Калі Вераніка звольнілася з Цэнтру, яна вырашыла абавязкова знайсьці Капітана. Ён почасту зьяўляўся між яе ўспамінаў і ўсьміхаўся. Сто разоў Вераніка плянавала экспэдыцыю да той піянэрлягернай рэчкі, і аднойчы нават пагаварыла пра гэта, не называючы сапраўдных прычынаў, з адным маладым чалавекам, які, як здавалася Вераніцы, быў даволі авантурнага складу... Але жыцьцё раптам панеслася наперад з такой хуткасьцю, што Капітан праваліўся некуды ў шчыліну паміж дзяцінствам і даросласьцю, і, як высьветлілся, незваротна.
Неяк яны сядзелі ля вады й Капітан, трымаючы ў руках непатрэбную вуду, сказаў нечакана:
– Ведаеш, што там, на тым беразе?
Вераніка адмоўна хітнула галавой і паспрабавала злавіць у палёце страказу.
– Гэта памежная рэчка, – прамовіў ён нечакана грубым голасам. – Памежная. Там – другая краіна, там усё ня так... Там усё магло б быць інакш. Ніколі не заплывай за сярэдзіну. Бо тады ўсё вельмі дрэнна скончыцца. Тут паўсюль памежнікі. Я іх ведаю, і таму яны нас не чапаюць. Але ніколі не заплывай... Чуеш?
– Так, ня буду, – сказала Вераніка, хаця яна цудоўна ведала, што там, на другім беразе, ніякае не замежжа, а палі калгасу “Ліпеньскі” і, трохі далей, вайсковая частка. Ёй чамусьці захацелася, каб Капітан распавёў яшчэ што-небудзь, але ён заняўся раптам рыбай, якая, ужо на палове шляху да сьмерці, раптам пляснулася ў ваду, сарваўшыся з вуды, і Капітан глуха вылаяўся.
Вось жа дзіўна. Тады Вераніцы здавалася, што Капітан стаў для яе цэлым сусьветам. А прайшло ўсяго трохі часу, і трэ было йсьці ў школу – і сусьвет цудоўна абыйшоўся без Капітана. Ведалі б бацькі...
... – Ну дзе ты ходзіш, Веранічка! – ліхтарык раптам выхапіў яе зь цемры, і важатая Сьвета, грудастая, вялікая, вось бы каго зараз на сцэну, рашуча ўзяла Вераніку за руку. – У нас мала часу! З-за цябе ўсё зрываецца!
Яе пацягнулі да сцэны, за сцэну – пры набліжэньні важатай усе схавалі цыгарэты. На сцэне аглушальна роў вядучы. “Давай, давай!” – Сьвета рэзка задрала Вераніцы кофту ды прыціснула ёй да жывата падушку. “Ну, не тармазі!”. Астатнія былі ўжо ў зборы ды зь цікавасьцю пазіралі на брудныя ногі Веранікі ў зусім размоклых басаножках: Веня Жук з кіёчкам і ў акулярах над прыклеенай белай барадой, якая, відаць, проста не дачакалася новага году, Анжаліка зь лялькай, Фарыд, закручаны ў бінты так, што быў відаць толькі арліны нос. На сцэне нешта зашыпела, і Сьвета таўханула Вераніку ў азадак. “Я ня буду ўдзельнічаць у гэтых ідыёцкіх дзіцячых сцэнках!” – віскнула раптам Анжаліка, інтэлігентная дзяўчынка з цэнтру гораду, але падштурхнутая Вераніка прывяла ў дзеяньне іхную працэсію, і яны вылецелі на сцэну й пасьпяхова расьселіся па крэслах, а пераможца нядаўняга конкурсу, падобная да ахопленай агнём малпы Алеся распусна сьпявала ў мікрафон невядома кім прыдуманую песеньку на матыў мульцяшнае “Доброты”, у якой рэфрэнам гучала: “Трэба месца саступіць”. Вераніка зірнула на малодшыя атрады, якія глядзелі на сцэну з пачцівасьцю – рукі на каленях, пальцы ў насох, на занятую сваімі справамі астатнюю публіку, і ёй падалося, што яна бачыць, як Капітан стаіць там, у заднім радзе, і пальцы ягоныя ўхвальна ды сумна варушацца.
***
Да таго жудаснага вечара яны дзялілі з братам гэты вузкі пакой, бацькі спалі ў залі. Быў, натуральна, перапынак, Вераніка сама баялася сабе прызнацца, да чаго ён быў прыемны; гэтыя амаль два гады – брат тады пайшоў у войска, і хаця яна старалася падтрымліваць парадак у ягоных рэчах і ні на імгненьне не давала пакою выглядаць так, нібыта ён мае толькі адну гаспадыню, – гэта быў файны час. Але брат вярнуўся, і жыць зь ім станавілася ўсё цяжэй.
З часам узьніклі заканамерныя праблемы: усё ж няма нічога правільнага ў тым, што дарослыя брат і сястра жывуць у адным пакоі; у іх могуць узьнікаць нехарошыя, як казала бабуля Веранікі, думкі, дый наогул – індывідуальнасьцям трэба прастора, каб судакранацца бяз крыўдаў (гэта Вераніка недзе вычытала). Спачатку праблема вырашалася неяк сама сабой, брат у першы год пасьля войска яшчэ захоўваў нейкія рэшткі любові й далікатнасьці. Потым стала прасьцей: брат амаль не начаваў дома, а калі й прыходзіў, то пад раніцу, калі Вераніка ўжо спала. Так што яна магла без усякіх цяжкасьцяў (ну хіба паглядваючы раз-пораз на дзьверы) пераадзявацца, класьціся спаць і рабіць усё тое, што нармальны чалавек не выстаўляе на агульны агляд. Сказаць пра гэта бацькам значыла зрабіць ім вельмі балюча, і Вераніка гэта добра разумела. Не, паведаміць пра ненармальнасьць становішча ёй даўно карцела, асабліва калі яна яшчэ вучылася ў школе, але потым Вераніка падумала пра тое, як гэта, відаць, цяжка – знайсьці для дачкі кватэру... А потым прыйшло азарэньне: яны проста чакаюць, калі я выйду замуж і праблема вырашыцца сама сабой. Ну не, злосна засьмяялася яна, я ня згодная. І Вераніка цьвёрда вырашыла адкладваць сабе на жытло, як толькі яна знойдзе працу.
Сваю кватэру яна добра сабе ўяўляла й нават да дробязяў прадумала, што дзе будзе стаяць. Праўда, калі б Вераніка адплюшчыла вочы, то заўважыла б, як гэтая чатырохпакаёўка нагадвае такую самую ў адным з тых фільмаў, якія яна глядзела калісьці з Эдзікам у яго дома. Тым часам як Эдзік, апанаваны дзеяй, ляжаў з разяўленым ротам і машынальна пачухваўся, Вераніка мімаволі запамінала ўсе падрабязнасьці нянаскае раскошы. Гэта мусіла быць някідкая, але густоўная раскоша, і менавіта раскоша, а не які-небудзь там мадэрн – у цёмна-брунатных танах, са старажытным дрэвам, з аркамі па ўсёй кватэры, з узорамі, што паўтараюцца скрозь, ад ручак на дзьвярах да ляпніны на сьценах, з агромністымі люстрамі...
У той вечар маці ўсё лагодна папікала яе за няўважлівасьць. Усё, да чаго б ні дакраналася Вераніка, ламалася, білася, зьвінела, пагрозьліва хрумсьцела... Яна й праўда чарговы раз задумалася пра сваё будучае жытло. Хто там будзе жыць разам зь ёй, хто варты выгульваць сабакаў яе жаданьняў, каму яна будзе прыслугоўваць у гэтым доме пакорлівай рабыняй, каго будзе катаваць суворай каралевай – не выклікала сумневу. Сэрца Веранікі забілася часьцей, на шыі выступіў пот. Яна прайшла ў свой пакой і дастала халат, яна ўсяго толькі зьбіралася прыняць ванну ды потым упасьці ў ложак да заўтра. Раптам у перадпакоі пачулася квахтаньне маці й потым – хрыпаты вокрык брата. Вось дык сюрпрыз. Даўно ён не прыходзіў так рана.
Брат, мяркуючы па ўсім, пайшоў у кухню. Вераніка шмат разоў бачыла, як ён есьць – прагна, нібыта зьвер, з чвяканьнем, і выцірае пальцы аб абрус... Ніяк ня выбіць зь яго гэтай дурной звычкі. Яна пачула, як брат зачыніўся ў лазьніцы, і разгублена павесіла халат зноў у шафу. Зашумела вада. Вераніка села за сьвежы нумар Vogue, які сёньня дала ёй пачытаць Рыта. Але з прыходам брата ў кватэры стала трывожна ды неяк брудна, думкі блыталіся, ад былое радасьці не засталося анічога. “Пагавары ты зь ім”, – маці ўвайшла ды села на канапу. “Можа, цябе паслухае... Што гэта за праца такая... Начэй ня сьпіць...”. “Пагавару”, – адмахнулася раздражнёна Вераніка й зноў села да маці сьпінай. Дзіўная справа, на брата яна ніколі як сьлед не злавалася, хаця й ня горш за іншых разумела, што трэба яму неяк дапамагчы. А вось маці зь яе сьлязьлівым голасам і вечнымі, нейкімі мэханізаванымі ўздыхамі Вераніку вельмі раздражняла. Чаму вы ня думаеце пра мяне? – так і хацелася почасту крыкнуць Вераніцы бацькам у твар. Вы што, думаеце, што ў мяне ўсё добра? Маці пасядзела яшчэ крыху ды выйшла, усё гэтак жа ўздыхаючы. “Ну што ты ўсё ўздыхаеш?” – кінула Вераніка ціха, не абарочваючыся. Яна хацела сказаць нешта супакаяльнае, але атрымалася зусім груба ды недарэчна. “Ды чаго я пераймаюся?” – Вераніка марна намагалася настроіць сябе на ранейшы летуценны лад. “Сама яна як са мной размаўляе...”
Брат ніяк не хацеў выходзіць з лазьніцы, і Вераніка ўжо стала задумвацца пра тое, ці не адкласьці ванну на заўтрашнюю раніцу. Так непрыкметна праляцела гадзіна. Бацька выйшаў на кухню запарыць сабе гарбаты, доўга кашляў, потым адплёўваўся ў ракавіну. Гэта ў апошні час здаралася нячаста, каб ён выходзіў з залі. Вераніка распранулася, накінула халат і выйшла ў калідор. “У цябе ўсё нармальна?” – пагрукала яна асьцярожна ў дзьверы лазьніцы, ды назвала брата па імені. І, як заўсёды, у вачох зашчыпала. Па імені ён заставаўся, заўсёды заставаўся для яе тым самым хлопчыкам, які вучыў яе плаваць і абараняў ад сьветаўскіх адмарозкаў. Быццам і не было войска, і гэтага дзікунскага бляску ў вачах, і страшных кругоў пад імі, і смуроду ад ягонае вопраткі, і вечнага перагару... Напэўна, ён любіў яе. Па-свойму, але любіў. Вось жа, і тэлефон падараваў тады. “Нармальна”, – раўнуў нехта з лазьніцы, і зноў уключыў ваду. Вераніка ўсьміхнулася й пайшла да сябе. Легла, адгарнула кніжку Каэльё. За вакном было ўжо цёмна. Сьвет пакрысе сьціхаў, толькі ля гастранома лямантавалі нейкую песьню, з тых, што любіла практыкантка ў іх аддзеле.
Чытаць было лёгка й прыемна. Аднак раман быў прачытаны з пачатку й да канца, а брат усё не выходзіў з лазьніцы. Хваляваньне панура змагалася са стомай. Вераніка адчула, што яшчэ трошкі, і яна праваліцца туды ж, куды правальваюцца ўсе чытачы кніг у такіх вокладках. Трэба было хаця б пачысьціць зубы. Яна зноў падыйшла да лазьніцы, але адразу ж уцякла ў пакой ды залезла пад коўдру, бо пачула, як брат шумліва падымаецца з ванны. Ён нарэшце выйшаў, загорнуты ў ручнік, зайшоў у пакой ды, не зважаючы на Вераніку, пачаў апранацца, дастаў кашулю, швэдар, джынсы... Вераніка адвярнулася тварам да сьцяны.
– Ты што, зноў сыходзіш? – спытала яна баязьліва, не абарочваючыся.
Брат не адказаў. Мяркуючы па паху, ён апранаў гэтую сваю немагчымую куртку. Тут жа ў пакой уляцела маці ды пачала ўгаворваць яго застацца. Ну што яна такое нясе: Вераніку ажно перасмыкнула. Спрабуе завабіць яго сваёй сумнеўнай гастраноміяй. Нібыта яму пятнаццаць і ён прыехаў з Зарніцы. Яна павярнулася, брат адштурхнуў маці ды выйшаў у калідор, схіліўся над сваім брудным абуткам. У дзьверы раптам пазванілі. Маці пабегла адчыняць, адначасова ўмольна азіраючыся на сына. Вераніка пагардліва закаціла вочы, але на душы ў яе станавілася ўсё неспакойней. “У вочка паглядзі спачатку!”—крыкнула яна, дакрануўшыся да братавай рукі. “Што ты вечна адчыняеш невядома каму!”. “Ды гэта Юрка, відаць, сусед,” – нібыта ніхто тут ня ведаў Юрку; маці прытулілася да вочка й потым перапалохана азірнулася: “Міліцыя”.
Брат тым часам задыхаў часта-часта, замармытаў нешта й мыском нагі адштурхнуў чаравікі ў кут. Маці раптам стала паўтараць, нібы заіка, ягонае імя, вусны яе затрымцелі. “Не аддам!” – зашаптала яна, і гэтыя словы, дрыжучы ў яе на вуснах, гучалі ўсё мацней і невыносьней, хоць вушы заціскай. Незадаволена заскрыгатала ў залі канапа пад бацькам. Брат сьціснуў кулакі ды паваліўся на сьцяну, бы хацеў праламіць яе лбом, але потым ускочыў на ногі ды рушыў да іхнага зь Веранікай пакою. У дзьверы загрукалі і, відаць нагамі. Вераніка, якая стаяла ў проймах, пабачыла на імгненьне, як праз шкло, вялізны, з парэзамі пасьля нядаўняга галеньня твар брата, і тут жа ўдар такое сілы прыйшоўся ёй у жывот, што яна нават ня ўпала на палогу, яна толькі папаўзла па вушаку, адчуваючы, што ня можа дыхаць, і схапілася абедзьвюма рукамі за ручку, якая нечакана апынулася недзе высока над галавой. Маці загаласіла. Брат падбег да акна, змахнуў кветкі, вырваў шыбу ды няўклюдна скочыў уніз. “Маць-маць-маць-маць”, – пачуўся зьнізу ягоны жаласьлівы, працяглы енк, і дзелавіта-задаволеныя, узрушаныя галасы міліцыянтаў нецярпліва клікалі нейкага Рамана.
***
– Сьведкі сьцьвярджаюць адваротнае, – хітра пасьміхнуўся Сухараў, той самы Сухараў, які апошнім часам быў у іхным аддзеле частым госьцем і нават прыцягнуў неяк Вераніцы букет зэфірна-белых ружаў, ад саладжавага выгляду якіх, яна памятала, ёй так непрыемна зьвяло нёба.
Па шчырасьці, нават у калідоры Вераніка яшчэ ня ведала, што ж яна будзе гаварыць. “Мы мусім яго выцягнуць”, – шапнуў Ён ёй на вуха, і яна павяла задаволена плячом ад казыткі. “Не губі хлопца”. Сумнявацца пасьля гэтага добразычлівага шэпту не выпадала, але ж усё адно язык муляў, нібы на ім зьявілася невядомая язвачка. “Скажы мне што-небудзь яшчэ”, – хацелася прашаптаць у адказ, наблізіцца да ягонага такога апэтытнага вуха й выдыхнуць: “Скажы, зараз жа”. І тады б калідор, хіснуўшыся яшчэ раз, стаў бы нарэшце на месца, і перасталі б дваіцца, траіцца насупленыя твары, і вярнулася б у свае каляіны падобная да чыгункі, паласатая столь. На шчасьце, пакуль яна йшла паўз вузкі праход між крэслаў да свайго месца, усё цудоўным чынам праясьнілася. Варта было толькі зірнуць на галоўных удзельнікаў гэтага мерапрыемства. І Вераніка, ведаючы, што часу ў яе няшмат, адразу зрабіла слушныя высновы. Язвачка растала – ані шнарыку, і Ягоная прысутнасьць там, за сьцяной, стала яшчэ больш унушальнай ды адчувальнай.
Гэтая жанчына Вераніцы адразу ж не спадабалася. Не спадабаліся яе трохі ўжо пасівелыя валасы, якія яна нэрвова прыбірала раз-пораз назад, да зьлезлай амаль на вуха заколкі, яе стары швэдар, у якім можна было б хадзіць хіба на лецішчы, яе акуляры, пад якімі зь нянавісьцю часта паміргвалі падсьлепаватыя вочы, яе рукі, якія яна то сплятала, то расплятала – з хуткасьцю пэрсанажа нямога кіно. Так, галава яе была забінтаваная, і белы бінт так і кідаўся ў вочы, бо быў, відавочна, самым чыстым, што трымала на сабе яе цела. Але й бінт Вераніку раздражняў: неяк надта ганарыста яна яго выстаўляла, нібыта сувала прысутным у нос: зірніце, панюхайце, вось. На зьяўленьне ў залі Веранікі жанчына адрэагавала насьцярожаным позіркам і ўсё мацней упівалася ў Вераніку вачыма, па меры таго, як Вераніка набліжалася. Напэўна, яна спадзявалася зьбянтэжыць Вераніку. “Якія сьведкі?” – прамовіла яна, і бляклага голасу яе было амаль не чуваць у залі, а можа, яна нічога й не казала, толькі адкрыла рот, у якім чарнелі між зубоў жахлівыя прагаліны. А вось якія, злосна адказала ёй позіркам на позірк Вераніка ды распрастала плечы: маладыя, упэўненыя ў сабе, ладныя, здаровыя ды справядлівыя, у новай летняй сукенцы ды толькі што з цырульні. Сьведкі з будучыняй за плячыма. Гаспадары, якім вы пакінулі такі загаджаны сьвет.
