КОННЫ ПОМНІК З ПАП’Е-МАШЭ


Кастрычніцкае апавяданне


Мокры чарапічны дах, пахмурнае надвор’е. Кастрычнік, але ўсё яшчэ цёпла. Люблю такія дзянькі, адчуваю асалоду, каб не дыскамфортная абставіна. Шкада сабаку, які скуголіць ля суседняга пад’езда. Кавалеры мадзеюць без балонкі, яна жыве на апошнім паверсе. Яе больш не выпушчаюць і водзяць — нябачная дагэтуль навіна! — на павадку. Каб перапыніць бясконцае, як здаецца, сабачае вяселле. Шкада аўцабыка, як мы яго называем. Ён нагадвае менавіта якогасьці канадскага аўцабыка. Мяшаная парода. Ён пачынае гэтак жаласна прасіцца, што немагчыма трываць. Я вызіраю ў акно. Аўцабык, стоячы на задніх лапах, пярэднімі адчайна перабірае ля ручкі дзвярэй, марна спрабуючы расчыніць.

Асноўная падзея меланхалічнай нядзелі: памылі у ваннай ката рэшткамі шампуня, прывезенага калісьці ажно з Англіі. Мокры, ён зусім не такі мажны, а разгублены і вельмі мілы. “Твайму мілачку спадабаўся б віскас”, — фраза з пражскай рэкламы. Ах, калі ж яна была, тая Злата Прага ў тваім жыцці! Як заўжды, спадзяешся ледзьве не наступнага года зноўку пабываць тамака, дзе так спадабалася і было гэтак добра. Але гады пачынаюць чаргавацца, круціцца вавёрчына кола. З’яўляюцца непатрэбныя раней візы, змяншаецца колькасць аўтобусных рэйсаў, а галоўнае: жыццё пачынае неспадзеўкі строіць дрэнныя кепікі. Чым ты угневаў Бога? Тым, што не хадзіў на наіўна-фармальныя споведзі? Няўжо за гэта можна так бязлітасна караць? Даруй за блюзнерства…

Галава караля нашага, з бронзы пазірае зверху, з калоны ўнутры катэдральнага касцёла побач з купеллю ў нагах укрыжаванага Хрыста. Ногі з чырванаватымі пацёкамі, нібы ад памады, сляды якой наслойваюцца. Гэта ў царкве, куды ты аднойчы трапіў, бацюшка непрыхільна у вочы адхвастаў жанчыну на памінальным набажэнстве: тут вам царква, а не танцы, напамадзілі сабе вусны, як нейкія гуляшчыя! У царкве жанчынкі ў хустках закручаны, вочы пакорлівыя. Як у мусульманак. Але я часам дальбог узгадваю пра забарону царкоўную маляваць вусны, калі мінуючы каралеўскую галаву апынаюся перад распяццем з рэшткамі памады на нагах.

У апошні вераснёўскі дзень цёпла-цёпла, можна ўявіць, што лета не скончылася зусім. Такі лагодны-лагодны пачатак восені рэдка здараецца. Калі ласка, адпачні на астачу. Пасля спякотнага нервовага лета без возера, без мора, толькі з каламутнай ракой пад асфальтным мостам. Лета без лецішча, без лесу, без прыроды, лета на распаленым бруку пад цагляна-чарапічным дахам, пасярод аўтамабільнага чаду. Верасень маленькі дарунак, падабенства палёгкі. Каб не зусім ужо адразу са спёкі ў мокрую золкую халадэчу, без дня сапраўднага адпачынку. Пара куфляў піва пад ценем парасона — не ў лік.

Пражскі помнік нагадваў віцязя, магутнага асілка ў латах, якісьці кітайгародскі стыль. Ваявода Хаванскі вершна вырушыў на крымчакоў. Мода тады існавала ў мастацтве: былінна-легендарныя вобразы, казачныя, дэманічныя постаці. Славяншчына, магутная купка, матывы паганства. Помнік вялікаму князю з жалезным воўкам у нагах зусім іншы. Памкнёны наперад, і конь не цяжкавагавы, і сам князь не ацяжэлы. Але горад з помнікам апынуўся за калючым дротам. Дакладней, мы за калючым. Толькі першую хвілю цяжка скеміць — каму лепей: хто дасылае паветраныя пацалункі з вагоннага акна, ці хто застаўся стаяць на запляваным, засмечаным семкамі пероне. Конныя каралеўскія помнікі, на жаль, на другім баку.

