Калігула.
Цэзонія.
Гелікон.
Сцыпіён.
Хэрэя.
Сэнект, Стары патрыцый.
Метэл, патрыцый.
Лепід, патрыцый.
Актавій, патрыцый.
Патрыкій, Распарадчык.
Мерэя. Муцый.
Першы вартаўнік.
Другі вартаўнік.
Першы прыслужнік.
Другі прыслужнік.
Трэці прыслужнік.
Муцыева жонка.
Першы паэт.
Другі паэт.
Трэці паэт.
Чацвёрты паэт.
Пяты паэт.
Шосты паэт.
Першая, трэцяя і чацвёртая дзеі адбываюцца ў палацы ў Калігулы, другая — у доме ў Хэрэі.
Паміж першай і наступнымі дзеямі мінае тры гады.
Патрыцыі, адзін — вельмі сталага веку, таўкуцца ў палацавай зале. Мяркуючы па іх паводзінах, яны нечым яўна ўсхваляваныя.
Першы патрыцый. Па-ранейшаму, ніякіх навін.
Стары патрыцый. Ні раніцай, ні ўвечары — нічога.
Другі патрыцый. Тры дні ўжо ніякае звесткі.
Стары патрыцый. Пасыльныя бягуць, прыбягаюць. I ўсе толькі трасуць галавой ды адказваюць: «Нічога».
Другі патрыцый. Усё наваколле аблазілі, нічога ўжо болей не зробіш.
Першы патрыцый. Навошта загадзя хвалявацца? Пачакайма. Можа, як знік, так і вернецца.
Стары патрыцый. Я бачыў, як ён выходзіў з палаца. У яго былі нейкія дзіўныя вочы.
Першы патрыцый. Я таксама яго тады бачыў. Я нават спытаў, што з ім такое.
Другі патрыцый. I што ён сказаў?
Першы патрыцый. Усяго адно слова: «Нічога».
Паўза. Уваходзіць Гелікон, жуючы цыбуліну.
Другі патрыцый (гэтак жа знервавана). Усё гэта вельмі трывожна.
Першы патрыцый. Ды ну, у маладосці ўсе такія.
Стары патрыцый. Слушна, з гадамі гэта праходзіць.
Другі патрыцый. Вы мяркуеце?
Першы патрыцый. Пажадаем, каб ён як мага хутчэй забыў.
Стары патрыцый. Безумоўна. Адну страціў, знойдзе дзесяць новых.
Гелікон. А з чаго гэта вы ўзялі, што рэч у каханні?
Першы патрыцый. Аў чым жа яшчэ?
Гелікон. Можа, занядужылася чалавеку. Ці проста — абрыдла на вас глядзець кожны дзень. Наколькі лягчэй было б трываць тых, хто цябе атачае, каб яны хоць калі-нікалі маглі мяняць выраз на сваіх пысах. Але ж не — меню заўсёды нязменнае. Увесь час аднолькавая размазня.
Стары патрыцый. А па-мойму, усё-ткі лепш, каб усё гэта ў яго было праз каханне. Гэта больш рамантычна.
Гелікон. I болей супакаяльна, што немалаважна, намнога болей супакаяльна. Бо каханне — гэта такая хвароба, ад якой не ўратуецца ні разумнік, ні дурань.
Першы патрыцый. Як бы там ні было, смутак, на шчасце, не вечны. Ну вось вы, ці маглі б вы пакутаваць болей за год?
Другі патрыцый. Я — не.
Першы патрыцый. На гэта ніхто не здольны.
Стары патрыцый. Іначай было б немагчыма жыць.
Першы патрыцый. Вось бачыце! Вазьміце мяне: летась я страціў жонку. Я шмат праплакаў, а потым — забыў. Часам мне яшчэ смутна. Але ўвогуле — нічога.
Стары патрыцый. Прырода ўсё робіць на добры лад.
Гелікон. Але ж калі я гляджу на вас, у мяне складаецца ўражанне, што і ў яе бываюць няўдачы.
Уваходзіць Хэрэя.
Першы патрыцый. Ну што?
Хэрэя. Нічога, як і раней.
Гелікон. Спакойна, спадарове, спакойна. Не будзем забываць пра прыстойнасць. Рымская імперыя — гэта мы. Калі мы страцім аблічча, імперыя страціць галаву. Час жа цяпер зусім не той, зусім! Таму, дзеля пачатку — хадземце паснедаем, імперыя будзе адчуваць сябе лепей.
Стары патрыцый. Правільна. Нельга забывацца пра наяўныя патрэбы, цешачыся ўяўнымі надзеямі.
Хэрэя. Не падабаецца мне гэта. Але ўсё ішло занадта ўжо добра. Гэта быў не імператар, а сама дасканаласць.
Другі патрыцый. Так, якраз такі, які трэба: сумленны і неспрактыкаваны.
Першы патрыцый. Слухайце, ну што на вас такое находзіць? Навошта ўвесь гэты лямант? Нічога ж не замінае яму быць такім і далей. Ну, любіў ён Друзілу, няхай. Але ўрэшце — яна была ягоная сястра. I досыць ужо таго, што ён з ёю спаў. Але каб пераварочваць дагары нагамі ўвесь Рым з-за таго, што яна памерла, гэта пераходзіць усякія межы.
Хэрэя. I ўсё роўна. Не падабаецца мне гэта, і ў гэтых уцёках ягоных я нічога не магу ўразумець.
Стары патрыцый. Так-так, няма дыму без агню.
Першы патрыцый. У кожным выпадку, інтарэсы дзяржавы не могуць дапускаць, каб кровазмяшэнне набывала памеры трагедыі. Кровазмяшэнне — няхай, але каб усё было ціха.
Гелікон. Ну, разумееце, кровазмяшэння без шуму ўжо ніяк не адбудзеш. Ложак — рыпіць, калі асмелюся так сказаць. Дый, зрэшты, адкуль вы ўзялі, што ўсё гэта з-за Друзілы?
Другі патрыцый. А ад чаго ж яшчэ?
Гелікон. Самі падумайце. Разумееце, з бядой яно як са шлюбам. Думаеш, што выбіраеш ты, а аказваецца — выбіраюць цябе. Вось так, нічога тут не папішаш. Наш бедны Калігула няшчасны, хоць, можа, і сам не разумее чаму! Ён, напэўна, адчуў сябе загнаным у кут, таму і ўцёк. I кожны з нас на яго месцы зрабіў бы тое самае. Напрыклад, я — каб мог сам сабе выбраць бацьку, дык і не нарадзіўся б.
Уваходзіць Сцыпіён.
Xэрэя. Ну?
Сцыпіён. Зноў нічога. Нейкія сяляне нібыта бачылі яго мінулаю ноччу, тут непадалёк, нібыта ён некуды бег пад навальніцай.
Хэрэя вяртаецца да сенатараў. Сцыпіён ідзе за ім следам.
Хэрэя. Дык сёння ўжо трэці дзень, Сцыпіёне?
Сцыпіён. Так, трэці дзень. Я быў тады побач з ім, як звычайна. Ён падышоў да труны з Друзілай. Дакрануўся да яе двума пальцамі. Потым быццам аб нечым задумаўся, рэзка павярнуўся і роўнай хадою рушыў прэч. З той хвіліны яго паўсюль і шукаюць.
Хэрэя (трасучы галавой). Гэты хлопец занадта любіў літаратуру.
Другі патрыцый. Яго ўзросту гэта ўласціва.
Хэрэя. Але не яго сану. Імператар — і аматар мастацтва: гэта не лезе ні ў якія рамкі. Праўда, у нас ужо былі такія, адзін ці два. Шалудзівыя авечкі паўсюль бываюць. Але ж у іншых хапала тактоўнасці заставацца чыноўнікамі.
Першы патрыцый. Так было намнога лацвей.
Стары патрыцый. Кожнаму сваё рамяство.
Сцыпіён. Што можна зрабіць, Хэрэя?
Хэрэя. Нічога.
Другі патрыцый. Пачакайма. Калі не вернецца, давядзецца яго замяніць. Шчыра кажучы, імператараў у нас хапае.
Першы патрыцый. I то праўда, не хапае ў нас толькі людзей з цвёрдым характарам.
Хэрэя. А калі ён вернецца не ў гуморы?
Першы патрыцый. Божа, гэта ж яшчэ дзіцё, ужо з ім мы неяк дадзім рады.
Xэрэя. А калі ён застанецца глухі да ўсіх нашых довадаў?
Першы патрыцый (смеючыся). Ну, тады... Хіба не я напісаў у свой час трактат пра дзяржаўны пераварот?
Xэрэя. Зразумела, калі гэта толькі спатрэбіцца! Але я адчуваў бы сябе многа лепей, каб мне далі спакойна займацца маімі кнігамі.
Сцыпіён. Прашу мне прабачыць. (Выходзіць.)
Хэрэя. Абразіўся.
Стары патрыцый. Дзіцё. Усе юнакі між сабой салідарныя.
Гелікон. Салідарныя ці не салідарныя, усе яны ўрэшце старэюць.
Уваходзіць вартаўнік.
Вартаўнік. Калігулу бачылі ў садзе каля палаца.
Усе выходзяць.
Некалькі секунд сцэна застаецца пустая. Потым злева, крадучыся, уваходзіць Калігула. Выгляд у яго разгублены, ён увесь брудны, валасы мокрыя, ногі завэдзганыя ў гразі. Некалькі разоў ён падносіць да рюта далонь. Набліжаецца да люстра і раптам спыняецца, заўважыўшы ў ім свой адбітак. Балбоча нейкія невыразныя словы, потым ідзе направа і сядае, звесіўшы рукі паміж каленяў. Злева ўваходзіць Гелікон. Заўважыўшы Калігулу, ён спыняецца на ўскрайку сцэны і моўчкі на яго пазірае. Калігула паварочваецца і бачыць Гелікона. Паўза.
Гелікон (праз усю сцэну). Дабрыдзень, Гаю.
Калігула (звычайным тонам). Добры дзень, Геліконе.
Маўчанне.
Гелікон. Ты, здаецца, стаміўся?
Калігула. Я многа хадзіў.
Гелікон. Сапраўды, цябе доўга тут не было.
Маўчанне.
Калігула. Бо мне цяжка было знайсці.
Гелікон. Знайсці што?
Калігула. Тое, што я хацеў.
Гелікон. I што ты хацеў?
Калігула (тым самым звычайным голасам). Поўню.
Гелікон. Што?
Калігула. Але-але, я хацеў поўню.
Гелікон. Ага! (Маўчанне. Падыходзіць бліжэй.) Навошта?
Калігула. Ну!.. Гэта адна з тых рэчаў, якіх у мяне няма.
Гелікон. Зразумела. Але цяпер — усё ў парадку?
Калігула. Не, я не здолеў яе дастаць.
Гелікон. Прыкра.
Калігула. Так. Таму я і стомлены. (Паўза.) Геліконе!
Гелікон. Слухаю, Гаю.
Калігула. Ты думаеш, я звар’яцеў.
Гелікон. Табе добра вядома, што я так ніколі не думаю. Я не настолькі дурны.
Калігула. Так. I ўсё-ткі! Я не звар’яцеў, наадварот — я ніколі яшчэ не мысліў так ясна. Проста я раптам адчуў патрэбу ў немагчымым. (Паўза.) Звычайны парадак рэчаў мяне болей не задавальняе.
Гелікон. Гэта даволі пашыраная думка.
Калігула. Так. Але раней я гэтага не ведаў. Цяпер ведаю. (Тым самым звычайным голасам.) Гэты свет немагчыма трываць такім, які ён ёсць. Таму мне і патрэбна поўня ці шчасце, ці несмяротнасць, ці нешта яшчэ — няхай, можа, і на мяжы з шаленствам, але каб яно было не з гэтага свету.
Гелікон. Як разважанне яно досыць стройнае. Але ўвогуле — яго немагчыма вытрымаць да канца.
Калігула (устае, з ранейшаю прастатой). Ты нічога ў гэтым не разумееш. Менавіта таму, што яны ніколі не вытрымлівалі яго да канца, яны нічога і не дабіваліся. Але, можа, досыць якраз проста заставацца да канца лагічным. (Глядзіць на Гелікона.) Я ведаю, пра што ты думаеш. Столькі шуму праз смерць нейкай кабеты! Не, усё зусім не так. Я, праўда, прыгадваю, што некалькі дзён назад, здаецца, памерла жанчына, якую я калісьці кахаў. Але што такое каханне? Драбяза. I гэтая смерць тут ні пры чым, клянуся табе. Яна толькі стала знакам той ісціны, якая прымусіла мяне адчуць патрэбу ў поўні. Гэта вельмі простая і вельмі ясная ісціна, крыху недарэчная, але яе цяжка адкрыць і цяжка насіць у сабе.
Гелікон. I ў чым жа гэтая ісціна, Гаю?
Калігула (адвярнуўшыся, невыразным голасам). У тым, што людзі паміраюць і яны няшчасныя.
Гелікон (пасля пэўнай паўзы). Але ж, Гаю, з такою ісцінай усе цудоўна звыкаюцца. Зірні вакол. Ты не ўбачыш нікога, у каго ад яе кавалак у горла не лезе.
Калігула (з нечаканым запалам). Але гэта значыць, што ўсё вакол толькі мана, а я хачу, каб людзі жылі ў ісціне! Я ж ведаю, Геліконе, чаго ім бракуе. Ім бракуе ведаў, і яны не маюць настаўніка, які б разумеў, пра што кажа.
Гелікон. Не крыўдуй, Гаю, за тое, што я зараз табе скажу. Але табе спачатку варта было б адпачыць.
Калігула (сядаючы, лагодным голасам). Гэта немагчыма, Геліконе, гэта ўжо ніколі не будзе магчыма.
Гелікон. Не разумею чаму?
Калігула. Калі я буду спаць, хто дастане мне поўню?
Гелікон (пасля пэўнай паўзы). Твая праўда.
Калігула з прыкметным намаганнем устае.
Калігула. Паслухай, Геліконе. Я чую, сюды ідуць, ужо даносяцца галасы. Захоўвай жа маўчанне і забудзь, што толькі што мяне бачыў.
Гелікон. Усё зразумела.
Калігула ідзе да выхаду. Азіраецца.
Калігула. I, калі ласка, з гэтага часу — дапамагай мне.
Гелікон. У мяне няма прычыны не рабіць гэтага, Гаю. Але я многа ведаю, і мяне мала што ўжо цікавіць. У чым жа я магу табе дапамагчы?
Калігула. У немагчымым.
Гелікон. Я буду старацца.
Калігула выходзіць.
Таропка ўваходзяць Сцыпіён і Цэзонія.
Сцыпіён. Тут нікога няма. Ты не бачыў яго, Геліконе?
Гелікон. Не.
Цэзонія. Геліконе, а ён, праўда, нічога табе не казаў перад сваімі ўцёкамі?
Гелікон. Я ж не той, каму ён давярае сакрэты,— я ўсяго толькі яго сузіральнік. Гэта болей разумна.
Цэзонія. Я прашу цябе.
Гелікон. Дарагая Цэзонія, Гай, як усім вядома,— ідэаліст. Іначай кажучы, ён яшчэ не зразумеў. А я зразумеў і таму ні ўва што не лезу. Але ж калі Гай пачне разумець, дык ён, са сваім добрым сэрцайкам, наадварот — зможа ўлезці ва ўсё. I адзін Бог ведае, чаго гэта будзе нам каштаваць. Але, з вашага дазволу,— пара ісці снедаць. (Выходзіць.)
Цэзонія стомлена сядае.
Цэзонія. Нейкі вартаўнік, кажуць, яго бачыў. Але цяпер увесь Рым паўсюль бачыць Калігулу. А сам Калігула бачыць толькі сваю ідэю.
Сцыпіён. Якую ідэю?
Цэзонія. Ну адкуль жа мне ведаць, Сцыпіёне?
Сцыпіён. Друзіла?
Цэзонія. Хто можа з упэўненасцю сказаць? Але тое, што ён кахаў яе,— праўда. I праўда, што цяжка бачыць, як сёння памірае той, каго ўчора яшчэ ты сціскаў у абдымках.
Сцыпіён (сарамліва). А ты?
Цэзонія. О! Я — я яго старая каханка.
Сцыпіён. Цэзонія, яго трэба ўратаваць.
Цэзонія. Дык ты яго любіш?
Сцыпіён. Люблю. Ён быў добры са мною. Ён падбадзёрваў мяне, і некаторыя яго словы я знаю на памяць. Ён мне казаў, што жыццё — няпростае, але ёсць мастацтва, рэлігія, каханне, падоранае нам другімі. Ён часта паўтараў, што прымушаць пакутаваць іншых значыць толькі ашукваць сябе. Ён хацеў быць справядлівым.
Цэзонія (устаючы). Ён быў дзіцё. (Ідзе да люстра і аглядае сябе.) У мяне ніколі не было іншага бога, апроч майго цела, і менавіта гэтага бога я хацела б цяпер папрасіць, каб мне вярнулі Гая.
Уваходзіць Калігула. Заўважаючы Цэзонію і Сцыпіёна, ён нерашуча спыняецца і адступае. У гэтую ж хвіліну з іншага боку ўваходзяць патрыцыі і Распарадчык палаца. Яны ўражана нерухомеюць на месцы. Цэзонія азіраецца і разам са Сцыпіёнам кідаецца да Калігулы. Той спыняе іх жэстам.
Распарадчык (няўпэўненым голасам). Мы... мы шукалі цябе, цэзару.
Калігула (рэзкім, перамененым тонам). Бачу.
Распарадчык. Мы... я хацеў сказаць...
Калігула (груба). Што вам трэба?
Распарадчык. Мы хваляваліся, цэзару.
Калігула (наступаючы на яго). Хто вам даў права?
Распарадчык. Э-э... ну-у... (Раптам з натхненнем выпальвае.) Але ж ты ведаеш, табе трэба вырашыць пэўныя пытанні наконт дзяржаўнага скарбу.
Калігула (давячыся нястрымным смехам). Наконт скарбу? Але ж і праўда, а то як! Скарб — гэта ж сур’ёзная справа.
Распарадчык. Безумоўна, цэзару.
Калігула (гэтак жа смеючыся, да Цэзоніі). Ці не так, мая дарагая? Скарб — гэта вельмі важна.
Цэзонія. Не, Калігуле, гэта другараднае пытанне.
