Той пані
Iнэса.
Гарсэн.
Эстэла.
Калідорны.
Гарсэн, калідорны. Салон у стылі позняга ампіру. На каміне — бронзавая статуэтка.
Гарсэн (уваходзіць і азіраецца). Значыць, тут.
Калідорны. Тут.
Гарсэн. Дык вось як яно ў вас...
Калідорны. Як бачыце.
Гарсэн. Я... спадзяюся, да мэблі можна будзе пазней прызвычаіцца.
Калідорны. Залежыць ад чалавека.
Гарсэн. У вас усе пакоі аднолькавыя?
Калідорны. Скажаце! Да нас жа прыбываюць кітайцы, індусы. Нашто ім, па-вашаму, фатэль у стылі позняга ампіру?
Гарсэн. А мне, па-вашаму, на што? Вы хоць ведаеце, хто я быў! Ды... увогуле, гэта не мае ніякага значэння. Урэшце, я ўсё жыццё пражыў сярод мэблі, якая мне не падабалася, і сярод розных пікантных абставін. Мне вельмі падабалася гэта. Пікантныя абставіны ў сталовай стылю Луі-Філіпа — як вам такое?
Калідорны. У салоне ў стылі позняга ампіру — таксама зусім няблага, вы ўбачыце.
Гарсэн. Ну, што ж! Цудоўненька, цудоўненька, цудоўненька. (Азіраецца вакол.) I ўсё-ткі, прызнаюся, я не чакаў... Вы ж, відаць, ведаеце, што расказваюць там?
Калідорны. Наконт чаго?
Гарсэн. Ну... (З шырокім неакрэсленым жэстам.) Наконт усяго гэтага.
Калідорны. Як вы маглі паверыць падобнай лухце? Яны ж сюды ніколі нагой не ступалі. Бо нават калі б аднойчы і трапілі...
Гарсэн. I то праўда.
Абодва смяюцца.
Гарсэн (раптам сур'ёзнее). А дзе ж вашыя палі?
Калідорны. Што?
Гарсэн. Ну — палі, вуголле, катлы.
Калідорны. Вы што — жартуеце?
Гарсэн (пазіраючы на яго). Го! Нават так? Не, жартаваць я не думаў. (Паўза. Прагульваецца.) Люстраў няма, вокнаў таксама: натуральна. Нічога крохкага. (Раптам запальчыва.) А чаму ў мяне забралі зубную шчотку?
Калідорны. Ну, вось. Да вас зноў вяртаецца чалавечая годнасць. Проста цудоўна.
Гарсэн (гнеўна стукае па падлакотніку фатэля). Я папрасіў бы вас пакінуць са мной гэтую фамільярнасць. Я выдатна разумею сваё становішча, але не пацярплю, каб вы...
Калідорны. Добра! Добра! Прабачце. Але што вы хочаце, усе кліенты задаюць адно і тое ж пытанне. Прыцягнуцца — і адразу: «Дзе палі?» Я вам клянуся, у гэты момант яны і думаць не думаюць пра свой туалет. А як толькі іх супакоіш — адразу ўзнікае зубная шчотка. Але — дзеля ўсяго святога — няўжо вы зусім розум страцілі? Бо, вось я пытаюся ў вас, скажыце: навошта вам чысціць зубы?
Гарсэн (супакоіўшыся). Дый сапраўды навошта? (Азіраецца вакол.) I навошта глядзецца ў люстра? А вось бронзавая статуэтка — калі ласка... Як я разумею, тут будуць хвіліны, калі я буду глядзець на яе на ўсе вочы. Га? На ўсе вочы? Ну давайце, давайце, чаго ўжо хаваць: я ж кажу — я выдатна разумею сваё становішча. Хочаце, я зараз вам распішу, як гэта адбываецца? Дзяцюк захлынаецца, тоне, топіцца, і толькі адзін яго позірк застаецца яшчэ над вадой — і што ж ён бачыць? Статуэтку Бербедынкі. Які кашмар! Кіньце, я ж ведаю, што вам забаранілі мне што-небудзь адказваць; я і не прашу. Але запомніце: знянацку вам мяне не заспець; і можаце не хваліцца, што нечым мяне здзівілі; я гляджу рэчам у твар. (Зноў пачынае хадзіць.) Значыць, будзем без зубной шчоткі. I без ложка. Бо тут жа, вядома, ніколі не спяць?
Калідорны. Зразумела.
Гарсэн. Ды я быў паспрачацца гатовы. Ну навошта тут спаць? Вас неўпрыкмет пачынае хіліць на сон. Вы адчуваеце, як вочы заплюшчваюцца,— але навошта спаць? Вы кладзяцеся на канапу, а сон — пшык! — знікае. Працірайце вочы, пара ўставаць, і ўсё пачынаецца зноў.
Калідорны. Ды вы рамантык!
Гарсэн. Змоўкніце. Я ні крычаць, ні енчыць не буду, але я хачу цалкам усведамляць становішча. I глядзець яму ў твар. Я не хачу, каб усё раптам навалілася на мяне ззаду і я не паспеў нічога ўцяміць. Рамантык? Дык значыць, тут і на сон ніколі не хіліць. Навошта спаць, калі не хіліць на сон? Выдатна. Чакайце... Чакайце: а чаму ж тады гэта павінна быць цяжка? Чаму гэта абавязкова павінна быць цяжка? А, разумею: жыццё без разрыўкі.
Калідорны. Якой разрыўкі?
Гарсэн (перадражнівае). Якой разрыўкі? (Падазрона.) Ану, зірніце на мяне. Ну, так і ёсць! Вось адкуль гэтае грубае, нясцерпнае нахабства ў вашым позірку. Далібог, ды яны ж у вас атрафіраваліся.
Калідорны. Пра што гэта вы?
Гарсэн. Ды пра вашыя павекі! Мы, разумееце,— лыпаем павекамі. Ці — міргаем, так гэта там называлася. Маленькая такая чорная маланачка, нібыта заслона падае і падымаецца: вось і разрыўка. Вока пакрываецца вільгаццю, і ўвесь сусвет нібыта знікае. Вы нават не здагадваецеся, якую гэта дае аддуху. Чатыры тысячы адпачынкаў у гадзіну. Чатыры тысячы маленькіх уцёкаў. I калі я кажу чатыры тысячы... Добра. Значыць, давядзецца жыць без павекаў. Ды не рабіце з сябе дурня. Без павекаў, без сну — усё адно. Спаць я болей не буду... Але як жа я здолею цярпець сам сябе? Вы пастарайцеся зразумець, зрабіце ўжо такое намаганне: у мяне ж, уявіце, вельмі кплівы характар, але я... не магу ж я цвяліць сябе безупынку: там хоць былі ночы. Я спаў. У мяне быў заўжды такі ціхі, салодкі сон. Дзеля раўнавагі. I сніліся мне заўжды самыя простыя рэчы. Ну, напрыклад, луг... Луг — і ўсё. I я быццам па ім гуляю. Цяпер што — дзень?
Калідорны. Вы ж бачыце — лямпачкі ўключаныя.
Гарсэн. Чорт бы вас... Гэта ў вас такі дзень. А вонкі?
Калідорны (аслупянела). Вонкі?
Гарсэн. Вонкі! За гэтай сцяной!
Калідорны. Там калідор.
Гарсэн. А ў канцы калідора?
Калідорны. Іншыя пакоі, і яшчэ калідоры, і лесвіцы.
Гарсэн. А далей?
Калідорны. Усё.
Гарсэн. Але ў вас жа ёсць выхадныя. Куды вы ходзіце?
Калідорны. Да дзядзькі — ён галоўны калідорны на трэцім паверсе.
Гарсэн. Я мог бы і сам здагадацца. А дзе выключальнік?
Калідорны. Няма.
Гарсэн. Дык што? Святло пагасіць нельга?
Калідорны. Дырэкцыя можа адключыць электрычнасць. Але каб на гэтым паверсе, я такога не памятаю. Ды ў нас электраэнергіі ўволю.
Гарсэн. Выдатна. Значыць, давядзецца жыць з расплюшчанымі вачыма.
Калідорны (іранічна). Жыць...
Гарсэн. Слухайце, можа, ужо не будзеце чапляцца да маіх памылак слоўнікавага характару! З расплюшчанымі вачыма. Увесь час. У вачах у мяне заўсёды будзе святло. I ў галаве таксама. (Паўза.) А калі я шпурну ў лямпачку гэтай вось статуэткай, яна пагасне?
Калідорны. Статуэтка ж бронзавая, шпурнуць яе цяжка.
Гарсэн (рукамі бярэ статуэтку і спрабуе прыўзняць). I праўда. Цяжкая.
Паўза.
Калідорны. Ну, калі я вам больш не патрэбны, я вас пакіну.
Гарсэн (схамянуўшыся). Вы ўжо сабраліся пайсці? Да пабачэння. (Калідорны падыходзіць да дзвярэй.) Чакайце. (Калідорны паварочваецца.) А гэта што там — званок? (Калідорны ківае.) I я, калі захачу, магу пазваніць, і вы абавязаны прыйсці?
Калідорны. У прынцыпе, так. Але ён часта капрызіць. Там нешта ў ім сапсавалася ў механізме.
Гарсэн ідзе да званка і націскае на кнопку. Чуецца дзіліньканне.
Гарсэн. Працуе!
Калідорны (здзіўлена). Працуе. (Звоніць таксама.) Але вы не надта радуйцеся, гэта ненадоўга. Ну, буду рады ўслужыць.
Гарсэн (робіць рух, каб яго затрымаць). Я...
Калідорны. Га?
Гарсэн. Ды не, нічога. (Падыходзіць да каміна і бярэ паперны нож.) А гэта што?
Калідорны. Вы ж бачыце: нож, каб рэзаць паперу.
Гарсэн. Тут ёсць кнігі?
Калідорны. Не.
Гарсэн. Дык нашто тады ён? (Калідорны паціскае плячыма.) Ну, добра. Ідзіце.
Калідорны выходзіць.
Гарсэн адзін. Гарсэн застаецца адзін. Падыходзіць да бронзавай статуэткі і праводзіць па ёй рукою. Сядае. Зноў устае. Падыходзіць да званка і націскае на кнопку. Званок не звініць. Гарсэн спрабуе яшчэ два-тры разы. Але марна. Тады ён ідзе да дзвярэй і намагаецца іх адчыніць. Дзверы не паддаюцца. Гарсэн кліча.
Гарсэн. Калідорны! Калідорны!
Адказу няма. Гарсэн абрушвае на дзверы град удараў, гукаючы калідорнага. Потым раптам супакойваецца і, вярнуўшыся да фатэля, сядае. У гэтую хвіліну дзверы адчыняюцца і ў пакой уваходзіць Iнэса, следам за якой ідзе Калідорны.
Гарсэн, Iнэса, Калідорны.
Калідорны (Гарсэну). Вы мяне клікалі?
Гарсэн ужо збіраецца адказаць, але яго позірк падае на Інэсу.
Гарсэн. Не.
Калідорны (паварочваецца да Інэсы). Вось — тут вы дома. (Iнэса не азываецца.) Калі маеце задаць якое пытанне... (Iнэса маўчыць. Калідорны, расчаравана.) Звычайна кліенты любяць сёе-тое даведацца... Я не настойваю. Дый, зрэшты, наконт зубной шчоткі, званка і статуэткі пан ужо ведае і зможа вам расказаць не горш за мяне. (Выходзіць.)
Паўза. Гарсэн не глядзіць на Інэсу. Iнэса азіраецца вакол, потым рэзка накіроўваецца да Гарсэна.
Iнэса. Дзе Фларэнцыя? (Гарсэн маўчыць.) Я пытаюся ў вас, дзе Фларэнцыя?
Гарсэн. Наконт гэтага мне невядома нічога.
Iнэса. I гэта ўсё, што вы змаглі прыдумаць? Катаванне разлукаю? Дык вось — у вас нічога не выйдзе. Фларэнцыя была проста дурніца, і мне яе зусім не шкада.
Гарсэн. Я прашу прабачэння: за каго вы мяне прымаеце?
Iнэса. Вас? Вы — мой кат.
Гарсэн (рэзка адхіляецца і потым пачынае смяяцца). Вельмі, вельмі забаўная памылачка. Кат? Ды няўжо? Вы, значыць, зайшлі, зірнулі на мяне і падумалі: гэта — мой кат. Якая бязглуздзіца! А калідорны — пацешны хлопец, мог бы нас пазнаёміць. Кат! Мяне завуць Жазэф Гарсэн, публіцыст і літаратар. Так што, праўду кажучы, мы з вамі тут на адных правах. Пані...
Iнэса (суха). Iнэса Сэрано. Паненка.
Гарсэн. Выдатна. Цудоўна. Ну што ж, лёд разламаны. Дык вы лічыце, што ў мяне аблічча ката? I як іх пазнаюць, гэтых катаў, скажыце, калі ласка?
