***

Чаго толькі не бывае пры такіх абдымках!.. Нявольная дэфэкацыя, выдзяленьні мачы, спэрмы (ну, гэта не пра нас), выштурхоўваньне сьлізістага корка з шыйкі маткі – усяго гэтага ўдалося пазьбегнуць. Табу было вырашана не парушаць, ня кідаць сьмярдзючага ценю на ўрачыстасьць, не абражаць грамадзтва – яно ж было там, грамадзтва, яно было зусім блізка, ад яго не схавацца нават у такія хвіліны. І грамадзтва абуралася: чым – гэта ўжо іншае пытаньне. А стома ж была падобная да той, якую Вераніка адчувала ў школе – дурная, усеабдымная стома, калі ты можаш сказаць сабе: “Я такі(такая) змораны(ая), маю ж я права на прыемныя адчуваньні, на пяць хвілінаў для сябе”. Гэта добры падарунак прыроды – магчымасьць даць прыемныя адчуваньні самой сабе, калі грамадзтва сьнедае. Тлусты, сытны, глябальны сьняданак. І, мусіць, любая рука, якая легла б цяпер на патыліцу Веранікі, была б прынятая з удзячнасьцю.

Тое, што так цэняць у жанчынах мужчыны, але зь вядомых прычынаў замоўчваюць пры апытаньнях, у Веранічыным выпадку ня вельмі дэфармавалася. Можна сказаць, патолягаанатаму пашанцавала, бо мастак зь яго быў слабанэрвовы. Яны амаль не пашкоджаныя, гэтыя птушкі. Хутчэй да чучалаў, чым да пудзілаў. Гэта былі толькі чалавечыя рукі – недасканалы інструмэнт, улічваючы ягоную нетаропкую, але пасьлядоўную дэградацыю. Рабіць людзям масаж у працоўным кабінэце хутка навучацца й машыны. Пранесла. Дамавікі раённай адміністрацыі – істоты, можа быць, і пазбаўленыя нырак, аднак сэрца ж у іх ёсьць. А бывае ж па-іншаму. Да сярэдзіны дзевятнаццатага стагодзьдзя асаблівую цяжкасьць для судовай мэдыцыны ўяўляла дасьледаваньне тых, каго даставалі з абдымкаў вадзянікоў. Адна з галоўных памылак вучоных: шырокія, набрынялыя праніклай у тканкі вільгацьцю похвы тапеліцаў, якія праляжалі ў вадзе некалькі месяцаў, яны тлумачылі як сьведчаньне іхнага бурлівага інтымнага жыцьця. Ледзь ці ня як доказ іхных заняткаў прастытуцыяй. Такім чынам многія цнатлівыя трупы гублялі пасьля сьмерці сваю беззаганную рэпутацыю. Самагубцы прынамсі ведалі перад зьдзяйсьненьнем сваіх капрызаў, чаму ім ня знойдзецца месца на могілках, і загадзя рыхтаваліся трапіць у кампанію актораў ды злачынцаў.

Ніколі не хавай мяне, прашу цябе. Калі нашай гісторыі не наканавана спаткаць прыдуманы мной канец, і мне давядзецца пайсьці першым, не давай ім закапаць мяне. Памятай, як я ненавідзеў натоўпы. Хіба гэты чымсьці адрозны ад усіх астатніх? І ня плач. Прыгадай дажджлівы, паўночны партовы горад, цягнікі й маю няголенасьць.

А потым кінь у агонь.


8.

Вераніцы няма чаго рабіць, і яна, уздыхнуўшы, ідзе на кухню. Там маці малюе на пліце суп, зьмешвае фарбы, выцірае рукі аб фартух, раз-пораз паглядаючы на натуршчыка. Маці радая, што Вераніка прыйшла, апошнім часам гэта адбываецца рэдка: яна ўпотай зазірае ў вочы дачкі й потым адразу іх адводзіць, баіцца зрабіць што-небудзь ня так. Вераніка жуе хлебную скарынку й лянотна кладзе адну нагу на зэдлік. Маці хочацца пагаварыць; Вераніка сама ня ведае, чаго ёй хочацца.

– Я даўно, дарэчы, хацела табе сказаць, – кажа маці бы незнарок, – калі ты хочаш прывесьці... ну, там, хлопчыка... да сябе... То можаш гэта зрабіць, ніхто ж не забараняе.

Вераніка пагардліва пасьміхаецца.

– Мы з бацькам даўно хацелі на яго паглядзець.

Вераніка прыгадвае Лёньку ды ўсьміхаецца яшчэ пагардлівей.

– У цябе ж ёсьць хлопец?

“Ведала б ты...” – думае Вераніка ды выцірае анучай поўную мікраскапічных спэцыяў гарачую пляму на стале.

– А калі ён табе не спадабаецца?

Маці падазрона кладзе на стол лыжку:

– Ну чаму ж адразу не спадабаецца? Што зь ім, што-небудзь ня так? Хворы? Заікаецца? Або...

Вераніку пачынае забаўляць гэтая размова.

– А калі ён урод, якіх мала?

Маці нарэшце пакідае гатаваньне на волю лёсу й стомлена – яна ўсё робіць стомлена й ганарыцца гэтым – сядае побач. Вераніка зь нянавісьцю глядзіць на мокры ручнік, які зьвісае з матчыных каленяў, на яе распухлыя рукі, на мудра падціснутыя вусны са сьлядамі таннай памады, на суп, які пахне перасоленым мацярынскім сэрцам.

– Ну што значыць урод?.. – маці зьбянтэжана глядзіць у акно. Рукі яе тым часам, пакутліва шукаюць, чым бы заняцца, бяз працы яны ляжаць ня могуць, нібы за гэта могуць пазбавіцца пальцаў – і таму маці пачынае праціраць цукарніцу. – Што значыць урод?.. Ён не прыгажун, напэўна, але ж для мужчыны... Думаеш, твой бацька такі ўжо расьпісны красун быў? Слухай, а можа ты пра гэта... Ён што, бандыт? Ці, можа, фашыст?

– Разумееш, мам, ён нэгр, наш замежны студэнт, – сур’ёзна, апусьціўшы вочы, адказвае Вераніка, і ледзь стрымліваецца, каб не зарагатаць. Маці на хваравітым удыху падымаецца з зэдліка, і толькі пераможнае Веранічына “Жартую!”, якое яна неяк упіхвае ў свой неўтамоўны рогат, прымушае маці зноў сесьці ды перажагнацца:

– Напалохала... Але ж табе ён падабаецца, табе самой?

– Ай, адчапіся, – адмахваецца Вераніка, усё яшчэ са сьлязамі ў вачох. Маці йдзе да пліты ды чарговы раз забівае мяса.

– Што значыць урод? – разважае яна, нібы размаўляючы сама з сабой. – Урод... Я табе вось што скажу, Веранічка...

Маці паварочваецца да яе і, трэба аддаць належнае яе адвазе, упершыню глядзіць дачцэ проста ў вочы.

– Ты, канешне, можаш мяне ня слухаць, але... Гуляць з хлопцам – адно, тут трэба толькі дзявочы гонар не губляць. Сьмейся, сьмейся... Я таксама сьмяялася. Калі такая, як ты, была. А калі раптам што, і ў загс... Не сьпяшайся, Веранічка, з гэтым. Дзіцё, дасьць бог, нарадзіць пасьпееш. Але калі будзеш мужа сабе выбіраць – я табе падкажу, на што глядзець трэба ў першую чаргу.

Вераніка паднялася з крэсла, пацягнулася, паглядзела, як за акном, на лавачцы іхныя суседзі абмяркоўваюць за ранішнім бырлам, нібы за кавай, палітычныя падзеі. Сусед Юрка гайдаўся побач, цярпліва чакаючы, калі і яму абломіцца глыточак-два. Праз адчыненую фортку заляцела тоўстая грузавая муха ды закружляла над сталом.

– Сьмейся-сьмейся, – сказала маці, пакрыўджаная Веранічыным маўчаньнем, хаця Вераніка ўжо не сьмяялася, – а лепш усё-ткі паслухай. Твая сястра дык паслухала. Хаця і яна такая ж, як усе, зь ветрам у галаве.

– Ну і што ж гэта за сакрэт? – спытала нехаця Вераніка.

– Мяса кожны дзень, – урачыста й ціха прамовіла маці.

– Што?

– А вось што, – маці раптам выпрасталася, пазбавілася ручніка, выцерла лоб. – Калі ў цябе й тваіх дзяцей кожны дзень на стале ці ў лядоўні будзе мяса, значыць, мужа ты сабе выбрала правільна. Проста і ясна. І ніякіх больш умоваў.

Вераніка скрывіла вусны:

– Ну што гэта за такое... Хіба ж можна так – усё мераць мясам. Добра б яшчэ там золатам, або, ну, ня ведаю, шакалядам... Я б яшчэ зразумела. Гэта хаця б рамантыка. А як жа... Ну, ня ведаю – каханьне?

– Каханьне – гэта добра, – цярпліва сказала задаволеная сабой маці. – Хто ж супраць каханьня. Гуляй, пакуль маладая. Толькі ў прыпол глядзі не прынясі. Заб’ю. Я ж не дурная, цяпер іншы час. Сэкс. Эротыка. Інтэрнэт. Але замуж выйдзеш, і тады ўжо пра каханьне забудзеш. Калі мяса дома няма, і купіць няма на што, а ў Розы малы сабак катлетамі корміць, вось тады й будзе табе каханьне.

Вераніка маўчала, яна з прыкрасьцю думала, што вось зараз, напэўна, зноў пачнецца, пра яе маленства, калі фашысты ледзь не захапілі ўладу, і маці даводзілася ісьці прыбіральшчыцай у сьветаўскую краму, дзе хлеб можна было набыць (слаба ў гэта верыцца) толькі па нейкіх ці то квітках, ці то абанэмэнтах. А самой маці здавалася, што яна пераканала Вераніку – яшчэ б, довады ж неаспрэчныя.

– Ды нічога. Ты вось дарослая такая ўжо, – сказала маці са шкадаваньнем. – Усё ў цябе будзе добра, калі запомніш, што я табе сказала. Спачатку мы з бацькам, вядома ж, дапаможам, чым можам. А далей самі. Толькі не сьпяшайся, Веранічка. Заві бацьку абедаць.


***

Тая месячная практыка ў піянэрлягеры была ня цяжкай і скончылася так хутка, што Вераніка нават потым пашкадавала. Замацаваныя за ёй дваццаць падлеткаў – адзінаццаць звар’яцелых на касмэтыцы дзяўчат і дзевяць нейкіх надта ўжо разважлівых, як дзядкі, хлапцоў – не патрабавалі асаблівага клопату й нават пакідалі сваёй важатай час для асабістага жыцьця. Ня тое каб Вераніка карысталася посьпехам, але ж адзін з важатых, хударлявы, як шкілет, з доўгім і вузкагубым тварам Марат дакладна зьвярнуў на Вераніку ўвагу і ўжо ў першы ж дзень завітаў да іх у корпус, імгненна заняў дзяцей нейкай віктарынай (што значыць досьвед!) і сеў каля Веранікі на пень. Праз хвіліну яна ўжо ад душы сьмяялася, а Марат усё казаў ёй вясёлыя непрыстойнасьці, і такім сур’ёзным тонам – нават вочы не ўсьміхаліся, і таму Вераніцы было яшчэ сьмяшней. А ўвечары ў лягеры была дыскатэка ў гонар пачатку другой зьмены, і яна з усяе моцы намагалася ня танчыць толькі зь ім, але іншыя важатыя амаль не падыходзілі... калі ж гралі нешта сапраўды “зажыгальнае”, то Марат адразу ж апынаўся побач, торгаўся, са сваёй пластыкай гумовага чалавечка, каля самага пляча, Вераніка міжволі адступала ў цень, і ён, боўтаючыся, ішоў за ёй. Невядома, чым бы гэта ўсё скончылася, калі б там, у цені, не стаяў начальнік лягеру, баязьліва паглядаючы на вёрткія целы маладога пакаленьня. Гэтая зьмена была наогул багатая на прыгажуняў, даўганогіх, нібы з вокладак часопісаў, Вераніцы было з кім сябе параўноўваць і з прыкрасьцю моршчыць лоб.

З надвор’ем у той месяц пашанцавала. Вераніка адразу ж пачынала драмаць, апускаючыся на посьцілку, пад якой гарэла яшчэ мокрая трава, вакол хлопцы пад пагардлівымі позіркамі расфарбаваных дзяўчат, якія сумавалі ў чаканьні чагосьці, абмяркоўвалі апошнія навіны сусьветнай аўтаіндустрыі. Раніца неўпрыкмет сыходзіла, есьці не хацелася, яны йшлі на возера, і там Вераніка скідвала сукенку ды, адганяючы дзікуноў-інсэктаў, мякка сьлізгала ў ваду – яна плавала заўжды на сьпіне, каб падначаленыя былі ў полі зроку, але мала хто лез у ваду, тоўстыя хлопчыкі нават футболак не здымалі, а дзяўчаты збольшага плюхаліся ля берага, падстаўляючы сонцу закрэсьленыя палоскамі вясёлкавых купальнікаў сьпіны, шапталіся... Вераніцы было добра. Потым – салодкая стома палудня, калыханка дрэваў, рытмічнае граньне мухаў на аконнай шыбіне. Вечар зь ягонымі ненавязьлівымі, простымі гульнямі, танцы, беглая праверка, ноч, агеньчык цыгарэты там, адкуль чуецца прыглушаны голас Марата, яе ціхі сьмех, цыгарэта, што растае ў руцэ, Вераніка нават не падносіла яе да вуснаў. Зрэдку віно са сталоўскіх шклянак. Моцны, глыбокі, беспрабудны ранішні сон.

Вераніка ўсё намагалася здружыць хлапечую й дзявочую паловы свайго атраду. Але марна: атрад ніяк не хацеў яднацца, кожны пол сядзеў асобна й глядзеў на супрацьлеглы без інтарэсу. Дзяўчынкі марылі пра дарослых, вусатых плэйбояў-старшаклясьнікаў, хлопцы да дзяўчынак таксама не цягнуліся. Якім жа было зьдзіўленьне Веранікі, калі аднойчы, зайшоўшы на дзявочую палову, яна пабачыла ўвесь свой атрад у зборы. Дзеткі слухалі нешта саладжавае, што тупа бухала з казённага магнітафона. Заўважыўшы яе, яны замаўчалі й з сур’ёзным выглядам утаропіліся ў дынамікі, нібы адтуль лілося нешта філязофскае. Між тым, голас невядомага, але, відаць моднага сьпевака выводзіў нешта пра “твае масіські, Танюшка”.

– Вы што гэта слухаеце? – працягнула Вераніка пакрыўджана й пачула ў адказ невядома адкуль знаёмае імя. Яна спахапілася, зрабіла ўсё, каб кантакт не разладзіўся й на наступны дзень прынесла выхаванцам касэту зь Віктарам Ветрам і Магдай. “Вось гэта музыка, а яшчэ й сапраўдная паэзія,” – абвясьціла яна з пачуцьцём перавагі ды прысела на край ложка.

Восень прыйшла, быццам нязваны госьць,


Дзьвераў журботны вой,


Поўны мой дом табой,


Я так чакаю, ты паглядзі, ну вось,


У кожным акне сьвятло,


Усё што было – сплыло,


Ну вось і ўсё...

Песьні атраду прыйшліся даспадобы. Назаўтра іх ужо сьпявалі і хлопчыкі й дзяўчаты, а адзін з выхаванцаў, Вераніка ўсё забывала ягонае прозьвішча, нешта такое на Г, падабраў акорды й штовечар выконваў “Восень” ля вогнішча. Прарыў быў відавочны, потым дзяўчаткі ўжо самі прасілі выканаўцу прасьпяваць што-небудзь іхнае ўлюбёнае, а Вераніка глядзела на іх з замілаваньнем, маркотна прыслухоўвалася да ўласных успамінаў і думала пра тое, якая яна старая.

Адну зь песьняў Магды, яе гіт “Карабаратрулла”, яны ўсе разам перайначылі пад патрэбы атраду й далі на заключнай вечарыне ў канцы месяца такі канцэрт, што ім нават далі прыз глядацкіх сымпатыяў. І ўсё было б добра, калі б не адзін выпадак.

Неяк Марат прапанаваў Вераніцы памерацца сіламі ў валейбол, атрад на атрад. Веранічыны былі ў турнірнай табліцы першынства лягеру недзе ў самым нізе, і яна пагадзілася, спадзеючыся падняць баявы дух каманды. Важатыя, натуральна, таксама гулялі, прыязна пазіраючы адно на аднаго скрозь сетку. І ўжо ў самым пачатку адбылося непапраўнае. Дасланы на іхную палову жоўты мяч сьвечкай падняўся ў паветра, і пакуль паўасьлеплая Вераніка шукала яго ў сонечным небе, нехта зь яе каманды ўжо адпарыраваў яго на чужую палову – там сам Марат, капітан і трэнэр “зялёных”, пругка выгнуўшыся ды ўзьляцеўшы над пяском, моцным рэзаным ударам зноў паслаў мяч на палову Веранікі... Яна якраз заўважыла гэтае пацертае гарматнае ядро, якое з хуткасьцю сьвятла неслалася проста на яе, і ў апошні момант няспрытна ўзмахнула далоняй, але было ўжо позна: мяч забіў Вераніку напавал, урэзаўшыся ёй проста ў пярэднія зубы. З вачэй пырснулі нечаканыя сьлёзы, яна ўпала на калені й закрыла твар рукамі. З вуснаў сачылася кроў, твар апякло як агнём, у роце зьявіўся дзіўны смак... Марат падхапіў яе пад пахі й паспрабаваў падняць, і прасіў прабачэньня скрозь сьмех, а яна вырывалася, і нарэшце вырвалася, села на траву ды не адплюшчвала вачэй, пакуль ён не сыйшоў. Выхаванцы працягвалі гульню бязь іх. Яна не атрымала ніякіх пашкоджаньняў, апрача разьбітай губы, і ўжо ўвечары яны зноў па-сяброўску размаўлялі з Маратам, але колішняе сымпатыі да яго ўжо не было: шторазу, калі яна чула ягоны голас, перад вачыма ўставаў страшны жоўты мяч, які ляцеў, як разрыўная куля, ёй у вусны.


