Сяргей Астравец


Творчая біяграфія


Сяргей Астравец нарадзіўся ў Мінску ў 1959 годзе 11 красавіка. Сапраўднае прозвішча Астраўцоў, як мяркуецца, праз паходжанне продкаў з Астраўца.

Празаік, эсэіст, блогер. З 1984 года жыве ў Гродне, куды прыехаў пасля заканчэння факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Пастаянна працуе журналістам, у 1992-93 гадах рэдагаваў газету “Пагоня”. Адно з першых апавяданняў, “Нямко”, выйшла ў зборніку таварыства “Тутэйшыя”, у якім удзельнічаў С. Астравец.

1988. Удзел у нарадзе маладых літаратараў на Іслачы.

1993. “Янычары”, першая кніга прозы.

1997. Закончыў школу “Пагранічча” у Сейнах, Польшча. У яе рамках меў сустрэчы з пісьменнікамі, у прыватнасці, з Сакратам Яновічам і Юрыем Андруховічам.

1998. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў.

1999. Сябра Беларускага Пэн-цэнтра.

2000. Кніга “Цэнзарскія нажніцы” (выйшла ў Беластоку), у якой 62 аповесці і апавяданні, адзначана “Гліняным Вялесам”.

2000-2001. Удзел у літаратурных сустрэчах “Бязмежжа” у Гайнаўцы, Польшча.

2003. Кніга эсэ, зацемак, рэпартажоў “Лісты да хома саветыкуса”.

2006. Кніга “Кактэйль Молатава. 19 апавяданняў”.

2007-2010. Свой блог “Праз гарадзенскія акуляры” на сайце газеты “Наша Ніва”.

2009. Кніга “Каты Ёзафа Ратцынгера. Апавяданні, эсэ, зацемкі, рэпартажы з Горадні”.

2010. Стыпендыя Балтыйскага цэнтра пісьменнікаў і перакладчыкаў, месяц працаваў у доме творчасці на востраве Готланд у Швецыі. Готландскае эсэ “Вежы ўздоўж мора” з сайта Радыё Свабода перадрукавала “Літаратурная Беларусь”.

2011-2012. Блог “Дзённік пісьменніка” на сайце Радыё Свабода.

2012. “Райскія яблычкі. Апавяданні з берагоў Нёмана і Гараднічанкі”, першая кніга ў электронным варыянце (Бібліятэка Kamunikat.org).

2012. “Жалезная заслона з арнаментам. Стэнаграфічная сага”, другая электронная кніга (Бібліятэка Kamunikat.org).

Школьныя гады правёў у прыгарадах Берліна, у ГДР, затым — у Літве. Жаданне пісаць з’явілася рана: убачаны зблізку выступ на Прагу савецкай вайсковай калоны ў жніўні 1968 года стаў пазней падставай для апавядання “Мытыя яблыкі”. Яно было апублікавана напярэдадні распаду СССР у адноўленай у 1991 годзе Сяргеем Дубаўцом першай беларускай газеце “Наша Ніва”. Два іншыя “нямецкія апавяданні” надрукавалі газета “ЛіМ” і часопіс “Бярозка”. У 2003 годзе пісьменнік, вярнуўшыся да падзеяў 1968-га, напісаў “Чэшскае піва. Запіскі капітана Кавалёва” (публікацыя ў часопісе “Дзеяслоў” у 2009 г.).

Літоўскі горад Шаўляй меў братэрскія сувязі з Гродна, а школа, дзе вучыўся будучы пісьменнік, — з адной з гродзенскіх. У Шаўляе існаваў помнік паўстанцам 1863 года, якімі ён тады ўпершыню зацікавіўся. Пасля заканчэння дзесяцігодкі — вяртанне ў Беларусь, служба ў Савецкай Арміі, універсітэт.

Дыпломную працу прысвяціў пошукам звестак пра газету “Свабода”, якую напачатку ХХ стагоддзя выпусцілі браты Іваноўскія з удзелам паэткі Алаізы Пашкевіч-Цёткі. Звяртаўся па дапамогу да Зоські Верас, якая жыла ў Вільні, і да гісторыка Юрыя Туронка, які ў Польшчы даследаваў гісторыю гэтага выдання, надрукаваўшы яе ў газеце “Ніва”. С.Астравец апублікаваў артыкул аб “Свабодзе” у 1984 годзе ў “ЛіМе”, рэцэнзентам быў літаратуразнаўца і пісьменнік Адам Мальдзіс. Праз дзесяць гадоў пашыраная публікацыя “Як я шукаў газету “Свабода” выйшла на старонках адноўленай “Свабоды”, якую рэдагаваў Ігар Гермянчук.

Пазней вершам пісьменніка “Свабодай “ назвалі газету студэнты” распачыналася калектыўнае выданне з бібліятэкі Радыё Свабода “Верш на Свабоду”. Ён трапіў затым у англамоўную версію кнігі “Poems for Liberty. Reflections for Belarus”, творы для якой пераклала Вера Рыч.

Па замове часопіса “Arche. Скарына” у 2000 г. С.Астравец напісаў эсэ аб трох гарадах — Беластоку, Гродне і Мінску — “Танк, Ленін і Ажэшка з Міцкевічам”. У наступным годзе эсэ “Беласток” і “Грунвальд” прагучалі на Радыё Свабода ў перадачы “Дазвол на выезд”. Усе тры трапілі ў кнігу “Лісты да хома саветыкуса”.

2000. Два апавяданні ў польскіх перакладах у часопісе “Krasnogruda”, Польшча: “Клаўстрафобія” (пераклала Міра Лукша) і “Радзівілаўскія дамавіны” (пераклаў Аляксандр Вярбіцкі).

2000. Беластоцкі “Czasopis” змясціў апавяданне “Ленін на балоце” у перакладзе на польскую Міры Лукшы. Сам С.Астравец пераклаў з польскай адно з апавяданняў Вітольда Гамбровіча, якое змясціў часопіс “Калоссе”.

У кнізе “Сучасная беларуская проза. Традыцыі і наватарства” (Мінск, 2003) змешчана апавяданне С.Астраўца “Ундэрвуд”, якое ў перакладзе на рускую мову друкавалася ў часопісе “Неман”.

У зборніку “Нашай Нівы” “Паветраны шар. Беларускае мужчынскае апавяданне” змешчана апавяданне С.Астраўца “Рукі прэч ад Лукіча!”, а ў зборы нашаніўскіх эсэ “Вясна народу” іншы тэкст — “Друкарка”.

2009. На Радыё Рацыя выйшла праграма з С.Астраўцом у якасці госця, у якой ён распавёў аб сваёй творчай майстэрні.

2011. На Радыё Свабода прагучала гутарка з Уладзімірам Някляевым “Пісьменнік у турме”. У канцы 2011-га С.Астравец удзельнічаў у з’ездзе СБП, зацемкі аб якім “Проза паэзіі” з блога “Дзённік пісьменніка” перадрукавала “Літаратурная Беларусь”.

2012. Заканчвае працу над сваім першым раманам, названым аўтарам “Папяровы рыцар”.

Загрузка...