Славамір Мрожак Эмігранты

ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ

АА

XX


Сцены шэрыя і брудныя, з падцёкамі. Нізкая столь. Голая лямпачка вісіць на провадзе пад столлю. Рэзкае, рассеянае святло. У глыбіні сцэны, у правай сцяне,— дзверы. (Вызначэнні: справа, злева будуць азначаць: справа, злева з боку глядзельнай залы.) Вокнаў няма.

Уздоўж сцен з левага і правага бакоў — блізка ад авансцэны — два жалезныя ложкі. Над ложкам з левага боку вісяць на цвіку паліто і драўляныя плечкі для адзення. Каля сярэдняй сцяны, на чвэрць яе шырыні ад левага краю сцэны — старадаўняя кухонная ракавіна ў форме вядра, прыладжанага да адводнай трубы. Ракавіна пакрытая пажоўклай, патрэсканай эмаллю, труба ржавая. Над ракавінаю латуневы кран. Над кранам — прымітыўная палічка з двума прыборамі для галення, адзін танны, другі даражэйшы. Над палічкаю вісіць на цвіку даволі вялікае, але таннае люстэрка. Побач злева два ручнікі на цвіках. На чвэрць шырыні сцэны ад яе правага краю, углыбіні — старэнькая шырма. Апрача гэтага, па сярэдняй сцяне праходзяць каналізацыйныя трубы рознай таўшчыні, кабелі, правады і да т. п. Яны ідуць ад падлогі да столі і размешчаны на густ мастака.

На сярэдзіне сцэны, у самым яе цэнтры, пад лямпачкай — стол, засланы газетамі. На стале: дзве брудныя талеркі, дзве лыжкі, два белыя пластмасавыя кубкі, дзве бляшанкі з-пад кансерваў, адна бутэлька з-пад піва і кардонка з пакецікамі чаю. Звыш таго — цыгарэтныя недапалкі. Стаяць два крэслы — адно злева, другое справа ад стала. На левым крэсле ляжаць папялістага колеру штаны, на білцы вісіць цвідавы пінжак і шаўковы фуляр. Пад крэслач — пара чаравікаў.

На ложку злева ляжыць няголены мужчына ў халаце. Яго ногі ў шкарпэтках, звернутыя да залы. Мужчына хударлявы, недзе паміж трыццаццю і сарака гадамі. Ён рэдкавалосы, у акулярах у чорнай аправе. Чытае кнігу. На ложку справа на таннай коўдры ляжыць сабака Плута[2], яркая лялька-талісман вялікага памеру.

На крэсле справа сядзіць мужчына ў чорным старамодным гарнітуры з тоўстай тканіны — такія гарнітуры і цяпер яшчэ ў святочныя дні носяць сяляне ў правінцыях некаторых краін. Белая кашуля і яркі гальштук. Туфлі з вельмі вострымі насамі, старанна начышчаныя. Мужчына моцнага складу, каржакаваты, у яго грубыя рукі і грубы чыста паголены твар, густыя валасы і невялічкія, ледзь прыкметныя, бачкі. Ён сядзіць у профіль да залы, пазіраючы на ляжачага партнёра. Абодва яны прыблізна аднаго веку.

Некаторы час адзін з іх (АА) ляжыць і чытае, другі (XX) — сядзіць і глядзіць.


XX. Я вараціўся. (АА не рэагуе. Паўза. XX паўтарае гучней.) Вараціўся я.

АА (гледзячы ў кнігу). Трэба сказаць: вярнуўся.

XX (расціраючы сабе лыткі). У цябе ёсць што закурыць?


Не адрываючы вачэй ад кнігі, АА засоўвае руку пад падушку і дастае адтуль пачак цыгарэт. Падае яго XX. Той устае, накульгваючы, падыходзіць да ложка, бярэ цыгарэту з пачка. АА чытае. XX крадком хавае цыгарэту ў кішэню і дастае з пачка другую. Павагаўшыся крыху, паўтарае гэту аперацыю яшчэ раз, гэта значыць хавае другую цыгарэту ў кішэню, дастае трэцюю і бярэ яе ў рот.


XX. Ужо ўзяў. (АА, па-ранейшаму гледзячы ў кнігу, не прыбірае рукі з пачкам. Паўза.) Ну, добра, тады вазьму яшчэ адну. (Цягне руку да пачка.)

АА. Пакладзі на месца. (XX паслухмяна дастае адну цыгарэту з кішэні і кладзе яе назад у пачак. Павярнуўся і збіраецца пайсці. АА ўсё яшчэ не прыбірае рукі і не спыняе чытання.) Аддай.

XX. Я ўжо аддаў.

АА. Ты ўзяў тры.


XX дастае другую цыгарэту з кішэні і кладзе яе ў пачак. АА, працягваючы чытаць, хавае цыгарэту пад падушку. XX адыходзіць на сярэдзіну пакоя, дастае з правай кішэні запалкі. Бярэ запалку з карабка і ўжо збіраецца чыркануць, але спыняецца і кідае позірк на АА. Убачыўшы, што той па-ранейшаму чытае, кладзе запалку назад у карабок, а карабок у тую самую кішэню. Падыходзіць да крэсла, на якім вісіць пінжак, мацае кішэні пінжака. Знаходзіць у адной з іх карабок запалак. Закурвае цыгарэту і хавае запалкі ў сваю левую кішэню. Садзіцца на тое самае крэсла, што і спачатку, і ў той самай позе. З асалодаю зацягваецца дымам. Расцірае сабе лыткі, расшпіляе каўнер кашулі і паслабляе на шыі гальштук. Здымае туфлі. У шкарпэтках вялізныя дзіркі. Ён здзьмухвае з начышчаных туфляў нябачны пыл, клапатліва ставіць іх каля крэсла. З вялікай палёгкаю выцягвае перад сабою ногі, варушыць пальцамі. Паўза.


XX. Я быў на вакзале.

АА (працягваючы чытаць). Ну і што?

XX. А нічога. Народу поўна. (Паўза.) Выпіў піва.

АА (з недаверам). Ты-ы-ы?

XX. Далібог. (Паўза.) Два куфлі. (Паўза.) У буфеце.

АА. А!..

XX. Тэлефоны там...

АА. Ну і што?

XX. А нічога. Тэлефануюць людзі...

АА. Ага.

XX. Я дык не званіў. Думаю сабе, навошта мне званіць. Так пастаяў каля тэлефонаў...

АА. Добра. (Паўза.)

XX. Будкі там з газетамі...

АА. Цікава!

XX. З газетамі і самапіскамі...

АА. I што далей?

XX. А нічога. Купляюць сабе газеткі.

АА. Вось яно што...

XX. I чытаюць. Я дык не чытаў. Думаю сабе, навошта мне чытаць.

АА. Канечне.

. Пастаяў каля газет. (Паўза.) Касы там такія. (Паўза. АА не рэагуе.) Я кажу — касы там.

АА. Што?

XX. Касы там з білетамі.

АА. З білетамі?

XX. Яны білеты купляюць у касе. (АА ў захапленні прысвіствае.) Я дык не купіў. Так сабе пастаяў каля касы.

АА. I правільна.

XX. А пасля думаю сабе — схаджу на перон.

АА. Дзеля чаго?

XX. Бо тут бясплатна. У нас дык перонны білет трэба купіць, а яны задарма пускаюць. Дурны нейкі народ!

АА (рассеяна). Хто?

XX. Ды яны. Вось я і пайшоў на перон.

АА. Ну і што?

XX. А там рэйкі і дзьме вельмі.

АА. Што дзьме?

XX. Вецер. А я сабе думаю — пайду назад. Ужо збіраўся ісці, а тут, чую, нешта аб’яўляюць. Думаю сабе — пачакаю яшчэ. Ну і застаўся. Зноў дзьме, і рэйкі... Не, думаю сабе, пайду. Хацеў ужо ісці, а тут, гляджу, едзе...

АА. Цягнік.

XX. А ты адкуль ведаеш? (Паўза.) Сапраўды. Цягнік. Электрычны. Ціха так едзе, без шуму, таму што электрычка. У нас дык паравыя, а тут усе электрычкі. I не шкада ім хіба электрыкі?

АА. Не шкада.

XX. Міжнародны. Адны спальныя вагоны, з гербамі. Добры цягнік. А я — нічога, стаю сабе, закурыў толькі.

АА. Свае хоць?

XX. Былі свае. Адмысловы цягнік. А я стаю сабе спакойна і думаю: ану, Бобік, да нагі! Далей ты ўсё роўна не паедзеш, у цябе ж расклад. Сто-о-й! А ён пад’язджае, пад’язджае і...

АА. Спыніўся.

XX. А ты адкуль ведаеш? (Паўза.) Сапраўды, зусім спыніўся. А я сабе думаю — бачыш? Казаў жа я табе, што далей не паедзеш?

АА (перагоргваючы старонку). А ён што?

XX. А нічога, стаіць сабе.

АА. І ўсе?

XX. Ну, тут набегла чыгуначнікаў з тачкамі, на тачках прасціны, коўдры. Адмысловыя коўдры, стопрацэнтная воўна. Я адну памацаў. Столькі коўдраў, і ўсе шарсцяныя. Але ж я — нічога, стаю сабе, куру, а людзі выходзяць. Быў адзін японец у паліто, мабыць, нетутэйшы.

АА. Напэўна.

XX. Я адразу так і падумаў. Але мне што да таго? Стаю сабе, быццам мяне тут нічога не абыходзіць, і куру свае. Хіба нельга, га?

АА. Можна.

XX. Маё права. Ну і, думаю сабе, зараз дакуру і пайду. Усе быццам бы ўжо выйшлі. Хацеў патушыць ужо, а тут насупраць мяне ў акне паказваецца адна такая і кажа: «Насільшчык».

АА. I ты зразумеў, што яна сказала?

XX. Я дык не, а насільшчык зразумеў. Адразу да яе падбег. А яна... А Божа ж ты мой! Валасы аж дагэтуль. Напэўна, артыстка. Ну, думаю сабе, тады яшчэ пачакаю, пакуль выйдзе. А мне ўжо цыгарка пячэ ў пальцы — на ветры ж тытунь хутка гарыць, калі не з фільтрам... А я нічога, цярплю, з рукі ў руку перакладаю і шкадую, што муштука не прыхапіў. Думаю сабе: павінна ж выйсці.

АА. I што?

XX (пераможна). Выйшла!

АА. Пашанцавала табе. (Працяглая паўза.) I ўсё?

XX. Не. (Хіхікае.)

АА. Чаго ты смяешся? (XX аж заходзіцца ад рогату.) Што ж тут смешнага?

XX. Бо я ж яе...


АА ўпершыню адводзіць вочы ад кнігі і глядзіць на XX.


АА. Што, што?

XX. Ну... (Хіхікае.)

АА. Перастань смяяцца.

XX. Дык калі ж праўда. Я, ды такую...

АА. Дзе?

XX. У туалеце першага класа.

АА. Там жа неабходна плаціць.

XX. Ну і што. Яна заплаціла за мяне і за сябе. (АА загортвае кнігу.) Яна яшчэ хацела, ды мне ўжо не хацелася.


АА здымае акуляры і кладзе іх у кішэню халата, паварочваецца на бок, абапершыся на локаць, глядзіць на XX.


АА. Праўда? I што далей?

XX. А нічога.

АА. Як гэта «нічога»?

XX. Я ж табе кажу: мне больш не хацелася. Яна хацела, але мне ўжо не хацелася.

АА. Ну, добра, а што было пасля?

XХ. Пасля? Пасля я пайшоў.

АА. А яна?

XX. Таксама пайшла.

АА. I ты не ўзяў яе адраса?

XX. Не. Яна якраз хацела даць мне адрас, а я сабе думаю: навошта ён мне, яшчэ згублю...

АА. Але, напэўна ж, прасіла, каб ты ўзяў?

XX. Прасіла. (Паўза.) Па яе генерал прыехаў. Мабыць, муж. У лімузіне.

АА. Ага. (Дастае з-пад падушкі цыгарэты, бярэ адну ў рот, шукае запалкі ў кішэнях халата, устае і падыходзіць да крэсла, на якім вісіць пінжак, шукае ў кішэнях пінжака, не знаходзіць.)

XX. Табе прыкурыць?


АА падыходэіць да яго, XX дастае запалкі з левай кішэні пінжака і дае яму прыкурыць. АА перакідае штаны з крэсла на ложак, садзіцца на крэсла. Зацягваецца цыгарэтным дымам.


АА. Хочаш ведаць, як гэта было?

XX. Дык я ж табе расказаў.

АА. Не, я пытаю, ці хочаш ты ведаць, як гэта было на самай справе.

XX. Ну, калі ты лепей ведаеш...

АА. Вядома, ведаю лепш. Давай пачнем з самага пачатку. Сапраўды, ты быў на вакзале. Але пайшоў туды не адразу. Калі сёння раніцаю ты стаяў тут перад люстэркам і галіўся, як кожнага тыдня, ты і не думаў туды ісці. Калі нацягваў на сябе гэты гарнітурчык і гэтыя даўганосыя туфлі... Я не раз думаў, навошта ты іх носіш: яны ж калечаць цябе. А можа, табе здаецца, што ў гэтых мадэльках твае капыты менш падобныя на быдлячыя?

XX (абражаны). Гэта ж вельмі дарагія туфлі.

АА. Добра, хай сабе і так. Значыць, ты пайшоў? На вуліцу. Кожны мае права туды ісці. Але людскія позіркі... За кіламетр бачна, хто ты такі. Табе можна шпацыраваць, але яны маюць права глядзець на цябе. I разглядаць тваю чужаземную морду. Бо ты ж плоць ад плоці нашага народа. З гэтага пункту гледжання ты нават прадмет гонару нашых ідэолагаў, хоць, верагодна, пра гэта і не ведаеш. Лічы, што ты святая субстанцыя для нашых патрыётаў, найсвяцейшая таямніца ў нашай нацыянальнай дзейнасці...

XX. Не блюзнер.

АА. Гэта метафары. Але ты, нявінная ахвяра клерыкалізму, не ведаеш, што такое метафара.

XX. Мне ўсё роўна. А блюзнерыць не дазволю.

АА. Аднак вернемся да тваёй прагулкі. Значыць, ідучы паўз кінатэатр, ты падумаў, што варта было б туды зайсці.

XX. Так, бо люблю кіно.

АА. Вядома. У кіно ніхто на цябе не глядзіць, таму што ўсе глядзяць на экран. Ты таксама. Там жа, на экране, нешта мігціць, блішчыць. Ты не ведаеш, што ўсё гэта значыць, пра што там гаворка. Але гэта не мае ніякага значэння. Галоўнае, ты адчуваеш сябе так, як дома. Але ж у кіно ёсць істотны недахоп: за яго трэба плаціць.

XX. Я ў кіно і не хаджу ніколі.

АА. Ахвотна веру. Але не ўсё яшчэ страчана. Ёсць жа яшчэ вакзал.

XX. Галоўны.

АА. Вядома, галоўны. Драбяза нам не да твару. Я і хвіліны не думаў, што ты задаволіўся б якім-небудзь перыферыйным паўстанкам. Кіруеш проста на галоўны вакзал, самы галоўны. А там — столькі выгод! Па-першае, бясплатны ўваход. Па-другое, ты там не чужы. Там увогуле няма чужых, бо вакзал, уласна кажучы, і створаны для чужых. Карацей, на вакзале ўсе тутэйшыя. Там чужакі больш тутэйшыя, чым сапраўдныя тутэйшыя. Там твой нетутэйшы выгляд зусім не кідаецца ў вочы. Дый, звыш таго, на вакзале, як кажуць, і светла і цёпла... Ёсць газетныя кіёскі, тэлефонныя будкі, білетныя касы...

XX (летуценна). Буфет...

АА. Буфет таксама. I вось ты пастаяў каля газетнага кіёска, каля будак тэлефонных ды білетных кас...

XX. Піва выпіў...

АА. Што да піва — наўрад ці. Піва ж таксама каштуе грошай. Затое няма сумнення, што ты схадзіў у туалет.

XX. А перон?

АА. Не перабівай. Менавіта сюды я і іду.

XX. Спярша я быў на пероне.

АА. Не пярэчу. Фізічна ты спачатку наведаў перон, а толькі пасля — прыбіральню. Але твае ўяўленні постфактум дамалявалі падзеі на пероне. А пісуар адыграў тут важную ролю — натхніў цябе...

XX. Можа, скажаш, што і перона зусім не было?

АА. Быў, быў, быў перон. Пад’ехаў цягнік. Ты стаяў перад спальным вагонам, курыў, выходзілі пасажыры — усё гэта было. Праўда нават і тое, што са спальнага вагона выйшла вельмі прыгожая і элегантная кабета...

XX. Вось бачыш!

АА. ...Ты ўсё гэта агледзеў, а пасля пайшоў ужо. Ды не ў які-небудзь сапраўдны туалет — чысценькі, з кветкамі на століку каля клазетнай бабулькі, дзе ззяе белая кафля, дзе пахне дэзадарантам і дзе трэба плаціць за ўваход. Ты пашыбаваў у звычайную прыбіральню, дзе свабодны ўваход усім, дзе недакуркі забілі ракавіну і плаваюць у смярдзючай пеністай мачы, дзе калісьці, відаць, карысталіся ручніком, а цяпер ён такі брудны, што ніхто да яго ўжо і не дакранаецца. Смурод нясцерпны. Мужчыны, паважна засяроджаныя, корпаюцца ў нагавіцах — кожны ў сваіх, кожны паасобку, аднак кожны павязаны з астатнімі гэтым клазетна-ачышчальным грэхам. Але ж гэта цябе не бянтэжыць, нават наадварот. Я ўжо маўчу пра тваю нечуллівасць да пахаў. Але ці знойдзеш ты другое такое месца, дзе сусед быў бы дакладна ў такой самай сітуацыі, што і ты? Дзе яшчэ пануе такое раўнапраўе? Нідзе. Не бяда, што роўнасць гэта ў нізкім. Больш важна, што яна сапраўдная, аўтэнтычная, выразная, нават гіпербалічная, карыкатурна экспрэсіўная. Тым лепш табе, бо з прычыны недаразвітасці твайго ўяўлення і ўспрыняцця ты здольны адчуць толькі конскую дозу; любыя нюансы засталіся б табою незаўважаныя. Значыцца, ты доўга прабыў у туалеце. Але, на жаль, не мог заставацца ў ім вечна. I калі ты ўжо скончыў сваё, калі перастаў рабіць выгляд, што нешта робіш, калі ўжо прычасаўся, ты, нарэшце, выйшаў з таго падзямелля. Не надзівуюся, наколькі цесная ў цябе сувязь уралогіі з касметыкай. I вось тады ў тваім прычасаным чэрапе зарадзілася гэтая дурная наіўная хлусня пра твае любоўныя прыгоды з той дамай з цягніка. Здзіўляюся, як у цябе касметыка ўплывае на мазгавую дзейнасць, хіба што раздражненне чэрапа грабянцом іграла тут нейкую ролю...