Калі я быў там апошнім разам, у горадзе з нечаканай гарой пасярэдзіне, быццам гузак на галаве, на якой вартавая вежа і сцяг, які лунае свабодна і годна, я сфатаграфаваў каралеўскі помнік, каб у рамцы павесіць на сцяне, але не зрабіў дагэтуль. Хіба ад падсвядомай зайздрасці? Жалезны воўк. Вядомая летапісная гісторыя... Князь сасніў воўка, які быў жалезным, і той жалезны воўк загадаў ці параіў яму пабудаваць на гэтым самым месцы горад. Горад пераходзіў з рук да рук, з адной моўнай стыхіі трапляў ў іншую, апынуўся за калючым дротам і даволі надоўга, але захацеў дыхаць вольным паветрам, прыехалі танкі, была кроў, але кайданы ўпалі, горад уцёк з-за калючага дроту. Вымкнуўся на волю. А жыхары паставілі помнік заснавальніку сталіцы — князю і яго воўку.

Нашага караля называлі чалавекам з жалезным поглядам, якога баяліся хаванскія загоны. Нямецкі падарожнік пакінуў апісанне: кароль выязджае ўрачыста са світай з замка на гары і калідорам вуліцы рушыць да касцёла на набажэнства. Абапал месцічы, сярод якіх немец, якога так уразіла працэсія, сама атмасфера, што ён неўзабаве сеў з паперай і чарніліцай, узяў пёрка і напісаў пра ўбачанае. Пра дрыжыкі, якія выклікаў міжволі грос кёніг, які здаваўся жалезным.

Не дасягнуўшы катэдры, кароль спыніўся і стаіць дагэтуль на пляцы ў гайніку. Конь, напэўна, шчыкае траўку, апошнюю восеньскую, якая чэзне навідавоку, неўзабаве буцьвее, жоўкне і пятрэе на марозе. А кароль не з’язджае. Уся яго світа даўно пахавана на цвінтарах і ўнутры храмаў, у лёхах. Ад апошніх захаваліся часам магільныя пліты, напаўсцёртыя надпісы. Хто апынуўся ў зямлі, зніклі дазвання. Няма даўно крыжоў, багародзіц, анёлаў, няма надмагілляў. І саміх могілак няма. Ані следу. А косткі ператварыліся ў глебу. А кароль запыніўся у одуме, не кранаецца з месца.

У горадзе з вольнай ад калючага дроту часткі мапы якія хочаш помнікі. Маршалкі, кардыналы, каралі... А не толькі чыгунныя богачалавекі — правадыры, наркамхарчы, людзі з маўзерам пры баку. Вольны вецер, вецер зменаў заблытваецца незразумелым чынам ў калючых дратах, у сеціве “сістэмы”. Людзі неабазнана лезуць напрасткі цераз драты. Скрозь калючыя агароджы чалавеку працярэбіцца амаль немагчыма. Наважваюцца толькі тыя, хто ў сваіх азіяцкіх стэпах і пустэльнях не ведае пастак і суцэльнага драцянога сеціва, хто паняцця не мае, што трапіць у вольны свет з нявольнага — надзвычай складаная і вельмі небяспечная справа. “Сістэму” рабілі і ўдасканальвалі доўгі час, каб ніхто не мог уцячы адсюль. Працавалі дбайна, адбіўшы не толькі ахвоту, але самыя нават думкі пра ўцёкі… Даўным-даўно “сістэма” працавала адно супраць звяроў, якія не ведалі абмежаванняў і не падазравалі пра межы. А тым болей пра людскую падэсць, падрыхтаваную для іх, лясных насельнікаў, якія, адрозна ад людзей, захоўвалі сваю свабоду, наколькі атрымлівалася.

