РЫСКА-МАСТАЧКА


Цікаўнасці памаўзлівай Рыскі, здавалася, не будзе межаў. Яна ні на крок не адступалася ад Надзейкі, усё выглядвала, вывіжоўвала, чым тая займаецца, што робіць.

Калі Надзейка ішла ў садзік, а яе старэйшы брат Сяргей у школу, Рыска вынюхвала і аглядвала ўсе куткі ў кватэры, аблазіла ўсе падложкі, падсталы і падканапы.

Бывала, так спэцкаецца, так скалмаціць сваю мяккую поўсць, што ледзьве яе вымыюць пахкім шампунем, ледзь вычашуць зграбным зялёным грэбенем.

Але асабліва вабілі-цікавілі Рыску заняткі Надзейкі і Сяргея маляваннем. Колькі яна ні пазірала, колькі ні прыглядалася, ніяк не магла зразумець, чаму ў іх атрымліваюцца розныя малюнкі…

Надзейка расстаўляла на стале рознакаляровыя кубачкі, брала тоненькую палачку з яшчэ танчэйшым хвосцікам на канцы, апускала яе то ў адзін, то ў другі кубачак і гэтым каляровым хвосцікам малявала на белай паперы то зялёную елачку, то прыгожы домік з чырвоным дахам, то пышнахвостую рыжую вавёрку на магутным дубе.

У Сяргея ж не было гэтулькі каляровых кубачкаў – толькі адна бутэлечка з чорнай вадкасцю. А замест хвосціка на палачцы нейкая бліскучая жалезная цацка з дзвюма тоненькімі шчочкамі. Сяргей апускаў яе ў бутэлечку і нешта крэмзаў на вялікім белым аркушы. Толькі замест каляровых малюнкаў у яго атрымліваліся чорныя квадраты, трохвугольнікі, дугі, колы. Зусім нецікавыя малюнкі, не тое, што ў Надзейкі. І называў іх Сяргей неяк дзіўна – чарцяжы. Рыску ад гэтага слова ажно дрыжыкі праціналі.

Аднак цікаўнасць брала сваё. І калі аднойчы дзяўчынка адышлася ад стала, Рыска захацела памаляваць сама. Але як яна ні круцілася, як ні старалася, ніяк не магла патрапіць хвосцікам у кубачкі. Толькі паабарочвала іх. Добра, што пападалі зачыненыя, і фарба з іх не вылілася…

Калі ж неяк Сяргей адлучыўся да тэлефона, Рыска імгненна апынулася на стале. Яна ткнула носікам у чорную бутэлечку з востра-пахучай вадкасцю, чмыхнула і апусціла туды свае кіпцікі.

Пасля дастала лапку з бутэлечкі, паднесла да вачэй і здзівілася, што яна з белай стала чорнай.

Ад моцнага паху заказытала ў носе. Рыска пачухала пыску, каб адагнаць гэты ліпучы пах, затым правяла лапкай па паперы. На белым аркушы засталася спачатку чорная паласа ад лапкі, а пасля крывыя лініі ад кіпцікаў.

Рыска пазірала на свой малюнак, паварочваючы галоўку то ўлева, то ўправа, каб лепш разгледзець. Яна так захапілася, што і не заўважыла, як вярнуўся Сяргей.

Ён спалохана зірнуў на свой альбом, пасля на вымазаную чорнай тушшу Рыску і засмяяўся:

Тата, мама, хадзіце сюды, паглядзіце, якая чарцёжніца расце! – паклікаў ён.

Не чарчо… не цярчо… не чарцёжніца, а мастачка, паправіла яго Рыска.

Добра ўжо, будзь сабе мастачкай, толькі не плюхайся больш у тушы, папрасіла Надзейчына мама, тройчы мяняючы ваду ў ванне, перш чым адмыла Рыску.

Пасля гэтага пэўны час за маляваннем Сяргея і Надзейкі Рыска назірала толькі здалёку.

Загрузка...