Залежнасць


— Ці дзейнічае ваша праграма на людзей згубна? Ці можа чалавек наогул памерці падчас сеансу? Хіба тое, што дзеецца з чалавекам у віртуальнасці, не адлюстроўваецца на яго арганізме ў рэальным свеце, як гэта любяць паказваць у фантастычных фільмах?

— На ўсе пытанні адзіны адказ: безумоўна, не! У вас састарэлае ўяўленне аб віртуальнай рэальнасці. У працэсе ўспрымання віртуальнасці ўдзельнічае толькі мозг. Інфармацыя падаецца толькі на зоны мозгу, якія ўспрымаюць пачуцці, абмінаючы зоны, што перадаюць гэтыя пачуцці на цела. Так што нават калі чалавек атрымлівае калецтва ў віртуальнасці, то ў рэальнасці яго арганізм застаецца непашкоджаным. Тое ж самае можна сказаць і пра смерць. Ды і наогул за бяспеку можаце не турбавацца. У нашым мінскім філіяле выкарыстоўваецца самае найноўшае абсталяванне, такое ж, як у Амерыцы ці Кітаі. І да таго ж для ўваходу ў нашу віртуальнасць не трэба свідраваць дзірку на патыліцы.

— Ха, я зразумеў ваш жарт пра дзірку у галаве. «Матрыца», я памятаю такі фільм. Сябры, нагадваю, што перада мной сядзіць дырэктар мінскага прадстаўніцтва фірмы «Watch», вядучага распрацоўніка і распаўсюдніка віртуальных атракцыёнаў.

Сяргей, пазяхаючы, увайшоў на кухню і кінуў позірк на экран тэлевізара, убудаванага ў сцяну над сталом. У эфіры ішла перадача «Добрай раніцы, Мінск». На экране малады вядучы пра нешта распытваў бізнэсоўца ў стылёвым гарнітуры.

Сяргей паставіў пакет з ежай у мікрахвалёўку і міжволі прыслухаўся да іх размовы:

— Зараз навінкай сезону і сусветным хітом з’яўляецца праграма віртуальнай смерці, распрацаваная вашай кампаніяй. Раскажыце, калі ласка, пра яе падрабязней.

— Вядома, вядома. Адразу прадбачу наступныя пытанні, і магу з упэўненасцю сказаць, што яна цалкам бясшкодная для чалавека. Тэставанне не выявіла ніякіх адмоўных адхіленняў у падыспытных. Праграма паспяхова выкарыстоўваецца ўжо амаль год. Ніводнага адмоўнага інцыдэнту за гэты час не адбылося.

— Зразумела.

Печка падала сігнал гатоўнасці. Сяргей дастаў свой сняданак, прысеў за стол і пачаў есці, гледзячы адным вокам у талерку, а іншым у тэлевізар. Прадстаўнік фірмы «Watch» працягваў сваю прамову:

— Слоганам нашай рэкламнай кампаніі ёсць выраз: «Перажыві тое, што яшчэ ніхто не перажываў!» Я вось, напрыклад, цалкам з ім згодны. Такую паўнату пачуццяў і вастрыню адчуванняў, якую забяспечвае наша праграма, можна атрымаць хіба што пры рэальнай сваёй смерці, ды і тое не ад усякай. Але ж вы не будзеце чакаць гэтага ўсё сваё жыццё?

— Так, вядома.

— Таму прыходзьце да нас і атрымаеце ўсё ў найлепшым выглядзе. І не забудзьцеся, сёння першы дзень запуску праграмы віртуальнай смерці і таму ўсім наведвальнікам будзе зніжка 50%, а кожны дзясяты можа прайсці сеанс бясплатна.

Бізнесовец так пільна паглядзеў у камеру, што Сяргею падалося, што дырэктар «Watch» глядзіць прама яму ў вочы. Рука з лыжкай замерла на паўдарозе ад талеркі да рота.

— Вядома. Гэта важна, — голас вядучага вывеў Сяргея са здранцвення, — Надышоў час развітвацца. Дзякуй вам за цікавую гутарку. Да пабачэння. Нагадаю вам, дарагія тэлегледачы, што з намі быў дырэктар мінскага філіяла фірмы «Watch». А цяпер пра тое, што вас чакае ў працягу нашай праграмы.

Сяргей акурат разабраўся з рэштай сняданку і пачаў збірацца да выхаду. Накінуў куртку, захапіў заплечнік і хуткім крокам выйшаў на лесвічную пляцоўку. Ліфт чакаць было доўга і Сяргей пачаў спускацца ўніз пехам. Ён па звычцы не зачыніў дзверы і хатняя праграма замкнула выхад самастойна, як толькі гаспадар аддаліўся ад кватэры на некалькі дзясяткаў метраў. Разам з тым выключыўся тэлевізар, пагасла святло на кухні і ў пакоі, а з-пад ложка выехаў робат-пыласос і прыняўся за працу.