Непрыемныя словы “візавы рэжым”. Падобныя на спружыну або на гумовы эспандар. Шархоткае сцябло асоту ці чаратовае, вострае як лязо. І штосьці ад замкнёнасці: вокны з кратамі, дзверы, тэрыторыя, абгароджаная калючым дротам. Рэжым. Зона. Уваход па пропусках. Уезд па візах. Кантроль. Падазронасць, непрыязнасць, адсутнасць усьмешкі. Падзел на людзей двух гатункаў. Абразлівыя словы, якія выклікаюць прызабытыя думкі аб Місісіпі ў агні і аб нядаўняй Паўднёвай Афрыцы.

Кароль здранцвеў. Разам з канём. Можа гэта міраж? Здань караля. Што ж, мабыць, гэта найболей праўдападобна. Беспрытульная постаць, якая растане як туман, як дым, як смуга. Скрозь якую пройдзеш, нічога не адчуўшы. А большасць нават нічога не заўважыць. Бо заўважаць у гэтым разе, значыцца ведаць, любіць, адчуваць піэтэт. Мець пашану ў душы, ганарыцца і пакутваць. Наяўнасць нябачнай оптыкі? Кантактных лінзаў? Ці можа, вочы нармальныя ў меншасці, здольнай бачыць не толькі вонкавае. Меншасці, якой не паспелі ці не патрапілі кропнуць атрапін, каб змянілася рэзкасць зроку, бачанне навакольных рэчаў.

Жывыя статуі. Людзі не ведаюць што ім яшчэ вымысліць. Ім чагосьці ўсё карціць... Ім замала быць самімі сабой, бачыць свой твар у люстэрку, яны стаміліся ад сябе. Ім патрэбны не пластычная аперацыя, а маскі. Ім хочацца вылузацца з уласнай скуры, скочыць вышэй галавы, укусіць сябе за локаць. Быць людзьмі, хома сапіенс ім ужо нецікава. Гэты стан ім здаецца прэсным, без смаку. Ім заманулася стаць манекенамі. Ператварыцца ў маўклівую постаць, у статую, у камень. Яны прагнуць быць акторамі, выконваць ролі, іграць. Нават калі няма звычайных здольнасцяў, не кажучы пра талент. Уласнае імя ім непрыемнае. Ім хочацца кідкіх гучных прозвішчаў, артыстычных мянушак.

Усе квіткі дашчэнту разабраны, каб паспець у іншую краіну да “дня ікс”, да візавага рэжыму. Доўгая чарада машын перад шлагбаўмам, у бакі ад якога разыходзяцца шэрагі калючага дроту. Золкая шарая нервовасць у нейтральнай зоне. Падрыхтаваныя да неспадзевак і каб выконваць любыя каманды. Нявыспатыя і скалелыя трымаюць пашпарты напагатове кожную хвіліну. У акенца ў разгорнутым выглядзе, толькі ў разгорнутым. Каб не ўзлаваць. Тварам у анфас, вочы ў вочы, нікуды не паварочваць галаву, не глядзець убок. Спраўджанне ў якіхсьці зашмальцаваных сшытках. Пячатка. Лясь! Можна у “фры шоп”, чаму б і не? Ці будзеце вы што-небудзь браць? Не-не. Адказаў па прывычцы. І адразу пашкадаваў — апошні раз да візавага рэжыму... Буду! У цеснай крамцы ажыятаж, гармідар: ваш фрышопны талён, тры хвіліны на выбар. А вось пляшка палінкі, мадзьярскай палінкі, якую піў кароль, асабліва ў маразы. Ён не толькі падабаў віно, віно сваёй радзімы, у тваім горадзе, які таксама палюбіў, атабарыўшыся ў Старым замку на гары над самай ракой.

