Чырвонае на шэрым


Мікалай Іванавіч стаяў на прыпынку. Час ад часу да іржавага павільёна прыпаўзалі аўтобусы. У іх нутро з цяжкасцю ўпіхваліся пасажыры, дзверы натужліва зачыняліся і аўтобусы, равучы перагружанымі рухавікамі, ад’язджалі. Патрэбнага нумара ўсё не было. Мікалай Іванавіч пачаў хвалявацца. Яму не падабалася чакаць. Цяжэй за ўсё на свеце, ведаў Мікалай Іванавіч, чакаць і даганяць. Ён ужо дваццаць хвілін чакаў свой нумар, але аўтобус усё не прыходзіў. Гэта было невыносна.

А тут яшчэ, як на зло, пачаўся дождж. Слабы, гідкі, дробны дождж. Людзі, якія стаялі на прыпынку, збіліся ў кучу пад іржавым, месцамі дзіравым навесам. Мікалай Іванавіч здолеў прыбудавацца збоку. Цяпер велізарныя брудныя кроплі, што зрываліся з краю навеса, падалі яму на галаву і плечы.

Абліччы людзей, што стаялі побач з Мікалаем Іванавічам, былі напружаныя. Бледныя, змарнелыя твары былі накіраваныя ў адзін бок. Людзі пільна ўглядаліся скрозь заслону дажджу туды, адкуль павінны быў прыйсці чарговы аўтобус. Яны былі напагатове, здольныя ў любую хвіліну ўзяць прыступам прыбылы транспарт.

Каля галавы Мікалая Іванавіча хтосьці раскрыў чорны парасон. Спіцы старога парасона былі пагнутыя або зламаныя. Яны ўвесь час імкнуліся патрапіць Мікалаю Іванавічу ў вока. Мікалай Іванавіч зморшчыўся і адвярнуўся. Ён пачаў глядзець у іншы канец вуліцы. Уздоўж пабітай асфальтавай дарогі цягнуліся аднолькавыя шэрыя скрынкі дамоў. З тратуара тырчалі чорныя крывыя ствалы дрэў. Неба было зацягнута непрагляднымі шэрымі хмарамі.

Проста над дарогай была нацягнута шырокая паласа чырвонай матэрыі. На ёй вялікімі акуратнымі літарамі была выведзена: «У новае тысячагоддзе — з новым грамадскім ладам!».

Мікалай Іванавіч залюбаваўся гэтай паласой.

— Чырвонае на шэрым, у гэтым нешта ёсць, — падумаў ён, — Чырвонае на шэрым. Прынамсі, хоць нейкая разнастайнасць.

Пра сэнс напісанага ён задумвацца не стаў.

Мікалай Іванавіч адарваў позірк ад чырвонай расцяжкі і павярнуў галаву. І своечасова. Да прыпынку пад’язджаў, равучы рухавіком, патрэбны Мікалаю Іванавічу аўтобус. Мікалай Іванавіч з вялікай натугай улез у набіты людзьмі салон. Ён прымасціўся на апошняй прыступцы, упіраючыся спінай у дзверы. Перад кожным прыпынкам Мікалаю Іванавічу прыходзілася ўціскаць сваё цела ў людскую масу ў салоне, каб даць магчымасць дзверцам адчыніцца. Затым яго выштурхваў вонкі натоўп людзей. Тых, што выходзілі з аўтобуса. Мікалаю Іванавічу даводзілася паўтараць штурм нанова. Ад дома да завода, дзе працаваў Мікалай Іванавіч, было восем прыпынкаў.

Мікалай Іванавіч рабіў слесарам на заводзе эксперыментальных канструкцыйных матэрыялаў. І хоць фармальна завод лічыўся за нейкім НДІ, працаваў ён на абаронку. Мікалай Іванавіч не ведаў, што ў выніку атрымлівалася з тых дэталяў, якія ён выточваў на сваім станку. Танкі? Самалёты? Падводныя лодкі? Уласна, гэта было яму зусім не цікава. Мікалай Іванавіч проста рабіў сваю працу. І рабіў яе добра. Ён быў ударнікам вытворчасці. Яго фота пастаянна красавалася ў самым версе дошкі гонару. Неабсяжная цётка Марфа, якая сядзела на прахадной, кожны раз, калі які-небудзь рабочы прыходзіў са спазненнем або нападпітку, тыцкала сваім мясістым пальцам у фатаграфію Мікалая Іванавіча і казала:

— У-у-у, бездар. Глядзі, на каго ты павінны раўняцца.

