Слонім


Паварот ад Брэсцкай шашы на Слонім вельмі маляўнічы — прыгожы лес, дарога, што патанае ў засені дрэў. Слонім некалі, у XVIII стагоддзі, кажуць, называлі паўночнымі Афінамі. Сапраўды, пабудаваны на рацэ Шчары — там, дзе ў яе ўпадае другая рака — Іса, ён і цяпер, пасля страшных войнаў (у адным 1881 годзе ў агні згарэла тры чвэрці жылога фонду) дае ўяўленне аб тым, якімі былі перадавыя беларускія гарады ў XVI—XVIII стагоддзях.

Слонім упершыню ўспамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1252 годам (нагадаем, што старадаўнія беларускія летапісы гэтага часу амаль не захаваліся), з назвамі Услонім, Васлонім. З тых часоў засталася толькі назва «Замчышча», дзе археолагі і па сёння знаходзяць шмат цікавых матэрыялаў па старажытнай гісторыі і культуры горада, вельмі высокай для свайго часу. Час успомнення горада — час барацьбы галіцка-валынскіх князёў з князем Міндоўгам за ўладу над Верхнім Панямоннем, дзе стаіць Слонім. Тады горадам валодаў сын Міндоўга — Войшалк, воін і манах, які заснаваў пад Навагрудкам праваслаўны Лаўрышаўскі манастыр.

Аб магутнасці Слоніма тых часоў сведчыць той факт, што пад абарону яго замка аддаліся прусы, якім у 1276 годзе пагражалі крыжакі, тут праходзіў гандлёвы шлях з Русі ў Прыбалтыку. Сярод уладальнікаў горада — князь Кейстут, які скончыў свае дні ў турме Крэўскага замка, славутыя людзі Вялікага княства Літоўскага: Ян Літавор Храптовіч, Грэгоры Багданавіч Валовіч, Леў Сапега, магнаты Агінскія. I, канешне, як адзін з буйнейшых гарадоў, ён атрымаў і магдэбургскае права — у 1591 годзе. Герб Слоніма — залаты леў з падвойным сярэбраным крыжам на блакітным полі.

Тыя ці іншыя людзі заўсёды прычасныя да гісторыі гарадоў і іх культуры. Нягледзячы на тое што абодва Сапегі — Леў і Казімір Леў — прыклалі шмат намаганняў, каб у горадзе працавалі розныя рамесныя цэхі, развівалася ткацтва, ювелірная справа, цяслярства, сапраўднымі «бацькамі горада» сталі магнаты Агінскія. Магчыма, таму, што пры іх тут развівалася магутнае культурнае асяроддзе, працавала капэла і быў тэатр.

Але і першы перыяд шляхецкага Слоніма даў развітыя рамёствы, даў прыгожа забудаваны горад, дзе на месцы былога замчышча быў палац князёў Сапегаў, адкуль ва ўсе бакі адыходзілі вуліцы. Так выглядаюць і сёння многія сярэдневяковыя гарады; асабліва гэта бачна ў недалёкім адсюль Навагрудку, дзе плошча — як сэрца горада, адкуль разбягаюцца крываносныя сасуды.

Гэты першы, адносна спакойны перыяд скончыўся ў 1654 годзе, калі пачалася вайна паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай. Яна, а пасля і вайна са шведамі амаль цалкам спалілі горад, так што ў пастанове сейма 1661 года ў Гродне горад быў вызвалены на некалькі гадоў ад падаткаў, таму што ён «амаль датла спалены і заграблены».

