ФЛОТ КАЎЧЭГАЎ


Аповед пра пакінуты рай


“Чаму ж гэткае спусцелае мора?! Гэткае ціхае і спусцелае! Дзе параходы цудоўных, багатых краінаў?”

І. Шмялёў, “Канец канцоў” з “Сонца мёртвых”

Рай за кармой. Светлая краіна, дзе лепей памерці ўжо, чымсьці жыць. Дзе жудасна застацца. І якую страшна пакінуць. Але яны наважыліся. Зрэшты, не засталося іншага выйсця. Гэта былі роспачныя ўцёкі з жахлівага сну. Жыццё аднойчы ператвараецца ў сон, і такі сон заўжды вусцішны. З імі здарылася найгоршае. Уцякаць з уласнага дому. Ратавацца…

Фабіян з Сабінай выскачылі з недалужнай старой таксовачкі. Пабеглі з рэчмі скрозь сцяну дажджу. Суцэльна мокрыя апынуліся на ганку, перад якім экзатычна спатыкала выносістая пальма. Пансіянат “Шчыт і меч” аказаўся міліцэйскім. О, святая наіўнасць, беспадстаўныя спадзевы! Праўда, каляровы плакат паведамляў пра рыцарскі турнір. Аднак меў ён адбыцца ў генуэзскай крэпасці, далёка. Але яны выбралі гэтае мястэчка, разважыўшы, што ўмовы каля крэпасці будуць горшыя.

Абяцаныя кандыцыянер, які музычна рэагуе на пажаданні, тэлевізар і лядоўня, якая вісела над ложкам Фабіяна. Рассунуўшы жалюзі, Сабіна выйшла на тэрасу і не стрымала захаплення. “У нас ніколі не было такога пакоя!” Краявідзела мора. Разлеглае, попельна-блакітнае. Паміж морам ды імі схілы густа зелянелі кіпарысамі, паўднёвымі кедрамі, ядлоўцавымі і лаўровымі дрэвамі. Паветра здавалася гаючым узварам з іх водару.

Стравы ў сталоўцы расчаравалі. Абяцаныя чатырыста метраў да пляжа ператварыліся ў прыступкі бясконцых лесвіц. Мора сустрэла лагодна-бадзёрымі хвалямі. Не зважаючы на часовую адсутнасць сонца. Пасля першага купання пайшлі шукаць паштамт, вывучаючы тапаграфію набярэжнай.

Першай бутэлькай стала чырвонае з горнага заводзіка. Колерам і смакам вельмі падобнае да к’янці. Насычаны смак. Цёмнае, густое. У вінаробаў толькі з мастацкім густам, мабыць, не дужа. Наступная весяліла этыкеткай. З назвай гарэмнай прыгажуні. З партрэтам гараджанкі пэндзля фламадскага майстра. З прысвячэннем угодкам паэта з бакенбардамі. З яго аскомным насатым профілем. З чатырох-радкоўем. З сентыментальнымі жоўтай і чырвонай ружамі. З трэцяй бутэлькі яны толькі пасмяяліся. Называлася “Мысліцель”, пераконваючы недалужна радэнаўскай скульптурай. Збіраць уражанні ад вінных шэрагаў таксама цікавы занятак.

У рэшце рэшт яны разам спыняюць свае вочы на бутэльках двух заводаў. Першыя — моцныя, вытрыманыя, з гадамі. І салодкія. “Стары нектар”, напрыклад. Ад якога вечаровы краявід робіцца цяплейшым, прахалодная ноч — утульнейшай. Сабіне, праўда, не заўсёды хочацца салодкага віна, яна ніколі не салодзіць каву. І гарбату таксама. Фабіяну, наадварот, даспадобы часам атрымаць асалоду ад густога моцнага прыгожага напою, які мае вінаградна-дубовы настоены пах і пакідае алейныя сляды на шклянцы. Але ўрэшце і ён адчуў сябе перасычаным салодкім бурштынным віном. Каб не прахалодныя дзянькі, больш за пару шклянак яго было увогуле б не агораць. Гэта віно для мокрай восені, для халоднай зімы. Наліваць яго ў келіх, адчуваючы радасць, пяшчоту захаванага сонечнага прамення. Маючы перад вачыма мокрае ад дажджу або сцятае марозам акно.

Яшчэ цікавей пакаштаваць чым болей гатункаў з доўгага шэрагу з антычнымі назвамі і малюнкамі. “Перліна Арыстэя”. Восем год у дубовай барылцы. З самарэкламай на задняй налепцы — “Віно высокага майстэрства і традыцый мясцовых вінаробаў, выдатнай якасці, сапраўдная асалода для гурманаў”. Іх крыху смешыць, хутчэй бянтэжыць. Гэты старажытны грэцкі бог навучыў людзей вінаробству, а таксама вырошчваць аліўкі. Імя Эўрыдыкі, тым часам, вядомае лепей значна за імя Арыстэя. А менавіта ўцякаючы ад яго, яна наступіла на змяю і загінула: джала.

Фабіян калісьці вывучаў антычных аўтараў. Зрэшты, “у галопах па Эўропах”. Хаця старажытнае пісьменства вельмі прывабіла яго. Пакінула, прынамсі, жаданне некалі па-сапраўднаму пачытаць тэксты. Глыбока пераканала, што карані ўсяе літаратуры ў тых далёкіх часах, у пергаментах і папірусах, у гліняных таблічках. Што берасцяныя граматы — папросту мясцовая асаблівасць, каларыт.

Вывучаць недавучанае такім чынам — прыемнасць. Параіўшыся, спыняюцца на “Мускаце Арыстыя”. Сваіх ведаў недастаткова. На набярэжнай яны заходзяць у кнігарню ля высокіх кіпарысаў. У антычным слоўніку знаходзіцца патрэбнае імя: належала старагрэцкаму пісьменніку. Ён напісаў паэму пра міфічны скіфскі народ, пра арымаспаў. Яны мелі толькі адное вока. А-ля цыклопы. Абставіна гэтая крыху бянтэжыць Сабіну і Фабіяна. Хаця, прычым тут цыклопы? Віно прысвечана аднаму з самых першых літаратараў. Мець такую пляшку на стале — гонар, прыемнасць. Фабіян падлівае Сабіне. Паварочвае бутэльку і летуценна зачытвае: “Віно пераносіць чалавека ў свет мрояў і кахання”.

Раніцай пахне цёплымі букаткамі. Суседзі за сталом — сужэнцы з вялікага прамысловага горада, дзе кепская экалогія. Праз некалькі дзён пры нагодзе яны прызнаюцца, што абодва — “супрацоўнікі”. Напачатку Фабіян з Сабінай адносна яго так і падумалі. Потым ён прыйшоў на сняданне ў расшпіленай кашулі, з праваслаўным крыжам на ланцужку. І яны крыху завагаліся. Напачатку ніякай размовы — “дабрыдзень”, “смачна есці”. Адно абмяняліся звесткамі хто адкуль. У яго напэўна язва ці гастрыт, бярэ дыетычныя стравы, аўсянку. У кухараў нестабільны настрой. То смажаная чырвоная рыба, прысмакі, то абы-што.

Кандыцыянер, якім сюды завабілі Сабіну і Фабіяна, нечакана не вельмі патрэбны. Надвор’е негарачае. Зусім неспадзявана яны прыехалі са сваёй паўночнай спёкі ў паўднёвую прахалоду. Ім сказалі, што прывезлі з сабой дождж і палёгку. На дарозе іх заспела гвалтоўная залева, сапраўдная пляга. Міні-аўтобус, які спачатку спяшаўся, парушаючы дарожныя правілы, пачаў рухацца амаль вобмацкам, каб не быць змытым воднымі плынямі з гор. Другім разам дождж заспеў іх на пляжы…

Каўчэг, адплываў каўчэг. Фабіян спрабуе уявіць сябе на борце. Адчуванне на мяжы вусцішы. Стрыманая радасць, што адарваўся ад берага. А таксама, што пакінуты бераг хутка знікае ў хвалях. Як падчас бедства: цунамі, вывяржэння падводнага вулкана. Як знікае арда ў адмысловых шапках з чырвонымі зоркамі. Захлынаецца салёнай вадою. Вобмегам траціць сваю пагрозу, небяспеку, ваяўнічасць, бясследна трацячыся. Пекла, у якім нягорача. Фабіян ляжыць на пляжы з заплюшчанымі вачыма і бачыць, як вада ўзнімаецца, робячы горы каменнымі айсбергамі.

Радасць насельнікаў каўчэга і жах. Жах не дачакацца змяншэння вады, канчатку сусветнага патопу. Не дачакацца берага. Памерці з голаду. Са смагі, калі скончыцца або сапсуецца вада. У бочку пакласці срэбны сыгнэт, не забыцца. Святая вада, яна на срэбры, яна гаючая. Урыўкі думак. Як кідаецца конь у ваду, плыве за гаспадаром, які, скочыўшы з сядла, узбег па трапу парахода. І стаіць ля борта, здранцвеўшы. Зрэшты, Фабіян гэта сабе толькі уяўляе пад уплывам кіно. Нічога заганнага мысліць крыху шаблонна. Хаця няма ніякага шаблону, адзін кінапрыклад толькі вядомы, іншых папросту не існавала. Іх выгналі, яны ўцяклі. Панічныя ўцёкі, казалі пра іх.

Самі сабе падпісалі прысуд. Прыблізна так, магчыма, думалі камісары, сціскаючы кулакі на беразе, які патануў толькі ў фабіянавых думках. Шкадавалі, што вымкнуліся з рук. Ці прабачылі, махнуўшы абыякава рукой? Наўрад. Паляўнічы азарт не знікае да самага апошняга зацкаванага звера. І нават часова потым. Дагнаць, застрэліць, выкурыць з нораў, з логвішча, з берлагу. Ад пагоні вочы заплываюць крывёй, віно перамогі тлуміць галовы. Хтосьці шкадаваў, што няма аэрапланаў, няма флоту, затопленага у 1918-м. Хаця б адную субмарыну!

Гэтае мора, яно ці не тое Чырвонае, праз якое ратаваліся ад егіпецкай няволі? Ад нявольніцтва, абвешчанага свабодай? Знарочыстасць параўнання. Мора было Чорным, а ўцякалі яны ад чырвоных. Фабіян расплюшчвае вочы... Клубы, грудзі. Фабіян служыў у “супраць-паветранай абароне краіны” тут, блізка мора. Тое, што ў падобных да яго аматараў добрага року, напаўзабароненага тады, выклікала адно адмоўныя ўспаміны, пакінула ў ягонай душы досыць прыемных ўражанняў. Не само войска, якім ён таксама пагарджаў, а знаходжанне пад час службы на паўднёвых берагах субтрапічнага раю. Ніколі раней ён не бачыў мора. Ён яго палюбіў. Не хацеў з’язджаць. Яму жадалася не гэтулькі застацца, як папросту жыць ля мора. Хай нават халаднейшага, але якое значна бліжэй да ягоных мясцін.

Сабіна, яна нарадзілся ля іншага мора. З якога вылоўлівалі не толькі рыбныя касякі, але і бурштынныя пацеркі. Сярод дзюнаў, пад небам, у якім журботна крычаць мэвы. Побач з рэйдамі, занятымі ракетнымі крэйсерамі. З затокамі, як селядцамі бочкі, наладаванымі субмарынамі. І дзюнамі, за якімі хаваліся рухомыя краты радыёлакатараў і спараваныя цыгары ракетных комплексаў. Моры ў той краіне былі падобныя. Яны заўсёды лічыліся небяспечнай мяжой. Іх надзвычай пільна ахоўвалі. Публіка на пляжах старалася абстрагавацца. Ахова была падобнай. Адно радары, радыёлакатары і ракеты ў іншым разе хаваліся на вяршынях і сярод горных гаргараў, а не ў сасновых барах і выдмах. А падлодкі — у скалістых сховах. І птушкі над цёплым морам луналі вельмі буйныя і больш галаслівыя.

Горы над самым морам абаранялі пляжную стужку ад засушных стэпавых паўночных вятроў. Але гэта што датычыць геаграфічнай мапы. На штабных усё выглядала інакш. Генералаў мала займалі пляжныя радасці і ўжо амаль не цікавілі крыху кавовыя фігурыстыя харашунькі. Па генеральскай завядзёнцы іх нават не вельмі прываблівалі вінныя склепы ў горных сутарэннях. Генералам той арміі належала любіць гарэлку, не зважаючы на клімат. Незалежна ад яго. Тым, хто служыў тут, адно падабаліся дадаткова мясцовыя каньячкі. Але сапраўднай любоўю для іх былі штабныя мапы, у якіх яны плавалі, як рыбіны ў вадзе, то бок у моры. Адно, што пілі аднолькава шклянкамі, па-баявому.