Калігула. Ды ты проста нічога ў гэтым не разумееш. Скарб мае агромністае значэнне. Усё важна: фінансы, грамадская мараль, знешняя палітыка, забеспячэнне войска і аграрныя законы! Усё, кажу я табе,— вельмі сур’ёзна. Усё аднолькава значна: веліч Рыма і прыступы твайго артрыту. Ну што ж! Зараз я ўсім гэтым займуся. Слухай жа мяне, Распарадчык.
Распарадчык. Мы цябе слухаем.
Патрыцыі падступаюць бліжэй.
Калігула. Ты ж верны мне, так ці не?
Распарадчык (з папрокам у голасе). Цэзару!
Калігула. Дык вось, я маю для цябе план. Мы ў два хады перайначым усю палітычную эканомію. Як — я зараз табе растлумачу... калі патрыцыі пойдуць.
Патрыцыі выходзяць.
Калігула сядае побач з Цэзоніяй.
Калігула. Дык слухай уважліва. Ход першы: усе патрыцыі, усе іншыя жыхары імперыі, у якіх ёсць хоць якая маёмасць — вялікая ці малая, без ніякае розніцы — мусяць у абавязковым парадку пазбавіць сваіх дзяцей спадчыны і адначасова завяшчаць усё на карысць дзяржаве.
Распарадчык. Але, цэзару...
Калігула. Я яшчэ не даваў табе слова. Па меры таго як у нас будзе ўзнікаць патрэба, мы будзем забіваць гэтых людзей згодна са спісам, складзеным намі ў адвольным парадку. Калі што, мы зможам мяняць гэты парадак, зноў жа адвольна. I такім чынам спадчына будзе наша.
Цэзонія (адхіснуўшыся). Што на цябе найшло?
Калігула (непарушна спакойны). Парадак такіх пакаранняў, увогуле, не мае значэння. Ці, дакладней сказаць, усе яны аднолькава значныя, адкуль вынікае, што ніякага значэння ў іх няма. Апроч таго, што адны, што другія — усе яны так ці інакш вінаватыя. I заўважце, дарэчы, што рабаваць грамадзян адкрыта не больш амаральна, чым уводзіць скрыты падатак праз цэны на харчовыя прадукты, без якіх яны ўсё роўна абысціся не могуць. Кіраваць — значыць рабаваць, і гэта ўсім вядома. Трэба толькі ўжываць адмысловыя спосабы. Я ж буду рабаваць шчыра. Затое вы перастанеце крыхаборнічаць. (Распарадчыку, груба.) Ты выканаеш гэты загад без прамаруджвання. Усе рымляне мусяць падпісаць завяшчанні да вечара, жыхары правінцый — найпазней праз месяц. Накіруй пасланцоў.
Распарадчык. Цэзару, ты сабе не ўяўляеш...
Калігула. Слухай мяне добра, дурню. Калі скарб — важны, значыць, чалавечае жыццё — не. Гэта ж ясна. Усе, хто думае так, як ты, павінны пагадзіцца з гэтаю думкай і лічыць сваё жыццё за нішто, бо для іх усё — грошы. Як бы там ні было, я вырашыў быць лагічным, і таму, што ўлада належыць мне, вы ўбачыце, чаго вам будзе каштаваць логіка. Я вынішчу ўсіх і ўсё, што ёй супярэчыць. I калі трэба, пачну з цябе.
Распарадчык. Цэзару, клянуся, мая сумленнасць тут не падлягае сумненню.
Калігула. Мая таксама, можаш паверыць. I ў доказ гэтаму я пагаджаюся прыняць твой пункт погляду і скіраваць усе свае думкі на дзяржаўны скарб. Увогуле, ты павінен мне быць удзячны, бо я прымаю тваю гульню і згаджаюся гуляць тваімі картамі. (Пасля паўзы, спакойна.) Зрэшты, па сваёй прастаце мой план — геніяльны, што само па сабе спыняе ўсякія спрэчкі. У цябе тры секунды, каб знікнуць. Я лічу: раз...
Распарадчык знікае.
Цэзонія. Цябе цяжка пазнаць! Гэта жарты, праўда?
Калігула. Не зусім, Цэзонія. Гэта — своеасаблівая педагогіка.
Сцыпіён. Але гэта немагчыма, Гаю!
Калігула. Менавіта!
Сцыпіён. Я не разумею цябе.
Калігула. Менавіта! Бо гаворка якраз пра тое, што немагчыма. Ці, дакладней сказаць,— пра тое, каб немагчымае зрабіць магчымым.
Сцыпіён. Але такая гульня можа завесці далёка. Гэта забавы шаленца.
Калігула. Не, Сцыпіёне, гэта вартасць, якой вызначаюцца пэўныя імператары. (Адкідваецца назад са стомленым выглядам.) Нядаўна я нарэшце ўразумеў карыснасць улады. Яна пакідае пэўны шанц немагчымаму. Ад сёння і да веку мая свабода не знае мяжы.
Цэзонія (з журбою). Не ведаю, Гаю, ці трэба гэтаму радавацца.
Калігула. I я не ведаю. Але, па-мойму, гэтым трэба жыць.
Уваходзіць Хэрэя.
Хэрэя. Я даведаўся, што ты вярнуўся. Малю неба за тваё здароўе.
Калігула. Маё здароўе ўдзячна табе. (Паўза, раптам.) Ідзі прэч, Хэрэя, я не хачу цябе бачыць.
Хэрэя. Я здзіўлены, Гаю.
Калігула. Не здзіўляйся. Я не люблю літаратараў і не цярплю іхняй хлусні. Яны гавораць, каб не чуць саміх жа сябе. Каб яны сябе чулі, яны даведаліся б, якая ўсе яны нікчэмнасць, і больш не мянцілі б сваім языком. А мне ўжо ўсё — кропка, мне лжэсведкі агідныя.
Хэрэя. Калі мы і хлусім, то часцей ненаўмысна. Я тут не бачу віны.
Калігула. Хлусня ніколі не бывае бязвіннай. А вашая надае нейкае значэнне людзям і рэчам. Вось чаго я не магу вам дараваць.
Хэрэя. I ўсё ж нехта павінен быць абаронцам гэтаму свету, калі мы ўсе хочам у ім жыць.
Калігула. Абаронцы не трэба, слуханне справы скончана. Гэты свет не мае значэння, і хто вызнае гэта — набывае свабоду. (Устае.) А вас я ненавіджу якраз за тое, што вы — несвабодныя. Ва ўсёй Рымскай імперыі толькі я — адзін — свабодны. Радуйцеся ж, нарэшце да вас прыйшоў імператар, які вас навучыць свабодзе. А цяпер ідзі прэч, Хэрэя, і ты, Сцыпіён, таксама, сяброўства мяне смешыць. Ідзіце і паведамце Рыму, што свабода нарэшце яму дараваная і што разам з ёю пачынаецца вялікае выпрабаванне.
Хэрэя і Сцыпіён выходзяць.
Калігула стаіць, адвярнуўшыся.
Цэзонія. Ты плачаш?
Калігула. Плачу, Цэзонія.
Цэзонія. Але, па сутнасці, што ўжо так змянілася? Ты, праўда, кахаў Друзілу, але ж адначасова ты кахаў і мяне, і шмат іншых жанчын. Адной яе смерці наўрад ці хапіла б, каб прымусіць цябе тры дні і тры ночы бадзяцца немаведама дзе па палях і потым вярнуцца з такім варожым абліччам.
Калігула (павярнуўся). А хто кажа табе пра Друзілу, дурніца? Ты не здольная сабе ўявіць, каб чалавек мог плакаць праз нешта іншае, апроч кахання?
Цэзонія. Прабач, Гаю. Але я старалася зразумець.
Калігула. Людзі плачуць таму, што ўсё ў гэтым свеце не так, як яно мусіла б быць. (Цэзонія ідзе да яго.) Кінь, Цэзонія. (Яна спыняецца.) Але заставайся побач.
Цэзонія. Я зраблю ўсё так, як ты пажадаеш. (Сядае.) У маім узросце ўжо ведаеш, што жыццё — не такое ўжо добрае. Але ж калі на нашай зямлі жыве зло, навошта хацець яго павялічыць?
Калігула. Ты не здольная зразумець. Ды што з гэтага? Можа быць, і я адступлюся. Але сёння я адчуваю, як нехта прачынаецца ўва мне. Што я магу зрабіць супраць? (Паварочваецца да Цэзоніі.) О Цэзонія! Я ведаў, што можна дайсці да адчаю, але мне было невядома, што значыць гэтае слова. Як усе, я думаў, што гэта хвароба душы. Але не — пакутуе ўсё цела. Мне баліць скура, баляць грудзі, рукі і ногі. У мяне пуста ў галаве і моташна на сэрцы. I самае жудаснае — гэты прысмак у роце. Гэта не кроў, не смерць і не ліхаманка — гэта ўсё разам. Досыць мне варухнуць языком, як усё пакрываецца змрокам і ўсе робяцца мне агідныя. Як цяжка, як горка — стаць чалавекам!
Цэзонія. Табе трэба паспаць, доўга-доўга паспаць, расслабіцца і ні пра што не думаць. Я буду ахоўваць твой сон. А калі ты прачнешся, свет зноў набудзе для цябе свой ранейшы смак. I тады — пакладзі сваю ўладу на службу таму, што яшчэ можна любіць. Бо магчымае таксама заслугоўвае мець свой шанц.
Калігула. Але дзеля гэтага патрэбен сон, патрэбнае забыццё. А гэта ўжо немагчыма.
Цэзонія. Так бывае, калі здаецца, што ты — на астатняй мяжы знямогі. Але мінае час, і ў рукі зноў вяртаецца былая моц.
Калігула. Толькі трэба ведаць, да чаго гэтыя рукі прыкласці. А нашто мне ўся гэтая моц, нашто гэтая незвычайная ўлада, калі я няздольны змяніць гэты свет, не магу прымусіць сонца зайсці на ўсходзе, ні паменшыць пакуты, ні зрабіць так, каб людзі болей не паміралі? Не, Цэзонія, няма ніякае розніцы: спаць — не спаць,— калі я няздольны паўплываць на парадак гэтага свету.
Цэзонія. Але гэта значыць — хацець параўнацца з багамі. Па-мойму, няма большага вар’яцтва.
Калігула. Вось і ты лічыш мяне за вар’ята. Але што такое Бог, каб мне хацелася з ім параўнацца? Тое, чаго я сёння хачу ўсёю сілай,— вышэй за багоў. Я забіраю пад сваю ўладу цэлае царства, дзе немагчымае — цар усяму.
Цэзонія. Ты не зможаш зрабіць, каб неба перастала быць небам, каб прыгожы твар стаў брыдкі і чалавечае сэрца — нячулае.
Калігула (усё болей узбуджаючыся). Я хачу перамяшаць неба і мора, зблытаць брыдкасць і прыгажосць, выціснуць смех з пакуты.
Цэзонія (устае перад ім, умольна). Але ёсць добрае і благое, вялікае і нізкае, справядлівае і не. Павер, гэтага ніколі не зменіш.
Калігула (гэтак жа ўзбуджана). А я хачу ўсё гэта змяніць. Я падару гэтаму веку роўнасць. I калі ўсё будзе нарэшце зроўненае і немагчымае ўсталюецца на зямлі, калі ў руках у мяне будзе поўня,— тады, можа быць, змянюся і я, і ўвесь свет разам са мною, тады нарэшце людзі не будуць больш паміраць і стануць шчаслівыя.
Цэзонія (з крыкам). Ты не можаш адмаўляць каханне!
Калігула (выбухае смехам, потым з лютасцю ў голасе). Каханне, Цэзонія?! (Хапае яе за плечы і трасе.) Мне было дадзена зразумець, што гэта лухта. Галоўнае ў іншым — у дзяржаўным скарбе! Ты ж гэта чула, праўда? I з гэтага пачынаецца ўсё. Ха, цяпер я ўжо буду нарэшце жыць! Жыць, Цэзонія, жыць, бо кахаць — гэта поўная процілегласць. Я кажу табе гэта. I запрашаю цябе на нечуванае свята, на ўсенародны суд, гэта будзе найпрыгажэйшае прадстаўленне. I таму мне патрэбен народ, гледачы, ахвяры і вінаватыя. (Кідаецца да гонга і пачынае бесперапынку біць у яго з усяе сілы. Увесь час б'ючы ў гонг.) Увядзіце асуджаных! Мне патрэбныя вінаватыя! А вінаватыя ўсе. (Б'е ў гонг.) Я хачу, каб увялі асуджаных на смерць! Публіка, я хачу бачыць публіку! Суддзі, сведкі, абвінавачаныя, усе ўжо асуджаныя загадзя! О, Цэзонія, я пакажу ім такое, чаго яны ніколі не бачылі: адзінага ў гэтай дзяржаве свабоднага чалавека!
Пры гуках гонга палац паступова пачынае поўніцца невыразным шумам, які мацнее і набліжаецца. Галасы, бразгат зброі, крокі і шорганне ног. Смеючыся, Калігула безупынна б’е ў гонг. Уваходзяць некалькі вартаўнікоў, потым выходзяць.
Калігула (б'ючы ў гонг). А ты, Цэзонія, будзеш падпарадкоўвацца мне. Ты будзеш дапамагаць мне ва ўсім. Гэта будзе цудоўна. Пакляніся, што будзеш мне дапамагаць.
Цэзонія (разгублена, паміж ударамі гонга). Мне клясціся няма патрэбы, бо я кахаю цябе.
Калігула (б'е). Ты зробіш усё, што я буду табе казаць.
Цэзонія (гэтак жа разгублена). Усё, Калігула, але спыніся.
Калігула (па-ранейшаму б'е). Ты будзеш з усімі жорсткая.
Цэзонія (плачучы). Жорсткая.
Калігула (б'е). Халодная і няўмольная.
Цэзонія. Няўмольная.
Калігула (б'е). I ты будзеш таксама пакутаваць.
Цэзонія. Буду, Калігула, але я ўжо вар’яцею.
Убягаюць страшэнна збянтэжаныя патрыцыі і дварцовая чэлядзь. Калігула б’е апошні раз, заносіць малаток, але азіраецца на іх і кліча.
Калігула (як ашалелы). Хадзіце сюды! Бліжэй. Падыходзьце, я вам загадваю. (Тупае нагамі.) Імператар патрабуе падысці! (Усе падступаюць у вялікім жаху.) Жвавей! А цяпер падыдзі ты, Цэзонія. (Бярэ яе за руку, падводзіць да люстра і як апантаны стараецца саскрэбці малатком адбітак з гладкай паверхні. Смеючыся.) Ну вось, бачыш? Нічога няма. Ніякіх больш успамінаў, усе твары зніклі! Нічога! А ведаеш, што засталося? Падыдзі бліжэй. Зірні! I вы падыходзьце. Глядзіце. (З выглядам шаленца стае насупраць люстра.)
Цэзонія (гледзячы з жахам у люстра). Калігула!
Калігула (перамяніўшыся ў твары, прыкладае палец да люстра і раптам, пільна ўзіраючыся ў яго, трыумфальна прамаўляе). Калігула.
ЗАСЛОНА
Патрыцыі сабраліся ў доме ў Хэрэі.
Першы патрыцый. Ён абражае нашую годнасць!
Муцый. Ужо тры гады!
Стары патрыцый. Ён называе мяне сваёй ясачкай! Робіць мяне пасмешышчам! Смерць яму!
Муцый. Ужо тры гады!
Першы патрыцый. Выпраўляючыся на шпацыр за горад, ён прымушае нас бегчы побач са сваімі насілкамі!
Другі патрыцый. I кажа, што бег карысны нашаму здароўю.
Муцый. Ужо тры гады!
Стары патрыцый. Гэтаму няма прабачэння.
Трэці патрыцый. Так, гэтага нельга болей дараваць.
Першы патрыцый. У цябе, Патрыкій, ён канфіскаваў маёмасць, у цябе, Сцыпіён, забіў бацьку, у цябе, Актавій, забраў жонку і прымушае яе рабіць у публічным доме, а ў цябе, Лепід, ён забіў сына. I вы ўсё гэта стрывалі? Што датычыць мяне, я ўжо зрабіў свой выбар. Я не магу больш вагацца паміж рызыкай, якую мой выбар вымагае, і гэтым невыносным жыццём у бяссільнасці і страху.
Сцыпіён. Забіўшы майго бацьку, ён вырашыў за мяне.
Першы патрыцый. Дык вы яшчэ вагаецеся?
Трэці патрыцый. Мы з табой. Ён аддаў нашыя месцы ў тэатры просталюдзінам і прымусіў нас біцца з плебеямі, каб потым толькі яшчэ больш пакараць.
Стары патрыцый. Ён подлы нягоднік!
Другі патрыцый. Цынік.
Трэці патрыцый. Камедыянт.
Стары патрыцый. Імпатэнт.
Чацвёрты патрыцый. Ужо тры гады!
Беспарадкавыя воклічы. Бразгат зброі. Падае паходня. Перакульваецца стол. Усе кідаюцца да дзвярэй. Але раптам у іх з непарушна спакойным выглядам узнікае Xэрэя, які спыняе агульны парыў.
Хэрэя. Куды гэта вы так спяшаецеся?
Трэці патрыцый. У палац.
Хэрэя. Я так і зразумеў. I вы думаеце, вас туды пусцяць?
Першы патрыцый. Мы і не будзем пытаць дазволу.
Хэрэя. Якія вы раптам зрабіліся смелыя! Вы, прынамсі, дазволіце мне прысесці ў маім доме?
Дзверы зачыняюць. Хэрэя ідзе да перакуленага стала і сядае на край. Усе яго абступаюць.
Хэрэя. Усё не так проста, як вам здаецца, мае сябры. Страх, які вы адчуваеце, не заменіць вам мужнасці і вытрымкі. Вашыя захады скараспелыя.
Трэці патрыцый. Калі ты не з намі, заставайся, але трымай язык за зубамі.
Xэрэя. Мне, аднак, здаецца, што я з вамі. Але па іншых прычынах.
Трэці патрыцый. Досыць балбатні!
Xэрэя (выпростваецца). Але, досыць балбатні. Я хачу, каб ува ўсім была яснасць. Бо калі я і з вамі — я не за вас. Менавіта таму мне здаецца, што план, які вы абралі, няўдалы. Вы яшчэ не вывучылі як след свайго ворага, вы прыпісваеце яму дробязныя памкненні. А памкненні ў яго самыя велічныя, і вы ідзяце на сваю згубу. Навучыцеся спачатку бачыць яго такога, які ён ёсць, і тады вам лягчэй будзе з ім змагацца.
