Дзень нараджэння


Месяц — царства вечнага дня і вечнай ночы адначасова. За круглым ілюмінатарам асветленая палаючым сонцам шэрая пустэльня рэзка кантрастуе з абсалютнай чарнатой бяззорнага неба. Але, нягледзячы на ўсю халоднасць навакольнага пейзажу, у маленькім паўцыліндрычным пакойчыку пануе свая, па-дзіцячы цёплая атмасфера. Аднаго погляду дастаткова, каб зразумець, што гэта сапраўды дзіцячы пакой: невялікі ложак, занадта нізкі для сярэдняга чалавека стол, скрыначка з надпісам «цацкі», ну і вядома сцены аблепленыя творамі няўмелай дзіцячай рукі. Толькі адно пытанне, адкуль на такім сур’ёзным аб’екце, як месяцовая база, узялося дзіця? Усё проста. Валя — названая так ў гонар першай жанчыны-касманаўта Валянціны Церашковай — першае дзіця, што нарадзіўся па-за Зямлёй, тут, на Месяцы, у «Месяцовым горадзе» — першым іншаланетным фарпосце чалавецтва.

Гэты «Месяцовы горад» нельга параўнаць па памерах са звычайным зямным горадам. Так, ён невялікі, але ўвесь час пашыраецца. На двух галоўных вуліцах — Гагарына і Лявонава — размешчаны дзясяткі навукова-даследчых лабараторый, мноства жылых і грамадскіх збудаванняў, маецца таксама свой парк — купальная аранжарэя — і помнік першым заваёўнікам космасу. Акрамя таго, у 10 кіламетрах ад горада знаходзіцца касмадром, на які кожны месяц садзяцца караблі з Зямлі, прывозяць у горад новую змену спецыялістаў, прадукты харчавання, апаратуру, жылыя і навуковыя модулі. Жыццё ў горадзе кіпіць: ні дня без цікавых адкрыццяў.

Не сакрэт, што і сама Валя з’яўляецца часткай праграмы даследаванняў месяцовага комплекса. Бо ніколі раней дзеці не нараджаліся на адлегласці ў чатырыста тысяч кіламетраў ад роднай планеты. Але ад гэтага факту любові да дзяўчынкі з боку насельнікаў базы не становіцца менш.

Валя жыве звычайным дзіцячым жыццём, шмат у чым падобным на жыццё зямнога дзіцяці. Дзяўчынка, як і любы пяцігадовы зямны дзіцёнак, наведвае школьныя заняткі. Толькі ў «Месяцовым горадзе» няма сваёй школы і таму настаўнікамі для Валі выступаюць яе ўласныя бацькі, якіх час ад часу падмяняюць іншыя члены даследчай групы. Яна, як і ўсе дзяўчынкі яе ўзросту, гуляе ў лялькі. Добрыя дзядзькі-касманаўты з кожным зямным рэйсам прывозяць ёй новую цацку. Вось нядаўна дзядзька Алесь нават кацяня прывёз, а інжынеры з Байканура збудавалі для яго спецыяльны скафандр-кошык у якім кацяня можна выносіць за межы дамоў-купалоў. Ёсць у кошыку немалы запас кіслароду і кішэнькі для цюбікаў з малаком і ежай, каб кацяня не заставалася галодным. Валя была ў захапленні ад такога падарунка. Дзіцё, якое ні разу не бачыла Зямлю, атрымала часцінку зямной прыроды. Пасля гэтага дзяўчынка ўжо ніколі не раставалася са сваім Кузям — такое імя яна дала кацяняці — і паўсюль насіла яго з сабой у хатцы-скафандры.

Сёння ў Валі дзень народзінаў. Вале споўнілася шэсць гадоў, шэсць гадоў бесперапыннага жыцця па-за Зямлёй на месяцовай станцыі. Толькі адзінкі касманаўтаў ва ўсім свеце могуць пахваліцца такім тэрмінам пражывання ў космасе.

З нагоды свята дзяўчынка ўстала рана. На яе століку ляжала паштоўка з бацькоўскімі віншаваннямі і вялікая кніжка-размалёўка з вясёлымі героямі мультфільмаў. Валя радасна абняла Кузю і наліла яму святочную порцыю малака. Пакуль кацяня хлябтала свой падарунак, дзяўчынка апраналася. Яна нацягнула лёгкі камбінезон, а затым на яго свой дзіцячы скафандр, з прышпіленым да спіны шлемам. Па тэхніцы бяспекі належала ўсюды, нават у межах купалоў, хадзіць у скафандры. Дзяўчынка ўзяла Кузю, пасадзіла яго ў пераносны кошык і выйшла са свайго пакоя. Валя зазірнула спачатку на кухню, а потым і ў бацькоўскі пакой, але ні таты, ні мамы нідзе не было. Тады Валя насунула на галаву шлем, загерметызавала свой скафандр і кошык кацяня, адкрыла падачу кіслароду і ўвайшла ў кесон, які вёў на вуліцы «Месяцовага горада».

