Фатографы і кінааператары любяць здымаць Полацк з берага Заходняй Дзвіны, насупраць Сафійскага сабора. Белыя сцены і крыжы гэтага старэйшага на беларускай зямлі мураванага збудавання, што стаў сімвалам беларускай культуры, прыгожа адлюстроўваюцца ў кіпучых водах Заходняй Дзвіны, нібыта на плёнцы Вечнасці. Заснаваны недзе ў 1044 годзе князем Усяславам, адным з наймудрэйшых людзей свайго часу, ён ужо з XI стагоддзя стаў цэнтральным у Полацку, сімвалізуючы самастойнасць Полацкай зямлі.
Нашы продкі бачылі яго іншым. Спалены і разбураны, ён упарта аднаўляўся. Зберагліся тры ягоныя апсіды, некаторыя фрэскі. Спачатку праваслаўны, ён быў і уніяцкай барочнай базілікай, але нязменным заставалася захапленне, якое ён выклікаў і выклікае ў кожнай душы, што чуйна адгукаецца на прыгожае. Можа, у ім нейкім таямнічым чынам захавалася захапленне Усяслава, нездарма празванага сучаснікамі Чарадзеем. У славянскім фальклоры ёсць легенды і паданні пра гэтага князя, а ў «Слове аб палку Ігаравым» — поўныя ўзнёсласці словы. Паводле легендаў, ягоная маці панесла яго ад змея, і дзіця нарадзілася «з язвеном» на галаве, або, як раней гаварылі, «у кашульцы». Ад змея, ад чараўнічых сіл захавалася ў князя здольнасць ператварацца ў іншыя істоты, напрыклад у ваўкалака: «Усяслаў князь... у начы воўкам рыскае... Яму ў Полацку пазвоняць заютрань у святой Сафіі рана, а ён у Кіеве звон чуе. Хаця і вешчая душа ў целе, але часта ад бяды пакутуе. Таму вешчы Баян і першую прыпеўку гаворыць: ні хітраму, ні памыснаму, ні мудраму суда божага не мінуці».
У рускіх легендах ёсць мудры «Волх Усяславіч» — магутны чарадзей, і даследчыкі прасочваюць гэтае імя ад беларускага Усяслава.
Але Усяслаў быў не першым вядомым нам князем Полацкай зямлі — калыскі нашай Беларусі, бо менавіта адсюль ішоў наступ крывічоў на балцкія землі. Гэты наступ даваў сплаў балтаў і крывічоў, якія пазней сталі называць сябе ліцвінамі — па назве пераплеценай у адну дзяржаву Літвы і крывічоў-беларусаў.
Першым вядомым па летапісных крыніцах князем Полацкай зямлі быў Рагвалод, і першае пісьмовае ўспомненне пра Полацк (Полацак, Полцеск, або, паводле скандынаўскіх сагаў, Palltesjuborg) адносіцца да 862 года, калі ён княжыў у Полацку.
З гэтым жа князем звязаны першыя трагічныя падзеі на гэтай зямлі, што ляжыць на раздарожжы гістарычных шляхоў і прымае на сябе агонь варожых памкненняў. Нагадаем тыя падзеі.