Iнэса. У іх заўжды такі выгляд, нібыта яны баяцца.
Гарсэн. Баяцца? Вельмі забаўна. I каго ж? Напэўна, сваіх ахвяр.
Iнэса. Вы чаго? Я ведаю, што кажу. Я ўжо бачыла сябе ў люстры.
Гарсэн. У люстры? (Азіраецца вакол.) Якая прыкрасць: яны прыбралі ўсё, што можа нагадваць люстра. (Паўза.) Ва ўсякім выпадку, магу вас запэўніць, што я — не баюся. Я не ўспрымаю свайго становішча легкадумна і цудоўна ўсведамляю ўсю яго сур’ёзнасць. Але я — не баюся.
Iнэса (паціскае плячыма). Гэта вашая справа. (Паўза.) Вы часам адсюль выходзіце прагуляцца?
Гарсэн. Дзверы зачыненыя.
Iнэса. Тым горш.
Гарсэн. Я выдатна разумею, што мая прысутнасць вам дакучае. Я і сам асабіста палічыў бы за лепшае застацца адзін: многае яшчэ ў жыцці трэба прывесці ў парадак, трэба сабрацца з думкамі. Але я ўпэўнены, што мы здолеем з вамі добра паладзіць: чалавек я не гаваркі, не валтузлівы і шуму вялікага не раблю. Але, калі вы дазволіце адну параду,— мы павінны захоўваць паміж сабой абсалютную ветлівасць. Гэта будзе наша найлепшая абарона.
Iнэса. Вось ужо чаго, а ветлівасці ў мяне няма.
Гарсэн. Ну што ж, я буду ветлівы за дваіх.
Паўза. Гарсэн сядае на канапу. Iнэса ходзіць туды-сюды.
Iнэса (пазіраючы на Гарсэна). Губы.
Гарсэн (адрываючыся ад сваіх думак). Што вы кажаце?
Iнэса. Вы не можаце не варушыць сваімі губамі? Яны круцяцца ў вас пад носам, як нейкі ваўчок.
Гарсэн. Прашу прабачэння, я не звяртаў увагі.
Iнэса. Вось гэта якраз і кепска. (У Гарсэна паўтараецца цік.) Зноў? Запэўніваеце мяне ў сваёй ветлівасці, а самі не можаце нават сачыць за сваім абліччам. Вы ж тут не адзін, і вы не маеце права назаляць мне гэтай карцінай — каб я бачыла, як вам страшна.
Гарсэн устае і ідзе да яе.
Гарсэн. А вам — вам не страшна?
Iнэса. Чаго ўжо цяпер баяцца? Страх — гэта было добра да таго, калі ў нас была надзея.
Гарсэн (ласкава). Надзеі болей няма, але ўсё роўна — мы яшчэ да таго. Нашы пакуты, паненка, яшчэ і Не пачыналіся.
Iнэса. Гэта я ведаю. (Паўза.) Ну, дык і што? Хто цяпер сюды прыйдзе?
Гарсэн. Не ведаю. Трэба чакаць.
Паўза. Гарсэн сядае на месца. Iнэса зноў пачынае хадзіць. У Гарсэна паўтараецца нервовы цік на губах, ён кідае вокам на Інэсу і хавае твар у далонях. Уваходзяць Эстэла і Калідорны.
Iнэса, Гарсэн, Эстэла, Калідорны.
Эстэла глядзіць на Гарсэна, які сядзіць, не падымаючы галавы.
Эстэла (Гарсэну). Не! Не, не, не падымай галавы! Я ведаю, што ты хаваеш рукамі, я ведаю — у цябе няма твару. (Гарсэн прыбірае рукі.) Ах! (Паўза. Здзіўлена.) Я вас не ведаю.
Гарсэн. Я не кат, пані.
Эстэла. Я вас і не лічыла за ката. Я... мне падалося, што нехта хоча згуляць са мною злы жарт. (Калідорнаму.) Каго вы яшчэ чакаеце?
Калідорны. Больш нікога не будзе.
Эстэла (з палёгкай). Ах! Значыць, мы тут будзем адны: гэты пан, пані і я? (Пачынае смяяцца.)
Гарсэн (суха). Нічога смешнага.
Эстэла (па-ранейшаму смеючыся). Але ж тут такія брыдкія канапы. I вы паглядзіце, як яны іх паставілі; у мяне такое ўражанне, быццам цяпер Новы год і я прыйшла ў госці да цёткі Марыі. У кожнага — свая, як я разумею. Значыць, гэтая — мая? (Калідорнаму.) Але ж я ніколі не змагу на яе сесці, проста нейкі кашмар: на мне ўсё блакітнае, а яна нейкага ядавіта-зялёнага колеру.
Iнэса. Можа, хочаце маю?
Эстэла. Бардовую? Вельмі прыязна з вашага боку, але гэтая таксама нічым не лепшая. Не, што ўжо тут? Кожнаму сваё: мне трапілася зялёная, няхай такая і будзе. (Паўза.) Хіба адзіная, што магла б падысці,— тая, што ў пана.
Паўза.
Iнэса. Гарсэне, вы чулі?
Гарсэн (уздрыгвае). Што... канапа? Ах, прабачце. (Устае.) Яна ваша, пані.
Эстэла. Дзякуй. (Здымае манто і кідае яго на канапу. Паўза.) Калі ўжо давядзецца быць тут разам, то давайце пазнаёмімся. Мяне завуць Эстэла Рыго.
Гарсэн нахіляе голаў і ўжо збіраецца назваць сваё імя, але яго заступае Iнэса.
Iнэса. Iнэса Сэрано. Я вельмі радая.
Гарсэн кланяецца зноў.
Гарсэн. Жазэф Гарсэн.
Калідорны. Я вам яшчэ патрэбен?
Эстэла. Не, ідзіце. Я вам пазваню.
Калідорны кланяецца і выходзіць.
Iнэса, Гарсэн, Эстэла.
Iнэса. Вы такая прыгожая. Як шкада, што няма кветак, я так бы хацела павіншаваць вас з вашым прыходам.
Эстэла. Кветкі? Але. Я вельмі любіла кветкі. Толькі яны б тут завялі: тут надта горача. Ды!.. Галоўнае ж — праўда? — захоўваць добры настрой. Вы...
Iнэса. Я — на мінулым тыдні. А вы?
Эстэла. Я? Учора. Яшчэ й цырымонія не скончылася. (Гаворыць вельмі натуральным голасам, але так, нібы бачыць тое, што апісвае.) Вецер калыша вэлюм на маёй сястры. Яна ўсімі сіламі стараецца хоць трошкі заплакаць. Ну! Ну! Яшчэ адно намаганне! Ну вось! Дзве слязінкі, дзве маленечкія слязінкі заблішчалі пад чорнай вуалькай. А якая брыдкая сёння Вольга Жардэ. Падтрымлівае маю сястру пад ручку. Гэтая не плача — у яе ж на вейках туш. Хоць мушу сказаць, на яе б месцы... Гэта была мая найлепшая сяброўка.
Iнэса. Вы вельмі пакутавалі?
Эстэла. Не. Праўдзівей сказаць, я была ўжо проста ўся змэнчаная.
Iнэса. Дык вы?..
Эстэла. Ад пнеўманіі. (Тым жа голасам, што і ў мінулай сцэне.) Ну вось, усё скончылася, яны вяртаюцца. Да пабачэння! Усяго добрага! Ах, колькі поціскаў рук. Мой муж занядужаў ад гора, ён застаўся дома. (Інэсе.) А вы?
Iнэса. Ад газу.
Эстэла. А вы, пане?
Гарсэн. Тузін дзірак у скуры. (Міжвольны рух Эстэлы.) О, прабачце. Я не той мярцвяк, які падыходзіць вам да кампаніі.
Эстэла. О дарагі пане, проста, я вас прашу, не ўжывайце такіх распусных словаў. Гэта... гэта непрыстойна. I ўвогуле, што тут такога? Можа, мы ніколі яшчэ не былі такія жывыя. I калі ўжо вам абавязкова трэба неяк назваць гэта... наша становішча — я прапаную называць нас «адсутнымі»: так будзе нават дакладней. Вы даўно адсутнічаеце?
Гарсэн. Месяц прыблізна.
Эстэла. I вы адкуль?
Гарсэн. З Рыа.
Эстэла. А я — з Парыжа. У вас там яшчэ нехта ёсць?
Гарсэн. Жонка. (Тым жа голасам, што раней Эстэла.) Зноў прыйшла да кашараў, як і кожны дзень; яе не ўпусцілі. Глядзіць паміж кратамі рашоткі. Яна яшчэ не ведае, што мяне няма; але здагадваецца. Усё — пайшла. Уся ў чорным. Тым лепш, не трэба будзе пераапранацца. Яна не плача; яна ніколі не плакала. Прыгожы сонечны дзень, і яна — адна, уся ў чорным на пустэльнай вуліцы, з гэтымі вялікімі вачыма, як у ахвяры. А! Як яна мяне раздражняе!
Паўза. Гарсэн падыходзіць да канапы, што пасярэдзіне, і сядае, затуліўшы рукамі твар.
Iнэса. Эстэла!
Эстэла. Пане, пане Гарсэне!
Гарсэн. Вы мне?
Эстэла. Вы селі на маю канапу.
Гарсэн. Прабачце. (Устае.)
Эстэла. У вас быў такі засяроджаны выгляд.
Гарсэн. Мне сёе-тое трэба прывесці ў парадак у сваім жыцці. (Iнэса пырскае смехам.) Той, хто смяецца, лепш бы сам наследаваў майму прыкладу.
Iнэса. У мяне жыццё ў парадку. У поўным парадку. Яно ўпарадкавалася ў мяне само, яшчэ там, і цяпер мне няма чаго пра яго клапаціцца.
Гарсэн. Праўда? I вы лічыце, усё так проста. (Праводзіць рукой па лбе.) Якая спёка! Вы дазволіце? (Збіраецца зняць пінжак.)
Эстэла. О не! (Памякчэлым голасам.) Не. Я цярпець не магу, калі мужчыны ў адной кашулі.
Гарсэн (зноў нацягвае пінжак). Ну што ж. (Паўза.) Я цэлыя ночы праседжваў у рэдакцыі. Там заўсёды была нясцерпная спёка. (Паўза. Тым жа голасам, што і мінулы раз.) Там і цяпер нясцерпная спёка. Цяпер там ноч.
Эстэла. Глядзі, праўда, ужо ноч. Вольга распранаецца. Як хутка бяжыць час на зямлі.
Iнэса. Ноч. Яны апячаталі дзверы ў маім пакоі. У ім цяпер пуста і змрочна.
Гарсэн. Яны павесілі пінжакі на крэслы і закасалі вышэй локцяў рукавы. Там пахне мужчынскаю плоццю і дымам цыгар. (Паўза.) Мне падабалася жыць сярод гэтых мужчын у кашулях.
Эстэла. Ну што ж, значыць, у нас розныя густы. Вось пра што гэта сведчыць. (Інэсе.) А вам падабаецца, калі мужчына ў адной кашулі?
Iнэса. У кашулі ці без, я наогул не надта люблю мужчын.
Эстэла (глядзіць на абаіх з вялікім здзіўленнем). Але чаму, чаму нас пасялілі разам?
Iнэса (стрымліваючы смех). Як, як вы кажаце?
Эстэл а. Вось гляджу я на вас дваіх і думаю: гэта ж мы цяпер будзем разам... Я ўсё-ткі спадзявалася сустрэць тут сяброў, каго-небудзь з крэўных.
Iнэса. Якога-небудзь цудоўнага сябра з дзіркай паміж вачэй.
Эстэла. Няхай і гэтага. Ён танцаваў танга, як прафесіянал. Але нас разам чаму пасялілі?
Гарсэн. Ну — так ужо выйшла. Выпадак. Яны ж селяць людзей, як могуць, у тым парадку, як яны прыбываюць. (Інэсе.) Чаго вы смеяцеся?
Iнэса. Вы смешыце мяне сваім выпадкам. Вам што — так ужо хочацца самога сябе супакоіць? Ды яны нічога на выпадак не пакідаюць.
Эстэла (няўпэўнена). Але, можа, раней мы дзе-небудзь ужо сустракаліся?
Iнэса. Ніколі. Вас бы я не забыла.
Эстэла. Ці, можа, у нас ёсць агульныя знаёмыя? Вы не ведаеце нікога з Дзюбуа-Сэймураў?
Iнэса. Было б вельмі дзіўна, каб ведала.
Эстэла. Але ў іх на прыёмах бывае ўвесь свет.
Iнэса. Чым яны займаюцца?
Эстэла (здзіўлена). Нічым. У іх замак у Карэзе і...
Iнэса. А я служыла на пошце.