Дзяўчынка ведала, што бацькі працуюць у цэнтры сувязі і таму панеслася туды з усіх ног. На вуліцах сёння было незвычайна шматлюдна: усе кудысьці беглі, ці проста вялізарнымі скачкамі пераадольвалі адлегласць, каля кесонаў жылых купалоў утвараліся чэргі на выхад і уваход. У горадзе панавала незразумелая ажыўленасць.

Валя не хацела выклікаць бацькоў па рацыі, яна жадала ўбачыць іх ужывую, і таму наўпрост накіравалася да прысадзістага шырокага купала з вялізарнай парабалічнай антэнай на даху. Калі дзяўчынка заходзіла ў кесон, адтуль якраз выходзіў дзядзька Алесь. Ён са здзіўленнем паглядзеў на Валю, але нічога не сказаўшы, пабег па сваіх справах. Унутры купала было шумна і цесна: мноства людзей у грувасткіх скафандрах сноўдала ад адных тэрміналаў да іншых. Валя не адразу ўбачыла бацьку, ён стаяў ля вялікага шыпячага экрана і гучна крычаў у мікрафон, а мама сядзела побач за сталом, падпёршы галаву рукамі. Дзяўчынка падышла да сваіх бацькоў.

— А, добрай раніцы, Валечка, — твар мамы быў сумны і нават нацягнутая ўсмешка, не змагла сцерці журбу з яе аблічча, — З Днём нараджэння, родная.

Тата павярнуўся, паглядзеў на дачку, кіўнуў і зноў пачаў нагаворваць у мікрафон.

— Ведаеш, дачушка, вяртайся ты лепей дахаты, пагуляй з цацкамі, у нас тут з татам тэрміновая справа, — мама падышла да Валі і ўзяла яе за руку.

— Зямля. Зямля. Кажа «Месяцовы горад». Што там у вас, адкажыце, — працягваў паўтараць тата.

Да яго падбег дзядзька Слава і працягнуў тэчку з паперамі.

— Вось паглядзіце — гэта новыя фотаздымкі з абсерваторыі. Вось тут і тут на паверхні нейкія ўспышкі, вельмі падобна на выбухі, — хутка прагаварыў ён, паказваючы штосьці на сваіх лістках.

— Так, вельмі падобна, — адказаў тата. — Што ж у іх там здарылася?

— Зямля. Зямля. Адкажыце ...

Але дзяўчынка ўжо не чула слоў, мама праводзіла яе да кесона і строга загадала сядзець дома, на вуліцу больш не выходзіць.

Валя неахвотна пайшла ў бок жылога купала. Крочыла павольна і часта зазірала ў кошык да кацяняці. З-за гэтага дзяўчынка станавілася перашкодай на шляху людзей, што сноўдалі па сваіх неадкладных справах па горадзе. Каля помніка першым касманаўтам дзяўчынка спынілася, каб у чарговы раз палюбавацца касмічнымі героямі.

Раптам дзіўны агеньчык прыцягнуў яе ўвагу. Нібы маленькі светлячок агеньчык падморгваў Валі з-за бліжэйшага дома-купала. Дзяўчынка вырашыла паглядзець, што ж там такое. Каля будынка ў паўметра ад паверхні вісеў невялікі агністы шарык.

«Ідзі сюды, ня бойся» — сказаў светлячок. Голас раздаваўся проста ў шлеме дзяўчынкі.

Валя падышла бліжэй, моцна абхапіўшы дзвюма рукамі кошык з кацянём.

«З днём нараджэння, Валечка», — сказаў агеньчык маміным голасам. — «Хочаш, я зраблю табе падарунак?»

Дзяўчынка згодна пахітала галавой.

«Тады ідзі за мной», — сказаў светлячок і павольна паляцеў у бок мяжы «Месяцовага горада», туды, дзе знаходзіліся падмуркі недабудаваных купалоў.

Дзяўчынка паслухмяна пайшла следам.

«Не бойся», — паўтарыў агеньчык, калі яны разам выйшлі за межы месяцовай базы.

— Я хачу да таты, — першыя слёзы з’явіліся на вачах Валі.

«Добра», — сказаў светлячок і пачаў надзімацца, паступова набываючы форму чалавечага цела.

Дужыя татавы рукі паднялі дзяўчынку і пяшчотна прыціснулі яе да грудзей.

— Хочацца спаць, — сказала дзяўчынка, пазяхаючы, і паглядзела на кацяня. Кузя ўжо скруціўся клубочкам на дне свайго доміка-скафандра і мірна пасопваў.

Чалавечая постаць з дзіцём на руках усё далей і далей аддалялася ад «Месяцовага горада». Шырокія татавы плечы абаранілі спячую дзяўчынку ад яркага, сляпучага святла новага сонца, што ўзышло над месяцовай базай. Сонца тэрмаядзернага выбуху.

«Спі спакойна, усё будзе добра».


Загрузка...