У пабе у вольным горадзе з вальяжнай публікай, за вокнамі бронзавая статуя Ягамосці. Ганаровы погляд, шляхецкія вусы, крывая шабля-карабэля пры баку. Бараніў ад хаваншчыны, фундаваў храмы, друкаваў кнігі. Піва ў пабе, дата на фірмовым куфлі — “1790”. Так-так, тут шануюць традыцыі, тут памяць маюць не абцятую. Табе не хочацца лішнім разам нават не прыніжацца, а звыкла крыху наракаць, твой прыяцель канечне ўсё зразумее, ён ставіцца да вашых праблемаў спачувальна... Але як стрымацца, як не сказаць, калі тут старанна адшукалі ў архівах першыя ўзгадкі пра бровар яго мосці і старанна з гонарам напісалі дату на піўных бутэльках і бляшанках. Яшчэ горада ніякага не было, адно палац з паркам і дзве-тры брукаваныя вулічкі. Але сапраўдны палац, міні-Версаль, згодна тадышнім друкам.

Ну й што, Веслаў? Мой горад даўным-даўно у “Сівітатэс орбіс тэрарум” названы быў сярод найгалоўных гарадоў свету. А ў наступным новы кароль пацвярджае ранейшыя прывілеі жыхарам і вызваляе саладоўні і бровары ад падаткаў, якімі абцяжарыў іх папярэдні манарх з нагоды зацягненай і знясільнай вайны з кітайгародцамі. Хаця вайна працягваецца. Але піваробы прызвычаены на ўсім эканоміць, яны падмаладзілі гарадское піва, пазбавілі моцы на трыста год. Ах, кароль, ах каралеўскія прывілеі! Яны зніклі ў кітайгародскіх архівах, трапіўшы туды ваеннымі трафеямі разам з касцельнымі званамі, са штандарамі і гарматамі.

Ты вяртаешся, вы паступова мінаеце шэрагі калючых дратоў, нейтральную тэрыторыю, падазрона-пільную варту, шлагбаўмы, зноўку драты. Каралеўская сталіца, нарэшце! Вітаю цябе, замак апошняга манарха! Цытадэль на гары. Па-за дротам, канечне, добра, але тут дом. Мост высока па-над ракою, якая гэтак моцна шырока плыла ў каралеўскія часы. Кава дома. Памежны трафей — вялікая бутэлька палінкі. Палінка — гэта, ведай, — “драй эпрыкот брэндзі”. Цымус! У каралеўскім замку падзея: успомнілі пра караля, якога скульптуры займаюць нечакана цэлую залу — з тулавам і без, на кані, на манаршым пасадзе, бюсты, галовы, барэльефы, з вырабленым тварам і — без вачэй, носа, з рукамі без далоняў, бронза, медзь, чыгун, гіпс... Аўтар — адзіны. Якісьці здранцвелы, ці папросту засмучаны. Ён прызвычаены да майстэрні, да самоты, цэлыя гады рабіў у чатырох сценах каралеўскія скульптуры. Пасярэдзіне макет коннай статуі, на сцяне фотапанарама гарадскога пляца. Штосьці незвычайнае! Вершны каралеўскі помнік. Скульптар прыклеіў яго выяву на фоне гайніка. Ён сціпла прызнаецца, што марыць, калі-небудзь на пляцы убачыць сапраўдны помнік.

Густыя гукі сярэдневечнай музыкі, камерны аркестр ажыўляе мелодыямі мёртвую скульптуру. Віно ў кілішках нагадвае пра каралеўскія склепы. Калі ён памёр, у замкавых лёхах знайшлі пяцьдзесят адную бочку з віном, якое ён не паспеў выпіць. Кулуары. А ці ведаеце, ён сапраўды баяўся атруты. Нездарма дагэтуль спрачаліся: ці не быў атручаны? Бо надта хутка і дзіўна памёр. Ён выпісваў з замежжа сродкі ад атруты і нават сам імі карыстацца рыхтаваўся. На каго толькі не думалі! А найперш — што жонка. Так, яна была старая, яе матка любіла атруты. Ён уцёк сюды не проста, каб паляваць аленяў, якія бадзяліся за гарадскімі мурамі, дачка палясоўшчыка мела ад яго сынка пазашлюбнага. Напраўду? Трэба не баяцца архіваў. Калі ён памёр, сам Папа Рымскі прыслаў удаве залатую ружу…

