Фрыдрых Дзюрэнмат Партрэт планеты П’еса.

АСОБЫ

Адам.

Ева.

Каін.

Ада.

Авель.

Цыла.

Энох.

Наэма.


П'еса ідзе без перапынкаў. Дзеянне доўжыцца адну гадзіну трыццаць пяць хвілін. На заднім плане спачатку запальваецца Птушыная Дарога. Сцэна крыху асветленая. Адам выходзіць злева і ідзе ў сярэдзіну задняга плана сцэны.


Адам. Я — першы Бог.


Пасля Адама выходзіць Каін, ён відавочна слабы на вушы.


Каін. Што?

Адам. Я — першы Бог.

Каін. Ах так. (Становіцца праваруч ад Адама). Я — другі Бог.


З пэўнай урачыстасцю выходзіць Авель, становіцца леваруч ад сярэдзіны сцэны.


Авель. Я — трэці Бог!


З пэўнай бесклапотнасцю на твары выходзіць Энох, спыняецца з самага левага краю сцэны.


Энох. Я — чацвёрты Бог.


Адам пазяхае.


Каін. Як?

Адам. Сумная гэта бясконцасць.

Авель. Сумная да ашалення.

Каін. Што?

Авель (старанна вымаўляючы). Сумная да ашалення.

Каін. Ах так.

Энох (гледзячы ў бок Адама і Авеля). Сядайма?

Авель. Сядайма.


Авель сядае, Энох кладзецца на спіну, Адам застаецца стаяць.


Каін (няўцямна). Што?

Авель (старанна вымаўляючы). Сядайма.

Каін. Ах так. (Сядае).

Адам. Сонца вунь там загіне...

Каін. Хто?


Каінава глухаватасць пачынае паступова раздражняць Адама.


Адам. Сонца там... Загіне.

Каін. Ах так.

Авель. Калі?

Адам. Неўзабаве.

Энох (пераварочваецца на жывот, глядзіць на Птушыную Дарогу). Во гэта будзе выбух!

Каін. Што будзе?

Авель. Сонца расколецца, і ягоная матэрыя разляціцца па Сусвеце.


Авель відавочна гэтаму рады.


Каін. Ах так.

Адам. Бух!

Каін. Што?

Адам. Бубух!

Каін. Як?

Адам. Бум!

Каін. Ага!

Энох. Але пакуль што гэтае сонца яшчэ стабільнае.

Авель. Значыць, выбуху не будзе.

Энох. Не, яно выбухне.

Авель. Значыць, яно не стабільнае.

Энох. Я надта ў сонцах не разбіраюся. (Пераварочваецца на спіну).

Адам. I я таксама.

Каін. Што?

Адам (са злосцю). I я таксама.

Каін (злуецца). Ах так.

Адам. Цікава, ці гэта сонца мае планеты?

Каін. Мае — што?

Адам. Планеты!

Каін. Ах так.

Авель. Не ўяўляю сабе.

Каін. Што-што?


Адам мармыча нешта няўцямнае.


Каін. Ах так.

Энох. Я кажу пра планеты, населеныя жывым.

Каін. Чым?

Авель (Каіну). Раслінамі, жывёламі, людзьмі.

Каін. Ах так.

Энох. Я не разбіраюся і ў жывых істотах.

Авель. Гэта няважна.

Энох. Ну што, рушым далей?


Авель, смеючыся, падымаецца, за ім падымаецца Энох.


Каін. Га?

Авель (абмінаючы Каіна справа, старанна вымаўляе). Хадзем.

Каін. Ах так. (Падымаецца і становіцца ззаду за Авелем).

Адам (яшчэ раз глядзіць у бок Птушынай Дарогі). Сонца ўсё роўна загіне.


Адам адыходзіць за правую кулісу. Слабое сонца на сцэне патухае. Свеціцца толькі Птушыная Дарога. Потым раптоўна ўспыхвае поўнае святло. Птушыная Дарога знікае. З глыбіні сцэны злева выходзяць жанчыны, справа — мужчыны, усе становяцца паўколам. Жанчыны апранутыя ў форму, у руках — блакітныя фуражкі. Ада трымае кіёк. На мужчынах — звярыныя шкуры, нібы ў дзікуноў.


Усе. Мы.

Ева. Ева.

Усе. Мы.

Ада. Ада.

Усе. Мы.

Цыла. Цыла.

Усе. Мы.

Наэма. Наэма.

Усе. Мы.

Адам. Адам.

Усе. Мы.

Каін. Каін.

Усе. Мы.

Авель. Авель.

Усе. Мы.

Энох. Энох.


Жанчыны насоўваюць блакітныя фуражкі.


Ада. Гуляць!


Жанчыны адыходзяць праз левую кулісу. Мужчыны, гарбацячыся, моўчкі бягуць па коле. Бачаць, што жанчыны адышлі.


Адам. Горача.

Каін. Усё павысыхала.

Энох. Рэкі абмялелі.

Авель. Танец дажджу!


Чутно біццё барабанаў у негрыцянскіх рытмах. Мужчыны, тупаючы і выкрыкваючы па-першабытнаму, збіваюцца ў цеснае кола. Справа выходзіць Ева з жалезным катлом, глядзіць на танец. Музыку перарывае гучны ўдар літаўраў. Мужчыны з жахам заўважаюць Еву — і зноў бягуць па коле. Ева пагардліва абмінае іх, ставіць кацёл на авансцэну.


Ева. Есці!


Мужчыны спыняюцца, чакаюць, пакуль Ева пойдзе, потым кідаюцца да катла і пачынаюць прагна есці.


Энох. Ізноў пячонка?

Авель. Не ведаю.

Адам. Пячонка.

Каін. Пячонка.

Энох. Вечна пячонка ды пячонка.


Глядзяць адзін на аднаго.


Адам. Даўней мы елі шынку.

Каін. Катлеты.

Авель. Адбіўныя.

Энох. Сала.

Авель. То было раней.


Яны рохкаюць.


Каін. Нас кормяць горш і горш.

Авель. Ад таго часу, як у нас паявіліся белыя жанчыны.

Энох. Іншых няма.

Адам. Белыя жанчыны звезлі нашых жанчын.

Авель. На вялікіх бліскучых птушках.

Каін. Куды?

Адам. Не ведаю.

Энох. Ці яны вернуцца?

Адам. Яны ніколі не вернуцца.

Авель. Ніколі.

Каін. Ці будзем даядаць?

Адам. Будзем.


Каін і Адам зноў ядуць. Энох паварочваецца да іх спінай.


Энох. Пячонка. У гэткую спёку.


Авелю робіцца млосна.


Авель. Я больш ні да чога не дакрануся.


На заднім плане злева з'яўляецца Ева.


Ева. Кацёл прыбраць. Прынясіце лаўку і скрыню з чырвоным крыжам.


Энох адносіць кацёл на задні план сцэны і ставіць яго пасярэдзіне. Адам і Каін бягуць да сярэдзіны задняга плана сцэны і знікаюць. Авель адбягае ў правы бок сцэны і знікае. Адам і Каін прыносяць лаўку, ставяць яе пасярэдзіне сцэны і сядаюць. Авель нясе скрыню з чырвоным крыжам, ставіць яе з правага боку ад лаўкі, бліжэй да гледачоў, потым сядае на скрыню.


Ева. Трэба нарваць бананаў.


Дзікуны буркаюць сабе пад нос, але падымаюцца. Адам і Каін бягуць да сярэдзіны задняга плана сцэны. Авель пераскоквае цераз лаўку і выбягае, за ім следам Адам і Каін. Энох таксама спрабуе ўцячы.


Ева. А ты застанься.

Энох (дранцвее). Калі ласка.

Ева (сядае на лаўку). Сядай.

Энох (сядаючы на скрыню). Калі ласка.

Ева. Выпрастайся.

Энох (выпростваючыся). Калі ласка.

Ева. Сёння ты спіш са мною.

Энох. Калі ласка.

Ева. Ты за кожным разам кажаш: калі ласка.

Энох. А што мне яшчэ казаць?

Ева. З задавальненнем.

Энох. Калі ласка.

Ева. Ці ты не хочаш спаць са мною?

Энох. У мяне пра гэта ніхто не пытаецца.

Ева. Я пытаюся.

Энох. А калі я не хачу?

Ева. Ты мусіш спаць са мною.

Энох. Ну во, бачыш.

Ева (у роспачы падымаецца). Так не пойдзе.

Энох. Горача.

Ева. Гэта не адказ.

Энох. Адказу не будзе.

Ева (спыняецца каля Эноха). Табе не даспадобы спаць са мною.

Энох. Мне нічога не даспадобы.

Ева. Пячонка табе таксама не даспадобы.

Энох. Каб сала...

Ева. Сала болей няма.

Энох. Ну, тады шынкі.

Ева. Ніводнага негра не засталося.

Энох. А кітайцаў?

Ева. Таксама няма.

Энох. Тады я нічога больш есці не буду.

Ева. Пэўна, можна здабыць колькі белых.

Энох. Ф-фу, яны паскудныя на смак.

Ева (узрадаваўшыся). Жывёлін?

Энох. Жывёлін есці няможна.

Ева (укленчвае перад Энохам). Раней вы жывёлін елі.

Энох. Гэта быў грэх.

Ева (расчаравана падымаецца). Тады еш бананы.

Энох. Яны нясмачныя.

Ева (зноў сядае на лаўку). Мы ж ямо бананы.

Энох. То ж вы!


З правай кулісы выходзіць Цыла з бляшанай міскаю.


Цыла. Ты сёння з ім спіш?

Ева. Ага.

Цыла (падае міску Эноху). Еш.

Энох. Я ўжо еў.

Цыла. Еш яшчэ.

Энох. Калі ласка.

Цыла. Гэта сцягно негра.

Энох. Калі ласка. (Пачынае есці).

Ева. Ён заўсёды кажа: калі ласка.

Цыла. Самае галоўнае, што ён падпарадкоўваецца.

Энох (працягваючы есці). Дзіўна. (Пасля паўзы). Смачна.

Цыла. Гэта не негр.

Энох. Індус?

Цыла. Не.

Энох. Нехта са спякотных краін?

Цыла. Таксама не.

Энох. Ліліпут?

Цыла. Свіная смажаніна.

Энох (шпурляе міску вобзем, з жахам глядзіць на яе, крычучы). Я парушыў закон!

Цыла (рупліва ўсаджваючы Эноха на скрыню). Сядай.

Энох. Калі ласка.

Цыла. Даядай.

Энох. Калі ласка. (Жуе, спачатку павольна, потым хутчэй і хутчэй).

Цыла. Смачна?

Энох. Смачна.

Цыла (Еве). Бачыш во.

Энох. Адкуль свініна?

Цыла. Ад Бога.

Ева. Ён паслаў нашаму племю тысячу свіней, тысячу авечак, тысячу кароў.

Энох. Слава Госпаду!

Цыла. Амін.

Энох. Ці можна вылізаць міску?

Цыла. Калі ласка.


Энох падымаецца, праходзіць каля Евы ў глыб сцэны.


Энох (Еве). Хадзем спаць.

Ева. Калі ласка.


Ева неахвотна ідзе следам за Энохам. З левага боку выходзяць Наэма і Адаз кійком.


Ада. Ці з'еў ён свініну?

Цыла. З'еў.

Ада. Ну вось.

Наэма. Нарэшце ўжо...

Aда. Я мушу сесці.


Сядае. Праваруч ад яе сядае Наэма, леваруч — Цыла.


Цыла. Заўтра ўсе будуць есці.

Ада. Людажэрства больш няма.

Цыла. Можна распачынаць жывёлагадоўлю.

Наэма. Наша навуковая мэта дасягнута.

Ада. Мы ўжо можам ім вярнуць іхніх жанчын.

Цыла. Яны таксама перайшлі на мясное харчаванне?

Ада. Яны ядуць нават бананы.

Наэма. Мы пакідаем гэтую выспу годна і з удзячнасцю.


Справа выходзіць Каін у карычневай афіцэрскай форме і сонцаахоўных акулярах.


Каін. Дарагія дамы, нас можна павіншаваць з поспехам.


Цыла і Наэма падымаюцца, Ада застаецца сядзець.


Наэма. Поспех быў дасягнуты толькі дзякуючы самаахвярнасці, спадар упаўнаважаны.

Каін. Вядома, вядома.


Каін сядае з правага боку ад Ады на лаўку, запрашае іншых. Наэма сядае каля Ады, Цыла — на скрыню з чырвоным крыжам.


