БІФШТЭКС З КРЫВЁЙ


Апавяданне пра кнігабудаўніцтва


Перш раздача кніг, дармовага рамана. Цікаўныя гарталі, чакаючы, калі пачнецца сход. Даволі “смажаны” змест, але нясвежы, аўтар смакаваў, як амерыканскі галава прымушаў танчыць канкан у негліжэ каханку, кабарэтную брадвейскую пяюху і танцоўшчыцу. Дзярждэпартаменту гэта не спадабалася. Народны абраннік круціўся як уюн на патэльні, мусіў паабяцаць, што больш не будзе ганьбіць Маці-Амерыку… Але, як той казаў, падоранаму раману ў зубы не зазіраюць, ды пагатоў тут і званочак загучаў патрабавальна ў руках старшыні.

Ганаровае месца на сцэне займаў чамусьці бронецягнік, які прамоўцы ўпарта называлі “браняпоездам”. За спінамі прэзідыума сшыхаваўся чырвонасцяжны хор, прапаршчыкі ды сяржанты, прачысціўшы глонаўкі, бадзёра і нейк пагрозліва заспявалі “Мы мірныя людзі, ды наш браняпоезд стаіць на запасным пуці”, робячы ненатуральны націск на другім складзе перадапошняга слова. Прэзідыум падпяваў сяк-так седзеячы, зала слухала.

Бронецягнік новай літарцелі падаравала камандаванне чыгуначных войскаў. Пісьменнікі папляскалі.

Мітусня, сумбур, адчувалася, што дзея рыхтавалася спехам. Штучна бадзёрыя піянеры з барабанамі, боханы, каўбасныя колцы ды іншыя падарункі працоўных, якія зачакаліся сапраўднай народнай кнігі. З рога ўсяго многа! Хакейная клюшка, лыжы, крапавы берэт, карціна “Горкі на трыбуне 1-га з’езда пралятарскіх пісьменнікаў”, рыдлёўка, мантыі трыумвірату накшталт судовых ці пракурорскіх, хаця пасавалі б і дактарам honoris causa. Была яшчэ дубальтоўка ад паляўнічых, мабыць павінна была страляць на сцяне самачынна.

Акторы-чытальнікі, не чакаючы цішыні, выгукалі са сцэны пафасна сказы алегарычнага тэксту пра цытадэль з вежамі са слановай косці, з якой наступаючых асыпаюць хмарамі ядраў, не даючы наблізіцца да элітарнай прафесіі шырокім пішучым масам. Але: калі вораг не здаецца, яго знішчаюць!!!

— Вось таварышы пісьменнікі, — ажыў прэзідыум мікрафонам старшыні, — смяецца той, хто смяецца апошнім, ці плача, скажам. Я хацеў бы тут сказаць пра ў пэўным сэнсе ганебны чын аўтара “Самсона Самасуя”. Ён вось напісаў працяг сваёй кніжкі, як герой трапляе з вёскі ў горад, пачынае дзейнічаць на больш высокім узроўні, выяўляць свае адмоўныя якасці, рабіць брыдкія рэчы. І сваім баязліўствам аўтар здзейсніў учынак, якім пазбавіў нашую літаратуру цікавага твора, мастацкага дакумента эпохі! Хіба выратавала яго, што спаліў рукапіс? Не! Ён забыўся на падставовы прынцып: рукапісы не гараць! Галоўнае — твор, астатняе — потым! Ты яго напісаў і ён табе ўжо не належыць, ён належыць народу, гісторыі! Не ты пішаш, а звышняя сіла тваёй рукой робіць тое, дзеля чаго ты з’явіўся на зямлі. Ты толькі інструмент, калі хочаце, — тая нават чароўная флейта, але не сама музыка.