XX. Дык я ж яе...

АА. Лухта. Сапраўдная лухта. Ты стаяў каля спальнага вагона і пёк свае пальцы недакуркам. Твая цыгарка была адзіным сімвалам тваёй незалежнасці, а па-за гэтым ты увесь быў ва ўладзе пажадлівасці, зайздрасці, захаплення і прыніжэння... Вядома, ты марыў пра яе, нават больш як толькі пра жанчыну. Зрэшты, я падазраю, што ты зусім не разумееш, што такое жанчына. Твой сексуалізм не выходзіць за межы адчування першаснага палавога жадання і яго задавальнення. Ты бачыў у ёй сімвал, бачыў той далёкі чужы свет, які табе зусім недаступны. I тады, не могучы пераступіць гэтую бездань рэальна, ты пераступіў яе ў сваім уяўленні: учыніў, трэба прызнаць, надзвычайны разумовы высілак, як на твае здольнасці. У гэтым выдатна дапамог табе туалет. Таму я і кажу, што ўсё, што адбывалася на пероне, ты пачаў інтэрпрэтаваць постфактум, у туалеце. Там, у спрыяльных гэткім фантазіям умовах, ты і надаў ім завершаную форму.

XX. Перастань!

АА. А хіба не так было?

XX. Не так!

АА. Але ты не перажывай. Праз тыдзень зноў пойдзеш на вакзал. (XX бярэ са стала пустую бутэльку, стукае донцам аб стол, у руцэ застаецца рыльца. Абодва ўстаюць. Паўза.) Ну добра, добра! Усё было, як ты казаў. Ты быў з ёю, быў. Яна табе аддалася, кінулася да тваіх ног, цалавала твае рукі, ногі, цалавала твае вузканосыя туфлікі, поўзала перад табою, абагаўляла і цябе, і твае туфлі. I ты меў, меў яе, і яе генерала, і нават тую генеральскую машыну! Генерал салютаваў і наладзіў феерверк у гонар табе, а пасля ўсяго частавалі цябе марожаным. Ты ж прыгожы! Табою ўсе захапляюцца. Ну што, цяпер ты задаволены? Лепш табе цяпер? Хопіць з цябе? (XX садзіцца, кладзе адбітае ад бутэлькі рыльца. Паўза.) Хочаш чаго? (Прыміральна.) Я магу заварыць табе чаю.

XX. Ты ўсё заўсёды псуеш.

АА. Пакрыўдзіўся?

XX. А чаго ты чапляешся?

АА. Крыўдуеш, бо пачуў ад мяне праўду.

XX. Заўсёды чапляешся да мяне. Што я табе зрабіў?

АА. Што зробіш, мой дарагі. Я дапамагаю толькі ўсвядоміць тваю сітуацыю. Бо ты сам не можаш...

XX. Якую яшчэ сітуацыю? Я проста пайшоў на вакзал.

АА. А гэта якраз і сведчыць пра тваю сітуацыю.

XX. Я хацеў, каб мне было добра.

АА. Вось менавіта, у нас заўсёды гэтак: упрыгожванне фактаў, імкненне прыгожыя мары выдаць за рэальнасць. Ханжаства гэта. Фальшывае сёння нараджае хваравітае заўтра. Гісторыя помсціць за сябе.

XX. Якая яшчэ гісторыя?..

АА. Наша, гісторыя нашага народа.

XX. Якая гісторыя, што мне да гісторыі, я быў на вакзале.

АА. Гэта і ёсць, уласна, фрагмент гісторыі. Праўда, маленькі, але пэўны. Ты быў на вакзале, значыцца, гэта ўжо мінулае, а значыць, гісторыя. Гісторыя грамадства складаецца з гісторыі асобных людзей. Няма абстрактнае гісторыі, дарагі мой. Так думаюць толькі ідэалісты, якія трактуюць гісторыю ў якасці новага Бога альбо рэчы ў сабе. Не, я не гегельянец. А таму ўсё залежыць ад таго, як мы будзем інтэрпрэтаваць тваю сённяшнюю гісторыю на вакзале. Ці пабачым яе ў святле фактаў? Ці, наадварот, факты пабачым у святле гісторыі. Я маю на ўвазе тваю хлуслівую, сфабрыкаваную сёння легенду, якую ты мне расказаў, тваю міфатворчую інтэрпрэтацыю, тваю інтэрпрэтатарскую міфаманію...


Шум у каналізацыйнай трубе, які заглушае яго словы. АА махае рукою, сядае на свой ложак, задумваецца. XX пацягваецца і пазяхае.


XX. Хачу есці.

АА. Дык перакусі чаго-небудзь і не дакучай мне.

XX. Нічога ж няма.

АА. Кансервы ёсць.

XX. У мяне ўжо няма.

АА. Зноў усё сажраў?

XX. А ў цябе няма кансерваў?

АА. Чаму ж? Ёсць, але не дам.

XX. Чаму?

АА. З выхаваўчых меркаванняў.

XX. Ага. (Паўза.) Што гэта значыць?

АА. Гэта значыць тое, што ты пастаянна жарэш мае кансервы.

XX. Няпраўда. Свае таксама ем.

АА. Свае і мае. Нарэшце прывучыся хоць да якога-небудзь парадку — да дысцыпліны і стрыманасці.

XX. Добра, добра! Але цяпер мне чаго б небудзь з’есці.

АА. Нічога не атрымаеш.

XX. Не?

АА. Не.

XX. Не, дык не. (Паўза.) Ты нешта пра гарбату казаў.

АА. Сам сабе прыгатуй.

XX (устае, здымае пінжак, вешае яго на крэсла, папярэдне старанна абтросшы і разгладзіўшы. Ідзе за шырму. Чуваць, як ён там завіхаецца, грыміць чайнікам і г. д. Вяртаецца і зноў садзіцца на крэсла. Паўза.) Слухай, а чаму тут няма мух?

АА (ачнуўся ад роздуму). Што?

XX. Я пытаю, чаму тут няма мух?

АА. Дзе?

XX. Ды тут, у пакоі.

АА (усё яшчэ рассеяна). Не ведаю.

XX. На калідоры таксама няма. (Паўза.) Дый нідзе няма... (Усхваляваны сваім адкрыццём.) Ты бачыў тут дзе-небудзь мух?

АА. Здаецца, не.

XX. Я ж кажу табе, што няма. Ні тут, ні дзе яшчэ. У іх тут няма мух. Слухай, чаму ў іх тут няма мух?

АА. Не ведаю. Можа, вынішчылі. Гігіена.

XX. Шкада.

АА. А нашто табе мухі?

XX. Весялей з імі. Хочаш — лаві, хочаш — глядзі на іх... I час хутчэй ідзе. У нас былі мухі. Улетку. (Паўза.) Былі мухі... I ліпучкі на мух... Памятаю, ліпучкі гэтыя вешалі на лямпу, яны былі нібы мёдам намазаныя, але не мёдам. Мухі прыліпалі і бзыкалі. Калі ліпучка была ўжо старая, дык мух столькі было на ёй, што стаяла суцэльнае бзыканне, усё роўна што музыка якая. Адны гудзелі басам, другія танюсенька, а калі трапляла туды аса альбо сляпень — не, сляпні зрываліся, яны моцныя... А яшчэ былі такія маленькія чорныя пластыркі, вядома, атручаныя. Іх клалі на талеркі, трэба было сачыць толькі за дзецьмі, каб не лізнула каторае. Памятаю...

АА. Памятаю, памятаю, памятаю! А я нічога не памятаю!

XX (са шчырым здзіўленнем). Як гэта не памятаеш?

АА (ускочыў з ложка і пачаў хадзіць па пакоі). Не! Нічога не памятаю і не хачу памятаць! Увесь час толькі і чую: «А ці помніш тое, а ці помніш гэтае?..» Заўсёды, няспынна, вечна, столькі гадоў! А цяпер гэтыя твае мухі, ты са сваімі мухамі...

XX. Бо былі ж.

АА. Перастань!

XX. А хіба казаць, што не было, калі былі?

АА. Ну былі, былі, і што з таго? Ці ж гэта значыць, што я павінен да канца жыцця свайго памятаць пра нейкіх ідыёцкіх мух? Мне і так досыць клопату!

XX. Во, цяпер сам кажаш, што былі.

АА. О Езус-Марыя! А хіба ж я кажу, што не было?! Не, трэба супакоіцца, гэта ж нейкая ідыёцкая дыскусія. Паслухай, не ў тым справа, былі яны ці іх не было. Былі, былі дый сплылі. Гэта не прычына, каб бясконца вяртацца да тых мух. Былі, а цяпер іх няма. Канец. Цяпер ёсць іншае.

XX. Ну, што, напрыклад?

АА. Як гэта — што?

XX. А ўсё-такі, можа, скажаш, што цяпер ё?..

АА. Ды ўсё... Свет, яго праблемы...

XX. Што?

АА. Гэта значыць ідэі, з’явы, падзеі...

(пагардліва). Іііі.

АА. Сацыяльныя, эканамічныя і палітычныя працэсы, культурныя цячэнні. Карацей, цэлы клубок усякае ўсячыны на пераходнай стадыі цывілізацыі, на якой цяпер чалавецтва. Універсальныя праблемы...

XX. А мух няма.

АА. На наша шчасце. Гэта нават добрая метафара. Мухі сімвалізуюць нікчэмнасць тых праблем, на якія мы былі асуджаны там, на радзіме. Усе тыя праблемы — хутчэй вузенькія праблемкі... Дробны шавінізм, дробны рэфармізм, наогул дробныя маштабы... Дробныя людзі і дробная краіна. А тут, нарэшце, можна расправіць крылы.

XX. Як мушка — бззз.

АА. Не адступаць перад складанымі задачамі: толькі ў вялікіх змаганнях нараджаецца веліч. Вялікі маштаб, усё з размахам. Не, для мяне ўжо, дзякаваць Богу, мух няма.

XX. А для мяне ёсць.

АА. Дзе ёсць, тут?!

XX (трыумфальна). Не, у нас. Не памятаеш ужо?

АА. Божа мой! Усё спачатку. (3-за шырмы чуваць свісток.)

XX. Чайнік закіпеў. (Устае і ідзе за шырму. Вяртаецца з алюмініевым чайнікам. Налівае ў кубак вады, апускае туды пакецік з чаем.)

АА. Мог бы і мне заварыць.

XX. А цукру дасі?

АА. Дык я ж чай купіў.

XX. Але цукру няма.


АА выцягвае з-пад свайго ложка скураны чамадан, дастае з кішэні ключык, адмыкае ім чамадан і бярэ адтуль пачак цукру. Замыкае ключыкам чамадан, хавае яго зноў у кішэню, а чамадан засоўвае пад ложак. Кладзе цукар на стол. Садзіцца ля стала.


XX (нахіляе чайнік над кубкам). Кончылася вада.

АА. Дык згатуй. (XX паволі ўстае, ідзе да крана. Адкручвае яго, аднак вада не цячэ.)

XX. Таксама няма.

АА. Ты нічога без мяне не можаш. (Ідзе да ракавіны, адкручвае да канца кран.) Сапраўды.

XX. Няма, бо не льецца.

АА. Не льецца таму, што няма яе, крэцін.

XX. Хіба я ў гэтым вінаваты? (Вяртаюцца да стала, садзяцца на свае месцы. XX кладзе сабе ў чай цукар.)

АА. I ты будзеш піць гэтую гарбату? (XX сцвярджальна ківае галавой.) Сам? (XX зноў ківае галавою.) Вось гэта салідарнасць. Я думаў, што калі таварыш не п’е... (XX бярэ сабе яшчэ цукру.) Засалодка будзе.

XX. А я люблю, каб соладка. (Пробуе лыжачкаю чай, дасыпае яшчэ цукру, мяшае.)

АА. Астыне.

XX. А я і не люблю гарачага.

АА (дастае з кішэні манету). Давай у «арла і рэшку».

XX. А на што?

АА. Напрыклад, каму дастанецца гарбата.

XX. Ціка-ава...

АА. Бо гарбата адна, а нас жа двое.

XX. Але гэта мая гарбата!

АА. Але ж я яе купіў.

XX. А я яе заварыў.

АА. Значыць, маем на яе аднолькавыя правы. I няхай вырашыць жараб’ёўка. Дык арол ці рэшка?

XX. Арол... (АА падкідае манету высока ўгору.) Рэшка! (Манета падае на падлогу і коціцца пад ложак, што з правага боку. Шукаючы яе, абодва заглядаюць пад ложак — незалежна ад таго, дзе сапраўды коціцца манета, акторы павінны іграць так, быццам яна закацілася менавіта пад гэты ложак.)

АА. Цёмна... (Працягвае руку пад ложак.)

XX (адштурхоўвае яго). Пусці мяне.

АА. Пачакай. (Дастае з-пад ложка бляшанку нейкіх кансерваў.) Што гэта?

XX. Гэта!.. Пакажы... Кансервы.

АА. Твае? Ты ж казаў, што ўжо не маеш кансерваў. (XX не рэагуе.) У такім разе — нічые. Бяру іх сабе.

XX. Не! (Вырывае ў яго з рук бляшанку.)

АА. Табе не сорамна так падманваць? (Садзіцца за стол з правага боку. Перастаўляе да сябе кубак з чаем.) Ты баяўся, што давялося б падзяліцца са мною? Твая скупасць яшчэ страшнейшая за тваё абжорства. Быццам бы я прагну тваіх кансерваў. (XX хавае кансервы назад пад ложак.) Не, не хавай, не хавай, усё ж ужо выкрылася. Цяпер можаш спакойна абжырацца. Задаволіць свой дзікі, звярыны апетыт. Не, не звярыны, бо жывёлы ядуць толькі, каб суняць голад. А ты жарэш у запас, звыш усякае меры і бясконца. Гэта апетыг паталагічны, пачварны.

XX. А ты не хочаш?

АА. Не, я не ласы да тваіх прысмакаў. (Выпівае глыток чаю і адразу выплёўвае.) Цьфу... Я ж казаў: перасалодзіш.

XX. Дык, можа, трохі з’ем...

АА. Брава! Скупасць пераадолена. Мая метода, бачу, дае выь.кі. Хоць невядома, што лічыць тваёй галоўнай цнотай: скупасць ці абжорства. Можна дапусціць, што ў гэтым змаганні заганы з недахопам пераможца — меншае зло, а значыць — дабро. Умоўна, канечне.

XX. Дык я паем.

АА. Паеш, паеш, і хай яно пойдзе табе на здароўе.

XX. Дзе кансервавы нож... (Мітусіцца ў пошуках нажа.)

АА. Скажы, чаму ты столькі ясі?

XX. Ты не бачыў нажа?

АА. Давай паспрабуем разабрацца ў гэтай з’яве. Геданічных матываў альбо імкнення да асалоды, напэўна, тут няма. Тады што?

XX. Прапаў недзе. (Ідзе за шырму.)

АА. Верагодна, у цябе мае значэнне сам акт паглынання. Трэба думаць, што паглынанне стравы мае сімвалічны характар. Паглынаючы страву, ты паглынаеш акаляючую рэчаіснасць. Паглынаеш свет... (XX выходзіць з-за шырмы з сякераю ў руцэ. Садзіцца за стол з левага боку, насупраць АА, і спрабуе сякераю адчыніць бляшанку.) Так, гэтая гіпотэза прымальная. Кампенсацыйны акт, а правільней... магічны акт. Напэўна. Як жа я раней не падумаў пра гэта. Магічны акт — нешта такое, калі адбываецца гвалтоўнае атаясамліванне паміж такімі элементамі, якія ў нармальных умовах не атаясамліваюцца. Ежа ў цябе не так кампенсуе ўсю акаляючую рэчаіснасць, як атаясамліваецца ў тваім уяўленні з ёю. Варта было б мае назіранні параўнаць з некаторымі дадзенымі сучаснай антрапалогіі, якія датычаць першабытных культур. Праўда, я баюся, што вынікі падобных параўнанняў абмежаваліся б пікантнай паралеллю рытуальнага канібалізму з...

XX (з усяе сілы стукае перад АА бляшанкаю аб стол). На!

АА. Ты што?..

XX. Ну, на — еш!

АА. Чаму?..

XX. Каб гэтулькі не балбатаў.

АА. Кепска ты мяне зразумеў. Зрэшты, я з самага пачатку папярэдзіў цябе, што не скарыстаю тваёй шчодрасці... Я харчуюся памяркоўна, рацыянальна...

XX. Ну, раз не хочаш есці, усё роўна не балбачы. (Цягне руку па бляшанку.)

АА (бярэ ў рукі кансервы). Пачакай. Што гэта?

XX. Сечанае мяса. Экстра.

АА. Дзе ты гэта купіў?

XX. У краме.

АА. У якой краме?

XX. Звычайнай. Аддай назад.

АА (надзяе акуляры). Гэта харч сабакам.

XX. Як гэта — сабакам...

АА (чытае этыкетку). «Нон плюс ультра». Універсальны корм. Выключна свойскай жывёле. Смачны і спажыўны, прыгатаваны паводле рэцэпту, што выпрацаваны ў выніку працяглых лабараторных даследаванняў і ветэрынарнае практыкі. Ідэальна збалансаваная дыета, якая мае комплекс вітамінаў, пратэін, а таксама мінеральныя солі. Наяўнасць шкодных штучных кансервантаў выключаецца. Прадукт натуральны, натуральна пафарбаваны. Сытная і гігіенічная страва. Хоць і вельмі спажыўная, аднак не выклікае такіх пабочных з’яў, як атлусценне, нястраўнасць ці спад апетыту. Ідэальны прэзент твайму прыяцелю. Паспрабуй даць яму і пераканаешся, што твой сябар будзе табе яшчэ больш верны. Зрабі яму гэту прыемнасць і ўбачыш, які ён будзе ўдзячны табе. «Нон плюс ультра» — гэта радасць і шчасце тваім чатырохногім сябрам.