Ада. Мы ўсе прысвяцілі сябе змаганню супраць людажэрства, спадар упаўнаважаны.

Каін. I вы таксама?

Ада. I я.

Каін. Грандыёзна.

Ада. Толькі абыходным шляхам, праз эротыку, мы здолелі паўплываць на гэтых дзікуноў.

Каін. Фантастыка!

Ада. Яны яшчэ да гэтага часу жывуць у матрыярхаце.

Каін. Якое дзікунства...


Злева выходзіць Авель у такой самай форме, як і ў Каіна.


Авель. Імпартаваныя тысяча кароў, тысяча авечак, тысяча свіней.

Каін. Ну і што?

Авель. Гэта ж вар'яцтва!

Каін. На выспе зліквідавана людаедства.

Авель. А на мацерыку цяпер голад.

Каін. Наш камітэт гэтым не займаецца.

Авель. А наш займаецца якраз барацьбой супраць голаду.

Каін. Разумнае планаванне сям'і засцерагае ад голаду. Няхай глытаюць супрацьзачаткавыя таблеткі і не лезуць да нас.

Авель. Але ж яны галадаюць якраз з тае прычыны, што з мацерыка вывезена па тысячы кароў, свіней ды авечак. Галадаюць дзесяткі тысяч.

Каін. Затое тут сотні такіх самых істотаў, як і на мацерыку, не ядуць да сябе падобных.

Авель. Людаедства не пагражае свету.

Каін. Любое варварства — пагроза свету.

Авель. Не трэба гаварыць збітых фраз.

Ада. Я не дзеля таго прысвяціла сваё жыццё барацьбе з людаедствам, каб пасля цярпець знявагу ад прадстаўнікоў камітэта дапамогі галадоўцам.

Адам. Мадам, зразумейце мяне: вы вывозіце з мацерыка скаціну, а там паміраюць дзеці...

Ада. Генеральны сакратар даў нам транспартныя сродкі.

Авель. Невыпраўны ёлупень.

Ада. На такім узроўні я не збіраюся дыскутаваць далей.

Цыла. За нашага генеральнага сакратара мы пойдзем у агонь.

Наэма. Ён усё-ткі Нобелеўскі лаўрэат у галіне літаратуры.

Авель. Нам патрэбны не эстэт, а практык. Без каардынацыі немажліва выканаць праграму дапамогі свету. У той самы час, калі ваш камітэт вывозіць скаціну з мацерыка для бяскрыўдных людаедаў, народ, за плячыма якога трохтысячагадовая культура, пажырае чалавечыя трупы. Калі ваш камітэт заахвочвае такое людаедства, дык хіба яго можна называць камітэтам па барацьбе з людаедствам? Дазвольце, я сяду. Задыхаюся нешта.


Ніхто не дае яму месца.


Каін. Выспа чакае вашых распараджэнняў.

Авель. Маё сэрца!..


Авелю цяжка стаяць.


Ада. Мы ўсе разлічваемся сваім здароўем.

Авель. Гэта праклятая зямля... ці хоць ураджайная?

Цыла. Гэта — рай.

Авель. Тады дзікуны няхай ядуць бананы і не разлічваюцьна нашую скаціну.

Ада. Бананы ім не даспадобы.

Авель. Не даспадобы! Ім бананы не даспадобы, калі ў нас не хапае харчоў!

Цыла. Апроч бананаў, тут няма чаго есці. Адны пацукі ды чарвякі.

Авель. На мацерыку іх даўно ўжо ядуць.

Каін. Божухна! Людаедства немагчыма перамагчы без кулінарнага ўмельства.

Авель. У вас у галовах няма нічога, апроч людаедства.

Каін. А ў вас нічога, апроч галадоўцаў.

Авель. Прапаную абмеркаваць наш канфлікт на агульным пасяджэнні арганізацыі дапамогі свету.

Каін. Калі ласка.


Усе становяцца радком, перадам да скрыні з чырвоным крыжам. З правага боку выходзіць Адам, ён у карычневым сурдуце.


Цыла. Генеральны сакратар.

Адам (залазіць на скрыню). У якасці генеральнага сакратара міжнароднай арганізацыі дапамогі свету шлю вам прывітанне ў гэтым цудоўным горадзе на беразе самага цудоўнага возера і заклікаю вас: набярыцеся мужнасці!


Воплескі. Адам кланяецца. Выходзіць Ева ў блузцы і з жаночай сумачкай, становіцца на скрыню перад Aдамам, адчыняе сумачку і пачынае пудрыцца.


Адам. Я нарадзіўся ў гэтай горнай краіне, спадары і спадарыні. У маленстве я часцяком хадзіў у горы. З усіх бакоў было атачэнне неадольных стромых скал. Абвалы заміналі, але я ішоў ды ішоў, пакуль перад вачыма не з'явіўся горны перавал і каля ног вандроўніка не апынулася шматпакутная радзіма. Гэтак і цяпер. Яшчэ не пераадолены неразважнасць і карыслівасць, але яны адыдуць, і вы ўбачыце вызваленую зямлю.

Ева. Яны зноўку жаруць чалавечыну.

Адам (не зважаючы на Еву). Усё будзе добра.

Ада. Каго?

Ева. Матросаў.

Адам. Усё будзе добра.

Ада. У чым прычына?

Ева. Танкер-нафтавік водазмяшчэннем трыста тысяч тон узарваўся непадалёк ад выспы, з экіпажа жывыя засталіся толькі 52 чалавекі.

Каін. I што — усіх з'елі?

Ева. Усіх.

Адам. Усё будзе добра.

Авель. Як упаўнаважаны прадстаўнік камітэта дапамогі галадоўцам лічу выбух нафтавага танкера-трохсоттысячніка нашмат больш фатальным...

Адам. Захоўвайце парадак, не хвалюйцеся. Толькі спакойна... Прагрэс доўжыцца стагоддзі, калі не тысячы гадоў. Чытайце Фрэйда.

Адам (злазіць са скрыні, падыходзіць да тых, што стаяць, паціскае дамам рукі). Нягледзячы на невялікі рэцыдыў у самым пачатку ўзнікнення чалавечай культуры на гэтай выспе, я шчыра ўдзячны дамам з камітэта барацьбы супраць людаедства за іх асабісты ўдзел. Да сённяшняга свята аркестр філармоніі нашага горада падрыхтаваў бессмяротную Пятую сімфонію Бетховена. Пакуль наладжваецца буфет, мы паслухаем Бетховена, і спадзяюся, што ён суцешыць нас, што нам так патрэбна ў нашай цяжкай службе.


Здалёк далятаюць першыя пяць тактаў Пятай сімфоніі Бетховена. Адам ляпае па плячы, Авель бярэ пад казырок. Усе, апроч Евы і Каіна, выходзяць. Каін здымае куртку, кладзе яе на лаву. Ева сядае на скрыню, дастае з сумкі электрабрытву і падае яе Каіну. Яна накладае грым, расчэсвае валасы. Каін паварочваецца да Евы, спрабуе штосьці сказаць, але махае рукою моўчкі, потым ідзе наперад. Правая нага ў яго не гнецца. Ён спыняецца, разяўляе рот, але нічога не кажа. Зноў махае рукою і пачынае галіцца. Яшчэ раз гучаць першыя чатыры такты сімфоніі.


Каін. Ён ізноў не здаў іспыту.

Ева. Недабраў тры балы, зусім крыху.

Каін. Другі раз.

Ева. У яго запозненае развіццё.

Каін. Каб у яго было запозненае развіццё, ён бы не спаў з пакаёўкаю.

Ева. Ты таксама спіш з пакаёўкаю.


Гучаць першыя чатыры такты Пятай сімфоніі.


Каін. I пры ўсім тым ён прыдатны да службы ў войску.

Ева. Ты проста зайздросціш яму.

Каін. Я быў добры салдат.

Ева. Праз гэта ў цябе і кавяла.

Каін. Не чапляйся да мяне з гэтай кавялою.

Ева. А ты не чапляйся да мяне з маім сынам.

Каін. Я ганаруся сваёй кавялою.

Ева. А я ганаруся сваім сынам.


Гучаць першыя чатыры такты сімфоніі.


Каін. Я што — мушу цэлы вечар слухаць гэту сімфонію?

Ева. Ён любіць класічную музыку; табе са сваёй кавялою гэтага не зразумець. Па-твойму, эротыка — гэта згвалтаванне.

Каін. Не чапляйся да мяне са сваёй пакаёўкаю.

Ева. Я гавару не пра пакаёўку, я гавару пра нас з табою.


Першыя чатыры такты сімфоніі.


Каін. Я — мужчына, а твой сын — гаўнюк.

Ева. Навошта ж тады ты пасылаеш яго ваяваць у джунглі, калі ў цябе такая думка пра яго?

Каін. Вайна зробіць з яго мужчыну.

Ева. Лухта.


Зноў гучаць першыя чатыры такты сімфоніі.


Ева. Навошта ўвогуле яна патрэбная, гэта вайна?

Каін. Урад ведае навошта.

Ева. Каб скінулі колькі атамных бомбаў на гэтых дзікуноў, дык былі б спакойныя.

Каін. Каб мы скінулі, дык і іншыя таксама скінулі б.

Ева. У дзікуноў атамнай бомбы няма.

Каін. Знайшла сабе сяброў!

Ева. Вы ўсе — гаўнюкі.

Каін (чысціць брытву). Табе што — у школу трэба?

Ева. Я даглядаю за параненымі.

Каін. Праўда?

Ева. А табе?

Каін. Пасяджэнне ў радзе дапамогі ветэранам.

Ева. А-а.

Каін (падыходзячы да Евы). Мне трэба ісці.

Ева. Ідзі.


Ева падстаўляе шчаку Каіну. Каін цмокае яе ў шчаку. Гучаць першыя чатыры такты Пятай сімфоніі.


Каін. У яго зноў сваё.

Ева. Пэўна, табе пара ісці.

Каін (накідаючы куртку на плечы). Трэба было б мець запозненае развіццё.


Каін выходзіць. Паяўляюцца Цыла і Наэма, сядаюць на лаўку. На плячах накінутыя хусткі. Цыла вяжа, Наэма разглядае фотаальбом. Ева ставіць сумку на зямлю, дастаўшы з яе насамперш кавалачак цукру, смокча яго. Рашуча ўваходзіць Ада з трохногім зэдлікам, сядае.


Наэма. Мне восемдзесят сем год.

Ева. А мне — восемдзесят восем.

Цыла. Мне — восемдзесят дзевяць.

Ада. А мне — дзевяноста.

Наэма. Мяне завуць Наэма. Бацька мой працаваў на фабрыцы. Ён увесь час жыў у галечы. Мы ўсе жылі ў галечы. Жытлом нашым была халупа, накрытая мохам. Пяцьдзесят сем год таму я выйшла за рабочага-чыгуначніка. Пазней ён даслужыўся да начальніка станцыі. Памёр дваццаць год таму. Я мела адзінаццаць дзяцей: сем хлопчыкаў і чатыры дзяўчынкі. Засталіся чатыры хлопчыкі і чатыры дзяўчынкі. Самы большанькі трапіў пад цягнік Берн — Люцэрн. Ён гуляў на рэйках і меў тады ўсяго чатыры гадкі. Другі памёр ад рака, маючы сорак год, трэці ў тым самым годзе зваліўся з даху: ён быў страхар. Думаю, што ў мяне больш як дваццаць унукаў і, відаць, яшчэ болей праўнукаў. Але чамусьці ніхто мяне не наведвае. Часам я атрымлівала паштоўкі ад майго меншанькага з Амерыкі, з Дэтройта. Ён працаваў там на аўтамабільным заводзе, але ўжо дзесяць год, як не піша. У гэтым прытулку я ўжо трынаццаць гадоў. Штодня я сядаю ля акна і разглядаю сямейны альбом. Пры гэтым не думаю пра свайго мужа. I пра дзяцей таксама не думаю. Увогуле я ні пра што не думаю.

