На крукі свая


Гэта быў сон, гэта быў сон, гэта быў сон.

Бывае прысніцца нешта непрыемнае, брыдкае, але па адчуванням вельмі рэальнае, такое, што ты нават думаеш, што вось і ўсё, сканаў, жыццё пад адхон. А потым прачынаешся, некалькі імгненняў не разумееш дзе ты, хто ты, і затым з вялікай палёгкай усведамляеш — гэта быў сон. Толькі сон. Тое, што хвіліну таму здавалася непазбежным, аказвалася ўсяго толькі насланнём.

Гэта быў сон, гэта быў сон, гэта быў сон.

Міхась расплюшчыў вочы. Нізкі металічны дах, драўляная лава пад бокам і маленькае вакенца забранае ў краты. Гэта быў не сон. Міхась пацягнуўся, прыўстаў, закалола ў назе ад нязручнай позы. Валізка з рэчамі, што збіраў прыхапкам, валялася ў нагах.

Яны прыйшлі з раніцы, не, нават уночы. Грукат у дзверы, білі кулаком у скураной пальчатцы, затым ботам з каванымі бляхамі на падэшве. Уся камуналка ўсхапілася. Заспаныя жыхары выглядалі з пакояў у калідор. Першай зварухнулася і падыйшла да дзвярэй баба Стася.

— Хто там?

— Адкрывай, — падпарадкоўваў голас з таго боку.

Іх было двое. Высокі ў фуражцы і сініх брыджах, выпрастаўся як слуп, так што рамяні на грудзях зарыпелі. За спінай — жаўнер са стрэльбай у руках. Абодва глядзяць сычамі. У высокага рука на кабуры.

— Пятроўскі Міхаіл тут жывёт, — не пытанне, пагроза.

— Так, — Міхась нясмела адгукнуўся з-за дзвярэй свайго пакоя.

— Пяць мінут на зборы, урэмя пайшло, — моўная мяшанка і валадарны тон неяк не вязаліся паміж сабой, у іншай сітуацыі Міхась бы ўсміхнуўся. Зараз было не да смеху.

Нацягнуўшы нагавіцы, ён ліхаманкава прыняўся піхаць у валізку рэчы, што аказваліся пад рукамі, кашулю, змену бялізны, скрутак з кавалкам сала, за нейкім чортам схапіў са стала кнігу — слоўнік Александровіча. Незашпілены выскачыў у калідор.

— На выхад, — кінуў галоўны.

Працэсія з Міхасём у галавае выйшла з камуналкі. Толькі тут, за дзвярыма, Міхась пачаў разумець, што адбываецца. Дыханне перахапіла, ногі запляліся, Міхась спатыкнуўся на роўным месцы і ледзь не паваліўся.

— Без фокусаў, — гыркнулі з-за спіны.

У двары чакаў фургон. Непрыкметны грузавік з надпісам «Хлеб». Яшчэ адзін жаўнер стаяў каля адчыненай дзверкі.

— Падымайся, — Міхась забраўся ў кузаў па нязручнай лесвічцы.

Унутры знаходзіліся яшчэ людзі, чалавек сем, спужаныя позіркі, прытхлае паветра. Міхась ледзь уціснуўся на лаву. Услед за ім у фургон падняліся жаўнеры. Дзверы зачынілася. Байцы моўчкі паселі па абодва бакі ад выхада. Ляснулі дзверкі кабіны і фургон крануўся. Скрозь маленькае акенца прабівалася ўсярэдзіну электрычнае святло рэдкіх вулічных ліхтароў.

Неўзабаве грузавік спыніўся. Рыпнулі вароты і фургон на малой хуткасці пацягнуўся наперад, праехаў трохі і стаў. Жаўнеры выскачылі на вуліцу і зачынілі дзверкі. З-за металічных сценак даносіліся прыглушаныя загады.

— Вывадзіць па аднаму.

— Так точна.

— Пыткевіч, на выхад, — гаркнуў жаўнер скрозь прыадчыненыя дзверы.

Лысенькі дзядзечка ў пінжаку паверх майкі падняўся з лавы і няўклюдна саскочыў з прыступак. Наступнага вызава чакалі доўга. У цемры і цішыні. Час ад часу здаля чуўся рокат рухавіка і грукат падкаваных ботаў па бруку.

— Апанасенка, — яшчэ адзін часовы жыхар фургона знік за дзвярыма.

Міхась змагаўся са сном. Страх змяніўся пачуццём апрычонасці. Нічога не паробіш, дык мо хоць паспіш. Скрозь дрымоту хлопец чуў, як адчыняліся і зачыняліся дзверы, чуў галасы з вуліцы і фразу, сказаную камусьці з жаўнераў:

— Гэтава астаў у машыне, не збяжыць. Там места ўжо нет.