Другі перыяд аднаўлення Слоніма характарызуецца будаўніцтвам мноства храмаў, асабліва інтэнсіўным з прыходам на Беларусь езуітаў. Напачатку, у год Люблінскай уніі (1569) іх прыехала ў Вільню, сталіцу беларуска-літоўскай дзяржавы, усяго пяць чалавек, якія адкрылі першую школу. Выкладанне ў гэтай школе было бліскучае, слава аб ёй пайшла далёка, і езуіты неўзабаве сталі пашыраць сваё значэнне ў духоўным жыцці Беларусі, умеючы здабыць падтрымку самых знакамітых людзей княства. Праз якія пяць гадоў у каталіцтва перайшло ўжо некалькі славутых родаў Вялікага княства, чаму моцна спрыяла і тое, што менавіта каталікі пачалі адыгрываць першую ролю ў палітычным жыцці Рэчы Паспалітай, Вялікае ж княства Літоўскае адцяснялася на другі план. З гэтага часу пачаўся і падзел беларусаў: акаталічаная шляхта загаварыла па-польску, просты чалавек працягваў гаварыць па-беларуску. Пра гэта ярка сведчаць многія п'есы, якія ставіліся тады на школьных сцэнах і на плошчах гарадоў: яны напісаны на дзвюх мовах, бо так гаварылі простыя людзі і магнаты (а за імі і шляхта). У 1705 годзе езуіты адчынілі ў Слоніме калегію і школу. Кароль Аўгуст II даў ім цэлую вуліцу, якая стала насіць назву Студэнцкай (захавала сваё найменне).

У 1639-1645 гадах былі пабудаваны першыя касцёлы — у прыватнасці, касцёл бернардзінаў (назва ордэна — ад імя рэфарматара Бернардзіна Сіенскага) і бернардзінак. Абодва гэтыя будынкі належаць да стылю барока і з'яўляюцца арыгінальнымі формамі архітэктуры, якія добра замыкаюць перспектыву вуліц і бачны здалёку. Кожны з іх мог бы стаць візітнай карткай горада, калі б не было тут яшчэ аднаго, узведзенага пазней, у 1775 годзе, у Замосці, трохі далей ад гістарычнага цэнтра, а менавіта касцёла святога Андрэя (яго мы згадаем трохі пазней). А пакуль тут, на самай старажытнай плошчы горада, мы бачым, як храмы месціліся вакол былога замка: бенедзіктынак (касцёл пабудаваны ў 1669 годзе), дамініканцаў (пабудаваны ў 1680-1798 гадах)... Апошняга мы не ўбачым — ён не захаваўся, замест яго зараз стаяць сучасныя будынкі. У цэлым жа ў XVIII стагоддзі тут існавалі яшчэ касцёл канонікаў латэранскіх, тры уніяцкія царквы, драўляная мячэць...

Тры звязаныя між сабой плошчы аздабляліся прыгожымі храмамі, а на галоўнай, цэнтральнай, была ратуша і гандлёвыя рады. Захавалася сінагога, пабудаваная ў 1642 годзе. Лічаць, што яна па сваёй форме вельмі нагадвае барочны касцёл, толькі без вежаў. Ад ратушы засталася каменная двухпавярховая пабудова на перасячэнні вуліц Савецкай і Першамайскай, у якой цяжка пазнаць былую гордую прыгажуню — сімвал незалежнасці горада. Магдэбургскага права горад быў пазбаўлены ў 1776 годзе, заплаціўшы тым за непакорства свайго старосты — Агінскага. Дарэчы, той пасля разгрому войска канфедэратаў і эміграцыі ўсё ж прыехаў у Слонім і вырашыў тут пасяліцца на сталае жыхарства.

Былы палац Сапегаў перароблены, на яго месцы вырас велічны мураваны будынак, створаны замежнымі архітэктарамі. Тут былі манеж, аранжарэя, друкарня. Між палацам і выпрамленым рукавом ракі Шчары паўстаў тэатр, які прыводзіў у захапленне ўсіх, хто яго бачыў. Шчара выпрамлена была каналам, які трывала атрымаў назву «Канал Агінскага». Гэты канал (даўжынёй разам з Возерам 73 кіламетры) злучыў раку Ясельду са Шчарай і дазволіў з 1804 года значна ажывіць гандаль горада. Па каналу, а пасля па рэках Шчары і Нёману адпраўлялі ў Прыбалтыку шмат воску, хлеба, скур і будаўнічага лесу. Але вада з гэтага канала служыла і мастацкім мэтам: яна, у выпадку патрэбы, затапляла частку сцэны і па ёй маглі плаваць лодкі. Сама ж сцэна была надта вялікая, так што на ёй адбываліся тэатралізаваныя баталіі коннікаў, водныя феерыі, магла даваць прадстаўленне вялікая трупа акцёраў.