Амаль насупраць яе сядзеў той самы малады салдат, і Вераніка адразу ж зразумела, чаму Ларыса, якая жаўнерыка ўжо бачыла, прасякнулася да небаракі такімі мацярынскімі пачуцьцямі. Галава ягоная была пастрыжаная так коратка, што яе й праўда хацелася пакласьці сабе на калені ды пяшчотна гладзіць гэты кранальны вожык. Вялікія блакітныя вочы глядзелі жаласьліва ды неўразумела, ды што там казаць: гэта былі вочы падлетка, які шчыра не разумее, навошта яго трымаюць тут, калі за акном, закратаваным, нібы напамін, цьвіце лета, і музыка чуецца з парку, і лётаюць карусэлі – да сонца й назад, і дзяўчаты носяць такія кароткія спадніцы, і на асфальт крапае марозіва, і на сіняй рацэ белыя катамараны... Ён быў апрануты ў касьцюм, але было відаць, што гэткая вопратка яму цісьне, што звыкся ён насіць майкі ды шорты, і нават формы яму не знайшлі па росьце, такім прагным да свабоды было ягонае цела. Вейкі доўгія, прыгожыя, вусны такога малінавага, сакавітага адценьня, якое бывае толькі ў людзей паўнакроўных і дваццацігадовых.
– Такім чынам, вы ў той дзень і менавіта а шаснаццатай сорак праходзілі міма месца здарэньня? – строгім голасам, у якім, аднак, угадваліся знаёмыя лісьлівыя ноткі, спытаў Сухараў і зашамацеў паперамі.
Вераніка маўчала. Яна ведала, што трэба адказаць, і чамусьці маўчала. Сухараў зьдзіўлена падняў на яе вочы, і толькі тады голас Веранікі, нібы колы, якія ўсё ж адолелі ўзгорак, плаўна вымавіў на спуску:
– Так, праходзіла.
Сухараў выцер пот. Ён загаварыў пра нешта, а Вераніка раптам ясна ўявіла сабе той дзень, вузкую вуліцу ў кляновым сыропе ценяў, падземны пераход, і стос газэтаў на парапэце, і газэтны кіёск побач, і п’яную кампанію счэпленага паміж сабой друзу пад агароджай, і тралейбус, што ад’яжджае ад прыпынку, сьлепячы чужых пасажыраў зварачным зьзяньнем шыбаў. Салдата, які толькі што выйшаў з тралейбуса і ў два крокі апынуўся ля пераходу. Вочы ягоныя, відаць, абыякава сьлізганулі па назьве газэткі, што ляжала зьверху, а можа, па якім-небудзь з тых ідыёцкіх танных загалоўкаў, што так любяць фашысты, кшталту “Пакласці канец фальсыфікацыям!” або “Скажам не антынароднай уладзе!”. Ён зірнуў на гадзіньнік, ён сьпяшаўся, невядомае дзяўчо чакала яго недалёка ў сквэры, бесклапотна даядаючы марозіва, да канца звальненьня чатыры гадзіны, як шмат трэба пасьпець!.. Зрабіўшы на хаду заўвагу гэтай пажылой цётцы, ён проста заступіўся за сваё дзяўчо з марозівам, будучы тата, будучы муж, а пакуль што жаўнер, якому даверылі абараняць Радзіму... Але цётка не змаўчала, яна, відаць, ашчэрылася яму ўсьлед: “Зомбі! Паслугач рэжыму!”. І тады салдат ня вытрымаў, падняўся па прыступках назад, і патлумачыў цётцы, што мае поўнае права правесьці яе да бліжэйшага міліцэйскага аддзяленьня. І каб пацьвердзіць сур’ёзнасьць сваіх намераў, скінуў парачку фашыстоўскіх улётак на гарачы асфальт. Дзіцячы ўчынак, вось гэтага рабіць ня трэба было, трэба было ўсё рабіць па законе... Але ж хлопчыку насамрэч толькі дваццаць. Кроў зайграла, што ж тут няяснага... А цётка яшчэ й мацюгнулася. Яны гэта ўмеюць, яны ж толькі на выгляд такія ўсе інтэлігентныя, гэтыя прастытуткі-дэманстранткі... І тады салдат абразіўся. Не за сябе, відаць, за гонар свой вайсковы, і яшчэ за тую, якая так чакае яго ў сквэры. І распусьціў рукі. Але з кім не бывае? Вераніцы й самой часта хацелася мець мужчынскія кулакі, бо, як тут ні круці, ёсьць сытуацыі, дзе толькі з дапамогай складзеных разам пяці аргумэнтаў нешта можна давесьці. Натуральна, біць яе трэба было не ў жывот, гэта салдат перабраў. Па шыі, ці пад вока, каб пазначыць фашыстку, каб яна яшчэ доўга хадзіла па горадзе ці па лягеры, гэта ўжо як суд бы вырашыў, з доказам сваёй віны на ўласным гнюсным абліччы. Але ж не ў жывот. Ды толькі ўсе яны забываюць, што ў такім узросьце цяжка правільна ацаніць становішча, адмераць сілу ўдару... Вось яе брат, напрыклад, нават у свае гады так і не навучыўся. Вераніка прымружыла вочы. А тое, што цётка звалілася менавіта на край тратуару, дык гэта ўжо выпадак. Тут ужо зоркі вінаватыя, а зоркі проста так ня сьвецяць. Да агрэсіўных недаробкаў яны рэдка бываюць літасьцівыя... І да лепшых людзей таксама. У любым выпадку, салдат ніяк не заслугоўваў пакараньня. Яму яшчэ й праўда – жыць ды жыць, ня тое што гэтай... “пацярпелай”... Забіў бы яе, стала б адным фашыстам на сьвеце меней.
– Абвінавачаны зрабіў грамадзянцы Дохтуравай заўвагу, – прамовіла Вераніка, з выклікам зірнуўшы на цётку. – Яна кінулася да яго, трымаючы рукі перад сабой...
– Што б маглі значыць, па-вашаму, гэтыя выцягнутыя рукі?
– Ну, яна трымала іх так, нібы... Так, калі б яна намагалася абхапіць імі шыю абвінавачанага. І потым спатыкнулася ды ўпала тварам на тратуар.
Сухараў задаволена пазначыў нешта ў сваіх паперах і неўпрыкмет падміргнуў Вераніцы. Судзьдзя, той самы Лыкавец, які заўсёды, перад тым як зайсьці да Чэслава, зазіраў да Веранікі ды казаў у свае вусы абавязкова густое ды ўрачыстае “Вітаю Веранічку!”, тужліва зірнуў у вакно ды пакруціў тоўсты абручальны пярсьцёнак на пальцы.
– А ці чулі вы, як грамадзянка Дохтурава нецэнзурна лаялася ў адрас абвінавачанага?
– Так, – выдыхнула Вераніка, і зноў пасьля паўзы, падчас якой Сухараў усхвалявана падаўся наперад, нібы вырашыўшы яе ўшчыкнуць, а потым паўтарыла цьвёрда й гучна: “Так.”
– Ці не маглі б вы апісаць, якія менавіта словы скарыстоўвала грамадзянка Дохтурава?
Вераніка пачырванела. Яе пашкадавалі й перадалі ліст паперы, на якім яна ўпершыню ў сваім жыцьці вывела нерашучай рукой усё тое, што чула ў Сьвеце штодня. Яе праца прыдалася: паставіць сябе на месца цёткі, калі такіх вось пацыентаў за дзень па некалькі праходзіла міма яе вачэй у кабінэце адміністрацыі, было няцяжка. “Жанчына – акторка”, – прыгадала яна песьню Віктара Ветра, “Жанчына – акторка, жанчына, акторка, бывай да аўторка”, і ледзь не засьпявала сабе пад нос, вяртаючыся ў калідор.
“Дзіўныя такія пачуцьці”, – сказала яна задуменна, як усё яшчэ не астылая чэмпіёнка са сьцягам на мокрых плячах, і Ён задаволена паўабняў яе, тут жа, зрэшты, адхіснуўшыся: Вераніка зьбянтэжана застыла на месцы, як абарваная песьня, – ды Ён ужо не глядзеў на яе, прасоўваючы галаву ў залю. Гэта былі незвычайныя абдымкі, падумала Вераніка, гледзячы на сябе ў люстэрка. Так, незвычайныя. Быццам цябе ня могуць адляпіць. Аднак я ня веру, ня веру, ня веру. І буду змагацца.
Потым, у кавярні, яна ўсё цягнула мінэральную ваду й ніяк не магла наталіцца. Яна пайшла туды толькі ўпэўніўшыся, што і Ён ідзе сьледам, але Ён толькі выпіў за два прагныя глыткі сваю каву ды, пажартаваўшы пра нешта й пагладзіўшы Вераніку па шчацэ, зьбег. Усё было сапсавана самым прыкрым чынам, і нават адчуваньне таго, што зусім нядаўна Вераніка хаця б на крышачку аднавіла ў сьвеце справядлівасьць, не ратавала ад чорнага, горкага расчараваньня... Яна сядзела й з агідай старалася зачапіцца хаця б за нешта з таго, што казаў Сухараў – каб неяк зафіксаваць навакольле, надаць яму сэнс, не разгубіцца, не растварыцца канчаткова. Паблізу ўсаджвалася сьнедаць кампанія італьянцаў, усе як адзін падобныя да мафіёзі. Вераніка злавіла сябе на думцы, што ёй вельмі хочацца пабачыць цяпер салдата, якога яна выратавала ад няволі, паглядзець на яго, проста зірнуць, можа, гэта падзейнічала б на яе як супакаяльнае. Яна пачала ўглядацца ў твары астатніх наведнікаў. Людзі былі спрэс вясёлыя, добразычлівыя, яны відавочна ганарыліся тым, што могуць вось так схавацца ад сонца: з камфортам, без напругі, не зьмяняючы тону, не разразаючы стужкі на маленькай падарачнай упакоўцы шчасьця. Сухараў без супынку балбатаў, а потым нечакана прызначыў ёй на вечар спатканьне. Вераніка паморшчылася, нагадала яму пра свае прыёмныя гадзіны ў адміністрацыі й паднялася з-за стала, сама заплаціўшы за ваду, за Ягоную каву й за толькі што прынесеную падобнай да Фэміды афіцыянткай піццу.
***
Роў быў неглыбокі, але поўны пастак; усё ж неўзабаве Вераніка ўжо была на другім беразе. Яна прысела, абула чаравікі ды пачала выкручваць крысьсё плашча, адначасова паглядваючы ў пашчу лесу, які з гэтага боку, у засені драўляных сьценаў, выглядаў яшчэ больш варожым. На мапе, як ні дзіўна, тое месца, куды яна прыйшла, абазначанае не было. Толькі гушчар, халодныя цёмныя джунглі, у якіх пракладваў сабе шлях чарвячок яе гераіні. Ацэньваць перавагі гульні, аднак, часу не было, задачай нумар адзін зьяўлялася дасьледваньне гэтае маленькае драўлянае фартэцыі. Дзе ж тут у іх уваход? Вераніка паднялася на ногі, і тут вецьце па той бок рову здрыганулася, і адтуль вывалілася невядомая, пакрытая рудаватым пухам істота памерам з добрага каня. Стоячы на чатырох кароткіх лапах, гэты монстар пранізьліва крычаў, круцячы галавой; Вераніцы падалося, да яе нават далятала непрыемнае, з прысмакам тухляціны, рэха ягонага дыханьня. Крыкі нагадвалі птушыныя або малпіныя... Вераніка міжволі прыхінулася да сырой драўлянай сьцяны. Толькі яна паспрабавала разгледзець пачвару як сьлед, тая раптам ударыла па вадзе пярэдняй лапай, і Вераніку абдала з галавы да ног. Яна вылаялася, адчуваючы, як сьцякае за каўнер пякучы струмень, а монстар аглушальна ды радасна завішчаў. Пярэднія лапы монстра, пэўне, валодалі здольнасьцю станавіцца то карацейшымі, то даўжэйшымі, інакш як можна было патлумачыць, што гэтыя агідныя канечнасьці, якія толькі што стаялі на імху, увадначасьсе дасталі ажно да сярэдзіны рова... Вераніка махнула рукой у ягоным накірунку, і пачвары гэта відавочна не спадабалася. На гэты раз лапа амаль дацягнулася да берагу, на якім ціснулася да бярвенчатай сьцяны Вераніка, і ёй стала зразумела, што гэта яшчэ не мяжа для гэтага драпежніка. А скончыць сваю гульню вось так, па-дурному, ёй зусім не хацелася... “Гэй, ты, што я табе зрабіла?” – выгукнула яна й выставіла рукі далонямі наперад: можа, хаця б гэты жэст дасьць яму зразумець, што ён памыліўся ахвярай.
Пачвары, відаць, на гэта было напляваць. Наступны раз лапа дацягнулася амаль да ног Веранікі, і яна ўцяміла нарэшце, што яшчэ адна такая атака – і гульня для яе скончыцца. Крыўдна было б пакідаць яе, столькі перажыўшы. Яна заўважыла, што кіпцюры на лапе ня сьведчаць пра міралюбнасьць прыхадня, хутчэй наадварот: адзін дотык такой лапай, і кампутар можна будзе выключаць. І Вераніка пабегла ўздоўж сьцяны. Адначасова яна намагалася неяк вызначыць, да якога племені належыць яе перасьледнік, які не марудзячы пабег за ёй уздоўж супрацьлеглага берагу. Ростам пачвара й праўда была з добрага каня, пысаю нагадвала нейкага інсэкта, целам – лысага мядзьведзя... Ззаду выгінаўся малпін хвост. Панапрыдумляюць жа... Агромністыя вочы монстра пільна сачылі за Веранікай, і не было ў іх ні шкадаваньня, ні хітрасьці, толькі нянавісьць, чыстая, атрутная, без дамешкаў. Урэшце Вераніка ўпала ў быццам бы пакусаную кімсьці траву ды папаўзла, пачвара зноў пераможна заенчыла ды таксама запаволіла хаду. “Ну, усё”, – Вераніка намацала кубак з матэ й з прыкрасьцю адкінулася да сьпінкі крэсла. Маці нешта сказала, праходзячы міма яе пакою, і Вераніка таксама нешта буркнула ў адказ. Падобна на тое, што маці гэтага хапіла.
Яна адкінула ад сябе мыш, як зламаную шпагу. Будзь што будзе. Улада, калісьці так прыгожа ёю змайстраваная, імкліва страчвала клапатліва прыдбаныя пункты. Монстр спыніўся і колькі сэкундаў глядзеў на павержаную Вераніку, а потым паволі, быццам смакуючы свой посьпех, пацягнуў да яе сьмертаносную лапу. Вераніцы хацелася заплюшчыць вочы, але ж жаданьне паглядзець на ўласную сьмерць перамагло. Лапа была ўжо каля самага яе твару, калі да яе проста з вышыні агароджы кінуўся з маланкавай хуткасьцю жалезны, доўгі, загостраны на канцы крук ды ўпіўся ў рудаватую скуру драпежніка. Дзікунскі крык разарваў лес. Нібыта яго нават асьвяціла чароўная, блізкая ўспышка. Зьвер хацеў падабраць пад сябе параненую лапу, але марна: крук ухапіўся так моцна, што зараз, здавалася, падцягне пачвару да самае сьцяны. Монстар супраціўляўся, як мог, і ўсё ж вырваўся. Каля твару Веранікі засталася лужына яркай кампутарнай крыві. Скуголячы й кульгаючы, драпежнік зьнік у кустоўі. Вераніка з інтарэсам узьняла галаву.
На агароджы стаяў, трымаючыся адной рукой за парэнчы, малады сьветлавалосы чалавек зь ненатуральна блакітнымі вачыма. Ён быў высокі, значна вышэйшы за Вераніку, ды шыракаплечы, нібы статуя; у сваёй шэрай уніформе, перацягнуты рамянямі, ён, трэба прызнацца, рабіў моцнае ўражаньне. Твар збаўцы не выяўляў нічога асаблівага. Ён падняў крук ды выцер яго канец аб мокрае бярвеньне. Тое, як спрытна гэта ў яго атрымалася з доўгім і цяжкім крукам, казала пра не абы-якую сілу.
– Я – Лекс, – сказаў ён нарэшце, гледзячы кудысьці ўбок. – Рады гасьцям.
Магчыма, Вераніцы здалося, але ў голасе збаўцы яна адчула нешта падобнае да нецярпеньня.
– Улада, – прамовіла стомлена Вераніка й цяжка паднялася з травы. – Дзякуй за дапамогу. Вельмі своечасова.
– Там, трохі далей наперад – брама, – спакойна сказаў Лекс і зьнік.
Вераніка йшла даволі доўга, ніякай брамы не знаходзіла й ледзь не адскочыла проста ў роў, калі сьцяна раптам заскрыгатала ды пачала адчыняцца. Лекс упусьціў яе на тэрыторыю сваёй крэпасьці і, пільна зірнуўшы на прыціхлы лес, зачыніў браму ды павёў Вераніку да будынкаў. Яна ведала, што трэба нешта сказаць, але Лекс не выяўляў жаданьня гутарыць.
– Хто гэта быў? – спытала яна, ледзь пасьпяваючы за ягоным шырокім крокам.
– Ірлісы, – сказаў Лекс абыякава, – Дробныя гады. Раней іх было шмат, але я прымаю меры. Даўно яны не падыходзілі так блізка. Відаць, сачылі за табой здалёк, і толькі калі пераканаліся, што ты йдзеш сюды, напалі...
– А што, ён быў не адзін?
– Яны ня ходзяць паасобку. Толькі зграямі. Калісьці, можа, і хадзілі. Але потым я пабудаваў свой Дом, і больш яны ня ходзяць. Баяцца.
