ДАЛАКОПЫ


Губернскае апавяданне


Ён спрытна ўскараскаўся ў высокае стрэльчата-гатычнае праймо былога вакна. Яго падтрымлівалі, падпіхвалі знізу, смакуючы наперад спевы. Ён устаў з каленяў, выпрастаўся, штосьці залямантаваў, узняўшы, замахаўшы рукамі. Яму падалі гітару. “Песня касцюшкоўцаў”, марш іхні!” — блазнавата-радасна абвясціў ён. “Рубон!” — абазваліся здолу захоплена, але не вельмі згуртавана. Спявак выняў інструмент з падарожнага футарала, нетаропка спраўдзіў гучанне. “А зараз слухайце”:

“Наш Касцюшка добры быў,

Ён маскалі моцна біў!

Ля-ля-ля. Ля-ля-ля.

Ён маскалі моцна біў!”

— Нейкая закароткая атрымалася. Не паспелі прыдумаць паболей. Дый што казаць, мужыкі. Толькі наважыліся, толькі косы навастрылі, а тут — Мацяёвіцы, апошні раз пораху панюхалі. І — фініта ля камедыя. “Не загінулі мы і не згінем, пакуль ты нас наперад вядзеш... Нашай слаўнай крывіцкай Пагоні мы не зганьбім, мы ўславім яе”, — уголас як бы ўспамінаючы тэксты, прагаварыў ён без спеву, не кранаючы струнаў, і раптам грымнуў:

“Што забылі цябе, адракліся,

Прадалі і аддалі ў палон!..

Біце ў сэрца іх, біце мячамі,

Не давайце чужынцамі быць!”

— Вой, не, гэта занадта сумная, безнадзейная нават. “Дзе наш Кастусь, дзе наш змагар!” Не, а гэта ўжо не з той оперы. Лепей кракавяк праспяваю, калі хочаце.

— Хочам! Хочам! Спявай!

— Ну, добра. Дык слухайце. Касінерскі кракавяк:

“Гэта што за сцяг лунае

Над акопам годна?

Залаціцца зноў наш сцяг

Колераў народных

Дына-дына-дына,

Любая Айчына!”

— Гэта ўжо весялей, праўда? А зараз яшчэ пра Пагоню будзе і пра арла. І пра косы, само сабой, — і ён праспяваў яшчэ некалькі радкоў, як і абяцаў.

— Ну што, хлопцы, дзеўкі! Штосьці пальцы здранцвелі, прымярзаюць, як у Карбышава, струны зусім ледзяныя. Варта ўжо даць слова нашаму шаноўнаму кандыдату на прэзідэнта. Я вас ужо разагрэў, як мог. Ура! Прывітаем госця!

— Шаноўная публіка, дарагія землякі! — інтэлігентны, але валявы мужчына ў акулярах з тонкай аправай загаварыў упэўнена і спрактыкавана. — Што засталося па Касцюшку?! Нічога! Наспа, дзе дом стаяў. Нават памяць знішчылі. Нацыянальны герой такіх вялікіх краін! Дыпламаты прыязджалі замежныя. З кветкамі, з вянкамі. А дзе нашы сталічныя янычары? Помнікі сувораўскія даглядаюць, музей. Касцюшку — ні помнікаў, ні музеяў. Добра, людзі тутэйшыя крыж паставілі, камень. Ды шыльду бронзавую злодзеі скралі. А дзе міліцыя, дзе ўлады мясцовыя? Спяць у шапку. Янычарскую музыку слухаюць.

Я быў у швейцарскім музеі Касцюшкі. Яны там зноў быццам сутыкнуліся. Сувораўскі таксама ёсць музей. Я быў першым адсюль палітыкам, які наведаў музей слаўнага нашага земляка. У кнізе ганаровых гасцей — роспісы самых вядомых палітыкаў, нашых — аніводнага. Яны ўсе ў сувораўскім імкнуцца засвяціцца. Мне было прыкра. І вось цяпер я найлепей усвядоміў: мы павінны пайсці на гэтыя выбары і перамагчы. Каб шанаваць нашых уласных герояў, а не ворагаў, якіх ушаноўвае цяперашняя ўлада.

— Янычары яны! Манкурты!

— Так, янычарства — гэта хвароба... бяспамяцтва, паняверкі. Гэта — нянавісць да сваёй Айчыны, якую пасеялі ў нас ворагі.

— Касцюшка не перамог, мы — пераможам!

— Дай Бог.

— Ну, вось. Як нас вучылі, гісторыя сапраўды рухаецца па спіралі, — нечакана зноўку пачаў мовіць спявак-гітарыст, і здараюцца неспадзеўкі, запрашаю ўсіх да вогнішча пагрэцца ля касцюшкаўскіх падмуркаў “сувораўскай”, мароз пятнаццаць градусаў. Гэта ж не жартачкі!