Непазбежнасць надыходзіць з нуля гадзінаў ночы, кажучы па-вайсковаму. Трэба ўставаць у цемры, званкі з кішэннага тэлефончыка, сонныя апатычныя галасы. Язда на няблізкую мяжу, якая спатыкае неспадзявана пустатой перад шлагбаўмам. Сумныя шапікі, у якіх зрабіліся непатрэбнымі пісьмовыя машынкі, на якіх адстуквалі пашпартныя дадзеныя ў ваўчарах. І танна, і хутка — можаш праязджаць цераз шлагбаўм. Ніколі болей. Званок з далёкай радыёстанцыі, паведамленне ў жывым эфіры пра першыя гадзіны візавага рэжыму. Вяртанне з выпадковым падарожным да гарадской ускраіны. Паўгадзіннае калыванне ў перапоўненым аўтобусе з потнымі шыбамі, з цяжкім паветрам, з заціснутымі апатычнымі пасажырамі, збольшага — жанчынамі, я агледзеўся: прывабнымі часцей маладымі спадарынямі, якім бы крочыць на подыумах, аздабляць вокладкі модных часопісаў, здымацца у вядомых рэжысёраў.

Гаспадар вялікага, але старога мерсэдэса, з якім вяртаўся з мяжы, наракаў на памежныя парадкі, дакладней на падзел сваіх на звычайных і прывеліяваных, перад якімі нават мытнікі — як служкі. Для якіх усё па-за чаргой, усё хутка, якія з памежнікамі запанібрата, у якіх усё куплёна. Спыніліся на чыгуначным пераездзе, чакаючы амаль пусты нетаропкі цягнічок. У памежную зону шмат пасажыраў не бывае. А памеранцы? Паназірайце, калі яны працуюць самі па сабе і калі прыязджае іхні камендант. Звычайна са сваёй будкі не паказваюцца, а тут — праштампавалі пашпарты і чакаюць наступных, напагатове. А калі няма начальства іхняга, чакаем мы немаведама чаго. З немцамі, ды з астатнімі, ездзілі ж людзі далей, — гэтак паспрабуй толькі працаваць. Усе гавораць: нашая мяжа самая брыдкая, яны паводзяцца як паны, не ведаю... Мы сябе адчуваем людзьмі другога гатунку... Прастукалі колы цягнічка, выклікаючы званкі на пераездзе, узняўся шлагбаўм. Я дапяў, што ён перавозіць паліва праз мяжу, хуценька здае і вяртаецца. Таксама бізнэс. Сказаў, што як кошты павялічыліся, даводзіцца мяшаць салярку з газаю. Такі вось бізнес.

Атрымаў і-мэйл з краіны, якая не ведае, што такое калючы дрот. Яны двойчы на год адпачываюць: цёплае мора, горы. Апынаюцца часова пасля дарагой краіны ў таннай, дзе ўсё “вэры чып”. Але гэта іх не пазбаўляе ад традыцыйнага спліну. Яны змагаюцца з ім штовечар у пабах з “Гінэсам”, у сяброўскім коле, на частых каляжанскіх пагулянках. На возеры у фітнэс-клубе, пабудаваным з дрэва у скандынаўскім стылі. Унутры — нібы апынуўся на дракары вікінгаў. Басейн, саўна, джакузі. Аднак усё гэта не ўратоўвае ад дэпрэсіі. Яны мусяць наведваць сваіх псіхааналітыкаў, якія “вэры экспэнсыў”. Што ж тады нам казаць, што рабіць мне? Без мора і гор, без пабаў і псіхааналітыкаў? Набыць пляшку таннага французскага віна з-пад крыса і вельмі дарагога “кіце-кэту”, паслухаць добры рок і палашчыць свайго ўлюбёнага ката: мур-мур-мяў.