У тэатры Агінскага — «Опернгаўз» — працавалі італьянскія і польскія оперныя спевакі, мастакі, тут меўся прыгонны балет, а таксама хор. Асабліва бліскучай была капэла; у аркестры — адным з самых вялікіх у Еўропе з ліку прыдворных — удзельнічалі 53 музыкі. Сучаснікі параўноўвалі яго з «мангеймскім», які называлі камертонам Еўропы. Пасля смерці М. К. Агінскага яго архівы налічвалі 60 опер, 18 балетаў, 3 музычныя камедыі, 253 сімфоніі і шмат іншых розных музычных твораў.

Гетман Агінскі быў у сваім родзе постаццю унікальнай — ён граў на некалькіх музычных інструментах, у час выступленняў капэлы вёў партыю першай скрыпкі. Апроч гэтага, пісаў літаратурныя творы, некаторыя з іх былі выдадзены ў слонімскай друкарні. Як аўтар кнігі «Байкі і не байкі» ўвайшоў у гісторыю польскай літаратуры.

Але аснову тэатра ўсё ж складалі прыгонныя людзі гетмана. Менавіта яны, а таксама прыгонныя артысты Гродзенскага тэатра, падараваныя каралю Станіславу Аўгусту і перавезеныя ў Варшаву, склалі асноўную трупу першага польскага балета ў Варшаве.

...Калі ў гэты тэатр прыязджаў па кантракту прэм'ер венецыянскага тэатра «Сан-Самуэле» Дж. Кампанучы, калі тут працавала прымадонай славутая ў свой час спявачка А. Давія дэ Бярнуці — значыць, яны ведалі, што едуць не ў «мядзведжы кут», а туды, дзе іх таленты ацэняць, дзе ёсць культурнае асяроддзе.

Асяроддзе было. I, можа, менавіта таму ў музыцы славутага кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага (дарэчы, вядомы беларускі вучоны Адам Мальдзіс выказвае версію, што бацька Міхала Клеафаса паходзіў са старадаўняга беларускага шляхецкага роду, пачынальнікам якога быў шляхціц Дзмітрый Глушонак) адгукнуцца беларускія мелодыі, а творы яго стануць славай абодвух народаў. Сярод іх славуты паланэз «Развітанне з радзімай», які часта выконваюць артысты Беларусі.

Такімі людзьмі, як Агінскі., сапраўды можа ганарыцца кожны народ — дваццаціпяцігадовым юнаком ён выконвае дыпламатычныя даручэнні ў Нідэрландах і Англіі, пасля прымае ўдзел у паўстанні Тадэвуша Касцюшкі, заявіўшы Нацыянальнаму савету, што «прыносіць у дар радзіме сваю маёмасць, працу і жыццё». Каля 20 гадоў, вярнуўшыся сюды пасля паўстання, ён жыве ў маёнтку Залессе пад Смаргонню, пакінуўшы Беларусь толькі ў 1822 годзе. А пахаваны вялікі кампазітар у Фларэнцыі, дзе памёр 15 кастрычніка 1833 года, пакінуўшы свой след у гісторыі культуры двух народаў.