У офісе Сяргея выдаўся цяжкі дзень. Хлопца літаральна завалілі дакументацыяй, з якой ён так і не змог разабрацца да канца працоўнага дня. Прыйшлося браць некаторыя паперы дадому. Раздражнёны і стомлены Сяргей ехаў у машыне па праспекце Францыска Скарыны. Галава яго была поўная змрочных думак. Штодзённае руціннае паўтарэнне адных і тых жа дзеянняў скоўвала волю Сяргея. Сняданак, паездка на працу, дзе кожны дзень прыходзілася пералапачваюць горы дакументаў, затым зноў дарога дадому, некалькі гадзін сумнага сёрфу ў інтэрнэце і нядоўгі, нервовы сон, а затым усё па новай. Пакутліва хацелася вырвацца з гэтага зачараванага кола.

На скрыжаванні загарэлася чырвонае святло. Пагружаны ў свае думкі Сяргей не заўважыў гэтага і працягваў ехаць далей. Праз секунду спрацавала сістэма аўтатармажэння, Сяргея кінула на стырно, ён моцна прыклаўся ілбом аб цвёрды пластык. Гэта раззлавала Сяргея і вярнула ў рэальны свет.

— Халера, што за бздура, павырубаў бы ўсю гэтую электроніку! — вылаяўся Сяргей.

Паціраючы лоб далонню, хлопец азірнуўся па баках. Над дарогай лунала, палаючы усімі колерамі вясёлкі, галаграфічнае рэкламнае палатно.

— Наведай «Watch»! Толькі сёння і толькі для цябе зніжка 50% на сеанс віртуальнай смерці. Кожны дзясяты праходзіць сеанс бясплатна. Спяшайся!

Сяргей ўспомніў ранішнюю перадачу. У ім прачнулася цікавасць да віртуальных забаваў.

— Чаму б і не? — падумаў ён. — Дома ўсё адно няма чаго рабіць.

Прастаяўшы пяць хвілін у невялікім заторы, Сяргей перабудаваўся ў левы шэраг і павярнуў да офіса фірмы «Watch».

Вялізныя літары з назвай фірмы луналі над дахам старога, але цалкам адрамантаванага дома ў самым цэнтры сталіцы. Сяргей завёў машыну на бясплатную падземную паркоўку пад будынкам офіса «Watch». Тут ужо было досыць шмат аўтамабіляў і месца для стаянкі давялося выбіраць доўга. Сяргей падумаў, што наўрад ці гэта ўсё машыны аматараў віртуальных забаў — было тут і шмат тых, хто проста скарыстаўся выгодамі бясплатнай паркоўкі у загружаным цэнтры горада. Па выхадзе з машыны Сяргей накіраваўся да бліжэйшага ліфта. Хлопец націснуў кнопку выкліку і дзверы бясшумна раз’ехаліся.

У прасторным холе наверсе ўсё было зроблена па апошнім слове тэхнікі і ў адпаведнасці з найноўшымі павевамі дызайнерскага мастацтва. Тоўстыя шкляныя калоны падтрымлівалі празрыстую столь, за якой было відаць надзіва чыстае начное неба з шматлікімі пацеркамі зорак.

— Галаграма, відаць — падумаў Сяргей, — у вялікіх гарадах зор ужо даўно не бачна.

Уздоўж сцен вузкай стужкай неслася паласа навін, рэкламы і біржавых зводак. Мяккае святло, здавалася, лілося адусюль, яўных кропак асвятлення бачна не было.

Удосталь налюбаваўшыся зорным небам, Сяргей накіраваўся да стала адміністратара. Хоць сталом гэты цуд тэхнікі назваць было цяжка. Гэта быў доўгі і выгнуты экран, па якім трансляваліся рэклама і ролікі найлепшых віртуальных гульняў, створаных фірмай. Сяргей падышоў да адміністратара, не адрываючы позірку ад таго, што разгортвалася на экране. Велізарны дзяцюк у рагатым шлеме і са здаравеннай сякерай раскідваў натоўпы атакуючых ворагаў. Унізе экрана красаваўся надпіс: «Адчуй лютасць Одзіна». Усё гэта было падобна на сцэну з якога-небудзь гістарычнага баевіка апошніх гадоў. Нават не верылася, што гульня можа быць настолькі рэалістычнай.

— Чым магу быць карысны? — адцягнуў Сяргея ад сузірання подзвігаў адважнага вікінга адміністратар.

— Я хацеў ... — пачаў казаць Сяргей і азірнуўся па баках. Людзей у прасторным холе было мала: некалькі чалавек накіроўвалася да выхаду, адзін выходзіў з дзвярэй у глыбіні залы. Выгляд у таго быў нейкі разгублены і ў той жа час узрушаны.