***

Яна ніколі не заўважала, каб Лексу станавілася сумна, і тым ня менш ён прыдумаў новую забаву: рваць палонным іклы. Відаць, яго раздражняла само ўсьведамленьне таго, што вакол лягеру, схаваныя ў чарнаце лесу, ціха выючы ў засадах абапал пракладзенай калісьці Веранікай сьцежкі, тояцца зграі зубатых драпежных пачвараў – раз-пораз уначы ён уладкоўваўся са сваім круком і сеткай на якой-небудзь са сьценаў ды чакаў здабычу. Ноч наступала імгненна, як заўжды ў гэтых краях, а Лекс меў цярпеньне: ён сядзеў уверсе нерухома ды бязгучна, і распускаўся ў цемры, паходні гасьлі, лес вакол Дому ажываў. Збоку мягло падацца, што Лекс сьпіць, але варта было зірнуць у ягоныя вочы, якія можна было б палічыць за цьмяныя далёкія зоркі, так яны сьвяціліся ў змроку, як рабілася ніякавата. Зрэшты, на ягоным паляваньні Вераніка прысутнічала толькі аднойчы: трохі зьніякавелая ад чорнай аграмадзіны лесу вакол, яна ўсё ціснулася ды ціснулася да Лекса, ажно пакуль не пачала да яго даволі бессаромна прыставаць. Сама ягоная постаць, замерлая на вузкай сьцяне, і крук у каменных руках так узбуджалі, што Вераніцы хацелася ўкусіць гаспадара Дому. Аднак Лекс ніяк не рэагаваў на Веранічыны ўлашчваньні, а потым проста сагнаў яе ўніз і сваім роўным голасам загадаў ісьці ў вежу. У тую ноч ён яе нават не прыкоўваў, але ёй і ў галаву не прыходзіла ўцякаць або хавацца – яна ляжала на тым месцы, дзе зазвычай спаў ён, і не магла заснуць, пацеючы ад жаданьня ды смагі.

Задаволены Лекс прыходзіў пад раніцу. Вераніка магла сабе ўявіць, што адбывалася ўначы. Вочы фантастычных істотаў, што ўзіраюцца з гушчару ў цёмныя сьцены жахлівага Дому, намагаючыся не прапусьціць ні ценю, ні гуку, ні шоргату. Здаецца, усё спакойна, і тады яны выходзяць – прыдуманыя кімсьці пачварыны, асьцярожна ступаюць у вязкую ваду рова, тут заўжды лістапад. А потым шкрабуцца ля сьценаў, жалобна выюць, ляскаюць зубамі у марнай празе дабрацца да галоўнага ворага. Іхныя душы, заняволеныя ў клетку праграмы, адчуваюць сумны неспакой, іхныя вушы, ім здаецца, чуюць, як пад зямлёй енчаць ад болю суродзічы... Іхныя насы спрабуюць зразумець, дзе гаспадар Дому зрабіў могілкі, ім так хочацца разарваць яго на часткі. Іх задачы ў гэтым Сьвеце простыя, бы школьная лінейка, але зь якім задавальненьнем зраўнялі б яны зь зямлёй страшны Дом: у гэтай асалодзе абавязкова прысутнічала б нешта яшчэ, апрача паслухмянасьці прымітыўных пэрсанажаў. Яны танчаць свой панылы танец ля сьценаў, сьліна крапае зь іхных аголеных, празьмерна заточаных зубоў, месяц сьвеціць роўна ды справядліва, ня тое што там, дзе іх прыдумлялі іхныя стваральнікі, адшукваючы самыя даступныя вобразы. Лясныя пачвары пакрысе ўваходзяць у экстаз. Гульня нібыта завісае, і тады са сьцяны падае маланкай крук, лямант чуецца ў самых аддаленых кутках каралеўства, прачынаецца малы сын млынара, і гномы насоўваюць глыбей свае сьмешныя капелюшы, кіпчастая лапа роспачна б’е па вадзе рову, але ўсьлед круку ўжо ўпала сетка, і вось сталёвыя рукі выцягваюць ахвяру на борт Дому, нібы рыбіну. Расчыняе прадоньні зямля, і зьнізу б’е сьвятло. Падрыхтаваная клетка прадуманая да дробязяў, і гаспадар пасьцяліў учора сьвежае саломы. А заўтра ці праз тыдзень, хто ведае, гэтая гульня папоўніцца яшчэ адным трупам. Кожны труп – нечая магчымасьць пакуль не выключаць кампутар. Пункт у паказьніку жыцьцёвага тонусу. Прыступка да новага ўзроўню. Ды толькі што рабіць, калі ўсе ўзроўні пройдзеныя? Не выходзіць жа з гульні пасьля такога гераічнага шляху!..

Сярод лясных стварэньняў існуюць свае забабоны. Яны чамусьці лічылі, што лепш гінуць ад яе рукі. Жанчыны заўжды рабілі сьвет крыху дабрэйшым: зь вялікай і малой літары, па абодва бакі экрану.


***

Даруй мне, даруй, магчыма, я ня маю права пра ўсё гэта пісаць. Бо ў маёй краіне сьмерць дагэтуль жыве паводле Энгельса. Жыць – значыць паміраць. Якія сьмешныя гэтыя спробы сьмяротных прывесьці ўсё да нейкага афарызму, кіравацца ідэалёгіяй там, дзе няма левых і правых, дзе суцэльнае egalitè... “Жыцьцё ёсьць спосабам існаваньня бялковых целаў, у якім важную ролю адыгрывае пастаянны абмен рэчываў з навакольнай прыродай, прычым з спыненьнем гэтага абмену спыняецца й жыцьцё, што прыводзіць да разлажэньня бялка”. Такі вось аўтапартрэт без барады.

Сьмерць рэдка бывае імгненнай. За пэрыяд да васьмі хвілін гіне кара галаўнога мозгу. Падкоркавыя цэнтры й сьпінны мозг жывуць даўжэй, дзякуючы глікалітычнаму тыпу абмена. Косны мозг захоўвае сваю жыцьцяздольнасьць да чатырох гадзін, а апорныя тканкі – скура, сухажыльлі, мышцы, косткі – да сутак. Але доктар, той, які ставіць кропкі ў гісторыі хваробы, слухае толькі сэрца. На ўсіх іншых радыёхвалях сёньня адна рэкляма.

Гэта было неўзабаве пасьля нашага зь Веранікай знаёмства. Я вяртаўся дамоў уначы, ратавальныя дзьверы пад’езду былі ўжо блізка. Я мог бы пайсьці ў абход, пад ліхтарамі, па ачмурэлай ад бэзу і яшчэ не да канца астылай пасьля дзённай сьпёкі вуліцы, але ж ногі самі павялі мяне праз гэтую цёмную арку. Так было бліжэй і хутчэй. Праход быў ня тое каб доўгі, якіх-небудзь паўсотні крокаў, я дакрочыў да сярэдзіны й раптам пачуў, як мяне нехта даганяе. Я спыніўся, так мне стала страшна. Напэўна, ад мяне йшлі не абы якія флюіды жаху: наперадзе таксама зьявілася чалавечая постаць, нехта ўваходзіў сюды адразу з абодвух бакоў. Я быў заціснуты ў гэтым невялікім тунэлі, справа й зьлева былі сьмярдзючыя сьцены, крокі набліжаліся, сьпераду й ззаду. Абедзьве фігуры былі выразна мужчынскія, былі б яны жаночымі, наўрад ці мяне апанавала б такое. Страх зрабіў іх вялізнымі, мне здавалася, яны прыгінаюцца, каб не закрануць галавой столь. Першым пытаньнем для мяне было, што яны зробяць са мной, і ці маю я ў кішэнях нешта на водкуп, але другое пытаньне чамусьці імгненна засланіла першае: што зробяць з маім целам потым, калі мой бялок пацерпіць паразу.

Цяпер я ведаю, што. Асноўны разрэз скуры для ўскрыцьця робяць ад падбародзьдзя да лабка, з абходам пупка зьлева. Адмысловы нож утрымліваюць гарызантальна. Разрэз робяць бесьперапынным рухам, ён мусіць пранікаць скрозь скуру, падскурную клятчатку, дасягаючы ў грудной клетцы грудзіны, а на жываце мышцаў. Раны й рубцы нож абміне. Найлепшы разрэз – Т-падобны. Пасьля гэтага ўскрываюць брушыну. Ашмецьце скуры й мышцаў адсэпароўваюць у абодва бакі так, каб агаліліся рэбры. Глядзяць. Пішуць. Выдаляюць грудзіну, пасьля чаго адкрываецца шырокі доступ у грудную поласьць. Сэрца спачатку мераюць, а ўжо потым адкаркоўваюць. Апісваюць зьмесьціва страўніка, кішэчніка. Пілуюць чэрап. Выторгваюць валасы. Думаюць пра жывых.

Я стаяў сярод гэтага бэтоннага тунэлю, і яны таксама запаволілі хаду, пакуль не спыніліся ў некалькіх мэтрах адмяне, адзін сьпераду, другі за сьпінай. Мне і ў галаву не прыходзіла, што варта было мне пайсьці далей, як і яны рушылі б па сваіх справах. Урэшце ім надакучыла, і яны прайшлі міма мяне, нябачныя, раздражнёныя, стомленыя, і тунэль апусьцеў. Хто ведае, можа, назаўтра мы ехалі на працу ў адным вагоне мэтро.


***

Ёй было цяжка гэта патлумачыць, але ж тым ня меней: тут пахла зьліплымі чужымі галасамі, такім сабе комам з чужых галасоў. А яшчэ тут было задушліва і разам з тым так сыра, што Вераніка баялася дакранацца да сьценаў: нават калі бацька спатыкнуўся ды штурхануў яе ненаўмысьля ў сьпіну, Вераніка аддала перавагу мокрай руцэ міліцыянта, што йшоў побач – толькі б не кранацца сьценаў... Яна раптам адчула тут, у гэтым казённым памяшканьні, як мала каштуе яе ўлада, яе праца, яе пасада; Вераніка азірнулася навокал, абвяла вачыма вартавых: ім было відавочна напляваць, хто яна такая й чым займаецца, тут былі свае адзінкі вымярэньня чалавечае моцы, тут гудзелі, нібы ў нябачных трубах, свае законы, і яна, Вераніка, была тут чужая – такая ж чужая, як вось гэтая, да прыкладу, сямейная пара, якая з палёгкай на спалоханых тварах выходзіла адсюль на волю. “Госпадзе божа мой, госпадзе божа мой”, – паклікала кагосьці старая ў чорным, якая сядзела на аблупленай лаўцы перад кабінэтам, і высмаркалася ў рукаў – але ніхто не йшоў. Маці нэрвова пагладзіла пальцамі зеленаватыя краты. Нарэшце, пасьля амаль паўгадзіннага чаканьня, іх пусьцілі.

Брат цяжка падняў галаву. Бацька, які разгублена калупаўся ў зубах, зьбянтэжана назваў ягонае ймя ды прысеў на адзінае крэсла. За бацькавай сьпінай таропка загаварыла маці – яе мармытаньне адразу ж нагадала Вераніцы тыя аднастайныя пытаньні, якімі маці засыпала яе, калі бацькі прыязджалі да яе калісьці ў піянэрлягер. І сапраўды, маці размаўляла з братам так, нібы ён быў тут на адпачынку. Дакладна тое ж яна казала, калі брат сыходзіў у войска, і калі ляжаў некалі ў лякарні, яшчэ старшаклясьнікам – ён тады захварэў на запаленьне лёгкіх. І вось цяпер зноў. З тымі самымі інтанацыямі. І што з таго, што маці плача: яна заўжды плакала многа й з задавальненьнем. Вераніка маўчала, бацька соп недзе ўнізе. Вартавы пазяхаў. І тады Вераніка ўгледзелася ў братаў твар – бадай, упершыню ў сваім жыцьці ўгледзелася, раней ёй гэта і ў галаву не прыходзіла, брат і брат, нічога звышасаблівага: але цяперака нешта ў ім незваротна зьмянілася.

Груба паголеная, нібы здратаваная простым алоўкам галава, прыплюснутае цемя. Нізкі лоб, які брат несупынна моршчыў, быццам яго не пакідаў боль. Вялікія блакітныя вочы, і малінавыя расколіны ў іх, шмат расколінаў, якія, здавалася, самі сабой пераходзяць у глыбокія конаўкі паабапал носу. Зьбіты набок нос. Сківіца, што каменем цягнула братаў твар уніз. Шэрая скура, вялізная шыя, шырынёй амаль у галаву. Навіслыя над ёй шчокі. Так дзіўна ўсьведамляць, што ў гэтым абліччы праніклівы назіральнік можа знайсьці й Вераніку. Цікава, як яна выглядала б па той бок стала, у гэтай чорнай вопратцы. Ягоныя вушы варушыліся – брат нібы ўвесь час нешта жаваў. Ён быў агідны ёй, і – Вераніка штомоцы стрымлівалася і ўрэшце ўсё ж усьміхнулася, надта адкрыта, надта ўжо пераможна: гэта, на шчасьце, заўважыў толькі зьдзіўлены вартавы – і яна падумала амаль з радасьцю: усё правільна, ён там, дзе яму й належыць быць, і няхай застаецца тут як надаўжэй. Ён заслужыў гэта. Наўрад ці чалавек можа зьдзейсьніць такое. Брат быццам пачуў яе, і, калі маці набірала паветра ў грудзі, рыхтуючыся працягваць свае роспыты, ён, амаль не адкрываючы роту, пражаваў:

– Да ладна табе, маць. Што ты са мной як з чалавекам. Не чалавек я. Зьвер.

– Ды што ж ты, сынок, – загаласіла маці й працягнула праз стол руку, каб пагладзіць яго па шызай галаве, брат забурчаў ціха ды адсунуўся: Вераніцы падалося нават, што ён мацерна вылаяўся. Бацька толькі кашляў устрывожана, словы відавочна ня лезьлі зь яго, ён давіўся словамі, бо й былі яны непатрэбнымі, не ягонымі. Вераніка зь нянавісьцю зірнула на бацьку, потым на маці, і нарэшце на брата. “Веранічку б пашкадаваў”, – узвыла маці, і брат зь нейкім зьдзіўленьнем, нібы толькі што заўважыў яе прысутнасьць, падняў галаву.

– О, Веранічка.

Яна з асалодай зазірнула яму ў рот. Але зубоў там ужо не было.

Потым яны выйшлі моўчкі на вузкую вуліцу гэтага прыгараднага пасёлку. На лавачках знэрвавана заварушыліся. “А чаму б нам не паабедаць усім разам,” – дурнавата ўсьміхаючыся, сказаў бацька. “Даўно ж мы так... Разам.” Маці ўсхліпнула, але пакорліва пайшла за імі. У поўнай цішыні яны сталі чакаць афіцыянта. Людзей амаль не было, у вакно біўся п’яны клён. І Вераніка з задавальненьнем падумала пра тое, што на восень яна сёлета мае напраўду шыкоўны гардэроб.


***

Як дзейнічае на Эгея сузіраньне зубоў Бэрэнікі! Ён бачыць раптам, што гэтыя зубы існуюць самі па сабе, цела ягонай няспраўджанай нявесты адкрываецца яму пазбаўленым гармоніі, ён больш ня можа ўтрымліваць яго ўсё цалкам – і гэты распад прадвяшчае нядобрае. Хворае ўяўленьне Эгея зьмешвае сьвецкія жарты й камплімэнты з тым жудасным, што ён бачыць з акна бібліятэкі, ужо ня ставячыся да яго як да кагосьці надзеленага душою, ужо адчуваючы блізкае заканчэньне гэтага распаду. Словы, сказаныя кімсьці з непраклятых паэтаў пра балерыну мадам Сале, круцяцца ў ягонай галаве, пакуль і іх не зацягвае ў сваю арбіту нячутны поступ па калідорах дому ўжо сьмяротна хворай Бэрэнікі. Ах, “que tous ses pas etaient des sentiments”, “кожны яе крок быў пачуцьцём”!.. Змрочныя алітэрацыі, безь якіх Эгей даўно ня можа жыць, тут жа запальваюць у ягонай галаве нязгасны пажар уласнае, прыватнае раны: que toutes ses dents etaient des idees. Кожны яе зуб меў у сабе сэнс! Эгей ведае, што гэта й пагубіць яго, але процістаяць целу, якое распалася на тысячы прыгожых аскепкаў, ён ня здольны.

“Мне мроілася, што аднавіць спакой у маёй душы, вярнуць мне розум можа толькі адно:

Каб яны дасталіся мне.”


***

Ларыса сядзела перад ёй і злосна, раздражнёна глядзела на навакольны сьвет. Зрэшты, Ларысай у дадзены момант быў хіба кончык яе языка, які беспакойна шныраў па роце і абмацваў распухлую шчаку. Гэта прыносіла Ларысе змрочнае задавальненьне, у яе трохі паплыла туш на вейках, але Вераніка са зламыснасьці пра гэта маўчала. Люстэрка Ларыса ўсё адно пры ёй даставаць ня будзе.

Навакольным сьветам былі Вераніка ў сваім заўсёдным чорным касьцюме, Веранічын кабінэт і сьляпучы крыж на амаль дабудаванай царкве, што сьвяціў ім з плошчы, бы ліхтар.

– Як яны цябе, – сказала Вераніка спачувальна-зласьліва. – А я вось нават люблю да зубнога хадзіць. Ніколі не балела.

– Пашанцавала, – уздыхнула Ларыса й зноў ператварылася ў кончык уласнага языка. Крыж прымушаў яе мружыцца, Вераніка рабіла выгляд, што працуе, але потым пазяхнула ды адкінулася на сьпінку крэсла.