Хрэстаматыйны прыклад: Гогаль спаліў свой рукапіс, і што — лепей яму стала? З глузду з’ехаў! Гэта пакаранне звыш. Тое самае з Самасуем. Праз сваю баязлівасць, маладушша, панічны страх, можна сказаць, аўтар знішчыў тое, што немагчыма аднавіць. Яго і так расстралялі б, але каб не агонь, не запалкі, не грубка, нашыя доблесныя органы захавалі б як мае быць увесь твор, і сёння мы б яго надрукавалі і маглі б усім паказаць, што мы таксама ў шуфляду пісалі, а не толькі: “Партыя сказала нада, камсамол атвеціў ёсць!”

— Але толькі Гогаль спаліў станоўчы твор, баяўся, што саладжавы занадта, а пра Самасуя, наадварот, ён страшыўся, што празмерна адмоўны, што Бэндэ нападзе, затопча. Крытыкі ўсе баяліся як агню, пра расстрэлы яшчэ не здагадваліся. А так — разаб’юць спачатку ў газеце ці часопісе, потым пачнуць прапясочваць на сходах, на партбюро, каму гэта спадабаецца, каб перцу з імберцам, каб соль на раны?

— Лес сякуць, трэскі ляцяць.

— Але трэскамі нікому не хацелася.

— Ясна: дрывасекам лепей заўжды.

— Гэта яшчэ як сказаць: калі на лесапавал трапіш, сякеру ўзненавідзіш.

— Давайце, калегі, у канструктыўнае рэчышча вернемся, пра літаратуру, пра кнігі размаўляць будзем, пра станоўчага героя, а не пра лесапавал. Ніхто нікога на лесанарыхтоўкі пакуль не пасылае: пішы, працуй, не палітыканствуй, дапамагай народу дасягнуць вынікаў 84-га года па ўсіх паказчыках. Тады, між іншым, якія тыражы былі? Не сённяшнія слёзы, толькі што папера брыдкая, але ганарары цэка не шкадуючы зацвярджала. Партыя цаніла пісьменніка, трэба вярнуць прэстыж нашай прафесіі інжынераў чалавечых душаў. Бо гэтыя палітыканы з інжынераў зрабіліся паклёпнікамі, шкоднікамі, як на шахцінскім працэсе калісьці.

— “Няма таго, што раньш было”, як сказаў паэт.

— Але цяпер усё па нашых сілах — і назад вярнуцца, дапісаць недапісанае, штосьці перапрацаваць, пералапаціць, карацей зрабіць рэвізію ў літаратурным цэху, у кніжнай гаспадарцы. Новае — добра забытае старое. А наконт “шукаць учорашняга дня” — гэта недарэчны жарт, глупота, яны ж самі рэдакцыйныя партфелі яшчэ нядаўна напаўнялі забытымі, запыленымі опусамі, узятымі з паліц. Выцягнутымі з архіваў органаў, са спецхранаў, якія яны гэтак не любілі. Каб не спецхраны, яны б лапу смакталі. “Нет худа без дабра”. Не трэба на суку седзячы яго пілаваць.

— “Ты не лайся дзядзя пры савецкай уладзе!”

— Вось менавіта, а то ж усё ачарняць, а ў нас у мінулым не ўсё кепска было: паперу ў літфондзе выдавалі, харчовыя талоны, машынкі без нацэнкі, дзіркакол мой прыяцель атрымаў.

— Мы тут падбілі бабкі напярэдадні — хто якія плануе тэмы для раманаў, каб стварыць накшталт бальзакаўскай “чалавечай камедыі”, адно ў нас будзе хутчэй “аптымістычная трагедыя”, толькі інакш варта назваць, каб не паўтарацца. Гэта ж яшчэ Чорны, класік наш марыў, склаў план: адлюстраваць у раманах асноўныя падзеі, векапомныя, што ў літаратуры засталіся белымі плямамі, тэрай інкогнітай. Раманную эпапею стварыць. Вось у мяне папярэдні спіс прыблізны: “Чырвоны тэрор” — раман пра рамантыку змагання за рэвалюцыйныя ідэалы, можа быць сам вазьмуся нават, назва мне падабаецца, сам прыдумаў. Далей: “Жалезны кулак” — пра разгром бацькі Балаховіча. Чырвонаармейскі раман “Кірзавыя боты”.