XX. Вось бачыш.

АА. Што — бачыш?

XX. Ну, бачыш, што пішуць, якое гэта добрае.

АА. Добрае — сабакам.

XX. Там пра сабак нічога не пішуць, а толькі пра сяброў.

АА. «Чатырохногія сябры» — гэта і значыць сабакі. Ды яшчэ — каты.

XX. Не можа быць.

АА. Чаму ж — не можа быць?

XX. Бо гэта ж мяса. А мяса хіба можна гатаваць сабакам?

АА. Усё правільна. Сабакі ж створаны як драпежныя жывёлы.

XX. Напэўна, штосьці тут наблыталі.

АА. Але тут на самым пачатку сцвярджаецца: «...Выключна свойскай жывёле»... А далей, памятаеш, той напамін пра ветэрынарную практыку. Гэта цябе не пераконвае?

XX. Пакажы. (Бярэ ў рукі бляшанку і аглядае яе з усіх бакоў. АА здымае акуляры, кладзе іх у кішэню халата.) Не, ўсё-такі я не веру табе.

АА. Хто з нас ведае замежныя мовы — ты ці я?

XX. Наўмысна так гаворыш, каб насаліць мне.

АА. Дык паглядзі, там і карцінка ёсць. На фоне ранішняй зары ўсміхаецца сабака. Гэта ж паказчык дабрабыту і задавальнення.

XX. Ну, дык і што з гэтага?

АА. Як гэта — што з гэтага? Гэты сабака такі задаволены якраз таму, што наеўся з гэтае бляшанкі. Нават непісьменныя могуць чытаць пісьмо малюнка.

XX. Карцінка як карцінка. Ці мала ўсялякіх карцінак?

У нас дома таксама была карцінка: на фоне сонца на паляне стаіць вельмі задаволены алень. I што з гэтага? Хіба гэта таксама азначала, што ён аб’еўся травой?

АА. Магчыма.

XX. Не, адна карцінка яшчэ нічога не значыць. Карцінка існуе дзеля таго, каб было прыгожа, дзеля аздобы. Таму гэтая ежа вельмі пікантная з карцінкаю.

АА. Хай сабе і так. Здагадваюся, што ты купіў гэты прадукт з меркаванняў яго цаны. Ты выбраў найтаннейшыя кансервы ва ўсёй краме.

XX. Гатунак жа адмысловы.

АА. Сабакам.

XX. Прыма ж!

АА. Канечне, сабакі, напэўна, вельмі задаволеныя гэтай штукай.

XX. А вось я буду есці яе!


Паўза.


АА. Хіба я забараняю табе?

XX. Ну, дык есці?

АА. Чаму ж не? Калі ты дагэтуль яшчэ не атруціўся. (Паўза.) Дык чаму ж не ясі?..


XX злосна шпурляе бляшанку ў куток. Сядзіць маркотна. Паўза.


XX. Бо я не сабака.

АА. Не?

XX. Не!

АА. Ну, табе лепш ведаць.


Паўза. XX устае, падымае з падлогі бляшанку.


XX. Ты... ты казаў, што гэта прыдатнае таксама і катам?

АА. Магчыма. Любімымі свойскімі жывёламі могуць быць і каты.

XX. Ты ўпэўнены?

АА. Упэўнены. Але якое гэта мае значэнне?..

XX. Бо калі гэта кацінае, дык мог бы есці і я, ну, а калі толькі сабакам, дык не. Ні ў якім разе! Хіба я сабака, каб есці нейкую сабачую ежу?!

АА. Вось ты сам сабе і адказаў цяпер.

XX. Але ты мне скажы, сам скажы мне: ці я сабака. Ну, хіба я сабака?!

АА. Не, ты не сабака. Ніводзін чалавек не належыць да гэтае пароды. Прынамсі, не павінен.

XX. Вось бачыш! Значыць, калі гэта катам, дык я таксама магу есці. Каты — гэта іншая рэч. Каты — гэта не сабакі. Дык, слухай, магу, га?

АА. Напэўна, можаш...

XX. Пэўна, магу?

АА. Ды можаш, можаш... (Раптам закрычаў.) А зрэшты, жары ўсё, што табе падабаецца! Мяне гэта не абыходзіць!

XX. Значыцца, магу. (Сабраўся адчыняць бляшанку сякераю.)

АА. Кінь гэта!

XX. Ты ж сам сказаў, што магу есці. (АА выцягвае з-пад ложка свой чамадан. Адмыкае яго ключыкам, дастае з чамадана бляшанку кансерваў. Засоўвае чамадан назад пад ложак, але ўжо не замыкае яго на ключык. Ставіць бляшанку на стол перад XX.) Для людзей?

АА. Для людзей.

XX. Вось гэта іншая справа. (Збіраецца адчыніць бляшанку. Над іх галовамі тупат вясёлай кампаніі, што ідзе па сходах. Гучныя галасы мужчын, жаночы смех. АА падыходзіць да адной з вертыкальных трубаў і прыстаўляе да яе вуха.)

АА. Ідуць вышэй. (Адыходзіць ад сцяны.) Нічога не ведаю горшага, чым жыць пад сходамі. Тут усё чуваць па трубах. Найцішэйшы гук, нават самы інтымны. Каналізацыйныя трубы, водаправодныя, трубы каларыфераў, трубы смеццеправода, вентылятары... Я тут чую, калі яны выходзяць і калі прыходзяць, калі кладуцца ў пасцель і калі ўстаюць. Чую, як наліваюць ваду і як спускаюць. Калі вентылююцца, спаражняюцца і размнажаюцца. Вось толькі не чуў яшчэ, як паміраюць.

XX (які тым часам адкрыў ужо кансервы і збіраецца есці. Павучальна.) Моцнае здароўе ў іх.

АА. Часам мне пачынае здавацца, што мы жывём у іх у жываце. Нібы мікробы. Паглядзі толькі на гэтыя трубы. хіба яны не нагадваюць табе флякаў?

XX. Трубы як трубы.

АА. А мне ўсё гэта нагадвае бэбахі. Жывём тут як дзве бактэрыі ў сярэдзіне нейкага арганізма. Два чужародныя целы. Паразіты альбо яшчэ штосьці горшае. Бо, магчыма, мы з табою нібы тыя дзве хваробныя бактэрыі? Фактары гніення ў здаровым арганізме. Бацылы, палачкі Коха, вірусы, ганакокі? Я — ганакок, я, хто заўсёды лічыў сябе каштоўнай клетачкаю найбольш развітога мазгавога рэчыва. Там, у нас, некалі... Высакародным нейронам, часцінкаю, што стаіць ужо на самай мяжы матэрыі і нават выходзіць за межы матэрыяльнага. А цяпер вось — ганакок. У нейкіх фляках ці кішках. Ганакок у кампаніі з прасцейшымі.

XX (падазрона). Ты гэта пра мяне гаворыш?

АА. Апрача таго, я не пераношу падвалаў! Ненавіджу. I ўвогуле — ніякіх падзямелляў. Падзямеллі кепска ўплываюць на мае нервы. На псіхіку. Мне патрэбны сонца, паветра, прастора. Я — чалавек-галава, а галаву трэба несці высока, каб яна нармальна функцыянавала. Будучы высокаразвітым звяном працэсу эвалюцыі, я ўжо не прыдатны для пячораў. Я заўсёды жыў на найвышэйшых паверхах, і перада мною былі шырокія гарызонты. З вокнаў. А тут нават акна няма.

XX. Яно і лепей. З вокнаў адны толькі скразнякі.

АА. Вакол толькі сцены, сцены, сцены!

XX. Затое цёпла, бо не дзьме.

АА. Падвальная духата.

XX. Ад гэтага яшчэ ніхто не паміраў, а ад свежага паветра можна і прастыць. Мой тата, святой памяці, жыў у сутарэнні, а пражыў доўгае жыццё.

АА. А ад чаго ён памёр?

XX. Ад свежага паветра. Вяртаўся п’яны дахаты і па дарозе замёрз.

АА. Значыць, ты спакойна можаш тут вытрываць?

XX. Чаму ж не? Зусім нармальная кватэра. I цёпла і танна...

АА. Ага, калі ўлічыць, што гэта я плачу кватэрныя. Дарэчы, учора я зноў заплаціў за два месяцы. За снежань і за лістапад. Ды яшчэ ты мне вінен за верасень і за кастрычнік. А ўсяго, такім чынам, за чатыры месяцы.

XX. У мяне няма нічога.

АА. Ты ж толькі-толькі атрымаў сваю выплату.

XX. Але ж у мяне няма грошай.


Зверху чуваць званок у дзверы, гучныя прывітанні, галасы, стук дзвярэй.


АА. Не разумею, што ты робіш з грашыма. Ты ж павінен зарабляць, прынамсі, столькі, колькі ў сярэднім зарабляе ў гэтай краіне любы замежны рабочы. Аднак ты зарабляеш у паўтара раза больш, таму што працуеш удвая больш за іх. Значыць, нават калі цябе і аблічваюць, усё роўна ты маеш зарплату з надбаўкаю. У дадатак да ўсяго гэтага табе належыць прэмія за працу, вельмі шкодную для здароўя. Калі ты атрымліваеш нават палову гэтае прэміі, дык і тады твае заробкі вышэйшыя за сярэдні. Ва ўсякім разе — не найгоршыя. Затое туляешся ў такой паганай нары, што не ўявіць. А жывучы разам са мною, плаціш толькі палову кватэрных, і так мінімальных. Аднак нават і гэтага не плаціш, а калі я напамінаю табе пра доўг, ты кожны раз кажаш, што ў цябе няма грошай.

XX. Затое ў цябе ёсць.

АА. Што ты сказаў?

XX. Ты заўсёды пры грашах.


Паўза.


АА (абыякава, холадна). Ці ты думаеш, што кажаш?

XX. А што, няма?

АА. Ты хоць разумееш, што я, нарэшце, магу страціць цярплівасць?

XX. Вельмі проста: калі плаціш, значыць, маеш.

АА. Ці ты яшчэ не зразумеў, што маё цярпенне ўжо скончылася?

XX (занепакоены). Калі?

АА. Толькі што. (Нацягвае штаны.)

XX (перастае есці). Апранаешся? (АА здымае халат і надзявае пінжак.) Куды ты пойдзеш?

АА. Выбіраюся адсюль.

XX (з палёгкаю). Іііі, не першы ўжо раз. (Спакойна пачынае есці.)

АА (завязвае на шыі перад люстэркам шалік). Дагэтуль мне шкада было цябе, але цяпер ты перабраў усякую меру. Да звычайнай несумленнасці ты дадаў яшчэ нахабства. Гэта ўжо занадта. Сапраўды дзівуюся, як я мог так доўга трываць цябе. Як я мог цярпець твае грубыя манеры, твой эгаізм, тваю неахайнасць... Ты мяне раздражняеш нават тады, калі спіш. Твой храп выклікае бяссонніцу, а атручанае табою паветра — галаўны боль. Раней я шкадаваў цябе, але цяпер нават гэта не ўтрымае мяне тут — няма ў мяне жалю да цябе. Хопіць з мяне тваёй кампанн. Так, усяго гэтага мне досыць, па горла і нават больш. Вось так! Я пакідаю цябе.

XX. Ключ будзе пад дзвярыма.

АА. Ты нешта сказаў?

XX. Кажу, што ключ будзе пад дзвярыма. Калі позна вернешся...

АА. Я з табою не размаўляю. (Апранае паліто. Спыняецца каля XX і звяртаецца непасрэдна да яго, зашпільваючы паліто.) Я бачу, ты думаеш, што я яшчэ вярнуся? (XX не адказвае. Ён засяроджана жуе, не звяртаючы ўвагі на АА. Не дачакаўшыся адказу, АА сцепануў плячыма і пайшоў да дзвярэй. Кладзе руку на клямку.)

XX. Чаравікі.

АА. Што?

XX. Ты забыўся надзець чаравікі. Хіба выйдзеш на вуліцу ў адных шкарпэтках.

АА. Мне не патрэбны твае парады. (Вяртаецца ад дзвярэй, надзявае чаравікі, ідзе назад да дзвярэй. Зноў кладзе руку на клямку. Паўза.) А на якой гэта падставе, растлумач, калі ласка, ты вырашыў, што я яшчэ вярнуся сюды?..

АА. Ну, і што з таго?

XX. Дык кожнаму зразумела. Калі б збіраўся сапраўды выязджаць, вядома, сабраў бы і чамадан.

АА. Захапляюся тваёй кемлівасцю. Але ты памыляешся. Я не бяру з сабою нічога.

XX. Вось я і кажу, што не выязджаеш.

АА. Ты так думаеш? А вось я выязджаю і нічога не бяру. Сапраўды еду, але нічога з сабою не забіраю. Не вазьму нічога. Хоць адыходжу, але ж не бяру. Іду, не забіраючы. Зразумеў ты цяпер?

XX. А бялізна, пасцель, адзенне?

АА. ...Кнігі, рукапісы, фатаграфіі. Можаш узяць гэта сабе.

XX. Пакінуў бы і іх?

АА. Ты добра ведаеш, што ўсякія лахманы, усякая старызна ў мяне не маюць ніякага значэння. Магу абысціся і без іх. Я ўжо з таго пакалення, якое ідзе на змену грамадству спажывання, тым часам як ты ўсё яшчэ на стадыі натуральнага абмену маністамі і абчэсаным крэменем. А што да маіх папер... Зрэшты, хопіць пра гэта.

XX. Дык пакінеш? Усё пакінеш?!

АА. Ну, можа, і не ўсё. Калі сур’ёзна, дык з радасцю ўзяў бы якую-небудзь драбязу на памяць... Не, не ўсё. Вазьму адну якую-небудзь рэч, толькі адну, маленькую, нічога не вартую. (Робіць выгляд, што задумаўся.) Зараз... Што б тут такога... Ага, знайшоў. (Падыходзіць да левага ложка, бярэ ляльку — сабаку Плута.)

XX. Не! (Кідаецца да АА.)

АА. Чаму? Гэта нявінная цацка будзе нагадваць мне праведзеныя з табою дні. Супакоіць маю настальгію...

XX. Аддай мне гэта!

АА. Ты несправядлівы. Я пакідаю табе ўсю сваю маёмасць, а ўзамен хацеў бы пакінуць гэты маленькі сувенір, а ты...

XX. Вярні мне гэта!

АА. Пойдзем адсюль, мой сабачка, гэты пан несправядлівы. Гэты пан брыдкі, ён нас не любіць.

XX. Аддасі ці не?

АА. Нельга нам тут заставацца. Пойдзем з табою далёка-далёка... (XX спрабуе вырваць у яго талісман, але АА выкруціўся і забег за стол. Яны ганяюцца адзін за адным вакол стала.) Гаў-гаў! Паглядзі толькі, як гэты пан злуе. Гаў-гаў-гаў-гаў! (Імітуе сабачы брэх. Гоны працягваюцца.) А нас не зловяць, не зловяць! (У той момант, калі XX апынуўся з левага боку стала, а АА — з правага, XX ускаквае на стол і хапае АА за горла. Але ў яго ў руках застаецца толькі шалік. АА адбягае ўбок, але спатыкаецца аб крэсла і падае разам з ім на падлогу. XX кідаецца на яго. АА выцягвае над галавою руку з цацкаю-талісманам, XX намагаецца дастаць сабаку Плута. АА перакладае яго ў другую руку і раптам адкідае далёка ад сябе. Абодва зрываюцца са сваіх месцаў і, нібы два рэгбісты, бягуць за мячом. Сутыкнуліся адзін з адным над цацкаю. У гэты час з крана, які быў адкручаны, пачынае ліцца вада.) Вада! (АА пакідае партнёра, які прагна прыціскае сабаку Плута да грудзей, падыходзіць да ракавіны і закручвае кран.) Нарэшце! Вось цяпер можна будзе зрабіць прыстойную гарбату. (Бярэ са стала чайнік, напаўняе яго вадою з крана, заходзіць за шырму. XX не спускае з яго вачэй. Ён па-ранейшаму кленчыць у абарончай пазіцыі, прыціскаючы да сябе сабаку Плута. АА выходзіць з-за шырмы.) Што ты робіш тут дагэтуль... Молішся, ці што... (Здымае паліто, вешае яго на цвік.) Ну, хопіць ужо. Устань жа нарэшце.

XX. Што, застаешся?

АА. Толькі дзеля гарбаты. Дзе можна яшчэ напіцца добрае гарбаты, як не ў сябе дома. Эх, дом, дом...


XX падымаецца з каленяў і хавае свой талісман пад падушку, значыць, на ложку з правага боку. Садзіцца на ложак. АА бярэ з падлогі шалік і вешае на спінку левага крэсла, падымае перакуленае правае крэсла.


XX. Вярну табе, як толькі будуць у мяне.

АА. Ах, ты ўсё яшчэ пра кватэрную плату?

XX. Даю слова гонару.

АА. Драбяза, няма пра што й гаварыць.

XX. У наступным месяцы.

АА. Не гарыць.

XX. Ну, дык праз тыдзень.

АА. Не перажывай так з-за гэтага, прашу цябе.

XX. Альбо паслязаўтра.

АА. Ого!

XX. Хочаш вярну паслязаўтра?.. Нават заўтра... Ну, хочаш заўтра?

АА. Павер, што гэта не мае ніякага значэння. Паміж сябрамі...

XX. Цяпер я не магу, даю слова гонару.

АА. У-у-х! Як прыемна вярнуцца ў свой кут... (Збіраецца зняць пінжак. XX падбягае і паслужліва дапамагае яму.) Вельмі ўдзячны табе.

