РЫСКА-ПАРАШУТЫСТКА


Гэта здарылася тады, калі Надзейка яшчэ не хадзіла ў школу, а Рыска памірылася ўжо з Барсікам.

Аднойчы летнім сонечным днём Рыска месца сабе не знаходзіла, не ведаючы, чым ёй заняцца.

Надзейка захапілася маляваннем. Барсік мірна драмаў на сонечным балконе.

Рыска бязмэтна сноўдалася па кватэры, пасля некалькі разоў турзанула Барсіка за вусы, за хвост, запрашаючы да гульні. Але той нават вухам не павёў і вачэй не адплюшчыў. Рыска адступілася.

Ёй даўно ўпала ў вока шпакоўня, якую Надзейчын тата прымацаваў да балконнай парэнчы. Асабліва не давалі ёй спакою чорныя, ажно з бліскучым адлівам птушкі, што жылі там.

Але як ні клікала іх Рыска да сябе, каб пазнаёміцца і разам пагуляць, шпакі толькі нешта трывожна крычалі на сваёй птушынай мове і ніяк не хацелі апускацца на балкон.

Гэтым разам Рыска вырашыла сама адведаць іх. Яна залезла на балконную парэнчу, падрапала лапкай дошку, да якой прымацавана шпакоўня. Але тая была такая гладкая, што не зачапіцца.

І тады Рыска адважылася. Яна нізка-нізка прысела на сагнутых лапках, а пасля пружыніста-рэзка выпрстала іх, з усёй сілы імкнучыся даскочыць да шпакоўні.

Але ці то не хапіла сілы, ці то то шпакоўня была завысока, Рыска – які жах! – сарвалася і з чацвёртага паверха паляцела ўніз.

Яна, як магла, распушыла свой хвост, натапырыла вусы, наструніла кожную поўсцінку – абы толькі затрымаць імклівае падзенне.

Сэрца Рыскі ледзь не вырывалася з грудзей. Вецер слязіў вочы і свістаў у вушах.

Аднак Рысцы пашанцавала: калі падала, яе кіпцікі зачапіліся за Сяргееву сарочку, што сушылася на балконе. Так і ляцелі яны разам: распластаная Рыска і набухлая ветрам белая сарочка. Гэта і змякчыла ўдар.

Пашанцавала і тым, што пад балконам знаходзілася клумба з кветкамі, а не цвёрды асфальт.

Рысцы здавалася, што ляцела яна цэлую вечнасць, хоць на самай справе не мінула і паўхвіліны.

Яна прызямлілася на ўсе чатыры лапкі, перакулілася, а зачэпленая за кіпцікі сарочка белым коканам абвілася вакол цела.

Падзенне Рыскі заўважыў Барсік. Ён нема закрычаў, замяўкаў, заенчыў. Гэты енк і пачуў Сяргей. Ён адразу ўсё зразумеў і куляй панёсся ўніз па лесвіцы.

Сяргей выблытаў спалоханую Рыску са сваёй сарочкі, абмацаў яе, агледзеў. Рыска была цэлая, толькі шырока расплюшчанымі вачамі няўцямна пазірала на Сяргея.

Ну і шчаслівая ты, Рыска. Пашанцавала табе, сказаў Сяргей, несучы котку ў кватэру.

Рыска толькі вінавата міргала і нічога не магла прамовіць: яе голас яшчэ быў перацяты страхам перажытага.

Вось вам парашутыстка, сказаў Сяргей, выпускаючы Рыску. – А вось яе парашут, паказаў ён сваю белую сарочку – спадарожніцу Рыскі.

Парашутыстка ж падышла да Барсіка, ласкава лізнула яго, вінавата пацерлася аб нагу Надзейкі і без вячэры ціхенька ўляглася на сваім дыванку.

Загрузка...