— Сеанс віртуальнай смерці пакідае вельмі моцнае ўражанне, — з усмешкай сказаў адміністратар, злавіўшы кірунак позірку Сяргея.

Хлопец спахапіўся і працягнуў:

— Я таксама хацеў бы прайсці сеанс віртуальнай смерці.

— Вы, напэўна, чулі пра 50% зніжкі на сёння? — твар адміністратара азарыўся яшчэ адной усмешкай.

— Так, — аўтаматычна адказаў Сяргей, працягваючы азірацца па баках, быццам першакласнік перад піўным ларком.

— Ды вы не хвалюйцеся, усё цалкам бяспечна.

— Я не хвалююся, — апамятаўся Сяргей, — проста цікава, які я па ліку.

— А, вы пра гэта, — усмешка не сыходзіла з твару адміністратара. — Хачу вас засмуціць, вы не дзясяты. Але скажу вам па сакрэце, вы былі блізкія, вельмі блізкія, вы дзявяты кліент пасля папярэдняга шчасліўца.

Сяргею ўвесь час не шанцавала ў такіх рэкламных акцыях. Кожнаму трэцяму — зніжка, для кожнага пятага — падарунак, кожнаму дзясятаму — бясплатны сеанс. А як ні прыйдзеш то другі, то чацвёрты, то, як цяпер дзявяты.

— Колькі з мяне? — упэўнена вымавіў Сяргей, ён канчаткова вырашыў прайсці ўсе выпрабаванні гэтай хвалёнай віртуальнай смерці.

— Пяцьдзясят рублёў, — ветліва адказаў адміністратар, не здымаючы з вуснаў ветлівай ўсмешкі.

Сяргей працягнуў банкаўскую картку і атрымаў маленькую пласцінку з эмблемай фірмы.

— Заходзьце ў тыя дзверы, — паказваў дарогу адміністратар, — кабіна нумар шэсць.

— Дзякуй.

Шырокія шкляныя створкі бясшумна раз’ехаліся прама перад Сяргеем, прапускаючы таго ў доўгі калідор, па абодва бакі якога цягнуліся дзверы, падпісаныя нумарамі. Сяргей накіраваўся да шасцёркі, каля якой ужо стаяў малады чалавек у касцюме з бэйджам на лацкане.

— Я аператар віртуальнага вылічальнага цэнтра, я буду праводзіць з вамі сеанс ВС, — адрапартаваў малады чалавек, які хутчэй паходзіў на вышыбалу ў модным клубе, чым на тэхніка-аператара.

Сяргей працягнуў яму картку. Бамбіза ўзяў пласцінку, павярнуўся, засунуў яе ў шчыліну замка і дзверы адчыніліся. Аператар жэстам запрасіў Сяргея ўвайсці. За дзвярыма знаходзіўся невялікі пакой, напоўнены прытушаным святлом. У цэнтры пакоя стаяла крэсла, падобнае на стаматалагічнае, у якім чалавек знаходзіцца ў напаўляжачым стане. Аператар зачыніў дзверы і падышоў да Сяргея.

— Пачнем! — бадзёра сказаў ён голасам маладога стаматолага, якому ўпершыню давялося вырываць зуб у жывога чалавека.

Сяргею раптам стала не па сабе. Боязь незразумелай тэхнікі, якая нагадвала пра зубны боль, дапаўнялася страхам перад самой віртуальнасцю.

— Які чорт мяне тузануў пайсці на гэта? — думаў ён.

— Сядайце, — аператар падвёў Сяргея да крэсла.

Розныя невясёлыя думкі раіліся ў галаве Сяргея, калі ён апускаўся ў «стаматалагічнае» крэсла, якое апынулася, дарэчы, вельмі зручным.

Аператар падышоў ззаду, пачакаў, пакуль Сяргей уладкуецца на месцы зручней, і апрануў яму на галаву шлем. Шлем быў глухім і закрываў амаль усю галаву. Нічога са звыклых стэрэа-экранчыкаў перад вачыма або навушнікаў каля вушэй у ім не было. Толькі нешта стала лёгка паколваць віскі і патыліцу пасля таго як аператар запусціў машыну.

«Інфармацыя падаецца непасрэдна на зоны мозгу, якія ўспрымаюць пачуцці ...» — успомнілася Сяргею фраза з ранішняй тэлеперадачы, — «і не трэба свідраваць дзірку на патыліцы».

— Ну як, нармальна? Не цісне? — спытаў аператар.

— Усё добра.

— Тады пачнем. Якую смерць вам загрузіць?

— Што вы звычайна ставіце пачаткоўцам?

— Крушэнне трансатлантычнага лайнера.

— Давайце, — сказаў Сяргей і міжволі сцепануўся, узгадаўшы «Тытанік».

— Выдатна. Ляжыце спакойна. Усё хутка пачнецца.