— Няма “сувораўскай”, толькі “сталічная”!

— Чорт з ёй! Абы сорак градусаў.

Акінчыц аглядаў публіку, палац, лес, зіму. Увагу прыцягвалі ксяндзы. Іх ён заўважыў яшчэ каля каменя, на месцы сялібы. Купка мясцовых патрыётаў. Луналі бел-чырвона-белыя сцягі. Прыездная моладзь ажыўляла сцэну. Спецслужбіст бесцырымонна фільмаваў. Спрэчкі, гутаркі, філіпікі. Малады мужчына ўбаку ў чорным строгім паліто, у чорным лямцавым кепі з апушчанымі на вушы берагамі. “Пшышэдл пастор: чарна колумна слув”, — міжволі ўзгадаў Акінчыц шатландскага паэта ў польскім перакладзе. Так, ксёндз вылучаўся з усіх відавочна, але Акінчыц чамусь не адразу скеміў, што гэта менавіта ксёндз. Папросту не чакаў убачыць. Не чакаў таксама па сутнасці нічога не ўбачыць. Чатыры гадзіны ехаць, каб паглядзець на месца, дзе калісьці была сядзіба, ад якой — ані следу! Яго загушкала, чаго не здаралася вельмі даўно. Аўтобус вёз не новы, але прыстойны, прычым для далёкіх рэйсаў, на мяккіх рэсорах. Ехаў не дарогай на сталіцу, самай ажыўленай, па якой прызвычаіўся часам падарожнічаць Акінчыц, а ўбок ад населеных гарадоў. Праз вёскі і сялібы, праз пушчу. Як карабель плыў паміж засыпаных снегам дрэў, якія ззялі на сонцы, праз сумёты абапал, якія зіхацелі і серабрыліся, цераз марознае блакітнае неба. Здавалася, гэта павінен быў быць шлях на Поўнач, у Лапландыю, а не ў адваротным кірунку. Спыніліся аднойчы ў пушчанскім мястэчку, здранцвелым і аснежаным. Амаль сляпіла сонца. На старых камяніцах паміж царквой і касцёлам усе шыльды яшчэ размаўлялі па-беларуску. Цуд, казка! Потым аўтобус пачало падгушкваць, ён раптоўна зарываўся носам, ляснуўся сподам раз-другі. Пад коламі гарошыўся стары брук, месцамі ўжо з ямінамі, запарушанымі снегам. Шафёр мусіў запаволіць язду.

Праз дарогу ад каменя хваёвы лес крыху перавышалі дзве вежы. Вельмі шчытны, цёмны і змрочны лес. Дома, у энцыклапедычным томе Акінчыц убачыў, што палац калісьці быццам стаяў адразу за домам Касцюшкаў, ствараў задні план, дэкарацыю. Хвояў жа не было зусім. Мастак відавочна зменшыў адлегласць, інакш палац атрымаўся б замалым. Яшчэ — гмах стаяў на пагорку, узгадалася дома Акінчыцу. Мастак гэта праігнараваў... Мароз адчуваўся, марна стаяць далей не было сэнсу, і публіка пацягнулася ў палацавы бок, дзе ніяк не распальвалася вогнішча. Адно дым слаўся.

Палац уражваў слядамі варварства. Чырвоная, як перапечаная цэгла, з рэшткамі тынкоўкі сцены, — быццам шкуру здзерлі з мядзведзя. Аз-букі-ведзі — лемантар далучаных да пісьменства тубыльцаў, якія спярэсцілі муры сваімі імёнамі і паведамленнямі. Хто каго кахае, хто з кім якую піў гарэлку ў палацавых рэштках. Сучасны летапіс недарэкаў. Акінчыц не ведаў, як яшчэ ахарактарызаваць убачанае. Здаецца, нічому не здзіўляешся, але знянацку ўразішся. Каб жа зрабіць палац для паляўнічых (хоць ён і не любіў іх), для аматараў зімовага адпачынку, для агратурыстаў, выратаваць. Марныя думкі!

Агонь нарэшце запалымнеў, апаноўваючы хвойнае галлё. Як рыбалоўцы навакол пасталі маладзёны з пруткамі. Засквырчэлі каўбаскі, празрыста напоўніла шкляначкі гарэліца. Гамана запанавала ля мёртвых муроў. Вярнуліся з абеду дыпламаты. Амерыканец нагадваў захопленага пікніком студэнта. Нехта выпрасіў у польскага аташэ прымерыць “рагатувку” і пайшоў пахваляцца да сябрукоў. Польскі дыпламат сказаў Акінчыцу, што рады яго бачыць. Калісьці ў іх былі прыязныя адносіны. Потым Акінчыц апынуўся часова за мяжою, а дыпламата адклікалі у Варшаву. Затым яго зноўку прыслалі, падвысіўшы, у сталіцу. Цяпер яны амаль не бачыліся. Уначы Акінчыц сасніў, сам дзівячыся, як бярэ у паляка інтэрв’ю, і як той адмаўляецца адказваць на самыя цікавыя пытанні.

