Вось хто-та з горачкі спусьціўся,


Наверна мілы мой ідзёт,


На ім зашчытна гімнасьцёрка,


Ана с ума міня сьвідзёт.

На каленях Веранікі, зьвесіўшы рукі паміж ног ды дакранаючыся мокрай маленькай далоняй да яе лыткі, сядзеў чалавек, якога нядаўна яшчэ не было. Не існавала. Абсалютна. Ні ў якім выглядзе. Наогул. Зямля й без гэтага чалавека жыла няблага. Прынамсі, патрэбы ў ім ня мела. Вось якія складаныя думкі наведваюць тваю сьветлавалосую галаву, Вераніка. Але ён усё адно зьявіўся ды прагне свайго месца на зямлі, свайго кавалка мяса, сваёй долі сонечнага сьвятла, ён займае месца ў прасторы, у рэшце рэшт. Чвэрць ягонага жыцьця складае адзін год. Год таму Вераніка вучылася ва ўнівэрсытэце, а ён ужо пражыў чвэрць жыцьця. Неверагодная матэматыка. Калі-небудзь Веранікі ня будзе. Абсалютна. Ні ў якім выглядзе. Наогул. Пэўны час яна яшчэ будзе займаць месца, замінаць іншым, пасіўна ўплываць на тое, што пакінула, а потым і гэта скончыцца. Не ўкладваецца ў галаве. Як гэта: скончыцца. Як гэта: паміраць? Паміраць страшна. Гэта балюча. Крычаць, курчацца, клічуць маму. Клічуць бога. Аднак потым... Напэўна, шчасьце. Вось тады яна й даведаецца, што гэта такое. Але не цяпер, не цяпер, чуеце? Думаць пра такое – нібыта адплюшчыць вочы перад яркай лямпай ды асьлепнуць, бо зрок не вытрымлівае такога. Дайце мне яшчэ пажыць з заплюшчанымі вачыма, пад накрыўкамі павекаў, пад іх звычнай, надзейнай абаронай. Нараджаць, паміраць. Гэта толькі словы, словы-дзеясловы. Не, я не хачу ў гэтую чаргу, я лепей зайду сюды раніцай, калі ўсе на працы. Дзеці – гэта так здорава, спахапілася Вераніка, у мяне будуць двое. Пляменьнік прачнуўся, і вочы Веранікі засьлязіліся раптам ад замілаваньня, бо гэты таўстун азіраўся навокал так няўцямна, ды круціў чамусьці цёмныя ўскудлачаныя валасы над вільготным ілбом, нібы дастаючы зь іх заселыя аскепачкі сну. Якія яны безабаронныя, жахнулася Вераніка, такая непрыемна вялікая пад гэтым непаваротлівым сонным целам, якое пачало ціха румзаць, бо на яго не зьвярталі ўвагі. Газавыя пліты, нізкія падваконьні, шалёныя сабакі, п’яныя за стырном, маньякі, выбоіны ў асфальце, запалкі, цьвікі, брудныя кніжонкі, цёмныя пад’езды, прадаўцы чалавечых органаў, мацяркі-забойцы, няздарныя ўрачы, настаўнікі-пэдафілы, цэгла з даху, вірусы, ды яшчэ фашысты, фашысты, фашысты, на іх ніколі нельга забывацца, яна чула, яны сталі ўсё часьцей пралазіць у школы, кідаюць дзяцей, як кажуць у народзе, на амон, прыкрываюцца як жывым шчытом, дарослыя злачынцы... Як можа той, каго нарадзіла жанчына, быць здольным на такое: хавацца за сьпінамі дзяцей, убіваючы ім у неразбэшчаныя галовы ўсялякую заразу, замбіруючы тых, хто гуляе з гоначнымі машынамі. Нелюдзі, яны сапраўды нелюдзі, адкуль толькі яны маглі ўзяцца. Выйшлі з чэрава гэтай зямлі й хочуць зганіць яе, зьнявечыць, зьнішчыць. Гэта як забіць уласную маці. Тыя, сюжэт пра каго яна бачыла ў “Крымінальнай хроніцы”, такія й былі – нават зьнешне, нахабныя, з ачмурэлымі ад наркотыкаў вачыма, сытыя, добра апранутыя, здаровыя, сын і дачка, якія забілі маці-пэнсіянэрку недзе на ўскраіне гораду...

Крычыце сабе на плошчах, але – ня пэцкайце дзяцей ідэалёгіяй, ідэалёгіяй, добрае слова, яна запомніла яго зь першага курсу й вымаўляла ладна, хутка, кругла. Дзецям наканавана быць шчасьлівымі, не забірайце ў іх гэтага кону. Яна ўявіла сабе бамбардзіроўкі, гарады ў руінах, і дзіця зь вялікай галавой, якое плача й кліча маму – уявіла так ясна, нібы перад ёй запрацаваў тэлевізар. Вось чаго яны хочуць, фашысты. Каб скончылася роўнае, мірнае жыцьцё, каб галодныя беспрацоўныя бацькі пілі па кутох, каб маці прадавала сярод руінаў заручальныя пярсьцёнкі. Каб нахабныя чужаземныя жаўнеры ўваходзілі ў іхныя дамы ды гвалцілі дзяўчат, каб любоў прадавалася, каб усе навокал гаварылі па-фашысцку, каб маладыя зайздросьцілі старым. Каб жабракі пасьміхаліся бяззубымі ратамі. Каб над краінай усчалася вечная ноч, каб мы ўсе сталі рабамі, каб прыніжэньне стала нормаю. Каб вакол былі межы, каб кожны кожнаму быў чужак.

На ім пагоны залатыя,


І яркі ордзен на грудзі,


Зачэм, зачэм я паўстрэчалась


Іму на жызьненнам пуці.

Вераніка, Вераніка, што з табой? мы ж не на сходзе, дзіця спалохаеш – іхныя языкі запляталіся, і зь перапоўненага кубачка пад сьмешным пыхлівым самаварам цёк на абрус кіпень, а ў вачох блішчэла кроў, таго ж разьліву, што й кроў Веранікі.


***

“Я пагляджу, можна?” – сказаў ён жаласьліва й не чакаючы адказу схіліўся, яна бачыла, закусіўшы вусны ад болю, ягоную макаўку, на якой закручваліся ў сьпіраль нядаўна пастрыжаныя валасы. З доўгімі Лёньку было лепш, ён раней быў хаця б на чалавека падобны, а цяпер малпа малпай. Нагу ажно выварочвала ад болю, было вельмі крыўдна ад уласнага бясьсільля, ужо, мусіць, прайшло некалькі хвілінаў, а боль не зьнікаў. Даўно яна не адчувала такога ўсеўладнага, такога вострага болю. “Трэба памасажаваць,” – прамармытаў Лёнька ды ўзьняў на яе вочы, просячы дазволу... Яна нецярпліва кіўнула галавой, хто б ні прапанаваў ёй цяпер дапамогу, яна б пагадзілася, хай нават сьмярдзючы дзядзька Валодзя зь яе пасёлку, істота, ад якой засталося паўчалавека ды пара-тройка прымітыўных патрэбаў. Толькі б гэта хутчэй скончылася. Аднекуль усплыло простае, нібы яно цяпер паціскала плячыма ад сваёй прастаты, тлумачэньне, хісткае татарскае слова: сутарга, гэта ўсяго толькі сутарга. Вераніка ведала, што такое сутарга: зялёная вада вадасховішча, пяткі на ледзяной сьпіне падводнага цячэньня, або яшчэ лішняе кола на школьным стадыёне, ды голас фізрука: “Казаў табе – разьмінайся!”. Але яна ня плавала й ня бегала, яна толькі паднялася з-за стала ў ружовай Лёнькавай кватэры, бацькі якога меліся неўзабаве прыйсьці з працы (яна спадзявалася ўсё ж пазьбегнуць знаёмства)... Лёнька ўчапіўся ў яе нагу, ні пра які масаж размова не ішла, ён папросту ня ўмеў гэтага рабіць, і Вераніку раптам разабраў сьмех, дзякуючы якому боль адступіў, растварыўся недзе над костачкамі, на разьвітаньне ўкалоўшы яе нямоцна ў галёнку... А Лёнькавы разгубленыя пальцы падымаліся ўсё вышэй, пагладжваючы яе скуру зь недарэчнай павагай, а потым таропка кінуўшыся пад спадніцу, абнюхваючы кожны куточак, так відавочна баючыся не пасьпець, казычачы Вераніку, прымушаючы яе зрэдку фыркаць, крывіць вусны, пальцы варушыліся, тоўстыя цьвёрдыя падушачкі на іх шмыгалі то ў вадзін бок, то ў другі, то вярталіся ўніз, нібы нешта забыўшы, Лёнька раптам заскуголіў, як шчаня, ды палез, заплюшчыўшы вочы, проста на яе калені, апусьціўшы падбародзьдзе, Вераніка міжволі расставіла ногі, і галава Лёнькі вылезла ззаду, бадаючы пустэчу, натыкаючыся на крэсла, а рукі не спыняліся, яны адшукалі край майтак, набраліся рашучасьці ды сьлізнулі туды, і самі спалохаліся сваёй знаходкі, і пачалі перабіраць валаскі, а Вераніка стаяла, зьдзіўленая, ды бачыла нямытую Лёнькаву шыю, ёй было вельмі цікава, што ж з гэтага ўсяго атрымаецца, – дзіва, але ёй не было непрыемна, хутчэй нават было прыемна, яна й не задумвалася, што ў нізкарослага Лёнькі такія доўгія рукі, якія, здаецца, толькі расьлі з кожным імгненьнем, лоб ягоны глуха стукаўся аб крэсла, аб ножку стала, гарачыя пальцы нарэшце перасталі зважаць на апёкі ды сталі больш мэтанакіраванымі, Вераніка не замінала, яна падумала, што можа быць лепей заплюшчыць вочы, але ня стала гэтага рабіць, грукат станавіўся ўсё гучней, пакуль не перайшоў у доўгі бязглузды званок...


***

Маці пакінула яе каля жалезнае агароджы, уручыўшы халодную, месцамі іржавую трубу, ды, азіраючыся, пайшла да цёткі Розы. Труба была тоўстая й цікавая. Вераніка таксама была тоўстая і цікавая – у ружовым з блакітным камбінэзоне ды вязанай шапачцы зь белым, як шавялюра дзьмухаўца, пампонам. Цётка Роза гаварыла ды плявалася, а маці ківала галавой, усё намагаючыся сказаць цётцы Розе нешта важнае, а цётка Роза ўсё трэсла кучаравай галавой ды не давала маці ўставіць ані слова, хапаючы яе за руку. Вераніка стаяла да іх сьпінай, але недалёка ад яе было Вялікае Магазіннае Акно, і ў ім таксама стаялі цётка Роза ды мама, так што Вераніцы трэба было добра падумаць, у які бок плакаць, калі што-небудзь здарыцца. Але тут з-за Вялікага Магазіннага Акна выйшаў, аблізваючыся, сапраўдны Коць, жывы, з узьнятым хвастом, ды паглядзеў падазрона на Вераніку, а потым заўважыў пампон ды зацікавіўся, падыйшоў бліжэй, сеў, задраўшы галаву з рэдкімі вусамі. Труба не хацела адпускаць Вераніку, а Коць дробна трэсься, гледзячы, як гайдаецца пампон. Вераніка бачыла, як з-за сьпінаў мамы ды цёткі Розы выйшаў нехта ў шапцы з вушамі – вось ён і напалохаў Коця: Коць падабраў лапы ды скокнуў у кустоўе, прытармазіўшы там, каб праверыць, ці няма небясьпекі. “Не сыходзь, Коць,” – сказала Вераніка, і ніхто яе не пачуў, а Коць вось усё зразумеў, без праблемаў. “У цябе труба ёсьць”, – прамовіў Коць са смуткам. “Яна халодная і цікавая”, – горда заявіла Вераніка. “Ну і стой са сваёй трубой”, – сказаў няветліва Коць ды пачаў мыць сабе вуха. “Я з табой хачу,” – сказала Вераніка. “Калі хочаш, дык кідай сваю трубу”, – запярэчыў Коць. “Ідзі да мяне ў кустоўе, а то там каля дарогі... швэндаюцца ўсякія ў чорных шапках, невядома чаго”. “Але...” – Вераніка ледзь не расплакалася. “Там мая мама...”. “Мама, мама...” – працягнуў, дражнячыся, Коць. “А там што, ня мама?” І ён паказаў на Вялікае Магазіннае Акно. “Мама,” – узрадавалася Вераніка. “Пачакай, я ўжо іду”. І, як маленькі паравоз, яна пайшла. З Коцем яны пастаялі нядоўга. “А-а-а!” – пачуўся лямант з таго боку. “Дзіцёнка скралі!”. “Гэта цыганы!” – крычала цётка Роза, старанна пераймаючы маму. “Я ўчастковаму даўно казала!”. Мама хутка знайшла яе. “Наша Веранічка ўмее хадзіць!” – мама цалавала Вераніку ў чырвоныя яблыкі шчок ды, Вераніка ня верыла сваім вачам, нават плакала ў той момант. “Наша Вераніка ўмее хадзіць”. І чаму яны ўсе казалі гэта тады трошкі са смуткам?..


***

Тое лета было гарачае, нібы перад канцом сьвету. Мы засыналі непрыкметна, на паўслове, ноч, здавалася, так і не надыйшла, так было сьветла ды шумна на вуліцы, горад дробна трэсла ад перагрэву, адчыненыя вокны не ратавалі ад задухі, у палёх гінулі ўраджаі, крамы ламіліся ад мяса ды пральнага парашку; сонечныя ўдары, сонечныя спляценьні, тэленавіны, поўныя мёртвых турыстаў на далёкіх, няісных пляжах, поўныя загарэлых нябожчыкаў, якіх ніхто не прыбіраў, дрымота прыроды. Мы засыналі аголеныя, мы пахлі адно адным, побач на падлозе штучным пратэрмінаваным сьнегам бялела цёплая прасьціна, толькі на сьвітанку, вельмі ўмоўным, мы не расплюшчваючы вачэй намацвалі яе, стогнучы ад раздражненьня, ды прыкрываліся, успацелыя, прыкрываліся, выключна па звычцы жыхароў некалі зімнага краю. Апошні раз такая тэмпэратура была зафіксаваная... Ніколі такога яшчэ не было тут, ад таго дня, калі на зямлю праліўся першы дождж.

Мяне разбудзіў яе тэлефон, я адплюшчыў вочы, на мяне глядзелі яе пальцы, пальцы ног. Напэўна, ноччу яна зноў варочалася ў маім ложку, як дзіця, так і ёсьць, яна ляжала галавой да акна, а я – да дзьвярэй... Пальцы ў яе на нагах, мезенец зусім маленькі, я ўпершыню зьвярнуў увагу, які ж ён малы, нават не падобны да пальца, хутчэй, да мочкі вуха зь сярэбранай кропляй на ёй, да часьцінкі яе цела, якая выправілася ў далёкае падарожжа ды дайшла нарэшце да таго месца, дзе сьвет сканчаецца прорвай. Пальцы, так шчыльна прыціснутыя адзін да аднаго, што магло падацца, яна нешта там хавае. Па краёх пазногця лак дзе-нідзе сьцёрся, яна шмат ходзіць, Вераніка, яе гадзіньнік усё яшчэ супадае з унівэрсытэцкім. Калі добра прыгледзецца, можна заўважыць, што ступакі трохі дэфармаваныя, па форме туфляў, костачкі пляскатыя, амаль зусім не выдаюцца, на пад’ёме нагі тонкія палоскі, бы на бяросьце. Я пацалаваў яе мезенец, мае вусны былі занадта вялікія, каб трапіць куды хацелі, ды захапілі ягоных гладкіх, жаўтаватых суседзяў. Мікраскапічны лябірынт пяткі заварожваў, я стаў шукаць выхад зь яго ды хутка згубіўся. Яе мезенец зноў апынуўся ў маім роце, я пасмоктваў яго ды заадно яшчэ некалькі, жаночая скура на смак салёная, але не занадта, яна як вада ў тым месцы, дзе дасягае мора шырокая стомленая рака, дзе музэй з іржавымі параходамі, рэстарацыя на баржы, зрэшты, зачыненая, ды пакорлівая рыба зь белым мясам. Вераніка, гарачая страла, якая працяла мой бок. Я адкрыў шырэй рот, поўны ранішняй няпэўнасьці, ды ўзяў ім яе пальцы ўсе разам, прахалодныя, поўныя бясконцага смаку. Бачыў сябе ў люстэрку – сфатаграфаваны буйным плянам ядок-гурман, які да таго ж яшчэ й пазіруе. Яна страпянулася, заварушыла пальцамі ў маім роце, я скасавурыў вочы, другая нага ляжала нерухома, быццам копія ў цені захваленага арыгіналу. Вераніка сказала нешта выразна ды зьдзіўлена на ранішняй мове, і прасьціна папаўзла ўверх.


***

Яна стаяла каля вакна й зь нянавісьцю, глыбока ўдыхаючы, глядзела на плошчу. Раніцай, калі фашысты раптам высыпалі сюды з мэтро, нібы прусакі, на хаду разгортваючы свае змрочныя палотнішчы, прыйшло ўказаньне ня ўмешвацца ды як мага больш арганізавана эвакуаваць людзей. Будаўнікі неахвотна падпарадкаваліся загаду ды прыпынілі працу, Вераніка сама размаўляла з гэтымі шчырымі сымпатычнымі рабацягамі – як гэта было для іх цяжка, пакінуць звычныя працоўныя месцы, ды яшчэ ў той час, калі царква стала ўжо вымалёўвацца, калі ўжо нават дзеці бачылі ў яе каркасе прывід будучае сьвятыні... Цяпер пад самымі рыштаваньнямі стаяла некалькі сотняў цалкам пазбаўленых чалавечага аблічча стварэньняў, якія выкрыквалі свае антычалавечыя лёзунгі ды трэсьлі бясьсільна ды аднастайна кулакамі. Гэта падчас свайго раптоўнага калектыўнага выхаду зь ні ў чым не вінаватага сталічнага мэтро яны здаваліся пагрозьлівым натоўпам, – варта было гэтай купцы недабіткаў пасунуцца ў цэнтар, як плошча сама сарвала зь іх маскі: яны растварыліся ў гэтай прасторы, іх, здавалася, удвая паменшала. Вераніка думала пра тое, што адчыні яна зараз акно ды крыкні што-небудзь у іх бок, народнае такое, даступнае – і натоўп рассмокчацца сам сабой, самаліквідуецца. Але пакуль ніхто не тэлефанаваў, толькі зусім юныя, сарамлівыя міліцыянты пад камандаваньнем маёра Жычкі, які часта па справах бываў у аддзеле, сядзелі ў аўтобусах за ўстрывожаным помнікам ды гадалі, ці будзе ў іх сёньня баявое хрышчэньне.