— Дайце мне, мне тэма блізкая, як кожны чырвонаармеец марыў замест чаравікаў з абмоткамі пра чобаты... І пажадана пра трафейныя, афіцэрскія.

— Добра-добра, заяўкі збярэм пасля устаноўчага сходу. Прашу ўвагі, буду працягваць. Так, наступны ў нас якраз “Шабельны паход на Варшаву”, выйгрышная тэма, можам паказаць праціўнікам ідэалагічным, што мы не лыкам шытыя, таксама паказыталі панам нервы.

— Я думаю, што нам трэба назвацца “таварыствам” ад слова “таварыш”, каб не было як у іх — “згуртаванне”. Някепскае яшчэ слова “саюз”, але яго цяпер забаронена ўжываць, саюз можа быць толькі адзін — міждзяржаўны, як адзін-адзіны можа быць галоўнакамандуючы, вы самі ведаеце не горш за мяне.

— Гэта крыху не на тэму абмеркавання нашага.

— Я скончу, выбачайце: яны, канечне, будуць называць нас якім-небудзь “саюзам мяча і арала”, арцеллю саматужнікаў і графаманаў, “рогамі і капытамі”, хай. Як той казаў: няхай гімн гаўно, але слухаць будзеце стоячы. Я ўсё сказаў.

— Ну, мы не такое ўжо гаўно, не трэба перабольшваць, самапрыніжацца. А што мы зараз будзем выдаваць свае тамы, друкавацца, а яны будуць лапу смактаць, гэта так, гэта ў яблычак. Хай цяпер сваім самвыдавецтвам займаюцца, ад рукі перапісваюць, на машынцы пад капірку... А тэмаў у нас, прабачце, дачарта, надоўга хопіць. Далей, пасля “Шабельнага паходу”, — раман-эпапея “Чэка” — у падвойным сэнсе — пра бясстрашнага накшталт Джэймса Бонда, але нашага, собскага. Ну й “чэка” у сэнсе таго, што ў гранаце высмыкаць трэба, ха-ха.

— Гэта вельмі сур’ёзная тэма, тут мала дабраахвотнікаў, тут трэба каб камісія вырашала.

— Можа нават і ўрадавая, бо я пакуль не сказаў, хацеў пры канцы абрадаваць: на зацверджаныя дзяржпланам раманы будзе афіцыйны заказ з ганарарам і друкам, як у старыя добрыя часы.

— Ур-ра!!!

— А вы як думалі: родная ўлада заўжды заахвоціць, не дасі пакрыўдзіць, дзякуй партыі ды ўраду, як раней казалі. Раскрыю сакрэт: існуе думка зрабіць, калі створымся, нашую творчую арганізацыю філіяй міністэрства друкаванага слова, з пасадамі і акладамі. Можа нават званні зробяць, але без капітанаў і маёраў, а накшталт як у пракуратуры, у ВОХРы.

— А якія яшчэ тэмы? Я таксама на чаргу запісацца не супраць.

— Але хачу вас папярэдзіць, што будуць улічаны заслугі, памер таленту: выпусціў ты, скажам, пяць тамоў, напісаў тры раманы, маеш больш шанцаў за таго, хто пакуль яшчэ не паспеў сябе зарэкамендаваць. Ахвоты мала, трэба заслужыць. Хаця таленты шукаць маладыя конча будзем. “Старыкам у нас пачот, маладым у нас дарога”... А наконт тэмаў — калі ласка: “Караючы меч рэвалюцыі” — сага пра змаганне з унутранымі ворагамі і знешнімі. “СЛОН” — пра ворагаў народу, знаеце як расшыфороўваецца? “Савецкі лягер особага (паводле тагачаснага правапісу) назначэння”, усе ведаюць што гэта за санаторый быў для папоў і кулакоў, для сабатажнікаў і гнілой інтэлігенцыі. Там у іх газета выходзіла “Перакоўка”, таксама ў якасці назвы — як запасны варыянт можа быць.