У дарозе моладзь працягвала жлукціць гарэлку. Падрэмваючы, Акінчыц змагаўся з гармідарам у галаве, спрабуючы вылучыць з заблытаных пачуццяў думкі, высновы. З рэчаіснага ладу яму хацелася апынуцца ў метафарычным. Разважалася яму ў прыблізна такім рэчышчы... Кажуць, немагчыма ступіць у адную раку двойчы. Гэта не пра нас. У нас усё здараецца. Колькі не трапляем у ваду, столькі разоў няўдала. З аднолькавымі памылкамі. Адразу з галавой. Ані разу не патрапілі броды даведацца. Або падрыхтаваць чоўны, каб перасягнуць плыню ўраз. Ужо не кажу пра пантоны, масты. Начыталіся кніжак. Падыйдуць бліжэй да ракі нерашуча і быццам чакаюць, пакуль вада расступіцца ўбакі. Альбо перасохне ці хоць бы змялее рэчышча, каб апынуцца на процілеглым беразе, дзе ўсё інакш, дзе сам сабе гаспадар. Дзе сонца ззяе і ззяе, дзе не трэба чакаць недаедкаў з чыйгосьці стала, дзе можна размаўляць як умееш, дзе няма ні паноў ні таварышаў, дзе каровы самі просяцца: падаі! Дзе дрэўца з райскімі яблычкамі чакае. А, зрэшты, хто іх ведае, чаго яны сабе там думаюць і ці думаюць увогуле? Заахвоціць, падбухторыць, каб толькі схадзілі зірнуць на “раку часу”, удаецца заўжды меншыню. Большасць абыякава застаецца на месцы, нязрушна як крушня на ўскрайку поля. Ні ворыва, ні мурог, ні лес. Так, абы-якая мясціна.

Ружаны спаткаліся па дарозе мёртвымі аркадамі разбуранага палаца, памеры якога нават цяпер уражвалі, унутры нагадваючы галерэямі чамусьці Калізей. Грандыёзныя дэкарацыі да спектакля, назву якога ўсе забылі. Тэатральная трупа распалася, акторы раз’ехаліся, гледачы паўміралі. А калісьці сюды прыязджаў сам кароль. Урачыстая кавалькада, ганаровая варта, залпы ў паветра. Баль, шампанскае, прыдворная капэла, танцы. Увечары феерверк і спектакль у палацавым тэатры. Хтосьці пачаў апавядаць, пераўвасобіўшыся ў гіда. Акінчыцу не захацелася слухаць, ён вярнуўся ў аўтобус. Сумна ўсё, пагатоў калі ўбачыш аднойчы на ўласныя вочы.

Ну вось, спадзяваўся залішне не разумнічаць, не філасофстваваць, а зацягнула ледзьве не ў цямрэчу егіпецкую. Але, рака, рака, яна застаецца напраўду. Адным досыць на другі бераг пастаяць паглядзець, на віры, на адважнікаў, якія кідаюцца ў плыню на скрут галавы. Адно няпраўда, што ніхто з нашых не бачыў заходняга берага, што ніхто плаваць не ўмее. Толькі што беларусы добрыя выканаўцы, на чале з кімсьці — вісусы, героі залатой зоркі і белага арла. Яшчэ паэт трапна зазначыў. Не сваю, маўляў, чужую долю баранілі. Пад чужымі, карацей, сцягамі ўміралі.

Нацыя жаўнераў, гладыятараў, а таксама падначаленых, служак. Генералы здараліся, але зноў-такі з чужымі аксельбантамі. Вось і гэты. Не, ён, канечне, стараўся. За нашу і вашу свабоду. Але, як заўжды, не атрымалася, не пашэнціла. “Мамо, не хачу да польскага войска ісці”, — пісаў у лісце Касцюшка. Гэта не Акінчыц прыдумаў ці вышукаў недзе, паляк адзін расказаў яму. Акінчыц быў у рэдакцыі “Бацькаўшчыны”, калі прыйшоў звычайны мужчына ў шэрым паліто і каракулевай кучомцы, пачаўшы размаўляць ламана па-расейску. Давялося адказаць па-польску, каб не чуць трасянкі. Дзівак, заходнепольскі чалавек, меў супольны бізнес, усё ляснула. Цяпер бадзяецца па знаёмцах, па далёкіх сваяках. Бог вед колькі не бачыў польскіх газет, пайшоў у консульства, консул даў яму жмут старых, нават пахваліўшы ці парадаваўшыся за наведніка: каб гэта ўсе, хто звяртаецца па дапамогу, мелі падобныя праблемы.