Затым ён усё-ткі заснуў. І цяпер праз невызначаны час Міхась сядзеў адзін у пустым фургоне і глядзеў як сонечны прамень скрозь краты малюе на пашарпанай сцяне паласаты прастакутнік.

Гэта быў не сон.

Хлопец падняўся з лавы каб зірнуць вонкі. За невялікім праёмам зарашочанага акенца быў бачны брукаваны двор і частка глухой цаглянай сцяны дома. Ніводнага чалавека ў поле зроку не трапілася. Міхась не адразу зразумеў, што падалося яму ненатуральным у навакольнай абстаноўцы. Цішыня. Калі Міхась засынаў, двор быў поўны гукаў і рухаў, цяпер хлопец мог пачуць як ледзь чутна патрэсквае бляшаная абшыўка фургона, разагрэтая ранішнім сонцам.

Асцярожна ступаючы па дошках падлогі, нібыта баючыся парушыць стукам крокаў нечаканы ранішні спакой, Міхась падышоў да дзвярэй фургона і прыслухаўся. Ані гука. Міхась штурхануў зверы і яны надзіва лёгка адкрыліся. У кабіну ўварвалася прахалоднае ранішняе паветра. Хлопец напружана чакаў, што цуд зараз скончыцца. Ахоўнік гыркне: «Куда?!» і начны кашмар працягнецца. Але нічога не адбылося, дзверка фургона ўжо хвіліну стаяла адчыненай і ніхто звонку не збіраўся яе зачыняць. Міхась высунуў галаву з дзвярнога праёму і азірнуўся. Пуста, ні душы. Хлопец, прыхапіўшы з падлогі валізку з рэчамі, спусціўся з фургона долу і адышоў ад машыны на пару крокаў. Рэха адбівалася ад змрочных сцен унутранага двара той установы, куды Міхася прывезлі на грузавіку з надпісам «Хлеб». Менскі НКУС. Міхась нават у думках пабойваўся ўзгадваць гэтую абрывіятуру.

Ён азірнуўся і пабачыў што за фургонам сярод двара ўзвышаецца невысокі будынак дзіўнай формы — два цагляных барабаны розных дыяметраў, меншы ў адзін паверх на большым двухпавярховым. «Амерыканка». Так паўшэптам называлі гэтую турму менчукі, прынамсі, тыя не многія, хто асмельваўся падымаць такую тэму ў размовах. Міхась сцепануўся нібы спіну працяла ледзяным павевам. Па адчуваннях менавіта ў бок гэтай турмы адводзілі канваіры ўначы Міхасёвых папутчыкаў. Хлопцу стала няўтульна знаходзіцца побач з гэтым будынкам і ён пачаў азірацца ў пошуках выхаду. Пляцоўка аточаная дамамі, глухія сцены без вокнаў. Стваралася ўражанне, што знаходзішся ў каменнай скрыні са знятым вечкам. Міхась заўважыў непадалёк ад сябе прыадчыненыя дзверы і накіраваўся да яе. Металічная створка лёгка паддалася і хлопец апынуўся у доўгім калідоры, што ішоў углыб будынка. Калідор быў цёмны, свяцільні пад столяй не гарэлі. Міхась паляпаў па сцяне ў пошуках выключальніка, але без плёну. Ён асцярожна рушыў наперад і адразу ледзь не грымнуўся на падлогу. Нага зачапілася за прадмет, што ляжаў пасярод калідора. Гэта была стрэльба. З такой жа вінтоўкай да Міхася ўначы завітаў адзін з нязваных гасцей. Жаўнер-канваір, які асуджальным позіркам сачыў за тым, як хлопец у спешцы запіхвае пажыткі ў валізку. Маўляў, даскакаўся здраднічак, з рэчамі на выхад, вось і канец твой. Міхась, стоячы на каленях сярод чорнага калідора са стрэльбай пад рукамі, нечакана для сябе заплакаў наўзрыд. Усё псіхічнае напружанне папярэдняй ночы, нібы выпрасталася ўзведзеная спружына, выходзіла з хлопца з усхліпамі, слязьмі і саплямі.