— А ці ёсць што-небудзь менш баявое, выкрывальніцкае, спакайнейшае?

— “Саўнаркам” падыйдзе?

— А паканкрэтней?

— Эпапея пра мірнае будаўніцтва: “Асінбуд”, торфабрыкетнае прадпрыемства, запалкавая фабрыка, першая электрастанцыя на дровах і торфе, “над ракой Арэсай” і гэтак далей. Паказаць саўнаркам як вялікі горад у горадзе, як асобны арганізм, мэта якога — праца не на сябе, а на ўсю краіну, на ўвесь народ. Вось што такое “Саўнаркам”! Ёсць прыклады ў літаратуры: “Катлаван”, “Жалезабетон”, “Чорная металургія”, але там пра асобныя наркаматы, а тут — агулам. Аўтары гераічна выціснулі з сябе ўсе сокі, увесь талент да кроплі. Праўда, іх усё роўна расстралялі потым, што зробіш, але нашая задача — працягваць іхнюю самаадданую працу. Цяпер калі расстрэльваць, дык не нас будуць, у нас алібі…

— У мяне маленькае пытанне: больш сучасныя тэмы ёсць у спісе?

— “Пайка хлеба, палітая потам” альбо на іншы густ: “Хлеб — усяму галава”, пра нашых працаўнікоў палеткаў, пра герояў бітвы за ўраджай, пра дажынкі.

— А калі хлеб не чапаць?

— “Гідра аранжавай рэвалюцыі” — самая, можна сказаць, свежая, свяжэйшай не бывае.

— Дайце мне! Я ім пакажу! А то: мы цябе прымаць не будзем да сябе, ты не дэмакрат, ты — за дыктатуру. Я?! Пра літаратуру трэба думаць, пра Яе Вялікасць Літаратуру! А то пачнуць як калісьці біяграфію вывучаць: ці апыналіся сваякі на акупаванай тэрыторыі, ці былі сасланыя, расстраляныя? Ці п’еш, колькі і чаго? А што я на свае капейкі магу піць? Гэта яны калісьці за ганарар маглі машыну купіць, цяпер нашая чарга, цяпер мы! Я пра гэтую гадзіну аранжавую трылогію нашрайбаю, толькі дайце!

— Выдатна! Пачнем складаць спіс аўтараў ці, можа нават, суаўтараў, будзем бачыць. Можна нават ствараць брыгады, як Ільф & Пятроў. А наконт паходжання слушна: не трэба саромецца свайго, так званага рабоча-сялянскага, бо апошнім часам пачалі выцягваць са склепаў чаго раней баяліся як агню, што дзед быў кулаком ці ў балахоўцах служыў ці зусім у паліцаях. Некаторыя сталі вышукваць шляхецкага паходжання, засохлых каранёў. А калі ў НКВД быў, дык па-іхняму ўжо і не чалавек, кат, крывасмок! А хто тады яшчэ напісаў: “Слава нашаму Яжову, што з-пад Ленінграда!” — іхні! Расстралялі Яжова, а аўтару вершыка, між іншым, пашанцавала, адтрубіў дваццаць-пятку і дахаты, на літаратурную работу з глыбокім веданнем жыцця вярнуўся. Напісаў нібы які Дастаеўскі свой “Мёртвы дом”, літаратура толькі выйграла!