Ева. Я — Ева. Ніколі не была замужам. Дый навошта? У мяне заўсёды былі мужчыны. Здаралася, больш як пяць за адну ноч. Гэтым промыслам я пачала займацца, маючы пятнаццаць гадоў. Я рабіла ўсё, чаго ад мяне патрабавалі, а патрабавалі ўсяго, што можна патрабаваць ад такіх, як я. У мяне быў сябар, які здабываў мне дазвол ад паліцыі займацца маім промыслам — гэтак усё было законна. Палова майго заробку ішла на выплату падаткаў, трыццаць працэнтаў забіраў мой сябрук. Мне заставаліся дваццаць працэнтаў. Але я была беражлівая і рупная. Сама сабе я гаварыла: «Ева, ты састарэеш. Памятай пра гэта». I вось я стала старая. Да шасцідзесяці пяці год я назапасіла грошай досыць, каб купіць месца ў гэтым прытулку. Мой сябра Эган Мюлер ужо дзесяць год як памёр у Асконе, будучы міліянерам. Ён меў шмат такіх, як я, якія на яго працавалі. Ён быў прыстойны чалавек, і калі параўнаць з іншымі мужчынамі, якіх я ведала,— надзвычай прыстойны. Я ніколі не саромелася свайго занятку і ганаруся, што дажыла да гэтага веку, не нарабіўшы шкоды ні душы, ні целу. Удзень я чытаю раманы пра каханне, а ўвечары сяджу ля тэлевізара. Больш за ўсё мне даспадобы фільмы з удзелам Саймана Тэмплара, і Бананцу таксама я люблю. Калі б я напаткала такога мужчыну, маё жыццё было б зусім іншае, але такіх мужчын можна ўбачыць толькі ў тэлевізары.

Цыла. Мяне завуць Цыла. У мінулым — медсястра. Я працавала ў невялікай вясковай лякарні. Побач з лякарняю, у сажалцы, разводзілі стронгу. Чаго я толькі не нагледзелася: бачыла нараджэнне і смерць. Адны баяліся смерці, другім было ўсё роўна: ці яны памруць, ці выжывуць; трэція зусім і не разумелі, што паміраюць. Напачатку я пакутавала, гледзячы на іх пакуты, але неўзабаве гэта ўсё прайшло. У немаўлятах я пачала бачыць будучых вязняў смерці — і нічога болей. Людзі, якіх я даглядала, дарылі мне на развітанне шакалад і кнігі з прысвячэннямі, і забывалі мяне, як толькі выходзілі з лякарні; і я іх таксама забывала. У вольныя дні я дапамагала братавай. Яна хварэла, а ў яе ж было трое дзяцей; дзеці мяне не любілі, я іх таксама. Аднаго разу я адпачывала ў Грындэльвальдзе, другі раз — у Фларэнцыі; і тады, і тады ішлі праліўныя дажджы. Мікеланджэлаў Давід мяне таксама расчараваў. Мужчыны выглядаюць зусім іначай. У мяне былі невялікія шашні з маладзенькім асістэнтам доктара. Мы спалі з ім два дні, а пасля ён ажаніўся з дачкою галоўнага лекара. Неяк пазней ён ізноў хацеў зацягнуць мяне ў ложак, ды я ўжо не хацела.

Ада (бярэ ў руку саламяны кошык з чорнай накрыўкай). Я — Ада, графіня фон Цынцэн. Была заручаная з графам Крэсам фон Штукам, які памёр у дзевяностых гадах у адной былой нямецкай калоніі — недзе ва Усходняй Афрыцы. Яго зжэр леў. I дзякуй Богу. Я не магла яго цярпець. Увогуле мужчыны выклікалі ў мяне агіду. I ў мяне ніколі нікога не было. Я любіла толькі кошак. Можа, з тае прычыны, што яны мне нагадвалі льва, які расправіўся з маім жаніхом,— і за гэта я ўдзячная па сёння ўсяму кашэчаму роду. Кот, што ў мяне цяпер на каленях, належыць гэтаму пры­тулку. Я дала яму клічку Тасіла, але ён рэагуе толькі на Негрыцяня. Тасіла... Гэтак звалі майго бацьку. Ён ніколі не выпускаў з рук сваёй пугі. У першую сусветную ён страціў тры чвэрці сваёй маёмасці. Гэтыя дваццаць мільёнаў ён уфундаваў у вайну. Астатнія з'ела інфляцыя. Я ў гэтым прытулку ўжо больш як сорак год. Тры гадзіны штодня я раблю праходку ў найбліжэйшым лесе: гадзіну перад і дзве — па абедзе. I ніколі не карыстаюся кульбакаю. Я не чытаю кніг, цярпець не магу музыкі, мне не патрэбны тэлевізар. Старой жанчыне з дому фон Цынцэн ні ў чым няма патрэбы. Штонядзелі я хаджу ў царкву і сплю пад час набажэнства. Усе фон Цынцэны штонядзелі хадзілі ў царкву і спалі пад час набажэнства. Са мною скончыцца наш род. Адзінае маё жаданне — дажыць да ста гадоў. Усе фон Цынцэны дажывалі да дзевяноста, ды ніводзін не дажыў да ста. Калі я здолею дажыць да ста, я выпераджу ўсіх фон Цынцэнаў, а толькі таго я і хачу.


Гудзенне самалёта. Жанчыны падымаюць галовы.


Цыла. Самалёты.


Ева, Цыла і Наэма адыходзяць. Ада выходзіць на край сцэны, завязвае на сцёгнах чорную хустку, выцягвае з кошыка драўляны сподак з рысам і ставіць, як азіятка, кошык сабе на галаву. Паяўляецца Авель.


Ада. Ці чуеш?

Авель. Чую.


Авель бярэ трохногі зэдлік і кідае яго да катла. Ада ўздрыгвае.


Ада. Куды яны паляцелі?

Авель. Да моста на поўдзень.


Авель цягне лаўку да катла і цяжка вылускае яе з рук. Ада ўздрыгвае.


Ада. Яны яго разбураць?

Авель. Гэта — хітрасць.


Авель кідае скрыню з чырвоным крыжам да катла і лаўкі. Ада ўздрыгвае. Авель падсядае да яе.


Ада. Спадзяюся, кустоўе не палыхне.

Авель. Час дажджоў павінен быў ужо даўно надысці.


Чуюцца гукі флейты. Азіяцкі матыў.


Авель. Ён грае зноў.

Ада. Кожны вечар.

Авель. Заўтра мы яго ўжо не пачуем.

А да. Мажліва, мы ніколі ўжо яго не пачуем.

Авель. Ці ў нас яшчэ ёсць рыс?

Ада. Хлопчык не еў яшчэ.

Авель. А ты?

Ада. Я не галодная.

Авель. Я таксама.

Ада. Дзе ён будзе заўтра?

Авель. Недзе ў джунглях, на маршы, па дарозе да вучэбнага лагера.

Ада. I ці доўга іх будуць вучыць?

Авель. Тыдзень.

Ада. I пасля гэтага яго пашлюць на вайну?

Авель. Пашлюць. Праз тыдзень.

Ада. Ён можа загінуць.

Авель. Большасць і гіне.

Ада. Ён бы мог быць шчаслівым.

Авель. Мала хто застанецца для шчасця.

Ада. Чаму ж дагэтуль не заключаны мір?

Авель. Бо мы павінны перамагчы.

Ада. Мы павінны перамагчы?


Авель дае Адзе поўху.


Авель. Даруй.

Ада. Мне не балюча.

Авель. Ёсць рэчы, пра якія нам не выпадае думаць.

Ада. Ведаю.


Флейты ўжо не чутно.


Авель. Ён кінуў граць.

Ада. Ён плача. (Падымаецца з месца.)

Авель. Што, пойдзем?


Ада бярэ міску з рысам і сыходзіць. Авель выцягвае з кішэні жавальную гумку, кладзе яе ў рот, сагнуўшыся, крадзецца па зямлі, азіраючыся, нібы шпіён.


Авель. Оў май дарлінг, оў май дарлінг, оў май дарлінг Клементайн...


Выбух гранаты. Авель падскоквае да рампы, залягае. 3-за скрыні выходзіць Каін у сталёвай касцы, за ім — Энох, Адам.


Энох. А, пацалуй мяне ў с…!

Каін. Маць тваю... мы добра абышліся.

Авель. Оў май дарлінг, оў май дарлінг, оў май дарлінг Клементайн.

Адам. Ойча наш, каторы ёсць у Нябёсах...

Каін. Маўчаць!


Страляюць гарматы. Усе нагінаюцца.


Энох. Ад гэтага г... сонца галава трашчыць.

Каін. Дзеля разнастайнасці можна было б і яго ўзарваць.


Перастрэлка.


Каін. Ёсць!

Адам. Хай свяціцца імя Тваё...

Энох. Змоўч са сваімі модламі!

Авель. Оў май дарлінг, оў май дарлінг, оў май дарлінг Клементайн.

Адам. Хай прыйдзе ўладарства Тваё.

Энох. Скрыні з баявым начыннем — наперад!


Страляюць гарматы. Усе, ледзьве прыўстаўшы, кідаюцца на зямлю.


Каін. Наперад!


Паўзуць са скрыняю.


Энох. Кідай!

Каін. Ах, суччыны дзеці!

Авель. Оў май дарлінг, оў май дарлінг, оў май дарлінг Клементайн.

Адам (ускрыквае). Мой жывот!

Каін. Лепш адразу ў пятлю, чым так падыхаць.

Энох. Назад, у акопы!


Каін, Авель і Энох бягуць назад.


Адам (застаецца ляжаць пасярэдзіне сцэны). Жывот... мой жывот! А-а-а...


Выходзяць жанчыны ў сушыльных каўпаках на галовах, у руках — часопісы мод. Яны ставяць скрыні перад мужчынамі так, што іх болей не відаць. Наэма ставіць скрыню перад Каінам, Ева — перад Адамам, Ада — перад Энохам, Цыла — перад Авелем. Сядаюць на скрыні. Наэма плача.


Ева. Не плач.

Цыла. Калі яго забілі?

Наэма. У мінулую пятніцу.

Цыла. А майго — тры тыдні таму.

Ева. Майго — ужо год прайшоў.

Ада. Майго — два гады прайшло.

Ева. Ужо два?


Наэма ўсхліпвае, астатнія гартаюць часопісы.


Ада. Калі прывязуць труну?

Наэма. Ён застаўся там.

Ада. Шчаслівая. Тады ты паляціш туды.


Наэма плача.


Цыла. Два тыдні таму я туды лятала. Цудоўная вандроўка.


Наэма ўсхліпвае гучней.


Ева. Я б хацела пахаваць свайго тут.

Ада. I я б хацела.

Ева. Айчына робіць подла.

Ада. А ты? Ты ж выйшла за свайго маклера.

Ева. А ты спіш са сваім фабрыкантам.

Ада. Я з ім і раней спала.


Наэма голасна рыдае.


Ева. Хутка забудзеш яго.

Наэма (затульваючыся часопісам). Ніколі ў жыцці!

Ада. Ага-ага.


Наэма зноў плача.


Цыла. Як доўга ты была замужам?

Наэма. Чатыры месяцы.

Ада. Цяжарная?

Наэма (плачучы). Ага.

Ева. Не пашанцавала.

Цыла. Жыццё ідзе далей. (Паказвае часопіс). Як вам гэтыя нагавіцы?

Ада. Файныя.

Цыла. У мяне ёсць такія самыя.

Ада. Ты купіла іх, зблытаўшыся з гандляром.

Цыла. У цябе брудныя думкі.

Ада. Тады адкуль у цябе паявіліся раптам грошы?


Наэма плача.


Ева. Не плач.

Ада. Калі яго забілі?


Наэма, плачучы, адыходзіць.


Цыла. Яна ўжо казала.

Ева. У тую пятніцу.

Цыла. Перамір'е працягваецца.

Ада. Яны амаль што дамовіліся пра месца перагавораў.

Ева. Амаль што.

Ада. Адны прапануюць чатырохвугольны стол.

Ева. Другія — круглы.

Цыла. Трэція — трохвугольны.

Ада. Чацвёртыя — літарай П.


Жанчыны падымаюцца, кідаюць часопісы на зямлю.


Цыла. Вырашана — сёння нацягну новыя штаны.

Ада. Мне пара ўжо да свайго фабрыканта.

Ева. А я, відаць, кіну свайго маклера.


Жанчыны выходзяць. Паяўляюцца Каін і Авель. Авель выглядае бесклапотна, Каін — сурова і змрочна, часам яго рот крывіцца ў саркастычнай усмешцы.


Каін (просячы цыгарэту). Гавана?

Авель. Калі ласка. (Падпальваючы запалку). Даць прыпаліць?

Каін (прыпальваючы). Дзякую.


Кураць.


Каін. Сёння яны ледзь не дамовіліся пра месца пасяджэння.

Авель. Да гэтага часу дрыжыкі бяруць.

Каін. Вось так, ледзь усё не ляснулася.

Авель. Вайна ў джунглях паступова слабне.