Але Мікалай Іванавіч ніколі гэтага не бачыў. Ён заўсёды прыходзіў своечасова і ніколі не выпіваў перад працай. Вось і цяпер, па выхадзе з аўтобуса, Мікалай Іванавіч набліжаўся да прахадной роўна за дзесяць хвілін да пачатку змены. Цётка Марфа ветла ўсміхнулася Мікалаю Іванавічу. Мікалай Іванавіч выгнуў вусны ў падабенстве ўсмешкі і прайшоў праз турнікет.

Каля ўваходу ў цэх Мікалай Іванавіч убачыў двух рабочых, якія кешкаліся з прыстаўной лесвіцай. Трэці стаяў далей і, мацюкаючыся, кіраваў працэсам ўстаноўкі драбін. У руках ён трымаў згорнутае чырвонае палатно.

— Зноў расцяжка, — падумаў Мікалай Іванавіч. Ён уявіў, як будзе глядзецца чырвоная стужка на шэрай бетоннай сцяне цэха.

— Чырвонае на шэрым, — ціха прамовіў Мікалай Іванавіч.

У цэху было ціха. Да пачатку працоўнага дня заставалася яшчэ некалькі хвілін. Мікалай Іванавіч зняў сваё прамочанае шэрае паліто і павесіў яго ў шафу. Дастаў з шафы шэрую робу, шэры барэт і шэрыя пальчаткі. Выняў з кішэні робы акуляры і накіраваўся да свайго рабочага месца. Станкі ў цэху былі велізарныя, масіўныя. Іх круглявыя бакі ўзвышаліся над Мікалаем Іванавічам яшчэ на добрую галаву. Гэта былі старыя нямецкія станкі. Трафейныя, яшчэ з той, перадапошняй вайны. Мікалай Іванавіч некалі спрабаваў прачытаць да канца надпіс на незразумелай нямецкай мове, які ўпрыгожваў тарэц ягонага станка.

— Штурбф ..., — лепятаў Мікалай Іванавіч, ўчытваючыся ў адзінае, але вельмі доўгае, з дваццаці пяці літар, слова на эмаляванай шыльдзе, — ... груберш ... м-м-м.

Пасля некалькіх спроб Мікалай Іванавіч кінуў гэтую безвыніковую справу і ўжо больш не звяртаў увагі на надпіс.

Мікалай Іванавіч падышоў да свайго станка. Узяў балванку і ўставіў яе ў заціск. Нацягнуў на вочы ахоўныя акуляры. Дастаў патрэбны разак і націснуў на кнопку «пуск». Цэх напоўніўся мерных гудзеннем магутнага электрычнага рухавіка.

Мікалай Іванавіч адбыў палову змены і ніводнага разу не адышоў ад станка. Ён не курыў і яшчэ з вайны ўмеў стрымліваць пазывы свайго арганізма. Мікалай Іванавіч быў ветэранам АІВ. Апошняй імперыялістычнай вайны. Ён не часта пра яе ўспамінаў. Мікалаю Іванавічу проста няма чаго было ўзгадваць. Армія заблакавала Мікалаю Іванавічу ўсе ўспаміны пра вайну, каб яны не забруджвалі галаву будучага перадавіка вытворчасці. Мікалай Іванавіч не надта пра гэта шкадаваў, бо вайна зрабіла яго лысым, бяззубым і бясплодным.

Пачуўся званок, што запрашаў рабочых на абед. Мікалай Іванавіч паклаў у скрыню для гатовай прадукцыі другую звыш нормы дэталь, зняў пальчаткі і накіраваўся ў сталовую ўслед за іншымі слесарамі.

Ужо стоячы ў чарзе з падносам у руках, Мікалай Іванавіч назіраў, як хлапчукі чаляднікі развешваюць чырвоныя сцяжкі і гірлянды па велізарным памяшканні сталовай. Ярка-чырвоная тканіна сцяжкоў рэзка кантраставала з бледна-шэрай роўняддзю кафлянай пліткі, якой былі выкладзеныя ўсе сцены памяшкання.