Віно на тэрасе з марскім краявідам. Фабіян дзеля гэтага выцягвае з пакоя вялізны скураны фатэль з драўлянымі падлакотнямі. Скура тоўстая, у зморшчынах. З такой шылі калісьці крагі і скуранкі для авіятараў і аўтамабілістаў, сёньня — чаравікі для спецназу. Скураную гаргару яны называюць Сабакевічам, уладкоўваецца ў ёй зазвычай Сабіна. У талерцы марэлі, вінаград. Сыр. Залацісты, бурштынны або гранатавы струмень.

Смакаваць віно, назіраючы змены на моры. Рух караблёў. Марскіх аўтобусаў, якія спыняліся на кожнай самай малой прыстані, дастаўляючы пасажыраў. Яхты, рыбацкія траўлеры. Драўляныя шхуны. Адныя пераплывалі краявід злева направа або наадварот і знікалі. Іншыя шукалі сабе месцейка нанач. Часам нагадваючы ката, які пераборліва перакладаецца з боку на бок, змяняючы паставу, уперад як заснуць. Нарэшце кідалі катвігу. Калі пачынала цямнець, запальвалі ліхтары. Нейк па-хатняму. Сузіранне руху, прыгатаванняў да сну супакойвала. Так калісьці назіраў наступленне ночы ў пампасах славуты пісьменнік-авіятар з кабіны паштовага летака... Можа, яшчэ віна? Так, калі ласка. Ён адзначаў, пралятаючы над селішчамі і мястэчкамі, як запальваюцца агеньчыкі ў дамах, паўсюдзячы навокал у ночы цяпло камінка, сямейнага агнішча.

Увогуле Фабіяну пашанцавала са службай. Канечне, разам з астатнімі мусіў адбываць кухонны абавязак, хадзіць на варту і дзяжурствы па казарме і начныя баявыя, зрэшты, цэладзённыя. Змагацца са сном з навушнікамі на галаве. Але можна было паслухаць музыку, трапляліся і галасы. Шмат цікавага! Напрыклад: нават у нацыянальнай народнай арміі ГДР — можна піва, выхадныя — дома, віно, паляўнічыя каўбаскі. А пра армію ЗША і казаць лішне. З адкрытага мора добра было чуваць, яго люстра якасна адбівала, ствараючы перашкоды толькі ў шторм. Хаця штарміла часам падоўгу, асабліва што датычыла восені і халоднага сезону наогул. Абы афіцэр не заспеў. Хаця і самі яны карысталі з магчымасці.

Дзяжурства на гары. Пячора з капэ. Бункер. Абеды дастаўлялі “газікам” з даліны, дзе казарма і сталоўка, склады, штаб і салдацкая чайная. Грэчка, кавалак смажанай рыбы. Яйкі і шматок масла, якое ўлетку заўжды растаплівалася, насычала хлеб, на лусту якога клалі, каб не змарнаваць. У ленпакоі Фабіян, адаспаўшыся, спрабаваў штосьці выдумляць прыблізна ў літаратурным рэчышчы. Паміж лістамі, пісанымі ў тым жа сшытку. Пасля першага года службы стаў даволі шмат чытаць. Часам нават сёе-тое купляў, калі трапляў у кнігарню ў звальненні. І ў гарнізоннай кнігараньцы знаходзіў зрэдку цікавыя кніжкі.

Адчуваць сябе геаграфічна дастаўляла задавальненне. Фабіян у сваёй казарме пасля адбою засынае, усведамляючы, што за гарою мора, цёплае, чорнае ноччу мора. Цэлая прорва глыбокай вады з медузамі і дэльфінамі. А дзесь за морам іншае жыццё. Ідэалагічна варожае. Зусім-зусім не такое, не падобнае. Як дзень і ноч. Яны адчувалі гэта фізічна, не бачыўшы таго жыцця і не меўшы нават надзеі ўбачыць. Іх так вучылі. Паказвалі старыя-старыя чорна-белыя падрапаныя кінастужкі пра Ізмаіл і Чэсму. Кніжкі з малюнкамі. Патрыятызму навучалі. За морам уяўляліся накшталт запарожскіх казакоў — вусатыя ў шараварах і з чырвонымі фескамі або ў чалмах страшныя людзі з крывымі шаблямі. Бармалеі з дзіцячага фільма.

Але баранілі яны не ад іх, не ад аматараў кальяна і ятаганаў. Баранілі не ад нашчадкаў янычарскіх, ад натаўскіх “Фантомаў” і “Б-52”. І ракетнай зброі амерыканскай. Дбайна вывучалі назвы і сілуэты — летакоў, караблёў, субмарынаў, ракет — падводнага ды іншага базавання. Авіяносьбітаў. Гонка ўзбраенняў, псіхоз. І штучнае іх узмацненне. Бясконцыя вучэнні, начныя. Навалы бамбавікоў. Стаі крылатых ракет. Як хмары вострых атручаных стрэл персідскіх лучнікаў на калясніцах. Баявыя сланы. Заняткі — уявіць лёт такой ракеты, ляціць нізенька па-над морам, узнімаецца, агінае гару і Фабіяну з хлопцамі капут. Амаль немагчыма збіць, увогуле заўважыць. А нейтронная бомба? Жах! А ўсякая іншая трасца? Хмары саранчы — каб знішчыць ураджай, выклікаць галадоўлю.

Смак да антычнай літаратуры, цікавасць да амфар, размаляваных жыццёвымі сцэнамі, захапленне героямі старагрэцкімі прышчэплены яму тут, сярод сапраўдных элінскіх краявідаў з вечназялёнымі дрэвамі і вінаграднымі лозамі. Ён і паўночны кіславаты вінаград дробны потым таксама палюбіў... Як у кагосьці са старажытных? “Што рабіцьмем узімку? Слухай: агонь распалі, ды, не шкадуючы, у кубкі змяшчальныя лі хмель уцешны, ды ямчэй у цёплай бавоўне схавайся“. Фабіян не мог даць веры, калі выйшла вялікая кружэлка “Па хвалях маёй памяці”. Яе набыць было немагчыма, але адразу з’явіліся запісы. Штосьці зусім надзвычайнае, як на савецкія парадкі. Ніякага камсамола, ніякіх саладжавых тэксцікаў. Вершы Сапфо ды іншых класічных паэтаў. “Песня вагантаў”. Яе ён спяваў, хаця б у думках, калі не дазвалялі ўмовы.

“Ва французскай старане, на чужой планеце...” Уменне абстрагавацца. У казарменых умовах — гэта галоўнае. Каб не даць апанаваць сябе парцяншчыне, прыкрым армейскім завядзёнкам, ладу жыцця тупагаловых, якія як рыба ў вадзе пачуваліся. Кніжныя драўляныя салдаты. Сам Фабіян хутчэй заставаўся алавяным жаўнерыкам. Жыць унутраным жыццём. Мець уласны свет. Без ахвоты, без імпэту і пагатоў азарту выгукваць каманды і адказы, раўці ротныя песні. Нават не раўці, як іншыя, крыху падпяваць, калі побач прапар або яшчэ які-небудзь дзяжурны. “Плачце ж, мілыя сябры, горкімі слязамі...” Гэтак трымацца дапамагала райская мясцовасць. Яе гістарычны дух. Тая ж генуэзская крэпасьць — масток паміж напачатку антычным, потым скіфскім, затым надоўга — мусульманскім светам і сярэдневечнай Еропай. Можна было паразважаць на паперы наконт татараў, агульнай мінуўшчыны. Гедымінаўскі замак. Дзе пасялілі іхняга хана. Грунвальд, дзе знакаміта вызначылася татарская конніца…

Раніцы былі пазбаўлены гарадскіх гукаў, аўтамабільнага шуму, нядзельных царкоўных званоў. Сценаў і дахаў за акном. Выходзячы на тэрасу, Фабіян узгадваў, што насупраць павінен быў начаваць карабель. Увечары прыплыў і запаліў агонь. А сёмай ён яшчэ на месцы. Робіцца ўтульна. У думках успрымаецца, як амаль стары знаёмец. Але ўвагу міжволі забірае сонца. Як вадкае золата ў моры, што нібы патэльня вялікая з аграмадным мёдавым жаўтком. Іншым разам на ўсходзе ранкам у моры расплаўленае жалеза. Слепкае для вачэй. Глядзець немагчыма, можна толькі хуценька зірнуць. Ціхая, маўклівая раніца. Караблі прачынаюцца бязгучна. Толькі з усіх бакоў ад тэрасы крапае з трубак кандыцыянераў, якія гудуць, халодзячы паветра ў пакоях. Паступова там, на караблях, устаюць, мыюцца, чысцяць зубы, з’ядаюць сваю яешню і адпраўляюцца па справах. Мора для іх не адпачынак, праца. Не марнаванне часу, а заробкі хлеба. Раней, гаворыць каляжанка Сабіны, не было паліва, яны калываліся ля берага, прыкутыя ланцугамі.

Каляжанка з’явіцца літаральна на наступны дзень, проста з мора, прыплыве праз адзін пляж, паўсюль уваход па пропусках, а яна добра плавае. Караблі разыходзяцца, а Фабіян і Сабіна спускаюцца стромымі лесвіцамі да пляжа. Жудасныя лесвіцы, сотні прыступак. Але яны значна горшыя, калі трэба назад. Фабіян іранізуе: другім разам трапіў у вучэбку. Але гэта ўжо пасля пляжа. А на пляжы іх расшукала Сабініна каляжанка. Сабіна паведаміла ёй, што едзе адпачываць у Таўрыду. Яна таксама прыехала.

Бадай самы рамантычны момант. Караблі ўладкоўваюцца на начлег, ствараючы на вадзе, у цемры часовыя паселішча — з выгляду такія ж, як на беразе. Толькі ў моры менш дамоў і меней жоўтых вокнаў. І няма вуліц, калі не лічыць зіхатлівы ходнік ад пражэктара, які на мачце траўлера. На тэрасе можна запальваць святло, але тады не відаць мора і прысутнасць яго часовых жыхароў, падарожных, якія спыніліся на начлег у сваіх перасоўных гатэліках, што быццам ліхтарні папярэджваюць аб уласнай прысутнасці. Распаўсюджваючы навокал жоўтае святло. Lemon juice. Альбо апельсінавы. Разліты на чорную марскую роўнядзь. Жоўтыя начныя вочы невядомых звяроў. Магчыма, загадкавых марскіх пачвараў, якія ўдзень хаваюцца ад сонца і ад людскога вока. Ах! Трэба класціся. Апошні глыток вінца, затрыманы ў роце. Быццам раздушыў паднябеннем ды языком і затым разжаваў даўкую паўночную вінаградзіну.

Фабіян заплюшчвае вочы. На чорна-белым экране па высокіх хісткіх трапах уверх спяшаюцца цывільныя буржуазнага выгляду пад капелюшамі з сакваяжамі, трысцінамі, у пенснэ і акулярах, у скураных пальчатках панове, а таксама дамы, дзеці, гувернанткі. Мы не ведаем, а хутчэй здагадваемся, што сярод іх дактары, суддзі, адвакаты, універсітэцкія выкладчыкі, банкіры, купцы, стацкія ды іншыя дарадчыкі, дэпутаты, правадыры шляхецтва, земскія чыноўнікі, па-мешчыкі, паштовыя і тэлеграфныя службоўцы, чыгуначныя інжынеры, фабрыканты. Але фабрыканты без фабрык, інжынеры без чыгункі, паштавікі і тэлеграфісты без пошты і тэлеграфа, памешчыкі без зямлі і сядзібаў, земскае чынавенства даўно без земстваў, правадыры без шляхты, дэпутаты без Думы, стацкія дарадчыкі без міністэрстваў. А купцы без тавару, крамаў і параходаў, банкіры без банкаў, а калі з грашыма, то з абясцэненымі. Выкладчыкі, яны былыя, бо без універсітэтаў, без мікраскопаў і глобусаў, астралябій, адвакаты без прамоў і падабаронных, суддзі без мантый, дактары без лекаў і шпіталяў.