Трэці патрыцый. Мы і бачым яго такога, які ён ёсць,— найшалёнейшага з тыранаў!
Хэрэя. Не зусім. Звар’яцелых імператараў мы ўжо бачылі. Але гэты звар’яцелы не цалкам. I больш за ўсё я ненавіджу яго менавіта за тое, што ён ведае, чаго хоча.
Першы патрыцый. Ён хоча ўсім нам смерці.
Хэрэя. Не, гэта ў яго не галоўнае. Ён выкарыстоўвае сваю ўладу дзеля болей высокай і болей смяротнай мэты, ён пагражае самім асновам таго, чым мы жывём. Без сумневу, у нас ён не першы, хто мае бязмежную ўладу, але ён першы, хто карыстаецца ёю бязмежна, адмаўляючы і чалавека, і сам гэты свет. Вось што ў ім самае страшнае і вось з чым я хачу змагацца. Проста страціць жыццё — невялікая штука. На гэта, калі яно будзе трэба, мужнасці ў мяне стане. Але глядзець, як у цябе на вачах рассыпаецца сэнс жыцця, як знікае астатняя апора нашаму існаванню,— гэтага цярпець немагчыма. Нельга жыць без ніякай апоры.
Першы патрыцый. Помста — вось наша апора.
Хэрэя. Так, і я падзяляю яе разам з вамі. Але раблю гэта, як вы, напэўна, здагадваецеся, не дзеля спагады да вашай дробязнай крыўды. А дзеля таго, каб змагацца з вялікай ідэяй, перамога якой азначала б канец гэтаму свету. Я магу пагадзіцца, каб вас выстаўлялі пасмешышчам, але я не магу дапусціць, каб Калігула здзейсніў тое, пра што ён марыць. Я не магу дапусціць таго, пра што ён марыць. Сваю філасофію ён абарочвае ў трупы, і, на наша няшчасце, гэтая філасофія не церпіць пярэчання. Калі ж няможна абвергнуць, трэба звяргаць.
Трэці патрыцый. Значыць, трэба дзейнічаць.
Хэрэя. Трэба дзейнічаць. Але ў лоб вам не адолець гэтай злачыннай улады, пакуль яна поўная сілы. Змагацца можна з сапраўднаю тыраніяй, з бескарыслівым ліхам трэба хітрыць. Трэба дапамагчы яму выспець, счакаць, каб ягоная логіка дайшла да шаленства. Але яшчэ раз усвядомце, і я кажу вам гэта па шчырасці: я з вамі толькі часова. Потым жа — я болей не буду служыць вашым мэтам, я хачу толькі аднаго: вярнуць спакой і суцэльнасць гэтаму свету. I дзейнічаць мяне прымушае не карыслівы помысел, а свядомы страх, страх перад гэтым дзікім утрапеннем, якое зводзіць маё жыццё на нішто.
Першы патрыцый (выступаючы наперад). Здаецца, я зразумеў, хоць, можа, і не зусім. Але галоўнае — ты, як і мы, лічыш, што ён скаланае самыя асновы нашага грамадства. Нам важней за ўсё мараль, ці не так? Разбураецца сям’я, знікае павага да працы, уся краіна кінутая на ганьбаванне. Дабрадзейнасць просіць у нас паратунку, няўжо мы застанемся глухія да яе голасу? Сябры, няўжо вы змірыцеся, каб патрыцыяў кожны вечар прымушалі бегчы побач з цэзаравымі насілкамі?
Стары патрыцый. Няўжо вы дазволіце, каб іх называлі «ясачкамі»?
Трэці патрыцый. Каб у іх забіралі жонак?
Другі патрыцый. I дзяцей?
Муцый. I іхнія грошы?
Пяты патрыцый. Не!
Першы патрыцый. Хэрэя, ты ўсё добра сказаў. I добра зрабіў, што ўтрымаў нас. Дзейнічаць надта рана: сёння народ быў бы супраць нас. Ці ж гатовы ты разам з намі чакаць, калі настане зручны момант?
Хэрэя. Але. Дадзім Калігулу рабіць усё, што ён хоча. Нават больш — дапаможам яму. Зробім усё, каб патураць яму ў шаленстве. І настане дзень, калі ён апынецца сам-насам з цэлай імперыяй мерцвякоў і іх крэўных.
З усіх бакоў уздымаюцца воклічы. Знадворку чуваць гукі трубаў. Запаноўвае маўчанне. Потым з вуснаў у вусны перабягае імя: «Калігула».
Уваходзяць Калігула і Цэзонія, за якімі ідуць Гелікон і салдаты. Нямая сцэна. Калігула спыняецца і глядзіць на змоўнікаў. Моўчкі пераходзіць ад аднаго да другога, папраўляе аднаму кудзер, перад другім адступае, каб лепей разгледзець, зноў азірае ўсіх, праводзіць рукою па вачах і, не прамовіўшы ні слова, выходзіць.
Цэзонія (паказваючы на беспарадак у пакоі, з іроніяй). Вы што тут — біліся?
Хэрэя. Так, мы біліся.
Цэзонія (такім самым тонам). I чаму ж вы біліся?
Хэрэя. Мы біліся проста так.
Цэзонія. Значыць, гэта няпраўда.
Xэрэя. Што няпраўда?
Цэзонія. Вы не біліся.
Хэрэя. Значыць, мы не біліся.
Цэзонія (з усмешкаю). Можа, лепш прыбралі б у пакоі. Калігула цярпець не можа беспарадку.
Гелікон (старому патрыцыю). Кончыцца тым, што вы выведзеце яго з сябе!
Стары патрыцый. Але, далібог, што мы яму зрабілі?
Гелікон. Ды ўжо ж менавіта — нічога. Нават цяжка сабе ўявіць, як можна быць такімі няўважнымі?! Урэшце, гэта робіцца ўжо невыцерпным. Пастаўце сябе на месца Калігулы. (Паўза.) Вы ж тут, натуральна, трошкі ладзілі змовы, праўда?
Стары патрыцый. Ды што ты, зусім не, павер мне. З чаго ён выдумаў?
Гелікон. Ён не выдумаў, ён ведае. Але, па-мойму, яму гэтага нават трошачкі хочацца. Ну, давайце дапаможам навесці парадак.
Усе кідаюцца прыбіраць. Калігула ўваходзіць і назірае за імі.
Калігула (старому патрыцыю). Дзень добры, мая ясачка. (Да астатніх.) Хэрэя, я вырашыў трошкі ў цябе адпачыць і падсілкавацца. Муцый, я дазволіў сабе запрасіць тваю жонку. (Распарадчык б'е ў далоні. Уваходзіць раб, але Калігула яго спыняе.) Хвілінку! Панове, як вам вядома, фінансы ў нашай дзяржаве ледзьве ліпяць, дый тое — па голай звычцы. А з учорашняга дня і звычкі ўжо аказваецца мала. Таму я пастаўлены перад прыкраю неабходнасцю падкараціць абслугу. У духу самаахвяравання, якое вы, я ўпэўнены, высока ацэніце, я вырашыў паменшыць колькасць чэлядзі ў сваім палацы і, адпусціўшы колькі рабоў, узяць вас да сябе на службу. Зрабіце ж ласку накрыць на стол і падаць стравы.
Сенатары пераглядаюцца ў нерашучасці.
Гелікон. Ну, ну, панове, трошкі жвавей. Вы хутка самі пераканаецеся, што спускацца па сацыяльнай лесвіцы намнога прасцей, чым па ёй падымацца.
Сенатары нерашуча зрушваюць з месца.
Калігула (Цэзоніі). Якое пакаранне ў нас прадугледжана нядбайным рабам?
Цэзонія. Бізун, здаецца.
Сенатары кідаюцца жвава, але няспрытна накрываць на стол.
Калігула. Гэй, гэй, крыху акуратней! I трошкі болей парадку, парадак — гэта галоўнае! (Гелікону.) Здаецца, яны зусім страцілі спрыт.
Гелікон. Праўду кажучы, у іх яго і не было ніколі, хіба што на тое, каб біць ды камандаваць. Давядзецца набрацца цярпення, нічога не зробіш. Каб зрабіць сенатара, хопіць і аднаго дня, а вось на працаўніка трэба гадоў дзесяць.
Калігула. Але баюся, каб зрабіць працаўніка з сенатара, дык і ўсе дваццаць спатрэбіцца.
Гелікон. I ўсё ж у іх сёе-тое атрымліваецца. Па-мойму, у іх прызванне! Рабства — якраз тое, што ім вельмі добра падыдзе. (Адзін сенатар абцірае лоб.) Глядзі, яны нават пачынаюць пацець. Першы этап ужо пройдзены.
Калігула. Цудоўна. Але не будзем занадта патрабавальныя. Бо ўжо і так няблага. I апроч таго — зрэдку аддаць належнае справядлівасці ніколі не шкодзіць. Дарэчы, наконт справядлівасці: трэба спяшацца, у мяне ж на сёння яшчэ прызначана пакаранне. Ах, усё-ткі шанцуе Руфію, што я гэтак прагаладаўся. (Даверлівым тонам.) Руфій — гэта той коннік, які мусіць сёння памерці. (Паўза.) Вы не пытаецеся, чаму ён мусіць памерці?
Агульнае маўчанне. У гэтай паўзе рабы ўносяць стравы.
Калігула (у добрым гуморы). Ну што ж, як бачу, вы пачынаеце разумець. (Закідвае ў рот аліву, жуючы.) Нарэшце вы сцямілі, што зусім неабавязкова нешта зрабіць, каб памерці. Салдаты, я задаволены вамі! Што скажаш на гэта, Гелікон? (Перастае жаваць і здзекліва пазірае на астатніх.)
Гелікон. Безумоўна! Якое войска! Але, мушу зазначыць, яны сталі занадта разумныя і цяпер не захочуць біцца. Калі так пойдзе далей, імперыя загіне!
Калігула. Цудоўна. А цяпер адпачнём. Сядайце як папала. Не будзем трымацца афіцыйнага пратакола. I ўсё-ткі шанцуе гэтаму Руфію. Хоць я ўпэўнены, што ён зусім не ацэніць гэтай маленькай адцяжкі. А тым не менш, што можа быць каштоўней за тыя колькі гадзін, якія пашчасціць выйграць у смерці?
Пачынае есці, іншыя таксама. Адразу відаць, што ён не ўмее паводзіць сябе за сталом. Ён мог бы не кідаць костачак ад алівак у талеркі суседзям, не выплёўваць недаедкаў мяса на блюда ці не калупаць пазногцем у зубах і не чухаць з такой утрапёнасцю галавы. Тым не менш за ежай ён менавіта ўсім гэтым і займаецца, зусім не саромеючыся. Але раптам ён перастае есці і скіроўвае пільны позірк на аднаго з сваіх суседзяў за сталом, Лепіда.
Калігула (рэзка). Здаецца, ты не ў гуморы. Ці не таму, што я загадаў забіць твайго сына?
Лепід (са здушаным камяком горлам). Што ты, Гаю, наадварот.
Калігула (узрадавана). Наадварот! Ах, як мне падабаецца, калі твар не выдае, што робіцца ў чалавека на сэрцы. Твар у цябе сумны. А сэрца? Наадварот, Лепід, праўда ж?
Лепід (рашуча). Наадварот, цэзару.
Калігула (яшчэ радасней). Ах, я нікога так не люблю, як цябе. Давай жа пасмяёмся разам. Раскажы мне якую-небудзь вясёлую гісторыю, показку.
Лепід (які пераацаніў свае сілы). Гаю!
Калігула. Добра. Тады я раскажу. Але ж ты будзеш смяяцца, Лепід? Будзеш? (Кідаючы злавесны позірк.) Хоць бы дзеля свайго другога сына. (Зноў весела.) Дый, апроч таго, у цябе ж няма прычын засмучацца. (Адпівае глыток, падказвае.) На... На-ад... Ну, Лепід.
Лепід (стомлена). Наадварот, Гаю.
Калігула. Ну вось, цудоўна! (П'е.) А цяпер слухай. (Летуценна.) Жыў сабе аднойчы няшчасны імператар, якога ніхто не любіў. А ён любіў Лепіда, і, каб выгнаць гэтую любоў з свайго сэрца, ён загадаў забіць яго малодшага сына. (Мяняючы тон.) Зразумела, гэта няпраўда. Але затое забаўна, га? Ты не смяешся? Ніхто не смяецца? Слухайце мяне! (У лютым гневе.) Я хачу, каб усе смяяліся. I ты, Лепід, і ўсе астатнія. Усе ўставайце і смейцеся. (Б'е кулаком па стале.) Чуеце, я хачу бачыць, як вы смеяцеся.
Усе ўстаюць. Далей гэтую сцэну акторы, апроч Калігулы і Цэзоніі, могуць іграць, як марыянеткі.
Калігула (у захапленні адкідваецца на ложку, апанаваны нястрымным смехам). Не, ды ты толькі зірні на іх, Цэзонія. Нічога не засталося. Гонар, годнасць, добрае імя, спрадвечная мудрасць — усё гэта больш нічога не значыць. Усё знікае перад страхам. Але, Цэзонія, страх — гэта цудоўнае пачуццё, без ніякіх дамешкаў, чыстае і бескарыслівае, адно з рэдкіх высакародных пачуццяў, што нараджаюцца ў вантробах. (Абцірае рукою лоб, п'е. Дружалюбным тонам.) Цяпер пагаворым пра іншае. Хэрэя, нешта ты сёння маўчыш.
Хэрэя. Я гатовы гаварыць, Гаю. Як толькі ты мне дазволіш.
Калігула. Цудоўна. Тады маўчы. Мне болей хацелася б паслухаць нашага сябра Муцыя.
Муцый (праз сілу). Я да тваіх паслуг, Гаю.
Калігула. Раскажы-тка нам пра сваю жонку. Але спачатку загадай, каб яна села вось тут, леваруч ад мяне. (Муцыева жонка ідзе да Калігулы.) Ну! Муцый, мы ўсе чакаем цябе.
Муцый (крыху разгублена). Пра жонку... Я люблю яе.
Усе смяюцца.
Калігула. Вядома, мой сябра, вядома. Але гэта такая банальшчына. (Муцыева жонка ўжо села побач; нібы між іншым ён ліжа ёй левае плячо. Яшчэ больш разняволена.) Дарэчы, калі я ўвайшоў, вы тут, здаецца, ладзілі нейкую змову, га? Плялі якісь загаворчык?
Стары патрыцый. Як ты можаш, Гаю?..
Калігула. Драбяза, мая ясачка. Старасці ж трэба перашалець. Усё гэта сапраўды драбяза. Вы ж няздольныя на мужны ўчынак. Проста мне раптам успомнілася, што я мушу вырашыць яшчэ сякія-такія дзяржаўныя пытанні. Але спачатку аддамо даніну неадольным патрэбам, якія заклала ў нас прырода. (Устае і цягне Муцыеву жонку за сабой у суседні пакой.)
Муцый спрабуе ўстаць.
Цэзонія (ласкава). О, Муцый, я з задавальненнем выпіла б яшчэ тронікі гэтага цудоўнага віна.
Скарыўшыся, Муцый моўчкі падлівае ёй віна. Няёмкая паўза. Чуваць, як рыпяць крэслы. Наступная размова ідзе крыху натужліва.
Цэзонія. Ну што, Хэрэя! Можа, раскажаш цяпер, чаго гэта вы тут біліся толькі што?
Хэрэя (холадна). Усё гэта ад таго, дарагая Цэзонія, што ў нас узнікла спрэчка, ці павінна паэзія быць забойчая.
Цэзонія. Вельмі цікава. Хоць гэта, на жаль, перавышае маё жаночае разуменне. I ўсё ж мяне зачароўвае тая палкасць, з якою вы ставіцеся да мастацтва. Аказваецца, яна можа давесці вас ажно да бойкі.
Хэрэя (такім самым тонам). Гэта так. Дый сам Калігула мне неяк казаў, што не можа быць глыбокага і гарачага пачуцця без пэўнае жорсткасці.
Гелікон. Як і кахання без кропелькі гвалту.
Цэзонія (жуючы). У гэтым ёсць пэўная ісціна. Што скажуць астатнія?
Стары патрыцый. Калігула — тонкі псіхолаг.
Першы патрыцый. Ён вельмі красамоўна гутарыў з намі пра мужнасць.
Другі патрыцый. Яму варта было б занатаваць свае думкі. Такая кніга была б неацэнная.
Хэрэя. Не кажучы ўжо, што гэта неяк яго заняло б. Бо ўсе мы бачым, што яму трэба нечым сябе забавіць.
Цэзонія (па-ранейшаму жуючы). У такім выпадку вам будзе прыемна даведацца, што ён ужо пра гэта падумаў і якраз піша вялікі трактат.
Уваходзяць Калігула і Муцыева жонка.
Калігула. Муцый, я вяртаю табе тваю жонку. Яна зноўку твая. Але выбачайце, мне трэба даць колькі загадаў. (Хутка выходзіць.)
Муцый, увесь збялелы, стаіць, гледзячы яму ўслед.
Цэзонія (Муцыю, які па-ранейшаму стаіць нерухома). Няма сумнення, Муцый, што гэты трактат зойме сваё пачэснае месца побач з найбольш славутымі.
Муцый (пазіраючы на дзверы, за якімі знік Калігула). I пра што ў ім ідзе гаворка, Цэзонія?
Цэзонія (абыякавым тонам). О, гэтага я зразумець няздольная.
Хэрэя. Іншымі словамі, можна зрабіць выснову, што ў ім гаворыцца пра забойчасць паэзіі.
Цэзонія. Вось-вось, па-мойму, нешта ў такім духу.
Стары патрыцый (радасна). Ну што ж! Як сказаў Хэрэя, гэта яго трошкі забавіць.
Цэзонія. Так, мая ясачка. Але вось, баюся, назва трактата вас трошкі збянтэжыць.
Хэрэя. I што ж гэта за назва?
Цэзонія. Ён называецца — «Меч».
Хутка ўваходзіць Калігула.
Калігула. Вы ўжо прабачце, але дзяржаўныя справы таксама не церпяць адкладу. Распарадчык, аддай загад, каб зараз жа зачынілі ўсе хлебныя сховішчы. Указ пра гэта я толькі што падпісаў. Знойдзеш яго ў мяне ў пакоі.
Распарадчык. Але ж...
Калігула. Заўтра настане голад.
Распарадчык. Але народ будзе шумець.