Па-за шлемам чуўся ціхі гуд вылічальнай тэхнікі. Цела раптоўна ахапіла лёгкасць, вочы сталі закрывацца, а думкі прыйшлі ў дзіўны спакой. Сяргей заплюшчыў вочы і заснуў.

Ачухаўся Сяргей у прасторным пакоі на велізарным двухмесным ложку. Вакол усё ззяла раскошай: разьбяныя крэслы з шаўковымі падушкамі, канапа насупраць ложка, элегантныя столікі з гнутымі ножкамі, залачоныя кандэлябры на іх, жырандоля з электрычнымі лямпамі і вялікае, ва ўсю сцяну, люстэрка, рама якога была сапраўдным творам мастацтва.

Ён не адразу зразумеў, дзе знаходзіцца. Толькі ўбачыўшы характэрнае круглае акно, Сяргей ўсвядоміў, што ляжыць у каюце карабля. Раптам патушылася і зноў запалілася святло. Сяргей убачыў, што падлога пачала прыкметна хіліцца налева, а рэчы на століках пачалі з’язджаць да краю. Ён устаў з ложка і паглядзеў уніз. Так і ёсць — ножкі ложка і століка, які стаяў побач, былі прыкручаныя да падлогі.

Святло зноў згасла і доўга не запальвалася. Аднекуль пацягнула холадам. Сяргея прабралі дрыжыкі. Аказалася, што адзенне на ім тое ж самае, у якім ён прыйшоў на сеанс: лёгкія штаны, кашуля і гальштук, куртку ён пакінуў у машыне.

Сяргей захацеў падысці да дзвярэй, але карабель моцна скаланула і хлопец паваліўся на падлогу. Падняўшыся з каленяў, ён усё ж дайшоў да дзвярэй і тузануў ручку. У туфлі хлынула ледзяная вада. Сяргей ускочыў як апараны і адбег назад, але было ўжо позна. Вада пакрыла ўсю падлогу, і ўзровень яе імкліва ўздымалася. Калі вада дайшла яму да каленяў, Сяргей запанікаваў.

Ён выбег у калідор і агледзеўся. Калідор быў вельмі доўгім, Сяргей не змог убачыць яго канец ні злева ні справа. Усюды былі драўляныя дзверы з нумарамі, а на сценах ўздоўж калідора віселі электрычныя свяцільні. Сяргей не ведаў, што рабіць і куды бегчы. Думкі аб віртуальнасці вылецелі ў яго з галавы. Адзінае, чаго ён хацеў, гэта выратаваць сваё жыццё.

Вада дабралася Сяргею да пояса. У вадзе цяжка было знаходзіцца, яна была жудасна халодная. Сяргею ж здавалася, што ён стаіць у плыні палаючай вадкай лавы. Ногі, нібы сколатыя тысячамі голак, балелі пры кожным яго руху.

Хлопец не мог больш стаяць на адным месцы і чакаць канца. Ён пабег. Пабег, што было сіл, прабіваючыся скрозь тоўшчу ледзяной вады, пабег, перамагаючы нясцерпны боль. Сяргей бег, а вада падымалася ўсё вышэй і вышэй. Ён стаў трымацца за сцяну, каб не ўпасці, але ўсё роўна страціў раўнавагу і пагрузіўся ў ваду з галавой. Цела звяло моцнай курчай, павекі зліпліся і не жадалі расплюшчвацца, дыханне перахапіла так, што немагчыма было выдыхнуць. Сяргей перастаў адчуваць ногі і рукі. Ён на імгненне страціў прытомнасць.

Хлопец ачуняў, з сілай адштурхнуўся рукой ад сцяны і, нарэшце, вырваўся з вады. Было цёмна, Сяргей расплюшчыў вочы, але нічога не змянілася. Рукой ён адчуваў сцяну, а галавой — столь. Хлопец на імгненне спалохаўся, што аслеп, і стаў шалёна круціць галавой і церці вочы, думаючы, што гэта дапаможа вярнуць яму зрок. Але раптам ён заўважыў чырвоны агеньчык далёка наперадзе. Сяргей прыгледзеўся і зразумеў, што гэта гарыць аварыйная лямпа. Але праз імгненне і яна патухла, на караблі канчаткова знікла электрычнасць.

Дзіўны спакой ахапіў Сяргея. Вада даходзіла да падбароддзя, але яму было ўжо ўсё роўна. Ён не адчуваў ані рук ані ног, ён у прынцыпе дрэнна адчуваў сваё цела, хоць і ведаў, што яго ногі цяпер апантана малоцяць ваду, імкнучыся вынесці хлопца бліжэй да паветра, а яго рукі хапаюцца за згаслую свяцільню, імкнучыся трымаць раўнавагу. Самому Сяргею было ўсё адно.