Ён сказаў гэта з гордасьцю. Пасьля кароткага абеду ў цэнтральнай вежы Вераніка заўважыла, што з ахвотаю Лекс гаворыць толькі пра сваю крэпасьць. Яны выпілі нешта, настоенае на зёлках, Лекс дастаў з шафы доўгі блішчасты футарал і стаў не сьпяшаючыся адкрываць шматлікія накрыўкі. Вераніка з інтарэсам азіралася вакол. Гэты пакой на самай вершаліне нагадваў бібліятэку. Натуральна, яна адпавядала духу гульні: кнігі тут стаялі старажытныя, ня кнігі, а сапраўдныя фаліянты ў скураных вокладках, а яшчэ больш было сувояў, падперазаных чымсьці падобным да хіпоўскіх фенечак.
– Ты за ўсім тут даглядаеш адзін? – спытала Вераніка, з павагай разглядваючы незнаёмыя літары.
– Быў памочнік, зь мясцовых, ды сплыў... Дарэчы, здымі чаравікі, – сказаў Лекс, скасавурыўшыся на ногі Веранікі. – Тут такі закон. У абутку магу хадзіць толькі я.
– Цікава, – прамовіла Вераніка з выклікам, зірнуўшы на вайсковыя боты гаспадара. – І хто ж увёў такі закон?
– Я, – Лекс шчоўкнуў нечым і ўзяў са стала фуражку. – Хадзем.
Вераніка паглядзела на яго з усьмешкай, але вочы Лекса былі непранікальна-халодныя. Яна паціснула плячыма, скінула чаравікі й, паколькі Лекс нічога не прадпрымаў, паставіла іх ля шафы.
Яны спусьціліся ўніз, Лекс, бразгаючы ключамі, адчыніў дзьверы, за якімі віднелася лесьвіца, што вяла пад зямлю. Ён прапусьціў Вераніку наперад і толькі потым зайшоў сам. Яна апынулася ў цёмным калідоры, з нэрвовым сьмяшком азірнулася, і тут Лекс уключыў сьвятло.
Вераніка стаяла перад доўгім радам клетак, тоўстыя пруты раз-пораз парыпвалі. Яна з жахам глядзела, як унутры, відаць, перапалоханыя сьвятлом, з жахам ціснуліся да сьценак самыя разнастайныя істоты. Тут былі і ўжо знаёмыя ёй ірлісы розных памераў, ад гіганцкіх, як паваленыя дрэвы (ім было відавочна цесна пад нізкай столяй), і зусім маленькія, лапы якіх бездапаможна скарачаліся, і напаўзасохлыя без вады дэндрыты, і падгнілыя, але яшчэ жывыя вярблюдазьмеі, і мноства іншай жыўнасьці, што пазірала на Вераніку вільготнымі ды асьлеплымі ад страху вачамі. Як загіпнатызаваная, Вераніка ішла ўздоўж бясконцага шэрагу клетак, і ззаду ў такт яе крокам чуўся халодны постук ботаў Лекса. І ў перадапошняй клетцы яе напаткаў найжахлівейшы сюрпрыз. Там, узяўшыся за рукі й прыціснуўшыся адно да аднаго, сядзелі ў кутку тры згорбленыя гномы. Адзін зь іх быў выліты Ольда: у Веранікі нават заняло дыханьне.
– Але чаму яны... – яна не дагаварыла, зь неўразуменьнем і недаверам павярнуўшыся да Лекса.
– Яны злачынцы, – каменным голасам адказаў Лекс, і вочы ягоныя сьвяціліся ад задавальненьня.
– Ну калі нават і так... – Вераніка падыйшла да клеткі з гномамі. – Яны ж хутка памруць...
Лекс паляпаў сябе па боце футаралам і пакрыўджана хмыкнуў:
– Ну і што? Туды ім і дарога. Гэта ж проста кампутар. Гульня.
Ён сам ішоў на парушэньне правілаў, у гэтай гульні не рэкамэндавалася ўзгадваць пра рэальнасьць уголас. І Вераніка нагадала яму пра гэта. Лекс нічога не адказаў, пагрукаў трохі па сьценцы, і гэтыя мерныя гукі надалі й без таго жудаснаму калідору яшчэ больш змрочнасьці. Яна ўжо наважылася сказаць Лексу што-небудзь зьдзеклівае, калі ён раптам павярнуўся на абцасах да клетак і зароў:
– Служыць!
І па гэтай пранізьлівай камандзе ўсе палонныя Лексавай турмы адначасова ўпалі на падлогу: пляснуліся на бруха ірлісы, і падкасіліся капыты ў вярблюдазьмеяў, і як сьпілаваныя паваліліся на пруты дэндрыты, і пакаціліся, стукнуўшыся аб сьцяну, шаразубы, і гномы, расчапіўшыся, бухнуліся на калені. Лекс засьмяяўся і дастаў з футарала ашчэраную пугу. “Проста гульня”, – паўтарыў ён і махнуў пугаю над галавой, Вераніка адхіснулася й закрыла твар рукамі. Ад яе сьвісту ў яе на нейкі момант заклала вушы. Потым Лекс задаволена сьвіснуў пугай неяк па-іншаму, і зьняволеныя зноў заварушыліся.
– Спадарыня, – раптам пачула Вераніка, – спадарыня, ці няма ў вас часам кропелькі вады ў далоні?
Яна адплюшчыла вочы: на яе глядзеў, з усяе моцы намагаючыся не губляць пачуцьця ўласнае годнасьці, адзін з гномаў. Двое іншых згодна заківалі галовамі.
– Няўжо нельга іх напаіць? – спытала Вераніка, баючыся глядзець на Лекса. Той усьміхнуўся, прайшоў у канец калідора й вярнуўся з гліняным кубкам. Вераніка выхапіла яго зь Лексавых рук і пасьпешліва прасунула праз пруты. Гном прагна прыпаў да кубка. Астатнія глядзелі на яго, цярпліва чакаючы.
– Ну вось, вось, – таропка загаварыла Вераніка, – вось...
Гном прысёрбваў ад задавальненьня, а потым неяк непрыкметна абмяк і са страшнай грымасай на твары ўпаў проста на пруты. Маленькае ягонае цела курчылася, тоўстыя пальцы хапалі пустэчу. Потым з рота ў яго пайшла пена. Вераніка не адрываючыся глядзела, як гном закаціў вочы ды споўз па прутох на салому.
– Цырыкурын, – сказаў Лекс горда. – Або жыламор. Добрая атрута. Вельмі пакутлівы канец.
Вераніка адступіла да сьцяны.
– Такім чынам, – пракрычаў Лекс, – цяпер Падарункі будзе рабіць і гэты чалавек. Гэта жанчына. Імя чалавека – Улада.
– Я? – Вераніка паволі пачала адыходзіць да лесьвіцы.
– Ты дурніца, ты сама не разумееш свайго шчасьця, гэта твой шанец – шапнуў ёй Лекс, – я так доўга цябе чакаў, – ды зноў пракрычаў сваім адладжаным, мэталёвым голасам:
– А цяпер я пакажу вам тое, што даўно абяцаў.
Вераніка тым часам не магла адвесьці вачэй ад мёртвага гнома. Адно толькі гэта й замінала ёй бегчы. Яна ступала марудна, бы стаяла сярод багны, і кожны раз спатыкалася аб які-небудзь выступ. Але варта ёй было нарэшце разьвярнуцца, як пуга, нібыта лапа шалёнага ірліса, зьбіла яе з ног. Яна ляжала ніцма і адна з саломінак лезла ёй у вочы, як жывая. Лекс нахіліўся над ёй і падняў плашч, а потым паставіў Вераніку перад сабой зручней. І Вераніка з кубкам матэ ў руцэ ня верачы сваім вачам глядзела, як у адну з адтулін яе зымітаванага на маніторы цела, адтуліну, якая, як ні дзіва, апынулася менавіта там, дзе трэба, уваходзіць доўгі, колеру слановае косткі, просты й бязьлітасны, прагны й несумненны... ён, мусіць, нешта зьмяняў у наладках... і не спыняючыся ні на імгненьне... і ня церпячы пярэчаньняў... і так глыбока... да нутра... да кропкі.
***
Ён, гэты лысы цыркун у плястмасавых акулярах, русский художник, спытаў у мяне пра тое, чым я тут займаюся. Я стаяў і разглядваў ягоныя карціны, гэтую абстракцыянісцкую крэмзаніну, якая зноў увайшла ў моду, і зьверху крапала, я разглядваў іх моўчкі, і мая аўра прамокла, нібы парасон. Ён прымаў тутэйшых жыхароў за ідыётаў. Яму падавалася, што яны толькі й чакаюць, каб ён прыехаў і выціснуў пару кропляў фарбы. Ён думаў, што калі я выхоўваўся на ягонай мове, то ён мае права спытаць, чым я тут займаюся. І тады я, як заўсёды, вырашыў уцячы. Мяне ажно трэсла, калі я ўяўляў, што разьвітаюся зь ім ці адкажу што-небудзь. Я глядзеў на пунсовыя разводы на жоўтых кубах, і мой мачавы пухір роспачна спаражняўся – таму што маё цела даходзіла да вар’яцтва ад бясьсільля, яно ня ведала, як змагацца далей зь недахопам магутнасьці. Так, я быў бясьсільны нешта зьмяніць, стоячы ў гэтым тунэлі, дзе прадавалі скарыстаныя фарбы й запэцканыя палотны. Гэтая бясьсільнасць, ад яе я й памру. Ад злобы, што не магу зьнішчыць некаторыя рэчы адным узмахам рукі. Сам ён называў сябе мастаком. Ня ведаю, ня ведаю... Мы пра кожнага, хто выходзіць з будынку вакзалу, думаем, што ён пасажыр або некага праводзіць. У горадзе, які я пакінуў, я часта езьдзіў на вакзал проста так. Мне там падабалася. Я чытаў таблё, як кнігу. Я мог гадзінамі стаяць на плятформе. Цягнікі пазнавалі мяне ў твар. А людзі навокал думалі, што ў мяне ў кішэні квіток. Ці што я кагось сустракаю. Ён спытаў у мяне, чым я тут займаюся... І яшчэ ён быў упэўнены, што калі ён адкрые тубік з фарбай і намажа ёй палатно, то яму за гэта мусяць даваць грошы. Ён спытаў у мяне...
“Сраць я хацеў на сьмерць” – так назвалася ягоная так званая карціна, якая стаяла да мяне найбліжэй. Я паглядзеў на художника – цікава, ад чаго ён памрэ. Ад чаго можна памерці, ня маючы да сьмерці павагі. Не, я, натуральна, далёкі ад таго, што прапаноўваў расейскі паэт дзевятнаццатага стагодзьдзя Жукоўскі. Той вельмі хацеў удасканаліць сьвет. І пачаць ён вырашыў са сьмерці, ператварыўшы яе ў рэлігійнае таемства. Згодна зь ягонымі ідэямі, вешаць злачынцаў добра было б у адмысловых будынках кшталту цэркваў, пад урачыстыя сьпевы хору, сьцены ўпрыгожаныя кветкамі, гараць цэлыя гронкі васковак, агульная атмасфэра ўзвышана-натхняльная. Такія ўмовы, паводле Жукоўскага, мусілі настроіць асуджанага на ўсьведамленьне сваёй пачэснай місіі й перашкодзіць яму гарэзьнічаць, граць на публіку й зьдзеквацца з катаў, прыніжаючы тым самым веліч сьмерці.
Усё гэта вельмі цікава, вельмі, калі толькі не прымаць у разьлік, што за словамі “Сраць я хацеў на сьмерць” стаяць звычайныя грошы. Тое, пры згадваньні чаго сьмерць гамэрычна рагоча.
***
Мой асноўны занятак тут – езьдзіць на цягніках Intercity Express. Мая мара доўга шукала сабе ўвасабленьне, а высьветлілася, што ёй усяго толькі трэба перамахнуць празь мяжу. Яна ідэальна ўмясьцілася ў гэтых белых сымпатычных зьмеях, ад якіх у чалавека, што застаецца на плятформе й пазірае ім усьлед, узьнікае адчуваньне, быццам яго пазбавілі чагосьці важнага, магчыма, такога, чаго больш яму не наканавана здабыць. І ён ідзе ў бар выпіць піва і нават кідае пару манэтаў аглухлым ад дажджу музыкам – я бачу гэтага небараку, ён па той бок тэлеэкрану, ён таропка зрывае зь мяне маю скуру, вяртае тое, што належала яму, тое, што скрадзенае часам.
Сустрэчны цягнік пралятае міма, белая бура за нерухомым акном, і потым – толькі выпнуты азадак, які са сьвістам уцягвае ў сябе гэтая важкая сэкунда. Выкшталцоная дуэль правадоў за акном, яны наскокваюць адзін на аднаго, сплятаюцца, пераплятаюцца, абганяюць, бягуць навыперадкі, і потым шэрая паласа неба адкідвае іх у бакі, так далёка, што яны самі губляюць свае слупы й потым нейкі час шукаюць, дзе чый... Ветравыя генэратары, што па-донкіхотаўску машуць сваімі рукамі ў белую ды чырвоную палоску, нібы зьдзекуючыся з усіх памежных слупоў на сьвеце. Цацачныя каровы, замерлыя на зялёным аксаміце краіны, што пралятае міма. Ёй няма справы, куды ты едзеш, і я дзякую ёй за гэта.
“Ты мусіш вандраваць”, – сказала мне тая маленькая бэрлінка, – “Ты мусіш пабываць паўсюль, дзе толькі зможаш, ты мусіш паглядзець на вялікія й малыя гарады, мусіш пабачыць горы й моры, мусіш быць свабодным, мусіш зрабіць усё, што мог бы зрабіць, і яшчэ больш. Я ведаю, ты шмат можаш дасягнуць. І забудзь пра будзільнікі, чуеш, назаўсёды забудзь пра будзільнікі!.. Ты мусіш уцякаць адтуль, а інакш ты загінеш. І мне – асабіста мне – будзе трошкі шкада”.
“Так, так,” – ківаў я пад цяжарам прыемных мадальных дзеясловаў, – “Я мушу, я хачу гэтага...”. Але ў вачох маіх, відаць, было мала радасьці, бо яна зазірала мне ў твар:
– Можа быць, ты ня хочаш?
І як мне было патлумачыць ёй, што спачатку я мушу навучыцца радавацца, навучыцца не саромецца таго, што нас вучаць са страхам і агідай называць “я сам”. Стукай па дрэве, стукай.
Калі б я застаўся на радзіме, я даўно скончыў бы жыцьцё самагубствам. Як пошла гэта гучыць. Чым давесьці, што я не какетнічаю? Зьдзейсьніць самагубства ў вас на вачох мне замінае толькі тое, што ў мёртвых кепскі почырк. Неразборлівы. А я, жывучы тут, маю як ніколі вялікую патрэбу ў выразнасьці і яснасьці. Я абавязкова забіў бы сябе, калі б застаўся. Нават нягледзячы на тое, што ўзровень сератаніна ў маім мозгу і 5-гідраксііндалеацэтынавай кіслаты ў сьпіннамазгавой вадкасьці заўжды быў у норме (я чуў, менавіта іх колькасьць фатальным чынам уплывае на самагубцаў). Я забіў бы сябе, бо гэта было б лягічна. Але тут, як у казцы, зьявілася яна. Інтурыстка, як кажа мая бабуля.
Яна выглядала побач са мной як упэўненая кропка побач з разубленым, хісткім клічнікам, яна... А цяпер яна наступае мне нагу, каб я замаўчаў, я абяцаў нікому нічога пра яе не распавядаць, і таму хутчэй, хутчэй, пакуль яна не заціснула мне рот, гэтая маленькая сьмяшлівая бэрлінка зь лісіным тварам і далонямі, якія пахнуць кавай.
Яны заўжды будуць для мяне пахнуць кавай. Таму што ўсё пачалося з кавы. Там, у маім родным горадзе, некалькі гадоў таму. “Ня хочаш пазнаёміцца з замежнікамі? Заўтра ў Таварыстве інтэрнацыянальнай дружбы...” Замежнікі былі для мяне тады як марсіяне. Мяне з кімсьці зблыталі; ёй нехта сказаў, што я разумею яе мову, і вось яна пытаецца ў мяне пра нешта, вакол людзі, людзі, мы зь ёй сядзім моўчкі, прыціснутыя сталом да самай сьцяны, і можна было ўжо тады ўцяміць, што нам зь ёй нікуды не падзецца адно ад аднаго, выйсьці з-за стала можна было толькі нырнуўшы пад яго; ніхто не зьвяртае на нас увагі, і Р. крычыць гучней за ўсіх. Я пакутліва разважаю, што адказаць ёй, разважаю, ня ведаючы, што яна спытала. Два кароткіх словы, якое зь іх абраць? “Не,” – кажу я даволі ўпэўнена, – “Не”. Відаць, я абраў “не” выключна з пачуцьця прыхаванага пратэсту супраць Бабілёнскай вежы. А мог бы сказаць “так”, і тады б не было нічога, ні гэтага паўночнага гораду, ні самой гэтай вежы, ні цягнікоў ІСЕ, ні мяне, ні яе.
Такім чынам, я сказаў: “Не”, і яна засьмяялася, а потым паўтарыла сваё пытаньне, і зноў я нічога не зразумеў. “Не?” – засьмяялася яна гучней, і пагрукала лыжачкай аб філіжанку, так ёй было весела. “Не”, – стаяў я на сваім. Чаму ж мне, дурню, не было проста сказаць ёй, што я яе не разумею. Яна перастала сьмяяцца й задумліва зірнула на дзьверы. Там стаяў Франк, яе калега, і нецярпліва махаў рукой, клічучы да сябе. Яна проста прасіла мяне падняцца зь месца, каб яна змагла выйсьці. Вось і ўсё. Яна ўсьміхнулася й зноў нешта сказала. Гэта была ня тая мова, якой нас вучылі ў школе. “Не”, – паўтарыў я на гэты раз упэўнена й смурна, замест таго каб праваліцца скрозь зямлю. “Не”. І тады яна ўпершыню паглядзела мне ў вочы.
Яна выйшла, я сядзеў і чырванеў, мне так хацелася, каб яна больш не вярталася. Але яна вярнулася, і зноў, нешта пераключыўшы кароткім кашлем у сваіх грудзёх, стала задаваць мне пытаньні, цяпер ясныя і ў той жа час складаныя. На іх нельга было адказаць “не” або “так”.