Калігула (з націскам і выразна). Я сказаў: заўтра настане голад. Што такое голад, усім вядома — гэта пляга, стыхійнае бедства. Пляга пачнецца заўтра... і я яе спыню, калі мне захочацца. (Тлумачыць астатнім.) Увогуле ў мяне не так ужо многа спосабаў даказаць, што я свабодны. Свабодны бываеш заўсёды за чый-небудзь кошт. Прыкра, але ж рэч гэта сама па сабе звычайная. (Кідаючы вокам на Муцыя.) Вазьміце хоць бы рэўнасць, і вы ўбачыце, што я маю рацыю. (Задуменна.) I ўсё-ткі быць раўнівым — гэта так брыдка! Пакутаваць праз самалюбства і празмернае ўяўленне! Прымушаць сябе ў думках бачыць, як твая жонка...
Муцый сціскае кулакі і разяўляе рот.
Калігула (вельмі хутка). Сядайма за стол. панове. Ці вядома вам, што мы з Геліконам працуем не складаючы рук? Мы канчаем невялічкі трактат пра пакаранне смерцю, і вы скажаце, што пра яго думаеце.
Гелікон. Безумоўна, калі вашую думку ў вас спытаюць.
Калігула. Будзем велікадушныя, Геліконе! Раскрыем ім нашыя маленькія тайны. Ну, хоць бы вось: раздзел трэці, параграф першы.
Гелікон (устае і механічным голасам дэкламуе). Пакаранне смерцю нясе палёгку і вызваляе. Яно ўсеагульнае, супакаяльнае і справядлівае як па спосабах свайго выканання, так і па мэтах. Людзі паміраюць, бо яны вінаватыя. Людзі вінаватыя, бо яны Калігулавы падданыя. Але ж Калігулавы падданыя — усе. Такім чынам усе вінаватыя. Адсюль вынікае, што ўсе памруць. Гэта пытанне часу і цярпення.
Калігула (смеючыся). Ну, што скажаце, га? Цярпенне — вось найкаштоўнейшая знаходка! Прызнаюся вам шчыра: гэта самае галоўнае, што мяне ў вас зачароўвае. А цяпер, панове, можаце ісці. Хэрэя болей вас не затрымлівае. Толькі Цэзонія няхай яшчэ застанецца! I Лепід, і Актавій! I Мерэя таксама. Я хацеў бы пагутарыць з вамі пра справы ў маім публічным доме. Апошнім часам яны прымушаюць мяне хвалявацца.
Астатнія паволі выходзяць. Калігула праводзіць вачыма Муцыя.
Хэрэя. Мы гатовыя слухаць цябе, Гаю. Што-небудзь не ў парадку? Можа, кепска працуе персанал?
Калігула. Ды не, але ж выручка зусім не вялікая.
Мерэя. Трэба павысіць расцэнкі.
Калігула. Мерэя, толькі што ты прапусціў выдатны выпадак памаўчаць. У тваім узросце ўвогуле такія праблемы не павінны цябе цікавіць, і тваёй думкі я не пытаўся.
Мерэя. Але навошта ж тады ты загадаў мне застацца?
Калігула. Бо хутка мне спатрэбіцца бесстаронняя парада.
Мерэя адступае ўбок.
Хэрэя. Калі дазволіш, Гаю, я выкажуся небесстаронне: па-мойму, расцэнак мяняць не трэба.
Калігула. Ясная рэч. Але ж нашыя фінансавыя справы трэба нейкім чынам паправіць. Я ўжо растлумачыў свой план Цэзоніі, і яна зараз вам яго перакажа. А я, відаць, крыху выпіў лішку, мяне пачынае хіліць на сон. (Кладзецца і заплюшчвае вочы.)
Цэзонія. Усё вельмі проста. Калігула ўводзіць новую ўзнагароду.
Хэрэя. Не бачу сувязі.
Цэзонія. Тым не менш яна ёсць. Гэтаю ўзнагародай будзе ордэн «Грамадзяніна-героя», і атрымліваць яго будуць тыя, хто часцей за іншых будзе наведваць Калігулаў публічны дом.
Хэрэя. Бліскучая думка!
Цэзонія. I я так лічу таксама. Але я забылася сказаць яшчэ, што ўручацца ордэн будзе ў канцы кожнага месяца пасля падліку ўваходных білетаў; грамадзянін, які не атрымае ордэна на працягу дванаццаці месяцаў, будзе высланы або пакараны смерцю.
Трэці патрыцый. Чаму «або»?
Цэзонія. Таму што Калігула кажа, што гэта не мае ніякага значэння. Галоўнае, каб у яго быў выбар.
Хэрэя. Брава! Цяпер дзяржаўная скарбніца папоўніцца.
Гелікон. Прычым, заўважце, вельмі высокамаральным чынам. Урэшце, заўсёды лепей браць падатак з заганы, чым плаціць за добрапрыстойнасць, як гэта робіцца ў рэспубліканскіх дзяржавах.
Калігула крыху расплюшчвае вочы і глядзіць на старога Мерэю, які, стоячы воддаль, вымае з кішэні нейкую бутэлечку і адпівае глыток.
Калігула (лежачы). Што гэта ты там п’еш, Мерэя?
Мерэя. Гэта ад астмы, Гаю.
Калігула (расштурхваючы іншых, ідзе да яго і абнюхвае яму вусны). Не, гэта супрацьяддзе.
Мерэя. Ды не, Гаю. Ты смяешся. Я задыхаюся па начах і ўжо вельмі даўно лячуся ад гэтага.
Калігула. Дык значыць, ты баішся, што цябе атруцяць?
Мерэя. Мая астма...
Калігула. Не! Назавём рэчы сваімі імёнамі: ты баішся, што я цябе атручу. Ты мяне падазраеш. Ты сочыш за мною.
Мерэя. Ды не, клянуся багамі!
Калігула. Ты апасаешся мяне. Адным словам, ты мне не давяраеш.
Мерэя. Гаю!
Калігула (груба). Адказвай! (З матэматычнаю логікай.) Калі ты прымаеш супрацьяддзе, гэта значыць, ты прыпісваеш мне намер атруціць цябе.
Мерэя. Так... я хачу сказаць... не...
Калігула. I з той самай хвіліны, як я, па-твойму, прыняў рашэнне цябе атруціць, ты робіш усё насуперак маёй волі.
Запаноўвае цішыня. З пачаткам гэтага дыялога Цэзонія і Хэрэя адышлі ў глыбіню сцэны. Адзін Лепід з трывогай прыслухоўваецца да яго.
Калігула (з кожным словам усё больш выразна і паслядоўна выказваючы думку). Такім чынам, перад намі два злачынствы. I адзіная альтэрнатыва, якой табе не пазбегнуць: альбо я не хацеў цябе забіваць і ты несправядліва падазраеш мяне — твайго імператара. Альбо я гэтага хацеў і ты, нікчэмнасць, паўстаеш супроць маіх планаў! (Паўза. Калігула задаволена пазірае на старога.) Га, Мерэя? Ну што ты скажаш наконт гэткае логікі?
Мерэя. Яна... яна бездакорная, Гаю. Але яна не стасуецца з маім выпадкам.
Калігула. I трэцяе злачынства: ты лічыш мяне за шаленца. Дык слухай. З трох гэтых злачынстваў толькі адно — другое — дае табе гонар, бо калі ты мяркуеш, што я прыняў рашэнне, і паўстаеш супраць яго, гэта значыць, што ты бунтар. Ты правадыр паўстання, рэвалюцыянер. Гэта цудоўна. (Сумна.) Я вельмі люблю цябе, Мерэя. Менавіта таму ты будзеш пакараны за другое злачынства, а не за іншыя. Ты памрэш як мужчына — за бунт.
Пад час гэтае прамовы Мерэя ўсё больш скурчваецца і глыбей зашываецца ў сваё крэсла.
Калігула. Не трэба дзякаваць. Гэта ж натуральна. Вазьмі. (Дае яму флакон і прыязным голасам прапануе.) Выпі гэты яд.
Мерэя трасецца ў рыданні, круціць галавой у знак нязгоды.
Калігула (трацячы цярпенне). Ну, давай жа, давай!
Мерэя спрабуе ўцячы. Але Калігула ў дзікім скачку наганяе яго на сярэдзіне сцэны, валіць на невысокую лаву і пасля кароткае барацьбы, усунуўшы яму між зубоў флакон з ядам, разбівае яго кулаком. Падрыгаўшыся ў сутаргах, Мерэя памірае; твар у яго заліты крывёй і слязьмі. Калігула ўстае і машынальна абцірае рукі.
Калігула (Цэзоніі, падаючы ёй асколак ад Мерэевай бутэлечкі). Што гэта? Супрацьяддзе?
Цэзонія (спакойна). Не, Калігула. Гэта лекі ад астмы.
Калігула (гледзячы на Мерэю, крыху памаўчаўшы). Якая розніца. Усё адно. Крыху раней, крыху пазней...
Рэзка паварочваецца і выходзіць з заклапочаным выглядам, увесь час выціраючы рукі.
Лепід (прыгнечана). Што цяпер рабіць?
Цэзонія (звычайным голасам). Спачатку, па-мойму, трэба прыбраць гэтае цела. На яго брыдка глядзець!
Хэрэя і Лепід бяруць цела і цягнуць яго за кулісы.
Лепід (Хэрэю). Трэба спяшацца.
Xэрэя. Мы павінны сабраць, прынамсі, чалавек дзвесце.
Уваходзіць Сцыпіён. Заўважыўшы Цэзонію, збіраецца зноў выйсці.
Цэзонія. Хадзі, хадзі сюды.
Сцыпіён. Што табе?
Цэзонія. Падыдзі. (Бярэ яго за падбародак і зазірае ў вочы. Паўза. Халодным голасам.) Ён забіў твайго бацьку?
Сцыпіён. Так.
Цэзонія. Ты ненавідзіш яго?
Сцыпіён. Так.
Цэзонія. Ты хочаш яго забіць?
Сцыпіён. Так.
Цэзонія (адпускаючы яго). Тады чаму ж ты мне гэта кажаш?
Сцыпіён. Таму што я не баюся нікога. Забіць яго ці быць забітым самому — гэта толькі два розныя спосабы пакончыць з усім гэтым. Дый, зрэшты, ты мяне выдаваць не будзеш.
Цэзонія. Сапраўды, я цябе не выдам. Але я хачу табе нешта сказаць. Ці, правільней, мне хацелася б пагутарыць з тым, што ў табе ёсць найлепшае.
Сцыпіён. Найлепшае ўва мне — мая нянавісць.
Цэзонія. I ўсё-ткі паслухай. Тое, што я хачу сказаць табе, зразумець адначасова і цяжка, і проста. Каб толькі гэтае слова магло па-сапраўднаму быць пачутае, яно зрабіла б тую адзіную рэвалюцыю, якая канчаткова перавярнула б увесь свет.
Сцыпіён. Дык скажы яго.
Цэзонія. Пачакай. Падумай спачатку пра перакрыўлены болем твар твайго бацькі, калі ў яго выдзіралі язык. Прыгадай гэты рот, заліты крывёю, і гэты крык зацкаванага звера.
Сцыпіён. Ну.
Цэзонія. Падумай цяпер пра Калігулу.
Сцыпіён (з усёю нянавісцю ў голасе). Ну.
Цэзонія. А цяпер паслухай: пастарайся яго зразумець. (Выходзіць, пакідаючы Сцыпіёна ў разгубленасці.)
Уваходзіць Гелікон.
Гелікон. Сюды ідзе Калігула. Можа, крыху падсілкуецеся, паэце?
Сцыпіён. Геліконе! Дапамажы мне.
Гелікон. Гэта даволі небяспечна, мая ясачка. Дый я нічога не цямлю ў паэзіі.
Сцыпіён. Ты мог бы дапамагчы мне. Ты шмат чаго ведаеш.
Гелікон. Я ведаю, што дні праходзяць і трэба спяшацца паесці. І яшчэ я ведаю, што ты мог бы забіць Калігулу... і што ён гэтаму не надта б пярэчыў.
Уваходзіць Калігула. Гелікон выходзіць.
Калігула. А, гэта ты! (Спыняецца, нібыта крыху разгубіўшыся і не ведаючы, як сябе паводзіць.) Даўно я цябе не бачыў. (Паволі падыходзячы да Сцыпіёна.) Чым займаешся? Усё пішаш? Можа, пазнаёміш з апошнімі сваімі сачыненнямі?
Сцыпіён (таксама адчувае сябе няёмка, яго душа раздзіраецца паміж нянавісцю і нейкім іншым, яму самому не зразумелым пачуццём). Я напісаў некалькі вершаў, цэзару.
Калігула. Пра што?
Сцыпіён. Не ведаю, цэзару. Напэўна, пра прыроду.
Калігула (ужо болей разняволена). Цудоўная тэма. I такая шырокая. I што ж падказала табе прырода?
Сцыпіён (схамянуўся, іранічна і са злосцю). Яна суцяшае мяне, што я не цэзар.
Калігула. Ага! А як ты думаеш, ці можа яна суцешыць мяне, што я — цэзар?
Сцыпіён (тым жа тонам). Далібог, яна вылечвала і болей глыбокія раны.
Калігула (надзіва звычайным голасам). Раны? Ты кажаш гэта са злосцю. Ці не таму, што я забіў твайго бацьку? Але каб ты толькі ведаў, якое гэта дакладнае слова: рана. (Перамяніўшы тон.) Толькі нянавісць робіць людзей разумнымі.
Сцыпіён (ненатуральна напружаным голасам). Я адказаў табе на тваё пытанне пра прыроду.
Калігула сядае, глядзіць на Сцыпіёна, потым раптам бярэ яго за рукі і цягне да сябе, прымушаючы сесці, твар у твар, каля сваіх ног. Бярэ яго твар у далоні.
Калігула. Раскажы мне свой верш.
Сцыпіён. Не, цэзару, прашу цябе.
Калігула. Чаму?
Сцыпіён. Ён у мяне не з сабой.
Калігула. Ты не ведаеш яго на памяць?
Сцыпіён. Не.
Калігула. Скажы, прынамсі, пра што ў ім гаворыцца.
Сцыпіён (гэтак жа напружана, нібы сіламоц). Я пісаў у ім...
Калігула. Ну-ну?
Сцыпіён. Не. Не памятаю...
Калігула. Паспрабуй...
Сцыпіён. Я пісаў у ім пра своеасаблівую суладнасць, што ўзнікае паміж зямлёй...
Калігула (перабівае яго, нібы занурыўшыся ў свае думкі). ...паміж зямлёй і чалавекам, які на яе ступае.
Сцыпіён (здзіўлена, крыху павагаўшыся). Так, бадай, менавіта пра гэта...
Калігула. Расказвай далей.
Сцыпіён. ...і яшчэ пра абрысы рымскіх пагоркаў, і пра тое мімалётнае і шчымлівае супакаенне, у якое іх агортвае вечар...
Калігула. ...Пра крык стрыжоў у зялёным небе.
Сцыпіён (яшчэ больш мякка). Так, і пра гэта.
Калігула. Пра што яшчэ?
Сцыпіён. Пра тое няўлоўнае імгненне, калі неба, яшчэ ўсё пранізанае залатымі ніткамі, раптам перакульваецца і ў тую ж хвіліну паказвае нам свой іншы бок, перасыпаны бліскучымі зоркамі.
Калігула. Пра пахі дыму, дрэў і вады, што ўздымаюцца ад зямлі насустрач блізкай ночы.
Сцыпіён. ...Сакатанне цыкадаў, цішэе дзённая спёка, брэх сабак, рып апошніх павозак і гоман сялян...
Калігула. ...I дарогі пад самшытамі і алівамі агортваюцца ценем...
Сцыпіён. Так, так. Пра ўсё гэта. Адкуль табе гэта вядома?
Калігула (прытуляе Сцыпіёна да сябе). Не ведаю. Можа быць, мы любім з табой аднолькавыя ісціны.
Сцыпіён (з дрыготкаю ў голасе, хавае твар на грудзях у Калігулы). Ах, ці не ўсё адно, калі я паўсюль бачу толькі аблічча любові!
Калігула (пяшчотна). Гэта ўласціва людзям з вялікім сэрцам, Сцыпіёне. Каб толькі я мог таксама зведаць такую ж крынічную чысціню душы! Але я надта добра ведаю сваю неадольную прагу да жыцця, і прырода яе не спатоліць. Ты не здольны гэтага зразумець. Ты з іншага свету. Ты ўвесь належыш дабру, як я — злу.
Сцыпіён. Я здольны зразумець.
Калігула. Не. Гэта нешта ўва мне, бязмежная маўклівая багна, прагнілыя водарасці. (Раптам перамяняе тон.) Твой верш, напэўна, чароўны. Але калі хочаш маю думку...
Сцыпіён (у ранейшай паставе). Хачу.
Калігула. Ва ўсім гэтым бракуе крыві.
Сцыпіён рэзка адкідваецца назад і з жахам пазірае на Калігулу.
Сцыпіён (яшчэ адступаючы, глухім голасам, пільна ўзіраючыся ў Калігулу). О! Пачвара, агідная пачвара! Ты зноў прыкідваўся. Прызнайся, усё гэта была толькі гульня? Ты сабой задаволены?
Калігула (з пэўным сумам). У тым, што ты кажаш, ёсць доля праўды. Гэта быда гульня.
Сцыпіён (тым жа голасам). Якое ж у цябе павінна быць гнюснае і крывавае сэрца! Як цябе мусяць катаваць твае нянавісць і здосць!
Калігула (мякка). Досыць, цяпер памаўчы.
Сцыпіён. Як мне цябе шкада і як я цябе ненавіджу!
Калігула (гнеўна). Маўчы!
Сцыпіён. I ў якой мярзотнай адзіноце ты, напэўна, жывеш!