Каін. Гэтыя перагаворы могуць цягнуцца доўга.

Авель. Мір для нас — гэта пачатак крушэння.

Каін. Вайна ў джунглях палітычна неабходная.


Яны стаяць каля Адамавага трупа. Авель ставіць на труп нагу.


Авель. Таму мы і пасылаем салдат.

Каін. А мы — зброю.

Авель. Мы палітычна звязаныя па руках і нагах — з прычыны стану нашай гаспадаркі.

Каін. А мы звязаныя па руках і нагах эканамічна — з прычыны нашай палітыкі.

Авель. Улада — заўсёды парадокс.

Каін. Перамір'е можа быць толькі часовае.


Яны крычаць, стоячы над Адамавым трупам.


Авель. Мы дажыліся да падпольнай вайны адзін супраць аднаго, бо не маем сілы весці адкрытую вайну.

Каін. Ніхто болей не мае сілы весці ўсеагульную вайну.

Авель. Вайна ў джунглях — гэта і ёсць наша мірнае пагадненне.

Каін. Гісторыя свету трагічная.

Авель. Сусветная дзяржава толькі тады можа дазволіць ваеннае паражэнне, калі яно выглядае як палітычная перамога.

Каін. Хто дзейнічае, той рызыкуе.

Авель. Нашыя войскі адступаюць.

Каін. Вернемся ў палац.

Авель. Пара прадоўжыць перамовы.


Каін і Авель сыходзяць. Адам падымаецца, сцягвае з галавы каску і знімае магазін з патронамі, кідае іх на сцэну, ідзе наперад з выцягнутымі рукамі. Злева паяўляецца Наэма, таксама з выцягнутымі рукамі. Наэма натыкаецца на скрыню. Адам прыслухоўваецца, ідзе да яе, чапляе нагою за лаўку. Наэма ідзе на шум, пхае скрыню. Яны не бачаць адно аднаго.


Адам. Наэма.

Наэма. Адам.

Адам. Я цябе не бачу.

Наэма. Я тут.


Адам праходзіць побач з Наэмай.


Адам. Дык дзе ты?

Наэма. Тут.


Іх рукі нарэшце знаходзяць адна адну, Адам прытульвае Наэму да сябе.


Адам. Тут гэтак цёмна. Не ўбачыш, пакуль не сутыкнешся.

Наэма. Ці чуў ты стрэлы?

Адам. Гэта на плошчы.


Яны сядаюць на скрыні.


Наэма. Я не магу болей без цябе.

Адам. Мне таксама без цябе самотна.

Наэма. Пацалуй мяне.


Адам цалуе Наэму, Наэма спалохана ўскоквае.


Наэма. Хто тут?

Адам (прыслухоўваецца). Нікога няма.

Наэма. А там, на траве?

Адам. Нікога...

Наэма. Калі нас убачаць — усё.

Адам. У гэткай цямрэчы нас убачыць немагчыма. Ці кахаеш ты мяне, нягледзячы ні на што?

Наэма. Кахаю.

Адам. Я, відаць, брыдкі ў тваіх вачах, бо я — чорны.

Наэма. Я люблю тваю чорную скуру.

Адам. А я — тваю белую.


Цалуюцца.


Наэма. Я ў тваіх вачах непрыгожая.

Адам. Няма нічога прыгажэйшага за белую жанчыну, і ты — самая прыгожая з усіх белых жанчын.

Наэма. Каханы мой.

Адам (насцярожваецца). Тут нехта ёсць.

Наэма (прыслухоўваецца). Нікога няма.

Адам. А на траве?

Наэма. Нікога.

Адам. Калі нас тут заспеюць, нам — канец.

Наэма. Нас ніхто ў цямрэчы гэтай не ўбачыць. (Недаверліва). Ці ты каму-небудзь расказваў, што мы, што ты ды я...

Адам. Толькі свайму брату.

Наэма. А ён — нікому?..

Адам. Ён мяне не выдасць. А ты... ты расказвала?

Наэма. Сваёй сястры.

Ада м. А яна?

Наэма. Не.

Адам. Пацалуй мяне.

Наэма. Вазьмі мяне.


Адам абдымае Наэму, яны апускаюцца на зямлю. З правага боку паяўляюцца Авель і Ева, Авель трымае ў руцэ рэвальвер. Авель натыкаецца на кацёл. Адам і Наэма сутаргава абдымаюцца. Авель і Ева стаяць каля закаханых.


Авель. Ты дакладна ведаеш, што твая сястра і яе негр тут?

Ева. Дакладна.

Авель. Нічога не відаць.

Ева. Страляй у хмызняк.

Авель. Вар'ятка. На пляцы толькі што забілі двух бандзюг.

Ева. Паліцыя не будзе шукаць забойцаў тут.

Авель. Калі паліцыя пачуе стрэлы, яна прыйдзе сюды.


Ева з Авелем сыходзяць. У гэтую самую хвілю паяўляюцца Каін і Цыла.


Цыла. Ты ўпэўнены, што твой брат з гэтай белаю тут?

Каін. Няма чаго сумнявацца.


Каін і Цыла спыняюцца каля закаханых.


Каін. Ці ты бачыш што-небудзь?

Цыла. Дзе твой ножык?


Каін выцягвае ножык.


Цыла. Тыркай у цемру.


Каін махае ножыкам каля самай Адамавай галавы.


Каін. Нічога не бачу.

Цыла. Ці ёсць у цябе ліхтарык?

Каін. Ну?

Цыла. Пасвяці.

Каін. Ты што — ашалела? Паліцыя гойсае ўсюды.


Каін ізноў махнуў ножыкам — каля самай галавы Наэмы.


Цыла. Паліцыя не дапетрыць шукаць забойцаў тут.

Каін. Калі паліцыя прыкмеціць тут святло, яна прыйдзе сюды шукаць забойцаў.


Каін ізноў махае ножыкам каля Адамавай галавы.


Каін. Мы іх не знойдзем.

Цыла. Тут занадта цёмна.

Каін. Што будзем рабіць?

Цыла. Хадзем да паўднёвай паркавай брамы. Белыя заўсёды прагульваюцца там.


Каін з Цылаю сыходзяць налева. З правага боку выходзяць Авель і Ева.


Авель. Тут мы іх не знойдзем.

Ева. Так, у гэткай цямрэчы.

Авель. Што рабіць?

Ева. Трэба ісці да паўночнай брамкі — там заўсёды круцяцца гэтыя чарнамазыя.


Авель з Евай ідуць за правую кулісу. Адам і Наэма паслабляюць свае абдымкі.


Наэма. Гэта былі мая сястра і яе сябрук. Адам. I мой брат з сяброўкаю.

Наэма. Нам немагчыма быць разам у гэтым горадзе.

Адам. Ага.

Наэма. У цэлым свеце няма такога месца, дзе б мы маглі быць разам.

Адам. Ага.

Наэма. Мы павінны разлучыцца.

Адам. Ага.

Наэма. Назаўсёды.

Адам. Ага.

Наэма. Але ж я так кахаю цябе.

Адам. Я гатовы падарваць такі свет.

Наэма. Вазьмі мяне. Апошні раз.

Адам. Хадзі да мяне.

Наэма. Мне боязна за цябе.

Адам. А мне — за цябе.


Абое падымаюцца.


Наэма. Мы разам апошні раз і нават не можам бачыць твараў адно ў аднаго.

Адам. Занадта цёмна.

Наэма. Я пайду праз заходні выхад.

Адам. А я — праз усходні.


Наэма ідзе ў левы бок, Адам — у правы. З глыбіні сцэны выходзяць Авель і Энох, іх рукі скаваныя аднымі наручнікамі. Яны сядаюць на лаўку спінамі адзін да аднаго.


Энох. Паскудства.

Авель. Нам было даручана страляць у пасла нашых сяброў.

Энох. Ну.

Авель. Каб нашыя саюзнікі падумалі, што ён забіты нашымі ворагамі.

Энох. Ну.

Авель. Каб нашыя саюзнікі даслалі нам не толькі зброю, але і жывую сілу.

Энох. Ну.

Авель. Тады б мы не сплывалі крывёю ў джунглях.

Энох. Ну.

Авель. Па абедзе мы павінны былі знікнуць неапазнаныя.

Энох. Дзіва што.


Авель смяецца.


Авель. А мы ўхандохалі і пасла нашых саюзнікаў, і пасла нашых ворагаў.

Энох. I аднаго і другога.

А вель (смеючыся). Цудоўна зрабілі — абы з рук!

Энох. Ты ж казаў, што пасол нашых саюзнікаў будзе з самага левага краю.

Авель (праз смех). Калі глядзець з іхняга боку.

Энох. А я думаў — калі з нашага.


Абодва смяюцца.


Авель. Асёл з вушамі.

Энох. Вось мы й папаліся.

Авель. Ідыёцтва.

Энох. У нас не вытрывалі нервы, калі мы ўбачылі, што абодва папаліся.


Перастаюць смяяцца.


Авель. Я павешуся.

Энох! Цікава — на чым?

Авель. Не ведаю.

Энох. Цяпер яны вырашаюць з нашымі заказчыкамі.

Авель. Што цяпер будзе?

Энох. Не ведаю.

Авель. Маючы на ўвазе палітычныя мэты, нас у гэтай краіне смерцю не пакараюць.

Энох. Не жыццё, а г... сабачае.

Авель. Мы нават не героі.

Энох. Запхнуць нас у вар'ятню...

Авель. На ўсё жыццё.

Энох. А ў свеце ўсё застанецца так, як і было.

Авель (смеючыся). І саюзнікі будуць, як і раней, пасылаць зброю замест жаўнераў.

Энох (смеючыся). Нас навучалі месяцамі, а цяпер запхнуць у вар'ятню.


Абодва смяюцца.


Авель. Паскудства.

Энох. Ідыёцтва.

Авель. Вар'ятню мы сабе напраўду заслужылі.


На сцэну выходзяць Адам, Каін, Ена, Ада, Цыла, Наэма. Пачынаецца самая цяжкая сцэна — сцэна наркатычнага адурэння. Гучыць ціхая рытмічная музыка. На сцэне паказваюцца не сапраўдныя дзеянні наркаманаў, а уплыў наркотыку як ідэя. Кожны павінен выконваць сваю ролю толькі для сябе. Ева пад час усяго дзеяння сцягвае ўсе скрыні, акрамяАвелевага ранца, да лаўкі. З астатнімі рэчамі можна гуляць (напрыклад, Авелеў ранец выкарыстоўваць як бубен). Важныя два моманты: узмацненне ўсхваленняў і нарастанне весялосці. Кожны акцёр весяліцца па-свойму. Адзінупырсквае сабе гераін, другі накапвае ЛСДна цукар, трэці нюхае какаін.


Адам. Ну што — кайф?

Ева. Ці ёсць у цябе ЛСД?

Адам. Дваццаць пяць.

Каін. Шырнемся?

Ада. Лепш каб парашочку...

Каін. Тры кускі.

Ева. Вуглаваты твар двухвугольнай зямлі зжырае трохвугольную адтуліну круглага дзіцяці.

А вель. Ну што — кайф?

Цыла. Ці ёсць у цябе ЛСД?

Авель. Дваццаць пяць.

Ева. Двухвугольны твар трохвугольнай зямлі зжырае круглую адтуліну вуглаватага дзіцяці.

Энох. Парашочку хочаш?

Наэма. Лепш укалоць сабе.

Энох. Чатыры сотні.

Цыла. Трохвугольны твар круглай зямлі зжырае вуглаватую адтуліну двухвугольнага дзіцяці.

Адам. Ну што — кайф?

Ада. ЛСД?

Адам. Трыццаць пяць.

Ева і Цыла. Вуглаватая адтуліна двухвугольнага твару зжырае трохвугольную зямлю круглага дзіцяці.

Каін. Шырнемся?

Цыла. Лепш каб какаінчыку...

Каін. Пяцьсот.

Ада. Двухвугольная адтуліна трохвугольнага твару зжырае круглую зямлю вуглаватага дзіцяці.

Авель. Кайф?

Наэма. Ці ёсць ЛСД?

Авель. Сорак.

Ева, Цыла і Ада. Трохвугольная адтуліна круглага твару зжырае вуглаватую зямлю двухвугольнага дзіцяці.

Энох. Ці даць какаінчыку?

Ева. Лепей гераіну.

Энох. Шэсць соцень — на бочку.

Наэма. Вуглаватае дзіця двухвугольнага твару зжырае трохвугольную адтуліну круглай зямлі.

Адам. Шырнешся?