Вада дайшла да ўзроўню вачэй, але Сяргей ужо не стараўся ёй перашкаджаць. Ён зрабіў маленькі ўдых — вада ўвайшла ў ноздры. Ён закашляў, вызваляючы лёгкія ад рэшткаў паветра. Ногі перасталі працаваць, рука адпусціла свяцільню, цела пагрузілася на падлогу, на «дно» калідора. Сяргею было ўжо ўсё роўна. Ён чакаў. Цела не хацела паміраць, але розум ведаў, што ўсё скончана. Сяргей адчуваў, як слёзы нямоглай лютасці выцякаюць з яго вачэй і тут жа распушчаюцца ў спакойнай, саланаватай і нясцерпна халоднай вадзе. Сяргею было ўжо ўсё роўна. Цела не хацела, але хлопец усё ж зрабіў свой апошні глыбокі ўдых. У лёгкія ўварвалася вада, руйнуючы тканіну, раздзіраючы плоць на часткі. Сэрца яшчэ стукала, яшчэ гнала літры крыві, ужо нежывой крыві па целе. Розум патухаў. Сяргею было ўжо ўсё роўна. Сяргей ужо памёр.

Маленькі пакой з нязыркім асвятленнем, нізкая столь і чалавек у гарнітуры з бэйджам — гэта ўсё, што ўбачыў Сяргей пасля смерці. Цьфу, якой яшчэ да чорта смерці!? Праз некалькі імгненняў Сяргей узгадаў, дзе знаходзіцца.

— Ну як? Усё ў парадку? — спытаў малады аператар.

— Так, халера пабяры, — перад вачыма Сяргея яшчэ стаяла перадсмяротная цемра, але ў целе не было ніякага болю і дыханне было роўным і спакойным. Усё было ў поўным парадку.

Засталося толькі пачуццё нездаволенасці. Як калі б цябе адарвалі ад любімай справы ў самы непадыходзячы момант. Дзіўнае пачуццё.

— Як адчуванні? — са стандартнай усмешкай спытаў малады чалавек.

— Жудасна, — з абурэннем адказаў Сяргей. Ён узгадаў ледзяную ваду і лёгкія, якія разрываюцца ад болю. І яшчэ ён успомніў сваю абыякавасць да ўласнай смерці і яму стала прыкра.

Але што цікава, Сяргею захацелася ўсё гэта выпрабаваць нанова. Толькі ён не хацеў сабе ў гэтым прызнавацца. Сяргей стараўся забыцца пра гэта пачуццё, схаваць яго пад маскай абурэння.

— Гэта было маё першае і апошнія наведванне вашай канторы, — Сяргей груба адштурхнуў руку, працягнутую яму ў дапамогу аператарам.

— Навошта ж так, — пакрыўдзіўся аператар і затым шэптам, сабе пад нос, дадаў: — Усе ў пачатку так кажуць.

Сяргей зрабіў выгляд, што не пачуў гэтага і хуткім крокам накіраваўся да дзвярэй. Ён быў злы на сябе, злы на аператара, у прынцыпе, нядрэннага хлопца, ён быў злы на ўсё, што было каля яго.

— Да новых сустрэч! — ветліва развітаўся адміністратар.

Сяргей не адказаў. Ён ударыў далонню па кнопцы ліфта. Спусціўся, дайшоў да машыны і з сілай націснуў вялікім пальцам на сэнсарны замок дзверцы. Рэзка крануўся з месца і хутка выехаў з гаража, ледзь не заехаўшы на сустрэчную паласу. На што бартавы кампутар зрабіў яму заўвагу. Сяргей паслаў кампутар падалей. Ён ад’язджаў хутка і не азіраючыся. Але ў глыбіні душы Сяргей ведаў, што яшчэ вернецца сюды. Яго нутро прагнула смерці. Сваёй уласнай смерці.


***


Ішоў час, Сяргей пастаянна завісаў на працы, часу не заставалася ні на адпачынак, ні на асабістае жыццё. Праца адымала ўвесь вольны час. Сяргей паступова звярэў, ён пачаў грубіць калегам, часта выходзіў з сябе і наогул стаў невыносным ў зносінах. Хлопец агрэсіўна паводзіў сябе за стырном, настолькі, што бартавы кампутар заблакаваў яму права кіравання на тры месяцы. Дырэктар, які заўважыў такія паводзіны супрацоўніка, аднойчы выклікаў яго да сябе.

Сяргей увайшоў у кабінет хмурны, бухнуўся ў крэсла для наведвальнікаў і ўтаропіўся ў цэнтр падлогі.

— Што з табой такое стала? — пачаў размову дырэктар.

— Нічога, усё як заўжды, — буркнуў Сяргей.

