ФАБРЫКА СФІНКСАЎ


Апавяданне з бюстамі багоў


“Яны выглядаюць як сфінксы, якія смяюцца”,

Іва Андрыч


Часам я адчуваю ўласнае падабенства са сфінксам. Чалавек як сфінкс. Здранцвець і маўчаць. Адно працягваць думаць, часам лянотна, ледзьве. Летуценіць. Мроіць. Апынуцца ў нірване. Мне добра, мне нічога болей не трэба, я нічога не хачу цяпер. Хаця чалавек усё ж хутчэй нагадвае тады мумію. Як гэта не крыўдна і не вусцішна, магчыма. Бо калі чалавек у спакоі, адпачывае, ён часцей ляжыць. Ляжыць на спіне, ці на баку. Але болей на спіне, склаўшы рукі, як нябожчык або выцягнуўшы іх, як менавіта мумія. Большыя за людзей сфінксы, канечне, каты. А некаторыя з нас адчуваюць сябе катамі. Зайздросцяць іхняй паставе, мудраму спакойнаму абліччу.

Наш Гартэн своеасаблівы. Пра такія гарады звычайна гавораць, што яны — месца сутыкнення разнастайных уплываў. Культурны саган. Магчыма. Але тады звычайна ўсё ў рэшце рэшт апаноўвае нейкая адна татальная, найбольш агрэсіўная, наступальная, імперская. Нават не культура, лад жыцця. У лепшым разе жуйка з кока-колай, у горшым — серп з молатам, ятаганы, маладзік. Як гуны, як манголы ці іншыя, яна апаноўвае з поўдня на поўнач або наадварот, ці з захаду на ўсход. Але часцей, значна часцей — з усходу. Варвары заўжды апаноўвалі нашу Еўропу менавіта адтуль. Усе навалы, найбольш бязлітасныя і гвалтоўныя. Найболей незлічоныя, тысячы тысячаў, цемры цемраў. Безліч. Усходняя небяспека. Берберы, сельджукі, мангола-татары. З раскосымі і вузкімі, само сабой, вачыма.

— Ты хочаш штосьці сказаць?

— У якасці рэплікі.

— Ну, давай, чаму не? Кепікі строіць будзеш?

— Я хачу толькі крыху ўтаймаваць цябе, тваю фантазію.

— Навошта? Ты ж ведаеш, я чалавек без фантазіі. Гэта тое, чаго мне заўжды бракавала.

— Не нагаворвай. Зрэшты, можаш працягваць. Я пачакаю з заўвагамі.

Навокал разбураліся каменныя і цагляныя муры, руйнаваліся Бастыліі, высозныя платы і калючыя агароджы. Засыпаліся воўчыя ямы, процітанкавыя равы, ракетныя шахты. На запасных аэрадромах сеялі збажжыну. І толькі мы старанна працягвалі чысціць зброю, абнаўлялі парахавыя сховы. Падфарбоўвалі чырвоныя зоркі на самалётах і танках. Прышывалі пагоны з сярпамі і малаткамі, жаўнерскія спражкі даводзілі да бляску.

— Але ж ты з платамі. А як жа ў Ізраіле?

— Што ў Ізраіле?

— Ты сам ведаеш што.

— Хіба Ізраіль варты прыклад?

— Сам факт.

— Сам факт я прызнаю. Больш за тое. Я адрозніваю ўмовы, месца. Гэта трэба тлумачыць.

— Вось і патлумач. Не спяшайся. Выпі кавы, потым яшчэ зробім.

— Ты ведаеш, я пражыў у прыгарадзе некалькі гадоў — таго горада, які падзяляў бетонны мур. Так, яго зруйнавалі цяпер. І я супраць новых муроў. Але, як бы гэта сказаць: у мяне засталася настальгія па тым часе і тым горадзе. Яна ніколі не пройдзе. Яна назаўжды.

— Настальгія па тым горадзе, які тады быў падзелены мурам. І ты любіў яго такім...

— Ён быў тады такім, а не іншым. А ці любіў я яго? Гэта сантымент. І гэтага дастаткова. Як лёды, напалову шакаладныя, напалову сметанковыя. Не чорна-белы горад. А шакаладна-сметанковы. Я памятаю тыя лёды з Александэр-пляц.

— Цябе сёння цешыць, што горад, у якім ты жывеш, таксама падзелены быў калісьці. Ён і сёння падзелены ракой. Але яна падзяляла яго не проста на Ленінскі і Няленінскі раёны, а як часткі розных дзяржаў.

— Розныя зоны акупацыі.

— Хай. Як табе больш падабаецца.

— Горад, падзелены ракой надвая. Файна. Ракой часу, калі перакладаць з антычнай мовы. Так, гэта мае нейкую таямнічую моц, энергію. Натхненне... Так-так, горад быў падзелены на сектары паміж чужымі войскамі. Як Горад Мядзведзя. Я сам пра гэта нейк не падумаў. Гэта цікава. Гэта наканаванне жыць ў такіх месцах. І вось Ерусалім. “План абароны” Ерусаліма.

— У цябе стаўленне неадназначнае?

— Не ведаю, як сказаць.

— Не падабаецца, што мур пабудуюць праз увесь Ерусалім, але не да канца не падабаецца?

— Гэта вельмі складана. Гэта сапраўды саган. Палесцінцы запалохалі, што абвесцяць горад сваёй сталіцай. Калі пабудуюць мур, Ерусалім застанецца ў межах адной краіны.

