стагоддзі ў горадзе было прыкладна 5 тысяч жыхароў — даволі многа для свайго часу. Вельмі выгаднае становішча Оршы.як фарпоста Полацкай зямлі на ўсходзе давала ёй перавагу над Смаленскам, які імкнуўся валодаць воднымі шляхамі самастойна і выходзіць на поўдзень і Кіеў. Орша была добра ўмацаваным горадам — у 1397 годзе яна вытрымала доўгую асаду смаленскага князя Святаслава, і археолагі гавораць аб абарончым вале вышынёй у 4-5 метраў, а таксама аб абарончым рове глыбінёй каля 6, шырынёй каля 14 метраў.
Але калі Аршанскі замак у 1401 годзе штурмаваў Свідрыгайла, аршане змаглі бараніцца толькі два дні — мабыць, яшчэ і таму, што Свідрыгайла быў «свой» князь, сын вялікага князя Альгерда, княжыў у Віцебску, але быў выгнаны адтуль Вітаўтам (нават пасля, у 1408 годзе, шукаў падтрымкі ў Масквы супраць князя Вітаўта, а пасля яго смерці сам стаў вялікім князем).
Цікава, што князь Вітаўт будаваў у Оршы мураваны замак — аб гэтым вядома з ліста, які ён даслаў ордэнскаму маршалку ў Кёнігсберг (тыхчасовы Кралевец) з просьбай хутчэй адправіць у Оршу майстра каменных спраў, каб не затрымліваць работы.
Яшчэ з адным князем — Скіргайлам — у аршанцаў звязаны грашовыя клопаты. За тое, што яны падтрымалі яго (у той час як палачане, наадварот, яго прагналі), горад заплаціў у 1435 годзе вялізную кантрыбуцыю. Увогуле барацьба сыноў (а таксама ўнукаў і пляменнікаў) вялікага князя Альгерда паміж сабою дорага каштавала нашым землям, а таксама нашым продкам (як і ўвогуле ўсе сваркі валадароў). Але гэта былі, так сказаць, нягоды ўнутраныя. У канцы стагоддзя, пры вялікім князі Аляксандру, пачаліся войны з Масквою.
Орша як пагранічны горад Вялікага княства Літоўскага павінна была першаю прыняць удары ад усходняга суседа. I менавіта да 1500 года адносяцца новыя абарончыя збудаванні, а пазней — і сутычкі з маскоўскім войскам, ад якога шмат разоў гарэлі яе вежы і сцены, аж пакуль у 1514 годзе не адбылася славутая бітва войска Вялікага княства Літоўскага пад кіраўніцтвам гетмана Канстанціна Астрожскага з маскоўцамі.
Гэты адзін з найлепшых беларускіх воінаў варты асобнага аповяда. Нездарма выява бітвы пад Оршай знаходзіцца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве, але найбольш ёю могуць ганарыцца беларусы: узначаліў бітву князь Астрожскі. Ён, адзіны праваслаўны ў вышэйшым дзяржаўным органе Рэчы Паспалітай, меў, дзякуючы сваім заслугам вялікі ўплыў на караля і вялікага князя літоўскага Жыгімонта, як раней на Аляксандра, яго папярэдніка.
Спецыяльны лісток навінаў, выпушчаных у Нюрнбергу ў 1514 годзе, быў прысвечаны бітве пад Оршай, яна ўвайшла ў еўрапейскія хрэстаматыі як узор перамогі над больш моцнымі сіламі ворага і як прыклад ваеннай тактыкі. Гэта адбылося 8 верасня. Нездарма ж і рымскі папа адзначаў як свята перамогу пад Оршай, а ў міжнароднай палітыцы гэта азначала пацяпленне адносін паміж каралём Жыгімонтам і імператарам Максімільянам. У сталіцы княства Вільні была пабудавана ў гонар перамогі мураваная царква Святога Мікалая, а перад гэтым адбыўся ўрачысты ўезд князя-пераможца.
У песні тых часоў гаворыцца:
Слава Воршы ўжо ня горша.
Слаўся, пан Астроскі!
У гісторыі культуры XVI стагоддзя застаўся і аршанскі староста Ф. Кміта-Чарнабыльскі, які вёў перапіску з каралём і дзяржаўнымі асобамі княства — гэтая перапіска носіць адметы талента і змяшчае багаты жыццёвы матэрыял таго часу.