XX. Павесіць?

АА. Не, не варта. Можа заставацца на крэсле. (Зручна садзіцца на крэсла, што справа. XX вешае пінжак на спінку крэсла за яго спінаю.) Затое, ведаеш што, каб ты быў такі ласкавы... Мяне раздражняе гэтае святло. I ўжо даўно, але я не адважваўся сказаць табе пра гэта. Бо раз цябе не раздражняе... Праўду кажучы, гэтая голая лямпачка — нейкі жах. Прабач, што, можа, зневажаю твой любімы інтэр’ер. Ці не змог бы ты змайстраваць штосьці накшталт абажура? Скажам, з паперы альбо з нечага іншага... Я дык ніколі не вызначаўся такой кемлівасцю...

XX. Ды зробім.

АА. Выдатна, ты сапраўдны скарб. Там, каля майго ложка, ляжаць ілюстраваныя часопісы. Можаш скарыстаць іх. Хіба што аддаеш перавагу газетнай паперы.

XX (бярэ адзін з часопісаў, што ляжаць каля левага ложка). Добра было б ножны.

АА. Там, на паліцы недзе. (XX бярэ з паліцы над ракавінай ножны. Залазіць на стол. Разгортвае часопіс і дапасоўвае яго да лямпачкі. АА назірае за ім, засланіўшы вочы далоняю.) Цябе святло не раздражняе?

XX. Што?

АА. Я пытаю, ці можаш ты глядзець на лямпачку без непрыемнага адчування, што слепнеш?

XX. На лямпачку?

АА. Але, на гэта святло... Не рэжа вочы?

XX. Не.

АА. А вочы не слязяцца?

XX. Не.

АА. I павекі не шчыпле? I не бачыш перад вачыма такіх... чорных плям? Ну, такіх, што лятаюць?


Паўза.


XX. Не.

АА (залазіць на стол. Так, як робіць акуліст, адцягвае павека XX). Другое. (Зазірае ў другое века.) Неверагодна. (АА злазіць са стала. XX далей завіхаецца з лямпачкай. АА ходзіць па пакоі.) А зрэшты, нічога тут дзіўнага і няма. Вядома, што адхіленні ад нормы могуць быць і вельмі значныя. Як у бок празмернай адчувальнасці, так і амаль поўнай індыферэнтнасці. Таксама, як і хуткасць перадачы рэфлексаў. Ад нервовых заканчэнняў да мазгавых цэнтраў. Усё гэта залежыць ад канкрэтнай асобы. (Раптам спыняецца.) Цябе калі-небудзь дапытвалі?

XX. Як...

АА (востра, груба). У паліцыі.

XX. За што!

АА. Я не пытаю, за што, мяне толькі цікавіць, ці дапытвалі цябе калі. Ці быў ты калі-небудзь пад следствам?

XX. Не.

АА (зноў звычайным тонам). Шкада. Ты быў бы дасканалым матэрыялам, вядома, не з пункту гледжання паліцыі, з тваёй неадчувальнасцю ты змог бы выцерпець тое, чаго іншыя не вынесуць. Шкада, вельмі шкада. А мог бы стаць знакамітым палітычным вязнем.

XX. Я ў палітыку...

АА. Так, ведаю, добра ведаю: ты ў палітыку не лезеш. Ты ж гэта хацеў сказаць, праўда? Але хіба я не маю права марыць? (XX зацікавіўся нейкай рэкламаю ў часопісе, слініць палец, перагортвае старонку, разглядае.) Што за вока? З цябе не лёгка было б выцягваць прызнанне. Гэта значыць... Калі б табе было што сказаць... Цяжка нават падумаць, што такі талент марнее. Але, што зробіш, так ужо свет пабудаваны. Хто не павінен гаварыць — гаворыць, хто мог бы гаварыць, той проста і не мае чаго сказаць.

XX. Можна мне выразаць вось гэта?

АА. Што?

XX. Вось гэтую каляровую карцінку.

АА. Мне здаецца, што ты мяне і не слухаў.

XX (паказваючы нейкую каляровую рэкламу). Я б выразаў толькі вось гэта...

АА. О Божа! Можа, маіх продкаў... I тваіх. Але, праўда, часам я пытаюся ў сябе, ці сапраўды яны мелі агульнага Бога.

XX. Дык я выражу.


Злазіць са стала і садзіцца на крэсла з правага боку, тварам да залы. Выразае карцінку. Зверху чуецца музыка.


АА (хапаецца за галаву, затыкае вушы). Толькі гэтага яшчэ не хапала! (Глядзіць на гадзіннік.) Чацвёртая? Не можа быць. (Прыкладае гадзіннік да вуха.) Сапраўды, спыніўся. Паслухай, колькі цяпер можа быць часу?

XX. Пэўна, каля дзевяці.

АА. Значыць, яны толькі цяпер пачынаюць. Такім чынам, у перспектыве ў нас мінімум восем гадзін забавы. Іх забавы.

XX. Можа, яшчэ перастануць.

АА. Не, сёння не перастануць, будуць весяліцца да ранку. Сёння ж Новы год. (XX перастае выразаць, падымае вочы і замірае, гледзячы перад сабою. 3-за шырмы чуецца свісток.) Ага, вада закіпела. (Выходзіць за шырму, вяртаецца з чайнікам. Садзіцца на ранейшае месца, налівае ў кубак кіпетню з чайніка, кладзе пакецік з чаем. XX бязвольна апускае рукі, у адной руцэ ножны, у другой — часопіс. Музыка зверху сціхае. АА дастае з кубка пакецік з чаем, салодзіць, размешвае. З рук XX выпадаюць ножны і часопіс, ён павольна ўстае з крэсла і як аўтамат ідзе да свайго ложка, направа. Кладзецца дагары і глядзіць у столь. АА перастае размешваць чай і пачынае назіраць за XX.) Што з табою?.. Табе кепска? (Зноў мяшае чай, хутка перастае.) Ты захварэў? (XX не рэагуе. АА ўстае і падыходзіць да яго.) Эй!.. Адгукніся ж нарэшце! (Тузае яго за руку. XX адварочваецца тварам да сцяны, спінаю да АА. АА бездапаможна азіраецца вакол, падымае з падлогі ножны і часопіс і вяртаецца да XX.) Паслухай, дык ты ж не скончыў... Ну на, выразай сабе... выразай, выразай, я ж табе не забараняю... Выразай сабе ўсё, што хочаш: халадзільнікі, аўтамабілі, лакаматывы, матацыклы, маторкі, аспіратары, транзістары, тэлевізары, экстэнзары... тэлефоны, патэфоны... Гэта недарэчна, але я не забараняю, выразай сабе, калі гэта табе прыемна. Я зусім не супраць, чуеш?.. Ты што, пакрыўдзіўся?.. (Садзіцца на ложак.) Калі хочаш, дык я табе выражу... Я сам табе выражу, хочаш? (Канчае выразаць каляровую рэкламу з часопіса, кладзе ножны на падлогу.) Вось і гатова!.. Ты толькі паглядзі. Прыгожа, праўда? (Аддаляе ад сябе выцінанку на адлегласць выцягнутай рукі, гідліва разглядае яе.) Ну, паглядзі... (Са злосцю.) Дык зірні ж ты хаця. Навошта ж ты выразаў!.. (XX не адказвае.) Неўрастэнік. (Камечыць выцінанку і шпурляе яе ўжо ў выглядзе папяровага шарыка ў куток. Хвіліну бездапаможна сядзіць. З труб даносіцца «Штыле Нахт, хайлігэ Нахт»[3] у выкананні дзіцячага хору. XX раптоўна накрывае сваю галаву падушкай.) А-а-а... Вось у чым справа. (АА ўстае, разглядае пакой, задумваецца. Пасля прымае рашэнне. Збірае ўсё, што знаходзіцца на стале, разам з газетамі, якімі накрыты стол. Усё гэта пераносіць са стала на падлогу да сцяны. Гарбату з кубка вылівае ў ракавіну. Здымае навалачку са сваёй падушкі, выварочвае яе і, як абрусам, засцілае ёю стол. Дастае са свайго чамадана бутэльку каньяку, ставіць яе на стол. Побач з бутэлькай кладзе пачак цыгарэт, які толькі што быў пад падушкай. Мые кубкі над ракавінаю, ставіць іх побач з бутэлькай. Надзявае пінжак. У гэты час сціхае музыка.) Гатова. Эй, прачніся, гатова!

XX (высунуўшы галаву з-пад падушкі). Ну, што там у цябе?

АА (урачыста). Новы год!


XX зноў накрывае галаву падушкаю. АА сцягвае з яго падушку.


XX. Адчапіся ад мяне.

АА. I не падумаю. Сам піць не буду.

XX (абараняючыся). Я не хачу гарбаты.

АА. А хто табе прапануе гарбаты? У нас ёсць штосьці лепшае, як і патрэбна дзеля такога свята.

XX (заўважае бутэльку і садзіцца на ложку). Дзе ты такое дастаў?..

АА. Гэта не мае значэння, я стаўлю, надзявай пінжак.

XX. Навошта...

АА. А таму, што сёння свята, свята... Хіба гэта да цябе не дайшло? Баль, урачыстасць, свяшчэннадзейства, абрад, звычай, рытуал! Развітанне са Старым годам і сустрэча Новага, новая эра, новае жыццё, усё новае. Алілуя! Ты ж не будзеш сядзець у кашулі на такім адмысловым прыёме. Давай! Уставай! Варушыся! Весяліся!.. (Прымушае XX устаць з ложка. Вядзе яго да стала. Здымае з правага крэсла пінжак і падае яго XX.) Падцягні гальштук! Зашпіліся, прычашыся, ты ж, думаю, не хочаш, каб Новы год званітаваў ад аднаго твайго выгляду?

XX. Сам вунь без гальштука.

АА. Я?.. Сапраўды.

XX. Ну?

АА. Але я — іншая справа. Я ніколі не нашу гальштука, гэта не мой стыль. (XX здымае пінжак, аддае яго АА і ідзе да ложка.) Пачакай! (XX зноў кладзецца на ложак.) Ці я таксама павінен завязаць гальштук? Абавязкова?

XX. Як свята, дык свята.


АА ідзе да свайго ложка, вешаючы па дарозе пінжак на правае крэсла. Выцягвае з-пад ложка свой чамадан, дастае з яго гальштук. XX сочыць за ім, пасля ўстае з ложка і садзіцца на правае крэсла. Дастае з кішэні насоўку і чысціць ёю туфлі.


АА (павязаўшы гальштук). Цяпер добра?

XX (прыглядаецца). Ты даўно галіўся апошні раз?

АА. Не памятаю.

XX. Гэта і відно. А мог бы і пагаліцца.

АА. Няўжо ты будзеш патрабаваць, каб я цяпер галіўся!

XX. Калі я мог, дык і ты зможаш.

АА. Гэта забабоны. Цяпер ужо ніхто не голіцца.

XX. А я ж пагаліўся.

АА. Правінцыйны звычай. У наш час ужо не трэба галіцца.

XX. Кожны дзень не трэба, але на свята трэба.

АА. Добра, я пагалюся. Але з адной умовай.

XX. З якой?..

АА. Калі ты памяняеш шкарпэткі.

XX (са здзіўленнем аглядае свае ногі ў дзіравых шкарпэтках). Навошта, яны яшчэ зусім чыстыя...

АА. Альбо — альбо.

XX. Як абую туфлі, дык іх не будзе відаць.

АА. Гэта мой ультыматум.

XX. Ну добра, добра. (Выцягвае з-пад свайго ложка фанерны чамадан, дастае з яго пару шкарпэтак. Здымае старыя шкарпэткі і кладзе іх у чамадан. Надзявае другія, не менш дзіравыя, чым старыя. Вяртаецца да крэсла і абувае туфлі. Тым часам АА здымае пінжак і вешае яго на левае крэсла. Становіцца перад люстрам і пачынае галіцца. XX, чакаючы, пакуль АА паголіцца, сядзіць бяздзейна. Сочыць за АА. Уздыхае.) Хутчэй бы вясна.

АА. Чаму?

XX. Бо я чуў, што вясною некаторыя ходзяць без трусоў.

АА. Ты зноў за сваё?

XX. Калі сапраўды... Мы цяпер капаем канавы... Пракладаем каналізацыю.

АА. Не бачу ніякай сувязі.

XX. Не бачыш? А як каторая ідзе паверсе, дык знізу і відаць.

АА. Забавы пралетарыяту.

XX. Мы цяпер робім на добрай дзялянцы. А то, калі капалі на прадмесці, дык, лічы, дарма. Рух невялікі, бабы — адна брыдота альбо старыя. А цяпер трапляюцца элегантныя, у футрах... Адзін з нас заўсёды сочыць і, як убачыць, што набліжаецца такая, адразу падае знак. Найлепш, калі капаем перад універмагам, каля дамскага аддзела. Альбо каля дамскага цырульніка. Адзін раз, памятаю, мы цягнулі кабель перад нейкім першакласным рэстаранам, самы раз адпаведная глыбіня была, з паўтара метра. О, то было добрае месца. Але і зараз нічога. Прыйдзі калі-небудзь...

АА. Дзякуй, У мяне ёсць іншыя магчымасці.

XX. Горш за ўсё было, калі рабілі каля казармаў. Два тыдні — адны салдаты.

АА. А твая жонка да цырульніка ходзіць?

XX. О, наконт гэтага, дык не.

АА. Ну, а ў рэстаран?

XX. Што ты! У нас страву гатуюць заўсёды дома.

АА. Няўжо ў краму не ходзіць?

XX. Чаму ж не? Ходзіць. (Паўза.) Але ў нашым мястэчку няма каналізацыі.

АА. Затое ёсць казармы.

XX. Ёсць. Адкуль ты ведаеш, што ёсць?

АА. Пра гэта няцяжка здагадацца. У нас усюды ёсць казармы. Дык, можа, яна ходзіць паўз казармы?

XX. Хто?

АА. Твая жонка.


Паўза.


XX. Што ты гэтым хомаш сказаць...

АА. Нічога. Я скончыў. (Выцірае ручніком твар.) Просім да стала!


XX устае, абодва надзяваюць пінжакі, стоячы тварамі адзін да аднаго. АА з левага боку стала, XX — з правага. Потым адначасна садзяцца. АА адкаркоўвае бутэльку і налівае.


XX. А ты быў жанаты?

АА. Два разы.

XX. Як гэта разумець?

АА. Развёўся. Ну, за наша халасцяцкае!

XX. А дзеці?

АА. Якія дзеці... А, дзеці. Не, няма дзяцей.

XX. Навошта ж тады жаніўся?

АА. Як гэта «навошта»? А каханне, а душэўная блізкасць. А зрэшты, адкуль я ведаю. Ну, выпі.

XX. Будзь здароў. (Выпіваюць. АА бярэ цыгарэту і падсоўвае пачак XX, той таксама бярэ цыгарэту. АА шукае па кішэнях запалкі. XX дастае з правай кішэні карабок, совае яго назад, дастае з левай кішэні другі карабок, дае прыкурыць АА і сам таксама прыкурвае. Хавае запалкі ў левую кішэню. Абодва зацягваюцца. Паўза.) Скажы, ты чаго, зрэшты, уцёк?

АА (спахапіўшыся). Што?

XX. Чаму ты са сваёй краіны ўцёк? Хіба табе кепска там было? Меў жонак, добрую кватэру, у сталіцы... А што тут?

АА. Уцякаюць не да чаго, а ад чаго.

XX. Гэта праўда. Але ж там табе было лепей, чым тут.

АА. Неяк я пайшоў у парк. Там на алейцы гулялі дзеці. За кустом бэзу я прыкмеціў хлопчыка, крыху старэйшага за іх. Ён падымаў з зямлі каменьчыкі і кідаў імі ў дзяцей, кожны раз зноў хаваючыся за куст. Яго твар так і свяціўся ўсмешкай: ён у захапленні быў ад самога сябе. Ладна скроены, моцны... Кідаў і хаваўся, кідаў і хаваўся, кідаў і хаваўся...


Паўза.


XX. У якім ён быў узросце?

АА. Прыкладна гадоў дзесяць-дванаццаць...

XX (расчулена). Як майму.

АА. Гэта было шэсць гадоў таму назад.

XX. Майму старэйшаму цяпер ужо чатырнаццаць.

АА. Сапраўды, гэта мог быць і твой сын.


Паўза.


XX. Ну і што было далей?

АА. А нічога. Гэта ўжо канец.

XX. Ха-ха, а цяпер скажы мне праўду.

АА. Гэта праўда.

XX. Ты ж не скажаш, што за мяжу ўцякаюць толькі таму, што нейкі гаўнюк у парку кідаецца каменьчыкамі. Да таго ж не ў цябе. Мне мог бы сказаць як брату.

АА. Ну, тады скажу... Таму, што ў мяне заўсёды былі праблемы з дыкцыяй. Напрыклад, слова неантаганістычны. Яно мне занадта цяжкае. Ніколі я не мог вымавіць яго правільна.

XX. Ты не мог вымавіць? Дык ты ж вучоны.

АА. Ну, тады, магчыма, справа тут не так у дыкцыі, як у інтанацыі. У адпаведным тоне. Я ж немузыкальны.

XX (зніжаючы голас, канфідэнцыяльна). Ты палітычны?

АА. Можна сказаць і так. (XX падымаецца з-за стала.) А што, хіба ты не здагадваўся? (XX ідзе да дзвярэй, спыняецца і стаіць спінаю да АА.)

XX. І ты толькі цяпер мне кажаш?

АА. Я думаў, што гэта было зразумела з самага пачатку.


XX асцярожна адчыняе дзверы, выглядае праз шчыліну, вяртаецца да стала.


XX. Дык ты ў чорным спісе?

АА. Верагодна, так. (XX стаіць у нерашучасці.) Чаму ты стаіш?..

XX (садзіцца). Які я быў дурань. (Стукае сябе кулаком у лоб.) Хаця мне адразу штосьці падалося падазроным. Нічога не робіць, на працу не ходзіць, толькі ляжыць на ложку і чытае. Беларучка, інтэлігент.

АА. Адкуль ты ведаеш, што я нічога не раблю. Ты думаеш, што праца гэта толькі капанне канаў?

XX. Ну, і як жа ты працуеш, лежачы на ложку?

АА. Думаю.

XX (нецярпліва, здзекліва). А-а-а!.. I пра што?