Калі ўчора не было візаў, а сёння яны ёсць, гэта як раптоўныя маразы пасля цёплых дзянькоў, але маразы, якія надыйшлі натрывала. Можа й не навечна, але вельмі надоўга. У душы штосьці сціснулася, як абуджаны страх, шкадоба да самога сябе, клубок непрыемных думак, пачуццяў. Учора іх не было, а сёння яны — непазбежнасць, дадатковая перашкода на шляху па-за калючы дрот. Як не было спачатку жалезнай заслоны, халоднай вайны, а потым яны на дзесяцігоддзі вызначылі існаванне з вечнымі страхамі, падазронасцю, варажнечай. З падзелам на два светы.

Не паспеў вярнуцца, як лопнулі мяхі набрынялых хмараў, разам з дажджом пасыпаліся на галаву каляныя каштаны. Зырка-жоўтыя кляновыя, барвовыя каштанавыя лісты хутка страцілі сваю мастацкасць, намоклі і паплылі, брукаваная вуліца утанула ў вадзе. Рачулка як звочыць набрыняла, узнялася на выбрукаваныя берагі і памкнула пад мост, побач з якім дождж бязлітасна хвастаў гранітны бюст паэткі. Больш не будзе цяпла, надоўга не будзе лета. Немагчыма ўхапіць яго за хвост, як дзяўчыну. Мокне на рацэ плывучая рэстарацыя “Каўчэг”. Ніхто не хоча больш піва. Яе завядуць у затоку, прышвартуюць, каб увёсну не сарваў крыгалом. Не будзе больш і вулічных рок-канцэртаў ля бара “Піўная бочка”. Актор, які выканаў ролю караля, нягегла і непераканаўча, спрабуе перад люстэркам апанаваць ролю, і пакуль яшчэ ён не задаволены сабой.

Гэта цяжкі крыж, але гэта і пячатка абранніцтва. Гульня, свавольства. Ніякага канвеера, ніякай установы. Спі, чытай, ездзі па грыбы. Вечаровая праца, праца дзеля прыемнасці і задавальнення натуральных амбіцый. Калі толькі роля табе адпавядае. Калі не другарадная і калі лепшую не атрымала табе непрыемная асоба, якой ты не так зайзросціш, але папросту не любіш яе, у горшым разе пагарджаеш. Ці мала за што можна пагарджаць? Канечне, могуць сказаць, што гэта не па-хрысціянску. Але тэатральная трупа — не дванаццаць апосталаў. Зрэшты, часам можна ўбачыць аналогію з апошняй вячэрай. Можна, але параўнанне будзе занадта моцным, перабольшаным. Часцей здараецца накшталт: чаму ён ідальга, а я служка? Чаму Дон Кіхот... Ну, тут больш складана, справа густу, асабістых перавагаў. Але чаму, чаму ён кароль, а я толькі блазан, га?!

Пашэнціла стаць каралём. Але як пераўвасобіцца на вулічным свяце, калі навокал смажацца шашлыкі, а ў цябе на сняданьне быў бутэрброд з сырам, калі побач нязрушна стаіць Вялікі Правадыр, як статуя Камандора, навокал салдацікі зухава спяваюць “цыганку-малдаванку”, парабкі з бярвення будуюць першую гародню, а спецназ радасна ламае аб галовы некандыцыйную цэглу і не жуючы глынае айчынных жаб, каб не трапілі ў рот французам? Каралеўскі маналог прагучаў праз сіпаваты мікрафон зусім непераканаўча, сам адчуў. На караля адразу забыліся, і ён, спусціўшыся з вулічнай сцэны, прысеў пад парасонам і папрасіў выпіць, але гэта было на свяце забаронена.

