***

Нікуды не падзецца ад спакусы колерам: гэтая няісная краіна, дзе рухаліся некалі нашыя зь Веранікай целы, лічылася белай. Белай, белай, адценьні для яе – занадта вялікая раскоша!.. Белай як бальнічныя сьцены, белай як бусьлінае крыло, белай нібы ранішні сьнег – усё залежыць ад таго, адкуль глядзець на гэтую дурную бель; і мы зь Веранікай мітусіліся ў гэтым сьнезе, не пакідаючы на ягонай паверхні сьлядоў – мы былі перакананыя, што не пакідаем, каму якая справа да дзяцей, якія ў сонечны дзень крычаць, зьязджаючы зь ледзяной горкі, хто будзе ўзірацца, які малюнак пакідаюць на сьнезе іхныя танныя санкі. Справа – Монтэнэгра, зьлева – Каба-Вэрдэ, такая вось каляровая геаграфія: а мы жылі там, і няблага жылі, пакуль я ня выправіўся дамоў, шмыгаючы носам, пакінуўшы Вераніку адну пасярод гэтага шматзначнага сьнегу.

Мой Fischer-Weltalmanach за 2006 год прапануе пачынаць аповед пра краіну зь яе тэрыторыі. Па шчырасьці, лічбы ня ёсьць маёй улюбёнай стравай. Але я прыкладна ўяўляю яе тэрыторыю: прыкладна пятнаццаць Монтэнэгра, або пяцьдзесят адзін Каба-Вэрдэ. Насельніцтва: каля дзесяці мільёнаў чалавек, калі не лічыць жыхароў гэтых нашых знакамітых ВКЛ, “віртуальных канцлягераў” – колькі дакладна ў краіне такіх паселішчаў, ведаюць адно чытачы забароненай фашыстоўскай прэсы (я, на жаль, да іх не належу), але і яны памыляюцца, канцлягеры ж віртуальныя, каму ў галаву прыйдзе займацца перапісам эльфаў. Аднак, мяркую, вынік ня надта паўплываў бы на агульную колькасьць маіх суайчыньнікаў. Пра сталіцу тактоўна прамаўчым... Валюта – даляр (неяк нават няёмка называць яго амэрыканскім). Мова... Ну, насельніцтва, зноў жа такі выключаючы тых, хто адпачывае ў ВКЛ, упэўненае, што размаўляе па-расейску. Далей мой Fischer-Weltalmanach раскрывае таямніцу знаходжаньня амбасадаў замежных краінаў у Бэрліне. Няма нічога прасьцей: недалёка ад Трэптаў-парку яно знаходзіцца, гэтае прадстаўніцтва, сам бачыў, з вакна кавярні, падыйсьці не рызыкнуў. І сайт у іх ёсьць: Чаго наш консул ня можа зрабіць для вас? – напісана на афіцыйнай старонцы амбасады, і гэта, пагодзімся, цягне на словы дзяржаўнага гімна. Улічваючы тое, што Полігімнія – адзіная з музаў, якой тут ніколі не адмаўлялі ў візе, у гэтым няма нічога дзіўнага.

Рэлігія, дзяржаўныя органы, урад, гаспадарка... Крыжы, укрыжаваньні, скрыжаваньні, крыжаванкі, “крыжыкі-нулікі”... Нецікава. На нашым гербе трактар, а наш сьцяг белы: вось вам эканоміка, а вось вам і зьнешняя палітыка. Трактар на патрэбу лёгка стане танкам, а вось арлоў, якія красуюцца на некаторых чужых, быццам бы дэмакратычных гербах, у ластавак не пераробіш (сказаў, уздыхнуўшы, дзядзька Ягор, зьбіраючыся раніцай у нядзельку на выбарчы ўчастак).

Пра гісторыю альманах не згадвае, а яна заслугоўвае ўвагі. Рэч у тым, што паводле фашыстоўскай вэрсіі, гісторыя нашай белай краіны налічвае ўжо пяць стагодзьдзяў. У гэта цяжка паверыць. Я, напрыклад, разумею Франка, які заўжды ня можа стрымаць усьмешкі, калі чуе пра нашыя Вялікія гістарычныя нулі. Але ж большасць лічыць, што краіне ўсяго пару дзясяткаў гадкоў. На чыім я баку? Ні на чыім, бо ведаю: гэтая краіна нарадзілася разам са мной, са мной і адыйдзе ў нябыт. Бо яна – частка майго цела, гэтая краіна; тэрыторыя, якая заслужыла пакараньне, дзяржава, замерлая ў чаканьні помсты. Яна ж насамрэч не настолькі няісная, каб пазьбегнуць кары. Пра яе напісана ў любым даведніку. Белым па белым, белым па белым, белым па белым.

Чаго мне там не хапала?


***

За вакном старанна, нібы жанчыны на занятках шэйпінгам, машуць рукамі ветракі-генэратары – зрэшты, ня ўсе: вунь адзін стаіць зусім нерухома, нібы крыж на даху таямнічае падземнае царквы, якому аднаму дазволена глядзець на неба. Сівы кантралёр з завушніцамі ў абодвух вушах аддае мне мае квіткі ды, бадай што, бярэ пад казырок – субкультурная ветлівасьць, зь якой я ніколі ня звыкнуся. Цяпер можна зноў павярнуцца да вакна, там зьмяняюць адзін аднога зь вясёлым чыгуначным пошчакам паўночныя краявіды, дзе-нідзе яшчэ рэклямуючы для паўсонных пасажыраў альпійскія падарожжы, ледзь дацягваючыся каналамі-ўказальнікамі да плямаў сьнегу між яркай, з выклікам, травы. Яшчэ пару тыдняў, і палі тут запахнуць гноем, на радасьць усіх ворагаў глябалізацыі, запахнуць зусім як у нас, але гэта мяне ня цешыць. Любое падабенства я ўспрымаю тут як уласную паразу, хаця насамрэч мне слушна заўважылі нядаўна: “Ты падобны да футбольнага заўзятара, які прыехаў на край сьвету пабалець за чужую каманду”. Побач са мной заклапочана, бы стаматоляг, узіраючыся ў разяўленую пашчу свайго ноўтбука, сядзіць хлопец гадоў дваццаці пяці, і ягоны ручны сьвет, у якім бог ведае што робіцца, едзе разам зь ім, дый з усімі намі заадно, у гэты невялікі партовы горад. У падарожнай сваёй дрымоце я забываю, дзе знаходжуся, і вельмі зьдзіўляюся, калі чую ад яго нешта не па-расейску. Па шчырасьці, я не разумею ані слова, але ківаю ў адказ, і ён зноў задаволена ўтаропліваецца ў экран.

Я пераходжу ў вагон для курцоў. Побач нехта скручвае самакрутку, сьпераду дыміцца паголеная патыліца. Прыемна апынуцца сярод падобных да цябе самагубцаў. Я ведаю, што ніколі болей не патэлефаную Вераніцы, набіраю нумар і чую яе голас. Узрадаваны голас, але цеплыні я не адчуваю, скразьнякі яе калідораў дзьмуць скрозь слухаўку, водар казённых дываноў напаўняе вагон. Нехта за маёй сьпінай чхае. Мы размаўляем зь Веранікай ні пра што, пра нейкія тэлефонныя тарыфы, пра надвор’е, нібыта тут Афрыка, а там Антарктыда, тысяча кілямэтраў стомэтроўка для антыцыклёну. А потым я пачынаю злавацца, і намаўляю сябе спыніцца, і злуюся яшчэ мацней.

– Проста ты добры, – супакойвае мяне Вераніка, – ты занадта добры, ты ўсіх шкадуеш, нават гэтую навалач... А яшчэ ты рамантычны, ты вельмі рамантычны, вось цябе й цягне да ўсялякіх сумнеўных асобаў. Ведаеш, як хлопчыкі, якім падабаюцца антыгероі... Але яны не антыгероі, яны рэальныя злачынцы... Фашысты, разумееш? Ты заўсёды быў такі, цябе заўжды цягнула рабіць усё насуперак. Аднак гэта нармальна для дзяцей, дарослыя звычайна ўрэшце ўсё ж уцямліваюць, што да чаго.

– Лухта, – кажу я раздражнёна, – я што, таксама па-твойму гэты... фашыст... Вы проста падмяняеце ўсё, падмяняеце паняткі...

– Ты мяне ня слухаеш, – уздыхае Вераніка, – ты ніколі мяне ня слухаў. Ты наогул нікога ня слухаў, ты замкнуўся ў сабе, ты паўтараеш усьлед за гэтымі: народ-быдла, а ты хаця б размаўляў з гэтым быдлам калі-небудзь...

– Ня толькі размаўляў, – я выціскаю зь сябе максымум зласьлівасьці, але насамрэч атрымліваецца сумная, натужная фраза, – цалаваў яму ногі... Ня кажучы пра мноства іншых, інтымных рэчаў.

– А ідзі ты, – сьмяецца яна.

– Я забараняю табе сьмяяцца, – кажу я раптам гучна, і суседзі азіраюцца на мяне, але безь зьдзіўленьня: гэтыя рускія вечна лаюцца ды крычаць. – Я забараняю табе. Бо вы ня можаце сьмяяцца, ня здольныя, вы, забойцы. Вы кампрамэтуеце самую ідэю сьмеху. Адзінае, што вам дазволена, – гэта гнюсна рагатаць. І падхіхікваць начальству...

– Табе там што, зусім галаву задурылі? – спачувальна кажа Вераніка. – Ты кажаш як гэтыя нашыя зомбі. Каго мы забілі? Скажы мне, калі ласка.

– Мае мары. Сорак маленькіх крылатых істотаў. Па-твойму, гэта не злачынства?

– Слухай, канчай. Быццам няма іншых тэмаў. Распавёў бы лепш, як ты там харчуешся... Кажуць, у вас там няма чорнага хлеба. Зусім. Праўда? Я б павесілася. Вось я табе напішу сёньня... Далібог, сёньня ўсё кіну ды напішу.

Мне раптам хочацца забіць Вераніку. Ці, прынамсі, зрабіць ёй балюча. А яна, як ні ў чым ні бывала, распавядае мне пра стрыечную сястру.

– Прабач, – кажу я, – прабач. Я цябе вельмі ўважліва слухаю. Дарэчы, я не падумаў, у цябе ж на... на гэтай тваёй працы могуць быць праблемы праз мае тэлефанаваньні.

– Гэта яшчэ чаму?

– Ну, ня думаю, што ў вас там добра ставяцца да такіх, як я...

– Да якіх такіх, як ты?.. Не разумею. Панавыдумляў сабе нешта. Чаму гэта мне ня могуць пазваніць з-за мяжы? Што я, ў кадэбэ працую? Ці на вайсковым заводзе?

За акном зьяўляюцца лінейкі й цыркулі партовага гораду, і нада мной завісае ў руках лысага атлянта чорная аграмадзіна ягонага чамадана, а Вераніка ўсё гаворыць мне нешта са сваёй далечыні. Я б хацеў мець такую кнопку, як на маім мабільным тэлефоне – такую, якой можна было б сьцерці ў любы момант цэлую краіну. Хаця б на той час, пакуль яна табе не перазвоніць. А Вераніка ўсё балбоча – пра брата, абвараны палец, Чэслава й крышачку пра мяне, забыўшы, дзе яна, забыўшыся на Гілюка, які ціхенька сьцягвае ў яе са стала нейкую брашурку ды шукае ў кішэні акуляры; забыўшыся на чаргу, што цярпліва чакае ў калідоры, чаргу, што адчувае нязьменны гонар за самую сябе, – бо мала знойдзецца на сьвеце рэчаў, якія б з такім жа посьпехам і без усялякіх стратаў маглі ператварыць свой канец у свой жа пачатак.


***

На першы погляд мяне з гэтым дажджлівым партовым горадам нічога ня зьвязвала. Едучы сюды з Бэрліну на сваім першым ІСЕ і адчуваючы ўсім целам радасьць ініцыяцыі, я зноў спрабаваў прыгадаць, што я ведаю пра будучае месца майго выгнаньня. Рэч у тым, што выгнаньне я абраў па сваёй волі, а пра ўласную геаграфію мусіла паклапаціцца ўжо яно само. Пра гэты горад я ведаў мала, дый тое, што ведаў, абмяжоўвалася нейкімі неправеранымі фактамі, па кожны зь якіх трэ было лезьці ў даведнікі.

Так, на першы погляд я ня ведаў пра гэты горад амаль нічога. Калі я вымаўляў ягонае імя, у галаву прыходзіў адзін з клюбаў бундэслігі, сярэднявечны саюз партовых гарадоў, загадкавая мова й ня менш загадкавае халоднае мора. Даволі сьціплы набор, якім мог пахваліцца кожны другі мой суайчыньнік. Ад гэтага мне было прыкра. Я звыкся быць арыгінальным нават у дробязях, і гэты паўночны горад ставіў прыхадня на месца. Паўночным ён, між тым, быў, напэўна, адно ў маім уяўленьні: проста кантынэнт для мяне сьціснуўся ўрэшце да памераў адной краіны, той, па якой нёс маё цела цяпер рамантычны ІСЕ, і тут ужо ніхто б не запярэчыў – з гэтага пункту гледзішча горад быў несумненна паўночны.

Але варта мне было прыехаць, зьняць акуляры й пашвэндацца крыху па ягоных каменных вуліцах, варта было заблудзіцца ў ім, як у сутарэньнях агромністага карабля-музэя, варта было сесьці аднойчы на мэтро і выправіцца ў туманнае прадмесьце, як стала зразумела: я ўжо быў тут калісьці. Гадоў так сто таму.

Гэта адбылося на Вялікдзень. Я сядзеў на беразе ракі, на лавачцы, і раптам пабачыў на іншым беразе Амэрыку. Сапраўдную Амэрыку, краіну, дзе спраўджваюцца мары.

Да сярэдзіны дзевятнаццатага стагодзьдзя эміграцыя ў Амэрыку адбывалася ў асноўным праз парты Лівэрпуля, Гаўра, Антвэрпэна. Але вось і ў маім партовым горадзе арганізуецца адмысловая параходная кампанія для перасяленцаў. І неўзабаве горад становіцца для выгнаньнікаў і эмігрантаў адной з самых шырокіх брамаў на кантынэнце. Трохі больш чым за паўстагодзьдзя празь ягоны порт Эўропу пакінула каля пяці мільёнаў чалавек з усходу. Гэта былі яўрэі, стараверы, баптысты, летуценьнікі, разважлівая вусатая моладзь, будучыя каўбоі... Гэта былі паэты й проста авантурысты. Суседзі плявалі ім усьлед, як плявалі добрыя людзі з Сэзуана ўсьлед брэмэнскім музыкантам. А яны дабіраліся да майго партовага горада і імкнулі далей, праз акіян, за акіян, у краіну, дзе ўсім хапала неба, зямлі й працы.

Агенты кампаніі езьдзілі па вялікіх і малых гарадах, па вёсках і хутарах, прадаючы квіткі на свае параходы. Ахвотныя заўсёды знаходзіліся, і не адзін селянін, што не выязджаў трыццаць год далей за бліжэйшы кірмаш, раптам кідаў усё і імкнуў на край сьвету. Пагатоў, кампанія гуляла па-чэснаму: кожны разам з квітком атрымліваў накіраваньне да начлежнага дому ў гэтым партовым горадзе, а на самім караблі – абавязковае спальнае месца. Параход адольваў акіян за два тыдні, і прабавіць іх на адкрытай палубе, як гэта рабілі бедныя кліенты іншых кампаніяў, было небясьпечна...

Апрача кампаніі, пра эмігрантаў паклапаціліся й гарадзкія ўлады, прыняўшы Закон аб абароне перасяленцаў і пабудаваўшы ў прадмесьці каменныя баракі, дзе тыя жылі ў чаканьні свайго параходу. Прынамсі, цяпер кожны, хто пакідаў у пошуках лепшага жыцьця кантынэнт, мог быць пэўны, што адпраўляецца менавіта ў Амэрыку, а не чорт яго ведае куды.

Натуральна, чакаючы гэты сымбалічны параход, яны баяліся. Думаю, баяўся й мой прадзед, які хадзіў па гэтым бруку сто гадоў таму, штохвіліны паляпваючы сябе па кішэнях: грошы, пашпарт, білет, грошы, пашпарт, білет. Але ж ён дабраўся да Амэрыкі. Дабраўся й займеў там сям’ю, і напладзіў дзяцей, і ягоны сын дасылаў зусім яму незнаёмым, маім цяпер ужо памерлым сваякам у калгас з Амэрыкі крывавыя імпэрыялістычныя даляры, якія Савецкая ўлада нехаця канвэртавала ў пару матацыклаў і радыёпрыёмнік, забраўшы сабе неблагую рэшту. Прадзед пусьціў там карані, і хто яго ведае: калі я вучыўся ў школе й гадаваў валасы, да мяне, памятаю, падыйшоў неяк сябра з кружэлкай “Creedence Clearwаter Revivle” і запытаўся, ці няма ў мяне сваякоў у Амэрыцы – іхны гітарыст быў рыхтык я, адно што з густой рудаватай барадой...

І вось я стаю на капітанскім мосьціку агромністага парахода-музэя, правобраза майго першага ІСЕ, і мне здаецца, я трымаю яго ў руках: я сьціскаю пальцы, і зараз у ягоным нутры весела й страшна заскрыгоча, і ён рушыць уніз па рацэ – а потым далей, далей, туды, дзе сыходзяцца прыватныя амэрыкі ўсіх вар’ятаў.


***

Амэрыка. Нібы герой кароткага, бяздарна напісанага апавяданьня, адным жнівеньскім надвячоркам тры гады таму я выйшаў са сьмярдзючага аўтобуса ў пыльным, нічым не прыкметным гарадку на радзіме. Была нядзеля, азэрбайджанцы на аўтастанцыі зачынялі шапікі, аглухлыя птушкі, звыклыя да скрыгату, блыталіся ў іх пад нагамі; п’яныя славяне, якія пачалі свой выходны на лаўцы ў цяньку і цяпер ужо ня мелі сілаў, каб уцячы з санцапёку, тупа глядзелі, як я закідваю на сьпіну заплечнік і крочу на галоўную вуліцу. Назаўтра я мусіў выступіць перад мясцовымі школьнікамі – дагэтуль не разумею, навошта і што наогул прымушала мяне калісьці пакідаць пекла сталіцы і бядзяцца па бясконцых райцэнтрах сваёй радзімы. Школьнікаў я ненавідзеў, а ў міжгародніх аўтобусах мяне кожны раз нудзіла.