— Берлін таксама заставаўся ўвесь час абкружаны адной краінай. Ён заставаўся ў межах адной краіны таксама. Хаця сам ёй не належаў цалкам.

— Менавіта. Ідэя мура, у ёй штосьці ёсьць, штосьці застаецца са старажытных часоў. Той жа сэнс, свая філасофія. Як і ў вежы. Абарончае прызначэнне. Гэтага нельга адмаўляць, гэта па-ранейшаму прываблівае.

— Яны таксама пабудавалі Берлінскі мур, каб абараніцца.

— Але яшчэ болей, каб адгарадзіцца. Што і ў нас сёння.

— Адгарадзілі немцаў ад немцаў. Нонсэнс, канечне. А палесцінцаў ад яўрэяў — гэта ўжо, мабыць, нешта іншае? У сагане зробяць сценку, каб не варылася ўсё разам. Але горад застанецца ізраільскім. Як Новы Ёрк разам з усімі кітайскімі і яўрэйскімі кварталамі застаецца амерыканскім.

— Я згодны, гэта складанае пытанне. Зараз яны яшчэ пабудуюць плот паміж сабой і палесцінцамі. 135 кіламетраў, цяжка нават уявіць. Але ж гэта будзе плот на мяжы. Як на штатаўска-мексіканскай. Часам страшнейшы плот ці мур — уяўны. Не хочацца, каб ён існаваў паміж намі і той часткай, у межах якой хочацца жыць самому. У гэтым сутнасць пытання.

— Добра, давай далей пра сфінксаў. Чытай. А я пап’ю кавы.

— Пра сфінксаў? Што табе сказаць? Я люблю іх. І гэтым усё сказана.

— Не, ты прачытай. Ты ж нешта напісаў там.

— Так-так, прабач. Зараз. Ну, вось. Не, лепей я перакажу табе сваімі словамі. Блізка да тэксту, гэта ж я сам пісаў. “Сфінкс я, сфінкс кот, сфінкс сабака. Толькі ў мяне няма сабакі. Але кот ёсць. Ён вельмі нагадвае сфінкса. Мудрага, апанаванага думаннем. Нетаропкім і грунтоўным, як мудрасць стагоддзяў, старых манускрыптаў, папірусаў і берасцяных грамат”.

— Брава. З тваім катом я таксама знаёмая.

— Ведаю. Ён такі ж твой, як і мой. Але ж я пісаў для іншай публікі, для чытачоў. Далей чытаць?

— Чытай. Сваімі словамі неабавязкова.

— “Фабрыка па вырабу сфінксаў. Гучыць не вельмі зграбна. Фабрыка бюстаў... Яшчэ горш! Фабрыка мастацкіх вырабаў. Афіцыйная назва. Самавіта, але цьмяна. Хацелася б большай пэўнасці, нейкай канкрэтыкі. Фабрыка серыйных бюстаў ці, прынамсі, помнікаў. Або, хаця б, тыражаваных твораў. Скульптурных альбо манументальных”.

— Пакуль што сам твой тэкст гучыць цьмяна. Людзі пра бюсты пачалі забывацца ўжо. Успамінаюць хутчэй пра “Мілавіцу” або конкурсы прыгажосці.

— Альбо пра Памэлу Андэрсэн. Згодны. Але ж гэта толькі прэлюдыя. “Фабрыка манументальнага мастацтва. Раней рабіла бюсты і статуі — серыйныя, сапраўдны шырспажыў… Начальства раптам зацікавілася каранямі. Што нашыя продкі, ці продкі продкаў прыбылі сюды з антычных краін, прывезлі з сабой культуру, рэлігійныя культы, металёвыя прылады, вінаградны шчэп і г.д. А таксама сфінксаў. Пачалі шукаць у археалагічных раскопах. Знайшлі шахматныя фігуркі з падабенствам. У каменных ёлупах заманулася вышукваць агульныя рысы. Жаночыя аздобы, — каб сфінксы, Неферціці, пірамідкі. А як пахаванні кінуліся вывучаць! Мумій каб знайсці, курганы пахавальныя, абавязкова пірамідападобныя”.

— Мы — нашчадкі аматараў мумій?

— Чаму б і не? Але слухай далей твор: “Фабрыка сфінксаў” выпускала правадыроў і народных герояў, карыфеяў сацрэалізму ў камуністычныя, само сабой, часы. Ляпілі перадавых даярак, тэкстыльшчыц, стаханаўцаў. Акадэмікаў, лётчыкаў, стратанаўтаў. Герояў сацыялістычнай працавітасці і сацыялістычнай доблесці. Знатных бавоўнаводаў, кукурузаводаў і жывёлаводаў. А сто тысяч жанчын — на трактар?!

Часам выконваліся асобныя замовы — на манументы больш экзатычныя — тытуневоды, шаўкапрадцы. Чабаны, народныя ашугі. Аксакалы. Заваёўнікі Арктыкі і Антарктыкі, абодвух полюсаў. Аленеводы — асабліва калі “увязу цябе я ў тундру” была моднай.

Для ўсяго сацыялістычнага лагера рабілі. Таварышаў Броз Тыта, Энвера Ходжы, Берута, Кім Ір Сэна і асабліва шаноўнага таварыша Мао Цзэдуна — правадыра самага колькаснага ў свеце народа. А іхнія перадавікі-стаханаўцы! Таварыш Ісмаіл Бушаці — найлепшы албанскі мураль 1952 году! Мураваў дзоты і бункеры. Супраць блізкіх імперыялістаў. А потым і супраць усіх, улучна з блізкімі еўракамуністамі.