Час ад часу натоўп падбадзёрваў сам сябе, раптам выгукваючы даволі ладна што-небудзь пазбаўленае ўсякага сэнсу, і Вераніка нават разьбірала словы. Але яна й так ведала, яшчэ з унівэрсытэцкіх лекцыяў, чаго яны хочуць, і кожны гэта ведаў, нават самы неадукаваны будаўнік. Перасаджаць у турмы ўсіх, хто супраць іх (а значыць, увесь народ, – ператварыць краіну ў адзін вялізны канцлягер), параздаваць усё, створанае гэтым народам, сваім хросным бацькам з-за мяжы (у якіх рукі даўно па локаць у крыві), забараніць усю вольную прэсу (заткнуць рот усім нязгодным), зрабіць зь дзяцей наркаманаў і прастытутак, выгнаць усіх, хто некарэннай нацыянальнасьці (як быццам яны самі былі адсюль, не ж – усе спрэс бастарды, паводле паходжаньня), павесіць над адміністрацыяй сваю фашысцкую анучу ды хадзіць з павязкамі на рукавох па гарадох ды вёсках, вешаючы на слупах тых, хто наважыцца пратэставаць. І чамусьці ім здаецца, што гэта мусіць кагосьці прывабіць. Народ глядзеў на іх, глядзеў, з усьмешкай, як на дурных дзяцей, у якіх гармоны граюць, а потым плюнуў ды запатрабаваў ад улады ўмяшацца. Якім бы ты ні быў цярплівым, ня зможаш жа ты вечна трываць, калі цябе з гразёй зьмешваюць. Недабудаваная царква горда ўзвышалася сярод гарладзёраў. Вераніка ўздыхнула ды шчыльна зачыніла вакно. Яна ведала – Чэслаў сказаў – што з прыгараду сюды ўжо нясьпешна рухаюцца некалькі машын, будзе сёньня праца ў камэнданта.

Ну не чытаць жа ўвесь час Толкіена. Яна думала, што завітае ў інтэрнэт на хвілінку, праверыць, што напісалі на ўнівэрсытэцкім сайце пра нядаўнюю антыфашысцкую акцыю, але невядома якой сьцежкаю, хутчэй заблукаўшы ў стракатым моры спаму, чым насамрэч крочачы паўз вабноты віражоў ветранай віртуальнай прасторы, Вераніка трапіла на старонку, зь якой цяжка было сысьці... Калісьці яна ўжо спрабавала тут зарэгістравацца, калі хадзіла ў танную інтэрнэт-кавярню пры ўнівэрсытэце, тады нічога ня выйшла, і яна ня стала затрымлівацца за старым маніторам... Але й цяпер усё ўдалося ня зь першага разу, а потым у яе папрасілі назваць нумар банкаўскага рахунку, яна думала, ці рабіць гэта, але пальцы ўжо набіралі лічбы, і зноў яна пацярпела няўдачу, але жаданьне было ўжо тут як тут, агонь заняўся, сухіх паленцаў хапае – нібы ты стаіш перад прачыненымі дзьвярыма, куды табе бацькі перад тым, як пайсьці з дому, строга забаранілі заходзіць... Яна ўважліва прачытала папярэджаньне, чаго ніколі раней не рабіла, ды зарэгістравалася... Далей пайшло весялей, перад ёй ляжалі часткі, зь якіх трэба было сабраць яшчэ адну Вераніку, што можа быць цікавейшым для цікаўнай чалавечай тварыны, хацела б яна паглядзець, хто ад такога адмовіцца. Службовы кампутар функцыянаваў беззаганна, ён быў найноўшай мадэлі, ня тое што тады, у інтэрнэт-кавярні. Вераніка зручна адкінулася ў крэсьле, скінула туфлі ды атрымлівала асалоду. Нядаўна адрамантаваная вэнтыляцыя працавала выдатна. На стале не было ні пылінкі. Новы чорны касьцюм зьлёгку патыхаў лявандай. Чэслаў Карлавіч да вечара паехаў у мэрыю. А Ён – Ён ніколі да яе не заходзіў пасьля таго выпадку, нават паперы перадаваў зазвычай праз сакратарку, а большасьць дасылаў мэйлам. Яна сьцепанула плячыма, ссунула калені. Дэталі канструктару на маніторы крыху адлівалі срэбрам. Валасы яна пакінула сабе такія ж сьветлыя, ды з таямнічай грыўкаю, а вось ногі... Яна доўга думала пра гэта, ногі ўсе цудоўныя, на любы густ, можна было пагуляць нават з колерам... Трэба выбраць чым даўжэйшыя... Вераніка думала доўга, а калі зірнула выпадкова на гадзіньнік, абамлела. Неабходна сьпяшацца. Самыя доўгія... Тут яна абыйдзецца без абцасаў. Але як там з прапорцыямі, не, зь імі ўсё якраз окей. Узяла сабе твар, падобны трохі да твару Мілы Ёвавіч, прымерала – а няблага ж атрымліваецца. Цацка. Абрала невялікія, высокія, кампактныя грудзі з татуяваньнем, загарнула ўсё гэта, зірнуўшы на прагноз надвор’я, у даўгі фіялетавы плашч з капюшонам, начапіла ў апошняе імгненьне цёмныя акуляры – вялікія, на паўтвару.

У тых, хто ствараў гэтую гульню, было дзіўнае ўяўленьне пра стартавую пляцоўку: новая, непазнавальная, хаця й часовая Вераніка стаяла ў нейкім паўцёмным сараі, скрозь шчыліны ў сьценах прабівалася нязыркае сьвятло, падлога была ўсланая вільготным сенам, у куце віднеўся драўляны воз, там-сям былі раскіданыя такія ж архаічныя колы. Ледзь бачная квадратная дужка зачыненых дзьвярэй ціха парыпвала. Вераніка спатыкнулася аб іржавую падкову ды паволі ўзялася за засаўку. Усё гэта нагадвала этнаграфічны музэй. Яна адчыніла дзьверы і апынулася на лясным узгорку. Церусіў дробны дождж, неба было зацягнутае нізкімі хмарамі. Дрыжэлі ў цяжкім, груба намаляваным паветры схематычныя яліны, а між імі скочвалася ў лес вузкая, з гучным хрусткім пяском, дарога.


***

Калі б яна пабачыла іх на некалькі гадзінаў раней, яна б ня стала марудзіць, яна б закаціла вочы ад абурэньня ды зараз жа запісалася па тэлефоне да доктара. Колькі б ні каштавала гэтая чортава кансультацыя! Але яны зьявіліся тады, калі мусілі зьявіцца, гэтыя шаравата-белыя плямы на задніх паверхнях сьцёгнаў ды галёнак. Але мы забягаем наперад. Вераніка ляжыць на сьпіне, яе ногі трохі сагнутыя ў накірунку дзьвярэй кабінэту, здаецца, яна б паднялася, падагнула б адну з ног, верагодней за ўсё, правую, ды схапілася б рукой за сьпінку крэсла – таго, якое для наведнікаў. Але ў тым і штука, што руку яна больш не падыме, ні адну, ні другую. Ну, гэтым нас цяжка зьдзівіць: бывае, засьнеш няўдала на адной з рук, прачынаешся ды пацееш ад жаху, бо яшчэ ня выйшаў на сонца рэальнасьці зь ценю сну: ня слухаецца рука, бы адсохла! (пасьля таго, што здарылася зь Веранікай, такія выпадкі мусяць, я мяркую, адно радаваць), а потым усё разумееш – якая палёгка, і другой, паслухмянай рукой вяртаеш першую да жыцьця, і кроў рвецца на вечныя свае выганы, бы галодны статак. Мы называем гэта “адляжаць”, гэтае прыемнае паколваньне, гэты нутраны шум уласнае крыві, як шум прыручанага ручая. Дык можа, і Вераніка проста сябе адляжала? Ну натуральна, яна адляжала сябе, інакш чаго б гэта ёй валяцца на службовым дыване, яна ж яшчэ не начальнік аддзелу, давай, Вераніка, падымайся. Але як быць з гэтымі плямамі, якія цягнуць яе ўніз, бы тапельца? Нам яны знаёмыя? Не, здаецца, не. Гэта вельмі нездаровыя плямы. Яна захварэла, Вераніка. Хто выкліча хуткую? Той, хто ля вакна, ці той, хто паволі адступае да сьцяны? Гэта ня так лёгка, разьмеркаваць цяпер абавязкі. У кабінэце, які разьлічаны на аднаго супрацоўніка, насамрэч процьма народу. Проста мы іх не заўважылі, так сьціпла яны сябе паводзяць. Рэдкая цяпер зьява – сьціпласьць.

Пасьля таго, як сэрца перастае дзейнічаць, кроў ды лімфа па крывяносных ды лімфатычных сасудах пачынаюць паступова апускацца ў ніжэйшыя аддзелы цела. Кроў, якая зьбіраецца ў гэтых аддзелах, расшырае вянозныя сасуды ды прасьвечвае праз скураныя покрывы. Участкі цела, прыціснутыя ягоным цяжарам да плоскасьцяў, на якіх гэтае цела ляжыць, аказваюцца заціснутымі, кроў у іх адсутнічае. Якія стадыі разьвіцьця гэтых цікавых плямаў ты можаш назваць, Дарафеева?.. Гіпастаз, дыфузія, называная яшчэ стаз, і... І? І... і... Імбібіцыя, няўжо гэта так цяжка, Іра? Імбібіцыя, калі ты можаш хоць тысячу разоў націснуць на пляму, а яна нават не пабляднее, дзе б яна ні знаходзілася, каб яе халера, нават на гэтых прыгожых нагах.


***

Быццам злы фокусьнік, штукар, якому балела ў той дзень галава, падстроіў такое паскудзтва!.. Тая сьліва была прыгажэйшая за верхнюю, можа быць, таму, што пускала, расплюшчаная з аднаго боку, цёплы сок, ды менавіта ад яе над сталом лунала такая неверагодная духмянасьць, – і Веранічка засунула аблупленыя загарэлыя пальцы з чорнымі пазногцямі ў міску, акурат туды, дзе церліся сьпінамі адна аб адну адурэлыя ад салодкага восы, якіх яна называла пчоламі. Пад пальцамі, якія рвануліся адразу назад, страшна ды раптоўна загуло, Вераніка адхіснулася, стукнуўшыся патыліцай аб зеленаватую сьцяну хаты, аб нейкае нібы наўмысна падкладзенае калючае бервяно, а аса ўзьвілася перад яе аголенымі да самага дна вачыма ды ўпала, зьнясіленая, у складкі сукенкі, за падол якой Вераніка не марудзячы схапілася ды штомоцы закрычала. Яна лямантавала, і бабуля кінула вёдры, а дзед сядзеў на сваім месцы ды ласкава ўсьміхаўся. Як балела потым, як балела!.. “Ты захварэеш ды памрэш!” – урачыста сказаў Генік, сын вясковае настаўніцы, – “Я па тэлевізары глядзеў: адну дзяўчынку вось так жа ўкусілі, і потым у яе вырасла ўнутры вось такая... і рабакоп ёй адсёк галаву, а яна яму грыць, а ён ёй грыць, а яна грыць...”. “Ты дэбіл”, – спакойна сказала Вераніка. “Ты памрэш, толькі калі гэта была атручаная аса”, – прамовіў ціхмяны хлопчык Антон. “Ты не заўважыла, у гэтай асы было аўтаматычнае джала?”. Але Вераніка ўжо ня слухала, яна з гордасьцю глядзела ўніз, туды, дзе надзьмулася злоснае пунсовае вочка.


***

Калі я прыехаў сюды, я быў агаломшаны новым для сябе адчуваньнем абранасьці. Брук кінуўся мне пад ногі, людзі навокал уздыхнулі і адначасова загаварылі: мне ўсё здавалася, што пра мяне, пра мяне; будынкі абступілі маё разгубленае замерлае цела, свабода была балючай, у ёй было зашмат кіслароду. Ад шпіляў і цэркваў ныла шыя.

Раптам я адчуў сябе так, быццам уся папярэдняя чалавечая цывілізацыя існавала для мяне аднога. Дзеля мяне, дзеля таго, каб я выйшаў аднойчы на гэты пярэсты пэрон, быў пабудаваны Рым, і мыў ногі Калос Радоскі, і несьлі паўз пустэльні скураных вершнікаў лёгкія коні, і гарэў Канстанцінопаль, і Вялікі Інка задуменна ўзіраўся ў акіян, і абвяшчаліся крыжовыя паходы, і гвельфы стаялі супраць гібэлінаў, і ганялі, як мух, неадчэпных духаў па сваіх каменных пакоях вучоныя й мастакі, і сьвісьцеў першы паравоз, і кусаў чалавека, яшчэ не разумеючы, што робіць, нявінны порах, і неба падала на галовы, і шматзначна блішчэла золата. Усё, што раней выглядала як прыдатны адно для любаваньня хаос, стала лягічным і прасьцерлася так далёка, што я згубіў раптам свой цень, і знайшоў яго толькі назаўтра, ва ўтульнай, поўнай непрыкметных сьлядоў мінулых жыхароў кватэры з падвешаным на столь замест лямпы сапраўдным паўночным сонцам. У кожнай з шуфлядаў пісьмовага стала хаваліся пакінутыя кімсьці манэткі ў адзін цэнт. У куце, паміж вялікім акном і сьцяной, шурпатасьць якой быццам імкнулася скласьціся ў нейкі загадкавы барэльеф, было файнае месца, каб павесіць фотаздымак Веранікі ў рамцы. Я, аднак, усё яшчэ ня здольны скінуць зь сябе рэшткі ўчорашняй велічы, разьмясьціў там вырваную зь нейкага глямурнага часопіса рэпрадукцыю Брэйгеля. Часопіс я знайшоў у цягніку, і калі пабачыў карцінку, то чамусьці мне захацелася, каб яна засталася са мной; я не разглядваў яе ўважліва, проста сунуў між старонак выпадковай кнігі. Нашая схільнасьць да дзіўных учынкаў – гэта, магчыма, адзінае, што дазваляе сьмерці не памыляцца ў выбары, калі надыходзіць час.

У гэтым горадзе, які нясе мяне цяпер невядома куды... Так, менавіта ў гэтым горадзе, па сьведчаньні некаторых знаўцаў, робяць месяц. І “прескверно делают”, працягваюць знаўцы. Ня ведаю, ня ведаю, як па мне, дык кульгавы бондар ведае сваю працу. Поўня выпаўзае з-за тэлевізійнай вежы і адтуль трапляе, нібы серабрыстая рыбіна на спод, мне ў люстра. Так, у мяне ёсьць люстра. Я гляджу на нас зь месяцам, а гадавая стрэлка на гадзіньніку раз – і ўжо зноў аддыхваецца на вяршыні, і ў галаве ўсплывае верш.

Я, я, я. Что за глупое слово.


Неужели вон тот – это я?


Разве мама любила такого,


Желто-серого полуседого


И всезнающего, как змея?

Здаецца, гэта Хадасевіч. А можа, і не. Але дакладна не Хадановіч. Калі памяць вісіць на сьцяне замест кніжнай паліцы, лёгка памыліцца. Ёсьць, праўда, яшчэ інтэрнэт. Ён, аднак, кніжнай паліцы не заменіць, ён хутчэй грамадзкая бібліятэка, адкуль нельга выносіць кнігі, вялікая чытальная заля, дзе нельга чытаць лежачы, нельга чытаць палячы, і лятаючы таксама нельга, і нельга, ядучы зямлю.

Як брэйгелеўскі Ікар, я ў роспачы біў там нагамі па вадзе. Але ці пагражала мне што-небудзь на радзіме? Натуральна, не. Ні гвалтоўная сьмерць, ні арышт, ні нават тэлефонныя пагрозы. Канешне, яны заўсёды хаваліся побач, як хаваюцца побач з кожным чалавекам, дзе б ён ні жыў. Гвалтоўная сьмерць або арышт могуць напаткаць любога, і нават у гэтым паўночным горадзе: варта толькі аступіцца, у простым ці пераносным сэньсе. Тэлефонныя пагрозы, голас д’ябла ў слухаўцы, мабільны сьвятога Антонія. Не, на радзіме мяне мог чакаць адно лягер. Але лягер – гэта не турма. Там, кажуць, можна нават гуляць у футбол, і глядзець тэлевізар, і нават пабрацца шлюбам, і нават займацца палітычнай дзейнасьцю, у межах установы, вядома ж, там ёсьць палітычныя партыі, і “Макдональдс”, і дзіцячыя садкі, і газэты, і някепская бібліятэка, і сэкс-шоп, і інтэрнэт-кавярня, і бясплатнае мэдыцынскае абслугоўваньне, і калі табе нешта не падабаецца, можна падаць заяўку на правядзеньне пікету, і – о гуманнасьць улады! – нават для аматараў самоты там ёсьць усе ўмовы: нікому не забараняецца набыць намёт і пайсьці ў самы глухі куточак сквэру ды адпачыць там ад жыцьцёвай мітусьні. Ды што казаць: для аматараў турызму там ёсьць сапраўднае замежжа, нядаўна адрамантаванае на сродкі Міністэрства ўнутраных справаў. Галоўнае – своечасова прыйсьці на вячэрнюю пераклічку. Але ж гэта дробязі ў параўнаньні з тым, што дадзена насельнікам лягера. Дык якой халеры я прыперся сюды?