Мяне пасялілі ў нейкім інтэрнаце; маімі суседзямі па пакоі аказаліся трое ці то будаўнікоў, ці то аграномаў: гэта былі гадоў на дзесяць малодшыя за мяне хлопцы, родам з такога ж райцэнтру, толькі ў іншай вобласьці. Яны прынялі мяне даволі прыязна: пачаставалі яблыкамі – куча антонавак, падобных да высушаных сонцам чарапоў, была рассыпаная па стале, – і выдзелілі мне ложак, каля якога на тумбачцы стаяла адзіная тут настольная лямпа. Аднак я адчуваў, што лішні ў іхнай кампаніі і што яны зь нецярпеньнем чакаюць заўтрашняга дня, калі я нарэшце зьеду ў сваю сталіцу. Мэбля ў пакоі была самая звычайная, хіба што на шафе стаяў невялікі глёбус, забыты, відаць, нейкім географам-самавукам.

Гаварыць нам было няма пра што, ды і суседзі мае не імкнуліся да размовы: у аднаго зь іх меўся пашарпаны ноўтбук, і яны ўтрох сядзелі на ложку, хуліганячы ў нейкім чаце. Я дастаў кніжку і выцягнуўся на ложку. Раз-пораз уладальнік ноўтбука паглядваў на мяне, я адчуваў гэта – адначасова насьцярожаны, пагардлівы, гідлівы і зацікаўлены позірк на сваёй кніжцы, нібы ў мяне з грудзей вытыркаўся вільготны й валасаты рог. Яны ўспрымалі кніжку як частку майго цела; гэта было прыкра, але і трохі прыемна.

Дзень сканчаўся, мае суседзі выпілі трохі і закусілі, не выключаючы кампутар, я спытаў, ці можна мне пакурыць ля вакна, і адзін зь іх моўчкі падсунуў мне абгарэлую попельніцу. Сьцямнела, я запаліў лямпу, і яны ад нечаканасьці здрыгануліся, забыўшы, напэўна, што ў пакоі ёсьць нехта яшчэ. Яшчэ адна цыгарэта, глыток цёплага спрайта. Я з жалем перагарнуў апошнюю старонку кнігі і адчуў, што засынаю.

Гадзіне а другой ночы я раптам адплюшчыў вочы. Двое аграномаў, або будаўнікоў, або сантэхнікаў, усё яшчэ сядзелі, схіліўшыся над ноўтбукам, трэці стаяў каля адчыненага акна і задуменна паліў. “Спаць трэба,” – сказаў ён, пазяхнуўшы, – “Ноч. Увесь сьвет сьпіць”. Я перавярнуўся на жывот, канчаткова прачнуўся і зірнуў у акно. Цяжкая, густая, вязкая, страшная, дзіўна бяззорная айчынная ноч панавала там. Асьвятленьнем райцэнтр быў не разбэшчаны, яно папросту не працавала ні тут, каля будаўнічага камбіната, ні на галоўнай вуліцы, гарадок ляжаў у такой цемры, ад якой можна было асьлепнуць; сапраўды здавалася, што мая ўсё яшчэ ўключаная настольная лямпа і іхны ноўтбук былі адзінымі на сьвеце крыніцамі сьвятла. Недзе паблізу, за рыпучымі драўлянымі дамамі, пранізьліва вылі ці то ваўкі, ці то мясцовыя школьнікі, якім я неўзабаве мусіў распавесьці нешта такое, пра што не прачытаеш у падручніках, і раз-пораз раўлі пад вакном ахрыплыя горлы нябачных, таямнічых грузавікоў. Мне ні з таго ні зь сяго захацелася пагаварыць.

– Ну, ня ўвесь сьвет сьпіць, – далікатна, але гучна сказаў я. – У Амэрыцы ж, відаць, самы разгар працоўнага дня.

Мае суседзі пераглянуліся. Той, што стаяў ля акна, усьміхнуўся:

– Табе фільмаў трэба паменей глядзець... Разгар працоўнага дня...

– У блядзей і бандытаў цяпер паўсюль разгар працоўнага дня, – падаў голас уладальнік ноўтбука. – Што ў нас, што ў Амэрыцы. Гэта нам а сёмай падымацца. А блядзі амэрыканскія дамоў у гэты час патупаюць.

– Падмыюцца і ў люлю, – прамовіў трэці летуценна. – Глядзеў гэты фільм? Ня памятаю, як называецца.

Ягоныя сябры міжволі наморшчылі лбы.

– Я толькі хацеў сказаць, што ў нас ноч, а ў Амэрыцы цяпер дзень, – асьцярожна зазначыў я. Размова відавочна ішла ня ў тое рэчышча.

Яны зноў пераглянуліся. Цяпер мае суседзі сядзелі ў рад на ложку, проста перада мной, і чамусьці стомлена, падсьлепавата вывучалі мой твар.

– Ты акуляры пратры і ў акно зірні, – сказаў адзін зь іх. – Ноч там. Дзьве гадзіны ночы. Які нафіг дзень?

– Ён жартуе, але ж нам нясьмешна, – сказаў уладальнік ноўтбука і выключыў сваю машынку.

– Можа, амэрыкашкі і думаюць, што ім ноч пофігу, – прысланіўся сьпінай да сьцяны другі будаўнік. – Але цяпер дзьве гадзіны ночы, гэта факт. Што б яны там у сваім галівудзе не здымалі.

– Амэрыка... – працягнуў зьдзекліва яшчэ адзін аграном. – Ты яшчэ нам пра Гары Потэра скажы. Гумарыст.

– Але там і праўда дзень цяпер, – дрыжачым, як у Джардана Бруна, голасам, прамовіў я і сеў на ложку. – Ня ведаю, колькі дакладна, але... Ну, гадзіны дзьве дня...

Яны зноў пераглянуліся і раптам засьмяяліся – усе разам, злавесным, белазубым хорам.

– Ну ты сатырык! – гучна сказаў, выцершы рот, уладальнік ноўтбуку, і ў сьценку пагрукалі. – Першы раз такога бачу. У Амэрыцы, значыцца, дзень, толькі ў нас, мудакоў, ноч! Ну-ну, раскажы нам яшчэ якую казачку перад сном.

– Запомні, брат, – зусім ужо сур’ёзна сказаў другі будаўнік, падняўся, падыйшоў да акна і паманіў мяне пальцам. – Вунь там (ён паказаў на будынак будкамбінату) – там Расея. А там – Польшча. А мы тут. І паўсюль ноч. І няма чаго тут больш... Такія справы, брат.

– А за Польшчай што? – задхаючыся ад крыўды, спытаў я.

– А хер яго ведае, – махнуў рукой аграном. – Якая розьніца.

– Амэрыка, напэўна, – усьміхнуўся той, што з ноўтбукам, і яны зноў заіржалі.

– Я ў Польшчы быў, – павярнуўшыся да сваіх, сказаў той, што стаяў ля акна. – Курыца ня пціца.

– А гадзіньнік ты там што, не пераводзіў на гадзіну назад? – помсьліва кінуў я яму проста ў твар.

– Ну, пераводзіў, – зьдзівіўся ён. – Ну і што? Я і зараз магу перавесьці, сьвятлей на двары ня стане.

Адчуваючы, як гараць мае шчокі, я ўскочыў з ложка і схапіў настольную лямпу. Твары маіх суседзяў па пакоі пацямнелі. “Ну, бля, падсялілі кадра”, – сур’ёзна прамовіў адзін з будаўнікоў і схаваў ноўтбук пад ложак. Другой рукой я, ледзь дацягнуўшыся, зьняў з шафы глёбус і ў такой позе, на ланцугу провада, зь пенай на вуснах, пачаў сваю лекцыю.

Я круціў вакол сваёй восі стары, выцьвілы мячык, і ён ціха парыпваў пад занадта яркім сьвятлом лямпы. Аграномы змрочна слухалі, а я гаварыў, гаварыў, гаварыў, сьпяшаючыся, каб мяне не перапынілі; мая астраномія была ўбогай, баюся, цяпер я нават ня здаў бы школьнага іспыту, але яна была слушнай, гэта я ведаў; і ўсё ж у нейкі момант я засумняваўся: надта ўжо патыхала нейкай містыкай гэтая дзея, недаверлівыя твары маіх суседзяў, мой усхваляваны голас, брудны дыван на дашчатай, пафарбаванай у бардовы колер падлозе, ноч, цяжкае, пагрозьлівае дыханьне ў паўзмроку, і слова “сонца”, якое я ўсё паўтараў і паўтараў... А ці напраўду я маю тут рацыю? І, каб адкінуць сумненьні, я загаварыў яшчэ гучней і яшчэ больш апантана.

– Нават тут, за Польшчай, ужо іншы час! – сказаў я і тыцнуў пальцам у першае, што трапілася на глёбусе “за Польшчай”: у месца, дзе знаходзіцца адзін паўночны, дажджлівы партовы горад. – У нас палова на трэцюю, а там толькі палова на другую!

Глёбус нечакана саскочыў са сваёй хісткай ножкі і паляцеў на падлогу: сапраўдныя “ўцёкі Зямлі”. Было добра чуваць, як ён пакаціўся па падлозе – я зрабіў крок наперад, каб спыніць яго, і наступіў у цемры на ўласную плянэту. Пад нагой храснула. Я нахіліўся над падлогай, і лямпа ў маёй руцэ адразу ж згасла. У сьценку зноў загрукалі.

– Ладна, – сказаў адзін з маладых аграномаў. – Спаць трэба. Ноч даўно. Заўтра падымацца рана.

Яны моўчкі і хутка ўлегліся і неўзабаве ўжо храпелі. А я доўга ня мог заснуць, варочаўся, усё ацэньваючы самога сябе, спрабуючы зразумець, як я выглядаў на гэтай сцэне, узгадваў цэлыя кавалкі свайго маналёгу. Здолеў я ім нешта давесьці або ня здолеў? І наогул: здольны я даводзіць нешта людзям або мяне ніхто, ніколі не паслухае, ня зьверне на мяне ўвагі? І ці сапраўды існуе яна, Амэрыка далёкіх, паўночных, партовых гарадоў, дзе вечна ідзе дождж?

Калі я прачнуўся, пакой быў пусты. Ножка глёбуса і ён сам, праломлены, але горды, ляжалі на стале, як часткі таямнічага прыстасаваньня. Я схадзіў умыўся, сабраў сумку і спусьціўся ўніз. Трэба было недзе пасьнедаць. І тут мяне паклікалі па імені.

Я павярнуўся. З фатэлю падняўся ўсьмешлівы хлопец у белай кашулі.

– Як вы сябе адчуваеце? – спытаў ён замест прывітаньня.

– Нічога... Нармальна, – адказаў я. Як заўсёды, я губляюся перад незнаёмымі, і адказ прагучаў даволі жаласьліва.

– Пацаны тут сказалі, вы ўначы скардзіліся на здароўе, – скрушна пахітаў маладзён галавой. – Можа, я праводжу вас да доктара, гэта тут недалёка.

– Ды не, са мной добра ўсё, – сказаў я трывожна. – І ў мяне лекцыя ў школе, праз гадзіну...

Чамусьці я стаў корпацца ў пінжаку, шукаючы сваё запрашэньне.

– А вось лекцыю давядзецца перанесьці, – спачувальна прамовіў хлопец. – Ведаеце што: яжджайце лепш дамоў, адасьпіцеся, прыміце лекі. Схадзіце ў кіно. Вам відавочна трэба адпачыць. Наступны аўтобус а дзясятай сорак. Якраз пасьпееце. Сёньня панядзелак, у паўпустым паедзеце, зайздрошчу. Усё зразумела?

Ён усьміхнуўся мне і стрымгалоў выйшаў. Я падняўся да сябе ў пакой, каб сабраць заплечнік. Дзьверы былі адчыненыя, незнаёмая мне жанчына, прыўстаўшы на мыскі ног, ставіла на шафу новы глёбус.


5.

Пра яго казалі: стары лапух; казалі, бывала, проста ў вочы ды бяз злосьці. Антонавіч вёў у Цэнтры цыркавы гурток, ніхто, апрача дырэктаркі, ня ведаў, адкуль наогул узяўся тут гэты неахайны, заўсёды чырванавокі, зь сівой шчэцьцю на нямытых шчоках, бяскрыўдны мужычок, які нікому не адмаўляў у дапамозе і ў той жа час нічога пра сябе не распавядаў. Ён апранаўся ў дурнаватыя старамодныя строі, што пахлі мачой і сродкам ад молі, павязваў на шыю квяцістую жаночую хустку, а ягоным валасам, доўгім ды рэдкім, як у няўдахі-музыканта, здаецца, так і не было наканавана даведацца, што такое шампунь і расчоска. Побач зь ім Вераніка заўсёды адчувала сябе як побач з набітай адзеньнем шафай, якую адчынілі першы раз за паўстагодзьдзя. Яна старалася ўнікаць прысутнасьці Антонавіча, хаця, як і яе калегі, ставілася да яго амаль што з сымпатыяй. Калі Антонавіч нешта казаў, паветра навокал імгненна набывала трывалы часнычны водар, і таму Антонавічу ніхто ніколі не рабіў заўвагаў. І ён спакойна працаваў далей, упэўнены, відаць, што выглядае досыць рэспэктабэльна.

У той дзень Вераніка выпадкова напаткала ў калідоры дырэктарку, і Ганна Юр’еўна, безуважна павітаўшыся, потым раптам прытармазіла ды ўзяла Вераніку пад руку. “Веранічка, зрабі ласку,” – вочы дырэктаркі засьвяціліся ад палёгкі. – “Ніяк ня можам нашага Антонавіча злавіць, ён так за тэхніку бясьпекі й не расьпісаўся. Ты пашукай яго, здаецца, у яго сёньня заняткі... Вельмі прашу”. Вераніка ўздыхнула, узяла паперы ды рушыла на другі паверх, дзе месьціўся цыркавы гурток.

Ёй пашанцавала, яна адчыніла дзьверы й пабачыла Антонавіча ўласнай пэрсонай. Адразу ж нейкае шаснаццатае пачуцьцё падказала ёй, што ў звычным інтэр’еры памяшканьня на гэты раз маецца прыхаваная загана. Спачатку, апынуўшыся за сьпінамі навучэнцаў, яна не магла ўцяміць, у чым жа тут справа. Два дзясяткі дзяцей, што стаялі паўколам ды моўчкі глядзелі перад сабой, таксама насьцярожылі Вераніку – надта ўжо сур’ёзнымі былі іхныя вочы, дзеці, здавалася, намагаліся зразумець, што адбываецца. І толькі потым, сярод стракатага, вясёлкавага абсталюнку пакоя, Вераніка пабачыла Антонавіча.

Начапіўшы круглы клоўнскі нос і намаляваўшы сабе рознае велічыні румяныя пляміны на шчоках, голы па пояс Антонавіч выконваў, хістаючыся й ледзь ня падаючы на зваленую проста ў куце купу бліскучых пакамечаных касьцюмаў, дзіўны сутарговы танец ды яшчэ мармытаў нешта весела сабе пад нос. Пад жыватом ягоным вольна й крыху непрыстойна боўталіся канцы расшпіленага паса, але самае цікавае было нават ня гэта. Антонавіч пабачыў Вераніку, сарамліва й бязглузда ўсьміхнуўся, навучэнцы расступіліся, даючы ёй прайсьці, а Вераніка з жахам глядзела, як па нагавіцах клоўна распаўзаецца мокрая пляма. І гэтаксама, як пляміна, шырыўся ды апаноўваў Вераніку гідкі, млосны жах. Яна не магла паварушыцца, проста стаяла ды ў здранцьвеньні чакала, пакуль Антонавіч спыніцца – але ён, здаецца, сам быў зьдзіўлены й пазьбягаў глядзець уніз.

– Вы чым тут займаецеся? – прамовіла нарэшце Вераніка.

– У нас гэтыя... практычныя... – нясьмела сказаў аднекуль зьнізу тоўсты хлопчык бяз двух пярэдніх зубоў.

– Малайчына, – выцягнуў шыю зьніякавелы Антонавіч. – Які малайчына.

– Так, у вас сапраўдны майстар-клас, – нахмурылася Вераніка. – Антонавіч, патлумачце мне самі, добра?

Ёй спадабаўся ўласны голас, у ім нечакана абудзілася дзіўнае жалеза. У Веранікі на нейкае імгненьне заняло дыханьне ад незнаёмага раней, цеснага, пякучага адчуваньня – адчуваньня ўлады над гэтым клоўнам, які толькі што ледзь не паваліўся на цыркавыя касьцюмы. Яна ведала, што цяпер, у гэты момант, яна мае поўнае права гаварыць зь ім так і не выбіраць выразаў, і нават даць, калі спатрэбіцца, Антонавічу поўху, – неаспрэчная праўда знаходзілася за сьпінай Веранікі, і было прыемна адчуваць яе каменны халадок.

– Дык гэта, – ашчэрыўся Антоныч, – гэта самае...

Раптам у пакоі пачуўся гучны рогат, касьцюмы пад нагамі Антонавіча заварушыліся, і адтуль паднялася, напалохаўшы хіба Вераніку, але не дзяцей, якія, відаць, ведалі пра яе існаваньне, ускудлачаная, пакамечаная бы скарыстаная паперчына, зь вялікімі, цёмнымі ці то ад касмэтыкі, ці то ад хваробы вачыма старая лялька. Лялька рагатала, пацяшаючыся разгубленасьцю Веранікі, ды не магла ніяк спыніцца. Толькі цяпер Вераніка заўважыла тое, што яе з самага пачатку зьбянтэжыла, але ўдала прасьлізнула міма ўвагі: тры брунатыя бутэлькі, якія стаялі пад сталом, пара плястмасавых шкляначак, акуратна выкладзеная на газэце каўбасная шкурка, фальга танных цукерак...

– Абасцаўся, – сьмяялася лялька, – казала яму, будзе як тым разам, а ён!..

