Уладзімір ГНІЛАМЁДАЎ
СЕМ ГАДОЎ У ЦК
Раман-дзённік
1969
11 лютага. Выклікалі ў ЦК. Гутарыў са мной, больш як гадзіну, загадчык аддзела культуры. На шыльдзе яго кабінета прозвішча: Марцэлеў. Пытаўся пра інстытут: «Як там Барысенка?» Што магу сказаць пра Барысенку я, малодшы навуковы супрацоўнік, «мэнээс», як кажуць у акадэміі?
— Калектыў яго паважае.
— Што цікавае чыталі ў апошні час?
— Чытаю «Ранішнія росы» Янкі Скрыгана. Гэта пра пісьменнікаў. Цікава.
Багатая мова.
Гаворым з маім суразмоўцам па-беларуску.
— Гэта добра, што вы прайшлі вывучку ў акадэмічным інстытуце. Інстытут нешта дае…
— Не скарджуся.
— Якое ваша сямейнае становішча?
Гэтага пытання я не люблю, але даводзіцца адказваць.
— Халасцяк, адзін, бацькі жывуць у Брэсце.
— А ў вайну?
— Жылі ў вёсцы, працавалі на гаспадарцы.
— А дзе ўступалі ў партыю?
— Калі служыў у войску.
— Ну, там прымаюць усіх, — пасміхнуўся мой субяседнік і зашамацеў паперамі, што ляжалі перад ім на стале.
Што праўда, дык праўда. Мяне прымалі — угаварыў зампаліт старшы лейтэнант Балтабаеў, каб не хадзіў у самаволку. Сорамна камуністу бегаць у самаволку. Але партыйную пазіцыю я падзяляю.
На «гражданцы» ўступіць у партыю — тым, хто гэтага хоча, — складаней. Тут разнарадка, ліміт. Інтэлігенцыю прымаюць у апошнюю чаргу. Між тым, ёсць людзі, якія могуць быць сапраўднымі камуністамі. Колькі гадоў назад у інстытуце прымалі ў партыю Адама Іосіфавіча, я быў старшынёй сходу. Добры, прынцыповы камуніст з яго атрымаўся.
— Ну, добра, — падагульніў субяседнік нашу размову, — можаце ісці, але з інстытута не адлучайцеся, бо можаце спатрэбіцца.
Я ўстаў, прысунуў стул, на якім сядзеў, да стала, сказаў «да пабачэння», так і не зразумеўшы, чаго гэты чалавек, таварыш па партыі, мяне выклікаў. «Каму я магу спатрэбіцца?» Спытацца не рашыўся. Зачыніў за сабой дзверы (яны былі падвойныя), развітаўся з сакратаркай, немаладой ужо бландзінкай са спушчанымі на скроні бледнымі кудзеркамі, па калідоры прайшоў да лесвіцы. З аднаго боку вокны, з другога — кабінеты. На дзвярах — шыльдачкі з прозвішчамі партработнікаў. Усё — па-беларуску. Страшэнна цікава, як гэта яны тут усім кіруюць.
Успомніліся нашы прафесары Перкін і Пшыркоў, якія расказвалі, як яны ў пачатку 50-х гадоў пісалі для сакратара ЦК КПБ нейкага Іаўчука па яго патрабаванні даведку аб стане тагачаснай беларускай літаратуры. У даведцы былі адзначаны без указання на канкрэтных пісьменнікаў некаторыя недахопы, уласцівыя бягучаму літаратурнаму працэсу. Неўзабаве даведка з’явілася ў «Советской Белоруссии», але ўжо як устаноўчы артыкул за подпісам самога Іаўчука. У канцы была прыпіска: «Досадных ошибок в осмыслении литературного процесса не удалось избежать и научным сотрудникам Института литературы Перкину и Пширкову».
Словам, крытыкам таксама дастаецца, як і пісьменнікам. На мінулым, V з’ездзе пісьменнікаў Беларусі А. Бялевіч у прысутнасці П. М. Машэрава скардзіўся, што «б’е ў званы Гніламёдаў», спецыяльна шукае ў яго вершах якіхсьці недахопаў, а іх там, маўляў, няма. Ёсць. Гаўрусёў напісаў быў рэцэнзію на чарговы зборнік А. Бялевіча (выдае амаль штогод) пад назвай «І ад салаўёў бывае сумна». Дзіўны чалавек гэты Бялевіч. Таленавіты, але неяк па-фальклорнаму, без інтэлекту. Досыць абмежаваны, наіўны ў сваёй паэтычнай логіцы.
18 лютага. Заходзіў у «Маладосць». Бываю тут, бо добра, прыхільна да мяне ставяцца. Удумлівы, жвавы калектыў на чале з Піменам Панчанкам: Алесь Асіпенка (яго намеснік), Вера Палтаран, Мікола Аўрамчык, Сцяпан Кухараў… Кожны — цікавы. У кожнага за плячыма ёмісты жыццёвы і ваенны вопыт. Мікола Аўрамчык, напрыклад, прайшоў і фронт, і нямецкі палон, і шахты. Шмат з перажытага адбілася ў яго вершах. Неяк ён расказаў мне пра неверагодны эпізод спробы ўцёкаў вязняў з нямецкага канцлагера…
Вельмі цікава расказваў Панчанка, як ён працаваў у «дывізіёнцы».
25 лютага. Рэдактар з выдавецтва «Художественная литература» В. Элькін заказаў мне прадмову да зборніка аповесцей трох нашых пісьменнікаў — І. Пташнікава («Тартак»), А. Савіцкага («Кедры глядзяць у мора») і У. Караткевіча («Чазенія»). Зборнік павінен выйсці ў гэтым выдавецтве. Тры пісьменнікі, і вельмі непадобныя адзін на аднаго. Караткевіч — рамантык. Савіцкі і Пташнікаў — рэалісты. Па-рознаму, але рэалісты. Рэалізм вымагае ад іх болей клапаціцца пра ўмацаванне маральных асноў свайго рэалізму, пра верагоднасць таго, што адбываецца ў творы.
9 сакавіка. Надвор’е — гром і снежная завея. Нешта рана пачало грымець.
16 сакавіка. Пачалі выходзіць цікавыя кнігі, аднак іх не дастаць. Шмат жадаючых. Не так даўно ў Маскве выйшаў ладны томік твораў Франца Кафкі. Мне яго даваў чытаць Барыс Сачанка, які сказаў, што дазвол на яго выданне быў атрыманы «на самым версе» — у ЦК КПСС. Адзін з цікавейшых твораў Кафкі — апавяданне «Голодарь», у якім ён у іншасказальнай форме паспрабаваў адказаць на пытанне, хто такі пісьменнік. У дзённіках Кафкі таксама ёсць запіс на гэты конт: «Когда мне стало ясно, что сочинительство — самое плодотворное направление моего существа, все устремилось к нему, опустошив иные способности, направленные к радостям пола, еды, питья, философских размышлений о музыке. Я перестал вкушать все это».
Пісьменніцтва было для Ф. Кафкі чымсьці нашмат большым, чым прафесія. Ён быў у гэтым сэнсе апантаным.
Пісьменніцтва — рэч сур’ёзная.
18 сакавіка. Крытыку Рыгору Шкрабу — 50 гадоў. «Гэта цэлы ўніверсітэт», — кажуць пра Шкрабу. Цікава, ці чытаў ён Кафку. Мусіць, не, і не ён у гэтым вінаваты. Рыгор Васільевіч пасля маіх няўдалых спробаў вучыў мяне (у рэдакцыі «Полымя», дзе ён працуе), як пісаць літаратурныя артыкулы. «Ніколі не бярыце адразу быка за рогі. Пачынайце здалёк, — тлумачыў ён. — Напрыклад, з такога: «Учора ішоў дождж…» Да галоўнага набліжайцеся паступова». На мой погляд, гэта быў цікавы ўрок.
22 сакавіка. Схадзіў у лазню (на Змітрака Бядулі). Дзьмуў моцны вецер. Прабіраў наскрозь. Мінск — такі горад, што вецер дзьме з-за кожнага вугла і ўвесь час мяняе напрамак. Вельмі проста прастудзіцца. Асабліва пасля лазні. Дзякуй богу, на гэты раз не прастудзіўся.