— Вось, што Сяргей, ты гэта кінь. Зрабі сабе выходны, я дазваляю. Адпачні пару дзянькоў, супакойся, — працягваў начальнік мяккім заспакаяльным голасам. — Не ведаю, схадзі, напрыклад у «Watch», там, кажуць, шмат што памянялася. Там зрабілі цэлы парк віртуальных атракцыёнаў.

— Яшчэ чаго, — прабурчаў Сяргей, з агідай прыгадаўшы сваё адзінае наведванне гэтай канторы.

— Увогуле, ты мне ў такім стане не патрэбны. Вяртайся калі адпачнеш. Усё, вольны! — сказаў дырэктар і адвярнуўся да манітора.

— І вось яшчэ што, — кінуў начальнік у спіну Сяргею, калі той стаяў у дзвярах, — Калі хочаш, можаш узяць маю машыну. Твая ж яшчэ заблакаваная, так? — Сяргей кіўнуў, — Лаві ключы.

Сяргей злавіў звязку і, здзіўлены шчодрасцю начальніка, накіраваўся ў гараж. Ён сеў у дырэктарскі аўтамабіль, пасядзеў некалькі секунд, каб крэсла прыняло зручную для яго цела форму, завёў рухавік і паехаў наўпрост да офіса «Watch».

Ужо здаля Сяргей зразумеў, што тут шмат што памянялася. Офіс «Watch» ўжо не быў проста офісам, на яго месцы размяшчаўся вялікі забаўляльны комплекс, які расцягнуўся на цэлы квартал. Фірма выкупіла ўсе дамы ў акрузе, аб’яднала іх у адзін вялікі корпус і паставіла над гэтай плошчай велізарную шкляную піраміду. Усе стракацела агнямі і паветранай 3D рэкламай. Вялізныя зялёныя стрэлкі, што віселі ў паветры, паказвалі месца бліжэйшай паркоўкі.

Сяргей заехаў у падземны гараж. Стаянка была, як і раней, бясплатная, так што свабоднае месца зноў прыйшлося доўга шукаць. Ліфт з падземнага паверху падняў хлопца ў самы цэнтр прасторнага хола, наўпрост пад вяршыняй велізарнай шкляной піраміды-купала. На гэты раз комплекс быў запоўнены людзьмі пад завязку. Сотні людзей хадзілі навокал, запісваліся на сеансы, падсілкоўваліся ў вялікім фуд-корце, гулялі на старых прыстаўках, пастаўленых паўсюль фірмай для бясплатнага карыстання. Сяргей рушыў да бліжэйшага інфармацыйнага стэнду і стаў у канец невялікай чаргі.

— Я вас слухаю, — адміністратар ўсміхаўся пастаянна ўсім і кожнаму.

— Я хацеў бы запісацца на сеанс віртуальнай смерці, — хмурна сказаў Сяргей.

— Выдатна. Цяпер як раз свабодна 3 кабіны, — адміністратар адвёў позірк ад манітора, — Вам новага тыпу або старога.

— Давайце новага. Колькі з мяне?

— Трыццаць рублёў.

У думках параўнаўшы гэтую суму са старой, Сяргей зразумеў, што кошты тут прыкметна знізіліся.

— Дзякуй, што наведалі нас, — сказаў адміністратар, беручы картку, — Праходзьце вось у тыя дзверы, вас там ужо чакаюць.

Сустрэў Сяргея усё той жа малады аператар падобны на вышыбалу ў нязменна строгім касцюме з бэйджам.

— Добры дзень, праходзьце сюды, — сказаў ён, адкрываючы дзверы.

— Прывітанне, — Сяргею стала цікава, ці пазнаў хлопец яго. Хаця з таго часу калі Сяргей быў тут у першы раз, сеансамі скарысталася ўжо сотні людзей, хіба ўсіх запомніш?

Пакой змяніўся мала, хіба што сцены памянялі колер, дый неонавага асвятлення стала трохі больш.

— Значыць, ВС новага тыпу. Што менавіта вы хочаце? — пацікавіўся аператар.

— Стаў тое, што цяпер бяруць больш за ўсё.

— Выдатна, — сказаў ён і пачаў падключаць Сяргея да сістэмы.

Сяргею стала цікава, якой смерці аддаюць перавагу наведвальнікі ў гэтым сезоне. Ён у думках пачаў перабіраць варыянты, але машына пачала працаваць і ўсе думкі зніклі. Вочы заплюшчыліся самі сабой і Сяргей праваліўся ў глыбокі сон.

Ачуняў ён на беразе мора. Толькі гэта быў не звычайны пляж, запоўнены турыстамі. Гэта быў пляж, завалены металічнымі супрацьтанкавымі яжамі, калючым дротам, заліты жалезабетонам і перакапаны варонкамі выбухаў. Гэты пляж быў полем бітвы.