Я прыгадваю дзень свайго ад’езду. Усё навокал выглядала так, быццам плянаваліся шыкоўныя праводзіны, а атрымаўся пшык. Краіна нешта неразборліва крычала з рэпрадуктараў наконт прыгарадных электрычак. Веранікі не было, яна й ня ведала, што я зьяжджаю, мы ўжо даволі даўно ня бачыліся. Але мяне й безь яе праводзіла купа людзей: бацька, што пакутліва шукаў патрэбныя словы й так і не знайшоў іх, бо іх не існавала, гэтых патрэбных словаў, і сябра, які прыбег на пэрон ужо тады, калі цягнік крануўся зь месца. Птахаў было крыху менш. Каля выхаду з падземнага пераходу нехта разьбіў бутэльку, і цяпер там, насьцярожана паглядваючы на вагоны, пераступала з нагі на нагу сарока, прывабленая блішчастымі аскепачкамі шкла.


3.

Яны наўмысьля абралі момант, калі бацькі не было дома. Хаця як бацька да гэтага паставіцца, дакладна ніхто ня ведаў. Ён, наогул, не выдзяляўся зь яму падобных абыякавых двуногіх татаў, зь іхнай сьмешнай гордасьцю ды смачным потам, і ніколі не рабіў спробаў зазірнуць у жаночы сьвет, задавальняючыся тым, што яму часам ахвотна ды настойліва, але часьцей з пачуцьця доўгу, давалі, – тым, на што ён, паводле ўхваленай дзяржавай згоды абодвух бакоў, меў права. Такім жа рос і брат, і ніхто не знаходзіў такое становішча ненармальным. Вераніка трохі пабойвалася, але ніякі страх не прымусіў бы яе адмовіцца ад задуманага. Пасьля працы да іх заехала цётка, і яны з маці кульнулі па кілішку на кухні, пакуль Вераніка глядзела ў люстэрка, гадаючы, што зь ёй неўзабаве станецца. Ад брата пазбаўляліся доўга, ён прадчуваў падман ды круціўся побач, падазрона прыслухоўваючыся да надта ўжо бесклапотных галасоў на кухні. Але ўрэшце цётка дала яму грошай на марозіва, хаця ўсе ведалі, што брат Веранікі ў любым выпадку купіць жуек з наклейкамі, – і кватэра была ачышчаная. Цётка зрабіла ўсё прафэсійна хутка, маці яшчэ раз працерла пацяжэлыя, распалымнелыя вушы Веранікі недапітай гарэлкай. Завушніцы цягнулі ўніз, нязвычныя адчуваньні стаялі ў горле, але Вераніка бачыла ў люстэрку прынцэсу, і гэтага было дастаткова... Бо яны ўсё ж пагойдваліся, па-сапраўднаму пагойдваліся, хаця выглядалі яшчэ пяць хвілін таму такімі несапраўднымі ў замерлых руках Веранікі. Ёй захацелася пайсьці на двор, і яна зусім не разумела, чаму гэта маці ды цётка так цяжка ўздыхаюць ды пазіраюць адна на адну п’янаватымі, зацягнутымі дзіўнай плеўкай вачыма. Зараз я пайду, і яны, вядома ж, засьпяваюць, вырашыла Вераніка ды пабегла ўніз. Яна напамяць ведала ўсе гэтыя іхныя песьні, а праз колькі год ужо сама да болю ў запясьцях запісвала ў чужыя патаемныя альбомы:

Эти глаза её пырнули


До сердца самого достав,


И с той поры она уж больше


Не улыбалась, честь храня.

Тады Вераніка насіла ўжо зусім іншыя завушніцы, не такія цыганскія, з бледна-сінімі штучнымі каменьчыкамі. Потым былі яшчэ падораныя бабуляй чырвоныя, з фальшывага бурштыну (спазьнілася бабуля на цэлых пяць гадоў), потым яшчэ нейкія круглыя, сярэбраныя, потым два крыжыкі, потым яшчэ некалькі незапамінальных... Тыя, якія ў форме ромбаў, яна згубіла, калі хадзіла на танцы...

Завушніцы станавіліся ўсё прасьцейшыя ды даражэйшыя, і нарэшце справа дайшла да золата. Насіць яго было вельмі прыемна ды вельмі небясьпечна. Якраз у той час у горадзе невядомыя фашысты вырывалі ў жанчын з вушэй такія ўпрыгожаньні, шмат было выпадкаў, пра гэта гаварылі на кожным кроку. Шторазу, выходзячы ў залатых завушніцах на вуліцу, Вераніка з трымценьнем сэрца паскарала хаду, ёй здавалася заўжды, што яна ўжо на кручку. Пазьбягаць цёмных вуліцаў, не паварочвацца да людзей сьпінай, не прыцягваць увагі, абыходзіць падазроныя кампаніі незнаёмых... Яна радавалася, калі сустракала ў аўтобусе па дарозе дадому суседзяў, – значыць, да пад’езду можна дайсьці спакойна. Бо й да Сьвету гэтая пошасьць дабралася, праўда, тут пераважна зрывалі футровыя шапкі з галоваў, але ж ад шапкі да вуха – адзін крок! Многія перасталі насіць золата, адно разглядвалі з сумам дома свае скарбы, прымяралі перад люстрам, але Вераніка толькі ў сваіх залатых завушніцах і пачувалася ўпэўнена, і не магла адмовіцца ад іх, такіх прыцягальна-рызыкоўных...

Потым напады спыніліся, бы й не было, але золата пакрысе выйшла з моды, на другім курсе Вераніка насіла ўжо простыя, сярэбраныя, падобныя да рыбак... Тым большым было яе зьдзіўленьне, калі яна неяк выходзіла зь сяброўкамі зь лесу каля ўнівэрсаму, і ім насустрач, пад бляклыя ліхтары, невядома адкуль выскачыла смутна знаёмая маладжавая жанчына, трымаючыся за вушы ды лямантуючы... У галаве шумела ад сухога віна, язык лянотна выкалупваў з зубоў кавалачкі непражаванага шашлыку, але Вераніка здолела зразумець, што толькі што адбылося зь цёткай... “Я зараз паклічу каго-небудзь, пачакайце!” – крыкнула яна ды на ватных нагах пабегла за ўнівэрсам, каб напрасткі дабрацца да міліцыі. Але, як гэта калісьці ўжо было (у сьвеце няшмат сьцежак-дарожак), зь няўтульнае цямрэчы выйшаў брат, уласнай пэрсонай, нібы толькі й чакаў... “Там, там...” – задыхалася Вераніка. “А табе што, больш за ўсіх трэба?” – змрочна спытаў брат ды скінуў раздражнёна з пляча яе руку. “Ты чаму яшчэ ня дома, а?” Цыкнуўшы на Вераніку, ён пашыбаваў да пасёлку. Вераніка вярнулася да сябровак, яны яшчэ доўга палілі на пяньках за ўнівэрсамам і слухалі бясконцы аповед ахвяры пра сваё няшчаснае каханьне. Скончылася ўсё начным галаўным болем ды ванітоўнай раніцай, пасьля якой Вераніка назаўжды кінула паліць.

Назаўжды?.. Але былі моманты, калі ёй вельмі хацелася набыць цыгарэтаў. Да прыкладу, тады, калі за некалькі дзён да восьмага сакавіка яна рабіла хуткі агляд вялікага супэрмаркету недалёка ад адміністрацыі, унікліва, але бегма ды злосна, бы інспэктавала лягер у першы дзень месячных. У люстраной вітрыне яна пабачыла Яго, Ён выбіраў завушніцы ды яшчэ жартаваў з падобнай да малпы прадавачкай, Вераніка ненавідзела такіх, у гэтай яшчэ й дзёсны былі відаць, калі яна ўсьміхалася зацікаўлена на Ягоныя пашлаватыя жарцікі. Сьвежае мяса, размарожаная сьвініна пад нафарбаванай, глянцавай губой... Ня ёй, не Вераніцы – каму ж: вось што было насамрэч істотна, а ўсё астатняе ў жыцьці – толькі неадвязная традыцыя слухацца дарослых. Яна павярнулася, Ён павярнуўся таксама.


***

Як і ўсе здаровыя падлеткі ў Сьвеце, Вераніка ненавідзела мыцца. І калі некаторых працэдураў пазьбегнуць не ўдавалася, то да галавы доўгія мацярынскія рукі почасту не даходзілі. Мыцца – гэты занятак здаваўся Вераніцы марнаваньнем часу. Расплата набліжалася доўга, даючы Вераніцы шанец за шанцам, якія яна легкадумна ігнаравала. І вось аднойчы раніцай, праспаўшы ўсю ноч на правым баку, Вераніка прачнулася ды знайшла адно з вушэй шчыльна запячатаным. Другое вуха са страхам рыхтавалася прыняць на сябе двайную нагрузку. “Пробка,” – сказала маці зласьліва, нібы сядзела ў таксі, хаця зьбіралася ехаць на мэтро.

Выкладчыца ангельскай, Ніна Дзьмітрыеўна, чамусьці ставілася да Веранікі паблажліва, і можна было б без праблемаў адпрасіцца ў яе, каб зьезьдзіць у паліклініку. З клясы чуўся задаволены рокат, урок ужо меўся пачацца, але настаўніца ўсё не прыходзіла, з калідору Вераніка бачыла Драгунова, які быў абавязаны сядзець за першай партай, ён навісаў над падручнікам нязвычна ціха, нядобрымі вачыма вышукваючы ахвяру; Вераніка сядзела на падваконьні ды трымалася адной рукой за аглухлае вуха – яно зусім не балела, яно папросту нічога ня чула, у ім стаяла таямнічае рэха, якое раз-пораз неўразумела хапалася за сьценкі сваёй цеснай турмы, але Вераніка ўсё адно чамусьці трымалася за гэтае ўжо ўчырванелае ад частых дотыкаў вуха, так было надзейней. Ніна Дзьмітрыеўна ня йшла. Яшчэ па дарозе ў школу праблема з вухам стала ўспрымацца Веранікай ня так адназначна – вось жа, можна было паехаць у паліклініку, у горад, а гэта як мінімум тры гадзіны, на апошні ўрок Вераніка не пасьпявае. Някепскі паварот. Таму яшчэ перад школьным ганкам Вераніка прымусіла сябе больш ня корпацца ў вуху з надзеяй яго прачысьціць. Праўда, працэдура, якую давядзецца перажыць у доктара, не такая ўжо й прыемная – кажуць, там засоўваюць у вуха вялізны шпрыц, – для чаго, хацелася б ведаць... Але ў школе яшчэ жахлівейшыя шпрыцы, і засоўваюць іх проста ў мозг... Паездка абяцала быць цудоўнай: у гэтыя гадзіны аўтобус будзе паўпусты, і можна прагуляцца па праспэкце, і зьесьці марозіва, і зазірнуць у падземны горад, і ўявіць, што ў цябе ў кішэні ёсьць і на гэта з чыстае бавоўны, і на тое са стразамі...

З глыбіні калідору пачулася рашучае цоканьне абцасаў, і Вераніка зьлезла з падваконьня. Высокая кашчавая настаўніца, якую Вераніка ведала толькі ў твар, крыкнула нешта Малькову, які прагулачным крокам вяртаўся з прыбіральні, і той, уцягнуўшы галаву ў плечы, кінуўся ў клясу. “А табе што, асаблівае запрашэньне?..” – настаўніца схапіла Вераніку за плечы, разьвярнула ў бок дзьвярэй ды лёганька падштурхнула. “У мяне...” – паспрабавала супраціўляцца Вераніка. “Ніякіх “у мяне”! “У мяне” будзеш дома!” – адмахнулася настаўніца, таўханула Вераніку ў сьпіну ды зачыніла дзьверы. Высьветлілася, што са сьветлым вобразам захварэлай Ніны Дзьмітрыеўны на сёньня давядзецца разьвітацца. Вераніка сядзела за сваёй апошняй партай ды панура чакала, пакуль гэты конь у спадніцы зьбярэ сшыткі з хатнім заданьнем. “А цяпер новая тэма”, – скрывіўся конь ды злоснай скорагаворкай пачаў нешта тлумачыць. Не, Вераніка чула кожнае слова, дый вусны вучыцелькі, нафабаваныя нейкай чарнічнай памадаю, былі вельмі выразныя, але аглухлае вуха замінала канцэнтрацыі, гэтае чортава вуха паціху сабрала ў сябе ўсю Вераніку, высмактала яе з уласнага цела, накіравала на сябе ўсе яе думкі... “Нічога складанага”, – пасьміхнулася драпежна настаўніца, – “Паглядзім цяперака, як вы засвоілі...”. Яны пачалі рабіць практыкаваньні, і Вераніка таксама схілілася над сшыткам, і сэрца яе білася спалохана недзе ўнутры вуха. Яна зазірнула ў сшытак суседкі, тая наколвала на шпількі толькі што намаляваныя флямастэрам сардэчкі. Настаўніца паглядала на гадзіньнік, як фізрук. “Хто жадае?” – ускінуў конь асадку, і паколькі ніхто не выяўляў жаданьня, пачаў аглядаць клясу ў пошуках знаёмых твараў. Натуральна, Вераніку яна запомніла, Вераніку ды яшчэ Малькова, Драгуноў і так быў у школе па-за конкурсам. Малькоў прамарымытаў нешта ды сеў пад дурны рогат. “Ну, а што нам скажа на гэта задні праход?” – пажартававла настаўніца, і Вераніка паднялася зь месца. “Нічога?” – настаўніца задаволена пацерла даўгапалыя рукі. “Нічога! Ня ведаю, ня чую, не разумею... Натуральна! Чалавек давучыўся да сёмае клясы ды ня можа ўцяміць найпрасьцейшага! Дзяўчына, вось што я вам скажу...” Настаўніца села за стол ды ўздыхнула. “Маленькае прароцтва. Вы ж не жадаеце вучыцца, так? Дык вось: з такімі дадзенымі, як у вас, вы нічога ў жыцьці ніколі не дасягнеце. Анічога. Вы скончыце сваё жыцьцё пасудамойкай. У доме састарэлых. Нуль. Што ў галаве, што ў... Дзяўчына, вы ж абсалютны нуль. І калі вашы аднаклясьнікі будуць рабіць кар’еру, вы будзеце тачыць балванкі. І далей вас чакае такое ж нулявое жыцьцё. Усё, урок скончаны.”


***

З аднаго боку, гэта файна, што ў нас мір і на вуліцах не страляюць. А з другога – няхай бы адзін раз стрэлілі на вуліцы, толькі б пазбавіцца гэтае страляніны ў вушах... Гэта проста жахліва, ад гэтага болю хочацца памерці. Ён хутка вучыць быць асьцярожным ды баязьлівым. Толькі ён сьціхае – ты пачынаеш баяцца любога руху, бо варта паварушыць галавой, кашлянуць, чыхнуць, адрыгнуць, ды нават і сказаць нешта: і галаву працінае ягоны стрэл, ад якога хоць на сьценку лезь... Вераніка ведала, адкуль гэта, – прапахлая лекамі ды з распухлай галавой, яна ўсё ж здолела разабраць па костачках прамінулы дзень, бо надта ж ён быў цяжкі, гэты дваццацігадзінны маратон, крос або поўзаньне па-пластунску, як гэта яшчэ можна назваць?.. З ранку было шмат наведнікаў, і ўсе зь нейкімі дробязямі: у адных сусед чытаў фашыстоўскую кніжку ў сваім садзе, у другіх сумленнага чалавека выкінулі з працы з-за ананімкі, у трэціх сын трэці дзень як не размаўляе... Яна так стамілася, што нават не пайшла на абед, папіла кавы ў кабінэце й толькі страшэнным намаганьнем волі прымусіла сябе не заходзіць у інтэрнэт... А, яшчэ Гілюк завітваў, як жа безь яго, зноў тлуміў ёй галаву, пасьля таго выпадку зь пераломам ён стаў больш нахабны і ўжо аднойчы пагражаў Вераніцы, пакуль што так, жартоўна, што пойдзе да главы, запішацца на асабісты прыём... Вераніка глядзела на яго і ўжо сумнявалася: а што калі й праўда, знойдзе гэты пэнсіянэр сваю праўду, даможацца свайго, тады вінаватай зробяць яе, і нікога іншага. Падвядуць пад які-небудзь бюракратычны артыкул. Гэта ж яна раз за разам адмаўляла вэтэрану, пісьмова ды вусна, а Гілюк – няпросты пэрсанаж, такі й дыктафон можа з сабой насіць, Вераніка ўжо навучылася вызначаць такіх, апантаных членаў Саюзу журналістаў з 1917 году... На думках пра Гілюка вушы зноў забалелі, пранізьліва й рэзка, і Вераніка цьвёрда вырашыла: хопіць, пайду ды нап’юся, калі бацька спаць уляжацца. Аднак кіслата падзейнічала, і Вераніка зноў задумалася пра свой сёньняшні працоўны дзень. Па абедзе яна паехала ў лягер, адна, на заўсёдным службовым аўтобусе, і была такая стомленая, а яе яшчэ нагнаў голад. Яна сядзела ля акенца, акурат ля таго, якое не зачынялася да канца. Вось там яе й прадзьмула... Але такая была неймаверная зморанасьць, як у старой, – ні моцы ні жаданьня перасаджвацца. Што гэта зь ёй здарылася? Няўжо час ісьці ў адпачынак? А хто ж цябе пусьціць.

Яна паднялася з ложка ды села за кампутар. Бацькі ўжо выключалі тэлевізар. У суседзяў нехта хроп. Сьвет тануў у ночы, як тоне ў акіяне цяжка нагружаны карабель. Трэба паведаміць Мэдыку, што сёньня яна пас. Па дарозе Вераніка, моршчачыся ад болю, вырашыла ўсё ж праверыць пошту ды распрастала плечы ад радаснай неспадзяванкі. Ня можа быць – Ён напісаў ёй, далібог, напісаў. І неістотна, што яе адрэса даўно была ў даведніку адміністрацыі, і што дагэтуль ніводнага ліста ад Яго яна не атрымлівала. Значыць, час прысьпеў, і Ён сасьпеў таксама...

“Мілая Веранічка, пісаў Ён, а вось ці не магла б ты заўтра падмяніць мяне ў лягеры. Гэты замежны госьць будзе ў нас а дзясятай раніцы, аўтобус мы замовілі на палову адзінаццатай. Выручай, Веранічка, калі, натуральна, ты не жадаеш памерці”.