Дзіўна, я адчуў ужо тады, што колькі б улады ні было ў Веранікі, у гэтай бэрлінкі яе нашмат больш: адным узмахам сваёй кафейнай лыжачкі яна магла зьмяніць маё жыцьцё. І я стаў гаварыць, я гаварыў так таропка, нібы паміж намі зараз маглі ўзьвесьці бэрлінскі мур, я так баяўся не пасьпець, не сказаць ёй усяго. Урэшце я спыніўся, зьнясілены, нібы пасьля зваротнага пераўтварэньня ў чалавека. Яна памаўчала трохі, а потым сказала: “Я дапамагу табе”, і зьнікла.
Праз паўгады, страшныя паўгады, калі мне штоночы здавалася, што я не дажыву да раніцы, яна напісала мне ліст. Яшчэ празь месяц я прыехаў да яе, а яшчэ праз тры месяцы Франк, адзіны разумны чалавек сярод нас, вярнуўся ў сваю кватэру на Нэстарштрасэ.
Ты мяне зараз задушыш.
***
У той дзень, калі я, яшчэ не зусім адвучаны ад грудзей правадніцы, выйшаў на пэрон таго падазрона пустога вакзалу й некалькі хвілінаў змагаўся з жаданьнем заскочыць назад і прывязаць сябе да дзьвярэй купэ, мне здавалася, што я больш ніколі ня ўбачу Вераніку. І вось праз паўтара года я атрымаў ад яе поўны нязначных навінаў і пустых усьмешак ліст. Да яго яшчэ было нешта прымацаванае, але я проста захаваў гэта ды перайшоў да іншае карэспандэнцыі. Пагатоў там было што пачытаць. Лідэры супраціву ўпэўнена казалі пра тое, што зьбяруць на плошчы сто тысяч – як па мне, дык у гэтым адчуваўся пэўны пэсымізм, нягледзячы на лічбу, якая гарэла рашучым сінім полымем, – бо месяц таму яны абяцалі сабраць дзьвесьце. У лягеры ўжо сядзеў мой блізкі знаёмы Я., і гэта было гэтаксама, як захварэць і ў апошнюю хвіліну здаць квіток на самалёт, які праз гадзіну палёту ўпаў у акіян. Затое адтуль нейкім чынам уцёк адзін зусім яшчэ юнак з нашых, дзе ён цяпер – ня ведалі нават самыя абазнаныя мае прыяцелі. Сябры незарэгістраванай арганізацыі “Мсьціўцы” выступілі з заявай, у якой зрабілі другое папярэджаньне ўраду й высунулі новыя патрабаваньні, пры невыкананьні якіх пагражалі перайсьці да вымушанага тэрору. Я чытаў усё гэта, і за сяброўскім тонам лістоў ясна чуў раздражнёнае бурчэньне. Ім – тым, хто яшчэ нядаўна ставіў мяне ў прыклад – здавалася, што ёсьць нешта больш важнае за цягнікі ІСЕ, што езьдзіць на іх ад Альпаў да Паўночнага мора й назад, замест таго каб гуляць у валейбол у лягеры й даваць інтэрвію замежным журналістам, – здрада. Я выпіў пасьля гэтага зашмат грапы й заснуў з пультам ад тэлевізара ў руках.
Прымацаваны да ліста Веранікі дакумэнт я адкрыў толькі праз два дні. Ён аказаўся пусты, проста белы ліст, я спачатку зьдзівіўся такім пераменам у ёй, ніколі ня думаў, што Вераніка адкрые ў сабе схільнасьць да такіх пэрформансаў. І толькі потым на гэтай шматзначнай пустаце праступіў, як патаемнае пасланьне пад сьвятлом лямпы, яе фатаздымак. Вераніка прамяніста ўсьміхалася. Гэта было нейкае радыяцыйнае выпраменьваньне. Яна зірнула за маю сьпіну, і з таго часу я не магу пазбавіцца адчуваньня, што й тут – і тут, дзе мець лёд замест сьпірту ня лічыцца грахом – за мной сочыць нехта, каму я забыў сплаціць даўгі.
Манаманія Эгея апанавала мяне, і цела Веранікі рассыпалася па падлозе старога дому, дзе я жыў, разьляцелася на бліскучыя часткі, крышталёвы пазл, мазаіка водараў, шматочкі скуры, калекцыя мядзяных успамінаў – не раўнуючы зубы колеру слановай косткі, што выпалі з разьбітага куфэрачка пахаванай Эгеевай нявесты.
***
Пакуль ён адчыняў дзьверы й потым доўга вяртаў іх на месца, Вераніка была для яго ўсяго толькі цёмнай плямаю за сталом, бястварым манэкенам у чорным касьцюме, з-пад пахаў якога лезла ў кабінэт сонца. Ён сеў і нецярпліва расклаў перад ёй паперы, заўважыўшы мімаходзь, як нырнулі ў туфлі маленькія ногі з малінавым лакам на пазногцях; адкашляўся, гледзячы ўбок. Ён ня вельмі верыў у посьпех. “Жвалевіч” – прачытала Вераніка, – “Я, Жвалевіч М.Я., ...”. Яна падняла галаву: ад наведніка, маладога яшчэ, падазронага выгляду чалавека, бясспрэчна патыхала танным віном. Міжволі яна пасунула трохі да сябе манітор – ці мала што ў гэтага Жвалевіча наўме. І нічога ж ня зробіш: ня будзе ж міліцыянэр унізе правяраць кожнага, хто завітвае ў адміністрацыю. Яна нахмурылася ды адклала заяву:
– Так, таварыш Жвалевіч. Працьверазееце – прыходзьце. Тады й будзем разглядаць ваш запыт.
Наведнік пакрыўджана дастаў з рота тоўсты ком гумкі ды паклаў локці на стол. Але было відаць, што да такога павароту ён быў гатовы.
– Я цьвярозы як шкло... Што гэта вы? За каго мяне?.. Пастойце, пастойце...
Жвалевіч нахіліўся над сталом ды потым гістэрычна зарагатаў, адкінуўшыся ў крэсьле:
– А я чую, знаёмы голас! Пастой, пастойце... Ды як жа цябе звалі? Ты ж Вераніка!
Вераніка пачырванела ад нечаканасьці, невядомы Жвалевіч, які сядзеў цяпер у вольнай, свойскай такой позе, тым часам выцер сьлёзы й задаволена грукнуў запясьцем аб сьпінку крэсла. І тады яна раптам усё ўзгадала: гэты заўсёды зьнянацку абрынуты на яе галаву боль, і ягонае рэха ў каранях валасоў, і сьлёзы, якія, як яна ня стрымлівалася, абавязкова праступалі ў вачох... І спакойны, разважліва-зьдзіўлены твар ззаду. А прайшло ж ня так шмат часу.
Перад ёй сядзеў, усё яшчэ шчэрачыся, але ўжо паступова набываючы больш пачцівы выраз твару, пакамечаны бязладным жыцьцём (дрэнная нерэгулярная ежа, адсутнасьць жаночае пяшчоты, танны няякасны алькаголь, набор кепскіх звычак і, адпаведна, запаволеных, непрыстойных, дробных хваробаў) аднагодак. На аднагодка ён, натуральна, ужо не цягнуў: так, напаўмужчынка, такому б жанчыну, катлеты на пары ды бясплатную пуцёўку ў санаторый. А валасы Веранікі ўсё памяталі, і зьвінелі цяпер па-камарынаму, і дарэмна Вераніка варушыла паперы на стале, каб заглушыць гэты злапамятны, зласьлівы ціск. Нарэшце яна шырока, але неяк крывавата ўсьміхнулася:
– Прывітаньне.
Жвалевіч супакоена выцягнуў ногі ды закінуў руку за галаву. Ён ня зводзіў зь Веранікі летуценнага позірку, і ёй падалося, што Жвалевіч цяпер з асалодай успамінае першы курс і свае амаль штодзённыя практыкаваньні. Каб адцягнуць яго ад прыемных згадак, яна прапанавала яму кавы – ён не адмовіўся.
– Ну, і што чуваць там пра нашых? – спытала яна без інтарэсу, расколваючы лыжачкай скамянелы цукар.
– А што чуваць? Нічога, нармалёва ўсё... Адзін, як жа гэта яго, у фашысты падаўся... Але гэта табе лепей ведаць... Кулакоўская – ты ж зь ёй, здаецца... Дык вось, Кулакоўская ўжо маці-гераіня... Я, па шчырасьці, ні з кім асабліва... Ты лепш пра сябе. Хаця чаго там... Бачу, бачу... Паднялася. Не баішся, дарэчы? Фашыстоўскай помсты? Хаця за такія грошы і я б ні бога ні чорта не баяўся б...
– А ты? Ты як? – сказала Вераніка пасьля няёмкае паўзы, узіраючыся ў экран манітора, пакуль Жвалевіч з бачнай радасьцю адсёрбваў з філіжанкі распушчальную каву.
– А што я? Жыву, – сказаў Жвалевіч неяк стомлена. – Не жаніўся. Дзяцей няма. З працы выперлі. У піянэрлягеры на палову стаўкі, псыхолягам... А там надта шмат псыхаў на аднаго псыхоляга. Такія справы... Вас жа, дзевак, толькі гэта й цікавіць? Добра! Я ж, Веранічка, сюды ня проста так прыйшоў...
Ён, відаць, яшчэ раз пракруціў у галаве падрабязнасьці нечаканай сустрэчы й зноў усьміхнуўся.
– Не, ну пашанцавала ж... Я з ранку адчуваў, не, ну праўда, дупай адчуваў: сёньня мусіць пашанцаваць!
Ён з грукатам паставіў на стол кубак і перахіліўся праз стол да Веранікі:
– Не магу больш. Кватэру трэба. З маці жыву, а яна сама хату здымае... А яна што, яна можа, заўтра, памрэ... Куды дзявацца? А мне пара асабістае жыцьцё наладжваць... Як жа яго без жылплошчы наладзіш? Скажы ты мне, Веранічка...
Напэўна, у гэты момант Жвалевіч якраз уключаў нейкія свае мужчынскія чары – прынамсі, рука яго легла на Веранічыну, і ў вачах загарэўся галодны каціны вагонь. Вераніка прыбрала руку, і ён прамовіў жаласьліва:
– А я ж цябе тады, на першым курсе, я ж цябе... Я ж закаханы ў цябе быў... Ну, ды ты ведала. Не магла ня ведаць.
– Ну добра. А што ж ты ў нашым аддзеле робіш, з гэтым сваім кватэрным пытаньнем?
Жвалевіч уздыхнуў, залез у сваю недаканапачаную ракавіну: думаў, яму пагрукаюць. Але Вераніка ня зводзіла зь яго зацікаўленага, спакойнага позірку. І ён вылез, сеў на стол і зашаптаў, гучна, горача, горка:
– У нашым доме, на першым паверсе, мужык адзін жыве. Такі сабе ціхмяны мужычок. Дык вось я дакладна ведаю. Не, ты паслухай: дакладна, сто працэнтаў. Фашыст ён. Я сам бачыў, як яны там свае фашыстоўскія зборышчы ладзяць. І не хаваюцца, падлюгі. Хаця б фіранкі завесілі. Сьвятло ўсю ноч. І яшчэ маса ўсялякіх фактараў... Я табе шчыра кажу. Дык вось, ці нельга... Я даведваўся, кватэра гэтая не ягоная. І непрыватызаваная. Зоймешся, Веранічка?
Роўным, крыху больш звонкім, чым трэба, голасам, трошкі мружачыся ў накірунку дзьвярэй, Вераніка прачытала лекцыю пра справядлівасьць улады. Яна гаварыла і ганарылася сабой – гэтым сваім памацнелым за час працы ў адміністрацыі талентам знаходзіць менавіта тыя словы, якія трэба, і кіраваць сваім голасам так, як лекар кіруе мудрагелістым імпартным апаратам. Ён слухаў гэта ды задаволена хітаў галавой: здавалася, нічога іншага ён ад Веранікі й не спадзяваўся пачуць. І калі яна скончыла, ён саскочыў са стала й паглядзеў на яе з павагай:
– Ясна. Ды я што... Я думаў, можа, дапамагу. Я ж гэтых вырадкаў сам ненавіджу. Не калгасьнік жа, разумею. Пайду. Пашукаю шчасьця. А то глядзі: раптам той мужык – якая-небудзь шышка ў фашыстаў... Сабе ачкі лішнія заробіш, і мне перападзе...
Вераніка ўсьміхнулася і паклала пальцы на мыш. Сонца ўпала пад стол.
– Ты, Жвалевіч, вось што. Калі яшчэ надумаеш прыйсьці, то, калі ласка, цьвярозы. І зубы пачысьціць не забудзь.
– Ды я што? Я толькі піва... Дзень сёньня такі... Сьпёка...
Вераніка ўсьміхнулася яшчэ больш адсутна. Ён нясьпешна рушыў да дзьвярэй і спыніўся там: сьлізь у абгортцы. “Чуеш, Вераніка, раз ужо нас нешта зьвязвала... Дай рублёў дзесяць сакурсьніку” – і яна дала, і ён усё зазіраў у яе сумачку, з тугою бязрукага злодзея.
***
Страшныя здагадкі вядуць нас усярэдзіну Веранікі. Перш-наперш мы лезем сваімі рукамі ў яе чэрава і доўга ня можам яго знайсьці, як, бывае, мужчыны ня могуць знайсьці клітар у тых, хто, на іхную думку, цудоўна мог абслугоўваць іх і без гэтага атавізму. Шукаюць, блукаюць, страсаюць, зьдзімаюць з пальцаў валаскі, беспасьпяхова, на карцінках яго было так добра відаць, дзе ж ён, гэтая непрыкметная салодкая костачка між бясконцае сакавітае мякаці. Давайце патэлефануем мастаку, які маляваў гэтае цела ў разрэзе. Няхай ён правядзе ўказальную стрэлачку. І паставіць лічбу – адным росчыркам. Да Італіі нам не даехаць, дарагая віза. Яны, мастакі, заўсёды падаюць усё ў разрэзе – а мы чым горшыя? Аднак нарэшце – чэрава, і страшныя здагадкі. Ці няма там каго-небудзь яшчэ, хто пакуль яшчэ не разумее, чаму? Але гэта таксама і страшныя здагадкі наконт самой Веранічынай гісторыі. Гэй, пачакайце, а ці ня дураць нам галаву? Дзіця ў чэраве памерлае жанчыны павярнула б усё ў зусім іншы бок. Мы супраць такіх гісторыяў і спэкуляцыяў. Мы за чэсную сьмерць. Але мы супакойваемся. Яе чэрава пакуль пустое. Пакуль і назаўжды. Удвая мёртвае цела было б занадта нават для нашай мілай тройцы. Па двое ў гэтай чарзе месца не займаюць. Станавіцеся ў канец, калі навучыцеся хадзіць.
Падымемся ўверх. Цёмная вадкая кроў у сэрцы і буйных крывяносных сасудах, абумоўленая гіпэркапніяй. Пішучы такія словы, можна не баяцца сьмерці. Перапаўненьне крывёй правай паловы сэрца ў параўнаньні зь левай, а ўсё чаму: крыві цяжка бегчы з малога кола крывазвароту, і першаснае спыненьне дыханьня пры яшчэ жывым зьдзіўленым сэрцы таксама зрабіла сваю справу. Унутраныя органы: выразнае паўнакроўе. Такое самае, якое было ў таго салдаціка, які сядзіць цяпер побач са сваёй васьміклясьніцай і тыцкае ёй у рот марозівам. Пранікальнасьць сьценак капіляраў пры вострым кіслародным галаданьні павышаная. Рэзкія перапады ціску сатрасаюць капілярную сетку падчас фатальнае задышкі. Грудная сьценка прысмоктваецца да сэрца, як гумовы язык. І, як трыюмф, – плямы Тардзьё, гэтыя пакліканыя на баль кровазьліцьці, выразна адмежаваныя, дробныя, але добра бачныя, дыямэтрам да трох сантымэтраў. Іх шмат, яны, як водсьветы ліхтароў, праступаюць пад плеўрай і вонкавай сардэчнай абалонкай. І чарга расступаецца. Дайце Паўлаўне выцерці.
Ад гэтае праблемы – праблемы называньня – многія адмахваюцца, і не бяз посьпеху. У рэшце рэшт, гэта – Гэта – можна ніяк не называць і тым ня менш карыстацца Гэтым, і сваім, і чужым, карыстацца плённа й з прыпозьненым сьмяшком. А Вераніка вось неяк задумалася. Гэта было ўжо падчас яе працы ў аддзеле: на абсалютна бяскрыўдным сайце яна натрапіла на адзін мэдыцынскі матэрыял, прысьвечаны сямейнаму жыцьцю, і надоўга задумалася, пілуючы вострым пазногцем каляндарык. Пра такія рэчы добра думаецца зімой. Бо яны ў гэты час абавязкова дадаюць у развагі цеплыні, яны заўжды там, дзе цеплыня й паўзмрок, гэтыя бухматыя істоты ў сваіх норах з сарамлівай тканіны...