Шмат чаго тут ужо няма — няма палаца з яго пышнай «залай багінь» у стылі ракако, у якую заглядвалі экзатычныя дрэвы выдатна дагледжанага сада — настолькі прыгожага, што засталіся вядомымі імёны майстра паркавай архітэктуры Лерака і прыгоннага садоўніка Васіля. Але ёсць канал, абрысы сажалкі, ёсць цудоўная музыка Міхала Клеафаса, які з-за яе застаўся ў гісторыі (а не таму, што быў дэпутатам сеймаў, падскарбіем літоўскім і нават пецярбургскім сенатарам). I пра другога Агінскага, гетмана, нам цікава даведацца, напрыклад, што ў свой час Кацярына II вылучала яго кандыдатам у польскія каралі. Але сваё імя ён найперш праславіў стварэннем опернага тэатра і Слонімскай капэлы.

Служэнне культуры — найбольш высакароднае. I сведчанне гэтаму — музей у Слоніме, створаны ў 1929 годзе энтузіястам, закаханым у гісторыю гэтага краю. Некалькі слоў пра яго.

Іосіф Стаброўскі быў сынам капітана Мурманскага пяхотнага палка і нарадзіўся тут, у Слоніме, у 1869 годзе. Закончыў Полацкі кадэцкі корпус, Маскоўскі археалагічны інстытут, Вышэйшыя археалагічныя курсы пры Самарскім універсітэце. Палкоўнікам сустрэў першую сусветную вайну.

Палкоўнік — і археолаг? Але жаданне не нішчыць, а захоўваць тое, што створана чалавецтвам, было мацнейшым. У 52 гады ён вярнуўся ў Слонім, стаў вывучаць яго культуру, даследаваць старадаўнія курганы. Сабранае падчас гэтай працы вырашыў аб'яднаць у музей.

Калі пачалася другая сусветная вайна, схаваў ад разбурэння ўсё што мог — музей і бібліятэку. I можа, ад таго, што жыццё яго было прысвечана мэце высокай і светлай, пражыў доўга — аднаго году не дажыў да стагоддзя. Да самага пачатку 1968 года рупіўся I. Стаброўскі пра свае скарбы — дакладней, пра скарбы зямлі, на якой нарадзіўся.

Паглядзіце гэты сціплы краязнаўчы музей — у ім ёсць манетныя калекцыі, знойдзеныя на замчышчы рэчы. Ёсць тут галава ідала, што калісьці зрабілі з ракушачніка,— у канцы вуліцы Гагарына (былая Альбярцінская), ва ўрочышчы Дубы, існавала язычніцкае капішча. Ідал знойдзены там, недалёка ад старажытнейшага вала. Капішчаў на Беларусі было мноства, яны сведчаць, што нашы продкі арыентаваліся на ўсход сонца, пераважна ў самы доўгі купальскі дзень 22 чэрвеня. Купалу, язычніцкага бога, які даў назву самаму паэтычнаму і папулярнаму святу на Беларусі — Купаллю, былі прысвечаны, як можна меркаваць, тыя старажытныя капішчы, якія паддаюцца «расшыфроўцы». На Купалле палілі кастры, праз якія скакалі, каб ачысціцца, хлопцы і дзяўчаты. У старажытнасці ў такія ночы выкрадалі нявест (корань слова «куп» ёсць ва ўсіх еўрапейскіх мовах і азначае ён «укупе» — разам), вядома, з іх згоды. Па вадзе пускалі вянкі са свечкамі і сачылі — чый вянок куды паплыве, ці выйдзе тая, што спляла яго, замуж. А галоўнае — беларусы вераць, што ў гэтую ноч, раз у год, расцвітае ў лесе, сярод папаратніка, чароўная папараць-кветка. Яе сцерагуць нячысцікі, стараюцца не дапусціць, каб просты смяротны сарваў, таму што тады пачынае ён разумець мову птушак і можа ўбачыць любы клад, схаваны пад зямлёй. Паколькі на беларускай зямлі войны былі шматлікімі; свае багацці ў зямлю людзі хавалі вельмі часта, і ў нас кладаў намнога болей, чым у іншых народаў.

