Эжэн Ёнэско Лысая спявачка Антып'еса

АСОБЫ

Пан Сміт.

Пані Марцін.

Пані Сміт.

Мэры, пакаёўка.

Пан Марцін.

Капітан пажарнай службы.

Сцэна I

Інтэр’ер дома англійскіх буржуа з англійскімі фатэлямі. Англійскі вечар. Пан Сміт, англічанін, седзячы ў англійскіх пантофлях у англійскім фатэлі, паліць англійскую люльку і чытае англійскую газету каля англійскага каміна. Ён у англійскіх акулярах, з маленькімі шэрымі англійскімі вусамі. Побач з ім, седзячы ў другім англійскім фатэлі, пані Сміт цыруе англійскія шкарпэткі. Доўгая англійская маўклівая паўза. Англійскі насценны гадзіннік б’е семнаццаць удараў.


Пані Сміт. Ну вось, дзевяць гадзін. Мы паелі супу, рыбы, бульбы з салам, англійскае салаты. Дзеці выпілі англійскай вады. Мы добра паелі сёння ўвечары. Бо мы жывём пад Лонданам і нашае прозвішча Сміт.


Пан Сміт, не пакідаючы чытаць газеты, цмокае языком.


Пані Сміт. Бульба вельмі смачная з салам, алей у салаце не быў ёлкі. Алей у бакалейніка на рагу намнога лепшай якасці за алей у бакалейніка, што насупраць, ён нават лепшы за алей у бакалейніка, што ўнізе, у канцы вуліцы. Але я не хачу сказаць, што ў іх алей дрэнны.


Пан Сміт, не пакідаючы чытаць, цмокае языком.


Пані Сміт. Але лепшы алей заўсёды ў бакалейніка на рагу...


Пан Сміт, не пакідаючы чытаць, цмокае языком.


Пані Сміт. Гэты раз Мэры добра падсмажыла бульбу. Мінулы раз яна падсмажыла яе дрэнна. Я люблю яе, толькі калі яна добра падсмажаная.


Пан Сміт, не пакідаючы чытаць, цмокае языком.


Пані Сміт. Рыба была свежая. У мяне ажно слінкі пацяклі. Я яе накладала сабе два разы. Не, тры разы. Цяпер мне праз гэта ўвесь час даводзіцца бегаць у прыбіральню. Бо трэці раз ты ўзяў менш, чым першыя два разы, а я — намнога больш. Сёння я паела лепш за цябе. Як гэта выходзіць? Звычайна ты ясі больш за ўсіх. Апетыту ў цябе заўсёды хапае.


Пан Сміт цмокае языком.


Пані Сміт. Але суп быў, мусіць, трошкі перасолены. Солі ў ім было больш, чым у тваім гумары. Ха-ха-ха. I яшчэ ў ім было занадта парэю і не ставала цыбулі. На жаль, я не параіла Мэры пакласці трошкі зорчатага анісу. Другі раз я ўжо буду ведаць, як за яго ўзяцца.


Пан Сміт, не пакідаючы чытаць, цмокае языком.


Пані Сміт. Наш меншы хлопчык вельмі хацеў піва, ён таксама будзе набіваць ім сабе поўны лантух — ён падобны да цябе. Ты бачыў за сталом, як ён пазіраў на бутэльку? Але я наліла яму ў шклянку вады з графіна. Яму вельмі хацелася піць, і таму ён выпіў яе. А вось Элен падобная да мяне: яна добрая гаспадыня, ашчадлівая, грае на піяніне. Яна ніколі не просіць англійскага піва. Як і наша малодшая дачка, якая п’е толькі малако і есць толькі кашу. Адразу відаць, што ёй толькі два гады. Яе завуць Пэгі.

Пірог з айвой і фасоляю быў раскошны. Мусіць, на дэсерт было б няблага выпіць па чарачцы аўстралійскага бургундскага віна, але я не прынесла яго да стала, каб не даваць дзецям дрэннага ўзору абжорства. Іх трэба вучыць жыць цвяроза і памяркоўна.


Пан Сміт, не пакідаючы чытаць, цмокае языком.


Пані Сміт. Паненка Паркер ведае нейкага балгарскага бакалейніка на імя Папочэў Разенфельд, які не так даўно вярнуўся з Канстанцінопаля. Ён вялікі спецыяліст па ёгурце. Мае дыплом Андрыянопальскай школы вытворцаў ёгурту. Заўтра пайду да яго і куплю вялікую місу балгарскага хатняга ёгурту. Такія рэчы ў нас тут, пад Лонданам, не часта бываюць.


Пан Сміт, не пакідаючы чытаць, цмокае языком.


Пані Сміт. Ёгурт — цудоўная рэч для страўніка, нырак, апендыцыту і апафеозу. Мне гэта сказаў доктар Маккінзі-Кінг, які лечыць дзяцей нашых суседзяў Джонсаў. Гэта добры доктар. Яму можна давяраць. Ён заўсёды прыпісвае толькі тыя лекі, якія праверыў на самім сабе. Перш чым аперыраваць печань Паркеру, ён спачатку аперыраваў сабе, хоць яна ў яго была зусім здаровая.

Пан Сміт. А як тады атрымалася, што ў доктара ўсё прайшло добра, а Паркер пасля памёр?

Пані Сміт. Ну, проста ў доктара аперацыя ўдалася, а ў Паркера не ўдалася.

Пан Сміт. Значыць, Маккінзі — нядобры доктар.

Іначай аперацыя павінна была ўдасца ў абодвух ці, наадварот,— абодва павінны былі сканаць.

Пані Сміт. Чаму?

Пан Сміт. Сумленны доктар мусіць памерці разам з хворым, калі яны не могуць ачуняць абодва. Капітан карабля гіне ў хвалях разам з караблём. Ён не жыве больш за яго.

Пані Сміт. Нельга параўноўваць хворага і карабель.

Пан Сміт. Чаму нельга? У карабля ёсць свае хваробы; дарэчы, твой доктар здарювы, як ледакол, і таму ён таксама павінен быў загінуць з хворым, як доктар і яго карабель.

Пані Сміт. Га! Я пра гэтае не падумала... Мабыць, сапраўды так... Але якую ж ты з гэтага робіш выснову?

Пан Сміт. Што ўсе дактары — пустыя круцялі. I ўсе хворыя — таксама. У Англіі сумленны толькі марскі флот.

Пані Сміт. Але не маракі.

Пан Сміт. Натуральна.


Паўза.


Пан Сміт (зноў чытае газету). Вось я тут не разумею адну рэч. Чаму ў газетнай рубрыцы пра запіс актаў цывільнага стану ўзрост памерлых заўсёды пішуць, а ўзрост народжаных — ніколі? Нейкі нонсенс.

Пані Сміт. Ніколі не задавала сабе такога пытання.


Зноў маўклівая паўза. Насценны гадзіннік б’е сем разоў. Маўчанне. Гадзіннік б’е тры разы. Маўчанне. Гадзіннік не б’е ніводнага разу.


Пан Сміт (па-ранейшаму глядзіць у газету). Слухай, тут напісана, што Бобі Уатсан памёр.

Пані Сміт. Божа мой, вось небарака, і калі гэта ён памёр?

Пан Сміт. Чаму гэта ты робіш такі здзіўлены выгляд? Табе ж добра вядома. Ён памёр два гады назад. Памятаеш, таму паўтара гады мы былі на яго хаўтурах?

Пані Сміт. Вядома, памятаю. Вось якраз толькі што прыгадала. Але я не разумею, чаму ты сам гэтак здзівіўся, калі прачытаў пра гэта ў газеце?

Пан Сміт. У газеце гэтага не было. Пра яго смерць гаварылі яшчэ тры гады назад. А я ўзгадаў проста па асацыяцыі.

Пані Сміт. Шкада! Ён так добра захаваўся.

Пан Сміт. Гэта быў найпрыгажэйшы нябожчык у Вялікабрытаніі! Ён зусім не выглядаў на свой узрост. Небарака Бобі, чатыры гады, як памёр, а быў яшчэ зусім цёплы. Сапраўдны жывы труп. А які ён быў вясёлы!

Пані Сміт. Бедная Бобі.

Пан Сміт. Ты хочаш сказаць — бедны Бобі.

Пані Сміт. Не, гэта я пра яго жонку. Яе таксама звалі Бобі, як і яго,— Бобі Уатсан. I таму, што ў іх было аднолькавае імя, іх ніколі, калі бачылі разам, не маглі адрозніць адно ад аднаго. Толькі пасля яго смерці ўсе здолелі па-сапраўднаму ўцяміць, хто з іх адно, а хто — другое. Але і цяпер яшчэ ёсць такія, хто блытае яе з нябожчыкам і выказвае ёй спачуванні. Дарэчы, ты яе ведаеш?

Пан Сміт. Я бачыў яе толькі аднойчы, выпадкова — на хаўтурах у Бобі.

Пані Сміт. А я яе ніколі не бачыла. Якая яна — прыгожая?