У агульнай чарзе ўзнімаюцца на сваю, ва ўласных вачах, Галгофу гімназічныя настаўнікі, вучоныя, прафесура, прыват-дацэнты, філосафы, паэты і празаікі, газетчыкі, актрысы з акторамі, рэжысёры правінцыйных і сталічных тэатраў, піяністы, скрыпачы, дырыжоры, Божа ж мой, тэнары, басы і сапрана, нарэшце шахматысты і нават балерыны і танцаўшчыкі. Хтосьці трымаў з сабой Біблію, хтось пару Пушкіных, нехта, можа, бляшанку з попелам, жменю зямлі, а іншы бутэльку масандры. Фотаздымкі, лісты з маркамі больш няіснай краіны, марныя купюры з Раманавымі… Адбываліся вялікія пярэбары нават не народа, пярэбары адукаваных вяршкоў, адмыслоўцаў. Неверагодна: слізгалі па леерах спрытнымі рукамі жанглёры, акрабаты, хадуны па канаце, паглынальнікі агню, кінжалаў, утаймавальнікі звяроў, картачныя фокуснікі, але й шулеры і таксама, клоўны, як жа без іх? Яны болей не былі патрэбныя, прынамсі не адчувалі сябе дарэчнымі, паставілі крыж. Засталіся далакопы, іх чакала праца, праўда, за яе перасталі добра плаціць, што ні дзіўна.

Напруж думку: ці яна, флатылія, якая не вернецца, здавалася каўчэгам, каўчэгам-караванам на свабоду? Ці каўчэгам быў сам Крым? Часовым каўчэгам, як хутка высветлілася. Які ім давялося спехам пакінуць, ратуючы свае душы, істоты, свае гонар і годнасць, жыццё. Сваю рэлігійнасць, сумленне, як ні дзіўна, сваю любоў да радзімы, да зямлі продкаў, да айчынных святыняў. Але з разбітымі надзеямі, з раструшчаным як царкоўны звон шчасцем, са згубленымі радасцямі. Уласна кажучы, без веры, пагатоў без цара і зусім без айчыны. З пахаванымі марамі, учорашнімі непатрэбнымі поспехамі, стлумленымі жаданнямі, марнымі планамі, колішнімі пражэктамі, з недарэчнымі сёння памкненнямі, з пакінутымі ў іншым жыцці каханнямі, вянчаннямі, шлюбамі.

Не толькі мысленыя спробы сягнуць унутр, зазірнуць пад скуру, Фабіян працягвае сачыць за нямымі сёння падзеямі, за рухамі людзей, якіх больш няма, кінахроніка працягваецца. З берага, які робіцца небяспечна землятрусным, на — хай больш бяспечную, але не да рэшты дабранадзейную палубную паверхню дробнай салдацкай хадою кіруюць вайскоўцы: са сцягамі, пры пагонах, узнагародах, са зброяй — з шаблямі, рэвальверамі, са стрэльбамі і кулямётамі. Казакі, канечне. Жандары, паліцыянты, турэмныя наглядчыкі таксама. Бацюшкі з матушкамі, з крыжамі, абразамі і нават харугвамі, не пакідаць жа, але без святой вады, без царкоўнага кагору і прасвірак, толькі са свечкамі, з грамніцамі, яны лягчэйшыя і месца меней займаюць.

Глядзіш на тыя даўнія чорна-белыя паражэнскія пярэбары, ліхаманкавую пагрузку на караблі і стрэмкай адчуваеш нечаканую думку пра кінааператараў. Бо мы сёння толькі менавіта дзякуючы ім маем візуальнае уяўленне, прычым дакладныя веды пра тое, што тады адбывалася. Яны працавалі на прычале, яны грузіліся са сваімі грувасткімі апаратамі ў апошнюю чаргу. Ім неабходна было захаваць стужкі, знайсці ўмовы ў Стамбуле, каб праявіць кінахроніку. А калі гэта здымалі для ЧК? Таксама магчыма. Хто мог перашкодзіць, арыштаваць, застрэліць? Ніхто не звяртаў, напэўна, асабліва ўвагі.

Сцягі, якім больш ніколі не трапіць у бой, не стаць пагатоў пераможнымі, якім наканаваны моль і нафталін. У лепшым разе музейная вітрына для вузкага кола. Некаторыя, праўда, трапілі напачатку ў храмы, але ў ніякім разе не ў штабы, не ў казармы, не ў цытадэлі. Якая карысць ад іх у храме, сваім ваяўнічым прызначэннем яны супярэчаць яго духу, само знаходжанне ў царкоўных сценах — дысананс. Злашча, як паказаў час, яны, некалі баявыя, выветрыліся ад пораху, але па-ранейшаму вайсковыя, стваралі пазней небяспеку для эмігранцкіх цэркавак і святароў. Не заўжды, але даволі ў шмат якіх выпадках. Хай сціплыя, амаль сарамяжлівыя, згорнутыя, без прэтэнзій на большае, яны захоўвалі небяспеку сваімі арламі, божым тварам, крыжамі, сваімі “яцямі”, сваёй былой славай і нават, нават апошнімі і канчатковымі паразамі, сваёй біяграфіяй.

Калі быць бесстароннім, гэта не былі насамрэч панічныя ўцёкі, як абвясцілі адразу пераможцы, як ім хацелася лічыць да ўласнага здавальнення, дзеля славалюбства, умацавання свайго геройства, сваёй у рэшце рэшт выніковай перамогі. Не, гэта не былі зусім уцёкі, хутчэй адыход. Дай Бог любой іншай арміі адысці з пазіцый у шыхце з прымкнёнымі штыхамі, пакінуць зямлю, якую абаранялі з апошняй сілы, да скрайняй магчымасці, адысці гэтак жа пад сцягамі, з аксельбантамі, ганарова, і вочы не трэба было хаваць адным ад адных. Ганьба з гонарам напалам. На жаль.

Хто хацеў, той узышоў, нават хай няпэўным сумнеўным крокам, на апошні хісткі бераг радзімы, на карабельную палубу, як на каўчэг. Хто перамог ваганні, хто адчуваў фізічны жах да навалы, што імкліва сыходзіла з гор да мора. Хто не знайшоў ў сабе волі, не адчуў рашучасці, хто размяк, лічачы, што бацькаўшчына даражэйшая за паратунак, што ахвяруецца дзеля яе, хай рызыкуючы, што пераможаных не судзяць, што ў рэшце рэшт не ўсім хопіць месца на борце. Прыгнечаныя, спустошаныя, здратаваныя маральна чырвонай конніцай, яны знябытыя, знявераныя, зламаныя, знішчаныя ўнутрана і абы-якавыя да ўласнага лёсу. Яны, хто рызыкаваў, хто застаўся нязрушна на месцы нібы камень, грувастка, няўцямна, нічога не адчуваючы, нават страху. Хаця кожны ўглыбках душы меў дробныя жарынкі, жменьку прыску, які ледзь цьмеў, але захоўваў у сцюдзёнае лістападаўскае надвор’е рэшткі цяпла, рэшткі надзеі, што не загіне, што ацалее, хай нейкім дзівам, цудам, але павінен застацца жывым. Пашкадаваць павінны новыя гаспадары апошняга кавалка, архіпелага краіны, апошняга яе берага, з якога змыла марской хваляй усіх нязгодных, хто не скарыўся, не пагадзіўся, не ўтаймаваўся. Яны, хто застаўся, усе яны смяротна памыліліся, яны падкінулі ў паветра манетку, але не здолелі яе злавіць: раптоўна запанавала цямрэча. Заслона не апусцілася, упала. Як зрынаюцца знічкі ў густым крымскім небе.

У спешцы эвакуацыі, у атмасферы безнадзейнасці, фатальных настрояў, краху, у панічным страху ці пакінулі яны сваю агентуру? Генерал Клімовіч? Ці проста ў роспачы спалены ўсе масты, абрэзаны драты, спынена сувязь, адцяты як навостраным нажом альбо сякерай ад матчынай пупавіны. Сваіх прыхільнікаў, людзей з гартам, якія заставаліся свядома, каб рыхтаваць, але рыхтаваць што? Мяцеж? Ці вяртанне арміі, высадку на бераг, які яна цяпер пакідала? Але прыклад з гісторыі — высадка замежных войскаў, Крымская вайна, быў няўдалым, непераканаўчым, безвыніковым, не дазваляў спадзявацца. Праўда, гэта былі чужыя арміі, хаўрус ворагаў, што конча істотна. Але ці рэальна арміі, якая здала пазіцыі, адступіла з апошняга свайго поля бою, прычым не за дэмаркацыйную лінію, не засталася дзесь побач, адступіла за марскую нетру ў зусім чужынскі край, ці рэальна спадзявацца, цепліць кволую надзею, што яна не расцярушыцца, не змалее, не сыдзе ў пясок нібы абязрушаная хваля, сканалая, а набудзе новае дыханне, адчуе свежую кроў у жылах і нагэтулькі ўзмацнее, што рашуча наважыцца не проста вярнуцца назад, каб зрабіць адчайную спробу высадкі на заняты праціўнікам бераг, але каб замацавацца на ім, застацца, перамагчы? Не самагубчы чын здзяйсніць, не з мэтай памерці на крымскім беразе са зброяй у руках… Рытарычнае бадай пытанне. Ці магчыма зноўку ўвайсці ў ваду, якой болей не будзе? У жаху і болю, сцяўшыся, яны пакідалі небяспечны бераг у полымі.

— Генерал Клімовіч, ці не сваяк твой часам, Сабіна?

— Можа, але хутчэй аднолькавае прозвішча проста.

— Урангель успамінаў потым, як вельмі хутка Клімовіч вынішчыў у Крыме бальшавіцкую агентуру, нездарма паставіў яго контр-разведкай кіраваць. Дый землякі, гэта не апошняй абставінай было, напэўна.

— Не, не, у нас дакладна не было паміж сваякоў такіх, такіх, карацей жорсткіх, генералаў увогуле тым больш, не было.

— Усё гэта толькі ў пэўным сэнсе настальгічныя моманты сёння, усяго толькі. Напрыклад вось: адзначаюць свята Беларускага гусарскага палка, генерал Урангель вельмі падбаў. Сказаў палымяную прамоўку перад конным шыхтом. Ён прайшоў па ўсіх эскадронах і выпіў у кожным па чарцы, а затым быў абед з афіцэрамі.

— Калі такое было?

— У 1917-м, на Румынскім фронце.

— Ты сказаў — ён падбаў тады…

— Ну, я чытаў, што ён паслаў да румынаў, каб набылі воз віна і ў кожны эскадрон выдалі па барылцы, каб узняць настрой гусараў, нашых, беларускіх. Добра, забудзем. Хаця, вось яшчэ: наш Ермачэнка быў ад’ютантам у генерала. Праўда, брахлівыя газеткі абзываюць яго вельмі дрэнным чалавекам, але ў іх усё выклікае нянавісць…

На суседнім пагорку, зусім побач са “Шчытом і мячом” музей савецкага пісьменніка: дом сярод дрэў і хмызоў з вокнамі кабінета на поўдзень, на бязмежную марскую прастору, нават балконік ёсць. Фабіяну крыху зайздросна: у такім месцы, у такіх умовах жыць і пісаць кнігі… Ці задумваўся той, ці ўзнікалі ў галаве яго карціны вялікага зыходу Белай арміі? Не маглі не ўзнікаць. Да слова, порт, месца адпраўкі апошняга Белага каўчэгу, ён справа, крыху далей, але таксама бачны адсюль.

Тэма, аднак, была хісткай, небяспечнай, навошта чапаць тое, што можа выбухнуць, апаліць, моцна параніўшы ці нават заб’е да смерці? Пісьменніцкія шэрагі й так прарэджвалі з дбайнасцю стараннага гаспадара. Вышукваючы, прасвечваючы, спрабуючы літаральна на зуб: ці не фальшывая манета, ці дакладна адмерана чырвонага золата, ці няма хібных нотаў, ці не праглядаецца скажонай перспектывы, ці не бляклыя фарбы або, наадварот, занадта змрочныя, чорныя, брунатныя, ці не чутно дысанансу, ці няма, не праглядаецца скрыўленне галоўнай лініі? Як з чужынскімі ўплывамі, з варожымі настроямі, папутніцкімі поглядамі? Ці няма неадпаведнага прысмаку, непрыемных пахаў, заморскіх пернасцяў, шкодных поглядаў? Падазроных, здзеклівых, іранічных інтанацый?

