Мы жылі як у раі. Багі заўсёды былі добразычлівыя да нас і дасылалі свае дарункі кожную змену месяца. Падарункі валіліся з неба па начах. Іх былі цэлыя горы. Вядома, жрацы забіралі сабе ўсё найбольш каштоўнае, але і простым людзям таксама даставалася. Багі дарылі нам шмат карысных рэчаў: жалезныя пласціны розных формаў, з якіх мы будавалі свае хаты, рабілі сталы і крэслы; мноства рознакаляровых лапікаў, з якіх мы шылі адзежу; ежу ў жалезных слоіках, трохі нясвежую (напэўна, доўга валілася з неба); трапляліся нават амаль цэлыя рэчы, якія заставалася толькі падлатаць ці паправіць. Часта валіліся зусім незразумелыя штукі, мы нават не разумелі, што з імі рабіць. Напэўна, штосьці чароўнае, незразумелае для недасканалага чалавечага розуму. Але галоўнае дарункаў было так шмат, што часамі нам прыходзілася перасоўвацца ў іншыя месцы, бо дарункі завальвалі нашы селішчы і узвышаліся над імі цэлымі горамі. Але і на новых месцах дарункі ўсё адно валіліся нам на галовы.
Так, гэта было райскае жыццё. Але ўсё скончылася. Месяц завяршаў свой абарот і жрацы ўжо гатовыя былі прыняць чарговы дарунак богаў, але ўначы яго не сталася. Не было яго і на наступную ноч і на ноч за ёй. Месяц ужо зрабіў два звароты, але дарункаў усё не было. Мы, вядома, маглі жыць і папярэднімі дарункамі, але жрацы спалохаліся не на жарт. Аднойчы вярхоўны жрэц паведаміў, што мы чымсьці ўгневалі богаў і, што для таго каб уласкавіць іх трэба прынесці ахвяру. Чалавечую ахвяру.
Ахвяру прынеслі, але багі не жадалі гэтага чуць і працягвалі гневацца. І жрацы вырашылі, што гэта была занадта маленькая ахвяра і вырашылі аддаць багам больш жыццяў. Сёння лёс абраў мяне. І я гатовы прынесці сваё жыццё ў ахвяру літасцівым багам, каб забяспечыць добрае жыццё сваім дзецям і людзям, з якімі я жыў. Прабачыце нас, багі. Калі ласка.
— Сэм, куды ты ляціш? Нам жа сказалі, што на гэтую планету больш смецце высыпаць нельга. Хутка наляціць экалагічны кантроль і замерыць узровень забруджанасці паверхні, а ён там і так вышэй нормы.
— Ды памаўчы ты! Не збіраюся я туды нічога скідаць. Ты не заўважыў, што вакол планеты яшчэ месяц круціцца?