— Так, а наконт Дастаеўскага я таксама думаў, калі мы пра аўтараў узгадвалі, пра расстраляных, за якіх дапісваць будзем, работу дарабляць іхнюю. Калі баішся — не пішы, а калі не, калі вырашыў даказаць, што ты не чарвяк, што таксама права маеш, дык не згінайся потым у падкову, я так думаю.

— Добра, улічым. Канечне, трэба зважаць на найлепшыя ўзоры, на “Слова аб палку Ігаравым” хай. І паменей думаць аб славе, аб “букерах” розных. Калі “Слова” пісалі, увогуле не падпісваліся, але атрымаўся шэдэўр. Тое ж самае ў нашых сяброў сёння ў народна-дэмакратычнай рэспубліцы, таксама без прозвішчаў кніжкі. Нам можа зусім так не трэба, але варта адрадзіць народнасць у імёнах, псеўданімы ўзяць адпаведныя. А то гэтыя “згуртаванцы” пачалі хто найгучней, экзатычней, парабілі прозвішчаў падвойных: Сапегі, Радзівілы, Ягелы... ледзьве не Аляксандры Македонскія і Напалеоны, ха-ха. Шляхта местачковая.

— У нас іншыя героі, мы з імі з рознага цеста зроблены! Мы — гэта чорны хлеб, цаглінка, ён і ў хлебароба ў пайцы, і на салдацкім стале, а яны пад панскія булкі, пад заварныя пірожныя працуюць, але нам вядома, што гэтыя пірожныя несапраўдныя і нясмачныя, падробка.

— Але што датычыць прозвішчаў, літаратурных імёнаў, паэтычных псеўданімаў, дык прашу паглядзець на сцены, на партрэты нашых дарагіх класікаў: Сцяпан Бязродны, Лявон Жабрак, Пракоп Галодны, так, далей — Вера Бурлакова, Пятро Парабак, Рыгор Бясхлебны, Кастусь Батракоў — усё наш гонар, залаты фонд літаратуры, я б нават сказаў, нашага краснага пісьменства. Было іншыя, цэлая кагорта, якіх мы і партрэтаў нават не маем, і твораў таксама, усё згінула, як той казаў, у лагерным пыле, але засталіся імёны: Алесь Беззямельны, Арыстарх Камбедавец, Васіль Саўдзепаў, Саша Саматужны, Вальдэмар Продразвёрсткін, Міхась Маўзалейны, Лукаш Безлашадны, Маша Бяздзенежная. Слава героям! І яшчэ: увага! У калідоры вывешаны прыблізны спіс псеўданімаў, якія можна выкарыстаць прысутным, там усякія: Зубасты, Бяскрыўдны, Штукатуркін і гэтак далей, можна разбіраць.

— Трэба пакончыць з нашай пісьменніцкай няпэўнасцю, з безграшоўем, з той апалітычнасцю, якая пахне палітыканствам, так больш не будзе, баста! Каб паважаны літаратар, сумленне народа, інжынер чалавечых душ, як трапна выказаўся правадыр, каб не мог у краме калі захоча бутэльку гарэлкі купіць, ці замовіць у рэстаране графінчык пад антрэкот. Пісьменнікі павінны добра харчавацца, есці мяса, ад гэтага напрасткі залежыць якасць працы, што яны выдаюць “на-гара”. Яшчэ Энгельс даказаў, што чалавек стаў чалавекам, калі пачаў есці мяса. Мы ж не можам ператварацца ў траваежных! Прабачце, на бульбе і моркаўцы не напішаш салідны раман, эпапею пра шабельны паход, пра чырвоны тэрор, пра харчразвёрстку. Гэта сур’ёзныя, фундаментальныя тэмы. Там, як той казаў, мяса столькі чалавечага ці гарматнага, калі хочаце, было пералапачана, што на худасочнай дыеце гэтага не пацягнеш, не агораеш.

— На моркаўцы можна толькі пра зайцоў з дзедам, ха-ха, Карзаем!