Вераніка закусіла вусны, а Антонавіч, мітусьліва зашпільваючы пас, адступаў да сьцяны. Лялька, якая аказалася пажылой заспанай жанчынай, урэшце здушыла ў сабе апошні сьмяшок ды ікнула.

– Жонка мая, зь Сібіры вярнулася, радасьць мая, – нёс Антонавіч поўную лухту, – Веранічка, я вас пазнаёмлю...

– Ідзіце дамоў, заняткі скончаныя, – спахапілася Вераніка, якая ўсё не магла адвесьці погляд ад нагавіцаў Антонавіча, і навучэнцы кінуліся да выйсьця. Антонавіч прыхіліўся сьпінай да сьцяны, а лялька, пасьмейваючыся, апранала паліто і ніяк не магла трапіць у рукавы. Вераніка цьвёрдым крокам падыйшла да клоўна й працягнула да яго руку.

– Не! – мэлядраматычна закрычаў Антонавіч ды закрыў далоняй твар. Аднак Вераніка, не зважаючы на густы, так знаёмы ёй зь дзяцінства перагар, лёгка перадолела старэчы супраціў і сарвала зь перакошанай пысы чырвоны мяккі нос. І тады Антонавіч зь лямантам схапіўся за аголенае месца рукамі, нібы Вераніка нанесла яму крывавую рану.

У той дзень яна думала нядоўга і ўжо пасьля абеду распавяла ўсё дырэктарцы. “Ну натуральна, натуральна, такім ня месца ў дзіцячай установе!” – перабольшана ўсхваляваным голасам усклікнула дырэктарка й зараз жа звольніла Антонавіча, хаця насамрэч, і Вераніка не магла знайсьці гэтаму тлумачэньня, ня надта каб і зьдзівілася.


***

Да дому, на пятым паверсе якога жыла сям’я Драгуновых, Вераніка падыходзіла не бяз страху. Але гэта было грамадзкае даручэньне, і словы “Калі ня мы, то хто?”, кінутыя Нінай Дзьмітрыеўнай ураньні, чамусьці глыбока закранулі душу Веранікі. Сям’я – гэта было, канечне, моцна сказана, Драгуноў жыў з маці, а бацькі свайго нават ня ведаў, не было ў яго таксама ані братоў, ані сясьцёр. З дрыготкай у пальцах яна выклікала ліфт, размаляваны ды загаджаны, несумненна, самім яе апекаванцам, расчаравальна хутка паднялася на патрэбны паверх, перажагналася ў думках ды пазваніла. Высьветлілася, што ўсё было ня так ужо й жахліва. Прынамсі, кватэра Драгуновых мала чым адрозьнівалася ад іхнае кватэры, тут таксама было ў меру чыста, таксама стаяў за канапаю пыласос, з кухні пахла катлетамі, на сьценах расьлі кветачкі, а большую частку залі займаў набіты шклом сэрвант. Драгуноў, у спартовым трыко й майцы, паныла ўсьміхнуўся ды правёў Вераніку ў свой пакой, дзе было зусім ня страшна, толькі пахла цыгарэтным дымам. На сьцяне вісеў агромністы постэр з выявай падобнае да гарылы кіназоркі, з тых самых баевікоў, якія так любіў брат Веранікі.

– Гэта хто? – спытала Вераніка, каб неяк наладзіць кантакт.

– Ты што, кіно не глядзіш? – змрочна сказаў Драгуноў. – Гэта ж...

І назваў нейкае амэрыканскае прозьвішча, прычым відавочна няправільна.

– Напэўна, яго завуць усё ж... – запярэчыла Вераніка пасьля доўгага роздуму.

– Табе адкуль ведаць, – задуменна сказаў Драгуноў, але гэтым разам без пагарды. Вераніка ўрэшце выдыхнула, адчула сябе больш упэўнена, спытала, ці можна ёй сесьці на ложак. “Ды садзіся ты”, – кінуў раздражнёна Драгуноў, думаючы пра сваё. Яна села, дастала падручнікі, сшытак.

– Чым будзем сёньня займацца? – спытала яна, паклаўшы кнігі на калені.

– Сэксам! Мне адкуль ведаць, якой вы там хярнёй страдаеце? – агрызнуўся Драгуноў, але падсеў да яе, ад яго прымірэнча пахла потам ды тытунём, а больш, здаецца, нічым.

– Алгебрай? Фізыкай? – дапытвалася Вераніка. – Ці вось, расейскай літаратурай, мы цяпер цікавы твор чытаем, заўтра праверачная.

– Слухай, Вераніка, давай толькі хутчэй, падуры мне галаву сваёй хератой ды валі дахаты, – нязлосна сказаў Драгуноў і паглядзеў нецярпліва ў акно.

Вераніцы ня надта хацелася займацца з Драгуновым ні алгебрай, ні фізыкай, яна сама баялася гэтых прадметаў, бо ясна сабе ўяўляла, што нешта істотнае так і пройдзе міма яе, як ні шчыруюць настаўнікі. Яна з палёгкай паклала кнігі назад, пакінуўшы толькі адну, таўшчэзную хрэстаматыю.

– Тады літаратурай, – радасна прамовіла яна. – Цяпер мы праходзім твор Гогаля “Нос”. Ты ведаеш, як поўнасьцю звалі Гогаля? І назаві мне, калі ласка, калі ён нарадзіўся й памёр.

Драгуноў засунуў палец у нос і нічога не адказваў. Тут Вераніка, якая напружана разважала, якім чынам зацікавіць свайго апекаванца, пачула, як у кватэру нехта заходзіць, пачула цяжкі грукат торбаў, шоргат вопраткі на вешалцы ў перадпакоі.

– Мамаша прыйшла, – пазяхнуў Драгуноў.

І сапраўды, у пакой зазірнула поўная, прыгожая, дагледжаная жанчына, уся ў пярсьцёнках ды каралях, вельмі падобная да Драгунова носам ды падбародзьдзем. “Добры вечар”, – прасьпявала яна грудным голасам, – “Ты, напэўна, Вераніка, Алёша мне казаў, што вы хацелі сёньня пазаймацца. Я пайду зраблю гарбаты, а ты, Алёшанька, пакажаш потым дзяўчынцы, дзе ў нас прыбіральня”.

– Сама пакажаш, – прабурчаў Драгуноў і адкінуўся да сьцяны, пачухаўшы нагу.

Маці Драгунова ласкава пасьміхнулася ды, мэлядычна нагадаўшы пра нейкі “наш любімы пірог”, зачыніла дзьверы.

– Добрая ў цябе мама, – сказала Вераніка.

– Дрэнных не трымаем, – ашчэрыўся Драгуноў. – Слухай, што ты ўсё пра памёр, не памёр... Распавяла бы мне што-небудзь цікавае. Пра гэтага Гогаля.

Вераніка зьдзівілася, таропка заківала галавой, але нічога цікавага пра Гогаля ёй у галаву не прыходзіла. Зьнешне Гогаль ёй не падабаўся, сьлізкі ды непрыгожы, зусім на пісьменьніка не падобны, хутчэй на вычварэнца нейкага. Яна бачыла мімаходзь у бібліятэцы ягоную кніжку “Мёртвыя душы”, панылую, шэрую. А ім давядзецца і яе праходзіць.

– Давай ты мне лепш пачытаеш уголас! – узрадавалася Вераніка нечаканаму рашэньню праблемы. – У цябе ж з гэтым праблемы. Трэба больш трэніравацца.

Драгуноў заскрыгатаў зубамі, але потым прысунуўся да Веранікі бліжэй, узяў у яе кнігу й пачаў усё ж чытаць. Занятак гэты быў для Драгунова пакутлівы, чытаў ён па складох, занадта доўгія, на ягоную думку, словы рашуча скарачаў, абрубаючы да прыставак, а сустрэўшы складаны сказ, проста замяняў ягонае зьмесьціва невыразным мычаньнем. Вераніка досыць наслухалася такіх чытаньняў у школе. Голас Драгунова, які адразу ж, як толькі Драгуноў апусьціў вочы ў кніжку, стаў агідна-пісклявым, навяваў на яе сон. Але гэта было лепш, чым тлумачыць Драгунову нешта, да чаго ў самой няма асаблівае схільнасьці. На кухні завіхалася маці Драгунова, якая да таго ж яшчэ й сьпявала ля пліты, гэта Вераніку дужа зьдзіўляла. Вераніка пазяхнула ды пачала разглядваць пакой. На шафе стаяла пакрытая пылам мадэль самалёта, на стале ляжалі нейкія мэталёвыя шарыкі, пасьцель, край якой вызіраў з-пад шарсьцяное коўдры, даўно трэба было мяняць. Драгуноў нарэшце справіўся са старонкай і адкашляўся, гучна загарнуўшы кнігу.

– Ну што, гадзіцца? – спытаў ён і вярнуў кніжку на калені Веранікі. – Слухай...

Вераніка спалохалася, такімі жывёльнымі сталі раптам гэтыя вялікія пустыя вочы, што без папярэджаньня ўзьніклі проста перад яе тварам, такі бруд зацямніў іхную дагэтуль абыякавую сьветлыню, а Драгуноў загаварыў таропка, шумным шэптам, імкнучыся, каб ягоны подых ні за што не абмінўў твар Веранікі, каб яна адчула яго:

– Слухай, Вераніка, а пакажы мне свае цыцкі, а? Пакажы, Вераніка! Пакажы!

Яна ўскочыла зь месца, чырвоная ад сораму, а Драгуноў глядзеў абыякава на яе бязладныя рухі, ды казаў амаль апраўдальна:

– Ды што я сказаў? Дзеўбанутая нейкая... Я ж ня проста так... Я табе заплаціў бы, як пацан. У мяне капуста ёсьць, зарабіла б. Вось дурная. Ну, наша справа прапанаваць.

Вераніка аддыхалася ды вырашыла зараз жа ўзяць сябе ў рукі. Як ні дзіўна, у яе атрымалася, яна нават зноў села на ложак, толькі ўжо трошкі далей ад Драгунова. Тут якраз у пакой зноў зазірнула маці ды паклікала іх піць гарбату. Думаючы пра тое, што было б, пачні Драгуноў да яе лезьці (што-што? Закрычала б), Вераніка вымыла рукі й села за стол, засланы чыстым белым абрусам. Маці завяла зь Веранікай размову, распытвала пра яе сям’ю, пра тое, хто дзе працуе, гэтая вельмі прыемная жанчына з ружовай, празрыстай, быццам налітай малаком шыяй размаўляла так па-сяброўску, што Вераніка неяк неўпрыкмет забылася на нядаўняе здарэньне... Драгуноў крышыў пірог ды моўчкі крывіўся.

– А нашаму Алёшаньку вось не хапае сканцэнтраванасьці, – уздыхнула маці Драгунова ды паклала Вераніцы на сподачак яшчэ пірагу. – Вельмі за яго хвалююся. Здольных ня любяць, я ведаю...

І маці Драгунова пачала мякка дакараць сыночка за няўседлівасьць ды ляноту. Вераніка піла гарбату ды ня ведала, што сказаць. Тое, што яна чула, нібы гаварылася пра якога-небудзь Малькова, але з напаўдэбільным Драгуновым, якога ведалі як роднага ў дзіцячым пакоі міліцыі, які выпэцкаў аднойчы сьцены ў клясе прынесеным з прыбіральні лайном і некалі ўкусіў троечніцу Люду, і які цяперака з выразам глыбокае нянавісьці да навакольнага сьвету выкалупваў зь пірага разынкі, ніяк не стасавалася.

– Ня ведаю, кім ён стане, – пяшчотна зірнула на Драгунова маці ды горка ўздыхнула, – артыстам, навукоўцам або прэзыдэнтам банку, але нам трэба ўсім разам дапамагчы яму знайсьці свой шлях у жыцьці...

– Цяжка сказаць, – сьцепанула нарэшце плячыма Вераніка, – мне здаецца, яму спачатку трэба навучыцца чытаць, ён у вас дагэтуль па складах чытае...

На стол раптам упала злавеснае маўчаньне. Маці Драгунова зьбялела ды з бразгатам апусьціла кубак. Драгуноў скурчыў твар.

– Заткніся! – заенчыла маці Драгунова. – Заткні рот, прастытутка малая! Яшчэ адна будзе нас вучыць! І так швэндаюцца празь дзень! Разумныя такія ўсе! Ды вы пазногця ягонага ня вартыя!

Драгуноў засьмяяўся, маці ўстала, абагнула пасьпешліва стол і абняла яго за плечы. Вераніка папярхнулася й разьліла гарбату на абрус.

– Каб духу твайго тут...! Ня бойся, сынок, ня бойся.

Драгуноў па-майстэрску зьбіваў пстрычкамі са стала крошкі. Вераніка паднялася, схапіла зь вешалкі паліто й ледзь не забыла сумку, давялося ўжо з-за парога, міма асьветленага акна прычыненых кухонных дзьвярэй, вяртацца ў пакой Драгунова, дзе ўсё яшчэ разьвітальна й непапраўна пахла яе дзявочай парфумай.


***

Гэта была ўсяго толькі маленькая сярэбраная кропелька, нібы сьлед бліскучага скорага дажджу, якая не пасьпела высахнуць на яе носе. Вераніка йшла да кабінэту не сьпяшаючыся, даючы ўсім магчымасьць ацаніць перамену, але зьвярталі на яе ўвагу адно жанчыны, а вось Ён – Ён нават не зірнуў на яе твар, падпяваючы няўважна музыцы ў навушніках, кіўнуў толькі і зьнік за сваімі дзьвярыма. У кабінэце Вераніка яшчэ раз разгледзела завушніцу, мініятурны шрубок якой зусім было не відаць, перад вялікім люстэркам, і знайшла, што правільна абрала й памер, і колер. Надзела цёмныя акуляры, потым зьняла, потым зноўку надзела. Вывучыла сябе ў профіль, палюбавалася, як незалежна й з годнасьцю загараецца каштоўная кропачка, калі павярнуцца да шкла, ці, напрыклад (яна ўзьняла падбародзьдзе, адкінула з ілба валасы) да суразмоўцы, да суседа, да Яго – вось так, або вось так. Прыгожа. І ніякае чырвані сёньня, як і абяцалі.

Незадоўга да абеду яна йшла па калідоры, у канцы якога парыпвала наросхрыст адчыненае акно, да Алы, ішла па справах і нарэшце сустрэла Чэслава. Той завушніцу адразу заўважыў, і, вядома ж, яму закарцела дакрануцца да яе пальцам, Вераніка гэта стрывала, яна насамрэч сапраўды хвалявалася, усе навокал казалі, што пажылыя людзі не асабліва любяць такія рэчы. Аднак Чэслаў быў і насамрэч сваім чалавекам, хаця й зь сівымі валасамі ў вушах. “А для чаго гэта?” – толькі й пацікавіўся ён, – “Што гэта азначае?”. “Нічога”, – зьбянтэжылася Вераніка. “Гэта знак прыналежнасьці... да нейкае маладзёжнае групоўкі?” – не адставаў Чэслаў, дабрадушна пагладзіўшы Вераніку па галаве. “Хіпуем?”. “Ды не, не,” – замахала Вераніка рукамі, намагаючыся ветліва скінуць са сваіх валасоў руку Чэслава. “Проста прыгожа, модна...”. “Ды ведаю я, унучка!” – засьмяяўся добразычліва Чэслаў, прыбіраючы руку. “У гэтай нашай зоркі, Анжалікі, таксама увесь нос у золаце! А яшчэ пуп! Ты сабе ў пуп нічога ня хочаш засунуць, унучка?”. Вераніка разгублена ўсьміхнулася. “Добра, бяжы працуй!” – Чэслаў зноў пагладзіў яе па галаве. “І не згубі абноўку!” – крыкнуў ён наўздагон Вераніцы, і яна з палёгкай выдыхнула: пранесла. Усё ж пашанцавала ёй з начальнікам.

Тым большым было яе зьдзіўленьне, калі праз тыдзень ёй патэлефанавала з суседняга кабінэту Ларыса. Пачала Ларыса здалёк, але потым раптам змоўкла, ня скончыўшы фразы, ды прашыпела незадаволена ў слухаўку:

– Ты ўсё ж здымі сваё колца!..

– Якое колца?

– З носу завушніцу здымі! Я, канечне, разумею, выглядае й праўда файна, але вось наш Карлавіч...

– А мне ён нічога такога, – запярэчыла Вераніка.

– Ён проста чалавек, ня тое што другія начальнікі. Дарма што мужык... Чэслаў вельмі перажывае, кажа, што дзе заўгодна, але на дзяржаўнай службе... Здымі, Веранічка, прашу, Чэслаў пігулкі ажно піў, так расхваляваўся. Сама бачыла.

– Але ж нідзе не забаронена...

– Здымі, Вераніка, богам прашу. Шкада старога.

І яна зьняла, вырашыўшы, што будзе надзяваць пасьля працы й на выходныя, але завушніца патрабавала толькі поўнае адданасьці, на гульню ў хованкі яна не былі згодная, толькі так: каханьне або забыцьцё. І Вераніка яе разумела, і падарыла ўрэшце практыкантцы-пітэкантрапцы, перад тым, як тая сыходзіла з аддзелу давучвацца. Невялікая страта, дый зброя так сабе.


***

Амаль усе крэўныя Веранікі па бацькавай лініі мелі такі вось нос: разьдзелены напалам на кончыку вузкай прадаўгаватай умяцінай. Самой Вераніцы пераймацца з гэтае прычыны было няма чаго, у яе радавая рыса пакінула відавочна найменшы сьлед, толькі калі вельмі ўжо прыгледзецца, паклаўшы Веранічыну галаву сабе на калені, можна было пабачыць на яе носе тонкую кароткую лінію, якая хіба абазначала, але не праводзіла выразнае мяжы, пагранічнага рову між палавінкамі. Карацей, Вераніка ніколі не адчувала шкоды ад уласнага носу. Ад іншых частак цела – так, мы ўжо ведаем, ад якіх асабліва, але нос – бацькаў нос быў да яе літасьцівы.