Эстэла (крыху адступае). Ах! Дык, значыць, не?.. (Паўза.) А вы, пане Гарсэне?
Гарсэн. Я ніколі не выязджаў з Рыа.
Эстэла. Што ж, выходзіць, вы сапраўды маеце рацыю: мы апынуліся тут разам зусім выпадкова.
Iнэса. Выпадкова. Значыць, і гэтая мэбля тут выпадкова. I тое, што справа канапа — ядавіта-зялёная, а злева — бардовая, гэта таксама выпадкова. Выпадкова, праўда? Ну што ж, давайце паспрабуйце памяняць іх месцамі і тады скажаце, хто мае рацыю. I статуэтка — таксама тут выпадкова? А гэтая спёка? Гэтая спёка? (Паўза.) Я вам кажу: яны ўсё разлічылі. Да самай найменшай дробязі, з любоўю. Гэты пакой ужо нас чакаў.
Эстэла. Ды з чаго вы ўзялі? Тут усё такое брыдкае, грубае, з нейкімі куточкамі. Я цярпець не магла кутоў.
Iнэса (паціскае плячыма). А вы думаеце, у мяне быў салон у стылі позняга ампіру?
Паўза.
Эстэла. Дык значыць, гэта ўсё падстроена?
Iнэса. Усё. I нас таксама сюды — падабралі.
Эстэла. I гэта зусім невыпадкова, што вы — тут, насупраць мяне? (Паўза.) Чаго ж яны ад усяго гэтага чакаюць?
Iнэса. Не ведаю. Але чакаюць.
Эстэла. Я цярпець не магу, калі ад мяне нечага чакаюць. Мне адразу хочацца зрабіць усё наадварот.
Iнэса. Ну што ж, давайце! Давайце, рабіце! Але ж вы нават не ведаеце, чаго яны хочуць.
Эстэла (тупаючы нагой). Я не вынесу гэтага. I гэта праз вас дваіх са мной нешта павінна здарыцца? (Глядзіць на іх.) Праз вас дваіх. Раней былі твары, якія адразу мне ўсё казалі. А вашыя мне не кажуць нічога.
Гарсэн (нечакана, да Інэсы). Ну дык, і чаму ж мы разам? Вы тут досыць рознага нагаварылі — дык дагаворвайце.
Iнэса (здзіўлена). Але адкуль я магу ведаць?
Гарсэн. Трэба ведаць. (На хвіліну задумваецца.)
Iнэса. Вось, можа, каб кожны з нас набраўся смеласці і расказаў...
Гарсэн. Пра што?
Iнэса. Эстэла!
Эстэла. Я вас слухаю.
Iнэса. Што вы зрабілі? За што яны вас паслалі сюды?
Эстэла (паспешліва). Ды я не ведаю, я абсалютна не ведаю. Я нават думаю — можа, гэта памылка? (Інэсе.) Вы не ўсміхайцеся. Вы ўявіце, колькі людзей кожны дзень па... пачынае адсутнічаць. Яны ж сюды прыбываюць тысячамі, а маюць справу толькі з нейкімі дробнымі падначаленымі, службоўцамі без аніякай адукацыі. Як жа тут, па-вашаму, не быць памылцы? Ды не ўсміхайцеся. (Гарсэну.) А вы, ну, скажыце ж нешта. Калі яны са мной не памыліліся, то яны ж маглі памыліцца з вамі. (Інэсе.) I з вамі таксама. I наогул, хіба не лепей думаць, што мы тут праз памылку?
Iнэса. Гэта ўсё, што вы мелі сказаць?
Эстэла. А што вы яшчэ хочаце ведаць? Мне няма чаго хаваць. Я была сірата, жыла бедна, выхоўвала свайго малодшага брата. Потым адзін стары бацькаў сябар папрасіў маёй рукі. Ён быў багаты і добры, і я пагадзілася. А што вы зрабілі б на маім месцы? Брат у мяне быў хворы, яго здароўю быў патрэбны як мага лепшы дагляд. Я шэсць год пражыла са сваім мужам без адзінай хмарынкі. I два гады назад сустрэла таго, каго мне наканавана было пакахаць. Мы адразу пазналі адно аднаго, ён хацеў, каб я з ім з’ехала, але я адмовілася. А потым у мяне пачалася гэтая пнеўманія. Вось і ўсё. Можа быць, дзеля нейкіх прынцыпаў, мяне могуць папракнуць, што я ахвяравала юнацтва на нейкага старога. (Гарсэну.) Вы лічыце, што я вінаватая?
Гарсэн. Безумоўна, не. (Паўза.) А вы? Вы лічыце, што можна абвінаваціць таго, хто жыў паводле сваіх прынцыпаў?
Эстэла. Хто можа ў гэтым вас папракнуць?
Гарсэн. Я загадваў антымілітарысцкай газетай. Пачалася вайна. Што было рабіць? Яны ўсе толькі й глядзелі на мяне: «Няўжо ў яго хопіць смеласці?» Што ж, у мяне хапіла. Я пальцам не варухнуў, і яны мяне расстралялі. У чым тут віна? У чым тут віна?
Эстэла (бярэ яго за руку). Вашай віны няма. Вы...
Iнэса (іранічна заканчвае). Герой. А як жа жонка, а, Гарсэне?
Гарсэн. Што — жонка? Што? Я выцягнуў яе з самага бруду.
Эстэла (Інэсе). Вось бачыце! Бачыце!
Iнэса. Бачу. (Паўза.) Дзеля каго вы граеце гэту камедыю? Мы ж тут усе свае.
Эстэла (фанабэрыста). Усе свае?
Iнэса. Усе. Забойцы. Мы ў пекле, мілачка, памылак тут не бывае, і нізавошта людзей ніколі не праклінаюць.
Эстэла. Маўчыце!
Iнэса. У пекле! Мы праклятыя! Праклятыя!
Эстэла. Маўчыце. Вы можаце змоўкнуць? Я забараняю вам гаварыць гэтыя грубыя словы!
Iнэса. Ты праклятая, мілая мая святоша. Пракляты, беззаганны герой. У нас быў час, мы паспелі нацешыцца, ці не так? I былі людзі, што пакутавалі праз нас — да смерці! Як нас гэтае забаўляла. А цяпер — трэба плаціць.
Гарсэн (заносячы руку). Змоўкніце вы нарэшце?
Iнэса (глядзіць на яго без страху, але ў вялікім здзіўленні). Го! (Паўза.) Чакайце! Я сцяміла, я ведаю, чаму яны пасадзілі нас разам.
Гарсэн. Добра падумайце, перш чым сказаць.
Iнэса. Ды вы зараз самі ўбачыце, як усё гэта бязглузда і проста. Проста, як з моста! Фізічных пакут няма — так? Але ж усё-ткі мы — у пекле. I ніхто больш сюды не прыйдзе. Ніхто. Мы ўвесь час будзем адны. Так я кажу? Увогуле, тут не стае толькі аднаго: ката.
Гарсэн (напаўголаса). Гэта мне й без вас вядома.
Iнэса. Такім чынам, яны эканомяць на персанале. Вось і ўсё. Прасцей кажучы, кліенты мусяць абслугоўваць сябе самі, як у грамадскіх сталоўках.
Эстэла. Што вы маеце на ўвазе?
Iнэса. Тое, што кожны з нас — кат для дваіх іншых.
Паўза. Усе стараюцца ўразумець навіну.
Гарсэн (лагодным голасам). Я не буду вам катам. Я не хачу вам ніякага зла і наогул — не маю да вас ніякага дачынення. Ніякага. Гэта абсалютна ясна. Дык вось, давайце: кожны ў свой кут — гэта наша найлепшая абарона. Вы тут, вы там, я тут. I поўнае маўчанне. Ні слова; гэта не цяжка, праўда ж? У кожнага ёсць усё, каб заняцца сабой. Мне дык здаецца, я мог бы хоць дзесяць тысяч гадоў праседзець, не прамаўляючы гуку.
Эстэла. I я таксама павінна маўчаць?
Гарсэн. Таксама. I мы... мы ўсе будзем уратаваныя. Маўчаць. Зазірнуць у сябе і глядзець, не падымаючы галавы. Згода?
Iнэса. Згода.
Эстэла (пасля некаторага вагання). Згода.
Гарсэн. У такім выпадку, бывайце.
Ідзе да сваёй канапы і сядае, закрыўшы твар рукамі.
Маўчанне. Iнэса пачынае напяваць сама сабе.
Iнэса.
На вулічцы Блан-Манто
Добрае было кіно:
Эшафот, на ім вядро,
Кроў лілася, як віно
На вулічцы Блан-Манто.
На вулічцы Блан-Манто
Зранку кат вастрыў лязо,
Добра знаў ён рамяство:
Склалі там сваё чало
Генералаў, мусіць, сто,
На вулічцы Блан-Манто.
На вулічцы Блан-Манто
Панначкі былі нішто —
Усе ў прыгожанькіх манто,
А на твар — ні сё ні то,
Бо галоваў не было:
Усе пападалі даўно
У ручай на Блан-Манто.
Тым часам Эстэла пудрыцца і фарбуе вусны. Занепакоена азіраецца, шукаючы люстра. Капаецца ў сумцы і нарэшце паварочваецца да Гарсэна.
Эстэла. Пане, у вас выпадкова люстра няма? (Гарсэн не адказвае.) Люстра ці якога кішэннага люстэрка — усё роўна. (Гарсэн маўчыць.) Калі ўжо вы кінулі мяне адну, то хоць здабудзьце мне дзе-небудзь люстра.
Гарсэн па-ранейшаму моўчкі сядзіць, закрыўшы твар рукамі.
Iнэса (хапатліва). У мяне, у мяне ў сумцы было люстра. (Капаецца ў сваёй сумцы. Расчаравана.) Ужо няма. Яны, мусіць, забралі яго ў прыёмнай канцылярыі.
Эстэла. Як гэта прыкра.
Паўза. Эстэла заплюшчвае вочы і раптам пахістваецца. Iнэса кідаецца да яе, каб падтрымаць.
Iнэса. Што з вамі?
Эстэла (расплюшчвае вочы і ўсміхаецца). Я неяк дзіўна сябе адчуваю. (Абмацвае сябе.) А ў вас не бывае такога пачуцця: вось я, калі не бачу сябе, нават калі і магу памацаць, усё роўна — маю такое ўражанне, нібыта ў сапраўднасці не існую.
Iнэса. Вы шчаслівая. Я — дык заўсёды адчуваю сябе знутры.
Эстэла. Вось як... Знутры... Але ж усё, што круціцца ў галаве,— усё такое тлумнае, на мяне гэта толькі наганяе сон. (Паўза.) У мяне ў спальні шэсць вялікіх люстраў. Я і цяпер іх бачу. Я іх бачу. Але яны не бачаць мяне. У іх адбіваюцца мая канапка, дыван, акно. Але без майго адбітку — у іх так пуста. Калі я гаманіла, я станавілася так, каб хоць у адным можна было сябе бачыць. Я гаманіла і бачыла, як гаманю, гэта дазваляла мне заўсёды захоўваць пільнасць. (З роспаччу.) А што цяпер з памадай! Я ўпэўнена, што нафарбавалася абыяк. Урэшце — не магу ж я цэлую вечнасць заставацца без люстра.
Iнэса. Хочаце, я буду служыць вам люстрам? Хадзіце, я вас запрашаю да сябе ў госці. Сядайце сюды, на маю канапу.
Эстэла (паказвае на Гарсэна). А...
Iнэса. Не трэба звяртаць на яго ўвагі.
Эстэла. Але мы толькі зробім адна адной блага: вы ж самі казалі.
Iнэса. Няўжо падобна, каб я вам хацела пашкодзіць?
Эстэла. Хто яго ведае...
Iнэса. Гэта ты, ты прынясеш мне боль. Але што гэта мяняе? Калі ўжо трэба пакутаваць, дык няхай ужо лепш праз цябе. Сядай. Пасунься бліжэй. Яшчэ. Зірні мне ў вочы, ты там бачыш сябе?
Эстэла. Я зусім маленькая. Нічога амаль не відаць.
Iнэса. Але я цябе бачу, я. Ужо — цалкам. Спытай у мяне пра што-небудзь. Ніводнае люстра не будзе табе так верна служыць.
Эстэла збянтэжана паварочваецца да Гарсэна, нібы каб паклікаць яго на дапамогу.
Эстэла. Пане! Пане! Мы не надта вам назаляем сваёй балбатнёй?
Гарсэн не адказвае.
Iнэса. Кінь яго, не звяртай увагі; мы тут адны. Ну, спытай жа ў мяне.
Эстэла. Я добра нафарбавала вусны?
Iнэса. Дай пагляджу. Не вельмі.
Эстэла. Я так і знала. На шчасце (кідае вокам на Гарсэна), мяне яшчэ ніхто не бачыў. Зараз перафарбуюся.