Над рэдакцыяй вісеў бел-чырвона-белы сьцяг. Паляк і завітаў. Хоча, кажа, прыдбаць такі значак, прышпіліць сабе, каб пазлаваць памежнікаў. Ну няма, на жаль. У рэдакцыі ўсе былі занятыя, размаўляць з палякам давялося Акінчыцу. Спусціліся на паверх ніжэй, у незалежніцкую сядзібу. На сцяне быў партрэт Мурашкі — мясцовага начальніка, які марыў аб царскіх часах і болей за ўсё любіў, каб яго называлі губернатарам. Мурашкаў твар у зялёным мундзіры вядомага з гісторыі Мурашова-вешальніка, з усімі генерал-губернатарскімі рэгаліямі.

За вокнамі забеленыя гарызантальныя краявіды, калісьці мясціны ваенных дзеянняў, баёў паўстанцаў з карным войскам. Акінчыцу не давала спакою старая думка. Купка герояў — наперад, на ворага! Астатнія ў акопах. Акопнікі, носьбіты акопнай праўды, спажыўцы, спавядальнікі. Адседжвацца, адстрэльвацца. Перачакаць. Не кавалерыя, — гусары, кірасіры. Пяхота. Збраяносцы, драбы, падносчыкі ядраў, дастаўшчыкі пораху. А, зрэшты, у выніку — гарматнае мяса. Хто імкнецца не выторквацца. Касінеры. Баёвая маса.

“Возьмем косы і янчаркі,

Пачнем гордыя гнуць каркі!..”

Гэта Акінчыц вычытаў у хрэстаматыі. Песні жаўнерскія, зрэшты, зазвычай досыць баёвыя. Але іх гэтак мала! Слёзы. Дзякуючы даследчыку, які выпадкова натрапіў. А так нават перакладаць чужыя дзеля колькасці мусілі. Чужыя адносна. Касцюшка іх таксама спяваў са сваімі касінерамі, калі толькі генералы спявалі. Каб запісаць альбом ваяцкіх песень, некаторыя пераклалі. Акінчыц вельмі чакаў, часам хацелася па-свойму заспяваць, па-жаўнерску. Але атрымалася нейк архаічна-лубочна, і слязу выклікала, і лёгкую ўсмешку. Канечне, калі разважаць пра каркі, дык няма рады. Але “возьмем косы і янчаркі” — вельмі файна. Трэба верыць у сваю зорку. Веру, прынамсі, пераказаць сынам. Застрэміць у іхніх галовах. А што з гэтай песняй? Нейкі архіўны шукальнік надрукаваў. Амаль праз сто год. Тэкст. Музыкі ніхто не ведае. Памерла, знікла разам з апошнім касцюшкоўцам.

Мурынаў яму не хапала. Каму яму? Касцюшку! Ён жа пакінуў грошы, калі ад’язджаў з Амерыкі, на іхні выкуп з нявольніцтва. Карцела ж яму! Не мог глядзець спакойна на людзей у кайданках. Усведамляў, што дапамог здабыць свабоду іхнім рабаўладальнікам. Нябрыдкім, зрэшты, людзям, але якія хацелі свабоды толькі для сябе, свабоды, каб прыгнятаць іншых надалей. Іншае пытанне, што яны мурынаў не лічылі за сабе роўных, нават не хома сапіенс, другім гатункам, пераходным паміж прыматам, малпай і белым чалавекам. Сумнеўна, што сапраўды грошы ягоныя былі выдаткаваны па прызначэнні. Вельмі сумнеўна. Зрэшты, звычайная досыць гісторыя. Адваёўваючы потым незалежнасць, палякі пазбавілі яе касцюшкавых землякоў — нас. Наіўны ён быў, як часта здараецца з беларусамі. Лепей бы выкупіў тых мурынаў ды прывез сюды, меў бы аддзел адданых жаўнераў. Маскалі можа з перапуду яшчэ здаваліся б. Знайшоў каму пакінуць грошы. Ды на іх маглі новых кайданаў нарабіць. У такіх думках Акінчыц задрамаў і апынуўся ў снах. Абудзіўся ўжо ў горадзе, аўтобус дробна трымцеў ля светлафора.