Няпэўны шлях немалой грамады, насельніцтва даволі вялікага горада, якое апынулася на вадзе нібы ў чаканні біблейскага патопу. Ды што там казаць: насельніцтва крымскай дзяржавы. З усіх партоў адыходзілі ў мора перагружаныя судны, дзесяткі і дзесяткі, не касякі птушак у небе, а караваны з людзьмі па хвалях кіравалі ў вырай, каб не вярнуцца. Шлях такі ж няпэўны, як хісткай была цяпер палуба ў час абавязковых восеньскіх штормаў. Вагаўся абмежаваны свінцова-шэры краявід у вачах, безупынна вагалася само мора, хвалявалася, гушкаючы, змагаючы.

Фабіян у галаве, перад унутраным зрокам, пракручваў туды-назад кінастужку, з кожным разам атрымлівалася крыху інакш, з узмацненнем, выяўляючы першым разам някідкія, менш заўважныя моманты, на якія не звяртаеш увагі, бачачы на экране перш усё буйное, больш агульнае. Уласцівасць зроку, яго ўзаемадзеяння з мозгам, якому дасылае сігналы пра фіксаваныя візуальна аб’екты, дзеянні, рух.

Другі мясцовы пісьменнік жыў пад гарой, на якой пісаў свае творы той, першы, пра якога Фабіян узгадваў папярэдне. У гэтага быў дом больш шыкоўны, нагадваў хутчэй вілу на набярэжнай, на самым праменадзе, з шэрагам унушальных пальмаў перад фасадам. Таксама цяпер музей: грувасткі стол, грувасткая пісьмовая прылада з чарніліцамі, грувасткі драўляны гадзіннік на падлозе, накшталт трафейных, што з Нямеччыны прывозілі. Пішучай машынкай ён не карыстаўся, меў машыністку. А потым выдавецтва, рэдактура-карэктура, цэнзура і гэтак далей. І можа быць нават сталінская прэмія пры канцы адпрацаванага ланцужка. Зрэшты, ён і быў лаўрэатам.

Адзін пісаў пра тое, як конная чырвоная армія ачысціла Крым ад белагвардзейцаў, пра стварэнне калгасаў, барацьбу з засухай, ірыгацыю і ўраджай бахчавых. Другі, які жыў зверху і бачыў мора значна шырэй і на большую адлегласць, стараўся быць хоць крыху нейтральным, наколькі магчыма ў тыя часы, пісаў пра рыбаловаў, тутэйшых вінаробаў, у яго атрымліваліся някепска марскія аповесці і нават антычныя сюжэты на мясцовым матэрыяле. Той, які жыў у кідкім месцы, на шыкоўны дом якога заўжды зважалі адпачыннікі, зрабіў бяспройгрышны крок — напісаў эпапею “Чарназём”: як гераічныя савецкія людзі эшалонамі возяць чарназём у цэнтральны засушлівы Крым, каб ператварыць яго ў квітнеючы пладародны сад, у сапраўдны, а не выдуманы зялёны рай, возяць адтуль, дзе тлустую глебу не ведаюць куды падзець.

Фабіян спрабуе думаць у рэчышчы, як яму хочацца патрапіць, у якім маглі разважаць уцекачы, спрабуе рэканструяваць чужыя думкі, настроі, пачуцці, але разумее, што гэта вельмі прыблізна атрымліваецца. Не можа ён, які ў другім пакаленні нарадзіўшыся ў новай краіне пераможцаў з сярпом і молатам, пражыўшы цалкам ва ўмовах, створаных імі, у гісторыі, якую яны прыдумалі, вартаваўшы тут, на скраі былой райскай зямлі іхні лад, іхнюю рацыю, іхнія погляды, заваёвы, іхнія ваяўнічыя паводзіны нарэшце, іхняе месіянства… Яму не надта прыемна, але ён разумее, што ў яго, аднак, лепей атрымліваецца мысліць у рэчышчы, уласцівым для тагачасных пераможцаў, а не ў рэчышчы думак вымушаных ўцекачоў.

Разбураны былы гарманічны парадак, дзе яны пачуваліся дома, у сваёй талерцы, гаспадарамі, знішчана мінулае суладдзе, зніклі лагічныя сувязі, адбыўся зрух у часе і прасторы. Ранейшы сусвет зруйнаваны да падмуркаў, люстэрка раструшчана, талерка разбіта. Ці магчыма склеіць хаця б разарваныя на шматкі старыя фотакарткі? Не, Фабіян не цешыць сябе вялікім спадзяваннем. Апынуцца ў шкуры адрынутых задача вялікацяжкая. Памежны стан паміж жыццём і смерцю, рэчаіснасцю і вар’яцтвам, надзеяй і роспаччу. Новая, нявывучаная роля, няма ніякіх тэкстаў, ніякіх падказак: адгэтуль і назаўжды — ні госць, ні гаспадар.

Міжволі ў галаве Фабіяна пачынае выбудоўвацца план: як варта было дзейнічаць Урангелю, як найлепей бараніць ідэальна абкружаны морам паўвостраў, злучаны з мацерыком вузкай пупавінай, ён быў нібы створаны Богам для абароны. Фабіян спрабуе адхінуцца ад думак: глупства гэта, недарэчна ўсё, гісторыю не перапішаш, старыя штабныя карты не перакроіш. Ён разумее, што Урангель бадай не мог замкнуцца ў Крыме, трымаць кавалерыю ў стойле, чакаць зімы. Яму трэ было даводзіць, перш Антанце, і сабе не ў апошнюю чаргу, што армія на нешта здатная, не толькі да абарончага хавання ў крымскім мяшку. Арміі патрэбны рух, перамогі. Асабліва пасля паразаў, уцёкаў, фатальнай эвакуацыі ў Крым. Хаця, як на цвярозую галаву, ён не мог не разумець, што бадай трэба ўмацоўваць свой амаль востраў з усіх бакоў, на самых небяспечных напрамках. Менавіта кругавая абарона найбольш можа працягнуць існаванне, як ён сам называў — апошняга берага свабоднай зямлі.

Крымская армія, выступіўшы вонкі, вымкнуўшыся часова на стэпавую прастору, не была здатнай, ніяк не магла доўга развіваць наступ, бясконца пашыраць фронт, бо ў любы час плеўка расцягнулася б і лопнула. Нельга бясконца дзьмуць у шарык. Гэта не кажучы пра бясспрэчны, няўмольны факт: яе напружаныя высілкі з поўначы гнялі адной толькі ўжо сваёй вагой, цяжарам, масай значна большыя чырвоныя арміі. І яна, крымская армія, неўзабаве сама, без ніякай каманды, адчула, што далейшы рух наперад самагубчы. Яна расцягнула лукавіну фронту да небяспечнай мяжы, калі ён неўзабаве пачне свіціцца нібы старое радно і стане зусім некантралявана ў самых нечаканых месцах лопацца, дзерціся і вызваленую часова тэрыторыю заліе як атрамантам чырвоная конніца.

Так-так, крымская армія ў рэшце рэшт адхінулася, адхапіла руку, як ад напаленага жалеза, як ад полымя, стала выдыхацца як адкаркаванае нават не віно, а хутчэй піва, самаадвольна адрэагавала, як рэагуе жывая губка ў небяспечнай сітуацыі. І пачала сціскацца чыгрыннай скураю, змяншаючы імкліва заняты раней абшар, грамадзячыся на ўваходзе, загушчаючыся, каб закаркаваць, запячатаць нібы сургучом бутлю. Але не выйшла, яна працягвала залівацца назад праз рыльца, як у пушчанай адваротна кінастужцы, у судзіну паўвострава. Атрымлівалася старая амфара з цяперашняй марачнай мадэрай. Яе разлілі па келіхах, але вярталі назад, не выпіўшы, не адсвяткаваўшы перамогі. Злівалі, каб захаваць да заўтра, проста каб не змарнаваць, пра новы прыдатны выпадак ніхто ўжо не думаў, спадзяванняў не заставалася нават у самых крамнёвых.

Сабіна з Фабіянам з цікаўнасцю разглядаюць вінныя вітрыны, чытаюць назвы і звесткі. Яны ўпершыню апынуліся перад крымскімі шэрагамі віна, якія нечакана вельмі разнастайныя. Так, бывае, апынаешся ў іншай краіне ў кнігарні, дзе ўсё табе цікава. Але як немагчыма набыць, прачытаць тым больш, столькі кніжак, так няма сэнсу марыць пакаштаваць вялікую лічбу вінных гатункаў. Адкаркоўваючы над морам бутэльку з бурштынным віном, Фабіян задумваецца ўголас:

— А цікава: якое віно пілі яны тады, шмат пілі ці не? Ці былі нейкія абмежаванні? Лёгка яго было набыць, атрымаць?

— А можа ім у пайку выдавалі, такое немагчыма? — прапаноўвае Сабіна свой варыянт.

— А нявыключана. Можа, хіба не ўсім. А ў бронецягніках, у бронеатрадах, лётчыкам, канечне. На караблях, само сабой.

— Але такое, як мы з табой на вуліцы пакаштавалі, з бочачкі, як ты хацеў.

— Таннага, напаўдэсертнага? Вельмі верагодна. Хаця штабісты, контрразведка, яны мелі лепшае, напэўна ж.

— А ўжо матросы потым хапалі пад руку што трапіцца, што кепска ляжыць, ці не?

— Матросы — вядома ж. А вось да іх у розных палках, у розных частках магло быць сваё віно нумар адзін, свой гатунак. Мелі ж яны ўсе адметныя колерам фуражкі, шэўроны свае, штандары. Быў выразны падзел, захаваўся нават у эміграцыі: авіятары, кавалерыя, бронебатальён, карны, артылерысты, юнкеры і на палкі таксама паасобныя.

— Марскія афіцэры аддавалі перавагу рому, а медбраты — спірытусу, як ты думаеш?

— А мне думаецца, адным больш падабалася масандра, іншым магарыч, а некаму “Слёзы Учан-Су”, вось і ўсё, на што мне фантазіі хапае рэальна, хаця гэта ўсё цікава. Нам толькі застаецца ўспомніць пра іх за шкляначкай сёння.

Фабіян падсумаваў: які цуд — віно! Сонца, хмель, сокі вінаграднай лазы, але й здароўе таксама… Усхапіліся з-за стала, не паспеўшы дагаманіць, дапіць. За іх дапілі іншыя, не пагрэбавалі, паклаўшы побач на стале наганы. Каб тых, хто не паспеў эвакуявацца, не здолеў ці не пажадаў, як звяроў зацкаваць, выгнаць з нораў і абмыць удалае паляванне на тых, хто не аказваў супраціву, на бяззбройных і, захмялеўшы ад лёгкасці крыві, адсвяткаваць расстрэлы, учыніць баляванне пераможцаў, якім у рукі трапілі трафейныя гарматы, браневікі, бочкі з порахам і віном і ўчорашнія ворагі…

Прафесар антычнасці, які чакаў судна, трымаў у галаве выбітыя ў крымскім камені сентэнцыі, парады, эпітафіі, не зважаючы на ўсе навалы — захаваныя праз вякі, каб ён змог напісаць нечаканую дысертацыю, выступіць з бліскучым дакладам у імператарскім таварыстве аматараў старажытных тэкстаў, выдаць іх пад саф’янавай вокладкай, зрабіць фурор у вучоным свеце. Ён адчуваў сваю непатрэбнасць, чужацельнасць у іншым жыцці, часе, свеце, які гіганцкай хваляй насоўваўся з поўначы, з-за гор. Прафесар не дадумаўся сабраць калекцыю, проста занатаваць хуткай рукой сяк-так запісы папярэдняй царскай эпохі і самыя апошнія, якія адлюстроўвалі змену ўладаў, запісы, што згінуць пасля іхніх уцёкаў. Ён не мог таксама падазраваць, які своеасаблівы росквіт новых надпісаў чакае Крым заўтра. Будучая ўлада жыць не магла без транспарантаў, плакатаў, заклікаў і пагрозаў. Сцены, вуліцы і плошчы павінны былі крычаць новай моваю, лаяцца, рагатаць, здзеквацца, у ніякім разе не маўчаць.