Вось, напрыклад, гэты яе нядаўні заляцанец, зь якім яна так шмат даведалася пра сябе самую, пра сваё цела дый сваю ня горшую, чым у іншых, душу... Той самы, які раптам парушыў усе яе юнацкія ўяўленьні пра прыстойнасьць і нармальнасьць. Яна й падумаць не магла – а чула б пра гэта маці!? – што некаторым зь іх падабаецца смактаць жаночыя пальцы і вылізваць сонейкі анусаў. Яна бачыла гэта толькі ў кіно не для ўсіх – і вось сама трапіла ў гэтае кіно, як акторка, якой падсунулі ня той сцэнар. Ён любіў строіць зь сябе гэткага фашыста... Невядома навошта. Напэўна, мода такая, нездаровая, хуткаплынная, кшталту моды на тое, каб майткі выглядвалі з-за паса на джынсах. Людзей цягне на забароненае. Ён прачытаў ёй неяк радкі, якія выпадкова вычытаў сам у аднаго дзіўнага ды, па шчырасьці, занудлівага пісьменьніка. Вераніка пасьміхнулася, схапіла нататнік ды стала хутка-хутка прагортваць старонкі. Вось. Яна запісала гэта тады такім няроўным почаркам, бо ззаду напірала, і церлася, і ўмольна білася аб ужо літасьціва апушчаны прычал... “Партатыўны мужчынскі заасад, сымэтрычны ком жывёльных прыладаў, слановы хобат, двайняшкі марскія вожыкі, гарыла-курдупель, якая ўчапілася мне ў пахвіну, павярнуўшы да публікі сьпіну”. Лепш і ня скажаш, прамовіў ён і... Вераніка неяк пашукала ў інтэрнэце, што ж сказаў гэты самы пісьменьнік пра заасад жаночы, і, нічога не адшукаўшы, ледзь не патанула ў акіяне словаў, якія, можа быць, нешта і азначалі, але якіх было так шмат... Дзе ён цяпер. Напісаць яму ў гэтыя выходныя. Яна са зьдзівам зразумела раптам, што за ўвесь час іхных непрацяглых стасункаў яна ўмудрылася ні разу не назваць яго па імені. Дый тое, чым яны часьцяком займаліся ў ягонай прапахлай нявыкінутым сьмецьцем кватэры, таксама ані разу не атрымала зь яе вуснаў найменьня. Але ж над назвамі цікава бывае паразважаць...
Спачатку апрача аднаго ўсім вядомага непрыстойнага, але выразнага слова, у галаву нічога не прыходзіла. Потым памяць паглядзела пад канапай дзяцінства, і адразу ж усплыло: піська. Пісюн. Маленькая Вераніка на гаршчку. І потым загайдала на хвалях, са старых шафаў пасыпаўся друз: член, фалас, і нейкі “эбанітавы жэзл”, ня кажучы ўжо пра “дзіду”... Гэта ў іх. Вераніка задумалася, як яна называе сваю... сваю... І зноў трапіла ў тупік. “Яна” – менавіта гэтае слова, відаць. Або такое ж безаблічнае “там”. Не, у Веранікі ўсё ж такі хутчэй “яна”. Зручны жаночы займеньнік. Прыстойны і агульны. Гавораць яшчэ “кіска”. Але ад гэтага патыхае Эдзікавай парнушкай. “Яна” была цяперака роўна падстрыжаная й, мяркуючы па адчуваньнях, яшчэ далёкіх, але ўжо няўлоўна-ясных, рыхтавалася да свайго чарговага вывяржэньня. Часам яна нагадвала Вераніцы забароненую кнігу. Але можна было даць лепшае азначэньне. Парослы рудаватым падлескам вулькан. Хіба гэта сказана горш? Кожнае слова тоіць у сабе праўдзівы сэнс. Асабліва вулькан. Ёсьць на сьвеце выспы, дзе “яна” й праўда стала б вульканам. Што яна адчувае да “яе”? Толькі сяброўскую пяшчоту й мацярынскі клопат, які адразу ж кудысьці зьнікае, варта “ёй” выйсьці з-пад кантролю.
Вераніцы стала вельмі цікава, як называе “яе” Ларыса. На такія тэмы яны ніколі не размаўлялі, хаця іх і лічылі ў аддзеле сяброўкамі. Гэта й праўда было сяброўства, якое ўсё часьцей пад пэўным ракурсам выдавала на нянавісьць. Вераніку нават наведала вясёлая думка патэлефанаваць цяпер Ларысе ды агаломшыць яе такім працоўным пытаньнем. Спытаццца пра гэта мімаходзь, нібы пра кошты на загарадным рынку. Аднак Вераніка ня была пэўная, што пытаньне застанецца паміж імі. Яна паднялася зь месца й, робячы неўпрыкмет найноўшую гімнастыку для сьпіны, паглядзела на пустэльную плошчу са сьляпучым крыжам пасярэдзіне. Крыж знаходзіўся прыкладна на ўзроўні яе вачэй, ягонае зьзяньне вісела, як німб, над праспэктам, які ўпадаў у плошчу. Пазяхнуўшы, Вераніка вырашыла, што ўсё прасьцей, чым яна думае. Варта было толькі добра ўявіць сабе Ларысу, яе ўхмылкі, яе заўжды грубыя, цёмныя жартачкі, як сумненьняў не заставалася: Ларыса называе яе як і большасьць простага народу, іхных штодзённых наведнікаў. Вераніка, хуліганячы, паўтарыла гэтае слова некалькі разоў, шэптам, амаль не расьціскаючы вуснаў. Дзіўнае слова. Яна напісала яго на паперцы, а потым разарвала паперку на дробныя шматочкі. Ёй ужо даводзілася, як школьніцы, запісаваць яго, і, выведзенае чорным па белым, слова гэтае нібы заяўляла пра сваё права на існаваньне. Яно станавілася такім самаўпэненым, нібы яго легітымізавалі на рэфэрэндуме. Зрэшты, чаму не. Народу відней, як называць і “яе”, і яе, Вераніку. Тое самае датычыцца і ўлады. Назваць яе “яна”, як знаёмую, як маці, як сяброўку, ці назваць яе тым словам, якое, хутчэй за ўсё, круціцца ў галаве Ларысы, што стогне пад душам, – ад гэтага шмат залежыць. Больш, чым мы ўсе звыкліся лічыць.
Упершыню яна змагла разгледзець гэты іхны заасад у ягонай натуральнай прыгажосьці гадоў дзесяць таму – у сваім пакоі, пад маўклівы злавесны акампанімэнт з храпу ды вісклівых ад скразьняку старых дзьвярэй. Брат скінуў у сьне зь сябе коўдру; Вераніка са зьдзіўленьнем пабачыла, што ягоныя чорныя майткі ляжаць між таросаў скамечанай бялізны, а наверсе... Наверсе было тое, што ўжо даволі даўно цікавіла яе – без усялякага сэксуальнага падтэксту, анічога такога: проста інтарэс прыродазнаўцы. Яна глядзела на гэтае крыху кветачнае патаемнае баляваньне доўга, з сумам, якому сама не магла знайсьці тлумачэньня, і такой жа няўцямнай гордасьцю. Потым спаруда качнулася, і Вераніка ўмомант схавалася пад сваёй коўдраю.
Апошняя ж з такіх вось яблычна-павучальных гісторыяў адбылася зь Веранікаю зусім нядаўна. Прыгадваючы яе, яна не змагла стрымаць усьмешкі – і трохі страшнавата было глядзець на сваё адлюстраваньне ў маніторы, якое на імгненьне ўспыхнула, хаваючы прыемны ўспамін пад замок. Справа была ў тым, што неяк увесну Вераніцы давялося аддаць у рамонт свой тэлефон... Ніводзін з тых апаратаў, якія ёй прапанавалі ўзамен, Вераніцы не прыйшоўся даспадобы, і яна вырашыла, што некалькі дзён зможа абыйсьціся й без тэлефону. Гэткі адпачынак напрошваўся сам сабой – тэлефанавалі Вераніцы часта і ўсё больш са сваімі праблемамі, чым са шчырым інтарэсам да яе ўласнага жыцьця або, прынамсі, з пустой балбатнёй, якая часам так эфэктыўна здымае стрэс... Аб’явіліся нейкія далёкія сваякі, і сакурсьнікі, якіх яна ўжо ня памятала, і сваякі сакурсьнікаў. Яна ўсіх уважліва выслухоўвала, а потым сваім ужо крыху ахрыплым ад ветлівага тону голасам раіла зьвярнуцца да яе калегаў. Некаторыя, самыя навязьлівыя, званілі яшчэ, раздражнёныя тым простым фактам, што сіла тут на баку Веранікі, і яны нічога ня могуць зрабіць зь яе непрабівальнасьцю.
Абед якраз сканчаўся, ёй давялося праехаць прыпынак на аўтобусе, каб не спазьніцца. Калі яна ўжо абзвоньвала, выконваючы даручэньне Чэслава, дамы культуры, у кабінэт зайшоў Максім – той самы пекны хлопчык, студэнт архітэктурнага, які так часта ўдзельнічаў у мерапрыемствах адміністрацыі. Не адрываючы вачэй ад абрыдлых папераў, Вераніка паскардзілася яму на свой тэлефон, распавяла, колькі ўзялі за рамонт. “Лепш новы набыць”, – салідна сказаў Максім. “А пастой... У мяне ж якраз...”. Ён крыху падумаў і потым рашучым рухам дастаў з дыплямата цудоўную блішчастую цацку. “Ды ня трэба!” – замахала рукамі Вераніка. “Я новы сабе купіў, гэты прадам,” – Максімка ўмольна зірнуў на яе – пасьля таго сьвяточнага канцэрту ён глядзеў на Вераніку нейкімі новымі, сабачымі вачыма. І хутка ён ужо ўстаўляў Веранічыну сім-картку ў гладкае цельца прэпараванага тэлефона, і было ў гэтай працэдуры нешта такое інтымнае, што Вераніка пачырванела. Яна адчувала, як пахне ад успацелага Максіма, бяз гэтага паху ён не ўяўляў для яе цікавасьці, яна й ня ведала, што ён можа так пахнуць. Разумны хлопчык, сочыць за сабой, не шкадуе на сваё цела грошай, такі далёка пойдзе, калі будзе мець цярпеньне дастаяць у чарзе да патрэбнага моманту... Ёй падабалася нават тое, як ён зусім нявінна так, па-хлапечаму буркатаў сабе пад нос радок з заезджанага гіта... І тут у кабінэт зусім бяз стуку зайшоў Ён, і Вераніцы стала трохі сорамна за свае нядаўнія смутныя думкі. Ён павітаўся з Максімам зусім халодна, як з падначаленым, хаця насамрэч ня меў на гэта права... “Ну вось, гатова,” – сказаў Максімка, – “Я пайшоў”, – і ён хуценька выскачыў за дзьверы. Спакусьліва, вельмі спакусьліва было лічыць, што прычынай гэтага маўклівага паядынку, у якім адзін бок абачліва адступіў, была яна, Вераніка; напраўду ж усё было ня так, і яна гэта разумела. Пакуль ня так, але на той час Вераніка была ў разгубленасьці: напружаны графік не дазваляў заняцца выбарам новай стратэгіі. Рукі Ягоныя кінулі на стол Веранікі падшытыя паперы, рот надарыў яе звыклай усьмешкай, тупік, тупік, тупік... А новы тэлефон граў блюзы, і яна шторазу зьдзіўлена паводзіла галавой: дзе гэта, чый гэта?
У той дзень, як гэта часта бывала, пачынаючы з чацьвертай гадзіны паток бягучых справаў стаў драбнець і да паловы на шостую нарэшце спыніўся. Яна была вольная, заставалася дачакацца шасьці, ды можна было ехаць дахаты, дзе чакала гульня, і ванна, і прахалодная пасьцельная бялізна ў цяпер ужо толькі яе пакоі – яна набыла нядаўна на выходных камплект, сіне-зялёны, спакойны, колеру ўзнаўленьня... Вераніка вырашыла пакорпацца ў сваім новым тэлефоне, усё ж тры дні зь ім жыць. І пасьля пяціхвіліннага займальнага блуканьня з адкрытым ротам натрапіла на іх – фатаздымкі.
Ёй больш за ўсё спадабаўся першы – Вераніка сядзела над ім даволі доўга, зь вясёлым вохам, што вясёлкай завяз між вуснаў... Зусім аголены Максім сядзеў у вялікім белым фатэлі, заціснуўшы ў руцэ свой... Тут Вераніка зноў сутыкнулася з праблемай называньня, але ж гэта яе не хвалявала: галоўнае, што там, на здымку, на пярэднім пляне, моцна і ў той жа час любоўна трымаючы ў дагледжаных пальцах... Максім усьміхаўся ў аб’ектыў адкрыта ды радасна, нібы яму толькі што пашанцавала знайсьці самы вялізны ў лесе грыб. У галаве гатовай зарагатаць Веранікі круцілася забаўная асацыяцыя з плякатам, так, нейкі з плякатаў аддзелу прапаганды гэты здамак дакладна нагадваў. Іншыя фота былі таксама нішто сабе: Максімка, перапэцканы ўласным сочывам, ён жа на кухні, прытуліўшы да нізу жывата кавалак пірагу... Але першая ўсе тры дні выбівала зь Веранікі чысты, няўрымсьлівы, добры сьмех, які пераходзіў у сьмех з самой сябе, калі згадка пра здымак наведвала Вераніку ў мэтро або аўтобусе. Потым Максім прыйшоў забіраць тэлефон, і Вераніка яму, натуральна, нічога не сказала, але ж пасьля гэтага студэнт зьнік, і яна, пасьмяяўшыся трохі, болей ужо не заўважала ягонай адсутнасьці.
***
Да таго дня Вераніка ня верыла ў насланьнё. Але ж як гэта яшчэ было патлумачыць?.. Насланьнё, хвароба, перабой у адладжанай сыстэме, оргія мутнага ападку ва ўскалыхнутым неасьцярожна сасудзе зь яшчэ сэкунду таму крыштальнай вадой... Яна спазьнялася на спатканьне зь сястрой і таропка йшла, грукаючы абцасамі, па толькі тыдзень таму пераназванай вуліцы, такой шматлюднай, што можна было згубіць сябе між раззлаваных чымсьці сустрэчных і прапахлых паляваньнем тых, хто напіраў ззаду, і сама злавалася, і ўжо думала, што сказаць сястры, каб тая не пачала адразу ж свае хаця й цікавыя, але ж пыхліва-шматслоўныя лекцыі... Дзіва, але ён таксама пабачыў яе, неяк здолеў выхапіць з натоўпу, хаця сядзеў на другім баку вуліцы пад парасонам кавярні ды ўхвальна назіраў за мітусьнёй. Нешта воўчае было ў ягонай ухмылцы. Ён ня мог, ня меў аніякае магчымасьці пазнаць яе, пабачыць, вылучыць, яна была ўмураваная ў натоўп, папросту ўмураваная, але ж ён прыўзьняўся й навобмацак выцягнуў грошы з барсэткі, каб расплаціцца... І Вераніку раптам крутанула ўбок, яна пайшла, нібы зачараваная, у ягоным накірунку, паўз праклёны ды мацюкі, балазе пераход быў паблізу, а то б яна так і рушыла праз праежджую частку. Гэта быў Цьвях, той самы сусед, зь якім яны так дзіўна пазнаёміліся на дні нараджэньня Лёнькі, той самы, які пасьля дотыку да яе каленяў так непрыстойна зірнуў ёй тады ў твар, на спортпляцоўцы, пасярод вялікага ўскраіннага мікрараёну. Ён і апрануты быў цяпер гэтак сама: белая футболка, шорты ды басаножкі, і на падбародзьдзі тая самая прывабная густая чорная шчэць. Такім было гэтае лета для Веранікі: людзей, пра якіх яна даўно забывала, раптам выносіла чамусьці на яе бераг прыбоем часу, і выносіла амаль некранутых – яны й праўда не зьмяняліся, нібы намагаючыся не парушыць першыя ўражаньні пра сябе, узяць Вераніку сваёй сьвежасьцю, перашапачатковасьцю... Яна рашуча, сама не разумеючы чаму, ішла да зьбялелага Цьвяха, а ён ішоў да яе, прымушаючы расступацца чалавечыя сьцены...
Урэшце яны сутыкнуліся й схапілі адно аднаго за руку, і так і не прамовіўшы ані слова імкліва пайшлі ў бліжэйшы двор. Дагэтуль яны прабавілі разам гадзіну, некалькі такіх далёкіх і чужых гадоў таму, але яна добра памятала, і дзівілася, што так добра памятае: яго завуць Андрэй, і гэта ён сам сказаў ёй, а прозьвішча Цьвях, так, Цьвях, гэта яна пачула ад Лёнькавых сябрукоў, як добра, што яна гэта памятае, як добра, як добра, білася ў галаве Веранікі бязглуздая, бескарысная думка, калі Цьвях вёў яе да цёмнага пад’езду, схаванага ў густых кудлатых каштанах, пакорлівую, маўклівую, яна патанала ў самой сабе, пакідала за сабой жывёльныя сьляды ды пахі. Яна не супраціўлялася, наадварот – гэта ён, захоўваючы рэшткі разважлівасьці, сілай прымушаў яе ісьці марудней, каб хаця б трохі заставацца ў межах прыстойнасьці, але яе проста цягнула да цёмнае шчыліны ў пазбаўленых начыньня жалезных дзьвярах, яна ляцела туды, як пчала, ад яе ішлі па амаль пустым двары такія мядовыя флюіды, што нават сабакі, якія мірна спалі ў цені сапсаванага фантану, паднялі галовы ды пацягнулі насамі...
Дзьверы рыпнулі, Цьвях пацягнуў яе па прыступках, але яна сама ўзьляцела ўверх і нецярпліва, ледзь ня плачучы схапіла яго за рукі: шпарчэй, шпарчэй... Надоўга іх не хапіла, яны нават не дабраліся да апошняга паверху, і там, на пляцоўцы між чацьвертым і трэцім, яна ўспырхнула на падваконьне, адначасова задзіраючы сукенку да самае шыі, і ногі яе закалацілі па халоднай батарэі, і валасы з сухім, пясочным гукам ціха заезьдзілі па шкле, і далоні леглі на калені, а пазногці ўпіліся, і потым нібы спалохаўшыся адхіснуліся, і потым леглі зноў, намаляваўшы на іхнай загарэлай шурпатай скуры прагныя “і”, што патрабавалі зараз жа расставіць усе кропкі. Ягоныя рукі апынуліся пад Веранікай, і ўзважылі яе, і сьціснулі мацней, баючыся згубіць, і цела здрыганулася й рушыла, набіраючы ход, і адсалютавала пад’езднаму рэху доўгім пераможным гудком... Рэйкі былі змазаныя як мае быць, і неўзабаве яны ўжо пакаціліся з узгорку, які апынуўся такім Эвэрэстам, што на нейкі момант Вераніка асьлепла ад сьлёзаў, і потым яго скаланула, і ён ударыў па вакне, і, задыхаючыся, выкінуў вонкі непатрэбную галаву, і Вераніка ў апошні момант здолела ўхапіцца за шыбу: там, у двары, якраз пачыналася навальніца.