Iнэса. Вось, лепей. Не. Вядзі па абрысе губ; я буду цябе накіроўваць. Вось, вось. Цяпер добра.
Эстэла. Гэтак жа добра, як тады, калі я прыйшла?
Iнэса. Лепей; больш сакавіта, больш жорстка. Сапраўдны пякельны рот.
Эстэла. Гм! I гэта добра? Як гэта прыкра — я ўжо не магу сама пра сябе меркаваць. Вы можаце прысягнуцца, што добра?
Iнэса. Ты не хочаш, каб мы былі на «ты»?
Эстэла. Ты можаш прысягнуцца, што я добра нафарбавалася?
Iнэса. Ты вельмі прыгожая.
Эстэла. Але ў вас ёсць густ? У вас ёсць мой густ, такі самы, як у мяне? Як усё гэта прыкра, як гэта прыкра!
Iнэса. У мяне — твой густ. Паглядзі на мяне. Усміхніся ж. Я таксама не брыдкая. Хіба я не магу быць для цябе нічым большым, чым люстра?
Эстэла. Не ведаю. Мне з вамі няёмка. У люстрах мой адбітак быў такі ручны. Я так яго добра ведала... А цяпер — я ўсміхаюся, мая ўсмешка трапіць вам некуды глыбока ў вочы, і Бог ведае, што з ёй там здарыцца.
Iнэса. Але што табе замінае прыручыць і мяне? (Яны глядзяць адна на адну. Эстэла, нібы зачараваная поглядам, усміхаецца.) Ты ўсё-ткі не хочаш быць са мною на «ты»?
Эстэла. Мне. цяжка казаць «ты» жанчыне.
Iнэса. Асабліва, я думаю, калі яна служыла на пошце? А што гэта ў цябе на шчацэ, у самым нізе? Чырвоны прышчынак?
Эстэла. Чырвоны прышчынак? О, які жах! Дзе гэта, дзе?
Iнэса. Ды вось жа, вось. Я — пастка на такіх вось птушачак; а, птушачка, папалася! Ды няма там ніякага прышчынка. Нават самага маленькага. Ну, што? Калі люстра пачне раптам хлусіць? Ці вось вазьму і заплюшчу вочы; і не буду на цябе глядзець — навошта табе будзе ўсё гэтае хараство? Не бойся: я павінна на цябе глядзець. Мае вочы будуць заўсёды шырока расплюшчаныя. I я буду паслухмяная, вельмі паслухмяная. Але ты будзеш казаць мне «ты».
Паўза.
Эстэла. Я табе падабаюся?
Iнэса. Вельмі.
Паўза.
Эстэла (паказваючы кіўком на Гарсэна). Мне хочацца, каб ён таксама на мяне глядзеў.
Iнэса. Ах, ну вядома, гэта ж мужчына. (Гарсэну.) Ваша ўзяло. (Гарсэн не адказвае.) Ды паглядзіце ж на яе! (Гарсэн маўчыць.) Не ламайце тут перад намі камедыі; вы ж ніводнага слова не выпусцілі з усяго, што мы казалі.
Гарсэн (рэзка падымае галаву). Вядома. А вы думалі? Ні слова: тут як ні старайся заціснуць сабе вушы — вы балбочаце ў мяне прама ў мозгу. Дык, можа, пакінеце мянё нарэшце ў спакоі? Мне няма да вас ніякае справы.
Iнэса. I да мілашкі таксама ніякае? Я адразу зразумела вашыя хітрыкі: вы ж напусцілі на сябе ўсю гэтую важнасць, каб толькі яе зацікавіць.
Гарсэн. Я яшчэ раз прашу: пакіньце мяне ў спакоі. Пра мяне гавораць у рэдакцыі, і я хацеў бы паслухаць. I на мілашку мне напляваць, калі гэта можа вас супакоіць.
Эстэла. Дзякуй.
Гарсэн. Я не хацеў грубасцей...
Эстэла. Хам!
Паўза. Усе ўжо стаяць адно супраць аднаго.
Гарсэн. Ну вось! (Паўза.) Я ж маліў вас, маліў памаўчаць.
Эстэла. Гэта яна пачала. Прычапілася са сваім люстрам, хоць я нічога ў яе не прасіла.
Iнэса. Нічога. Толькі так і лашчылася да яго ды крывіла морду, каб ён на цябе зірнуў.
Эстэла. Яшчэ што скажаце?
Гарсэн. Вы звар'яцелі? Вы што — не бачыце, да чаго мы ідзём? Ды змоўкніце! (Паўза.) Зараз мы спакойна сядзем кожны на сваё месца, заплюшчым вочы і кожны пастараецца забыць, што побач ёсць іншыя.
Паўза. Гарсэн сядае. Жанчыны нерашуча ідуць на свае месцы. Iнэса раптам рэзка паварочваецца.
Iнэса. Ага! Забыць?! Што за дзіцячыя гульні! Ды я адчуваю вас кожнаю клеткай. У мяне ад вашага маўчання ажно звініць у вушах. Ды вы можаце хоць зашыць сабе рот, хоць адрэзаць язык — ці ж перастанеце вы праз гэта існаваць? Спыніце свае думкі? А я іх чую, чую — яны, як будзільнік, тукаюць у мяне ў галаве, і я ўпэўненая, што і мае вы чуеце. Колькі ні курчыцеся там на сваёй канапе, вы ўсё роўна — паўсюль, і кожны гук далятае да мяне ўжо зацухмолены вашымі вушамі — таму што вы яго ўжо чулі. Вы ўсё ўкралі ў мяне, нават твар, бо вы яго бачыце, ведаеце, які ён, а я — не. А яе? Яе? Вы і яе ў мяне ўкралі: каб мы тут былі адны, вы думаеце, яна адважылася б са мной так абыходзіцца? Не, не — не закрывайце рукамі твар, я ўсё роўна ад вас не адстану; чаго захацелі. Вы тут, значыць, будзеце сядзець, да ўсяго абыякавы, увесь у сваіх думках, як нейкі буда, а я павінна, заплюшчыўшы вочы, адчуваць, як яна кожны рух сваёй душы, кожны шолах спадніцы прысвячае вам? Як яна вам пасылае ўсмешкі, на якія вы нават і не глядзіце?.. Ну ўжо не! Я хачу сама выбіраць сваё пекла! Я хачу глядзець на ўсё расплюшчанымі вачыма і змагацца, не хаваючы твару!
Гарсэн. Ну, добра. Відаць, да гэтага павінна было прыйсці. Яны варочалі намі, як малымі дзецьмі. Бо калі б мяне пасялілі з мужчынамі... мужчыны ўмеюць маўчаць. Але тут ужо не трэба быць занадта патрабавальным. (Падыходзіць да Эстэлы і бярэ яе за падбародак.) Дык што, малышка, я табе падабаюся? Ты мне, кажуць, строіла вочкі?
Эстэла. Не чапайце мяне.
Гарсэн. Го! Давай не будзем манернічаць. Я ж, ведаеш, вельмі любіў жанчын. I яны мяне — таксама — вельмі любілі. Так што манернічаць не трэба, нам усё роўна ўжо няма чаго траціць. Далікатнасць — навошта? Цырымоннічанне — навошта? Мы ж свае! Мы ўсе тут будзем хутка як голенькія.
Эстэла. Пакіньце мяне.
Гарсэн. Як голенькія! А? Я ж вас папярэджваў. Я ж нічога асаблівага не прасіў — нічога, толькі спакою і трошачкі цішыні. Я нават і вушы заціснуў. Гомес нешта там гаварыў, стоячы між сталамі, і ўсе хлопцы з рэдакцыі слухалі. У адных кашулях. Мне вельмі хацелася зразумець, што яны кажуць, гэта няпроста: на зямлі ўсё адбываецца надта хутка. Хіба ж вы не маглі памаўчаць? А цяпер — усё, ён ужо не гаворыць, і ўсё, што ён думае пра мяне, засталося ў яго ў галаве. Ну што ж, давайце даводзіць да лагічнага канца. Будзем як голенькія: мне цікава паглядзець, з кім я маю справу.
Iнэса. Вы і так гэта ведаеце. Цяпер ужо ведаеце.
Гарсэн. Пакуль кожны з нас не прызнаецца, за што яго праклялі, мы нічога ведаць не будзем. Давай, бялявачка, пачынай. Цябе за што? Раскажы нам: твая шчырасць можа нам дапамагчы пазбегчы няшчасця; калі мы даведаемся, хто нашыя дэманы... Ну, дык за што?
Эстэла. Я ж вам казала ўжо: я не ведаю. Яны мне нічога не растлумачылі.
Гарсэн. Гэта мы знаем. Мне таксама не захацелі адказваць. Але ж я сам сябе ведаю. Можа, ты баішся быць першай? Добра. Тады пачну я. (Паўза.) Выгляд у мяне будзе не надта прыгожы.
Iнэса. Годзе вам. I так ясна, што вы далі драла.
Гарсэн. Маўчыце. I ніколі не гаварыце пра гэта. Я тут за тое, што прымушаў пакутаваць жонку. I больш ні за што. Я мучыў яе. Пяць год. Вядома, яна і цяпер пакутуе. Ну — вось і яна; як толькі пачынаю пра яе гаварыць, адразу яна ўзнікае перад вачыма. Мяне цікавіць Гомес, а я бачу яе. Дзе гэты Гомес? Пяць год. Вы паглядзіце, яны выдалі ёй мае рэчы; гэта ж яна сядзіць перад акном з маім пінжаком на каленях. А ў пінжаку тузін маленечкіх дзірак. I кроў, нібыта ржа. Быццам дзіркі па краях паржавелі. Го! Ды гэта ж музейны экспанат, сапраўдны гістарычны пінжак! I яго насіў я! Калі ж ты заплачаш? Ці ты калі-небудзь заплачаш нарэшце? Я вяртаўся дадому п’яны, як парсюк, ад мяне смярдзела віном і бабамі. А яна чакала мяне, кожную ноч, і ніколі не плакала. Я, натуральна, не чуў нават слова папроку. Толькі гэтыя яе вочы. Гэтыя яе вялікія вочы. Я не раскайваюся. Я сплачу за ўсё, але ні пра што не шкадую. На дварэ падае снег. Ды ты заплачаш? У гэтай кабеты проста прызванне быць жывою пакутніцай.
Iнэса (амаль ласкава). Завошта ж вы прымушалі яе гэтак пакутаваць?
Гарсэн. Завошта? Таму што гэта было вельмі проста. Досыць было аднаго слова, каб яна адразу перамянілася ў твары; вельмі была чуллівая асоба. Ха! I ніводнага папроку! Ух, ужо які я быў з’едлівы. I ўсё чакаў, усё чакаў. I што б вы думалі: не — ні слязінкі, ні папроку. Я ж выцягнуў яе з бруду, вы разумееце? Яна, не гледзячы, водзіць рукою па пінжаку. Навобмацак шукае пальцамі дзіркі. Чаго ты яшчэ чакаеш? На што спадзяешся? Я ж табе сказаў: я ні ў чым не раскайваюся. Увогуле, разгадка звычайная: яна мяне надта кахала. Вы можаце сабе такое ўявіць?
Iнэса. Не. Мяне не кахалі.
Гарсэн. Ну, дык тым лепш. Вам проста пашанцавала. Вам усё гэта, напэўна, здаецца нечым абстрактным. А вы ўявіце такую анекдатычную сітуацыю: я прывёў да сябе жыць адну маладую мулатку. О, якія ў нас былі ночы! Мая жонка спала на другім паверсе, яна, безумоўна, павінна была ўсё чуць. А раніцай яна ўставала першая — мы ж яшчэ песціліся ў пасцелі — і прыносіла нам снедаць у ложак.
Iнэса. Падонак!
Гарсэн. Вядома, вядома! Але — любы падонак. (Нібыта пра нешта задумваецца.) Не. Гэта Гомес, але ён гаманіў не пра мяне. Дык вы казалі — падонак? Безумоўна; іначай што б я тут рабіў? Ну, а што вы?
Iнэса. Я? Я была, як яны гэта там называюць,— прапашчая жанчына. Ужо прапашчая, заўважаеце? Так што для мяне вялікага сюрпрызу ва ўсім гэтым няма.
Гарсэн. I толькі?
Iнэса. Не, была яшчэ гэтая гісторыя з Фларэнцыяй. Але цяпер там засталіся адны мерцвякі. Тры трупы. Спачатку ён, а пасля і мы з ёю. Там цяпер нікога няма, так што я спакойная. Адзін толькі пакой. Я часам яго бачу. Пусты, аканіцы зачыненыя. Го, яны нарэшце знялі пячаткі. Будуць здаваць... Пакой здаецца. Вунь і аб’яву на дзвярах павесілі. Гэта ж... проста смех.
Гарсэн. Тры? Вы сказалі, тры?