Пляваць на тое, што гэта пісаў намесьнік начальніка, пляваць на тое, што так мярзотна баляць вушы, пляваць на тое, што заўтра выходны. Пляваць на тое, што ліст Ён напісаў нібыта па працоўных справах. Затое: мілая Веранічка. Мілая Веранічка. Як сярнічка, як зьнічка. Ягоная Веранічка. Ты не жадаеш памерці разам са мной? Яна шчодра змачыла вату, абвязала галаву пуховай мацярынскай хусткай ды выпіла нагбом паўшклянкі гарэлкі, і вушы прыемна анямелі. А назаўтра яна спускалася па прыступках адміністрацыі ўсьлед за легканогім і загарэлым Юргенам, які ўсё нецярпліва азіраўся, і ў вушах Веранікі стаяла такая страляніна, што перад вачыма было цёмна. У аўтобусе яна выпіла адразу дзьве пігулкі й на нейкі час зусім перастала адчуваць сваё цела, толькі пяткі былі халодныя, бы сьнег.

Юрген, здавалася, не хацеў заўважаць, што Вераніцы блага. Ён круціў сваім вяснушчатым тварам туды-сюды, сьветлыя валасы стаялі тарчма, кожнае ягонае пытаньне было афарбаванае непрыхаванай іроніяй. “А колькі ў вас зорачак на пагонах?” – нібыта прастадушна кідаў ён праз плячо, і апранутая ў звычны свой дзелавы касьцюм Вераніка доўга разважала, ці слушна яна зразумела. А ён размаўляў па-расейску правільна, як эстонец. Вераніку, якая думала, што ёй давядзецца тлумачыцца жэстамі, як, напрыклад, памежнік у сталічным міжнародным аэрапорце, які сустракае пасажыраў, гэта зусім ня цешыла.

У лягеры ім падрыхтавалі цудоўны прыём, Юргену вынесьлі нават хлеб-соль, але ён, прамовіўшы нешта скрозь зубы, няветліва прайшоў міма. У кабінэце камэнданта быў накрыты стол, Юрген скрывіўся, але потым узяў бутэрброд з ікрой і моўчкі пачаў жаваць. Вераніка зрабіла глыток шампанскага, а камэндант кульнуў чарку ды смачна захрумсьцеў агурком, добразычліва паглядваючы на госьця. Але той выпіў вады й цьвёрда папрасіў правесьці яго ў лягер. Вераніка паціснула плячыма ды маркотна кіўнула.

Спачатку ўсё было няблага, Юргена цікавілі збольшага лічбы. Статыстыкай Вераніка валодала добра, Юрген запісваў, між справаю паглядваючы на Вераніку з зусім не мужчынскім інтарэсам – ён пазіраў на яе так, быццам яна ляжала пад мікраскопам. “Блакітны”, – падумала абыякава Вераніка. Яна вымаўляла лічбы лёгка, бо гэта былі сапраўдныя, не падрэтушаваныя лічбы, дый чаго ёй было яму хлусіць? Аднак потым ён зноў пачаў раздражняць Вераніку, бо стаў вярзьці нейкую лухту. “А вам ніколі не прыходзіла ў галаву...” – казаў Юрген, і пачынаў пераказваць ёй зьмест фашыстоўскіх газэтаў, нібы завучыў перад паездкай нешта адтуль на памяць. “Не. Не прыходзіла”, – усьміхалася Вераніка, пагардліва гледзячы яму ў вочы. “Тут жывуць злачынцы. Фашысты. Людзі, якія пагражаюць грамадзтву. І жывуць, як бачыце, някепска, нягледзячы на сваю віну. З камфортам.”. “Пацёмкінская... вёска?” – зь цяжкасьцю вымавіў Юрген, у вачох якога бліснуў азартны агеньчык. Вераніка зірнула на яго са шкадаваньнем: “Вы ж самі цудоўна ведаеце, што гэта ня так...”

– Злачынцы? У маёй краіне іх называюць па-іншаму...

– Вы ў дадзены момант не ў сваёй краіне, – адказала Вераніка. Ня трэба

было гэтага казаць, яна ўсё ж была на працы. Адказваць неабходна карэктна, спакойна, з пачуцьцём уласнае годнасьці і з упэўненай ветлівай усьмешкай. Гэтаму яе вучылі.

– Але чаму менавіта гэтае слова?

– Каб пагаварыць на лінгвістычныя тэмы, неабавязкова было прыязджаць сюды, – горда прамовіла Вераніка і адзначыла пра сябе, што зноў сказала нешта ня тое.

– А гэта... вось там... што гэта?

– Могілкі, – Вераніка з выклікам зірнула яму ў вадзяністыя вочы. Ён нечакана спыніўся ды, адвярнуўшыся, узяўся за пруты агароджы. Удалечыні, на лужку перад першым шэрагам аднолькавых магільных плітаў, хадзіў, дробна пераступаючы, пахілы чалавек ды стрыг траву. Нейкі час Юрген маўчаў.

– Могілкі?

– Ну так, – Вераніка ўсьміхнулася. – У нас жа няма тут газавых камэраў, ня тое што ў некаторых... нядаўна...

Юрген паглядзеў на яе ўважліва ды паволі рушыў далей.

– Шкада, што тут нельга фатаграфаваць.

Вераніка стомлена ўздыхнула. Дух яе прастуды прачнуўся й пацягнуўся.

– Час выйшаў. Трэба йсьці назад.

Яны рушылі да камэндатуры, дзе ў пакоі для спатканьняў Юргену было дазволена ўзяць невялікае інтэрвію ў якога-небудзь фашыста. Вераніка чамусьці чакала пабачыць за сталом Панасенку, але прыйшоў адзін з тых маладзёнаў, якія месяц таму каштавалі аддзелу ды Вераніцы ў прыватнасьці столькі нэрваў. Ён палка нешта стаў даказваць Юргену па-ангельску, а той ківаў віхрастай галавой і глядзеў убок. Паміж імі ляжаў дарагі, бліскучы дыктафон, і здавалася, юны фашыст намаўляе замежнага госьця яго купіць. Вераніка й камэндант не разумелі ані слова, за плячыма маладзёна стаялі два ахоўнікі, адзін глядзеў на Вераніку, другі ўверх. Расшпіленыя каўнерыкі, простыя сялянскія твары.

– Паслухайце, Юрген, – у аўтобусе ён, каб не заснуць, стаў зноў дакучаць ёй сваімі байкамі, і Вераніка, якая пачувалася ў дарозе вальней, вырашыла пакласьці гэтаму нарэшце канец. – Вы вось выйдзеце сёньня на вуліцы – субота, людзей будзе багата – ды спытайце хоць у ста чалавек запар: дзе павінны знаходзіцца фашысты? У той дзяржаўнай установе, дзе мы з вамі толькі што пабывалі, ці разгульваць на свабодзе?

– Глеб Жэглофф, – працягнуў няўважліва Юрген, дэманструючы веданьне савецкага кінэматографу, але Вераніка не зьвярнула на гэта ўвагі:

– Спытайце. І калі хаця б адзін чалавек вам скажа, што... Я сама запішуся ў фашысткі. У мяне там цяпер шмат знаёмстваў.

І яна дадала да апошніх словаў пару смайлікаў. Юрген нічога не адказаў, ён раз-пораз прыкладваў дыктафон да свайго ружовага сьвінога вуха, нібы правяраючы, як запісалася размова. Пэўны час яны ехалі моўчкі, Юрген кінуў потым дыктафон у кайстру ды лянотна любаваўся краявідам. А навокал і праўда было прыгожа: палеткі, босыя хлопчыкі на роварах, новая кафля на плошчах мястэчак, сонца ў павуціньні, воблачныя пярыны на даляглядзе... “Паслухайце, Юрген,” – сказала Вераніка, не стрымаўшыся, калі аўтобус ужо вырульваў на кальцавую. “Чаму нашыя народы ня могуць жыць у міры? Чаму вы нас так ненавідзіце? Чаму я не магу, напрыклад, праз гэты дурны закон зьезьдзіць да вас, паглядзець на ваш народ? Гэта не для вашае газэты... Гэта я ад сябе.”

– Чаму? – Юрген пазяхнуў. – Бо сканчаецца на “у”.


***

Чэслаў зайшоў да яе а палове на шостую, прынес тэчку з дакумэнтамі, пасядзеў крыху ў крэсьле для наведнікаў, распавёў, што давядзецца яму сёньня прабавіць вечар у філярмоніі. “Тры вечары запар сям’ю ня бачыў”, – паскардзіўся ён, ласкава гледзячы на Вераніку, – “бяда з гэтымі сьвятамі, унучка”. Яна паспачувала яму, як магла, зусім стары быў начальнік, Вераніка й ня ведала толкам, як такіх суцяшаць. Чэслаў выслухаў са зморанай усьмешкай яе няўмелыя спагадлівыя словы, пагладзіў па галаве ды паехаў у сваю філярмонію. За вакном мігцела засьнежаная плошча. Тут жа ў кабінэт крадком зайшла Ларыса, ужо нафарбаваная, у футры, з сумачкай. “Чэслава ўжо сёньня ня будзе”, – прашаптала яна, робячы вялікія вочы. “Хадзем!”. Але Вераніка паказала на тэчку, разьвяла рукамі... Справы насамрэч можна было зрабіць і заўтра, а пакуль, да шасьці, яна вырашыла паслухаць музыку. Дастала плэер, уключыла радыё: ёй пашанцавала, там якраз быў Віктар Вецер, песенька з забытага дзяцінства: “Белая лэдзі Ноч”... У вачох зашчыпала, нос засьвярбеў, і Вераніка, каб ня трапіцца незнарок каму-небудзь у такім выглядзе, вырашыла яшчэ раз прагледзець фоткі, яна сёньня іх якраз забрала падчас абеду... Вось яны з Ларысай у парку, вось бацькі, трэба ім падарыць здымачак... Вецер завёў яшчэ адзін свой гіт, пра чорных лебедзяў, радыё Настальжы... Вераніка зрабіла гучней. Гэта яны ўсім аддзелам. Такія здымкі цікавілі Вераніку больш за ўсё. Бо там, і толькі там, яна магла параўнаць сябе зь іншымі.

Яна стаяла збоку ад Чэслава, які заплюшчыў вочы ды ашчэрыў зубы, няйнакш як п’яны сват, за сьпіной Веранікі разгублена ўсьміхалася практыкантка, але гэтае дзяўчо з родавай траўмай у разьлік можна было не прымаць... Ён – Ён стаяў за Чэславам, як гераічны ды трохі сумны бюст, хітра пасьміхаўся, як заўсёды, непараўнальны, і такі жывы, такі цёплы ды пэўны, што хацелася пагладзіць здымак рукой, правесьці па ім халоднымі кончыкамі пальцаў. Выпадковы супрацоўнік аддзелу адукацыі зьняў іх у фае, на фоне стэнду з аб’явамі, і на адсечаныя хвасты словаў глядзець было займальна. Побач зь Ім, відавочна намагаючыся прыціснуцца шчыльней, стаяла сакратарка. Тое, што ў чалавека адна нага карацейшая за другую, на здымку было ясна відаць. На плячы Веранікі ляжала рука Чэслава, але ўвогуле можна было разгледзець сябе ў поўны рост. Вераніка з задавальненьнем адзначыла, што пераўзыходзіць калегаў па ўсіх парамэтрах... Ногі, касьцюм, твар... Ды сама пастава выдавала ў Вераніцы маладую ды прыгожую жанчыну. Толькі вось нешта замінала Вераніцы атрымліваць асалоду. Так і ёсьць: вушы. Раптоўны скразьняк адкінуў яе валасы на сэкунду з вушэй, і ў гэты самы момант фатограф націснуў кнопку. Вераніка прыгледзелася, і сумненьняў больш не засталося. Яна стаяла тварам да фотаапарата, але на здымку можна было разгледзець нават цені ў вушной ракавіне. Вось гэтыя шэрыя плямы. Вушы, як у сланяняці. Троль. Вушы загіналіся наперад, вушы – як крылы чорных лебедзяў. Праклятыя вушы.

Вераніка яскрава ўявіла сабе, як Ён паглядае на яе з інтарэсам, з акна або з паўзмроку калідору, або з другога канца начальніцкага стала падчас нарады, ды ягоны ўсё большы інтарэс разьбіваецца ўрэшце аб адно імгненьне, адзін выпадковы, але скінуты кімсьці ў жыцьцё Веранікі, проста ў эпіцэнтар яе магчымага шчасьця ракурс... Вераніка? А, гэта тая вушастая... Вушы. Вераніка невядома чаму падумала пра жывёлаў. Калісьці даўно, яшчэ ў школе, яны хадзілі ў заапарк. Мілыя зьвяры станавіліся агіднымі пачварамі, калі бачыць у іх толькі вушы. Дзікі сабака Дынга, паглядзіце не міргаючы на ягоныя органы слыху пяць хвілінаў, бачце толькі іх. Што застанецца ад сабакі... Толькі вушы. Нібы адрэзаныя. Яна сама прыдумала тады гэтую гульню, ёй было гадоў чатырнаццаць. Прыдумала, мучылася, не магла спыніцца. А цяпер вось успомніла... Вушы марудна выплылі зь нябыту ды зазьзялі ў арэоле сваёй дурной велічы. Вераніка вырашыла паспрабаваць яшчэ раз. Яна прысунула фатаздымак бліжэй і пастаралася засяродзіцца на вушах. Вецер завёў чарговую песьню, але яна ўжо ня слухала. Забытая гульня аказалася такой жа дзейснай: неўзабаве Вераніка бачыла перад сабой толькі вушы. Ампутаваныя вушы. Жаночыя ды мужчынскія. Вушы. І самыя вялікія належалі калісьці ёй. А што калі паспрабаваць на іншых? На ідэалах, да прыкладу? Вераніка не здымаючы плэеру дастала дрыготкімі рукамі з шуфляды маляўнічы каляндар з фатаграфіямі айчынных фотамадэлек. Выніку давялося чакаць доўга, але момант усё ж надыйшоў: вушы. Прыклееныя да гладкіх прыпушаных галоваў, звараных у фаташопе. Фатаграфія вушэй, на якую выпадкова трапілі іншыя, другасныя часткі цела. Цур мяне, цур!.. Яна зьняла навушнікі й толькі цяпер пачула, што звоніць тэлефон. Ён трэнькнуў апошні раз ды замоўк. Выключаючы радыё, Вераніка зірнула, хто званіў, і паволі разарвала фота напалам.

Бо гэта быў Яго нумар, і яна не падняла слухаўку.


***

“На, карыстайся”, – пагардліва прамовіў брат ды кінуў яго на яе ложак, а сам выйшаў, мімаходзь прыпальваючы цыгарэту. Яна не паверыла сваім вачам: на ложку, на так-сяк засланай зялёнай коўдры ляжаў тэлефон, сапраўдны й да немагчымасьці мабільны... Вераніка хацела расцалаваць брата, яна выскачыла ў калідор, каб дагнаць яго, але брат ужо спускаўся па лесьвіцы, адтуль чуліся ягоныя цяжкія, злыя, смурныя крокі. Ён так зьмяніўся пасьля войска, Вераніцы здавалася, што ўсё добрае, што было ў ім, нечая подлая рука затаўкла ва ўяўны мех ды зашпіліла маланку, а наверсе засталіся адно злосны бляск вачэй ды позірк спадылба, ды гэтая лаянка, безь якой брат жыць ня мог, бы без цыгарэтаў... Аднак яна верыла, што брат яе насамрэч добры чалавек, проста надта цяжка яму было ў войску... Ён жа яшчэ да прызыву, гэта ўсе бачылі, вырас у вельмі самастойнага, ганарлівага ды незалежнага хлопца, вось яму ў войску, напэўна, рогі трохі паабломвалі. Але нічога, нічога, верыла Вераніка, пройдзе час, брат уладкуецца на працу, і ўсё ў яго стане як мае быць. Яна была згодная з маці: брату неабходна было знайсьці якую-небудзь дзеўку, і лепш з гораду, а ня зь Сьвету – мясцовыя дзеўкі хутка садзіліся хлопцам на шыю... Вераніка гатовая была нават пасябраваць з гэтай дзяўчынай, чаго ўжо тут. Яна ніколі не забывала, што ў брата здарылася перад войскам: ён паспрабаваў паступіць у політэхнічны, але праваліўся, нэрвы, відаць, ня вытрымалі, брат жа някепска вучыўся, прынамсі, троек у яго ў атэстаце было толькі пяць, здаецца, ці шэсьць. І гэта ў той час, калі ягоныя аднагодкі пасьля восьмае клясы ўсе пагалоўна пайшлі ў вучылішчы. Не, усё-ткі добрага яна мела брата, хаця й пацярпела ад яго, але ж у бядзе ён яе ніколі ня кідаў... Абараняў, як мог, і з мужчынскай суворасьцю вучыў таму, што сам ведаў. Брат у яе быў сапраўдны мужык.

Тэлефон не памяшчаўся ні ў сумачку, ні ў кішэні, вялікая белая машынка з падрапаным корпусам – Вераніка так і выйшла на двор зь ім у руках, знаёмых не было відаць, усе разьехаліся, маючы наперадзе гэты выдатны набор веснавых сьвятаў... Яна пайшла да ўнівэрсаму, дзеці глядзелі на яе зь цікавасьцю. Села на лавачку, закінула нагу на нагу. Агромністыя лічбы, чужы, засохлы бруд пад кнопкамі. Мінула хвілінаў пятнаццаць, а Вераніка ўжо адчувала, што гэта ня проста тэлефон, гэта натуральны працяг яе цела, дадатковыя пальцы, бясплатныя вушы, гатовы да подзьвігаў кончык языка... Урэшце патэлефанавала той самай шчасьлівай, фанабэрыстай сакурсьніцы зь яе групы, якая ўжо мела гэтую дарагую цацку. Імкнулася гаварыць разьняволена, але голас дрыжэў, Вераніка сама гэта чула. “Ну і...?” – спытала Рыта незадаволена, калі яны памаўчалі некалькі хвілінаў, і Вераніка адчула, што зараз тая пакладзе слухаўку, ды кінулася выдумляць розныя плёткі, толькі б працягнуць размову. Плёткі – пра Інку, пра каралеву курсу – Рыту, канечне ж, зацікавілі, і яны прабалбаталі так, ажно пакуль на Сьвет не спусьцілася сутоньне. А потым тэлефон Вераніцы адключылі, і ён праляжаў так два гады, у яе шафе, на каленях у старой лялькі, якую Вераніцы чамусьці было шкада каму-небудзь аддаваць, і бацька набыў Вераніцы новую мадэль, раскладушку, і аднойчы Вераніка знайшла белы запылены тэлефон, тоўсты, сьляпы ды грувасткі, ды заплакала, дурніца, натуральна заплакала.