У 1620 годзе Орша атрымала магдэбургскае права, яе герб: у блакітным полі залаты паўмесяц, паміж рагамі якога сярэбраны крыж. У далейшым жа яе гісторыя развівалася згодна з палітычнай сітуацыяй, што выявілася і ў архітэктуры: калі ў 1604 годзе быў заснаваны езуіцкі калегіум, то ў 1623 годзе — Куцеінскі Богаяўленскі праваслаўны манастыр. Гэтая нябачная мяжа была вельмі адчувальнай для культуры. Менавіта рэлігійнае процістаянне прывяло да таго, што ў Маскву пераехалі разьбяры, якія стварылі там дзівосныя ўзоры мастацтва, друкары, якія перавезлі ў Наўгародскі, Іверскі манастыры славутую друкарню, адкрытую ў Куцеінскім манастыры.
Манастыр гэты цяпер рэстаўруецца і па сутнасці менавіта ён можа даць уяўленне аб архітэктуры таго часу, хаця галоўны цэнтр кнігадрукавання — Богаяўленскі сабор — не захаваўся (у ім было, па апісанню, 38 вельмі арыгінальных насценных замалёвак, але ён згарэў у 1885 годзе). Затое ёсць Святадухаўская царква, двухпавярховы манастырскі корпус і частка агароджы.
У першай палове XVII стагоддзя менавіта тут, у манастыры, знаходзіўся самы буйны ў Беларусі цэнтр кірылічнага кнігадрукавання. Яго на грошы магілёўскага мецэната Багдана Сцяткевіча адкрыў ураджэнец Магілёўшчыны Спірыдон Собаль і выпусціў тут некалькі кніг, у тым ліку і вучэбныя «Часословец» і «Букварь», па якіх займаліся ў школах беларускія, рускія і украінскія дзеці.
Гэта быў самаахвярны чалавек, які клапаціўся аб адкрыцці школ, перакладаў на многія мовы. Вядома, што ён хацеў адкрыць друкарню і ў Маскве, а таксама вучыць там дзяцей грэчаскай мове і латыні, аднак атрымаў адмову, таму што быў западозраны ва уніяцтве. Пазней друкарню ўзначаліў ігумен манастыра, і да 1654 года было выдадзена каля 20 назваў кніг, якія разыходзіліся на Беларусі, Украіне, у Расіі.
Некаторы час пры гэтым манастыры жыў беларускі царкоўны і палітычны дзеяч, пісьменнік Афанасій Філіповіч — манах, затым ігумен Сімяонаўскага манастыра ў Брэсце. Вядомы сваімі палымянымі выступленнямі супраць уніі, артыкуламі і кнігамі. Высланы ў Кіева-Пячэрскі манастыр, быў расстраляны па абвінавачванню ў дапамозе казакам Б. Хмяльніцкага.
У гэтыя ж гады, у першай палове XVII стагоддзя, на тэрыторыі манастыра ўзведзена Святадухаўская царква. Яе абрысы — прамавугольнік з далучанай пяціграннай апсідай, двух'ярусная вежа-званіца і невялікая рызніца. Калісьці тут быў разьбяны іканастас у шэсць ярусаў і фрэскі работы майстра Рыгора.
Аб тым, якою была тут мастацкая разьба на іканастасе, мы можам меркаваць па тых узорах, што захаваліся ў Маскоўскім Крамлі — менавіта там працавалі гэтыя майстры. У Васкрасенскім палацы ёсць дзівосная разьба — на бірузовым фоне размешчаныя накладныя разьбяныя дэталі — пазалочаныя, пакрытыя каляровымі лакамі: па золату — чырвоным, па срэбру — зялёным. Жывапісны слой, накладзены на залатую ці сярэбраную аснову, блішчыць, як каляровая эмаль, і гэта спалучаецца з самімі дэталямі разьбы. Вядомыя імёны аршанскіх разьбяроў — Іпаліт і старац Арсень, Восіп Андрэеў і Андрэй Фёдараў, якія працавалі ў Крамлі.
Манастырскі комплекс — помнік архітэктуры беларускага барока. Тут размяшчаліся будынкі трапезнай, келлі духоўнага вучылішча.
Цікава, што з гэтым манастыром звязаны і пячоры на ўскраіне горада, ва ўрочышчы «Дубкі», дзе таксама жылі манахі — прынамсі, у келлях-пячорах знойдзены невялікія печкі, свяцільнікі. Даволі вялікія, пячоры гэтыя пазнейшым часам былі закінутыя, але хады вялі і на ўскраіну горада, і гэта, пры бесперапынных войнах, якія праходзілі па аршанскай зямлі, невыпадкова — трэба было шукаць прыстанішча пад зямлёй. Магчыма, у будучым пячоры будуць адкрыты для наведвальнікаў і шмат чаго раскажуць аб жыцці аршанскіх манахаў.