Калігула (зрываецца, кідаецца на Сцыпіёна і трасе яго, ухапіўшы за каўнер). У адзіноце?! Ды хіба ты яе калі-небудзь ведаў? Адзіноту паэтаў і здыхлякоў? У адзіноце. У якой? Ты нават не ведаеш, што чалавек ніколі не застаецца адзін! Што нас паўсюль праследуе нязменны цяжар будучыні і мінуўшчыны! Тыя, каго мы забілі. Але і яны — яшчэ не самае цяжкае. З намі тыя, каго мы кахалі, каго не кахалі і хто кахаў нас, шкадаванні, жаданні, горыч і ласка, шлюхі і цэдая зграя багоў. (Выпускае яго і вяртаецца на месца.) У адзіноце! О, каб толькі замест гэтай — маёй — адзіноты, атручанай прысутнасцю іншых, я мог паспытаць адзіноты сапраўднай, цішыні і шодаху дрэваў! (Сеўшы, раптам стомленым голасам.) Адзінота! Не, Сцыпіёне. Яна ўся перапоўненая скрыгатаннем зубоў, рэхам аціхдых гукаў і страчаных галасоў. Нават з жанчынай, калі нас агортвае ноч і я, даскаючы яе, аддзяляюся ад сваёй нарэшце здаволенай плоці і пачынаю ўжо верыць, што хоць на адно імгненне паміж сваім нараджэннем і смерцю здолею пабыць сам сабой, мая адзінота цадкам, да берагоў запаўняецца з’ядчэлым водарам асадоды пад пахамі ў той, што ціха пагружаецца ў сон побач са мною.
У яго змораны выгляд. Доўгае маўчанне. Сцыпіён заходзіць Калігулу за спіну і няўпэўнена набліжаецца да яго. Выпроствае да Калігулы руку і кладзе яму на плячо. Не азіраючыся, Калігула накрывае яго руку сваёю.
Сцыпіён. У кожнага ў жыцці ёсць свая аддушына. Тая, што дапамагае нам жыць далей. Людзі звяртаюцца да яе, калі адчуваюць, што ў іх не застаецца ўжо сілы.
Калігула. Гэта так, Сцыпіёне.
Сцыпіён. Няўжо ў цябе няма нічога падобнага, што дало б выхад слёзам, падарыла ціхі прыстанак?
Калігула. Ды бадай што ёсць.
Сцыпіён. Што?
Калігула (паволі). Пагарда.
ЗАСЛОНА
З-за апушчанае заслоны — гукі талерак і бубна. Заслона падымаецца, адкрываючы нешта накшталт кірмашовага балагана. У цэнтры на невялікім памосце перад завешанай фіранкай стаяць Гелікон і Цэзонія. Абапал — музыкі з талеркамі. На лавах спінай да гледачоў сядзяць колькі патрыцыяў і Сцыпіён.
Гелікон (голасам кірмашовага зазывалы). Падыходзьце! Падыходзьце. (Талеркі.) Багі зноў сышлі на зямлю. Гай, цэзар і бог, называны Калігула, пазычыў ім сваё чалавечае аблічча. Падыходзьце, нікчэмныя смяротныя, святое дзіва дзеецца ў вас на вачах. Праз асаблівую ласку да багаславёнага царавання Калігулава, боскія таямніцы сёння адкрываюцца ўсім.
Талеркі.
Цэзонія. Падыходзьце, панове! У кленчвайце і ўшаноўвайце, хто чым можа. Тайны нябесныя сёння ўсім па кішэні.
Талеркі.
Гелікон. Алімп і яго закуліснае жыццё, звады, слёзы і брудная бялізна. Падыходзьце! Падыходзьце! Уся праўда пра вашых багоў!
Талеркі.
Цэзонія. Укленчвайце і ўшаноўвайце, хто чым можа. Падыходзьце, панове. Прадстаўленне пачынаецца.
Талеркі. Сноўданне рабоў, якія выносяць на памост розныя рэчы.
Гелікон. Карціны, уражальныя сваёю праўдзівасцю, непараўнальныя ні з чым, што было раней. Нябесныя сілы ва ўсім сваім бляску і велічы нарэшце спушчаны на зямлю; нечуванае і нябачанае па сваім размаху відовішча, маланка (рабы запальваюць грэчаскі агонь), гром (коцяць бочку з каменнем) і сам лёс у сваім трыумфальным шэсці. Прыходзьце і глядзіце!
Адшморгвае фіранку, за якой на п’едэстале ўзнікае Калігула, па-блазенску пераапрануты ў Венеру.
Калігула (прыязным голасам). Сёння я — Венера.
Цэзонія. Ушанаванне пачынаецца. На калені! (Усе, апроч Сцыпіёна, укленчваюць.) Паўтарайце за мною свяшчэнную малітву Калігулы-Венеры: «Багіня пакутаў і скокаў...
Патрыцыі. Багіня пакутаў і скокаў...
Цэзонія. Народжаная з хваляў, уся клейкая й горкая ад солі і пены...
Патрыцыі. Народжаная з хваляў, уся клейкая й горкая ад солі і пены...
Цэзонія. Ты, што падобна да ўсмешкі й жалю...
Патрыцыі. Ты, што падобна да ўсмешкі й жалю...
Цэзонія. Да крыўды й натхнення...
Патрыцыі. Да крыўды й натхнення...
Цэзонія. Навучы нас абыякавасці, што дазваляе нанова адрадзіцца любові...
Патрыцыі. Навучы нас абыякавасці, што дазваляе нанова адрадзіцца любові...
Цэзонія. Пакажы нам ісціну гэтага свету, якая ў тым, што яе няма...
Патрыцыі. Пакажы нам ісціну гэтага свету, якая ў тым, што яе няма...
Цэзонія. I надай нам сілы жыць згодна з гэтай непараўнальнаю ісцінай...
Патрыцыі. I надай нам сілы жыць згодна з гэтай непараўнальнаю ісцінай...
Цэзонія. Паўза!
Патрыцыі. Паўза!
Цэзонія (чытае далей). Абсып нас сваімі дарамі, ахіні нашы абліччы сваёй бесстаронняю лютасцю і справядлівай нянавісцю, асвяжы нашы вочы поўнымі жменямі кветак і жорсткіх забойстваў.
Патрыцыі. ...поўнымі жменямі кветак і жорсткіх забойстваў.
Цэзонія. Прымі сваіх аблудных дзяцей. Пусці іх у голы прытулак сваёй халоднай і невыцерпнай любові. Надзялі нас сваёй беспрадметнай зацятасцю, беспадстаўнай пакутай і безнадзейнаю радасцю.
Патрыцыі. ... і безнадзейнаю радасцю.
Цэзонія (вельмі гучна). Ты, спустошаная і такая пякучая, нечалавечная, але такая зямная, напаі нас віном сваёй абыякавасці і наталі навечна нашыя душы ў сваім чорным і горкім сэрцы.
Патрыцыі. Напаі нас віном сваёй абыякавасці і наталі навечна нашыя душы ў сваім чорным і горкім сэрцы.
Калі патрыцыі дагаворваюць апошнюю фразу, Калігула, да гэтага нерухомы, шумна пырхае і вельмі голасна прамаўляе.
Калігула. Хай будзе так, дзеці мае, усе вашыя малітвы будуць спраўджаныя.
Сядае па-турэцку на п’едэстале. Патрыцыі адзін за адным укленчваюць перад ім, ахвяруюць грошы і адступаюць у правы кут сцэны, збіраючыся там, каб усім разам сысці. Апошні, вельмі хвалюючыся, адыходзіць, забыўшыся заплаціць. Але Калігула рэзка ўскоквае на ногі.
Калігула. Гэй! Гэй! Ану, хлопча, хадзі сюды. Укленчваць — гэта добра, але даваць грошы — яшчэ лепш. Дзякуй. Цяпер парадак. Каб у багоў не было ніякага іншага багацця, апроч любові смяротных, яны былі б такія ж бедныя, як бедны Калігула. А цяпер, панове, можаце ісці і паведаміць гораду пра дзіўнае дзіва, пры якім вам пашчасціла быць: вы бачылі Венеру, бачылі ў самым прамым сэнсе гэтага слова — на свае плоцкія вочы, і Венера гаманіла з вамі. Ідзіце ж, панове.
Патрыцыі прыходзяць у рух.
Хвілінку! Выходзьце праз левыя дзверы, бо за правымі я паставіў варту і загадаў ёй забіваць усіх, хто будзе выходзіць.
Беспарадкавым натоўпам патрыцыі спешна выходзяць.
Рабы і музыкі знікаюць таксама.
Гелікон прыгражае Сцыпіёну пальцам.
Гелікон. Ты зноў, Сцыпіёне, паводзіў сябе як анархіст!
Сцыпіён (Калігулу). Тое, што ты зрабіў, Гаю,— блюзнерства.
Гелікон. I што ж гэта можа значыць?
Сцыпіён. Заліўшы зямлю крывёю, ты цяпер паліваеш брудам неба.
Гелікон. У гэтага юнака проста цяга да гучных словаў. (Разлягаецца на канапе.)
Цэзонія (вельмі спакойна). Які ты гарачы, хлопча. Сёння людзі ў Рыме паміраюць і за куды ўжо менш красамоўныя прамовы.
Сцыпіён. Я вырашыў і хачу сказаць Гаю ўсю праўду.
Цэзонія. Ну што ж, Калігула, якраз маральнае самавітасці твайму цараванню і бракавала.
Калігула (зацікаўлена). Дык ты верыш у багоў, Сцыпіёне?
Сцыпіён. Не.
Калігула. Тады я не разумею, чаму ты з такім імпэтам кідаешся выкрываць блюзнерства?
Сцыпіён. Я магу з нечым не пагаджацца, але неабавязкова павінен усё гэта бэсціць ці забіраць у іншых права ў гэта верыць.
Калігула. Але ж якая ў яго сціпласць, га, ну — сапраўдная сціпласць! Ах, дарагі Сцыпіёне, як я радуюся за цябе. I ведаеш, нават зайздрошчу... Бо гэта ж адзінае пачуццё, якога мне, напэўна, ніколі не зведаць.
Сцыпіён. Ты зайздросціш не мне, ты зайздросціш самім багам.
Калігула. З твайго дазволу, няхай гэта застанецца вялікай таямніцаю майго царавання. А ўвогуле, усё, у чым мяне сёння можна папракнуць, дык гэта ў тым, што я зрабіў яшчэ адзін маленечкі крок па дарозе да магутнасці і свабоды. Чалавеку, які любіць уладу, суперніцтва багоў вельмі назаляе. Я з ім пакончыў. Я давёў гэтым уяўным багам, што чалавек, у якога ёсць воля, можа без ніякае падрыхтоўкі займацца іх нікчэмным рамяством.
Сцыпіён. Гэта і ёсць блюзнерства, Гаю.
Калігула. Не, Сцыпіёне, гэта празорлівасць. Проста я зразумеў, што ёсць толькі адна мажлівасць параўнацца з багамі: трэба быць такім жа бязлітасным.
Сцыпіён. Трэба пераўтварыцца ў тырана.
Калігула. Што такое тыран?
Сцыпіён. Сляпая душа.
Калігула. Зусім неабавязкова, Сцыпіёне. Тыран — гэта той, хто ахвяруе народамі дзеля сваіх ідэяў ці праз прагу да славы. У мяне ж такіх ідэяў няма, а калі казаць пра пашану ды ўладу, то і тут мне ўжо няма больш чаго дамагацца. Калі я і карыстаюся ўладай, дык толькі каб захаваць раўнавагу.
Сцыпіён. Раўнавагу з чым?
Калігула. З глупствам і злосцю багоў.
Сцыпіён. Адна злосць не ўраўнаважыць другую. I ўлада тут не дапаможа. Я ведаю толькі адзін спосаб процістаяць варожасці свету.
Калігула. Які ж?
Сцыпіён. Беднасць.
Калігула (робячы сабе педыкюр). Ну што ж, трэба будзе паспрабаваць і гэта.
Сцыпіён. А тым часам вакол цябе паміраюць людзі, шмат людзей.
Калігула. Вельмі мала, Сцыпіёне, не верыш? Ведаеш, ад колькіх я адмовіўся войнаў?
Сцыпіён. Не.
Калігула. Ад трох. I ведаеш — чаму?
Сцыпіён. Таму што табе начхаць на веліч Рыма.
Калігула. Не. Таму што я паважаю чалавечае жыццё.
Сцыпіён. Ты кпіш з мяне, Гаю.
Калігула. Ну, ці, прынамсі, паважаю яго болей за славу заваёўніка. Праўда, чужое жыццё я паважаю не больш за сваё. I калі мне лёгка забіць, то толькі таму, што мне і памерці няцяжка. Не, чым больш я разважаю пра гэта, тым больш пераконваюся, што я не тыран.
Сцыпіён. Але якая нам з гэтага карысць, калі мы мусім плаціць за ўсё гэтак жа дорага, як нават каб ты ім і быў.
Калігула (крыху знервавана). Каб ты ўмеў лічыць, ты ведаў бы, што самая нязначная вайна, учыненая разумным тыранам, каштавала б вам тысячу разоў даражэй за ўсе капрызы маёй фантазіі.
Сцыпіён. Але ў гэтай вайне быў бы, прынамсі, хоць нейкі сэнс. Бо галоўнае — якраз у тым, каб можна было зразумець.
Калігула. Лёс зразумець немагчыма, таму я і вырашыў заняць яго месца. Я пераняў бяздумнае і няўцямнае аблічча багоў. I твае нядаўнія паплечнікі паспяхова вывучыліся толькі што яму пакланяцца.
Сцыпіён. А гэта і ёсць блюзнерства, Гаю.
Калігула. Не, Сцыпіёне, гэта толькі своеасаблівае драматычнае мастацтва. Памылка ўсіх гэтых людзей у тым, што яны не надта вераць у тэатр. Іначай яны ведалі б, што граць нябесныя трагедыі і ператварацца ў бога дазволена кожнаму. Досыць толькі прымусіць ачарсцвець сваё сэрца.
Сцыпіён. Можа быць, яно так, Гаю. Але калі гэта праўда, то здаецца мне, што ты зрабіў ужо ўсё патрэбнае, каб аднойчы вакол цябе паўсталі лёгіёны такіх самых няўмольных багоў і залілі крывёю тваё часовае бажаство.
Цэзонія. Сцыпіёне!
Калігула (цвёрдым і жорсткім голасам). Чакай, Цэзонія. Ты сам, Сцыпіёне, не ведаеш, як ты гэта слушна сказаў: я зрабіў усё патрэбнае. Мне цяжка ўяўляецца дзень, пра які ты кажаш. Але часам я пра яго мару. I ва ўсіх тварах, якія тады пачынаюць наступаць на мяне, узнікаючы з глыбокай і горкай цемры, у іх перакрыўленых нянавісцю і трывогаю рысах, я сапраўды — з радасцю — пазнаю адзінага бога, якога ўпадабаў у гэтым свеце: нікчэмнага і баязлівага, як само чалавечае сэрца. (Раздражнёна.) А цяпер — ідзі прэч. Ты і так ужо занадта многа тут нагаварыў. (Мяняючы тон.) Мне яшчэ трэба нафарбаваць на нагах пазногці. У мяне тэрміновая справа.
Усе выходзяць, апроч Гелікона, які пачынае хадзіць вакол Калігулы, што засяроджана нафарбоўвае пазногці на нагах.
Калігула. Геліконе!
Гелікон. Што такое?
Калігула. Як ідзе твая праца?
Гелікон. Якая праца?
Калігула. Ну як!.. Я наконт поўні!
Гелікон. Справа ідзе. Тут уся рэч у цярпенні. Але мне хацелася б з табою пагутарыць.
Калігула. Ну, цярпенне ў мяне, можа, яшчэ і знойдзецца, а вось часу — небагата. Так што, Геліконе, давай хутчэй.
Гелікон. Я ж казаў табе, я ўсё зраблю як мага лепш. Але раней мне трэба сказаць табе нешта важнае.
Калігула (нібыта нічога не чуў). I заўваж, што аднойчы яна ў мяне ўжо была.
Гелікон. Хто?
Калігула. Поўня.
Гелікон. Ну, зразумела. Але ці вядома табе, што на тваё жыццё рыхтуюць замах?
Калігула. I яна была ў мяне напраўду. Зрэшты, усяго толькі разы два ці тры. Але ўсё-ткі яна ў мяне была.
Гелікон. Я даўно ўжо спрабую з табой пагутарыць.
Калігула. Гэта было летась — улетку. Я часта глядзеў на яе і лашчыў на калонах у садзе, і ўрэшце яна мяне зразумела.
Гелікон. Хопіць гэтай гульні, Гаю. Хоць ты і не хочаш мяне слухаць, мой абавязак сказаць табе гэта. Няхай ты і прапусціш мае словы міма вушэй.
Калігула (па-ранейшаму засяроджана фарбуе на нагах пазногці). Гэты лак нічога не варты. Але я казаў пра поўню: гэта было цудоўнай жнівеньскай ноччу. (Гелікон з прыкрасцю адварочваецца і, нерухома застыўшы, змаўкае.) Яна спачатку крыху манежылася. Я тады ўжо ляжаў у ложку і збіраўся заснуць. А яна вісела над даляглядам і была спачатку ўся крывава-чырвоная. Потым пачала пакрысе падымацца, усё хутчэй і хутчэй, нібы паступова страчваючы вагу. I чым болей яна падымалася, тым болей святлела. I нарэшце ператварылася ў цэлае возера з малочнымі водамі пасярод чорнага неба, перасыпанага мігценнем зор. I тады, цёплая, мяккая, лёгкая і нічым не прыкрытая, яна прыйшла да мяне. Яна пераступіла парог маёй спальні і з павольнай упэўненасцю падышла да майго ложка, лягла побач і абсыпала мяне сваімі ўсмешкамі й бляскам. Не, сапраўды, гэты лак нічога не варты. Так што — бачыш, Геліконе, я, не выхваляючыся, магу сказаць, што я яе меў.
Гелікон. Ці можаш ты мяне паслухаць, каб даведацца, што табе пагражае?
Калігула (адрываецца ад свайго занятку і пільна глядзіць на яго). Мне патрэбна адна толькі поўня, Геліконе. Тое, што мяне заб’е, я ведаю загадзя. Але я яшчэ не вычарпаў усяго, што можа трымаць мяне ў гэтым жыцці. Таму мне патрэбная поўня. I пакуль ты мне яе не здабудзеш, тваёй нагі тут болей не будзе.
Гелікон. У такім выпадку я ўсё ж выканаю свой абавязак і скажу табе тое, што мушу сказаць. Супраць цябе рыхтуецца змова. Галоўны завадатар — Хэрэя. Мне ўдалося захапіць гэтую таблічку, з якой ты даведаешся пра галоўнае. Я пакідаю яе тут. (Кладзе таблічку на крэсла і скіроўвае прэч.)
Калігула. Ты куды, Геліконе?
Гелікон (з парога). Шукаць табе поўню.
У дзверы насупраць нехта шкрабецца. Калігула рэзка азіраецца і заўважае старога патрыцыя.