Касцёл святога Андрэя стаіць на плошчы Горкага, яму болей за 200 гадоў (пабудаваны ў 1775 годзе). Стары, на гэтым месцы, быў збудаваны на сродкі караля Казіміра IV Ягелончыка, вялікага князя літоўскага ў 1490 годзе, толькі ён быў драўляньі і не захаваўся. Гэты касцёл, з яго кампактнай, двухвежавай пабудовай, з упрыгожаннямі з ляпніны і скульптурамі святых Пятра і Паўла ў нішах, з фрэскамі ўнутры, амбонам у форме ладдзі пад ветразем, дэкаратыўным роспісам, фрэскавымі карцінамі і іншымі элементамі высокай мастацкай вартасці — адзін з прыгажэйшых на Беларусі, у плане ж архітэктурнай вартасці — адзін з найцікавых помнікаў позняга барока. Быў час, калі меркавалі яго знесці, але жыхары змаглі гэтаму перашкодзіць.

Побач з касцёлам — шпіталь. Ён таксама помнік другой паловы XVIII стагоддзя, толькі тады прызначэнне яго было іншым. На першых планах горада ён значыўся як збудаванне Агінскага, і толькі пазней — як шпіталь.

Ідобра, што гэтыя будынкі захаваліся. У самыя цяжкія часы людзі, гледзячы на іх, разумелі, што гісторыя свету не пачалася з 1917 года, як ім убівалі ў галовы. Душы чалавечай гэтыя храмы ўсё ж дапамагалі выжыць у самым страшным эксперыменце, пастаўленым у гэтым стагоддзі, на гэтых вось людзях...

...Там, дзе сёння спяшаюцца на працу заклапочаныя жыхары, нашы продкі, прыбраныя ў прыгожыя вышытыя кашулі і каралі, спявалі песні, варажылі і раніцай, пабраўшыся за рукі, ішлі на Шчару сустракаць сонца. Зрэшты, робяць яны гэта і сёння, толькі ў другім месцы. А мы з вамі яшчэ раз паглядзім на музейныя экспанаты. Тут, у музеі, ёсць фота чалавека, які і зараз жыве ў Слоніме. Іван Дарафеевіч Міско — паэт Анатоль Іверс, які нарадзіўся ў 1912 годзе, перажыў часы, калі Беларусь дзялілі дзве суседнія дзяржавы і беларускае слова несла небяспеку. У час вайны пахаваў тут, паблізу, на Петралевіцкай гары, дзе расстраляна амаль уся слонімская інтэлігенцыя, сваю жонку, блізкіх. Быў партызанскім сувязным, ахоўваў помнікі Слонімшчыны ад вандалаў нашага часу. Ён піша вершы. Сам жа даўно стаў рэліквіяй Слонімшчыны, сімвалам змагання за родную культуру...

Будучы ў Слоніме, нельга не заехаць у недалёкія адсюль Жыровічы.

Жыровічы пачыналіся з легенды. Нібыта некалі, у XV стагоддзі, пастушкі пасвілі жывёлу і раптам убачылі ззянне. Свяцілася ікона, якая знаходзілася на старой ігрушы. Калі паведамілі пра гэта старэйшым, яны спачатку высмяялі дзяцей, пасля ж, убачыўшы само дзіва, зразумелі, што сталі сведкамі цуда. Уладальнік Жыровіцкай пушчы А. Солтан пабудаваў на месцы, дзе знайшлі ікону, драўляны храм. Праз паўтара стагоддзя, у 1613 годзе, новы ўладальнік, кашталян смаленскі Ян Мялешка пабудаваў мураваны касцёл і запрасіў базыльянаў.

Ля іконы адбываліся цуды — вылечваліся Цяжкахворыя, у сляпых адкрываліся вочы. I паступова ікона Божай Маці Жыровіцкай стала самай вядомай цудатворнай іконай Вялікага княства Літоўскага, а манастыр базыльянаў, які ўтварыўся тут,— адным з самых уплывовых і прызнаных цэнтраў уніяцтва.