Фабіяну сёння вядома тое, чаго не маглі ведаць тагачасныя ўцекачы: дзясяткі газет, якія размножыліся пры Ўрангеле, будуць знішчаны, каб следу не засталося ад таго, няіхняга жыцця, ад страхаў, турботаў тых, хто не жадаў здавацца, не жадаў падпарадкавацца, хто ўсё што мага рабіў, каб не трапіць у жалезныя рукі, не апынуцца ў пад’ярэмным стане, каб вымкнуцца на волю, хай гэта абернецца беспрытульным лёсам, хай яны стануць бяздомкамі, але свабоднымі, што праўда стануць вымушана, гвалтоўна, бо — выгнаныя, сапхнутыя з берага пясчанай бурай, смерчам.

З жалезных абцугоў махіны, якая падрыхтавалася няўмольна-дбайна разлічыцца з кожным, хто не паспеў эвакуявацца, не трапіў на борт уцякацкага каравана з караблёў: для яго не хапіла месца ці ў апошні момант у яго апусціліся рукі. Для махіны няважныя матывы, акалічнасці, яна — прылада помшчання тым, хто апынуўся паміж молатам і кавадлам. Так, рухаліся жорны гісторыі, пра якія пажадана максімум толькі пачуць часам, чымсьці трапіць у іх.

На думку Фабіяну міжволі прыходзяць згадкі пра хімію, фізіку. Вадкасці, судзіны, шчыльнасць адрозная, агрэсіўнасць. Карозія, іржа, кіслотнасць, растварае нібы скуры дубіць. Змешваюцца вадкасці, якія маюць супрацьлеглае паходжанне, не спалучаюцца, у прыродзе не існуюць разам. Якія магчымы вынікі? Алхімічная рэторта. Штучнае золата? Уяўны філасофскі камень? У рэчаіснасці чаго дасягнулі? Біблейскага міра, хіба, але без ладану й золата, дакладна.

Існуе мноства рэчываў, якія ніяк не рэагуюць паміж сабой, якія бяспечныя адносна сябе, каталізатар нічога не змяняе, ці хай акселератар, калі ўспомніць механіку. На справе існуюць таксама такія, якія не змешваюцца, не ўступаюць у рэакцыю, ператвараючыся ў нешта новае, але яны ўзаемна выцясняюцца. Агрэсія: хто каго?! Вынішчыць, масай выцясніць, выдушыць, перакрэсліць. Як жалеза выплаўляюць, ліюць у пясок.

Дагэтуль дзве сілы ўзаемадзейнічалі, шукалі пастаяннага кантакту, як паветра дзеля падтрымання тэмпературы гарэння. Так-так, яны прагнулі выкрасаць іскры, запальваць агонь, выклікаць выбухі, ствараць знішчэнні. У тую сцюдзёную фатальную восень ніяк белае не спалучалася з чырвоным. Сумесь атрымлівалася выбуховая. Крым зусім не нагадваў палітру мастака, не напамінаў шклянку з вадой, каб змяшаць акварэлі. Відавочна: у лепшым разе выходзіла славэтная крывавая Мэры. Падзеі той восені нагадвалі звыклае механічнае дзеянне: адну вадкасць выпускаюць, закаркоўваючы дбайна дно. Можна выцерці рукі.

Калі яны адплывалі, стоячы спінамі наперад, не маглі не ўзнікаць у некаторых галовах цьмяныя, неканкрэтныя думкі пра Траянскага каня. Вось каб жа такое стала магчымым! Толькі не драўляная конская статуя, не. Вялізны танк з пачаткаў Першай вайны, жалезная гаргара, што спараджала паніку сярод салдат, нават калі ён рухаўся не насустрач ім, а ззаду, рухаўся ў адным з імі напрамку, з адной мэтай. Нібы аграмадная жалезная жывёліна-выкапень, злавесна павольны вусенічны монстр памерамі, выглядам, а тым больш рухам выклікаў сапраўдны жах, спараджаючы дрыжыкі ў акопах, якімі б надзейнымі яны не былі. Прымушаў людзей закопвацца ў зямлю, хавацца глыбей, шукаць нораў бы зверы й полазы. Танкі паўзлі ў гушчыні выбухаў і страляніны быццам перасоўныя фартэцыі з гарматным агнём. А можа Фабіяну так толькі здаецца і думкі наконт каня Траянскага — адно яго ўласныя фантазіі. Ці да антычных рэмінісцэнцый ім было, ці мог хтосьці ў тыя хвіліны складаць у галаве пражэкты хаця б таго, што пазней назавуць пятай калонай? Дый з сымболікай было б складана. Як вызначыць хто ёсць хто? Алена — гэта хіба Расея, якую выкралі чырвоныя? Ці Траянскім канём быў часова Крым, які не ўдалося ўратаваць? Як голка у вушка трапіла скрозь вузкі перакопскі калідор чырвоная конніца, разгарнулася, ашчэціўшыся тысячамі шабель, пік, штыхоў, скіраваных уперад, у бок уцякацкіх плоймаў. На пакінутым беразе засталіся каты і сабакі, і коні, якіх пагатоў забраць было немагчыма. Так пазбываюцца на паветраным шары ці ў шлюпцы лішняга баласту.

Узняць трап, аддаць швартовы! Абрыў, прорва, пустата. Сціснулася роспачна сэрца, перацяла паветра. Халодныя хвалі, штармавое мора, нізкае змрочнае неба, сцюдзёны вецер, ёдкія салёныя пырскі. Смак развітання на губах. Раны гояцца часам, гэта чакала іх яшчэ далёка наперадзе, не хутка, праз гады. А цяпер марская соль толькі пачынала яшчэ мацней іх развярэджваць.

Праз Чырвонае мора, каб выратавацца з палону егіпецкага і рассеяцца па свеце, вельмі ў значнай ступені растварыцца з цягам часу ў замежным асяроддзі. Але Чорнае мора страшнейшае. Яно сапраўды чорнае-чорнае, яно — прорва, бездань. Усё: прыцісні мацней здымкі людзей, якіх больш не ўбачыш — не толькі памерлых, тых таксама, якія засталіся ў пастцы. Так і краявіды роднай краіны, яны цяпер толькі на фотакартках. Краіны, якая засталася ззаду, ва ўспамінах, у снах, у мроях, якая не знікла, але з’іначылася, стала супрацьлегласцю. Якая зрабілася забароненым плодам, экзатычным фруктам, каляровым, святочным, але з чырваточынай, з нябачнай пагрозай атручанасці.

Эфект, адваротны фотапраяўцы: выява пачынае траціць выразнасць, абрысы спакваля раствараюцца, канкрэтыка знікае, берага болей няма, ёсць толькі цёмна-шэры краявід, суцэльная нежыццёвасць, брудная пляма, усё, краіна не існуе. Як ты для яе, зрэшты. Якісьці візуальны падман, міраж, брыдкія кепікі.

Каб напоўніць бурдзюк новым віном, спачатку трэба выліць з яго сапсутую ваду, прынамсі застаялую, што задохлася, рэшткі. Каб спадзявацца на ўдачу, мець поспех, каб выйграваць, трэба дыктаваць свае ўмовы, правілы гульні, спрабаваць прынамсі, не адседжвацца на барыкадах, не марудзіць, не здаваць ініцыятыву ў чужыя рукі. Трэба не пушчаць праціўніка на сваё поле, да ўласнай брамы не дазваляць наблізіцца, бамбардаваць яе.

Можа быць ён забыўся, а можа проста часы не тыя, толькі калісьці абарона замка, горада за сценамі, фартэцыі былі звычайнай справай, будзённай практыкай і зусім неабавязкова безнадзейнай, не заўжды замкі заваёўвалі штурмам і аблогі былі конча выніковымі. Хаця без вонкавай дапамогі адкінуць ворага ад муроў сапраўды задача найцяжкая, хто б спрачаўся?

Але ж ён, генерал Урангель, якраз і схапіўся за безнадзейную, лічы, справу, разумеючы гэта, за справу, даведзеную амаль канчаткова да катастрофы. Ён пераняў яе ля самай апошняй тады рысы. Гонар афіцэра, нязбыўная прага славы, спадзяванне на шацунак, ледзьве не на цуд? Магчыма, але абавязак кожнага здатнага свядомага чалавека паспрабаваць зрабіць максімум што ты можаш і крыху болей, каб перасягнуць сябе, пажадана крыху болей, тады ў яго не будзе важкіх падстаў для раскайвання. Генерал Урангель гэта й зрабіў бадай, хутчэй за ўсё нават так, няма сумневу.

Фабіян не адчуў зусім сябе на месцы генерала, у яго ролі, не ўявіў сябе ім, а нібы мыслена прымерыў да сябе не яго абавязкі, а хутчэй нават місію, прыгледзеўся да становішча, прыслухаўся да гукаў гісторыі, бо галасоў, у яго не было ілюзій, пачуць было немагчыма. Рэальна толькі знайсці на больш бязлюдным беразе марскую ракавіну і прыкласці да вуха. А пачуўшы роўны манатонны пошум, паспрабаваць уявіць.

Сёння Крым чыніўся ў фабіянавых мясцінах. Абуджаныя да свабоды, яго землякі з цяжкасцю пазбываліся летаргічнага сну, але вольнае паветра рабіла сваё. Яны — нашчадкі рыцараў, яны — рыцарская нацыя! Сцяг з конным рыцарам залунаў над краінай… Але каторы ўжо год краіну зноўку дратуе чырвоная конніца, паўторнай навалы якой не атрымалася пазбегчы. Што зробіш, няма рады, у наш час роля рыцараў — перамагаць маральна. Але гэта цяжкая перамога, не раўнуючы Пірава і амаль уяўная. Перамога-параза насамрэч, калі быць шчырымі.

Крымскага зыходу пасля забароны рыцарскага сцяга, аднак, не адбылося, рыцары вымушаны хаваць свае твары, каб не вельмі вылучацца натоўпу. Яны застаюцца белымі варонамі. Яны ператварыліся ў ордэн пераследаваных, уцісканых духоўна. Аднак ім не нашываюць прымусам нейкіх жоўтых зорак, свайго рыцара яны, часам прагнучы ўзняць забрала, чапляюць сабе самі — на берэт, капялюш, на штрыфель або пад ім — гэтак болей бяспечна.

А яны якраз адразу апынуліся ў аблозе, не маючы на большае сілаў, ці лічачы што не маюць. Яны самі, можна сказаць, замкнуліся ў сваім Крыме, у сваёй старой крэпасці, ужо нечакана радыя, што здолелі атрымаць цытадэль. Але яны не рабілі наступу падобна генералу Урангелю, яны самі сябе абмяжоўвалі, не ведаючы навукі ваяваць, не разумеючы сапраўднай кітайскай дыпламатыі, не знаёмыя з кампрамісам, з манёўрам, не разумеючы патрэбы хітраваць, не прымаючы закуліснай барацьбы.

Хто апынуўся на чале рыцараў, выявіўся або мяккарукім інтэлігентам, або няўжыўчывым жоўчным рамантыкам. З адкрытым забралам — гэтага аказалася недастаткова, замала. Каб спадзявацца на поспех, пагатоў у рэшце рэшт перамагчы па-сапраўднаму. Хто прэтэндаваў на першую ролю, дзейнічаў у адных выпадках наіўна, ідэалістычна, у іншых — тапорна, груба, непрыхільна, раздражнёна, адштурхоўваючы.

Сабіна згаджаецца з Фабіянам, але кажа, што справа была бадай безнадзейнай, тым больш з тымі выканаўцамі, якія далучыліся. Хаця яна зусім не крытыкуе, не: інтэлігенцыі перамагчы босых, голых, галодных немагчыма было ў 1920-м, немагчыма было й цяпер: па-рыцарску, з рытуаламі і рэверансамі, з гонарам і годнасцю. На жаль. Якія вузкія рамкі для чалавека насамрэч у жыцці! Мы нават не задумваемся… Афіцэрства, “вяршкі”, што іх чакала на поўдні? Чайхана, караван-сарай, усюдыісны дэпрэсіўны голас муэдзіна?

Праз вейкі, амаль заплюшчыўшы вочы, Фабіян бачыць сілуэтныя цені пляжнікаў. Што робіць людзей агрэсіўнымі, варожымі, жорсткімі? Раптоўна, на голым месцы, сярод светлага дня? І вось адзін белы, другі чырвоны, апошніх нават два і робіцца ўсё больш і больш… Крым і цяпер тэктанічна нетрывалы. Дзесь у нетрах вулканічная актыўнасць не ўпала да нуля. Хоць вулканаў, хаця б спячых як быццам не відаць. Чаму? Калі ён вольны ад Расеі, Расеі-метраполіі, Расеі постчырвонай? Сакрэт полішынэля насамрэч. Фабіяну не хочацца адказваць самому сабе на маўклівае пытанне.