...Малады княжыч пасватаўся да дачкі Рагвалода, полацкай князёўны Рагнеды. Але тая адмовіла па прычыне таго, што Уладзімір — сын рабыні. Да таго ж, да яе ўжо пасватаўся старэйшы брат Уладзіміра — Яраполк, чыёй маці была князёўна. Падбухтораны дзядзькам Дабрыняй, Уладзімір сабраў вялізнае войска і пайшоў на Полацк. Аблога працягвалася доўга, але ўрэшце Полацк быў захоплены. Далейшыя падзеі адбываюцца цалкам у духу дзікага язычніцтва: у прысутнасці бацькі і двух братоў Рагнеды Уладзімір згвалціў яе, а пасля забіў мужчын. Гордую князёўну павезлі ў Кіеў як ваенную здабычу, дзе яна пасля нарадзіла свайму заваёўніку шасцёра дзяцей, адзін з якіх Яраслаў, стаў вялікім князем кіеўскім, вядомым у рускай гісторыі як Яраслаў Мудры. Рагнеда была не адзінаю жонкай князя-язычніка. Гэта пасля свайго хрышчэння ён прапанаваў ёй выйсці замуж за аднаго з военачальнікаў, але полацкая князёўна адмовілася. Болей таго — вырашыўшы расквітацца з Уладзімірам за ўсе свае крыўды, яна падняла на яго меч, калі ён быў у ложку. Разгневаны Уладзімір хацеў забіць жонку, але пасля вырашыў судзіць яе ў прысутнасці баяр.
Кароткія дакументальныя радкі летапісаў малююць нам трагічную сцэну: Рагнеда, прыбраўшыся ў лепшае адзенне і прыгатаваўшыся да смерці, як загадаў ёй вялікі князь, чакае ў сваёй спальні баяр. А за завесай стаіць яе адзінаццацігадовы сын Ізяслаў, якому яна даверыла абараняць сябе. Прыходзяць баяры, князь, і тут хлопчык выходзіць да бацькі і просіць захаваць маці жыццё... Баяры адступілі. Параіўшыся, яны прапанавалі Уладзіміру выслаць Рагнеду разам з сынам у родную ёй Полацкую зямлю. Іх выслалі — на самую ўскраіну, пад сённяшні Мінск, дзе быў заснаваны горад, названы ў гонар хлопчыка-князя — Ізяслаўлем. Сёння яго называюць Заслаўе. Тут ёсць рэчкі Княгінька і Чарніца, «Магіла Рагнеды», возера Рагнедзь... I яшчэ існуе паданне: нібыта напярэдадні вайны з гары Рагнеды, якая ёсць ля ракі Дрыса на Віцебшчыне, з'язджае на белым кані магутны, увесь закуты ў панцыр коннік. Тут жа ў Заслаўі захавалася памяць аб тым, як пастрыгалася яна ў манашкі і, перамяніўшы імя, стала з Рагнеды-Гарыславы Анастасіяй. Сын яе, Ізяслаў, празваны кніжнікам, памёр хутка, затое другому сыну Яраславу было наканавана доўгае, слаўнае жыццё ў Кіеве. Адна з дачок Рагнеды, Прадслава, паўтарыла яе лёс і стала наложніцай польскага караля Баляслава, які спачатку таксама сватаўся за яе, а пасля атрымаў як ваенную здабычу...
Полацк — горад князя Усяслава. Але ён таксама і горад першай святой на ўсход-неславянскіх землях — Ефрасінні Полацкай у дзявоцтве князёўны Прадславы.
Праўнучка Усяслава, яна ўжо з дванаццаці гадоў стала задумвацца аб сэнсе быцця і вырашыла прысвяціць сябе Богу. Светлае, ціхае дзіця, да якога з самых ранніх гадоў сталі прысылаць сватоў са спакуслівымі прапановамі, яна, аднак, пайшла ў манастыр і прымусіла бацькоў змірыцца з такім рашэннем.
За сваё даволі доўгае жыццё яна была манашкай, пасля ігуменняй; нейкі час, паводле некаторых звестак, правіла горадам, але галоўныя справы яе жыцця — заснаванне Полацкай бібліятэкі, школак пры манастыры і будаўніцтва храмаў.