25 сакавіка. Насядаюць кітайцы. На востраве Даманскім (усяго 1 кв. км плошчы) сапраўдная вайна. Кажуць, што Кітай супраць дамініравання СССР у сацыялістычным лагеры, што Мао — здраднік, што ніякі ён не камуніст, а толькі гэтым прыкрываецца. Хоча адхапіць у нас Сібір.
Амерыканцы таксама варожа глядзяць праз плот.
Геніяльны Настрадамус пра ХХ ст. сказаў у зашыфраваным катрэне (г. зн. паэтычнаю моваю):
Век двадцатый, жестокий и страшный.
Две войны, самовластье рабов,
И наука в кровавом пожаре
Из безверья воздвигнет богов.
«Две войны»? Страшна ад таго, што напагатове і трэцяя…
26 сакавіка. Тур Хейердал звязаў з чароту плот і збіраецца плысці праз Атлантыку.
У нас усур’ёз захапіліся пошукамі снежнага чалавека.
У Англіі ў нейкім возеры завялася нечуваных памераў пачвара, якую аматары хочуць высачыць і злавіць.
Адчуванне такое, што свет нібы «саскочыў з перадка», як сказана ў адной з паэм М. Лужаніна, і паімчаўся, паімчаўся…
2 красавіка. Раніцай відаць быў у паўднёвай частцы неба маладзік. Калі пабольшала святла, знік. Красавік — месяц абнаўлення.
3 красавіка. У «Литературной газете» артыкулам Я. Смелякова «Чтоб бился пульс времени…» завяршылася дыскусія пра грамадзянскасць паэзіі. У гэтай дыскусіі другі рускі паэт — В. Бокаў (добра іграе на балалайцы) выказаў разуменне сутнасці паэзіі як чуласці. Я. Смелякова такое вызначэнне паэзіі не задавальняе. «Чуткость, — падкрэслівае ён, — это качество не только не лишнее, а даже обязательное, но одного его для поэта мало». Паэт абавязаны, — сцвярджае Смелякоў, — «воплощать свои впечатления в сильные стихи, способные глаголом жечь сердца людей».
— Размова пра грамадзянскасць — трэба думаць — не выпадковая. Гэта — агульны накірунак палітыкі партыі ў літаратуры, і не толькі ў літаратуры.
Я. Смелякоў недзе хваліўся, што ён беларус, і нават паказваў пашпарт. Беларус па пашпарце.
Падабаецца яго верш «Если я заболею».
6 красавіка. Нядзеля. Апрануў белы свой плашч. Перад гэтым памыў яго (у цокальным паверсе інтэрната — душ) і адпрасаваў. Выйшаў на вуліцу і трапіў у завею. Пасыпаўся падобны на град снег. У плашчы было зябка.
7 красавіка. У Кругелі, помню, на гэты дзень чакаюць прылёту жураўлёў. Тут, у параўнанні з Берасцейшчынай, на градус-два халадней. Сёння ўвесь дзень снег і дождж.
10 красавіка. У інстытут завітаў Міхась Лазарук, па сваіх, вядома, справах. Сустрэўшы мяне, сказаў, што мяне бяруць у ЦК на працу, інструктарам. Адкуль гэта яму вядома? Мне не кажуць.
14 красавіка. Ачысцілася неба. Прыгравае сонейка, але раніцы яшчэ халаднаватыя. У Інстытут літаратуры прыехаў з Брэста па нейкай патрэбе Калеснік. Літаратуразнавец, крытык, пісьменнік, выкладчык Брэсцкага педінстытута, які я скончыў у 1959 годзе (дзесяць гадоў таму назад). Міжіншым, я і родам адтуль, нарадзіўся на Берасцейшчыне, у вёсцы Кругель, у 1937 годзе, яшчэ пры Польшчы, як у нас кажуць. Калі я быў аспірантам, дырэктар Брэсцкага педінстытута Івашчанка запрашаў на сталую працу — выкладаць на філфаку замежную літаратуру. Калеснік раіў прыняць прапанову. Я падумаў і адмовіўся. Папярэдняга выкладчыка звольнілі з-за таго, што меў каханку — жонку калегі. Гэта раскрылася, і ад чалавека пазбавіліся.
— Ну, што ў цябе новага? — спытаў Уладзімір Андрэевіч.
— Выклікалі ў ЦК. Быццам бы на працу бяруць. Але пакуль што нічога канкрэтнага не сказалі. Не ведаю, што і рабіць.
— Ідзі, будзеш абараняць інтарэсы пісьменнікаў.
Я нічога яму не адказаў, папытаў пра сяброў-выкладчыкаў Алёшу Майсейчыка і Веру Ляшук, якія працуюць у Брэсце, на кафедры, што ўзначальвае Калеснік.
— Працуюць, — быў адказ.
19 красавіка. Паклікалі ў ЦК на гутарку з сакратаром па ідэалогіі Пілатовічам.
— Вы не гаварыце, больш слухайце, — папярэдзіў Марцэлеў. — Тут не прынята разглагольстваваць. Падняліся на пяты паверх. За сталом, пакрытым тоўстым зялёным сукном, сядзеў яшчэ не стары, чарнавалосы чалавек з суперсуровым, дапытлівым позіркам. На мяне паглядзеў недаверліва, нібы выпрабоўваў, на што я здатны. Гэта і быў Пілатовіч, сакратар ЦК. Удакладнілі некаторыя мае анкетныя дадзеныя.
— Падняў галаву рэвізіянізм, — сказаў сакратар ЦК і глыбока ўздыхнуў. — У нашай беларускай літаратуры таксама ёсць асобныя хібы. Возьмем хоць бы зборнік апавяданняў Б. Сачанкі «Барвы ранняй восені». Ён малюе людзей пераважна як дзяцей прыроды, бачыць складанасць характару чалавека ў нізкіх пабуджэннях яго натуры, у палавой анархіі і душэўнай неарганізаванасці, у наўмыснай ізаляцыі ад гарадскога асяроддзя і занядбанні і прыніжэнні яго грамадскага прызначэння. Хацелася спытаць, што разумеецца пад «душэўнай неарганізаванасцю», але не спытаў, пасаромеўся. Сакратар працягваў:
— Чамусьці апошнім часам я даволі часта сустракаю ў літаратурных выданнях, нават у «Звяздзе», выразы тыпу: «пісьменнік даследуе», «літаратура даследуе». Што гэта значыць? Пра вучонага, панятнае дзела, так можна сказаць, але пра пісьменніка… Пісьменнік апісвае, паказвае, малюе, калі хочаце, але ж ён не навуковец.
— Гэта так, — дыпламатычна пагадзіўся я, — але творчы метад пісьменніка спалучае ў сабе ўсё: і рэальнае бачанне, і ўяўленне, і інтуіцыю. Усё залежыць ад таленту.
Каб не паказацца нясціплым, я змоўк. Успомніў, што Леў Талстой назваў працу мастака «опытом в лаборатории» і пры гэтым патлумачыў, што сутнасць мастацтва і задача мастака заключаюцца ў тым, каб паказаць «самых разнообразных по характерам и положениям людей и выдвинуть перед ними, поставить их всех в необходимость решения жизненного и не решенного еще людьми вопроса и заставить их действовать, посмотреть, чтобы узнать, как решить вопрос…»
— Прыніжаць, — зазначыў гаспадар кабінета, тым болей ахайваць нашу рэчаіснасць нікому не дазволім. Нашто яе прыніжаць? У мастацтва, як вы кажаце, шмат магчымасцей. Мастацтва, урэшце, можа спрацаваць і на кантрасце. Як, напрыклад, у «Кубанскіх казаках». Помніце?
— Помню, бачыў і не раз.
— Якія мовы вы ведаеце?
Я назваў.
— Кандыдат навук?
— Кандыдат.
— Цяпер гэта не рэдкасць.
— Не рэдкасць, — згадзіўся я.
— Будзеце курыраваць Саюз пісьменнікаў, у іх там ёсць партарганізацыя, будзеце дапамагаць. Карацей кажучы, будзеце працаваць з пісьменнікамі. Гутарка доўжылася недзе з паўгадзіны. Сакратар падняўся, паціснуў руку, і мы з Марцэлевым пакінулі кабінет.
Міжвольна ўспомніў старую байку. Супрацоўнік ЦК ВКП(б), прызначаны парторгам у Саюз пісьменнікаў, стаў скардзіцца на сваіх падапечных: гэты п’е, гэты здраджвае жонцы, гэты піша дрэнна… Як з такімі працаваць?