Бібліятэка, якая была ў манастыры, мела шмат каштоўнейшых кніг і часткова знішчана ў часы, калі выкаранялі уніяцтва; частка яе вывезена адсюль, і асобныя экземпляры знаходзяцца ў Санкт-Пецярбургу. У галоўным Успенскім саборы Жыровіцкага кляштара базыльянаў знаходзілася Жыровіцкае Евангелле —- беларуская рукапісная кніга XV стагоддзя, вядомая яшчэ як Евангелле Сапегі. У XVIII стагоддзі тут быў першы на Беларусі арган — у 80 рэгістраў.

Сюды на пакланенне цудатворнай іконе прыязджалі практычна ўсе каралі Рэчы Паспалітай, апроч аднаго, дый той не прыехаў па прычыне цяжкай хваробы. Супернічаць па знатнасці і вядомасці з Жыровіцкім мог у канцы XVII стагоддзя хіба што Чэнстахоўскі манастыр у каталікоў. Адзін за адным узнікалі храмы — самы галоўны і пышны з іх Успенскі сабор, пабудаваны ў 1650 годзе ў стылі барока. Архітэктары лічаць, што алтарная частка яго — унікальная, апсідальнае завяршэнне цэнтральнага нефа мае ў ім «ступенчатую тэлескапічную структуру па вертыкалі» (Т. Габрусь), таму ў час будаўніцтва памеры яго скарачаліся. Аднак вышыня храма дастаткова вялікая — звыш 35 метраў, а даўжыня каля 50 метраў. У ансамбль Жыровіцкага манастыра базыльянаў уваходзілі Богаяўленская царква (пабудавана ў 1769 годзе) і Крыжаўздвіжанская (той жа год пабудовы). Абедзьве яны пабуда-ваны ў стылі барока. Але Крыжаўздвіжанская царква мае адметнасць: унутры змешчаны своеасаблівы храм — кальварыя, які імітуе паломніцтва Хрыста ў Ерусалім. Наведвальнік паднімаўся ў храм і нібы аказваўся на вышыні — сімвалічнай Галгофе. Спускаўся ён па прыступках паралельна роспісу на сценах, што стварала ілюзію вялікай прасторы і аб'ёму. Веруючыя адчувалі незвычайны экстаз, сюды прыязджалі спецыяльна, каб пабыць на «намоленым месцы», паспавядацца... Да таго ж тут была семінарыя, якая, перастаўшы быць уніяцкай, стала праваслаўнай і здолела перажыць часы ганенняў і праследаванняў. 20 год назад, прыехаўшы сюды, аўтар назірала дзіўную карціну: каля Успенскага сабора перад маладым хлопцам на каленях стаяў настаўнік, сівы чалавек з ордэнскай калодкай. Высветлілася — выдатнік адной са школ Беларусі прыехаў паступаць у семінарыю, і дырэктару школы пагразілі, што, калі той стане семінарыстам, у яго самога адбяруць партыйны білет. У тыя часы гэта значыла — канец дырэктарству, канец выкладчыцкай працы. I ён прасіў свайго вучня, стоячы перад ім на каленях, і ўгаварыў яго. Яны паехалі адсюль разам на таксі, якое тут чакала два дні...

Паміж саборам і келлямі манахаў сціпла прытулілася Богаяўленская царква, пабудаваная ў 1769 годзе. Своеасаблівасць ёй надаюць барабан з купалам у сярэдняй частцы. У комплекс манастыра ўваходзяць, апроч названых храмаў, будынак семінарыі, жылы корпус, трапезная, бальніца, агарод, сажалкі. Часткова кляштар абнесены мураванай сцяной з брамамі.