Пан Сміт. У яе правільныя рысы твару, але нельга сказаць, каб яна была прыгожая. Яна занадта высокая, вельмі дзябёлая. Рысы твару ў яе няправільныя, але можна сказаць, што яна вельмі прыгожая. Яна крыху залішне маленькая і вельмі худая. Яна выкладчыца спеваў.


Гадзіннік б’е пяць разоў. Доўгая паўза.


Пані Сміт. I калі яны думаюць пажаніцца?

Пан Сміт. Навесну, як мага пазней.

Пані Сміт. Безумоўна, нам трэба будзе пайсці да іх на вяселле.

Пан Сміт. Трэба будзе зрабіць ім нейкі вясельны падарунак. Я вось думаю — які?

Пані Сміт. А чаму б не падарыць ім адзін з тых срэбных падносаў, што падарылі нам на нашае вяселле? Яны нам усё роўна ніколі яшчэ не спатрэбіліся.


Кароткая паўза. Гадзіннік б’е два разы.


Пані Сміт. Сумна ёй вось так застацца ўдавой — яна яшчэ такая маладая.

Пан Сміт. На шчасце, у іх не было дзяцей.

Пані Сміт. Гэтага ім яшчэ не хапала! Дзяцей! Бедная кабета, што б яна з імі рабіла!

Пан Сміт. Яна яшчэ маладая. I можа выйсці замуж яшчэ раз. Жалоба ёй так да твару!

Пані Сміт. Але хто будзе клапаціцца пра дзяцей? Ты ж ведаеш — у іх хлопчык і дзяўчынка. Як іх, дарэчы, завуць?

Пан Сміт. Бобі і Бобі, як і бацькоў. Дзядзька Бобі Уатсана, стары Бобі Уатсан,— багаты чалавек. Ён любіць хлопчыка і мог бы выдатна заняцца адукацыяй Бобі.

Пані Сміт. I гэта было б натуральна. А цётка Бобі Уатсана, старая Бобі Уатсан, магла б у сваю чаргу заняцца адукацыяй Бобі Уатсан, дачкі Бобі Уатсана. I такім чынам маці Бобі Уатсана, Бобі, здолела б выйсці замуж другі раз. Яна кагось мае на ўвазе?

Пан Сміт. Але. Кузэна Бобі Уатсана.

Пані Сміт. Каго? Бобі Уатсана?

Пан Сміт. Ты пра якога Бобі Уатсана гаворыш?

Пані Сміт. Пра Бобі Уатсана, сына старога Бобі Уатсана, другога дзядзькі Бобі Уатсана, што памёр.

Пан Сміт. Не, гэта не той. Гэта іншы. Гэта той Бобі Уатсан, каторы сын старой Бобі Уатсан, цёткі Бобі Уатсана, што памёр.

Пані Сміт. Ты хочаш сказаць, таго Бобі Уатсана, што коміваяжор?

Пан Сміт. Усе Бобі Уатсаны коміваяжоры.

Пані Сміт. Якая цяжкая прафесія! Але яны там пракручваюць нядрэнныя справы.

Пан Сміт. Але, калі няма канкурэнцыі.

Пані Сміт. А калі няма канкурэнцыі?

Пан Сміт. Па аўторках, па чацвяргах і па аўторках.

Пані Сміт. О! Тры дні на тыдзень? I што ўвесь гэты час робіць Бобі Уатсан?

Пан Сміт. Адпачывае. Спіць.

Пані Сміт. А чаму ён гэтыя тры дні не працуе, калі няма канкурэнцыі?

Пан Сміт. Я ж не магу ўсё ведаць. Я не магу адказаць на ўсе твае ідыёцкія пытанні!

Пані Сміт (пакрыўджаная). Ты кажаш гэта, каб мяне пакрыўдзіць?

Пан Сміт (шырока ўсміхаецца). Ты ж ведаеш, што не.

Пані Сміт. Усе вы, мужчыны, аднолькавыя! Толькі і можаце, што з раніцы да вечара сядзець вось гэтак з цыгаркай у роце або пудрыцца ды фарбаваць сабе вусны пяцьдзесят разоў на дзень, калі яшчэ не пачняце нечым налівацца безупынку!

Пан Сміт. А што б ты сказала, калі б убачыла мужчын, якія, нібы тыя жанчыны, увесь дзень курылі, пудрыліся, мазалі сабе шмінкай вусны і пілі віскі?

Пані Сміт. Мне на ўсё гэта напляваць! Але калі ты кажаш гэта, каб папсаваць мне нервы, дык... мне такія жарты не падабаюцца, ты ведаеш!


Яна далёка закідвае шкарпэткі і шчэрыць зубы, устае.


Пан Сміт (таксама ўстае і ідзе да жонкі, ласкава). Вох, мая маленькая падсмажаная птушачка, навошта ты пыхкаеш полымем? Ты ж добра ведаеш — я сказаў гэта, каб пасмяяцца! (Бярэ яе за талію і цалуе.) Якая з нас атрымліваецца смешная парачка старых закаханых. Хадзем, пагасім зараз святло і будзем люленькі!

Сцэна II

Тыя ж і Мэры.


Мэры (уваходзіць). Я пакаёўка. Я выдатна прабавіла час пасля абеду. Была ў кіно з мужчынам і глядзела фільм пра жанчын. Мы выйшлі з кіно і пайшлі піць гарэлку і малако, а потым чыталі газету.

Пані Сміт. Я спадзяюся, вы добра прабавілі час пасля абеду, схадзілі ў кіно з мужчынам і выпілі гарэлкі і малака.

Пан Сміт. I газету!

Мэры. Пані і пан Марцін, якіх вы запрашалі, стаяць каля дзвярэй. Яны чакалі мяне і не адважваліся ўвайсці самі. Яны павінны былі сёння вячэраць з вамі.

Пані Сміт. Ах, праўда. Мы іх чакалі. Але мы хацелі есці. I збіраліся ўжо есці без іх, бо бачылі, што яны не ідуць. Мы не елі ўвесь дзень. Вы не павінны былі пакідаць нас.

Мэры. Вы ж мне самі дазволілі.

Пан Сміт. Мы гэта зрабілі ненаўмысна.

Мэры (пачынае смяяцца, потым плача, з усмешкай). Я купіла сабе начны горшчык.

Пані Сміт. Дарагая Мэры, будзьце ласкавы, адчыніце дзверы і запрасіце, калі ласка, пана і пані Марцін сюды. Мы зараз пойдзем, хуценька пераапранёмся.


Пані і пан Сміт выходзяць направа. Мэры адчыняе левыя дзверы, праз якія ўваходзяць пані і пан Марцін.

Сцэна III

Мэры, муж і жонка Марцін.


Мэры. Чаму вы прыйшлі гэтак позна! З вашага боку гэта няветліва. Трэба прыходзіць своечасова. Зразумела? Сядайце вунь там і чакайце, зараз. (Выходзіць.)

Сцэна IV

Тыя ж без Мэры.

Пані і пан Марцін моўчкі сядаюць адно насупраць аднаго. Сціпла ўсміхаюцца адно аднаму.


Пан Марцін (наступны дыялог мае быць прамоўлены цягучым, манатонным голасам, злёгку нараспеў, без усякіх адценняў). Прабачце, пані, але я, здаецца, калі не памыляюся, недзе вас ужо сустракаў.

Пані Марцін. I мне таксама здаецца, пане, што я вас недзе ўжо сустракала.

Пан Марцін. Ці не мог я выпадкова бачыць вас, пані, у Манчэстэры?

Пані Марцін. Вельмі верагодна. Я нарадзілася ў горадзе Манчэстэры! Але нешта я добра не прыгадаю, пане, не магу сказаць, бачыла я вас там ці не.

Пан Марцін. Божа мой, як цікава! Я таксама нарадзіўся ў горадзе Манчэстэры, пані!

Пані Марцін. Як цікава!

Пан Марцін. Як цікава!.. Толькі я, пані, з’ехаў з горада Манчэстэра таму тыдняў пяць.

Пані Марцін. Як цікава! Якое дзіўнае супадзенне! Я таксама, пане, з’ехала з горада Манчэстэра тыдняў пяць назад.

Пан Марцін. Я ад’язджаў цягніком а палове дзевятай раніцы, ён прыходзіць у Лондан без чвэрткі пяць, пані.

Пані Марцін. Як цікава! Як дзіўна! I якое супадзенне! Я, пане, таксама ехала ў гэтым цягніку!

Пан Марцін. Божа мой, як цікава! У такім выпадку я, мабыць, бачыў вас, пані, у цягніку?

Пані Марцін. Вельмі верагодна, магчыма, дапушчальна і, урэшце, чаму не!.. Але я зусім нічога такога не памятаю, пане!

Пан Марцін. Я ехаў другім класам, пані. У Англіі няма вагонаў другога класа, але я езджу другім класам.

Пані Марцін. Як дзіўна, як цікава і якое супадзенне! Я таксама, пане, ехала другім класам!