Іхныя стасункі ператварыліся з часам у нейкае зусім ужо дзіўнае падабенства сяброўства. Яны ненавідзелі адна адну шчыра, паўнакроўна, аддана, яны настолькі не цярпелі існаваньне адна адной, што сустракаліся ўсё часьцей. Вераніка дык з жахам разумела, што без Ларысы яна жыць ня можа, і таму намагалася як мага часьцей бачыць яе, гаварыць, нязначнымі фразамі, поўнымі, тым ня менш, глыбокага прыхавнага сэнсу. У прысутнасьці Ларысы Вераніку ахоплівала прыемнае пачуцьцё задаволенасьці – напэўна, таму, што Ларыса ў межах бачнасьці была, што ні кажыце, пад кантролем, яна станавілася прадказальнай, і яе пры нагоде можна было б спыніць, абяззброіць, затрымаць, а то й зьнявечыць, вывеўшы з гульні. Праўда, непасрэдных нагодаў гэтая Веранічына калега яшчэ не давала, аднак Вераніка ўспрымала гэта як падрыхтоўку да вырашальнага скачку. Ларысу трэба было трымаць пры сабе. Не адпускаць далёка. Інакш – катастрофа. Вераніка была пэўная, што й Ларыса думае там сама сабе, хаваючыся за сваімі каштанавымі пасмамі, нешта падобнае. Усё было ясна як дзень: Ларыса была старэйшая ды хітрэйшая, Вераніка ж мела неаспрэчную перавагу – яна была маладая й на фоне Ларысы больш прывабная. Нічога дзіўнага, што на фоне гэтых складаных развагаў Ён неяк губляўся, хаця й быў насамрэч мэтай. І часта Вераніка лавіла сябе на тым, што яны абедзьве, стоячы поруч у калідоры, глядзяць на Яго, ігнаруючы Ягоныя вечныя жарцікі, і цеплыня нейкае нечуванае салідарнасьці струменіць ад сынтэтычнага Ларысінага пляча.

– А я сёньня яшчэ да цырульніка думала, дурніца, – прамовіла хутка Ларыса, і Вераніка ўзяла асадку са стала, проста так, – і тут у кабінэт увайшоў Жвалевіч.

Ён быў, як і мінулы раз, нападпітку, і стаў зь вінаватым выглядам ля дзьвярэй, з павагай гледзячы на перакошаны твар Ларысы. У руках Жвалевіч камячыў пакет ды, як ні дзіўна, тоўстую кнігу. “Прывітаньне, Веранічка”, – прамовіў ён ціха й скасавурыўся на кампутар. “Мне пачакаць?”. Вераніка даволі доўга спрабавала зразумець, хто перад ёй, успомніліся нейкія грошы, і адчуваньне чагосьці сьлізкага на далонях, але потым валасы зноўку падказалі ёй, хто завітаў у кабінэт, і яна пагрозьліва нахмурылася:

– Зноў п’яны прыйшоў. Ды што там ахова сабе думае ўнізе?

– Толькі піва, Веранічка, – сказаў жаласьліва Жвалевіч: ён, відавочна, не чакаў, што гаварыць давядзецца пры сьведках. Ларыса глядзела на іх са строгім інтарэсам. Вераніцы нічога не заставалася, як іх пазнаёміць.

– А можна... гэта... тэт-а-тэт, – спытаў, асьмялеўшы, Жвалевіч і паклаў пакет на стол. – Справа важная. Мы былыя сакурсьнікі.

– Ты зубы калі апошні раз чысьціў, – працягнула, ледзь ня плачучы, Вераніка. – Пасьля цябе кабінэт суткі трэба праветрываць.

– Мне зубы нельга чысьціць, – заявіў Жвалевіч. – Мне апэрацыю надоечы зрабілі. На ніжняй сківіцы.

– Праўда? – зь цікавасьцю падалася да яго Ларыса. – Бедненькі.

– Праўда-праўда, – горда сказаў Жвалевіч. – Як казаў Панікоўскі, устаўлю залатыя зубы й жанюся.

– Ну, дзяўчаты любяць маладых і палітычна граматных, – весела патрэсла валасамі Ларыса. – Як у вас з палітычнай граматнасьцю? Калі апошні раз правяраліся?

– Я сакратаром антыфашыстоўскае групы быў, – пакрыўджана сказаў Жвалевіч, прысаджваючыся на край стала: Вераніка ледзь пасьпела выцягнуць з-пад яго паперы.

– А то я магу праверыць, – Ларыса зь цікавасьцю зірнула на ягоныя запэцканыя ў нешта нагавіцы. – У мяне праца такая. Я ў аддзеле інспэктар.

– Я вам не замінаю? – усьміхнулася Вераніка, і абодва зьбянтэжана зірнулі на яе. Прамільгнула між імі нейкая іскарка, адзначыла для сябе Вераніка. Вось жа Ларыска, пацук ненажэрны, ёй усё адно на што кідацца, сучцы.

– Я б усё ж хацеў... калі можна... тэт-а-тэт, – спахапіўся Жвалевіч і прагна паглядзеў на бляшанку кавы. Ларыса ўстала, паправіла спадніцу ды пайшла да дзьвярэй.

– Як шчака? – крыкнула Вераніка клапатліва. – Не гнаіцца там, Ларысанька?

Але Ларыса, здаецца, не заўважыла кпінаў. Ля самых дзьвярэй яна спынілася.

– Гілюк сёньня прыпіраўся зноў. Зранку з самага. Цябе не было, дык ён мне свае новыя зубы паказваў. Дарэчы, – Ларыса прыклала далонь да вуснаў. – Я ж табе забыла сказаць. Ведаеш, кім працаваў наш Чэслаў у свае лепшыя гады? Я ў аддзеле кадраў выпадкова даведалася. Цырульнікам у жаночай калёніі. Вось так. Уяўляеш?

Яны засталіся сам-насам, і Жвалевіч не марудзячы перайшоў да справы.

– Ты даруй мне, Веранічка, – зашаптаў ён, паглядаючы на дзьверы. – Я неяк не падумаў тым разам. Цяпер выпраўляюся.

Ён бухнуў на стол перад Веранікай таўшчэзную кнігу ды прысунуў да яе пакет. “Мэрылін Манро без таямніцаў”. Вераніка выключыла кампутар і паглядзела на Жвалевіча доўга ды ўважліва. “Старонка 106”, – сказаў той радасна й зноў паглядзеў на дзьверы.

На старонцы сто шостай ляжала пакамечаная стодаляравая купюра. Вераніка ледзь не ўзяла яе ў рукі, ёй спачатку і ў галаву не прыйшло, што ў кнізе можа ляжаць нешта падобнае. Розум Веранікі, у якім вобраз Жвалевіча даўно й трывала знайшоў сваё поўнае завяршэньне, проста адмаўляўся прымаць факт існаваньня дадзенай паперчыны ў дадзенай кнізе. Яна рэзка загарнула кнігу, і пасьля гэтага кароткага выбуху, які прымусіў Жвалевіча скалануцца, вярнула яе назад. Рукі Жвалевіча дрыжалі.

– А там што? – Вераніка гідліва тыцнула пазногцем у пакет.

– Каньячок там, шакаляд, – Жвалевіч сеў перад ёй у крэсла, туды, дзе толькі што сядзела Ларыса, і тут жа падняўся.

– Мяне не цікавяць біяграфіі, – сказала Вераніка абыякава.

Калі Жвалевіч нарэшце сыйшоў (гэта адбылося толькі пасьля таго, як Вераніка паабяцала выклікаць ахоўніка), яна падыйшла да акна й задумалася. Гэты сёньняшні візыт Жвалевіча мог быць выпадковасьцю, а мог і... Мог быць і нечым добра прадуманым ходам. Яна нібыта ўзгадала раптам, дзе працуе, і адразу ж сьцены яе кабінэту, яе стол, яе кампутар, яе фіранкі, яе шафа, набітая да верху тытулаванымі й нетытулаванымі паперамі, падалася ёй чужой і варожай.

У адпачынак, у адпачынак, у адпачынак.


***

Сёньня, на ранішняй нарадзе, яна так зазірала Яму ў рот, што Чэслаў напаўжартам нават зрабіў ёй заўвагу. А ўсе сядзелі, апусьціўшы вочы, сволачы, яны ж ведалі пра яе ўсё й чамусьці лічылі пачуцьці Веранікі нечым ганебным. Нібы Ён быў іхнай уласнасьцю, іхным вынаходніцтвам. Нібы тое, што яны, яе залатыя-брыльянтавыя калегі, ведалі Яго трохі даўжэй, давала ім нейкія дадатковыя правы. Яна пачырванела – не ад сораму, ад раптоўнае ўспышкі ўнутры, якая асьвяціла зноў усе яе нядаўнія жаданьні ды жарсьці, і за гэтае імгненьне Вераніка зь незразумелым болем узгадала сваю закаханасьць – гэта было толькі імгненьне, але яно давала ёй шанец ацаніць моц сваёй цяперашняй прагі. З прыкрасьцю Вераніка адчула, што нешта ня так: здаецца, і Ён ня страціў былое прывабнасьці, і яна была гатовая да далейшага змаганьня, але не хапала вастрыні, вастрыні, што раней рабіла на целе Веранікі пякучыя, салодкія разрэзы, ад мозгу да міжножжа. Мой, пераконвала яна сябе, мой, мой. Маё, маё. І так ажно пакуль ад Яго не пайшоў водар вогнішча. Вераніка з асалодай удыхнула яго й толькі тады крыху супакоілася.

– Дзірку пратрэце, – кашлянуў Чэслаў Карлавіч і ўсьміхнуўся, зашамацеўшы паперамі. Ларыса прыглушана рохкнула. Вераніка заміргала, часта-часта, абвяла позіркам апушчаныя галовы прысутных і потым паволі агледзела Ягоны твар. Ён, відавочна, усё разумеў, але выгляду не падаваў, ягоны твар заставаўся нерухомы, толькі вусны ветліва скрывіліся, паклон перад калектывам, пакорлівы кніксэн; аблічча нібыта пакрылася празрыстай плеўкай, што паступова зацьвердзявала, плеўка на вачох, плеўка на скулах. Харошы хлопчык. І калі Ён адказваў на нейкае пытаньне Чэслава (Вераніка намагалася зразумець, на якое, але марна, Ягоны й толькі Ягоны рот вабіў яе, засмоктваў, барвовая адтуліна роту, белыя семкі ў яркай мякаці, нож), яна зноў зазірнула яму між вуснаў і пабачыла іх – зубы.

Зубы: што Ён мог для яе імі зрабіць, што Ён зробіць для яе імі, калі надыйдзе час?

Яна ўявіла, як Ён разгрызае мяса, прыгатаванае ёю для яго мяса. Зялёна-аранжавая кухня, паласатыя фіранкі, цікае гадзіньнік на сьцяне. Поўная лядоўня мяса. Ён зарабіў. Ён прынёс. Прывёз у багажніку вялікай чырвонай машыны. Потым ён возьме палачку, з тых, што стаяць у празрыстай шафе, побач з каваю ды спэцыямі, і пачне калупацца ў зубах. Яе птахі зьлятуцца да яго на плячо, і Ён будзе засоўваць ім у нецярплівыя дзюбы кавалачкі мяса, таго мяса, якое засела ў яго ў зубах. У яго добрыя, белыя, моцныя зубы. Не, яны колеру слановай косткі.

У яго трыццаць дзьве маленькія клявішы ў роце.

На лецішчы яна бачыла, як Ён есьць сырое мяса. Азіраючыся, проста пальцамі дастаючы іх з маянэзу, у якім кішэла нарэзаная цыбуля.

Яго зубы ўпіваюцца ёй у смочку, Яго зубы кусаюць яе за плячо, балюча, бязьлітасна. Яна таксама мяса. Ягонае мяса. Ноч на апошнім уздыху. Дзеці за сьцяной беспакойна варочаюцца.

Ён зубамі адкаркоўвае слоік марынаваных грыбоў. І пралівае сабе марынад на калені, на белыя нагавіцы. Яна бярэ накрыўку й чытае на яе ўскрайку пакінутыя Ім знакі.

Ён кусае за горла паваленага Ім самца, з тых, што вечна круцяцца каля іхнай пячоры. Астатнія з глухім бурчэньнем адбягаюць на бясьпечную адлегласьць, хаваюцца ў арэшніку. Ім таксама хацелася кусаць яе за загрывак. Яе, Вераніку.

Арэх лопаецца, і Ён дастае адтуль ядро, падае ёй, кладзе Ёй у рот. І ёй так хочацца ўкусіць Яго за пальцы. Парослыя рудаватай поўсьцю. Але яе зубы драбнейшыя, такое адчуваньне, што іх больш. Роўны шэраг шараватых зубоў пад салодкай верняй губой, які, закругляючыся, коса сыходзіць пад зводы яе пашчы.

Ягоная зубная шчотка, якую Ёй хочацца мець проста цяпер. Яна была ўнутры Яго, на ёй засталіся сьвінцовыя часьцінкі Ягонай сьліны. У шчоткі прыдатная форма, у шчоткі такія жывыя жорсткія валаскі.

Ягоныя зубы ляскаюць. Ягоныя разцы скрыгочуць, ягоныя іклы ніколі не затупяцца. Бо яна, Вераніка, схілілася над гэтым хударлявым целам, амаль хлапечым. Яна ведае, як надаць ім рух, як ажывіць гэтыя косткі.

Ён есьць цела Веранікі. І яе сок цячэ па Ягонай шыі.


***

Загорнутая ў тоўстую вясковую коўдру, яна навобмацак прабралася да кухні. Бабка, натуральна, даўно ня спала, зьвінела недзе паблізу калодзежным вядром, у хаце было цёмна, а на двары ўжо на ўсю моц гаспадарыла сонца. Вераніка, адчуваючы, як ліпне да босых ступакоў невынішчальная зямля, але яшчэ не прачнуўшыся, пракульгала, бы п’яная, да дзьвярэй. На парозе стаялі ўсё тыя Антон са сваім малым Алежкам ды дурань-Генік – усе чымсьці здалёк падобныя да жаўнераў.

– Надакучылі вы мне, – сказала Вераніка, трымаючы на грудзёх коўдру, якая так ціснула на плечы, што, здавалася, зараз расьцісьне. – Чаго вам трэба ў такую рань?

Яна пазяхнула так шырока, што забалелі сківіцы, і нарэшце адплюшчыла вочы.

– На рыбалку, – неахвотна прамовіў Антон. – Хаця якая там рыбалка... Раней трэба было. Малы прычапіўся, пойдзем ды пойдзем, а матка нас пагнала. А ўсё гэты...

Антон замахнуўся на Алежку плястмасавай бутэлькай ды той зарумзаў.

– Вады забыліся ўзяць. А давай з намі, Веранічка?

– А ідзіце вы, – адмахнулася Вераніка. – Зараз вады прынясу й дасынаць...

У прыцемках загрувашчанай мэбляю кухні яна неяк дабралася да вядра, карыстаючыся бутэлькай нібы балянсірам. “І малому кубак налі, піць хоча, гаўнюк”, – крыкнуў аднекуль з-за сьпіны Антон. У каламуці акна Вераніка пабачыла Геніка, які мэлянхалічна аддзіраў ад сьцяны іхнае хаты маленькія трэскі. Апусьціла бутэльку ў вядро, халодная вада (бабка пасьпела ўжо набраць) балюча зводзіла рукі ды адганяла сон у кут. Назіраць, як на паверхні вядра булькочуць бурбалкі, было прыемна. Вераніка безвач зачарпнула вады бляшаным кубкам ды пакрочыла да дзьвярэй. Спаць ужо не хацелася.

– Можа, і праўда з вамі пайсьці... – прамовіла яна няўпэўнена ды зноў пазяхнула, выціраючы рукі аб коўдру. – На, пі...

Генік сядзеў перад хатай на кукішках ды глядзеў на яе майткі. Антон схаваў бутэльку ў школьны брудны заплечнік. Сонца рэзала вочы, з хаты ж цягнула холадам. І толькі Вераніка падрыхтавалася сказаць Геніку што-небудзь крыўднае, малы Алежка раптам залямантаваў не сваім голасам.

– Што, што? – Вераніка адступіла да дзьвярэй. “Гэй ты, прыдурашны,” – спалохана дакрануўся да пляча Алежкі Антон і тут жа прыбраў руку. А паўз двор ужо бегла бабка, і пачуўся з-за сьцяны пачварны, ранішні кашаль дзеда, і з вуліцы на іх зацікаўлена глядзелі бабы на роварах, і нехта ў насунутай на лоб кепцы вылаяўся, праязджаючы міма на драбінах, і заіржаў зьдзіўлена конь, беручы другую хуткасьць.

Малы крычаў старанна, без супынку, бяз паўзаў, нават не пераводзячы духу, рот ягоны – круглая грамафонная труба – вывяргаў адну й тую ж полую, надзьмутую да трымценьня агромністую ноту, якая бы цэпэлін уздымалася над невялікай вёскай. Ён крычаў як сырэна грамадзянскай дапамогі, яго было чуваць скрозь, як некалі заводзкі гудок, ён быў як паветраная трывога, як шумавая атака, як бомба. Вераніцы вельмі захацелася яго выцяць чым-небудзь, і яна ўдарыла Алежку лёганька па шчацэ; яна й падумаць не магла, што пасьля гэтага дотыку малы паваліцца на зямлю перад парогам і пачне енчыць з новай сілай. Бабка пабегла па халодную ваду, у хаце зарыпелі дзьверы, там мацюгаўся дзед, а Генік даў малому нагой па азадку. Антон адштурхнуў яго ды схапіў Алежку на рукі.

– У яго прыпадак, я ведаю, – кінула злосна Вераніка. Але малы, не выпускаючы з рук кубка, пачаў сьціхаць.

– Ды ты абасцаўся, – скінуў з рук малога Антон. – Ну я табе...

Малы тым часам адбег да брамы й схаваўся за кустом парэчак. І тут Вераніка зарагатала. Яна падняла кубак ды тыцнула па чарзе Антону ды Геніку ў твары.

– Там зубы, – сказала яна скрозь сьмех. – Бабчыны зубы.

Трэслася бабка, паставіўшы вядро на лаўку. Весела мармытаў нешта неразборліва-непрыстойнае дзед. Рагатаў Антон, калупаючыся ў носе. Валяўся ў гістэрыцы Генік. Тросься ад сьмеху сусед за плотам. Хітала галавой, нібы спрабуючы адагнаць навязьлівую муху сьмеху, Вераніка. Заліваліся званкамі ровары. Бязгучна адкрывалі рты рыбы. Хіхікала сонца. Інтэлігентна сьмяяліся сьвіньні. Малы Алежка йшоў па шырокай вясковай вуліцы дамоў, пад сабачы брэх і лясканьне страшных сківіцаў, да якіх толькі што дакрануўся вуснамі, і размазваў па шчаках сьлёзы. Але ніхто яго ўжо ня бачыў. “Пайду ды ўсё распавяду, чым яны там за вёскай займаюцца”, – вырашыў ён і зноў зарумзаў. Але да іх якраз прыехаў дзядзька са сталіцы, і бляск даражэзнага кітайскага робата-забойцы канчаткова засланіў далёкае, цьмянае мігценьне помсты.