***
Усё адбылося выпадкова. Перш-наперш адыграў сваю ролю тэлевізар: там якраз шэрая папера рэклямнага блёку бліснула раптоўна кароткім, сонечным, лазурна-зялёным ролікам, у якім расьпісваліся выгоды аднаго сталічнага турбюро. Дзеці пырскалі ў твары змарнелых тэлегледачоў пеннай марской вадой, застылымі надакучлівымі салютамі распускаліся яркія пальмы на даляглядзе, і пакуль тэлевізійныя безвалосыя мужчыны пыхліва шчэрыліся ў камэру, паставіўшы на прычынныя месцы ў плаўках келіхі з кактэйлямі, жанчыны рыхтаваліся, як толькі адвернецца апэратар, скінуць верх ад купальнікаў... Карацей, гэта было раскошліва. І калі ролік згас, так жа раптоўна, як і пачаўся, Вераніка адчула ў сэрцы загадкавы ўкол. Яна пераступіла праз ногі задрамалых бацькоў ды пайшла ў свой пакой і, уключыўшы кампутар, упершыню задумалася пра адпачынак. Гэтым летам ёй нічога не сьвяціла, хіба ўзімку, але выправіцца ў вырай яна зможа пры такім заробку хіба ў наступным годзе. Вырай ці гняздо – гэта было цяжкае пытаньне, лепш за ўсё і тое, і другое. Птушыная натура Веранікі, прынамсі, лічыла б гэты варыянт дастатковым на дадзены момант. А пальмы ўсё яшчэ пагойдвалі сваімі расстаўленымі хітрымі пяцярнямі – бацыла мараў пранікла ў кроў Веранікі, і ёй немагчыма было супрацьстаяць.
Таму яна зацята кінулася на пошукі турыстычных сайтаў, каб хаця б такім чынам суняць неспадзяваную дрыготку. Сайтаў было шмат, але ілюстрацыі толькі дражнілі сваёй недасканаласьцю ды бледнасьцю... Заразіўшыся пошукам сонца, Вераніка ўтрапёна скакала са старонкі на старонку й з павагай глядзела на лічбы – так, гэта мусіла каштаваць яшчэ даражэй, гэта мусіла быць яшчэ недаступней, брыльянтавыя пырскі, сонечны масаж, загар да ачмурэньня, брыз, брыз, блізка, бліжэй, брысь адсюль, мярзотны айчынны санаторый “з поўным комплексам аздараўленчых паслугаў”, ты ня маеш ніводнага смугляўца, ніводнае пальмы, табе не хапае солі, поту, рахату ды лукуму, гатэльнае цішыні... Вераніка добра ўяўляла, як яны б з ранку ішлі на пляж, а потым, паабедаўшы экзатычнай садавіной, кахаліся б да вечара, а ўвечары – рэстарацыі, начныя клюбы, і басэйн для дваіх, а потым зноў мора, і купаньне на сьвітанку, пасьля якога спаць ня хочацца цэлы дзень... Як перакрыўленае рэха гэтых вільготных летуценьняў, на экране вырасла невядома адкуль і цяпер дзелавіта прапанавала сябе Вераніцы сьмешнае ды гідка-прыцягальнае відовішча. “Прывітаньне, а ты як тут апынулася? Ды заходзь, калі ўжо прыйшла, будзь як дома” – нібыта казалі ёй шматлікія распараныя жанчыны з халоднымі абыякавымі вачыма, занятыя аднастайнай працай: смактаньнем, вылізваньнем, усмоктваньнем, засмоктваньнем, расьпінаньнем, напінаньнем, давядзеньнем, увядзеньнем, абглодваньнем, кабеты-калодзежы, кабеты-тунэлі, кабеты-кавальскія мяхі... Мужчыны, задзейнічаныя ў гэтай калектыўнай працы, не зьвярталі на Вераніку ўвагі, тужліва заліваючы ўсё вакол сваёй склізьзю, як рэшткі даўно памерлага пажару. Здавалася, яны існуюць зусім асобна ад сваіх распухлых інструмэнтаў, трымаючы іх у руках або прасоўваючы ў загадзя вызначаныя дзіркі так пасьпешліва ды звычна, бы там з хвіліны на хвіліну маглі скончыцца батарэйкі. Вераніка гідліва выцерла выпадковую кропельку са свайго кампутарнага стала ды абярнулася. Бацькі, відаць, ціхамірна спалі перад уключаным тэлевізарам. Пабачылі б – і зноў пачаліся б гэтыя бясконцыя маналёгі пра інтэрнэт, тры дабл ю д’ябал ком. І Вераніка зь цікавасьцю ды пагардай рушыла далей, у гэтае духмянае задушлівае пекла.
Іну, колішнюю каралеву курсу, яна пазнала адразу. У тым, што тая можа трымаць у роце адразу тры “дзіды”, Вераніка і падчас вучобы не сумнявалася, іншая справа – ці лічыць гэта вартасьцю. Яна з амаль сяброўскім пачуцьцём уважліва прагледзела, як Іну, па чарзе, апрацоўваюць бляндын, мурын і эскімос, і зноў жа ткі па чарзе: ззаду, сьпераду, зьверху, зьнізу, збоку, у ваньне, на ваньне, пад ваннай, за ваннай, на траве, пад зямлёй, у вадзе, у аблоках зь ліцэнзійнай пены... Паасобку, удвох, утрох, учацьвярох, ротай, батальёнам, палком, вэтэранскай арганізацыяй, хакейнай камандай, сям’ёй, дзявятай бэ клясай, мастацкім гуртком, літаратурным аб’яднаньнем, рэдакцыяй газэты, палітычнай партыяй, братнім славянскім народам, бальнічнай палатай, дачным каапэратывам, сялянскай абшчынай, талакой, прафсаюзам, саюзам кінэматаграфістаў, жэсам, кланам, нашым маленькім але дружным калектывам, выбарчым участкам, прэзыдыюмам, аддзелам, цэхам, пастом нумар адзін, камандай без каторай мне ня жыць, маладзёжнай арганізацыяй, каардынацыйным саветам, дэканатам, рэктаратам, кансулятам, рэдкалегіяй, лечкамісіяй, экіпажам, сэнатам, парлямэнтам, кансыліюмам, калёквіюмам, сэмінарам, камунай, сквотам, дваром, глядацкай аўдыторыяй, вялікай заляй, худсаветам, пад’ездам, карасам, падвідам, зонай, шырокімі грамадзкімі коламі, саветам дырэктараў, рэвалюцыйным трыбуналам, судовай калегіяй, спэцатрадам, зондэркамандай, усім паверхам, нашай пярвічкай, кампаніяй, фірмай, саветам старэйшынаў, кансалтынг-групай, карпарацыяй, холдынгам, амбасадай, зграяй, статкам, жураўліным клінам, маршам нязгодных, першамайскай дэманстрацыяй, гей-парадам, гіт-парадам, аўтарскім калектывам, могілкамі, пасажырапатокам, кабінай, калгасам, саўгасам, прафэсарска-выкладчыцкім складам, камэрай, групай, гуртом, падгрупай, курсам, патокам, плыняй, бюро, агенцтвам, студыяй, катэдрай, таварыствам, суполкай, япархіяй, прыходам, акругай, біскупствам, кантынэнтам, садружнасьцю, блёкам, ложай, фронтам, вобласьцю, аўтаномным краем, фэдэрацыяй, кааліцыяй, канфэдэрацыяй, рэспублікай, каралеўствам, Вялікім княствам, экзархатам, задзіночаньнем, хеўрай, кагалам, міністэрствам, упраўленьнем, кіраўніцтвам справамі, “тройкай”, народным сходам, лягерам, племенем, кастай, шайкай, асацыяцыяй, клюбам, камісарыятам, камэндатурай, дыскатэкай, раёнам, вуліцай, ансамблем, хорам, аркестрам, бэндам, бандай, дэлегацыяй, пастаянным прадстаўніцтвам, кабінэтам, караблём, танкам, нарадам, разьлікам, стайняй, экспэртнай радай, зьвяном, земствам, соймікам, акадэміяй, вучылішчам, унівэрсытэтам, інстытутам, лябараторыяй, журы, брацкай магілай, першым наборам, салёнам, суквецьцем, сузор’ем, народным рухам, партэрам, брыгадай, трупай, завулкам, брацтвам, штатам, інтэрнатам, управай, ордэнам, куранём, сялом, мястэчкам, горадам, турмой, хутарам, хунтай, ландтагам, мэджлісам, хурулданам, дублюючым складам, паствай, кагортай, папуляцыяй, нацыяй, браціяй, сонмам, фанацкім сэктарам, партызанскім атрадам, сэктай, грамадой, факультэтам, злучэньнем, родам, мурашнікам, зьменай, аўтабазай, спэцпадразьдзяленьнем, сотняй, цэнтурыяй, сола, дуэтам, трыё, ін кварта, ін квінта, ін сэкста...
Дзьверы былі наглуха зачыненыя. Тут проста не існавала замка – відаць, нехта сьцягнуў яго і цяпер таксама апрацоўваў скважыну, сьціпла ўладкаваўшыся за купай успацелых целаў. “Далучайся ці памірай”, – нібы казала Вераніцы колішняя сакурсьніца, перакрыкваючы шматгалосае пыхценьне за сьпінай і адначасова нібы прыслухоўваючыся да таго, што цяжка варочалася цяпер у яе нутры. Пераканаўшыся, што адсюль ёй ужо ня выйсьці, Вераніка адключыла кампутар і паглядзела ў акно. Ёй хацелася падзяліцца з кім-небудзь сваім адкрыцьцём, з кім-небудзь з былых сакурсьнікаў, але дзе яны цяпер, сябры-аднапалчане?.. Пальмы яе мары яшчэ раз распусна хіснуліся ды апалі. Чамусьці ёй падумалася пра таго, з кім яна калісьці так файна ды па-вар’яцку прабавіла калісьці лета. Усё ж трэба яму напісаць. Вераніка цьмяна ўяўляла сабе ягонае цяперашняе месцазнаходжаньне. Але яна была пэўная, што там, дзе ён цяпер схаваўся, абавязкова ёсьць мора. Неабдымнае. Беспрацоўнае. Анархічнае. Цёплае. Вольнае. І ён там сядзіць недзе цяпер, загарэлы й легкадумны, і сьнедае ў цені якога-небудзь сьляпуча-белага нэкропалю.
***
Чаго яна баялася, Вераніка сама ня ведала. Бо гэта ж у хлопчыкаў, якія займаюцца такімі бруднымі справамі, далоні пакрываюцца выкрывальным валосьсем, а пра дзяўчынак яна нічога ня чула. Наўрад ці, наўрад ці... І тым ня менш у тыя некалькі зусім сумбурных, праведзеных нібы ў сьне, каламутных гадоў у Веранікі ўжо выпрацаваўся адмысловы рэфлекс – калі яна адна дома, значыць, можна, значыць, ніхто не перашкодзіць... Божа, якім жа хваравітым полымем ахоплівала шчокі, якая бура ўсчыналася ў яе ўнутры.
Школьны расклад спрыяў ёй самым дабрамысным чынам. Бацькі былі на працы і імавернасьць таго, што хто-небудзь зь іх раптам паверне ў замку ключ, была нулявой. Брат, і таксама дзякуючы школьнаму раскладу, які быў нібыта наўмысна прадуманы так, каб дзяўчаты маглі спакойна пагуляць сам-насам з сабой, – брат якраз мучыўся на першым уроку. Вераніка часта бачыла яго, выходзячы пасьля ратавальнага званку на школьны ганак, ён не вітаўся, баяўся за свой аўтарытэт. Дарогу дадому яна адольвала за дзесяць хвілінаў, бо колькі там таго Сьвету; за гэты час яна пасьпявала тысячу разоў уявіць, чым хутка зоймецца, і цела ўдзячна адгукалася на блізкую ласку. Ці часта так зь ёй бывала, цяжка сказаць: калі-нікалі амаль празь дзень, а здаралася, толькі раз на месяц. Вераніка замыкала дзьверы, кідала на тумбачку ключ, рабіла цішэй радыё і йшла завешваць вокны. Дзьверы ў свой пакой яна пакідала адчыненымі, бо баялася не пачуць, у выпадку якой-небудзь неспадзяванкі.
Яна распраналася – яна здымала ня ўсё, на ёй заставалася спадніца, майткі ды гольфы, зноў жа такі на ўсякі пажарны: яе заўсёды можна было прыняць за чалавека, якога засьпелі за тым, як ён пераапранаецца пасьля школы – нічога падазронага, няёмка хутчэй таму, хто зайшоў, а не таму, хто стаіць ля шафы. Вераніка была гатовая за сэкунду ператварыцца ў чалавека, які пераапранаецца, ёй ужо давялося аднойчы патрэніравацца, калі зманлівы шоргат на лесьвіцы неяк прымусіў яе ўскочыць ды стаць у нявінную позу. Такія шоргаты заміналі расслабіцца, але неўзабаве яна навучылася адрозьніваць людзей на лесьвіцы па кроках. Яна клалася на свой прахалодны ложак і ўяўляла сабе, што ў гэтым паўцёмным пакоі яна не адна, што ў прачыненыя дзьверы нехта зазірае. Той самы незнаёмы ёй хлопец, побач зь якім яна аднойчы ехала да сястры ў тралейбусе. Але ня ўсё было так проста. У гэтым мужчыну жылі яшчэ некалькі чалавек: быў там адзін загарэлы, смуглявы, які ішоў міма яе неяк па марскім пляжы, гэтая паездка ў Крым адбылася так даўно, а Вераніка чамусьці не магла яго забыць... І яшчэ адзін, практыкант, які выкладаў у іх у першай чвэрці гісторыю... І яшчэ адзін: Вераніка не магла ўспомніць, дзе яго бачыла, але ён існаваў, існаваў, і цяпер прыйшоў паглядзець, чым займаецца Вераніка, калі вяртаецца са школы. Веранікаў таксама станавілася некалькі: самая важная, самая цёплая й блізкая Вераніка ня мусіла ведаць нічога пра гэтых гасьцей, пра іхную маўклівую, зацікаўленую прысутнасьць, а астатнія ня мусілі гэтай Вераніцы ні ў чым прызнавацца, яны сачылі за гукамі на пляцоўцы, сачылі, пяшчотна абвіваючыся адна вакол адной, выцягвалі галовы, глядзелі скрозь сьцены. А потым – потым гэты няголены глядач падыходзіў да Веранікі, якая ляжала з заплюшчанымі вачыма, і дакранаўся да яе шыі... Накрухмалены край коўдры апынаўся між яе ног і пачынаў ціхенька ўздрыгваць. Вераніка цягнулася да падушкі вуснамі, перад вачыма струменілі маленькія фіялетавыя сонцы.
Вераніка ведала, што брат, які ў адзіноце бавіў дома раніцы, займаўся прыкладна тым самым. Ёй было надзвычай цікава, чым ён карыстаецца і як ён наогул гэта робіць: ну ня можа ж быць, каб проста вось так, як ёй распавядалі пра хлопцаў у школе. Нейкае выцісканьне маянэзу... Верагодна, у яго ёсьць свае таямніцы, свой набор джэнтльмэна ў пакоі. Неяк Вераніка наважылася зрабіць вобшук: адзіным і бясспрэчным доказам стала парнаграфічная гуляльная карта, брыдота, гразь, знойдзеная, сьмешна сказаць, унутры трэснутай братавай гітары, на якой ён ня ўмеў граць і якую яму нібыта падарылі пры загадкавых абставінах... Больш нічога – Вераніка трымала ў руках простыя, без намінкі на грэх, братавы рэчы ды спрабавала высьветліць іх патаемнае прызначэньне. Марна. “Напэўна, мне проста не хапае ведаў або фантазіі”, – уздыхнула тады Вераніка, ды акуратна расставіла ўсё па месцах, толькі замест гульлівай гуляльнай карты, якая была потым прадэманстраваная самым блізкім з аднаклясьніцаў і спаленая ў лесе, засунула ў схоў звычайную даму з бацькавай пакамечанай калоды. Яна ўявіла сабе пачуцьці абодвух мужчын, і ёй стала весела.
Але брат цяпер сядзеў у школе, і на яго крычалі маладыя настаўніцы, мары фізрукоў, ваенрукоў і старшаклясьнікаў. А Вераніка ляжала на сваім ложку й рыхтавалася, сьцяўшы вусны, акунуцца у сваю ціхую радасьць. У маім жыцьці так мала радасьцяў, думала яна журботна, магу я сабе дазволіць... І яна дазваляла. Неўпрыкмет надыходзіла чарга прышчэпак. Вераніка ўжо не зусім валодала сабой, калі іхныя плястмасавыя сківіцы змыкаліся на яе зусім ружовых, зь лёгкім адценьнем аранжавага смочках, і пагойдваліся на іх, цягнучы смочкі ў розныя бакі. Кожны рух Веранікі адгукаўся ў смочках салодкім болем, напаўпрыдушаны сыгнал якога адразу ж з гатовасьцю прымаўся ўнізе й рассыпаўся там на тысячы бясконца прыемных паколваньняў. Час раптам пачынаў рухацца скачкамі, простыя радасьці танчылі вакол Веранікі, і паступова, асьцярожна, каб не расчараваць яе, бляклі, – так, каб толькі не параніць крохкае Веранічына каханьне, так, каб сыйсьці годна і непрыкметна. Сьвята сканчалася, рэчы зноў станавіліся самімі сабой, і іх ня трэба было хаваць ні ў якія гітары. Вераніка мыла рукі ды йшла разаграваць суп.