Сяргей стаяў на лініі прыбою. На бераг накатваліся нізкія хвалі, але ён не чуў іх шуму. Сяргей адразу аглух ад стрэлаў, выбухаў, свісту куль і крыкаў, якія шчыльна запаўнялі паветра. Ён убачыў у сваіх руках вінтоўку, загорнутую ў пластыкавы пакет. Ён убачыў дзясяткі людзей у зялёнай уніформе, якія беглі па пляжы, і дзясяткі тых, што ляжалі на пяску ў нехарактэрных для чалавечага цела позах. Ён убачыў грамады жалезабетонных дотаў, што навісалі над пляжам, нібы скалы.

Сяргей ўспомніў, што гэта за вайна. Ён нават прыгадаў, што ўжо недзе бачыў усё гэта. Ён усё зразумеў і хацеў ужо зрабіць першы крок, як нешта ўдарыла яго ў жывот з такой сілай, што Сяргей не выстаяў і ўпаў на пясок наўпрост у новую хвалю прыбоя. Сяргей здзівіўся і не адразу зразумеў, што з ім адбылося. Ён паспрабаваў устаць. Але тут прыйшоў боль. Жудасны боль у жываце. Яго вантробы гарэлі агнём, нібы хтосьці абліў іх бензінам і падпаліў. Сяргея ўсяго скруціла. Ён чуў, як трашчаць яго зубы, сціснутыя дзікім болем. Сяргей не адразу адчуў, што адкусіў сабе кавалак языка. Боль быў жахлівым. У вачах пацямнела, ён амаль нічога не бачыў. І толькі надарваны хрыплы голас проста над яго вухам, захоўваў сувязь з рэальнасцю.

— Доктара, хутчэй лекара сюды!

Перамагаючы боль, Сяргей павярнуў галаву і ўбачыў малады твар. Мокрае, бруднае, але неймаверна сур’ёзнае аблічча. Салдат нешта засяроджана шукаў у сумачцы на поясе. Праз імгненне ён дастаў з яе пластмасавую ампулу з іголкай на канцы. Ён зняў з яе каўпачок і нагнуўся над левай рукой Сяргея. Момант уколу Сяргей не заўважыў, усё цела скаваў новы прыступ жудаснага болю. Толькі калі боль крыху аслаб, хлопец адчуў, як па левай руцэ расцякаецца цеплыня. Ён адчуваў, як яна даходзіць да грудзей, ўліваецца ў галаву, запаўняе жывот. Сяргею стала лягчэй. Ён ужо нічога не бачыў і амаль нічога не чуў, але адчуваў, як боль сыходзіць. Не, не сыходзіць, адступае на другі план. Сяргей адчуў незвычайную лёгкасць ва ўсім целе. Хлопец раскінуў рукі і ўзняўся ў неба.

Грубы, але ўжо ледзь чутны голас на імгненне перабіў асалоду.

— Не, гэтаму ўжо не дапаможаш. Хадзем далей.

Сяргей застаўся ў адзіноце. У шчаслівай адзіноце. Ён не адчуваў цела, не адчуваў больш ніякага болю, ён ляцеў і яму было добра. Настолькі добра, што Сяргей адчуў сапраўднае Шчасце. Не тое эфемернае шчасце, што вечна маячыць наперадзе, нібы гарызонт. І як ні стараешся, як ні спрабуеш яго дамагчыся, яно ўвесь час сыходзіць наперад і хвіліны не пабыўшы з табой. А гэта Шчасце было сапраўдным, і Сяргей ведаў, што яно будзе доўжыцца вечна.

Кволае святло маленькага пакоя абпаліла Сяргею вочы.

— Што за бздура, — прашыпеў ён у абурэнні.

— Ну як? Усё ў парадку? — прыемны голас аператара раптам стаў жудасна агідным.

— Так, абадай цябе, — Сяргей быў жудасна незадаволены, тым, што яго адарвалі ад чагосьці ўзнёслага, вечнага і бясконца прыемнага.

— Як адчуванні? — спытаў тэхнік, здымаючы шлем.

— Жахліва, — агрызнуўся Сяргей і выскачыў з крэсла. Хуткім крокам ён выйшаў з пакоя.

Яму пакутліва хацелася падоўжыць адчуванні ад сеансу і ён з змагаўся з сабой, каб не кінуцца зноў да стойкі адміністратара і не замовіць яшчэ адну ВС. Дома Сяргей адразу лёг спаць і амаль імгненна пагрузіўся ў глыбокі сон.

З наступнага дня ўсё пайшло наперакос. Усё падала з рук. Усё, што Сяргей пачынаў, не атрымлівалася. Па дарозе да офіса Сяргей ледзь не трапіў у аварыю. Хлопец пакінуў дырэктарскую машыну на стаянцы каля офіса і на метро паехаў у цэнтр «Watch».