Стрыечнай сястры пашанцавала меней. Дзядзька Валера, бацькаў брат, даў ёй амаль усё, што мог. І хаця асабістае жыцьцё сястры йшло зусім няблага, і яшчэ ў школе за ёй хадзіў натоўп заляцанцаў, і часам Вераніка зайздросьціла сястры, прызнаючы, што тая ўсё ж прыгажэйшая – а ўсё адно, даволі часта позірк спыняўся на гэтым падвоеным кончыку, і думалася тады зь лёгкім спачуваньнем і сымпатыяй: усё ж не стварае бог нічога ідэальнага, чым-небудзь ды нагадае пра чалавечую недасканаласьць і безабароннасьць. Сястра была старэйшая, Вераніка амаль што любіла яе й калісьці, калі камуністычнае сонца першабытна-справядлівага дзяцінства ўжо заходзіла, брала зь яе прыклад: сястра была надзвычай незалежная, рана адчула сябе дарослай, імкнулася будаваць сваё жыцьцё сама й вучыцца на сваіх памылках, а таксама ніколі не саромелася, а наадварот – выстаўляла напаказ сваю жаноцкасьць. Таму, відаць, і выйшла замуж так рана, казала маці Веранікі, і нарадзіла тады, калі многія яшчэ толькі пачынаюць задумвацца, кім і з кім быць. Сястра прымала Вераніку якой ёсьць, ніколі не папракала й не вучыла, распавядала пра свае таямніцы і заўжды была гатовая выслухаць Веранічыны. Што там казаць: магчыма, яна была адзінай сапраўднай сяброўкай Веранікі ў той час... І грошы на перадачы Лёньку яна давала, і падарункі Вераніцы рабіла такія, каб тая змагла адчуць сябе жанчынай, а ня вечнай пакаёўкай, нанятай бацькамі...

І вось сястра зрабіла тое, чаго ад яе не чакаў ніхто. Узяла й выправіла адным махам хібы свайго носа, схадзіўшы разок у студыю прыгажосьці. Уся радня дагэтуль абмяркоўвала гэты вар’яцкі ўчынак, за грошы, патрачаныя на апэрацыю, можна было набыць невялікі гараж на ўскраіне. Яны сустрэліся зь Веранікай у цэнтры гораду, сястра ўпэўненым крокам павяла яе, тады яшчэ трэцякурсьніцу, у дарагую, але бруднаватую кавярню за царквой. Яны селі, сястра запаліла цыгарэту, замовіла ледзянога шампанскага, і Вераніка з асалодай выпіла, з гордым жахам паглядаючы на сястру. А сястра са сьмехам распавядала ёй пра тое, што вымушаная была рабіць начамі з мужам, каб той пагадзіўся.

– Цяжка зь імі... Мне многія сябры казалі: не рабі гэтага, гэта дакладна адлюстроўвае твой характар. Адзін нават заявіў: табе твой нос пасуе, ты зь ім прыгожая й не такая як усе. Але разумееш, Веранічка...

Сястра затушыла цыгарэту й тут жа прыпаліла новую.

– Я сама ведаю, што й з такім носам лепшая за ўсіх. Але калі я цяпер гэта зрабіла... Я адчула сябе, як на крылах. Ведаеш, я стала сябе паважаць.

І Вераніка задумалася тады: як лёгка ўсё, вось і яна, калі зможа, расправіцца са сваімі вушамі, прывядзе іх да належнага стану. А сапраўды, у які аглушальна казачны час яны жывуць!.. Можна стаць скульптарам уласнага цела, а можна мастаком, а можна... Былі б толькі грошы.

На жаль, пасьля таго як Вераніка скончыла ўнівэрсытэт, зь сястрою яна стала бачыцца ўсё радзей, а потым і наогул сустракала яе толькі па вялікіх сямейных сьвятах. Магчыма, сястра вырашыла, што цяпер Вераніку, як падрыхтаванага жаўнера, можна са спакойным сумленьнем здаць на рукі жыцьцю. А потым сястра ўвогуле стала глядзець на Вераніку чамусьці то зь нейкай пагардай, то з дакорам, хаця й не казала нічога такога. А можа, мне проста гэта здаецца, думала Вераніка, на новай працы яна, як ёй здавалася, пачала някепска разьбірацца ў людзях, а вось са сваякамі зусім заблыталася. І яна ўпершыню ў сваім жыцьці з сумам узгадала мінулае, калі перабрала ў памяці іхныя колішнія размовы, і нават расплакалася неяк, паўтараючы “Проста я стала дарослая...”, і неяк лягчэй станавілася ад гэтых бессэнсоўных словаў.


***

Імпрэза была прысьвечаная чарговым угодкам перамогі над фашызмам, рыхтавацца да яе аддзел пачаў яшчэ ўзімку, таму цяпер, калі над палацам адначасова апусьціліся нарэшце вечар, верталёт з мэрам і змораныя сьцягі, Вераніцы ўсё навокал здавалася амаль нерэальным. Няўжо й праўда гэтае мерапрыемства, бяз згадкі пра якое, ускоснае або простае, не абыходзіўся ніводзін дзень, сапраўды адбудзецца, і празь нейкія дзьве-тры гадзіны на яго можна будзе забыцца... Перад пачаткам афіцыйнае часткі Вераніцы давялося пабегаць: яна сустракала й рассаджвала ганаровых гасьцей, папраўляла гальштукі на хлопчыках, мітусьліва шукала разам з астатнімі зьніклага гукаапэратара, які, як высьветлілася, нікуды й не зьнікаў, проста зайшоў у бліжэйшую краму электратавараў паглядзець футбол... Пад нагамі блыталіся маладыя паэты з суполкі “ПаЛІТрух” пад кіраўніцтвам Любові Сукубовіч: страшныя, успацелыя, адпрасаваныя, бледныя. Кожнаму трэба было ўсьміхнуцца, з кожным быць ветлівым, Вераніка раптам зразумела тую строгую бабу, якая калісьці рыхтавала яе да першага ў жыцьці выступу, зразумела, што такое адказнасьць. Нарэшце на сцэну выйшлі вядучыя, Вераніка зьнясілена прыхілілася да шэрай калёны за сьпінай гукарэжысэра ды заплюшчыла вочы...

Скулы яе балелі ад усьмешак, але ўсё, усё, у панядзелак адгул, а дома гарачая ванна... Яна зноў паглядзела на ярка асьветленую сцэну, дзе, нібы жаніх і нявеста, шчасьліва ўсьміхаліся шыкоўна разадзетыя вядучыя. Ім таксама даводзілася нялёгка, Вераніка шчыра раскайвалася цяпер, што за гадзіну да пачатку так груба, ажно парвалася нешта ў горле, накрычала на хлопца, які цяпер ладна й звонка пералічваў фундатараў сьвята. Гэта быў студэнт архітэктурнага Максім, прыгожы хлопчык, нічога ня скажаш, і галоўнае, адказны, такому б у іхным аддзеле працаваць – а накрычала ж з-за дробязі нейкай, ён пакінуў у куртцы нейкі сьпіс, вось і ўся праблема. Прыемны цяжар добра выкананай працы ўсадзіў-ткі Вераніку ў апошні рад, там было некалькі вольных месцаў. Яна азірнулася, на яе з удзячнай, супакаяльнай усьмешкай глядзеў Чэслаў. Вераніка ветліва пасьміхнулася яму ў адказ. Карлавіч нахіліўся да вуха мэра, які неяк празьмерна, па-дзіцячаму радаваўся таму, што адбывалася на сцэне, мэр выслухаў, азірнуўся, знайшоў Вераніку ды ёй падміргнуў. Няблага для пачатку.

Нечакана скрозь няспынны ўрачысты рокат дзявочага голасу, што йшоў з прымацаваных на сьцяне калёнак, Вераніка пачула таямніча-знаёмыя ноткі. Яна прыслухалася, не без намаганьняў, бо сэнс імпрэзы быў, натуральна ж, ня ў словах, якія гучалі са сцэны – у касьцюмах, у ардэнах, у ідэі, карацей кажучы, але ня ў словах. Са сцэны чыталі нешта ў рыфму, нешта, што яна ўжо недзе чула... Вераніка ня ведала, што там за тэкстоўкі раздалі ўдзельнікам, гэтым займалася практыкантка, і тут дзяўчына ў вайсковых ботах, якая ў пачцівай адзіноце замерла на сцэне, прамовіла ў паважную цішыню залі (зрэшты, цішыня гэтая каля таго месца, дзе сядзела Вераніка, парушалася віскам маленькіх балерын з калідору): “Палямі, лугамі, лясамі, хлябамі, клянемся навечна за подзьвіг тарбамі...”, і Вераніка ўспомніла, і зноў, каторы ўжо раз за гэты год, падумала, якая ж яна старая.

Потым у залю забеглі, трохі замінаючы адна адной (і гэта нягледзячы на ўсе рэпэтыцыі), маленькія балерыны, і пад самы дах паляцелі галубы, якіх наўмысна не кармілі цэлыя суткі... “Пад дахам павукоў багата”, – шапнула Ларыса, якая непрыкметна падсела да Веранікі, яна некалькі гадоў працавала ў гэтым палацы, – “Паляцелі есьці з галадухі.” Але ўсё далей ішло гладка, Вераніка змагла нарэшце расслабіцца, палюбавацца на Яго – Ён, як заўсёды апрануты па-плэйбойску, але з густам, весела рабіў прысяданьні перад сцэнаю, шчоўкаючы фотаапаратам. Грымнула музыка, публіка ўстала, потым зноў села. Пачаліся прамовы, прамовы, выступы, крэкчучы й машучы адмоўна галавой, нібы яго ўгаворвалі, на сцэну падняўся мэр, за ім глава, потым і Чэслаў сказаў некалькі словаў... Аднак тут ад Веранікі і яе калегаў ужо нічога не залежала, толькі б гукаапэратар не падвёў. Вераніка сядзела і ўсё больш пераконвалася, што трэба застацца на дыскатэку, трэба вытрасці зь сябе ўсю гэтую стому, што назапасілася ў порах яе душы за гэтыя месяцы.

Яна й засталася, і ёй у галаву зноў прыйшло параўнаньне гэтае імпрэзы зь вясельлем – яшчэ калі фае ачышчалі ад непатрэбных ужо стэндаў, яна заўважыла, як падобныя ўсе прысутныя на вясельных гасьцей у чаканьні блізкага пачастунку, людзі хадзілі, паціралі рукі, адпаведна апранутыя, з адпаведнымі жарцікамі. Мэр і сьвіта адправіліся ў кабінэт дырэктара палаца, а Вераніка з калегамі – у грымёрную. І там Вераніка дала сабе палёгку – выпіла спачатку адзін кубачак гарэлкі з апэльсінавым сокам, потым яшчэ, пілося лёгка, нібы дыхалася пасьля доўгага нырца ў халодную ваду. Потым яна танчыла з Максімам, потым выпіла яшчэ віна з самім мэрам, ля гардэробу ўжо калыхалася чарга, за вокнамі было цёмна, да палацу доўгай чарадой пад’яжджалі таксоўкі... Спачатку Вераніка ўважліва сачыла за тым, з кім танчыць Ён, але пакрысе Ён перастаў зьмяшчацца ў полі агляду, выпадаў, нібы наўмысна, і гэта раздражняла Вераніку. Яна цудоўна станчыла з Чэславам, які й тут умудраўся гладзіць яе па галаве, а потым зноў упала ў рукі Максіма, да якога раптам праніклася сымпатыяй і захацела ўсё, чуеш, усё распавесьці, зараз жа... Але шклянка Максіма была зусім пустая. “Хочаш, я табе прынясу зараз што-небудзь,” – цяжка варочаючы языком, сказала Вераніка й пацалавала студэнта ў шыю, каб не наважыўся ўцячы. Яна пайшла, і доўга не магла знайсьці грымёрку, і потым запыталася ў прыбіральшчыцы, і тая паказала дарогу праз два цёмныя апусьцелыя калідоры. Вераніка шумна ўвалілася ў пакой, на невялікай скураной канапе сядзеў Ён, а болей тут нікога не было, апрача цыгарэтнага дыму.

Ён быў абсалютна цьвярозы; няўважліва кіўнуўшы Вераніцы, Ён трымаў цыгарэту, аднак не падносіў яе да вуснаў, напружана думаючы пра нешта. “А, Вераніка гатовая памерці”, – нарэшце абыякава ўсьміхнуўся Ён пад яе запаленым поглядам. “Гледзячы з кім”, – нахабна прамовіла Вераніка, яна яшчэ ніколі так ні з кім не размаўляла нават па асьцы. Ён зьдзіўлена паглядзеў на яе, і ў вачах Яго бліснуў інтарэс. Вераніцы ў той момант нічога іншага й не было трэба, Максім, які, відаць, ужо навыдумляў сабе невядома што, быў імгненна забыты, так і сядзеў ён недзе на другім канцы зямлі з пустым плястмасавым кубачкам. Вераніка зрабіла рашучы крок да канапы й дакранулася сваімі каленямі да Ягоных. Ён паслухмяна даў ёй узяць сваю прахалодную, чыстую руку, ды пакласьці на лыткі Веранікі, потым яна, заміраючы ад нечаканае раскошы, дала гэтай руцэ самой пагуляць па яе нагах. Ён рабіў гэта нясьпешна, нібы лянотна, а другая, і трэцяя, і пятая, і ўсе ўнутраныя, незнаёмыя дагэтуль ёй Веранікі прымушалі першую, вонкавую раз за разам выгінацца ад асалоды. Недзе ўнізе Ён недарэчна шмыгнуў носам, і яна, прымружыўшы вочы, усьміхнулася, расшпіліла тым часам блузку, падражніла яго станікам, які якраз нібыта з уласнага жаданьня пачаў паціху спаўзаць... Неверагодная сьмеласьць захінала Вераніку пры думцы, што нехта можа ў любы момант увайсьці, яе пачынаў душыць нэрвовы сьмех, і гэта яе ўзбуджала. Ён шмыгнуў носам яшчэ раз і раптам ускінуў рукі ўверх, а затым дабрадушна, гучна засьмяяўся, спружыніста падняўся ды, усё яшчэ сьмеючыся, рушыў да дзьвярэй. Яна не абарочвалася й толькі чула, халадзеючы, як у пакой нехта ўвайшоў, цяжка дыхаючы, ды наліў сабе, зьедліва фыркнуўшы. На тым месцы, дзе Ён толькі што сядзеў, была цёплая, глыбокая ўмяціна, Вераніка апусьціла ў яе твар і пасядзела так крыху на кукішках, а потым паднялася, як была, у паўрасшпіленай блузцы ды задранай амаль да пояса спадніцы, Ён чокнуўся з Ларысай, пракаўтнуў Вераніку ды выйшаў вонкі.


***

У перасьцярозе Ольды Вераніка пабачыла адно толькі хітрасьць. Кожнаму вядома, што гэтыя мілыя курдупелі насамрэч вялікія хітруны. Таму Вераніка, пакінуўшы, як і абяцала, вёску на самым сьвітанку, адразу ж рушыла да ручая. У актыве яна мела амаль восемдзесят пунктаў, у пярэстым заплечніку ляжалі два праснакі, сыр і трохі сушаных ягадаў, а на душы было вольна ды спакойна. Мяккія зручныя чаравікі, падораныя ёй на Дзень сумных успамінаў, таксама нешта ды значылі, відавочна, думала Вераніка, яны могуць ёй чымсьці дапамагчы, зрабіць, калі спатрэбіцца, нябачнай або перанесьці раптам праз прорву, у таямнічым лесе нічога не бывае проста так. І калі прыпасы скончацца, то ў заплечніку яна, цалкам магчыма, знойдзе якую-небудзь кнігу заклёнаў. Сонца яшчэ толькі паднялося над сінімі, бы разьліты атрамант, вершалінамі дрэваў, калі Вераніка дабралася да ручая. Яна папіла зь яго, з задавальненьнем адзначыўшы яшчэ адзін пункт, ды, удыхнуўшы на ўсе грудзі яшчэ калючага ранішняга паветра, пераскочыла празь нячутную, дрогкую ваду на замшэлыя камяні невядомасьці.

Спачатку быццам бы нічога не зьмянілася, той самы лес, тыя ж ягадныя паляны, рассыпаныя вакол зь несумненна штучнай нерэгулярнасьцю, тыя самыя матылькі, што сьпявалі нешта клясычнае. Аднак ці то ўяўленьне Веранікі, падагрэтае намінкамі Ольды, пачало дзейнічаць, ці то яна проста стамілася – лес вакол стаў нібы чужым, выцягнуліся, як шлягбаўмы, цені, фарбы пазмрачнелі, зблытанае кустоўе ўсё часьцей загароджвала ёй шлях, ссоўваючы злосна вецьце, нібы патрабуючы паказаць дакумэнты, і ўжо не мільгалі між ялінаў ды папараці шматлікія мікраскапічныя вушастыя стварэньні, гібрыды зайца ды пчалы, якімі так шчодра быў заселены лес. Наогул, жыўнасьці траплялася ўсё менш. Потым Вераніка ледзь ня ўпала, зачапіўшыся заплечнікам за нейкі надта ўжо кіпчасты куст, правая рука яе ажно па запясьце пагрузілася ў вільготны, халодны, непрытульны мох, і Вераніка бадай што з агідай выцерла далонь аб плашч. Яна вырашыла спыніцца, каб трохі перавесьці дух. Усё ж трэба было слухацца Ольду. Яна зірнула на мапу: сьвіран, зь якога яна калісьці выйшла, дарога, бязьлюдныя пясчаныя пусткі, паўднёвая брама гораду, за якой быў відаць ускрайчык нейкага палацу ды яшчэ парачка шпіляў, потым крыху безаблічнага лесу, пакручастая, нібы лябірынт, сьцежка, па якой гномы везьлі Вераніку, іхная вёсачка – сьветлы кружок між бяскрайняе чарнаты, бледная палоска ручая, і далей сьцежка, што чамусьці пачала зацягвацца ўжо цёмнай плеўкай: вось пакуль і ўвесь яе шлях па гэтай гульні. Навокал чорным-чорна, і невядома, што пад гэтай чарнатой: уваход у падзямельле або якісьці крывасмок, або пшанічнае поле, дзе можна было наняцца жнейкай, падзарабіць трохі манэтаў ды вярнуцца да гораду, або наогул – замак мясцовага фэадала, дзе зь Веранікі зробяць рабыню або прапануюць руку й сэрца. Вераніка вырашыла ісьці далей, ня можа быць, каб яна ў выніку куды-небудзь не прыйшла: гэты сьвет ня быў круглы, ён быў незваротна пляскатым, хіба што які павалены дуб акажацца брамаю, што вядзе адразу ж на супрацьлеглы бок гульнёвай тэрыторыі. Дый тое яшчэ ня факт – ён можа весьці куды заўгодна. Напрыклад, вярнуць яе да гномаў. Вось весялуха будзе, калі яна выйдзе зь іхнага вогнішча, жуючы праснак, уся ў полымі, і паваліць іхныя пузатыя кацялкі... Вераніка зрабіла крок наперад, і тут кампутар зноўку завіс.