— Чырвонае на шэрым. Да чаго б гэта, — падумаў Мікалай Іванавіч, ставячы шклянку з кампотам сабе на паднос.

У канцы змены да Мікалая Іванавіча падышоў сакратар партыйнай ячэйкі цэха. Мажны нізенькі мужчына ў шэрым пінжаку. На лацкане яго пінжака Мікалай Іванавіч заўважыў ярка чырвоны значок. Успацелы твар парторга асвяціла шырокая ўсмешка, ён падышоў ушчыльную да станка і паляпаў Мікалая Іванавіча па спіне, пакуль той выточваў чарговую дэталь.

— Прыемна, што ў нашым цэху працуюць людзі, якія зрабілі магчымым заўтрашняе свята. Слава ветэранам Апошняй імперыялістычнай вайны, — парторг яшчэ раз пляснуў Мікалая Іванавіча па спіне, — Партарганізацыя завода выпісала вам прэмію, зайдзіце ў аддзел, калі скончыце.

Парторг дастаў з кішэні насоўку, выцер пот з ілба, яшчэ раз усміхнуўся і хуткім крокам пайшоў прэч. Мікалай Іванавіч толькі хмыкнуў яму ўслед. Ён некаторы час спрабаваў успомніць, якое ж свята будзе заўтра, але, так і не ўзгадаўшы, накіраваў усю сваю ўвагу на дэталь. Да канца змены Мікалай Іванавіч паспеў вытачыць яшчэ дзве дэталі. Затым ён выключыў станок і накіраваўся ў галоўны партыйны аддзел завода. Там яго яшчэ раз павіншавалі. Парторг моцна паціснуў сухую тонкую далонь Мікалая Іванавіча і ўручыў яму картку на дзесяць чалавека-гадзін. Затым з сілай прыціснуў да сябе, так, што чырвоны значок на пінжаку парторга з болем упіўся Мікалаю Іванавічу ў грудзі. Мікалай Іванавіч буркнуў словы падзякі і пайшоў з кабінета, завешанага чырвонымі сцягамі і партрэтамі правадыроў.

На выхадзе з прахадной Мікалай Іванавіч павярнуўся. Ён некалькі секунд глядзеў на новы надпіс над уваходам, які абвяшчаў: «Сардэчна запрашаем у камунізм!».

За тэрыторыяй завода, Мікалай Іванавіч перш за ўсё накіраваўся ў бліжэйшы магазін. Там ужо было поўна народу. У віна-гарэлачным аддзеле з нагоды свята выдавалі шампанскае. Адна бутэлька ў адны рукі. Мікалай Іванавіч стаў у чаргу каля мяснога аддзела. Перад ім стаяў знаёмы зваршчык Пецька. Твар зваршчыка асвятляла блажэнная ўсмешка, а позірк быў накіраваны ўдалячынь. Пад паліто ён горача прыціскаў да грудзей нейкі прадмет. Заўважыўшы Мікалая Іванавіча, Пецька страпянуўся. Азірнуўшыся па баках, ён па-змоўніцку падміргнуў і адсунуў крысо паліто. З-пад шэрай тканіны выглядвала непачатая бутэлька гарэлкі.

— Вось дастаў з нагоды свята, — прашаптаў Пецька і летуценна паглядзеў у пачатак чаргі, — Можа каўбаскі яшчэ адрэжуць. Трэцім буш, — зваршчык ударыў сабе па шыі двума бруднымі пальцамі і запытальна ўтаропіўся на Мікалая Іванавіча, — Свята ўсё-такі. Такое, кажуць, раз у тысячу гадоў бывае. І дзяржаўны лад не кожны дзень мяняем.

— Не, не сёння, — прамовіў Мікалай Іванавіч і пачаў глядзець па баках, спрабуючы зразумець, аб якім жа ўсё-ткі свяце ўсе сёння кажуць.

Незадаволены адказам зваршчык буркнуў: «Ну, як хош», і стаў азірацца, шукаючы ў натоўпе іншага сабутэльніка.