Праз некалькі хвілін гістэрыкі Міхась трохі супакоіўся і нарэшце падняўся з падлогі. Пераступіў праз вінтоўку і няроўным крокам пайшоў далей уздоўж сцяны калідора да цьмянага святла ўдалечыні. Толькі зараз ён упершыню падумаў пра тое, куды ж падзеліся ўсе ягоныя канваіры. Тэрміновая нарада ў высокага начальства? Выклік на барацьбу з бандытамі? Ці не дай бог вайна? Адказаў не было. Міхась дабраўся да дзверак з невялікім зарашочаным акенцам, з якога, як і ў фургоне лілося святло. Праход быў зачынены, хлопец дрыжачымі рукамі цягнуў ручку на сябе, штурхаў дзверы плячом. Марна. Сэрца загрукала, а расхістаныя нервы сталі хіліць да панікі. Нарэшце, далонь намацала пад ручкай ключ у замку. Паварот і дзверы адчыніліся. За ёй таксама быў калідор, але шырокі і светлы. Скрозь шматлікія вокны ў памяшканне з вуліцы лілося сонечнае святло. Засцелены дывановай дарожкай паркет, расліны ў кадках, карціны з пастаральнымі сюжэтамі па сценах. Тыповая атмасфера дзяржаўнага бюро, каб не абітыя бляхай дзверы з рашоткай на ваконцы, дык і не скажаш, што знаходзішся ў наркамаце ўнутраных спраў.

Міхась прыжмурыўся ад яркага святла і зірнуў праз шкло. Вокны выходзілі на цэнтральную вуліцу горада, на Савецкую. Хлопец пабачыў вагон трамвая, які стаяў пасярод маставой, таксама было бачна некалькі машын, пакінутых на абочыне ці проста сярод дарогі. Звычайнага дзённага дарожнага руху не было. Не было на вуліцах і людзей. Сэрца Міхася зноў шалёна закалацілася. Няўжо сапраўды вайна?! Газавая атака, пра якую так шмат расказвалі на занятках Асавіяхіма, выкасіла ўсіх жыхароў. Калі так, то чаму ён, Міхась, яшчэ жывы? І дзе тады трупы з крывавымі нарывамі на адкрытых участках целаў, пра якія так маляўніча распавядаў інструктар? Вуліца была пустыннай і як заўжды чыстай.

Можа гэта ўсё сон?

Хлопец азірнуўся ў пошуках выхаду з калідора і рушыў у адвольным кірунку. Міхась дайшоў да павароту. Тут стаяў столік з тоўстым журналам наведванняў. За столікам павінны быў сядзець вартавы і запісваць дадзеныя з дакументаў усіх, хто праходзіў далей, але вартавога не было. У будынку па адчуванням Міхася ўвогуле нікога не было. Цішыня ціснула на вушы не горш чым вада на глыбіні басейна. За паваротам быў хол і выхад вонкі. Насупраць дзвярэй ля сцяны на чорным гранітным пастаменце ўзвышаўся бюст Дзяржынскага. Жалезны Фелікс працінаў бронзавым позіркам кожнага, хто ўваходзіў ва ўстанову праз парадныя дзверы. Міхась з палёгкай хутка прайшоў, амаль прабег скрозь хол і выбраўся на вуліцу.

Выхад з будынка НКУС месціўся на рагу Савецкай і Урыцкага. Міхась, стоячы ў прамянях ранішняга сонца сярод пустой вуліцы, думаў, ці не абазначыць яшчэ неяк сваю прысутнасць. Крыкнуць «Людзі!», альбо «Ауууу!» як у лесе? Не, відаць, не варта. Хлопец не адчуваў прысутнасці хоць аднаго жывога чалавека ў навакольным свеце. Дзіўнае пачуццё, якое нельга патлумачыць рацыянальна. Міхась ужо быў сабраўся ісці далей, як раптам страпянуўся — чорны цень прабег па краю поля зроку. Рэзка павярнуўшыся, хлопец пабачыў фігуру злева ад сябе. Гэта быў сабака, які крочыў сярод вуліцы па сваіх сабачых справах. Ён таксама заўважыў чалавека, спыніўся і утаропіўся на Міхася. Хлопец заўважыў, што ў пашчы сабака трымаў цэлы батон кілбасы. Звер чмыхнуў носам і рушыў далей, абмінуў трамвай і схаваўся ў ценю дамоў на процілеглым баку вуліцы.

Мімаволі Міхась пацягнуўся услед за сабакам па Савецкай вуліцы. Абышоў той жа вагон і выйшаў да новага будынка НКУС, узведзенага зусім нядаўна. Цёмна-шэры бетонны гмах узвышаўся над старымі камяніцамі цэнтральнай вуліцы на цэлых два паверхі. За падманліва шчырымі вялікімі панарамнымі вокнамі хавалася злавесная цемра. Многія праёмы былі завешаны цяжкімі шторамі, а ў тых, дзе завесы былі рассунуты, усё роўна нічога нельга было пабачыць. Ранішняе святло без следу знікала ў чорных прастакутніках вокнаў. Зусім недалёка праз пару старых дамоў знаходзіўся новы універмаг. Дакладней, універмаг тут адчыніўся нядаўна, але сам будынак стары, нейкі дарэвалюцыйны капіталістычны банк. Міхась не памятаў падрабязнасцяў. Каля вітрыны з радыётаварам на вуліцы была пакінута тумба на колцах, застаўленая вядзёркамі з кветкамі — вулічная кветкавая крамка. Міхась мімаходзь заўважыў, што у вядзёрках былі толькі цюльпаны.