Iнэса. Тры.
Гарсэн. Мужчына і дзве кабеты?
Iнэса. Ну.
Гарсэн. Цікава. (Паўза.) Ён скончыў самагубствам?
Iнэса. Ён? Ён быў абсалютна на гэта няздольны. I загінуў ён зусім не таму, што пакутаваў. Зусім не: яго проста збіла трамваем. Во дзе пацеха! Я ў іх жыла — гэта ж быў мой стрыечны брацік.
Гарсэн. Фларэнцыя была бландзінка?
Iнэса. Бландзінка? (Зіркае на Эстэлу.) Ведаеце, я ні ў чым не раскайваюся, але не надта мяне гэта забаўляе — расказваць вам гэтую гісторыю.
Гарсэн. Давайце-давайце! Ён, відаць, вам дужа абрыднуў, ваш брацік?
Iнэса. Так, неяк неўпрыкмет. Слова, потым другое, дый іншае ўсякае. Ну, напрыклад, ён вельмі шумна піў: п’е са шклянкі і дзьме ў яе носам. Увогуле — дробязі. А! Няшчасны ён быў тып — слабы, уразлівы. З чаго вы ўсміхаецеся?
Гарсэн. З таго, што я — не ўразлівы.
Iнэса. Гэта яшчэ трэба паглядзець. Карацей, мне ўдалося пралезці ёй у душу, і яна пачала глядзець на яго маімі вачыма... Ну, і ў давяршэнне ўсяго — апынулася ў мяне ў абдымках. Тады мы і знялі гэты пакой на другім канцы горада.
Гарсэн. I што потым?
Iнэса. А потым яго пераехаў трамвай. I я ёй кожны дзень паўтарала: «Ну што, мая мілачка? Мы такі яго забілі!» (Паўза.) Злы я ўсё-ткі чалавек.
Гарсэн. Ды ўжо ж. Я таксама.
Iнэса. Ды не, вы — вы не злы. У вас гэта зусім іншае.
Гарсэн. Цікава, што ж?
Iнэса. Я вам потым скажу. А вось я — злая: іначай кажучы, каб жыць, мне трэба, каб другія пакутавалі. Каб усё гарэла. Гарэла ў іх сэрцы. Калі я застаюся адна, для мяне ўсё вакол гасне. Паўгода — паўгода я выпальвала ёй сэрца. Я спаліла там усё. Аднойчы ноччу яна ўстала, ціха, каб я не прачнулася, прайшла ў кухню і ўключыла газ, а потым зноў лягла побач са мной. Вось так.
Гарсэн. Хм!
Iнэса. Што?
Гарсэн. Нічога. Даволі гадзенькая гісторыя.
Iнэса. Так, сапраўды — гадзенькая. Што з таго, цяпер?
Гарсэн. О! Вы маеце рацыю. (Эстэле.) Твая чарга. Што ты там натварыла?
Эстэла. Я ж вам казала, я абсалютна не ведаю. Колькі ў сябе ні пытаюся...
Гарсэн. Добра. Мы табе дапаможам. Той дзяцюк з расшкуматаным тварам — гэта хто?
Эстэла. Які яшчэ дзяцюк?
Гарсэн. Ну, ты ж выдатна ведаеш. Той, каторага ты спалохалася, калі ўвайшла.
Эстэла. Адзін прыяцель.
Гарсэн. Чаму ж ты яго спалохалася?
Эстэла. Вы не маеце права мяне дапытваць!
Iнэса. Ён што — застрэліўся праз цябе?
Эстэла. Ды ну, вы што — звар’яцелі?
Гарсэн. Тады чаму ты яго баішся? Ён, відаць, пальнуў у сябе з паляўнічай стрэльбы, га? Праз гэта яму і разнесла твар?
Эстэла. Маўчыце! Маўчыце!
Гарсэн. Праз цябе! Праз цябе!
Iнэса. Ён застрэліўся праз цябе!
Эстэла. Адчапіцеся, мне з вамі страшна. Я хачу адсюль выйсці! Пусціце мяне! Я хачу выйсці!
Яна кідаецца да дзвярэй і пачынае іх трэсці.
Гарсэн. Ідзі. Мне лепшага і не трэба. Толькі вось шкада — дзверы зачыненыя з таго боку.
Эстэла цісне на кнопку, званка не чуваць. Iнэса і Гарсэн смяюцца. Эстэла паварочваецца да іх, спінай прытуліўшыся да дзвярэй.
Эстэла (здушаным і павольным голасам). Якія вы гнюсныя — гнюсныя пачвары.
Iнэса. Цудоўна, гнюсныя. Ну і што? Той тып застрэліўся праз цябе. Гэта быў твой каханак?
Гарсэн. Ды вядома, гэта быў ейны каханак. I ён хацеў, каб яна належала толькі яму. Ці не так?
Iнэса. Ён танцаваў танга, як прафесіянал, але, як я разумею, ён, відаць, быў бедны?
Паўза.
Гарсэн. У цябе пытаюцца — ён быў бедны?
Эстэла. Так, ён быў бедны.
Гарсэн. А табе ж, апроч усяго іншага, трэба было яшчэ берагчы рэпутацыю. I аднойчы, калі ён прыйшоў і пачаў цябе маліць — ты засмяялася яму ў твар.
Iнэса. Га? Га? Засмяялася? Ён праз гэта і скончыў жыццё самагубствам?
Эстэла. Гэта такімі вачыма ты глядзела на Фларэнцыю?
Iнэса. Такімі.
Паўза. Эстэла пачынае смяяцца.
Эстэла. Нічога з таго, што вы тут напрыдумвалі, зусім так не было. (Выпростваецца і глядзіць на іх, па-ранейшаму прытуліўшыся да дзвярэй спінай. Сухім, задзірлівым голасам.) Ён хацеў мне зрабіць дзіцё. Цяпер вы задаволеныя?
Гарсэн. А ты гэтага не хацела.
Эстэла. Не. Але дзіцё ўсё-такі нарадзілася. Я на пяць месяцаў ад’язджала ў Швейцарыю. Так што — ніхто ні пра што не даведаўся. Гэта была дзяўчынка. Калі яна нарадзілася, Ражэ быў са мной. Яго так забаўляла, што ён стаў бацькам, што ў яго дачка. Гэта забаўляла яго, але не мяне.
Гарсэн. Што ж было потым?
Эстэла. Балкон над самым возерам. Я прынесла вялікі камень. Ён крычаў: «Эстэла, я прашу цябе, я цябе малю». Як я яго ненавідзела. Ён усё бачыў. Ён стаяў, перагнуўшыся цераз парэнчы, і глядзеў, як па вадзе разбягаюцца кругі.
Гарсэн. I што далей?
Эстэла. Нічога. Я вярнулася ў Парыж. А ён — зрабіў тое, што задумаў.
Гарсэн. Пусціў кулю ў лоб?
Эстэла. Вядома. Хоць рабіць гэтага не было патрэбы; мой муж ніколі нічога б не западозрыў. (Паўза.) Я вас ненавіджу.
Яе раптам пачынаюць душыць сухія рыданні.
Гарсэн. Дарэмна. Слёзы тут не цякуць.
Эстэла. Якая ж я подлая! Подлая! (Паўза.) Каб вы ведалі, як я вас ненавіджу!
Iнэса (беручы яе ў абдымкі). Мілая мая небарака! (Гарсэну.) Расследаванне закончана. Можаце ўжо не зырыцца такімі катаўскімі вачыма.
Гарсэн. Катаўскімі?.. (Азіраецца вакол.) Я што хочаце аддаў бы, каб паглядзець на сябе ў люстра. (Паўза.) Якая спёка! (Машынальна здымае пінжак.) О! Прабачце! (Збіраецца надзець яго зноў.)
Эстэла. Можаце заставацца так. Што ўжо цяпер...
Гарсэн. Сапраўды. (Кідае пінжак на канапу.) Не трэба на мяне крыўдаваць, Эстэла.
Эстэла. Я не крыўдую.
Iнэса. А на мяне? На мяне крыўдуеш?
Эстэла. Так.
Паўза.
Iнэса. Ну што, Гарсэне? Вось мы і голенькія; прыбавілася ў вас ад гэтага яснасці?
Гарсэн. Не ведаю. Можа, трошкі прыбавілася. (Без упэўненасці.) Хіба мы не можам паспрабаваць дапамагчы адно аднаму?
Iнэса. Мне не патрэбна нічыя дапамога.
Гарсэн. Iнэса, яны пераблыталі тут усе ніткі. Калі вы робіце самы нязначны рух, нават калі хочаце абмахнуцца рукой, каб пазбавіцца гэтай спёкі,— і я, і Эстэла адразу адчуваем, як нас пачынае тузаць. Тут ніхто не можа выратавацца адзін; нам трэба або прапасці разам, або разам выблытацца з гэтых пут. Выбірайце. (Паўза.) Што з вамі?
Iнэса. Яго здалі. Вокны шырока адчыненыя. На маім ложку сядзіць нейкі мужчына. Яны здалі яго! Яны яго здалі! Уваходзьце, уваходзьце, не бойцеся. Нейкая кабета. Падышла да яго, абдымае за шыю рукамі... Чаго яны чакаюць, чаму не запальваюць святла, там жа зусім цёмна! Яны што — цалавацца задумалі? Але гэта мой пакой! Ён належыць мне! Ну чаму яны не ўюпочаюць святла? Я зусім ужо іх не бачу. Пра што яны шэпчуцца? Можа, ён збіраецца цешыцца з ёй у маім ложку? Яна кажа, што зараз паўдня і што ярка свеціць сонца. Выходзіць, я пачынаю слепнуць? (Паўза.) Усё. Канец: я нічога не бачу. I нічога не чую. Ну што ж, відаць, з усім зямным у мяне пакончана. Алібі больш няма. (Перасмыкаецца.) Адна пустата ўнутры. Цяпер ужо я зусім мёртвая. Уся цалкам — тут. (Паўза.) Вы нешта казалі? Нешта наконт таго, каб дапамагчы мне.
Гарсэн. Так.
Iнэса. I ў чым жа?
Гарсэн. У тым, каб не трапіць у іхнія пасткі.
Iнэса. Што ж я мушу зрабіць наўзамен?
Гарсэн. Вы дапаможаце мне. Iнэса, дзеля гэтага трэба зусім мала — трэба проста па-добраму захацець.
Iнэса. Па-добраму захацець... Якім жа гэта, па-вашаму, чынам я магу захацець нешта па-добраму? Ува мне ж нічога, апроч паскудства!
Гарсэн. А ўва мне? (Паўза.) I ўсё-такі, каб мы паспрабавалі?
Iнэса. Ува мне ўжо ўсё счарсцвела. Я няздольная ні браць, ні даваць — дык як жа, па-вашаму, я магу вам дапамагчы? Ссохлае вецце, хутка яно ўспыхне агнём. (Паўза. Глядзіць на Эстэлу, якая сядзіць, закрыўшы твар рукамі.) Фларэнцыя таксама была бялявая.
Гарсэн. Хіба вы не ведаеце, што гэтая мілачка і будзе ваш кат.
Iнэса. Вельмі можа быць, я пра гэта здагадваюся.
Гарсэн. Праз яе яны вам і дапякуць. А што датычыць мяне, то я... я... я не буду звяртаць на яе ніякай увагі. Калі і вы, у сваю чаргу...
Iнэса. Што?
Гарсэн. Ды гэта ж пастка! Яны ж толькі і сочаць за вамі, каб паглядзець, ці дасцеся вы сябе спаймаць?
Iнэса. Ведаю. I вы — вы таксама пастка. Ці, можа, вы думаеце, што яны не прадбачылі вашых словаў? I што ў іх няма падвоху, які мы няздольныя разгледзець? Усё — пастка. Але што мне з таго? Я таксама — пастка. Пастка для яе. I, можа быць, я яе і спаймаю.
Гарсэн. Нічога і нікога вы не спаймаеце. Мы толькі будзем ганяцца адно за адным, як на драўляных дзіцячых коніках, і ніколі адно аднаго не дагонім: тут ужо ў іх, будзьце спакойныя, усё адладжана. Кіньце, Iнэса. Расцісніце кулакі, паслабце хватку. Іначай вы ўсім нам траім прынесяце няшчасце.
Iнэса. Няўжо я падобная на таго, хто можа паслабіць хватку? Я ведаю, што мяне чакае. Я буду гарэць, я гару — і знаю, што гэтаму не будзе канца; я ўсё ведаю! I вы думаеце, я паслаблю хватку? Яна будзе мая! I яна будзе глядзець на вас маімі вачыма, як Фларэнцыя глядзела на таго небараку. Што вы тут верзяце мне пра сваё няшчасце? Я вам кажу: я ўсё ведаю, але я нават няздольная сябе пашкадаваць. Пастка, га? Безумоўна, я трапіла ў пастку. Ну і што? Тым лепш, калі яны задаволеныя.