Расчараваная, яна пайшла на кухню зрабіць сабе гарбаты, патыліцы бацькоў, якія глядзелі не адрываючыся, але й не сьмеючыся, нейкі камэдыйны тэлесэрыял, нечакана моцна напалохалі Вераніку. Чамусьці яна была ўпэўненая, што знаходзіцца ў кватэры адна. Хто яго ведае, чаму, здавалася, ніякіх прычынаў так лічыць у Веранікі не было, бацькі сёньня, у гэтую дажджлівую, стылую й ні для чога не спрыяльную суботу, нікуды й не выходзілі, маці нават у краму не пайшла, хаця гэта быў яе ўлюбёны занятак апошнім часам. Кватэра выклікала ў Веранікі раздражненьне, бо ў гэтую хвіліну Вераніка ўспрымала яе толькі як частку свайго новага кампутара: усе гэтыя дыванкі, фатаграфіі, вострыя локці шафаў і шафак, вузкі праход калідору, вешалкі ў перадпакоі, непатушанае сьвятло ў лазьніцы, прышчэпкі на ланцугу, абутак у сетцы высахлае гразі, пах таропка вымытага посуду... Яны ня мусілі існаваць самі па сабе, прынамсі падчас гульні, але існавалі, самаўпэўнена заяўляючы пра сябе, груба матэрыяльныя, хаця нават ня мелі ў гульні ніводнага адпаведніка... Ставіць імбрык было лянота, яна наліла сабе астылага кіпню, пафарбавала яго густой алеістай запаркай, насыпала цукру проста з цукарніцы ды паходкаю лунаціка вярнулася ў свой пакой – бацькі сядзелі ў фатэлях, як мёртвыя. Дзіва: кампутар ажыў, толькі непрыгожы сваёй нерамантычнасьцю надпіс на нейкай незразумелай мове закрываў з галавой вандроўніцу Ўладу. Вераніка зьнішчыла яго ды рушыла далей.

Высьветлілася, што за час яе адсутнасьці нешта зьмянілася. Вераніка выйшла на нерухомую, бы закутую нябачным ільдом паляну, пасярэдзіне якой тырчаў вялікі, мудрагелістай формы пень. На пні сядзела істота, уся пакрытая рванымі ранамі, і цяжка было зразумець, нарадзілася яна такой або была зьнявечаная невядомай злой воляй. Агромністыя, амаль на ўсю галаву, белыя зь сінімі кропкамі вочы беднай істоты не міргаючы глядзелі на Вераніку, глядзелі зь невытлумачальным, зусім не віртуальным жахам, і варта было Вераніцы зрабіць крок наперад, як істота, высока падымаючы худыя, перапончатыя ногі, саскочыла з пня й кінулася ў гушчар. Аднак Вераніцы было ўжо не да гэтага няшчаснага мясцовага жыхара. Над вершалінамі, недзе ня так ужо й далёка, віўся дымок, і Вераніка амаль бегма рушыла ў тым накірунку. Ды толькі прайсьці скрозь намертва счэпленыя, прыземістыя хмызы ды гальлё было нялёгка, урэшце Вераніка згубіла недзе заплечнік з прыпасамі, яна абярнулася: поўзаць па топкіх лясных прыцемках зусім не хацелася, Вераніка пайшла далей і неўзабаве разьдзерла сабе руку ад запясьця да локця аб нейкі доўгі, бадай што загостраны прут, што ажно рыпеў ад нянавісьці. Асьлепленая ня столькі моцным, колькі прыкрым болем, Вераніка схапіла яго ды, зь цяжкасьцю адламаўшы, кінула пад ногі. Ёй хацелася растаптаць гэты пракляты прут, яна падняла вочы, каб, калі што, вынішчыць і ягоных пакрытых шыпамі заступнікаў (яны ж тут усе былі заадно, гэтыя дэндрыты, якія толькі прыкідваюцца флёрай, насамрэч яны дурная варожая фаўна!), і пабачыла непадалёку напоўнены вадой роў, а за ім высачэзную агароджу, з-за якой віднеліся простыя драўляныя будыніны. З-за дрэваў, што неахвотна расступаліся ў гэтым месцы, канца агароджы відаць не было, але паселішча, верагодна, займала невялікую тэрыторыю, яно плыло над лесам, як зьбіты зь бярвеньня ледакол. Вераніка ўздыхнула, закасала плашч ды ступіла ў цёмную ваду рова.


***

Собіла ж гэтай самай Тані Кулакоўскай зь іхнае групы нарадзіцца менавіта ў сярэдзіне лістапада, калі зіма яшчэ не надыйшла, а ад восені ў паветры засталася адна атрута. Вераніка наглыталася яе ўдосталь, у той дзень яна пачувалася зусім блага, але заняткі прапускаць ня мела права, да сэсіі заставаўся ўсяго месяц. Сама зьдзіўляючыся сваёй нечалавечай упартасьці, яна неяк даседзела да канца практычных, ужо нават саромеючыся кашляць ды даставаць штохвіліны з сумачкі насоўку. Увесь сьвет пакрысе сканцэнтраваўся ў чырвані пад яе вінаватым прастуджаным носам, Вераніцы здавалася, што нават выкладчыца, якая ніяк не магла запомніць імёны студэнтаў, глядзіць на яе як на мярзотны, скручаны кавалак тканіны, у які загарнутая гэтая макрота восені, так, так, як на шмат разоў скарыстаную насоўку, на якой з-за сабраных у ёй выдзяленьняў нават вышытых ініцыялаў не прачытаць... Яны вучыліся ў другую зьмену; калі выкладчыца нарэшце пратрубіла адбой, за вокнамі было ўжо цёмна. На калідоры Вераніка сустрэла непрыкметную шэратварую дзяўчынку з паралельнай групы. “Ты йдзеш на плаваньне сёньня?” – запыталася тая як заўсёды шэптам, яна чамусьці шторазу шаптала, ня дзіва, што многія на курсе дагэтуль не здагадваліся пра яе існаваньне. “Па мне што, не відаць...” – ледзь не заплакала Вераніка. “А што такое?” – прашаптала дзяўчынка ёй наўздагон, але Вераніка яе не пачула.

З групы на занятках была хіба што палова. Кулакоўскай наогул не было відаць з раніцы, ні ў бібліятэцы, ні ў чыталцы, – сапраўды, цяжка выйсьці з дому ў такое надвор’е, калі ў цябе дзень народзінаў. Разыходзячыся, аднагрупнікі Веранікі ўмудрыліся яшчэ й млява рассварыцца з-за падарункаў. Урэшце дамовіліся сустрэцца ў інтэрнаце празь дзьве гадзіны, дамовіліся неяк без энтузіязму, сьпяшаючыся як найхутчэй разьбегчыся. Інтэрнацкія – гурток стракатых куртак – весела рушылі да сябе, Вераніка пашвэндалася па крамах, розум падказваў ёй, што трэба ехаць дамоў ды неадкладна прымаць меры, пігулка-кампрэс-ложак, а інакш заўтра давядзецца ехаць праз увесь горад у студэнцкую паліклініку. Але чамусьці, на ватных нагах, з пратэстуючым супраць прамахаджэньня пазваночнікам, яна блукала з аднае паўпустое крамы ў другую, шторазу задуменна пазіраючы ў жэрала мэтрапалітэну, зь якога ажно да супрацьлеглага боку вуліцы даляталі шум і яркае навязьлівае сьвятло. Час ішоў так марудна, што Вераніцы давялося наведаць некаторыя крамы па некалькі разоў. Насоўка больш не ўбірала вільгаці, і Вераніка купіла сабе новую, разам з падарункам для Кулакоўскай. Нарэшце яна вырашыла рухацца да інтэрнату. Гэта было зусім блізка, і калі яна падыйшла, гадзіньнік паказваў толькі палову на восьмую. У холе некалькі аднолькавых, бы блізьняты, вусатых хлопцаў у акулярах і спартовых касьцюмах глядзелі чорна-белы тэлевізар. Вераніка ведала іх, яны мала таго што ўсе вучыліся на адным факультэце, дык яшчэ і ў адной групе. Раней яна не заўважала, якія яны падобныя. У галаве Веранікі было горача, як у лазьні. Падобная да міліцыянта цётка ўзяла ў Веранікі яе студэнцкі й доўга зьвярала фота з апухлым ды асьлізлым Веранічыным тварам.

Як яна й баялася, сьвята ў пакоі Кулакоўскай было ўжо ў самым розруху. “І чаго я сюды прыперлася?” – думала Вераніка неяк аўтаматычна, і шукаць адказу ёй не хацелася. Са сталічных студэнтаў не прыйшоў ніхто, былі толькі інтэрнацкія. Вераніку сустрэлі ня тое каб абыякава, але й без асаблівае радасьці. Пасадзілі за стол, прапанавалі гарэлкі й чагосьці чырвонага, ліпучага... Вераніка выпіла спачатку ліпучага, а потым гарэлкі – падумала, так будзе лепш. І праўда, неўзабаве яна перастала шмыгаць носам, а потым і твары за сталом падаліся ёй цалкам добразычлівымі. У пакоі штохвіліны адбываўся нейкі рух, пастаянна нехта прыходзіў, нехта выходзіў, усе навокал цудоўна ведалі адно аднаго й не цырымоніліся, ласкава й трохі тужліва мацюгаючыся. Вераніка, якой з самага ранку пры думцы пра ежу станавілася млосна, ня сьнедала сёньня й не абедала, і таму хутка захмялела. Людзі ў пакоі былі ўсе на адзін твар, нібы ў супрацьгазах, спартовыя касьцюмы, тапачкі, хрыплыя галасы... На Вераніку ніхто не зьвяртаў увагі, ніхто не загаворваў зь ёй і ніхто не выганяў, яна ўпотай наліла сабе яшчэ, выпіла, закусіла цёплым агурком, агледзелася вакол, шырока адкрываючы рот, бо нос быў наглуха забіты. За сьпінай равеў магнітафон, потым нехта па імені Жора прыцягнуў гітару, завёў дзявочым голасам пра пальчатку ля дзьвярэй, і іншыя падхапілі, пакой быў напоўнены дымам, і гэты дым спыняўся ля адчыненай форткі ды імкнуў назад, у Веранікі зьявілася адчуваньне, што яе ніхто ня бачыць, можна было зрабіць сабе харакіры, ніхто б вокам не павёў, яна нешта закрычала ў гэтую шызую заслону – і праўда: безвынікова.

У сумцы Веранікі ляжалі падарункі для Тані Кулакоўскай, ружовы бегемот і віншавальная паштоўка, але Вераніка чамусьці ніяк не магла абраць момант, калі іх уручыць. Пра гаспадыню пакою, мажную, бялявую, з самымі вялікімі на курсе зубамі, успаміналі толькі тады, калі налівалі, ды Кулакоўская й не засмучалася з гэтае нагоды, седзячы на каленях у Жоры, які мэлянхалічна курыў імяніньніцы ў вуха. На нейкі момант стала цішэй, дзяўчаты старанна пераймалі сваіх пакінутых у Сонцаградах і Торфагорсках мамаў, кожная звычна скардзілася на лёс ды падпірала рукой падбародзьдзе, у кожнай вочы засьціла кінэматаграфічная бабская журба... Вераніцы спадабалася такая атмасфэра, яна павярнулася да сваёй суседкі, незнаёмай фарбаванай бляндынкі з мышыным тварам, і раптам пачала распавядаць пра выгоды абранай імі прафэсіі. Тая спачатку зьбянтэжана маўчала, ківаючы, а потым пачала ржаць, Вераніка засьмяялася таксама, але потым ёй здалося, што фарбаваная з чымсьці ня згодная, і Вераніка надзвычай лягічна пачала адстойваць свой пункт погляду.

Яна казала вельмі пераканаўча, даводзілася перакрыкваць цэлы стол, яна махала рукамі: высьветлілася, што ўсе замоўклі й глядзяць толькі на яе, глядзяць і зьдзекліва пасьміхаюцца. Ды толькі Вераніку было не спыніць. Фарбаваная ледзь ня падала тварам у талерку, поўную недапалкаў... Тут рот Веранікі заляпілі нечыя моцныя, з даўгімі кіпцямі пальцы, Вераніка намагалася іх скінуць, але рукі ня слухаліся, абмяклае цела гарэла. “Разыйшоўся Трулік”, – сказала Кулакоўская. “Піць нават бабе трэба ўмець,”— важка прамовіў з-пад яе Жора. Пальцы на вуснах Веранікі ўжо зьбіраліся расьціснуцца, але ім спадабалася гэтая гульня, і яны націснулі мацней, гэтыя пальцы з доўгімі пазногцямі, з пахам цыбулі. Вераніка пачала дрыгаць нагамі, талеркі на стале весела зазьвінелі. “Задушыш”, – дабрадушна сказала Маша, якая сёньня чытала даклад аб Насовічу. “Ды не,” – прамовіў сыты голас за сьпінай Веранікі, і тут жа Жора, ня скідваючы Кулакоўскай, узяў гітару, правёў па струнах: “Не, як яна яе задушыць?.. А нос для чаго?”. І ён усё ж скінуў з каленяў Кулакоўскую, узяў акорд і фальшыва працягнуў:

А нос нам для чаго,


А нос нам для чаго?


А нос нам для таго,


А нос нам для таго...

“Няхай носам дыхае,” – рэзюмаваў нехта, і размова перайшла на Іну, каралеву курсу. Мужчынская палова гасьцей з ахвотай падтрымала тэму, пасыпаліся жартачкі, плёткі... Пальцы, аднак, не адпускалі Вераніку, заціскаючы ёй рот зь нейкім амаль мэдыцынскім прафэсіяналізмам. Ад дыму ў яе сьлязіліся вочы, а ў вушах гайдаўся нядаўні Жораў эскпромт. І вельмі, вельмі хацелася жыць. Тым ня менш на Вераніку забыліся, і яна са зьдзіўленьнем, якое імгненна зьмянілася жахам, зразумела, што калі зараз жа, вось зараз жа не глыне паветра, то страціць прытомнасьць. “Прытомнасьць?” – зарагатала ўнутры адна зь бясконцых дадатковых Веранікаў, з усімі якімі яна яшчэ не перазнаёмілася. “Ды ты проста зараз...”. І зноў рогат, гэта засьмяяўся Жора, выконваючы мацерную песеньку, якую ўсе з задавальненьнем падхапілі. Усе, апрача Веранікі, у якой у вачах ужо была ноч – а ноччу якія ж песенькі. Пакой агушальна заравеў у прыпеве, і тая, чые пальцы ляжалі на Веранічыных вуснах, прасьпявала таксама, добра пастаўленым голасам, такія галасы на дарогах не валяюцца. Ад Веранікі, нібыта пакідаючы нецікавую кветку, аддзяляліся адна за адной лёгкія постаці ды, расслойваючыся, раствараліся ў паветры, машучы празрыстымі крыламі.

Сьвет раптам здрыгануўся й паплыў да адчыненага акна, туды, дзе на падваконьні сядзеў, зьвесіўшы ногі на сырую вуліцу, выдыхнуты вясёлым пакоем прывід. Вераніка яшчэ раз дрыганула нагамі, на спадніцу ёй упала гара нарэзанага сала ды недаедзеная фарбаванай вараная бульба, пасыпаная зьверху кропам і попелам. Фіранкі не варушыліся. На парозе нечакана вырас адзін з тых вусатых, якія глядзелі ў холе тэлевізар, у тым жыцьці, у мінулым, у эпоху бяз пальцаў на вуснах. “Ёсьць!” – закрычаў ён урачыста, зьняў капюшон і вываліў на стол мокрыя пляшкі. Пальцы расьціснуліся, і Вераніка падавілася паветрам, а тыя самыя пальцы ўжо клапатліва грукалі ёй па сьпіне. “Давай з намі!” – падміргнуў ёй Жорык, і вось Вераніка ўжо трымала, паліваючы спадніцу гарэлкай, плястмасавы кубачак і разявала бязгучна рот, бо й так грымела на ўвесь паверх: “Патаму што нельзя, патаму што нельзя, патаму што нельзя, патаму што нельзя!”. Твары танулі ў татарскім дыме. Зусім ужо здаровая, без усялякіх прыкметаў нядаўняй прастуды, яна ўсё ж азірнулася потым, каб высьветліць, чый жа гэта быў голас, але са сьцяны на Вераніку глядзеў толькі постэр успацелай, падобнай да пантэры Магды – рыхтык такі, які вісеў у Веранікі дома.


***

Яна бачыла, як Ён толькі што зайшоў у кабіну ліфта, як за Яго заўжды гатовай засьмяяцца сьпінай самкнуліся дзьверы, чула, як Ён задуменна зьвінеў ключамі, ведала нават, куды Ён ідзе (не пытайцеся, адкуль, у гэтым будынку ня ходзяць проста так на першы паверх), – яна бачыла, чула, ведала, і ўсё ж, праходзячы па пустэльным калідоры міма Ягонага кабінэту, націснула лёгка ручку. Ручка паддалася, кабінэт аказаўся незамкнутым, і Вераніка, падпарадкаваўшыся імгненнаму парываньню, увайшла. На ўсялякі выпадак у яе было тлумачэньне гэтага візыту, пад пахаю яна трымала напагатове вялікую скураную тэчку, у якой, папраўде, знаходзіўся толькі адзін аркуш, затое насамрэч важны, аркуш з гербам, які патрабаваў падпісаньня, хаця й не настолькі неадкладнага, каб ісьці зь ім да намесьніка проста зараз. Вераніка зьмяёй упаўзла ў кабінэт і ціха прычыніла дзьверы. Тут пахла плошчай ды добрай вэнтыляцыяй, скрозь краты адчыненых вокнаў даносіліся бадзёрыя крыкі будаўнікоў. Вераніка з салодкім пачуцьцём злачынцы агледзелася ды зноў схапілася за ручку дзьвярэй: з-за дзьвярэй невялікае, але высокае шафы вызірнула Ларыса ды адразу ж выставіла перад сабой далоні, нібы паказваючы, што яна ні да чаго не дакраналася. “Прывітаньне”, – агаломшана прамовіла Вераніка й зрабіла зь нявінным выглядам некалькі крокаў да стала, на якім, сярод вясёлага гармідару рэчаў, горда стаяў у цені дзяржаўнага сьцяга маленькі сьцяжок маладых антыфашыстаў на шэрай падстаўцы.