Стары патрыцый (нерашуча). Дазволіш, Гаю?
Калігула (крыху раздражнёна). Ну што ж, уваходзь. (Пазіраючы на яго.) Што, мая прыгажуня, мы прыйшлі яшчэ раз зірнуць на Венеру?
Стары патрыцый. Не, не за тым. Тс-с! Вой, прабач, Гаю... я хацеў... Ты ж ведаеш, як я цябе люблю... і адзінае, чаго я хачу, гэта — спакойна дажыць свой век...
Калігула. Не будзем марудзіць, не будзем!
Стары патрыцый. О, так. Я, гэта... (Вельмі хутка.) Гэта вельмі важна, вось.
Калігула. Не, гэта няважна.
Стары патрыцый. Але што няважна, Гаю?
Калігула. Але пра што мы гаворым, маё каханне?
Стары патрыцый (азіраецца вакол). Ну, гэта... (Увесь скурчваецца і нарэшце выстрэльвае.) Супраць цябе змова...
Калігула. Ну вось бачыш, я ж казаў табе, гэта зусім не важна.
Стары патрыцый. Гаю, яны хочуць забіць цябе.
Калігула (падыходзіць да яго і бярэ за плечы). Ведаеш, чаму я не магу табе паверыць?
Стары патрыцый (жэстам прысягаецца, што кажа праўду). Усімі багамі, Гаю...
Калігула (ласкава і паціху штурхаючы яго да дзвярэй). Не бажыся, ужо толькі не бажыся. Лепей паслухай. Калі тое, што ты сказаў,— праўда, я вымушаны буду думаць, што ты здраджваеш сваім сябрам, так?
Стары патрыцый (крыху разгубіўшыся). Гэта, Гаю... таму што мая любоў да цябе...
Калігула (тым жа тонам). А я не магу дапусціць гэтага. Баязліўства было мне заўсёды такое агіднае, што я ніколі не здолею не пакараць здрадніка смерцю. Але я ведаю, чаго ты варты. I безумоўна, у цябе ніколі не ўзнікне жадання ні здрадзіць, ані памерці.
Стары патрыцый. Безумоўна, Гаю, безумоўна!
Калігула. Вось бачыш, значыць, я меў рацыю, калі не паверыў табе. Ты ж не баязлівец, праўда?
Стары патрыцый. О! Не...
Калігула. I не здраднік?
Стары патрыцый. Само сабой, Гаю.
Калігула. А значыць, змовы няма, скажы, гэта быў усяго толькі жарт?
Стары патрыцый (зусім раскіснуўшы). Жарт, жарт, звычайны жарт...
Калігула. I ніхто не хоча мяне забіць, праўда?
Стары патрыцый. Ніхто, вядома, ніхто.
Калігула (глыбока ўздыхнуўшы, болей марудна). Вось і ідзі, ідзі адсюль, мая прыгажунька. Сумленны чалавек — такая рэдкая з’ява ў гэтым свеце, што мне цяжка доўга глядзець на яе. Каб лепей прачуць гэтую незабыўную сустрэчу, мне трэба пабыць аднаму.
Пэўны час Калігула, не сыходзячы з месца, глядзіць на таблічку. Потым рэзка бярэ яе і пачынае чытаць. Шумна ўздыхае і кліча вартавога.
Калігула. Прывядзі Хэрэю.
Вартавы паварочваецца да выхаду.
Чакай. (Вартавы спыняецца.) З пашанай.
Вартавы выходзіць. Калігула праходзіцца сюды-туды. Потым падыходзіць да люстра.
Калігула. Ты вырашыў быць лагічным, дурню. Трэба яшчэ паглядзець, да якой мяжы. (Іранічна.) Каб табе прынеслі поўню, усё адразу змянілася б, праўда? Немагчымае зрабілася б магчымым, і ў тое ж імгненне, разам, усё прыняло б іншы паварот. Ну, а чаму ж не, Калігула? Хто ведае? (Азіраецца вакол.) Вакол мяне ўсё меней і меней люду, дзіўна. (Люстру, глухім голасам.) Надта многа трупаў, надта многа, вось адкуль гэтая пустата. Нават каб мне і прынеслі поўню, я ўжо не здолеў бы вярнуцца назад. Нават каб мёртвыя зноў зварухнуліся пад ласкамі сонца, забойствы ад гэтага не канулі б пад зямлю. (Са злосцю у голасе.) Логіка, Калігула, логіка — ты павінен кіравацца ёю! Уладарыць — да астатняй мяжы, аддаваць сябе цалкам — да астатняй мяжы. Не, дарогі назад няма — трэба ісці да канца!
Уваходзіць Xэрэя.
Калігула шчыльна закручваецца ў плашч і крыху адкідваецца на спінку фатэля. Выгляд у яго змораны.
Хэрэя. Ты мяне клікаў?
Калігула (слабым голасам). Так, Хэрэя. Варта! Паходні!
Маўчанне.
Хэрэя. Ты хацеў мне сказаць нешта асаблівае?
Калігула. Не, Хэрэя.
Маўчанне.
Хэрэя (крыху раздражнёна). Ты ўпэўнены, што мне трэба тут яшчэ быць?
Калігула. Абсалютна ўпэўнены, Хэрэя.
Зноў маўклівая паўза.
Калігула (раптам нібыта спяшаючыся). Але — прабач. Я не надта ўважны і кепска цябе прымаю. Сядай вось на гэты фатэль, і давай пагамонім як сябры. Мне проста трэба крыху пагутарыць з разумным чалавекам.
Хэрэя сядае. Упершыню ад пачатку п’есы ў яго шчыры і натуральны выгляд.
Калігула. Як па-твойму, Хэрэя, ці могуць два чалавекі, роўныя па духу і гонару, хоць раз у жыцці пагутарыць па ўсёй шчырасці, адкрыцца, скінуўшы з сябе ўсё — хлусню, забабоны, уласныя інтарэсы, якімі яны жывуць?
Хэрэя. Я думаю, што гэта магчыма, Гаю. Але ты, па-мойму, на гэта няздольны.
Калігула. Твая праўда. Я хацеў толькі даведацца, ці падзяляеш ты маю думку. Што ж, схаваемся за нашымі маскамі. Узброімся кожны сваёй хлуснёй. Пакрыем сябе даспехамі і будзем лічыць, што наша размова — тая ж бойка сам-насам. Хэрэя, чаму ты мяне не любіш?
Хэрэя. Таму што нічога любага ў табе, Гаю, няма. Таму што такія рэчы загадаць немагчыма. I таму што я надта добра цябе разумею і не магу палюбіць у табе тое сваё аблічча, якое сам стараюся схаваць ад другіх.
Калігула. Чаму ж ты мяне ненавідзіш?
Хэрэя. Тут ты памыляешся, Гаю. У мяне няма да цябе нянавісці. Я лічу цябе небяспечным і жорсткім, эгаістычным і пыхлівым. Але я не магу цябе ненавідзець, бо не лічу шчаслівым. I не магу адчуваць да цябе пагарды, бо ведаю, што ты не баязлівец.
Калігула. Чаму ж тады ты хочаш мяне забіць?
Хэрэя. Я ўжо сказаў: я лічу цябе небяспечным. А мне даспадобы і болей патрэбна — бяспека. Большасць людзей такія ж, як я. Яны няздольныя жыць у свеце, дзе самая дзівацкая думка ў адно імгненне можа ператварыцца ў рэальнасць і ўвайсці ў іх жыццё — а часцей за ўсё і ўваходзіць — як нож у сэрца. Я таксама не хачу жыць у такім свеце. Я люблю адчуваць цвёрды грунт пад нагамі.
Калігула. Бяспека і логіка — не тыя рэчы, якія можна спалучаць.
Хэрэя. Гэта праўда. Няхай у такіх думках і няма логікі, але ж гэта здаровыя думкі.
Калігула. Ну-ну, чаго ж ты замаўчаў?
Хэрэя. Мне няма больш чаго казаць. Я не хачу прымаць тваёй логікі. У мяне іншы погляд на мае чалавечыя абавязкі. I я ведаю, што большасць тваіх падданых падзяляе мае думкі. Ты ўсім замінаеш. I таму ў тваім знікненні не будзе нічога ненатуральнага.
Калігула. Усё гэта ясна і ўвогуле вельмі справядліва. Для большасці людзей гэта было б нават відавочнае выйсце. Але ж не для цябе. Ты разумны, а за розум трэба плаціць — або адмовіцца ад яго. Я — плачу. Чаму ж ты не хочаш ані адмовіцца, ані плаціць?
Хэрэя. Таму што я хачу жыць і быць шчаслівым. А ні тое, ні другое, па-мойму, немагчыма, калі даводзіць усё да крайняй ступені абсурду з усімі яго наступствамі. Я такі ж, як усе. I каб вызваліцца ад гэтае думкі, я часам жадаю смерці тым, каго люблю, і пажадліва прагну жанчын, якія мне забаронены паводле законаў сям’і і сяброўства. Калі трымацца логікі, я павінен быў бы ў такіх выпадках забіць ці забраць і валодаць. Але я лічу, што такім цьмяным думкам не трэба надаваць значэння. Каб кожны пачаў іх выконваць, мы ўжо не маглі б ані жыць, ані быць шчаслівымі. А мне, паўтараю, якраз гэта і важна.
Калігула. Тады табе трэба верыць у нейкую вышэйшую ідэю.
Хэрэя. Я веру, што адны ўчынкі крыху лепшыя за другія.
Калігула. А я — што ўсе раўназначныя.
Хэрэя. Мне гэта вядома, Гаю. Менавіта таму я не адчуваю да цябе нянавісці. Але ты замінаеш і павінен знікнуць.
Калігула. Справядлівая думка. Але навошта мне заяўляць пра гэта і рызыкаваць жыццём?
Xэрэя. На маё месца ўсё роўна прыйдуць другія. I я не люблю хлусні.
Калігула. Хэрэя!
Хэрэя. Слухаю, Гаю.
Калігула. Як па-твойму, ці могуць два чалавекі, роўныя па духу і гонару, хоць раз у жыцці пагутарыць па ўсёй шчырасці?
Хэрэя. Па-мойму, мы з табой толькі што якраз гэта і зрабілі.
Калігула. Так, Хэрэя. Але ж ты лічыў, што я на гэта няздольны.
Хэрэя. Я не меў рацыі, Гаю, прызнаюся і дзякую табе. А цяпер я чакаю твайго выраку.
Калігула (няўважна). Майго выраку? Ага! Ты хочаш сказаць... (Вымае з-пад плашча таблічку.) Ты пазнаеш гэта, Хэрэя?
Хэрэя. Я ведаў, што яна ў цябе.
Калігула (з запалам). Так, Хэрэя, і ўся твая шчырасць была толькі фальшыўка. Так што два чалавекі не гутарылі па шчырасці. Зрэшты, гэта няважна. Давай жа цяпер адкінем гульню і вернемся да нашага ранейшага жыцця. Але табе трэба будзе зрабіць яшчэ адно намаганне, каб зразумець, што я табе скажу, і вытрымаць мае знявагі і мае капрызы. Паслухай, Хэрэя. Гэтая таблічка — адзіны доказ.
Хэрэя. Я сыходжу, Гаю. Мяне натаміла гэтае страшнае крыўлянне. Я надта яго добра ведаю і не хачу болей бачыць.
Калігула (з такім самым запалам, спагадліва). Пачакай. Гэта ж доказ, скажы?
Хэрэя. Па-мойму, табе не трэба ніякіх доказаў, каб асудзіць чалавека на смерць.
Калігула. Праўда. Але гэты раз я хачу здрадзіць сваім прывычкам. Гэта ж нікому не пашкодзіць. А час ад часу здраджваць сваім прывычкам — гэта так прыемна. Гэта дорыць палёгку. А мне трэба крыху адпачыць, Хэрэя.
Хэрэя. Не разумею. I ўвогуле не маю прыхільнасці да такіх мудрагелістасцяў.
Калігула. Вядома, Хэрэя. У цябе ж здаровыя думкі. Нічога незвычайнага табе не трэба. (Раптам гучна смяецца.) Ты хочаш жыць і быць шчаслівы. I толькі.
Хэрэя. Па-мойму, на гэтым нам лепей і скончыць.
Калігула. Яшчэ не. Крыху цярпення, згода? Вось гэты доказ, глядзі,— у мяне. А я хачу застацца пры думцы, што каб асуджаць вас на смерць, ён мне не патрэбен. Гэта мой ідэал. I мой спачынак. А цяпер глядзі, у што ператвараюцца доказы ў руках імператара! (Падносіць таблічку да паходні. Хэрэя падступае бліжэй. Паміж імі паходня. Таблічка пачынае раставаць.) Бачыш, змоўнік! Яна растае, і разам са знікненнем гэтага доказу заранак бязвіннасці загараецца на тваім абліччы. У цябе цудоўныя, чыстыя рысы твару, Хэрэя. Як прыемна глядзець на бязвіннага чалавека, бязвіннасць заўсёды прыгожая! Аддай жа належнае маёй магутнасці. Нават багі няздольны вярнуць бязвіннасць, спачатку не пакараўшы. А твайму імператару спатрэбіўся толькі агонь, каб зрабіць цябе зноў бязгрэшным і бясстрашным. Жыві ж далей, Хэрэя, і давядзі да канца чароўныя разважанні, якімі ты са мной толькі што падзяліўся. Твой імператар чакае спачынку. Гэта і ёсць яго спосаб жыць і быць шчаслівым.
Xэрэя агаломшана глядзіць на Калігулу. Робіць ледзь прыкметны рух, нібы зразумеўшы, разяўляе рот і — рэзка выходзіць. Калігула па-ранейшаму трымае таблічку над агнём і, усміхаючыся, праводзіць Хэрэю позіркам.
ЗАСЛОНА
На сцэне паўзмрок. Уваходзяць Хэрэя і Сцыпіён. Хэрэя праходзіць направа, потым налева і вяртаецца да Сцыпіёна.
Сцыпіён (з замкнёным выглядам). Што ты ад мяне хочаш?
Xэрэя. Час падганяе. Мы павінны быць цвёрдыя ў тым, што збіраемся здзейсніць.
Сцыпіён. Хто табе сказаў, што ў мяне не хапае цвёрдасці?
Хэрэя. Цябе не быдо ўчора на нашым сходзе.
Сцыпіён (адварочваецца). Гэта так, Хэрэя.
Хэрэя. Сцыпіёне, я старэйшы за цябе і не прызвычаіўся прасіць дапамогі. Але ты сапраўды мне патрэбны. Адказнасць за гэта забойства павінны ўзяць на сябе тыя, каго паважаюць. Сярод усёй гэтай вадтузні вакод параненага самалюбства і нікчэмнага страху толькі ў нас з табой чыстыя памкненні. Я ведаю, што нават калі ты пакінеш нас, ты нічога не выдасі. Але справа не ў гэтым. Я проста хачу, каб ты заставаўся з намі.
Сцыпіён. Разумею. Але клянуся табе, я не магу.
Хэрэя. Значыць, ты з ім?
Сцыпіён. Не. Але я не магу быць і сулраць. (Паўза, потым болей глуха.) Каб я і забіў яго, маё сэрца ўсё роўна застадося б з ім.
Хэрэя. Але ж ён забіў твайго бацьку!
Сцыпіён. Гэта так, і з гэтага ўсё пачынаецца. Але на гэтым усё і канчаецца.
Хэрэя. Ён адмаўляе ўсё, што ты прызнаеш. Здзекуецца з таго, да чаго ты — ставішся з пашанай.
Сцыпіён. Гэта так, Хэрэя. Але ж і ўва мне ёсць нешта падобнае да яго. Нашыя сэрцы гараць аднолькавым полымем.
Хэрэя. Бывае час, калі трэба выбіраць. Я прымусіў змоўкнуць у сабе ўсё, што можа мне нагадваць пра яго.
Сцыпіён. Я не магу выбіраць. Бо апроч свайго болю я адчуваю і ягоны. Мая бяда — што я ўсё разумею.
Хэрэя. Значыць, твой выбар — прызнаць яго праўду.
Сцыпіён (з крыкам). О, Хэрэя, павер, ніхто, ніхто і ніколі ў маіх вачах не будзе мець праўды!
Паўза. Глядзяць адзін на аднаго.
Хэрэя (усхвалявана, падыходзячы да Сцыпіёна). Каб ты ведаў, як я яго ненавіджу, ненавіджу яшчэ болей — за тое, што ён зрабіў з табой.
Сцыпіён. Ён навучыў мяне патрабаваць усяго да канца.
Хэрэя. Не, Сцыпіёне, ён забраў у цябе надзею. А пакінуць юную душу без надзеі — злачынства страшнейшае за ўсе, што ён учыніў раней. I клянуся табе, аднаго гэтага было б ужо досыць, каб распаліць ува мне гнеў і каб я здолеў яго забіць.
Ідзе да дзвярэй. Уваходзіць Гелікон.
Гелікон. Хэрэя, а я цябе шукаў. Калігула збіраецца наладзіць тут невялічкую сяброўскую бяседу. Так што ты застанься і пачакай. (Паварочваецца да Сцыпіёна.) А ты, мой галубочку, не патрэбен. Ты можаш ісці.
Сцыпіён (у дзвярах, паварочваецца да Хэрэі). Хэрэя!
Хэрэя (вельмі мякка). Што, Сцыпіёне?
Сцыпіён. Пастарайся зразумець.
Хэрэя (вельмі мякка). Не, Сцыпіёне.
Сцыпіён і Гелікон выходзяць.
За кулісамі бразгат зброі. Справа выходзяць два вартаўнікі, ведучы старога патрыцыя і першага патрыцыя. на тварах у якіх яўны спалох.
Першы патрыцый (вартаўніку, стараючыся надаць свайму голасу цвёрдасць). Але чаго ад нас, урэшце, хочуць у такі позні час?
Вартаўнік. Сядай там. (Паказвае на крэслы справа.)
Першы патрыцый. Калі ўсё гэта, каб нас, як і іншых, асудзіць на смерць, дык не трэба такіх выкрутасаў.
Вартаўнік. Сядай, стары казёл.
Стары патрыцый. Прысядзем. Ён жа ўсё роўна нічога не ведае. Гэта ж відаць.
Вартаўнік. Але, мая ясачка, гэта відаць. (Выходзіць.)
Першы патрыцый. Трэба было дзейнічаць хутчэй, я адразу ведаў. Цяпер нас чакае катаванне.