Фабіян узіраецца ў сіні далягляд. Сто дваццаць шэсць караблёў, і ў кожнага афіцэра ў кабуры “руская рулетка”. Колькі звернуцца да яе, каб аднойчы выпрабаваць сябе і, вельмі магчыма, вызначыць свой лёс? Рэвальвер ім больш не спатрэбіцца. Ён цяпер толькі “рулетка”. Для апошняга кроку, каб абараніць свой афіцэрскі гонар, толькі бадай жа наадварот. Не ў сэнсе апошні набой, каб не здавацца ворагу, а каб спыніць жыццё з іншых зусім прычынаў, адарваўшыся ад ворагаў, пакінуўшы іх далёка ззаду, уратаваўшы сваю свабоду, каб не ведаць потым што з ёю рабіць далей, як існаваць, што рабіць з жыццём, маючы апроч яго толькі рэвальвер.

Думкі пра рэвальвер неадчэпныя, варта толькі прасякнуцца небяспечнай тэмай. Барабанная прылада ў звычайных, небаявых умовах рэч для смяротнай гульні з самім сабой, або, скажам, гульні пад прымусам, ці ў азарце, п’яным альбо ў напружана-нервовым, халоднакроўным, у коле з іншымі ў ланцугу, у чарзе па смерць…У галаве гук барабана, некалькі спосабаў крутнуць яго. Ёсць яшчэ бінокль, але з турэцкага берага немагчыма ўбачыць свой. Ёсць штабныя карты з прайгранымі баямі, тэрыторыяй, зямлёй, краінай, імперыяй, што апынулася пад сярпом і молатам…

Міжвольныя параўнанні. Краіна Сабіны з Фабіянам сама сябе ў аблозе ізалявала. Апошні чырвоны востраў. Дзе чырвоныя сцягі і зоркі, дзе піянеры з камсамольцамі, дзе ставяць помнікі Іосіфу і Феліксу, рамантуюць статуі Ільіча.

Неадольнае вяртанне да гістарычнай драмы, да марскога зыходу ў замежжа на каўчэжным флоце, папросту нейкі самагіпноз пачынае нагадваць Фабіяну развярэджанне раны жменяй буйной марской солі, хай раны фантомнай, націсканне на балючае месца, трыманне сэрца ў роспачным стане, вачэй — на мяжы слёз. Хаця, хаця косткі тых людзей даўно спарахнелі, падзеі перацёрлі жорны гісторыі, злашча яго ўсё гэта ніколі не датычыла нават яго родных. Аднак жа яны кранаюць, яскрава драматычныя падзеі, сцёртыя з аблічча гэтай прыгожай краіны: ніякіх слядоў сёння. Ты ведаеш, чаму так атрымліваецца? Сабіна толькі здагадваецца. Мабыць, прычына ў краявідзе. Калі зважаць пераважна на ландшафт, засяроджвацца на прыродзе, то яе вялікаснасць, відавочная старажытнасць, кідкая адметнасць, архаічнасць нават, усё гэта міжволі выклікае думкі пра мінуўшчыну, прымушае зазірнуць у старыя дзеі.

— Ты маеш рацыю сапраўды: глядзіш на горы, неба, на мора і нібы апынаешся ў антычных часах, зараз карабель Адысея пазначыцца белай плямкай ветразя на самым даляглядзе.

— Гэта накладаецца ў памяці: візуальная на кніжную. Бо калі ведаеш, што адбывалася калісьці, гэта ўплывае на цябе само сабой, незалежна ад твайго жадання.

— Напэўна ж так. А большасць не ведае і нічога не бачыць, не заўважае антычнага духу, не адчувае адметнага прысмаку. У большасці зусім канкрэтныя мэты, без…

— Без дадатковай лірыкі.

— Вось чаму ў хрушчоўскіх кварталах, а нашая радзіма — гэта шэрая забудова, карціны гісторыі не ўзнікаюць, думкі не сягаюць далей за афіцыйную гісторыю, за суцэльную тэлеайчынную вайну.

— А калі ў сценах кінатэатра ім завалодае якая-небудзь, хай нават рыцарская гісторыя, за дзвярыма кіназалы ён пазбудзецца яе як часовага зачаравання.

— Каб палюбіць коннага рыцара, нічога раней аб ім не чуўшы, трэба каб захаваліся кварталы, дзе гэтыя рыцары калісьці не здаваліся публіцы маскарадам.

— Так, канечне, адной прыроды замала, яна ў нас звычайная, сярэдненькая. А калі замест замка кароўнік, успаміны пра рыцарскія часы не ўзнікаюць. Сумна, калі так безвыходна і так безнадзейна.

Сабіна цікавіцца ў Фабіяна: ці хацеў бы зараз у звальненне, як тады?

— Двойчы трапіць нагамі ў тыя ж кірзавыя боты? Не, бадай не хачу, нават вельмі. Мне лепей з табой, цяпер і тут. І мора з балкона, і віно, і Вялікі зыход, і пакінуты рай ва уяўленнях.

— Але прысмак свабоды, калі трапляў з несвабоды, з-за плота ў “райскія шаты”?

— Усё роўна не хачу назад. Я рады, што тых часоў больш няма, што ракетныя шахты ў райскіх гарах цяпер проста як спыненыя і закрытыя назаўжды вугальныя.

— Які ты пацыфіст аднак у мяне.

— Гэта ўспомніць цікава, але толькі. Як чакаў, лічыў дні, як хацелася дахаты, але разам тут было лепей, прыгажэй, цяплей. Канечне, гэта была краіна, з якой не хацелася з’язджаць.

— Хацелася і не хацелася, ясна, зразумела. Гэта напэўна як і з Урангелем было і з усімі астатнімі: хацелася і не…

— Нам таксама будзе ў канцы: хацецца-не хацецца адначасова, мы не выключэнне. Райскія краіны дзеля таго ж існуюць: спакушаць.

— Спа-ку-шаць. Ты гэта прачула гаворыш, з веданнем.

— Гэта месца, дзе мне па-сапраўднаму захацелася захаваць свае ўражанні, пісаць, дзе я захапіўся гэтай ідэяй. Мне вельмі падабаўся прыклад Грына, мне здавалася гэта найлепшым выйсцем ў яго часы, вядома якія.

— Але ён быў падазроным бадай, што не рабіў як усе, белай варонай існуючы.

— Так, ён прыцягваў, канечне, непатрэбную увагу. Але ж і я прыцягваў, любы, хто не хацеў, спрабаваў быць сабой, хто хоць нейк супрацівіўся традыцыі: “малады-чарпак-старык”. Нездарма гаварылі, што ў звычайны час людзей лепей уведаць у арміі — хто і што.

— І як гэта было?

— Звычайна, вельмі звычайна. Не ўсім даспадобы армейскія парадкі, калі адны прыгнятаюць іншых. Так, здзекуюцца, прыніжаюць гонар…

— І годнасць.

— І годнасць таксама, і толькі таму, што ім не забараняюць гэта рабіць. Прыніжае не проста той, хто помсціць за сваё прыніжэнне, а той, каму гэта ў асалоду. Гэта перамога плебса. Лёкай — вельмі небяспечны стан.

— Ты так гаворыш пра дзядоў і маладых, усё так і было?

— Гэта безупынная халодная вайна паміж сваімі. Толькі таму, што адзін раней трапіў у армію, ён з радасцю бярэ прылады ката, не можа нацешыцца роляй, якая выпала дзякуючы лішнім месяцам у казарме. Скідаючы рабскую шкуру, ён грэбліва кідае яе іншаму, але не робіцца рыцарам.

Назаўтра Фабіян з кубкам кавы ў руках глядзіць згары на ранішняе мора, у якім уяўляе жаўток сонца як адбітак лямпачкі ў кубку увечары. Ён узіраецца і пачынае разумець, што не хоча вяртацца, што мог бы і абысціся без радзімы, такой, якой яна стала без рыцарскага герба, без грунвальдскага сцяга, страціўшы апошнія адзнакі шляхетнасці. Тут не дома, але дома ён быў ні свой ні чужы, не адчуваў сябе па-сапраўднаму патрэбным. Дома ўсё той жа безаблічны стан “насельніцтва”, агульнай масы, для якой ты незразумелы. Дый што такое радзіма? Калі яна топча твае ідэалы, пагарджае табой, дратуе сама сябе, не паважае сваю істоту, асобу, персону, страціла рэшткі гонару і годнасці.

Яна, радзіма, недзе там за спінай, адсутная, далёкая, нябачная. Яна нібы вечная мерзлата, голая халодная тундра, не прыстасаваная, больш за тое, не прызначаная для нармальнага жыцця, пазбаўленая сонца і надзейнага цяпла. Хай яна там і застаецца, у сваім адвечным летаргічным сне, у ганебным стане прынукі, пакоры, маральнага напаўпрыгону. Так, у непавазе да сябе, у несвабодзе.

Спакуса раптам прыдуманых уцёкаў, амаль уяўнай нібы-эміграцыі. Так проста: адмовіцца ад квітка назад, здаць. І твая краіна зараз з раздражняльнай рэальнасці ператвараецца ў нячасты сюжэт з тэленавінаў, якія можна не глядзець увогуле. Фабіяна абражалі подласць і крывадушнасць цяперашняга жыцця, нікчэмнасць людзей, якія спасылаліся на службовы стан, на абставіны, на часы.

Яны таксама ў 1920-м, хто чакаў да канца, узважвалі, круцілі ў руках, прыкладалі да вуха нібы марскую ракавіну, прыглядаліся да задумы, магчымасці эміграцыі — наколькі пэўная, наколькі лагічная, надзейная, якая няўмольна ператваралася ў пільную патрэбу, у непазбежнасць, у абавязкова кончае самаратаванне. Чым хутчэй ратаваць ногі, каб захаваць галаву. Гэх! Нічога такога Фабіян, аднак, сёння не адчуваў. Ён мог і павінен быў вярнуцца, яму канкрэтна пакуль нішто не пагражала, а вось яны тады, у 1920-м, такога лёсу не мелі, яны вярнуцца назад не маглі, яны маглі толькі ўцячы, выкарыстаць апошні шанц.

Памяць тут, як і ў фабіянавых мясцінах, заставалася ідэалагічным паняццем. Падручнікі гісторыі — нібы газетныя сшыўкі, з якіх павырэзвалі мноства артыкулаў. Ніякіх помнікаў, ніякага напаміну пра Вялікі зыход з абдоймаў егіпецкага палону, нявольніцтва. Толькі растыражаваныя канвеерныя манументы пераможцаў. Фабіян заплюшчвае вочы: на вуліцах, плошчах, на прычале ў порце пакінутая баявая тэхніка, зброя, рыштунак. Сухапутныя ўзбраенні, якія немагчыма было забраць, захаваць, не толькі з увагі на пасажыраў, перагружанасць, на курс ў чужую краіну і проста бессэнсоўнасць, яна страціла патрэбу, яшчэ ўчора каштоўная, на вагу золата, вайсковая бранявая тэхніка, цяжкія гарматы, нават аэрапланы, нібыта прыдатныя для ўцёкаў, ніякай карысці, далёка не заляціш, пад табой мора. Жалеза, якое астыла…

Крымскія горы і даліны надоўга апанавалі чырвоныя. Дэмбельскія альбомы. Цэлае фотафальклорнае радовішча на тэрыторыі колішняе дзяржавы ў дзяржаве. Апроч дурноты, плюганіны і кітчу, сама аснова не выклікала ў шэраговага Фабіяна грэблівасці. Экскурсіі — генуэзская крэпасць і гэтак далей. Пальмы, кіпарысы. Нават акторкі з кіначасопіса ў якасці аздобы. Ветразі, яхты. Беласнежныя лайнеры. Нібы-антычныя калоны. Супер-фота: яны ўзводна ў масоўцы на здымках севастопальскай абароны. Ад англа-французскіх інтэрвентаў. Незвычайнае адчуванне сябе не проста не ў сваёй вопратцы, а — царскім жаўнерам. На архаічнай вайне, у іншым жыцці, эпосе, у надзвычайных абставінах, з думкамі прапрадзедаў, іхнімі патрэбамі і ўяўленнямі пра свет і сябе ў ім. Хаця, напэўна, браты па зброі ягоныя ні над чым падобным не задумваліся. Прасцей кажучы, не ўскладнялі сабе жыцця.