Часы ўсяеднасці аднойчы мінулі. Эканамічныя сувязі разарваліся, як згнілая аборка. Рынкі збыту здрадзілі агульным ідэалам і разваліліся. Рабочыя засталіся без працы. Вельмі высокай кваліфікацыі. Таксама скульптары-лаўрэаты. Рэшткі найбольш каштоўнай сыравіны, найперш каляровыя металы — зніклі праз мяжу за грошы. У горадзе сышліся трывалыя шляхі перакідкі каштоўных металаў. Гучныя крымінальныя справы... Нават чыноўнік загінуў не абы-які, пад гарачую руку трапіў”.

— У каралеўскія часы таксама воўчыя ямы здараліся, той жа Тызенгаўз…

— Тызенгаўза зжэрлі, можна сказаць, за кепскі маркетынг. Выраблялі болей, чымсьці прадавалі. Гэта яго загубіла. Сацыялістычнае планаванне — болей, болей, болей — штораз болей! Ворагі найлепшай зачэпкі не здолелі б вымысліць. А якраз фабрыка помнікаў працавала з прыбыткам. Асабліва добра прадаваліся а-ля антычныя статуі. Попыт знайшоўся на блізкім рынку ўсходняй імперыі. Капрызлівы, зменлівы, як заўжды. Пакупніцкія жадункі, новамодныя павевы. Сёння гэтага не ўлічваюць, гоняць шырспажыў на ўсход, як раней. Любіце нас, якія мы ёсць...

— А там народ пераборлівы. Хто мае грошы, абы-што не хоча. А грошы яны маюць. І маюць выбар сёння тым больш.

— З гэтым і Тызенгаўз не разлічыў. Унутраны рынак быў сціплы.

— Канкурэнцыя.

— Так, канкурэнцыя. Статуі прадаваліся пасрэдна. Палякам прасцей было прывезці з Нямеччыны. Або адразу з Італіі.

— А касметыка, кажучы па-сучаснаму, трапляла хоць у Санкт-Пецярбург, хоць у Маскву напрасткі з Парыжа.

— І, скажам так, дэмпінгавыя цэны.

— Што цэны для сапраўднай дамы, галоўнае — якасць.

— А слуцкія паясы тым болей расейцаў не цікавілі. На жаль. Хаця жаль тут ні пры чым.

Тызенгаўз увогуле імкнуўся задаволіць пакупніц, жаночыя прагнасці. Усякія вырабляў модніцкія, нядаўна экзатычныя тканіны. Адамашкі, муслін, аксаміт, кітайку. Затым — гарсэты, муфты, каптуры. Аздобы. Касметыку. Бялілы-чырванілы. Пудру, парфуму, алейныя пахнідлы. Масці. Вееры, пудраніцы, куфэркі.

— Дамы малявалі на руках блакітныя жылкі, прыклейвалі на твар мушкі.

— А ягамосці, з прыкрасці ад мужчынскіх парыкоў і фальбонак, панчохаў і стужак, карункавых манжэтаў, гузікаў з адамантамі, па-старашляхецку абкручваліся слуцкім поясам і прывешвалі шаблю.

А Тызенгаўз. Гэта цяжка ўявіць сабе, як на той час разгарнуўся ён. У нашым увогуле каралеўскім, але не моцна вялікім горадзе. Больш-менш значным ён і зрабіўся пры ім. Вялікая будоўля. Паўсюдна мураваныя камяніцы ставяць, палацы, мануфактуры. Млыны. Медыцынская акадэмія, музычная, тэатр. Кадэцкі корпус. Аўстэрыі. Людскі мурашнік. Карэты. Маленькая Галандыя.

— І скульптурная мануфактура. Антычныя ўзоры. Апалоны, Афрадыты. Чалавечныя, хаця ідэалізаваныя. І побач загадкавыя копіі егіпецкіх статуй. Сфінксы, Неферціці, Тутанхамон.

— Знаеш, па-мойму формы гэтыя захаваліся.

— У склепах краязнаўчага музея?

— Ну, не зусім захаваліся. Там недзе ў іх, у Піцеры. Яны ж усё вывозілі. Што магло ў гаспадарцы прыдасца. Некаторыя захаваліся, часткова. Ляжалі без ужытку. Запас бяды не чыніць.

— І пераможцаў не судзяць.

— І на гэтай, сучаснай фабрыцы іх выкарысталі паўторна, некаторыя. Інакш, адкуль гэткае падабенства, супадзенне? Тыя ж самыя сфінксы.

— Сфінксы заўжды аднолькавыя.

— Як сказаць. Ты думаеш, тыя адміралцейскія сапраўды з Егіпта вывезлі?

— Думаю, што так.

— А я не. Давязі паспрабуй. А галоўнае, яны не такія.

— Твая версія.

— Па Нёмне — да мора, а далей зусім недалёка. І танна, і добра.

— Cheap and nasty, як у песеньцы. Але ж яны каменныя. Адкуль такія камлыгі?

— Можна знайсці, прывезці. Але самае цікавае, што сёння лічыцца, што яны не каменныя, яны з бетону адліты, вельмі моцнага.

— Ой-ля-ля.

— А можна падумаць ты ніколі не чула, што ў старавечныя часы праз Бурштыннае мора сюды трапілі людзі адтуль. Прынеслі сваё ўмельства, сакрэты свайго майстэрства. І што на месцы Каложы калісьці стаяла піраміда.

— І дзе ж яны дзеліся, твае егіпцяне?