***

У горад Вераніку не пусьцілі, не хапіла грошай, і было даволі крыўдна застацца стаяць перад брамаю, маючы такое гордае ймя – Улада. А тут яшчэ адзін з вартаўнікоў зарагатаў зьдзекліва, адставіўшы ўбок алябарду, трэслася рудая барада, зьехаў на лоб шлем, і Вераніка падумала: хто хаваецца пад гэтым стракатым малюнкам, нібы ўзятым са школьных падручнікаў па гісторыі... Прышчавы школьнік, які-небудзь мэнэджэр у ружовай кашулі або, можа, наогул, бязьдзетная жонка, якой няма чаго рабіць. “Зарабі спачатку трохі манэтаў”, – зьявіўся надпіс над жоўтым шлемам вартаўніка, і той зноў загайдаўся ад рогату, бо Вераніка нічога не націскала. Сьмяяліся ўсе, сьмяяўся мажны купец зь вялікай скураной машной на поясе, хіхікалі хударлявыя манашкі, ад душы разявалі раты белавалосыя грузчыкі, надрываўся вандроўны музыка... Вераніка перавяла дух, у адчыненую браму заяжджаў ўсё той самы воз, нагружаны нейкім антыкварыятам, і сьмех бясконца паўтараўся... Яна паморшчылася ды выправілася ў бліжэйшую вёску. Для пачатку трэ было прыдбаць недзе сыру ды хлеба, бо яе жыцьцёвы тонус пачынаў імкліва губляць ачкі. “Даруй, але усё аддадзена зборшчыку падаткаў”, – пераліваліся блакітнаватым сьвятлом літары над стрэхамі хатаў, і сяляне разводзілі рукамі, нібы лялькі, што робяць гімнастыку. Вераніка прысела на траву, вакол па даволі складаных траекторыях сноўдалі аднолькавыя гусі. Яна агледзелася навокал, наколькі дазваляла мапа. Паблізу быў лес, праўда, нельга было сказаць, наколькі густы й вялікі. Такім чынам, у горад яе пакуль не пускалі, ісьці назад азначала выключыцца з гульні, шукаць працу ў вёсцы яна не хацела, заставаўся лес і яшчэ нешта загадкавае на паўночным захадзе мапы, нейкая напаўзруйнаваная каменная арка, за якой яе наўрад ці чакалі прыемныя сюрпрызы. І Вераніка вырашыла ісьці ў лес, там, прынамсі, могуць быць падказкі, як сябе пракарміць.

Рухалася яна марудна, лічбы бесстаронна сьведчылі пра яе паступовае згасаньне, нават фігурка Веранікі, захутаная ў плашч, пачала бляднець. Лес быў гусьцейшым, чым яна думала, напачатку не было тут ні грыбоў, ні ягадаў, а потым Вераніка натрапіла на загадкавы куст з чорнымі пладамі й вырашыла рызыкнуць. Абабраўшы адну галінку й ні на хвіліну не забываючыся на тэлефон, яна прысела на пень і з тугой зразумела, што ёй не пашанцавала. Лічыльнік яе жыцьця закруціўся хутчэй, і адлік ішоў, на жаль, у адваротны бок. Заміргаў ў цёмным небе чырвоны, дадатковы месяц, паказваючы, што Ўлада неўзабаве выйдзе з гульні. Цікава, колькі грошай яна згубіла на гэтай забаве? Вераніка зрабіла некалькі крокаў між елачак, што ўсталі на яе шляху яшчэ шчыльней, не пускаючы далей. Ногі, цудоўныя ногі Веранікі, якія яна так доўга выбірала, падымаліся марудна, яе постаць амаль зьнікла з экрана. “Ну-с, як грыбочкі?” – выпусьціла са зласьлівай дзюбы доўгачаканы, напоўнены псэўдагатычнымі літарамі воблачак выпадковая варона. “Якія грыбочкі?” – раздражнёна адпісалася Вераніка. “Гэта ж ягадкі былі!”. Варона зарагатала. Вераніка ўзялася саслабелай рукой за пляскатую яліну, і кампутар раптам завіс.

З гэтым яе кампутарам, што стаяў у кабінэце адміністрацыі, такога яшчэ не здаралася. Вераніка ў шаленстве ўдарыла кулаком аб стол, другой рукой роспачна шчоўкаючы па намаляваным сьвеце. Яна зайшла досыць далёка, на экране манітора быў лес ды далей непраглядная цемра. Яна схілілася да сыстэмнага блёку, намацала кнопку, але тут карцінка зноў ажыла. Вераніка шумна й расчаравана выдыхнула. Яе жыцьцё дакручвала апошнія дваццаць ачкоў. Аднак нешта зьмянілася: цемру асьвяціў знутры хісткі агеньчык. Неўзабаве адтуль выйшла чарада дзіўных маленькіх істотаў, барадатых, як гномы, ды ў сьмешных сініх каўпаках. Ростам яны ледзь даставалі ёй да грудзей. Яна бачыла нібы ў тумане, як гэтыя гномы паднялі ўчацьвярох яе павіслае на яловым вецьці цела ды пагрузілі на свой доўгі вазок, у які былі запрэжаныя мініятурныя кудлатыя трохвокія кабылкі. Яна ляжала на сене ды зь вясёлым зьдзіўленьнем глядзела на сваіх маленькіх выратавальнікаў. Яны рабілі ўсё моўчкі, зрэдку нешта папіскваючы, Вераніка толькі цяпер заўважыла, што некаторыя зь іх мелі вялікія, бы лапухі, вушы, паміж якіх і былі заціснутыя каўпакі, а іншыя зусім ня мелі вушэй. Між тым, лічыльнік нехаця спыніўся, 11 пунктаў, сьмяротная пагроза, але ж ня сьмерць. Вераніка ляжала ў незвычайным вазку ды глядзела на зорнае выдуманае неба. Вазок нясьпешна перавальваўся з карча на корч па лясной сьцежцы. Ёй было сьмешна й добра.


***

“Там хаця б яшчэ нейкія дзяўчаты будуць?” – запыталася яна недаверліва ў Лёнькі, і той затрос галавой: ну як жа, натуральна, Агей прыйдзе са сваёй, і Пятруха, ды яшчэ Лёнькаў брат зьбіраўся зь нявестай. Мне ж васямнаццаць, Веранічка, прыйдзі, а? Вераніка з палёгкай уздыхнула, зайшла ў той самы дзень у ЦУМ, купіла Лёньку нядрэнны крэм для галеньня ды яшчэ дэзадарант after shave, а праз тыдзень, прывёўшы сябе ў лазьніцы ў папросту шыкоўны выгляд (было б толькі для каго!), паехала да Лёнькі на ўскраіну гораду. Аўтобус быў перапоўнены, рабочыя вярталіся з працы, яна ўсё баялася, што які-небудзь прыдурак пасадзіць ёй на сукенку пляміну... Абыйшлося. Шчыра кажучы, Вераніка ехала да Лёнькі ня толькі таму, што ў такой кампаніі мусіла быць весела й можна было сябе паказаць і на іншых паглядзець. Новыя знаёмствы – гэта заўсёды шанец сустрэць каго-небудзь незанятага або прычэпленага ня надта моцна. Не разглядаць жа ёй было Лёньку ўсур’ёз. Хаця, думала яна, утаропіўшыся ў вакно й не зважаючы на гучнае абмеркаваньне сваёй асобы, якім была занятая палова пасажыраў абодвух полаў, давядзецца перажыць нешта непрыемнае. Гэты хлопчык, нямыты дурнаваты Лёнька, абавязкова выставіць яе перад усімі сваёй дзяўчынай. Давядзецца крыху пацярпець. Напярэдадні Лёнька даў ёй клятву, што ніякіх бацькоў, бабулек, цётачак і падобнага ў яго ня будзе. А то яшчэ пачнецца: знаёмствы з мамаю, гэтага толькі ёй не хапала.

Клятву наконт бацькоў Лёнька стрымаў, а вось наконт астатняга... За сталом, над якім, пэўне ж, пашчыравала мамаша, перад тым як яе разам з папанам сплавілі куды-небудзь на лецішча, сядзелі ды грызьлі пазногці дзесяць змрочных хлапчукоў, сярод якіх Лёнька быў відавочна найстарэйшы. Двое зь іх важна наладжвалі гітары, і сьмешна было глядзець, як у іх паадвісалі сківіцы, калі Вераніка з матчынай усьмешкай увайшла ў пакой, адной рукой адганяючы мітусьлівага Лёньку. Гарэлкі на стале было зашмат, з магнітафона неслася нешта неразборлівае, суцэльны шум... “Пачынаем, пачынаем, адкрывай, Вовік,” – праверашчаў Лёнька, не пакідаючы спробаў абняць Вераніку за талію. “Табе віна ці лікёру, Веранічка?”. “Вады”, – вымавіла Вераніка грудным голасам і змрочна паглядзела на гасьцей, кожны зь якіх адразу ж адвярнуўся ды заняўся закускай. На пісьмовым стале стаяла фота Веранікі, якое Лёнька выкленчыў у яе надоечы, а пад фатаграфіяй ляжалі кветкі. Як для нябожчыцы. Усе выпілі. “Пастой-пастой, Лёня”, – сказала Вераніка, са смуткам прыгадваючы свае ранішнія касмэтычныя прыгатаваньні. “А дзе ж брат твой зь нявестай, дзе Агей зь дзяўчынай, дзе гэты... Пеця, ці як там яго?”. “Не атрымалася ў Грышы”, – прамармытаў Лёнька, з абажаньнем абсмоктваючы вачыма Веранічыны голыя калені. “А, Грэгары?”. Высокі хлопец з вуграватым тварам пачырванеў і зачвякаў яшчэ непрыстойней. “А Пятруха са сваёй учора разьвітаўся,”– працягваў Лёнька, з асалодай гледзячы на злы профіль Веранікі. “А брат... Брат заўтра заедзе... Налівайце, чаго сядзім”. “Так, па адной і можна песьню”, – падаў голас самы сарамлівы ў гэтай кампаніі небаракаў. Песьня аказалася наборам мацюкоў. “Вы, хлопцы, панкі?” – здагадалася Вераніка. “Не,” – сказаў Грыша. “Мы так... Самі па сабе“. Ён ужо ап’янеў і цяпер бессаромна вывучаў грудзі Веранікі пад тонкай сукенкай. Зь ветлівасьці выслухаўшы яшчэ адну песенку, гэтым разам “Ведзьму” Магды, фальшыва выкананую Пятрухам, Вераніка ад няма чаго рабіць выйшла на кухню. Там віселі фатаздымкі Лёнькавых бацькоў, такіх самых уродаў, як і іхны сын. Хто б, зрэшты, сумняваўся. Вераніка чула, як у суседнім пакоі п’яны Лёнька спрабуе сьпяваць па-ангельску. Здаецца, пара дадому, падумала яна са смуткам, і вызірнула ў вакно. З трэцяга паверху адкрываўся цудоўны від на такія ж, як гэты, дзевяціпавярховікі, з роўнымі пустымі квадратамі дзіцячых садкоў, з чэзлымі дрэўцамі й кінутым шкілетам будучага кінатэатру. Аб яе нагу пацёрся кот, шэры, занядбаны, з гноем у рознакаляровых вачох. Яна пагладзіла яго ды кінула ў кут. Крыкі за сьцяной станавіліся ўсё гучнейшыя. Адна толькі Вераніка й чула, як у дзьверы пазванілі. Яна выйшла ў перадпакой, адамкнула. На парозе стаяў высокі чысты хлопец у шырокіх шортах і беласьнежнай футболцы, ад якой яшчэ чарнейшай здавалася густая шчэць на падбародзьдзі, накачаны, як актор зь якога-небудзь баевіку, зь вясёлым агнём у вачох.

– Вы... брат Лёні? – спытала Вераніка зьбянтэжана.

– Ды не, – хлопец засьмяяўся. – Я яго сусед.

Яны стаялі, глядзелі адно на аднаго і бязглузда ўсьміхаліся. Ён зрабіў крок наперад і ціха сказаў:

– Я цыгарэтку стрэльнуць зайшоў... У вас тут баляваньне ў поўным разгары, як я пагляджу.

Вераніка як у сьне прайшла на кухню, дзе ляжаў Лёнькаў запас на вечар, расьпячатала пачак, працягнула суседу, ён патрымаў яе пальцы ў сваіх лапах, ашчэрыўся:

– Мяне Андрэй завуць. А ты Вераніка, мне сусед распавядаў... Вось і пазнаёміліся. Прагуляцца ня хочаш, Веранічка?

– Хадзем, – сказала яна проста і зайшла зь ім у ліфт, ён быў так блізка, што ёй стала страшнавата-салодка. Яны выйшлі з пад’езду, ён стараўся ісьці трошкі ззаду, і яна пастаянна азіралася. Пасядзелі каля школы, папалілі. А калі Андрэй паклаў руку ёй на калена, яна скінула яе з уздыхам, памахала яму рукой ды зноў пайшла да Лёнькі. Яна магла б і не вяртацца, лепш было б адразу на аўтобус, можна было б і гэтага мядзьведзя папрасіць, каб правёў, але там, у Лёнькі, засталася сумачка, і яшчэ кофта. І тэлефон. Яна ўвайшла ў кватэру, прысланілася стомлена галавой да вушака. Ну чаму яны калі такія прывабныя, дык адразу такія нецярплівыя... Чаму ёй так не шанцуе? У прыбіральні некага старанна нудзіла. Вераніка надзела кофту, павесіла на плячо сумачку. Зірнула на тэлефон – трэба рухацца. Страчаны час ці ўсё ж не зусім страчаны... Цяжка сказаць. Гітара за сьцяной дзынькнула ды змоўкла. Пэўны час было ціха, а потым пачуўся сіплы голас Грышы:

– Нічога так твая Веранічка... Ножкі на пяцёрачку...

– А то, – сонна сказаў Лёнька.

– Толькі яна не ў маім гусьце, Леон. І вушы як у Чабурашкі...

За сьцяной заржалі.

– Ты б, Лёнька, ня зьвязваўся зь ёй, – сказаў ці то Пятруха, ці то нехта яшчэ. – Я калі па гарэлку бегаў, бачыў, яна зь Цьвяхам у абдымку ля школы сядзела...

– Адпусьці такую на пяць хвілінаў... Мы ж думалі, яна ўцякла... Кінула цябе, Леон. Адно слова – баба.

Вераніка і апомніцца не пасьпела, як перад ёй вырас зусім п’яны, рабы, як курыца, Лёнька са сьцятымі кулакамі. Ён не заўважыў яе спачатку ды бухнуўся на калені, спрабуючы завязаць матузкі, і Вераніка адхіснулася да сьцяны. Потым ён паволі ўзьняў твар. “Веранічка!” – ён кінуўся на яе ды паспрабаваў схапіць за рукі, але калі пабачыў яе твар, адразу ж адпусьціў. “Веранічка! Я ж цябе... Я ж люблю цябе, а? Я ж дзеля цябе... Я ж...” . “Што, што?” – зь цікаўнасьцю спытала Вераніка, падымаючы з падлогі сумку. “Я ж памру дзеля цябе”. “Ну давай, памірай, патэлефануеш потым, раскажаш, як усё прайшло!”. Яна ўзялася за дзьвярную ручку, задумалася, ці не разьвітацца ўсё ж з хлапцамі, і тут за сьпінай у яе рыпнула аконная шыба, нехта зарумзаў, як дзіця, а потым стала зусім ціха.


***

Шэсьць-восем хвілінаў. Менавіта за гэты час памірае кара галаўнога мозгу. Усё пачынаецца з рэфлекторнай затрымкі дыханьня – бывае, на цэлых трыццаць сэкундаў, а потым – безь перапынкаў ды тлумачэньняў, ключ з другога боку дзьвярэй, а гэты бок ужо глядзіць няўмольна анфас, і рука не дацягваецца да ручкі, хаця пальцы яшчэ ня могуць паверыць...

У некаторых пры гэтым з вушэй ідзе кроў. Але тут ня наш выпадак, на Вераніку нічога ня падала, хаця магло – чыста выбеленая столь кабінэту, напрыклад, зусім безь ляпных упрыгожаньняў, якія маглі б усё ж, пагодзімся з гэтым, мець месца, бо мы ў храме ўлады, акурат у цэнтры. Упрыгожаньні маглі б надаць моманту ўрачыстасьці. Але будаўнікі не халтурылі, і камісія, што прымала будынак, унікліва зьверыла ўсё з чарцяжамі. Пакінем усё ж гэтыя архітэктурныя турнірчыкі, мы й так штоімгненьне пад гідраўлічным прэсам паветра, і ніякай крыві на завушніцах, – паглядзім лепш, што было далей.

У крыві зьбіраецца, бы на знак пратэсту, пакліканая пераменамі вуглекіслата. Дыхальны цэнтр раздражняецца, удых доўгі й моцны. Сэрца працуе на ўсіх абаротах, артэрыяльны ціск расьце. Рукі й ногі Веранікі намагаюцца выканаць нейкі танец, або, хутчэй, далучыцца да таго дзіўнага карагоду рэчаў ды твараў, які запанаваў вакол. Дзьверы нецярпліва рвуцца з прывязі, бы зачапіліся за кручкі хлясьцікам, і стукаецца галавой аб столь партрэт, і кудысьці пад ногі адпаўзае манітор кампутара. Вуглекіслаты стала насамрэч занадта шмат, і гэта не падабаецца яе зьдзіўленаму целу. Выдых перамагае ўдых. Газавы склад крыві зьмяняецца, пульс запавольваецца. Рэфлексы выключаюцца, торкні Вераніку цяпер іголкай – яна й не заўважыць. Бачныя сьлізістыя абалонкі сінеюць, прытомнасьці ўжо няма, дый, па шчырасьці, ці ведалі мы, што гэта такое. Засталося зусім нядоўга, можна нават адпачыць. Пагатоў яе арганізм змарыўся ад гэтай кароткай, але насычанай барацьбы. Артэрыяльны ціск падае. Блукаючыя нэрвы занадта раздражнёныя, каб працягваць працу. Мы пагружаемся.