— Іншых пісьменнікаў у мяне для вас няма, — адказаў Сталін. — Давядзецца працаваць з тымі, што ёсць.
Кажуць, што лёс людзям ствараюць іх уласныя характары. Мой выпадак, відаць, пацвярджае гэтае правіла. Падатлівы я. Але ж нездарма кажуць, што з лёсам сварыцца не трэба.
— Заўтра Бюро ЦК, прыходзьце да дзесяці. Не пазніцеся, у нас гэта не прынята, — сказаў на развітанне Марцэлеў. — Пропуск вам закажам. 20 красавіка. Пасяджэнне Бюро адбывалася ў кабінеце Машэрава. У прыёмнай, акром мяне, таптаўся яшчэ адзін чалавек — акадэмік Белы, які зацвярджаўся на пасаду дырэктара навукова-даследчага інстытута. Выклікалі першага яго і доўга не адпускалі, выйшаў з пачырванелай лысінай. Паклікалі нарэшце і мяне. Адчыніліся цяжкія дзверы, і я ўвайшоў у кабінет Першага. За доўгім сталом сядзелі члены. Ён, як Бог, на другім канцы. Худы, прадаўгаваты твар з пячаткай заклапочанасці. Тут жа, збоку стала, сядзеў мне знаёмы ўжо Пілатовіч, меў выгляд чалавека, якому вядомы адказы на ўсе мажлівыя пытанні. Так, прынамсі, мне здалося. Злавіў сябе на думцы, што адчуваю да яго прыхільнасць.
Дакладваў Марцэлеў.
— Ёсць мненіе зацвердзіць! — данеслася з супрацьлеглага канца стала. Пытанняў ніхто не задаваў, і мяне адпусцілі.
21 красавіка. Першы дзень на працы. На працы ці на службе? Хутчэй, відаць, апошняе. Такі мой выбар, і я гатовы за яго расплаціцца.
На дзвярах шыльда з маім прозвішчам і ініцыяламі, як і ва ўсіх маіх новых калег — без указання пасады. Ёсць у гэтым нешта падкрэслена асабістае. За ўсё, маўляў, адказваеш сам. І ўсе мы тут роўныя, усе — таварышы.
Прыкуты да стала, да тэлефона. Тут ужо ў бібліятэку, у чытальную залу працаваць не пойдзеш. На стале — танны пісьменны прыбор, аўтаручка з чорным чарнілам. Што давядзецца пісаць гэтым казённым пяром?
Насупраць сядзіць такі ж інструктар, як і я, Валерый Сяргеевіч Лабадо. Курыруе тэатры, кінастудыю. Будынак Купалаўскага тэатра відаць з акна. Па другі бок — Саюз пісьменнікаў Беларусі.
Мой візаві, калі пазнаёміліся, спытаў:
— А вы часам не родзіч прафесару Гніларыбаву?
Прафесар Гніларыбаў — вядомы на ўвесь Савецкі Саюз мінскі хірург, які ўмее жадаючым падточваць пэніс.
— Не.
Я ўжо прывык, што маё прозвішча часта азадачвае тых, хто першы раз яго чуе. У адным слове два супрацьлеглыя сэнсы. Думаў над сваім становішчам. Я не кіраўнік, а звычайны апаратчык, чыноўнік, функцыянер. Мой абавязак, згодна партыйнага статута, падбор кадраў і праверка выканання, г. зн. выканання партыйных рашэнняў.
Забягалі калегі з іншых кабінетаў. Адчувалася ажыўленасць: заўтра — суботнік. У гонар 99-й гадавіны з дня нараджэння У. І. Леніна. Збор у 7.00 каля будынка ЦК. Вопратка — як звычайна. Спецадзенне выдадуць па месцы правядзення суботніка. Суботнік для мяне — справа вядомая. У інстытуце кожную вясну ўпарадкуем Батанічны сад, падмятаем, чысцім.
22 красавіка. Гадзіннік нанач пакінуў на руцэ, не скідаў. Баяўся спазніцца. Устаў рана. Збіраўся і ўвесь час адчуваў хваляванне. Аўтобусы ўжо чакалі — вялікія ікарусы. Стаялі каля Дома афіцэраў. Збіраліся людзі — мае калегі-апаратчыкі. Пра нешта жвава гаманілі, курылі, смяяліся. Сказалі: едзем на аўтазавод, на бетонныя работы. Нарэшце, каманда: «Па машынах!» Едзем па Партызанскім праспекце, у самы канец, на паўднёва-ўсходнюю частку горада. Вуліцы яшчэ пустыя, ранавата, нікога не відно, але на аўтазаводзе нас ужо чакаюць гаспадары. Тут жа гара рабочых камбінезонаў і гумовых ботаў. Лапаты, шуфлі. Не хапае толькі тачак, але яны і не патрэбныя.
Пайшлі самазвалы, адзін за адным звальваюць свежы бетон. Абстаноўка нервозная, бо бетон хутка застывае і трэба спяшацца. Прыехаў з ахоўнікамі Машэраў. Высокі, камбінезона для яго не дашукаліся, але боты абуў, узяў у рукі шуфель. Гоман аціх, але абстаноўка стала яшчэ болей напружаная, нервозная. Кожны хацеў не адстаць, справіцца на сваім участку.
З бетонам працаваць цяжка. Пачулася сцішанае, як глухі стогн: «Э-э-э!» Потым нехта папрасіў: «Па-мажыце-е!» Я азірнуўся. Раствор ужо прыстыў і не выпускаў калегу Ж. са сваіх няўмольных абдымкаў. Давялося дапамагаць, выцягвалі пад рукі. Боты так і засталіся ў бетоне.
Потым быў абед: расольнік, катлета і кампот. Смачна! Дзіва што, бо напрацаваліся. Пасля абеду распарыліся, размяклі, хацелася б і адпачнуць, але — Машэраў і ўсё начальства побач — паступіла каманда, і зноў узяліся за працу. Праўда, самазвалаў стала ўжо менш, шафёры, відаць, таксама абедалі.
Працавалі яшчэ гадзіны тры, і нарэшце сказалі здаваць інструмент і камбінезоны з ботамі. Ж. паспеў абуць чаравікі.
24 красавіка. Панядзелак. Удзельнікі суботніка — на сталай працы, за рабочымі сталамі. Абменьваемся ўражаннямі. Некаторыя скардзяцца на радыкуліт, ходзяць сагнутыя. Сам бачыў, як ішоў на абед, трымаючыся за бок і крэкчучы, інструктар з трэцяга паверха — там, у кутку, размешчаны аддзел цяжкай прамысловасці.
Чытаю часопісы, красавіцкія нумары — «Полымя», «Маладосць», «Нёман», а таксама апошні нумар «ЛіМа». Марцэлеў сказаў, што гэта мой абавязак. Гэтым, зрэшты, я займаўся і ў Інстытуце літаратуры. «Сматрыце, як яны пішуць, ці не дапускаюць якой двухсмысленнасці», — удакладніў загадчык аддзела. Сказаў — загадаў.
Такіх, хто б дапускаў «двухсмыленнасць», стаяў, інакш кажучы, на нейкіх антысавецкіх пазіцыях, сярод пісьменнікаў, якіх я ведаю, няма. Іншая справа, што ў кожнай літаратуры ёсць моцныя пісьменнікі, і слабейшыя, і зусім слабыя. Патрэбныя, відаць, адны і другія, адны без другіх не існуюць. Пра антысавецкую літаратуру, між іншым, я маю ўяўленне яшчэ з дзяцінства. Помню, недзе пасля вайны, прачытаў апавяданне пад назвай «Маленькі валацуга», выдадзенае асобнай кніжачкай на дзвюх мовах — беларускай і польскай. З аднаго боку да палавіны па-беларуску, з другога, калі перавярнуць наадварот, — па-польску. Кніжачка з’явілася на свет да вайны, у пачатку 30-х ці нават у 20-я гады, яшчэ да майго нараджэння і доўга чакала, пакуль я пайду ў школу і навучуся чытаць. У школу пайшоў у 1944-м (пасля вызвалення краю ад нямецкай акупацыі) і неўзабаве ўжо мог адолець тую кніжачку. Аўтара не помню (здаецца, гэта быў Сяргей Пясецкі), а сюжэт у памяці захаваўся. Там савецкі міліцыянер, былы будзёнавец, у выніку недарэчнасці, па трагічным збегу абставін, забівае маленькага валацужку — падлетка-беспрытульніка і па радзімцы, якая адкрылася паміж лахманоў, пазнае ў ім уласнага сына. З роспачы, знявераны ў праўдзівасці савецкай улады, былы будзёнавец здымае з грудзей ордэн Чырвонага Сцяга і шпурляе яго прэч.