Пастаім ва Успенскім саборы каля алтарнай іконы «Маці Божая Жыровіцкая» — невялікай іконкі з каменнай разьбой, закаванай зараз у чаканны сярэбраны аклад, паглядзім на вызалачаную разьбу ў стылі барока на іканастасе, дзе залацяцца вінаградныя лозы, лісты, херувімы, дзе лёгкімі, светлымі фарбамі намалявана фрэска «Спас Пантакратар», і пойдзем вандраваць па мястэчку. На другім баку невялічкай плошчы стаіць капліца, на ёй ясна можна ўбачыць нехарактэрны для праваслаўнай будыніны знак — вока ў трохкутніку. Капліца складаецца як бы з дзвюх частак — верхняя выглядае як званіца.

На паўночна-заходняй ускраіне Жыровічаў, на могілках стаіць простая драўляная царква — Георгіеўская, пабудаваная ў канцы XVIII стагоддзя. Яна ўваходзіць у комплекс манастыра, але планіровачна з ім не звязана. Тут ёй, адной, мабыць, больш прасторна, сюды прыходзяць тыя, каму хочацца пабыць у адзіноце і на прыродзе. У іканастасе ёсць цікавая ікона «Георгій Пераможца».

Недалёка ад храмаў, туды варта прайсціся і захапіць з сабой біклагу, знаходзіцца цудадзейная крынічка. Ля крынічкі збіраюцца паломнікі — акунуць у ваду хворыя рукі, галаву, папырскаць на сябе вадою. У святочныя дні тут вельмі шматлюдна, некаторыя так і сядзяць ля крыніцы цэлы дзень пасля ранішняй службы. Сляпыя спяваюць царкоўныя, а часта і проста сумныя, спакойныя песні. I ўсе чакаюць цуда, таму што, калі яны, цуды, адбываліся раней, чаму не быць ім зараз?

Вяртаючыся ў Слонім, можна з'ездзіць да недалёкага возера Альбярцін, а па дарозе на скрыжаванні вуліц Пушкіна і Міцкевіча паглядзець на капліцу святога Дамініка, вядомую з 1746 года; на Савецкай пабачыць Гарадскі асабняк (1923 год), а таксама «Аўстэрыю» (№ 10), якая пабудаваная ў XVIII стагоддзі, як лічаць, архітэктарам Я. Боем, тым самым, што праектаваў пабудовы пры палацы М. К. Агінскага.

Каля возера Альбярцін, у Фабрычным пасёлку, каля былога Французскага тракта (цяпер вуліца Калгасная) знаходзіцца сядзібна-паркавы ансамбль В. Пуслоўскага. Прадпрымальнікі з гэтага роду таксама пакінулі свой след у гісторыі Слоніма, не толькі адкрыўшы некалькі буйных фабрык (дывановая мануфактура, суконная фабрыка), але і пабудаваўшы на рацэ Ісе першую ў Заходняй Беларусі гідраэлектрастанцыю.

Пасёлак на возеры спачатку назвалі Александрыйскім, у гонар рускага цара Аляксандра, пасля, з 1901 года — Альбярцінам, а ў наш час — Фабрычным. У пачатку стагоддзя тут працавалі прадпрымальнікі з іншых краін, адкрываючы свае заводы і прадпрыемствы — бельгіец Барэ, Баньфуа з Францыі, іншыя...

Сядзіба — помнік класіцызму першай паловы XIX стагоддзя на Беларусі. Нават тое, што захавалася, дае ўяўленне аб тым, як жылі багатыя людзі, якія цікавіліся не толькі прамысловасцю. Калісьці ў сядзібе была цэлая галерэя партрэтаў каралёў Рэчы Паспалітай, але яна была вывезена ў 1919 годзе пры адступленні нямецкага войска. Інвентарныя спісы гавораць аб многіх карцінах і рэчах мастацтва... Захаваная стайня сведчыць таксама аб добрым гусце ўладальнікаў сядзібы і ўладароў многіх прамысловых прадпрыемстваў горада Слоніма.