Яшчэ некалькі хвілінаў невядомы нядбайны вучань пазначае Вераніку як дзеяслоў незакончанага трываньня. Цягліцы паслабляюцца, Зрэнкі расшыраныя, Дыхальны цэнтр паралізаваны, Сутаргі нагадваюць машынапіс – давайце ўжо хаця б цяпер назавем іх усіх зь вялікай літары, яны таго вартыя. Сэрца па інэрцыі яшчэ робіць нешта, але бяз выніку, усё, усё, гісторыя непрацяглая, але багатая на эфэктныя эпізоды.

Нас так лёгка стварыць, і гэтак жа лёгка зьнішчыць. Усё, што паміж, мае каштоўнасьць адно для самога сябе, і ў скрайніх кропках ня ўлічваецца. “Хто апошні?” – пытаемся мы, і вось ужо расплочваемся ля касы, а што было паміж? Ну, мы стаялі ў чарзе. Не называць жа дзеяньнямі гэтае тупое разглядваньне пярэстых дробязяў, выкладзеных паблізу дзеля спакусы наіўных пакупнікоў, якім здаецца, што яны ўсё ўжо ведаюць і ўсё вырашылі. Зьвернем таксама ўвагу, як па-джэнтльмэнску Вераніку прапусьцілі наперад: толькі што тапталася ў хвасьце – і вось раптам перад ёй усьмешлівы твар касыркі. Аднак неістотна. Мяне хвалюе ўсур’ёз толькі адно: ці ёсьць Вераніка ўдалым абвяржэньнем гэтых змрочных параўнаньняў?


***

Шторазу, калі я падыходжу да гэтай Штыксштрасэ (жартую, жартую, насамрэч яна называецца Ліндэналее), мяне спыняе чырвонае сьвятло. Раніцай, уначы, удзень, калі людзі навокал баяцца ўпусьціць з плеч нават кроплю веснавога сонца, – сьветлафор прымушае мяне зрабіць паўзу, абдумаць, а ці праўда я так ужо моцна хачу і гэтак далей. Тутэйшая абачлівасьць падаецца мне мудрай. Як і паўсюль тут, на гэтай вуліцы роварам вальней, чым людзям. Але ніхто ня вылаецца, калі ты будзеш ісьці адзін насуперак большасьці, якая, час самы спрыяльны, імкне абедаць. Дурнаватыя сымбалі, але ж так усё і ёсьць: я толькі чарговы замежнік, і не магу так адразу ўзяць і паставіць на зялёнае. І вось я стаю. Сьветлафор вільготна цокае языком. Паслухмяныя сабакі чакаюць сыгналу. Пахне мясам па-турэцку. З другога берага вуліцы на нас глядзяць тыя, хто хоча памяняцца месцамі, глядзяць, нібы мы ўсе знаёмыя паміж сабой і хочам перайсьці вуліцу дружным гуртом. Нібы мы ўсе йдзем да нейкае аднае мэты. І мы пазіраем на іх гэтаксама.

Жанчыны ў спадніцах тут не саромеюцца езьдзіць на роварах. Не саромеюцца нізка нагінацца да руля, так, што часам грудзі відаць да смочкаў. Не баяцца вазіць ззаду дзяцей у маленькіх прычэпах. Трымаюцца рукамі за гладкі ад пазалеташніх аб’яваў сьветлафорны слуп. Ветлівым звонам зганяюць мяне зь роварнай сьцежкі. Я не разумею, пра што яны гавораць, а мне хочацца. Ровары чакаюць гаспадароў ля крамаў, уткнуўшыся пысамі ў асфальт, вышукваючы там свой папяровы авёс. Я пераходжу вуліцу. Спачатку мне часта мроілася тут Вераніка, здавалася, што вось, толькі што яна праехала міма, зьлёгку задзеўшы мяне крысом плашча. Яна ўмела езьдзіць на ровары, брат навучыў. Зрабіўшы ўсе справы, я саджуся за столік вулічнае кавярні. Мне неяк не прыходзіць у галаву, што можна замовіць вялікі кубак кавы, і я замаўляю два. Другі афіцыянтка ставіць насупраць мяне, быццам я яшчэ кагосьці чакаю. І астатнія наведнікі са шкадаваньнем глядзяць мне ў патыліцу, калі я хутка выпіваю першы й потым доўга сяджу, гледзячы на другі. Вецер чакае зручнага моманту ды ўвадначасьсе зносіць са стала пустыя пакецікі з-пад цукру ды малака, ды яшчэ трохі попелу з попельніцы, кідае ўсё гэта пад колы блізкіх машын, і потым я бачу, як пакецікі выпырхваюць аднекуль на другім баку вуліцы, нізка лятуць над брукам пад нечыя ногі, і потым іх прыбівае да сьцяны. У мяне крыху закладвае вушы ад сонца, адзіноты, гэтага матавага жука, які паўзе па століку, бляску лыжачкі ў пустым кубку, чужога гораду, уласнага жыцьця, якое раптам стала так востра адчувацца, як, напэўна, адчуваюць сваё хворае сэрца тыя, хто перажыў інфаркт.

Гэта цяпер я надзімаю Вераніку, як выцьвілы паветраны балёнік, і яна шторазу расьце, забіраючы ў прасторы ўсё больш месца, зусім як раней, надзімаю й думаю пра тое, што лепш было б пакінуць яе пляскатай, што мне ўрэшце ня хопіць дыханьня, што перавязаная нарэшце стужачкай яна вырвецца з рук (яна ўжо выяўляе прыкметы неспакою, па яе пругкай паверхні разьбягаюцца лініі нечаканых заканамернасьцяў, мае рукі занятыя, і я шмат недадаю тым, каму мог бы даць болей). Але тады, за столікам у гэты сонечны дзень, я проста дастаў тэлефон, набраў нумар – дзіўна, што я так добра памятаў яе працоўны – ды вельмі зьдзівіўся, калі яна сказала, проста ды хутка:

– Адміністрацыя.

Я агледзеўся навокал, было цудам, што гэтае слова прагучала тут, за тысячу кілямэтраў, мне здалося, усе павярнулі твары ў мой бок. Яе голас між тым на імгненьне затуманіў вуліцу, і кавярню, і гіпсава-белы твар дома насупраць у акулярах вялікіх бальконных вокнаў пасярэдзіне, і я нібыта пабачыў, як дзьверы, зь якіх паволі выходзіла афіцыянтка, становяцца дзьвярыма кабінэту, і далей вуліца ахутваецца вечна-вечаровым казённым асьвятленьнем, і аднекуль выплываюць скураныя лавачкі, ціснучыся да сьценаў, і між машынаў вырастаюць блакітныя стэнды, і нехта йдзе да мяне з глыбіні калідору, працягваючы рукі, і ніяк ня можа дайсьці, а я не магу падняцца зь месца, і яшчэ гаворка, гаворка, яе прыглушанае кіпеньне на малым агні, заклапочанае булькатаньне чаргі, цені, цені. Аднак за маёй сьпінай проста загаварылі па-расейску дзьве студэнткі, і рэклямны шчыт недвухсэнсоўна заклікаў ісьці Толькі Ў Паўночны Банк! Тут было не найлепшае месца для ачмурэньняў.

– Прывітаньне, Вераніка, – сказаў я й прысунуў да сябе другі кубачак кавы.

– О, – узрадавалася яна. – Ты чаму ня пішаш? Але гэта ўсё адно. Пачакайце хвілінку, –

сказала яна камусьці там, у сябе, і загаварыла гучней:

– Які ты малайчына, што пазваніў. Давай, распавядай, як ты там? Зусім ужо бюргерам, напэўна, стаў?

Я запаліў цыгарэту:

– У мяне добра ўсё, ты як там?

– Працы шмат, але калі яе мала было... Табе ж дорага, мусіць, тэлефанаваць? А ты дзе цяпер, дома? Апішы, што там навокал, мне ж цікава...

Я хацеў, я мог, я думаў распавесьці ёй пра пакецікі, і пра ровары, і пра сьветлафор, але толькі сказаў, мружачыся ад сонца:

– Каву п’ю на вуліцы. Якія ў цябе навіны?

– Ды якія навіны, ніякага асабістага жыцьця. Я тут гульню знайшла ў інтэрнэце... А мы ў клюб у суботу ідзем, усім аддзелам, вось так. Але гэта... Ну, распавядай. Ты хаця б вернешся? Я цябе яшчэ пабачу?

– Пабачыш. Добра. Цябе там чакаюць, напэўна.

– Пачакаюць. Ты прыяжджай, чуеш. Сто гадоў цябе ня бачыла. Калі ў цябе праблемы, то ў нас тут у прэс-цэнтар адміністрацыі чалавек трэба, добры заробак, я магу дапамагчы. Што яшчэ? Я... Ай, гэта лепш не па тэлефоне. Мерапрыемства сёньня, буду да адзінаццаці. А заўтра зноў а шостай падымацца. Ты там чуў, можа, ці чытаў, у нас тут такое ў нядзелю рабілася. Фашысты зусім нахабныя сталі, мэтро не працавала цэлы дзень, яны падпалілі ратушу, двое ратавальнікаў у лякарні. Ты пішы мне, я буду чакаць. І як прыедзеш, звані, нумар памятаеш?

– Так, – сказаў я, і ў горле зьявілася гаркота. – Так, памятаю. Усё я памятаю. Трымайся, пакуль.


***

Asyl – па-усходняму салодкае слова, як камяк разынак, як інжыр у цукры, ліпне да нёба, ад яго хутка псуюцца зубы.

Я гляджу на іншых замежнікаў, хто падобна мне знайшоў часовы прытулак у гэтай казачнай краіне, і мяне не пакідае адчуваньне, што адрозьненьне паміж намі палягае насамрэч значна глыбей, чым на ўзроўні мовы, улюбёных страваў або разрэзу вачэй. І мне спатрэбілася ня так ужо шмат пачкаў галюазу, каб уцяміць сутнасьць гэтага адрозьненьня.

Яны прыехалі сюды як барацьбіты, іхным багажом была вера ў тое, што свабода прыйдзе на іхную далёкую радзіму, дзікаватую й бадай што нерэальную для тутэйшых жыхароў. Там, на гэтай радзіме, іхная адсутнасьць у гэты час хаця б неяк перажываецца, часам нават даволі балюча, іх сапраўды там чакаюць, іх напраўду там не хапае. Іхныя суайчыньнікі, якія трываюць за гэтых выгнаньнікаў там, у самым пекле, разумеюць тым ня менш, што выгнаньнікі ёсьць скарбам, які лепш перахаваць часова ў бясьпечным месцы, каб потым скарыстацца ім напоўніцу. Урэшце, у наш час цалкам магчыма кіраваць вызвольнымі паўстаньнямі і арганізоўваць аксамітныя рэвалюцыі й не выходзячы з кабінэту пасярэдзіне вольнай Эўропы. Выгнаньне не замінае ставіць смайлікі. І толькі ад таго, хто сядзіць за кампутарам, залежыць, ці сягнуць гэтыя паўстаньні ды рэвалюцыі за мяжу віртуальнага.

Практычна ў любым тутэйшым горадзе выгнаньнікі сустрэнуць тут суайчыньнікаў, якім можна паплакацца, на чые рукі можна абаперціся, пакуль не аформіш страхоўку, суайчыньнікаў, зь якімі можна зьесьці надвячоркам сабаку або місу смажанай саранчы, выпіць гарэлкі, пазычыць сотню эўра, душэўна пагутарыць.

З тымі, хто прыехаў з маёй краіны, усё інакш. Ад нашае адсутнасьці радзіме ні цёпла, ні халодна, мы можам сто разоў на год выганяць самі сябе й вяртацца, ніхто й не заўважыць. Усё йдзе сваёй чарадой: бэбі-бум, будаўнічы бум, бумеранг простага чалавечага шчасьця... Мы адзінкі, мы ізгоі, нас ніхто ня чуў там, ня чуе й тут. Калі на радзіме ты пачуваўся шпіёнам (ты й быў там шпіёнам, бо жыў так, нібы заўжды баяўся выкрыцьця, бо да цябе ставіліся там так, быццам ты працуеш на замежную выведку), чаму цябе будуць слухаць тут? Таму тыя, хто запрашае нас сюды, у краіну ветравых генэратараў, займаюцца насамрэч хутчэй дабрачыннасьцю, міласэрнасьцю, адраснай дапамогай, чым падтрымкай барацьбітоў за свабоду. Можа, яны запрашалі ня тых? Не, менавіта тых, бо іншых на нашай радзіме няма. Нас выратавалі, і за гэта мы мусім быць удзячныя – нас пакінулі сам-насам са сваёй адзінотай, пазбавілі страху перад пакараньнем за тое, што мы наважыліся быць адзінокімі ў краіне суцэльных сяброў. Нам не далі прапасьці, нас трымаюць тут як барацьбітоў, хаця мы й самі даўно ўжо не спадзяемся, што нешта здольныя зьмяніць.

Шпіён. Так, у краіне, якую я пакінуў, усё было проста, як на вайне. Былі мы й былі яны, іх было непараўнальна больш, затое мы былі лепшыя.

Мой знаёмы Р., які прыяжджае раз-пораз у мой паўночны горад па сваіх цёмных справах, слухае ўсё гэта і ўсьміхаецца. Хто-хто, а ён ведае, што ніякае “мы” мяне насамрэч не цікавіць, а цікавяць мяне толькі я сам ды Вераніка. Неяк я здуру паспрабаваў яму распавесьці пра яе. “Баба кінула, разумею,” – кіўнуў ён тады даволі абыякава, а цяпер ён усьміхаецца й гаворыць:

– Нічога, неўзабаве я прывязу табе сапраўднага змагара. Гэтыя хлопцы стварылі моладзевую арганізацыю. Маладыя яшчэ, для іх такія справы без рамантыкі ня робяцца, вось яны “Мсьціўцамі” й назваліся... Эсэраўскі агонь у вачах. Але добры хлопец, наш, сапраўдны... І ў адрозьненьне ад нас з табой, пачуваецца на сваёй зямлі гаспадаром. У маладых нам трэба вучыцца. Стаяць за сваё, не даваць сябе прыніжаць. Зуб даю, яны яшчэ пакажуць гэтай нашай уладзе. Ты як, не перадумаў, можа, са мной паедзеш? На радзіму паглядзіш? Ці...

Ці.

– Ну, справа твая. І што ты тут робіш, не разумею. Чым ты тут займаешся? – кажа Р. і не чакаючы адказу едзе на радзіму, туды, дзе Вераніка забывае пакрысе, якога колеру ў мяне вочы.

Чым я тут займаюся? Час ідзе, а я не магу знайсьці адказу на гэтае пытаньне, нават для сябе самога. Адзінае, што прыходзіць у галаву й што на дадзены час, верагодна, і ёсьць праўдай – тут я азіраюся назад. І нібы адыйшоўшы на крок ад карціны, бачу больш, чым заўважаў дома.

Напрыклад, цяпер я нарэшце бачу сароку. Хаця раней бачыў адно шыбеніцу.

Франк, мой гід па завулках тутэйшага жыцьця, распавядаў мне неяк пра знакамітую “падкову” – адмысловы графік, які паказвае, як зьмяняюцца пачуцьці чалавека, што жыве за мяжой. Спачатку ўсё здаецца вакол цікавым і дабразычлівым, і ты кажаш: “О так, усё як я марыў, гэта сапраўдны рай. А цяжкасьці я перадолею, дый як іх не перадолець у такой краіне, дзе кожны табе ўсьміхаецца!”. Потым замежнік паціху разумее, што паколькі зваротны квіток ён сабе купяць не сьпяшаецца, да яго пачынаюць ставіцца як да нармальнага чалавека, а не як да госьця дарагога, і вось тут усё вакол імкліва чарнее, ты адчуваеш сябе чужым і нікому не патрэбным. Але час ідзе, і дзеясловы пакорліва схіляюць перад табой галовы, і ты ўжо бяз сораму называеш гэты горад сваім, а няўмольны закон чалавечага суіснаваньня абавязкова й своечасова дае табе двух-трох знаёмых, і тыя ня маюць нічога супраць такога статусу, у той час як астатні люд ператвараецца ў непразрыстае племя прахожых, чыноўнікаў і прадаўцоў. Змрок цябе больш не кранае, сьвятло табой не цікавіцца, вакол шэра й прыймальна, ты прыстасаваўся.

У кожнага нармальнага чалавека, калі ён захоча прааналізаваць сваё жыцьцё за мяжой з дапамогай графіка, павінна атрымацца ў выніку такая “падкова”, хіба што ў розных людзей розная ступень выгнутасьці. У мяне атрымалася роўная лінія, якая яшчэ да ўсяго дэманстратыўна, з выклікам уздымаецца ўверх над гэтай пасадачнай паласой часовага выгнаньня.

– Нічога, – супакоіў мяне Франк. – Нічога, не хвалюйся, у цябе яшчэ ўсё наперадзе.

Але ж мне й праўда ўсё тут падабаецца. Неўзабаве я адчую сябе тут чужым і нікому не патрэбным, але буду дзякваць і за гэта. Трэці месяц запар тут ідзе дождж. Мне падабаецца ў гэтым паўночным Маконда. Мне тут усё падабаецца.

“Што цябе ўсё цягне спаць у чужых ложках, што табе дома не сядзіцца?” – злавалася маці, калі мне было васямнаццаць. Прайшло невядома колькі часу, а я ўсё яшчэ сплю ў чужых ложках, мяняю кватэры, і калі заходжу ў кожную наступную, атрымліваю дзіўнае задавальненьне ад усьведамленьня таго, што вось і гэтае жытло давядзецца хутка пакінуць. Дождж, на шкле майго акна сядзяць сьлімакі, па вуліцы праносіцца машына за машынай, штосэкунды іх шум успыхвае й гасьне, і я раптам зь незвычайнай выразнасьцю разумею, што з кожным такім гукам маё жыцьцё становіцца карацейшым.