— Сышлі ў пушчы і зніклі.

— А сакрэты вырабу сфінксаў захаваліся? Можа, на папірусах, ці бяростах?

— Нейкім чынам. У рэшце рэшт у тыя мясціны траплялі нашы. Пілігрымы, падарожнікі. Радзівілы. Але ж мы адхіліся. Мода, канечне, вярнулася. Такая ж самая, як на грэцкія і рымскія статуі. На мастацтва ўвогуле, на міфалогію. Рымэйкі ў літаратуры, у тэатры. У тэатры Тызенгаўза таксама такія рэчы ставілі. Другі, сучасны тады ўзор сфінксаў — саксонскі.

— Гэта такія, як на замкавай браме?

— Такіх якраз на мануфактуры зрабілі найболей.

— А захаваліся толькі два. Ахоўвалі ўезд у каралеўскі палац, а што там потым было? Дакладна невядома? Можа, губернатарскі палац? З канцылярыяй. Потым — шпіталь вайсковы. Штаб. Абкам. Кнігазбор, музей.

— А ў музеі поўныя вітрыны манет. Адно тызенгаўзаўскіх няма. Малавядомая гісторыя. Версія, пабудаваная на ўскосных звестках. Тызенгаўз. Фальшывыя грошы. Падпольны манетны двор. Цьмяная справа. Дакладна вядома, што існавала такая мануфактура. Паўтара года існавала, людзі атрымлівалі заробкі. Спісы вядомыя. Толькі грошай няма. Нідзе ніякіх звестак пра манеты такога паходжання. Версія — друкавалі падробныя грошы. Расейскія прынамсі. Між іншым, у тыя і ранейшыя часы — даволі распаўсюджаная з’ява. Гэта якраз таксама магло ўскладніць становішча Тызенгаўза. Магло яго загубіць. Магло. Грэх не схаваеш у мех. А горад кішма кішэў шпіёнамі. Прычым, відавочна дамінавалі імператрыцыны. Яе амбасадар нябачна кіраваў тут усім.

— Штосьці мне нагадвае гэта пра сённяшняе таргаванне: дзе паставіць грашовы варштат... Дый не толькі. А нядаўняя страляніна?

— На Савецкай?

— На Савецкай. Кіно. Машына з амонаўцам на даху. Хуткая язда. Я сама бачыла. Праўда, крыху здалёк. Джып заехаў на тратуар, збіў жанчыну, чакала на прыпынку. Уцекача выцягнулі — на асфальт — кайданкі. Збываў даляры соценныя — афсетны друк.

— Традыцыі не знікаюць. Фальшываманецтва жывучая рэч. І заўваж, усё гэта перад палацам адбылося, пераробленым у гатэль. Які дачыненне да нашай тэмы мае. Гатэлік “Еўропа” за буржуазным урадам. Нязменная “Дружба” — у камуністычныя часы, у простамоўі. Каб не блытацца. Назву некалькі разоў улады змянялі. Каб адпавядала палітычнай дружбе. “Тыранай” адзін час называўся. Калі ляпілі на фабрыцы албанскага героя ўсіх часоў Скандэрбега. Кіно тады круцілі пра яго. Пальмавая галіна ў Канах. Palme d’or. Неверагодна.

— Дарэчы, некалі амаль усімі албанскімі землямі ўладаў шляхецкі род Бушаці. Стаханавец Бушаці. Здзек лёсу.

— У нас таксама. Ягела. Сапега. Распаўсюджаныя прозвішчы. Рабочы, прыбіральшчыца.

— Бушаці былі галоўным родам, астатняй Албаніяй валодаў нейкі Паша. Цікавая краіна. Першы прэзідэнт, адчуўшы смак, абвесціў сябе каралём! І яшчэ доўга кіраваў. Так спадабалася, што захацеў каралём. Прэзідэнт рэспублікі. Узяў ды падпісаў указ аб прызначэнні сябе каралём. А каралём — значыцца пажыццёва. Каб не акупанты італьянскія... Спрадвечная гісторыя. Першыя дэмакраты не ўтрымаліся. Іх скінулі, разам з кіраўніком ураду. Яго прозвішча Нолі. Ён потым пісьменніцтвам, здаецца, займаўся. Здаецца.

— Таксама нядрэнна. Дарэчы, магчымасць напісаць пра такія метамарфозы.

— Усё, што адбылося далей, таксама не меней абсурдна. Узорная самаізаляцыя. Усё магчыма ў гэтым свеце. Пасярод Еўропы, на паўднёвым беразе.

— Здаецца, мы за палітыку пачынаем.

— Ды якая тут палітыка! Гавораць, немагчыма такое сёння. Інтэрнэт, талеркі сатэлітарныя. Мабільныя тэлефоны... Тады таксама гаварылі.

— Можа й гаварылі. Маглі гаварыць. Не выключана. Але ж сапраўды не было інтэрнэту. І мы транзітная краіна. Вечны рух. Прахадны пакой.

— Няма нічога немагчымага. Як тады было: абразіліся, што ў СССР крытыкуюць Сталіна і скасавалі дыпламатычныя адносіны. А потым на кітайцаў за нешта пакрыўдзіліся. Вось табе поўная ізаляцыя. Усё сваё. Мора, карысныя выкапні. Свой правадыр і настаўнік.

— І ты пра тое ж.

— Якая гэта палітыка? Жыццё... А сталінская статуя, цікава, ці стаіць у Тыране той? Назва-то якая!