Стаіць на беразе невялічкай ракі Палаты беласнежны храм — Спаса-Ефрасіннеўская царква, каля якой пазней узнік манастыр. Узвёўшы гэты храм, народжаны яе воляй і талентам полацкага дойліда Іаана, Ефрасіння нібыта адгарадзіла яго ад войнаў і знішчэння — можа, таму, што найболей любіла. Да самай вайны (апошняй, 1941-1945 гадоў) у беларускіх музеях захоўваўся крыж, зроблены па яе заказу другім геніем полацкай зямлі — майстрам-ювелірам Богшам. Гэты крыж — ювелірны цуд. На ім было напісана закляцце — абярог ад злодзея, які кране яго. I крыж захоўваўся. Але цяпер, як лічаць некаторыя даследчыкі, сляды яго прамільгнулі недзе ў Амерыцы. Можа, вернецца славуты крыж Ефрасінні Полацкай на радзіму?
Тое, што захавалася ад XI-XIII стагоддзяў, гаворыць нам пра высокі, вельмі высокі ўзровень тагачаснай беларускай культуры. У свеце сёння ведаюць Наўгародскую школу жывапісу — такая ж, не горшая, існавала і ў Полацку. Сюды прывезлі да Ефрасінні, якая была родзічкай візантыйскага імператарскага дому Комнінаў, абраз Эфескай Божай маці. Але фрэскі, зробленыя тут і захаваныя на сценах яе царквы, даюць магчымасць ганарыцца і мясцовымі майстрамі...
Ефрасіння Полацкая памерла ў Ерусаліме, куды яна паехала ў 1173 годзе пакланіцца Труне Гасподняй. Вяртанне яе мошчаў на Радзіму было вялікім святам, і сёння яны ляжаць у царкве, якую яна задумала і ўзвяла на радасць нашчадкам...
Пазней другой сталіцай нашай зямлі стаў горад Наваградак. Але Полацк заўсёды заставаўся разам з Вільняй духоўнай сталіцай Беларусі.
Недзе каля 1490 года тут, у Полацку, нарадзіўся вялікі асветнік Францішак Скарына.
Сёння за яго спрачаюцца дзве канфесіі, высвятляючы, чаму ён насіў каталіцкае імя і ажаніўся з каталічкай, а кнігі выдаваў на беларускай мове і для люду праваслаўнага. Некаторыя даследчыкі лічаць, што так адбылося таму, што сям'я Скарыны была праваслаўнай, а сам ён вучыўся на каталіцкім Захадзе і там прыняў каталіцтва. Для нас важна не тое — важна, што гэты сын Полацкай зямлі, які атрымаў у Падуі (Італія) дыплом «у лекарскіх навуках доктара» і стаў гонарам Падуанскага універсітэта, за што ўвекавечаны ў фрэсцы на сцяне гэтага універсітэта, гэты доктар філасофіі, астраном, асветнік, надрукаваў у Празе ў 1517-1519 гадах 23 кнігі Бібліі (яго пераклад з'явіўся раней за нямецкі пераклад Бібліі Лютэрам) на беларускай мове, а пасля абсталяваў у Вільні сваю друкарню, дзе працягваў выдаваць кнігі «для простых людзей».
Яго запрашаў да сябе ў Кёнігсберг герцаг Альбрэхт, ён служыў прыдворным лекарам і сакратаром у няшлюбнага сына караля Жыгімонта — біскупа Яна, але мірское жыццё яго было цяжкім і пакутным.
Беларускія астролагі лічаць, што Скарына, які, падобна ўсім вялікім дзеячам і вучоным Сярэднявечча, быў астраномам, ведаў свой лёс. Цікава, ці прадбачыў ён, што ягонае імя на радзіме нейкі час будзе не зусім пажаданым, што яго будуць замоўчваць, назавуць «буржуазным апалагетам»? I што пасля зорка яго заззяе ярка і, як мы верым, навечна, таму што тое, што зрабіў гэты чалавек, пад сілу толькі генію. Аздобленыя ўласнымі гравюрамі, ягоныя пераклады сталі ўзорам сучаснай яму мовы, увайшлі ў залаты фонд сусветнай культуры. Для гісторыі ўсходняга славянства сапраўдны першадрукар ён, а не Іван Фёдараў, бо апошні надрукаваў свае кнігі на некалькі дзесяткаў гадоў пазней, чым гэта зрабіў Францішак Скарына з Полацка...