Гарсэн (кладзе ёй руку на плячо). Я магу вас пашкадаваць. Паглядзіце на мяне: мы ж адно перад адным цяпер голыя. Голыя да астатняй ніткі, і я ведаю вас наскрозь. А гэта ўжо — сувязь: няўжо ж вы думаеце, я магу захацець вам зла? Я ні ў чым не раскайваюся, я не шкадую сябе; ува мне таксама — усё счарсцвела. Але вас — вас я магу пашкадаваць.
Iнэса (якая, слухаючы, паддалася была яго словам, раптам спахопліваецца). Не чапайце мяне. Ненавіджу, калі да мяне дакранаюцца. А сваё шкадаванне можаце пакінуць сабе. Ха! Гарсэне, а ў гэтым пакоі і на вас таксама ёсць пасткі. Многа пастак. Пастаўленых на вас. Так што лепш займаліся б сваімі праблемамі. (Паўза.) Калі вы нас з гэтай мілачкай пакінеце ў спакоі, я пастараюся вам нічым не пашкодзіць.
Гарсэн (хвіліну глядзіць на яе, потым паціскае плячыма). Ну што ж.
Эстэла (падымаючы галаву). Гарсэне, ратуйце.
Гарсэн. Што вам ад мяне трэба?
Эстэла (устае і ідзе да яго). Вы ж можаце дапамагчы мне.
Гарсэн. Папрасіце ў яе.
Iнэса зусім блізка падыходзіць да Эстэлы ззаду, але не дакранаецца. Наступныя рэплікі яна будзе казаць Эстэле амаль на самае вуха. Але Эстэла, стоячы тварам да Гарсэна, які моўчкі глядзіць на яе, будзе адказваць толькі яму, нібыта ён і задае ёй пытанні.
Эстэла. Я вас малю, вы ж абяцалі, Гарсэне, вы ж абяцалі! Хутчэй, хутчэй, я не магу заставацца адна. Вольга павяла яго ў дансінг.
Iнэса. Каго павяла?
Эстэла. П’ера. Яны ўжо танцуюць разам.
Iнэса. А хто гэта — П'ер?
Эстэла. Ды адзін блазнючок. Ён называў мяне сваёю крынічкай. Ён мяне так кахаў. А цяпер яна прывяла яго ў дансінг.
Iнэса. Ты яго любіш?
Эстэла. Яны ўжо сядаюць. Яна ледзь пераводзіць дых. Навошта яна ўздумала танцаваць. Ужо ж не дзеля таго, каб пахудзець. Вядома, не дзеля таго. I вядома, я яго не любіла: яму ж васемнаццаць год, а я ўсё-такі не людаедка.
Iнэса. Тады не звяртай на іх увагі. Што табе да ўсяго гэтага?
Эстэла. Але ён быў мой.
Iнэса. На зямлі нічога больш не належыць табе.
Эстэла. Ён быў мой.
Iнэса. Правільна, быў... Паспрабуй жа завалодаць ім зноў, паспрабуй да яго дакрануцца. А Вольга — можа. Праўда ж? Праўда? Яна можа ўзяць яго за руку, неўпрыкмет, лёгка датыкнуцца да яго калена.
Эстэла. Яна ціснецца да яго сваімі таўшчэзнымі грудзямі, дыхае яму проста ў твар. Малое Пальчанё, беднае Малое Пальчанё, чаму ж ты не засмяешся яму ў твар? Ах! Мне досыць было б аднаго позірку — яна не пасмела б ніколі. Няўжо я сапраўды ўжо — нішто?
Iнэса. Нішто. I на зямлі ад цябе ўжо не засталося нічога: усе тваё — тут. Вось, хочаш гэты паперны нож? Ці бронзавую статуэтку? I вось гэтая блакітная канапа — твая. I я, мая мілая, я таксама твая, назаўжды.
Эстэла. Ах, мая? Ну што ж, дык хто з вас дваіх адважыцца назваць мяне сваёю крынічкай? Вас жа не ашукаеш, вы тут усе ведаеце, што я — дзярмо. Падумай пра мяне, П’еру, думай, думай толькі пра мяне, уратуй мяне; пакуль ты думаеш: мая крынічка, мая дарагая крынічка — я тут толькі напалавіну, я толькі напалавіну вінаватая, бо там, побач з табой — я крынічка, чыстая крынічка. Якая яна чырвоная — як памідор. Божа, гэта ж немагчыма: мы тысячу разоў смяяліся з яе разам. Што гэта за мелодыя? Яна мне так падабалася. А! Гэта ж «Сэнт Луі Блюз». Ну што ж, танцуйце, танцуйце. Як бы вы, Гарсэне, пасмяяліся, каб маглі яе ўбачыць. Няўжо яна так і не даведаецца, што я яе бачу. Я ж цябе бачу! Бачу, з гэтай тваёй раскудлачанаю прычоскай, перакрыўленым тварам, я ж бачу, як ты топчашся па нагах. Са смеху памерці можна. Ану! Хутчэй! Хутчэй! Вось ужо ён яе цягае — ад сябе, да сябе. Як гэта брыдка! Хутчэй! Ён мне казаў: вы такая лёгкая. Ану, ану! (Гаворачы, пачынае танцаваць.) Я ж табе кажу: я цябе бачу. Ёй напляваць, яна танцуе, не зважаючы на мой позірк. Дарагая наша Эстэла! Што «дарагая Эстэла»? Ха, ды па-маўчала б. Ты ж ніводнай слязіны на пахаванні не абраніла. Гэта яна яму кажа: «Дарагая наша Эстэла». Яшчэ мае нахабства гаварыць з ім пра мяне. Ану, не збівацца з такту. Ды ўжо ж не ёй адначасова танцаваць і гаманіць. Што там яна... Не! Не! Не кажы яму гэтага! Я табе яго аддаю, бяры, пакінь яго сабе, рабі з ім, што хочаш, толькі не кажы... (Кідае танцаваць.) Добра. Ну што ж, цяпер можаш яго забіраць. Яна ўсё яму расказала, Гарсэне: пра Ражэ, паездку ў Швейцарыю, пра дзіцё, яна ўсё расказала. «Наша дарагая Эстэла зусім не была...» Але, але, вядома, не была... Ён сумна ківае галавой, але нельга сказаць, каб навіна яго надта ўзрушыла. Ну што ж, цяпер забірай. За доўгія вейкі ды дзявочыя грымасы я з табой спрачацца не буду. Ха! Ён называў мяне сваёю крынічкай, сваім чыстым крышталікам. Вось і разляцеўся крышталік удруз. «Наша дарагая Эстэла». Танцуйце! Танцуйце, чаго ж вы! Трымайце такт. Раз, два. (Танцуе.) Я аддала б усё на свеце, каб на імгненне апынуцца зноў на зямлі, на адно імгненне, і патанцаваць. (Танцуе. Паўза.) Нешта зусім кепска чуваць. Яны пагасілі лямпы — відаць, будзе танга; але чаму яны гэтак глуха граюць? Гучней! О, як усё гэта далёка! Я... я зусім нічога не чую. (Спыняецца.) Усё, назаўжды. Зямля рассталася са мною. Гарсэне, паглядзі на мяне, вазьмі мяне ў свае абдымкі.
Iнэса, стоячы за спінай у Эстэлы, на мігах паказвае Гарсэну, каб той адышоў.
Iнэса (уладна). Гарсэн!
Гарсэн (адступае на крок і паказвае Эстэле на Інэсу). Звяртайцеся да яе.
Эстэла (хапаецца за яго). Не пакідайце мяне! Вы ж мужчына? Ды паглядзіце на мяне нарэшце, не хавайце вачэй: няўжо гэта так цяжка? У мяне залацістыя валасы, дый наогул — быў нават чалавек, які праз мяне скончыў жыццё самагубствам. Я вас малю, ну вам жа ўсё роўна трэба глядзець на нешта. Калі і не на мяне, то на гэтую статуэтку, ці стол, ці канапы. На мяне ж усё-такі глядзець прыемней. Ну, паслухай: я выпала ў іх з сэрца, як птушанё выпадае з гнязда. Падымі мяне, вазьмі ў свае рукі, у сэрца, ты ўбачыш, я буду ва ўсім паслухмяная.
Гарсэн (з сілай адштурхвае яе). Я ўжо сказаў: звяртайцеся да яе.
Эстэла. Да яе? Ды пры чым тут яна — яна ж жанчына.
Iнэса. Я ні пры чым? Але ж, птушанё маё, мілы мой жаўручок, у цябе даўным-даўно ёсць прытулак у маім сэрцы. Не бойся, я буду глядзець на цябе ўвесь час — і не зміргну ні разу. Ты ажывеш пад маім позіркам, як каліўца пад сонечным промнем.
Эстэла. Пад сонечным промнем? Ха! Ды адчапіцеся вы ад мяне нарэшце! Вы ўжо хацелі аднойчы сыграць са мной сваю штуку, але выдатна ўбачылі, што нічога ў вас не выйшла.
Iнэса. Эстэла! Крынічка мая, мой чысты крышталік!
Эстэла. Ваш крышталік? Вось пацеха! Каго вы тут думаеце ашукаць? Кіньце, усе ж ведаюць, што я выкінула сваю дачку праз акно. Крышталік разляцеўся ў пыл на зямлі, ды мне напляваць. Цяпер я проста — шкура, і шкура мая не для вас.
Iнэса. Хадзі, хадзі да мяне. Будзь усім, чым ты хочаш: крынічкаю ці бруднаю вадою — ты ўбачыш сябе ў маіх вачах такой, якой пажадаеш.
Эстэла. Хопіць! Няма ў вас ніякіх вачэй! Ды што ж мне зрабіць, каб ты ад мяне адчапілася? Вось табе!
Плюе Інэсе ў твар. Iнэса адразу адпускае яе.
Iнэса. Ну, Гарсэне! Вы мне за гэта заплаціце!
Паўза. Гарсэн паціскае плячыма і падыходзіць да Эстэлы.
Гарсэн. Дык кажаш, табе патрэбен мужчына?
Эстэла. Мужчына? Не. Ты.
Гарсэн. Толькі не трэба гэтых гісторый. Табе любы падыдзе. Нагадзіўся я — значыць, я. I добра. (Бярэ яе за плечы.) Але ведаеш, ува мне нічога няма, што магло б табе спадабацца: я не блазнюк і танга я не танцую.
Эстэла. Я бяру цябе такога, які ты ёсць. Можа быць, са мною ты пераменішся.
Гарсэн. Сумняваюся. Я... не змагу быць надта ўважлівым. У мяне ёсць іншыя справы, пра якія таксама трэба падумаць.
Эстэла. Якія справы?
Гарсэн. Гэта цябе не зацікавіць.
Эстэла. Тады я буду сядзець у цябе на канапе. I чакаць, пакуль у цябе знойдзецца на мяне час.
Iнэса (выбухае смехам). Ах, сучка! Так і поўзае перад ім! Так і поўзае! Ды ён жа нават зусім не прыгожы!
Эстэла (Гарсэну). Не слухай яе. У яе няма вачэй, яна сляпая, глухая. Яна нічога не значыць.
Гарсэн. Я аддам табе ўсё, што змагу. Гэта не вельмі многа. І кахаць я цябе не буду — ужо надта добра я цябе ведаю.
Эстэла. Але ці жадаеш ты мяне?
Гарсэн. Так.
Эстэла. Гэта ўсё, што мне трэба.
Гарсэн. Ну, тады... (Схіляецца да яе.)
Iнэса. Эстэла! Гарсэн! Вы што — звар’яцелі! Я ўсё ж такі тут!
Гарсэн. Я добра бачу, і што?
Iнэса. Перада мной? Ды вы... вы не можаце!
Эстэла. Чаму не? Я часта распраналася перад сваёй пакаёўкай.
Iнэса (учапіўшыся ў Гарсэна). Пакіньце яе! Пакіньце! Не чапайце сваімі брыдкімі мужчынскімі лапамі!
Гарсэн (груба адштурхвае яе). До! Я не з джэнтльменаў і ўрэзаць не пабаюся, хоць ты і баба.
Iнэса. Вы ж мне абяцалі, Гарсэне, вы ж абяцалі! Я малю вас, вы абяцалі мне!
Гарсэн. Вы самі парушылі нашу дамоўленасць.
Iнэса вырываецца і адыходзіць у глыбіню пакоя.
Iнэса. Рабіце, што хочаце, сіла з вашага боку. Але памятайце: я тут і я ўсё бачу, усё. Я ні на хвіліну не адвяду ад вас позірку; так што давядзецца ўжо вам, Гарсэне, цалавацца з ёй у мяне на вачах. Як я вас абаіх ненавіджу! Кахайцеся, кахайцеся! Мы ў пекле — будзе яшчэ і мая чарга.