Спыніліся ў месцы ад’езду — на пляцы Касцюшкі. Акінчыц тут жыў у старасвецкай камяніцы, дзе быў Касцюшкавы штаб калісьці. Побач захаваўся былы каралеўскі тэатр, сёння — тэатр марыянетак. Акінчыца часам не пакідала адчуванне, што ён жыве сярод гістарычных дэкарацый. Насупраць на пляцы стаяла пад дахоўкай камяніца з архіўнымі зборамі. Тамака захоўваўся рэдкі дакумент. Аб вызваленні з-пад прыгону сялян, складзены Касцюшкам у швейцарскай старонцы. Рамантык! Вызваліў былых сваіх прыгонных, якія яму ўжо не належалі. Ён жа — выгнанец, эмігрант! Якія могуць быць сяляне? Цікава, ці чулі яны, ці даведаліся, ці атрымалі магчымасць напраўду пацешыцца свабодаю, вызваленнем з-пад прыгнёту? Ва ўсякім разе, дакумент быў перасланы сюды і тут захоўваецца, насупраць акінчыцава дома. Так, а зрабіў Касцюшка гэта перад сваёй смерцю. Цікавае супадзенне: у той жа час у віленскай шляхецкай зборні мясцовыя масоны прапанавалі абмеркаваць магчымасць скасавання прыгнёту. Але Акінчыц не гісторык, яму нічога невядома аб тым, ці напраўду звязаныя гэтыя дзве падзеі. Аднак супадзенне вельмі цікавае.

Дома ён адкаркуе нарэшце пляшку каньяку, дагэтуль недатыкальнаую. Пасля марознага падарожжа напой здаўся глыткамі халоднага агню, які раптам выгравае знутры, робіць зіму надзвычай прыемнай. Акінчыц не ўстрымаўся і ад кавы. Моцны густы водар “Чыба”. Хаця апошнім часам кава таксама магла перашкодзіць яму заснуць. Але пасля марозу, пасля дзённага ўстрымання. А кава з каньяком? Цымус! Паўстанцкая вайна — уцёкі зайца ад паляўнічага, заблытванне слядоў, спробы ашчэрыцца, напалохаць чалавека з ружжом касой-літоўкай. Нават падручнік быў выдадзены — як рыхтаваць косы да бою і як карыстацца імі. Што ж, калі грошы выдаткоўваліся адно на баляванні, на маскарады і феерверкі, зброю замянялі косы. Кавалі, напаліўшы лёзы косаў, распроствалі іхнія пяткі, рабілі па дзве дзіркі для цвікоў. Існавалі баёвыя стандарты: тронак павінен быў мець даўжыню ў чатыры локці — каля двух з паловаю метраў і шырыню ў дзве цалі. Своеасаблівыя смяротнікі. Яны атакавалі бегма калонамі, каб быць крыху менш падступнымі для страляніны, але заставаліся суздром безабароннымі, пакуль не дабягуць да варожых пазіцый. Калі толькі дабягуць...

Засынаў Акінчыц з прыемнымі думкамі аб тым, што назаўтра ўдасца стрэліць прынамсі ў дзявятку. Апошнім часам не хапала цікавых навін. Нядзельная паездка — лепей не прыдумаць... Абудзіўся дастаткова рана і нечакана зусім лёгка, адчуў прызабытую бадзёрасць. Хуценька пагаліўся, прыгатаваў кавы. Уключыў ранішнія тэленавіны, чаго таксама апошнім часам нейк не рабіў. Што-што-што? Памёр знянацку Мурашка, мясцовы ваявода. Надзвычайная навіна. Не абы-якія дробязі прафесіі — даведацца, удакладніць, перадаць. Пажадана чым хутчэй. Навіны ад журналістаў не залежаць. Толькі ў тым сэнсе — ці ўдасца іх адшукаць, высачыць... Дакладней: не залежаць падзеі, якія трапляюць на першыя старонкі. Няма рэпарцёрскай віны ў тым, што падставай для сенсацый часта бываюць менавіта здарэнні — трагічныя, адмоўныя, жудасныя. Выбух атамнай бомбы, забойства прэзідэнта, путч. Але ж гарачая навіна таксама — параза путчыстаў, абвяшчэнне незалежнасці, забарона кампартыі, замена рыцарскім гербам савецкага з сярпом і молатам. Аднойчы важнага чыноўніка застрэлілі. Які здарыўся пярэпалах! Аб сенсацыі першым паведаміў Акінчыц. Ён адчуваў сябе як мае быць.

Калі ўчора быў марозны сонечны дзень, дык цяпер распачалася зусім найсапраўднейшая зіма, як калісьці. Ужо ўдзень стала замятаць. Акінчыц выйшаў разгледзецца. Сцягі на дахах былі спушчаны да паловы флагштокаў. Нават на крамах хуценька павывешвалі іх з чорнай стужкай, абвясцілі жалобу. Акінчыц купіў сяго-таго да кавы і вярнуўся, каб сесці пісаць. Зрэшты, магчымасці яго былі абмежаваныя. Чыноўнікі даваць інфармацыю даўно баяліся. Газет ў панядзелак няма. Давялося пазычаць у афіцыйных крыніцах. Сухія звесткі, але дакладныя. Амаль. Першае паведамленне: ваявода Мурашка памёр у сваёй кватэры. Але, Акінчыц пярэчыць: у Мурашкі няма кватэры, у сэнсе не было. А дом вялікі ёсць… Што ж, Акінчыц мусіць выбіраць зерне з асцюкоў.