– Міласьці просім, – адгукнулася Ларыса, адступіўшы далей ад шафы, паказваючы, што ні за якай шафай яна ніколі не стаяла. – Ён у сталовую пайшоў, каву піць.

– А я пастанову па Рачку прынесла, – хутка сказала Вераніка. – Але, мусіць, я лепш яму ў рукі...

– Па Рачку? – зрабіла Ларыса вялікія вочы. – Так хутка? Яшчэ ж месяц ёсьць у запасе.

Вераніка паклала тэчку на стол і тут жа забрала назад. “Зараз мы адчынімся”, – дзьверы, здавалася, варушылі ручкай, аднак гэта лухта, адсюль павінна быць чутно, калі нехта набліжаецца да кабінэту. Нават гудзеньне ліфта яны б пачулі. Ларыса падыйшла да Ягонага крэсла й паклала рукі на сьпінку, чакальна паглядаючы на Вераніку.

– Добра, я пайду, – Вераніка, не адрываючы ад Ларысы вачэй, паволі зрабіла крок назад.

– Ну давай, – усьміхнулася Ларыса. – Пойдзеш са мной у абед у Цэнтральны? Толькі я сёньня ня ем... Так, банан сабе куплю.

– А я пірожнае, – прамовіла Вераніка з выклікам, потым пастаяла крыху моўчкі й дадала ўжо гучней:

– Крэмавае.

– Крэмавае? – задыхнулася Ларыса. – Ад салодкага ведаеш што бывае?

Вераніка зноў падыйшла бліжэй, цяпер паміж імі быў толькі Ягоны стол. Вецер варушыў сьцяжкамі, на манітор кампутару паволі апусьцілася муха.

– А ты што, дарэчы, тут робіш? – запыталася Вераніка ціхім голасам, паправіўшы нейкую паперчыну, якая ўжо была гатовая зьляцець з краю стала.

– Працую, – сказала Ларыса, выцягнуўшы галаву так, каб Вераніцы было відаць кожную зморшчыну на яе ілбе.

– У чужым кабінэце?

– У чужым, – са штучнай вінаватасьцю ў голасе адказала Ларыса.

– А можа, ня трэба ўсё ж у чужым?

– А можа, ня трэба суваць нос у чужыя справы?

– А можа...

Ён зайшоў у кабінэт як заўсёды спартовай хадою, нават трохі падскокваючы. “Якія людзі...” – мімаходзь правёў пальцамі па аголеным плячы Веранікі ды сеў паміж імі за стол, і муха расчаравана вылецела ў акно. “Ну што, Ларыса Бацькаўна, як посьпехі?”

– Ды тут у вас... – Ларыса зморшчылася, хітнула галавой на шафу. – Палову папераў трэба ў макулятуру.

– Добра, давядзецца сакратарку клікаць, – Ён адкінуўся ў крэсьле ды пацягнуўся. – Дзякуй за дапамогу. Уяўляеце, дзяўчаты: а кава ў іх – паверыць не магу – скончылася... Што за народ!..

– У сакратаркі Чэслава Карлавіча ёсьць, – сказала Ларыса, адчыняючы дзьверы. – І кававарка, калі яна толькі працуе.

– Ага, – адгукнуўся Ён, думкамі ўжо далёка ад кавы. – Так. А ў Веранікі Бацькаўны што?

Вераніка моўчкі паклала яму на стол тэчку, ён раскрыў, прабег вачыма ды засьмяяўся зьбянтэжана:

– Рана! З гэтым пачакаем! Не сьпяшайся так, Вераніка, сонейка, не сьпяшайся, а то памрэш!

Вераніка ўзяла тэчку ды пайшла да выхаду. Ларысы ў кабінэце ўжо не было.

– Пастой, – Ён падыйшоў да яе. – Ведаеш, Веранічка...

Яна моўчкі глядзела ўніз, на мыскі ягоных туфляў.

– Ведаеш, што... Ты толькі не крыўдуй.

Ён паклаў руку ёй на плячо ды паспрабаваў зазірнуць у вочы:

– Мы ў пятніцу гуляем супраць міліцыі. І, ведаеш, замест цябе вырашылі ўзяць Олю. Ну, гэтую, практыкантку... Яна нішто сабе знаўца, асабліва па розных юрыдычных пытаньнях... Пасядзі пакуль у запасе, адпачні... Окей?

Вераніка кіўнула ды ўзялася за ручку.

– Але ты прыходзь, пабалець! – крыкнуў Ён ды зноў сеў за стол, уключыў кампутар ды глыбока задумаўся, нібы Вераніка даўно ўжо выйшла.


***

Ты ў мяне ў гасьцях. Гэта, аднак, няпраўда: як можна быць у гасьцях у таго, хто сам вечна ў гасьцях? Як можна быць у гасьцях, знаходзячыся ў сябе на радзіме? Франк толькі што сыйшоў да сябе ў гатэль, і мы адразу ж выключаем сьвятло й забіраемся ў ложак. Месяц, гэтая сьветлавая рэкляма ночы, завіс акурат у нашым квадраце акна, і мне трохі шкада тых, хто да раніцы яго пазбаўленыя. Але не дзяліцца ж ім з астатнімі?

Я ніколі не параўноўваю цябе зь Веранікай. І калі б Вераніцы прыйшло раптам у галаву раўнаваць або параўноўваць, яна б таксама ня мела на гэта права. Бо Вераніка была там, у тым жыцьці, ты ў гэтым, і хто ведае, хто будзе са мной ва ўсіх наступных. Не, я ня веру ў перасяленьне душаў, я веру ў бясконцасьць і незваротнасьць выгнаньня, як бы гэта патасна не гучала. Усе гэтыя краіны не мяжуюць паміж сабой – больш за тое, калі існуе адна, то астатнія зьнікаюць.

– Я хацела б, каб ты заўжды быў побач, – кажаш ты раззлавана. – Але ж я ніколі на гэта не пагаджуся. Але, ведаеш, я б насамрэч хацела... Што за лухту я вярзу?

– Заўсёды побач, – шапчу я. – Як сьмерць. Дзякуй. Ведаеш, адзін наш пісьменьнік напісаў калісьці кнігу “Сьмерць-мужчына”.

Мы выпілі зашмат, і таму я нарэшце пытаюся пра тваіх бацькоў.

– Маці была журналісткай, – кажаш ты трохі зьдзіўлена, – а бацька – бацька доктар.

– Адзіная, напэўна, сапраўды патрэбная людзям прафэсія, – пасьміхаюся я ў цемры.

– Ты перабольшваеш, як заўсёды. Ён быў даволі дзіўны. Дарэчы, наконт сьмерці... Неяк ён распавёў мне такую... такую прыпавесьць. Жыў на сьвеце адзін лекар, п’яніца й дурань, ні да чаго ўжо праз сваё п’янства не прыдатны... Нічога сур’ёзнага яму не давяралі... Сядзеў ён неяк на начным дзяжурстве, прыкладваўся, як зазвычай, да біклажкі, лямпа на стале, вакол цёмна й ціха, і тут падыходзіць да яго нейкі незнаёмец у белым халаце й пытаецца, у якой палаце ляжыць фраў Хойтэ, якую сёньня даставіла хуткая.

Напэўна, ты назвала нейкае іншае імя, або зусім ніякага не называла, прынамсі, цяпер мне здаецца, пра фраў Хойтэ я сам дадумаў.

– Лекар адразу ўцяміў, хто перад ім... – працягваеш ты. – Ты ж разумееш, пра каго гаворка?

– Пра сьмерць, натуральна.

– Так. Пра Сьмерць. Яны зірнулі адно адному ў вочы, і лекару ўсё стала ясна.

– Зразумела, чаму. Справа ў далучанасьці. Якім бы ён ні быў спэцыялістам. Яны ж у пэўным сэнсьсе калегі.

– Ну, я б сказала, калегі-канкурэнты. Уяві сабе гэты момант. Ён не паказваў, што ведае яе. А яна пасьміхалася яму ў твар, так... паблажліва... Лекар, аднак, дапамагаць ёй адмовіўся. Яны стаялі й глядзелі адно адному ў вочы. Ён быў ужо добра п’яны, і таму жах спалучаўся ў ім з такой... такой дурной адвагай. “Не,” – сказаў лекар, ягоны язык заплятаўся, – “Ня маю адпаведных паўнамоцтваў. Прыходзьце заўтра ў прыёмныя гадзіны. Кім вы, дарэчы, прыходзіцеся пацыентцы?”. Сьмерці надакучыла, яна пасадзіла яго на крэсла і лекар імгненна заснуў. А назаўтра фраў Хойтэ стала настолькі лепш, што яе выпісалі зь лякарні...

– ...і яна пражыла яшчэ трыццаць гадоў, і пабачыла сваіх праўнукаў.

– Ня ведаю. Пра гэта бацька не казаў.

– Але ж чаму яна яшчэ й нешта распытвала ў лекара? Няўжо ёй, усеўладнай, трэба зьвяртацца па дадатковую інфармацыю?

Мы захапіліся. У доме насупраць гаснуць амаль усе вокны. Толькі адзін вар’ят сядзіць перад вялікім, на ўсю сьцяну, тэлевізарам, і глядзіць старыя савецкія фільмы. А ўдзень ён сьпіць, нам гэта добра відаць. Тут не прынята завешваць вокны фіранкамі, і таму напачатку, калі я падыходзіў да акна, то заўсёды пачуваўся няёмка.

– Думаю, ёй таксама хочацца разнастайнасьці, – кажаш ты. – А ты часта бываў на пахаваньнях, там, у сябе?

– У дзяцінстве так. У нас дзяцей заўсёды бяруць з сабой на хаўтуры. Як на дні народзінаў або на вясельлі. Ня думаю, што адмыслова. Проста іх няма куды падзець. Яшчэ й фатаграфуюцца ля дамавіны... Дзецям неабавязкова нараджацца падчас вайны, каб знаходзіцца блізка да сьмерці. “Ідзі, пацалуй дзядулю ў апошні раз”, – гаворыць скрозь сьлёзы чорна-белая маці, і дзяўчынка... яна ўжо даўно стаіць тут... ростам яна якраз трохі вышэйшая за труну... яна падыходзіць і дакранаецца вуснамі да халоднага лба. Цалуе труп. І касавурыцца на адзіную незнаёмую ёй цётку ў натоўпе, якая строга сочыць за тым, ці паслухмяна выконваецца заданьне. Хіба можна быць да сьмерці бліжэй? Хаця, мне здаецца, гэты звычай не пазбаўлены сэнсу.

– Магчыма, – задуменна адказваеш ты. – Ведаеш, дарэчы, адзін паэт, які скончыў жыцьцё самагубствам...

– Самагубствам? Я недзе чытаў пра дзяўчыну, якая, каб скончыць жыцьцё самагубствам, праглынула чатыры лыжкі, тры нажы, кучу манэтаў, два дзясяткі цьвікоў, сем аконных шпінгалетаў, медны крыжык, сотню шпілек, наглыталася шкла... І засталася жывая! Аднак я перапыніў цябе. Даруй.

– ...дык вось. Гэты паэт назваў сьмерць “маўклівым гардэробшчыкам”. На першы погляд даволі прыніжальна, але ж насамрэч не.

– А вось і ён сам, гэты гардэробшчык, – шапчу я. – Дагутарыліся.

Зьнізу ў нашыя дзьверы й праўда нехта асьцярожна звоніць. Зусім голы, я йду да дамафону.

– Гэта Франк, – чуецца ўпарты голас. – Здаецца, я забыў у вас парасон.


***

Вераніка змарылася. Вераніка так змарылася, што нават зьняла пінжак. Чалавек у кабінэце добра гэта бачыў. “Табе не перашкодзіў бы добры масаж,” – сказаў ён аднекуль з-за яе сьпіны, яшчэ баючыся дакрануцца да Веранікі, але ўжо гуляючы яснымі, нібы пасьля хваробы, вачыма, па яе аголенай шыі, і паколькі Вераніка маўчала, вырашыў усё ж паспрабаваць. Цёплыя мяккія пальцы леглі на яе скуру, паволі націснулі й зараз жа адхіснуліся, завісьлі над тым месцам, дзе сьветла-брунатны паўмесяц незмывальнага загару плаўна пераходзіць у цнатлівую белізну. Хаця фарбы тут ня маюць значэньня, і афарбоўка пашпартнае скуры таксама ня ўлічваецца. Пальцы чакалі яе рэакцыі, і скажы яна ў гэты момант што-небудзь недарэчнае, яны, можа, не вярнуліся б. Але Вераніка маўчала, хаця зь яе артыкуляцыйным апаратам пакуль што ўсё было ў норме, ну, хіба што горла крыху балела, як яно заўсёды найнепрыемнейшым чынам баліць у занадта добрае надвор’е, адплочваючы нам за недахоп дробных грашкоў, за няправільна абраныя дэкарацыі. І пальцы зноў апынуліся на Вераніцы, яны правялі мазолістымі падушачкамі па яе патыліцы, зьверху ўніз, акуратна, па-цырульніцку расправілі каўнер, адсунулі яго далей, каб не замінаў. Перамясьціліся на плечы, прабегліся, ціха патупваючы, па костачках, зазірнуўшы між іншым на імгненьне ледзь не пад рукавы, і вярнуліся да шыі, зрабілі хуткі эскіз лапатак і зноў падняліся ўверх, а потым замерлі, нібы прыгадваючы нешта, – і пачалі сваю працу.

Пальцы як быццам мелі ўласную памяць, памяць скульптара, іх уладальнік ведаў, што ён хоча зьляпіць зь Веранікі. А Вераніка ня ведала, у што яна цяпер хацела б ператварыцца, ёй усё хацелася выць ад радасьці, але чамусьці ня вылася; яе бедны карак, які ў іншы час вылецеў бы коркам зь цела ад гэтых дотыкаў, сьцяўся й замінаў дыхаць. “Усё адно,” – падумала Вераніка, адчуваючы сябе скрыпкай. Добра, што люстра зь яе месца не было відаць, бо яна пабачыла б, што й сапраўды становіцца скрыпкай, рудаватай, дарагой, без футаралу – струны вылезьлі зь Веранікі, нібы з упакоўкі, напятыя струны, адна зь якіх п’яўкай прысмакталася да яе ілба. Ёй і праўда стала лягчэй ад гэтага масажу, кудысьці зьнікалі й мігрэнь, і гнятлівы настрой, і мёртвыя нэрвовыя клеткі, пра якія так любіла казаць яе маці, не заміналі больш нараджацца жывым, якія яшчэ ня ведалі, што іх чакае й колькі тут плоцяць кур’ерам. Раптам зачасаўся нос, нап’юся сёньня, нап’юся сёньня, паўтарала яна пра сябе, няўпэўнена пасьміхаючыся, нос часаўся, але менш за ўсё Вераніцы хацелася цяпер перапыняць чалавека за сьпінай, адзін яе рух мог усё сапсаваць. “Ну як, лепш?” – запытаўся чалавек, які й сам пакрысе зьмяняўся, толькі не заўважаў гэтага – напрыклад, ягоны чэрап марудна, але няўхільна разыходзіўся ўшыркі, бы пад прэсам, і набывалі іншы колер валасы, і вочы трэскаліся, бы тонкае шкло. “Так, так” – сказала Вераніка, што пасьпела ператварыцца ў гадзіньнік. “Так”.


***

Колькі геніяў уцякалі сюды – а колькі няздарнасьцяў!... Флярэнцыя, няўжо сапраўды ад слова “кветка”? – вершы, якія ты чытаеш мне на нашым бальконе, тысячу дзён таму, тысячу кілямэтраў на паўночны ўсход. І вось нарэшце гэты музэй на Вія Рамана, і як заўсёды расчараваньне: так, усё як марыў, усё як уяўляў, летуценьні няўдалага мэдыка, які стаў паэтам, патолягаанатама, якога ванітуе ад сузіраньня не нябожчыкаў, але калегаў па цэху... Аднак найгоршае пабочнае дзеяньне мары – гэта яе мажлівая зьдзяйсьняльнасьць. Няма нічога больш пакутлівага, чым спраўджаная мёртвая мара.

Аднак вернемся да музэю. Брунатная шляхетнасьць парэпанага паркету, прымірэньне з прасторай, экспанаты пад непераборлівым шклом, на масіўных падстаўках спакойнага, але ня схільнага да фамільярнасьці цёмнага-зялёнага колеру. А яшчэ на белых сьценах, у рамах, нібы карціны, – ніякае змрочнасьці; а яшчэ – у празрыстых дамавінках на вытанчаных, фігурных ножках. Нікому не прызнавайся, што менавіта гэта й цікавіць цябе больш за ўсё. Эўропа, маё ратаваньне: колькі ачмуральных падарожжаў у часе тут можна зрабіць, маючы трохі ўяўленьня, было б жаданьне, такое, ад якога цесна становіцца ў глотцы. Гэтая заля, да прыкладу, цалкам падыходзіць для таго, каб выправіцца калі не на трыста, дык на сто пяцьдзесят год назад, пад няспынны рогат ракі Хронас... Калі б толькі ня лямпы ды ня гэтыя ўключаныя ўказальнікі зь белым чалавечкам, які будзе вечна бегчы па плястмасавым лузе, у марнай пагоні за выпушчанай зусім не ў яго стралой: exit. Аркі скразных праходаў. Атынкаваныя аркі порцікаў, зь якіх быццам з тэлефонных будак або з капліцаў у скрушнай задуменнасьці выходзяць тыя, каго калісьці задумалі нерухомымі, выходзяць ужо некалькі стагодзьдзяў, на радасьць такім, як я. Сюжэтныя барэльефы колеру высахлай крыві й скуры. Маскі лацінскіх лічбаў на арабізьне заляў. Я схіляюся над адной з дамавінаў і раптам бачу ў ёй Вераніку.