***
І тады яна зразумела, што зараз можа адбыцца нешта важнае. Не, вонкава ўсё засталося як было: яна піла гарбату й насьмешліва паглядвала на Лёньку, які на каленях стаяў перад магнітафонам. Ён горда ўключаў адну са сваіх не падлеглых разуменьню, зубадрабільных песьняў, і азіраўся на Вераніку, раўніва сочачы за тым, як яна рэагуе. Вераніка глядзела, уважліва ды са смутнай нянавісьцю, на сямейны здымак, што вісеў на сьцяне, і не рэагавала ніяк. Тады Лёнька горка ўздыхаў, спыняў песьню на паўдарозе, шчоўкаў кнопкай і ставіў наступную. Ён шчыра засмучаўся й ніяк ня мог зразумець, чаму ж ягоныя ўлюбёныя запілы ды крыкі пакідаюць Вераніку абыякавай. “Цяжкая музыка”, – казаў Лёнька з захапленьнем, – “сола, дысторшн, хэдлайнэр”. “Чаму ў цябе дома, Лёнечка, ніколі няма шакаляду?” – адказвала Вераніка. “І на гарбаце твая мама відавочна эканоміць”.
Лёнька ня крыўдзіўся. Ён проста маркотна й трохі летуценна пацепваў плячыма ды сьмешна запускаў руку ў свае нямытыя валасы: правяраў, наколькі блізка яны прасунуліся ў накірунку да грывы. Ягоны гоблінскі твар выглядаў так наіўна ды па-дзіцячаму, што Вераніцы хацелася што-небудзь насунуць яму на галаву. Яны сядзелі ў залі, якая служыла таксама бацькоўскай спальняй. За вакном сьцямнела, Лёньчыны бацькі недзе на другім канцы гораду віншавалі кагосьці, Лёнька распавядаў ёй каго, але яна, натуральна, ня слухала. Вераніцы вельмі хацелася пакінуць гэтую кватэру да іх вяртаньня. Да Сьвету дабірацца было доўга, і насьпяваў час разьвітвацца – але на двары раставаў кіслы, слотны, непрытульны лістападзкі вечар, зь ветрам і лужынамі, і пры адной думцы пра дарогу да прыпынку ў гэтым жахлівым новым мікрараёне, дарозе, якая нібыта ўсыпаная паколатым каменьнем, у Вераніцы зьнікала жаданьне жыць. І таму яна сядзела й ніяк не магла дапіць гарбату.
А яшчэ Вераніка не разумела, чаму яна сюды прыехала. Ну так, з пачуцьця абавязку. Аднак Лёнькава нага ўжо загаілася, костка цудоўным чынам зраслася, гіпс даўно зьняты. Заставалася смутнае пачуцьцё віны й гордасьці. Вось жа, з-за яе, Веранікі, нехта выкінуўся з акна. Ня кожны зможа, а гэты здолеў. І таму Вераніка паспрабавала надаць твару больш добразычлівы выраз.
“Я зараз пагляджу!” – сказаў раптам Лёнька ды адчыніў да краёў поўны парцалянавых адбіткаў сэкрэтэр. “Праўда, тут усё бацькоўскае... Разумееш?”. Ён неяк сарамліва пачаў вывучаць зьмесьціва маленькага бару. Вераніка зь цікавасьцю зірнула з-за Лёнькавага пляча. Бліснулі бутэлькі зь віном і шампанскім, і нешта ў фальзе, і нешта ў файнай плеценай упакоўцы. “Шакаляду няма, здаецца...” – прамовіў Лёнька, пераступаючы з нагі на нагу. Вераніцы надзвычай не спадабаўся гэты жаласьлівы Лёнькаў голас, якім ён сказаў пра “бацькоўскае”. Яна дык брала гарэлку з бацькавых запасаў і давала часам суседу Юру, і нічога, ніхто й не заўважыў. І таму, калі Лёнька нерашуча застыў ля адчыненай скарбніцы, яна прымружыла вейкі ды абыякава кінула:
– А давай мы з табой, Лёнечка, вып’ем віна...
Ён спалохана азірнуўся. Вераніка глядзела на яго без усялякае літасьці. Ня тое, каб яна хацела віна, яна яго амаль і не піла, але гэтыя прыніжаныя ноткі, гэты страх, гэтыя бацькі, якія хаваюць у сэкрэтэры найлепшае, а для гасьцей ды роднага сына шкадуюць, купляюць, відаць, танныя падробкі.
– Разумееш, Веранічка, – заскуголіў ён, – гэта бацьку адзін знаёмы з Гішпаніі прывёз. Заб’юць. Давай мы як-небудзь з табой, калі я разбагацею, у рэстарацыю, давай?
Лёнька ўжо даўно, задоўга да свайго гераічнага скачка, распавядаў ёй, што яго бяруць у нейкую фірму, і ў размове зь Веранікай гэта падавалася як ужо вырашаная справа, аднак грошы ў Лёнькі як раней ніколі не вадзіліся, так і цяпер.
– Люблю гішпанскае віно, – правуркатала Вераніка і аблізнулася. Гэта дабіла яе зьбянтэжанага прыхільніка. І хутка ўжо Вераніка, нагбом выпіўшы цэлы келіх (Лёнька з жарсьцю сачыў за тым, як рухаюцца яе вінна-нявіннага колеру вусны) і са зьдзіўленьнем адчуўшы ўнутры прыемнае нахабства, заявіла з усьмешкай:
– А цяпер даставай шакаляд. Я бачыла, там ёсьць.
Лёнька ад разгубленасьці выпіў адзін за другім два келіхі й выцер далоняй рэдкія вусікі.
– Няма! Няма, клянуся! Слухай! Там жа ў лядоўні згушчонка ёсьць! Як жа гэта я забыў... Хочаш? Ты ж любіш згушчонку, – дадаў ён, прыгадаўшы іхны нядаўні абед у двары бальніцы: Вераніка тады й сапраўды прывезла яму блінцоў са згушчонкай, звычайнай, у фірмовай сіняй бляшанцы.
– Добра, цягні, – сказала яна літасьціва, падумаўшы. І пакуль з кухні чуўся трэск і грукат адкрывалкі, яна нечакана паказала сямейнаму фатаздымку на сьцяне язык. Лёнька зьявіўся на парозе зь белым нарэзаным хлебам і бляшанкаю, у якой танула не зусім чыстая лыжачка, і гэта было прыгожа на выгляд. А неўзабаве Вераніка ўжо нэрвова рагатала, сьціскаючы калені, каб цягучая маса не папаўзла ўніз па калготках. “Я вытру, я зараз”, – Лёнька замітусіўся вакол, шукаючы ручнік, але ўсе ручнікі былі неверагодна далёка, у кухні, і ён схіліўся над яе каленямі, рукамі зачарпнуўшы жаўтаватае малако – паднёс да твару і потым радасна зірнуў на Вераніку, бы прапануючы ёй нейкі дарунак. “Табе... табе трэба...” – і ён стаў сьцягваць зь яе калготкі, адначасова зарываючыся ў ногі тварам. Вераніка млява супраціўлялася. Было падобна на тое, што гісторыя паўтаралася, толькі цяпер замест сутаргі сыходзіла на вычышчаны Лёнькавай маці дыван згушчонка. “Ты чаго, калека?” – усё яшчэ сьмяялася яна, прыгадваючы той дзіўны выпадак, пасьля якога Лёнька калісьці стаў лічыць сябе яе законным хлопцам, і адганяючы Лёньку, які нечакана выпрастаўся над ёй і стаў расшпільваць джынсы. І Вераніка, душачы ў сабе агромністы інтарэс і жаданьне, каб Лёнькавы бацькі напіліся сёньня да бяспамяцтва, пачала паволі выбірацца з крэсла, наступаючы голымі пяткамі на жоўтыя клейкія плямы. Ён замружыў вочы й паваліў яе назад, асьцярожна так, але рашуча. І зноў стаў перад ёй, апасьліва зірнуў ёй у вочы ды выцягнуў з джынсаў ужо знаёмае Вераніцы прыстасаваньне.
Прыстасаваньне было, аднак, паніклым і выглядала зусім не ўнушальна. Вераніка зморана села на фатэлі, ужо не зьвяртаючы ўвагі на перапэцканыя ногі, і сур’ёзна зірнула на гадзіньнік. “Цікава. Занадта цікава,” – падумала яна. “А заўтра я яго кіну”. “Ну, што ж ты не стаіш, Лёнечка?” – спытала яна ў бязвольна павіслага хобата. Лёнькавы вусны крывіліся. “А некаторыя жанчыны...” – сказаў ён нерашуча. “Некаторыя жанчыны...”. “Я сама ведаю ўсё лепш за цябе”, – сказала Вераніка строга й прысунула Лёньку бліжэй. Дзіўны пах ударыў ёй у нос. Але, нягледзячы на сумнеўную гігіенічнасьць будучай працэдуры, ніякае агіды яна не адчула. Затое цікавасьць расла штосэкунды. Асабліва пасьля таго, як зусім выпадкова кончык гэтага голага ды безабароннага хваста дакрануўся да яе носа й прыкметна ажывіўся.
Зь нейкай роспачнай і бяздумнай стараннасьцю яна стала ўдзімаць у яго сілы. Інтарэс яе павялічваўся тым мацней, чым больш зьмянялася канфігурацыя гэтага прадмету ля яе вуснаў, за які яна ўзялася, напэўна, няўмела, але намагаючыся запомніць як мага болей з гэтых незнаёмых адчуваньняў. Яна настройвалася на працяглую й напружаную працу, яе apex linguae быў гатовы амаль да ўсяго, у той час як лянотны radix linguae і, бадай што, нерухомы dorsum linguae дэманстратыўна бязьдзейнічалі... Скончылася ўсё тым, што агаломшаная Вераніка рэфлектыўна выплюнула на дыван. Лёнька стагнаў і курчыўся. Яна дапіла віно й з прагным інтарэсам глядзела, што будзе далей. А далей яны забраліся на бацькоўскі ложак, і ў Лёнькі на азадку знайшлася радзімка ў форме плэйбойскага зайца, і ўсё было зусім ня так цікава ды наогул, трэба сказаць, ня вельмі прыемна. “Ну вось і ўсё,” – як сьпявае Вецер. А затым быў суворы гадзіньнік, і голы Лёнька, які бегаў па перадпакоі з прасьцінамі, бы старажытнарымскі герой, і ягоная недарэчная балбатня па дарозе на прыпынак, і палец, які нешта маляваў на аўтобусным шкле – Вераніка рабіла выгляд, што ня ведае гэтага хлопчыка. І потым, калі аўтобус крануўся зь месца й цяжка выпаўз на шашу – яе бязьмежнае зьдзіўленьне прастатой таго, што адбылося. Але па меры таго, як аўтобус аддаляўся ад навек замерлай на цёмным прыпынку Лёнькавай фігуры, Вераніку пачынала захлынаць дзікае раскаяньне. Нібыта ў чаргу ўсіх неапісальна шыкоўных мужчынаў неяк улез маленькі, дурны Лёнька, расштурхаў усіх локцямі і, пакуль астатнія асобнікі апамятваліся ад такога нахабства, справіў сваю патрэбу, пырснуў ды ўцёк. А яна, дурніца, дзірка, даўн, ляжала ў гэты час калодай і марыла. Яе сёньняшняя пасьпешлівасьць здавалася Вераніцы амаль катастрофай. Дома, у прыбіральні, нікуды ня здольная падзецца ад гадзіньнікавых матчыных папрокаў, яна паглядзела і “там”, і тут, і Вераніку апанавала глыбокае, чорнае, безнадзейнае расчараваньне. Яна ведала, што Лёньку можна кінуць хоць тысячу разоў, ён не пакрыўдзіцца, і зробіць усё, каб перад Веранікай штодня міргалі ягоныя жаласьлівыя вочы. Так яно, урэшце, і адбылося, і іхнае вымучанае, дзіўнае тэлефоннае сяброўства цягнулася яшчэ год, раз за разам вяртаючы Вераніку да прыкрага здарэньня з водарам ванільнай згушчонкі, якое яна ня здольная была забыць.
***
Начаваць Лекс адводзіў яе да сябе ў вежу. У адным з гэтых кругласьценных халодных пакояў стаяла вялікае, шырокае ложа: Лекс прыкоўваў Вераніку да жалезнага крука, які тырчаў са сьцяны, а сам клаўся з другога боку, часам нават не распранаючыся. Вераніка з інтарэсам глядзела на тое, як ён замыкае кайданкі вакол яе нагі ды вешае на шыю ключ, зусім як яна калісьці надзявала яго на шыю накшталт упрыгожаньня, у школьныя часы. Ёй падабалася гэтая безабароннасьць Улады, яе маўклівая пакорлівасьць, і нават яе нежаданьне нейкім чынам уцячы ад свайго гаспадара. Яна ляжала ў цемры, назіраючы за тым, як не міргаючы глядзіць на іх з акна месяц, і думала пра тое, што, відаць, Лекс ужо прынамсі год як удзельнік гульні, бо неабходна было сабраць неверагодную колькасьць пунктаў і безьліч зброі ды магічных здольнасьцяў, каб завалодаць часткай Лесу, пабудаваць тут Дом ды яшчэ і ўтрымліваць яго й сябе ў адноснай бясьпецы. А палонныя? – Вераніка ведала, што да сьценаў Дому мусілі прыходзіць калісьці цэлыя войскі іхных суродзічаў: колькі ж аблогаў давялося вытрымаць Лексу... Хаця было невядома: магчыма, галоўная аблога ўжо рыхтуецца, і цяжка сказаць, чым скончыцца для Веранікі гэтая на першы погляд такая штучная гульня ў казачнай рэальнасьці.
Не, пра ўцёкі яна напачатку думала. Імкнулася разгледзець як сьлед браму, схаваную ў тумане, параніць Лекса падчас іхных частых збліжэньняў, падняць паўстаньне... Аднак аднаго разу яна выпадкова зірнула на ягоны, бадай што, недасяжны ўзровень, каб атрымаць які, трэба было сядзець за кампутарам круглыя суткі, на колькасьць ягоных пунктаў, якая ў дзясяткі разоў пераўзыходзіла Веранічыну. Але хутка мара пра ўцёкі саступіла месца такой адданасьці, пра наяўнасьць якой у сабе Вераніка й не падазравала. Бо Лекс карыстаўся ёй нібы трэнажорам, дзеля набыцьця якога ён усё жыцьцё назапашваў манэты. І яна сачыла за тым, як ёй карыстаюцца, амаль з удзячнасьцю. Розныя мярзотнасьці, якія ён зьдзяйсьняў сам і прымушаў зьдзяйсьняць яе, былі нічым у параўнаньні з магчымасьцямі, якія даваў Вераніцы лягер. Ён і сапраўды меў рацыю, гэты бляндын з вачыма забойцы, – толькі зь ім Вераніка магла зразумець, на што можа быць здольная чалавечая істота, няхай сабе й віртуальная. І яна да пары без сумненьняў прымала Лексава галоўнае апраўданьне: гэты сьвет, у якім існаваў цяпер толькі Лекс, ягоны Дом, яна, Улада, і некалькі дзясяткаў прыдуманых кімсьці монстраў, – толькі гульня, якую можна ў любы момант выключыць, і калі на экране загараўся прыгожы надпіс “Вяртайцеся хутчэй!”, міс Хайд зноў станавілася міс Джэкіл, усё як у вядомым фільме, з адной толькі розьніцай: ніводзін чалавек за час гэтага патаемнага ўвасабленьня не пацярпеў, і наогул нічога гэтага ніколі не было. Сумленьне сустракала Вераніку чыстым, бы яна яго перад пагружэньнем у змрочныя ды салодкія абдымкі Лекса вымыла ў пральнай машыне, высушыла й павесіла ў шафу. Прыемна, незвычайна прыемна вярнуцца ў родны дом пасьля доўгае разлукі й засьпець усё і на кухні, і ў спачывальні чыстым ды некранутым – нібы вярнуцца ў той самы шчасьлівы дзень, калі падарожжа яшчэ хвалявала, а невядомасьць палохала. Вось так, ці амаль вось так. Вераніка варочалася на сваім краі ложа, і ланцуг зьвінеў, і Лекс незадаволена прачынаўся.
Уначы Лекс да яе ніколі ня лез. Затое раніцай, пасьля кароткага, але добрага сьняданку (ён кідаў ёй кавалкі мяса, быццам сучцы, і паіў чымсьці, што аддалена нагадвала ёй тыя ўзвары, якімі паілі яе свайго часу гномы – ведаў бы Ольда, колькі ягоных барадатых супляменьнікаў яна ўжо адправіла на той віртуальны сьвет! – мімаволі, але ўжо без раскаяньня). Потым ён, згараючы ад нецярпеньня, вызваляў яе й вёў, заўжды ідучы ззаду, у сутарэньні. Там яны й бавілі дзень, робячы перапынак толькі для позьняга абеду. Шторазу Лекс меў яе па-новаму, і Вераніка ўжо не зьдзіўлялася ягонай фантазіі, успрымаючы яе як належнае: на галінах расьпятага пасярод калідору дэндрыкса, напрыклад, або ў навекі раскрытай пры дапамозе двух хітра прыладжаных мэталёвых бэлек пашчы напаўздохлага рэліна. Апошняе спачатку прымушала Вераніку ня дыхаць ад усёпераможнай агіды, яе калені стаялі на высахлым мёртвым языку даўжынёй з аўтамабіль, а рукі трымаліся за пачарнелыя сківіцы, якія ніколі ўжо не самкнуцца, як бы пагрозьліва яны ні навісалі над яе галавой. Почасту Лекс прымушаў яе аддавацца ня толькі яму, але заадно і двум-тром гномам, якія з выразам бязьмежнае цярплівасьці, зьмяшанае з жахам, выконвалі ўсё, што загадваў ім Лекс, і паглядвалі на пугу: у гномаў усё было малым і тоўстым, і такім аднолькавым, што Вераніка пасьля першых пяці хвілінаў гэтых забаваў не магла адрозьніць, дзе чый.