— Здаецца, доўга яшчэ стаяла пасля камуністаў. Тамака, у грузінаў і ў нас у Збойску. І мястэчка пад назвай Сталін існуе, райцэнтр. Накшталт Шкленска.

— Гэта дзе?

— У Албаніі. Не Сталінград або Сталінабад, а проста так... Леў, які перад домам прафсаюзаў, леў албанскі насамрэч. Два, абапал. Перад імі хацелі Каліноўскага паставіць.

— Хацелі, ды адхацелі.

— Хацелі, але так, не-сапраўднаму. А львы гэтыя самыя праўдзівыя. Выкапаныя рымскія. Падарунак ці бартэр, хаця раней такога слова не ведалі. Братэрскія гарады і раёны. Вы нам Леніна, мы вам звяругу.

— Ты ведаеш, а я сабе выразна уяўляю, як сфінксаў вязуць па рацэ з Каралеўца. Гэта калі аўтэнтычных. А так, можа нават з поўдня. Спачатку па Дняпры. Верагодней за ўсё, падробных, аднекуль з Бахчысарая.

— Такіх цяжкіх, гаргары?

— Не, навошта? Пакаёвыя сфінксы, настольныя. І для караля — самых вялікіх.

— Думаеш, гэта іх закапалі, і яны сёння ў зямлі, дзесь у Старым горадзе?

— Ва ўсякім разе, з сабой у высылку, у “паўночную Венецыю” ён іх не забраў.

— Таямніц і сакрэтаў хапае, канечне. Хоць бы з пірамідай, якая ў падворку каралеўскага палаца была. Ёсць жа зьвесткі. І што калона з крылатым ільвом або са сфінксам стаяла на ратушным пляцы. А, між іншым, пра шлях з Каралеўца. Ці памятаеш лета 92-га? Гарачыня якая здарылася, як Нёман змялеў? Ніколі больш такога не бачыў. Заходзіў і сядаў сярод ракі. З сухімі нагамі. Там каменныя кубы ляжалі хаатычна. Побач з Крэйдавымі гарамі. Я бачыў на баках раўчукі. Дзяўблі ці свідравалі, каб здабыць.

— І табе здаецца, што хутчэй камяні везлі з Каралеўца, а не наадварот?

— Відавочна. На замкі або на касцёлы і цэрквы, на ратушу. На манастыры і кляштары. Варыянты два. Або караблямі са скандынаўскіх каменяломняў. Або аднекуль з Карпатаў, прычым значную частку сухапуццем, што вельмі мала верагодна…

Сёння фабрыка выпускае сфінксаў, жаночыя скульптуры для новых рускіх. Анёлаў, надмагільныя помнікі. Раней выраблялі серыйныя бюсты для райцэнтраў, мястэчак. Скульптуру — у масы! Кабінетныя бюсцікі ФЭДа, які ў кожным кабінеце на Савецкай, на Тэльмана, Карбышава на стале перад вачыма альбо на сейфе.

А бюсты і бюсцішчы ў дамах культуры і клубах — ад гарадскога, чыгуначнага, тэкстыльшчыкаў, хімікаў да калгасных, да чырвоных куткоў на фермах. Раней працы хапала і плацілі своечасова. Дбалі не толькі аб правадырах. Пушкіна рабілі з бакенбардамі. Славутага аўтара “Ваша слова, таварыш Маўзер”. Ніхто не быў пакрыўджаны. А бюст Чапая адзін толькі чаго варты? Перад будынкам судовым? Да якога, праўда, Васіль Іваныч, нават пры намаганнях, не меў ніколі ніякага дачынення. Хіба што ваенна-палявыя суды былі пры кожным палку, расстрэльвалі налева і направа.

Скрынкі з паэтамі, кантэйнеры з касманаўтамі, эшалоны з фізкультурніцамі і правадырамі. Ва ўсе бакі дымныя паравозы расцягалі ідэалагічна-скульптурны скарб з гартэнскай фабрыкі. Якасць была рознай. Залежна, напрыклад, ад цэменту, якога заўжды не хапала. Часам помнікі рассыпаліся ад атмасферных уплываў. Пакаёвыя захоўваліся лепей. Калі толькі не зачэпіць прыбіральшчыца швабрай. Падчас апошняй рашучай адлігі некаторыя галовы зламалі, кінулі на сметнік. Але багата засталося: каменных, гіпсавых, бетонных, нават бронзавых выкапняў з нядаўняй класавай гісторыі.

Два такія стаялі перад дзвярыма Ленкама. Людвіг і Густаў. Дзве аграмадныя галавы. Колькі ў іх было калісьці ўсяго-усялякага, цэлыя капіталы! Маніфесты, 18-я брумеры. Майнэ кляйнэ. Я-я, яволь! Капут!

Колькі галоў, бюстаў з плячыма, помнікаў з рукамі да жывата, з нагамі руйнавалі, закопвалі, кідалі, зрынуўшы з пастаментаў, пад плотам. Як змяняўся курс, партрэт на дошцы Палітбюро, як галоўнае крэсла займала іншая попа, з гемароем поўным або толькі на пачатковай стадыі. А дзве галавы стаялі заўжды. Пры ўсіх рэжымах, пры любых абставінах. Яны былі бяспечныя. Гэта яны, іхнія колішнія ўладальнікі некалі напісалі відушчна, што будучыя людзі, паслядоўнікі, стануць далакопамі. ДАЛАКОПАМІ. Як гэта спадабалася, як натхніла! Надало моцы, энергіі, імпэту! Радасцю раздзімала грудзі. З’явіўся сэнс жыцця, смак. Найвышэйшая мэта. Закапаць.