Пра паноў Пуслоўскіх, пра Агінскіх ёсць шмат паданняў. I не дзіўна — тысячы людзей будавалі гэтыя палацы, каналы, дамы. Аб тым, што народная памяць захоўвае і цану ўсяго, што так дзівіла прыезджых гасцей, гаворыць адно з паданняў:

«Недалёка адсюль, пад Целяханамі, ёсць Лысая гара. Гавораць, што гэта магіла пана. Але гавораць і другое. Паны Агінскія, калі капалі канал, мелі асуджаных, прыкутых да насілак. Ім і загадалі нанасіць гэты курган. На кургане меркавалася пабудаваць палац».

Думаецца, што ніякі палац на кургане не будаваўся б. Але сам гэты вобраз — прыкутыя да насілак людзі — мог нарадзіцца там, дзе прыгонныя людзі пакутавалі і не мелі шчасця і долі. I ўсё ж яны стваралі Прыгажосць — і таму жылі недарэмна.

Шмат славутых людзей нарадзілася на Слонімшчыне, адным з іх з'яўляецца Тадэвуш Касцюшка, ганаровы грамадзянін Амерыкі, помнік якому стаіць у Вашынгтоне, непадалёк ад Белага Дома. Нарадзіўся ён у Мерачоўшчыне, пад Косавам, і хата яго, сядзіба — не захаваліся, хіба што старая таполя, якая мабыць, памятае хлопчыка. Паўстанне 1794 года, якое было спробай вярнуць незалежнасць Рэчы Паспалітай (а ў яго складзе — Вялікаму княству Літоўскаму, Рускаму і Жамойцкаму, якое, нягледзячы ні на што, яшчэ адчувалася самастойным), было жорстка падаўлена. Цяжка паранены пад Мацяёвіцамі, Тадэвуш Касцюшка быў пасаджаны ў Петрапаўлаўскаю крэпасць, вызвалены адтуль Паўлам I, які, ненавідзячы сваю маці, рабіў усё адваротнае яе дзеянням. Свабодалюбны беларуска-польскі змагар і на чужыне, у Амерыцы, стаў знакамітым сваёй храбрасцю, як стаў знакамітым і Ян Чачот у Чылі, дзе яму таксама стаіць помнік. Як стала знакамітай на чужыне і беларуская дзяўчына Надзея Хадасевіч, якая стала ў Францыі не толькі жонкай славутага Фернана Лежэ, але і мастачкай, дзяячкай і служкай культуры, якая аднолькава ўздзейнічае на чалавечыя сэрцы...

Шмат нашых землякоў праславілі суседнія краіны. Апісанні Сібіры і Далёкага Усходу, якія дасюль лічацца класічнымі, пакінуў, напрыклад, Бенедыкт Дубоўскі (1833—1930 гг.). Ён склаў слоўнікі камчадальскай і бурацкай моваў, падобна таму, як зусім нядаўна Іван Ласкоў у Якуціі праз фінска-угорскія мовы вытлумачыў назвы беларускіх рэчак і мясцін.

А Канстанцін Ельскі, які даследаваў трапічныя джунглі Гвіяны і мясціны Перу! А Мікалай Судзілоўскі, прэзідэнт Гавайскіх астравоў, які змагаўся з амерыканскімі купцамі перад анексіяй за канакаў, якія там жылі!

Род Пржэвальскіх — даўні род Перавальскіх з Віцебшчыны, як і род Дастаеўскіх паходзіць з Дастоева...

Пералічваць можна бясконца. Але варта ўспомніць яшчэ адну жанчыну, Марту Скаўронскую, якая ўцякла разам з бацькам у Ліфляндыю, дзе яе, ужо замужнюю, адшукаў Меньшыкаў, а пасля Пётр Першы ўвёў у гісторыю як царыцу Кацярыну I...

I хаця гэта не мае прамога дачынення да Слоніма, усё гэта таксама — гісторыя Беларусі...


Загрузка...