Паняцце «двухсмысленнасці» даволі няпростае. Слушна падмеціў Л. Талстой: «Кожнае мастацкае слова тым і адрозніваецца ад немастацкага, што выклікае незлічонае мноства думак, уяўленняў і тлумачэнняў». Так яно і ёсць. Раман Шолахава «Ціхі Дон» — твор аб’ектыўны, але наўрад ці можна яго прызнаць поўнасцю савецкім. «Двухсмысленнасці» ў ім колькі хочаш, толькі пра гэта не прынята казаць.
25 красавіка. Хадзіў у інстытут да А. П. Парэпкі па працоўную кніжку. Выйшаў з кабінета дырэктар В. Барысенка і запрасіў зайсці. Павіншаваў мяне з новай работай. Сказаў між іншым, што яму званіў Марцэлеў і перапытваў пра мяне.
— Я цябе хваліў, грахоў, кажу, за ім няма. Аднойчы толькі было, што паехаў, адпрасіўся на пару дзён у Ленінград, а затрымаўся там на цэлы тыдзень.
Але гэта нічога, вярнуўся…
Сапраўды, такі выпадак меў месца. Паехаў я ў Ленінград да брата на вяселле. Віталік жаніўся. Былі там разам з нашай мамай Кацярынай Мікалаеўнай. Пасля вяселля аглядалі горад, Эрмітаж, давялося затрымацца. Я думаў, што Васіль Васільевіч пра гэта ўжо не памятае, але, аказваецца, не забыў.
— Кавалак хлеба не спадзе з неба, — успомніў я вядомую прымаўку, — працаваці трэба.
Васіль Васільевіч згодна хітнуў галавой.
Здаў у абанемент Акадэмічнай бібліятэкі імя Я. Коласа кнігі, якія браў апошнім разам. Я ўдзячны гэтай бібліятэцы і яе супрацоўнікам. Тут прачытаў незнаёмых мне Фрэйда (хаця, прызнаюся, і не ўсё зразумеў), Дзюрынга (пра якога Энгельс напісаў цэлае даследаванне «Анты-Дзюрынг», з Энгельсам, дарэчы, я згодзен), Ніцшэ, Гумілёва, Мандэльштама («Шум времени»), прафесара Здзяхоўскага «Аб беларускай душы», часопіс «Узвышша» і інш. Усё гэта выдавалася па звычайным патрабаванні.
26 красавіка. На стале ў майго візаві стос папер.
— Пісьмы працоўных, — тлумачыць ён. — Столькі, што не паспяваем чытаць.
— Трэба ж і адказаць..
— Адказваем па тэлефоне.
— А калі ў аўтара, як, напрыклад, у мяне, няма тэлефона?
— Тады пасылаю яму паштоўку і даю свой службовы тэлефон, каб пазваніў мне.
Гэтак тут прынята.
Хадзіў у Саюз пісьменнікаў (гэта побач), прадставіўся сакратару партарганізацыі А. М. Кулакоўскаму, вядомаму празаіку.
— Кулакоўскі, — назваў ён сябе і дадаў: — Не звяртайце ўвагі на прозвішча, нічога агульнага з кулакамі не меў.
Не зразумеў, жартуе ён ці гаворыць усур’ёз, і не знайшоўся, што сказаць.
Вечарам, пасля работы, наведаў цырульню на праспекце каля «Падпісных выданняў». Падстрыгся.
27 красавіка. Сёння мой візаві спытаў у мяне, дзе я стрыгся. Я адказаў. «А чаму не ў сябе?» Аказваецца, тут ёсць свая цырульня для апаратных работнікаў і міністраў. Часта стрыгуцца рэдактары газет. Пажадана стрыгчыся тут. Кошт — 80 капеек.
30 красавіка. Устаў, як заўсёды цяпер, у 7 гадзін раніцы. Схадзіў у душ. Папіў чаю. Пабег на тралейбусны прыпынак. З акадэмічным інтэрнатам давядзецца, відаць, развітацца. Камендант Аляксандра Пятроўна ўжо, здаецца, прачула пра змены ў маім жыцці.
9.30. Нарада ў загадчыка аддзела Марцэлева. Гаварылі пра першамайскую дэманстрацыю.
— Павінны выйсці разам з народам і пісьменнікі, дзеячы мастацтва, — сказаў загадчык і прыстукнуў незавостраным канцом алоўка па стале.
Гэта — нечаканасць. Такога, каб на першамайскую дэманстрацыю выходзілі пісьменнікі, яшчэ не было. Раней абыходзіліся без іх і, відаць, правільна рабілі. Пісьменнік — асоба, якая менш за ўсё падыходзіць для марша пад адну музыку. Але ўказанне, мяркуючы па ўсім, ішло зверху.
— У нас адны лозунгі і сімвалы, — дадаў да прапановы загадчыка яго намеснік Парватаў. Дадаў і зірнуў на мяне. Мне здалося, што з недаверам. Я не зразумеў, што азначаў яго «дадатак». Пасля нарады я пазваніў сакратару партарганізацыі Саюза пісьменнікаў А. Кулакоўскаму, выклаў яму ўказанне. Ён доўга маўчаў у трубку, не раз глыбока ўздыхаў і ўрэшце адказаў:
— Ну, што ж, будзем падымаць камуністаў.
Аляксей Мікалаевіч, нягледзячы на некаторую рахманасць, даволі мэтаімкнёны і настойлівы. Дамогся, напрыклад, таго, што ў клубе СП быў забаронены більярд. Шумныя більярдысты, што з трэскам штурхалі шары, перашкаджалі працаваць.
1 мая. Святочная дэманстрацыя працоўных. На чале калоны творчай інтэлігенцыі — Максім Танк, артысты мінскіх тэатраў, артысты філармоніі. Твар у Яўгена Іванавіча добры, усмешлівы. Перад урадавай трыбунай усе прывітальна махалі рукамі. Грымяць, ажно расколваецца паветра, рэпрадуктары. Прывітанні і лозунгі! І як можна грамчэй! Быццам бы недзе паблізу, у скверыку, схаваўся нейкі асілак з надзвычай гучным голасам і аглушальна крычыць: «Салідарнасць! Салідарнасць!..»
Мне міжвольна прыгадаўся заключны эпізод у рамане П. Пестрака «Сустрэнемся на барыкадах». Героі — падпольшчыкі, «інжынеры барыкадаў», як назваў іх У. Калеснік, вызваленыя з турмаў у верасні 1939-га, выйшлі нарэшце на свабоду. Радасныя і шчаслівыя, яны нясуць сцягі, гучна гамоняць, абдымаюцца з таварышамі.
Пестрака побач з Танкам чамусьці не было.
3 мая. Першамайскія святы прайшлі, прыступіў да выканання службовых абавязкаў. Пісьменнікі… Ці ведаю я іх? Хіба толькі некаторых з майго пакалення — М. Стральцова, У. Караткевіча, І. Чыгрынава, Б. Сачанку, Р. Барадуліна, А. Вярцінскага, П. Макаля, яшчэ таго-сяго. А народ вельмі цікавы.
Першым пісьменнікам, якога я бачыў у жыцці, быў Мікола Засім, які аднойчы прыехаў быў у нашу Кругельскую школу, апрануты ў скуранку, у капелюшы («Марыканец», — казалі пра яго пажылыя жанчыны, — у капелюшы!») і гучным голасам — дрыжэлі шыбы ў вокнах — чытаў свае вершы. Адзін, помню, заканчваўся заклікам: «Бі не зайцоў, а паноў!» Ужо няма Міколы…
Пісьменнікаў ведаю больш па творах, чым непасрэдна.
У «ЛіМе», помню, быў надрукаваны сяброўскі шарж М. Лісоўскага «Зямное прыцягненне». За сталом сядзяць К. Крапіва, Я. Брыль, М. Лужанін, а П. Пестрак падае ім чыгунок з гарачай бульбай. Пісьменнікі — захавальнікі традыцый нацыянальнай самабытнасці.