Пад час наступнай сцэны яна будзе моўчкі глядзець на іх.
Гарсэн (вяртаецца да Эстэлы і бярэ яе за плечы). Дай мне свае вусны.
Паўза. Гарсэн нахіляецца да Эстэлы і раптам выпростваецца.
Эстэла (з жэстам, які выяўляе прыкрасць). Ах!.. (Паўза.) Я ж казала табе, не трэба звяртаць на яе ўвагі.
Гарсэн. Ужо ж, усё якраз праз яе. (Паўза.) Гомес зноў у рэдакцыі. Яны зачынілі вокны; значыць, ужо зіма. Паўгода. Паўгода, як яны мяне... Я цябе папярэджваў, што буду часам няўважлівы? Яны дрыжаць ад холаду, ніхто не зняў пінжака... Дзіўна: у іх там так холадна, а я тут мучаюся ад спёкі. Ну вось, нарэшце ён пачаў гаварыць пра мяне.
Эстэла. Цяпер гэта надоўга. (Паўза.) Скажы, прынамсі, што ён там гаворыць.
Гарсэн. Нічога. Нічога ён не гаворыць. Падлюга, вось і ўсё. (Напружвае слых.) Проста падлюга. Ну, годзе! (Набліжаецца да Эстэлы.) Зоймемся лепш сабой. Дык ты будзеш мяне кахаць?
Эстэла (усміхаючыся). Хто яго ведае?
Гарсэн. А давяраць — будзеш?
Эстэла. Якое дзіўнае пытанне: ты ж увесь час у мяне на вачах, не з Iнэсай жа ты будзеш мне здраджваць.
Гарсэн. Вядома. (Паўза. Адпускае Эстэліны плечы.) Я меў на ўвазе не гэты давер. (Прыслухоўваецца.) Давай! Давай! Гавары ўсё, што хочаш — мяне ж побач няма, я нічога не скажу ў сваю абарону. (Эстэле.) Эстэла, ты павінна мне давяраць.
Эстэла. Ну якія цяжкасці! Ды ў цябе ж і так усё ёсць: мае губы, рукі, усё маё цела — усё можа быць так проста... Давер? Ну адкуль мне яго ўзяць, гэты давер? Ты мяне проста бянтэжыш. Ах! Добрую штучку ты, відаць, выкінуў там, калі табе так трэба, каб табе давяралі.
Гарсэн. Яны расстралялі мяне.
Эстэла. Я ведаю: ты адмовіўся пакінуць краіну. Ну і што?
Гарсэн. Я... не тое каб зусім адмовіўся. (Да кагосьці нябачнага.) Добра гаворыць, ганьбуе як след; але што трэба рабіць — не кажа. Можа, я павінен быў прыйсці да генерала і заявіць: «Мой генерале, я нікуды не паеду!» Дурасць! Яны адразу пасадзілі б мяне за краты. А я хацеў пісаць. Я хацеў сведчыць! Я не хацеў, каб мне заціскалі рот. (Эстэле.) Я... Я сеў у цягнік. А на граніцы яны мяне ўзялі.
Эстэла. Куды ж ты збіраўся ехаць?
Гарсэн. У Мехіка. У мяне быў намер адкрыць там антымілітарысцкую газету. (Паўза.) Ну, скажы хоць што-небудзь.
Эстэла. Ну што табе сказаць? Ты правільна ўсё зрабіў, калі не хацеў з імі біцца. (Раздражнёны жэст Гарсэна.) Ну, мілы мой, ну, я не магу здагадацца, што табе трэба сказаць.
Iнэса. Золатка маё, яму трэба сказаць, што ён даваў драла, як леў. Бо ён менавіта даваў драпака, твой міляга. Праз гэта ён і не можа цяпер супакоіцца.
Гарсэн. Даў драпака, уцёк, з’ехаў: называйце, як вам падабаецца.
Эстэла. Але ты быў вымушаны ўцячы. Каб ты застаўся, яны ўсё рюўна ўзялі б цябе за каўнер.
Гарсэн. Вядома. (Паўза.) Эстэла, хіба я баязлівец?
Эстэла. Любы мой, ну адкуль мне ведаць, я ж не была на тваім месцы. Ты ўжо сам вырашай.
Гарсэн (са стомленым рухам). Вырашаю не я.
Эстэла. Увогуле, ты ж павінен памятаць: у цябе мусілі быць пэўныя прычыны, каб ты зрабіў усё так, як зрабіў.
Гарсэн. Прычыны былі.
Эстэла. Ну дык што?
Гарсэн. Але ці былі гэта сапраўдныя прычыны?
Эстэла (з прыкрасцю). Як у цябе ўсё складана!
Гарсэн. Я хацеў сведчыць, я... я доўга абдумваў... Але ці сапраўдныя гэта прычыны?
Iнэса. Ах! Вось у чым пытанне! Ці сапраўдныя гэта прычыны? Ты абдумваў, не хацеў увязвацца легкадумна. Але ж і страх, і нянавісць, і ўвесь гэты бруд, які лічыцца за лепшае прыхаваць,— гэта таксама прычыны. Ну дык пашукай, спытайся ў сябе.
Гарсэн. Змоўкні! Ці ты думаеш, што я чакаў ад цябе парады? Дзень і ноч я хадзіў па камеры. Ад акна да дзвярэй, ад дзвярэй да акна. Я прасочваў кожны свой крок. Зноў прайшоў па ўсіх слядах. У сваіх пытаннях я, здаецца, яшчэ раз пражыў усё жыццё, але — што? Зробленага не вернеш. Я... сеў у цягнік, і гэта бясспрэчна. Але чаму? Чаму? Урэшце я падумаў: усё вырашыць мая смерць — калі я памру дастойна, я дакажу, што быў не баязлівец...
Iнэса. I як жа ты памёр, Гарсэне?
Гарсэн. Кепска. (Iнэса гучна смяецца.) О, гэта была звычайная фізічная слабасць. Тут мне няма чаго саромецца. Проста — усё так і засталося незавершаным, назаўжды. (Эстэле.) Ану, падыдзі сюды. Зірні на мяне. Мне трэба, каб на мяне нехта глядзеў, пакуль яны гутараць там пра мяне, на зямлі. Мне заўсёды падабаліся такія зялёныя вочы.
Iнэса. Зялёныя вочы? Ах, вы кажаце! А табе, Эстэла, табе падабаліся баязліўцы?
Эстэла. Каб ты ведала, як мне гэта ўсё роўна. Баязлівец не баязлівец — абы цалаваць добра ўмеў.
Гарсэн. Ківаюць, папыхківаюць сваімі цыгарамі. Занудзіліся, небаракі. Думаюць: Гарсэн — баязлівец. Млява так, абыякава. Трэба ж пра нешта думаць. Чаму ж не пра тое, што Гарсэн — баязлівец. Вось яны як вырашылі, га! Сябручкі! А яшчэ праз паўгода будуць казаць: баязлівец, такі ж як Гарсэн. Вам яшчэ пашанцавала, пра вас ніхто ўжо не думае на зямлі. А са мной жыццё абышлося акрутней.
Iнэса. А як жа, Гарсэне, вашая жонка?
Гарсэн. Што — мая жонка? Яна памерла.
Iнэса. Памерла?
Гарсэн. Хіба я забыў сказаць? Нядаўна памерла. Месяцы са два назад.
Iнэса. Відаць, ад тугі?
Гарсэн. Натуральна, ад тугі. Ад чаго ж, па-вашаму, яна яшчэ магла памерці? Дый — усё добра: вайна скончылася, жонка памерла, а я ўвайшоў у гісторыю.
У Гарсэна вырываецца сухі ўсхліп, і ён праводзіць рукой па твары. Да яго туліцца Эстэла.
Эстэла. Мілы, мілы мой! Зірні на мяне, мой мілы! Дакраніся да мяне, вось, дакраніся. (Бярэ яго руку і кладзе яе сабе на грудзі.) Пакладзі сваю руку мне на грудзі. (Гарсэн робіць рух, каб вызваліцца.) Пакінь, пакінь сваю руку, не варушыся. Яны ж усе памруць, адно за адным; якая розніца, што яны думаюць. Забудзь іх. Ёсць толькі я.
Гарсэн (вызваляе руку). Яны мяне не забудуць. Яны! Яны памруць, але прыйдуць іншыя і пяроймуць іх наказы: я ўсё сваё жыццё пакінуў у іх у руках.
Эстэла. Ах! Ты надта многа думаеш!
Гарсэн. А што рабіць яшчэ? Раней — я дзейнічаў... О, вярнуцца б хоць на адзін дзень туды, да іх... Якое было б выкрыццё хлусні! Але я выкінуты з гульні; яны падводзяць рахункі і ўжо зусім не лічаць мяне, увогуле яны маюць рацыю — я ўжо мёртвы! Аддаў канцы. (Смяецца.) Цяпер я перайшоў ва ўсеагульнае карыстанне.
Паўза.
Эстэла (ласкава). Гарсэне!
Гарсэн. Га, ты тут? Дык вось, слухай, ты мне зараз зробіш адну паслугу. Ды не, чаго ты ўжо адступаеш? Я ж ведаю: ты не прывыкла, табе здаецца дзіўным, што цябе могуць папрасіць у нечым дапамагчы. Але каб ты захацела, каб зрабіла над сабой адно маленькае намаганне, можа, мы змаглі б па-сапраўднаму пакахаць адно аднаго? Я вось пра што: іх там цяпер тысячы — такіх, што толькі і паўтараюць, што я баязлівец. Але што такое тысячы? Каб была хоць адна душа, усяго адна, якая б з усёю сілай, пераканана сказала, што я не ўцёк, што я няздольны ўцячы, бо я — смелы і ў мяне ёсць годнасць, я... я ўпэўнены, што гэта мяне ўратавала б! Ты можаш паверыць у мяне? Ты будзеш мне даражэй за ўсіх, і я буду цябе любіць больш за самога сябе.
Эстэла. Дурань! Мілы ты мой дурань! Няўжо ты падумаў, што я магла б пакахаць баязліўца?
Гарсэн. Але ж ты казала...
Эстэла. Ды я кпіла з цябе. Я люблю мужчын, Гарсэне. Сапраўдных мужчын, з грубай скурай, з дужымі рукамі. Хіба ж можа быць у баязліўца такі падбародак, як у цябе? Такія губы? Такі голас? I такія валасы — хіба могуць быць у баязліўца? А я люблю цябе менавіта за гэтыя твае губы, за гэты голас і твае валасы.
Гарсэн. Гэта праўда? Усё гэта праўда?
Эстэла. Хочаш, я табе паклянуся?
Гарсэн. Тады мне ніхто з іх не страшны, ні тыя, што там, ні тыя, хто тут. Эстэла, мы выберамся з пекла. (Iнэса гучна смяецца. Гарсэн асякаецца і глядзіць на яе.) Што там яшчэ?
Iнэса (смеючыся). Ды яна ж сама не верыць ніводнаму свайму слову. Як ты можаш быць да такога наіўны? «Эстэла, хіба я баязлівец?» Каб ты ведаў, як ёй на гэта пляваць!
Эстэла. Iнэса! (Гарсэну.) Не слухай яе. Калі хочаш, каб я табе давярала, ты перш сам павінен паверыць мне.
Iнэса. Ну, вядома, вядома! Павер ёй. Ёй жа патрэбен мужчына, хіба можна гэтаму не паверыць? Ёй трэба, каб яе абдымалі мужчынскія рукі, каб ёй пахла мужчынам, каб яна магла ўбачыць, як у мужчынскіх вачах запаляецца гарачае жаданне. Што ж да ўсяго астатняга... Го! Ды яна табе скажа, што ты сам Бог-бацька, калі табе гэта будзе прыемна.
Гарсэн. Эстэла! Гэта праўда? Кажы, гэта ўсё праўда?
Эстэла. Ну што яшчэ я табе павінна сказаць? Я ўжо зусім нічога не разумею ва ўсіх вашых гісторыях. (Тупае нагой.) Як ужо гэта мне пачынае надакучваць! Ну і што, нават каб ты быў баязлівец, я ўсё роўна любіла б цябе! Вось! Гэтага табе мала?
Паўза.
Гарсэн (абедзвюм жанчынам). Вы выклікаеце ў мяне агіду!
Ідзе да дзвярэй.
Эстэла. Што ты надумаў?
Гарсэн. Я вас пакідаю.
Iнэса (насмешліва). Далёка не пойдзе: дзверы зачыненыя.
Гарсэн. Давядзецца ім адчыніць.
Націскае на кнопку, званка не чуваць.
Эстэла. Гарсэне!
Iнэса (Эстэле). Не хвалюйся: званок паламаны.