Што гэтыя дзве галавы? Чым яны былі некалі нафаршыраваныя? Абстрактнымі жаданнямі, марнымі намерамі ўсіх ашчаслівіць. Альтруісты, летуценнікі. Лагодныя тэарэтыкі. Ніхто з іх, здаецца, не марыў асабіста пра захоп улады, дыктатуру далакопаў. Хай кухаркі кіруюць дзяржавай. Яны асабіста — не. Ім падабалася папросту пісаць трактаты, рабіць тоўстыя кнігі. Тамы, фаліянты. Возьмеш у руку — маеш рэч. Інтэлігенцкае жаданне. Яны, мабыць, не ўсведамлялі небяспечнасць заклікаў да жыццястваральнай працы далакопаў. Ім папросту падабаліся метафары, нечаканыя параўнанні. Літарацкія асалоды.

Яны не імкнуліся да ўлады. Іхнія нашчадкі-землякі, усведамляючы місію, паспрабавалі ажыццявіць. Увасобіць тэарэтычныя працы. Маніфесты, трактаты. Але ў іх было замала рыдлёвак. Потым іхні фатэрлянд перагарадзілі мурам, з аднаго боку якога жылі далакопы, з другога тыя, каго яны прагнулі закапаць.

Дзве каменныя, жудасна барадатыя галавы. З выгляду нібы Санта-Клаўсы. Яны брукавалі добрымі намерамі дарогу ў пекла. Заўтрашняе пекла заўсёды здаецца лепшым ад сённяшняга. Яны любілі добрыя рэстарацыі, якаснае віно, смачны біфштэкс. Адрознасць толькі ў тым, што Людвіг падабаў крывавы, а Густаў добра ўсмажаны. Ці наадварот. Адзін аддаваў перавагу мозэльскаму, другі — рэйнскаму. Галовы гурманаў. А, так, сапраўды, і яшчэ адзін з іх жудасна пакутваў на гемарой.

Іх дазвалялася рабіць максімум да пояса. Як выключэнне. На поўны рост — ніколі. Яны прызнаны асноватворцамі. Але не былі правадырамі. Ім ставілі помнікі, як па сутнасці пісьменнікам, аўтарам аб’ёмных раманаў, збораў твораў. Тыражавалі, як калісьці Біблію.

— А ці ведаеш: на фабрыцы грошы не даюць..

— Затаварыліся сфінксамі?

— Накшталт таго. Але не толькі. На Ўсходзе не плоцяць. Толькі абмен, бартэр. Рабочым статуэткамі выдаюць заробкі. Альбо бюст на двох-трох чалавек.

— Вясёла. Хоць на мяжы яшчэ не адбіраюць, як цыгарэты і спірытус. Або як творы мастацтва. Абразы царкоўныя.

— Значыцца, не лічаць за мастацтва. Ужо. Вязі куды хочаш. Уяўляю блышыны рынак у горадзе, дзе быў мур. Калісьці тамака прадавалі фуражкі, кукарды, кіцелі савецкія, гэдээраўскія — усё, што засталося ад братэрства па зброі. Уяўляю бюсцікі там.

— У тым горадзе калісьці існаваў адзін з самых буйных музеяў старажытнасцяў егіпецкіх. Можа й цяпер ёсць?

— Калісьці немцы на вяршыні піраміды Хеопса адзначалі ўгодкі прускага імператара. Шампанскае ці, можа, шнапс. Сцяг з чорнай птушкай. Фатограф. І — “Дойчланд, Дойчланд — юбэр алес...”

— Так, незвычайна. Як сцяг бел-чырвона-белы на Эверэсце.

— А ўсё ж ён там ёсць. Ці быў, ва ўсякім разе. Яны самі сабе збудавалі Эверэсты сярод пустэльні. Замкі на пяску. І сфінксаў для аховы. “Убачыў я ў пустэльні маладзёна Сфінкса...”

— Што гэта?

— Борхес. Працягваю: “Які толькі што створаны быў. Няма нічога старога пад сонцам”.

— Тады я таксама. Пачакай, зараз вазьму знайду. Дзе гэта стаіць Норвід?

— Вунь там. Але ты лепей не бяры. Як на цябе, будзе запыльны, пачнеш чыхаць. Давай я сам. Што знайсці?

— Не памятаю назву. Таксама пра сфінкса.

— Зараз. Гэта? “Сфінкс заступіў мне дарогу аднойчы/Каля скалы, як ліхвяр ці забойца…” Уайлд, здаецца, таксама нешта такое напісаў.

Сфінксы паўсюль. Масты, лесьвіцы, уваходы ў будынкі — тэатр, дом піянераў... Галовы. Піўзавод — казліныя. Перад царквой арліныя — парныя. Аграуніверсітэт, дом досыць вядомай пісьменніцы, банкі, рэстарацыі, оптыка — Замэнгоф у акулярах. Інстытут навуковы з галавой вядомага свяцілы, які працаваў пры каралеўскім двары. Пажарныя ў шлемах. Цырульня — модныя лысыя. Пошта. Аптэка — Францыск-Георгій, доктар лекарскіх навук і каралеўскі батанік. Заапарк. Чыгуначны вакзал — Заслонаў з гранатай. Паркавая брама: работніца і сялянка. Мянтоўка, кантора. Металічны Фелікс з казлінай бародкай. Саюз звёнзкоўцаў з бюстам пана Тадэвуша. Саюз літаратараў — два тутэйшыя сфінксы — Кастусь ды Янка. Новы аграмадны псіханеўралагічны дыспансер і голаў Скліфасоўскага. Венера і Апалон —скурвен. Турма — Цэрберы. Вайсковыя могілкі — Сувораў на паўкані. На камунальных — тэарэтыкі далакопства. Радыё — голаў Паповіча. Рэдакцыя — Ленін плюс Нахамкес, ён жа Сцяклоў. Аблсельгасхарч — Сталыпін і тав. Бровікаў.