АА. Між іншым і пра цябе. Думаю, напрыклад, ці мог бы ты мяне задэнунцыяваць[4].

XX. За... задэ...

АА. Гэта значыць данесці на мяне. Не цяпер, вядома, і не тут. А там, у нас...

XX. Дык мы тады не ведалі адзін аднаго.

АА. А ты лічыш, што даносіць можна толькі на знаёмых ці сяброў? Ну, напрыклад, ты сядзіш у турме, а я прыходжу да цябе і прапаную табе ўцёкі. Альбо яшчэ лепш: знаёмлю цябе з планам ліквідацыі турмы. Ці паклікаў бы ты тады турэмшчыкаў, прадаў бы мяне ім?

XX. У якой гэта турме?

АА. У такой, дзе табе адносна някепска жывецца. Можа, нават лепш, чым на волі. Дзе ты не галодны і дзе табе не холадна.

XX. Пра такую турму я яшчэ і не чуў.

АА. Але дзе табе нельга толькі аднаго: нельга ўжываць слоў на літару Т. Усе словы, што пачынаюцца на літару Т,— забаронена табе і вымаўляць, і пісаць.

XX. Чаму?

АА. Каб нельга было ні напісаць, ні вымавіць слова «турма».

XX. Хіба гэта турма?

АА. Ну, а калі б я табе запрапанаваў...

XX (падхапіўся). Чаго ты ад мяне хочаш!

АА. Я ж табе нічога не прапаную. Я толькі разважаю, што было б, каб я сапраўды запрапанаваў табе...

XX. У мяне ёсць жонка і дзеці!

АА. А я маю... я маю... што я, уласна кажучы, маю... Ну, скажам, я маю свае дарагія, любыя словы, словы на ўсе літары алфавіта. Не, я табе нічога не прапаную, ні на што цябе не намаўляю. Я толькі як максімум магу сабе прапанаваць... Э, не, нават гэтага не магу. Няўжо ты мяне героем лічыш?

XX. Усё можа быць.

АА. Мне прыемна гэта чуць, але мушу цябе супакоіць: я ніякі не герой. Сядай і выпі са мною. З майго боку табе нічога не пагражае. (XX садзіцца. АА налівае.) Ну, за здароўе здаровага розуму, калі можна так сказаць. Хаця здароўя ніколі не бывае замнога. Значыць, здароўя і поспехаў! I нічога не бойся. Я ж усяго толькі ануча. Звычайны баязлівец. А можа, нават нармальная, звычайная людская свіння. Ну, выпі, тут усе свае. (XX адстаўляе кубак.) Чаму ты не п’еш? (XX маўчыць.) Разумею. Цяпер ты падумаў, што я правакатар, так?

XX. Ды не.

АА. Не адпірайся. Я сказаў, што я свіння, і ты адразу падумаў, што, значыць, я правакатар. Хіба не так? (XX маўчыць, АА падымае кубак.) Дык мы вып’ем? (XX не рэагуе.) О-хо-хо... Увага, увага... Бо калі верны слуга твайго законнага ўрада выклікае ў цябе агіду... Што тады можна сказаць пра тваю лаяльнасць? Га? Кепска, вельмі кепска, мой даражэнькі. А калі я сапраўды правакатар?

XX. Я гэтага не казаў.

АА. Затое падумаў. Дык чаму ж не сказаць гэтага ўголас? Што тут дрэннага? Хіба лаяльнаму грамадзяніну не прыстойна выпіць з дзяржаўным чыноўнікам на карыснай, хоць і тайнай, службе? (XX маўчыць. Паўза.) А-а, я пачынаю цябе разумець, можа, ты маеш рацыю. Бо калі мая місія тайная, дык ты, як лаяльны грамадзянін, не павінен прызнавацца, што ведаеш пра маю місію. Правільна, лаяльны грамадзянін хутчэй за ўсё будзе рабіць выгляд, што ні пра што і не здагадваецца. Брава! Ты мусіш мне нават спрыяць у выкананні майго задання, можа, там трохі паблюзнерыць супраць дзяржавы? Ну, якія-небудзь, скажам, нязначныя антыдзяржаўныя намыслы... Так? Ды ты не бянтэжся так пры мне. У кампаніі правакатара лаяльны грамадзянін не павінен быць празмерна лаяльным, менавіта таму, каб выказаць сваю лаяльнасць.

XX. Я цябе не разумею.

АА. Гэта не мае значэння. Ва ўсякім разе я абуджаю тваю кемлівасць, выпі са мною, каб засведчыць гэтым, што ты падтрымліваеш уладу. Не забывай, што я магу напісаць на цябе данос. I сапраўды, бо я і ёсць правакатар.

XX. Я не буду з табою піць.

АА. Эй, асцярожней, я прадстаўляю дзяржаву і ўрад.

XX. Не таму.

АА. Тады чаму?

XX. Ты сказаў, што ты свіння.

АА. Сапраўды я так сказаў.

XX. Менавіта так.

АА. Ага! Ты не хочаш піць са свіннёю?

XX. Чаму не? Са свіннёю я магу выпіць. Але ж ты сказаў, што тут усе свае. Гэта значыць, што я таксама свіння.

АА. А што, хіба ты не свіння?

XX. Не.

АА. Значыць, лічыш сябе лепшым за мяне?

XX. Не, не тое. Але чаму я павінен быць свіннёй, га? Што я такога зрабіў, што ты гэтак мяне назваў? Ну, што? Чаму ты мяне так абражаеш, ну, скажы, чаму?.. (АА маўчыць.) «Усе свае», вышукаў сваяцтва... (АА маўчыць.) Калі не ведаеш, дык і не кажы, не абражай. Без прычыны не абражаюць. Нізавошта не абражаюць. Нельга абражаць чалавека.


Паўза.


АА. Ну, скажам, я крыху перабольшыў. Не такая ўжо я і свіння. Занесла мяне Бог ведае чаму.

XX. О, гэта зусім іншае. Дык ты, значыць, не свіння?

АА. Ну, можа, не зусім.

XX (радасна). Значыць, можам выпіць?!

АА. Не бачу ніякіх перашкод.

XX (з палёгкаю). Ну, дык вып’ем.

АА. За згоду.

XX. За згоду. (Чокаюцца кубкамі і выпіваюць.)

АА. Але, з другога боку, ведаеш, цікава: чаму з нас дваіх толькі я, умоўна, вядома, мог бы быць правакатарам.

XX. Ды перастань ужо з гэтым.

АА. Значыць... што хутчэй за ўсё падазрэнне можа ўпасці на мяне, а не на цябе. Мне б ніколі не прыйшло ў галаву, каб цябе ў гэтым падазраваць.

XX. Ды супакойся ты, нарэшце!

АА. Добра. Я не надта зацікаўлены ў паглыбленні гэтай тэмы.

XX. Да поўначы яшчэ доўга?

АА. Не ведаю. Мой гадзіннік стаіць.

XX. Можа, каго-небудзь запытаць.

АА. Тыя, зверху, п’юць шампанскае. Мы, напэўна, пачуем, як апоўначы выстраляць коркі. З’арыентуемся.

XX. А дома мяне чакаюць. Як штогод. Дзеці вочы праглядзелі, спадзяюцца, што прыеду... А мяне зноў няма. Эх, доля...

АА. А чаму ж ты не паехаў праведаць іх? Табе можна, ты не палітычны. Мог бы і з’ездзіць дадому ў водпуск.

XX. Які водпуск, я не маю ніякіх водпускаў.

АА. Мог бы папрасіць.

XX. Барані Божа! Хіба я тут дзеля таго, каб ездзіць на вакацыі? Я тут дзеля заробку. У мяне будзе водпуск, калі вярнуся. Цэлы тыдзень. Лягу ў садзе на плед і буду сабе спаць. Пальцам не варухну. Расплюшчу адно вока, пагляджу, ці ёсць яшчэ неба над намі, і зноў — спаць. А баба будзе мне толькі яду падносіць. А пасля...

АА. I што ж «пасля»?

XX. Пасля ўстану і адзенуся элегантна. Ва ўсё толькі замежнае.

АА. А навошта?

XX. Як гэта «навошта», бо будуць мае імяніны.

АА. Твае імяніны?

XX. Так, гэта будзе якраз у маі. Усё мястэчка запросім. Ну, можа, і не ўсё. Тых некалькі чалавек, якіх я не люблю — не запросім. Каб пашкадавалі. Заколем парсюка ці зарэжам цяля альбо карову... Накупім гарэлкі... Каб усім хапіла. Нават каб яшчэ і засталося... Няхай балююць, няхай цешацца, няхай бачаць, што гаспадар з-за мяжы прыехаў. А тое дабро, што тут накуплю і туды прывязу, будзе выстаўлена ў сенцах, каб кожны бачыў. Але мацаць не дазволю. Нельга. Толькі глядзець. Швагра пастаўлю, каб пільнаваў. Хоць, можа, лепей і не швагра — ён таксама ненадзейны.

АА. Можна сабаку паставіць.

XX. Сабаку?

АА. Прывязаць злоснага сабаку, каб не даў нікому падысці. Сабака ж не ўкрадзе.

XX. Добрая думка. А пасля будзем гуляць тры дні.

АА. О, у гэтым я не сумняваюся.

XX. А калі скончыцца гулянне, ведаеш, што я зраблю?

АА. Прыбярэш пасля гасцей.

XX. Да д’ябла гасцей. Зрэшты, цешча прыбярэ. Я — пачну будаваць дом.

АА. Няўжо?

XX. Так! Прыгожы мураваны дом. Двухпавярховы, з цэнтральным ацяпленнем.

АА. Ты жартуеш.

XX. Самы прыгожы дом у наваколлі. За мае грошы.

АА. I колькі будзе доўжыцца будаўніцтва?

XX. Ого-го-го, добрых пару гадоў. А як скончу, пераедзем ад яе бацькоў і зажывём у сябе. У сваім уласным доме. Ну, і што ты на гэта скажаш?

АА. Выдатныя планы. (Устае з крэсла, падымае кубак.) Ну, дык за дом.

XX. За дом!


Яны зводзяць свае кубкі. Рука, у якой XX трымае кубак, пачынае дрыжаць.


АА. Асцярожна, бо выліваеш... Трымай жа, шкода, не марнуй!.. Што з табою... (XX не можа ўтрымаць кубка, ставіць яго на стол, садзіцца бокам да АА і тварам да залы. АА таксама адстаўляе свой кубак, падыходзіць да яго.) Пакажы рукі. (XX хавае рукі ў кішэні.) Пакажы рукі! (XX павольна выцягвае рукі з кішэні.) Выцягні! (XX выцягвае рукі перад сабою, сціскаючы кулакі.) Не так, растулі пальцы! (Растуляе яму кулакі сілаю. XX адварочвае галаву ўбок, трымаючы перад сабою выцягнутыя рукі. Яны дрыжаць, як у інваліда. АА адыходзіць убок, не гледзячы ўжо на XX. XX зноў хавае рукі ў кішэні.) Даўно гэта ў цябе?

XX. Ужо з год.

АА. Часта?

XX. Не, толькі часамі.

АА. Усё часцей і часцей? (XX маўчыць.) Я пытаю, ці гэта бывае ўсё часцей?


XX маўчыць. АА бярэ са стала яго кубак, становіцца за яго спінай, падкладае яму локаць сваёй левай рукі пад бараду і рэзка адкідае яму галаву назад, адначасова прыстаўляе яму да рота кубак. XX выпівае тое, што было ў кубку, і АА ставіць пусты кубак на стол. Потым бярэ свой напоўнены, выпівае яго адным глытком. Адстаўляе кубак.


XX (задыхаючыся). Заплаці Бог.

АА. Чаму ты не вучыш мовы? (XX працягвае адкашлівацца, але ўжо штучна, каб выйграць час.) Я пытаю, чаму ты не вучыш мовы?

XX. Якой мовы?

АА. Замежнай!

XX (вымае рукі з кішэняў, аглядае іх. Рукі дрыжаць па-ранейшаму). Хутка пройдзе. (Хавае рукі ў кішэні.)

АА. Ты мне адкажаш ці не?

XX. Гэта значыць, па-іхняму?

АА. Не дражні мяне. Ты добра ведаеш, пра што я пытаю. У гэтай краіне — ты непісьменны. Горш нават — глуханямы. Калі ўрэшце ты перастанеш быць калекам?

XX. Я па-іхняму не буду гаварыць.

АА. Чаму? Ты ўсё-такі тут жывеш, у гэтай краіне. Тут ясі, п’еш, ходзіш па вуліцах — як і ўсе іншыя людзі. Дык чаму ж ты не хочаш і гаварыць так, як яны? Дый працу змог бы знайсці лепшую...

XX. Гэта не людзі.

АА. Не людзі?

XX. Не. Тут няма людзей.

АА. Дзе ж яны ёсць, па-твойму?

XX. У нас.

АА. Ага.

XX (вымае з кішэняў рукі, аглядае іх). Ужо праходзіць. (Зноў хавае рукі ў кішэні.)

АА. Ну, калі так... скажы, ці ты ведаеш, што тут адбываецца з людзьмі, якія надта доўга працуюць на гэтай машыне?

XX. Старэюць.

АА. Не толькі.

XX. Ну, можа, яшчэ трохі глухнуць. (Вымае адну руку з кішэні, круціць пальцам у вуху.) З нейкага часу ў мяне стала штосьці пішчаць у вуху. I чую горш.

АА. Правільна. Але не толькі гэта.

XX (выцягвае палец з вуха і другую руку з кішэні). Глядзі, ужо прайшло?

АА. У вуху?

XX. Не, у руках.

АА. Гэта дробязь. I ў вуху — таксама драбяза. Ёсць сёе-тое і горшае. У выніку вібрацыі па восем гадзін штодзённа і на працягу доўгіх гадоў адбываюцца змяненні ў злучальных тканках, гэта значыць, у тканках, якія злучаюць цела з касцямі. Колькі ты ўжо тут?

XX (разглядаючы выцягнутыя рукі). Ужо зусім не трасуцца.

АА. Я пытаю: як даўно ты абслугоўваеш гэту машыну?

XX. Тры гады.

АА. Змяненні ў злучальных тканках грунтуюцца на тым, што гэтыя тканкі перараджаюцца. Інакш кажучы, мяса пачынае адставаць ад касцей...

XX. Тры з паловай гады ўжо будзе.

АА. Што, вядома, выклікае непрацаздольнасць.

XX. Ты сур’ёзна?

АА. Хваробу і калецтва. Гэтыя факты ўжо пацверджаны медыцынай. Гэтым займаюцца спецыяльныя інстытуты даследавання гігіены і аховы працы. У цябе прафесійнае захворванне.


Паўза.


XX. Ах, лякі-пералякі.

АА (хапае XX за штрыфелі пінжака). Ты чалавек ці не? Ты?! Жывёліна ты, а не чалавек. Праўда, не сабака і не свіння, а вол! Тупы, безабаронны, бязглузды, цягавіты вол! Здатны толькі, каб на ім араць, пакуль не выцягне капытоў. I яшчэ цешыцца сваім становішчам! Ён яшчэ і сам напрошваецца, толькі б яму больш сечкі насыпалі ў кармушку! I ўжо шчаслівы, нічога больш не прагне. Ты ж задаволены, праўда? Ну, скажы,— задаволены?!

XX. Не трасі...

АА. А я буду. Буду трэсці цябе, пакуль ты не прачнешся ад гэтага быдлячага сну. Бо ты ж, калі не арэш, дык спіш альбо жуеш. Я буду трэсці цябе і буду крычаць на цябе, пакуль не зраблю з цябе чалавека. Не перастану, пакуль не дамагуся гэтага. Бо пакуль ты будзеш валом, датуль я буду свіннёй. Ты разумееш? Тут адно ідзе ў пары з другім: калі ты вол, дык я свіння. Так, я буду апошняя свіння, калі дазволю табе заставацца валом. Іншага выбару тут няма.

XX (пагражальна). Не трасі, я табе сказаў.

АА. Абараняешся? Нічога. Прыйдзе час, калі сам зразумееш і будзеш дзякаваць мне. Бо не можа быць так, каб толькі адзін з нас быў чалавекам. Альбо мы абое людзі, альбо ніводзін з нас не чалавек. (Прамаўляе пад уплывам алкаголю натхнёна, нібы прарок, увесь час трымаючы XX за штрыфелі пінжака.) I калі мы з табою станем на абедзве нагі,— выпрастаемся і падымем галовы, тады пабачым, як над намі калышацца галінка нейкага дрэва, а на той галінцы — плод. Гэты плод — забаронены. А вецер, які гайдае галінку,— гэта вецер гісторыі. Мы працягнем рукі і...


XX ударыў яго па руках. АА адпусціў штрыфелі пінжака XX і пахіснуўся.


XX. Трымай свае рукі пры сабе! (Падымаецца з крэсла.) Да каго ты з рукамі лезеш?.. Да каго...

АА. Хіба ты ўсяго гэтага не бачыш?!

XX. Ты да мяне з рукамі?.. Да мяне?! (Разлютаваны наступае на АА.) Гніда ты белая, курдупель[5] ты бледны... табе...


Замахваецца, каб ударыць. Тухне святло, поўная цемната. Зверху даносіцца дружны вокліч «А-а-а-а!» — так, як звычайна бывае, калі гасне святло. Чуваць карнавальныя дудкі і свісткі. Адначасна чуецца мерны бой гадзінніка — будзе ўсяго дванаццаць удараў — і далёка зазванілі ў званы.


АА (голас АА з цемнаты). Дванаццаць!

XX (яго голас). Чаму цёмна...

АА. З наступленнем Новага года, апоўначы, гасяць святло. Такі звычай. (Паўза.) У цябе ёсць запалкі? (XX запальвае запалку. АА ідзе за шырму, вяртаецца са свечкай у падсвечніку. Запальвае свечку ад запалкі, якую трымае XX. Ставіць падсвечнік на стол. Павярнуўся да XX.) Ну... (XX заклапочана адкашліваецца.) Ну, тады, можа б...

XX. Як хочаш...

АА. Ну, дык...

XX. Ну, у такім разе...

АА. Пэўна...

XX. Чаму ж не...

АА. Тады давай вып'ем. (Налівае і падымае свой кубак.)