Яна ляжыць пад шклом, аголеная, трохі запракінуўшы галаву, здаецца, яна сьпіць, але не, вочы паўадплюшчаныя, у іх няма ні болю, ні шчасьця, асабіста я бачу паміж яе напаўсамкнутымі вейкамі стому, нібы яна яшчэ хвіліну таму займалася каханьнем, а цяпер адкінулася на сваё ложа – ды толькі пад шклом яна ў поўнай адзіноце, так што найхутчэй гэта стома ад усіх тых позіркаў, якія кінулі на яе за апошнія дзьвесьце гадоў. За такі час са многім можна звыкнуцца. Тут мусяць быць нейкія адтуліны для вэнтыляцыі, адтуліны, празь якія ўлятучыўся сорам, бо спачатку ж закрывала рукамі ўлоньне ды грудзі, калі заля напаўнялася спраўнымі вусатымі сіньёрамі, студэнтамі ў чорных капелюшах, тоўстымі вучонымі, дамамі з шырока расплюшчанымі вачыма. Ніхто не зважаў на яе сорам, яны бачылі толькі тое, што хацелі пабачыць, па што прыйшлі сюды. Вераніка ляжыць пад шклом, адна нага паўсагнутая, доўгія чорныя валасы, расчасаныя на роўныя пасмы, спадаюць у нерухомыя цені рук з акруглых уступаў жоўтых плячэй, і даходзяць амаль да пояса. На вуснах Веранікі застыла паўусьмешка, на шыі каралі з матава-белых пэрлінаў сярэдняга памеру. Ёй сямнаццаць, ня болей. Яе яшчэ не пакінула гармонія маладосьці, і ніколі ўжо не пакіне, хіба што падбародзьдзе крыху круглейшае, чым прынята мець сёньня, пад ім – ледзь бачная, мяккая складка. Блікі штучнага сьвятла на залацістай скуры.

Чаму ж я кажу, што перада мной Вераніка? Яна даўно й бяз права на абскарджаньне ўкараціла свае валасы, зусім ня чорныя, а сьветлыя, бы птушынае пер’е, кропля кавы ў кубку з малаком. У целе Веранікі незваротна пераважала Поўнач, а Поўдзень праглядваўся хіба што ў бровах ды абрысе сьпіны. І – увага! – унізе яе жывата не было гэтага цёмнага паўкола, выразнае паласы, самая ніжняя кропка якой даходзіць амаль да лабка, а канцы схаваныя там, дзе звычайна напінаецца сантымэтр шаўца, які мерае талію кліенту, – паласы, якая ясна паказвае, што на патрэбу з чароўнага торсу гэтае жанчыны можна зьняць накрыўку. І я ніводнага разу ня бачыў, каб смочкі Веранікі (не настолькі ружовыя ды празрыстыя, з удалым дамешкам брунатага) паўставалі так высока і аддана са сваіх маленькіх кратэраў, хаця ўсялякае магчыма, я даўно ня бачыў яе грудзей. І пэрлінаў на шыі яна не насіла. У Веранічыным целе было нашмат менш акругласьці, больш косткі, больш волі. Пальцы на нагах былі меншыя, і твар хударлявейшы. Але гэта яна, яна, я бачыў яе менавіта такой, у гэтай самай позе, гэткай жа маладой і адкрытай для маіх вачэй, я бачу яе цяпер, такой голай-гульнёвай-гладкай, і нішто ўва мне не заходзіцца ад узбуджэньня, чыстае таемства сузіраньня; і няхай яе падабенства (Яе Падабенства) сядзіць цяпер нерэальна далёка адсюль у стэрыльным сваім кабінэце й нэрвова тузае туфлі пад працоўным сталом, ня верце – там, у неразмарожанай краіне, толькі яе наццаты сьлепак, сапраўдная Вераніка тут, пада мной, як калісьці, Вераніка з крыві, скуры й мяса, Вераніка з навек застылага воску.

Герцаг-студэнт – так, мажліва, называлі яго самыя разумныя зь лёкаяў. Пэтэр Леапольд фон Габсбург Лятарынгскі, герцаг Тасканскі! – гучыць як цяжкая кавалерыя. Але мяккія, чулыя, прыпухлыя, цікаўныя вусны, якімі абзавёўся нават ягоны бронзавы бюст, не выдаюць ў герцагу ні тырана, ні ваяку. Менавіта ён вырашыў стварыць у Флярэнцыі музэй фізыкі й прыродазнаўчых навукаў, які пазьней сталі называць проста La Specola, абсэрваторыя. Па-нямецку гучыць бадай што яшчэ рамантычней: Sternwarte, ці зорная варта. Воскам гэтыя словы ня пахнуць – што ж, і мэдыцына ня пахне мёдам. У 1771 годзе ад Н.Х... Але к чорту такі стыль! За чатыры гады (неверагодная хуткасьць для тых часоў) у Флярэнцыю былі зьвезеныя дзясяткі экспанатаў, і 21 лютага музэй адчыніўся. Раніцай яго маглі наведаць усе добрыя хрысьціяне, па абедзе ж доступ быў адкрыты толькі для тых, хто займаўся мастацтвам або навукаю. Кіраваць музэем герцаг прызначыў “аднаго з найадукаванейшых людзей свайго часу”, як любяць пісаць сучасныя хранічныя храністы. Фэлічэ Фантана з Равэрэта быў, уласна, дацэнтам лёгікі, а значыць, музэй мэтафізыкі падыйшоў бы яму больш, чым фізычны, аднак і хімія, і мэдыцына былі яму зусім не чужыя. І герцагскі пратэжэ з запалам узяўся за працу. Праз дваццаць гадоў экспанатамі былі цалкам запоўненыя ўжо восем заляў.

Воск. Ім ахвотна карысталіся яшчэ старажытныя рымляне, і ня толькі празь бясконцае багацьце магчымасьцяў, безь якога задыхаецца любы мастак, – воск быў значна падатлівейшы за бронзу. На працягу стагодзьдзяў воск абслугоўваў у асноўным розных, часам вельмі непадобных і варожых паміж сабой багоў, і з асьветленых паходнямі халодных, душных і цесных задніх пакояў трапіў нарэшце пад клятчастае, рознакаляровае, прыцішанае сьвятло сярэднявечча, а затым – проста на шырокія далоні Тыцыяна й Леанарда. І вось служанка, спалохана перажагнаўшыся, палівае вадой са збаночка на рукі майстра Дзумба з Сыракузаў, які азіраецца на сонечную нару зробленага ім вуха. Менавіта з таго часу пачаліся гэтыя спробы выкарыстоўваць воск для імітацыі таго заўсёды ювэлірнага абсталяваньня, якім да верху напоўненае чалавечае цела, – цёплага, мокрага, якое вечна будзе несьці ў сабе колішнюю мімалётную пяшчоту свайго стваральніка.

...Як мне зразумела гэта!.. Ніводзін з майстроў, якія рабілі для флярэнтыйскага музэю васковыя мадэлі чалавечых органаў і іх уладальнікаў, не раскрываў сакрэту свайго майстэрства. Ім гэта і ў галаву не прыходзіла, бо любое мастацтва памірае ад тлумачэньняў. І можна колькі заўгодна казаць пра наш тэхнагенны век – тыя, хто жылі ў васямнаццатым стагодзьдзі, гэтаксама наракалі на залішні рацыяналізм сучаснасьці ды абагаўленьне матэрыяльнага. А гэта ж быў блаславёны час, калі мастацтва й навука йшлі поруч, і ніхто зь іх не задумваўся пра развод або шлюбную дамову.

Ляпілі з натуры, на першым паверсе, вокны ў двор. Натура хадзіла да пары па Вія Рамана ды, цалкам магчыма, наведвала музэй, не падазраючы, што неўзабаве застанецца тут навечна. Бо натурай служылі трупы і іхныя часткі: недалёка ад музэю, прыкладна за два кілямэтры, знаходзілася лякарня Санта Марыя Нуова, адкуль васкарам рэгулярна прывозілі неабходнае. Дамо голас гістэрычнаму гісторыку: “Цяпер у гэта цяжка паверыць...” – і заткнем яму рот. Я веру. Для стварэньня адной мадэлі патрабавалася каля 200 трупаў. Магчымасьцяў для кансэрвацыі ў майстроў было вобмаль. Але таленту ды прагі... Іхныя інструмэнты, у якіх я ўсё адно ні храна не цямлю. Колькіх спарадзіла, напрыклад, гэтая міса з выскабленым дном? Я часам шкадую, што машыны ня здольныя зайздросьціць. А затым – беражліва, зь любоўю, з гордасьцю – у сьветла-зялёны шоўк драпіроўкі. Да яе можна дакрануцца і цяпер, і я раўную ўсіх, хто здагадаўся зрабіць гэта.

Белы воск са Сьмірны, кітайскі воск, вэнэцыянскі воск... Дзяўчына ў шкляной труне, плён маўклівае працы некалькіх сотняў натуршчыц. Вераніка, яе згубленая, забытая сястра. Няхай твая вокладка будзе белай.


6.

Яна сядзела ды нягучна плакала сабе ў ружовыя калені, мне падавалася, што даволі фальшыва, хаця я й ведаў, што памыляюся. Сядзела ды паўтарала шэптам: “Мне рана, рана, разумееш ты, рана...”; калі б сеў зараз побач у такой самай, як яна, позе, прысланіўшыся сьпінай да яе дрыготкай сьпіны, мы б нагадвалі лягатып адной вядомай фірмы па вытворчасцьі вопраткі. Вечна мне ў самыя пранізьлівыя імгненьні лезе ў галаву розная лухта. Памятаю, калі яе ледзь ня ўдарыла токам у маёй падступнай кватэры, дзе бяздумная анархія рэчаў ды мэханізмаў даўно зьмяніла ладны абсалютызм мінулага гаспадара, я, замест таго каб кінуцца да Веранікі са спачувальнымі роспытамі, падумаў пра тое, што няблага б сёньня прыгатаваць бульбу з грыбамі. Напэўна, з маёй галавой было нешта ня так – затое з астатнімі органамі ўсё было ў злавесным парадку.

– Рана!.. – усхліпнула яна й падняла да мяне твар, злучаны з каленам тонкай пругкай ніткай, якую Вераніка зараз жа змахнула рукой і выцерла аб майткі.

Я моўчкі, па-завалюхінску хітаў нагой.

– Рана! – паўтарыла яна злосна, нібыта гэтае слова было ненавісным ёй жаночым іменем.

– Ну паслухай, дванаццаць дзён яшчэ нічога ня значаць, – сказаў я, – Бываюць і даўжэйшыя затрымкі, – ды ўсё ж сеў так, як дыктавала рэкляма, але Вераніка тут жа крута разьвярнулася да мяне тварам і закрычала:

– Ты ведаеш, што са мною стане? Ты можаш сабе гэта ўявіць? Паглядзі на мой жывот!

І я паслухмяна ўтаропіўся на яе пляскаты жывот, сымбаль сонца ў паўкруглай аправе, яна стаяла на каленях, і на жываце яе шпарка разгладжваліся палоскі.

– Я ведаю, ведаю гэта дакладна. Я гэта адчуваю. Паглядзі, паглядзі вось сюды. Ведаеш якім ён стане?

– Якім?

Яна не змагла адшукаць словаў і павалілася роспачна ў падушкі, а потым зноў паднялася на калені – знайшла:

– Пачварным, агідным! Спачатку разьдзьмутым, а потым зьдзьмецца як балёнік, і мне застанецца зморшчаны, патрэсканы, друзлы... Бурдзюк! І наогул, наогул...

Я падняўся ды апусьціўся ў фатэль. Вераніка ўпала на сьпіну, і твар яе зноў сказіўся ад прывідаў будучыні, глынуўшы мімаходзьгалосных, якія добра пасавалі гэтаму выпадку:

– Я яшчэ толькі пачынаю жыць! Я яшчэ не гатовая...

І зноў усё вярнулася ў зыходны пункт, яе твар, схаваны ў каленях, і маё няўклюднае маўчаньне. “Чаго ты сядзіш, ідзі ў аптэку!”—прастагнала яна: як вокамгненна зьляцелі зь яе пакорлівасьць і падатлівасьць, як па-ангельску сыйшла славутая жаночая слабасьць, і нашыя слоўцы для ўнутранага карыстаньня, шчасьлівыя дзеці ўзаемнага даверу, таксама кудысьці сплылі... Я нацягнуў нагавіцы ды майку, улез у тапачкі ды ў такім выглядзе выйшаў на вуліцу.

А там усё нібыта сьмяялася з нас. Я пачаў лічыць мамашаў з вазкамі, што праходзілі міма, і неўзабаве зьбіўся зь ліку, такое іх было мноства. З адчыненых вокнаў, з-за непарушных, быццам мармуровых складак на фіранках чуўся настойлівы дзіцячы плач. Плякаты заклікалі адзначыць Дзень маці-адзіночкі як мае быць – як гэта, цікава? Зграі п’яных паўголых маці ў парках замест дэсантнікаў і мужчыны, што прыціскаюць сысункоў да валасатых грудзей, у надзеі выціснуць зь сябе хаця б кроплю малака? І ўвечары, абавязкова – сьвяточны канцэрт у Палацы народу, з удзелам дваццаці айчынных зорак і адной Зойкі з блізкага замежжа. Вясна душыла горад, але гэта была толькі рэпэтыцыя летніх кашмараў. Такое надвор’е таксама міжволі наводзіла на думкі пра дзетанараджэньне: бо пры гэтай тэмпэратуры трэба ляжаць у хатняй прахалодзе з кім-небудзь блізкім твайму сэрцу, а пацець лепш удваіх. Я намагаўся ўявіць сваю будучыню, калі Вераніка сапраўды слушна ўсё зразумела, і ня мог. Я ўжо мог дацягнуцца пальцамі да сваіх трыццаці, а да дваццаці ўжо не... Вочы мае былі заплюшчаныя, будучыні я ня бачыў, толькі чырвоныя сполахі, зь якіх складвалася то Вераніка, то мой начальнік, то нейкая агністая котка. Кажуць, жанчыны й праўда здольныя гэта адчуваць. Калі ня нізам жывата, то сваёй трапяткой жаночай абалонкай. Ледзь ня трапіўшы пад сонную машыну ў цёмных акулярах, я перайшоў вуліцу ды адчыніў дзьверы аптэкі.

Тым часам Вераніка малілася. Сядзела ў майтках і расшпіленым станіку перад паласатымі выцьвілымі шпалерамі ды малілася. Калі б яна толькі здагадвалася, якімі нехрысьціянскімі рэчамі займаецца, то правалілася б празь зямлю (але туды нельга, там падвал, у якім якраз цяпер труцяць пацукоў). Як гэта робіцца, яна ня ведала, хаця й была хрышчонай: прайшла калісьці гэтыя водныя працэдуры з барадатым глухім інструктарам, здала нарматывы ды за няйменьнем значкі атрымала на шыю крыжык. Ну, як там у фільмах... Ойча наш, нейкія ясінанебясі, а далей як? А вусны яе ўжо складалі ўласны верш, які захлынаўся ва ўпэўненасьці, што ўсё ўжо вырашана гэтым усемагутным чыноўнікам, якога ніхто, папраўдзе, ня бачыў, але адно тэлефанаваньне якога руйнуе або ратуе жыцьці. “Пазбаў мяне ад яго!”—залямантавала яна нарэшце пра сябе страшныя словы ды бясьсільна разгарнула выпадковую цукерку, што плавілася пад падушкай.

Я вярнуўся, і Вераніка схавалася ў прыбіральні. Там нешта грымнула, і зарыпелі, зноў расчыняючыся, прагныя да публічнасьці дзьверы, і зноў бразнулі. Мне падалося, я чую, як цырчыць струменьчык. Я пайшоў на кухню ды прысмактаўся да крану й неўзабаве спалохаўся, што Вераніцы не застанецца вады – але ня мог адляпіцца. Яна выйшла, і па яе твары я зразумеў, што ўсё скончана. Рукі мае павольна наліваліся новай, бацькоўскай сілай, і заўтрашні дзень перамяшчаўся з-пад ног на плечы. Я зірнуў на Вераніку зь пяшчотай, я зусім не ўсьведамляў, хмары якіх пераменаў зацягваюць нашае дагэтуль бязвоблачнае неба, я выпрастаў сьпіну ды падрыхтаваўся сказаць ёй усё тое, што мусіла прагучаць толькі празь некалькі год. Але яна адсланілася й сама прыпала да крану, а потым з асалодаю села на халодны стол.

– Я цябе віншую, – сказала яна расчаравана. – Пранесла.


***

Да мэтро яны йшлі з Кулакоўскай. Па шчырасьці, Вераніцы было ўсё адно, з кім адольваць гэтую мізэрную адлегласьць: лапік асфальту перад унівэрсытэтам, прысыпаную пяском ды недапалкамі сьцежку, гулкі падземны пераход і поўную аўтамабільных адлюстраваньняў з аднаго боку ды аўтамібіляў з другога дарожку. Вучыцца заставалася ўсяго нічога, і самае прыкрае, што гэта нічога ніяк не хацела аднак праляцець непрыкметна – не, кожны дзень цягнуўся так, бы не зьмяшчаўся ў мех нябыту... Але постаці сакурсьнікаў тым ня менш шторазу ўсё выразьней гублялі сваю матэрыяльнасьць, знаёмыя здані, набор гукаў без значэньня. Яна памахвала сумкай ды згодна хітала галавой. На курсе яна ні з кім не сябравала, але ні з кім і не варагавала; сам факт таго, што Вераніка мела мянушку, сьведчыў пра тое, што ўсё ж нейкі сьлед яна тут пакінула.

– Ды супакойся ты, – цадзіла скрозь зубы Кулакоўская. – Зь пятага курсу не выганяюць. Здамо й забудзем. Вось толькі што пасьля гэтага рабіць? Я, ведаеш, дамоў не хачу...