Цыла. Хачу какаінчыку.

Ада. Семсот.

Ева, Цыла, Ада і Наэма. Двухвугольнае дзіця трохвугольнага твару зжырае круглую адтуліну вуглаватай зямлі.

Наэма. Кайф?

Каін. Лепей дай ЛСД.

Наэма. Грошыкі выкладвай. Сорак пяць.

Ева. Трохвугольнае дзіця...

Цыла. Круглага твару...

Ада. Зжырае вуглаватую адтуліну...

Наэма. Двухвугольнай зямлі...

Ева. Какаінчык будзеш?

Авель. Ці ёсць гераін?

Ева. Восемсот.

Каін. Вуглаваты твар двухвугольнай адтуліны зжырае круглае дзіця вуглаватай зямлі.

Наэма. Ці ўпырснуць табе?

Адам. Лепш каб парашку.

Наэма. Дзевяцьсот.

Каін, Авель, Ева, Цыла, Ада, Наэма. Трохвугольны твар круглай адтуліны зжырае вуглаватае дзіця двухвугольнай зямлі.

Ева. Ці будзеш гераін?

Адам. Альбо ЛСД?

Ева. Пяцьдзесят пяць манет.

Энох. Круглы твар вуглаватай зямлі зжырае двухвугольную адтуліну трохвугольнага дзіцяці.

Ада. Парашочку хочаш?

Авель. Хачу гераіну.

Ада. Дзевяцьсот.

Каін. Круглая...

Авель. Адтуліна вуглаватага...

Энох. Твару...

Ева. Зжырае двухвугольную...

Цыла. Зямлю...

Наэма. Трохвугольнага...

Ада. Дзіцяці…

Цыла. Кайф?

Энох. Ёсць ЛСД.

Цыла. Толькі за шэсць манет.


Энох, Ева, Цыла, Ада і Наэма ходзяць узад і ўперад па ўсёй сцэне. Усе адначасна выкрыкваюць фразы, якія не маюць ніякага сэнсу.


Ева. Двухвугольны твар трохвугольнай зямлі зжырае круглую адтуліну вуглаватага дзіцяці.

Цыла. Трохвугольны твар круглай зямлі зжырае вуглаватую адтуліну двухвугольнага дзіцяці.

Ада. Двухвугольная адтуліна трохвугольнага твару зжырае круглую зямлю вуглаватага дзіцяці.

Наэма. Вуглаватае дзіця двухвугольнага твару зжырае трохвугольную адтуліну круглай зямлі.

Каін. Вуглаваты твар двухвугольнай адтуліны зжырае трохвугольнае дзіця круглай зямлі.

Авель. Двухвугольны твар трохвугольнай адтуліны зжырае круглае дзіця вуглаватай зямлі.

Энох. Круглы твар вуглаватай зямлі зжырае двухвугольную адтуліну трохвугольнага дзіцяці.


Калі ўсе, апроч Авеля ды Каіна, сыходзяць, паяўляецца Адам.


Адам. Круглае дзіця вуглаватага твару зжырае двухвугольную адтуліну трохвугольнай зямлі.


Адам валіцца на зямлю, смеючыся, нагамі да глядзельнай залы на Авелеў ранец. Побач, галавой да публікі, ляжыць Авель. Каін ляжыць паралельна да рампы. Яны смяюцца, потым замаўкаюць. Маўчанне.


Адам (падымаючы галаву). Певень праспяваў.


Падымаецца, нясе Авелеў ранец у глыб сцэны, кідае каля зваленага ў кучу хломазду (кацёл, скрыня з чырвоным крыжам, лаўка і ранцы). Адам залазіць на гэты хломазд і глядзіць угару.


Адам. Днее.

Каін. Хутка нас паставяць да сцяны.

Адам. Без усяго-ўсякага ўхандокаюць.


Адам сыходзіць долу і глядзіць на тых, што ляжаць.


Каін. Яны катавалі мяне.

Авель. Мяне таксама.

Адам. А мяне не катавалі.

Каін. Запаленай цыгарэтай.

Авель. Мяне — брытваю.


Адам павольна набліжаецца да Каіна і Авеля.


Каін. Мяне катавалі, і я ва ўсім прызнаўся.

Авель. Я ведаю.

Адам. Я ўсё расказаў, каб толькі не мучылі.

Авель. I пра гэта ведаю.

Адам (пільна ўзіраючыся ў Авелеў твар). А ты?

Авель. Я не сказаў ніводнага слова.

Каін. Трэ было адступіць за пагорак.

Авель. Мы гэтага не зрабілі.

Адам (адыходзіць назад). Мы б там не прайшлі.

Авель. Нас прадалі.

Каін. Нашыя хаўруснікі-саюзнікі.

Адам. Яны прадалі ўсіх. (Сядае на Авелеў ранец).

Каін. Іншыя змагаліся далей.

Авель. Ага.

Адам. Змаганне не мела сэнсу.

Авель. Мажліва.

Каін. Калі б мы атрымалі перамогу, мы б абвясцілі волю.

Адам. I справядлівасць.

Авель. Мы б зрабіліся як нашыя саюзнікі.

Каін. Ты нам не верыш.

Авель. Я не веру нікому.

Адам. I самому сабе?

Авель. І сабе таксама.


Маўчанне.


Адам. Адзін навуковец сказаў, калі б Зямля была меншая, у яе не было б атмасферы, а калі б яна была бліжэй да Сонца, яна б згарэла.

Авель. Відаць, гэтак і было б.

Адам. Значыцца, Зямля мае шанц выжыць.

Авель. Безумоўна.

Каін. Чалавеку дадзены розум.

Авель. Часам ён яго траціць.

Каін. Думкі ягоныя немагчыма расстраляць.

Авель. Іх магчыма знішчыць іншым спосабам.

Каін. Свет у будучым палепшыцца.

Авель. Хто яго ведае.

Адам. Ты — песіміст.

Авель. Нас паставяцьда сцяны.


Маўчанне.


Каін. Ну вось і развіднела.


З правага боку сцэны выходзіць Энох, у касцы і з вінтоўкаю.


Энох. Устаць!


Авель і Каін становяцца спінаю да гледачоў. Адам павольна ідзе наперад, займае месца паміж Авелем і Каінам.


Энох. Рукі за галаву!


Авель, Каін і Адам выконваюць загад.


Энох. Уперад — руш!


Першы ідзе Адам, за ім — Каін, потым — Авель. Чутны стрэлы. Сыходзіць Энох. 3-за кучы хломазду выходзяць Ева, Ада і Наэма. На іх карункавыя каўнерыкі, у руках — нотныя аркушы.


Ада. Франц Шуберт. «Вандроўнік на Месяцы». Опус 80, нумар 1.


Ева, Ада і Наэма спяваюць.

Дзе б ні завёў цябе твой шлях,

Ды сцежкам нашым не з'яднацца:

Ты будзеш да нябёс вяртацца,

Мне ж дадзена, каб жыць, зямля.

Мой лёс — чужынкай быць і тут,

Ля котлішча свайго, навечна.

Пачуй, о Госпадзе, як енчыць

Вандроўнік, што свой страціў кут.

Праходзіш ты свой кут штодня

Ад Захаду, дзе нараджэнне,

Да Усходу, дзе кананне, тленне.

I ўсім ты — сябар і радня.

Нябёс цудоўную краіну

Давеку хай бароніць Бог,

Дзе, як ні выбірай дарог,

Паўсюль — адно твая айчына.


Спеў канчаецца, жанчыны кідаюць нотныя аркушы ў кацёл. Адам выносіць і расстаўляе на левай палавіне сцэны тры расфарбавамыя кубы. А вель робіць тое самае на правай палавіне сцэны. На кубы, што стаяць злева, сядаюць Наэма, Адам і Энох, на тыя, што стаяць з правага боку,— Ада, Ева і Авель. Авель нясе з сабою чырвоны тэлефон, ставіць яго перад сабою на зямлю. Ва ўсіх на галонах надзетыя навушнікі. Усе глядзяць проста перад сабою — так, нібыта там стаяць маніторы. З узмацняльніка чутно гучнае перарывістае дыханне.


Адам. Болей нічога не зробіш.

Авель. Засталіся ні з чым.

Энох. Змоўч.

Наэма. Няшчасныя.


З глыбіні сцэны выходчяць Каін і Цыла ў скафандрах. Іх рухі запаволеныя, твараў пад шаломамі не відно, на спінах — балоны з кіслародам. Іх галасы чутны з узмацняльніка.


Каін. Мы не можам узляцець.

Цыла. Няўжо нічога немагчыма зрабіць?

Каін. Немагчыма.

Цыла. Яны не змогуць нам дапамагчы.

Каін. Мы занадта добра гэта ведаем.

Цыла. Ці мы яшчэ маем час?

Каін. Не ўяўляю сабе.

Цыла. Колькі засталося кіслароду?

Каін. Не ведаю.

Энох. Яго амаль што няма.

Каін. А сувязь з Зямлёю?

Цыла. Перарвалася. Ці яны яшчэ нас бачаць?

Каін. Наўрад ці.

Цыла. Але хоць чуюць?

Каін. Малаверагодна.

Наэма. Яны здзівіліся б.

Адам. У іх не будзе такой мажлівасці.

Цыла. Мы — першыя закаханыя на Зямлі. Праз тры тыдні мы пажаніліся б.

Каін. Там, на Зямлі.

Цыла. Адсюль відзён Тэхас, там мы б і распісаліся.

Ада. Бедная дзяўчына.

Ева. Як своечасова я падчапіла краснуху.

Ада. Віншую.

Ева. Іначай там была б я, а не яна.

Цыла. Мы нават не былі блізкія з табою.

Каін. У школе астранаўтаў, дзе мы з табою пазнаёміліся, гэта было забаронена.

Цыла. Была небяспека падчапіць інфекцыю.

Каін. Табе нельга было зацяжараць.

Цыла. Бо касмічнае выпраменьванне...

Каін. I супрацьзачаткавыя таблеткі таксама забаранялі.

Цыла. Бо касмічнае выпраменьванне...

Каін. Праклятае выпраменьванне!

Наэма. Падайце джын!


Авель перадае бутэльку джыну Эноху, Энох — Наэме.


Цыла. Затое я — першая жанчына на Месяцы.

Каін. Ага.

Цыла. Я хачу цябе.

Каін. Мы ў скафандрах.

Цыла. Тут сто восемдзесят па Цэльсію.

Ева. У нас таксама горача.

Цыла. А што гэта, уласна, значыць?

Каін. Бязвоблачнае мора.

Цыла. У Еўропе таксама стаіць пагода.

Каін. На ўсёй Зямлі стаіць пагода.

Энох. Не трэба ляцець на Месяц, каб у гэтым пера канацца.

Цыла.

Ты ўжо ідзеш? Да дня яшчэ далёка.

Не жаваранак — гэта салавей

Уразіў так твой палахлівы слых.

Дык ён жа там начамі кожны раз

На дрэве на гранатавым спявае.

Павер, мой любы, гэта салавей[1].

Ева. Што гэта?

Авель. Шэкспір.

Энох. «Рамэо і Джульета».

Ада. Яна заўсёды чытала вершы.

Каін. Д'ябал! Калі б тут расло гранатавае дрэва...

Наэма. Ён лаецца.

Адам. Ён заўсёды быў адважны хлопец.

Цыла. ...Павер, мой любы, гэта салавей.

Ева. Ізноў Шэкспір.

Авель. Больш да месца было б прывітанне Айчыне.

Ада. Вядома ж, мы б маглі перадаць яго прэсе.

Каін. Кіслароду!

Авель. Ён сказаў: «Кіслароду!»

Наэма. Сэрца?

Адам. Слабне.

Цыла. Я магу расказаць увесь маналог.

Ада. Гэтага яшчэ нам не ставала!

Цыла.

Не, там не дзень святлее, любы мой,

А метэор ад неба адлучыўся...

Каін. Я не маю чым дыхаць.

Цыла. Ці чытаць далей?

Каін. Не трэба.

Цыла. Вернемся да гэтай груды металу?

Каін. Там і сканаем.


Каін і Цыла сыходзяць са сцэны.


Адам. У іх засталося некалькі хвіляў. Яны задоўга расказвалі вершы.


З узмацняльніка чуцён Цылін голас: «...каб аж да Мантуі табе свяціць...» Пасля робіцца ціха.


Наэма. Сэрца?

Адам. Спынілася.

Ева. Скончыўся Шэкспір.

Наэма. Амін. (П’е джын).

Ада. Тваё здароўе.