За гэты Новы год.

XX (падымае свой кубак). З Новым годам. (Чокаюцца кубкамі, выпіваюць. Яны яшчэ скаваныя, збянтэжаныя. АА на левым крэсле, XX — на правым.) Зноў звоняць...

АА. У касцёле...


Паўза.


XX. Ну, дык я табе...

АА. I я табе таксама...

XX. Што было, тое было...

АА. Што было, таго ўжо няма... (Працягвае руку XX.)

XX. I каб нам... (Працягвае руку АА.)

АА. Усяго...

XX. У гэтым Новым годзе. (Падаюць адзін аднаму рукі над сталом. Закурваюць, як і мінулы раз, з той толькі розніцай, што XX ужо не паўтарае маніпуляцыі з двума карабкамі запалак. Зручна рассаджваюцца на крэслах. З гэтага моманту абодва ўжо пад яўным уздзеяннем алкаголю, асабліва XX.) Э-э-х... Новы год... I як гэта хутка ўсё круціцца... Памятаю, здаецца, толькі што быў малым хлопчыкам, кароў пасвіў, выбіраў з гнёздаў вароніны яйца, басанож бегаў у школу. Толькі восенню, бо вясною трэба было ў полі працаваць, а зімою — холадна... Пасля бацька перасяліўся ў горад. А дзед з бабкаю засталіся. Бедавалі гора там, але засталіся. Дзівакі гэтыя старыя, захацелі застацца. Любілі, відаць, тую сваю бяду.

АА. Не мне іх судзіць.

XX. А я не люблю. (Б’е сябе кулаком у грудзі.) Хоць бі мяне, але не люблю.

АА. Хто ж любіць.

XX. Бацька мой таксама не любіў. Ды так не любіў, што ўсё прапіваў. А пасля яшчэ болей не любіў. Таму і піўзноўку. А я не п’ю.

АА. I правільна.

XX. Бо не люблю. Я люблю мець. Як трымаю, то і маю. А як адпушчу, так і выпушчу. Што, не так?

АА. Вельмі слушна.

XX. Як раблю, дык і зараблю, а калі зараблю, тады й зажыву. Так ці не так?

АА. Лагічна.

XX. Толькі вось часам думаю, навошта мне гэта ўсё.

АА. Што ўсё?

XX. Ну, тое, што маю. У зямлю ж з сабою не забярэш. На неба мяне з гэтым не пусцяць, а ў пекле зацесна будзе. У такім разе навошта так мучыцца?

АА. Ты ж сам так хочаш.

XX. I ўсё-такі, што я з гэтага маю? Толькі здароўе трачу, а радасці ніякае. Ні табе выпіць, ні табе закурыць... Ну, толькі што тваіх.

АА (падсоўвае да яго пачак цыгарэт). Калі ласка, куры.

XX. Заплаці Бог. (Бярэ цыгарэту, але адразу кідае яе на стол.) Ну, скажы, каму гэта ўсё, дзеля чаго...

АА. А дзеці? Збудуеш дом, пакінеш яго дзецям... Разумееш — дзецям.

XX. А яны каму пакінуць?

АА. Сваім дзецям.

XX. Ага. (Паўза.) А як усё гэта скончыцца?

АА. Ніяк не скончыцца, чаму яно павінна скончыцца.

XX. Але як гэта так, без канца?

АА. Верагодна, без канца.

XX. Хм, дык, кажаш, без канца... Тады навошта быў той пачатак...

АА. Ты задаеш мне занадта складаныя пытанні. Ужо ў Шапенгаўэра былі падобныя сумненні.

XX. У каго?

АА. У Шапенгаўэра.

XX. Яўрэй.

АА. Неабавязкова.

XX. Не, мне гэта не падабаецца. Раз ёсць пачатак, дык павінен быць і канец. Інакш пачатак таксама нешта не той... Канца няма, пачатак — не ў парадку, а я тым часам гарую тут і не маю з гэтага ніякай радасці. Ні ў кіно, ні да баб... Ты думаеш, мне лёгка так?

АА. Я зусім так і не думаў.

XX. Табе лёгка крычаць, але каб паспрабаваў пажыць так, як я... (Усё больш шкадуючы сябе.) Ці ты ведаеш, як я тут жыву? Як сабака.

АА. Ды не, ты перабольшваеш.

XX (стукнуўшы кулаком аб стол). Не пярэч мне! Менавіта як сабака. Сам мне толькі што сказаў гэта!

АА. Наколькі я памятаю, гаворка была хутчэй пра...

XX (нахіліўшыся да АА, канфідэнцыяльна). Падыдзі сюды бліжэй. Скажу штосьці.

АА. Слухаю цябе.

XX. Бліжэй... (Кладзе руку на плячо АА і прыцягвае яго да сябе, пакуль яны сваімі лбамі не дакрануліся адзін да аднаго. Шэпча страсна, канфідэнцыяльна.) ...I ты меў рацыю. (Абодва вяртаюцца ў ранейшае становішча.)

АА (тонам перабольшанай сяброўскай ветлівасці). Не можа быць...

XX (паклаўшы палец на вусны). Тссс. (Крычыць.) Як сабака! У сабак жыццё лепшае, чым у мяне, бо, прынамсі, ім не трэба ішачыць. Хіба гэта жыццё? Ну, скажы, хіба гэта жыццё?..

АА. З біялагічнага пункту гледжання...

XX. Жыццё гэта ці не?

АА. Як паглядзець.

XX (вырашаючы пытанне). Не жыццё. Налі.

АА. Можа, пакуль хопіць?

XX. Не хопіць! Я п’ю першы раз, як прыехаў сюды. Дык у такім разе, можа, мне і можна, га?

АА. Бясспрэчна. (Налівае, чокаюцца, выпіваюць.)

XX. А-а-а, добра... Загадаю табе загадку.

АА. Давай.

XX. Што гэта такое — ёсць, а няма.

АА. Чакай... Ёсць...

XX. А няма. (Рагоча.)

АА. Ёсць, а няма... Ёсць, а няма... Не ведаю.

XX. Ну, адгадай.

АА. Не, гэта для мяне занадта складана. (XX стукае сябе пальцам у грудзі.) Ты?

XX. Я.

АА. Ёсць...

XX. ...А няма. Цікава, так? (Зарагатаў.)

АА. Што ёсць?

XX (перастае смяяцца, пагрозліва). А ты думаеш, што ў мяне няма?

АА. А што, хіба ёсць?

XX. Ты думаеш, што я жабрак?! Мой бацька быў жабрак, мой дзед быў жабрак, а я — не! Зараз я табе дакажу гэта... (Спрабуе падняцца, абапіраючыся рукамі аб стол.)

АА. Кінь, не трэба. (Кладзе руку на плячо XX і прымушае яго зноў сесці.)

XX. Магу сабе дазволіць! Афіцыянт! (Шырокі жэст над сталом.) Я плачу!

АА. Перапіў (Паўза. XX маўчыць, апусціўшы галаву. АА глядзіць на лямпачку.) Што здарылася са святлом... (Паўза. XX устае і, хістаючыся, ідзе да ракавіны.)

XX. Запалі святло.

АА. Гарыць жа.

XX. Ага... (Паўза. XX у прыцемках шукае ракавіну.) Што гарыць?..

АА. Святло.

XX. Ага... Як жа гэта гарыць, калі цёмна.

АА. Бо пагасла. (XX, нарэшце, знайшоў ракавіну. Падсунуў галаву пад кран і аблівае яе вадой.) ...Аднак усё-такі цікава, чаму пагасла. Павінна б ужо загарэцца.

XX (з-пад крана). Новы год, Новы год!

АА. Але нешта даўгавата ўжо цягнецца.

XX. Можа, гэта лямпачка...


АА становіцца на крэсла са свечкаю ў руках. Набліжае яе да лямпачкі, разглядае яе.


АА. Не, лямпачка ў парадку. (Саступае з крэсла, ідзе да дзвярэй, прачыняе іх, выглядвае на калідор.) Усюды цёмна. Кароткае замыканне, ці што... (Зачыняе дзверы, вяртаецца, ставіць падсвечнік на стол.) Зараз свечка дагарыць.

XX (перадражніваючы яго). Зараза-свечка, дагары.

АА. Ах, як дасціпна!..

XX закручвае кран, пырхае, выцірае далонямі твар.

XX. Што, не падабаецца табе?

АА. Не.

XX. Можа, і я табе не падабаюся?

АА. Не.

XX. Тады чаго ты са мною тут сядзіш?


Паўза.


АА. Істотнае пытанне.

XX. Я цябе сюды не запрашаў.

АА. Факт.

XX. Ты ж сам напрасіўся. (Паўза. XX садзіцца на крэсла, гэты раз з левага боку стала.) Слухай, чаго ты, уласна, сядзіш тут са мною?

АА (усаджваючыся на правае крэсла). За сталом?

XX. Я цябе не пра стол пытаю. А чаго ты сядзіш тут вось, у гэтым хляве.

АА. Ба-а-а...

XX. Што ты тут робіш?

АА. Ніякі.

XX. Не, ты нечага ад мяне хочаш. Я сабе нярэдка так думаю: ні брат я яму, ні сват. А ён і есці дае мне, грошы пазычае... Пабурчыць, але пазычыць. Грэбуе мною, а ўсё роўна не ўцякае адсюль. А чаму? Няхай сабе ўцякае, раз такі далікатны. Ты ж сапраўды далікатны, так? А хіба я цябе прымушаю? Раз не падабаецца, чаго ж сядзець тут са мною? Я цябе не трымаю. Дык скажы, чаго ты хочаш ад мяне?

АА. Нічога.

XX. Ты дурня з мяне не рабі. Можа, я і хам, але не дурань. Можаш мне ўсё сказаць, калі ўжо разам п’ём. Гэй, дзеля чаго ты п’еш са мною?

АА. Дзеля пакаяння.

XX. Што гэта за пакаянне такое?

АА. Хачу адпакутаваць за грахі продкаў. Нашы продкі ніколі не пілі разам.

XX. Хіба гэта грэх?

АА. Грэх. Усенародны.

XX. Навошта ты мне дым у вочы пускаеш?..

АА. Не верыш мне?

XX. Не.

АА. I правільна робіш. Пазнаю здаровы інстынкт нашага народа. Ну добра, тады скажу табе: да д’ябла продкаў. Гэта я сам вырашыў, нядаўна... Вырашыў пайсці ў народ, пабратацца з народам, разумееш? Я народнік...

XX. Хто ты такі?

АА. Народнік. Слова з дзевятнаццатага стагоддзя. Ідэя — таксама адтуль. Каб ісці ў народ, бо ў народзе сіла...

XX. Казкі.

АА. Вось чую здаровы народны скептыцызм. Яшчэ крыху, і я паверу ў ідэі народніцтва. Столькі ў вас цудоўных якасцей: прыродны інстынкт, адчуванне рэальнага, здольнасць да самакрытыкі... У святле ўсяго гэтага... Можа, я сацыяліст?

XX. Жартачкі.

АА. Зрэшты, хопіць пра містычнае адчуванне віны, адкупленне грахоў папярэдніх пакаленняў. Хопіць пра народніцка-нацыяналістычныя летуценні. Магчыма, я па сваім прызванні навуковец. Рацыяналістычны і прагрэсіўны. А ты — рухавік гісторыі, і нічога дзіўнага няма ў тым, што я з рухавіком п’ю гарэлку. А тое, што я з перадавым класам гатую сабе яйца ўкрутую, хаджу па пакоі ў сподніках і морду агульным ручніком выціраю,— ты гэтага не браў пад увагу?

XX. Не, гэта не тое.

АА. Чаму ж не?

XX. Бо я такіх ведаю. Да нас прыходзіць адзін такі, проста ў роў, што капаем. Вельмі ветлівы. Голасу не павысіць, дзе там. Усё ўсміхаецца, падлізваецца, улёткі раздае, тлумачыць...

АА. А я не тлумачу.

XX. Не.

АА. I голас павышаю.

XX. Яшчэ як! Усё табе не так. То тое, то гэтае... Грубіяніш мне ого-го як. Адразу відаць, што пан, а не нейкі там сацыяліст.

АА. Ха, бачу, што цябе не ашукаеш.

XX. Хе-хе, захітрыя на гэта. Вока ў мяне зыркае. Сацыяліста адразу пазнаў бы. Скажы, хто ж ты такі ёсць...

АА. А можа, і сапраўды, я правакатар?

XX. Навошта на мяне час марнаваць. Надта дробненькая я істота. Уладу не цікаўлю. Тут альбо там — я толькі рабацяга. Быў бы ты правакатар, дык не сядзеў бы тут са мною. Пайшоў бы ў іншае месца. Да тых важных. Да прафесараў альбо да тых ад палітыкі. Якія думаюць.

АА. А ты хіба не думаеш?

XX. Што я там сабе думаю — няважна. Ат, думаю, каб зарабіць, пра дзяцей думаю, пра жонку... Трохі пра баб... Нармальная рэч, кожны пра такое думае, і для ўлады тут няма нічога цікавага. Толькі б я не скакаў, ціха сядзеў, дык ім тады ўсё роўна, што я сабе думаю. На мяне шкода трымаць правакатара.

АА. А ты ніколі не думаў пра волю?

XX. Што гэта значыць?

АА. Ну, каб быць вольным.

XX. Як гэта?

АА. Ну, напрыклад, каб гаварыць тое, што думаеш.

XX. Я ж табе ўжо сказаў, што я думаю. I магу гэта яшчэ раз паўтарыць. Я магу гаварыць ад раніцы да вечара, мне ўлада зусім не забараняе гаварыць тое, што думаю. Якія там мае мыслі...

АА. А ты ніколі не хацеў думаць пра нешта большае?

XX. Думаць, як думаць?

АА. Можна сказаць і так.

XX. Не, я не такі дурань.

АА. Думаць — гэта не дурасць.

XX. Гледзячы, якія думкі. У нас у вёсцы быў адзін вар’ят. Нічога не рабіў, бо ні на што не быў здатны. Нават карову пасвіць не ўмеў. Не меў ні хаты, ні сям’і, жыў толькі з таго, што яму дадуць людзі. Дык што ён рабіў, раз нічога не рабіў? Пра што ён думаў? Пра што ён мог думаць, калі нічога не ўмеў і нічога не рабіў. Ён думаў толькі, як думаў, ён думаў толькі пра думкі. А хіба ён быў разумны? Не, ён быў дурны. Ён быў вар’ят.

АА. Але затое быў вольны.

XX. А, я цяпер зразумеў. Ты — ксёндз.

АА. Я? Мабыць, ты жартуеш.

XX. Ты такі ксёндз, што ад вольнасці. Ужо тады мне так здалося, калі ты мяне за штрыфелі трымаў. Ксёндз-законавучыцель. Прыходзіць такі і кажа: бачыце гэту ўладу? Гэта д’ябал. Вы д’яблу не служыце. Вы служыце Хрысту. А што гэта такое, гэты ваш Хрыстос, дзе ён ёсць? Ты мне пакажы яго. Вольнасць? А якая гэта ваша вольнасць, што яна значыць? Я ведаю толькі адну вольнасць: калі не трэба ісці на працу. Вольныя — у нядзелю. Ты мне зрабі сем нядзель на тыдні, дык у руку табе пацалую, як самога Хрыста. Сем нядзель, але аплачаных!

АА. А калі б я адабраў у цябе нават гэту адзіную нядзелю?

XX. Ты? А што ты можаш! Ты нічога не можаш. Ты не можаш мне нічога ні даць, ні забраць. Ты можаш толькі ляжаць на канапе і з канапы прапаведаваць. Апостал канапны. Святы Сымон-канапнік.

АА. Я не магу, затое ўлада можа.

XX. Гэта значыць, што з уладаю трэба жыць у згодзе. Бо калі можа адабраць, дык можа і даць. А ты не любіш улады?

АА. Не надта.

XX. Таму і яна не любіць цябе. А ведаеш, чаму ты яе не любіш?

АА. Цікава.

XX. Таму што перад уладаю ты не лепшы за мяне. Ты, з тваімі школамі і кніжкамі... Ты перад уладаю такі самы дурань, як і я. Раз ёсць адна ўлада, дык перад ёю кожны аднолькава порткамі трасе і ўсе роўныя.

АА. Як у прыбіральні..

XX. Хай будзе і так. Я не такі далікатны.

АА. Брава, хачу цябе абняць!

XX. За што?

АА. За тое, што я ў табе не расчараваўся. Разлічваў я на цябе і не памыліўся. Менавіта такі, як ты, мне і патрэбны. Ідэальны раб.

XX. Ты сапраўды не ксёндз?

АА. Не. Хоць, прызнаюся, былі ў мяне місіянерскія схільнасці. Пакуль я не зразумеў... Але ты не бойся, такога больш ужо не паўторыцца, я не буду цябе катэхізаваць[6]. Гэта была ў мяне толькі мімалётная слабасць, хвілінная спакуса высакароднасцю, звычайная чалавечая непаслядоўнасць. А на самай справе я зусім не маю місіянерскага паклікання. Апрача таго, місіянерства — не ў маіх інтарэсах.

XX. Дык ты за ўладу?

АА. Таксама не. Мой выпадак зусім асаблівы. Мне патрэбен ідэальны нявольнік не ў утылітарным сэнсе. Ты мне патрэбен як мадэль, як узор, як напамінак... Асабліва тут.

XX. Зноў ты нешта круціш.

АА. Цяпер я ўжо нічога не кручу. Ты пытаў мяне, хто я такі і што тут з табою раблю. Цяпер магу сказаць табе: я рыцар апошняга шанцу, і ведаеш, хто з’яўляецца маім шанцам? Ты.

XX. Хто я табе?

АА. Ты мой апошні шанц, мая муза, маё натхненне...

XX. Ці ты выпадкова не педэраст?

АА. Паслухай, усё гэта пачалося яшчэ там, у нас. Ты меў рацыю, калі казаў, што перад дыктатурай усе роўныя. Але прайшло нямала часу, пакуль я дайшоў да гэтай ісціны. А як лёгка ты зрабіў гэтае адкрыццё і з якой прастатою канстатаваў гэты важны факт... Зайздрошчу табе. Евангельская пакорнасць часам больш вартая, чым інтэлігентнасць.