Замовіўшы дзве смерці запар — больш было нельга — Сяргей трохі супакоіўся. Віртуальнасць прынесла тыя жаданыя хвіліны асалоды, дзеля якіх варта жыць. Але гэта была толькі кропля радасці ў моры штодзённасці.

Так стала паўтарацца кожны дзень. Віртуальная смерць стала сэнсам яго існавання. Сяргей не мог пражыць і дня, не памёршы. На працы ён больш не з’яўляўся, на званкі таварышаў па службе не адказваў, стаў весці затворніцкі лад жыцця, выбіраўся з дома толькі для таго, каб у чарговы раз памерці. Калі ў хлопца здарыўся прыступ, у прэсе ўжо пачалі з’яўляцца першыя артыкулы пра згубны ўплыў віртуальнай смерці на псіхіку. У той дзень аператар як заўжды зняў шлем з Сяргея, але хлопец не ачухаўся і ўвогуле не падаваў прыкметаў жыцця. Аператар спалохаўся, выклікаў начальства, штатны доктар фірмы праверыў стан хлопца. Пульс прысутнічаў, Сяргей слаба дыхаў, але ў прытомнасць не прыходзіў. Кіраўніцтва «Watch» вырашыла накіраваць беспрытомнага кліента на абследванне ў прыватную клініку за свой кошт. Прысуд лекараў быў суравы: глыбокае паражэнне мозгу, адключэнне ўсіх разумовых і рухальных функцый. Патрабавалася тэрміновая шпіталізацыя, але шанцаў на выздараўленне было мала. Праўда, хутка кіраўніцтва мінскага філіяла фірмы перастаў цікавіць лёс Сяргея, новыя выпадкі пашкоджанняў мозгу ад віртуальнай смерці сталі адбывацца па ўсім свеце.


***


Крэсла-каталка павольна ехала па калідоры. Санітар, шчуплы хлопец у зялёным халаце, напяваў сабе пад нос нейкую вясёлую песеньку. Пацыент у каталцы невідушчымі вачыма ўтаропіўся на свой левы тапак. Каля пакоя адпачынку санітар спыніўся, каб паглядзець, што там адбываецца. Некалькі пацыентаў глядзелі нейкую навуковую праграму.

— Сёння ў нас, дарагія тэлегледачы, сур’ёзная размова з доктарам віртуальнай псіхалогіі Валерам Ягловым. Тэма самая што ні ёсць актуальная: ўплыў віртуальнай смерці на псіхіку людзей. Скажыце, калі ласка, Валерый, ці частыя выпадкі пашкоджанняў мозгу ў людзей, што карыстацца паслугамі «Watch»?

— Вы правільна заўважылі, што толькі віртуальная смерць выклікае расстройствы ў людзей, іншыя атракцыёны бясшкодныя для чалавечага здароўя. Адносна выпадкаў пашкоджання мозгу, то іх вельмі мала. У нашай краіне толькі чатыры чалавекі з усіх, хто праходзіў праз сеансы ВС, страцілі розум. Але гэтага цалкам дастаткова, каб спыніць распаўсюд гэтага віду атракцыёнаў.

— Так, віртуальная сьмерць ужо забароненая па ўсё планеце. «Watch» нясе шматмільярдныя страты, выплачвае вялікія кампенсацыі пацярпелым. Але вы б не маглі ўдакладніць прычыны страты розуму?

— Вядома. У «Watch» шмат разоў сцвярджалі, што іх праграмы не дзейнічаюць на цела і нервовую сістэму, што яны загружаюцца проста ў мозг. Але вось, што адбываецца ў мозгу, яны не ўдакладнялі. А мозг гэта вельмі складаная сістэма. У некаторых людзей выяўлялася асаблівая адчувальнасць да віртуальнай смерці. Цела заставалася ў нармальным стане, але вось клеткі мозгу, успрымаючы вобразы, што пасылала машына, як рэальныя, адміралі. І з кожнай новай смерцю ўсё часцей і часцей. З часам спынялася разумовая дзейнасць, а пазней і рухальная. Толькі вобласці мозгу, якія адказваюць за атрыманыя чалавекам задавальнення, заставаліся некранутымі і пры гэтым увесь час ўзбуджаліся. Людзі, якія ўваходзілі ў гэтую групу рызыкі, ужо пасля першага сеанса віртуальнай смерці не маглі адарвацца і праходзілі ВС зноў і зноў. У пацыентаў развівалася самая сапраўдная наркатычная залежнасць ад сеансаў.

— Дзякуй, спадар Валер. Нашых тэлегледачоў цікавіць пытанне, а ці можна вылечыць гэтую хваробу?

— Не, шанец на выздараўленне амаль нулявы.

— Дзякуй.

Санітар пастаяў некалькі хвілін, хмыкнуў і пакаціў каляску далей. Пацыент за ўвесь гэты час так і не адарваў позірку ад свайго тапка.


Загрузка...