Ева. Я б, перш чым памерці, заспявала б амерыканскі гімн.


Наэма пачынае голасна напяваць амерыканскі гімн.


Адам. Змоўч!


З узмацняльніка чутны неразборлівыя словы.


Адам. Ён спрабуе нешта сказаць.

Авель. Нічога не разабраць.

Энох. Нейкія непрыстойныя гукі.

Адам. Здаецца, ён сказаў: «Няхай жыве Айчына!»

Ева. Тэрмінова перадайце прэсе!

Ада. Перадалі ўжо.


Стогны.


Наэма. Божухна, зрабі, каб ён брыдка не лаяўся!

Каінаў голас. У-у.

Авель. Калі будзе лаяцца, ракету на Марс не запусцяць.

Каінаў голас. «Айчына...»

Энох. Прэса ў захапленні!

Наэма. Нацыя можа імі ганарыцца.

Ада. I не абы-як!

Авель. Гераічная смерць — самае лепшае, пра што можна марыць.

Ева. Дзіва што.

Адам. Тэлефануйце ў камітэт касмічных палётаў.


Авель нячутна гаворыць па тэлефоне. З узмацняльніка далятаюць апошнія слабыя стогны.


Наэма. Сэрца?

Адам. Усё.

Ева. Маліцеся!


Усе ўстаюць.


Адам, Авель, Энох, Ева, Ада, Наэма.

Ойча наш, Каторы ёсць у Нябёсах.

Хай свяціцца імя Тваё,

Хай прыйдзе Уладарства Тваё,

Хай будзе воля Твая,

Як на Небе, так і на зямлі...

Авель. Дзеці мае, адлятае касмаплан на Марс.

Энох. Перадайце пра гэта прэсе.


Наэма ставіць бутэльку з-пад джыну на падлогу. Усе, акрамя Адама і Наэмы, сыходзяць, кідаючы па дарозе навушнікі ў кучу хломазду.


Адам (азіраючыся). Наэма.


Маўчанне.


Адам. Наэма.


Наэма бярэ адзін куб на левай палавіне сцэны.


Адам. Наэма.

Наэма (нясе куб у глыбіню сцэны і ставіць яго на лаўку). Чаго табе трэба тут?

Адам. Я твой бацька.

Наэма. Я яшчэ не звіхнулася. (Бярэ другі куб злева).

Адам. Што ты хочаш гэтым сказаць?

Наэма (ставячы куб на лаўку). Я ведаю, што ты мой бацька.

Адам. Вяртайся дамоў.

Наэма (беручы апошні куб злева). Я не вар'ятка.

Адам. Табе толькі семнаццаць.

Наэма (ставячы куб перад лаўкаю). Шаснаццаць з паловаю.

Адам. Ты павінна мяне слухацца.

Наэма. Знайшоў дурніцу.

Адам. Я паклічу паліцыю.


Наэма глядзіць на Адама, потым свішча, прыклаўшы да рота два пальцы. Паяўляюцца Энох, Каін і Авель.


Каін. Што такое?

Наэма. Паглядзіце на яго.

Энох. Хто гэта?

Наэма. Мой продак.

Авель. А, абывацель.


Энох кладзецца на зямлю. Каін сядае каля кучы хломазду. Авель абапіраецца на кубы, што стаяць на лаўцы. Усе трое з выклікам глядзяць на Адама.


Адам. Наэма, Богам прашу, хто гэтыя дзецюкі?

Энох. Што ён там вярзе з Бібліі?

Наэма (кладзецца каля Эноха). Ён — святар.

Каін. Католік альбо пратэстант?


Смяюцца. Справа ад Авеля паяўляецца Цыла. Авель абдымае яе.


Адам. Хто гэтыя людзі?

Цыла. Мы — камуна ЦВА, ЦВА, ЦВА.


Смех.


Наэма. Цішэй.


Чуцён плач дзіцяці.


Наэма. Ці чуеш, татуля?

Адам. Дзіцятка.

Наэма. Маё дзіцятка.

Адам. Божа мой, Наэма!

Наэма. Не чапляйся да мяне са сваім Богам. Мне брыдка ад яго, гэтаксама як і ад цябе.

Адам. Хто ягоны бацька?


Энох, Каін і Авель разам падымаюць рукі.


Адам. Што гэта значыць?

Наэма. Ты, стары, адстаў ад жыцця. Нехта з іх — бацька майго дзіцяці, але хто канкрэтна — не ведаю: я спала з усімі трыма.

Адам. Наэма, ты ж мая дачка.

Наэма. Хто чыя дачка — гэта нікога не абыходзіць.

Адам (сядаючы на куб, што стаіць справа). Я не наважваюся нават вымаўляць імя Бога ў гэтым жахлівым месцы. Імя гэтае святое.

Наэма. Якраз пра гэта я цябе і прасіла.

Адам. Я люблю цябе, Наэма.

Авель, Каін, Энох (усе разам). Я таксама.

Адам. Ты — маё дзіця, Наэма. Бяры сваё немаўля і вяртайся ў бацькоўскі дом.

Наэма (устае). Хлопцы, мне трэба накарміць дзіця. Гэты стары блазен мне надакучыў. (Сыходзіць).

Каін. Падымайся, стары скрыпун!

Адам. Я не скрыпун, мне толькі сорак год.

Авель. У сорак ты і ёсць скрыпун.

Адам. Аддайце мне маю дачку.

Энох. Яна вольная.

Адам. Я пайду ў паліцыю.

Каін. Калі сюды ўлезе паліцыя, Наэма знікне.

Адам. Я — яе бацька!

Цыла. Слухай, старэча. У вас свой свет, у нас — свой. Мы сытыя па горла вашым. Нам надакучыла выконваць законы, якія вы панапрыдумлялі; нам моташна ад вашых забарон і ад вашае маралі. Вы чапляецеся за дзяржаву, ад якой смярдзіць гнілізною. Ваш свет — у крыві, наш — толькі брудны. Ваш чытае натацыі каханню, наш — жыве па­водле кахання. У гэтым галоўная розніца. Два тысячагоддзі вы мелі шанц і не выкарысталі яго. Цяпер у нас ёсць гэткі шанц. (Выходзячы.) Ясна сказана?

Энох. Дык я кладуся з Наэмаю. (Сыходзіць).

Каін (на хаду). Я таксама.

Авель (падыходзіць да Адама). Тупай адсюль, старая панчоха! I каб цябе тут больш не было відаць. Табе пара на могілкі. Там і адпачнеш.


Адам выбягае. Авель сядае на кукішкі, піша штосьці пальцам на зямлі. Паяўляецца Ада ў той самай вопратцы, што была пад час першай сцэны: на сцёгнах — чорная тканіна, на галаве — кошык, у руках маленькая місачка.


Ада. Што ты там робіш?

Авель. Пішу яго імя.

Ада (падсядаючы да Авеля). Калі яго прынеслі?

Авель. Гадзіну як.

Ада. Ці я магу яго ўбачыць?

Авель. Гэта немагчыма.

Ада. Мне трэба яго ўбачыць.

Авель. Будзе лепш, калі ты яго не ўбачыш.

Ада. Я ведала: з ім што-небудзь здарыцца.

Авель. Я таксама.

Ада. Ці мы перамаглі?

Авель. Не.

Ада. Ці нас перамаглі?

Авель. Не.

Ада. Ці мы калі-небудзь пераможам?

Авель. Не.

Ада. Значыць, перамогуць нашыя ворагі?

Авель. Не.

Ада. Дык тады гэтая вайна не мае сэнсу.


Авель маўчыць.


Ада. Ці ты мяне не ўдарыў?

Авель. Не.


Абое маўчаць. Чутно гранне флейты.


Ада. Каму ты аддаў ягоную флейту?

Авель. Суседаваму сыну.

Ада. Ён таксама неўзабаве паедзе на гэту вайну.

Авель. Праз тры тыдні.

Ада. I з ім будзе тое самае.

Авель. Ага.


Маўчаць.


Авель. Ці ёсць яшчэ рыс?

Ада. Няма.

Авель. А соевая мука?

Ада. Жменя якая...

Авель. Я не галодны.

Ада. Я таксама.

Авель. З'ямо заўтра. (Адварочваецца ад Ады).

Ада. Ці вы яго пахавалі?

Авель. Амаль што.

Ада. Я хачу пабываць у яго на магіле.

Авель. Магілы няма.

Ада. Чаму?

А вель. Зямля занадта цвёрдая — магілы не выкапаць.

Ада. Яго зжаруць мурашкі.

Авель. Яны не змогуць зрабіць гэтага.

Ада. Вы спалілі яго?

Авель. Агонь нас выдаў бы.

Ада. Што вы з ім зрабілі?

Авель. Кінулі ў рэчку.

Ада. Рэчка напалову высахла.

Авель. Пара дажджоў яшчэ не надышла.

Ада. Рэчка поўная кракадзілаў.

Авель. Яму ўсё роўна.


Чутны гукі самалёта. Ада падымае галаву.


Ада. Самалёт.


Авель з Адаю сыходзяць. З правага боку выходзіць Адам з дачным крэслам, глядзіць услед самалёту, паныла ідзе цераз сцэну, шукае сабе належнага месца, на хаду гаворачы.


Адам. Мне восемдзесят сем год. Імя маё — Адам. Я хацеў змяніць свет. Бачыў яго несправядпівасць, галечу бедных і прагнасць багатых. На сваёй шкуры адчуў, што такое эксплуатацыя. Уступіў у прафсаюз, пачаў змагацца за рабочы клас, за павелічэнне заробкаў, кароткі рабочы дзень, аплатны адпачынак, гарантаваную пенсію. Вешаў плакаты, выступаў з прамовамі, арганізоўваў дэманстрацыі і забастоўкі, быў арыштаваны, сядзеў у турме. Пасля быў абраны ў парламент і стаў членам урада. Усё памянялася: пабольшалі заробкі, паменшаў рабочы дзень, паявіліся гарантыі на пенсію. За багатымі зрабілі нагляд, беднасць знікла, але чалавек шчаслівейшым не стаў. Новы свет не зрабіўся ні лепшым, ні справядлівейшым. Калі была выкараненая не­справядлівасць, на яе месцы ўзнікла нешта іншае. Чалавек атрымаў свабоду, але яго свабода не зрабіла яго свабодным. Ён супрацьстаяў самому сабе і не ведаў, што рабіць са сваёю свабодай. (Сядае ў крэсла). Цяпер я ў псіхлякарні, сяджу вось, гляджу на возера, як там плаваюць лебедзі. Доктар, які лечыць мяне, сын былога рабочага. Часам мы з ім гутарым. Ён кажа, што мяне разумее, але ён дурны.


Выходзіць Энох у плашчы, паглядае на кубы, якія ўсё яшчэ стаяць з правага боку сцэны.


Энох. Энох, вучоны-атамшчык і касмолаг, восемдзесяг восем год. (Бярэ адзін куб і разглядае яго). Я даследаваў уласцівасці сонца. (Ставіць куб пасярэдзіне сцэны). Вывучаў пабудову атама. (Ставіць другі куб каля першага). I спрабаваў зразумець структуру Сусвету.


Ставіць трэці куб на два першыя. Адам устае і дэманстратыўна перастаўляе крэсла, потым сядае спінай да Эноха. Энох прысядае на кубы.


Энох. Усе свае веды я заклаў у камп'ютэр. Камп'ютэр выдаў формулу. Я рабіў свае доследы далей: апрацаваў формулу і зноў заклаў яе ў камп'ютэр. Камп'ютэр выдаў яшчэ адну формулу, я спрабаваў яе спасцігнуць, ды не здолеў. Пасля я трапіў сюды. Дагэтуль я спрабую разабрацца ў гэтай таямнічай формуле, якую мне выдаў камп'ютэр, формуле, якая расшыфроўвае апошнюю таямніцу гэтага свету — магчыма, Бога; яна мае сэнс, ды я яго не разумею. Формула свету, якая не мае сэнсу.


Выходзіць Авель з раскладным зэдлікам, глядзіць у залу, нібыта разглядае ландшафт, ставіць зэдлік на авансцэне, сядае.