Апаноўваць ролю без грыму цяжка: у люстэрку звычайны твар з натоўпу. Штораз накладаць грым — ты не жанчына, каб кожны дзень мазацца. Грым трэба эканоміць, у тэатры гэта — адвечнае. Скура пачала за столькі часу рэагаваць алергічна. Хіба што браць маску альбо каралеўскае адзенне хаця б да пояса. Не-не, усё адно цяжка. Цяжка паспрабаваць уявіць, што ў цябе... Што жонку цябе прымусілі ўзяць у якасці “нагрузкі” да каралеўскай кароны, і ёй значна больш гадоў, чымсьці табе. Што яна за жанчына — невядома, удава ў жалобе. Матка яе была атрутніцай, і ты пабойваешся, каб здольнасці ды імпэт не перадаліся старой дачцэ. Ты замаўляеш у замежных краінах сродкі ад атруты, асабліва добрыя, кажуць, у гішпанскіх алхімікаў. Але гішпанскія алхімікі мусяць хавацца ад вельмі руплівых “дамініканскіх сабак”.

Каб пераўвасобіцца ў ролю па-сапраўднаму, трэба уявіць, што ў цябе трафічная (але ж слоўка!) язва нагі, што ў цябе велізазныя ныркі, як у вала, амаль як у спакладанага барана. Так напішуць прыдворныя лейб-медыкі у справаздачы, якую надрукуюць кніжкай пад псеўданімам. А яшчэ, яшчэ ў жоўцевым пухіры знойдуць камень, а пратоку закаркуе другі — памерам з мускатны гарэх. Канечне, сам кароль гэтага не ведаў, яму папросту было кепска, вельмі кепска. Але ж актор ведае і не можа адмовіцца ад гэтага ведання. Паміж ім і каралём у гарачцы фаліянты наступных — за некалькі стагоддзяў падзеяў, цяжар пражытых гараджанамі гадоў.

Паспрабаваць легчы і ўявіць. Але дзе? У цеснай грымёрцы на прыстаўленых усутыч крэслах? Дома на канапе? Ці пайсці і легчы цішком на сцэне, каб ніхто не бачыў, у цемры, быццам у сутарэннях? Што ў цябе зроблена лекарамі “апектура” — дзірка на назе, цераз якую сплывае гной з раны, якой не наканавана загаіцца. (О, як жа яна брыдзілася тваёй смярдзючай нагой, нашчадніца вялікага італійскага роду, каралеўская ўдава і паўторна —каралева пры каралю з нагой, якая не перастае гніць). Сабака ўкусіў, звычайны, не “дамініканскі”. Мабыць цякучая рана болей вызначыла штодзённае жыццё будучага караля, чымсьці што іншае. Ён заўжды адчуваў яе, яму ўвесь час балела, ён ніколі не мог забыцца на яе, ягоны адвечны праклён. Спачатку яе загаілі. (Каралеўскія медыкі найлепшыя!) Яе, але не агнішча інфекцыі. Пачало пруцянець цела. Рану ўзрэзалі скальпелем і прымацавалі пас з жалезнай шпількай, каб вярэдзіць рану, каб сыходзіла дурная матэрыя.

Так-так, актору няпроста ўявіць сабе падобныя пакуты, ён спрабуе хадзіць з вялікай канцылярскай кнопкай на назе. Атрымліваецца кепска, ці праўдзівей зусім не атрымліваецца. Але, мабыць, дарэмна шкадаваць караля, у каралеўскія часы былі распаўсюджаны вярыгі, і для яго, як для добрага верніка, адна шпілька гэта зусім не гіена агнёвая. Хутчэй адзнака боская. Бо Ён жа таксама цярпеў за нас і быў укрыжаваны пры Понцкім Пілаце... Для актора тут складанасць. Уявіць рэлігійную экзальтацыю нябожчыка магчыма, адчуць — хутчэй не. Пайсці пабыць у храме — гэта можна. Але каб маліцца... Актор дагэтуль не вызначыўся. Нібыта Бог ёсць, павінен быць, прынамсі. Але ў сталых гадах пайсці пахрысціцца, наведваць набажэнствы? У царкве барадатыя дзячкі, мноства бабулек, жанчыны, і не прысядзеш каб пра сваё падумаць. Увесь час нібы ў чарзе ці на мітынгу. У касцёле цікавей, музыка, але ксяндзы выглядаюць занадта па-замежнаму, занадта па-ватыканску ці што.