— Мы супраць вежы са слановай косці! Літаратура — супольны працэс, гэта цэх, канвеер, дзе кожны ведае што робіць, дзе кожны заняты сваёй справай, працуе, не перашкаджаючы іншым. Я мог бы параўнаць пісьменнікаў з шаўцамі, якія дбаюць пра ўсё насельніцтва — ад малога да старога. Можна параўнаць і з вагонам-рэстаранам, з кухняй, дзе ўсе па чарзе завіхаюцца, каб атрымаўся смачны суп харчо. З’едзены ў дарозе, пад грукат колаў, ён яшчэ смачнейшы для спажыўца, бо літаратура павінна быць прыгодай і для чытача… Дарагія аўтары будучых раманаў, машыну нашай літаратуры, на жаль, сёння можна нават параўнаць з “Тытанікам”, у які яны ператварылі сваё згуртаванне. А лепей гэта будзе браняпоезд! Я б нават параўнаў цяперашні менавіта момант з контрпрапагандысцкай машынай на фронце, на перадавой. Праз рупар — праўду пра сябе і пра тых, хто паслаў супраць нас салдат праціўніка, такіх жа пралятараў, людзей з народа. Бо буржуі камандуюць, капіталісты-глабалісты нажываюцца.

— Давайце пакінем пакуль у спакоі дзядзьку Сэма, а вернемся ў наш літаратурны цэх, дзе нашылі без нас непрыдатных ботаў.

— Канечне, мне на іх, можна сказаць, нават напляваць — хай варацца ў сваім соку, але, з другога боку, нам трэба быць не крытыкамі ім, ці там нават трыбуналам такім літаратурным, а даваць адпор, бо мы — ідэолагі новай улады, мы можам у чалавечай душы як гадзіннікавы майстра ў механізме разабрацца дасканала: шасцярэнькі, колцы, стрэлкі.

— А што яны пішуць пра нашых знакамітых асобаў?! Іван, па-іхняму “Жудасны”, па вушы ў крыві. Фельдмаршала Сумбурава, нашага любімага героя, сукай называюць.

— Так-так, і — карнікам!

— Святы наш царкоўны ў іх не йнакш як “Мардашоў-вешальнік”. Цар Халдзей — першы бальшавік ў іх. А імператрыца — юрлівая, любаярлівая шлюха ў кароне.

— Аграмаднай, як дзёдзя, называюць яшчэ.

— Правільна! Мы ім пакажам! Дамо бой! Нагадаем, дзе ракі зімуюць!

— Таварышы-таварышы, нам тут вайны не трэба, але адрадзіць традыцыі прынцыповай бязлітаснай крытыкі, яе айцоў-заснавальнікаў — таварышаў Бэндэ і Кучара — варта. Бо зусім без крытыкі пісьменнікі пішуць абы-што: што Чапай быў дурань, што Анка мела хваробу венерычную, а дзе даведка? Дзе даведка са скурвендыспансера? Усё павінна быць на падставе даведак, пажадана з гербавай пячаткай.

— І наконт цара Халдзея. Гэны карыфей, які вярнуўся з буржуазнай эміграцыі, эпапею пра яго напісаў калісьці, але нават ён не мог так адразу як мае быць свой раман зрабіць. Яму цэнзура тры разы вяртала кнігу на дапрацоўку, і ён перарабляў! Вось што такое пісьменніцкая карпатлівая дбайная праца! А не так: смажаных фактаў наскубаць, не праверыўшы, і ўсё — у раман без разбору! Шліфоўка патрэбна, шліфоўка!