Звальненні былі экзатычнымі экскурсіямі. Уражанні нагадвалі саган з усходнімі пернасцямі. Аднойчы пра янычараў пачаў пісаць. Зрэшты, не атрымалася. Што ён тады пра іх мог ведаць? Толькі што гвардыя, целаахоўнікі султанаў і пашаў. Адданыя і жорсткія, ваяўнічыя і бязлітасныя. Элітныя аддзелы турэцкага войска. Пра сапраўдны змест з’явы, пра янычарства бадай тады шэраговы Фабіян не здагадваўся. Яны цікавілі сваёй экзотыкай. А крымскія санеты? Загадкавыя каменныя гарады, недаступныя — на вяршыні гары. Як тыя сярэдневечныя замкі, але — цэлыя гарады. Высечаныя ў скалах на вышыні кляштары пачатковых хрысціян, калі яшчэ не падзяляліся на асобныя канфесіі. Хаця над апошнім фактам ён тады не мог задумвацца. Ды само неба начное было адметным. Як цёмна-сіняе покрыва з залатым зорным сяйвом. З тысячы ды адной ночы…

Не магло не прыгнятаць адно — груды смецця. Сабіну і Фабіяна яны вельмі раздражнялі. Пры Ўрангелі, у ранейшыя часы не магло быць так, здавалася ім. Тады прыбіральшчыкі не круцілі носам, не разважалі — колькі павінна каштаваць прыбіранне смецця, быццам гэта моцна кваліфікаваная праца. Засмецілі рай, занядбалі, засралі, трэба быць шчырымі. Забудавалі хрушчоўкамі, шпакоўнямі, складамі, казармамі, нагрувасцілі. Тут кожны дом павінен быў будавацца інакш, як было калісьці, пакуль рай не пакінулі, ратуючыся ад пагоні вяршкі грамадства, думалася Фабіяну.

Але, не зважаючы на пляжы і віно, паўвостраў, не шкадуючы лішне, зрабілі бочкай з порахам. Якое супадзенне: ваенных будаўнікоў вучылі менавіта ў райскай краіне, славэтны будбат. Яны практыкаваліся сярод пальмаў і вінаграднікаў. Цэлае вучылішча — каб будаваць ракетныя шахты, сховішчы для ядзерных боегаловак, бункеры, камандныя пункты, базы падлодак, докі, аэрадромы. Па дапамогу выклікалі шахцёраў, прыцягвалі макшэйдэраў, метрабудаўнікоў. У райскія шаты! Яны ўпарта дзяўблі горы, бурылі іх, бязлітасна свідравалі, пракладалі сакрэтныя тунэлі. Сёння — гіганцкая, але шкодная, увогуле марная для райскага кутка праца, як падземныя заводы фюрэра. На хрушчоўках будбат адпачываў, у напаўп’яным стане вядома. Салдаты пасля заканчэння тэрміну не хацелі на дэмбель. Іх вучылі будаваць падземныя аб’екты, умацаванні, капаніры, ангары, штабы, казармы, астатняе — як атрымаецца. І яны не маглі ўжо будаваць як трэба, ды не ў райскіх лясах, ды без мадэры, на якую ў салдата будбата заўсёды былі грошы. Навокал недакончаныя санаторыі, вілы, дамы адпачынку, асобна — падмуркі атамнай станцыі, рай не паспелі перарабіць цалкам па-свойму.

Фабіян аднойчы трапіў на кэпэ глаўкама, ля самага мора. Будаўніцтва завяршалася: басейн, бункер, вінны склеп, афіцэрская рэстарацыя, ён усяго не бачыў, але здзівіла, што абшалявалі знутры дошчачкай без сучка, сібірская ліствіца, казалі хлопцы. Выглядала вельмі шыкоўна. У казарме ён пачаў сачыняць пра яблыкі Траянскага каня. Яго прывозяць цішком, уначы, выстаўляюць на прычал і невядомы карабель знікае. Гіпнатычны вобраз. Але гэта не запечаная качка з яблыкамі. Вантробы небяспечныя. Траянскі конь з трупамі? З гадамі, скарпіёнамі? Не, хутчэй у ім трупы памерлых ад чумы. Якісьці сумбур, няздольнасць будаваць празаічны твор. Фабіяна паслалі ў нарад, дапісаць ніколі не атрымалася.

Але думкі пра Крым, яны неадчэпныя. Як стварыўся рай? Адарваўся кавалак, як ад той Гандваны, прывандраваў на поўнач? Ці адламіўся, адсунуўся ад паўночнага берага, утварыўшы невялікае плыткае мора? Гэта што датычыць самой зямлі. А экзатычныя пальмы? Занесла шчодрай жменяй насенне, раскідала ля мора. Ветрам, які затрымалі горы. Па-за імі, на поўначы засталіся руды стэп, спякотнае сонца, сухмень, салёныя азёры, саланчакі. А калі Бог стварыў яго, скажам, дзеля адпачынку працоўных, як атрымліваецца? Перш, народных камісараў, працаўнікоў цэка, саўдэпаў, камбедаў, абкамаў-рэўкамаў, чырвоных маршалаў. Творчых сілаў сацрэалізму, ідэалагічных кадраў, чырвонай прафесуры. Для іх таксама: перадавікоў працы, стаханаўцаў, стотысячніц. Для герояў бітвы за ўраджай, сталевараў-ударнікаў, адважнікаў вялікіх сталінскіх будоўляў камунізму. Для “будзь гатоў к труду і абароне”, варашылаўскіх стралкоў, для іх — ахоўнікаў бязмежнага ГУЛАГу.

Ці не памыліўся Бог? Хаця, спачатку плёнам яго працы пакарысталіся царская сям’я, фабрыканты, ліхвяры, банкіры, золатапрамыслоўцы. Купцы розных гільдый. Кадэты, акцябрысты. Графска-княская костка. Кавалергарды, правадыры дваранства, земскія галовы, генерал-губернатары. Жандары. Тайныя, сапраўдныя і стацкія саветнікі. Кавалеры ордэнаў на шыі і на грудзях. Дума з фракцыямі, свяшчэнны сінод з епархіяльнымі ўправамі. У Бога бадай не хапіла моцы, а можа жадання, адцяць, зрабіць яго востравам, перасунуць у мора, пакрыць суцэльна субтрапічным лесам, цалкам ператварыць у квітнеючы сад. Гэткі вось Кіпр, але ў суседнім моры. Яблыкі спакусы ў райскім садзе сёння драўляныя, з ядлоўцу. Пахнуць ім, даўка — як пахнідлы ў паўднёвых цэрквах.

За кармой беласнежная сцяжына. Ззаду ноч. Зіма. Сцюдзёна і цёмна. Тут — зыркае сонца, сонца ў смузе. Лагоднае, пяшчотнае, супакойнае. Рай, які прымушалі пакінуць напярэдадні блізкіх Калядаў і Новага года. Свята нараджэння Хрыста. Мішура, серпанцін, канфеці. Атмасфера радаснага чакання, раптоўна-хвілёвага зрывання сэрца з рытму, быццам абрынулася ў прадонне і ўстрымалася. Прадчуванне незвычайнасці, сапраўднага свята. Святочная ёлка, падарункі. Шампанскае. У вядзерцы з лёдам. Мандарыны, шакалад. Хрыстос нарадзіўся! Ах! Шчымліва да слёз. Вясёлая язда ў тройцы з бомамі, іскрыцца снег, смех.

Спыніць! Адкінуць назад, трымаць на адлегласці хаця б гарматнага стрэлу. У ніякім разе не пусціць, захаваць старое жыццё. Стары лад. Звычаі і завядзёнкі. Традыцыі і каштоўнасці. Вера. Цар. Айчына. Трыяда, якая нядаўна выклікала трымценне голасу, шчымленне сэрца. Збэшчаныя святыні. Зробленыя пустым гукам. Ператвораныя ў нішто тры сланы, на якіх адвеку трымаўся звыклы свет. Нават альфабэт зняважылі. Новыя галодныя агрэсіўныя варвары. Нават альфабэт! Каляндар зыначылі. І ён ім чамусьці перашкаджаў. Абы на свой блюзнерскі капыл. Няма ні цара, ні айчыны, адкуль застацца веры? Але Бог — адзінае, што яны яшчэ мелі.

Цар, якога саслалі спачатку ў крымскія пальмы, чамусь не трапіў сюды. Няма цара, ён знік са сцягоў урангелеўскай арміі. З поўначы наступ вечнай зімы. Спаўзанне чарговага, раптоўнага ледавіка. Няўмольная навала. Арда. У шапках з сабачага футра, з крывымі шаблямі. З апантанымі вачыма, з крыважэрнымі ратамі. Дзікі стэп... Лейтэнант Джавані Дрога, які гадамі чакае ў генуэзскай крэпасці варожае войска з боку Татарскай пустэльні, думаецца Фабіяну. Страх ператвараецца ў патрэбу, у манію. Толькі ў рамане насельнікі крэпасці, загіпнатызаваныя няўмольнасцю уяўнай навалы, адмаўляліся пакінуць муры, у думках жадаючы, каб вораг конча прыйшоў. Зрабіўшы спакваля для сябе чаканне сэнсам жыцця.

Мы заўжды падспудна чакаем непрыемнасцяў, гвалтоўных зменаў, нейкай неакрэсленай пагрозы. Мы толькі не паказваем выгляду, што чагосьці баімся. Існаваць у лёгкім стрэсе — наш лёс. Хоць гэта не дае запабегчы здарэнняў, ліха. Такое не зусім утульнае існаванне не залежыць ад нашых жаданняў. Джавані Дрога чакаў па-мазахісцку. Частка афіцэраў Белай Арміі таксама. Яны засталіся, правадзіўшы вачыма белыя дымы, якія распусціліся ў моры. Каўчэг быў караванам з мноства караблёў. Яны стаміліся ад уцёкаў, зняверыліся, сталі абыякавыя да ўсяго, перш — да сябе. Яны не ведалі, што іх чакае. Маглі прадчуваць, але на нешта неакрэслена спадзяваліся, прынамсі стараліся ці спрабавалі спадзявацца. Эміграцыя здавалася катастрофай.

Час з’язджаць усё ж надышоў, яны з Сабінай, пакінуўшы ў рэцэпцыі рэчы, апошні раз на моры: месца хапае, раніца не пляжная, надвор’е нібы адмыслова змікшавана, каб яны не надта шкадавалі пра ад’езд. Пасля начнога дажджу з маланкамі халаднавата. Сонца заспалася, яго спачатку няма зусім. Уласна кажучы, па пляжы нечакана няўтульна, яны ўстаюць з драўляных лежакоў і ўзнімаюцца наверх, на “салярый”, што прасунуты ў мора. І нават тут не ўсё занята, як бывае звычайна, яны кладуцца плазам на прахалодныя дошкі і прыкрываюцца, бо апатычнае сонца раз-пораз зашморгваюць фіранкі шэрых хмарак, і ляжаць зусім не цёпла. Фабіяну ўзгадваецца рыцарскі турнір, што ў дзень іхняга ад’езду пачнецца на адлегласці — у горадзе з генуэзскай крэпасцю. Некалі рыцары, кавалеры крыжоў мусілі адплыць з паўвострава, пакінуць райскую мясціну, дзе вынішчылі затым усё рыцарскае, шляхецкае. Ці атрымаецца вярнуць сякі-такі дух? Штучныя прышчэпкі ці заўжды даюць вынік? У Фабіяна няма адказаў, ёсць толькі пытанні. Яны ляжаць з Сабінай моўчкі, размаўляць няма асаблівай патрэбы, хочацца адно надыхацца на астачу марскім паветрам, наслухацца хваляў, каб хоць на бліжэйшыя дні крыху захаваць адчуванне мора.

— Ты ведаеш, парушае пазней маўчанне Фабіян, выбітыя, выгнаныя з Ерусаліма крыжакі пагрузіліся на караблі і апынуліся ў моры. Яны заставаліся вайсковай сілай, як і армія генерала Урангеля, яны высадзіліся на Кіпры і заснавалі сваю рыцарскую дзяржаву.