Бляклыя твары чыноўнікаў у кабінетах. Разгублена паўтараюць, што Мурашка да ночы сядзеў на працы, што назаўтра збіраўся таксама раным-рана за кабінетны стол.

Папярэдні дзень Мурашка правёў быццам бы на дачы. Але якое ўзімку можа быць лецішча? Акінчыц даведаецца, што насамрэч адбылося паляванне. Ён піша не адхіляючыся ад асноўнай падзеі, але не можа не думаць, не мець у галаве “бэкграўнда”. Мурашка, маючы вобраз досыць сціплага чыноўніка, атрымаў пляц побач з саборам, каб званы слухаць, дзе будаваць не дазвалялася. Але чамусьці цягнуў, быццам чагосьці баяўся. Цяжкі лёс чыноўніка! Нарэшце адзначыў улазіны, гасцей запрасіў багата. Звінелі келіхі, гучалі тосты за гаспадара, за новы дом, за доўгае жыццё.

Неверагодна, але ваяводам раней быў Астроўскі, кандыдат апазіцыйны на выбарах. Яму аддалі некалі дом забітага начальніка, а нядаўна пачалі цкаваць у афіцыйных рупарах, рукамі Мурашкі высяляць, пацягнуліся суды. Ваявода публічна паабяцаў, што Астроўскі будзе беспрацоўным пакуль ён, Мурашка, кіруе. Сказаў нават, што Астроўскі — ганебная пляма на станоўчым абліччы горада, якую трэба сцерці. Тым часам Мурашку адрэзалі зямлі, рабілі праект, найлепшыя дахоўка і цэгла, вокны, дзверы, сантэхніка, паркет…

Астроўскаму не даравалі таксама, што зрабіў у горадзе пляц Касцюшкі. Калі жывеш у адным месцы гадамі і штодня наперадзе, “на барыкадах”, дык аднойчы раптам пачынаеш разумець, што можаш засесці і напісаць хроніку тутэйшага жыцця. Усё бачанае, чутае, перажытое прысутнічае ў тваёй галаве, заўжды з табою. Для Акінчыца няма ніякай цяжкасці ўзгадваць спадарожныя падзеі звесткі. Хоць зараз можна зрабіць вялікі падрабязны тэкст. Аднак ад яго патрабуюцца навіны, толькі навіны. Не, Астроўскі зусім не ідэальны. Яму прапаноўвалі вуліцу Сувораўскую пераназваць імем Касцюшкі, але не згадзіўся, пабаяўся. А на пляцы напісалі, што — Касцюшкі, толькі якога? Можа, Іван Іваныча — дырэктара рамбыттэхнікі? Так іранізавалі паміж сабою не задаволеныя цалкам патрыёты. Меркаванні гэтыя вярэдзяць Акінчыца, быць простым рамеснікам, абмяжоўвацца толькі думкамі аб ганарары не хочацца. Яго знаёмы гісторык, бачачы на пляцы статую з бародкай, пераскоквае ў думках з жывога Хамурапі на муміі, сфінксы, на Баторыя і помнік, які, на ягоную думку, павінен стаяць на месцы бронзавага ўладальніка бародкі. Гэты горад заражае гістарычнымі рэмінісцэнцыямі.

У канцы дня, калі з рэпарцёрствам закончана, Акінчыц выходзіць адчуць адзнакі жалобы, абвешчанай у горадзе. Зіма зіхатлівая, мінакі цешацца. Але напачатку не ўсе ведалі, цяпер вядома бадай усім. Даволі кантрасна. Цытадэль страху і смутку — гмах улады. Свінцова-сляпыя, калі было светла, вокны цяпер хвора-жоўтыя. Аднак, якая прыгожая вечаровая зіма! Сапраўдней не бывае. Мяцеліца, гайдае парасонікі ліхтароў, іхняе смачна-лімоннае сьвятло, ляціць снег, святочны па-навагодняму, тралейбусы, светлафоры, мінакі. Марознае надвор’е бадзёрыць. Такую зіму немагчыма не любіць, думаў Акінчыц, вяртаючыся дахаты.

Капцы са святам губерні бадай. А як Мурашка марыў! Штосьці яму заманулася, далёкаму ад гісторыі, ад букляў, парыкоў, ларнетаў, ад штуцараў, багінэтаў, ад шабляў, ладунак і можджараў. На што замахнуўся... Тут была жыўцом раскроена краіна... Адбылася трагедыя, а ён — баляваць, карнавалізаваць, маскарад учыніць. Здагацца няцяжка. Жаданне застацца ў гісторыі. Першым губернатарам быў Мурашоў, апошнім ён — Мурашка! Якое супадзенне! Партрэтная галерэя: ад Мурашова да Мурашкі. Карціны замоўлены мастаку-партрэтысту. Будуць развешаны ў былым каралеўскім палацы. Там менавіта, дзе на кавалкі разрэзалі і знішчылі тую далёкую прыгожую краіну з уніяцкімі цэрквамі, касцёламі, з замкамі, з соймамі і соймікамі, нават са славэтным “ліберум вета”, з канстытуцыяй і магдэбургскім правам, з каралеўскімі прывілеямі з пячаткай... Гэх! Усё было растаптана жаўнерскімі ботамі. Бліскучую сталіцу ператварылі ў горад-губернск. І яму заманулася гэта святкаваць!