***

– Значыць, ты з Расеі? – гаворыць мне гэты ягоны сябра, імені якога я ніяк не магу запомніць, пакуль сам Франк адыходзіць на кухню, пагаварыць зь піцай у духоўцы. – Я быў у вас, у Маскве. Праўда, вельмі даўно. Мне падабаюцца расейцы. Ну што ж, чакаем празь месяц на нашым поўдні.

Ён зь летуценным выглядам робіць глыток віна. Віно халоднае, жаўтаватае, Франк п’е такое ж, мне вельмі хочацца такое ж, які ж я дурань, што ўзяў чырвонае.

– Не, я не з Расеі, – кажу я мягка. – Я з...

Ён недаверліва глядзіць на мяне:

– Хіба гэта не адна й тая ж краіна? Пачакайце...

Ён здымае з паліцы маленькі, але разьдзьмуты геаграфічны атлас і без праблемаў, нібы крэдытную картку ў кішэні, знаходзіць там сваю Эўропу, але потым губляецца. Не, кожнага з нашых геаграфічных суседзяў ён пазнае, але ж тое, што прытаілася паміж імі, ва ўпор не заўважае. Я моўчкі сачу за гэтай гульнёй у хованкі.

Па шчырасьці, гэтая гульня за апошні час мне вельмі надакучыла. А можа, і не існуе насамрэч краіны, існаваньне якой мне даводзіцца так далікатна адстойваць, часам супраць уласнага жаданьня, не існуе ніякай “ich-Weiss-nicht“-russland, і я дарэмна губляю час? Мне карціць распавесьці пра яе раз і назаўсёды, завіснуць над сьветам і пракрычаць усё неабходную інфармацыю, хто не пачуе – іхныя праблемы, другі раз я паўтараць ня буду.


***

А што ж такое тады Расея? Ня ведаю я ніякай Расеі. Хаця пачакайце, адну я ўсё ж калісьці ведаў.

Расея – дзяўчына з пустымі халоднымі вачыма, апранутая занадта вульгарна для гэтых шыротаў. Вечна маладая, вечна п’яная. Яна заўсёды была і ёсьць для нас чужой. Вось яна йдзе па Штыксштрасэ, а можа быць, па Ліндэналее, і гучна гаворыць пра тое, што ёй удалося набыць учора на распродажы. Пра тое, што яна скрала пазаўчора, Расея гаварыць ня любіць. Дзявочая памяць.

Румяныя шчокі, салома на галаве. Расеі хочацца, каб яе пазнавалі паўсюль. Расеі хочацца, каб паўсюль была Расея, і яна паводзіць сябе так, нібы Расея паўсюль. Кожны лапік зямлі, дзе б ні ступіла яе доўгая танная нага, яна абвяшчае сваёй уласнасьцю. Расея пэўная, што яна прыйшла ў гэты сьвет ня проста так, а з важнай місіяй. Таму кожны мусіць схіліцца перад ёй у паклоне, кінуцца ёй у ногі, цалаваць яе чырвоныя туфлікі на высокім абцасе.

Але Расея, на жаль, не паўсюль. І таму ёй вельмі крыўдна. Настолькі крыўдна, што яна, каб захаваць прыстойнасьць, ідзе ў самы далёкі куточак свайго саду й там доўга супакойваецца, страляючы ў прыцемках з аўтамату. “Які недасканалы сьвет”, – падціскае яна вусны, імгненна накіроўваючы рулю туды, дзе варушыцца лісьце на дрэвах. “Калі б я была багатай і знакамітай, я выдала б такі закон, каб усе мужчыны размаўлялі толькі па-расейску”. А потым яна хавае аўтамат і едзе на моўныя курсы.

“Ты – гэта я”, – кажа мне Расея, ты – гэта я. “Не”, – спрабую я запярэчыць, але яна ня чуе. Гэта асаблівасьць яе слыху, і я мушу паважаць яе за гэта. Гладзіць яе па галаве й казаць пяшчотныя словы.

У Расеі шмат сяброў і сябровак. Уласна кажучы, гэта ўвесь сьвет. Я бачу, як яна сядзіць зь імі ў кавярні, яны п’юць піва, і гора таму, хто, задумаўшыся, прапусьціць хаця б адно слова. Расея будзе гнаць яго да самага рогу вуліцы. Расея ня любіць, калі нехта ёсьць для яе чужым. Яе нудзіць ад самога панятку “чужы”. Усе мусяць быць сябрамі. Расея крыўдзіцца, калі зь ёй адмаўляюцца сябраваць і цягацца разам па распродажах і піўных. Тады яна можа праклянуць... О, гэтае расейскае пракляцьце, незмывальнае, атрутнае, нібы яе сьлёзы, сьлёзы Расеі, зьмяшаныя з нярускай тушшу!..

Расея ня любіць яўрэяў, віетнамцаў і чачэнцаў. Расея любіць мяне. І я ня ведаю, што мне рабіць з гэтым каханьнем.

Я магу пабачыць тут Расею калі захачу, нават уначы. Дастаткова набраць адмысловы нумар, патраціць пару манэтаў – і вось Расея ўжо ляжыць перада мной, на экране, разводзіць ногі, аблізваецца, высоўвае язык. Уся яе веліч паўстане перада мной, і я адчую сваю нікчэмнасьць.

Але мне ёсьць чым заняцца й без Расеі.


***

Я закаханы ў цягнікі ICE. Іхныя мілыя пысы выпраменьваюць добразычлівасьць. Ім нельга ня быць удзячнымі. Яны пазіраюць на цябе ўжо тады, калі ты набываеш квіткі, яны выглядваюць з-за стэляжоў, пакрытых, бы лісьцем, рэклямнымі буклетамі й чыгуначнымі раскладамі. А можа, рэч проста ў гэтай чырвонай паласе на белым глянцаваным баку? Ніколі не заўважаў у сабе сэнтымэнтальнасьці да нацыянальнага сьцяга. І няхай насамрэч, паводле дызайнэраў, бакі ІСЕ шэрыя, усё адно: нешта ў гэтым ёсьць, як казаў мой сябра-прадавец на рэчавым рынку. І ўсе гісторыі пра майго касьмічнага труса падаюцца мне цікавымі. Нават калі я бачу ў вакно майго ICE дахі Эшэдэ.

Быў самы пачатак лета... Але што я кажу? Ці маю я на гэта права? А ідзіце вы ўсе ў Вікіпэдыю!

Катастрофа ICE ля пасёлку Эшэдэ адбылася 3 чэрвеня 1998 года і зьяўляецца самай сур’ёзнай катастрофай у гісторыі як нямецкай чыгункі, так і чыгункі наогул. Пры сутыкненьні ІСЕ-1 , які сыйшоў з рэек падчас руху з хуткасьцю 200 км/г, з апорай моста, 101 чалавек загінуў і 88 былі цяжка параненыя.

Пасьля таго, як дэфэктны й зношаны вобад аднаго з колаў выйшаў зь дзеяньня, цягнік праехаў яшчэ 6 кілямэтраў. Сапсаваны вобад выклікаў паломку стрэлкі, празь якую праяжджаў цягнік, накіроўнік стрэлкі быў захоплены цягніком і працягнуты яшчэ некалькі соцень мэтраў, пасьля чаго яна пераставіла наступную стрэлку, што выклікала пераход часткі вагонаў на другі пуць и сутыкненьне цягніка, які рухаўся па двух пуцях, з апорай моста.

Часткова ў катастрофе вінаваты DB, бо ўвядзеньне шматкампанэнтных колаў (якія маюць гумовую дэмпфавальную пракладку паміж вобадам і колам), патрабавала больш дасканалай праверкі колавых параў, у параўнаньні з коламі монаблёчнага тыпу.

І мне дзіўна ўсьведамляць, што менавіта ў той самы дзень, нашыя зь Веранікай целы ўжо былі жывымі.


***

Усю дарогу мсьціўца маўчаў, дэманстратыўна занурыўшыся ў нейую патрыятычную кніжку і ігнаруючы ўсе мае багацьці – бо за акном было на што паглядзець: цэлая краіна пранеслася міма, раз-пораз прыпыняючыся, даючы нам шанец наталіцца яе водарамі ды краявідамі... На месцы гэтага ідыёта я б вачэй не адрываў ад яе, ад гэтай так званай чужыны: запамінаў бы кожную дробязь, таропка звальваў бы ў сваю памяць усё, што можна скрасьці, усё, што здольны забраць з сабой кволы чалавечы мозг, – там, потым, разьбярэмся; не ўпусьціў бы ні недапалку на чыгуначнай плятформе, ні праржавелага ўказальніка, прыгнутага часам і бурамі да самага насыпу, ні галоснага у дзіўных назвах, ніводнага ўзмаху ветравых генэратараў, ніводнае дахоўкі, ніводнага шпіля, ніводнага дрэва. Але мсьціўца толькі ўзіраўся ў сваю кніжку ды гучна казаў “ніхт фэрштэйн!”, калі яго ветліва прасілі прыбраць ногі з праходу. Мы сядзелі поруч, мой стары знаёмец Р. за нашымі сьпінамі ціха драмаў, раз-пораз прыўзьнімаючы вейкі й летуценна паглядаючы на заваконную раскошу. Ён меў рацыю, шэльма: цалкам мажліва, яму больш ніколі не давядзецца ступіць на гэтую зямлю. А мсьціўца сьлініў пальцы, перагортваючы старонкі. Мы сядзелі так блізка, але я імкнуў, як заўжды, на сваёй машыне часу, я чуў, як гудзе зямля ад лішку гісторыі, мне было што ўбіраць у сябе й за што дзякаваць, а ён, мой любы суайчыньнік-змагар – ён быў усяго толькі пасажыр. Бяздарны пасажыр. Бо быць пасажырам – таксама мастацтва.

Калі мне станавілася невыносна глядзець на яго, калі ад аднае ягонае прысутнасьці ўва мне закіпала бездапаможная млосьць, я йшоў, хістаючыся, у вагон для курцоў і там прагна дыхаў адзінотай. Нарэшце цягнік паволі ўпоўз на галоўны сталічны вакзал. Мае спадарожнікі мусілі тут перасесьці ды рушыць на ўсход, туды, дзе я нарадзіўся, дзе для мяне былі падрыхтаваныя нары, трохпавярховыя, на выпадак, калі ажанюся, туды, дзе была Вераніка й дзе на вуліцах лавілі сабакаў, дзе я мог бы выглядаць як свой... – мне ж трэба было пачакаць і потым выправіцца на поўдзень. Адчуваньне таго, што яны едуць, а я застаюся, было, відаць, напісана ў мяне на твары, бо мае спадарожнікі глядзелі на мяне ўсё больш непрыязна. “Ну, сустрэнемся на вольнай радзіме”, – скарагаворкай прамовіў нарэшце Р. Мы абняліся, нібы адштурхоўвалі адзін аднаго. Мсьціўца падаў мне руку – потную, моцную. Ён сьціснуў мае пальцы так, што мне стала балюча. “Прывітаньне ўсім эміггантам”, – пасьміхнуўся ён, зноў наўмысна картавячы, і палез у вагон. Правадніца захінала людзей, як куранятаў, захінала ад варожай, абыякавай краіны, якую яны ўсе – уфф! – пакідалі. Я махнуў ім рукой і пайшоў наверх, мне нясьцерпна захацелася ў душ.

Тая вакзальная кавярня, дзе я сядзеў ды піў сваё піва, хутка напоўнілася дымам так, што на мяне пачалі азірацца. Я думаў пра той цягнік, які зараз панясе мяне на поўдзень, як марыць пра пігулку чалавек, які пакутуе на зубны боль. З роспаччу ды надзеяй, адмаўляючы часу ў праве на існаваньне. Я баяўся выйсьці з будынку вакзалу – мне чамусьці здавалася, што там, па-за межамі гэтага вялізнага празрыстага купала, нешта абавязкова здарыцца, і мяне ўжо ня пусьцяць назад. Але ж і тут заставацца было небясьпечна. Паўсюль навокал я чуў родную гаворку, кожная цётка, кожная сямейная пара несла ў сабе пагрозу: цягнікі на ўсход усё спыняліся й спыняліся побач, і ім, гэтым гасьцям і турыстам, было раз плюнуць скруціць мяне, напаіць, ачмурыць і закінуць у вагон; о, як страшна было ўяўляць сябе ў гэтых цесных чырвоных вагонах са злавеснай кірыліцай на бакох, адтуль, я быў упэўнены, ужо ня вырвацца; так, ачмурыць мяне, напаіць, і потым прачнуўся бы на мяжы, туман, з тамбуру цягне тытунёвым дымам, а колы ўжо замененыя, назаўсёды. Там мяняюць колы так, быццам адсякаюць ногі. Маленькая начная ампутацыя, пасьля якой наўрад ці захочацца кудысьці ехаць.

Толькі ў вагоне свайго ўлюбёнага Інтэрсіці я адчуў сябе зноў у бясьпецы. Я зноў быў тут адзін, і зноў ніхто не зьвяртаў на мяне ўвагі. Гэтае шчасьце пустога месца, шчасьце празрыстасьці: пустое месца не патрэбнае ні фізычным, ні юрыдычным асобам, ні грамадзкім, ні палітычным арганізацыям. За ўсе свае вакзальныя пакуты (дзіўна, раней я любіў гэты сталічны вакзал) мая чужына зрабіла мне цудоўны падарунак – цёплы сонечны вечар, аранжавы далягляд. Цягнік спрытна прабіраўся між гор, скінуўшы хуткасьць, на небе нехта лавіў сеткай скалы, парослыя густым падлескам: я хацеў бы жыць вунь там, у маленькім, падобным да цацачнага замку будынку на горным уступе, мусіць, трэба мець добры кій, каб ускараскацца туды, затое потым паветра, і лёгкая вячэра, і дым майго “галюазу” па-над безданьню. Там, на ўсходзе, пляската й шэра, там няма жыцьця мне, Пэтэру Каменнае Сэрца. Там між беднаватай фаўны ды суворай флёры выдзяляе ў атмасфэру ўглякіслы газ мая Вераніка. Тая самая, пра якую чытае цяпер мая суседка, хударлявая Лярэлея ў круглых акулярах, строга падціснуўшы вусны. Я міжволі зазірнуў ёй у кнігу: так і ёсьць, там мільгае яе ймя, так, відаць, яна магла запісацца ў пашпарце, маё былое дзяўчо, якое знайшло сабе нарэшце добрую працу. Veronica. Але ж яна, хутчэй за ўсё, напісала там “k”.

Мой добры знаёмы, знакаміты махляр, сэньёр Каэльё. Obrigado яму. “Вы хацелі б што-небудзь пачытаць?” – зьдзіўлена зірнула на мяне мая суседка й ветліва пасьміхнулася. Я зьбянтэжана адвярнуўся, прамармытаўшы нешта прабачальнае. Гэта быў яе вечар, а мне проста далі трошкі, паводле законаў гасьціннасьці. Папраўдзе, зь мяне хапіла б і гораў. Аднак жа “Вераніка жадае памерці”. Яна любіла гэныя кніжкі. Сэньёр Паўлу, каранаваны ашуканец. Я памятаю, як мы спрачаліся зь Веранікай па тэлефоне. Яна верыла, а я ведаў: наўрад ці мы маглі дасягнуць кампрамісу. Яе бацькі круцілі пальцамі ля скроняў, яе брата не было дома, а я ляжаў дома п’яны, і словы сыпаліся зь мяне, бы зь дзіравай кішэні.

О так, усё так. Яму хутка шэсьцьдзесят, але ж гэта ня робіць яго пісьменьнікам. Ён нарадзіўся падчас вайсковай дыктатуры, але ж гэта ня робіць яго яшчэ нікім. Псыхіятрычная лякарня нікому не дапаможа стаць геніем. Жыць у дзяржаве, дзе слова “мастак” лічылася сынонімам слова “лайдак-наркаман”, яшчэ ня значыла аўтаматычна стаць “мастаком”. Брудны хіпі – гэта ўсяго толькі яшчэ адна ўніформа. Ён прайшоў праз катаваньні, але ж ці дадалі яны яму таленту? “Што ты гаворыш!” – палка крычала Вераніка. “Падумай! Чалавека мучылі, ён столькі перажыў”. “Мне шкада яго, безумоўна,” – казаў я зь бязбожным сьмехам. “Але чаму я мушу ім зачытвацца – я што, сплочваю яму доўг за ягоныя пакуты?”. “Ты проста зайздросьціш!” – яна ледзь ня плакала.

Ён чытаў Леніна і Бхагават-Гіту. Ён шмат пісаў. Анархічныя песенькі. Рауль, рок-зорка, любіў няўрымсьлівага Паўлу, але ж і падумаць ня мог, кім гэты хлапец стане. Мяцежнага Рауля цяпер ня памятае ніхто, затое сівога, коратка стрыжанага чалавека з хітрай усьмешкай бізнэсоўца-рамантыка й бунтарскім хвосьцікам ведае ўвесь сьвет. Нездарма гэты маладзён назваў выдаваны ім калісьці часопіс “2001”. Ведаў, кім можна сустрэць міленіюм, калі добра вывучыць прымітыўную душонку ласага на эзатэрыку й танны містыцызм чытача. Хочаш быць філёзафам – будзь ім. Як усё проста.