Хэрэя (спакойна сядае), Ну, дык што тут такое?
Першы патрыцый і Стары патрыцый (разам). Змова выкрытая.
Хэрэя. I што далей?
Стары патрыцый (уздрыгваючы). Далей — катаванне.
Хэрэя (абсалютна спакойна). Як мне памятаецца, рабу, які не прызнаўся ў сваім зладзействе нават пад катаваннем, Калігула выдаў восемдзесят адну тысячу сестэрцый.
Першы патрыцый. Гэта шмат абяцае...
Хэрэя. Не, але сведчыць, што ён цэніць мужнасць. I вам гэта варта было б мець на ўвазе. (Старому патрыцыю.) Ты не мог бы так не клацаць зубамі? Я цярпець не магу гэтага гуку.
Стары патрыцый. Але я...
Першы патрыцый. Хопіць жартаў. Пад пагрозай наша жыццё.
Хэрэя (нібыта не чуў). Ведаеце, якая ўлюбёная прыказка ў Калігулы?
Стары патрыцый (гатовы заплакаць). Ведаем. Ён кожны раз гэта кажа кату: «Забівай яго павольней, каб ён мог адчуць, што памірае».
Хэрэя. Не, ёсць лепшая. Пасля пакарання ён пазяхае і на поўным сур’ёзе кажа: «Што мяне болей за ўсё зачароўвае, дык гэта мая нячуласць».
Першы патрыцый. Чуеце?
Бразгат зброі.
Хэрэя. Але гэта фраза якраз выдае яго слабасць.
Стары патрыцый. Ты не мог бы не разводзіць тут філасофіі. Я цярпець гэтага не магу.
З глыбіні сцэны выходзіць раб, несучы зброю, і пачынае раскладаць яе на лаве.
Хэрэя (не бачыў гэтага). Ва ўсякім выпадку, трэба прызнаць, што гэты чалавек мае на ўсіх бясспрэчны ўплыў. Ён прымушае думаць. А думаць усіх прымушае небяспека. Таму яго столькі людзей і ненавідзіць.
Стары патрыцый (яго калоціць). Зірні.
Xэрэя (заўважаючы зброю, крыху змененым голасам). Можа быць, ты меў рацыю.
Першы патрыцый. Дзейнічаць трэба было хутчэй. Мы надта доўга чакалі.
Хэрэя. Згодзен. I гэта ўрок, хоць і крыху пазнаваты.
Стары патрыцый. Але гэта бязглуздзіца. Я не хачу паміраць.
Устае і спрабуе ўцячы. Перад ім тут жа ўзнікаюць два вартаўнікі і, надаваўшы кухтадёў, гвалтам садзяць на месца. Першы патрыцый зашываецца ў крэсла. Хэрэя прамаўляе некалькі словаў, але іх не чуваць. Раптам у глыбіні сцэны пачынае гучаць нейкая дзіўная, няроўная і пранізлівая музыка, грукочуць талеркі, шамкі і бразготкі. Патрыцыі сціхаюць і глядзяць у глыбіню сцэны. Там на заслоне, як у тэатры ценяў, узнікае абрыс Калігулы ў кароткай, як у танцоркі, туніцы, з вянком на галаве. Калігула выкручвае некалькі пацешных балетных па і знікае. У тую ж хвіліну адзін вартаўнік абвяшчае ўрачыстым голасам: «Спектакль скончаны». Тым часам Цэзонія нячутна ўвайшла ў залу за спінамі ў гледачоў. Яна кажа роўным голасам, які, тым не менш, прымушае гледачоў уздрыгануцца.
Цэзонія. Калігула даручыў мне сказаць, што раней склікаў вас толькі дзеля дзяржаўных спраў, але сёння вы запрошаныя, каб разам з ім падзяліць асалоду, якую дорыць мастацтва. (Паўза; зноў тым жа голасам.) Ён, дарэчы, дадаў, што кожнаму, хто не адчуе такой асалоды, будзе адсечана галава.
Патрыцыі маўчаць.
Прашу мне прабачыць маю назойлівасць. Але вымушана спытаць, ці не здаўся вам гэты танец чароўным?
Першы патрыцый (крыху павагаўшыся). Ён быў чароўны, Цэзонія.
Стары патрыцый (перапоўнены ўдзячнасцю). О так, Цэзонія.
Цэзонія. А як табе, Хэрэя?
Хэрэя (халодна). Гэта было вялікае мастацтва.
Цэзонія. Выдатна, значыць, я магу так і перадаць Калігулу.
Уваходзіць Гелікон.
Гелікон. Скажы, Хэрэя, гэта было сапраўды вялікае мастацтва?
Хэрэя. У пэўным сэнсе.
Гелікон. Разумею. Ты магутны чалавек, Хэрэя. Фальшывы, як і ўсе добрапрыстойныя людзі. Але магутны, праўда. А я вось — слабы. I ўсё-ткі я вам не дазволю дакрануцца да Калігулы, нават калі ён і сам гэтага хоча.
Хэрэя. Я нічога не зразумеў у гэтай тваёй прамове. Але віншую за такую тваю адданасць. Мне падабаюцца добрыя служкі.
Гелікон. Які ты стаў ганарысты, га? Напраўду, я служу шаленцу. Але каму служыш ты? Дабрадзейнасці? Я скажу табе, што думаю пра ўсё гэта. Я нарадзіўся рабом. Дык вось, добрапрыстойны чалавеча, пад гэтую песеньку пра дабрадзейнасць мяне спачатку прымушала скакаць пуга. А Гай не разводзіў са мной прыгожых размоў. Ён вызваліў мяне і ўзяў да сябе ў палац. Тут я змог наглядзецца на вас, дабрадзейных. I ўбачыў, што ў вас брыдкія пысы і агідны смурод — нежывы смурод тых, хто ніколі ні ад чога не пакутаваў і нічым не рызыкаваў. Я ўбачыў высакародныя строі, але і патухлыя сэрцы, прагныя твары і дрыготкія рукі. Вы — суддзі? Вы, хто гандлюе дабрадзейнасцю і марыць пра бяспеку, як краса-дзеўчына пра каханне, а ўрэшце памірае з жахам, нават не зразумеўшы ўсяе хлусні, якой займаліся ўсё жыццё,— вы сунецеся судзіць таго, хто бязмежна пакутаваў і кожны дзень сплывае крывёй ад тысячы новых ран? Спачатку вам давядзецца сутыкнуцца са мной, у гэтым не сумнявайся! Пагарджай жа рабом, Хэрэя! Ён вышэй за тваю дабрадзейнасць, бо ён — яшчэ здольны любіць свайго няшчаснага гаспадара і абароніць яго ад вашай высакароднай хлусні, ад вашых вераломных прамоў...
Хэрэя. Мілы Геліконе, нешта ты надта захапіўся сваім красамоўствам. Шчыра, некалі ў цябе быў лепшы густ.
Гелікон. Я шкадую, але гэта так. Вось што значыць надта доўга быць побач з вамі. У старых мужа з жонкаю нават валасоў у вушах пароўну — настолькі яны робяцца ўрэшце падобныя. Але я выпраўлюся, не хвалюйся, я выпраўлюся. Толькі вось што... Паглядзі, бачыш гэты твар? Так. Добра глядзі. Выдатна. Дык вось — цяпер ты бачыў твар свайго ворага. (Выходзіць.)
Хэрэя. А цяпер трэба спяшацца. Заставайцеся абодва тут. Сёння ўвечары нас будзе сотня. (Выходзіць.)
Стары патрыцый. Заставайцеся, заставайцеся! Я дык лепш бы адсюль пайшоў. (Нюхае паветра.) Тут пахне смерцю.
Першы патрыцый. Або хлуснёй. (Сумна.) Я сказаў, што гэта быў чароўны танец.
Стары патрыцый (супакаяльна). У пэўным сэнсе — быў. Быў.
Імкліва ўбягаюць некалькі патрыцыяў і коннікаў.
Другі патрыцый. Што такое? Вам што-небудзь вядома? Нас загадаў паклікаць сюды імператар.
Стары патрыцый (няўважна). Можа быць, дзеля танца.
Другі патрыцый. Якога танца?
Стары патрыцый. Ну, якога — каб атрымаць ад мастацтва асалоду.
Трэці патрыцый. Мне сказалі, што Калігула вельмі хворы.
Першы патрыцый. Яно так і ёсць.
Трэці патрыцый. Дык што з ім? (Вельмі ўзрадавана.) Божачкі мае, няўжо ён памрэ?
Першы патрыцый. Не думаю. Ягоная хвароба смяротная толькі для іншых.
Стары патрыцый. Калі так можна сказаць.
Другі патрыцый. Я цябе зразумеў. Але ці не мог ён захварэць на штось меней сур’ёзнае, але болей выгаднае для нас?
Першы патрыцый. Не, гэтая хвароба не трывае суперніц. Але прашу прабачыць, мне трэба ўбачыцца з Хэрэем. (Выходзіць.)
Уваходзіць Цэзонія, невялікая паўза.
Цэзонія (з абыякавасцю). Калігула захварэў на страўнік. Ён толькі што ванітаваў крывёй.
Патрыцыі падбягаюць і абступаюць яе.
Другі патрыцый. О багі ўсемагутныя, клянуся, калі ён ачуняе, я ахвярую дзвесце тысяч сестэрцый у дзяржаўную скарбніцу.
Трэці патрыцый (перабольшваючы ў сваім імпэце). Юпітэр, пакінь яму жыццё, вазьмі лепей маё.
Калігула ўжо колькі хвілін як увайшоў і слухае.
Калігула (падыходзячы да другога патрыцыя). Я прымаю твой дар, Луцый. Я вельмі табе ўдзячны. Мой скарбнік прыйдзе да цябе заўтра. (Падыходзіць да трэцяга патрыцыя і абдымае яго.) Ты не можаш сабе ўявіць, як я ўсхваляваны. (Памаўчаўшы, ласкава.) Дык ты мяне любіш?
Трэці патрыцый (расчулена). Ах, цэзару, няма нічога, чаго б я зараз жа не аддаў за цябе.
Калігула (зноў абдымае яго). Ах, гэта занадта, Касій, я не заслужыў такой любові. (Касій робіць пратэстуючы жэст.) Не, не, кажу табе. Я не варты гэтага. (Кліча двух вартаўнікоў.) Забярыце яго. (Касію, мякка.) Ідзі, дружа. I памятай, што Калігулава сэрца з табой.
Трэці патрыцый (з цьмяным хваляваннем). Але куды яны мяне вядуць?
Калігула. На смерць, куды ж яшчэ. Ты аддаў сваё жыццё за маё. Цяпер я адчуваю сябе лепей. У мяне нават знік гэты жудасны прысмак крыві ў роце. Ты мяне вылечыў. Касію, ты шчаслівы, што здолеў аддаць сваё жыццё за іншага чалавека, асабліва калі імя гэтаму іншаму — Калігула? Цяпер я зноў гатовы цешыцца ўсімі радасцямі жыцця.
Вартаўнікі цягнуць трэцяга патрыцыя. Той супраціўляецца і крычыць.
Трэці патрыцый. Я не хачу! Гэта ўсяго толькі жарт?!
Калігула (летуценна, у паўзах паміж крыкамі). Хутка на дарогах, якія вядуць да мора, заквітнее мімоза. Жанчыны надзенуць сукенкі з лёгкай тканіны. Неба — высокае, свежае і чыстае, Касію! Усмешкі жыцця!
Касій ужо ля парога. Цэзонія мякка падштурхвае яго.
Калігула (азірнуўшыся, раптам сур'ёзна). Жыцця, мой дружа. Каб ты напраўду яго любіў, ты не гуляў бы з ім так неасцярожна.
Касія выштурхваюць.
Калігула (вяртаючыся да стала). А калі страчваеш — заўсёды трэба плаціць. (Паўза.) Хадзі сюды, Цэзонія. (Паварочваецца да іншых.) Дарэчы, мне прыйшла адна цудоўная думка, і я хачу з вамі ёю падзяліцца. Маё цараванне было дагэтуль аж занадта бясхмарнае. Ні павальнай чумы, ні жорсткай рэлігіі, ні нават якога перавароту — карацей, нічога такога, што дапамагло б вам застацца ў памяці ў нашчадкаў. I часткова менавіта па гэтай прычыне я, так бы мовіць, стараюся кампенсаваць беражлівасць лёсу. Іначай кажучы... не ведаю, ці вы зразумелі мяне. (З прысмехам.) Увогуле, я сам замяніў чуму. (Мяняючы тон.) А цяпер усе маўчыце. Сюды ідзе Хэрэя. Цэзонія, гэта твая справа. (Выходзіць.)
Уваходзяць Xэрэя і Першы патрыцый.
Цэзонія жвава падбягае і стае перад Хэрэем.
Цэзонія. Калігула памёр.
Адварочваецца, удаючы, што плача, і пільна глядзіць на астатніх — тыя маўчаць. Ва ўсіх прыгнечаны выгляд, але па іншых прычынах.
Першы патрыцый. Ты... ты ўпэўненая ў гэтым няшчасці? Гэта немагчыма, ён толькі што танцаваў.
Цэзонія. Так-так. Гэтае намаганне яго й даканала.
Хэрэя хутка аднаго за адным абыходзіць прысутных і вяртаецца да Цэзоніі. Ніхто не прамаўляе ні слова.
Цэзонія (паволі). Ты маўчыш, Хэрэя.
Хэрэя (таксама паволі). Гэта вялікае гора, Цэзонія.
Рэзка ўваходзіць Калігула і ідзе да Хэрэі.
Калігула. Выдатна сыграна, Хэрэя. (Крута паварочваецца на месцы і глядзіць на астатніх. У добрым гуморы.) Ну што — не выйшла! (Цэзоніі.) Не забудзь, што я табе сказаў. (Выходзіць.)
Цэзонія моўчкі глядзіць яму ўслед.
Стары патрыцый (з усё яшчэ неаслабнай надзеяй). А ён сапраўды хворы, Цэзонія?
Цэзонія (глядзіць на яго з нянавісцю). Не, мая ясачка, але табе вядома далёка не ўсё. Табе невядома, што ён спіць усяго па дзве гадзіны кожную ноч і ўвесь астатні час блукае па галерэях палаца і не знаходзіць спакою. Табе невядома, дый ты не задумваўся ніколі, якія думкі даймаюць гэтага чалавека ў смяротна пакутлівыя гадзіны паміж сярэдзінай ночы і вяртаннем сонца. Хворы? Не, ён не хворы. Хіба што ты сам знойдзеш назву і лекі тым язвам, якімі пакрыта яго душа.
Хэрэя (здаецца, з чуласцю ў голасе). Твая праўда, Цэзонія. Нам вядома, што Гай...
Цэзонія (яшчэ хутчэй). Так, вам гэта вядома. Але як і ўсе, у каго няма ні кроплі душы, вы трываць не можаце тых, у каго яна занадта вялікая. Занадта вялікая душа! Як нязручна, праўда? І тады гэта называюць хваробай, а велемудрыя недавукі могуць заставацца спакойнымі за сваё сумленне і задаволенымі. (Іншым тонам.) Ты калі-небудзь умеў любіць, Хэрэя?
Xэрэя (зноў зрабіўшыся самім сабой). Мы ўжо занадта старыя, каб гэтаму навучыцца, Цэзонія. Дый невядома, зрэшты, ці дасць нам Калігула на гэта час.
Цэзонія (ужо ўзяла сябе ў рукі). I тое праўда. (Сядае.) Я ледзь не забыдася на даручэнне, якое мне даў Калігула. Як вам вядома, сёння — дзень, прысвечаны мастацтву.
Стары патрыцый. Гэта паводле календара?
Цэзонія. Не, гэта паводле Калігулы. Ён паклікаў некалькі паэтаў і збіраецца прапанаваць ім спаборніцтва ў імправізацыі на зададзеную тэму. Але ж і сярод вас ёсць паэты, і Калігула хоча, каб яны таксама абавязкова ўдзельнічалі ў конкурсе. Асабліва ён адзначыў імёны Метэла і Сцыпіёна.
Метэл. Але мы не гатовыя.
Цэзонія (нібы не пачуўшы, голасам без адценняў). Вядома, прадугледжаны ўзнагароды. I пакаранні таксама. (Усе крыху адступаюць.) Па сакрэце магу сказаць, што яны не надта ўжо цяжкія.
Уваходзіць Калігула. Ён змрачнейшы чым звычайна.
Калігула. Усё гатова?
Цэзонія. Усё. (Вартаўніку.) Прывядзіце паэтаў.
Папарна ўваходзяць і нага ў нагу маршыруюць направа чалавек дванаццаць паэтаў.
Калігула. А астатнія?
Цэзонія. Сцыпіён і Метэл!
Абодва далучаюцца да паэтаў. Калігула з Цэзоніяй і патрыцыямі сядаюць углыбіні, злева. Кароткая паўза.
Калігула. Тэма — смерць. Час — адна хвіліна.
Паэты спешна пачынаюць пісаць у сваіх таблічках.
Стары патрыцый. А хто будзе журы?
Калігула. Я. Што, гэтага мала?
Стары патрыцый. О не. Цалкам дастаткова.
Xэрэя. А ты сам, Гаю, не ўдзельнічаеш у конкурсе?
Калігула. Не мае сэнсу. Я даўно ўжо напісаў сваё сачыненне на гэтую тэму.
Стары патрыцый (паспешліва). I дзе яго можна набыць?
Калігула. Я па-свойму дэкламую яго кожны дзень.
Цэзонія глядзіць на яго з трывогай у вачах.
Калігула (груба). Табе нешта не падабаецца ў маім твары?
Цэзонія (мякка). Прабач.
Калігула. О, калі ласка, без гэтай пакорлівасці. Толькі без гэтай пакорлівасці. Цябе і так ужо трываць цяжка, а яшчэ з тваёю пакорлівасцю!..
Цэзонія паволі падымае голаў.
Калігула (Хэрэю). Дык вось. Гэта ўвогуле адзінае сачыненне, якое я напісаў. Але яно ўжо сведчыць, што я — адзіны мастак за ўсю гісторыю Рыма — чуеш, Хэрэя,— адзіны, чые думкі не разыходзяцца з ягонымі ўчынкамі.
Хэрэя. Тут усё пытанне толькі ва ўладзе.
Калігула. Менавіта. Іншыя сачыняюць з-за нястачы ўлады. А мне сачыняць нічога не трэба: я жыву. (Груба.) Ну, што там у вас — гатовыя?