Пан Марцін. Як цікава! Мусіць, мы сустракаліся ў другім класе, дарагая пані!

Пані Марцін. Гэта вельмі верагодна і цалкам магчыма. Але нешта я не вельмі добра прыгадваю, пане!

Пан Марцін. У мяне, пані, было месца ў восьмым вагоне ў шостым купэ.

Пані Марцін. Як цікава! У мяне таксама, дарагі пане, месца было ў восьмым вагоне ў шостым купэ.

Пан Марцін. Як цікава і якое дзіўнае супадзенне! Можа, мы сустрэліся з вамі ў шостым купэ, дарагая пані?

Пані Марцін. Увогуле, гэта вельмі магчыма. Але я не памятаю, дарагі пане!

Пан Марцін. Праўду кажучы, я таксама, дарагая пані, не памятаю, але тое, што мы з вамі там бачыліся, вельмі магчыма, і калі я правільна разумею, дык мне гэта здаецца нават вельмі магчымым!

Пані Марцін. О! Сапраўды, вядома, сапраўды, пане!

Пан Марцін. Як цікава!.. У мяне было трэцяе месца, каля акна, дарагая пані!

Пані Марцін. О Божа мой, як цікава і як дзіўна, у мяне было шостае месца, каля акна, насупраць вас, дарагі пане.

Пан Марцін. О Божа мой, як цікава і якое супадзенне!.. Значыць, мы сядзелі твар у твар, дарагая пані! Тут мы, пэўна, адно аднаго і бачылі!

Пані Марцін. Як цікава! Гэта магчыма, але я не памятаю, пане.

Пан Марцін. Праўду кажучы, дарагая пані, я таксама не памятаю. Але вельмі верагодна, што мы бачыліся з вамі ў сувязі з гэтым.

Пані Марцін. Магчыма, але я ў гэтым зусім не ўпэўненая, пане.

Пан Марцін. А ці то не вы, дарагая пані, былі тая дама, што папрасіла мяне пакласці яе валізку на паліцу, а потым падзякавала і дазволіла закурыць?

Пані Марцін. Але, праўда, пане. Гэта, мусіць, была я! Як цікава, як цікава і якое супадзенне!

Пан Марцін. Як цікава, як дзіўна, якое супадзенне! Дык, значыць, тады, у гэты самы момант, мы з вамі, пані, мабыць, і пазнаёміліся?

Пані Марцін. Як цікава і якое супадзенне! Вельмі верагодна, шаноўны пане! Але нешта я ніяк не ўспомню.


Маўклівая паўза. Гадзіннік б’е 2—1.


Пан Марцін. Пасля прыезду ў Лондан я пасяліўся на вуліцы Бромфілда, дарагая пані.

Пані Марцін. Як цікава, як дзіўна! Я таксама пасля прыезду ў Лондан пасялілася на вуліцы Бромфілда, шаноўны пане.

Пан Марцін. Як цікава, але тады, але тады, магчыма, мы сустракаліся на вуліцы Бромфілда, дарагая пані.

Пані Марцін. Як цікава, як дзіўна! Вельмі верагодна, увогуле! Але я не прыгадваю, шаноўны пане.

Пан Марцін. Я жыву ў доме № 19, дарагая пані.

Пані Марцін. Як цікава, я таксама жыву ў доме № 19, шаноўны пане.

Пан Марцін. Але тады, але тады, але тады, але тады, але тады магчыма, што мы бачыліся з вамі ў гэтым доме, дарагая пані.

Пані Марцін. Вельмі верагодна, але я нешта не прыгадваю, шаноўны пане.

Пан Марцін. Мая кватэра на шостым паверсе, восьмы нумар, дарагая пані.

Пані Марцін. Як цікава, Божа мой, як дзіўна! I якое супадзенне! Я таксамз жыву на шостым паверсе ў кватэры № 8, шаноўны пане.

Пан Марцін (задуменна). Як цікава, як цікава, як цікава і якое супадзенне! Ведаеце што, у мяне ў спальні ёсць ложак. Мой ложак пакрыты зялёным пухавіком. Гэты пакой з гэтым ложкам і зялёным пухавіком — у канцы калідора паміж прыбіральняй і бібліятэкай, дарагая пані.

Пані Марцін. Якое супадзенне, ах Божа мой, якое супадзенне! У маёй спальні таксама ёсць ложак з зялёным пухавіком, і яна таксама ў канцы калідора, паміж прыбіральняй, шаноўны пане, і бібліятэкай!

Пан Марцін. Як дзіўна, забаўна, цікава! Значыць, мы з вамі, пані, жывём у адным пакоі і спім у адным ложку, шаноўная пані. Мусіць, мы сустракаліся там!

Пані Марцін. Як цікава і якое супадзенне! Вельмі верагодна, што мы з вамі там сустракаліся і, напэўна, нават гэтаю ноччу. Але я нешта не памятаю, шаноўны пане!

Пан Марцін. У мяне ёсць маленькая дачка, і гэтая мая маленькая дачка жыве са мной, дарагая пані. Ёй два гады, яна бялявая, адно вока ў яе белае, а другое — чырвонае, яна вельмі прыгожая, яе завуць Аліса, дарагая пані!

Пані Марцін. Якое дзіўнае супадзенне. У мяне таксама ёсць маленькая дачка, ёй два гады, адно вока белае, а другое — чырвонае, яна вельмі прыгожая, і яе таксама завуць Аліса, шаноўны пане!

Пан Марцін (такім самым цягучым, манатонным голасам). Як цікава і якое супадзенне! I дзіўна! Мусіць, гэта адна і тая ж, дарагая пані!

Пані Марцін. Як цікава! Вельмі верагодна, шаноўны пане.


Даволі працяглая маўклівая паўза... Гадзіннік б'е дваццаць дзевяць разоў.


Пан Марцін (пасля доўгай развагі паволі ўстае і не спяшаючыся ідзе да пані Марцін, якая, са здзіўленнем утаропіўшыся ва ўрачысты твар пана Марціна, паціху ўстае таксама; пан Марцін гаворыць такім самым марудным, манатонным, крыху пявучым голасам). Тады, дарагая пані, я лічу, што мы з вамі, безумоўна, ужо бачыліся і вы ёсць мая родная жонка... Элізабэт, я знайшоў цябе!


Пані Марцін паволі падыходзіць да пана Марціна. Яны невыразна цалуюцца. Гадзіннік вельмі моцна б’е адзін раз. Удар гадзінніка павінен быць такі моцны, каб гледачы падскочылі. Муж і жонка Марціны яго не чуюць.


Пані Марцін. Дональдзе, гэта ты, darling!


Яны сядаюць у адзін фатэль, трымаючы адно аднаго ў абдымках, і засынаюць. Гадзіннік б’е яшчэ многа разоў. Мэры, на дыбачках, з пальцам на вуснах, паціху выходзіць на сцэну і звяртаецца да публікі.

Сцэна V

Тыя ж і Мэры.


Мэры. Элізабэт і Дональд цяпер занадта шчаслівыя, каб мяне пачуць. Дык я вам раскрыю пэўны сакрэт. Элізабэт — гэта не Элізабэт, а Дональд — не Дональд. I вось вам доказ: дзіця, пра якое гаварыў Дональд,— зусім не дачка Элізабэт, гэта зусім іншая асоба. У Дональдавай дачкі адно вока белае, а другое — чырвонае, як і ў дачкі Элізабэт. Але ў Дональдавага дзіцяці белае вока — правае, а чырвонае — левае, а ў Элізабэцінага, у таго, наадварот, чырвонае вока правае, а белае — левае! Такім чынам, уся сістэма аргументацыі Дональда нішчыцца, сутыкнуўшыся з гэтай апошняю перашкодай, якая знішчае ўсю яго тэорыю. Нягледзячы на незвычайныя супадзенні, якія здаюцца пераканаўчымі доказамі, Дональд і Элізабэт, не будучы бацькамі аднаго дзіцяці, не ёсць Дональд і Элізабэт. Ён дарэмна лічыць, што ён Дональд, а яна — дарэмна лічыць, што яна — Элізабэт. Ён дарэмна лічыць, што яна — Элізабэт. Яна дарэмна лічыць, што ён — Дональд: яны горка памыляюцца. Але хто ж сапраўдны Дональд? I хто сапраўдная Элізабэт? Хто зацікаўлены ў тым, каб цягнулася гэтая блытаніна? Мне гэта зусім невядома. I не будзем спрабаваць пра гэта даведацца. Пакінем усё, як ёсць. (Ступае некалькі, крокаў да дзвярэй, потым вяртаецца і абвяшчае публіцы.) Маё сапраўднае імя — Шэрлак Холмс. (Выходзіць.)

Сцэна VI

Тыя ж без Мэры.

Гадзіннік б’е, колькі хоча. Праз некалькі доўгіх хвілін пані і пан Марціны адпускаюць адно аднаго і вяртаюцца на тыя самыя месцы, што займалі спачатку.