Францішак Скарына ўвекавечыў у сваіх прадмовах слаўны горад Полацк, але сам пахаваны ў Празе ў 1551 годзе, і магіла яго згубілася для нашчадкаў.
Увекавечыў Полацк і другі ягоны сын — Самуіл Емяльянавіч Пятроўскі-Сітняковіч, вядомы ў гісторыі культуры як Сімяон Полацкі.
Атрымаўшы адукацыю ў Кіева-Магілянскай калегіі, а пасля ў Віленскай езуіцкай акадэміі, ён вярнуўся ў Полацк і пад імем Сімяон пастрыгся ў манахі, пасля стаў выкладаць у праваслаўнай брацкай школе пры Богаяўленскім манастыры.
Гэты манастыр, што стаіць цяпер на правым беразе Заходняй Дзвіны, захаваўся. Яго нараджэнне — у другой палове XVIII стагоддзя (сама царква пабудавана ў 1761 —1779 гг.). Але менавіта тут некалі працаваў Сімяон Полацкі (нездарма манастырскі корпус называецца домам Сімяона Полацкага), тут яго слухалі праваслаўныя братчыкі. Гэта быў час наступу каталіцтва, беларуская мова перастала быць дзяржаўнай, на змену ёй прыйшла польская мова. У 1664 годзе Сімяон Полацкі пераехаў у Маскву.
Яго адукаванасць зрабіла такое вялікае ўражанне на царскі двор, што паэта наблізілі да царскай сям'і. Дарэчы, царыцы Наталлі вучоны прадказаў нараджэнне сына Пятра, які будзе знакамітым на ўвесь свет. Сын сапраўды нарадзіўся, яго назвалі Пятром, і слава Сімяона Полацкага ўзрасла. Магчыма, ад яго ўспрыняў будучы цар Пётр I станоўчыя адносіны да еўрапейскай адукацыі, якую не надта прызнавалі ў Масковіі, называючы яе «паганай ерассю», «лацінствам». Дарэчы, калі Сімяон Полацкі адкрыў у Маскве друкарню і нават выдаў тут некалькі сваіх кніг ("Буквар", «Часасловец»), сабор 1690 года асудзіў і забараніў яго творы як ерэтычныя (тое ж здарылася і з кнігамі Скарыны, які прывёз іх, па некаторых звестках, у Маскву, але ледзь выбраўся адтуль таксама як «паганы ерэтык»).
Цікава, што нашы продкі добра разумелі значэнне друкаванага слова, і гэтаму майстэрству спакваля вучыліся ад нас усходнія суседзі. Ад нас жа ўзялі яны ўзоры кафлі, разьбярства, мураванага дойлідства. Дасюль у Каломенскім пад Масквой уражваюць разьбяныя ўпрыгожанні іканастаса, зробленыя майстрам Клімам Міхайлавым і іншымі беларусамі. У Маскву пераехалі (разам з друкарняй) манахі Куцеінскага манастыра з Оршы. Прычына была ў рэлігійных несуладдзях, але пакутавала культура. Крохкія старонкі летапісу з бібліятэкі Сафійскага сабора гарэлі спачатку падчас нападу на Полацк маскоўскага цара Івана Жахлівага, пасля сюды прыйшло войска цара Пятра — і адбылося тое ж самае. Сенэка выхоўваў Нерона — але памёр па ягонаму загаду. Сімяон Полацкі пражыў да 1680 года — але не даведаўся, як жорстка абышоўся цар з яго роднай Полаччынай, якой ён прысвяціў столькі вершаў і прачулых слоў.