Авель. Авель. Мне восемдзесят дзевяць год. Я — мастак. Напачатку я маляваў людзей. Маляваў багатых і бедных, паважаных бюргераў і непапраўных махляроў, паэтаў, валацуг, кампазітараў і п'янтосаў. Пасля — вынікі працы саміх людзей: гэтыя жахлівыя будынкі і жудасныя машыны. Пасля — прыроду, з людзьмі і без людзей. Нарэшце мне надакучыў жывапіс у трох вымярэннях. Я адмовіўся ад перспектывы і маляваў толькі каляровыя кампазіцыі. Але ж і гэта мяне расчаравала: напрыканцы я толькі крэсліў колы, лініі ды трохкутнікі, не зафарбоўваючы іх. Я запаўняў імі ўсё палатно. Гэткім, здавалася мне, і павінен быць сапраўдны жывапіс. Потым я выстаўляў ужо чыстыя кавалкі палатна. Але неўзабаве і палатно падалося мне лішнім. Я пачаў выстаўляць пустыя рамы. Гэта была мая ідэя адлюстраваць гэтак Нішто. Я вызначыў за гэта вар'яцкія цэны, і цяпер мае рамы вісяць ва ўсіх музеях свету. Але ў хуткім часе іх перасталі купляць. Праз гэта я знаходжуся тут. Штовечара я сядаю на беразе возера і малюю сваю апошнюю карціну. Я ўглядаюся ў возера, і перада мною паўстае Нішто. Санітару мая карціна даспадобы, доктар з павагаю дакранаецца да майго пляча. Я задаволены сваім лёсам і ганаруся сваімі поспехамі. Я зрабіў усё, што мог. Я выканаў сваю задачу.


Маршыруючы, як вайсковец, шпарка выходзіць Каін, несучы складное крэсла. Азіраецца, раскладае крэсла каля чырвонага тэлефона. Стукае абцасам і ганарыста кланяецца. На Каіне — афіцэрская форма ды фуражка.


Каін. Каін. Дзевяноста год. Гэта адзінае, што я ведаю пра сябе. Чалавек у белым кіцелі толькі што сказаў мне пра гэта. Я люблю сад, але не гэты, а менавіта мой сад. Люблю кветкі. (Каін устае і абыходзіць вакол крэсла). Цюльпаны, макі, рагулькі, лубін, флёксы, незабудкі, цыніі, гладыёлусы, мальву, сланечнік. (Сядае ў крэсла). Ды больш за ўсё — ружы. (З вялікай цяжкасцю закідвае правую нагу на левую). Я заўсёды любіў кветкі. Побач з канцлагерам быў цудоўны кветнік, яго даглядалі вязні, яны палолі і падразалі кветкі. На жаль, вязні часцяком мяняліся. Штодня я стаяў каля газавай камеры і сачыў, як вязняў выстройвалі ў доўгія шэрагі. Голых мужчын, жанчын, дзяцей. Ім выкопвалі вялізную брацкую магілу, запаўнялі яе трупамі, закопвалі і раўнавалі зямлю. Там я і рабіў свае кветнікі. З вязнямі я абыходзіўся па-чалавечы. Маіх кветнікаў рабілася ўсё больш і больш, яны мелі славу па ўсёй краіне. Мае кветкі карысталіся вялікім поспехам: яны свяціліся. (Здымае фуражку, абцірае насоўкаю пот). Ніколі і нідзе я не бачыў гэткіх прыгожых цюльпанаў, макаў, рагулек, лубінаў, флёксаў, незабудак, цыній, гладыёлусаў, мальваў, сланечнікаў. I, вядома, ружаў. (Глядзіць на Авеля). Зрэшты, я вырошчваў і цудоўныя астры. (Авель не рэагуе. Каін здымае фуражку, кладзе яе на падлогу). Я люблю кветкі, і з тае прычыны, што я іх любіў усё сваё жыццё, жыццё маё такое працяглае. Чалавек быў я добры, таму пражыву яшчэ доўга. Я люблю кветкі, люблю кветкі, люблю кветкі, кветкі.


Адам, Авель і Энох сыходзяць. Каін здымае кіцель, вешае яго на спінку крэсла, сядае зноў, выцягвае цёмнае шкло і глядзіць праз яго на сонца. Паяўляецца Ева, на ёй халат, у руках газеты, на носе цёмныя акуляры. Яна сядае на Адамаў зэдлік, чытае газету. На працягу ўсяе сцэны чутны першыя такты Пятай сімфоніі, якія выбівае барабан.


Ева. Што ты робіш?

Каін. Гляджу ма сонца.

Ева. Навошта?

Каін. У газетах штосьці пра яго пісалі.

Ева. Праўда?


Прыглушаныя гукі барабана.


Каін. А чым ты занятая?

Ева. Чытаю газету.

Каін. І што там?

Ева. Біржа.

Каін. А-а...


Біццё барабана.


Каін. Ён ізіноў заваліўся на іспыце.

Ева. Не хапіла двух балаў.

Каін. Трэці раз ужо.

Ева. У яго запозненае развіццё.

Каін. Адчапіся ад майго пратэза.

Ева. А ты адчапіся ад майго сына.


Біццё барабана.


Каін. Ён ізноў з гэтай вечнай Пятай сімфоніяй.

Ева. А ты — са сваёй пакаёўкаю.

Каін. Яно ўсё падсмажвае.

Ева. Хто?

Каін. Сонца.

Ева. I што?

Каін. Цяпер канец лістапада, а пячэ,як і пякло.


Б'е барабан.


Ева. Ці купіў ты акцыі аўтаканцэрна?


Б'е барабан.


Каін. Калі глядзець на сонца праз цёмнае шкло, бачыш яго вельмі выразна.

Ева. Яны падаюць у цане штодня.

Каін. Калі Уран зробіцца ярчэйшым, Сонца засвеціць яшчэ ярчэй.

Ева. Ці ты мяне чуеш?

Каін. Сонца — гэта жоўты карлік.


Гукі барабана.


Ева. Ты не купіў гэтых акцый?

Каін. Што я павінен быў купіць?

Ева. Акцыі.

Каін. Навошта?

Ева. Яны падаюць у цане.

Каін. Падымуцца зноў.

Ева. Канцэрн аслабне.

Каін. Гэтага быць не можа: ён выпускае зброю.

Ева (згортвае газету). Можа, і твая праўда.


Чутно, як б'е барабан.


Каін. Страшэнны сквар...

Ева. Ізноў укралі «Джамба-Джэт».

Каін. Дзякуй Богу, астраномы сцвярджаюць, што сонца стабільнае.

Ева. На борце было дзвесце восемдзесят пасажыраў.

Каін. Стабільны жоўты карлік.

Ева. Яны падарвалі яго ў паветры.

Каін. Стабільнае, як акцыі аўтаканцэрна. Іх небяспечна купляць, калі яны ідуць то ўверх, то ўніз.


Два кароткія барабанныя ўдары.


Каін. Болей я не магу.

Ева. Затое вайсковы марш быў бы табе даспадобы.

Каін. Дай спакою майму пратэзу.

Ева. Дай спакою майму сыну.

Каін. Ён калі-небудзь мяне давядзе...

Ева.Таксама як мяне — твая пакаёўка...


Барабанныя ўдары ўжо нагадваюць грымоты. Каін падымае рукі.


Каін. Паказвае на навальніцу.

Ева. Нарэшце ўжо!

Каін. Будзе дождж.

Ева. Дзякуй Богу.


Ева падымаецца, адносіць да кучы хломазду крэсла, на якім сядзела. Каін апранае кіцель. Выходчіць Адам, перадае Еве нататнік для стэнаграм, Каіну — генеральскую фуражку, пасля адыходзіць. Авель вядзе Аду, на ёй — нітка жэмчугу. Пакуль адбываецца гэтая сцэна, Авель гаворыць з вусцішным спакоем. Каін па-вайсковаму салютуе пры кожным адказе.


Авель. Гэтая навальніца — проста няведама што.

Ада. Супакойся, дарагі.

Авель (сядаючы на Каінава крэсла). Чатыры тыдніён лютаваў на ўсходнім беразе, пяць — на Ціхім акіяне.

Ада. Супакойся, дарагі.

Авель. Два тыдні мы не вылазім з бункера.

Ада. Супакойся, дарагі.

Авель. Загінула трэцяя частка насельніцтва.

Ада. Пры цяперашнім дэмаграфічным выбуху гэта нязначна.

Авель. Пайшлі на дно шэсць авіяносцаў.

Каін (салютуе па-вайсковаму). Устарэлыя тыпы.

Авель. Закрыйце рот, генерал.

Каін (салютуе па-вайсковаму). Слухаюся, пан прэзідэнт.

Ада. Не хвалюйся, мілы.

Авель. У джунглях згубіліся мае войскі.

Каін. Варожыя — таксама.

Авель. Закрыйце рот, генерал.

Каін. Так ёсць, пан прэзідэнт.

Ада. Не хвалюйся так, мілы. Мне не хочацца, каб цябе зноў хапіў інфаркт.

Авель. Мяне не хвалюе мой інфаркт, я клапачуся пра сваю дзяржаву. Я — прэзідэнт.

Каін. Так ёсць, пан прэзідэнт.

Авель. Генерал, я загадваю вам — думайце, райце, а не мармычыце: «так ёсць» ды «слухаюся»!

Каін. Слухаюся, пан прэзідэнт.

Авель. Райце, д'ябал вас бяры!

Каін. Дзевяць смерчаў на адным тыдні не могуць зруйнаваць нашу краіну.

А вель. У іншых краінах таксама без супынку лютуюць ураганы, бліскае маланка і грымяць грымоты, горача, нібы ў печцы.

Ада. Супакойся, дарагі. У Конга ззяе сонца.

Авель. Закрыйце рот, генерал.

Каін. Слухаюся, пан прэзідэнт.

Ада (з націскам). Зараз жа супакойся, мілы.

Авель. Я не хачу быць спакойным.

Ада. Сакратар!

Ева. Слухаю, ваша міласць.

Ада. Кроплі прэзідэнту.

Ева. Хвіліначку, ваша міласць.

Авель. Я не хачу кропляў.

Ева. Калі ласка, пан прэзідэнт.

Авель. Ідзіце.

Ева. Слухаюся, пан прэзідэнт.

Каін. Пан прэзідэнт...

Авель. Закрыйце рот.

Каін. Слухаюся.

Авель. Сакратар!

Ева. Пан прэзідэнт?

Авель. Прафесара.

Ева. Слухаюся, пан прэзідэнт.

Авель. Паклічце гэтага, у якога галава як яйка.

Ева. Зараз, пан прэзідэнт.


З'яўляецца Адам у белым халаце. У яго калоціцца галава.


Каін. Пан прэзідэнт...

Авель. Рот.

Каін. Слухаюся, пан прэзідэнт.

Адам. Пан прэзідэнт.

Авель. Прафесар, вы — мой асабісты навуковы дарадца.

Адам. Мяркую, што так, пан прэзідэнт.

Авель. Мяркуйце! Тут усе адно што мяркуюць. А мне патрэбны дакладныя веды, дакладныя звесткі, дакладныя навуковыя доказы.

Адам. Калі ласка, пан прэзідэнт.

Авель. Ліквідуйце гэты смерч.

Адам. Гэта немагчыма.

Авель. Для прэзідэнта звышдзяржавы няма слова «немагчыма».

Ада. Супакойся, дарагі.

Адам. I ўсё-такі гэта немагчыма.

Авель. Прафесар, я аддаю ў вашае распараджэнне ўсю ваенную, тэхнічную і фінансавую моц краіны. Справа ідзе пра нашу свабоду. Калі мы не ліквідуем гэтага смерчу, мне давядзецца адмовіцца ад вайны ў джунглях. Вы разумееце?

Адам. Смерчу не дасць рады ваенная, тэхнічная і фінансавая моц усяго чалавецтва, пан прэзідэнт.

Авель. Ці ў вас маці слабая розумам, або ваш бацька з'ехаў з глузду?


Адам маўчыць, ад хвалявання галава ў яго калоціцца яшчэ мацней. Каін смяецца.


Ада. Не хвалюйся гэтак, мілы.

Авель. Мы стаім перад паражэннем.


Адам глядзіць на Каіна раз'юшана.


Адам. Я не вайсковы эксперт, пан прэзідэнт.

Авель. Мой генерал — дурань і навуковы дарадца таксама.

Ада. Не хвалюйся, дарагі.

Авель. Я не хвалююся. Я ўвогуле больш не хвалююся. Я спакойны. Спакойны і халодны, як лёд. Я папрасіў бы вас, прафесар, падумаць пра банкруцтва біржы, калі мы спынім вайну.

Адам. Я разумею гэта, пан прэзідэнт.

Авель. Мільёны страцяць свае зберажэнні.

Адам. Гэта я таксама разумею, пан прэзідэнт.

Авель. Ну і?..

