РЫСКА-ГРЫБНІК


Пакуль Надзейка, Сяргей, іхнія тата і мама былі заняты хто ў школе, хто на працы, Рыска сумна сноўдалася па вялікай кватэры.

Затое ў суботу і нядзелю, калі ўсе збіраліся разам, было сапраўднае раздолле. Тут і багаты святочны абед, і цікавыя, займальныя гульні.

У выхадныя Рысцы дазвалялася нават гімнастыкай займацца.

Аднак самае цікавае адбылося ў мінулую суботу. Усе сабраліся ехаць у лес, па грыбы. Вырашылі ўзяць з сабой і Рыску. Але нечакана Сяргей спытаў:

Рыска, а віза ў цябе ёсць?

Мя-а-аў… Яка-а-я віза? – сур'ёзна ўспрыняла Сяргеева пытанне ўстрывожаная Рыска.

Як якая? – працягваў Сяргей. – Ты ж упершыню едзеш у замежны лес?

Ага, усё яшчэ занепакоена адказала котка.

Ага-ага… Вось бачыш… Значыць, патрэбны спецыяльны дазвол лясной стражы. А ты як думала?

Калі не будзе візы, уключыўся ў гульню тата, тады давядзецца вожыка пацалаваць…

Рыска зусім разгубілася і з надзеяй зірнула на Надзейку.

На выручку прыйшла мама:

Ладна, паспрабуем угаварыць лясную стражу. Паехалі…

Рыска ўпершыню была ў лесе. Таму і без візавага клопату розных дзівосных авантур хапіла ёй цераз край.

Упершыню яна бачыла гэткі сонечна-празрысты лісцевы лес. Упершыню сустрэла тут жывую мыш. А мышка жывога ката таксама бачыла ўпершыню.

Як усё гэта здарылася?

Бегаючы па лесе, Рыска знайшла сярод мінулагодняга лісця норку, з якой чуўся нязвыклы апетытны пах. Рыска пачала драпаць адтуліну, разграбаць зямлю лапкамі.

Раптам з іншай недалёкай норкі выскачыла маленькая шэрая жывёлінка з тонкім даўгаватым хвосцікам. Спачатку абедзве здзіўлена пазіралі адна на адну, нічога не кемячы.

Пасля Рыска моцна пацягнула носам, удыхаючы ўсё той жа невядома-апетытны пах, што зыходзіў ад незнаёмкі. Затым пачала на паўсагнутых лапках набліжацца да яе. Хвастатая незнаёмка не ўцякала.

Калі яны наблізіліся, то спачатку абнюхаліся, а пасля пазнаёміліся:

Мя-аў… Я Рыска, а ты хто? – прамяўкала котка.

А я мышка, пачуўся пісклявы галасок.

І тут у абедзвюх абудзіўся спрадвечны прыродны інстынкт: Рыска лапкай пацягнулася да мышкі, а тая, токам крыві адчуўшы небяспеку, адбеглася.

Але Рыска імкліва падскочыла да яе і пакаціла між сваіх лапак, балюча ўкалоўшы мышку кіпцікамі. Тая моцна піскнула і куляй заляцела-схавалася ў свой трэці выхад з норкі пад вялікім магутным дубам.

Рыска не зразумела гэтай крыўды.

І чаго яна ўцякла? Мы ж маглі так добра пагуляць, пазабаўляцца. Мяў…

Але мышка, відаць, згадала адвечную мудрасць сваіх продкаў: кошцы жарты, а мышцы смерць…

Больш з норкі яна не паказвалася.

Давялося Рысцы шукаць іншы занятак. Балазе, іх тут хапала.

Яна насілася па мякай пахучай траве між высокіх і гонкіх грабаў, беластволых бяроз, таўсматых дубоў, трапяткіх асін і ўсё вынюхвала.

Знайшла нейкі вялікі клубок, хацела з ім пагуляць, але толькі лапкі пакалола. Надзейка патлумачыла, што гэта вожык, і забаўляцца з ім не варта.

А мама дадала:

Ну, вось ты і пацалавала вожыка. Больш табе віза ўжо не патрэбна…

Затым Рыска залезла ў глыбокую лісіную нару. Але яна была пустая…

Надзейка ж разам з іншымі збірала шампіньёны. Дарослыя грыбы вялікімі белымі шапкамі ўзвышаліся над зялёнай травой. А маладзенькія ледзь-ледзь вытыркаліся з зямлі, а то і зусім хаваліся ў ёй. Былі яны невялічкія, белыя, з круглымі шапачкамі.

Рыска абыякава назірала за гэтым сумным для яе заняткам.

Пасля яна зноў бегала між дрэў, абнюхваючы норкі і вялікія трухлявыя карчы. Адбіла ўсе ногі, але нічога цікавага не знайшла.

Толькі зноў у прыгоду трапіла.

Каля старога карча Рыска заўважыла цэлую сямейку белавата-ружовых мячыкаў. Яна ляпнула лапкай па самым вялікім. А той як лопне, як выбухне нейкім рыжым пылам!

Гэты пыл пафарбаваў котцы ўсю пыску, набіўся ў ноздры. Ледзьве Рыска яго вычхала.

Мы, грыбы-порхаўкі, галоўныя ў лесе. І мы не любім, калі з намі абыходзяцца непачціва… – пачула Рыска адразу некалькі галасоў і адбеглася: далей ад бяды…

Раптам Рысчын прагны нюх злавіў новы пах. Спачатку яна ўткнулася носікам у невялікі патрэсканы грудок зямлі. Пасля разграбла яго.

З-пад мінулагодняга лісця паказалася белая круглая галоўка. Навучаная горкім вопытам, Рыска ўцягнула кіпцікі ў лапку і лёгенька стукнула па ёй. Затым пачала качаць знаходку па траве, але галоўка развалілася. Давялося Рысцы шукаць новую.

Гэты Рысчын занятак заўважыла Надзейка.

Мама, хадзі сюды! – паклікала яна. Паглядзі, што Рыска робіць. Яна ж шампіньёны адкопвае…

Мя-аў. Шампіньёны? – здзівілася Рыска. – А я і не ведала, што гэта грыбы такія… Я думала, што порхаўкі галоўныя ў лесе… Мяў…

Якія табе порхаўкі?! – папракнула Надзейка. – Ты лепш шампіньёны збірай…

І Рыска пачала ахвотна шукаць грыбы. Яна вынюхвала патрэбны грудок, разграбала яго, а Надзейка ножыкам зразала круглую шапачку.

Неўзабаве кошык у яе быў поўны.

Тата з мамай пахвалілі Надзейку.

Гэта не я адна назбірала, адказала дзяўчынка. – Мне Рыска дапамагала…

Рыска моўчкі апусціла запэцканы зямлёй і грыбамі носік і горда выгнула спінку, што азначала: “Я яшчэ і не гэта магу…”

Калі вечарам Рысцы прапанавалі пакаштаваць грыбы, яна адмовілася: смажаныя шампіньёны пахлі не так апетытна, як свежыя.

Мяў… Няхай Надзейцы дастанецца мая доля, прамовіла Рыска, стомлена кладучыся на свой дыванок. Я яшчэ назбіраю свежых шампіньёнаў…

Загрузка...