Магу сабе уявіць, як актор стаіць у музеі перад своеасаблівай мадэллю каралеўскай коннай статуі: драцяны каркас. “Шкілет, на які засталося нарасціць мяса”, — фраза на адкрыцці выставы, як мог пачуць і ён. У тэатры я толькі глядач, як астатнія. Да пастаноўкі дачынення не маю. Яны звычайна любяць п’есы мёртвых аўтараў альбо вельмі далёкіх, каб не плаціць ганарару. Мая п’еска патрапіла да гістарычных угодкаў. На прэм’еры я сяду на балконе, каб разгледзець уяўнае анатаміраванне уяўнага трупа. Мне таксама цікава, як усё будзе адбывацца, як увасобяць усяго толькі словы на паперы ў рухі, дзеянні, у відовішча. Я таксама часам прагну відовішчаў, тэатральнай гульні, умоўнасцяў. Якія не падобныя да жыцця, аднак пад уздзеяннем якіх часова на жыццё забываешся.

Запануе халодны снежань, як і ў тыя далёкія ад нас часы, у тыя дні і гадзіны, калі Ягоная каралеўская мосць пасля не зацягненых пакутаў памёр. Я апрануся, выйду з дому і пайду праз Стары горад, дзе калісьці ён жыў і дзе заўчасна памёр. У тэатры я з школьніцкай цікаўнасцю буду назіраць згары, што адбываецца на сцэне. Мне добра вядома наперад, што ён павінен двойчы апынуцца на анатамічнай лажніцы. З яе пачнецца дзея і ёй жа скончыцца. Невялічкае псіхалагічнае выпрабаванне для выканаўцы галоўнай ролі. Якія там у іх нажы ў тэатры? Лязо знікае ў тронку? Кроў? Не, мабыць, крыві быць не павінна, ён скалеў, пакуль яны спрачаліся, пакуль не дайшло да скальпеля.

Я уяўляю, як сяджу на балконе на прэм’еры і думкі мае снуюцца ад выканаўцы ролі да самога нябожчыка. Я выйду з дзвярэй і ўбачу танк, які так і не дачакаўся дэмантажу, як і наш Вялікі Правадыр, і стаіць руляй насустрач аўтамабільным калонам з-за мяжы. Але пакуль я не бачу самога танка, а толькі ўзгадваю пра яго. Я бачу на сцэне таго, які пажадаў быць пахаваным там, дзе памёр, бо любіў тут жыць. Растлумачыць гэта цяжка: любіў ды ўсё. Ён не мог ведаць, не мог чакаць, што яго труп зрэжуць нажамі эскулапы. Не мог нават уявіць, што спачатку зробяць, як схацеў: забальзамуюць і пакінуць на спачын у касцельных лёхах. Але з вясной выцягнуць на свежае паветра і сонечнае святло, паставяць дамавіну у катафалк і з аховай вырушаць у бок цяперашняй мяжы, якой тады не існавала.

Каралі павінны быць пахаваны з каралямі, нават калі ён быў замежнікам і не размаўляў па-іхняму. Нябожчыкі аднолькава маўчаць. Мне зробіцца смешна ад думкі пра візу: сёння патрэбна віза, каб выехаць адсюль туды. А каб вывезці нябожчыка? Дазвол консульскай службы і процьма папер. А бюракратычная важданіна? Ён мог бы і застацца назаўжды тамака, дзе хацеў спачуваць з уласнай волі. Што вязеце? Караля. Альбо — дамавіну з нябожчыкам. Такое аднойчы было. Іншага караля, які таксама рэзідэнцыю меў у нашым файным, але не сталічным горадзе, вярталі праз калючы дрот: візы альбо, скажам, дыпламатычныя працэдуры. Пагрузка, чыгунка, перачэпка вагонаў. Атмасфера сакрэтнасці. Вайскоўцы, урадоўцы, памежнікі, шпегі ў цывільным. Калі дамавіну даставілі да канчатковага пункта і ўзнялі века, шкілет не ўбачылі, адно рэшткі ботаў, шпоры, тронак ад шаблі, акраўкі каралеўскага паланціну з гербамі і несапраўдную тамбаковую карону.

2003

Загрузка...