Пісьменніцкія дачы: у Ждановічах — Крапівы, Броўкі і Глебкі. Побач — Шамякін, Пестрак, Макаёнак, а таксама Лужанін.
На Нарачы: Танка, Лынькова і Куляшова.
— Гэта ўсё, вядома, невыпадкова. Наследак старога сяброўства...
5 мая. Тут, аказваецца, свая сталоўка. Знаходзіцца ў цокальным паверсе. Зручней і танней, чым у горадзе, і гатуюць няблага. Зрэшты, гатуюць не тут, а аднекуль носяць. Са сталоўкі, што на рагу. Там даражэй, а ў нас танней. Магчыма, даплачвае прафсаюз.
6 мая. Стаў на ўлік у лечкамісіі. Пасылалі ад урача да ўрача. Я паскардзіўся на боль у пахвіне, аднак нічога благога не знайшлі.
Перасяліўся да Лёні ў яго кааператыўную аднапакаёвую кватэру. Перанёс чамадан з кнігамі. Буду спаць на раскладушцы.
7 мая. Хадзіў у Саюз пісьменнікаў, які побач з ЦК, бліжэй знаёміўся з адміністрацыяй. Сустрэў Р. Бярозкіна. Ён у звыклай сваёй светла-шэрай кепцы. Выгляд — пакутніцкі, трымаецца за шчаку. Аказваецца, лечыць зубы ў паліклініцы СП.
Бярозкін — тэмпераментны крытык. Калісьці пасля агляднага даклада Івана Ралько пра паэзію, які дакладчык (што праўда, то праўда) крыху зацягнуў, выступілі А. Вялюгін і Р. Бярозкін і так урэзалі, што Іван не вытрымаў, захістаўся і ўпаў з крэсла, грымнуўшыся аб падлогу. Страціў прытомнасць. Выклікалі «хуткую дапамогу». Урач пісьменніцкай паліклінікі шаноўны Уладзімір Барысавіч Нэйфах распытваў пра пацярпелага: «А ён член Саюза пісьменнікаў?» Думалі, ужо без духу.
Угледзеўшы мяне, Рыгор Саламонавіч не стрымаў свайго здзіўлення:
— Дык вы ўжо тут працуеце? — Кіўнуў на будынак ЦК.
— І тут, і тут, — адказаў я, маючы на ўвазе ЦК і Саюз пісьменнікаў.
— Робіце поспехі!
Можна і так. Бярозкіна паважаю, нават з яго «прыколамі».
9 мая. Гэты дзень у нас доўга не святкавалі. Каб, як казалі, не адрывацца ад працоўных будняў, не расслабляцца. А цяпер на вуліцах россып народу. Некаторыя людзі на добрым падпітку. Ветэраны звіняць нагруднымі «іканастасамі».
Вялікая Айчынная вайна і Перамога ў ёй з’яўляюцца цэнтральнай і вызначаючай сусветную гісторыю падзеяй ХХ стагоддзя. І сусветную гісторыю і «гісторыю» асобнага, звычайнага чалавека. У часе вайны я, на Брэстчыне, знаходзіўся пад акупацыяй. Гэта быў вельмі пакутлівы час. Акупацыя замінала і пасля вайны. Савецкая ўлада не любіла тых, хто знаходзіўся і пакутаваў пад нямецка-фашысцкай акупацыяй, хаця сама нічога не зрабіла, каб не пакідаць іх там — пад акупацыяй. Больш таго, гэта ставілася, нават майму пакаленню, у віну. Цяжка ўспамінаць…
У душы лічу сябе ветэранам вайны, бо шмат перажыў, але каму гэта дакажаш! Ніхто пад увагу не бярэ.
10 мая. Зацвілі каштаны. Ёсць у гэтым нешта кіеўскае. У Кіеве я бываў шмат разоў, калі ездзіў да свайго кіраўніка Л. М. Навічэнкі. У Мінску, праўда, каштанаў крыху менш, чым у Кіеве.
12 мая. Пачынаюцца Дні беларускай культуры ва Ульянаўскай вобласці. Наш аддзел фарміраваў дэлегацыю, калектывы выканаўцаў. Ад пісьменнікаў — Максім Танк і інш.
Герой Брэсцкай крэпасці пагранічнік Наганаў родам з Ульянаўскай вобласці. І я хацеў паглядзець, адкуль Ленін, але не пусцілі, бо, сказаў М., патрэбен тут.
15 мая. Даслаў ліст Радаслаў Александровіч, сын паэта Андрэя Александровіча, ужо нябожчыка. Скардзіцца на тое, што не шануецца памяць пра бацьку, што выдавецтва тармозіць зборнік успамінаў. Шкрабу патыліцу — як выйсці са становішча. Постаць Андрэя Александровіча даволі супярэчлівая, дабром яго мала хто ўспамінае.
Вершам Александровіча «Сасна» захапляецца С. Грахоўскі. Верш, сапраўды, выдатны. Дык што рабіць з сынавай скаргай?
16 мая. Свежая, сакаўная зелень. Цвітуць сады, пахнуць гронкі бэзу, але пачаліся, як звычайна, чаромхавыя халады. Гэта сама прырода дапамагае расліннасці адолець розную «тлю», мошку, яшчэ ў яе завязі.
19 мая. Будынак ЦК у самым цэнтры горада і, здаецца, на самым высокім месцы. Тут свая іерархія, бо старшы, кажуць, і ў пекле ёсць. Самы вялікі начальнік тут — сакратар ЦК. Іх некалькі, і кожны піша рэзалюцыі чарнілам свайго колеру. Машэраў — часцей за ўсё чырвоным, другі сакратар — зялёным, астатнія — чорным, сінім… Сядзяць сакратары на самым высокім пятым паверсе. Іх рэдка і ўбачыш. Абед ім падымаюць туды, наверх. Трэба знаходзіцца пры тэлефоне. Мала што!
20 мая. Цёпла, дажджы з навальніцамі. Пах бэзу. Салаўіная пара.
З раніцы забег Пятрусь Броўка, яго я ўжо бачыў пару разоў у гэтым будынку. Пятрусь Броўка для мяне класік, якога ведаю яшчэ са школы. Яго балады «Надзея-надзейка», «Брат і сястра» і інш. завучвалі на памяць. Вырашыў параіцца з ім адносна скаргі Р. Александровіча. Броўка адразу прыгадаў невядомы мне акраверш А. Александровіча 30-х гадоў, прысвечаны быццам бы ўслаўленню савецкай улады, які аўтар надрукаваў аднак не ў сталічным Мінску, а недзе на перыферыі, у акружной газеце. Па вертыкалі чыталася: «Дохлая вош».
— А нашто ён гэтак зрабіў? — спытаў я.
— На ўсялякі выпадак. А раптам улада зменіцца, ды прыйдуць палякі? Пра пагрозу з боку буржуазнай Польшчы тады гаварылася шмат. За гэты верш яго і пасадзілі.
Пасля размовы з Броўкам я пазваніў Радаславу, параіў пытанне са зборнікам успамінаў вырашаць непасрэдна з выдавецтвам. Дырэктару выдавецтва не званіў.
24 мая. Наведаў Н. Б. Адчуў, што яна памяняла да мяне адносіны. Нібы памякчэла, стала больш ветлівая. Але характар не пераробіш — эгаістка. Асыпаюцца кветкі бэзу.
26 мая. Панядзелак. Кожны панядзелак — «пяцімінутка». Абмяркоўваем планы на тыдзень, розныя справы. Сярод іншага — як адзначыць 50-годдзе паэта Авяр’яна Дзеружынскага, чым узнагародзіць. На ордэн не цягне.
31 мая. Хадзіў у «сваю» цырульню. Цырульнік — Яша. Пасадзіў у крэсла. Я сказаў: «Стригите на весь рубль!» Ён спытаў: «Пад якога сакратара вас падстрыгчы?» Пытанне было для мяне нечаканае. «Некаторыя просяць пад Машэрава», — дадаў Яша. — «А ён што — таксама сюды прыходзіць?» — «Што вы! Як можна? Гэта я паднімаюся туды!»
Адчуў жар, які ідзе ад тых, хто пры ўладзе.