Пан Марцін. Цяпер, калі мы знайшлі адно аднаго, забудзем, darling, пра ўсё, што здарылася паміж намі, паспрабуем больш не губляць адно аднаго і будзем жыць як раней.

Пані Марцін. Але, darling.

Сцэна VII

Тыя ж і Сміты.

Пан і пані Сміты ўваходзяць у правыя дзверы без ніякай перамены ў вопратцы.


Пані Сміт. Добры вечар, дарагія сябры! Прабачце, што мы прымусілі вас так доўга чакаць. Мы палічылі, што вам трэба аддаць пашану, на якую вы маеце права, і як толькі даведаліся, што вы хацелі б зрабіць нам прыемнае і прыйсці без паведамлення пра ваш візіт, мы паспяшаліся пайсці пераапрануцца ў нашае святочнае адзенне.

Пан Сміт (з абурэннем). Мы нічога не елі ўвесь дзень! Ужо цэлыя чатыры гадзіны чакаем вас. Чаму вы так спазняецеся?


Пані і пан Сміты сядаюць насупраць гасцей. Гадзіннік падкрэслівае рэплікі з большай ці меншаю сілай, у залежнасці ад выпадку. Марціны, асабліва яна, маюць сарамлівы і сціплы выгляд. Таму гутарка пачынаецца цяжка, словы спачатку вымаўляюцца насілу. Спачатку запаноўвае доўгае няёмкае маўчанне, потым маўклівыя паўзы пачынаюць чаргавацца са скаванымі рухамі.


Пан Сміт. Гм.


Маўчанне.


Пані Сміт. Гм-гм.


Маўчанне.


Пані Марцін. Гм-гм-гм.


Маўчанне.


Пан Марцін. Гм-гм-гм-гм.


Маўчанне.


Пані Марцін. О, вядома.


Маўчанне.


Пан Марцін. У нас ва ўсіх катар.


Маўчанне.


Пан Сміт. Аднак няхоладна.


Маўчанне.


Пані Сміт. I скразняку няма.


Маўчанне.


Пан Марцін. О, няма, на шчасце.


Маўчанне.


Пан Сміт. Ай-ай-ай-ай-ай.


Маўчанне.


Пан Марцін. Вы засмучаны нечым?


Маўчанне.


Пані Сміт. Не, ён нудзіцца.


Маўчанне.


Пані Марцін. О, пане, у вашым узросце! Не варта б вам.


Маўчанне.


Пан Сміт. Сэрца не мае ўзросту.


Маўчанне.


Пан Марцін. Гэта праўда.


Маўчанне.


Пані Сміт. Гавораць.


Маўчанне.


Пані Марцін. Але гавораць і наадварот.


Маўчанне.


Пан Сміт. Праўда якраз пасярэдзіне.


Маўчанне.


Пан Марцін. Пэўна.


Маўчанне.


Пані Сміт (да мужа і жонкі Марцінаў). Вы так многа вандравалі, у вас, напэўна, ёсць шмат цікавага нам расказаць.

Пан Марцін (жонцы). Скажы, дарагая, што ты сёння бачыла?

Пані Марцін. Не варта, вы мне не паверыце.

Пан Сміт. Мы не будзем сумнявацца ў вашай сумленнасці!

Пані Сміт. Вы б нас пакрыўдзілі, каб падумалі гэтак.

Пан Марцін (жонцы). Ты б іх пакрыўдзіла, дарагая, каб гэтак падумала...

Пані Марцін (велікадушна). Ну добра. Я прысутнічала сёння пры незвычайным здарэнні. Пры неверагоднай падзеі.

Пан Марцін. Кажы хутчэй, дарагая.

Пан Сміт. О, зараз пацешымся.

Пані Сміт. Ну дык што?

Пані Марцін. Дык вось, сёння, калі я ішла на рынак, каб купіць гародніны, якая ўсё даражэе і даражэе...

Пані Сміт. I што гэта ўрэшце будзе!

Пан Сміт. Не трэба перабіваць, дарагая, поскудзь.

Пані Марцін. Я ўбачыла на вуліцы, побач з кавярняй, аднаго пана, даволі-такі добра апранутага, гадоў пяцідзесяці, нават меней, які...

Пан Сміт. Які — што?

Пані Сміт. Які — што?

Пан Сміт (жонцы). Не трэба перабіваць, дарагая, гэта брыдка.

Пані Сміт. Дарагі, гэта ты першы перабіў, хам.

Пан Марцін. Цыц. (Жонцы.) Дык што ён рабіў, гэты пан?

Пані Марцін. Ну вось, зараз вы скажаце, што я выдумляю: ён паставіў адно калена на зямлю і гэтак стаяў, сагнуўшыся...

Пан Марцін, пан Сміт, пані Сміт. О!

Пані Марцін. Праўда-праўда, сагнуўшыся.

Пан Сміт. Не можа быць!

Пані Марцін. Але! Ён быў схілены. Я падышла бліжэй, каб пабачыць, што ён там робіць...

Пан Сміт. Ну і што?

Пані Марцін. Ён завязваў на чаравіку шнуркі, якія развязаліся.

Утраіх разам. Фантастычна!

Пан Сміт. Каб гэта былі не вы, я б не даў веры.

Пан Марцін. А чаму б і не? Калі ездзіш, яшчэ і не такія дзіўныя рэчы даводзіцца бачыць. Вось сёння, я сам бачыў,— у метро адзін пан сядзеў на лаўцы і спакойна чытаў газету.

Пані Сміт. Як гэта арыгінальна!

Пан Сміт. Мабыць, гэта быў той самы!


Ад дзвярэй чуецца званок.


Пан Сміт. Чуеш, звоняць.

Пані Сміт. Напэўна, там нехта прыйшоў. Пайду пагляджу. (Ідзе глядзець. Адчыняе дзверы і вяртаецца.) Нікога. (Сядае.)

Пан Марцін. А вось я вам яшчэ раскажу адзін прыклад...


Званок.


Пан Сміт. Чуеш, звоняць.

Пані Сміт. Напэўна, там нехта прыйшоў. Пайду пагляджу. (Ідзе глядзець. Адчыняе дзверы і вяртаецца.) Нікога. (Сядае на сваё месца.)

Пан Марцін (забыў, на чым спыніўся). Э-э...

Пані Марцін. Ты казаў, што дасі нам яшчэ адзін прыклад.

Пан Марцін. Ах, сапраўды...


Званок.


Пан Сміт. Чуеш, звоняць.

Пані Сміт. Я болей не пайду адчыняць.

Пан Сміт. Так, але, напэўна, там нехта прыйшоў!

Пані Сміт. Першы раз нікога не было, другі раз таксама. Дык чаму ты думаеш, што зараз там нехта будзе?

Пан Сміт. Таму, што званілі.

Пані Марцін. Гэта не прычына.

Пан Марцін. Як гэта? Калі чуеш, што звоняць у дзверы, гэта значыць, што каля дзвярэй нехта ёсць і ён звоніць, каб яму адчынілі.

Пані Марцін. Не заўсёды. Вы ж бачылі толькі што.

Пан Марцін. Але часцей за ўсё — ёсць.

Пан Сміт. Вось я — калі я іду да кагось, я званю, каб увайсці. I лічу, што ўсе так робяць і што заўсёды, калі звоняць, нехта там ёсць.

Пані Сміт. Гэта так толькі тэарэтычна. А ў сапраўднасці ўсё якраз наадварот. Ты ж зараз бачыў.

Пані Марцін. Ваша жонка мае рацыю.

Пан Марцін. Ох, гэтыя жанчыны! Вы заўсёды абараняеце адна адну.

Пані Сміт. Ну добра, я пайду адчыню. Каб ты не казаў, што я ўпартая. Але сам убачыш — там нікога няма. (Ідзе адчыняць. Адчыняе дзверы і зачыняе.) Бачыш, нікога няма. (Вяртаецца на сваё месца.) Ах, гэтыя мужчыны, заўсёды хочуць мець рацыю, а самі ніколі яе не маюць.


Зноў чуецца званок.


Пан Сміт. Чуеце, звоняць. Напэўна, там нехта прыйшоў.

Пані Сміт (у прыступе гневу). Не пасылай мяне больш адчыняць. Ты ж бачыў — гэта дарэмна. Эксперымент даводзіць нам, што, калі ад дзвярэй чуецца званок, там ніколі нікога няма.

Пані Марцін. Ніколі.

Пан Марцін. Гэта не пэўная выснова.

Пан Сміт. Яна нават памылковая. У большасці выпадкаў, калі мы чуем званок ад дзвярэй, там нехта ёсць.

Пані Сміт. А гэты ўсё стаіць на сваім.

Пані Марцін. I мой муж — таксама, такі ўпарты.

Пан Сміт. Нехта ёсць.

Пан Марцін. Гэта ж вельмі верагодна.

Пані Сміт (свайму мужу). Няма.

Пан Сміт. Ёсць.

Пані Сміт. А я табе кажу — няма. Ва ўсякім выпадку, ты мяне больш не прымусіш турбавацца дзеля нічога. Калі табе так карціць — ідзі сам і паглядзі.