Думкі раіліся ў галаве: чаму ён? Чаму яны прыйшлі за ім? Міхась не мог зразумець, як стаў ворагам. Гэта нейкая памылка. Вось калі забралі дзядзю Шуру з суседняга дома, ён спачатку спужаўся. Увесь двор спужаўся. Але потым у газетах напісалі пра справу шкоднікаў-чыгуначнікаў, а дзядзя Шура працаваў на Маскоўскай станцыі, тады стала зразумела, што сусед сапраўды вінаваты. Шкоднікі псавалі абсталяванне, зацягнулі рамонт паравозаў і ўсімі сіламі перашкаджалі сацыялістычнаму будаўніцтву ў краіне. Але ён, Міхась, нічога такога не рабіў. Дый не мог рабіць, ён працаваў фатографам у атэлье «Белсаюзфота» і ніякай шкоды дзяржаве прынесці не мог. Ці мог? Можа там разбяруцца, што да чаго.

Калі вернуцца.

Хлопец ішоў далей, азіраючыся па баках. Гэты пусты бязлюдны горад, заліты сонечным святлом, з кожным крокам стаў здавацца яму усё больш і больш незнаёмым, хоць Міхась і пражыў тут ужо амаль палову жыцця. Тое адчуванне, калі прыглядаешся да твару старога знаёмца і пачынаеш заўважаць на ім нейкія новыя непрыкметныя раней рысы, новыя зморшчыны, валасок над вуснай, несіметрычны нос. Гэтых рысачак накопліваецца так шмат, што ўжо ўвесь твар падаецца чужым і здаецца, што бачыш чалавека упершыню. Так і гэты Менск, пусты, стэрыльны, падаваўся Міхасю новым горадам. Ён ішоў уздоўж галоўнай вуліцы, зазіраў у вокны, чытаў шыльды. Бачыў незаўважаныя раней хібы ў будынках: там-сям патрэсканая тынкоўка, вышчарбленая цэгла з падмурку, зацягнутае фанерай замест шкла акенца. А вось тут за брамай знаходзіцца цікавы двор, у які ніколі не заходзіў і нават не заўважаў, калі сотні разоў праходзіў побач па дарозе з працы да дому. Міхася забаўлялі гэтыя маленькія гарадскія адкрыцці, але напружанне і трывога ў душы нарасталі. Куды б ні зазірнуў хлопец, паўсюль было пуста. Ніводнага сляда чалавека, нібыта ўсе жыхары горада адначасова зніклі. Той сабака на перакрыжаванні быў адзінай жывой істотай, якую за сёння пабачыў Міхась. Нават птушак не было. Калі хлопец усвядоміў гэта, то яго прабрала холадам.

Можа, гэта сон?

Міхась не еў ад абуджэння і падчас хады па горадзе голад стаў давацца ў знакі. Хлопец узгадаў пра шмат сала, што цягаў з сабой у валізцы, але есці яго на сухую было цяжкавата. На шчасце, побач знайшлася крама «Менхарчгандлю». Міхась трохі павагаўся перад тым, як прайсці за прылавак і самому ўзяць неабходнае. Яму было нязвыкла браць задарма чужое і таму хлопец пакінуў каля касы жменю дробных капеек — усё што было ў кішэнях. Калі прадаўцы вернуцца, то амаль не будуць мець недастачы. Калі вернуцца.

Міхась прысеў перакусіць у скверы ля фантана. Доўгае хаджэнне па горадзе, цёплае дзённае сонейка, ежа і бутэлька «Аксамітнага» вытворчасці менскага піўзавода «Беларусь» — усё гэта разам хіліла арганізм да сну. Хлопец уладкаваўся на лаўцы і хутка забыўся дзённым дрымотным сном. Калі ён прачнуўся, сонца ўжо апускалася да гарызонту. Апроч гэтага нічога ў навакольным свеце не змянілася, Менск усё гэтак жа стаяў бязлюдным, бязгучным і пустым. Міхал падняўся, выпрастаў вопратку, змятую нязручнай позай сну. Зірнуў у бок фантана з фігурай хлопчыка і лебедзі ў цэнтры. Звычайна ў скверы паўсюль віравалі зграйкі галубоў і вераб’ёў, але зараз пляцоўкі і дарожкі былі пустыя. Факт адсутнасці птушак ва ўсім горадзе зноў застрашыў Міхася. Нешта гэта павінна было значыць, але што, ён не мог узгадаць.