Пракуратура — Мардашоў-вешальнік, кананізаваны царквой. Мясакамбінат — Мінін і Пажарскі, зменшаная копія вядомага манумента. Адзін з іх, як вядома, быў рэзнікам. Перад музеем гармата і Станіслаў Аўгуставіч Панямунскі з гусіным пяром. Дамскі залётнік. Аўтар путрышкаўскага трактата і паэмы “Кацярынамахія”. Гаўптвахта — сфінкс з галавой ці то Аракчэева або Бенкендорфа, ці гэтага, як яго, генерала Далакопчыка. Якога суседзі патрабуюць выдаць, як путчыста і злачынцу.

— Не хочаш кавы? Давай яшчэ зраблю?

— Можна, па кубку.

— Толькі спачатку кату падкладу корму. Базыль, хадзі. Які ты... як сфінкс.

— А памятаеш свята нацменаў? Шэсце?

— Суполку егіпцян? Канечне. Персанажы старажытнай гісторыі, мастацтва, міфалогіі. Людзі-каты. Дзіўныя вялікія маскі-галовы. Муляж муміі.

— А мы стаялі на ганку кнігарні. Выйшлі прадаўшчыцы, усім радасна махалі. Мы ўпершыню трапілі ў задні пакой, зроблены як пячора Алі-бабы, поўны кніжак. Па гісторыі, міфалогіі, антычныя аўтары. Адзін археолаг назваў Егіпет краінай мёртвых і небяспечнай жывёлай.

— Жывёлы каменныя. Яны маўчаць нерухома.

— Мабыць, ён адчуў, што гэтае царства мёртвых заваблівае. Паўсюль пяскі, сярод якіх чорныя студні, піраміды, часта напаўразбураныя, храмы, усыпальніцы, высечаныя ў скалах некропалі. Косткі, муміі. Проста так можа вытыркацца з пяску аграмадная галава сфінкса або быка Апіса ці нават Анубіса — бога смерці. Шакал або сабака, які ляжыць.

— Або чалавек з галавой сабакі ці шакала?

— Па-мойму, ён быў накшталт галоўнага муміфікатара. І быў яшчэ адвакатам нябожчыкаў. У падземным судзе распавядаў пра кожнага — хто і што.

— Даволі жудасна гучыць. Але бач, страх не вечны. Самі егіпцяне рабавалі магілы і прадавалі скарбы. Пачакай, я зараз пагляджу... З яго падземных лабірынтаў выцягнулі самога Апіса. Жанчыны калісьці па чарзе сядалі на яго ў спадзяванні перамагчы сваю бясплоднасць. Яго таксама прадалі.

Радыё-Крок: “Галава сфінкса Рамзэса ІІ важыць тры тоны. Яе знайшоў у Егіпце жыхар краіны. Шукаюць астатнюю частку. Вышыня сфінкса была адзінаццаць метраў. А зараз — пра надвор’е”.

— Ты ведаеш, а мне гэтыя зграмаджанні сфінксаў, статуй, нагадваюць цяперашнія музеі таталітарнай скульптуры пад адкрытым небам. Яны страцілі моц. Іх ніхто не баіцца. Дарма што богі.

— “Дзеці чыгунных багоў” — памятаеш? Дык хоць чыгунных. А тут — гіпс, цэмент, зусім тандэт. А, успомніў! Кароль жа прымаў егіпецкага пасланніка. Падворак адзін час быў, егіпецкія купцы жылі. Ядвабы, фарбы, папірус. Сфінкс невялічкі, само сабой. Недзе на Савецкай, дзе прыблізна падворак егіпецкай нацменшасці на свяце быў.

— Мабыць, ты ўжо выдумляеш?

— Наконт паслоў? Не, якое выдумлянне?

— Я ведаю, што сапраўды паслоў прымалі. Шведскіх, турэцкіх, нават ад брытанскай каралевы.

— Так і ў Егіпце кіравалі пашы. Потым, ты падумай, у парку Жылібера абеліск з надпісамі — зусім па-егіпецку выглядае. Гэта іхняя завядзёнка — пакрываць усе каменныя паверхні піктаграмамі, каб максімум інфармацыі захавалася. На мурах, калонах, абелісках. Каменныя кнігі. Яны не вельмі спадзяваліся на папірусы.

— Буслы нашыя зімуюць дзесь у Егіпце. Пралятаюць над пірамідамі, Нілам, над сфінксамі. І потым успамінаюць пра іх. Як узгадваюць тамака пра Нёман. Будуць потым пралятаць над ізраільскім плотам. А пазней над нашымі калючымі дратамі... Мур у Ерусаліме пад назвай “абарона Ерусаліма”. 135 кіламетраў агулам. 135! Гэта ж колькі цэглы.

— Плот паміж ЗША і Мексікай яшчэ даўжэйшы. А з кітайскім не параўнаць увогуле. Гэта назаллівая думка, але я не магу яе пазбыцца. Што праз усе гэтыя платы, муры ўцякалі і ўцякаюць толькі ў адзін бок, у адзіным кірунку. Ніколі — у адваротным.