Адам. Нягледзячы на гэта, я нічога не магу зрабіць.

Ада. Не хвалюйся так.

Авель. Закрыйце рот, генерал.

Каін. Слухаюся, пан прэзідэнт.

Адам. Сонца выкідае распаленыя газы, ніколі яшчэ на ім не было такіх вялікіх пратуберанцаў.

Авель. Мне ўсё роўна.

Адам. Прафесар Тэмпльскага універсітэта ў Філадэльфіі сцвярджае, што сонца збіраецца выкінуць частку матэрыі, што яно расколецца.

Авель. Ну й што?

Адам (раптоўна перастаючы калаціцца).Гэта быў бы канец Зямлі, смерць.


Авель павольна падымаецца і наступае на Адама. Адам памалу адступае.


Авель. Калі сонца выбухне, вы будзеце адказваць.

Адам. Пан прэзідэнт.

Ада. Супакойся, мілы.

Авель. Заткні зяпу!

Адам. На маю думку, пан прэзідэнт, сонца не выбухне. Яно стабільнае і будзе стабільнае яшчэ колькі мільярдаў год. Прафесар Тэмпльскага універсітэта — сусветна вядомы дурань.


Авель паціскае руку Адаму, пасля ідзе да Каіна.


Авель. Мне было б даспадобы не бачыць сярод маіх дарадцаў сусветна вядомых дурняў.

Каін. Слухаюся, пан прэзідэнт.

Ада. Спакойна, мілы.

Авель. Сакратар.

Ева. Пан прэзідэнт.

Авель. Мне спатрэбяцца мае кроплі.

Ева. Вядома ж, пан прэзідэнт.


Авель і Ева сыходзяць.


Ада. Панове, запрашаю вас да нас на ленч.


Ада, Каін і Адам сыходзяць. Выходзіць, азіраючыся, Энох. Бярэ па чарзе кубы, крэслы, ранцы, кацёл, скрыню, лаўку і шпурляе ўсе гэтыя рэчы за кулісы. На сцэне застаюцца толькі бутэлька з-пад джыну, шалом, фуражка, тэлефон, газеты, часопісы мод і навушнікі. Энох сядае на авансцэне. Выходзіць Цыла, азіраецца.


Цыла. Дома быццам бы і не было.

Энох. Смерч павынішчыў усё, што было.


Цыла збірае газеты.


Энох. Тут няма ніякага сэнсу наводзіць парадак.


Цыла працягвае збіраць газеты.


Энох. Я будаваў гэты дом нам.

Цыла. Нам і нашаму дзіцяці.

Энох. Фабрыка, дзе я працаваў, таксама разбурана.


Цыла складае газеты акуратным стосам у глыбіні сцэны.


Цыла. Я праводзіла цябе да дзвярэй, калі ты ішоў на працу.

Энох. Стары Гізінгер увесь час цягаўся за табою.

Цыла. Ён не заляцаўся да мяне.

Энох. Малады таксама.

Цыла. Ён толькі раз-пораз забягаў.

Энох. Цяпер іх няма сярод жывых.

Цыла.Загінулі тысячы.

Энох. Мільёны.


Цыла сядае на падлогу, сашчапляе рукі на грудзях.


Цыла. Мы безабаронныя перад смерчам.

Энох. Усе безабаронныя перад ім.


Абое маўчаць.


Энох. Урад абвясціў, што свет не загінуў.

Цыла. Хлусня.

Энох. Ты ўпэўнена?

Цыла. Ты сам ведаеш гэта.

Энох. Ведаю.

Цыла. Мы ведаем гэта.


Абое маўчаць.


Энох. У нас ніколі ўжо не будзе дзяцей.

Цыла. Ні ў кога ўжо не будзе дзяцей.


Абое маўчаць.


Энох. Сонца аддало нас на волю лёсу.

Цыла. Мы думалі, што сонца ўжо ніколі нас не пакіне.

Энох. Зямля магла б быць шчасліваю.

Цыла. Калі б людзі былі больш справядлівымі.

Энох. Людзі ўсё рабілі не так, як трэба.

Цыла. Яны шмат што рабілі не належным чынам.


Абое маўчаць.


Энох. Гэта цяпер неістотна.

Цыла. Усё цяпер неістотна.


Абое маўчаць.


Энох. Я кахаў цябе.

Цыла. Я й цяпер кахаю цябе.


Цыла глядзіць у неба.


Цыла. Думаю, што будзе яшчэ адзін смерч.


Энох кідаецца да Цылы, затуляе яе сабою.


Энох. Апошні.


З усіх бакоў сцэны выходзяць Адам, Авель, Каін, Ева, Ада, Наэма. Усе апускаюцца на падлогу: злева — Адам, Наэма, Ева, справа — Цыла і Энох, паралельна да рампы; Каін і Ада — на заднім плане. Усе выкрыкваюць псалмы, адчайна, марна спадзеючыся, што Бог пачуе і дапаможа ім.


Адам. Узнясем слова падзякі Госпаду нашаму.

Цыла. Госпадзе, Ойча наш нябесны. Якое велічнае імя Тваё.

Авель. Прывабнае аблічча Тваё і раскошны Твой убор.

Наэма. Адзенне, што на Табе, слепіць ззяннем.

Энох. Ты накрыў зямлю кілімам нябесным.

Ада. Ты выгнуў скляпенне нябёсаў і назваў яго цвердзю.

Каін. Ты выткаў Птушыную Дарогу і назваў яе — бясконцасць. Ты абсыпаў яе чырвонымі веліканамі ды блакітнымі волатамі, бліскучымі каметамі з хвастамі ды белымі карлікамі.

Ева. Ты насяліў стварэнне рук Тваіх, неба бясконцае, думкамі Сваімі — атамамі шпаркімі.

Адам. Промні вачэй Тваіх джаляць вока свінцом.

Цыла. Ты сядзіш урачыста на аблоках, што лятуць, нібы калясніцы.

Авель. Ты ляціш на крылах буры.

Ада. Анёлы Твае падымаюць вецер, служкі Твае запальваюць пажарышчы.

Энох. Ты збудаваў жытло сонцу і адарыў Зямлю яго цяплом.

Наэма. Ты пазбіраў ваду ў свае месцы, і з'явілася суша.

Авель. Ты назваў сушу зямлёю, а скопішчы водаў — морам.

Цыла. Ты пазасыпаў горы снегам, даў прытулак горным сарнам, Ты ўзгадаваў кедры ліванскія і насяліў іх птушкамі.

Адам. Ты стварыў кітоў богападобных, каб яны пялёхаліся ў морах Тваіх, ды рыб марскіх, што пажыраюць адна адну.

Ева. Надыходзіць ноч, і дзікія звяры выходзяць на паляванне, ільвы рыкаюць, чакаючы здабычы ад Цябе, Госпадзе.

Авель. Але падымаецца сонца, і звяры перастаюць знішчаць адзін аднаго і хаваюцца ў сваіх логвішчах, а чалавек выходзіць на раллю.

Наэма. Ты вырасціў зелень, траву, што рассявае насенне, дрэва плоднае, што прыносіць плёны. Ты адарыў зямлю збожжам і вінаграднымі гронкамі, радуючы сэрцы людзей. Ты ўмацаваў цела чалавека хлебам і маслам.

Энох. Ты падарыў ім любоў і нянавісць, каб адчуваць віну сваю перад Табою. Ты даеш ім здароўе, каб радавацца, і хваробы, і смерць, каб адчуваць Тваю міласць.

Каін. Ты ўзнагародзіў людзей дарам думаць, ствараць, будаваць цудоўныя гарады і масты, пераадольваць водныя перашкоды і ляцець па зямлі хутчэй, чым гэта робіць гук.

Ада. Ты прымусіў іх жадаць Тваёй міласці і ўдарыў па людзях вайною, выказаўшы сваё абурэнне. Ты дапусціў уладу магутных і слабасць нямоцных. Ты глядзеў на Зямлю, і яна дрыжала; Ты дакранаўся да гор, і яны дыміліся. Людзі калаціліся і падалі перад Табою ніцма.

Ева. Госпадзе, як шмат ты ўсяго стварыў і якія вялікія Твае стварэнні. I ўсе Твае стварэнні ўслаўляюць Цябе.


Ева памірае.


Адам. Дакуль, Госпадзе, будзеш дарэшты забывацца на мяне, дакуль будзеш хаваць аблічча Тваё ад мяне?


Адам памірае.


Цыла. Ты дорыш людзям дыханне і адбіраеш яго, ператвараючы іх у тло. Ці вернеш ты ім зноў сваю міласць?


Цыла памірае.


Авель. Слаўны той народ, у якога Госпад ёсць Бог.


Авель памірае.


Наэма. Буду ўслаўляць Цябе, Госпадзе, усім сэрцам маім, спяваць Імю Твайму, пакуль цяпельца душы гарыць у целе маім.


Усе паміраюць, Ада з апошніх сіл намагаецца прыпадняцца.


Ада. Няхай злыдні сыдуць у пекла, няхай знікнуць усе народы, што забыліся на Бога.


На заднім плане запальваецца Птушыная Дарога. Сцэна слаба асветленая. Адам выходзіць з левага боку і ідзе да сярэдзіны задняй часткі сцэны.


Адам. Я — першы Бог.


Пасля Адама выходзіць Каін, ён крыху слабы на вушы.


Каін. Што?

Адам. Я — першы Бог.

Каін. Ах так. (Становіцца праваруч ад Адама). Я — другі Бог.


Неяк урачыста выходзіць Авель, становіцца леваруч ад Адама.


Авель. Я — трэці Бог.


Выходзіць бестурботны Энох, спыняецца злева ад Авеля.


Энох. Я — чацвёрты Бог.


Адам пазяхае.


Каін. Як?

Адам. Сумная гэта бясконцасць.

Авель. Сумная да ашалення.

Каін. Што?

Авель (старанна вымаўляючы). Сумная да ашалення.

Каін. Ах так.

Энох (паказваючы ў бок Адама і Авеля). Сядайма?

Авель. Сядайма.


Авель сядае, Энох кладзецца на спіну, Адам застаецца стаяць.


Каін (няўцямна). Што?

Авель (старанна вымаўляючы). Сядайма.

Каін. Ах так. (Сядае).

Адам. Сонца вунь там загіне...

Каін. Хто?


Каінава глухаватасць пачынае паступова раздражняць Адама.


Адам. Сонца там... Загіне.

Каін. Ах так.

Авель. Калі?

Адам. Неўзабаве.

Энох (пераварочваецца на жывот, глядзіць, на Птушыную Дарогу). Во гэта будзе выбух!

Каін. Што будзе?

Авель (старанна вымаўляючы). Сонца расколецца, і ягоная матэрыя разляціцца па Сусвеце.


Авель відавочна гэтаму рады.


Каін. Ах так.

Адам. Бух!

Каін. Што?

Адам. Бубух!

Каін. Як?

Адам. Бум!

Каін. Ага!

Энох. Але пакуль што гэтае сонца яшчэ стабільнае.

Авель. Значыць, выбуху не будзе.

Энох. Не, яно выбухне.

Авель. Значыць, яно не стабільнае.

Энох. Я надта ў сонцах не разбіраюся. (Пераварочваецца на спіну).

Адам. I я таксама.

Каін. Што?

Адам (са злосцю). I я таксама.

Каін (злуецца). Ах так.

Адам. Цікава, ці гэта сонца мае планеты?

Каін. Мае — што?

Адам. Планеты!

Каін. Ах так.

Авель. Не ўяўляю сабе.

Каін. Што-што?


Адам мармыча нешта няўцямнае.


Каін. Ах так.

Энох. Я кажу пра планеты, населеныя жывым.

Каін. Чым?

Авель (Каіну). Раслінамі, жывёламі, людзьмі.

Каін. Ах так.

Энох. Я не разбіраюся і ў жывых істотах.

Авель. Гэта няважна.

Энох. Ну што, рушым далей?


Авель, смеючыся, падымаецца, за ім падымаецца Энох.


Каін. Га?

Авель (абмінаючы Каіна справа, старанна вымаўляе). Хадзем.

Каін. Ах так. (Падымаецца і становіцца ззаду за Авелем).


Адам яшчэ раз глядзіць у бок Птушынай Дарогі, апошні раз аглядае сцэну: пустая бутэлька, шалом, патроннік, фуражка, тэлефон, навушнікі, часопісы мод; ён падымае патроннік, няўцямна разглядае яго, потым кідае на авансцэну.


Адам. Сонца ўсё адно загіне. (Сыходзіць).

Загрузка...