XX. Аяж табе казаў, што я зусім не такі ўжо дурны.

АА. Проста дзіўна, як чалавек, нібыта кемлівы, такі, як я, не хоча заўважаць самай відавочнай ісціны, калі гэта ісціна раніць яго фанабэрыю. Спярша я крыўляўся, як малпа ў клетцы. Гушкаўся на хвасце, з разгону скакаў са слупа на сцяну і са сцяны на слуп, альбо, калі трапляўся мне арэх, я спрабаваў улезці ў яго сярэдзіну, каб там адчуваць сябе ўладаром бясконцых прастораў. Доўга так трывала, пакуль я, пераадолеўшы ўсялякія ілюзіі, не дайшоў да вельмі простай высновы, што я — усяго толькі малпа ў клетцы.

XX. Малпы — смешныя. Я іх у заапарку бачыў.

АА. Маеш рацыю. Малпы ў клетцы, могуць быць смешныя. I вось, калі я нарэшце зразумеў, што я такая малпа, дык пачаў сам з сябе смяяцца. Я смяяўся, пакуль на мяне не напала ікаўка і не пацяклі слёзы па маёй фізіяноміі. І тады я зразумеў, што маё камедыянцтва ўжо мяне не забаўляе. Але гледачоў і вартавых яно забаўляла настолькі, што яны пачалі яшчэ больш кідаць мне арэхаў і цукерак. Ад цукерак мяне нудзіла, а ў шкарлупіне я не мог змясціцца. Тады я зразумеў, што малпе няма іншага выйсця, як толькі, па-першае, прызнацца нарэшце, што яна — малпа...

XX. Пэўна, пэўна...

АА. Па-другое, са свайго малпінага і рабскага стану чэрпаць, калі і не гордасць, дык, прынамсі,— мудрасць і сілу.

XX. У малпы?

АА. У малпы, у малпы, мой дарагі. Хіба людзі не паходзяць ад малпы?

XX. Не.

АА. Гэта твая думка, але навука сцвярджае іншае. Дык вось, калі людзі паходзяць ад малпы, тады я, малпа,— арыстакрат чалавецтва. Ува мне, уніжанай і загнанай у няволю малпе, у гэтым маім рабскім стане, сканцэнтраваны ўсеагульныя веды пра чалавека. Веды ў чыстым выглядзе, не закаламучаныя выпадковымі фактамі прагрэсу і вызваленчым азартам. Першасныя веды. Тады я вырашыў скарыстаць гэты шанц: я — зняволеная малпа, вырашыў напісаць кнігу пра чалавека.

XX. Малпа пісаць не ўмее.

АА. Асабліва калі яна ў клетцы. Згодзен. Але гэта высветлілася пазней ужо. А я тым часам быў ашаломлены новай перспектывай. Я вырашыў напісаць кнігу пра чалавека ў чыстым выглядзе, гэта значыць пра раба, гэта значыць пра сябе. Гэта кніга — справа ўсяго майго жыцця, адзіная ў сваім родзе, першая на свеце. Кал, шкарлупінне і іншае смецце, што запаўняла маю клетку, раптам заззялі, нібы брыльянты. Якое багацце! Я сказаў сабе: мы не маем нічога, але затое маем рабства. Яно і ёсць наш скарб. Што іншыя ведаюць пра гэта? Тыя, што жывуць тут? Яны ўсё ўжо напісалі, усё прачыталі, але пра самае галоўнае нічога не ведаюць. Уся літаратура пра рабства альбо фальшывая, альбо бязглуздая. Яна напісана альбо місіянерамі, альбо вольнаадпушчанікамі, альбо, у найлепшым выпадку, рабамі, якія мараць пра волю, значыць, ужо не зусім рабамі. Што яны ведаюць пра ўсеабдымнае рабства, такое, якое звернута само да сябе, замкнутае ў сабе, нават пазбаўленае жадання ці спакусы выйсці за свае ўласныя межы? Якое сабою жывіцца. Што яны ведаюць пра радасці і засмучэнні раба, пра рабскія таемнасці, вераванні і звычаі. Пра рабскую філасофію, касмагонію, матэматыку... Нічога яны не ведаюць, а я ўсё ведаю. І пра ўсё гэта я вырашыў напісаць.

XX. I напісаў?

АА. Не.

XX. Чаму?

АА. Таму што баяўся. (Паўза.) Ты не пытаеш, чаго я баяўся? (Паўза.) Слушна. Я ж размаўляю з земляком, з маім сіямскім братам... Дастаткова таго, што я баяўся, але, каб напісаць, я не павінен быў баяцца. I вось тады, каб не баяцца, я ўцёк.

XX. Ну і што, пішаш?

АА. Пакуль не.

АА. Таму што ўжо не баюся.

XX. Табе дагадзіць цяжка.

АА. Сапраўдная квадратура круга. Замест таго каб скарыстаць мой адзіны шанц,— я страціў яго. Уцёкшы, я перастаў быць нявольнікам. Разрэдзіўся, расплыўся ў гэтай волі. Страціў сваю тэму і, што яшчэ горш, страціў і патрэбу ў гэтай тэме... Тэарэтычна я яшчэ ведаў, чаго хачу, але не хапіла ўжо на гэта ні жадання, ні патрэбы. I тут, на шчасце, я сустрэў цябе.

XX. А што мне да гэтага.

АА. О, ты такі, які быў я. пакуль не перастаў такім быць. Ты — як метэор, што ўпаў на зямлю і ляжыць сабе ў ёй, глыбока засыпаны. Нязменны, неўспрыімлівы да акружэння, прышэлец з іншага свету, мінерал не з нашай планеты. Ты, на шчасце, так і застаўся рабом.

XX. Я не прашу ў цябе такіх мянушак!

АА. Застаўся, застаўся, твае пратэсты дарэмныя. Ты ўпаў мне з неба, як мадэль, як натхненне. У табе я адраджаюся як раб. Ты мне вяртаеш маю ранейшую субстанцыю і абуджаеш ува мне патухаючае імкненне да самавызначэння. Цяпер ужо ты ведаеш, дзеля чаго патрэбен мне.

XX. Зусім не дзеля гэтага.

АА. Хіба я сядзеў бы тут з табою па сваёй волі ў гэтым, як ты сам кажаш, гноі, каб пе рухала мною такая вялікая задумка, такая вялікая місія?

XX. А я табе кажу, што зусім не дзеля гэтага.

АА. Ну, тады скажы, дзеля чаго я сяджу тут з табою? Дзеля чаго, па-твойму? Ну, скажы мне, калі ласка.

XX. Бо хочаш проста пабалбатаць...

АА. А як, скажы?

XX. Звычайна, пагутарыць са мною.

АА. А пра што гэта мы можам размаўляць?

XX. Ды хоць бы пра мух. Пра мух, пра мухалоўкі... Пра тое, як цяпер у нас... Як было... Пабалбатаць сабе, паўспамінаць — звычайная чалавечая рэч. З кім ты яшчэ пагутарыш, як не са мною? З імі? (Паказвае на столь.) Пэўна, што не. Што яны там ведаюць. А зямляк земляка заўсёды зразумее. Што ты будзеш дурыць мне галаву нейкімі рабамі. Ты ж хочаш, пэўна, пагутарыць звычайна, па-людску. Пра лета, пра зіму... Пра тое, што ў нас ядуць, што ў нас п’юць... Нармальна, як свой са сваім.

АА. Няпраўда! У мяне вялікая задумка, я... твор...

XX. Трата-тата, твор. Хіба я не бачу, як круцішся, калі да мяне прыходзіць з дому ліст? Ідзеш тады ў куток і чытаеш кніжку дагары нагамі. Ажно жаль бярэ. Бо ты ж ніадкуль не атрымліваеш ніякіх лістоў.

АА. Не атрымліваю, бо яны мне не патрэбныя.

XX. Акурат так! Не атрымліваеш таму, што ніхто табе не піша. Ні ты каму і ніхто табе. Вось ты сабе і прыдумаў, што напішаш нейкую кнігу. Але і ніякай кніжкі ты не напішаш, хоць такі пісьменны. Можа, яно і лепей, бо пра што ж ты, сірата, напісаў бы?

АА. Пра цябе.

XX. Зусім не пра мяне, а пра якое-небудзь паскудства. А навошта і каму гэта патрэбна?

АА. Людзям.

XX. У людзей даволі свайго паскудства, абыдуцца без твайго.

АА. Людзям заўсёды патрэбна праўда.

XX. Але ж не такая паскудная, як твая.

АА. Баішся, што дрэнна напішу пра цябе?

XX. Нічога не напішаш.

АА. Чаму?

XX. Бо занадта доўга валяешся на канапе.

АА. Я пакуль абдумваю, вывучаю...

XX. Акурат.

АА. Але хутка пачну ўжо. Магчыма, нават заўтра.

XX. I ні заўтра, і ні паслязаўтра. Я цябе ведаю.

АА. Ну, тады праз год, праз два... Не мае значэння. Галоўнае, каб твор выспеў. I тады ён дасць плод.

XX. Не паспее.

АА. Час ёсць. Я застануся з табою столькі, колькі будзе неабходна.

XX. Вось і заставайся, а я не застануся.

АА. Нікуды ты адсюль не паедзеш. Хто за цябе плаціць будзе?

XX. А я зусім не пераязджацьму. Я вярнуся.

АА. Куды?

XX. А куды ж? Дамоў. У мяне ёсць куды вярнуцца. Я вярнуся, а ты застанешся тут. Без мяне. Ты ж не можаш вярнуцца. Ты ўжо ніколі не вернешся. (Паўза.) Ну, што ты, разумнік, скажаш на гэта?


Паўза.


АА. Калі?

XX. А калі захачу. Пасяджу яшчэ трохі тут, зараблю болей, і толькі мяне тут бачылі. Я ж у любы час магу вярнуцца.

АА. Не, ты таксама не вернешся.

XX. Я? Чаму ж гэта? Ніхто і не падумае... Я ж не палітычны.

АА. Пакуль што.

XX. Я не баюся. Я чысты.

АА. Ты ўпэўнены?

XX. А чаго я павінен баяцца? Гэта ты бойся. У мяне сумленне чыстае.

АА. Ты кажаш, што я не пішу лістоў. Напэўна. Кажаш, што не напішу кнігі. Магчыма. Але я магу напісаць яшчэ нешта.

XX. Што, напрыклад?

АА. Данос.


Паўза.


XX. Я нічога не зрабіў супраць улады.

АА. А хто мае дачыненне да здрадніка, дэгенерата, ворага рэжыму, гэта значыць да мяне? Ці не ты выпадкова?

XX. Не!

АА. Як гэта не. Ты жывеш са мною ў адным пакоі.

XX. Няма доказаў.

АА. Доказы будуць, калі я напішу. Хопіць некалькіх слоў. Нават ананімных... Добра ведаеш, што гэтага хопіць. I тады — бывай дамок у садочку, бывайце жонка і дзеткі...

XX. А за што ж гэта?

АА. Ты яшчэ пытаеш? Вось, калі ласка, адразу стала відаць, як ты палітычна дэмаралізаваны. Нічога дзіўнага,— мой уплыў... з кім павядзешся... Ты ўжо забыўся, што дастаткова дыхаць адным паветрам з такой гангрэнай, як я, каб заразіцца? А ты яшчэ і размаўляў са мною, гарэлку піў... Хто там цябе ведае, пра што ты са мною гаварыў, сведкаў жа няма. Хіба дзеля гэтага табе дазволілі паехаць за мяжу, каб ты з анархістам вадзіўся?

XX. Не зробіш ты са мною гэтага.

АА. Чаму ж не?

XX. У мяне жонка і дзеці.

АА. Знайшоў навіну! Я ж першы пра іх падумаў. Сапраўды, маеш жонку і дзяцей, і менавіта таму ты да іх не вернешся. Навошта ставіць сям’ю ў небяспеку. Ну, дык застанешся са мною? (Паўза.) Застанешся, застанешся, я ўжо бачу, што застанешся. Застанемся тут разам. Будзем адсюль пасылаць дзецям падарункі пад Каляды, яны гэта любяць. А наконт жонкі... Ці ты ўпэўнены, што яна вельмі цябе патрабуе?

XX. Не...

АА. Вось бачыш, як добра ўсё складаецца...


Чуваць трывожныя гукі сірэны. Яны набліжаюцца.


XX. Недзе гарыць.

АА. Спадзяюся, што не тут.

XX. У нас?

АА. Не, не ў нас. У нас, значыць, далёка адсюль. Тут — значыць, у гэтым доме.


Гукі сірэны ўзмацняюцца.


XX. Тут нічога не гарыць.

АА. Але некалі загарыцца. Чуў калі-небудзь пра Нерона?

XX. Не.

АА. Гэта быў рымскі імператар, які з нуды падпаліў горад.

XX (з раптоўнай зацікаўленасцю). Падпаліў?

АА. Ён, вядома, мог сабе гэта дазволіць, таму што быў адзіны вольны чалавек свайго часу. Дык можаш уявіць сабе, як яму было сумна. Уся сума свабоды ў адным чалавеку — гэта жахліва! Нічога дзіўнага няма, што ён гэтага не перанёс, бедалага... (XX абыходзіць усё памяшканне, абстуквае стол і крэслы, раскідае нагою стос часопісаў на падлозе.) А цяпер давай перанясемся ў нашу эпоху. Тут, у рэспубліцы. кожны крыху вольны, праўда, менш, чым імператар, але затое больш, чым яго падданыя. Дык кожны і нудзіцца прапарцыянальна сваёй вольнасці. Але, што яшчэ горш,— гэты кожны нудзіцца або сумуе сумам усіх астатніх сумуючых... Што ты шукаеш?

XX. Нічога, нічога.

АА. Такім чынам, агульная сума нуды засталася тая самая. Затое павялічыліся шанцы падпалаў ад нуды прапарцыянальна колькасці вольных асоб. I калі раней гэтыя самыя шанцы, паводле сціплых падлікаў, былі адзін да мільёна, то цяпер ужо іх трэба ўяўляць як мільён да аднаго. Карацей, пажар — даволі пэўная штука. Што ты робіш?

XX. (які ў гэты час дастае з-пад ложка свой куфэрак і закручвае падушку ў плед). Збіраюся.

АА. Куды?

XX. Дык павінен жа быць пажар, хіба не?

АА. Але не ў нас. Пажар пачнецца наверсе, у вольных людзей. А тут, унізе, жывуць падданыя імператара.

XX. Усё роўна.

АА. Зусім не ўсё роўна. Гэта не наш пажар. Гэта іх пажар.

XX. Таксама добра.

АА. Але гэта не пажар імператара. Гэта пажар рэспублікі.

XX. Хай сабе і так.

АА. У нас няма правоў на гэты пажар. У чужыя справы мы не павінны ўмешвацца. Як максімум, можам толькі пастаяць пад лесвіцай і паглядзець знізу,— мы ж толькі рабы. Від знізу таксама мае свае перавагі. Напрыклад, жанчыны, якія ўцякаюць ад пажару... Будзеш мець добрую аказію... Але апрача гэтага? Што нам да іх пажару? I дом гэты не наш, і вольнасць — не наша. Што ты гэтак узрушыўся, пакінь у спакоі свае транты. (АА налівае каньяк, з кубкам у руцэ пераходзіць на левы бок сцэны, становіцца тварам да залы, бокам да XX. Той пакідае чамадан, клунак і сабаку Плута каля дзвярэй і паварочваецца да АА.) П’ю за тых, што не маюць права самі сябе падпаліць і таму вымушаны чакаць, пакуль імператар не выкарыстае сваіх прывілеяў. I яны чакаюць, у цішыні і цемры, у холадзе і змярцвеласці, пакуль не асветліць іх і не сагрэе гэта праметэеўская феерыя, апошні велікадушны падарунак імператара. Так, панове. Пакуль нас не асветліць і не сагрэе. Бо нішто так не асветліць і не сагрэе нас, верных падданых, як добры, па-майстэрску распалены пажар за нашых братоў. (Падымае кубак. Тым часам гукі сірэны дасягаюць, мабыць, сваёй кульмінацыі. XX тушыць свечку. Нейкую хвіліну доўжыцца поўная цемра. Раптам загарэлася рэзкім святлом лямпачка. Зверху даносіцца гучны радасны вокліч «Ааааа», як звычайна бывае, калі група людзей вітае з'яўленне ў іх памяшканні святла пасля поўнай цемнаты. Цяпер АА і XX стаяць адзін перад адным, твару твар. АА з паднятым кубкам, а XX з паднятай да ўдару сякерай. Некалькі секунд доўжыцца нерухомая сцэна. АА набліжаецца да XX і падае яму кубак. XX апускае сякеру і прымае кубак.) Ну, паехалі.

XX. Ніякага пажару няма.

АА. Гэта неабавязкова былі пажарнікі. Гэта магла таксама быць і паліцыя.

XX. Ты ж казаў, што пажар.

АА. Гіпотэза. Магла таксама быць і забастоўка.

XX. Электрычнасці?

АА. Водаправодчыкаў і электрыкаў. Таму перад гэтым і вады не было. (Паўза.) Ты хацеў мяне забіць? (XX сцвярджальна ківае галавой.) Разумею. Ты падумаў, што будзе пажар. Агонь сатрэ сляды, труп згарыць, ніякіх доказаў. Я загінуў у выніку пажару. Ну і ну, не падазраваў нават такой кемлівасці ў цябе. (Налівае каньяк у другі кубак, які стаіць на стале.) Але скажы мне, ці ты сапраўды паверыў, што будзе пажар? Паверыў у тое, што я казаў пра пажар... літаральна?

XX. Не.

АА. Тады як жа?.. (XX дастае з кішэні карабок запалак, падкідвае яго на далоні, хавае назад у кішэню.) Калі ласка, хто б падумаў пра такое. Значыць, не толькі забойства, але і падпал. (Падымае кубак.) За маё здароўе. (Абодва выпіваюць.) Дык ты паверыў, што я... Ці ты і цяпер мяркуеш, што я мог бы напісаць такі данос?