Але ж тады, калі сэньёр Каэльё выправіўся ў Эўропу ды знайшоў сябе раптам у нейкай амстэрдамскай псэўдакаталіцкай сэкце, да цяперашняй славы яму было далёка. Ён быў яшчэ адным з многіх. І, пэўне ж, чытаў Дастаеўскага па-партугальску. З інтарэсам глядзеў на мапу, на чырвоную пухліну гіганцкае імпэрыі, і падумаць ня мог, як яны задыхаюцца без духоўнага правадыра, колькі легкаверных, гатовых верыць у што заўгодна, толькі б у нешта верыць людцаў ён тут знойдзе, якую багатую даніну зьбярэ... На гэтых бяскрайніх прасторах яго сустрэлі як мэсію. Зь ім абедалі прэзыдэнты. Пра яго з захапленьнем выла тэлебачаньне. Яго стараліся не заўважаць цэрквы: найлепшая рэкляма. Дурні ўсіх узростаў і абодвух палоў ганяліся за ягонымі беленькімі сьціплымі кніжкамі. Яшчэ не астылы ад азадкаў Чумака й Кашпіроўскага трон быў расхістаны, але надзейны. Хочаш быць пісьменьнікам – будзь ім.

Тады, трыццаць гадоў таму яму перашкодзіла нейкая юначая непаседлівасьць і доўгі язык. Бо зь яго атрымаўся б выдатны мэнэджэр. У CBS Records будучы духоўны лідэр зрабіў неблагую кар’еру. Напэўна, ужо тамака ён зразумеў, што ўсё, чаго чакае масавы чытач – гэта прыгожыя банальнасьці і простыя адказы. І алхімік узяўся за працу.

Так, Вераніка, ён меў цікавы й цяжкі лёс. Ён стаіць у цэнтры свайго жыцьця, маленькі чалавек, сьціплы пілігрым, які дабраўся да Сант’яга-дэ-Кампастэла, стаіць як сярод загрувашчанага антыкварнай мэбляй пакою. Але прыдумаць гэты пакой ён ніколі ня дасьць рады. Калі публіка разыходзіцца, алхімік ідзе да банкамату. І ніхто ў банку не здагадваецца, што гэты непрыкметны настаўнік хіміі са сьлядамі ўсіх чалавечых заганаў на твары і ёсьць той самы сэньёр, якога з такім імпэтам фатаграфавалі ў Шарамецьева.

Лёс ня робіць нас чараўнікамі. “У мяне ёсьць яшчэ”, – зь мілай усьмешкай кажа мне Лярэлея і адкрывае заплечнік. “Вось”. У руках яе цэлы стос навюткіх кніг, і я чытаю, мружачыся ад сонца: Veronica beschließt zu sterben.


9.

Не, яна ні з кім не цалавалася, стоячы пад пранізьлівым ветрам, гэта толькі так кажуць: з кім гэта ты цалавалася? Але адразу стаў зразумелым гэты ўчорашні сьверб над верхняй губой, і дарэмна яна ўглядалася перад сном у люстэрка – гэта трэба было рабіць сёньня з раніцы. У роспачы Вераніка паспрабавала выдаліць паскудзтва, і паскудзтва не марудзячы адгукнулася, імгненна вырасла амаль удвая. Зырка-чырвоны грыбок на дагэтуль такой беззаганнай лініі, ён адразу ж стаў цэнтрам Веранікі, яе сэрцам, яе мозгам, скопішчам усіх яе праклёнаў і няўдачаў. Яна выглядала незваротнай, вечнай, наўмысна кімсьці пасаджанай, падсаджанай, падсадной, гэтая балячка. Быццам на шэдэўр крапнулі кіслатой. Дзіўна, бяз гэтае балячкі Вераніка зусім не адчувала сябе шэдэўрам, але варта было ёй зьявіцца, і цела запратэставала, і пачало сьлязьліва нагадваць пра ўласную нядаўнюю дасканаласьць. Хоць ты енчы над пазаўчорашнімі фатаздымкамі. “Ведала, ведала ж, што лепш не дакранацца, – дакарала сябе Вераніка, – “дык чаму ж...”. І, дзеля ўсяго, чаму менавіта ў гэты дзень?

На працягу году дыскатэкі ў школе былі пад забаронаю. Забарону ўвёў дырэктар, надзелены ў той час амаль дыктатарскімі паўнамоцтвамі, і раённы аддзел адукацыі, падтрыманы міліцыяй, забарону ўхваліў. Год таму ў фае школы, на такіх вось танцах, п’яныя адмарозкі, што прыехалі ў Сьвет з гораду, парэзалі шклом старшаклясьніцу. Вераніка ведала ахвяру, тая ў Сьвеце ўжо не жыла, адразу ж пераехала з бацькамі кудысьці на ўскраіну сталіцы, далей ад сьветаўскага пекла. Казалі, адмарозкаў гэтых прывёз Драгуноў, але даказаць гэтага не змаглі, – праўда, для прафіляктыкі Драгунова ледзь не штодня цягалі тады ў дзіцячы пакой міліцыі, а аднойчы нават звазілі ў райаддзел. Драгунову ўсё гэта падабалася, ён адчуваў сябе героем і на фраераў-аднаклясьнікаў пазіраў з пагардай. Вераніка ніякім чынам ва ўсім гэтым, натуральна, ня ўдзельнічала, ведала па чутках, якія на перапынках разносілі па школе юныя антыфашысткі.

Але вось год мінуў, і пасьля доўгіх перамоваў дырэктар даў дабро. Калі б хто-небудзь спытаў у Веранікі, чаму яна так радавалася, наўрад ці б Вераніка магла адказаць. Аднак пачуцьцё калектыўнай радасьці, гуртавое чаканьне сьвята захлынула яе так, што ўжо за тыдзень да запаветнага дня Вераніка літаральна лічыла гадзіны. І вось такая неспадзяванка. Да дыскатэкі ўсё было гатова, выбраная вопратка, касмэтыка, настрой і нават маска, у якой Вераніка мусіла зьявіцца ўвечары ў школьным фае. Рэч была яшчэ ў тым, што менавіта ў тыя дні Вераніка ў тысячны раз вырашыла ўзяцца за сябе, вырашыла стаць іншым чалавекам. Абудзіць у сабе лідэрскія здольнасьці й прымусіць усіх сябе паважаць. Зьвярнуць на сябе ўсеагульную ўвагу. Перастаць быць вечным другім нумарам. Стаць у клясе незамяняльнай. Кніжка, якую маці неяк прынесла з працы ды так і пакінула ляжаць на лядоўні, адкрыла Вераніцы вочы на многія таямніцы чалавечых узаемаадносінаў, на тыя прыхаваныя, жорсткія законы, што дзейнічаюць у калектыве. І калі маці павінна была аддаваць так і не прачытаную кніжку, яна доўга не магла яе знайсьці, раздражнёна блукала па кватэры й тэрарызавала сьлімакападобнага бацьку, – і знайшла менавіта ў той дзень, калі Вераніка скончыла апошні разьдзел.

Дыскатэка мела пачацца а сёмай вечара. Зранку, седзячы на бясконцых, нудных, нейкіх па-садысцку паўтаральных уроках, Вераніка не магла знайсьці сабе месца й раз-пораз дакраналася да распухлай губы. На вялікім перапынку ня вытрымала, пайшла ў аўтамат тэлефанаваць сястры. Ды той не было дома. Сястра абавязкова б нешта прыдумала. Сястра ведала такія сродкі, пра якія пісалі хіба што ў замежных часопісах, сястра змагла б замаскаваць пад цудадзейнымі крэмамі нават сіняк на паўтвара. Сястра яе была геніем. Але сястры не было, і Вераніка ледзь ня плакала. У такім стане яе й засьпела каля крамы прамтавараў Русая, на год старэйшая за Вераніку дзяўчына з далёкае “д”-клясы. Русую Вераніка ведала толькі па прозьвішчы й толькі ў твар, іхныя жыцьці дагэтуль не перасякаліся. Пра Русую Вераніка ня ведала нічога кепскага, добрага, зрэшты, таксама, Русая жыла на ўскраіне Сьвету й была высокая, вечна задуменная і даволі прыгожая. Хаця... Вераніка ўспомніла, як пра Русую неяк распавядалі, што яна трапіла аднойчы на прыпынку да нейкіх фашыстаў і змагла ня толькі адбіцца, але й накіраваць аднаго з адмарозкаў з сатрасеньнем мазгоў ў лякарню. Кагосьці з драгуноўскіх старэйшых прыяцеляў. Такая яна была, карацей, – загадкавая.

Спачатку Русая нібыта прайшла міма, але потым прытармазіла.

– Ты чаго скуголіш?

Вераніка зусім не зьбіралася адкрываць Русай свае няшчасьці, але нечакана ледзь не разраўлася ў яе на плячы.

– Вырашым, – пашкадавала яе Русая. – Я сродак ведаю. Агеньчыкам. Сама была ў такой сытуёвіне. Твае продкі дамоў вечарам прыходзяць?

Нізкі, бадзёры голас Русай падзейнічаў на Вераніку як моцнае супакаяльнае. Яна сказала, дзе жыве, і як толькі вярнулася са школы, у дзьверы пазванілі.

– Пакурым спачатку, – Русая кінула сумку на бацькоўскую канапу ды хутка прайшла на кухню. – Дзе ў цябе балькон?

На бальконе Вераніка атрымала цыгарэту. “Ты ня курыш?” – Русая была сапраўды ў шоку. “Глядзі”. Неўзабаве Вераніка ўжо пускала няўмела дым, дыму было так шмат, што Вераніцы здавалася, ён стаіць слупом у кватэры, хаця дзьверы яна зачыніла на засаўку. Русая маўчала, засяроджана скідваючы попел.

– Глядзі, – яна нарэшце падняла вочы на Вераніку. – Бярэм і кончыкам цыгарэты... асьцярожна...

Вераніка адхіснулася.

– Ды ня сцы ты, – Русая засьмяялася. – Я ж не ў губу табе буду... не губу буду прыпальваць, я акурат сюды...

Вераніка заматляла галавой.

– Потым пратрэш, і да вечара ўжо нічога ня будзе, – пачала пераконваць яе Русая. – Пабачыш.

– Не магу я, – зьбянтэжана сказала Вераніка. – Ну не магу. А раптам ты прамахнешся? На ўсё жыцьцё шнар застанецца.

– На ўсё жыцьцё... – Русая нецярпліва памахала цыгарэтай. – На ўсё жыцьцё застанецца, калі ты тузацца будзеш. А пастаіш хвіліну спакойна, усё будзе ок.

Вераніка ў роспачы зірнула ўніз.

– Ды што я цябе ўгаворваю, – Русая паціснула плячыма. – Хадзі як ёсьць. Я ж як лепш хацела.

Вераніка глыбока ўдыхнула і ўжо зьбіралася заплюшчыць вочы, паднесьці твар да Русай, замерці і аддацца на волю лёсу, як бакавым зрокам пабачыла, як у калідоры стаіць сьпінай да балькона нехта зусім ёй не знаёмы ды дзелавіта корпаецца ў тумбачцы. Яна рванула дзьверы на сябе і, ледзь праціскаваючыся ў пройму, закрычала няўпэўнена: “Гэй!”. Раптоўны страх не даваў ёй падыйсьці бліжэй, Вераніка была гатовая ў любы момант выбегчы на балькон ды зноў зачыніцца на засаўку, а там ужо трэба было... трэба было... ну, крычаць, крычаць не сваім голасам, клікаць на дапамогу.

– Гэй, вы, – ціха ўскрыкнула яна яшчэ раз і наляцела сьпінай на буйную постаць Русай.

– Добра, я пайду, – сказала Русая таропка, адцясьняючы Вераніку да балькона. – Ня хочаш, як хочаш. Само загоіцца.

Тады да Веранікі стала нешта даходзіць. Яна зазірнула з жахам Русай у твар, схапіла яе за рукі. “Ды ладна табе”, – раздражнёна й сумна сказала Русая, вызваляючыся ды крочачы ў перадпакой. За нейкае імгненьне Вераніка разгледзела двух хлопцаў, на выгляд яны нядаўна скончылі школу, абодва ў бруднавата-белых куртках, адзін зь іх паправіў на плячы спартовую торбу, паглядзеў на Вераніку зь нейкім зьдзіўленьнем ды пабег за другім да выхаду.

– Дык ты... Ты... – прашаптала Вераніка са злосьцю й павагай. – Ты зь імі...

– Я? – Русая абурана пакруціла галавой. – Я пайду ўжо. Думала, табе сапраўды дапамога трэба.

Вераніка схапіла яе за плячо, і Русая скінула яе руку адным нэрвовым рухам:

– Адкуль я ведаю, хто тут у цябе швэндаецца! Пакуль.

І Русая пайшла, а Вераніка глядзела на яе з акна. Потым высьветлілася, што з кватэры зьнікла ня надта шмат, усё больш нейкія гаспадарчыя дробязі. Іх выратавала іхная беднасьць. Самай вялікай стратай быў бацькаў гадзіньнік. Злодзеяў Вераніка апісала, як запомніла, а пра Русую міліцыянтам не сказала нічога. Магла сказаць, але ж з Русай так ці інакш давялося б яшчэ жыць і жыць. Хто ведае, як бы яна паставілася потым да Веранікі. А самае галоўнае: Вераніка й не хацела нічога казаць. Бо зь незразумелай цеплынёй, такой, што сьлёзы накочваліся на вочы, успамінала балькон, і твар Русай, так блізка, як ніколі не набліжаліся да Веранікі чужыя твары, і яе сьветлыя валасы на лбе, і грудзі, што ўздымаліся пад чорным швэдрам трохі шпарчэй, чым бывае ў школьніц, і крапкі вакол носу, і цыгарэту ў доўгіх, дарослых пальцах.


***

Нейкае кіно, далібог.

У кабінэт да Ларысы трэба было зайсьці зараз жа, неадкладна, тэрмінова, трэба было знайсьці якую-заўгодна нагоду ды ісьці туды, у канец калідора. Гэтая думка нібы ўдарыла Вераніку па галаве. Ларыса сёньня сыходзіла з-пад кантролю, Ларысу сёньня ўвесь дзень было відаць толькі здалёк: то яна зьнікала за дзьвярыма ліфта, то яе голас было чуваць на сходах, то яе сьпіна мільгала за шклянымі дзьвярыма, дзе быў спуск ва ўнутраны двор. І Вераніка, не выключаючы кампутара, пасьпешліва адшукаўшы ў шафе нейкія дакумэнты – даведкі, справаздачы, чыстыя блянкі – пабегла, чапляючыся абцасамі за скамечаны дыван, што пайшоў увесь прыгожымі складкамі, да дзьвярэй. Перад кабінэтам Ларысы яна спынілася, аддыхалася, пагатоў калідор быў пусты. Штурханула дзьверы.

Тут пахла Ларысай і было пуста. Партрэт над сталом насьмешліва зірнуў на Вераніку й стаў чакаць, што яна зробіць далей. Уключаны кампутар цяжка дыхаў, відаць, Ларыса мусіла хутка вярнуцца. Вераніка прычыніла за сабой дзьверы й зрабіла некалькі няўпэўненых крокаў. На стале ляжаў мабільны тэлефон Ларысы. Вераніка паглядзела колькі сэкундаў на сваё дзіўнае, ненатуральна спакойнае, нават трохі ганарлівае адлюстраваньне ў шкляной сьцяне шафы, такой самай, якая стаяла ў яе, Веранічыным кабінэце. На сьпінцы такога самага, як Веранічына, крэсла вісела сумачка Ларысы. Часу на роздум не было. І яна наважылася.

Разабрацца ў чужым тэлефоне было справай не такой ужо лёгкай. Вераніка ўвайшла ў яго, як рабаўнік у чужую кватэру, задуменна патыцкала пальцам у кнопкі. Потым зласьліва засьмяялася. Ларыса запісала Яго – Яго, Яго! – не, падумаць толькі, Яго! – у сваім агідным ружовым тэлефоне як “Салодкага”. “Салодкі”. Гэта ж трэба. Некалькі націсканьняў – і Салодкага ў жыцьці Ларысы паменела. Прынамсі, на нейкі час. Ды хаця б на імгненьне, і тое добра. Вераніка шпурнула тэлефон назад на стол і схапіла Ларысіну сумку з пацучынай скуры.

Першым, што трапілася ёй у руку, была памада. Вераніка імкліва прымусіла яе высунуць свой акрываўлены язычок. “Сьмерць” – выдрапала яна шпількай на пунсовым тлушчы, літары атрымаліся маленькія, касабокія, наўрад ці Ларыса іх заўважыць, але ж гэта Вераніку й не цікавіла. Важна, што на вусны ёй ляжа тонкім, роўным слоем сьмерць. Гэта была добрая, дарагая памада. Нікому, ніякаму хлопчыку або чэславападобнаму старому дзіку не зьлізаць сьмерць з Ларысіных вуснаў. Яна яшчэ знайшла фатаграфію іхнага аддзелу ў шуфлядзе стала, і выкалупала адтуль Ларысу, трохі закрануўшы, праўда, аднаго ні ў чым не вінаватага супрацоўніка, спэцыяліста ў ацэнцы фашыстоўскай маёмасьці, пра якога хадзілі чуткі, што ён гомасэксуаліст. Выдраная з групавога здымка Ларыса стала спачатку папяровым камяком, а потым паляцела ў вакно. Вось так.

Яна асьцярожна вызірнула ў калідор і ў лоб сутыкнулася з зусім незнаёмай тоўстай жанчынай. “Дзяўчына, кнігі не жадаеце набыць?” – жанчына стала на яе шляху й закорпалася ў валізе. “Танна”. “Не цяпер,” – прамовіла Вераніка, намагаючыся абыйсьці прадавачку кніг. “Ёсьць Марыніна, Дашкава, Блад, Хорар, Кэтрын Дэс”, – не адставала жанчына. “Выдавецкія кошты”. Нейкае імгненьне Вераніка змагалася зь яе навязьлівай тушай. “Добра!” – амаль закрычала Вераніка, чуючы, як падымаецца ліфт. “Хадземце да мяне ў кабінэт”. “А гэта ня ваш?” – узрадавалася жанчына. “Дык я туды, а потым і да вас зайду”.

– Ведаеце, мне бегчы трэба, – сказала Вераніка, агінаючы прадавачку. Прадавачка кінулася за ёй. У кабінэце Вераніку вымусілі купіць тры стракатыя кніжачкі. “Я прымаю таксама замовы”, – сказала жанчына горда й прысела на крэсла для наведнікаў. “Такой таннай Камасутры, як у нас, вы ня знойдзеце больш нідзе. Ёсьць дзіцячая літаратура. Гары Потэр з ілюстрацыямі.”