— Але ж гэта быў востраў, ім пашанцавала.

— Можна й так сказаць, на пэўны час, зрэшты яна праіснавала трыста гадоў…

— Яны з вялікімі стратамі ўпарта заваёўвалі горад з Дамавінай Гасподняй, але бясконца ўтрымліваць яго не маглі. Іх акружала чужароднае ваяўнічае мора. Мне ўвогуле здаецца гэта вар’яцкім: рыцары ў жалезных даспехах у распаленых сонцам пясках. Я думаю, Кіпр стаўся для іх лепшым месцам, думаю, нават раем, калі ўлічыць, што сёння гэта суцэльны курорт, прынамсі нетурэцкая частка.

— Абрысы Кіпра нагадваюць відавочна відарыс крымскі. Але Бог не зрабіў Крым канчаткова востравам, штось яго стрымала, прымусіла пакінуць аднолькавую магчымасць і абараняць з поспехам вузкі уваход, і прайсці скрозь яго ўнутр. І нашым, і вашым. Тое, што чырвоныя прайшлі цераз гнілую затоку ў халады, перакрэсліўшы перакопскую абарону, не навіна. Імператарская пяхота рабіла тое ж самае, калі Перакоп абаранялі туркі з татарамі, я чытаў калісьці. Рускія некалькі разоў уваходзілі ў Крым, але пакідалі яго, некалькі разоў, нават дзіўна. Гэта каштавала столькіх жаўнераў, столькі пораху. Крым быў напэўна для іх накшталт Ерусаліма: і хочацца, і колецца…

— Толькі што яны не бачылі ў ім нічога свайго, не адчувалі сваіх правоў. Гэты пісьменнік, які потым стаў пісаць па-англійску, ён таксама трапіў за мяжу праз Крым, ён яго здзівіў, пісьменнік не адчуў рускага духу, як ён пісаў потым. Крым здаўся яму чужым краем, дзе ўсё было нярускім: пахі, гукі, рык асла, крык муэдзіна.

— Калі падумаць: рай і не павінен быў выглядаць інакш. Рай, гэта заўсёды незвычайна, гэта замежная тэрыторыя, экзатычны куток.

— Як у рэкламе “баўнці”?

— Сапраўды. Рай не мог выглядаць будзённа, як звычайная вёска: саламяныя стрэхі, пахіленыя парканы з парэпанымі збанамі, напрыклад.

Яны зноўку ляжаць моўчкі. Ляжаць, часам расплюшчваючы вочы ў неба, дзе сонца ніяк не можа вызначыцца, і глядзець не слепка, нават прыемна, усведамляючы, што бачыш неба над морам, над Крымам. І неадчэпная думка: апошні раз бачыш. А над галавой часам у абсяг зроку трапляюць чайкі, якіх кідае нібы ў хвалях у паветраных плынях, вецер трывае парывісты.

Бог ім нарэшце пасміхнуўся, дазволіўшы сонцу апоўдні ўлагодзіць Сабіне з Фабіянам апошнія марскія ванны. Аднак змыць соль аказалася не так проста, як ім здавалася напярэдадні. Платны душ, які яны даўно прыгледзелі, спыніў сваё існаванне менавіта ў патрэбны дзень. Ім паспачувалі, далі параду, і вось яны па чарзе ў змрочнай старой кацельні сярод іржавых трубаў, вентыляў здолелі за грашы пастаяць некалькі хвілінаў пад апатычным цурком з друшлячка.

Апошняя ежа з півам на цяністай тэрасе пад каменным мурам у “Раі” на набярэжнай. Гэта віла для новых рускіх побач з морам, яны ў жэзлонгах загараюць у лоджыях. Ад віна перад дарогай Сабіна з Фабіянам адмаўляюцца, апошняя пляшка выпіта ўчора ўвечары наверсе з морам як на далоні. З морам, якое апынаецца спакваля пад цёмным небам, якое не паспявае зрабіцца суздром чорным, бо нябачная рука жменяй раскідае наўсцяж россыпы залатых зораў. Апошняй пляшкай было ружовае, інкерманская “Гераклея”, Фабіян не вялікі аматар ружовага, але назва спадабалася вельмі. Яго не пакідае думка пра вінныя склепы ў горных пячорах. Штосьці Урангель, канечне, пагрузіў на караблі. Але колькі засталося яшчэ! Малаверагодна, што выбівалі коркі з бочак, білі бутэлькі, каб крымскі нектар багоў не дастаўся ворагу. Напэўна, матросы адчулі культурны шок, трапіўшы ў склепы з мадэрай.

— А што ты думаеш пра гэта? — пытаецца Фабіян, агучыўшы свае думкі пра віно.

— Я? — Сабіна робіць здзіўленыя вочы. — Я пра гэта не думала. Каб пры адступленні заўжды знішчалі тое, што немагчыма забраць, замест трафеяў пераможцы атрымлівалі толькі ламачча. Але, здаецца, з трафеямі звычайна бывала ўсё нармальна. Урангель не знішчаў жа свае танкі і самалёты? Вось ты, ці здольны быў бы выліць запасы марачнага ў мора?

— Я — не.

— Вось бачыш.

— У мяне ўжо нейкія думкі пад заслону, тэма не дае пераключыцца на іншае. Ці не была белая эміграцыя вылушчаным па восені плодам, зернем, ядром сваёй змучанай, скатаванай бацькаўшчыны? На беразе засталіся асцюкі, плеўкі, шалупінне. Ці не была менавіта знятымі вяршкамі, якія знесла хвалямі, нібы марское белае шумавінне?

— А мне, знаеш, калі фантазіраваць, хочацца параўнаць іх бадай з ікрой рыбіны: з успоратым брухам засталася на беразе кінутай дзюбам на спажыву. Як уяўлю, што ў сярэднім на палубах, у каютах і ў трумах кожнага карабля было больш за тысячу чалавек, робіцца ніякавата. Гэта цяжка ўявіць нават. Параўнанне з селядцамі ў бочцы не прыдатнае. Тут менавіта пра лічбу ікрынак у слоіку хутчэй падумаеш.

— Так, магчыма, сапраўды гэта больш дакладна будзе. Але я пра сваё: плод саспеў і адваліўся, нібы какосавы гарэх, да яго кінуліся галодныя і прагныя, ды зубы зламалі.

— Хутчэй міма рота пранеслі.

— І гэта праўда. Але, але насенне расцерусілася і без роднай нівы не дало і не магло даць асаблівага плёну. Яно трапіла ў чужую глебу і кволая рунь была заглушана пустазеллем. Сэ ля ві.

Вядомы сёння факт: генерал Урангель забраў паштовых вайсковых галубоў з Севастопаля ў Еўропу. Праз паўтара года яны вярнуліся. Галубы вярнуліся. Яны не разумелі нічога, тут размаўлялі цяпер не так іншай моваю, як іншымі словамі, з іншай інтанацыяй. Прыгаломшаныя, яны кружлялі, прыляцеўшы ў свой дом, які стаў чужым, калі не з Парыжа, дык з Бялграда. Зрэшты, яны нядоўга пакутвалі, іх зжэрлі, так-так, зжавалі моцныя чырвонафлоцкія сківіцы, як белагвардзейскіх паштовых сувязных. А як жа?!

Галубы ў клетках на палубе — чым не каўчэг сапраўды? — думаецца Фабіяну. Яны ратаваліся ад патопу, ад чырвонага патопу, ад шабельнай навалы. Не выключана, што нейкую іншую дробную жывіну разам з харчовымі прыпасамі ўзялі таксама, шлях да чужога берагу для некаторых забраў дзесяць нават дзён. Так, зусім не выключана, хаця пэўна невядома, бо дзе падрабязная справаздача пра гаспадарчы бок марскіх пярэбараў? Няма яе.

Пазней гэты прыклад натхніў можна сказаць чырвоную ўладу. НКВД, пасадзіўшы ў турэмныя цягнікі крымчакоў, вывезла іх з райскіх лясоў ў тартарары праз вузкі перакопскі перашыек, дарога заняла і месяц, і два. Паўтарылі так з іншымі: арыштаваўшы пагалоўна за ноч, падрыхтаваўшы закратаваныя каўчэгі на колах, прызначаныя раней для быдла. Каб учыніць гэта з зашуганымі старымі, дзецьмі, жанчынамі, у высокіх кабінетах і штабах распрацавалі паводле ўсіх вымогаў стратэгіі і тактыкі, а затым хутка і жорстка ажыццявілі свае буйнамаштабныя вайскова-карныя аперацыі. Стварыўшы цэлым народам незагойную рану на ўсё астатняе гістарычнае жыццё.

Што праўда, у 1920-м перасяленне белага народу адбылося ў незвычайна прымусовых абставінах, але добраахвотна, ніхто нікога не вывозіў сілком, у кайданах, і што яшчэ больш істотна — гэта быў зыход ад зыркай агнёвай, маланкавай пагрозы нявольніцтва, гвалту, арыштаў, расстрэлаў, ад смерці.

Тыя, іншыя пярэбары — не на караблях цераз Чырвона-Чорнае мора, не да цяплейшага краю на паўднёвым беразе, а ў замкнёных вагонах, пад збройнай аховай, у быдлячых умовах, адбываліся раптоўна, гвалтам і на ўсход, у стэпы і пустыні, на пагібель і ажыццяўляліся з больш-менш людскіх умоў, з родных котлішчаў. Першыя ўцякалі, ратаваліся ад варожых шабляў і штыхоў, ад чужынскай улады. Другіх акружалі, бралі ў жалезныя абцугі, хапалі яжовымі рукавіцамі нібы карнікі ў нядаўнюю вайну, арыштоўвалі родныя нібыта войскі з пяшчотнымі васільковымі пагонамі. І гэта пасля вызвалення з-пад акупацыі і па загаду роднай жа рабоча-сялянскай улады. Але ж лёсы! Жорны, напраўду.

Аніводзін карабель не загінуў у моры ў час Вялікага зыходу. Усе пазней дайшлі да далёкага порта, да месца сваёй апошняй стаянкі. Каб ператварыцца паступова ў жалезнае ламачча. У карабельныя могілкі. Але спачатку ў мёртвую эскадру, у лагер на вадзе з афіцэрскім сходам, шпіталем і школкай, з капліцай, штабам, пральняй і гарматамі. Урангель ад самага пачатку ведаў чым закончыцца ўсё. Як толькі прыняў камандаванне, ён загадаў рамантаваць караблі, рыхтаваць флот. За паўгода да эвакуацыі. Але таксама стаў умацоўваць армію. Каб даць час быць гатовымі каўчэгам да адплыцця.

У апошнія хвіліны, ужо ў маршрутцы, Фабіяну думаецца: урангелеўскія караблі сталі казармамі і жытлом на вадзе для афіцэрскіх сем’яў, гэта не быў ужо флот, з якім можна было спадзявацца на вяртанне, на паўторнае заваяванне Крыму. Але ён найдаўжэй заставаўся наколькі магчыма баявым фармаваннем, прычым флот не пацярпеў паразы, як армія генерала на крымскім мацерыку, флот выратаваў яе ад поўнага разгрому, але ён згас як агонь, як цяпельца, у якое не падкідаюць дроў. У афрыканскім моры, у Бізерце на Куццю 1924-га над урангелеўскімі караблямі быў спушчаны сцяг, назаўжды. Флот каўчэгаў спыніў існаванне…

Уцекачы адплывалі, стоячы на карме па-афіцэрску: пагоны, шэўроны, аксельбанты, узнагароды, пры шаблях і пісталетах, зняўшы фуражкі. З баявымі штандарамі. Хто застаўся — праводзілі іх вачыма, закапаўшы ці знішчыўшы дакументы, пагоны, медалі, нашыйныя крыжыкі. Нават фатаграфіі, дзе яны ў мундзірах, пры рэгаліях. У баявым шыхце, у конным, пры зброі. Каля браневіка, гарматнай батарэі. Пад трыкалёрам. Забыць сваё мінулае, выкрэсліць усё, што папярэднічала цяперашняму дню. Заплюшчыў вочы да болю, да каляровых плямаў. Расплюшчыў — навокал рабаціць. Чырвоныя сцягі, транспаранты, плакаты. Зоркі на шапках... Тых, хто застаўся, закапаюць у рудаватую зямлю, рэшткі якой засталіся на падэшвах уцекачоў.

2002, 2008

Загрузка...