Так, закарцела нават! Перш, супадзенне з прозвішчам. Па-другое, прыязджаў абвесціць свой губернскі ўказ сам цар! Мурашку захацелася зрабіць урачыстасць на ўзор царскай. Гісторыкі рушылі ў пыльныя архівы, іх прыспешвалі. Усяго знайсці не ўдалося, поўнай справаздачы аб падзеі. Мусілі дадумаць. Падрыхтавалі, выдрукавалі, якраз з ёю знаёміўся Мурашка ў дзень смерці, у свае апошнія гадзіны. Рабіў заўвагі ў тэксце.

У сцэнары: чыноўнікі, афіцэры і салдаты гарнізона, акторы, усе — у тэатральных шатах, у парыках, буклях. Вядома, што падзея адбылася менавіта ў тэатры, насупраць якога жыў Акінчыц. Будынак захаваўся, праўда, са змененым сілуэтам. Рабіць урачыстасць у самым лепшым памяшканні — у каралеўскім палацы цару хапіла густу і далікатнасці, каб адмовіцца. Надаваць урачыстасці рэлігійна-царкоўны лад не выпадала зусім. У горадзе не было цэркваў. Вялікі гатычны касцёл, у якім чамусьці здарыўся пажар, толькі пачалі перабудоўваць у царкву. І таму падзея мела адбыцца ў свецкім тэатралізаваным стылі. Зрэшты, у цара быў не рэлігійны настрой, нядаўна ён задушыў уласнага бацьку падушкай, не важна, што чужымі рукамі.

Аздобленая, асветленая, святочная зала. Паветра прарэзваюць гукі горнаў. Трубачы шыхтуюцца абапал сцэны. Урачыста абвяшчаецца: самадзержац розных унутраных, далучаных і захопленых земляў! На кані выязджае Яго імператарская вялікасць, ролю павінен быў выканаць вядомы актор Квачэнка. Каня трымаюць за аброць два парадныя генералы. Цар зачытвае ўказ, які прысутныя слухаюць, стаіўшы подых: “Загадваю — дзеля найхутчэйшага і найзручнейшага ўсім новападданым правасудства, а таксама заможнасці, росквіту і шчаслівага жыцця пад нашай абаронай — утварыць ад сённяшняга дня заходнюю губерню. (Шумныя апладысменты ў зале). А для ўнутранага мясцовых абываталяў кіравання і іхняга паміж сабою судоўніцтва і дзеля большай спакойнасці і бяспекі тут мною зацвярджаецца галоўная кватэра і дзейнае вышняе кіраўніцтва, якое злучае ў сабе чатыры аддзяленні, а менавіта — скарбнае, крымінальнае, цывільнае і эканаміцкае. І з нашага імператарскага загаду прызначаецца на пасаду губернатарскую тайны саветнік Мурашоў, кавалер святой Ганны”.

З вуліцы гучаць гарматныя залпы, публіка апантана пляскае ў ладкі, граюць фанфары. Патрыярхі шчодра хрысцяць праз паветра ўдзельнікаў урачыстасці, кадзяць кадзілы. Хор выконвае штосьці накшталт “Рука айцечаства ўсявышняга ўратавала” або “Пераможны раздавайся гром”, прыдуманую, дарэчы, беларусам, аб чым паведамляе энцыклапедыя. Паказ алегарычнай сцэнкі “двухгаловы арол перамагае аднагаловага” у выкананні балетнай трупы. Вайсковы аркестр. Пранос пераможных і пераможаных сцягоў. Наступная сцэнка: касцюшкаўскія касінеры здаюцца сувораўцам. Апошнія лагодна прымушаюць іх перарабіць косы назад — для прыгатавання сена. Над сцэнай запальваецца круглая лічба. Дзея ператвараецца ў святкаванне ўгодкаў губерні, якім яно магло ўяўляцца першаму губернатару з паплечнікамі ў царскія часы. Удзячныя сяляне, карагоды, піва ў бочках, снапы — накшталт дажынак. Трыумфаванне рамёстваў: молаты і сярпы, плугі, бароны, а таксама навук — мікраскопы, цыркулі, кельні.