Пан Сміт. I пайду.


Пані Сміт паціскае плячыма. Пані Марцін ківае галавой.


Пан Сміт (адчыняе). О! How do you do! (Кідае позірк на пані Сміт і на мужа і жонку Марцінаў. Тыя ўсе здзіўленыя.) Гэта капітан пажарнай службы!

Сцэна VIII

Тыя ж і капітан пажарнай службы.


Пажарнік (на ім, натуральна, велізарная бліскучая каска і уніформа). Дзень добіры, панове. (Усе яшчэ трошкі здзіўленыя. Пані Сміт сярдзіта адварочвае галаву і не адказвае на прывітанне.) Дзень добры, пані Сміт. Нешта ў вас сярдзіты выгляд.

Пані Сміт. O!

Пан Сміт. Усё ў тым, ведаеце... мая жонка трошкі крыўдзіцца, таму што памылілася.

Пан Марцін. Тут, пане капітане, паміж панам і пані Сміт узнікла дыскусія.

Пані Сміт (пану Марціну). Вас гэта не датычыць! (Пану Сміту.) Прашу цябе, не ўблытвай пабочных у нашы сямейныя сваркі.

Пан Сміт. О, дарагая, тут няма нічога сур’ёзнага. Пан капітан стары сябар нашага дома. Яго маці заляцалася да мяне, і яго бацьку я таксама ведаў. Я думаў нават аддаць за яго дачку, калі яна ў мяне будзе. Але ён памёр тым часам.

Пан Марцін. Ну, тут не яго віна і не ваша.

Пажарнік. Ну дык пра што гаворка?

Пані Сміт. Мой муж сцвярджаў, што...

Пан Сміт. Не, гэта яна сцвярджала.

Пані Марцін. Не, гэта ён сцвярджаў.

Пажарнік. Ды не нервуйцеся вы. Ну распавядайце, пані Сміт.

Пані Сміт. Ну дык вось. Мне так няёмка вам шчыра распавядаць пра ўсё гэта. Але пажарнік таксама спавядальнік...

Пажарнік. Ну дык?

Пані Сміт. Мы спрачаліся, таму што мой муж казаў, што, калі чуеш званок ад дзвярэй, там нехта заўсёды ёсць.

Пан Марцін. Гэта можна лёгка дапусціць.

Пані Сміт. Ая казала, што кожны раз, калі звоняць, там нікога няма.

Пані Марцін. Гэта толькі здаецца дзіўным.

Пані Сміт. Але гэта даведзена — не толькі тэарэтычна, але і фактамі.

Пан Сміт. Якраз не! Пажарнік жа тут. Ён пазваніў, я адчыніў — ён быў там.

Пані Марцін. Калі?

Пан Марцін. Але адразу ж.

Пані Сміт. Так. Але гэта ўжо толькі пасля чацвёртага званка мы там некага ўбачылі. А чацвёрты раз не ўлічваецца.

Пані Марцін. Ніколі. Лічацца толькі першыя тры разы.

Пан Сміт. Пане пажарнік, дазвольце я таксама задам вам у сваю чаргу некалькі пытанняў.

Пажарнік. Давайце.

Пан Сміт. Калі я адчыніў і ўбачыў вас, дык гэта вы тады званілі?

Пажарнік. Але, званіў я.

Пан Марцін. Вы стаялі каля дзвярэй? I званілі, каб зайсці?

Пажарнік. Я не адмаўляю гэтага.

Пан Сміт (да сваёй жонкі, пераможна). Бачыш? Я меў рацыю. Калі чуеш, што звоняць, гэта значыць, што нехта звоніць. Ты ж не можаш сказаць, што капітан не нехта.

Пані Сміт. Вядома, не. Я паўтараю: я вяду гутарку толькі пра першыя тры званкі, бо чацвёрты — не лічыцца.

Пані Марцін. А калі званілі першы раз, гэта былі вы?

Пажарнік. Не, гэта быў не я.

Пані Марцін. Вось бачыце. Званілі, а нікога не было.

Пан Марцін. Можа, гэта быў нехта іншы.

Пан Сміт. Вы доўга стаялі каля дзвярэй?

Пажарнік. Тры чвэрткі гадзіны.

Пан Сміт. I вы нікога не бачылі?

Пажарнік. Нікога. Я ў гэтым упэўнены.

Пані Марцін. А вы чулі, як званілі другі раз?

Пажарнік. Чуў, але гэта быў не я. I болей нікога таксама не было.

Пані Сміт. Перамога! Я мела рацыю.

Пан Сміт (жонцы). Не спяшайся. (Пажарніку.) А што вы рабілі каля дзвярэй?

Пажарнік. Нічога. Проста стаяў. Я думаў пра цэлую кучу розных спраў.

Пані Марцін (пажарніку). Але трэці раз... гэта не вы званілі?

Пажарнік. Так, трэці раз — я.

Пан Сміт. Але калі адчынілі, мы вас не бачылі.

Пажарнік. Гэта таму, што я схаваўся... каб пасмяяцца.

Пані Сміт. Не трэба смяяцца, пане капітане. Справа вельмі сумная.

Пан Марцін. Увогуле, мы так і не ведаем, ці ёсць хто, калі звоняць у дзверы, ці няма.

Пані Сміт. Ніколі нікога там няма.

Пан Сміт. Заўсёды нехта ёсць.

Пажарнік. Я вас прывяду да агульнай згоды. Кожны з вас крыху мае рацыю. Калі ў дзвярах чуецца званок, часам там нехта ёсць, а часам — нікога няма.

Пан Марцін. Гэта мне здаецца лагічным.

Пані Марцін. Я таксама лічу так.

Пажарнік. Усё даволі проста на самай справе. (Пану і пані Смітам.) Пацалуйцеся.

Пані Сміт. Мы толькі што ўжо цалаваліся.

Пан Марцін. Яны заўтра пацалуюцца. Часу ў іх шмат.

Пані Сміт. Пане капітане, калі ўжо вы дапамаглі нам усё высветліць, дык распалагайцеся, як вам выгодней. Здыміце сваю каску, сядайце.

Пажарнік. Прабачце, але доўга я не магу затрымлівацца. Каску я з задавальненнем здыму, а вось сесці часу не маю. (Сядае, не здымаючы каскі.) Прызнацца, я прыйшоў да вас па зусім іншай справе. Мяне прыслалі па службе.

Пані Сміт. I чым мы можам дапамагчы вам у вашай службе, пане капітане?

Пажарнік. Я вас вельмі прашу дараваць мне маю нетактоўнасць... (Вельмі збянтэжаны.) Э... (Паказвае пальцам на жонку і мужа Марцінаў.) Ці магу я... пры іх...

Пані Марцін. Не саромейцеся.

Пан Марцін. Мы старыя сябры. Яны нам заўсёды ўсё расказваюць.

Пан Сміт. Гаварыце.

Пажарнік. Ну, добра тады. У вас ёсць агонь?

Пані Сміт. Чаму вы ў нас гэта пытаецеся?

Пажарнік. Таму што... прабачце, але я маю загад тушыць у горадзе ўсе пажары.

Пані Марцін. Усе?

Пажарнік. Так, усе.

Пані Сміт (збянтэжана). Не ведаю... я не думаю. Хочаце, я пайду зірну?

Пан Сміт (прынюхваецца). Не павінна быць. Паленым не пахне.

Пажарнік (з прыкрасцю). Зусім нічога няма? Можа, хоць маленькі агеньчык у каміне ці штось смыліць там, на гары, ці ў сутарэнні? Прынамсі, якісь пачатачак пажару ёсць?

Пані Сміт. Слухайце, я не хачу засмучаць вас, але, па-мойму, цяпер у нас нічога такога няма. Я вам абяцаю, як толькі ў нас што будзе, я адразу вас папярэджу.

Пажарнік. Не прамініце, вы зробіце мне вялікую паслугу.

Пані Сміт. Абяцаем.

Пажарнік (жонцы і мужу Марцінам). А ў вас? Таксама нічога не гарыць?

Пані Марцін. Не, на жаль.

Пан Марцін (пажарніку). Справы ідуць даволі дрэнна!

Пажарнік. Вельмі дрэнна. Амаль нічога няма, адны дробязі: камінак, гумно. Нічога сур’ёзнага. I вырабкі няма. А калі няма вырабкі, дык і прэміяльныя зусім мізэрныя.

Пан Сміт. Кепскія справы. Паўсюль гэтак. I ў гандлі, і ў сельскай гаспадарцы, сёлета ў іх, як і ў вас з агнём,— кепскія справы.

Пан Марцін. Ні жыта няма, ні агню.

Пажарнік. I пажараў таксама няма.

Пані Сміт. Але цукар ёсць.

Пан Сміт. Гэта таму, што.яго прывозяць з-за мяжы.

Пані Марцін. А з пажарамі тут цяжэй. Вельмі вялікая пошліна!