— Яша, давай «канадскую польку»!
— Харашо. Будет вам «канадка».
Выйшаў ад Яшы памаладзелым. У размеркавальніку стаім з ім разам. 3 чэрвеня. «ЛіМ» паведамляе, што ў Варшаве адбыўся 14-ты традыцыйны кніжны кірмаш, у якім удзельнічалі 25 краін свету. Беларусь паказала 100 назваў кніг. Прымалі ўдзел выдавецтвы «Беларусь», «Навука і тэхніка», «Вышэйшая школа», «Ураджай». Прыемна, што наша кніга цярэбіць сабе шлях у свет. Знай нашых!
Мой візаві Валерый Сяргеевіч расказвае, што наш аддзел культуры ўтварыўся нядаўна, па ўзоры такога ж аддзела ў ЦК КПСС. Цяпер аддзелам культуры ЦК КПСС загадвае наш кадр — былы сакратар ЦК КП Беларусі, па ідэалогіі В. Ф. Шаура. У Маскве яго празвалі «великий немой». Відаць, болей маўчыць, чым гаворыць. Вопытны царадворац, асцярожны.
6 чэрвеня. Размаўляюць тут па-руску, толькі па-руску. На мяне глядзяць, як на іншапланецяніна. Калі я аднойчы зайшоў да галоўнага бухгалтара кіраўніцтва справамі ЦК таварыша Трапача і загаварыў да яго па-беларуску, ён паглядзеў на мяне як на лазутчыка. «Як ты, маўляў, пралез сюды?»
— А пачаму гэта вы на беларуском языку разгаварваеце?
— Прывычка.
А ў самога вымаўленне, інтанацыя і прозвішча — Трапач — беларускія. Звычайны русафонны беларус. Ён, як і ўсе тут, надта баіцца нацыяналізму і запалохвае ім іншых. Я нават крыху паспачуваў сабе, што давядзецца жыць сярод такіх «партыйцаў». Некаторыя пазіраюць на мяне з падазрэннем: «Адкуль ты такі? Ты яшчэ не даказаў, што ты партыйны чалавек. Якога ты стану?» Партыя і дзяржава ў нас адно цэлае. Адна і часта, на жаль, не надта прыхільная да чалавека сіла.
А я — партыйны чалавек ці не? Думаю, што партыйны, але, мне здаецца, не масавы. Не раз пераконваўся, што я не чалавек гурту, а хутчэй сам па сабе. Тут я патрэбен як функцыя, а не як чалавек са сваёй адметнасцю.
13 чэрвеня. 50 гадоў Авяр’яну Дзеружынскаму. Вясёлы чалавек. Кажуць, шматдзетны. Пастаянна нешта сабе пад нос спявае.
Падрыхтавалі Пастанову ЦК аб узнагароджанні яго Граматай Вярхоўнага Савета БССР. Пастанова будзе даслана ў Прэзідыум Вярхоўнага Савета і апублікавана як Указ гэтага Прэзідыума. Спасцігаю «кухню» сваёй работы.
Адчуваю, што апарат СП (нешматлікі) схільны бачыць у маёй асобе начальніка. Некаторыя, у тым ліку і пісьменнікі, асцярожнічаюць, прыгінаюцца. Гэтага «прыгінання» я не хацеў бы, яно не па мне. Яно абражае і таго, хто прыгінаецца, і таго, перад кім прыгінаюцца.
16 чэрвеня. Быў у А. Кулакоўскага, у яго кабінеце ў СП. Кабінет маленькі: стол і пара крэслаў. Аляксей Мікалаевіч цырымонны, прапанаваў «гарбаты». Пагаманілі. Чарговая размова пра маё прозвішча:
— А ведаеце, што пра ваша прозвішча Піліп Пестрак кажа? Гэта, кажа, у яго ў родзе быў нехта вельмі скупы. Нават мёд у яго гніў. Мог жа пазычыць каму ці проста з бедняком падзяліцца — дык не! Хай лепей згіне, а нікому не дасць. Вось людзі і празвалі — Гніламёдаў… — Я паважаю Пестрака і на яго не ў крыўдзе. Фантазёр.
18 чэрвеня. Паабедаўшы, а палове другой, пакідаем будынак і выходзім на вуліцу. Часцей за ўсё таўчэмся ў купалаўскім скверыку каля фантана з Купідонам. Вядзём размовы. Мне ўсё цікава. Удзельнік вайны лётчык Кулагін (з аддзела адміністрацыйных органаў) расказвае пра паветраныя баі, як ён збіваў «месераў». Усяго аднаго не хапіла для таго, каб атрымаць «героя».
Некаторыя згадваюць смешныя выпадкі з жыцця. Стараюся запомніць прозвішчы калег, імёны і імёны па бацьку. Лакішык, Лабун, Скобелеў, Дарашэвіч, Лапец, Есьман, Янчэўскі, Антанюк… Арыгінальным мне паказаўся Скобелеў. У акулярах, якія чапляе не толькі за вушы, але яшчэ і абвязвае тасёмачкай вакол галавы.
Людзі, як той посуд, з адной гліны, але розныя.
20 чэрвеня. Амерыканцы на Месяцы! Глядзеў па тэлевізары, як касманаўт (ад хвалявання не помню яго прозвішча) ступіў на месячны дол і з-пад яго нагі закурэў пыл. Гэта недзе ў заходняй частцы Мора Спакою. Устаноўлены сцяг ЗША.
21 чэрвеня. Вяртаючыся на Зямлю, амерыканцы прыхапілі з сабой 30 кг «месяцавага грунту»!
ЗША — першая лэдзі Космасу! Чым адкажам мы?
22 чэрвеня. З газет не знікае кітайская тэма. З кітайцамі, відаць, пасварыліся не на жарт. Не можа Мао Цзэдун дараваць за Сталіна. Бачыць у гэтым асабістую пагрозу сабе, сваёй уладзе. А як дружна і заўзята спявалі мы калісьці стылізаваную пад кітайскую інтанацыю песню «Масква—Пекін»! Цікава, хто яе аўтар?
Гэта толькі здаецца, што ўсё спынілася, застыла ў нерухомасці. Не, ўсё цячэ і змяняецца. Зрэшты, працягваць гэтую думку не буду, бо гэта цэлая філасофія.
23 чэрвеня. З дапамогай Валерыя Сяргеевіча адкрыў для сябе, што ў ЦК КПБ ёсць і такая структура, якая разглядае адхіленні ад статутных патрабаванняў у паводзінах членаў КПСС, ініцыіруе персанальныя справы.
Здараецца, моцна прыціскаюць, выключаюць з партыі, адбіраюць партбілет. Персанальныя справы слухаюцца на Бюро ЦК. Адну такую справу, расказваюць, рыхтаваў інструктар парткамісіі па прозвішчы Пушкін. Той, чыя справа рзглядалася, быў вельмі раззлаваны, яму здавалася, што Пушкін да яго несправядлівы. «Калі ты Пушкін, — закрычаў ён, — дык пішы «стіхі», а не персанальную справу!»
Жарсці кіпяць.
24 чэрвеня. У «Полымі» надрукаваны пераклад Я. Семяжона паэмы «Песня пра зубра» М. Гусоўскага. Гэта — падзея! Твор ХVI стагоддзя на лацінскай мове, напісаны нашым земляком. Гуманістычны, а заадно і патрыятычны пафас робяць яго цікавым і актуальным і сёння.
25 чэрвеня. Ноччу дзяжурыў у прыёмнай П. М. Машэрава. Не раз чуў выраз: «На версе вырашылі». Вось цяпер я на гэтым самым версе». Заступіў з 12-ці. Сталіца патанула ў цемені. Прыёмная — прасторная, падлога ўсцелена дывановымі дарожкамі, шмат тэлефонаў. Тэлевізар — мінскай маркі «Гарызонт».
Сеў глядзець тэлевізар. Галава так ацяжэла за дзень, што непрыкметна для сябе заснуў. Але хутка прачнуўся, устаў і доўга хадзіў па мяккай дывановай дарожцы чырвонага колеру. За дзвярыма, каля тэлефона ўсю ноч стаіць міліцыянер. Так працягвалася да самай раніцы, да з’яўлення Крукава. Дзяжурны па грамадзянскай абароне рэспублікі праверыў тэлефонную сувязь. Дзяжурныя — хто ноччу знаходзіцца ў прыёмнай П. М. Машэрава — носяць з сабой гумовыя падушкі. Надуваюць на месцы. У мяне такой падушкі няма. Можа, па часе, завяду. Але спаць тут «не паложана». Як у арміі. Там я аднойчы неасцярожна заснуў і адразу трапіў на гаўптвахту.