Калі Полацкі Богаяўленскі манастыр звязаны з імем Сімяона Полацкага, то Полацкі езуіцкі калегіум, які быў самым вялікім на Беларусі манастырскім комплексам езуітаў, носіць адбітак дзейнасці аднаго з самых энергічных дзеячаў Польшчы Пятра Скаргі (Павенскага). Пётр Скарга быў адным з ініцыятараў і прапагандыстаў ідэй Брэсцкай уніі 1596 года, яго змаганне з рэфарматарамі садзейнічала з'яўленню на Беларусі езуіцкіх калегій. Тут, у Полацку, менавіта ягонымі стараннямі ўзняўся ўвысь езуіцкі касцёл, узнікла акадэмія, якую ён напачатку ўзначаліў ( у асноўным жа ягоная дзейнасць у апошнія гады перамясцілася ў цэнтр Княства — Вільню, а затым — у Кракаў, дзе ён у 1588 годзе стаў прыдворным прапаведнікам караля Жыгімонта III Вазы).
Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай менавіта тут, па Заходняй Дзвіне, прайшла дзяржаўная мяжа. Горад быў літаральна раздзёрты на дзве часткі: асноўная адышла да Расіі, Задзвінскі раён застаўся за Рэччу Паспалітай.
Новая забудова горада, яго перапланіроўка ўлічвалі ўжо іншую палітычную сітуацыю: езуіцкі кляштар быў перабудаваны ў кадэцкі корпус і кафедральны Мікалаеўскі сабор, з'явіліся так званыя «казённыя» будынкі, дзе размясцілася прыезджая адміністрацыя.
Ад вялізнай забудовы зберагліся толькі некалькі асобных карпусоў, дом Пятра I, пабудаваны ў канцы XVII стагоддзя (цяпер вул. Леніна, 33), у асноўным з рысамі барока, ад часоў другога заваёўніка, Івана Жахлівага,— вялізныя валы. Жылыя дамы, што захаваліся часткова па вуліцах Горкага, Замкавай, на плошчы Леніна, маюць таксама змешаныя рысы — класіцызму і барока і даюць уяўленне аб тым, як выглядалі вуліцы Полацка ў XVII—XVIII стагоддзях. А горад быў багаты і прыгожы, з даўнімі традыцыямі гандлю ь культуры.
...Вось тут, на галоўнай плошчы, прайшлі стагоддзі нашай гісторыі.
Трошкі фантазіі — і можна ўявіць сабе па летапісах і дзень 23 сакавіка 1270 года, якраз на тыдні Вялікага паста, калі ўранку, каля паловы дзевятай, пачалося зацьменне сонца, і ўсе, купцы і пакупнікі — немцы, балты, палачане, глядзелі на неба і, мабыць, думалі аб сваіх грахах, а пасля паспяшаліся ў цэрквы. Для гасцей працавалі тут і іх уласныя, іншай веры храмы...
Не ўсё было гладка ў гандлёвых варунках. Граматы даносяць да нас скаргі як рыжан, так і палачан, а ў 1406 годзе вялікі князь Вітаўт нават патрабаваў ад рыжскіх купцоў, каб яны пакінулі Полацк на працягу чатырох тыдняў — і прымусіў магістра лівонскіх крыжакоў заплаціць за страты, зробленыя рыжанамі. Цікава чытаць пералік тавараў, якія сюды прывозіліся: сукно, арэхі, цытварны корань, гваздзікі, шафран, фігі і разынкі... Вывозілі ж — воск, кажухі сабаліныя, янотавыя, а таксама паташ і дзёгаць...