Пажарнік. Здараецца часам, але таксама даволі рэдка, адно-два ўдушэнні газам. Вось, напрыклад, на тым тыдні адна паненка атруцілася — пакінула газ адчынены.

Пані Марцін. Забылася зачыніць?

Пажарнік. Не, яна палічыла, што гэта смыліць яе грабянец.

Пан Сміт. Такія памылкі заўсёды небяспечныя.

Пані Сміт. А вы хадзілі да гандляра запалкамі?

Пажарнік. Там няма чаго рабіць. Ён застрахаваны ад пажараў.

Пан Марцін. Тады схадзіце ад майго імя да вікарыя Уэйкфілда!

Пажарнік. Я не маю права тушыць агонь у свяшчэннікаў. Біскуп можа раззлавацца. Яны ў сябе агонь тушаць самі або прымушаюць рабіць гэта весталак.

Пан Сміт. Паспрабуйце тады зазірнуць да Дзюрана.

Пажарнік. Таксама не магу. Ён не англічанін. У яго ёсць толькі падданства. А тыя, хто мае толькі падданства, мець дамы права маюць, а каб ім іх тушылі, калі ў іх пажар, такога права яны не маюць.

Пані Сміт. Але ж летась, калі ён гарэў, яго ўсё-такі патушылі.

Пажарнік. Ён гэта зрабіў сам. Падпольна. О, даносіць на яго я не збіраюся.

Пан Сміт. Я таксама.

Пані Сміт. Калі вы не вельмі спяшаецеся, пане капітане, застаньцеся яшчэ трошкі. Вы зрабілі б нам вялікую ласку.

Пажарнік. Хочаце, я раскажу вам некалькі анекдотаў?

Пані Сміт. О, вядома, вы чароўны. (Цалуе яго.)

Пан Сміт, пані Марцін, пан Марцін. Давайце, давайце, анекдоты, брава! (Апладзіруюць.)

Пан Сміт. I што самае цікавае, дык гэта — што ўсе гісторыі ў пажарнікаў самыя сапраўдныя і ўсе ўзятыя з жыцця.

Пажарнік. Я кажу тое, што зведаў сам. Натуральнасць і толькі натуральнасць. Ніякай кніжнасці!

Пан Марцін. Вось гэта ўжо пэўна. Праўду трэба шукаць не ў кнігах, а ў жыцці.

Пані Сміт. Пачынайце!

Пан Марцін. Пачынайце!

Пані Марцін. Цішэй, ён ужо пачынае.

Пажарнік (кашляе некалькі разоў). Прабачце, але не глядзіце на мяне гэтак. Вы мяне бянтэжыце. Вы ж ведаеце, што я сціплы.

Пані Сміт. Ён чароўны! (Цалуе яго.)

Пажарнік. Зараз я ўсё ж паспрабую пачаць. Але абяцайце, што не будзеце мяне слухаць.

Пані Марцін. Але, калі мы не будзем вас слухаць, мы вас не пачуем.

Пажарнік. Я пра гэта неяк не падумаў.

Пані Сміт. Яж вам казала — ён яшчэ зусім хлопчык.

Пан Марцін, пан Сміт. О, чароўнае дзіцятка! (Цалуюць яго.)

Пані Марцін. Смялей.

Пажарнік. Ну добра, дык вось. (Зноў кашляе, потым пачынае дрыготкім ад хвалявання голасам.) «Сабака і бык», эксперыментальная байка. «Аднойчы нейкі бык пытае ў нейкага сабакі: «Чаму ты хобат свой не праглынуў?» «Прабач,— сабака адказаў,— гэта таму, што я лічыў сябе сланом».

Пані Марцін. I якая мараль?

Пажарнік. Вы яе самі павінны знайсці.

Пан Сміт. Ён мае рацыю.

Пані Сміт (не памятаючы сябе). Яшчэ адну!

Пажарнік. Адно маладое цяля з’ела многа тоўчанага шкла. I з гэтай прычыны мусіла абрадзіцца. На свет ад цяляці выйшла карова. Але таму, што цяля было хлопчык, карова не магла называць яго «мамай». Яна не магла называць яго і «татам», бо цяля было надта малое. I тады карова была вымушана выйсці замуж за адну асобу, і мэрыя прыняла ўсе неабходныя захады, прадыктаваныя гэтымі сальнымі абставінамі.

Пан Сміт. З салам, морквай і цыбуляй, па-канску.

Пан Марцін. Як ялавічныя трыбухі.

Пажарнік. Дык вы, значыць, ведаеце гэту гісторыю?

Пані Сміт. Яна была ва ўсіх газетах.

Пані Марцін. Гэта адбылося непадалёк ад нас.

Пажарнік. Я вам зараз яшчэ адну раскажу. «Певень». «Аднойчы адзін певень захацеў прыкінуцца сабакам. Але яму не пашанцавала, бо яго адразу пазналі».

Пані Сміт. Тым часам сабака, які захацеў прыкінуцца пеўнем, ніколі не быў пазнаны.

Пан Сміт. I я вам таксама адну раскажу. «Вужака і ліса». «Аднойчы падышоў адзін вужака да адной лісы і ёй гаворыць: «Здаецца, я вас ведаю!» Ліса яму ў адказ: «I я таксама». «У такім выпадку,— кажа той,— дайце мне грошай». «Лісіца грошай не дае»,— сказала рудая хітруння і, каб уцячы, скочыла ў глыбокую лагчыну, зарослую сунічнікам і заечаю капустай. Але вужака там ужо яе чакаў і смяяўся мефістофелеўскім смехам. Тады ліса дастала нож і гучна закрычала: «Я цябе зараз навучу, як жыць!» — і ўцякла, вужаку паказаўшы хвост. Але ёй не пашанцавала — вужака быў жвавейшы. I трапным ударам кулака лісе ён трахнуў прама ў лоб, і лоб на тысячу кавалкаў разляцеўся, гарлаючы ўвесь час: «Не! Не! Чатыры разы не! Я не твая дачка!»

Пані Марцін. Гэта цікава.

Пані Сміт. Нядрэнна.

Пан Марцін (паціскаючы руку пану Сміту). Прыміце мае віншаванні.

Пажарнік (раўніва). Нічога асаблівага. I я, між іншым, яе ведаў.

Пан Сміт. Гэта жахліва.

Пані Сміт. Але гэта няпраўда!

Пані Марцін. Праўда. На няшчасце.

Пан Марцін (да пані Сміт). Ваша чарга, пані.

Пані Сміт. Я толькі адну ведаю. Зараз я вам яе раскажу. Яна завецца «Букет».

Пан Сміт. Мая жонка заўжды была рамантычная.

Пан Марцін. Сапраўдная англічанка.

Пані Сміт. Дык вось: «Аднойчы малады жаніх прынёс сваёй нявесце букет кветак, і тая адказала яму: «Дзякуй»,— але раней, чым яна здолела сказаць, ён, не гаворачы ні слова, забраў у яе кветкі, што падарыў ёй, і, каб даць добры ўрок, сказаўшы: «Я іх забіраю»,— сказаў ёй: «Да пабачэння»,— калі іх забіраў, і пайшоў на ўсе чатыры бакі».

Пан Марцін. О, цудоўна! (Цалуе ці не цалуе пані Сміт.)

Пані Марцін. У вас, пане Сміт, жонка, якую ўсе раўнуюць.

Пан Сміт. Гэта праўда. Мая жонка — сам інтэлект. Яна нават разумнейшая за мяне. Ва ўсякім выпадку, яна намнога болей жаноцкая. Кажуць.

Пані Сміт (пажарніку). Яшчэ адну, капітане.

Пажарнік. О, не, ужо вельмі позна.

Пан Марцін. Ну раскажыце.

Пажарнік. Я вельмі стаміўся.

Пан Сміт. Зрабіце нам такую паслугу.

Пан Марцін. Я малю вас.

Пажарнік. Не.

Пані Марцін. У вас халоднае сэрца. Мы сядзім, як на распаленым вуголлі.

Пані Сміт (з рыданнем кідаецца на калені ці не робіць гэтага). Я ўмаляю вас.

Пажарнік. Добра.

Пан Сміт (на вуха пані Марцін). Згадзіўся! Зноў будзе нам назаляць.

Пані Марцін. Д’ябал.

Пані Сміт. Не шанцуе. Занадта я раздалікатнічалася.