Заход сонца стаў фарбаваць чырвоным сцены, і Міхась раптоўна вырашыў вяртацца дадому ў камуналку. Куды ж яшчэ, калі падумаць, яму зараз ісці. Хлопец падабраў з лавы валізку і рушыў са сквера ў бок Ляхаўкі. Міхась прайшоў міма тэатра, абышоў плот вялікай будоўлі на рагу Энгельса і Кірава, спусціўся на Лекерта, міма школы і першай бальніцы выйшаў да маста праз Свіслач. Чырвонае сонца ўжо напалову схавалася за дахамі дамоў, і ад ракі павявала халодным ветрыкам. Ідучы па мосце Міхась бачыў, як над паверхняй вады пачынае паціху збірацца смуга. Белае покрыва засцілала раку. На імгненне хлопцу падалося, што ў тумане ён можа адрозніць асобныя фігуры і постаці, нібыта па рацэ з берага на бераг ідуць людзі наўпрост па вадзе. Але навод хутка знік. Пэўна, дзень у адзіноце даўся ў знакі. Міхась рушыў знаёмай дарогай па Варашылаўскай вуліцы паміж шматлікімі фабрычнымі карпусамі. На разваротным кругу ў канцы вуліцы сумавалі тры трамваі. Абышоўшы іх, хлопец выйшаў да чыгункі.

Сонца схавалася за даляглядам. Ліхтары не ўключыліся, а вокны дамоў былі чорнымі. Менск залівала нязвыклая для вялікага горада цемра. На вуліцу Фабрычную Міхась выйшаў ужо ў паўзмроку. Тут у рабочым пасёлку ў адным з двухпавярховых стандартных дамоў хлопец атрымаў пакой у камуналцы. Заўжды тлумны па вечарах пасёлак зараз стаяў ціхім і мёртвым. Шэраг аднолькавых будынкаў, што з роўным крокам узвышаліся ўздоўж вуліцы, нагадваў шэраг магільных пліт. Міхасеў дом быў з дальняга краю пасёлка каля ўрочышча Тры Карчмы, так называлі гэты раён мясцовыя.

Размераная хада раптоўна перарвалася. Міхась стаў як укапаны. Яго вочы ўтаропіліся ў адну кропку. Вакно пакоя, дзе ён жыў, зараз было асветленае яркім электрычным святлом. Светлавы прастакутнік у цемры прыцягваў позірк і не адпускаў. Аслупянелы хлопец бачыў як у ягоным вакне прамільгнуў цень. Нехта чужы быў у пакоі. Ступар змяніўся дзейнасцю, Міхась адарваўся ад назірання за вакном і стаў азірацца па баках. Ля дома, як падалося хлопцу, ён заўважыў цёмны контур легкавой машыны.

— Вобшук. Яны шукаюць мяне. Яны вярнуліся, — вір думак закруціўся ў галаве. — Не пайду. Лепш я сам. Трэба вяртацца. Каб не было горш.

Міхась прыхапіўся, развярнуўся і пайшоў хуткім крокам у адваротным кірунку. Туды адкуль прыйшоў. Міхась ішоў цёмнымі вуліцамі, раз спатыкнуўся аб пакінуты сярод дарогі веласіпед, не з’арыентаваўся ў цемры і павярнуў не туды, прайшоў лішні квартал, але нарэшце выйшаў на рог Савецкай і Урыцкага. Калі Міхась праходзіў праз цёмны хол будынка НКУС, яму падалося, што бюст Дзяржынскага, які стаяў насупраць увахода, свеціцца ледзь бачным унутраным святлом. Такім святлом, ад якога ўсё навокал становіцца яшчэ цямнейшым. Хлопец мог пабіцца аб заклад, што пабачыў на бронзавым твары правадыра злавесную ўсмешку. Міхась хутка знайшоў металічныя дзверы, прайшоў неасветлены калідор, памятаючы пра вінтоўку на падлозе і вярнуўся ва ўнутраны двор. Дзверы фургона з надпісам «Хлеб» заставалася адчыненай, як яе і пакінуў хлопец. Міхал забраўся у кузаў, зачыніў за сабой дзверку, сцягнуў валізку, лёг на лаву і заплюшчыў вочы.

Гэта быў не сон.

Загрузка...