“Вон!” – ціха сказала Вераніка, седзячы ў сваім крэсьле, і заплюшчыла вочы. “Да пабачэньня”, – ветліва сказала жанчына ды выйшла. Туфлі звычна ўпалі з ног Веранікі, і яна з хрумсьценьнем паварушыла пальцамі. Зазваніў тэлефон і тут жа змоўк. Нібы нагадаў пра працу. Яна нэрвова тарганула мышкай і з інтарэсам прачытала на экране манітора пакінутае невядомай наведніцай і ўпэўнена напісанае вялікімі літарамі слова: “Сучка”.


***

Ён перавярнуўся на другі бок і цяпер быў ад яе на адлегласьці выцягнутай рукі. Дыханьне Лекса было роўнае, гэта спаў сьвяты, гэта спаў судзьдзя, гэта спаў лекар. Вераніка сама ня ведала, чаму яна прачнулася. Ноч у Доме не парушалася ніводным гукам. Магчыма, там, глыбока пад зямлёй, цяпер стагналі ды парыквалі, трубілі ды клікалі на дапамогу, але тут, у вежы, чуваць нічога не было. Вераніка выцерла краем прасьціны ўспацелую шыю ды ўстала. Наступіла на ланцуг: сёньня Лекс зноў не прыкаваў яе, ён ужо відавочна ўпэўніўся, што Ўладзе няма сэнсу адсюль уцякаць. Тры месяцы сьвяцілі ў акно. Лекс ляжаў на сваім краі ложка, як гаспадар – шырока раскінуўшы рукі, цяжка, вольна, грузна... Ланцуг пад яе нагамі зноў зазьвінеў. Яна зірнула на Лекса зь пяшчотай, але той нават не паварушыўся. І тады Вераніка ціха выйшла з пакою.

Можна было б легчы зараз да яго, і прыціснуцца ўсім целам да ягонай грубай уніформы. Аднак наўрад ці гэта б яму спадабалася. На ноч у іх проста не заставалася сілаў, такімі насычанымі, такімі аднастайна-салодкімі, балюча-мокрымі былі дні. З ранку да ночы, з ранку да ночы. Як доўга яе чакаў Лекс, калі ўпершыню ён стаў марыць пра госьцю, пра палонную, пра саўдзельніцу, пра рабыню... Невядома. Колькі яму насамрэч: трыццаць, сорак, восемдзесят? Чатырнаццаць? Вераніка йшла ўніз па вінтавой лесьвіцы, лёгкімі рухамі ўключаючы сьвятло. Не, ёй не хацелася цяпер ягонага цела. Урэшце яна спусьцілася на першы паверх, ледзь ня ўпаўшы на апошнім, самым стромым павароце. Тут былі дзьверы, што вялі вонкі. Тут былі дзьверы ў сутарэньні. Тут былі яшчэ адны дзьверы. І яна адчыніла іх.

Яна рухалася па ярка асьветленым калідоры, нібы лунацік. Калідор рэзка пайшоў улева, і яна паслухмяна пакрочыла туды. Вераніка апынулася на вузкім мастку, што завіс высока над прасторнай заляй. Адсюль яна бачыла клеткі, бачыла бяссонных монстраў, якія рыхтаваліся да заўтрашняга пекла, бачыла на адным узроўні з сабой складаныя, а можа, зусім і не складаныя мэханізмы, з дапамогай якіх, пэўне, Лекс апускаў новыя ахвяры ў падрыхтаваныя турмы. Ціхі піск. Гудзеньне, рэзкае сьвятло лямпаў. Пах крыві, пах спароўваньня, пах гнілое саломы. Яна дабралася да канца металічнага мастка. Пад яе нагамі рыпела дробная жалезная сетка. Галава кружылася. Вераніка зрабіла яшчэ крок і апынулася перад новымі дзьвярыма. У ёй не было ні страху, ні сьмеласьці. Яна йшла наперад, як у сьне.

Пасярод пакою, зусім голага, роўнага, нібы ўнутранасьць куба, проста ў паветры віселі вялікія, падобныя да гамаку вусны. Фіялетавыя вусны, пульхныя вусны. Яны віселі ў паветры без усялякае падтрымкі, і трохі пагойдваліся. Два выцягнутыя воблакі, якія яшчэ й дыхалі. Вераніка спынілася перад імі, і вусны, здавалася, таксама яе разглядвалі. Чым: гэтай вузкай шчылінай паміж імі, або добра бачнымі порамі на тонкай чалавечай скуры? Мноствам пораў. Два воблакі, два выпарэньні, два застылыя струмяні фіялетавага газу. Адзін на адным. Вусны не ўсьміхаліся, выраз іх быў спакойны й мудры.

– Хто ты? – запыталася Вераніка й не пачула свайго голасу.

Вусны ня рухаліся, і толькі калі яна захацела паглядзець на іх ззаду, трошкі расчараваная маўчаньнем, у пакоі пачуўся стомлены голас:

– Да каго яна зьвяртаецца? Да каго? Да цябе або да мяне?

Вераніка пасьпешліва вярнулася на сваё месца. Цяпер вусны насамрэч варушыліся.

– Я хацела пагаварыць з вамі.

– Нас двое, – сказалі стрымана вусны. – З кім ты будзеш гаварыць?

– З абодвума, – сказала Вераніка, падумаўшы.

– Гэта добра, – адгукнуліся вусны. – Гэта ты вельмі правільна сказала. З абодвума. Чуеш, яна будзе гаварыць з намі абодвума.

– Абедзьвюма, – сказаў той самы голас, хаця й больш капрызны.

– Абаімі, – урачыста прамовілі вусны. – Ты хочаш ведаць, хто мы? Хіба ты ня бачыш?

– Бачу, – сказала Вераніка. – Але ж я хацела ўдакладніць.

Вусны ўсьміхнуліся.

– Цябе завуць Аліса?

– Я Ўлада, – сказала Вераніка, зусім аголеная Вераніка, Вераніка-рабыня, Вераніка-пляма на экране.

– Яна мне падабаецца, – прамовілі вусны.

– І мне. Што ж ты хочаш ад нас?

Вераніка прысела на кукішкі. Яна задумалася.

– Я ня ведаю, чаго можна чакаць ад вуснаў. Чаго можна ад вас хацець.

– Мы можам цалаваць. Можам складвацца банцікам. Можам выгінацца. Ствараць настрой. Але мы ўсяго толькі вусны. Дзьверы. Мы можам размыкацца, і тады ўсё залежыць ад таго, хто перад намі.

– Можа быць, патлумачыць ёй? – сказалі вусны.

– Але ж мы ўжо ўсё сказалі? – прамовілі вусны.

– Яна сама здагадаецца, – шапнулі вусны.

– А калі не, гэта яе праблемы, – усьміхнуліся вусны.

– Але яна не такая, як астатнія, – таргануліся вусны.

– Добра, давай, – ледзь варухнуліся вусны й прыадкрыліся.

Вераніка пабачыла ў адкрытым роце начное поле, над якім кружлялі сьветлякі, зусім блізка быў лес, патыхнула холадам, пахам вільготных кветак, праляцеў, шумна машучы крыламі, кажан, ацепалася недзе на дрэве сава. І потым вусны стуліліся.

– Ты хочаш туды? – спыталіся вусны.

Вераніка засьмяялася:

– Не.

– Ты ня хочаш уцячы адсюль?

– Не, – сказала Вераніка ўпэўнена. – Тут я вольны чалавек. Тут маё каханьне. Тут я ўсемагутная. А там? Не, я застануся. Прынамсі, пакуль што. Але я зайду яшчэ, добра.

– Заходзь, – вусны скрывіліся. – Заходзь, пабалбочам. Мы ніколі ня сьпім.

– Дабранач, – сказала Вераніка й выйшла.

Той самай дарогай, якой яна прыйшла сюды, Улада вярнулася да Лекса. Той спаў, і рукі ягоныя былі паслабленыя. Вераніка легла побач і з казачнай усьмешкай на вуснах стала чакаць новага цудоўнага дня. Яе цела ўжо было гатовае да працы, яе цела выдзяляла сок.


***

Праз блытаніну з аўдыторыямі яна спазьнілася на лекцыю: цішыня й белая пустата той, якая была пазначаная ў раскладзе, аглушылі Вераніку. З амаль што закладзенымі вушамі яна зноў пайшла да раскладу, там яе й сустрэў дэкан. Ён красамоўна паказаў на столь, і Вераніка пабегла наверх. Там, у 555-ай, панаваў паўзмрок, завешаныя фіранкі пакалыхваліся ад ветру, голас выкладчыка, такога маладога, а ўжо лысага, быў гідка надсадны. Прастудзіўся ён, ці што. Яны глядзелі слайды, нейкі жывапіс, раскоша голага цела, парнаграфія прыроды, тоўстыя жанчыны, мужчыны, падобныя да пэрсанажаў фантастычных трылераў. Бароды, панчохі. Вераніка ціхенька ўвайшла, абыякава сьлізганула позіркам па карціне, што цьмяна гарэла на сьцяне, – празь яе настойліва праступала дошка, на якой былі накрэмзаныя хімічныя формулы. Карціна як карціна, мікелянджэла-рафаэль-леанардадавінчы, нехта з гэтых, напэўна. Многа лесу, кавалак неба, недзе ў гарах. Нешта неўразумелае на пярэднім пляне. Яшчэ больш за гадзіну тут тырчаць. Яна села за апошняй партай і закрыла твар рукамі. Ёй востра хацелася чагосьці, і яна не разумела, чаго. Ёй хацелася плакаць, выць, або парэзацца аб што-небудзь вострае. Бо была восень, і ёй было васямнаццаць. “Брэйгель,” – гнюсна цягнуў выкладчык. “Брэээйгель”, – як авечка. Як іржавыя арэлі. Госпадзе, ну пры чым тут гэты Брэйгель?


***

Ня дзіва, што сароку там, на гэтай цёмнай, паточанай жукамі бэльцы, многія адразу не заўважаюць. Яна ўсяго толькі сарока. Птушка, што цалкам губляецца на фоне раскошнай, бы Кёльнскі сабор, прыроды. У яе чучала напхана так багата мітаў. Сарока: Яе паглынаюць горы, і гэты туманны гарадок унізе, і возера, што выглядвае з даліны. Пакручастыя дрэвы, якія маглі вырасьці толькі тут. Шыбеніца пустуе. Пад шыбеніцай танчаць людзі. Вайна прыйшла, узьлезла на пагорак, агледзела навакольле ды сыйшла. Яе сьляды яшчэ відаць, але хутка восень, лісьце зацярушыць іх, вайна забудзецца, аж да наступнай, – але ніхто не прыбярэ шыбеніцу. Шыбеніца расьце тут, нібы дрэва. Я люблю гэтыя колеры.

Горы паглынаюць птушку. А пра яго казалі, што ён глытае горы й скалы. Брэйгель Мужыцкі. Як шляхецкі тытул. Ён адчуваў сябе як скала, як бык, як хмара над сасьпелай пшаніцай. Ён еў прыроду, бы пірагі, вялізнымі кавалкамі, і разам з тым яму ніколі не прыйшло б у галаву чымсьці яе прынізіць або абразіць. Бо гэта значыла абразіць самога сябе. Бо ён ніколі не забываўся на сваю ёй прыналежнасьць.

Ён быў у сваёй стыхіі ва ўсім натуральным, жывым, грубым, напоўненым пахамі, ён не дзяліў іх, пахі, на прыемныя й не. Пот, перагар, пах сьвежавыпечанага хлеба, пах вялікіх, пладавітых, усьмешлівых жанчын, пах крыві ў разьніцы, пах гною, пах рыбацкае курткі, пах дыму над заможнай вёскай. Цьмянае галяндзкае сонца, якое яму нібыта дапамагала. Хуткія палосы сонца, як напалоханыя зайцы між высокага калосься. Зь сябрам Гансам Франкертам яны любілі хадзіць па сёлах ды, выдаваючы сябе за гасьцей жаніха, сьвяткаваць чужыя вясельлі. Як ён любіў жыць... Ледзь не ажаніўся са сваёй служанкай – спыніла яго тое, што служанка была паталягічна ілжывая. Нават у адказ на простыя, побытавыя пытаньні яна выдумляла, чырванеючы, розную лухту. Ён нават любіў яе за гэта. А яна яго баялася, бо ён быў мастак, а людзі такой прафэсіі без знаёмства з д’яблам не абыходзяцца. Можа, яны й не прадаюць яму душу, але ж сутракаюцца, сустракаюцца: інакш з кім там Пітэр размаўляе штодня ў сваёй майстэрні? Пазьней ён ажаніўся з дачкой свайго былога настаўніка. Маладой было васямнаццаць, і сарока была завяшчаная менавіта ёй.

Як гэта часта бывае, сыны тытулу не заслугоўвалі. Пайшлі па ўзбочыне, ім карцела зазірнуць туды, куды зазіраць было або немагчыма, або забаронена. Дэкадэнты Сярэднявечча: Брэйгель Аксамітны, Брэйгель Пякельны. Ён глядзеў на сыноў ухвальна. Яны й праўда ўдаліся, бо кожнага цяжка было зблытаць зь якім-кольвечы іншым чалавекам. Такой была ягоная Галяндыя: кожны камель непаўторны, кожны водсьвет, кожны твар.

Час не спрыяў жыцьцялюбам. Гішпанцы забаўляліся з чужой крывёй, і калі ў адным канцы краіны палала вёска, то ў той самы момант недзе ставілі новую шыбеніцу. Царква якраз забараніла ўскрыцьцё трупаў у дасьледніцкіх мэтах, а трупаў навокал было так багата, трупы цягнулі за сабой новыя, сьмерць была звыклай зьявай, а анатомія патрабавала матэрыялу – па праве навукі. Час майстра Дзумба яшчэ не надыйшоў, хаця воск ужо рабіў сваю справу. Кажуць, ён напісаў сароку, намякаючы на тое, што кожная пляткарка заслугоўвае шыбеніцы, другія кажуць: так, але ж тут ёсьць і больш глыбокі падтэкст, краіна задыхалася пад гішпанскім прыгнётам, сьмерць была паўсюль, яе ўжо перасталі баяцца, баяліся толькі таго, што ёй папярэднічае... Факты, чуткі, грамадзянскі падыход... Кожнае з парасятаў будуе свой дом. Але ж не, кажу я вам, не. Ён пісаў гэта, сароку, і шыбеніцу, і скалы, і горад унізе, і зьмеі камялёў, маючы на ўвазе перадусім толькі адно, якім бы страшным яно ні было.

Прыгажосьць.


***

У гэтым паўднёвым горадзе мяне пасялілі на адной амаль празрыстай віле, гаспадар быў якраз у ад’езьдзе. Увечары яе празрыстасьць ня кідалася ў вочы – тым ня менш, я доўга ня мог заснуць, праляжаў, скінуўшы падушку ды коўдру на падлогу, амаль да раніцы, мне было душна, хаця знадворку прайшоў хуткі і асьвяжальны, як мятныя пасьцілкі, дождж. На самым сьвітаньні мне, ашалеламу ад чарговага новага жытла, прымроілася Вераніка, якая журботна блукала па двары, уздоўж басэйну. Вуліца побач пачала пакрысе ажываць, машыны шумна скочваліся ўніз па бруку, віла стаяла на ўзгорку, густое высокае кустоўе засланяла даліну... Неўпрыкмет я заснуў і пабачыў свой дзіўны сон, які пачаў сьніцца мне яшчэ на поўначы: рэдкі лес, карабельныя сосны, густы туман, і бурбалкі парашутыстаў, якія зьнікаюць, набліжаючыся да зямлі, усё шэра-белае, вогкае, як асеньняе папялішча.

На раніцу я нікуды ня мог падзецца ад празрыстасьці гэтых сьценаў. Прасторы для сонца тут хапала зь лішкам, “Schönes Wetter”, – крыкнуў нехта суседу за высокай жывой агароджай. Я знайшоў на кухні кававарку ды згатаваў сабе свой чорны духмяны сьняданак. Знайшоў стол, зь якога сонца выразала па цэнтры сьляпучы трохкутнік. Закурыў, пакуль яшчэ ня ведаючы, куды дзяваць попел.

Гэта быў квадратны чорны стол, і вакол яго стаялі чатыры плеценыя крэслы. Не, сымэтрыі тут не было аніякай – крэслы стаялі ў розных позах. Можна было сесьці на вунь тое, супрацьлеглае, і тады сонца ляжала б перад табой, як талерка, і кожнага, хто ўвайшоў бы сюды, ты пабачыў бы першым. Другое крэсла дазваляла апынуцца да візытантаў у профіль і глядзець на гадзіньнік, што вісеў на сьцяне. Гэтае месца таксама было ў цені. Трэцяе месца таксама паказвала цябе ў профіль таму, хто завітаў бы ў пакой, і адтуль можна было б разглядваць карціну: але не, гэта была старая, забаўная тэатральная афіша, з мужчынамі ў капелюшах і плашчах, цыгара ў роце, прыгажуня-бляндынка на заднім пляне, а ўпоперак надпіс, назва мюзіклу: “She is your death”.

Ні пра што не задумваючыся, зусім міжволі, я не абраў ніводнае з гэтых месцаў. Я сядзеў там, дзе сядзеў: сьпінай да сонца й да таго, хто мог з хвіліны на хвіліну прыйсьці, мая патыліца марудна награвалася, каб бачыць афішу або гадзіньнік, мне трэба было выгінаць галаву, а гледзячы проста перад сабой, я ўпіраўся позіркам у твар таго, хто сядзеў на першым крэсьле. Такая была дыспазыцыя. Заставалася піць маленькімі глыткамі каву й чакаць таго, хто мусіў сюды прыйсьці.