Заходняя Дзвіна цячэ, як і стагоддзі таму. Нават яе магутным хвалям не дадзена было змыць словы, якія некалі выбіў на некалькіх велічэзных валунах у XII стагоддзі полацкі князь Барыс, у той час як рассыпаліся ў друз многія слаўныя пабудовы гэтага самага старажытнага горада Беларусі. «Госпадзі, дапамажы рабу свайму Барысу» — гэтыя словы паўтараліся на пяці сёння вядомых нам камянях — а можа, іх было і болей? Барыс Усяслававіч — сын Усяслава Чарадзея, і, калі бацька ягоны болей звяртаўся, мабыць, да таямнічых сіл прыроды, то сын яго — да Бога. Розны лёс напаткаў гэтыя камяні, якія за столькі стагоддзяў займелі нават свае імёны. Не захаваліся — Пісанік, альбо Барысаглебскі, Волат і Сцяпан (або Кравец), перавезлі ў Маскву камень з надпісам «Сулібор хрэст» (цяпер ён знаходзіцца ў музеі-запаведніку «Каломенскае»). Побач з гарадскім пасёлкам Друя, у месцы ўпадзення ракі Друйкі ў Дзвіну, знаходзіцца яшчэ адзін Барысаў камень без назвы.
З кожным з гэтых камянёў звязана тая ці іншая легенда. Напрыклад, пра камень, які насіў назвы Сцяпан або Кравец расказваюць, што калі папрасіць, каб ён пашыў адзенне, і пакласці сукно пад камень, то ён да раніцы рабіў заказ. Толькі не трэба было гаварыць, як шыць,— камень сам ведаў гэта лепей за заказчыка і рабіў толькі тую вопратку, якая пасавала да чалавека. У легендзе пра другі такі ж камень-«Кравец» гаворыцца, што адзін нядобры чалавек вырашыў пажартаваць: кінуў на камень палатно і папрасіў: «Пашый мне ні тое, ні сёе». Што ж — і пашыў чароўны камень такое, што ні апрануць, ні прымерыць,— рукаў на плячы, другі — на прыполе, а галаву няма куды прасунуць. I з таго часу перастаў шыць увогуле... У другой легендзе камень пакрыўдзіла жанчына, якая накідала на яго гною дый папрасіла новыя чаравікі. У гэтым выпадку камень не проста пакрыўдзіўся — злую жанчыну скруціла хвароба, і невядома, ці вылечылася яна ўвогуле...
На Полаччыне захаваліся традыцыі Усяслава Чарадзея: праз столькі стагоддзяў у кожным раёне знойдзеш варажбітку альбо дзеда-ведуна. Чаго толькі не робяць! I прысушаць добрага малайца, і ў вадзе пакажуць дзяўчыне злую суперніцу, і здымуць укус змяі каляровымі каменьчыкамі ды невядомымі навуцы замовамі. Сама аўтар не раз з гэтым сустракалася і, як і сучасныя навукоўцы, нічога не можа растлумачыць, а толькі засведчыць — такое жыве, ёсць і, напэўна, будзе, якія б дзівосы ні вырабляла сучасная навука...
Нядаўна памёр дзядуля Алесь з Полацкага раёна, які, як і славутая Ванга, «працаваў» з цукрам — гэты кавалачак цукру трэба было перад прыездам пакласці пад падушку на ноч. I, патрымаўшы белы драбочак у старэчых вузлаватых руках, дзед дакладна расказваў мінулае і нешта раіў на будучае, а яшчэ гаварыў, што і як трэба лячыць. Чаму пра іх, такіх ведуноў, так мала вядома? Нашы людзі не любяць расказваць пра свае здольнасці, і шмат намаганняў трэба, каб дазволілі прыехаць і каб прынялі, хаця ў апошнія гады з гэтым лягчэй. А тады, яшчэ дзесяць гадоў таму, маглі так «упіліць» гэтаму дзеду, што дзесятаму заказаў бы...
Некалі на Полаччыне было шмат паганскіх капішчаў. Дасюль сярод язычніцкіх звычаяў успамінаецца свята Воласа (бога Вялеса), якое адзначаюць на масленічным тыдні і падчас якога трэба аб'ездзіць маладых бычкоў і коней, дагледзець жывёлу, смачна яе накарміць і ўвогуле аказаць ёй увагу, бо Вялес — бог свойскай жывёлы і любіць, каб яго шанавалі. Прыпеўкі да песень, якія выконваюцца ў гэты час, таксама нагадваюць пра багіню кахання — Ладу: «Ой, лада маё, лада!».