І Кулакоўская, прымружыўшыся яшчэ раз зь няўхвальнай усьмешкай, пайшла ў свой інтэрнат, а Вераніка вырушыла дадому, у Сьвет. Так, наўрад ці хто-небудзь з выкладчыкаў захоча ствараць ёй і сабе праблемы. І, магчыма, можна дакаціцца па інэрцыі да дыплёма, ня робячы ўжо звышчалавечых намаганьняў, не ўстаючы а сёмай, каб засьпець у чытальнай залі вольныя месцы, ігнаруючы загадкавыя практычныя, даўшы галаве адпачыць, а целу падшукаўшы чагосьці займальнага. Зайшоўшы ў яшчэ пустую кватэру, яна цьвёрда вырашыла не грузіцца сёньня й заўтра проста паспадзявацца на ўдачу – ня так ужо й часта Вераніка нешта пазычала ў гэтай дамы. Але, дапіўшы каву, яна перабрала ў галаве тэмы, сама ў сябе задзірыста пытаючыся: ну што ж, я нічога пра гэта не змагу сказаць? І тут жа зразумела, што насамрэч ня зможа. Бледныя твары вялікіх людзей гайдаліся недзе ўбаку, але паклікаць іх па імені яна не наважвалася, баючыся памыліцца. Распакоўка іхных вялікіх ідэяў таксама патрабавала адмысловых інструмэнтаў, якіх Вераніка ня мела, і таму ня мела й паняцьця, зь якога боку да гэтых глыбаў падступіцца. Ад усіх гэтых думак пра заўтрашняе выпрабаваньне пахла такой сырой, падзямельнай вечнасьцю, што хутка Вераніка ўжо сядзела над таўшчэзнай кнігай, марна намагаючыся запомніць хаця б, касьцюмы якой эпохі яны насілі. А ён жа спытае, гэты заўтрашні вусаты заікасты дацэнт з вачыма фашыста, абавязкова спытае. Ён можа; пабачыўшы, што ахвяра выдыхаецца, ён цалкам здольны быў салодкім, д’ябальскім голасам запытацца: ну добра, скажыце мне, прынамсі, мог масье Дзідро насіць цыліндар, або не? Стаўка тры балы. Вераніка гартала кнігу, як фотаальбом, і не магла запомніць ані прозьвішча, – як па ёй, дык яны ўсе маглі тут насіць цыліндар...

У дзьверы вінавата пазванілі. “Веранічка, сонейка, дай вашага пыласоса, мой-та зусім не працуе”, – сказала суседка, зірнуўшы на яе голы жывот з бліскучым вочкам і звычна заглянуўшы ў кватэру ды прынюхаўшыся, ці ня пахне тут маладымі мокрымі мужчынамі. Вераніка дзьвюма рукамі прыцягнула ёй з залі непаслухмяны пыласос, нібы бульдога за ашыйнік, і, цярпліва выслухаўшы мітусьлівую падзяку, зачыніла дзьверы. Адзін зь іх быў у капелюшы зь пер’ем. Вось ён дакладна ня мог насіць цыліндар. Ці ўсё ж... Можа, яны мянялі іх, раніцай каўпак, удзень мушкетэрскі капялюш, увечары цыліндар. За сьцяной загуло. На адной з ілюстрацыяў строга ды асуджальна глядзеў на суседнюю табліцу ня вельмі стары яшчэ мужчына ў чорным, Вераніка некалькі разоў паўтарыла ягонае ймя, заплюшчыўшы вочы, і, задаволеная, загарнула кнігу. Вось, хаця б аднаго запомніла. Можа, заўтра пашанцуе. Пэтэр... Пэтэр... Каб цябе. Яна зноў разгарнула кнігу, закласьці старонку, як высьветлілася, ёй у галаву не прыйшло, і загадкавы Пэтэр цяпер таропка пераапранаўся недзе ў тоўшчы паперы, пасьмейваючыся, што так лёгка падмануў Вераніку. Яна ўздыхнула й села пісаць шпоры.

Але пакрыўджаны час не забываў, як легкадумна зь ім абыходзіліся ўвесь сэмэстар. Пачынаўся вечар, недзе паблізу працавалі швабраю, Вераніка сьпісала ўшчэнт восем лістоў, а нявыкрытых Пэтэраў заставалася яшчэ тузіны два, ня менш. Перад вачыма яе пакалыхваўся, усё больш нецярпліва, вобраз чайніка са спакушальным шлейфам пары, калі зазваніў тэлефон і больш не змаўкаў. Спачатку сястра распавяла пра тое, што яе муж купіў нарэшце квіткі ў Турцыю, потым пазваніў сусед Юрык і пачаў кленчыць гарэлку: Вераніка шчыра схадзіла праверыць, ці няма часам у шафе, пакінуўшы слухаўку на разгорнутай кнізе як закладку, і вярнулася ні з чым – Юрык не паверыў ды пачаў наноў, ледзь адвязалася. Потым амаль адразу ж пазваніў гэты дзіўны малады чалавек, зь якім яна пазнаёмілася нядаўна, сарамлівы й нахабны адначасова, – яму чамусьці хацелася, каб Вераніка прымала яго за фашыста. Празь пяць хвілінаў – зноў званок: “Айбаліт слухае!” – стомлена падняла слухаўку Вераніка, прыгадаўшы дзіцячую казку, але гэта званілі зь міліцыі. І потым, як наўмысна: маці, паведаміць, што затрымаецца на працы. І зноў пазванілі, яна хацела ўжо цапнуць тэлефон, але гэта было ў дзьверы, суседка прынесла пыласос. “Адключыць яго, ці што?” – паныла падумала Вераніка, пачуўшы, як прыйшоў бацька, не разуваючыся пакрочыў на кухню, адчыніў лядоўню, шумна пажаваў нешта – ажно адсюль было чуваць, і зноў сыйшоў, шчоўкнуў замок. Вераніка ўключыла лямпу й нечакана для сябе сама набрала нумар.

– Так. Бярэш зараз жа кніжкі й прыяжджаеш да мяне, – Лёнькаў голас быў відавочна ўзрадаваны. – Я ведаю такія мэтады!.. І табе неабходны спакой.

– А табе неабходны хто-небудзь у ложку, – сьцьвярджальна сказала Вераніка, раззлаваўшыся.

– Што ты, Веранічка, даю слова, – пакрыўдзіўся Лёнька. – Што я, дэбіл, не разумею... Твая вучоба – сьвятое.

Яна пастаралася як найхутчэй скончыць гэтую размову і ўрэшце проста кінула слухаўку. Тэлефон загаласіў. Гэта зноў быў Юрык, ужо п’яны і, як заўсёды ў такім стане, настроены на філязофскі лад. Ён мэлянхалічна пасьвістваў ды сьмешна ікаў.

– Гэта... Як ты вабшчэ, Веранічка, – пачаў ён, і па голасе Юрыка было чуваць, што ён разьлічвае на доўгую зьмястоўную размову. – Можа, выйдзем, пакурым?

– Не магу, – пальцы Веранікі нешта казытала, і яна ажно павяла плячыма. – Іспыт заўтра.

Але казытка не спынілася, нешта варухнулася пад яе далоняй, што стомлена ляжала на адкрытых старонках. Вераніка раздражнёна зірнула, пачухаўшы далонь, і замахала рукамі ад агіды. Па старонках поўз жаўтавата-брунаты, даволі буйнога памеру таракан. “І адкуль жа ты ўзяўся?” – падумала Вераніка раззлаваўшыся, адначасова забіваючы пачвару чыстым лістом і крывячыся ад адчуваньня ягонага нябачнага цела пад падушачкамі пальцаў. Яна паднялася, каб аднесьці труп да ўнітаза, выйшла ў калідор і, можа быць, спакойна дабралася б да мэты, калі б не зірнула выпадкова на канапу ў залі ды, блізкая да непрытомнасьці, адступіла зноў да свайго пакою. З вузкіх палубаў чорнага пыласоса, што стаяў на сваім звыклым месцы, пагрозьлівыя ды незьлічоныя ў гэтай вайсковай сваёй уніформе, утвараючы часам невыносныя рухавыя купкі, разьбягаліся зь пераможным выглядам, дзіўна ладнымі шыхтамі, нібы падпарадкоўваючыся нейкаму загаду, рудыя жвавыя акупанты.


***

З-за дрэваў, што неахвотна расступаліся ў гэтым месцы, канца агароджы відаць не было, але паселішча займала невялікую тэрыторыю, яно плыло над лесам, як зьбіты зь бярвеньня ледакол. Вераніка ўздыхнула, падняла крысьсё плашча ды ступіла ў цёмную ваду рова.

Натуральна, можна было павярнуць налева, падняцца на ўзгорак й скаціцца потым зь яго проста да брамы з аблупленай шыльдаю “Піянэрскі лягер “Машыніст” і ўжо адтуль пашыбаваць да летняй сцэны. Але лішніх пытаньняў наконт таго, што яна рабіла па-за лягерам у небясьпечным сутоньні, было ў такім выпадку не пазьбегнуць. Бо каля брамы заўсёды сядзелі дзяжурныя са старэйшых атрадаў, гулялі ў карты або ў ножыкі, яны б абавязкова скруцілі Вераніку ды адвялі б да начальніцы. І – часу ў яе ўжо амаль не было. З-за навіслых над агароджаю карпусоў чулася, раптам абрываючыся й потым выбухаючы зноў, музыка – наладжвалі апаратуру, і нейкі голас, нібы наўмысна пасланы на пошукі Веранікі, раз-пораз далятаў да яе праз прыцемкі, выпушчаны з катапульты калёнак. І яна, моршчачыся ад халоднае вады, з адсырэлымі басаножкамі ў руках, хутка перабегла на той бераг. Прывітальна крумкалі жабкі, яны ўжо звыкліся з гэтымі таемнымі Веранічынымі ўцёкамі ды вяртаньнямі, Вераніка выцерла ногі крысом плашча ды азірнулася. Капітана яна ня бачыла, але ведала, што ён стаіць там, між ялінаў ды цяжкага, набрынялага вільгацьцю павуціньня, і маша ёй рукой, вось так, толькі трошкі ўзьняўшы руку й павольна варушачы пальцамі, – жадае ўдачы.

Яна надзвычай асьцярожна пралезла, прыгнуўшыся, праз адтуліну ў драцяной агароджы й потым з агідаю абулася, абкружаная брыдкімі пахамі, што жылі тут, нібы грыбы, напітаўшы сабой і раскіданыя вакол прагнілыя дошкі, і сьлізкі, вялізны, хутчэй за ўсё пусты ўнутры пень, у якім, цалкам магчыма, жылі сапраўдныя гадзюкі, і вялікі, павалены ў непрытульную траву тварам уніз шчыт, на сьпіне якога ўсё расплываліся ды не маглі расплыцца напісаныя алоўкам лічбы... Усё гэта Вераніка бачыла шмат разоў, месцазнаходжаньне кожнага прадмета яна ведала напамяць і магла заплюшчыўшы вочы адшукаць дарогу. Пасьля даўкага, п’янкога водару лесу марудзіць у гэтым месцы ёй не хацелася, і яна шпарка кінулася да карпусоў.

Яе адпачынак у “Машынісьце” сканчаўся, яна прабавіла між ягоных дратоў ды балёнікаў дзьве зьмены. Яшчэ ў Сьвеце, рыхтуючыся ехаць у лягер, яна з заміраньнем сэрца слухала аповеды тых, хто ўжо пабываў тут. І ўсё было гэтак сама, як ёй распавядалі ў задушлівым, густым кустоўі за домам: хлапечыя начныя вылазкі на дзявочую палову з выкарыстаньнем зубной пасты, гісторыі перад сном, пасьля якіх адна дзяўчынка зь іх атраду яшчэ тыдзень мачылася ў ложак, і піянэрбол на вытаптаным пяску, і конкурс песьні, на які Вераніку нават не ўзялі – забракавалі, і яна праплакала ўвесь дзень, схаваўшыся на ўскраіне лягеру, за паваленым дубам, адкуль яе прагналі старэйшыя хлопцы, і купаньне ў соннай, неглыбокай рэчцы, і камары, камары, камары... – пакуль не пачаўся гэты сэзон дажджоў, пасьля якога лягер ледзь не затапіла. Бацькі прыяжджалі да яе па выходных, але без энтузіязму – Вераніка бачыла, што ім карціць як найхутчэй зьехаць, і яны нават ня слухаюць, што яна распавядае ім дрыготкім ад захапленьня голасам. Брат так і не прыехаў ніводнага разу, але што там казаць, ён быў якраз у такім узросьце, як іхныя дзяжурныя каля ўваходу: ножыкі, карты...

Менавіта пасьля гісторыі з конкурсам песьні Вераніка знайшла гэтую адтуліну ў агароджы. Невядома калі павалены дуб, што ляжаў паблізу ад сталовай, надзейна захінаў ад вачэй важатых ды выхавальнікаў зарослую густой высокай травой выспу, за якой, у сваю чаргу, тырчаў пень у клятчастым цені. Тым разам Вераніка, у якой яшчэ пяршыла ў горле ад крыўды ды нядаўніх сьлёзаў, доўга стаяла перад раптоўна знойдзенай адтулінай. Хто ведае, можа, ёй карысталіся дарослыя, каб зьбегаць у бліжэйшую вёску па самагон, можа, важатыя лазілі празь яе, каб патанчыць на дыскатэцы ў райцэнтры, да якога было кілямэтраў пяць... Вераніцы было соладка ды страшна, калі яна ўсё ж закрыла ўспацелай далоняй вочы свайму страху ды вылезла вонкі, адразу ж упаўшы ў замаскаваную палым гальлём канаву ды перапэцкаўшы ў глей сукенку. Тады яна вырашыла не адыходзіць далёка ад лягеру, пагуляла між зманліва рэдкіх ялінак, пазрывала яшчэ зеленаватых ягадаў ды выкінула іх каля заняпалага мурашніка... Але потым усё ж заблудзілася, бо навязьлівыя ўспаміны заміналі думаць пра нешта апрача нядаўняе несправядлівасьці й гналі ногі наперад. Неўзабаве яна выйшла да рэчкі. Цалкам магчыма, гэта была тая самая рэчка, у якой, трохі, відаць, далей, там, дзе сканчаўся лес, яны плёскаліся падчас першае зьмены. А можа, і не. Яна падыйшла да самае вады, і рукі самі ўзялі каменьчык і кінулі яго, млява ды няўпэўнена, у нясьпешную, амаль нябачную плынь. Нібыта ў каменьчыку была схаваная яе крыўда, нібыта пасьля гэтага яна цудадзейным чынам вернецца ў лягер, і важатая Сьвета кінецца да яе з прабачэньнямі. А каханьне яе ў іголцы, а сьмерць у яйку, а шчасьце ў куфры... Ці ня ў куфры. Зноў яна ўсё пераблытала. Вакол было ветрана ды вусьцішна. Яна павярнула галаву ды пабачыла Капітана. Ён паманіў яе пальцам: хадзі сюды, і яна, напачатку ўжо памкнуўшыся ўсім целам да лесу, потым стрымалася й баязьліва падыйшла. На першы погляд здавалася, Капітан лавіў рыбу, але потым, калі яны сустрэліся тут ужо другі раз, Вераніка ўцяміла, што Капітан быў занадта задуменны, каб хаця б нешта ўпаляваць у гэтай лянотнай, растлусьцелай, амаль нерухомай вадзе.

Капітан жыў паблізу ў намёце, які чужому знайсьці было, бадай што, немагчыма, бо яго ад цікаўных вачэй абараняла вельмі падступнае на выгляд, быццам вынутае са змрочнай казкі й перанесенае сюды разам з зацьвілай багнаю ды зеленаватым сьвячэньнем, балота. Капітан браў Вераніку за руку ды йшоў адно яму вядомымі сьцежкамі. Пазьней, калі Вераніка ўжо скончыла ўнівэрсытэт, яна толькі жахалася, што магло б зь ёй здарыцца, акажыся Капітан іншым чалавекам – уся рызыка яе колішняй бесклапотнасьці паўстала перад Веранікаю ва ўвесь свой пачварны рост. Напэўна, і той, з крыламі, нябачны, хто не пакідаў Вераніку ўсё яе жыцьцё, то хаваючыся за фіранкамі, то выступаючы раптам з паветра, як Копэрфілд, у тую лягерную пару таксама йшоў за Веранікай, якая даверліва трымала Капітана за руку, ішоў, спатыкаючыся, правальваючыся па калена ды зноў ступаючы па купінах...

Спачатку яны з Капітанам маўчалі, а потым урэшце разгаварыліся: Капітан распытваў яе пра бацькоў, пра лягер, і неўзабаве Вераніка ўжо распавядала пра сябе, захлынаючыся, пырскаючы падлеткавай чыстай сьлінай, пра брата, пра важатую Сьвету... Капітан быў сапраўдны – ён насіў адмысловую фуражку, ён пыхкаў люлькай, ён быў барадаты й надзвычай маркотны. Пах ягоных высачэзных, зялёна-бурых, як балота, ботаў Вераніка памятала яшчэ доўга. Правая рука Капітана была зь нейкім загадкавым пашкоджаньнем: ён ня мог разагнуць як сьлед ні яе, ні пальцы... Затое левая працавала за дваіх, і Вераніцы было прыемна трымацца за гэтую руку, цьвёрдую, бы камень. У той час ёй пачалі сьніцца дзіўныя сны: парашутысты над ранішнім туманным лесам, тайныя знакі, скрыжаваныя лапаты... Дзіўна: болей такога зь Веранікаю ніколі не здаралася. Яна вярталася ў лягер як у сьне й не магла ўначы заснуць. Важатыя нічога не заўважалі. А аднойчы Вераніка заснула ў намёце Капітана – узяло сваё доўга бяссоньне – і вярнулася ў лягер толькі ўначы. Як заўсёды, Капітан правёў яе да агароджы. Яна, палохаючыся кожнага гуку, прабралася нарэшце, абмінаючы ліхтары, да свайго корпусу ды не распранаючыся шуснула пад коўдру, пачуўшы на ганку нечы голас. Але гэтае спазьненьне сыйшло ёй з рук, ніхто нічога не заўважыў.

Загрузка...