26 чэрвеня. Цікавы, іскрысты паэт Рыгор Барадулін — прачытаў яго верш «Гітара», прысвечаны Любе Грынчык:
Гітара — цыганка мясцовая,
Па-тутэйшаму пачала варажыць:
— Піце, людзі, гарэліцу,
А вы, гусі, ваду,
Тай ляцеце, шэры гусі,
Аж да майго роду…
Ці не адчуваецца тут Лорка, якога Барадулін любіць і перакладаў?
Раскруціў Барадуліна як паэта Р. Бярозкін. Маці Барадуліна жыве ў вёсцы. Але было што круціць. Да гэтага часу помню незвычайнае пачуццё навізны, якое я перажыў пры першай сустрэчы з паэзіяй Р. Барадуліна. Потым кніжка — «Маладзік над стэпам». Барадулін — гэта нацыянальная каштоўнасць. Спрачаўся на гэты конт з Калеснікам, якому бліжэй Караткевіч. Караткевіч — выдатны пісьменнік, але і Барадулін не зломак.
27 чэрвеня. Калега Піпалаеў з аргаддзела (ён, дарэчы, скончыў Літаратурны інстытут імя Горкага ў Маскве, рэцэнзію на яго дыпломную работу пісаў сам Ілья Сяльвінскі) параіў мне, што непажадана сустракацца з ранейшымі знаёмымі, асабліва з пісьменніцкага асяроддзя, землякамі. Яны заўсёды нешта просяць, і можна паставіць сябе ў няёмкае становішча.
— А калі чалавеку патрэбна дапамога?
— Але ж не за дзяржаўны кошт.
Я нічога не адказаў, і ён таксама змоўк. А наогул кажа правільна.
28 чэрвеня. Перасяліўся ў гасцініцу ЦК па вуліцы Кірава. Гэта над сталоўкай ЦК. Аплачвае пражыванне кіраўніцтва справамі. Цісну рублём (калісьці другім рублём прыціскаў воз з сенам) — можа, хутчэй атрымаю якую кватэру.
Зрэдчас бачуся з Н. Б., але сустрэчы халаднаватыя, быццам афіцыйныя.
30 чэрвеня. Хатынь прыняла зямлю са ста трыццаці шасці вёсак Беларусі, поўнасцю знішчаных фашысцкімі акупантамі і не адроджаных пасля вайны. Мемарыял сабраў шмат народу з усёй рэспублікі. Урачыстасці са слязьмі на вачах людзей.
Паліў Хатынь — мясцовыя ведаюць — Васюра — начальнік штаба паліцэйскага батальёна. Знайшоў яго праз многа гадоў Віктар Прыходзька. Быў суд.
1 ліпеня. Стала вядома аб трагічнай смерці паэта Я. Непачаловіча. Шкада. А колькі такіх выпадкаў нават на маёй памяці, калі верх бярэ чалавечая непамыснасць, жарсці, падсвядомае…
2 ліпеня. «Литературная газета» змясціла рэцэнзію І. Мацяшова «Так что же произошло у Круглянского моста?» на аповесць В. Быкава «Круглянскі мост». Аповесць надрукавана па-руску ў «Новом мире», № 3 за гэты год.
Мацяшоў знаходзіць «супярэчнасці паміж праўдай жыцця і прадузятасцю аўтарскай задумы». Брытвін, паводле логікі крытыка, выходзіць, не вінаваты. А сродкі? Хіба ўсё роўна, якімі сродкамі дасцягаецца мэта? Брытвін дасягае яе злачынным метадам і варты асуджэння. Не ўсе гэта разумеюць, асабліва ў нашым партыйным асяроддзі. Быкава, па праўдзе сказаць, не любяць. Ён за маральны максімалізм, за перагляд перажытага ў вайну.
Працуючы ў Інстытуце літаратуры, я хацеў пісаць даследаванне пра творчасць В. Быкава. Прачытаў усе раннія яго творы (апавяданні), якія друкаваліся ў 50-я гады, у пачатку 60-х у «Гродненской правде», і прыйшоў да думкі, што Быкаў у сваёй паэтыцы наследуе Джэку Лондану, а яшчэ больш — Джозефу Конраду. Двухтомнік гэтага англійскага пісьменніка я калісьці ўзяў у калгаснай бібліятэцы ў Камароўцы, калі працаваў у школе. Быкаў гэтаксама, як Лондан і Конрад, хоча сказаць праўду, а яму не даюць, абвінавачваюць у вузкай «акопнай праўдзе», «рэмаркізме», іншых ідэалагічных грахах і заганах. Ёсць у яго свае моцныя і слабыя бакі. Быкаў у пошуках. Ён, на маю думку, пісьменнік вельмі ідэалагічны і тэндэнцыйны. На самай справе, ці можна зводзіць усё жыццё, вайну да таго, што адбылося каля Круглянскага моста? Вядома, у чымсьці ён суб’ектыўны. Ці трэба за гэта прымяняць уціск? А ў адносінах да Быкава ён прымяняецца. Дастаткова ўспомніць злы артыкул у «Советской Белоруссии» — «Вопреки правде жизни» (8.04.1966). А хто поўнасцю ведае гэтую «правду жизни»?
Успомніў размову з Калеснікам. Не так гэта проста абараняць пісьменніцкія інтарэсы.
3 ліпеня. Масавыя ўрачыстасці з нагоды 25-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Упрыгожаны вуліцы і плошчы. Паміж вуліцай Янкі Купалы і плошчай Перамогі — Алея герояў: партрэты, фатаграфіі, сімволіка.
4 ліпеня. У Палацы спорту адбылося ўрачыстае пасяджэнне, прысвечанае 25-годдзю вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў. З прамовай выступіў П. М. Машэраў. Гаварыў з уласцівым яму артыстызмам, павышаў і паніжаў інтанацыю.
5 ліпеня. Урачыстае адкрыццё Кургана Славы і Мемарыяльнага комплексу «Хатынь». Глыбокае, незабыўнае ўражанне. Народу яшчэ болей, чым тыдзень назад.
7 ліпеня. Убачыў на выстаўцы палатно М. Савіцкага «Рабочыя». Разам з «Пакараннем смерцю» і «Хлябамі» яно вылучана на атрыманне Дзяржаўнай прэміі БССР 1969 г.
10 ліпеня. Наведалі з А. Савіцкім Нічыпара Пашкевіча ў лечкамісіі, прынеслі яму сушанай рыбы, якую купілі ў буфеце ЦК. Нічыпар лічыць, што яго недаацэньваюць. Напрамую пра гэта не гаворыць.
11 ліпеня. У гасцініцы горш, чым у інтэрнаце. Набраўся рашучасці і пайшоў да шэфа па кватэрным пытанні. Гаварыў, відаць, даволі агрэсіўна, таму што шэф абурыўся:
— Што гэта вы ка мне прыстаёце? Калі так, так мы можам зрабіць аргвывады. Ідзіце ў прафсаюз!
13 ліпеня. У «ЛіМе» надрукавана рэцэнзія Р. Бярозкіна «Першая ластаўка» на кнігу І. Ралько «Беларускі верш». Рэцэнзент, думаецца, хоча прымірэння пасля таго выпадку, калі Ралько ўпаў і выклікалі «хуткую».
Рыгор Саламонавіч часам залішне катэгарычны. Або хваліць, або знішчае, што не па ім. У мінулым годзе ў «ЛіМе» быў надрукаваны яго артыкул, у якім безапеляцыйна крытыкавалася паэзія П. Макаля за быццам бы адрыў ад жыцця, ад грамадскага свету. Артыкул называўся: «Майстэрства, што з табою рабіць?» Дарэмна аднак ён напусціўся на Макаля — Макаль больш сацыяльны, чым хто. «Няўжо мы толькі камяні ў фундамент, каб іншыя дабудавалі гмах?» — пытаецца ён у адным з вершаў. Так, майстэрства ў яго ёсць і шмат.
— Вы адкуль?
— Мы ад куль.
Мы — з вайны.