Пажарнік. «Насмарк»: «Мой швагер меў з боку бацькі стрыечнага брата, у дзядзькі якога з боку маткі быў свёкар, дзед якога з боку бацькі другі раз ажаніўся з тубылкай, брат якой сустрэў пад час сваіх вандраванняў дзяўчыну, у якую закахаўся, і займеў ад яе сына, які ажаніўся з адважнай аптэкаркай, якая была не хто іншы, як пляменніца невядомага старэйшага матроса Брытанскага марскога флоту, і ў айчыма якой была цётка, якая бегла размаўляла па-іспанску і, можа быць, была адной з унучак інжынера, які памёр яшчэ малады і сам быў унук уладальніка вінаграднікаў, з якіх рабілі даволі пасрэднае віно, але ў якога быў малодшы стрыечны брат, дамасед і ад’ютант, сын якога ажаніўся з даволі прыгожанькаю маладою жанчынай, якая была разведзеная і першы муж якой быў сын шчырага патрыёта, які здолеў выхаваць жаданне рабіць грошы ў адной сваёй дачкі, якой пашчасціла выйсці замуж за паляўнічага, які калісьці ведаў Ротшыльда і брат якога пасля таго, як шмат разоў мяняў прафесію, ажаніўся, і ў яго нарадзілася дачка, лядашчы прадзед якой насіў акуляры, якія яму падарыў яго кум, дзевер партугальца, роднага сына не вельмі беднага млынара, малочны брат якога ўзяў сабе жонкай дачку былога вясковага доктара, які сам быў брат другога вясковага доктара, які ажаніўся тры разы запар і трэцяя жонка якога...»

Пан Марцін. Я, калі не памыляюся, ведаў гэтую яго трэцюю жонку. Яна ела кураціну ў асіным гняздзе.

Пажарнік. Гэта не тая.

Пані Сміт. Памаўчыце!

Пажарнік. Дык я кажу: «...трэцяя жонка якога была дачка найлепшай павітухі ў наваколлі і, вельмі рана зрабіўшыся ўдавой...»

Пан Сміт. Як і мая жонка.

Пажарнік. «...выйшла замуж ізноў за поўнага запалу шкляра, які зрабіў дачцэ начальніка вакзала дзіця, якое прабіла сабе ў жыцці дарогу...»

Пані Сміт. Чыгуначную дарогу...

Пан Марцін. З паравозам — як у картах.

Пажарнік. «...і ажанілася з вулічнай гандляркай гародамі, садамі і зяленівам, бацька якой меў братам мэра невялікага мястэчка, які ўзяў сабе жонкай адну бялявую настаўніцу, стрыечны брат якой займаўся нечым у галіне рыбалоўства...»

Пан Марцін. У адмерлай галіне?

Пажарнік. «...і ўзяў сабе жонкай другую бялявую настаўніцу, якую таксама звалі Мэры і брат якой ажаніўся з другою Мэры, таксама бяляваю і таксама настаўніцай...»

Пан Сміт. Калі ўжо яна была бялявая, дык у яе не магло быць іншага імя як Мэры.

Пажарнік. «...бацька якой выхоўваўся ў Канадзе адною старой кабетай, якая была пляменніца кюрэ, бабка якога ўзімку, як і ўсе, часам падчэплівала насмарк».

Пані Сміт. Дзіўная гісторыя. Амаль неверагодная.

Пан Марцін. Калі падхопіш насмарк, трэба прымаць стужкі.

Пан Сміт. Гэта цалкам дарэмная мера, але абсалютна неабходная.

Пані Марцін. Даруйце, пане капітане, я нешта не вельмі добра зразумела вашу гісторыю. У канцы, калі даходзіш да бабкі папа, усё пераблытваецца.

Пан Сміт. Заўсёды ўсё паблытаць давядзецца таму, хто папу ў лапы пападзецца.

Пані Сміт. Але праўда, пане капітане, пачніце яшчэ раз. Мы ўсе вас просім.

Пажарнік. О! Не ведаю, ці будзе гэта магчыма. Я тут па службовай справе. Гэта залежыць ад таго, які цяпер час.

Пані Сміт. У нас дома няма часу.

Пажарнік. А што насценны гадзіннік?

Пан Сміт. Ён дрэнна працуе. У ім сядзіць дух пярэчання. Ён заўсёды паказвае не той час, які ёсць, а наадварот.

Сцэна IX

Тыя ж і Мэры.


Мэры. Пані... пане...

Пані Сміт. Чаго вам трэба?

Пан Сміт. Што вы тут робіце?

Мэры. Няхай мне пан і пані даруюць... і гэтыя паны таксама... я хацела б... я хацела б... таксама... расказаць адзін анекдот.

Пані Марцін. Пра што гэта яна?

Пан Марцін. Па-мойму, пакаёўка нашых сяброў звар’яцела... Яна таксама хоча расказаць анекдот.

Пажарнік. За каго яна сябе лічыць? (Глядзіць на яе.) О!

Пані Сміт. Куды вы сунецеся?

Пан Сміт. З вашага боку гэта сапраўды недарэчы, Мэры...

Пажарнік. О! Але ж гэта яна! Неверагодна.

Пан Сміт. I вы — таксама?

Мэры. Неверагодна! Вы — тут?

Пані Сміт. Што ўсё гэта значыць?

Пан Сміт. Вы што — сябры?

Пажарнік. А як жа ж!


Мэры кідаецца пажарніку на шыю.


Мэры. Як я рада ўбачыць вас... нарэшце!

Пан і пані Сміты. О!

Пан Сміт. Ну, ведаеце! У нас, тут, пад Лонданам — гэта ўжо занадта!

Пані Сміт. Гэта непрыстойна!

Пажарнік. Гэта яна патушыла ўва мне першы агонь.

Мэры. Я яго вадзяны струменьчык.

Пан Марцін. Калі так... Дарагія сябры... іх пачуццё вытлумачальнае, чалавечнае, прыстойнае.

Пані Марцін. Усё чалавечнае — прыстойна.

Пані Сміт. I ўсё ж мне не хацелася б бачыць яе тут... сярод нас...

Пан Сміт. Яна не мае неабходнай адукацыі...

Пажарнік. О, у вас зашмат забабонаў.

Пані Марцін. А па-мойму, няхай мяне гэта і не датычыць, пакаёўка ўвогуле заўсёды толькі і ёсць — пакаёўка.

Пан Марцін. Нават калі часам яна і можа прыкідвацца нядрэнным дэтэктывам.

Пажарнік. Пусці мяне.

Мэры. Не псуй сабе кроў... Не такія ўжо яны і благія.

Пан Сміт. Гм... Гм... вы абое проста замілавальныя, але трошкі... таксама... трошкі...

Пані Сміт. Менавіта.

Пан Марцін. Прабачце мне яшчэ раз, што я ўдакладню сваю думку, але ёсць нейкая брытанская сціпласць, зразумелая і замежнікам, нават спецыялістам, дзякуючы якой, з дазволу сказаць... зрэшты, я кажу гэта не дзеля таго, каб вы...

Мэры. Я хацела б вам расказаць...

Пан Сміт. Не трэба нічога расказваць...

Мэры. О! Трэба!

Пані Сміт. Ідзіце, маленькая мая Мэры, ідзіце сабе паціху ў кухню і чытайце там свае паэмы, перад люстрам...

Пан Марцін. Глядзі ты, я не пакаёўка, а таксама чытаю паэмы перад люстрам.

Пані Марцін. А сёння раніцай, калі ты паглядзеўся ў люстра, ты сябе там не ўбачыў.

Пан Марцін. Таму што мяне там яшчэ не было...

Мэры. Можа, я ўсё ж магла б прачытаць вам паэму?

Пані Сміт. Маленькая мая Мэры, вы страшэнна ўпартая.

Мэры. Дык я тады прачытаю паэму, добра? Назва паэмы — «Агонь», у гонар капітана.


АГОНЬ

У лясах блішчалі палікандры,

I камень загарэўся,

I замак загарэўся,

Лясы ўсе загарэліся,

Мужчыны загарэліся,

Жанчыны загарэліся,

I птушкі загарэліся,

I рыбы загарэліся,

I воды загарэліся,

I неба загарэлася,

I попел загарэўся,

I дым сам загарэўся,

Агонь сам загарэўся,

Усё ўжо загарэлася,

Гарыць, гарыць, гарыць.


Калі яна чытае паэму, Сміты выпіхваюць яе з пакоя.

Сцэна X

Тыя ж без Мэры.


Пані Марцін. Мяне нават мароз па скуры прадзёр...

Пан Марцін. Але ў гэтых вершах ёсць пэўная цеплыня...

Пажарнік. Я лічу іх проста цудоўнымі.

Пані Сміт. Аднак...

Пан Сміт. Вы перабольшваеце...

Пажарнік. Паслухайце, ну сапраўды, ну сапраўды... усё гэта вельмі суб’ектыўна... але гэта мой светапогляд. Мая мара. Мой ідэал... I наогул, я ўспомніў, мне трэба ісці. У вас жа гадзінніка няма, а ў мяне якраз праз тры чвэрткі гадзіны і шаснаццаць хвілін на другім канцы горада будзе пажар. Дык вось — мне трэба спяшацца. Хоць гэта і не нешта ўжо такое асаблівае.

Пані Сміт. А што гэта будзе? Агеньчык у каміне?

Пажарнік. О, нават не. Проста адна паненка ад гарачых слоў пана павінна ўспыхнуць ад сораму, а ў другой будзе лёгкая пякотка ў страўніку.

Пан Сміт. Ну тады мы шкадуем, што вы нас пакідаеце.

Пані Сміт. З вамі было так забаўна.