Прыкладна праз паўгадзіны прыйшоў Франк. Я павітаўся зь ім, не паварочваючы галавы, і запрасіў яго сесьці, мне было вельмі цікава, куды ён сядзе. Ён трохі зьдзівіўся, але ж, відаць, быў даволі звычны да розных замежнікаў зь іхнай тысячай статутаў, у якіх лепш не разьбірацца, каб не звар’яцець. Франк пахадзіў трохі ў мяне за сьпінай, а я цярпліва чакаў. Мне вельмі хацелася дастаць з заплечніка бутэльку віскі ды выпіць, проста каб спакойна тут агледзецца й пагаварыць зь ім сапраўды грунтоўна. Але ж ён дакладна ўспрыме ўсё няправільна, калі я буду піць віскі а дзясятай раніцы. Франк далікатна пакашляў ды распытаў у мяне пра тое, як мне тут падабаецца. Я адказваў, але так і заставаўся сядзець на месцы, цэдзячы сваю астылую каву бяз цукру: цукар я не знайшоў. Урэшце я ўзяў цыгарэту, і ён успрыняў гэта як сыгнал, што сьнедаць я скончыў. “Ja, ich bin fertig,” – прамовіў я голасам Грэгара Замзы, стараючыся на яго не глядзець. Ён задаволена абыйшоў стол і сеў насупраць мяне. Так, так, я так і думаў, ён сеў акурат насупраць мяне, і сонца расставіла ўсё па сваіх месцах.


***

Чым жа я займаюся тут? Вось і яшчэ адзін адказ прысьпеў, вымайце яго зь печкі. Я ПЛЯВУЗГАЮ.

Гэтым словам, такім выразным, родным, здольным парадаваць як вечна заклапочанага пурыста, так і расейскага турыста, можна вытлумачыць ладную частку майго тутэйшага баўленьня часу. “Плявузганьне” – гэта ўсе мае тутэйшыя інтэрвію й публічныя прамовы, усе мае выказваньні адносна радзімы, пра якую, па шчырасці, можна казаць усё што заўгодна, у любым выпадку гэта назавуць плявузганьнем. Бо радзіма – абсалют, хвалі яе – і цябе абвінавацяць у празьмернай, зьдзеклівай стараннасці, аблай яе – і цябе залічаць у здраднікі. Тутэйшыя журналісты да мяне ахвочыя, ды каб жа іх цікавіў я: ім важны Від, а не Падвід, на маім месцы перад дыктафонам мог бы з такім жа посьпехам апынуцца любы мой суайчыньнік, журналістам істотна ня хто ты, а адкуль. Адмова трохі паплявузгаць успрымаецца зь недаўменьнем: што ж вы робіце тут, гер Кайнэр, гер Швайгештыль? Wes Brot ich ess', des Lied ich sing'!

Між тым, падвід гера Швайгештыля сам па сабе мог бы стаць тэмай асобнага дасьледваньня. У роднай мове й для яго існуе сваё азначэньне: грантасмок. Мы, грантасмокі (такія зьбеглыя з тонучых караблёў капітаны Гранты з файкамі ў гнілых зубах), новая парода чалавека, нам як падвіду ад роду хіба паўстагодзьдзя. Уцекачы мінулага і ўявіць сабе не маглі, якім шыкоўным клопатам будуць акружаныя іх нашчадкі, якім пашчасьціла вырвацца за мяжу з маленькіх, не дасьпелых да свабоды грамадзкіх раёў. Бо, нагадаем, важна ня хто ты, а адкуль. Дзякуючы ўладзе на маёй радзіме я яшчэ па дарозе ў гэты партовы горад атрымаў авансам порцыю такога спачуваньня, што яе хапіла б на ўсіх маіх суайчыньнікаў. Улада пра гэта не здагадваецца й працягвае шукаць фашыстаў на родных калгасных нівах.

Пасьля інтэрвію часопісу “Gabel” мне стала ўжо не да стварэньня легкадумных „Прэдупрэждзеній”. Інтэрнэт імгненна данес на мяне маім бедным, бедным, бедным суайчыньнікам, уручыў ім перакрыўленае шматлікімі перакладнікамі адлюстраваньне той млявай, нязначнай гутаркі. “Ён ня мае права, жывучы там, гаварыць так пра нашу краіну”, – абураліся ў сеціве жыхары канцлягеру “На блакітных азёрах”, “Я наогул перакананы, што за мяжой нельга казаць кепска пра сваю радзіму”, – марна намагаўся паставіць тарчма літару “р” у апошнім слове адзін патрыёт з ВКЛ-11 пад Рачкамі, “Гэта самапіяр-р-р, пія-р-р!” – паныла каркалі на сучасны манер спарахнелыя прадстаўнікі розных старажытных прафэсій, якія ў лягеры ВКЛ-13 выдавалі часопіс “Наша Воля” . Давялося мне правільна расставіць усе знакі прыпынку, што я зрабіў без усялякае, трэба сказаць, ахвоты.

У адрозьненьне ад аўтараў гэтых гняўлівых допісаў я добра ведаў, адкуль менавіта ўцёк... Мой спосаб зарабляць сабе на хлеб між абшараў радзімы даў мне за паўтара дзясяткі гадоў магчымасьць штодня сустракацца й размаўляць з такімі людзьмі, якіх мае апанэнты ўважалі за казачных герояў: зь нябачнай абслугай ВКЛ, з усімі гэтымі швачкамі, прадавачкамі, рабочымі, трактарыстамі, малярамі, выхавальніцамі дзіцячых садкоў і кульработнікамі, з дактарамі й кіроўцамі, з усімі тымі, хто забясьпечваў маіх абураных крытыкаў прадметамі першай неабходнасці, з тымі, на кім трымалася ваша краіна, з тымі, ніводзін зь якіх ні разу не ўсумніўся, што вы трапілі ў свае ВКЛ за канкрэтныя злачынствы – з тымі, дзякуючы каму яна, ваша краіна, такая, якая ёсьць... Ці ня бачыце вы, спадарства, нешта прыхавана-заганнае ў гэтай вашай максіме: “за мяжой нельга кепска казаць пра сваю краіну”? І ці можа адзін чалавек зрабіць сабе піяр за кошт двух дзясяткаў віртуальных канцлягераў?..

(Дрозд щебечет в шевелюре кипариса.)


***

Вераніка не змагла стрымацца і з асалодай аблізнулася, калі гэтыя прахалодныя пальцы леглі ёй на шыю. Яе скура хутка іх нагрэла, і было так утульна адчуваць сябе ва ўладзе чагосьці ўмелага, прафэсійнага, натрэніраванага. Вераніка ведала, што ў пакоі яны не адны, і гэта было прыемна: ёй вельмі хацелася, каб на яе цяпер глядзелі са схованкі ды пакутвалі ад немагчымасьці ўмяшацца; яе так радавала ўласная запатрабаванасьць. Яна аблізнулася яшчэ раз – гэта быў непрыстойны рух, і яна гэта ведала, але ж хто мог пабачыць, як вусны Веранікі, бледна-ружовыя сёньня, бы зьмерзлыя, схаваліся на імгненьне за амаль аўтаматычным, павольным, вывераным ня ёй, а яе свавольным целам рухам языка, на вуснах сьліна, тонкі слой сьліны, і адразу ж прахалода. Нібыта ў кабінэце скразьняк. Ёй было весела ад думкі, што зараз нехта можа зайсьці сюды, і першым, што ён убачыць, будзе супрацоўніца адзьдзелу – увасабленьне Ўлады – якой адзін з наведнікаў гладзіць плечы. Той, хто зойдзе, абамлее, і не здагадаецца, што сюрпрызы гэтага кабінэту яшчэ ня вычарпаныя. Тут шмат незвычайнага сёньня. Нібы ў адміністрацыі дзень адчыненых дзьвярэй.


10.

Яна ўвайшла ў Ягоны кабінэт, як верная старая прыслужніца. Увайшла ды моўчкі паклала паперы на подпіс каля Ягонай загарэлай рукі. І засталася стаяць ля стала, апусьціўшы вочы, нібы чакаючы далейшых загадаў. Ён гэта не адразу заўважыў, потым усё ж зірнуў на яе, трохі зьдзіўлена, не разумеючы, што яна тут робіць.

– Вераніка, – прасьпяваў ён задуменна, ня ведаючы, што сказаць. – Верані-і-ічка... Як справы, Веранічка?

– Дзякуй, – уздыхнула яна, а ўнутры ўсё раптам затрапятала, так, як раней, бо ён зь ёй загаварыў, бо ў кабінэце нікога апрача іх не было. Гэта здаралася ў апошні час так рэдка. І, відаць, менавіта гэтая блізкасьць падказала ёй ні з таго ні зь сяго цікавы наступны ход у яе гульні. – Дзякуй, усё добра.

“Толькі б ня спудзіць”, – пранеслася ў яе ў галаве, і яна ледзь не пакланілася Яму. Ён весела зірнуў на Вераніку зьнізу ўверх і, паклаўшы адну нагу на край стала, запытаўся, ускінуўшы добразычліва бровы:

– А ведаеш, што азначае тваё імя? Ну, адкуль яно пайшло?

Вераніка сарамліва (занадта сарамліва!) пакачала галавой. Ён задаволена пацёр далоні. Яму насамрэч было незразумела, што яна тут дагэтуль робіць, у разгар працоўнага дня.

– Вераніка: тая, якая прыносіць перамогу. Ты прынясеш мне перамогу, Веранічка? Адкажы.

Вераніка ледзь прыкметна ўсьміхнулася. Відаць, апошняе захапленьне аддзелу Яго нейкім чынам абмінула. Ён ня ведаў, хаця й быў намесьнікам загадчыка, што ў стале кожнага супрацоўніка ляжала раздрукоўка з тлумачэньнем ягонага імя: ужо тыдзень як яны апанатана шукалі ў інтэрнэце ўсё, што датычыла іхных імёнаў, невядома чаму, але шукалі, і дзяліліся адно з адным кожнай новай падрабязнасьцю, і званілі ў суседнія кабінэты, калі знаходзілі нешта пра імёны калегаў; яны займаліся гэтым з такім захапленьнем, з такой упартасьцю, нібы імёны ў іх зьбіраліся адабраць. “А ці ведаеш Ты, што менавіта Вераніка выцерла пот Хрысту, калі ён ішоў на Галгофу?” – пяшчотна падумала Вераніка й паглядзела пажадна на Ягоны лоб. Але яна нічога не сказала. Толькі кіўнула.

“Вераніка. Тая, хто прыносіць перамогу. У дзяцінстве баязьлівыя, нерашучыя, часта прастуджаюцца. З гадамі заўважаюцца такія рысы, як раздражнёнасьць, упартасьць. Апрача таго, у некаторых Веранікаў узьнікае алергія на пахі, яны могуць страчваць прытомнасьць ад выгляду крыві.

Характар Веранікі – мацярынскі, хаця вонкава больш падобная да бацькі. Больш любіць бываць сярод мужчын, шлюбаў часта некалькі, нараджаюцца звычайна дзяўчынкі. Вераніка – гаваркая, жывая, жвавая, і гэтую жывасьць захоўвае звычайна да старасьці. Каханьне прыходзіць да яе лёгка, яна карыстаецца посьпехам у мужчын. Аднак пачуцьцё, якое ўспыхвае так хутка, гэтак жа імкліва й зьнікае, і тады ўсе сувязі з аб’ектам жарсьці ўмомант рвуцца. Асаблівасьць характару Веранікаў – упартасьць (гэта вельмі ўласьціва “зімовым” Веранікам), прычым часта яна дзейнічае проста на злосьць каму-небудзь. Улюбёныя колеры: чырвоны, фіялетавы, чорны.

Імені Вераніка пасуюць мужчынскія імёны Уладзімер, Аляксандр, Пётр, Леанід, Станіслаў, Барыс, Ігар – зь іх носьбітамі Вераніка будзе шчасьлівая.

Мікалай, Эдуард, Віктар, Уладзіслаў, Арэст, Сямён, Віталь, Канстанцін ёй мала пасуюць.”

Як яны гэта вызначылі? Так забаўна. Як высьвятляецца, Лёнька, яе дурны Лёнька ёй на самой справе пасаваў, а з Эдзікам яна ўсё зрабіла правільна. А той, які цяпер недзе за мяжой, такі сьмешны, такі дурны: ягонага імя не было ў гэтым сьпісе. Чырвоная, фіялетавая, чорная ўпартасьць. “Гэта ж спрэс пра мяне,” – падумала з жахам Вераніка той раз, калі прачытала на адным сайце гэты кароткі аповед, у якім пры жаданьні можна было зьмясьціць усё яе кароткае жыцьцё. Ёй падабалася, што і Ягонае ймя было ў сьпісе тых, ад каго сярэднестатыстычныя Веранікі звычайна нараджаюць шчасьлівых дзяўчатак.

– Ну, ідзі, – прамовіў Ён нецярпліва пасьля доўгай паўзы. – Ідзі працуй.

“Дзякуй”, – дадаў Ён ні да чаго, разгубленым тонам. І яна пайшла да дзьвярэй. “Шчасьліва!” – не ўтаймоўваўся Ён за яе сьпінай. Вераніка дайшла да дзьвярэй і спынілася.

– Ну, што яшчэ? – Ён з усяе моцы намагаўся надаць свайму голасу добразычлівасьці.

Вераніка ціха назвала яго па імені і абярнулася. Ён чакальна глядзеў у яе вочы.

– Мне трэба вам нешта распавесьці, – сказала Вераніка. – Гэта важна.

– Не цяпер, – замахаў Ён рукамі. – Дай мне палайдачыць трохі. У мяне сёньня няма працы, настолькі няма працы, што я ўжо стаміўся. Трэба адпачыць. Пачытаць што-небудзь захапляльнае вось з гэтай сіняй папачкі з гербам.

– Гэта датычыць працы нашага аддзелу, – сказала Вераніка, пакрываючыся своечасовай чырваньню. – Маіх калегаў. І… Я не хачу, каб нехта ведаў пра тое, што я вам распавяду. Мы маглі б…

Ён, відавочна, зацікавіўся.

– Але чаму мне? Распавядзіце гэта Чэславу Карлавічу, – сказаў Ён афіцыйным голасам, адначасова ўсхвалявана грукаючы пальцамі па стале. Аднак жа Вераніка добра бачыла, наколькі ён узрадаваны.

– Я хацела спачатку вам, я ўсё ж не зусім упэўненая, што... Я мала ведаю, можа быць, гэтыя мае калегі атрымалі адмысловае заданьне... – прамарымытала Вераніка з чароўнай непасрэднасьцю. – І калі вы палічыце маю інфармацыю дастаткова важнай, то, калі ласка, давядзіце яе да Чэслава...

– Да Чэслава Карлавіча, – сказаў Ён, нахмурыўшыся. – Добра. Толькі ж ня трэба гаварыць пра гэта тут. Давайце... Давай, Веранічка, сустрэнемся ўвечары... А хаця б у кавярні “Казей”, ведаеш, дзе гэта? Гадзінцы так а сёмай?

– Добра, – лёгка сказала Вераніка. – Я пайду. Дзякуй вам.

– Табе дзякуй.

Ён адвярнуўся й падыйшоў да акна. А яна выйшла ды паляцела па калідоры да свайго кабінэту. Атрымалася, усё атрымалася: Ён сам прызначыў ёй спатканьне. Пра тое, што яна Яму скажа ўвечары, Вераніка імкнулася ня думаць. Акрэсьленага пляну ў яе не было, яна вырашыла, што паразважае над гэтым, калі будзе пругкай паходкай пераможцы крочыць па праспэкце да “Новага Граду”. Лягчэй за ўсё было б выдумаць нешта пра Ларысу й такім чынам адсунуць яе далей ад месца бітвы. Тады б ніхто Вераніцы ўжо не замінаў. Калі інфармацыя не пацьвердзіцца, можна было сьпісаць усё на сваю празьмерную пільнасьць. Судзяць тут толькі за недастатковую ўвагу, за празьмерную ж ніхто сварыцца ня будзе. Як складуцца абставіны пасьля вечаровага спатканьня, Вераніку не хвалявала. Істотна было толькі тое, што а сёмай у яе спатканьне. Першае спатканьне зь Ім. І ён сам яго прызначыў, прызначыў не каму-небудзь, а ёй, ёй, ёй, Вераніцы. Яна захацела паказаць камусьці нос, і ўрэшце паказала яго люстэрку. І потым трыюмфальна, мацерна вылаялася.

Яна ўсё прадумала. Пасьля абеду ёй трэба было ехаць у архітэктурны каледж па моладзевых справах, і калі яна там управіцца за гадзіну, то потым будзе вольная. Дарога ў Сьвет зойме яшчэ гадзіну, хаця можна ўзяць таксі й зэканоміць час. Дома ванна, пеарапрануцца, прывесьці сябе ня проста ў парадак, а ў баявы парадак, і пасьля гэтага, не сьпяшаючыся, прадчуваючы асалоду, наталяючыся перамогай... Віно, сьвечкі, рамантычная вячэра... Ён ня здолее адкруціцца.

Назаўтра Вераніцы не хацелася ўсё гэта ўспамінаць. Галава балела так, што Ларыса прапаноўвала выклікаць ёй хуткую. “Ты белая ўся, як сьмерць”, – крычала ёй у твар радасная Ларыса, – “Белая, як сьмерць!”. Не, Вераніцы не хацелася ўспамінаць учорашні вечар, хацелася сьцерці яго з памяці: вясельнае зьзяньне кавярні, яе новую бялізну пад шыкоўнай сукенкай, смак перамогі на вуснах, яе чаканьне, зь якога пакрысе пачала злазіць пазалота, бутэльку шампанскага, якую яна выпіла ў адзіноце, і потым нейкіх страшных, барадатых каўказцаў, якіх яна яшчэ змагла адшыць, і інтэлігентнага пэнсіянэра, зь якім яна піла гарэлку на брудэршафт, і потым ваніты ў прыбіральні, і запэцканае крысо, і пацалункі зь нейкімі панкамі-падлеткамі ў начным сквэры, і некалькі цыгарэтаў, і сьлёзы, і тэлефанаваньне Яму на мабільны, яна хрыпата крычала ў слухаўку, а што крычала, ня памятала, – і жаданьне распавесьці сваю жаласьлівую гісторыю цярпліваму, вельмі ветліваму міліцыянту, які нікуды Вераніку ня вёў, а сядзеў побач і пабліскваў акулярамі... Нарэшце нехта заплаціў ёй за таксі й скончыў гэты кашмар.

Па абедзе яна ўбачыла Яго. Ён ласкава ўсьміхнуўся ды запытаўся, як яе галава. “Прабач,” – сказаў Ён, спахапіўшыся. – “Ня змог учора. Шмат працы было. Вельмі шмат. Пачынаецца новая эпоха.”