4.

Яна выглядала надзвычай прывабна, гэтая корачка лёду на жалезнай бэльцы арэляў, настальгічныя магутныя маразы той зімы ўмелі сябе прэзэнтаваць: гэта была амаль празрыстая корачка, якая выклікала ў ласай да салодкага дзіцячай душы думкі пра карамэль і ледзянцы, гэта была такая хітрая корачка, якую хацелася разбурыць, бо надта ж шмат у ёй было фанабэрыстай самаўпэўненасьці, – але больш за ўсё яе хацелася лізнуць. Вераніка хадзіла туды-сюды міма корачкі да абеду, цягаючы за сабой санкі, а калі пасьля дзённага сну бацькі зноў выштурхнулі яе на двор, ня вытрымала: падыйшла да арэляў, азірнулася па баках, заплюшчыла вочы й з адчуваньнем невыноснага шчасьця лізнула.

Лёд прыемна апёк, Вераніка падумала пра тое, што бацькам бы гэта дакладна не спадабалася – не, яны ніводнага разу не казалі нічога наконт таго, ці можна лізаць ледзяныя коркі на жалезных палках, але нутром, сваёй непаседлівай дзявочай інтуіцыяй Вераніка здагадвалася, што за такое ёй бы зрабілі, як казаў тата, галавамон. Але трэ было ісьці дамоў, не хапала яшчэ, каб гэта пабачыў хто-небудзь з суседзяў. Вераніка паспрабавала адарваць язык ад смачнага лёду – і не змагла, было балюча й крыўдна, яна шмыгнула носам і паспрабавала яшчэ раз, і зноў прыклеены язык не хацеў адрывацца, і балела пры гэтым так, быццам яна дакранулася языком да гарачага праса. Вось як, ад халоднага можа балець як ад гарачага, падумала Вераніка скрозь сьлёзы й пастаралася не варушыцца – тады боль адпускаў, толькі сьпіна стамілася быць у такім крыху нахіленым стане. Ад роспачы яна зараўла, і потым зноў рванулася назад, але страх болю ўжо пасяліўся ў Вераніцы, і яна панічна баялася яшчэ раз зрабіць языку гэтак балюча.

Так яна прастаяла некалькі хвілінаў, зусім нядоўга, але на сьнег ужо клаліся роўныя вячэрнія цені, дарослыя вярталіся з працы дахаты, таропка, уцягнуўшы ў плечы свае задуменныя, цяжкія галовы ў футровых шапках, ніхто не зьвяртаў на пляцоўку ўвагі, а Вераніка ціхенька румзала сабе пад нос і з цікаўнасьцю кожнага дзіцяці разважала пры гэтым: напэўна, калі яе ўсё ж знойдуць, давядзецца выклікаць хуткую, і ёй адпілуюць язык, а можа, скажуць чакаць вясны, пакуль лёд не растане, паесьці ёй, вядома ж, будуць прыносіць, але вось як яна будзе жаваць; а можа быць, тата нешта прыдумае, возьме свае інструмэнты, і давядзецца пахадзіць трохі з жалезкай на языку, пакуль не адваліцца.

“Ты чаго?” – пачула яна голас за сьпінай, гэта быў Малькоў, ён зайшоў сьпераду ды весела ашчэрыўся. Вераніка, забыўшы пра сваё незайздроснае становішча й задыхаючыся ад роспачы, хацела яму ўсё патлумачыць, і тут жа закрычала з новай сілай ад болю. Малькоў з сур’ёзным выглядам абыйшоў арэлі, агледзеў пасінелы Веранічын язык і задумаўся. Ён быў разважлівы хлопчык, у шашкі гуляў, кніжкі фантастычныя чытаў, і Вераніка ўскладала на яго цяпер вялікія надзеі. “Та-а-ак”, – прамовіў Малькоў, зьняў пальчатку ды хацеў пальцамі вызваліць Вераніку, але тая так пагрозьліва зарычала, што ён палахліва схаваў пальцы назад. “Што з табой рабіць?” – глыбакадумна запытаўся Малькоў, па ім было відаць, што ён ужо шкадуе пра іхную сустрэчу. “Задала ты мне задачу, сястра. Але бяз панікі, мы што-небудзь прыдумаем”. І Малькоў стаў думаць: з вачыма, якія старанна дэманстравалі напружаную працу думкі, ён ляпіў сьнежкі ды кідаў у баскетбольны шчыт, і задаволена цмокаў, пацэліўшы. Над арэлямі загарэўся ліхтар. “Бяз стратаў тут не абыйдзешся”, – прамовіў нарэшце Малькоў. – “Але безь языка жыць можна. Гэта без галавы людзі доўга не жывуць, ці, вось, напрыклад, аднаму чалавеку выразалі пячонку, а потым паставілі новую, электронную. А безь языка нават свае плюсы. У школе, напрыклад.” Вераніка адчула, што на яе языку таксама зьявілася корачка лёду. Яна замярзала. “Ты мычы, калі што,” – сказаў Малькоў. “Я зразумею. Галоўнае, пацярпі. У мяне ўжо ёсьць плян”. Потым падыйшоў Рудзінчкоўскі (толькі не Рудзінчкоўскі!), хлопчык з тых, якія вельмі любяць глядзець на чужыя пакуты, Вераніка бачыла неяк, як ён гучна сьмяяўся, калі аднаму з аднаклясьнікаў расьсеклі брыво на ўроку фізкультуры. Рудзінчкоўскі зірнуў на Вераніку ў клубах пары, і яго, канечне ж, разабраў сьмех.

Ад сьлёзаў твар Веранікі таксама стаў пакрывацца лёдам. Стала ўжо зусім цёмна. Падыйшла сястра Малькова, на год старэйшая за яго, якую адправілі шукаць брата. “Вы што, атупелі?” – закрычала яна, пабачыўшы, у чым справа, і пабегла кудысьці. “Слухай, мне ісьці трэба”, – сказаў устрывожана Малькоў, – “Я ў бацькі папрашуся й потым прыйду”. Рудзінчкоўскі застаўся, ён відавочна мёрз, але падскокваў, трос рукамі, і штохвіліны з інтарэсам зазіраў у твар Веранікі. Вераніка цяпер проста плакала, яна адчула, як бясьсільле, цяжкае, соннае, навалілася на яе, “Якая я маленькая”, – падумала яна скрозь сьлёзы, – “Зусім, зусім маленькая”. Ёй стала ясна, што той, хто беражэ яе, і пра каго яна пасьпела трохі забыць за апошні час, можа спазьніцца, але ён не спазьняўся, і сэрца Веранікі рванулася наперад, і ў галаве затахкала, часта-часта, аглушальна, калі яна пачула зь цемры знаёмы голас. Сьнег за сьпінай радасна зарыпеў, да Веранікі падбегла мама, а за ёй сястра Малькова, трохі гордая й вельмі зацікаўленая. “Гора ты маё”, – мармытала мама. “Зараз, зараз...”. Нягледзячы на тое, што гэта выклікала боль, Вераніка заматляла асьцярожна галавой, а вачыма паказала такі жах, ад якога гатовая была зарумзаць нават сястра Малькова, у якой язык быў у цёплым роце, ня тое, што ў паўмёртвай Веранікі. “Глядзі, там слана вязуць, заапарк, мабыць, прыехаў!” – закрычала раптам мама, паказаўшы пальцам туды, дзе сьвяцілі ліхтары, і Вераніка скасавурыла імгненна вочы ў тым напрамку, і тут жа была схопленая рукавіцамі за лоб і нос, боль ударыў ёй па языку, які як уджалены скочыў за вусны, за халодныя зубы, у гарачую ванну сьліны. “Дзе слон, я ня бачу!” – верашчала Вераніка, з жахам гледзячы на малюсенькую чырвоную палоску, якая засталася тырчаць у ледзяной корцы.


***

Цалавацца Эдзік зусім ня ўмеў. Вераніка й сама не была спэцыялістам у гэтай галіне, не магла яна на той час і пахваліцца вялікім досьведам, але ведала – ведала кончыкамі пальцаў, міжножжам, жыватом, унутраным бокам каленяў – што пацалунак, сапраўдны пацалунак, ёсьць усё ж чымсьці іншым. Ён цалаваўся мокра, так, што й мікраскапічныя валаскі пад носам Веранікі, і яе шчокі, і падбародзьдзе шторазу апыналіся ў ягонай клейкай сьліне, быццам яна апусьціла твар у сочыва. Язык Эдзіка старанна лез Вераніцы за зубы, яна нарэшце пускала яго, без агіды, але насьцярожана адзначаючы, што ён там робіць. А рабіў ён вось што: заміраў разгублена над яе языком (Вераніка саромелася напачатку пускаць свой язык у дзеяньне, і ён ціха ляжаў унізе, сьціпла й нібыта апусьціўшы вочы – як і належыць цнатліваму ружоваму стварэньню), а потым, спахапіўшыся, пачынаў кідацца як шалёны ва ўсе бакі. Вераніка прыйшла да высновы, што, па-першае, кіраваць сваім языком Эдзік ня ўмеў – ягоная бедная lingua жыла сама па сабе ды найчасьцей трапляла ў нябачны тупік Веранічынага нёба, а па-другое, надта кароткім быў гэты Эдзікаў орган, ягоны гаспадар відавочна хацеў большае рухомасьці, большага абшару для ажыцьцяўленьня ўласных грандыёзных плянаў, ды толькі язык не даставаў да намечаных пунктаў.

Ён наогул уваходзіў у рот Веранікі зусім на трошкі, Вераніка кожны раз баялася самкнуць зубы на гэтым вяртлявым госьці. Увогуле, яна ніяк не магла навучыцца расслабляцца падчас гэтых непрафэсійных пацалункаў, і так і не навучылася да канца іхнага знаёмства. Заўсёды думала не пра тое, пра што, паводле аповедаў, мусіць думаць у такія моманты жанчына. А яшчэ Эдзік сам, відаць, не адчуваў ад пацалункаў асаблівае асалоды і шмат часу са свайго жыцьцёвага кашальку на гэткія ўступы не выдаткоўваў. Напэўна, ён разважаў так: тры хвіліны – і досыць зь яе, калі я змог яе гэтым узбудзіць, то пара пераходзіць да ўсяго астатняга, калі ж не – то нашто губляць час. Ён і пераходзіў да астатняга, мокры твар Веранікі ахвотна выплёваў чужы язык, у роце было так, як бывае пасьля прастуды, а Эдзік старанна лез праверыць, ці падзейнічаў на Вераніку ягоны пацалунак, і вось тут ужо Вераніка станавілася сталёвай, алмазнай, тытанавай – ніякая сіла, ніякае ўяўленьне, ніякія журботныя ўмольныя мужчынскія вочы не маглі прымусіць яе расьціснуць калені, адзінае, чаго аднойчы дамогся Эдзік – гэта хвіліннае сузіраньне яе грудзей у цені паласатай баваўнянай вокладкі, але вокладка закрылася, Эдзік палез са стогнам сабе ў нагавіцы, “Я сам,” – пяшчотна прамовіў ён, таропка расшпільваючы пас, – “Ты проста паглядзі,” – але Вераніцы не хацелася ні на што глядзець, яна б, можа, паглядзела б, у іншы час і на іншага хлопца, усё ж цікава было наогул, як яны гэта робяць, але тады – не, не, не, дзякуй. І яна паехала дамоў, і потым, празь нейкі час, пайшла зь ягонага жыцьця, гордая, як так і ня ўзятая крэпасьць, усе белыя сьцягі якой пайшлі на хусткі для яе несаступлівых абаронцаў. Бо на якім жа юным бязьлітасным санцапёку адбывалася на самой справе аблога!..


***

Натуральна, Вераніка заняла месца побач зь Ім, натуральна, яна глядзела толькі на Яго, натуральна, яна імкнулася рабіць гэта такім чынам, каб ніхто не заўважыў, натуральна, усе гэта бачылі. Была дзясятая раніцы, панядзелак, і яны сабраліся, адно за адным, у кабінэце Чэслава, кожны ведаў, што можна прыйсьці зь невялічкім спазьненьнем пасьля абеду, але на гэтыя нарады трэба зьяўляцца своечасова. Але Чэслаў забег, скінуў паліто ды папрасіў пачакаць, красамоўна паказаўшы пальцам на столь, – ды пабег туды, на адміністрацыйнае неба. А яны засталіся сядзець, намагаючыся канчаткова прачнуцца, сярэдзіна восені ня церпіць бадзёрых... Апошняй увайшла Ала, звычайна каля Яго сядзела менавіта яна, паводле нейкіх няпісаных правілаў, але ж няпісаных – і Вераніка зласьліва пасьміхнулася Але, пастукаўшы асадкай па вуснах. Практыкантка глядзелася ў люстэрка, Ларыса гартала сьвежую газэту начальніка, асьцярожна высунуўшы яе з-пад філіжанкі з каваю... А Вераніка ўпотай любавалася Ім. Ён быў сёньня нешта не ў гуморы, перакочваў у роце ці то жуйку, ці то яшчэ што, ня вельмі смачнае, па ўсёй бачнасьці... А можа, у яго балелі зубы, думала з заміраньнем сэрца Вераніка, і шкадавала, што яна не стаматоляг. Ён быў у новым, чорным пінжаку, накінутым на белую футболку, сярэбраная завушніца дрыжэла зусім блізка ад хітрага вока Веранікі, пальцы Ягоныя выбівалі энэргічны раззлаваны дроб па стале, і на вуснах зрэдку лопаўся сымпатычны гук, адзначаючы зьмену барабаннай тэмы... Але: смурныя бровы, беспакойны нос, стомленыя вочы, сьветлыя валаскі на руках незадаволена тырчаць, напружаныя плечы, адно зь якіх ледзь не дакраналася Веранікі...

Яна часта лавіла сябе на тым, што думае пра Ягоны, зусім не спароднены пакуль зь ёй арганізм без усялякае заканамернае, здавалася б, агіды. Вось настолькі я... Яго... – думала Вераніка на трывожна-прыемным удыху, і не знаходзіла, чым запоўніць пустоты між сваімі марамі. Так, сапраўды, яна ўяўляла сабе ўсё цудоўна й ведала з дакладнасьцю: калі б Яго зараз званітавала, ці калі б ён раптам высмаркаўся проста на стол, ці калі б у яго пайшла носам кроў, ці калі б з носу ягонага паказаліся чорныя мокрыя валаскі, ці калі б яшчэ якім-небудзь чынам Ягонае недаступнае ёй пакуль запаветнае цела праявіла свае фізіялягічныя, груба-ўнутраныя, непрыстойна жывыя якасьці, Вераніка б і носам не павяла, прыняла б усё з такім жа захапленьнем, выцерла б, памяняла б бялізну, запусьціла б пальцы ў гэты дасканалы, несапсаваны яшчэ ўзор мужчыны, толькі пры наяўнасьці такіх пачуцьцяў і можна казаць пра каханьне; яна б хацела, каб аднойчы Ён стаў на хвілінку хлопчыкам, зусім маленькім, вось тады яна б наталілася, націскалася, нагулялася, але толькі на хвіліну, бо ўсё ж болей Вераніцы хацелася самой стаць цацкай у ягоных руках, пацеркамі на ягонай шыі, дзе-небудзь на далёкім жоўтым пляжы ў кайданках марское лазуры... І каб усе, хто ведаў іх Дваіх, стаялі, глядзелі, але не маглі наблізіцца, разьбіваючы сабе ў кроў ілбы аб нябачны бар’ер.

Яна задумалася так глыбока, што страціла пільнасьць, і калі зразумела, што глядзіць неадрыўна на Ягоныя рашучыя скулы, было позна. Ён няўтульна адчуваў сябе пад яе позіркам, яна гэта пабачыла. Дурніца, пачаў правяраць, ці ўсё ў яго нармальна з тварам, ці не запэцкаўся, ці не парэзаўся, голячыся... “Волас у роце, fuck”, – сказаў Ён Вераніцы ўрэшце, даволі жаласьліва й нібы апраўдваючыся. На шчасьце, іх ніхто ня чуў – жанчынам зь іхнага аддзелу надакучыла глядзець на пакуты Веранікі, і яны заняліся дабрадушнымі зьдзекамі з практыканткі. “Давайце я дапамагу”, – прашаптала Вераніка. Ён зьдзіўлена адсунуўся, але ўсьміхнуўся. “Адкрыйце рот”, – сказала яна й ня здолела надаць голасу неабходнае нэўтральнасьці. “Людзі ж навокал,” – запярэчыў Ён, але потым наблізіў да яе свой твар, які аказаўся вельмі чыстым, Вераніка рэдка бачыла такія чыстыя мужчынскія твары. Яна ўпершыню знаходзілася да яго так блізка. Ён падміргнуў ёй: “Няхай гэта будзе наша маленькая аплявуха грамадзтву”, заплюшчыў вочы ды высунуў сьветлы кончык языка. “Ня бачу нічога, пачакайце”, – яна пяшчотна паднесла вочы да гэтага падарунку, “Ён, напэўна, глыбей, паспрабуйце высунуць далей язык...”. Ён закрыў рот, зглынуў сьліну ды не расплюшчваючы вачэй зрабіў новую спробу. “Знайшла”, – прашаптала Вераніка ды не сьпяшаючыся, супыніўшы дыханьне, вырашыўшы зьняць усе пенкі з гэтага імгненьня, асьцярожна ўзяла пазногцямі зь непаслухмянага языка доўгі белы жаночы волас. “Ваша?”

Ён расплюшчыў вочы ды разгублена ўтаропіўся ў стол, а потым зарагатаў, закрываючы рот. Вераніка азірнулася, усе, уключна з Чэславам, які стаяў у пройме дзьвярэй, неадрыўна ды ўважліва глядзелі на яе ды Яго. Вераніка навобмацак правяла пальцам па ножцы стала, і волас застаўся там. Дзіўна, яна зусім не адчувала зьбянтэжанасьці. Пагатоў Чэслаў ужо сьмяяўся, хіхікала Ларыса, непрыгожа крывілася практыкантка, і хутка ўжо рагаталі ўсе, разам зь Веранікай, якая ніяк не магла выдыхнуць.