Другія манахі, якія жылі ў Оршы — езуіты,— пакінулі пасля сябе памяць — рукапісны зборнік «Аршанскі кодэкс», дзе змешчаны драмы з інтэрмедыямі, якія ставіліся ў духоўным вучылішчы і школьным тэатры, што існаваў тут з 1610 па 1703 год. Увогуле, Беларусь уносіла свой уклад — і немалы — у развіццё агульна-еўрапейскай тэатральнай і музычнай цывілізацыі. Развіццю культуры спрыялі і шматлікія школы пры манастырах. Варта толькі назваць храмы, якія належалі розным ордэнам, каб зразумець шырокую палітру рэлігійнага жыцця на Беларусі ў тыя часы: драўляная царква Іллі Прарока (1505), манастыр бернардзінцаў (1636), базыльянак (1642), дамініканцаў (1649-1650), францысканцаў (1680), трынітарыяў (1714), марыявітак (XVIII стагоддзе), цэрквы Ушэсця (1757), Іаана Багаслова (1790)... Усе гэтыя храмы былі ў розныя часы разбураны, прапалі летапісы, архівы... Толькі ў 1812 годзе знойдзены рукапісны помнік XIII стагоддзя — Аршанскае Евангелле, дзе, апроч каштоўнасці самога тэксту, маюцца рэдкія помнікі жывапісу: мініяцюры, Мастацкія застаўкі і ініцыялы. Яно знаходзіцца цяпер у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы АН Украіны.
Ад манастыра базыльянак, пабудаванага ў другой палове XVIII стагоддзя, застаўся жылы будынак, які стаіць у цэнтры Оршы на правым беразе ракі Аршанкі, мае рысы барока і ранняга класіцызму. Пабудаваны ў галерэйным стылі. 3 1832 года належаў Пакроўскаму праваслаўнаму манастыру, цяпер жылы дом.
На левым беразе Дняпра стаіць царква Іллі Прарока, пабудаваная на месцы драўлянай у 1880 годзе. Крыжова-купальны храм мае рысы псеўдарускага стылю з яго какошнікамі, цыбулепадобнымі галоўкамі, што не характэрна для архітэктуры Беларусі.
У Оршы нарадзіўся беларускі пісьменнік, творчасць якога зрабіла вялікі ўплыў на сучаснае Адраджэнне. Гэта — Уладзімір Караткевіч. Яго раманы «Каласы пад сярпом тваім», «Чорны замак Альшанскі», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» і іншыя і сёння фармуюць нацыянальную свядомасць беларусаў, пераадольваючы трагічны разрыў паміж дзвюма суседнімі культурамі, дзвюма рэлігіямі. У Оршы яго імем названа вуліца, ёсць невялікі музей.
З сучасных прадпрыемстваў у горадзе працуе льнокамбінат, прадукцыя якога ідзе ў многія краіны свету. Тут, на поўначы Беларусі, расце высакаякасны лён, кветкі якога сталі паэтычным сімвалам зямлі. Лёну, гэтай паўночнай бавоўне, прысвечаны многія песні, прымаўкі, паданні. Тут, на камбінаце, ткуць цікавыя абрусы, сурвэткі, палотнішчы. За прадзівам і ткацтвам нашы жанчыны некалі праводзілі доўгія зімовыя вечары, і ў кожнай хаце былі кросны, калаўрот, чаўнакі — усё тое, што сёння знаходзіцца ў этнаграфічных музеях. Праўда, мастацкае ткацтва сёння зноў аднаўляецца на Беларусі, як аднаўляюцца многія старажытныя народныя рамёствы — ганчарства, разьба, пляценне саломкі.
Тут на дамах шмат памятных дошак, прысвечаных падзеям мінулай вайны. Яны як бы перагукаюцца са шматлікімі курганамі на тэрыторыі горада і раёна. Напрыклад, за 2,5 км ад Аршанскага гарадзішча на левым беразе Дняпра ва ўрочышчы «Дубкі» знаходзіцца ажно 30 курганоў. Так, у Оршы — багатая шматвяковая гісторыя, якая яшчэ чакае сваіх сапраўдных даследчыкаў.