***

На яе грудзёх яшчэ не расталі прахалодныя, упэўненыя дотыкі доктара, а Вераніка ўжо сядзела перад ім за сталом, нецярпліва сочачы, як той марудна запісвае нешта ў яе картку. Трэба было сьпяшацца, па абедзе ў іхным аддзеле стала падазрона шмат працы, асабліва апошні месяц: Чэслаў загадаў падымаць усе старыя справы, пашыраць базу дадзеных, даводзілася адкопваць нават дасье тых, хто па пятнаццаць гадоў сядзеў у лягерах. Натуральна, Вераніка магла сказаць праўду – яна была на прыёме ў доктара, але ж той не знайшоў адхіленьняў, – не знайшоў, і яна ўжо чула, як Чэслаў дабрадушна яе папікае: ну, калі ўсе пачнуць у працоўны час займацца прафіляктычнымі аглядамі саміх сябе, ня будзе каму працаваць, унучка. “Унучка” – і зноў правядзе далоняй па валасох, прафэсійным рухам, які нібы супакойвае і адначасова прыгінае тваю галаву да сваіх пульхных каленяў пад мешкаватымі нагавіцамі старога чыноўніка.

– Вы не маглі б хутчэй? – запыталася яна нарэшце, і доктар падняў галаву, зьдзіўлена на яе паглядзеў. Вераніка ведала, што сварыцца зь ёй ён ня будзе, усё ж яна была не зусім звычайная пацыентка, ён пра гэта ведаў. Бо сёньня ён мацаў грудзі ўлады, правяраў, ці няма ў іх непатрэбных зацьвярдзеласьцяў, ці ня бразгаюць там цяжкія гуляльныя шарыкі пагрозы, ці не расьце там, унутры, за тонкай белай скурай, дзе-нідзе амаль празрыстай, небясьпечная пухліна, мацаў, раз-пораз дакранаючыся выпадкова да нэрвовага смочка. Пройдзе яшчэ некалькі гадоў, сьнежны ком стажу трохі акругліцца, і Вераніка зможа хадзіць у спэцыяльную паліклініку для супрацоўнікаў адміністрацыі – але ж хто ведае, што лепей: там яна будзе адна з многіх, і стаўленьне да яе будзе роўным, уважлівым, заўжды аднолькавым, а тут, у яе раённай паліклініцы, што тырчыць пасярод пяціпавярховікаў за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад дому, Вераніка адзіная ў сваім родзе, і ніхто ня мае права абыйсьціся зь ёй так, як калісьці абыходзіліся зь яе маці.

Як яна й думала, доктар не сказаў нічога. І рука ягоная стала больш жвавай, адзначыла Вераніка з задавальненьнем. Яна зірнула на яго зь цікавасьцю. Яму было гадоў сорак пяць. Амаль як яе бацьку. І аднак жа ён ня мог запярэчыць Вераніцы. Ён быў вымушаны падпарадкавацца. Доктар: такая нікчэмная, дробная асоба, баязьлівец, і такія цудоўныя рукі: ведаюць сваю справу, ведаюць, як і дзе дакранацца, ведаюць, нібы інструмэнт, бяруць цябе асьцярожна і ўпэўнена, у такіх руках ніколі ня будзе страшна, у такіх руках хочацца замерці, такім рукам хочацца належаць. Чаму людзі ня могуць быць цэльнымі, ня могуць быць маналітамі, зь якімі калі прыемна, то ва ўсім: гэтыя б рукі ды каму іншаму. Як соладка дагэтуль унутры ад ягоных дотыкаў, рашучых, чорныя валасы на пальцах, цьвёрдыя, загрубелыя падушачкі, якія ўсё разумеюць, далікатная моц.

– Але ж не забудзьце прыйсьці месяцы праз тры, – сказаў ён, апасьліва ўсьміхнуўшыся. – Я павінен вас яшчэ раз паглядзець. І бывайце здаровыя.

Вераніка ўжо зьбіралася падняцца, але выдыхнула ды раптам расьсьмяялася:

– А я ж вас ведаю.

Доктар, насуперак чаканьню Веранікі, не зьдзівіўся. Вусны яго скрывіліся, і ён суха сказаў:

– Вось як.

– Вы ў нас праходзіце па базе, – прамовіла Вераніка з жахам. – Успомніла. Удзел у фашыстоўскай дэманстрацыі, выкрыкваньне антыдзяржаўных лёзунгаў, мацерная лаянка. Не адварочвайцеся, дайце мне глянуць на прозьвішча. Так, супадае, усё супадае.

Доктар нарэшце зірнуў ёй у вочы.

– Так, у нас невялікі горад, дарма што сталіца. Я сваё пакараньне адбыў, – сказаў ён ціха. – Вы маеце да мяне нейкія прэтэнзіі?

Вераніка зарагатала, ды ня проста так – ажно да сьлёзаў. Доктар глядзеў на яе зьбянтэжана, вусны ягоныя сьцяліся ў тонкую палоску, твар зьбялеў, і Вераніцы было ад гэтага яшчэ сьмяшней.

– Ну не сярдуйце, – сказала Вераніка. – Цікава, а чаму вы... Чаму вы не ў лягеры?

– Паслухайце, паразмаўляйце пра гэта з тымі самымі судзьдзямі, – голас доктара задрыжэў. – Ці вы сумняецеся ў іх справядлівасьці?

– Не, не, – Вераніка нарэшце супакоілася. – Проста ў галаве не ўкладваецца. Дзесяць хвілінаў назад мяне... фашыст... Ніколі б не падумала. Доктар – і фашыст. Не, я ведаю, такое бывала, у вайну... ворагі... Але вы, тут... І я... Не магу паверыць. Тымі самымі рукамі... Я, напэўна, лухту вярзу.

– Вы можаце вымыцца там, за шырмай, – прамовіў доктар зь нянавісьцю.

Вераніка паднялася, узяла сумачку.

– Але так не бывае, – сказала яна пераканана. – Вашая прафэсія не сумяшчальная з фашызмам. Або вы прыкідваецеся, або... Або вас трэба праверыць.

Яна выйшла і ажно да самай адміністрацыі думала пра тое, што яе мацалі сёньня рукі фашыста. Усё стала дагары нагамі: фашыстам мог аказацца і Эдзік, і той самы Цьвях. Ды хто заўгодна. Цьвях – падумала яна і заскрыгатала зубамі. І нават калі Вераніка ўжо адчыніла дзьверы свайго кабінэту, яна адчувала сьляды доктаравых рук на сваіх грудзёх, і ёй усё здавалася, што грудзі ёй пякло, што ў выразе яе блузкі варушацца сьляды такіх умелых, такіх невытлумачальна прыемных рук, рук сапраўднага фашыста. Вось якімі яны бываюць бяз джала – бясьпечнымі, бо інакш хто б выпусьціў іх на волю, сьлізкімі, патухлымі, з голасам, які бязвольна павіс на падгнілай уласнай годнасьці. Гэтае здарэньне расьпірала Вераніку знутры, яна ніяк не магла знайсьці згубленыя канцы, і тут яе цела зьлітвалася над ёй: унутры нешта шчоўкнула, практыкантка прыйшла да яе па дапамогу, завітаў пасьля доўгага перапынку Гілюк, з новай, яшчэ больш вар’яцкай ідэяй, і болей Вераніка пра доктара ня думала. Мая мілая маладосьць, як гэта тады было проста: перастаць думаць пра нешта. Як перасесьці з трамвая ў трамвай.


***

Пасьля Цэнтру ёй больш за ўсё хацелася паехаць дамоў, пакуль там яшчэ нікога няма, паехаць дамоў і проста выдыхнуць там, бо на працягу ўсяго дня Вераніка ніяк не магла гэтага зрабіць: бегала, бегала, крычала на кагосьці й зноў бегала... Але дзень і праўда выдаўся чорны: яна мусіла пасьля працы завезьці стрыечнай сястры вялікі плястыкавы пакет з чырвоным паліто маці, які сястра раптам захацела насіць, бо мода, зрабіўшы шоп-тур па блізкім замежжы, зноў вярнулася. Паліто маці набыла даўно, але апранала рэдка, яно было ў добрым стане, і сястры павінна было падысьці. Сястра прасьцей ставілася да такіх рэчаў, і да рэчаў наогул, і вось цяпер Вераніка села, зь пярэстым пакетам і сумачкай, у зусім чужы аўтобус зь дзіўным адназначным нумарам і доўга пацела ў ім, пакуль ён па нейкім пакручастым маршруце цягнуўся праз шэрыя сады прыватнага сэктару, спыняючыся праз кожныя пяцьдзясят мэтраў, бо нейкі ідыёт панатыкаў там прыпынкаў. З кожным прыпынкам Вераніка станавілася ўсё тупейшая, аўтобус нібыта біў яе па галаве, “Затое безь перасадак, затое безь перасадак”, – напявала яна, ідучы нарэшце з пагорка да дому, дзе жыла сястра з мужам і дзецьмі.

На кухні, якая пахла дзіцячым лайном, Вераніка паспрабавала выдыхнуць, але там гэта было немагчыма зрабіць. “Зрабі сабе кавы”, – крыкнула сястра аднекуль, пакуль Вераніка, так і не разуўшыся, вывальвала паліто на стол. “І можаш папаліць на бальконе”, – сястра села перад ёй, трымаючы дзіця на каленях. “А, ты ж ня курыш”. Тоўстае паліто пахабна ўсьміхалася, аглядваючы новае жытло. Чарговы пляменьнік Веранікі злосна заверашчаў.

– Есьці хочаш? – спытала сястра, распахнула халат і сунула дзіцёнку ў рот смочку. Вераніка паматляла галавой. “Ну, ты, пацан, балюча ж”, – лёгка пляснула сястра малога па вуснах, і той залямантаваў зноў.

Вераніка глядзела на грудзі сястры, як зачараваная. Насьліненая смочка блішчала, уваскрашаючы ў памяці Веранікі тое адчуваньне загадкі, якое суправаджала яе на працягу ўсяго жыцьця. Як гэта. Як гэта адбываецца. Як гэта адбудзецца са мной. Толькі цяпер яна зьвярнула ўвагу на тую мэтамарфозу, якая адбылася зь сястрой. На Вераніку стомлена, трохі насьмешліва, але добразычліва глядзела малако. І Вераніка адчула ўнутры пустату. Пустата гудзела, пустата прымушала многае мець на ўвазе. Грудзі сястры рухаліся, як жывыя. Доўгія, выцягнутыя ўніз грудзі. Патрэсканыя смочкі, празь якія сачылася нечая ежа. Гэта было невыносна. Не, Вераніка не адчувала агіды, гэта было невыносна зь іншай, значна больш цяжкаапісальнай прычыны: гэта зноў загаварыла цела, ад якога сьвядомасьць адарвала ягоную неад’емную частку й цяпер круціла яе так і гэтак, нібыта завіслую ў паветры. Яе скаланала ад адчуваньня толькі адной сваёй часткі, нібыта іншыя больш не існавалі. Вераніка стала парай грудзей. І яны ўвабралі ў сябе Вераніку, і кончыкі іх замулялі ад лішку адчуваньняў, ім зусім не прызначаных. Яна скаланулася, і дрыготкай рукой схапіла са стала цукерку, а тая не разгортвалася, абгортка заставалася на ліпучым мутным цельцы, гэта была нейкая заляжалая карамэлька, а можа быць, яе абсмакталі й загарнулі назад, абгортка рвалася, кавалачкі таннай паперы прыставалі да пальцаў, і яна не магла іх зьняць. Пальцы пацерліся міжволі адны аб адны, і на джынсы Веранікі ўпала брудная пацяруха. А сястра, здавалася, нічога не заўважала, гаварыла пра нешта змрочным голасам, адначасова вольнай рукой мацаючы край паліто, футровы каўнер вылез ды пачаў лашчыцца да яе рук. Запахла Веранічынай кватэрай, матчынай шафай.

– Табе не здаецца, што яно сьмярдзіць? – спытала Вераніка, адвярнуўшыся.

– Памыем, – сказала сястра. – Пра што гэта я казала... А, забыла. Давай зробім па сто. Рэдка бачымся.

Дзіця заснула, і сястра, увішна рухаючыся зь ім ля грудзей, прабралася да лядоўні, дастала гарэлкі. Вераніка гэтаму страшэнна ўзрадавалася, кульнула ў сябе чарку, закусіла скрылікам салямі. Недзе зусім блізка пранізьліва закрычала дзіця.

– Ня бойся, гэта ў суседзяў, мае ў маці, гаўнюкі, – пасьміхнулася сястра. – Я больш ня буду, а ты налі сабе, налі... Як там твае? Бацька як, у завязцы яшчэ? А брат?

– Ня ведаю, – шчыра прызналася Вераніка. – Ён дома амаль не бывае. А твой як, ня вельмі таго?

– Я яго выхавала, – сястра прыцішана засьмяялася. – Ты думаеш, ён з самага пачатку такі быў? Памятаю як цяпер. На кухні кран зламаны, адна гарачая вада йдзе. Дык гэты абалдуй у залі храпіць, нажорся, як заўсёды, са сваімі калгасьнікамі, а я посуд мыю ды плачу, мыю ды плачу. Рукі абварвала, скура злазіла. Але ж я так не хацела. Я пачала змагацца. У мяне свае спосабы... Надумаеш замуж, прыяжджай, распавяду. Ну, ідзем паліто мераць. У, палітон які... Фірма. Ты чаго гэта, Веранічка?

І яна клапатліва, усё яшчэ зь дзіцём на руках, выцірала за ёй, і адразу ж кінулася замываць кофту, і ліла ёй на галаву халодную ваду, – бо гэты кран на кухні працаваў нармальна, бо муж быў ужо выхаваны, бо паліто было прывезенае сястры менавіта цяпер, бо ў грудзёх яе было малако – і Вераніка, якой адразу ж стала лягчэй, глядзела на ўсё гэта, і ёй усё здавалася, што цяпер раніца, і на падваконьні ляжыць сьнег.


***

Калі б гэта была не гульня – які б тут мусіў стаяць смурод! Вялікае цела ірліса скаланулася й цяжка грымнулася на палогу, узьняўшы пыл. Ёй падалося, яна пабачыла, як аддзяліўся ад трупа белы воблачак ды сплыў да жалезнага мастка над цьмяна асьветленым калідорам. Вераніка зьдзьмула з вуснаў прысталую салому й паспрабавала вылезьці з-пад Лекса, такога халоднага, бы сталёвага, які ляжаў адным бяздушным, застылым камяком. У яе мокры жывот упіліся дробныя трэсачкі, цэлая зграя вострых трэсачак, падлога была засыпаная імі, бы ў цясьлярні. Сьмерць Ірліса адбылася, як заўсёды, адначасова зь Лексавай палёгкай. Яна нарэшце вызвалілася й, хістаючыся, паднялася. Шчасьце. Апагей свабоды.

Па тым, якімі пустымі вачыма зірнуў на яе Лекс, Вераніка зразумела, што працягу сёньня ўжо ня будзе. Цяпер яны падымуцца й пойдуць у іхны пакой у вежы, і там будзе часовы адпачынак, і Лекс будзе набірацца сілаў для чарговага паляваньня. І праўда, ён неўзабаве падняўся ды ўзяў яе за руку. Ледзь перастаўляючы ногі, яны пакрочылі наверх, іх праводзіла вусьціш. Ужо ідучы па прыступках, Вераніка абярнулася: па клетках прабег ледзь улоўны рух, яны кланяліся ёй, яны кланяліся.

І праўда, яны падняліся наверх і ўпалі ў ложак. Вераніка, як яна часта рабіла апошнімі днямі, уладкавалася на каменных грудзёх Лекса, так, нібы ёй хацелася ад яго нейкае пяшчоты – аднак гэта было няпраўдай, ёй падабалася, што ён ня робіць у адказ нічога, не абдымае яе, ні песьціць, ні вымаўляе ласкавых словаў, маўчыць, яе асабісты забойца, яе судзьдзя, яе гаспадар, яе вартаўнік, яе кліент, яе карыстальнік. І ўсё ж яна ня вытрымала:

– Я таксама хацела б памерці на тваіх вачах. І, калі можна, ад тваёй рукі. Калі я стану табе непатрэбная.

Са зьдзіўленьнем яна адчула, што па ягоным целе прайшла слабая дрыготка. Раней ён ставіўся да яе лёгкай, кароткай балбатні зусім абыякава. Яна была патрэбная яму дзеля іншага. Але ж раней яна й не казала яму нічога падобнага. “Ён пачуў мяне”, – падумала Вераніка са страхам. “Ён жывы”. І яна вырашыла скарыстацца гэтым, каб разварушыць Лекса далей. Ёй стала нясьцерпна цікава, пра што можна зь ім гаварыць.

– Хто ты там? Школьнік-троечнік-ананіст, або мэнэджэр, або... Або міліцыянт? Або звольнены хірург? Скажы мне, і тады я, магчыма, таксама табе ў чымсьці прызнаюся?

Лекс скінуў яе зь сябе, як котку, сеў на ложку, дастаў ключы. Ён, відаць, вырашыў прыкаваць яе, але вагаўся. Яна парушала іхную дамоўленасьць, няпісаныя правілы, і яму гэта не падабалася. А Вераніка заўважыла, што ён вагаецца, і кінулася ў наступ. Яны маглі б усё палепшыць, яны маглі б зрабіць з Дому Лекса сапраўднае, хаця й д’ябальскае, але ж сапраўднае гняздо. Толькі б прабіць яго цяпер.

– Напэўна, усё ж школьнік, – прамовіла яна хрыпла. – Сядзіш у інтэрнэце, пакуль бацькі дрыхнуць за сьцяной.

Ён гняўліва зазьвінеў ключамі, і тут нешта пераключылася, яна ня бачыла ягонага твару ў цемры.

– Хіба ты не разумееш, што ўсе гэтыя паўзучыя гады толькі таго й жадаюць, каб памерці? – сказаў Лекс тонкім, зусім не сваім голасам. – Што гэта сэнс іхнага існаваньня? Яны вінаватыя ад пачатку. Ты... Ты лепш маўчы, ты тут ніхто, ты проста “яно”, хаця нашым заўтрашнім трупам я й загадаў думаць інакш.

Загрузка...