***

Любіла аблізваць паштовыя маркі: пабачыла аднойчы, як гэта робіць маці, ды з таго часу заўсёды прасіла браць яе з сабой на пошту. Вераніцы было восем, яшчэ маладыя бацькі жылі даволі бесклапотна, нягледзячы на тое, што бацька зарабляў няшмат: кожныя выходныя зь сябрамі хадзілі ў лес на шашлыкі, езьдзілі на бліжэйшае вадасховішча, Вераніка добра запомніла з таго часу рыльцы бутэлек, закапаных па горла ў прыбярэжны пясок, яны тырчалі з вады, бы пэрыскопы субмарынаў... І ліставаліся – маці, напрыклад, перапісвалася амаль з усімі колішнімі аднагрупніцамі, раскіданымі цяпер па ўсім абшары імпэрыі, пісала ў Жданаў, Уладзівасток, Кашын, Падмаскоў’е, Рыгу...

Пошта месьцілася на першым паверсе вялікага будынку недалёка ад унівэрсаму, зусім маленькае, цеснае аддзяленьне, на другім паверсе была ашчадная каса, з другога боку – міліцыя. Пакуль маці набывала капэрты ды маркі, Вераніка сядзела на халодным скураным крэсьле й чытала, варушачы вуснамі, дзіўныя назвы: Андыжан, Архангельск, Ашхабад, Жданаў, Куйбышаў... Глуха грукаў недзе напамажаны штэмпель, памахвала ад скразьняку агромністымі, дагледжанымі, сакавітымі лістамі пальма ў кадушцы, больш наведнікаў не было, але чаканьне зацягвалася, маці любіла пагаварыць з супрацоўніцамі: пра нежанатых чыгуначнікаў, пра ўтанулую нядаўна школьніцу, пра новую прычоску пугачовай... Вераніка зь цярплівым уздыхам злазіла з крэсла ды пачынала разглядваць сьвяточныя паштоўкі, уяўляючы, як яна віншуе кагосьці зь першым, дзявятым або яшчэ якім-небудзь траўня, як дасылае віншаваньні з нараджэньнем унука або вось гэтае, загадкавае: “Скорбим вместе...”.

Неяк маці дазволіла Вераніцы самой напісаць віншаваньне, атрымалася няблага, праўда, напісаўшы прыгожымі літарамі “Поздравляю с”, Вераніка зразумела, што больш месца на паштоўцы не засталося, а трэба ж было вывесьці там яшчэ бог ведае колькі: “десятілетіем совместной жізні, желаю успехов в работе і семейного счастья”, маці ня бачыла Веранічынай праблемы, і трэба было выкручвацца, і Вераніка ўрэшце справілася, дапісаўшы ўсё гэтае Праздравленіе збоку, малюпасенькімі літарамі, але ж дарослыя не дурныя, каб не здагадацца павярнуць паштоўку неабходным бокам, “Прачытаюць”, – падумала Вераніка ды была вельмі засмучаная, калі маці забракавала плён яе напружанай працы. Аднак вось маці ўжо йшла да ўшчэнт сьпісанага хуліганамі драўлянага століка, ставіла на яго вільготную зьнізу торбу, спрытна рассоўвала лісты па капэртах і, на імгненьне задумаўшыся, шпарка выводзіла адрэсы й падносіла ўжо маркі да густа нафарбаваных вуснаў, але тут Вераніка гучна прамаўляла з дакорам: “Мама!”, і маці аддавала маркі ёй. Потым задаволеная Вераніка, успамінаючы ўрокі танцаў, штомоцы цягнулася на мысках да сіняй аблупленай паштовай скрыні, ламіла ў руках, на языку быў саладжавы прысмак клею, і лісты нячутна падалі туды, адкуль ім ужо не было вяртаньня, страшны момант, адзін з самых загадкавых у яе дзяцінстве, бо адкуль было Вераніцы ведаць, што часам адрасаты “выбываюць” – быццам бы нехта перадумаў стаяць у занадта доўгай чарзе.


***

І гэта таксама было ўжо так даўно... Яшчэ зусім нявопытная Вераніка шукала хлопчыка па прозьвішчы Кулік, яна спытала ў настаўніцкай, і ёй адказалі: так, ёсьць такі, ён у гуртку юных тэхнікаў, паглядзі па раскладзе, калі й дзе яны займаюцца. Яна пабегла праз гулкія калідоры ды прысыпаныя тынкам лесьвіцы (у цэнтры якраз быў рамонт, але й заняткі не перапыняліся) да раскладу ў фае, яна тады наогул шмат бегала, не магла сабе дазволіць як малады, яшчэ не абстраляны, не загартаваны спэцыяліст хадзіць не сьпяшаючыся, ёй здавалася, што яна ня мае права губляць каштоўныя сэкунды, што на яе ўсе глядзяць, ацэньваючы ногі й здольнасьці. Задыханая, успацелая, правяла па раскладзе пазногцем, шукаючы патрэбнае скрыжаваньне. Яе палец спыніўся раптам на аркушы ў лінейку, вырваным са звычайнага вучнёўскага сшытка й прымацаваным скотчам да фанеры. Вераніка не магла не зірнуць на ліст і потым ажно закашлялася ад ганьбы...

На аркушыку невядомым навучэнцам мастацкага гуртка была намаляваная яна, у цалкам карыкатурным стылі, але вельмі пазнавальная... Вядома ж, на пярэднім пляне былі яе вушы, ды гэта б яна сьцярпела з нэрвовай усьмешачкай, жахлівейшым было іншае... Вераніка стаяла й з усяе моцы прымушала сябе паставіцца да малюнку як дарослы чалавек, проста сарваць і пайсьці да дырэктаркі або ў прыбіральню... Аднак у тым і справа, што яна не была дарослым чалавекам у сапраўдным сэнсе гэтага слова, яна толькі некалькі месяцаў таму атрымала сваю запаветную, доўгачаканую вышэйшую адукацыю й была ўсяго толькі маладым спэцыялістам (колькі разоў ёй давялося за гэты час вымавіць і пачуць гэтае паскуднае словазлучэньне!..). І таму яна ня кінулася ў гістэрыцы да кабінэту, патрабуючы бязьлітаснага суду, і ня скардзілася калегам, і не цягала за вушы крыўдзіцеля, якога можна было адшукаць, калі захацець, і не выклікала бацькоў... Не, яна сарвала лісток, пайшла ў цёмную актавую залю ды там, ціха павіскваючы, плачучы асьцярожна, абачліва, каб нанесьці твару толькі нязначныя, лёгкавыпраўляльныя чорныя раны, пакутліва думала: ну што я ім зрабіла, ну што ж я пасьпела ім зрабіць, ніводнага канфлікту, зь некаторымі нават падабенства сяброўства, яе ж ужо нават на хакей запрашалі хлопчыкі з адпаведнага гуртка...

Вераніка не даставала з кішэні малюнку, яна наогул больш на яго не глядзела, выкінуўшы ў сьметніцу на прыпынку, – дый які сэнс быў зноў зазіраць туды, Вераніка на ўсё жыцьцё запомніла тую сваю выяву, заплюшчы вочы: і яна перад ёй. З рота падобнай да казачнага героя Веранікі высоўваўся доўгі, з пачварна вялікімі прышчынкамі на ім, язык, ды, як амэрыканская горка, спускаўся да голага азадку невядомага вусатага навучэнца... Калі б нехта й ня памятаў Вераніку ў твар, усё адно было б зразумела, што гэта менавіта яна, па яе вопратцы; невядомы аўтар гэтага злачынства, такога да болю ў сэрцы крыўднага яшчэ й таму, што Вераніка не магла дапяць, чым яна такое заслужыла, намаляваў яе флямастарам у той самай кофце зь белым узорам, якую Вераніка апранала найчасьцей, па якой Вераніку пазнавалі яшчэ з вокнаў, калі яна імчала з прыпынку да Цэнтру... Такая добрая кофта – ніхто, натуральна, ня ведаў, што набыла яе Вераніка ў сэканд-хэндзе, кофта, якой не сустрэнеш на ніводнай прахожай. Больш яна яе на працу не надзявала, а празь нейкі час невядомага мастака, пасьля таго як ён вывесіў на раскладзе партрэт дырэктаркі, Ганны Юр’еўны Эшэр, якая займалася невядома чым з вартаўніком-пэнсіянэрам, выкрылі... Гэта быў кучаравы, мілы, начытаны, нязьменна ветлівы хлопчык, адзін з тых нямногіх навучэнцаў, зь якімі Вераніка адчувала сябе любімым пэдагогам у гэтай дзіўнай, ці то масонскай, ці то лячэбнай установе.


***

Яна хутка зразумела, што ёй давядзецца застацца ў вёсцы гномаў на больш доўгі час. Сілы паволі, але няўхільна ўзрасталі, гномы кармілі яе сваімі незвычайнымі гарачымі поліўкамі, у якія яны кідалі разнастайныя казачныя зёлкі, спачатку Вераніка моршчылася, але потым прывыкла і неўзабаве ўжо радавалася, калі знаёмы бязвухі гном па мянушцы Ольда разводзіў сваё вогнішча на вясковай плошчы ды грымеў медным посудам. Ёй адвялі пусты драўляны будан паблізу ад трох высачэзных соснаў, Вераніка шмат спала ды з ахвотаю ела і аднойчы, прачнуўшыся ўвечары пад нізкім саламяным дахам, вырашыла, што ўжо дастаткова здаровая, каб зноў пайсьці насустрач прыгодам. Яна пасьміхнулася махнатаму ручному павуку, што жыў у куце, ды, прыгнуўшыся, выйшла вонкі. Удалечыні пабліскваў агонь. Маленькі народзік сабраўся на плошчы, гномы ціха перамаўляліся, раз-пораз пераварочваючы мяса, водар якога рабіў гэты вечар такім утульным. Патрэсквалі паленцы, кружлялі іскры, гномы вызвалілі для Веранікі месца, і яна апусьцілася на цёплую зямлю побач з Ольдам. Вераніка адчувала сябе як піянэрважатая ў летнім лягеры, толькі бароды гномаў заміналі ёй размаўляць зь імі павучальным дарослым голасам. Ёй перадалі гліняны кубак з элем, яна адпіла трохі, патрымала вадкасьць на языку, галава прыемна закружылася, эль зьмяшаўся ў роце са сьліной (усё ж мяса пахла так апэтытна!), цела зноў было паслухмянае, і спаць зусім не хацелася. Даўно Вераніка не адчувала сябе такой моцнай, і праўда: цэлых пяцьдзесят пунктаў.

– Чаму ўсе такія задуменныя, Ольда? – спытала яна, адпіўшы яшчэ элю.

– Сёньня Дзень сумных успамінаў, – адказаў той, памаўчаўшы.

– Што за дзень такі? – не адставала Вераніка, яна ўжо зразумела, што ў гэтай гульні трэба задаваць шмат пытаньняў, калі хочаш нешта даведацца, усё ж распрацоўшчыкі не маглі прадбачыць усіх магчымых сытуацыяў, хаця пастараліся яны добра. Вось Ольда – ён зусім як жывы, сядзіць ды пачухваецца, нібы пад ягоную палатняную сьвітку залез мураш.

– Дзень, калі мы ўспамінаем самае сумнае.

– Што ж сумнага было ў вашым жыцьці?

– Табе не абавязкова гэта ведаць, – пасьміхнуўся гном у бараду. – Ты прыйшла здалёк, што табе да нашых успамінаў...

– Распавядзі мне, Ольда, – Вераніка дакранулася да ягонага мяккага пляча.

– Сёньня Дзень сумных успамінаў, – адгукнуўся гном. – Вельмі сумных.

Вераніка чокнулася зь ім, і Ольда зьдзіўлена зірнуў на яе, але потым зноў утаропіўся ў агонь.

– Ведаеш, Ольда, вы мяне выратавалі, і я хачу вам чым-небудзь аддзячыць, – Вераніка глядзела, як крапае зь мяса на вугольле тлушч, гномы навокал ціха гаварылі пра сваё, так ціха, што шыпеньне тлушчу на жары заглушала іх словы. Вершаліны дрэў шумелі, трывожна, папераджальна, Вераніка агледзелася, пабачыла чорную, беспрасьветную, поўную змрочнага хрусту цемнату лесу ды прысунулася да Ольды бліжэй. – Што я магу для вас зрабіць? У мяне няма ні золата, ні магічных камянёў, ні зброі, але, магчыма, я магла б чымсьці дапамагчы...

– Мы ня робім добрыя справы за золата, – адказаў гном. – Узнагарода схаваная ў табе самой. Каб дасягнуць вяршыні, трэба глядзець уніз. А пакуль што ты можаш проста паўдзельнічаць у нашым Дні сумных успамінаў. Успомні што-небудзь сумнае, і ў цябе прыбавіцца моцы.

Але ж час ішоў, і грошы крапалі, – Вераніка не для таго прыйшла ў гэты фантастычны сьвет, каб думаць пра сумнае. Яна паглядзела на лічыльнік: эль дадаў ёй яшчэ дзесяць пунктаў. Яна з насалодаю ўпілася зубамі ў мяса, якое працягнуў ёй нейкі малады румяны гном, аблізнула пальцы й сказала:

– Мне трэба ісьці далей, Ольда. Я й так затрымалася ў вас. Уласна кажучы, я хацела б выйсьці ўжо заўтра на сьвітанку.

Гном маўчаў, засяроджана жуючы.

– Распавядзі мне, што навокал, які шлях лепшы. Я хацела б дабрацца туды, дзе я змагу прыдбаць трохі манэтаў, і потым падацца ў горад.

– Вакол нас – лес, – задуменна сказаў Ольда. – Гэта ўсё, што я магу табе паведаміць. Лес вялікі. Мы ніколі не выходзім адсюль. Людзі й багі ня вельмі любяць сустракаць гномаў. Нашыя шахты, нашыя скалы й наш лес – вось дзе мы ў бясьпецы.

– Але ж тая дарога, па якой... – Вераніка адчула, што гном нешта хавае.

– У любой дарогі ёсьць канец, – Ольда дапіў эль і перадаў кубак брату.

– Дай мне падказку, Ольда, – Вераніка зрабіла яшчэ глыток. – Я не хацела б, каб вам зноў давялося мяне выручаць. Можа, тут паблізу ёсьць млын, а можа, поле...

– Лес вялікі, – паўтарыў хітра гном.

Вераніка ўздыхнула, але крыўдаваць ні на кога не зьбіралася. На сьвітанку яна абавязкова пакладзе праснакоў і мяса ў той цудоўны, плецены, абшыты бісерам заплечнік, які падарыла ёй Берліта, і пойдзе куды вочы глядзяць. Урэшце, тут мусяць быць падземныя хады, пра якія маўчаць гномы. А гэты Ольда – ён відавочна нешта не дагаворвае.

– Толькі не хадзі за ручай, – пачула яна раптам ля самага вуха, і зьдзіўлена павярнулася да гнома. – Ні ў якім разе не хадзі за ручай!

– Ты нешта сказаў?

Але гном толькі паціснуў згорбленымі плячыма ды пацягнуўся па новую порцыю элю.


***

Як усё ж шмат паламалася ў Вераніцы. Усе гэтыя маленькія дэталі, вынік сапраўды ювэлірнай працы, аднавіць іх, відаць, будзе цяжэй, чым усё тое непаваротлівае, грузнае, аброслае мясам... Клеткі больш не вырабляюць запасных частак, хіба што завалялася нешта на складзе, але адрэсу складу мы не пасьпелі запісаць, і ніколі ўжо не запішам. І тамтэйшы тэлефон адключаны за няўплату. Позна, позна, занадта позна, як любяць гаварыць кандыдаты ў літаратурныя пэрсанажы. Шмат нікім ужо не кіраванай, гарачай ды разгубленай крыві, сарваныя замкі вісяць на петлях – у мяккіх тканках шыі, у тоўшчы языка, пад’язычная костачка хруснула, і шчытавідная ня вытрымала. Костачкі грытанкі паламаныя й там і сям. Кажуць, што язык высоўваецца пры гэтым з рота, далёка ў сьвет, так, што мог бы дастаць да вока ды вынуць зь яго выпадковую парушынку або мошку... Ня верце, гэта ўсё кіно, хаця язык і праўда становіцца даволі рухавым, абмяклым, сінім. Спэцыі спэцэфэктаў. Зрэшты, бывае ўсялякае, мы ж не настолькі аднолькавыя, кожны стаіць у гэтай чарзе па сваё.

Адзін стаяў ля вакна, другі – за яе сьпінай. А можа, наадварот. Адзін бачыў перад сабой сьпіну Веранікі, самы яе верх, голую шыю, кропку радзімае плямы. А потым, зусім хутка ўсё адбылося: толькі сьпінку крэсла. А Вераніка спаўзла на падлогу, нібы пабачыла там згублены гузік. Але чаму яна кладзецца на дыван сьпінай, высьлізгваючы зь нечых стомленых рук? Адна нага падварочваецца, таму, хто трымае Вераніку, даводзіцца трохі прыўзьняць яе, каб яе цела легла на падлогу правільна. Бо тут таксама ёсьць свае правілы, якія пажадана выконваць, няхай яны нідзе й не зафіксаваныя. Ня трэба рабіць людзям, якія прыйдуць пасьля цябе, лішняга клопату. Вось Вераніка пра гэта заўжды памятала. Але ж яна была занадта маладая, каб старэйшыя надумалі ўзяць зь яе прыклад. Ім жа, старэйшым, увесь час здаецца, што яны ведаюць лепш. Скажам, якім чынам можна лёгка зьняць стрэс. Як адпачыць чалавеку, у якога такая сядзячая праца. Што трэба рабіць, калі ў вачох рабізна ад манітора. Як лечыцца кампутарная залежнасьць. На якія кропкі трэба націснуць, каб іншыя атрымалі нарэшце спакой. Дзякуй вам, лекары-аматары, сьціплыя майстры акупунктуры.

Загрузка...