Позірк Мікалая Іванавіча спыніўся на рудай, асыпанай яловай галінцы, якая тырчала з шкляной банкі каля пыльнай вітрыны крамы. На канец галінкі была пасаджана пакамячаная папяровая зорка. Ніякіх асацыяцый гэты нацюрморт ў галаве Мікалая Іванавіча не выклікаў. Ён перастаў матаць галавой і ўтаропіўся на патыліцу зваршчыка Пецькі.

Праз гадзіну дастаяўшы чаргу Мікалай Іванавіч атрымаў 200 грамаў варанай каўбасы і звыш таго яшчэ 100 грам прэміяльнай сыравэнджанай, якую выдалі Мікалаю Іванавічу ў гонар свята, як перадавіку. Хлеб дома яшчэ быў, і таму Мікалай Іванавіч не стаў затрымлівацца ў хлебным аддзеле і пайшоў на прыпынак.

З аўтобуса Мікалай Іванавіч адразу накіраваўся ў сваю кватэру. Ідучы па вуліцы, ён пабачыў яшчэ некалькі новых расцяжак, а на ўсіх жалезабетонных слупах свежавывешаныя чырвоныя сцяжкі.

— Чырвонае на шэрым, — прашаптаў ён і ўвайшоў у пад’езд. Дома Мікалай Іванавіч падрыхтаваў сабе няхітрую вячэру: запарыў гарбату і зрабіў бутэрброд. Узяўшы ў адну руку кружку з кіпенем, а ў іншую кавалак чэрствага хлеба з лустай варанай каўбасы, Мікалай Іванавіч накіраваўся ў залу глядзець тэлевізар.

Стары кінескоп доўга разаграваўся, па экрану паўзлі шэрыя палосы. Прымальная карцінка у тэлевізары з'явілася толькі праз хвіліну пасля ўключэння. Ішла застаўка. Чорна-белая хроніка. Шэрая маса людзей цякла па вуліцы, нібы рака, што выйшла з берагоў. У натоўпе раз-пораз мільгалі сцягі. Сцягі былі чырвонымі. Яркімі плямамі яны вылучаліся на экране.

— Чырвонае на шэрым, — сказаў Мікалай Іванавіч. Рука з бутэрбродам спынілася на паўдарозе да рота.

Мікалай Іванавіч ўспомніў. Успомніў, дзе ўжо бачыў такое спалучэнне колераў. Чырвонае на шэрым. Чырвоная кроў на шэрым ад сажы і парахавога пылу снезе. Кроў штуршкамі выбіваецца з нагі дзяўчыны, якая нерухома ляжыць на зямлі. Кроў імгненна насычвае снег, фарбуючы яго ў свой чырвоны колер. Побач з дзяўчынай курчыцца ад болю другі чалавек. Мікалай Іванавіч ўспомніў. Ён не павінен быў гэта ўспамінаць, але ён успомніў. Іх было двое: хлопец і дзяўчына. Яны спрабавалі сысці з тэрыторыі, вызваленай нашымі войскамі. Пракрасьціся міма кардонаў і выйсці на зямлю, усё яшчэ кантраляваную імперыялістамі. Але партыя і ўрад далі загад не дапускаць пераходу мяжы вызваленай зоны. Партыя і ўрад загадалі страляць без папярэджання. Мікалай Іванавіч устаў над яшчэ жывым хлопцам і націснуў на спускавы кручок. Шэры снег паблізу афарбаваўся ў чырвоны колер. Чырвонае на шэрым.

Мікалай Іванавіч не павінен быў гэтага успамінаць, але ён успомніў. Спрацавала блакаванне памяці. Свядомасць адключылася. Мікалай Іванавіч бокам заваліўся на канапу і хутка заснуў без сноў. Бутэрброд выпаў з паслабленай рукі на дыван.

Мікалай Іванавіч спаў, а ў гэты час на экране тэлевізара з’явіўся дыктар і пачаў сваю прамову:

— Віншую вас, таварышы, з вялікім святам! Да гэтага дню мы ішлі гадамі, дзесяцігоддзямі. Шматлікія пакаленні камуністаў аддалі жыццё за гэты дзень. І вось спраўдзіліся мары народныя. Партыя і ўрад паведамляюць, што з першага дня новага 2001-га года ў нашай краіне ўсталёўваецца самы сумленны і справядлівы лад, у нашай краіне абвяшчаецца камунізм. Ура, таварышы!


Загрузка...