— Я, калі шчыра, часам думаю наконт тых, каго расстралялі: дыму без агню не бывае. Паўзгуртавання да сценкі паставілі, канечне, паслабілі тым самым літаратурны фронт. Але НКВД мела канкрэтыку: адзін надрукаваў кніжку ў Берліне, другі меў сваякоў у Польшчы, трэці там сам нарадзіўся, чацверты яшчэ чаго-небудзь, лісты, напрыклад, з-за мяжы атрымліваў. Канечне, каб яны працавалі на шведскую разведку — гэтага я не ведаю, але на дэфензіву — гэта вельмі верагодна, як піць даць. Дыму без агню дакладна не бывае: пагляньце на сённяшніх, якія свабоды захацелі! А тыя, што да сценкі,.. як скарпіёны ў слоіку, калі іх з усяго горада за ноч звезлі ў “Амерыканку”, адзін на другога наплявузгалі. Калі ты сапраўды ні ў чым не вінны, табе ніякія “гішпанскія боты” — не пагроза.

— Не будзем паглыбляцца ў нетры. Лепей дапісаць недапісанае, будзе высакародна, ушануем памяць. Мы атрымалі з архіваў Міністэрства палітычнай бяспекі некаторыя няскончаныя раманы. Ім яны не далі, не даверылі аматарам дэмакратыі і свабоды. Мы — людзі дабранадзейныя, у гэтым наш плюс, ганарыцца маем поўнае права.

— А я вось думаю пра таго Самасуя. Спаліў са страху. А можа там нічога й не было такога крамольнага? Можа ён як Гогаль — зрабіў працяг у станоўчым рэчышчы, усе перавыхаваліся, усвядомілі памылкі, палепшалі? Не ведаю...

— Не дуры сабе галавы, лепей сам дапішы свайго Самасуя як табе падабаецца, на ганарарнай аснове.

— Хачу толькі папярэдзіць: наш народ, наш урад — не дойная карова, але для слушных, чэсных пісьменнікаў цыцка ў яго знойдзецца, нам трэба харчавацца народным малаком, каб усмактаць, прасякнуцца, пісаць на патрэбу народа. А што яму падабаецца, чаго хочацца простым людзям, працаўнікам сяла, фабрык і заводаў? Ім хочацца, што не сакрэт, душэўных гісторый. Але навошта нам бразільскія, ціцікакскія?

— Ды ў нас саміх ужо рукі свярбяць!

— Каб без парнухі, без чарнухі, крывішчы і жахаў, мардабою. Без Тэрмінатараў і Рэмбаў. Адрадзіць задача найлепшыя традыцыі вытворчага рамана: калі яна не хоча замуж за лайдака, за бракароба, калі шчыра й прынцыпова папярэджвае — не дам, пакуль не справішся, план не выканаеш, каб не чырванець за цябе.

— Іхнія кніжкі ў сячкарню траплялі для паперы ў рэшце рэшт: на канфеці, на “спагеці”, на туалетныя рулькі. Затаварыліся! Іхняе пісьменніцкае “карыта” пустое закарэла. Мы пакажам якасць, тое, што народу цікава, шырокім чытацкім масам. Таварышы, браты па пяру! Нам разам з усёй народнай гаспадаркай трэба без лішняй раскачкі вярнуцца ў 1984-ы! Колькі тады на гара выдавалі нашыя раманісты?

— Нам патрэбны станоўчы герой, ні паліцай ці зубровец, а сапраўдны герой нашага часу! Амонавец, які не даў разгарнуць незарэгістраваны сцяг, які парваў партрэты ў руках, скруціў ў бараноў рог і — у варанок! Які кайданкамі карыстаецца віртуозна як фокуснік! А дубінкай — адпачывайце ўсе Брусы Лі! Зухавы, спартовы, за якім дзеўкі табунамі! У крапавым берэце.

— Ёсць прапанова: цяпер усе бяруць адстаючы калгас, фермерскую гаспадарку — банкі, установы. Трэба пупавінай з народам злучыцца. Будзе тады ў пісьменніцкай сталоўцы і сваё малачко, і шніцаль з эскалопам.

— Так яшчэ сталоўкі ніякай няма, я, шчыра кажучы, за рэстаран або хаця б за карчму.