— У гэтым іхняя сутнасць. Глыбінны сэнс.

У Гартэне цагляны мур замяняе рака. Яна падзяляе горад надвая. Прычым на ўсходнюю і заходнюю часткі. Пасля дзяльбы здаралася, што яны належалі розным краінам. А пра войны й казаць няма чаго. Рака падзяляла вайсковыя аддзелы, варагуючыя бакі, цэлыя арміі. Рабілася лініяй фронту. Напалеон распачынаў сваю ўсходнюю кампанію з фарсіравання ракі. Паўзіраўшыся з заходняга берага ў падзорную трубу. Кайзераўскія дывізіі. Армады “Барбаросы”. А таксама кавалерыя панская і рабоча-сялянская. Не кажучы пра даўнейшыя часы. Калі на другім беразе атабарваліся крыжацкія загоны з рознамоўным рыцарствам. Ягайла і Вітаўт, брат на брата. Аляксеі Міхайлавічы, захапіўшы замак на гары, пакідалі вымушана другі бераг вольным, не здольныя перасячы водную перашкоду.

Памежны мост. Цягнікі пераязджалі мяжу ў паветры — па-над ракою. Яе называлі ракою часу, пазначаючы на мапах лацінскімі літарамі на старажытнагрэцкі лад. Ты едзеш, уяўляючы пад сабою прорву. Вышыню з вадой у доле. Але нічога агульнага з лётам. Хутчэй як спыняецца кола агляду, а ты — угары. Крыху хісткае адчуванне. І раптам цягнік напраўду спыняецца. Пашпартны кантроль. І службоўцы з сабакамі. Што яны шукаюць ці — каго? Нелегалаў? Наркотыкі? Спірытус? Улёткі? “Свабоду”?

У замежным часопісе “Напшут” — сэнсацыя! Што ў нас сабраліся тысячы афраазіятаў, што ўлады іх згодныя прапусціць праз мяжу на Захад. Каб не мець сабе лішняга клопату. І што адбудзецца гэта ўначы на Каляды каталіцкія, калі палякі будуць святкаваць. Наце вам на лапаце. Нашыя ўлады — правакацыя! Ноты пратэсту. А на сайце часопіса — спрэчка. Адныя —пабудаваць мур ад Эстляндыі да Турэччыны, дык каб вышынёй шэсць метраў. І поле міннае — шырынёй пяцьдзесят метраў з калючым дротам — як у Ізраілі. Іншыя — лепей службу памежную прывесці да прытомнасці. А то — толькі на джыпах фарсіць могуць.

Афраазіяты ідуць! Агромністай грамадой! На плячах, у рукзаках бюсты, статуэткі, бажкі індакітайскія, з берагоў Тыгра ды Еўфрата, Брахмапутры. Пал-Поты, Мао Цзэдунчыкі, Мушарафы, Дэн Сяапіны, дзядулі Хо і Чайбалсаны. А колькі зухавых Садамаў, Мухамедаў, Ібрагімаў! Хунвэйбіны, талібанчыкі, бін-ладункі.

Буды, Гогі і Магогі, Мардукі, Крышны. Богі — нібы сіямскія блізняты: дзве галавы, мноства рук і ног. Безліч вачэй. Змеі, драконы, драпежнікі, крылатыя львы. Зусім ужо фантастычныя жывёлы. Нашэсце драўляных азіяцкіх катоў і чорных афрыканскіх статуэтак на абшары, доўга апанаваныя матрошкамі. На рынках, прылаўках, у вітрынах. Прадаць, зарабіць на чорны хлеб. А ў кішэнях самыя экзатычныя тугрыкі. І амулеты, абярогі. Маленькія цацачныя бажкі. Уцёкі з егіпецкай няволі.

Яны рушылі праз цёмныя абшары, снежную змерзлую мяжу з шэрагамі калючых дратоў. Праз густыя лясы. А тамака, на другім баку Каляды. Калярова, святочна, сытна й цёпла. Снег, мароз за вокнамі, а ўнутры —падарункі пад ёлкай. Ілюмінацыя звонку і ў дамах. Шопкі з маленькім Хрыстом — на пляцах, у дамах, кватэрах і храмах. Хрыстос нарадзіўся!..

Гэта мне сніцца, ці я мрою. Я бяру кніжку і чытаю пра жанчын, якія нагадвалі сфінксаў. Яны стаялі чацвярыцай у рачной вадзе і мылі бялізну. А калі праходзіў цягнік, яны з цікаўнасцю ўзнімалі да яго галовы. На пагорку над чыгункай, непадалёк ад моста праз раку, пра які ўжо гаварылася, старая вежа. У ёй майстэрня скульптара. У майстэрні з выгляду егіпецкія рэчы, зробленыя ім. Чорная дрэва, залатая фарба, загадкавыя погляды. Ён прызнаўся мне, што раней багоміў грэчаскае мастацтва. Але з часам адчуў прэснасць на вуснах, аскоміну. Ён усвядоміў, што карані, падмуркі сённяшняга мастацтва ўвогуле — тамака — у егіпецкіх лабірынтах у скалах, пад пірамідамі. А я цяпер думаю: кнігі, пачаткі літаратурных тэкстаў — у каменных летапісах з нільскай даліны. І сам я, мае думкі, мае тэксты... Мудрыя вочы, погляд каменнага чалавекажывёлы. Sphinx never cry.

2002-2003

Загрузка...