XX. Чаму не? (Садзіцца на левае крэсла.)

АА. Можа, ты і маеш рацыю. Адзін толькі д’ябал ведае, на што чалавек здольны,— ручацца нельга. Але я не напісаў бы. I зусім не таму, што не змог бы, а толькі таму, што гэта было б зусім лішняе. Ты і так не вернешся. Табе яшчэ патрэбна гэта сякера? (XX маўчыць.) Ні ў якім разе не вернешся, нават калі б ты і забіў мяне са страху перад даносам, усё роўна не вярнуўся б. Дык навошта мне тады пісаць данос? Супакойся. Я не напішу.

XX. Не?

АА. Не. Дай мне гэта. (Устае і бярэ з рукі XX сякеру, заносіць яе ў куток.) I падзякуй Богу, што табе не пашанцавала. Што б ты без мяне тут адзін рабіў... Хіба ўжо не лепш, што цяпер застанемся разам?

XX. Я тут не застануся.

АА. Застанешся, застанешся, хоць яшчэ і не ўсведамляеш гэтага.

XX. Я хачу вярнуцца.

АА. Вядома, што хочаш. Я веру табе. Дзеля таго ж ты і тут, каб вярнуцца. Вяртанне — гэта адзіны сэнс твайго жыцця. Інакш не вытрымаў бы тут ні хвіліны. Звар’яцеў бы альбо скончыў бы самагубствам.

XX. А хто мне забароніць?

АА (абярнуўшыся направа, туды, дзе XX пакінуў рэчы і сабаку Плута). Плута, ідзі сюды!.. Ах, што за ўпартае стварэнне. (Ідзе направа і бярэ ляльку ў рукі.)

XX (устае з крэсла). Кінь яго.

АА. Я яго не з’ем. Вось бачыш, гультай. Гэты пан раўнуе цябе. Ніколі не дазваляе мне пагуляць з табою... Гэта ненармальна, такая прывязанасць да бязглуздага сабакі. Да таго ж яшчэ напханага.

XX. Пакладзі назад.

АА. Чаму? Што, мне нават пагладзіць яго нельга? Чаму ты так раўнуеш? Гэта падазрона.

XX. Нічога я не раўную. (Садзіцца.)

АА. А як ты клапоцішся пра яго... Сабачка ажно трашчыць, вось-вось лопне, глядзі, які тлусты. Чым ты яго корміш?

XX. Нічым. Ён жа напханы.

АА. Менавіта напханы. Але чым? Што ў яго ўсярэдзіне?

XX. Нічога няма.

АА. А можа, гэта таямніца?

XX (падымаецца). Пакінеш ты яго ці не?

АА. Зараз пераканаемся. (Бярэ з падлогі ножны і, пакуль XX паспявае яму перашкодзіць, распорвае ляльцы жывот, выцягвае адтуль скруткі банкнотаў.) А, цяпер зразумела.

XX. Гэта маё! Аддай сюды! (Вырывае ў яго банкноты.)

АА. Цяпер усё зразумела. Значыць, таму ў цябе ніколі не было грошай.

XX. Аддай, злодзей!

АА. Падбірай словы. Калі б я хацеў цябе абакрасці, я зрабіў бы гэта даўно. Думаеш, я не ведаў, дзе ты хаваеш грошы?

XX. Падглядаў, значыць?

АА. Спярша здагадаўся. Бо такія, як ты, не трымаюць грошай у банку. А пасля, неяк вечарам, прызнаюся...

XX. Бачыў?

АА. Сапраўды бачыў, як фаршыраваў ты свайго сабачку гатоўкай. Але не наўмысна, клянуся. У нас, інтэлектуалаў, сон чуйны.

XX. Злодзей. (Садзіцца за стол на правае крэсла і пачынае Мчыць грошы.)

АА. Зараз пераканаешся, што я не ўзяў у цябе ні гроша. Хоць мог і меў на гэта права.

XX. Якое яшчэ права! Гэта маё!

АА. Ты ж мне вінен шмат грошай.

XX. Я не сабе гэта...

АА. Ведаю, ведаю, жонцы, дзецям. Але што мне да таго, каму ты іх збіраеш. Мне важна тое, што ты — скнара. Гэта і ёсць гарантыя, што ты мяне ніколі не пакінеш. Ты ж не пакінеш сваіх грошай, праўда?

XX. А ты думаеш, што я табе іх пакіну? Не дачакаешся.

АА. I хвілінкі так не думаў. Як бачыш, я нават не напамінаю табе, каб аддаў мне пазыку. Значыць, ты збіраў іх дахаты?

XX. Гэта маё, не аддам!

АА. Менавіта «маё». Люблю, калі ты вымаўляеш гэтае слова. Ты яго вымаўляеш з такім перакананнем, з такім пачуццём... Але задумайся вось над чым. Там давялося б табе, нарэшце, патраціць гэтыя свае грошыкі, так цяжка заробленыя. I там ты не зможаш ужо ні зарабляць, ні ашчаджаць...

XX. Ясна. Таму я іх тут і назапашваю.

АА. Гэта праўда — тут. Тут, а не там. Тут кожны дзень прыбаўляе табе грошай. Кожны дзень ты кладзешся спаць з думкай, што заўтра ў цябе іх будзе больш, паслязаўтра яшчэ больш, праз год — яшчэ і яшчэ больш. У тваім жыцці цяпер ёсць мэта, і чым болей яна далёкая, тым болей прывабная. Ты ўжо сабраў на маленькі дамок у маленькім садку? Дык чаму не мог бы сабраць на трохі большы дом у трохі большым садзе... Гэта так проста, дастаткова адкласці вяртанне яшчэ на месяц, яшчэ на два... А потым — на яшчэ прыгажэйшы дом, на яшчэ большы сад... Такім чынам і далей ты будзеш адкладваць сваё вяртанне, бо чым больш ты маеш, тым больш захочаш мець. Міне не адзін год, а ты ўсё будзеш марудзіць з ад’ездам, марудзіць, працаваць і збіраць. На будучыню. Ну, чаму ты спыніўся... Так прыемна глядзець, як ты лічыш грошы...

XX. Навошта ты мне гэта кажаш?

АА. Каб ты зразумеў, што гэта не я цябе тут трымаю. Што мне не трэба пісаць ніякіх даносаў, каб ты застаўся. Ты застанешся тут сам, па ўласным жаданні. Значыць, думка пра сякеру зусім тут лішняя.

XX. Выходзіць, не вярнуся?

АА. Ніколі. Хоць табе заўсёды будзе здавацца, што ўжо хутка, што ўжо вось-вось...

XX. Ніколі?

АА. Чаму гэта так непакоіць цябе? У цябе ж будзе цудоўнае жыццё, поўнае надзеі, тугі і ілюзій. Не кожнаму такое дадзена.

XX. Але чаму ж ніколі?

АА. Я ўжо табе гэта тлумачыў. Ніколі — таму, што ты раб. Там — ты нявольнік дзяржавы, а тут — сваёй хцівасці. Але так ці інакш ты заўсёды раб, і няма табе вызвалення. Вольнасць — гэта калі распараджаешся сабою сам, а табою заўсёды распараджаецца нехта ці нешта. Калі не людзі, дык рэчы.

XX. Якія рэчы...

АА. Рэчы, якіх ты прагнеш, якія хочаш мець. Якія можаш купіць за грошы. Быць рабом рэчаў — гэта няволя яшчэ дасканальнейшая, чым турма. Такая няволя сапраўды ідэальная, бо тут ужо няма ніякага насілля звонку, ніякага прымусу. Тут ужо толькі сама рабская душа стварае сабе няволю, бо прагне няволі. У цябе душа раба, і толькі гэтым ты мяне цікавіш. Толькі ўлічваючы маю працу пра сутнасць рабства, якую я збіраюся напісаць...

XX. А ведаеш, што я на тваю працу...

АА. Мне ўсё адно, як ты ставішся да маіх даследаванняў. Вучонаму ўсё роўна, як ставіцца насякомае да мікраскопа. Я цябе бачу і апісваю — гэта важна.

XX. Ты мяне?

АА. Я цябе. А што ты пра гэта думаеш — не мае значэння. Галоўнае, што ты не можаш перастаць быць рабом, як і авадзень не можа перастаць быць насякомым.

XX. Не магу?

АА. Не можаш. Бо не можаш змяніць сваёй натуры; не можаш, бо павінен быў бы стаць іншым, а гэта немагчыма.

Не можаш, як і не можаш перастаць быць скнараю, як не можаш не марыць пра вяртанне, як не можаш вярнуцца...

XX. Я вярнуся.

АА. Не вернешся.

XX. Вярнуся!

АА. А як вось гэта? (Паказвае на стос банкнотаў.)

XX. Вярнуся, вярнуся, вярнуся! (Рве банкноты.)

АА. Што ты робіш! Гэта ж грошы!

XX. Я раб... я насякомае... я авадзень...


АА спрабуе перашкодзіць яму, але XX адштурхоўвае яго. Рве банкноты на дробныя кавалачкі і раскідае іх па падлозе.


АА. Гэта ж твае грошы!

XX. Мае... мае... мае...


Працягвае рваць. АА спрабуе схапіць яго за рукі, але XX адштурхоўвае яго так моцна, што АА, захістаўшыся, спатыкаецца і падае на падлогу. XX дашчэнту знішчае астатнія банкноты.


АА. Звар’яцеў. (Поўзаючы на карачках, збірае па падлозе шматкі банкнотаў.) Можа, удасца склеіць...

XX. Удасца?

АА. Не. (Кідае шматкі на падлогу, устае.)

XX. Што ж мне цяпер рабіць?!

АА. Хіба я ведаю... Рабі сабе, што хочаш. Цяпер ты ўжо вольны чалавек.

XX. Што я нарабіў, што я нарабіў!

АА. Што табе не зразумела? Ты вызваліўся ад свайго рабскага стану, узбунтаваўся супраць тыраніі грошай. Даказаў, што можаш сабе дазволіць раскошу свабоды. Цяпер можаш цешыцца.

XX. Але ж я цяпер не магу вярнуцца!

АА. Перад гэтым таксама не мог. Дык якая розніца?

XX. Усё праз цябе.

АА. А ці я загадаў табе нішчыць грошы? Я толькі тэарэтычна разважаў, а табе адразу захацелася стаць Спартаком.

XX. Нічога я не хацеў, я хацеў толькі вярнуцца, толькі вярнуцца.

АА. Цяпер позна ўжо.


Дастае са свайго чамадана некалькі спісаных ад рукі аркушаў паперы. Садзіцца за стол, на левае крэсла. Метадычна дзярэ аркуш за аркушам.


XX. Што гэта?

АА. Планы, замалёўкі, нататкі. Збіраўся ж пісаць свой вялікі твор.

XX. Дык навошта дзярэш?

АА. Цяпер ужо не напішу. Высветлілася, што ідэальнага раба не існуе. Бо нават такі катаржнік, як ты, здольны стварыць сабе імгненне свабоды... Ты для мяне быў узорам, натхненнем, аксіёмай і зыходным пунктам. Усё гэта ты разбурыў за адну хвіліну. Ты адабраў у мяне плод маіх даследаванняў і роздумаў. У зародку знішчыў вялікі твор, вандал.

XX. І-і-і, чаго там...

АА. Вядома, цябе гэта не датычыць. Нічога цябе не датычыць. Нават тое, што адзін твой неабдуманы жэст прычыніў чалавецтву непапраўную страту. Мая праца магла б стаць каштоўным укладам у сусветную культуру. Ты можаш гэта ўсвядоміць? Прычым вельмі арыгінальным укладам.

XX (устае і здымае пінжак. Вешае яго на крэсла. Становіцца на крэсла, з крэсла — на стол.) Пасунься.

АА. А такі цудоўны нявольнік быў з цябе... I ўсё сапсаваў ты. Бо думаеш толькі пра сябе. (XX здымае гальштук і вяжа яго ў пятлю. Прывязвае канец гальштука да патрона лямпачкі.) Будзеш вешацца?

XX. А што, можа, мне нельга?

АА. Можна, можна. Самагубства — святое права вольнага чалавека, апошняе сведчанне яго волі.

XX. Тады пасунься.

АА (перасоўвае паперы на край стала). Гэта нават лагічны вынік твайго папярэдняга ўчынку. Калі ўжо ступіў на вольны шлях, дык цяпер ні ў чым нельга табе адмовіць. Хоць, праўду кажучы, пачуццё меры таксама не зашкодзіла б.

XX (цягне за гальштук, правяраючы яго трываласць). Напэўна, вытрымае.

АА. Утрыраваць — кепскі густ, хоць, праўда, кепскі густ гэта тыповая рыса ўсіх вылучэнцаў... Можа б, ужо супакоіўся ты з гэтым сваім вешаннем?

XX (надзявае пятлю на шыю). Адсунься.

АА. Чаму?

XX. Я зараз адштурхну стол.

АА. Ты ўсё сваё. Вось упартасць кожнага выскачкі.

XX. Я сказаў, каб ты адсунуўся.

АА. Якая таўстаскурасць.

XX. Ты адсунешся ці не?

АА. Ты абавязкова хочаш быць вульгарным?

XX. Добра. Я адштурхну і так.

АА. Пачакай. Якое тваё будзе апошняе слова?

XX. Ад...

АА. Т-с-с-с, не кажы далей. Застанься ў маёй памяці чалавекам узнёслым, нягледзячы што просты чалавек. Ведаю, што ты хацеў сказаць, але гэта было да мяне. А што сям’і?

XX. Сям’і?

АА. Ты ўжо і забыў, што маеш сям’ю? Хіба яна не заслугоўвае колькі слоў ад цябе?


Паўза.


АА. Ну, тады дыктуй, я напішу за цябе. (Перагортвае апошні, не падраны яшчэ аркуш чыстым бокам наверх. Дастае з кішэні аўтаручку.) Як пачнём?

XX. Дарагая жонка і вы, каханыя дзеткі...

АА (піша, паўтараючы па складах.) Да-ра-гая жон-ка. XX. У першых словах майго ліста паведамляю вам, што я здаровы.

АА. Здаровы... Хм, няхай і так. (Піша.) Што далей?

XX. Чаго і вам зычу...

АА. Аднак, можа, не варта так?

XX. Чаму?

АА. Не дарэчы... (Праводзіць пальцам па горле і паказвае язык.)

XX. Сапраўды. Тады лепш не трэба.

АА (перачытвае). «Што я здаровы». Кропка. Што далей? XX. ...Мне добра.

АА (піша). На небе...

XX (механічна прадаўжае). Так і на зямлі... (Спахопліваецца.) Чаму на небе?

АА. Дык ты ж пойдзеш на неба.

XX. Не перашкаджай. Выкраслі.

АА. Выкрасліў. Што далей?

XX. Не ведаю.

АА. Хочаш, каб я напісаў за цябе?

XX. Пішы.

АА (піша). Я заў-сё-ды ду-маю пра ця-бе і пра дзя-цей... XX. Добра.

АА. I таму хачу павесіцца.

XX. Як?

АА. Павесіцца.

XX. Гэтага не пішы.

АА. А калі гэта праўда?

XX. Я зусім не таму.

АА. Ну, добра. (Піша.) ...Вешаюся, бо зусім не думаю пра вас.

XX. Не!

АА. Што, таксама кепска?

XX. Не так. Інтэлігент, а ліста напісаць не ўмее.

АА. Ну, тады як ты сам гэта сфармулюеш?

XX. Як-небудзь так... карацей.

АА. Я вешаюся. З любоўю да вас, ваш муж і бацька. Падпішы. (Падае паперу і ручку XX. Той прабягае вачыма тэкст, пасля камечыць паперу і кідае на падлогу. Вызваляе галаву з пятлі і злазіць са стала.) Значыць, пісаць ужо не будзем? (XX павярнуўся і ідзе направа.) Ручку! (XX аддае яму ручку і кладзецца на свой ложак, справа, тварам да сцяны.) Ну, як хочаш. (Залазіць на стол і адвязвае гальштук ад лямпачкі. Кідае гальштук на правае крэсла.) Ну, і правільна, не усё яшчэ страчана. Я не кажу пра сябе, але ты... Можаш усё распачаць наноў. (Зверху чуваць бразганне дзвярыма, крокі гасцей на сходах, смех, галасы.) Убачыш, як узрадуецца жонка. А дзеці? Яны там цябе выглядаюць, чакаюць... Жонка таксама чакае цябе, сумуе... Вось гэта будзе радасць. Усе выйдуць табе насустрач, усё мястэчка. Можа, нават з аркестрам... (Апошні выбух смеху на сходах. Цішыня.) I што ты на гэта скажаш? (XX не адказвае.) А падарункі? Падумай пра падарункі. Езус, якія цудоўныя гэта будуць рэчы! Кожнаму прывязеш нейкі падарунак. Аднаму тое, другому гэта... ці я, урэшце, ведаю, што каму, ты сам лепш ведаеш, што каму купіць. Купіш усё, што табе толькі спадабаецца. Цэлыя чамаданы ўсякіх дзівосаў. I табе будуць зайздросціць, так? (XX не адказвае.) Будуць, будуць. (Ідзе направа, у глыб пакоя, дзе XX пакінуў свае манаткі, бярэ плед і ўкрывае ім XX. Пераходзіць налева і кладзецца на ложак, дагары, паклаўшы рукі за галаву.) А пасля і дом збудуеш. Прыгожы дом. Высокі, мураваны... Не якую-небудзь там хацінку. I мухі таксама будуць лётаць... (Паўза.) Дзяцей пашлеш у школу. Няхай вучацца, няхай вырастуць людзьмі. Гэта будзе добрая, сапраўдная школа, і ўсё будзе цудоўнае, сапраўднае... Праца дасць хлеб, а закон — волю, бо вольнасць будзе законам, а закон — воляй. Хіба не гэтага мы хочам, хіба не да гэтага ўсе мы імкнёмся? А калі ва ўсіх нас агульная мэта, калі ўсе мы хочам аднаго і таго ж, тады што нам перашкаджае стварыць такое добрае і разумнае грамадства. Ты вернешся і ніколі не будзеш нявольнікам. Ні ты, ні твае дзеці.


Магутны храп XX. АА адварочваецца тварам да сцяны. Праз хвіліну з храпам змешваецца іншы гук — рыданне, спярша ціхае, а пасля ўсё галаснейшае, надрыўнае.


ЗАСЛОНА

Загрузка...