Галоўнай ідэяй Лекса было неадрыўнае сузіраньне ўсяго гэтага расьцягнутага на гадзіны працэсу ўсімі палоннымі, і ніхто не наважваўся адвярнуцца. Часам Вераніку, здавалася, разарве ад пранікненьня ў яе нутро то з таго, то з гэтага боку абачліва скалечаных Лексам ірлісаў, але неяк абыходзілася, і Вераніка толькі як у паўзабыцьці ўсьміхалася, калі іхнае насеньне залівала яе нарэшце з ног да галавы, не зьмяшчаючыся ў ёй, імкнучы назад валам бураватай пены. Для самак Лекс не рабіў выключэньня, самкі былі адпачынкам для Веранікі, бо гэта яе апрацоўвалі зазвычай іхныя размаітыя языкі ўсіх фарбаў і памераў. Але, вядома, ж, найлепшым адпачынкам быў Лекс, чалавечае цела якога ідэальна знаходзіла патрэбныя, змораныя і ўсё ж гатовыя ў любы момант прыняць неабходнае шчыліны ў Вераніцы. Яна сядзела перад кампутарам і толькі ціха ўскрыквала рахз-пораз у самых напружаных, неверагодных месцах, відовішча так яе захапляла, што тыя частыя, цёплыя імпульсы, якія дасылала Вераніцы падчас гэтых назіраньняў яе сапраўднае цела, заставаліся без адказу й потым гасьлі. У доме Лекса вечарэла, і тады яны каго-небудзь забівалі. Аслабелая Вераніка ня мела ніякае ахвоты гэтага рабіць, але выконвала загады: паіла, тыркала нажом, завязвала сьмертаносныя вяроўкі... Яна рабіла гэта выключна дзеля Лекса, як быццам дзякавала яму за тое, што ён прымусіў яе ўдзельнічаць у гэтым такім брыдкім, такім салодкім шоў.
Дзіўная справа. Варта ёй было выключыць кампутар, як насланьнё сыходзіла. Не адразу – Вераніка яшчэ хадзіла некалькі хвілінаў па кватэры, ачмураная нядаўнімі карцінамі ды жывёльным расчараваньнем, якое струменіла зь яе міжножжа, але тым прыемней было потым зноўку адчуць смак жыцьця.
***
Па яе звычайна заходзілі – з сур’ёзным выглядам адчынялі брамку, праміналі вечна схіленую над вёдрамі бабулю ды зазіралі ў адчыненае акно кухні, дзе Вераніка нясьпешна ела тварог з сочывам. Генік, Антон і яшчэ малы Алежка... Першыя два былі яе аднагодкамі. Вераніка аблізвала лыжку, з грукатам кідала місу пад кран ды бегла на двор. І яны ішлі за вёску – туды, дзе ляжала, уся ў пыле, дарога, дзе на іх сварыліся каровы, дзе коні, жуючы самлелую флёру, страсалі са сваіх палінялых бакоў аваднёў, дзе старыя жанчыны імкліва спускаліся на роварах з хлебнага колеру ўзгоркаў. Прыходзілі ці да зарослага гіганцкай, дзе-нідзе ў рост Веранікі, травой футбольнага бязьмежжа, ці да леташняга абгарэлага поля, ці да рэчкі, што раптам зьяўлялася за нагрувашчаньнем белых валуноў. А часам ішлі ў кукурузу, дзе іх маглі пабачыць хіба зь верталёта. Заглыбляліся далёка, за сьпінай падымаліся патрывожаныя сьцябліны, зямля была вострай, а рукі расьлінаў – колкімі, вакол была задуха, гарачыя цені нерухома віселі над іхнымі каленямі, і гэткая цеплыня ды пот пад пахамі настройвалі на цікавыя думкі...
Двух зь іх – Геніка, маці якога выкладала ў вясковай школе біялёгію, ды Антона – Вераніка ведала з маленства. Алежка зьявіўся нядаўна, ён быў стрыечным братам Антона, яму было ўсяго пяць, і ніхто не зьвяртаў на яго ўвагі. А вось Вераніцы і яе вясковым сябрукам ужо споўнілася дванаццаць. Яна пагаджалася толькі зь сяброўскіх пачуцьцяў: спускала майткі, задзірала сукенку й клалася на сьпіну. Ляжала, пакуль не пачынала ламаць у крыжы ад няроўнай, бы няўдала засохлай зямлі, заплюшчвала вочы ды ўсё пасьмейвалася. Вераніцы было сорамна й весела, калі яна разумела, чым яны тут займаюцца, і страшнавата таксама, бо ёй усё здавалася, што зараз, зараз над імі завісьне гелікоптэр, і адтуль па вяровачнай лесьвіцы спусьціцца бабка з пугай... Тут і праўда лёгка было не пачуць чыйго-кольвечы набліжэньня, бо кукурузныя постаці нібыта ўвесь час прыцішана гудзелі – а можа, гэта гудзела зямля ад шуму трактароў, што працавалі за нейкія два кілямэтры адсюль. Бывала, сярод гэтага кукурузнага царства ажно закладвала вушы. Антон і Генік схіляліся над ёй і пачыналі агляд. Спачатку ў такія хвіліны Алежка пачынаў румзаць ад таго, што ніхто больш не зьвяртаў на яго ўвагі, потым прывык і сам зазіраў за сьпіны хлапцоў – ён стаў такім ціхмяным, што Генік аднойчы яго пахваліў, па-мужчынску так, стрымана... Дакранацца да сябе Вераніка забараняла, але яны, відаць, нахіляліся сваімі цікаўнымі насамі зусім блізка, бо часам Вераніка адчувала на сваім жываце іхны подых. “І як ім не надакучвае?” – пыталася Вераніка ў самой сябе, – “На што там так доўга можна глядзець?”. Зразумела яшчэ, калі пальцамі прыадчыніць загадкавыя створкі, калі пагладзіць ці там зазірнуць унутр, але проста сузіраць? Аднак дотыкі яна забараніла раз і назаўсёды. Пры адной думцы пра дотыкі яе апаноўваў страх, нешта старажытнае, агромністае паўставала ўнутры. Але паказаць? Вераніка была пэўная, што сябры яе ня выдадуць.
Калі яна падымалася ды лянотна, з гарэзьлівыя бляскам у вачох нацягвала майткі, Антон і Генік выяўлялі неспакой. Ім чамусьці хацелася таксама паказаць Вераніцы, што ў іх у нагавіцах – яны расшпільвалі прарэхі ды ўмольна на яе глядзелі. Вераніка пачувалася ў гэтай кампаніі старэйшай і каралеўскім гідлівым рухам забараняла ім. Яны не спрачаліся, толькі сядалі пад кукурузным лісьцем, расчаравана пакусваючы сьцяблінкі. Вераніцы было даволі цікава, што ж яны хацелі ёй паказаць, але, па-першае, яна й так прыблізна сабе ўсё ўяўляла – былі ў яе гарадзкім жыцьці імгненьні, што дазвалялі ёй пашырыць свой кругагляд, а па-другое, дзіўны страх скоўваў яе, і надаваў голасу ўладнасьці, а сьмеху гістэрычнасьці... Яна з большым задавальненьнем дакраналася да іхных ног – мускулістых, пукатых, дзе-нідзе ўжо калючых. Іхнае лета сканчалася, і Вераніка спалохана прымала кожны бабчын візыт у яе каморку як прадвесьце непрыемнай размовы. Усё ж Алежка мог прагаварыцца, Антон раззваніць... Але ўсё скончылася без наступстваў. Яны ляжалі ў кукурузе да ачмурэньня, а потым прыходзілі дамоў і елі трускаўкі.
***
Там жа, паблізу ад Ліндэналее, мы й сустрэліся з маім даўнім сябрам і калегам Р. Гэтаму папярэднічалі доўгая чарада лістоў, якія не даходзілі, выпраўляючыся чамусьці ў віртуальны нябыт, пакуты з кампутарам, дзе быў усталяваны паскудны рэдактар, што пастаянна абураўся маёй мовай і ўсё імкнуўся прыняць яе за адну вялікую грубую памылку, а яшчэ: міжнародныя тэлефанаваньні, калі рэха твайго голасу даганяе цябе, перапыняючы ды замінаючы выразна патлумачыцца, невыноснае бухштабаваньне назвы станцыі, дзе Р. мусіў выйсьці... У рэшце рэшт ён дабраўся да гораду, дзе я меў прытулак, і ўмудрыўся пры гэтым сплаціць штраф за безьбілетны праезд на мэтро. Мы сядзелі за столікам у кавярні, якую я яшчэ ніколі не наведваў, і я стомлена глядзеў на ягоны пастарэлы твар. Гаварыць нам было няма пра што, я ўжо пашкадаваў, што запрасіў яго, і з тугою думаў пра тры дні, якія мы прабавім разам. Дый наогул – мяне больш цікавіў ягоны спадарожнік: Р. прыцягнуў з сабой, як ён шапнуў мне на вуха, аднаго з “мсьціўцаў”– той вучыўся ў суседняй краіне ды там жа стаў сябрам гэтай незарэгістраванай арганізацыі.
Мсьціўца мне адразу ж не спадабаўся. Ягоны малады эсэраўскі твар быў утыканы рамантычнымі прышчамі, калі ж я даведаўся, што маладзёну амаль столькі ж, колькі мне, мая непрыязь узрасла яшчэ больш. Мсьціўца пагардліва напяваў нешта патрыятычнае, размаўляў скрозь зубы й няўхвальна разглядваў прымружанымі вачыма засаджаную ліпамі ды каштанамі вуліцу, па якой гуляў вецер з водарам мора, зь яе дзынканьнем ровараў, нябачнымі музыкамі й кніжнымі латкамі. Памятаю, як пасьля ўсхваляванага аповеду Р. пра новыя рэпрэсіі гэты мсьціўца хрыпата прамовіў, скрывіўшыся: “Нічога, яны ў нас яшчэ павісяць уздоўж праспэкту”, і тэатральна сагнуў ні ў чым не вінаватую лыжачку. У ягоных вачах была перавага над усім навакольлем, непрыхаваная, паблажлівая, рот торгаўся, пад футболкай нацыянальных колераў няспынна рухаліся цягліцы і ігліца: ён нават адмовіўся ад піва, ён піў толькі каву бяз цукру, але з вадой, як аўстрыец, – рыхтаваўся да барацьбы, песьціў памалу, бы пемзай, сваю прагу помсты.
– Чаму ж проста “мсьціўцы”? – пытаюся я, проста каб сказаць нешта, мне дужа хочацца ў чымсьці яму запярэчыць, гэтаму ягонаму фанабэрыстаму, рэвалюцыйнаму маўчаньню, гэтай ягонай упэўненасьці, гэтым ягоным зьбітым костачкам на пальцах. – “Мсьціўцы”... Амаль “Неуловимые мстители”. Сумняюся, каб моладзь ведала што-небудзь пра гэты фільм. Нават у бацькоў ніхто пытацца ня будзе...
– Таму што гэта мусіць быць весела, мусіць гучаць прывабна і... І ў той жа час як апраўданьне, у адным слове цэлая праграма, – адказвае Р. пасьля паўзы, бо сам мсьцівец усё маўчыць, разглядваючы нас спадылба. Напэўна, мы падаемся яму страшэнна контррэвалюцыйнай сволаччу.
– Скажыце яшчэ: як карабель назывеш, так ён і паплыве, – адгукаецца нарэшце мсьцівец. Божа мой, якая непрыемная ў яго ўсьмешка, нядобрая, рэзкая, ад такой хочацца ўцякаць. Ён пазяхае. – Стаміўся я ад банальнасьцяў. Думаў, тут нешта больш цікавае пачую. Нездарма вы ўсе сюды бяжыце, як пацукі.
– Ну, назвалі б арганізацыю “Мсьціслаўцы”, калі ўжо вам так захацелася мець помсту ў якасьці грунту, усё адно прыгажэй, яшчэ й трохі гісторыі дадаецца – не здаюся я, і не магу адвесьці ад мсьціўцы вачэй. Ён раптам злуецца:
– Вось таму на радзіме такое і адбываецца! Бо прамарнавалі час за прыдумваньнем назваў і іншай балбатнёй! А трэба дзейнічаць! Рашуча й бязьлітасна!
Р. кладзе далонь яму на плячо, наш мьсціўца раздражнёна яе скідае, але ж пакрысе супакойваецца.
– Што ты са мной як з псыхам... Мне саромецца няма чаго. Ты распавядзі свайму эмігганту... Распавядзі яму, што я ў псыхушцы сядзеў, што мне крымінальную справу шылі... Што я на мёртвых драчыў? Распавядзі. Можа й ты думаеш, што я прыпадачны? Чым вы ад іх адрозьніваецеся, ад тых, хто мяне тады садзіў, я ў такім выпадку ня ведаю...
– Вазьмі сябе ў рукі, – кажа Р. яму на вуха, і потым дабрадушна глядзіць на мяне, падсоўвае мне попельніцу. – Так, было такое... На яго хацелі справу павесіць. Якую, распавядаць ня буду. Так, звычайны бруд. Яны гэта ўмеюць. На чалавека цень толькі кінь, потым ужо ніколі не пазбавішся. Ты ж ведаеш...
– Нічога я ня ведаю, – я падымаюся. Яны сядзяць перада мной, непрабівальныя ў сваёй сьвятой упэўненасьці, што існуе толькі два гатункі людзей, толькі два, як рыба ў савецкай краме, два колеры, без адценьняў, два напрамкі, без паваротаў. І калі б я пайшоў зараз ад іх, дэманстратыўна й з высока ўзьнятай гадавой, яны ўсё адно падумалі б, што я проста йду ў прыбіральню. – Нічога ня ведаю пра чужыя цені. Але мне здаецца, значна цяжэй пазбавіцца ўласных...
“Пра нас неўзабаве ўсе пачуюць. Зусім ужо хутка. Пачнем з кіраўнікоў – не самага высокага палёту, вядома ж, на гэта пакуль няма сродкаў, а такіх, раённага маштабу,” – казаў мсьціўца крывячыся. – “Як правіла, іх ніхто не ахоўвае. Так што задума цалкам рэальная. Цяпер самы спрыяльны час. Улада ўпэўненая ў сваёй беспакаранасьці. Восеньню й пачнем. Так што сачыце за навінамі, спадары эмігранты (ён зноў наўмысна картава вымавіў гэтае слова), хутка мы задамо гэтым выблядкам.”
Мае знаёмцы пайшлі па крамах, паабяцаўшы вярнуцца на вячэру, а я рушыў дамоў. Як ні стараўся я заняцца чым-небудзь карысным, нічога не выходзіла: я настолькі звыкся працаваць у цягніках, што дом выклікаў толькі жаданьне спаць. І яшчэ гэтая праклятая залежнасьць... Веранічына фота. Я заўсёды глядзеў на яго зь нянавісьцю, але адвесьці позірк не ставала сілы. З часам мне стала не хапаць яго, і нават блукаючы па вуліцах я стрымліваўся, каб не павярнуць дамоў ды не ўключыць кампутар. Думаю, ідэальным варыянтам для мяне быў бы пусты вагон і ноўтбук на каленях, на экране якога я мог бы глядзець на яе патрэт, глядзець, і закіпаць ад неўразумелых успышак злосьці, пакідаючы тым, хто праносіўся міма, толькі абрыс маёй цяжкай ад атрутных вераніцаў, роспачна нахіленай галавы...
Марна намагаючыся зазірнуць у выразы яе твару ды сукенкі, я прыгадаў раптам, як калісьці, у той краіне, у тым жыцьці, між той асокі я езьдзіў зь ёй за горад. Гэта быў першы і апошні раз, калі я пагадзіўся паехаць кудысьці зь яе сваякамі. Там была яе сястра – халоднае, фанабэрыстае стварэньне, якое то хадзіла па беразе з сабакам на павадку, надзеўшы вялікія, на паўтвара, цёмныя акуляры, і не адказвала на пытаньні, то раптам аглушальна, ненатуральна сьмяялася й называла мяне да сьлёзаў фамільярна. Яшчэ з намі быў яе муж, ад вобразу якога нічога ўжо не засталося, толькі аранжавыя плаўкі. Не, яшчэ воклічы, зь якімі ён абдымаў сястру Веранікі: “Ну ты прам францужанка!”. Не разумею, як яе сястра выйшла за такога, яна рабіла ўражаньне даволі культурнага чалавека, ня тое што гэты тыповы вечна малады антыфашыст і калгасьнік. Яшчэ была нейкая Веранічына сакурсьніца, я нават не магу сказаць цяпер, бляндынка ці брунэтка. Менавіта яна прапанавала згуляць у самую тупую з тых гульняў, якія я сустракаў у жыцьці. Жанчыны мусілі проста тут, каля хмызьняку на пустэльным беразе вузкай, абмялелай рэчкі імітаваць аргазм: ну, паказаць, як гэта выглядае ў іхным выкананьні. Мы – я ды муж у аранжавых плаўках – былі, паводле задумы, кімсьці накшталт журы, якое павінна было абраць пераможцу. Ім здавалася, гэта было б весела. Ня ведаю, як па мне, дык гэтая гульня абражала маю Вераніку – можа, іхную й не, але маю – дакладна. Я ведаў, што ня вынес бы такога.
Мая сьціплая прапанова памяняцца ролямі – баязьлівы, танны кампраміс – засталася незаўважанай. Сакурсьніцу, якая ўжо старанна дыхала, як пры інгаляцыі, ды павісквала, нібы парася, разрывала ад сьмеху. Сабака бегаў вакол і брахаў. Я да пары маўчаў. Сястра Веранікі, гледзячы на мяне ва ўпор, разыграла такую сцэну, што ў яе мужа адразу ж распухлі плаўкі. Надыйшла чарга Веранікі, і як толькі яна, памарудзіўшы, прастагнала сваё ўступнае “ля”, я схапіў яе за руку ды цьвёрда забараніў займацца такой лухтой. “Так нячэсна!” – закрычала сакурсьніца. “Я ж рабіла! І яна няхай!”. Я падняўся ды пацягнуў Вераніку за сабой. “У цябе няма пачуцьця гумару”, – сказала ледзяным голасам Веранічына сястра. Вераніка супраціўлялася, але мяне было ня здужаць – я гатовы быў яе ўдарыць, я адчуваў унутры такую злосьць, такую рацыю, што пасьля аднаго позірку ў іх бок зноў селі на пясок нават аранжавыя плаўкі, якія было памкнуліся да маіх напружаных рук. “Наступны раз прывядзі каго весялейшага!” – крыкнула нам наўздагон сакурсьніца й дадала цішэй: “Не, ну я ж тут крыўлялася, дзе справядлівасьць?”. Больш мы нічога ня чулі.