— Я наконт пагонаў нібы нашых. Яны здзекуюцца: пагоны зробім, званні, зорачкі, аксельбанты. Брахня! У нас будзе дэмакратычна: іерархія згодна працоўным дасягненням — хто колькі напісаў, колькі выдаў. Канечне і падлік абавязковы: колькасць старонак, колькі тамоў, тыраж, само сабой. Працоўныя нормы, працадні, каб ні дня без радка. Каб кожнаму паводле высілкаў. Хто не працуе — той не ясі! Калі што — можна і на вагу. А то сёй-той брашурку зробіць і ходзіць гогалем.

— А на вагу — увесь тыраж, ці кожнай кніжкі па адной?

— Гэта пакуль невядома.

— Лаканічны адказ.

— Нам патрэбна не толькі станоўчага героя адрадзіць, трэба выкрываць ненадзейных. Я памятаю раманы лаўрэатаў: у адным машыністка-шкодніца рассылала па рэдакцыях адмоўныя лісты на раман Леаніда Ільіча, падрабляючыся пад чытачоў, пад голас народа, была выкрыта органамі і змешчана ў псіхіятрычны шпіталь. Далей, паэт Артур Бяссмертны ў іншым рамане сціляжнічаў, слухаў джаз, пісаў пра каханне ды пра віно, і скончылася тым, што ў рэстаране скраў пашпарт з грашыма. Нам трэба і сёння выкрываць адмоўных герояў — у рэчышчы нашай багатай раманнай традыцыі, заклікаю!

— Я таксама толькі “за”! Хопіць, апрыклі, астачарцелі кількі ў тамаце! Хай самі ліверку каціную жуюць! Я таксама акулы мяса хачу, ананасы, прабачце, у “Напалеоне” пакаштаваць нарэшце! Дайце мне цэлага індыка, гуся! Ездзяць па замежжах, па фуршэтах! На якія грошы? А нам non grata! Хіба справядліва? Гульні ў эміграцыю, спектакль! Уладу не любяць, не паважаюць!

— Папрашу без эмоцый. Будзе усім і кофэ, і какава з чаем, пачакайце да банкета. У нас ёсць калектыўныя заяўкі ў нашую арцель пісьменніцкую. Перш літаратурны гурток пры газеце “Слава Богу Вайны”, усе добра ведаюць “Варашылаўскіх стралкоў” палкоўніка Сцечкіна. Дэлегаты атрымалі бясплатна новы раман нашага калегі пра палюбоўніцу амерыканскага прэзідэнта, у ім выкрываюцца язвы заакіянскага ладу жыцця. Нам сёння не хапае часам вайсковага гарту: байцы трымаюцца заўжды да апошняга патрона, пішуць салдацкай мовай — “так точна!”, “ёсць!”, “нікак нет!” — без рэверансаў, без саладжавых “калі ласка!”, “дзякуй!”, без ніякага “спадарства”, а толькі “таварыш” —“таварыш маёр!” — старшыня сходу знянацку ўстаў, рэзка адсунуўшы крэсла, з цвіка зляцела дубальтоўка, бразнуўшыся аб маснічыны, але стрэлу ніхто не пачуў.

Палкоўніка аднадушна прызначылі назіраць за літаратурным працэсам, уручыўшы першы лаўравы вянок “кола неўміручых” новага пісьменніцкага таварыства, да яго сшыхавалася чарга падпісваць раман. Ён служыў на бронецягніках, запрасіў дэлегатаў у творчую паездку ў памежны Горад-цытадэль: пакруцім гарматамі-кулямётамі, паказычам рулямі нервы НАТО! Пісьменнікі акрыялі, кожны выдумляў сабе месца за бранёй — хто ў вежы, хто на назіральным пункце, а нехта ў вагоне-рэстаране, хаця, як высветліцца на месцы, існаваў толькі вагон-салдацкая кухня-сталоўка.

2006

Загрузка...