Пані Марцін. Дзякуючы вам мы цэлую чвэртку гадзіны правялі сапраўды па-картэзіянску.

Пажарнік (ідзе да выхаду, потым спыняецца). Дарэчы, а як там Лысая спявачка?


Агульнае маўчанне, няёмкасць.


Пані Сміт. Яна робіць сабе тую самую прычоску, што і раней.

Пажарнік. А! Ну добра, да пабачэння, панове.

Пан Марцін. Шчаслівай дарогі! I шчаслівага агню!

Пажарнік. Будзем спадзявацца. I вам усім — таксама.


Пажарнік выходзіць. Усе праводзяць яго да дзвярэй і вяртаюцца на свае месцы.

Сцэна XI

Тыя ж без пажарніка.


Пані Марцін. Я магу купіць свайму брату кішэнны нож, а вы не можаце купіць свайму дзеду Ірландыі.

Пан Сміт. Мы ходзім нагамі, а саграёмся з дапамогаю вугалю ці электрычнасці.

Пан Марцін. Той, хто сёння прадасць яйка, заўтра атрымае чайку.

Пані Сміт. У жыцці трэба глядзець праз акно.

Пані Марцін. Можна сесці на крэсла, а ў крэсла гэтага няма.

Пан Сміт. Трэба заўсёды пра ўсё думаць.

Пан Марцін. Столь уверсе, падлога ўнізе.

Пані Сміт. Калі я кажу «так», гэтага не трэба разумець літаральна.

Пані Марцін. Кожнаму свой лёс.

Пан Сміт. Вазьміце кола, палашчыце яго, і яно зробіцца заганнае.

Пані Сміт. Школьны настаўнік вучыць дзяцей чытаць, кошка корміць сваіх малых, калі яны маленькія, малаком.

Пані Марцін. Тады як карова дае нам свае хвасты.

Пан Сміт. Калі я бываю ў вёсцы, мне падабаюцца адзінота і цішыня.

Пан Марцін. Вы яшчэ не такі стары для гэтага.

Пані Сміт. Бенжамін Франклін мае рацыю: вы меней спакойны за мяне.

Пані Марцін. Назавіце сем дзён тыдня.

Пан Сміт. Monday, Tuesday, Wednesday, Thursday, Friday, Saturday, Sunday.

Пан Марцін. Edward is a clerk, his sister Nancy is a typist and his brother William — a shop assistant.

Пані Сміт. Дзіўная сямейка!

Пані Марцін. А як на мяне, дык лепей птушка ў полі, чым шкарпэткі ўлетку.

Пан Сміт. Хутчэй паляндвіца — у сястрыцы, чымся шклянкі ў замку.

Пан Марцін. З свайго дому англічанкі робяць крапасныя замкі.

Пані Сміт. Я не ведаю іспанскай мовы настолькі, каб мяне разумелі.

Пані Марцін. Я дам табе пантофлі маёй свякрухі, калі ты дасі мне труну свайго мужа.

Пан Сміт. Я шукаю папа-монафізіта, каб ажаніць яго з нашаю пакаёўкай.

Пан Марцін. Хлеб — гэта дрэва, тады як хлеб — гэта дрэва, а дуб нараджае дуб, кожную раніцу на золку.

Пані Сміт. Мой дзядзька жыве ў вёсцы, але гэта не датычыць павітухі.

Пан Марцін. Папера — для пісаніны, кот — для пацука. Сыр — для драпання.

Пані Сміт. He будзьце дурнямі, лепей пацалуйце змоўніка.

Пан Марцін. Charity begins at home.

Пaнi Cмiт. Я чакаю, пакуль акведук прыйдзе да мяне на млын.

Пан Марцін. Можна давесці, што сацыяльны прагрэс намнога лепшы з цукрам.

Пан Сміт. Далоў гуталін!


Пасля гэтай рэплікі пана Сміта астатнія са здзіўленнем маўчаць колькі хвілін. Адчуваецца пэўная нервовасць. Удары гадзінніка таксама робяцца больш нервовыя. Наступныя рэплікі маюць быць прамоўленыя спачатку ледзяным, варожым голасам. Варожасць і нервовасць будуць паступова павялічвацца. У канцы сцэны ўсе асобы павінны ўжо стаяць блізка адна супраць адной і крычаць свае рэплікі, уздымаючы кулакі, з гатоўнасцю кінуцца адна на адну.


Пан Марцін. З чорным гуталінам блішчаць свае акуляры не прымусіш.

Пані Сміт. Так, але за грошы можна купіць усё, што захочаш.

Пан Марцін. Я лепей заб’ю труса, чым буду пець з прымусам.

Пан Сміт. Какаду, какаду, какаду, какаду, какаду, какаду, какаду, какаду, какаду!

Пані Сміт. Колькі какі, колькі какі, колькі какі, колькі какі, колькі какі, колькі какі, колькі какі, колькі какі, колькі какі!

Пан Марцін. Колькі каскадаў какі, колькі каскадаў какі, колькі каскадаў какі, колькі каскадаў какі, колькі каскадаў какі, колькі каскадаў какі, колькі каскадаў какі, колькі каскадаў какі!

Пан Сміт. Блыхі ў поўсці ў сабакі, блыхі ў поўсці ў сабакі!

Пані Марцін. Кульбакі, кукарды, кокадар, кнораз, кныр!

Пані Сміт. Закаркоўнік, ты нас закаркаваў!

Пан Марцін. Лепш самому знесці яйка, чым украсці яго ў чайкі.

Пані Марцін (шырока разяўляе рот). А! О! А! О! Дайце мне парыпець зубамі.

Пан Сміт. Кайман!

Пан Марцін. Дамо поўху Улісу!

Пан Сміт. Я пайшоў жыць у акоп сярод сваіх коп.

Пані Марцін. Ішоў поп каля коп, а капа каля папа з чырвонай стужкай каля капелюша; ішоў поп каля коп, а капа каля папа з чырвонай стужкай каля капелюша; ішоў поп каля коп, а капа каля папа з чырвонай стужкай каля капелюша!

Пані Сміт. Мышы маюць малышэй, малышы не маюць мышэй; мышы маюць малышэй, малышы не маюць мышэй!

Пані Марцін. Не руш мне бабуш!

Пан Марцін. Калі дуж — адтрывуш!

Пан Сміт. Чуеш, зруш! Лепш узваж картуш.

Пані Марцін. Вуж напаў на капялюш.

Пані Сміт. У капелюша каклюш.

Пан Марцін. Апятуш ужо груш, апятуш ужо груш!

Пан Сміт. Змуш, цягні мужа за гуж!

Пані Марцін. Скарамуш!

Пані Сміт. Ты ўжо — глуш!

Пан Марцін. Ашушкі душ!

Пані Марцін. Муж, руш у душ і апуш.

Пані Сміт. Не руш, у душы суш.

Пан Марцін. Сюлі!

Пан Сміт. Прудом!

Пані Марцін, пан Сміт. Франсуа!

Пані Сміт, пан Марцін. Капэ.

Пані Марцін, пан Сміт. Капэ Сюлі!

Пані Сміт, пан Марцін. Прудом Франсуа.

Пані Марцін. Гаргары вы гэткія, гаргары вы гэткія! Пан Марцін. Марыета — зад мінарэта!

Пані Сміт. Крышнамурці, крышнамурці, крышнамурці!

Пан Сміт. Папа драпаў! У папы няма арапа, а ў арапа ёсць папа.

Пані Марцін. Базар, Бальзак, Базэн!

Пан Марцін. Бізон, бусак, басейн!

Пан Сміт. А, э, і, о, у, а, э, і, о, у, а, э, і, о, у, і!

Пані Марцін. Б, в, г, д, ж, з, к, л, м, н, п, р, с, т, ф, х, ц, дз, ч, дж!

Пані Марцін. Пі і бі, бі і пі!

Пані Сміт (імітуе цягнік). Чуф-чуф-чуф-чуф-чуф-чуф-чуф-чуф-чуф-чуф-чуф!

Пан Сміт. Гэта!

Пані Марцін. Не!

Пан Марцін. Ту!

Пані Сміт. Дой!

Пан Сміт. Гэ!

Пані Марцін. Та!

Пан Марцін. Сю!

Пані Сміт. Дой!


Усе разам, перапоўненыя гневам, равуць адно аднаму ў вушы. Святло гасне. У цемры чуваць з усё больш і больш хуткім тэмпам.


Усе разам. Гэта не тудой, гэта сюдой, гэта не тудой, гэта сюдой, гэта не тудой, гэта сюдой, гэта не тудой, гэта сюдой, гэта не тудой, гэта сюдой, гэта не тудой, гэта сюдой!


Крыкі раптам сціхаюць. Зноў запальваецца святло. Пані і пан Марціны сядзяць на тых самых месцах, што займалі Сміты ў пачатку п'есы. Спектакль пачынаецца зноў, і Марціны гавораць тыя самыя рэплікі, што і Сміты ў 1-й сцэне.

Тым часам заслона паволі зачыняецца.


КАНЕЦ

Загрузка...