Метэл. Па-мойму, гатовыя.
Усе. Гатовыя.
Калігула. Добра. Тады слухайце ўважліва. Кожны па чарзе будзе выходзіць наперад. Па маім свістку. Першы пачынае чытаць. Калі свісну зноў, ён спыняецца і пачынае чытаць другі. I гэтак далей. Пераможца будзе, натуральна, той, чыйго сачынення не перапыніць свісток. Падрыхтуйцеся. (Паварочваецца да Хэрэі, як бы па сакрэце.) Ва ўсім патрэбна арганізацыя, нават у мастацтве.
Свісток.
Першы паэт. Калі ты, смерць, з-за чорных берагоў...
Свісток. Паэт адыходзіць налева. Астатнія будуць рабіць тое самае. Сцэна ідзе механічна.
Другі паэт. Тры паркі ў змрочнае пячоры...
Свісток.
Трэці паэт. Цябе я клічу, смерць...
Злы свісток. Чацвёрты паэт выходзіць наперад і прымае паставу дэкламатара. Свісток гучыць раней, чым ён паспявае пачаць.
Пяты паэт. Калі я быў яшчэ дзіцё...
Калігула (крычыць). Не! Пры чым тут дзяцінства нейкага ідыёта і ў чым яго сувязь з гэтаю тэмай? Ты можаш мне растлумачыць?
Пяты паэт. Але, Гаю, я ж не скончыў...
Пранізлівы свісток.
Шосты паэт (выходзіць, прачышчаючы голас). Бязлітасная, вось яна ідзе...
Свісток.
Сёмы паэт (таямнічым голасам). У набажэнстве цьмяным і няясным...
Перарывісты свісток. Наперад выходзіць Сцыпіён, без таблічак.
Калігула. Твая чарга, Сцыпіёне. Дзе ж твае таблічкі?
Сцыпіён. Мне яны не патрэбны.
Калігула. Ну-ну. (Комчыць у роце свісток.)
Сцыпіён (стоячы зусім побач з Калігулам, але не гледзячы на яго, неяк стомлена).
За шчасцем ачышчальным марны бег,
Нябесны купал з недасяжным сонцам,
Бяседы, вольных поўныя уцех,
Маё трызненне без надзей,
ты не бясконца!..
Калігула (мякка). Спыніся, будзь ласкавы. (Сцыпіёну.) Ты надта яшчэ малады, каб зведаць сапраўдныя ўрокі смерці.
Сцыпіён (гледзячы Калігулу ў вочы). Я быў надта малады, каб страціць бацьку.
Калігула (рэзка адварочваецца). Гэй, вы там, ану ўсе станьце ў строй. Ілжывы паэт — надта цяжкае выпрабаванне майму тонкаму густу. Дагэтуль я ў думках бачыў вас сваімі саюзнікамі і часам нават уяўляў, што з вас будзе складацца мая апошняя лінія абароны. Але дарэмна. Цяпер я буду лічыць вас сваімі ворагамі. Паэты супраць мяне, і гэта, ужо можна сказаць,— канец. Трымаць парадак у шэрагах! Праходзячы перада мной, вы зараз будзеце лізаць свае таблічкі, каб на іх не засталося ніводнай вашай гнюснасці. Увага! Наперад — марш!
У такт хадзе гучаць свісткі. Маршыруючы нага ў нагу, паэты выходзяць направа, ліжучы свае неўміручыя таблічкі.
Калігула (вельмі ціха). Ідзіце адсюль — усе.
У дзвярах Хэрэя затрымлівае за плячо першага патрыцыя.
Xэрэя. Час настаў.
Сцыпіён, пачуўшы, нерашуча спыняецца на парозе. Вяртаецца да Калігулы.
Калігула (злосна). Ты не можаш пакінуць мяне ў спакоі, як гэта зрабіў твой бацька?
Сцыпіён. Не трэба, Гаю, нашто ўсё гэта? Я ўжо ведаю — ты зрабіў свой выбар.
Калігула. Пакінь мяне ў спакоі!
Сцыпіён. Я пакіну цябе, безумоўна, бо, па-мойму, я нарэшце цябе зразумеў. У нас выйсця болей няма — ні ў цябе, ні ў мяне, бо я так да цябе падобны. Я з’еду — вельмі далёка, і буду там шукаць усяму гэтаму тлумачэння. (Паўза, глядзіць на Калігулу. Са шчырым пачуццём.) Бывай, дарагі Гаю. Калі ўсё будзе скончана, не забудзь, што я цябе любіў. (Выходзіць.)
Калігула глядзіць яму ўслед, робіць няпэўны рух, але рэзка, схамянуўшыся, бярэ сябе ў рукі і вяртаецца да Цэзоніі.
Цэзонія. Што ён сказаў?
Калігула. Гэта вышэй за тваё разуменне.
Цэзонія. Пра што ты думаеш, Гаю?
Калігула. Пра яго. I пра цябе. Але ўсё гэта — адно і тое ж.
Цэзонія. Што здарылася?
Калігула (гледзячы на яе). Сцыпіён пайшоў. З дружбаю я пакончыў. Але ты — я пытаюся ў сябе, чаму ты яшчэ тут...
Цэзонія. Таму, што я табе падабаюся.
Калігула. Не. Я зразумеў бы гэта, напэўна, асудзіўшы цябе на смерць.
Цэзонія. Што ж, можа быць, гэта выйсце. Дык асудзі ж. Але ці не можаш ты хоць на адну хвіліну дазволіць сабе проста і свабодна пажыць?
Калігула. Ужо некалькі год я толькі тым і займаюся, што жыву ў поўнай свабодзе.
Цэзонія. Я не тое маю на ўвазе. Зразумей. Проста жыць і любіць чыстай душой — гэта можа быць так цудоўна.
Калігула. Кожны дабіваецца сваёй чысціні, як умее. Я раблю гэта, шукаючы ва ўсім сутнасці. Але, нягледзячы на гэта, я ўсё роўна мог бы асудзіць цябе на смерць. (Смяецца.) Гэта па-сапраўднаму ўвянчала б мой шлях.
Калігула ўстае і паварочвае люстра. Пачынае кружыць вакол, апусціўшы рукі, амаль без ніякіх рухаў, як звер.
Забаўна. Калі я нікога не забіваю, я адчуваю сябе самотна. Аказваецца, жывых мала, каб запоўніць гэты свет і прагнаць з яго сум. Калі вы ўсе — тут, я адчуваю вакол бязмежную пустату, у якую немагчыма глядзець. Мне добра толькі з маімі нябожчыкамі. (Стае тварам да гледачоў, крыху нахіліўшыся наперад. Забыўшыся пра Цэзонію.) Яны ўжо — сапраўдныя. Такія, як я. Яны чакаюць мяне і прыспешваюць. (Трасе галавой.) Я вяду доўгія размовы — з тым ці з другім, што крычаў, просячы ў мяне літасці, і я загадаў адрэзаць яму язык.
Цэзонія. Хадзі. Ляж побач са мною. Пакладзі галаву мне на калені. (Калігула падпарадкуецца.) Вось і добра. Усё ціха.
Калігула. Усё ціха. Ты перабольшваеш. Няўжо ты не чуеш гэтага бразгату зброі? (Чуецца бразгат зброі.) Няўжо не заўважаеш, што адусюль гучаць тысячы няўцямных галасоў, якія выдаюць затоеную нянавісць?
Няўцямныя галасы.
Цэзонія. Ні ў кога не хопіць смеласці...
Калігула. Хопіць — у глупства.
Цэзонія. Але глупства не забівае. Яно робіць людзей асцярожнымі.
Калігула. Яно нясе смерць, Цэзонія. Яно нясе смерць, калі лічыць сябе зняважаным. О, мяне заб’юць не тыя, у каго я забраў бацьку ці сына. Гэтыя — зразумелі. Яны са мной, у іх роце той самы прысмак. Мяне заб’юць іншыя — тыя, з каго я смяяўся і кпіў, і ад іхняе пыхі і фанабэрыі ў мяне няма абароны.
Цэзонія (з імпэтам). Мы абаронім цябе. Нас — тых, хто любіць цябе,— нас яшчэ нямала.
Калігула. Вас застаецца ўсё меней і меней. Дзеля гэтага я зрабіў усё, што трэба. Дый будзем да канца справядлівыя: супраць мяне не адно толькі глупства, але ж і вернасць, і мужнасць тых, хто хоча быць шчаслівым.
Цэзонія (з тым жа імпэтам). Не, яны цябе не заб’юць. А калі і асмеляцца, сілы нябесныя спапяляць іх раней, чым яны да цябе дакрануцца.
Калігула. Сілы нябесныя! Няма нічога нябеснага, няшчасная ты кабета. (Сядае.) I адкуль гэта раптам столькі любові? У нашай дамове гэтага не было.
Цэзонія (устала, ходзячы сюды-туды). Значыць, мала мне бачыць, як ты пасылаеш на смерць другіх,— я павінна ведаць, што і цябе таксама заб’юць? Мала, што ты кожны раз да мяне прыходзіш жорсткі і змучаны і што ў маім ложку ад цябе тхне забойствам! Я кожны дзень гляджу, як у табе ўсё больш памірае ўсё чалавечае. (Паварочваецца да яго.) Я старая і хутка зраблюся брыдкая, я гэта ведаю. Але цяпер душа ў мяне настолькі поўная клопату пра цябе, што мне ўжо не важна, кахаеш ты мяне ці не. Мне хацелася б толькі аднаго — каб ты акрыяў, ты ж яшчэ дзіцё. Усё жыццё ў цябе наперадзе! Чаго ж табе хацець большага, чым усё жыццё?
Калігула (устае і глядзіць на яе). Ты ўжо вельмі даўно са мной.
Цэзонія. Даўно. Але ж ты мяне не прагоніш, праўда?
Калігула. Не ведаю. Я ведаю толькі — чаму ты са мной: таму што былі ўсе гэтыя ночы, што дарылі мне такую вострую і бязрадасную асалоду, і таму што ты столькі ведаеш пра мяне. (Абдымае яе і адною рукой крыху закідвае ёй галаву назад.) Мне дваццаць дзевяць гадоў. Нямнога. Але цяпер, калі маё жыццё здаецца мне, нягледзячы ні на што, такім доўгім, такім перагружаным рэшткамі мінуўшчыны і такім, нарэшце, завершаным, ты — застаешся астатняй сведкай. I я бяссільны перад гэтай сарамлівай пяшчотнасцю да той старое кабеты, якою ты хутка будзеш.
Цэзонія. Скажы, што ты мяне не прагоніш!
Калігула. Не ведаю. Я ўсведамляю толькі, і гэта самае страшнае, што гэта сарамлівая пяшчотнасць — адзінае чыстае пачуццё, падоранае мне дагэтуль жыццём. (Цэзонія вызваляецца з ягоных абдымкаў, Калігула зноў ідзе да яе. Яна прыпадае да яго спінай, і ён абвівае яе рукамі.) Ці не было б лепей, каб астатні сведка таксама знік?
Цэзонія. Гэта не мае значэння. Я шчаслівая тым, што ты мне сказаў. Чаму ж мне нельга падзяліцца гэтым шчасцем з табой?
Калігула. А хто табе сказаў, што я нешчаслівы?
Цэзонія. Шчасце — велікадушнае. Каб жыць, яму не трэба нічога знішчаць.
Калігула. Значыць, бываюць два розныя шчасці. I я выбраў тое, што нясе смерць. Бо я — шчаслівы. Быў час, калі мне здавалася, што я ўжо дайшоў да астатняй мяжы пакуты. Аж не! Можна ісці і ісці далей. I толькі за берагамі гэтай краіны болю — пачынаецца сапраўднае шчасце, велічнае і бясплённае. Глядзі ж на мяне. (Цэзонія паварочваецца да яго.) Мне смешна, Цэзонія, калі я думаю, што некалькі год увесь Рым баяўся прамовіць імя Друзілы. Усе гэтыя гады Рым памыляўся. Мне мала любові — вось што я тады зразумеў. I што разумею цяпер, калі гляджу на цябе. Любіць ці кахаць — гэта значыць пагадзіцца старэць разам з чалавекам, якога ты любіш. Я няздольны на такое каханне. Старая Друзіла — намнога горай, чым Друзіла нежывая. Людзі думаюць, што чалавек пакутуе ад таго, што другі ці другая, каго ён кахаў,— аднойчы і раптам памірае. Але ж сапраўдная прычына пакуты — не ў гэтай лухце: пакута прыходзіць тады, калі заўважаеш, што і гора — таксама мінае. Што нават боль — і той пазбаўлены сэнсу.
Вось бачыш, у мяне ў жыцці няма ніякага апраўдання — ні ценю кахання, ні горкае скрухі. Ніякага алібі. Але сёння я адчуваю сябе яшчэ свабаднейшым, чым колісь — я вызваліўся нарэшце ад успамінаў і ўсякіх ілюзій. (Смяецца, як ашалелы.) Цяпер я ведаю: усё мінае ў гэтым свеце! Нішто не вечна! За ўсю гісторыю нас было ўсяго двое-трое, хто па-сапраўднаму адчуў гэта на сабе, хто перажыў гэта шалёнае шчасце. Цэзонія, даволі забаўная трагедыя, гледачом якой ты была, скончылася. Настаў час апусціць перад табой заслону.
Зноў стае ў Цэзоніі за спінай і абхоплівае яе шыю рукой.
Цэзонія (у страху). Няўжо гэтая страшная свабода і ёсць шчасце?
Калігула (усё мацней сціскаючы руку вакол яе горла). Гэта яно і ёсць, Цэзонія. Без гэтай свабоды я быў бы ўсім задаволены чалавек. Але дзякуючы ёй — набыў богападобную празорлівасць адзінотніка. (Усё больш распаляецца, паволі душачы Цэзонію, якая не супраціўляецца, толькі крыху выставіла наперад рукі. Ён кажа, схіляючыся ёй да вуха.) Я жыву, забіваю і валодаю той шалёнай, усёразбуральнаю ўладай, побач з якой улада багоў здаецца намаганнямі мураша. Гэта і ёсць — быць шчаслівым. Гэта і ёсць шчасце — нясцерпнае вызваленне, пагарда да ўсяго і ўсіх у гэтым свеце, і кроў, і нянавісць вакол, і гэтая ні З чым не параўнальная адасобленасць чалавека, які акідвае вокам усё сваё жыццё, і бязмежная радасць непакаранага забойцы, і гэтая няўхільная логіка, што перамолвае чалавечыя жыцці. (Смяецца.) I тваё, Цэзонія,— таксама, каб нарэшце настала так доўгачаканая мною і вечная адзінота.
Цэзонія (слаба адбіваючыся). Гаю!
Калігула (яшчэ больш распаляючыся). Не, ніякай пяшчотнасці! Пара з усім гэтым канчаць, час не церпіць. Час не церпіць, дарагая Цэзонія!
Цэзонія хрыпіць. Калігула цягне яе да ложка і кідае на яго.
Калігула (гледзячы на яе, разгублена, хрыплым голасам). I ты таксама, ты таксама была вінаватая. Але забіваць — не выйсце.
Калігула (рэзка паварочваецца, ідзе, як наманы, да люстра). Калігула! I ты, і ты таксама вінаваты. Што скажаш, га, трошкі больш, трошкі менш! Але хто адважыцца вынесці мне прысуд у гэтым свеце, дзе няма ні суддзі, ні бязвіннасці! (У поўнай роспачы, прыпаўшы да люстра.) Вось бачыш, Гелікон не прыйшоў. Цяпер у мяне ніколі не будзе поўні. Але як гэта горка — мець рацыю і быць абавязаным ісці да канца. Я баюся канца. Бразгат зброі! Бязвіннасць рыхтуе свой пераможны трыумф. Чаму не я на іх месцы?! Мне страшна. Як брыдка, так пагарджаўшы іншымі, адчуць самому гэтую баязлівасць у душы. Але нічога, нічога. Страх таксама не вечны. I ўжо хутка вакол будзе зноў тая вялікая пустата, што прыносіць сэрцу спачынак. (Крыху адступае ад люстра і вяртаецца да яго зноў. Гаворыць, здаецца, крыху супакоіўшыся, болей ціхім, стрыманым голасам.) Усё здаецца такім складаным. Але на справе — усё так проста. Каб у мяне была поўня, каб мне было даволі кахання, усё змянілася б і было б іначай. Але дзе мне спатоліць гэтую прагу? Чыё сэрца, чый бог маглі б стаць для мяне тым бяздонным возерам? (Апускаецца на калені і плача.) Нішто — ні ў гэтым свеце, ні ў тым — мяне не спатоліць. Але ж я ведаю,— і ты ведаеш таксама (плачучы, працягвае руку да люстра), што мне досыць толькі аднаго — немагчымага. Немагчымага! Я шукаў яго па ўсіх краях гэтага свету, у самых далёкіх закутках маёй душы. Я цягнуўся рукамі (крычыць), я цягну свае рукі цяпер — паўсюль сустракаю цябе, ты адзін заўсёды перада мною, і я ненавіджу цябе. Я пайшоў не па той дарозе і прыйшоў у нікуды. I свабода ў мяне — не тая свабода. Гелікон! Геліконе! Не, зноў нікога! О, якая цяжкая ноч! Гелікон не прыйдзе: мы застанемся вінаватыя назаўжды! Якая ноч — яна цяжкая, як сама чалавечая пакута.
За кулісамі чуецца брачгат зброі і шэпт галасоў.
Гелікон (раптам узнікае ў глыбіні сцэны). Сцеражыся, Гаю! Сцеражыся!
Нябачная рука працінае Гелікона кінжалам. Калігула ўстае, бярэ адной рукой зэдаль і, цяжка дыхаючы, падыходзіць да люстра. Глядзіць на сябе і, удаючы, што збіраецца скочыць наперад, у адказ на такі самы рух свайго двайніка ў люстры, з усяго размаху кідае ў яго зэдлем.
Калігула (крычыць). У гісторыю, Калігула, у гісторыю.
Люстра разбіваецца, і ў тую ж хвіліну з усіх дзвярэй узнікаюць узброеныя змоўнікі. Калігула паварочваецца да іх тварам і смяецца, як ашалелы. Стары патрыцый б’е яго ў спіну, Хэрэя — у самы твар. Калігулаў смех пераходзіць у хрыпы. Усе б’юць. За апошнім хрыпам Калігула, смеючыся, крычыць пераціснутым горлам:
Я яшчэ жывы!
ЗАСЛОНА