Гарсэн. Ая вам кажу, што яны адчыняць. (Дубасіць у дзверы.) Я не магу вас болей цярпець, не магу. (Эстэла кідаецца да яго, ён яе адштурхвае.) Прэч! Ты мне яшчэ больш агідная, чым яна. Я не хачу быць запэцканы тваімі вачыма. Ты ўся млявая, ліпкая, як п’яўка! Балотная багна! (Грукае ў дзверы.) Адчыніце вы нарэшце?
Эстэла. Гарсэне, я прашу цябе, не ідзі, я больш не скажу табе ніводнага слова, не патурбую ніводным рухам, але не ідзі. Iнэса ж толькі гэтага і чакае, яна ўжр выпусціла свае кіпцюры. Я не хачу, не хачу з ёю заставацца адна!
Гарсэн. Выкручвайся сама. Я цябе сюды не запрашаў.
Эстэла. Баязлівец! Баязлівец! Ах! Ты сапраўды — баязлівец!
Iнэса (падыходзячы да Эстэлы). Ну што, мая птушачка, ты задаволеная? Плюнула мне ў твар, каб толькі спадабацца яму. Мы пасварыліся праз яго, а цяпер ён уцякае, разбуральнік чужога шчасця. Ну, нічога, нарэшце мы застанемся адны, у сваёй жаночай кампаніі.
Эстэла. Ты праз гэта нічога не выйграеш. Калі гэтыя дзверы адчыняцца, я таксама пайду адсюль.
Iнэса. Куды?
Эстэла. Усё роўна куды. Як мага далей ад цябе.
Гарсэн увесь гэты час без перапынку дубасіць у дзверы.
Гарсэн. Адчыніце! Адчыніце нарэшце! Я згодны на ўсё: гішпанскія боты, расплаўлены свінец, абцугі, зашмаргі, клюбы — усё, што пячэ, усё, што рэжа, я хачу пакутаваць па-сапраўднаму. Няхай лепш сто крывавых ран, сто ўдараў пугай, серная кіслата, чым гэтае катаванне думкай, гэты прывід пакуты, які вас ахінае, казыча і ніколі не дае забыцца ад болю. (Накідваецца на кнопку званка на дзвярах, цісне на яе з усяе сілы.) Адчыніце вы ці не? (Дзверы раптам адчыняюцца, і ён ледзь не падае.) Ага!
Доўгая паўза.
Iнэса. Ну што ж вы, Гарсэне? Ідзіце.
Гарсэн (марудлівым голасам). Мне вось цікава, чаму гэтыя дзверы раптам так адчыніліся?
Iнэса. Чаго вы яшчэ чакаеце? Ідзіце, ідзіце хутчэй!
Гарсэн. Нікуды я не пайду.
Iнэса. А вы, Эстэда? (Эстэла стаіць на месцы, Iнэса гучна смяецца.) Ну што? Хто? Хто з нас траіх? Дарога свабодная, што ж нас утрымлівае? Ха, проста са смеху памерці! Мы ўжо неразлучныя.
Эстэла наскоквае і хапае яе ззаду.
Эстэла. Неразлучныя? Гарсэне! Памажы. Памажы мне хутчэй. Зараз выштурхнем яе адсюль і зачынім дзверы, тады яна пабачыць.
Iнэса (адбіваецца). Эстэла! Эстэла! Я прашу цябе, пакінь мяне тут! Толькі не ў калідор! Не выганяй мяне ў калідор!
Гарсэн. Пусці яе.
Эстэла. Ты звар’яцеў, яна ж цябе ненавідзіць.
Гарсэн. Калі я і застаўся, то якраз праз яе.
Эстэла выпускае Інэсу і ў вялікім здзіўленні глядзіць на Гарсэна.
Iнэса. Праз мяне? (Паўза.) Ну, добра, зачыніце дзверы, а то, калі яны адчыненыя, тут толькі ў сто разоў гарачэй. (Гарсэн падыходзіць і зачыняе дзверы.) Дык вы кажаце, з-за мяне?
Гарсэн. Так. Ты ж ведаеш, што такое баязлівец, праўда?
Iнэса. Я — ведаю.
Гарсэн. I ведаеш, што такое зло, сорам, страх. У цябе ж, напэўна, бывалі дні, калі ты бачыла ўсю чарнату сваёй душы — і гэта ўганяла цябе ў роспач. А назаўтра ўсё зноў пераблытвалася ў цябе ў галаве, і ты ўжо не магла зразумець, адкуль узяліся гэтыя ўчарашнія думкі. О так, ты ведаеш цану злу. I калі ты кажаш, што я баязлівец, ты робіш гэта з веданнем справы, так?
Iнэса. Так.
Гарсэн. Значыць, цябе я і мушу пераканаць: мы з табой з аднаго племя. Думаеш, я сапраўды збіраўся пайсці? Ды я не мог так цябе пакінуць — каб ты трыумфавала, каб у цябе засталіся ўсе гэтыя думкі; усе гэтыя думкі пра мяне.
Iнэса. Ты напраўду здольны мяне пераканаць?
Гарсэн. Мне больш нічога не застаецца. Ведаеш, я ж іх болей не чую. Яны са мною пакончылі. Усё: я цяпер на зямлі нішто — нават не баязлівец. Мы засталіся адны, Iнэса, і толькі вы дзве цяпер можаце пра мяне думаць. Яе я не лічу. Але ты — ты мяне ненавідзіш. I калі ты паверыш мне, я буду ўратаваны.
Iнэса. Нялёгка табе давядзецца. Паглядзі на мяне: я ж чалавек упарты.
Гарсэн. Я часу не пашкадую.
Iнэса. Хо! Ну, чаго ўжо, а часу ў цябе шмат — у цябе наперадзе ўвесь час.
Гарсэн (беручы яе за плечы). Дык слухай. У кожнага свая мэта, праўда? Мне было напляваць на грошы, на любоў. Я хацеў быць мужчынам. Быць мужчынам. Я ўсё паставіў на адну карту. Няўжо ж можна быць баязліўцам, калі выбіраеш самы небяспечны шлях? I ці можна судзіць пра жыццё па адным учынку?
Iнэса. Чаму ж няможна? Табе трыццаць гадоў мроілася, што ты мужны, і ты дараваў сабе тысячы дробных слабасцяў — героям жа ўсё дазволена. Гэта было так выгодна! А потым, у хвіліну сапраўднае небяспекі, калі цябе прыперлі да сцяны... ты сеў у цягнік і паехаў у Мехіка.
Гарсэн. Я не мроіў пра гераізм. Я яго выбраў. Кожны робіцца тым, што ён ёсць, па сваёй волі.
Iнэса. Дакажы. Дакажы, што гэта былі не мроі. Пра жаданні мяркуюць толькі па ўчынках.
Гарсэн. Я надта рана памёр. Мне не далі часу зрабіць свой учынак.
Iнэса. Усе паміраюць надта рана — ці надта позна. Але як ні круці, жыццё — вось яно, скончылася: рыса падведзеная, трэба рабіць падлік. Апроч таго, як ты жыў, ты нічога сабой не ўяўляеш.
Гарсэн. Гадзіна! У цябе на ўсё ёсць адказ!
Iнэса. Ну! Ну! Не адчайвайся. Табе ж павінна быць лёгка мяне пераканаць. Пашукай нейкіх довадаў, зрабі над сабой намаганне. (Гарсэн паціскае плячыма.) Га? Што — я ж казала табе, што ты ўразлівы. Ах, як ты цяпер за ўсё сплаціш! Ты баязлівец, Гарсэне, баязлівец — бо так хачу я. Я хачу, хачу, я хачу — і так будзе! Хоць — паглядзі — я такая слабая, адна немач; я наогул нічога сабой не ўяўляю — толькі позірк, які глядзіць на цябе, нябачная думка, што пра цябе думае. (Гарсэн наступае на яе, пагрозліва падымаючы рукі.) Ах! Як ён іх падымае, гэтыя грозныя мужчынскія рукі. На што ты спадзяешся? Думку нельга злавіць рукамі. Кінь, у цябе няма выйсця: ты павінен мяне пераканаць. Ты ў маіх руках.
Эстэла. Гарсэне!
Гарсэн. Што?
Эстэла. Адпомсці ёй за сябе.
Гарсэн. Як?
Эстэла. Абдымі мяне, убачыш, зк яна заспявае.
Гарсэн. I праўда, Iнэса. Я ў тваіх руках, але ж і ты — у маіх.
Гарсэн схіляецца да Эстэлы. Iнэса крычыць.
Iнэса. Ах! Баязлівец! Баязлівец! Ну ідзі! Ідзі да баб, яны цябе супакояць.
Эстэла. Паспявай, Iнэсачка, паспявай!
Iнэса. Цудоўная парачка! Каб ты толькі бачыла гэтыя яго грубыя лапы — як брыдка яны ціскаюць табе спіну! Вох, як ён цябе мацае, ён так усё на табе пакамячыць. У яго ж мокрыя рукі, ён потны. У цябе на сукенцы будуць потым сінія плямы.
Эстэла. Спявай, спявай! Сцісні мяне мацней, Гарсэне; яна здохне ад гэтага.
Iнэса. Давай, сцісні яе, сцісні мацней! Цяплей будзе! Добрая рэч — каханне, га? Праўда, Гарсэне? Як глыбокі, прыемны сон. Але я не дам табе спаць.
Гарсэн робіць міжвольны жэст.
Эстэла. Не слухай яе. Вазьмі мае губы, я — твая, уся твая.
Iнэса. Ну? Чаго чакаеш? Рабі, што табе кажуць, Эстэла-дочказабойца ў абдымках Гарсэна-баязліўца. Прымаюцца стаўкі. Ці пацалуе баязлівец забойцу? Я вас бачу, бачу; я адна — цэлы натоўп. Натоўп! А, Гарсэне,— натоўп, ты яго чуеш? (Шэпча.) Баязлівец! Баязлівец! Баязлівец! Колькі ты ад мяне ні ўцякай — дарэмна, я ўжо цябе не выпушчу. Што ты спадзяешся знайсці ў яе пацалунку? Забыццё? Але я — я цябе не забуду. I пераканаць ты мусіш мяне. Мяне. Хадзі ж сюды, хадзі да мяне! Я цябе чакаю. Ты бачыш, Эстэла, вось ён ужо і паслабіў абдымкі — ён жа паслухмяны. Як сабака... Не, не будзе ён твой!
Гарсэн. Няўжо тут ніколі не настане ноч?
Iнэса. Ніколі.
Гарсэн. I ты ўвесь час будзеш мяне бачыць?
Iнэса. Увесь. Увесь час.
Гарсэн адпускае Эстэлу і праходзіць колькі крокаў па пакоі. Падыходзіць да бронзавай статуэткі.
Гарсэн. Статуэтка... (Ласкава праводзіць па ёй рукою.) Ну вось! I настала тая хвіліна. Статуэтка перада мной, я гляджу на яе і разумею, што я — у пекле. Я ж вам казаў, што ўсё было прадугледжана. Яны прадбачылі, што я апынуся каля каміна і буду стаяць вось так, паклаўшы руку на статуэтку, а вы ўсе будзеце зырыцца на мяне сваімі вачыма. Гатовыя гэтымі вачыма мяне праглынуць... (Рэзка паварочваецца.) Га! Ды вас толькі дзве? Я думаў, вас многа болей. (Смяецца.) Значыць, гэта і ёсць пекла. Ніколі б не паверыў... Вы ж памятаеце: сера, агонь, вуголле... Ха! Якія бязвінныя жарты! Навошта вуголле: пекла — гэта іншае.
Эстэла. Любоў мая!
Гарсэн (адштурхоўвае яе). Не лезь! Паміж намі — яна. Я не магу цябе пакахаць, пакуль яна глядзіць на мяне.
Эстэла. Ах! Ну, тады яна нас болей не ўбачыць!
Эстэла хапае са стала нож, кідаецца на Інэсу і наносіць ёй некалькі ўдараў.
Iнэса (адбіваецца і смяецца). Што ты робіш, што ты робіш, ты звар’яцела? Ты што — не ведаеш, што я мёртвая?
Эстэла. Мёртвая? (Раняе нож.)
Паўза. Iнэса падымае нож і раз'юшана б’е ім сама сябе.
Iнэса. Мёртвая! Мёртвая! Мёртвая! Ні нажом, ні ядам, ні вяроўкай — ясна табе? Бо ўсё гэта — ужо зроблена. I мы тут разам — назаўжды. (Смяецца.)
Эстэла (пачынае гучна смяяцца). Назаўжды, Божа мой, як гэта дзіўна! Назаўжды!
Гарсэн (смяецца, гледзячы на абедзвюх). Назаўжды!
Са смехам падаюць кожны на сваю канапу. Доўгая паўза. Адсмяяўшыся, яны моўчкі глядзяць адно на аднаго. Гарсэн устае.
Гарсэн. Ну што ж, паехалі далей.
ЗАСЛОНА