Вера ў камяні захавалася ў беларусаў, як і ў іншых паўночных народаў. Нейкія водгукі паданняў пра славуты камень Ірландыі, які ўскрыкваў, калі пад ім праходзіў той, хто рабіўся пасля каралём, адчуваюцца ў беларускай легендзе пра Дажбогаў камень. Ён быў пакладзены ў кут падмурка хаты і стаў сырым, стаў «Плакаць», так што пачаў гніць дом. А пасля папрасіў уладальніка хаты, каб яго адвезлі назад. I той — павёз у густы лес на палянцы, дзе камень ляжаў спрадвеку...
Але мы з вамі доўга затрымаліся на беразе Дзвіны, а ўсё роўна ўсяго, пра што маглі б расказаць уцалелыя дамы і храмы, не распавесці... Тым болей, што, калі ёсць час, можна з'ездзіць у прыгарад Полацка — Бельчыцы.
Тут у часы першых полацкіх князёў і епіскапаў была княжацкая рэзідэнцыя. Цяпер — храмы Барысаглебскага манастыра, адзін з якіх, а менавіта царква Барыса і Глеба, пабудаваная дойлідам Іаанам яшчэ да Спаса-Ефрасіннеўскага сабора. Ёсць падабенства ў тэхніцы кладкі храмаў Бельчыцкага комплексу і царквы Спаса на Бераставе ў Кіеве, але самі храмы — асаблівыя, непаўторныя, іх ансамбль цэласны. Самым яркім з іх з'яўляецца тварэнне Іаана, спадзвіжніка і сучасніка Ефрасінні Полацкай. Нездарма кажуць некаторыя веруючыя, што гэта дух святой Ефрасінні лунае над усёй Полацка-Віцебскай зямлёй і захаваў яе ад чарнобыльскай радыяцыі... Хочаце верце ці не — але менавіта тут самыя чыстыя раёны ў Беларусі.
Адзін з галоўнейшых гарадоў Вялікага княства Літоўскага Полацк атрымаў магдэбургскае права ў 1498 годзе, пры вялікім князі Аляксандру, і гербам яго нездарма стаў «трохмачтавы карабель з разгорнутымі ветразямі ў блакітным полі, вада сярэбраная».
Па гэтай сярэбранай вадзе ехалі полацкія воіны далёка за мора, ваявалі разам з кіеўскімі князямі Аскольдам і Дзірам супраць Візантыі, так што яна плаціла даніну Кіеву, Чарнігаву, Полацку і некаторым іншым гарадам. Візантыя — Полацку? Так, было і гэткае. I многае іншае чуў горад: вітанні ў 1495 годзе ў гонар прыезду нявесты князя Аляксандра, дачкі маскоўскага валадара Івана III Алены, і гарматныя стрэлы генерала фон Вендэнау, якому Пётр I загадаў знішчыць полацкі замак падчас вайны са шведамі ў 1705 годзе. Была гвалтоўная высылка полацкіх князёў у 1129 годзе ў Візантыю за вайну супраць кіеўскіх Яраславічаў, і гвалтоўнае далучэнне беларускай уніяцкай епархіі ў 1839 годзе да праваслаўнай царквы Расіі. Было многае.
А Полацк — жыве. Глядзіцца ў ваду Заходняй Дзвіны беласценная Сафія, з якой далёка відаць ваколіцы горада. Запрашаем вас пастаяць каля яе сценаў, паслухаць музыку старажытнасці, і хай нязвыклы ў праваслаўным храме арган раскажа вам пра спалучэнне ў гэтай зямлі хрысціянства і язычніцтва, праваслаўя і каталіцтва, уніяцтва і пратэстанцтва, пра мудрую цярпімасць яе жыхароў.