Заслона. Канферансье віншуе публіку, на сцэну на біс выходзяць удзельнікі тэатралізаванай урачыстасці і кланяюцца. Шампанскага! Гронкамі гараць на сценах электрасвечкі. Вялізны кандэлябр ззяе, робячы падзею надзвычай святочнай, папросту бліскучай. Слугі ў ліўрэях і парыках, у белых пальчатках разносяць падносы, прапануючы публіцы разлітае ў келіхі бурболістае віно. Ля дзвярэй пруцянее варта з музейнымі стрэльбамі, з пазументамі, аксельбантамі, шаўронамі. У бутафорскіх ківерах. Цьмяна блішчаць металёвыя часткі — бляхі, спражкі, ладункі, у якіх гарачым агнём адбіваюцца лямпачкі. Халодныя іскры бенгальскіх агнёў, канфеці, петарды. Спажыўшы дармовае шампанскае, публіка выплёсківаецца у фае, калідоры, на лесвіцы. Грае прыдворны аркестр, музыка праз дынамікі ўзмацняецца і чуецца ва ўсіх закутках. У кулуарах і ў закуліссі адбываюцца святочныя танцы. Мазуркі, галопы, кракавякі, паланэзы, венскія вальсы, танга, полькі і кадрылі.

Мурашка мысліў унесці ў празмерна тэатралізаваны, перасалоджаны сцэнарый прадметна-канструктыўны лад. Урачыстасць будзе адбывацца ў новым, значна большым тэатры, трагедыйна-камедыйным. У старым цяпер выступаюць марыянеткі, месца мала. Яму хацелася, каб уручаліся граматы на сцэне, каб быў міні-парад пантанёраў, якія адзначылі гадавіну інжынерных войскаў Пятра Першага. Хацелася спалучыць са святкаваннем выязную сесію аб’яднанага веча з удзелам славутых дзеячаў — Зінданава, Слімакова, Шнуроўскага. Не давала спакою таксама думка пра тое, што кароль, калі яму давялося адмовіцца ад пасада, падпісаць адмову, вельмі плакаў. Пра гэта расказалі гісторыкі. Мурашка не любіў каралёў, але звестка гэтая яго нейк бянтэжыла. Збіраўся ў музей паглядзець на муляжы ў строях — каралеўскім і губернатарскім. “Нічога, Масква слязам не верыць. Паплачуць і перастануць. Слёзы кракадзілавыя”, — думалася яму блытана, калі ў нядзелю гартаў сцэнарый.

Дзень пахавання. Акінчыц размясціўся на сваім назіральным пункце, ля акна. Працуе радыё, ён слухае, што адбываецца каля труны. А перад вачыма: пляц, статуя, бтр з гарматным лафетам, гмах, да якога цягнецца чарга з вянкамі. У Акінчыца на сцяне гравюра: на тым жа пляцы пад яго вокнамі стаяць шыхты паўстанцкіх аддзелаў. Сцягі, сцяжкі, косы, пікі, багнэты. У цэнтры Касцюшка. Ён зачытвае паўстанцкі “Універсал”, пасля чаго жаўнеры і касінеры прымуць прысягу на вернасць Айчыне і паўстанню.

Агульнавядома: касінераў выбілі з горада сувораўскія жаўнеры. Акінчыц назірае, як пад непрыемны роспачны жалобны марш нясуць труну вышкаленыя, як алавяныя жаўнерыкі, сувораўцы ў чорнай форме, следам — узнагароды на падушках і вянкі, цэлая калона з вянкамі. Труну стаўляюць на лафет, быццам нябожчык быў генерал-губернатарам. На засланым дыванамі пастаменце гаворацца прамовы. Зноў аркестр. Бтр з труной разварочваецца, за ім маркотна выцягваюцца цугам венцаносцы.

Мурашку завезлі на могілкі і закапалі. Сувораўцы апусцілі труну ў яму, як чорная гвардыя. На магіле пакінулі бутэльку гарэлкі, шклянку. Гарэлка была “сувораўскай”, мясцовага разліву. Мурашка хацеў да свята выпусціць дзве новыя — “імператарскую” і “губернатарскую”, у шыкоўных крышталёвых бутэльках, але не дажыў. Пабудаваў адно дом, каб памерці. Дарэчы, падумалася Акінчыцу, Мурашка быў усё ж нядрэнным чалавекам. Быў… Тэлестудыя пачала рыхтаваць фільм пра дом Астроўскага, выкрываўчы. Да прэзідэнцкіх выбараў… Калі труну апускалі ў магілу, Акінчыц, седзячы ля тэлевізара, звярнуў увагу на адметны, даволі знаёмы знак.

Праз дзень ці два ён успомніў. Разгарнуў энцыклапедыю і ўбачыў: дзве абцятыя рукі ў поціску. Эмблема масонскай ложы, якая існавала некалі ў горадзе, першы губернатар таксама трымаў кельню і цыркуль.

2001

Загрузка...