Мы — званы.
Мы — дамы.
Мы — дымы.
Каміны.
Камяні…
Макаля баранілі Грахоўскі, Вярцінскі, хтосьці яшчэ, падкрэсліваючы, што яго майстэрства, тэхніка працуюць на думку, паглыбляюць сэнс, робяць яго мастацкім.
15 ліпеня. Пятрусь Броўка наведаў мазыран. Расказваў, што чытаў вершы пра камсамол: «Пра камсамол можна пісаць бясконца!» — паўтараў ён, пасміхаючыся. Усмешка ў Броўкі — свая, нутраная, ад душы. І мова адметная: кажа не горад, а мейсца. Любіць слова дакляраваць (замест абяцаць). Так гаварылі даўней, да вайны. Раней ён разумеў паэзію як услаўленне, апяванне. Зараз стаў больш удумлівы, лірычны.
16 ліпеня. Паўлу Ахрыменку стукнула 50. Чалавек вядомы, мае навуковыя працы. Але ў даведцы ад КДБ паведамлялася, што ў час акупацыі ён супрацоўнічаў у мясцовай газеце «Лубенскі веснік», таму пра юбілейныя ўзнагароды мовы не ішло. Можа, і пакрыўдзіўся.
21 ліпеня. ЦК прыняў пастанову «Аб дадатковых мерах па паляпшэнні навуковай распрацоўкі гісторыі ўсенароднай барацьбы ў Беларусі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны». Усё ляжыць у архівах, і ўсё гарачае.
23 ліпеня. Вечарам, пасля работы, адбылася сустрэча з вядомай гераіняй, якая падлажыла міну пад Кубэ, — Аленай Мазанік. Яна служыла ў Кубэ пакаёўкай і тое-сеё пра яго расказала. «Службовы кабінет гаўляйтэра, — тлумачыла яна, — месціўся ў гэтым будынку, дзе мы зараз з вамі знаходзімся, там, дзе зараз сядзіць Машкоў». Машкоў — гэта кіраўнік справамі ЦК, ён сядзіць на першым паверсе, у левым крыле.
А жыў Кубэ ў доме побач, дзе зараз знаходзіцца памяшканне Саюза пісьменнікаў. Там яго Мазанік і ўходала, адправіла на той свет. А да гэтага паміж імі маглі скласціся неблагія адносіны.
Што ні кажы — гераіня! Калі ўжыць далёкія, знакавыя асацыяцыі, дык можна Алену Мазанік параўнаць з біблейскай Юдзіф, якая, ратуючы свой народ, прыйшла ў шацёр да асірыйскага палкаводца Алаферна і забіла яго, навёўшы жах на ўсё яго войска.
24 ліпеня. Завяршыліся Дні польскай літаратуры. Госці пабывалі ў Мінску, Навагрудку, Баранавічах, Гродне, Хатыні, наведалі мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю А. Міцкевіча, Э. Ажэшкі. Усё, казалі, прайшло гладка, пазнавальна.
29 ліпеня. Хінецца да мяне Іосіф Скурко — добры хлопец і паэт. Запомніў яго верш «Полька на лён» і радкі з другога верша — «Спатканне з поўднем»:
Лакаматыў натруджана сапе,
Як конь, прыпусціць рыссю, то галопам,
Без стуку сонца увайшло ў купэ
І аб’яўляе: хутка Сімферопаль.
Характарам ён памяркоўны. Характар, напэўна, збліжае людзей больш, чым што іншае. Наведалі з Іосіфам яго бацьку Уладзіміра, які жыве ў Паставах, а заадно і брата Максіма Танка — Федзю — у Пількаўшчыне. Гэта хутар з дзвюх хат — старой і новай. Вакол лес. У садзе спеюць яблыкі. У траве стракочуць конікі. Чутно зязюльчына «ку-ку». Цішыня. Відаць, хутар і нараджае самавітых людзей. Думаю, што «хутарское» паходжанне адбілася і на чалавечай індывідуальнасці М.Танка, і на яго мастакоўскім фарміраванні.
Іосіфа тут завуць Зюкам: «Ну, як жывеш, Зюк?» — пытаўся бацька.
2 жніўня. У апошнім «ЛіМе» змешчана разгромная рэцэнзія П. Місько «Каб не спех ды яшчэ сёе-тое» на кніжку нарысаў В. Мысліўца «Мае заводчыкі». Трэба будзе зрабіць заўвагу «ЛіМу» — так нельга. Чым ён правініўся — малады аўтар?
4 жніўня. Пачуў, што мая паездка ў Пількаўшчыну насцярожыла Яўгена Іванавіча. Падазрае, што я нібы нешта правяраў па чыімсьці заданні. Не, нічога такога не было. Ніхто мяне не пасылаў. Сам.
У мінулым ён, відаць, меў праблемы з тым, колькі ў бацькі на хутары кароў. Значыць, нехта іх лічыў.
9 жніўня. Пахаладала. Шэрае неба, рэзкія павевы ветру і стоенае за хмарамі сонца сведчаць, што лета ўжо на схіле. Закрывавіліся рабіны. Мінскае мора пакрылася зялёнай раскай.
Адпачыць сёлета, відаць, не давядзецца.
12 жніўня. Цікавы артыкул Р. Бярозкіна «Роздум над «Песняй пра зубра», надрукаваны ў сённяшнім нумары «ЛіМа». Бярозкін умее зацікавіць чытача эстэтычнымі якасцямі твора, даць ім сацыяльна-філасофскае абгрунтаванне ці проста здзівіцца нейкай рысачцы, імгненню. Крытык адзначае рэнесансны характар твора, у якім «усё існуе як непадзельнае цэлае» (гэта якраз рыса мастацтваэпохі Адраджэння), а таксама «невычэрпнасць «партрэта» і «характару» зубра».
Пакладзены добры пачатак у вывучэнні паэмы.
15 жніўня. Прыехаў з-за мяжы пісьменнік-эмігрант Янка Ліманоўскі. З якой мэтай — не ведаю. Наведаў Саюз пісьменнікаў. Тут яму наладзілі (Белокс) сустрэчу, у кабінеце М. Танка, які быў на Нарачы. На сустрэчы прысутнічалі П. Глебка, А. Бачыла, А. Бажко, А. Кулакоўскі, Л. Прокша, У. Карпаў і інш., у тым ліку і я. Госць хваліўся, што накупляў два чамаданы школьных падручнікаў па беларускай мове і літаратуры. Казаў, што павязе ў ЗША, дзе ён цяпер жыве. Адчувалася, што чалавека мучыць настальгія. Ужываў старое слова «адылі». Адылі — аднак, затым. Задавалі пытанні: «А як там Масей Сяднёў?», «А што робіць Казак?», «Дзе жыве Алесь Салавей?» Пра такіх пісьменнікаў я нават не чуў. Рэпрэсіраваныя?
Я. Ліманоўскі захапляўся Мінскам. Казаў, што прыгажэйшы нават за Вашынгтон. Па паводзінах і рысах вельмі нагадвае савецкага чалавека.
Я запрасіў у Бібліятэцы імя Леніна даведку на Ліманоўскага. Заадно патэлефанаваў сакратару СП па аргпытаннях М. Ткачову, папрасіў даць спісы рэпрэсіраваных і рэабілітаваных нашых пісьменнікаў. Ткачоў шумна дыхнуў у трубку, але сказаў: «Паспрабуем».
18 жніўня. Той-сёй не хоча, каб Гілевіч ехаў у Балгарыю. Меўся ён ехаць на з’езд славістаў. Хай бы ехаў! Затрымліваюць беспадстаўна.
19 жніўня. У апошнія гады пачалі перакладаць і выдаваць (у «Иностранной литературе» і асобна) амерыканца Фолкнера. Дачытаў яго трылогію пра Сноўпсаў. Проза Фолкнера робіць уражанне, хоць яна нібы па-за канкрэтнымі падзеямі жыцця пісьменніка і наогул па-за часам. Чалавечая рэчаіснасць яго раманаў — міфалагізаваная. Аўтар акцэнтуе ўвагу на ролі лёсу, па-беларуску сказаць — «кону», у чалавечым жыцці. Пісьменнік — асілак. У амерыканскай літаратуры такіх нямала.
21 жніўня. Гартаў свежы нумар «Маладосці» — нічога, вартага ўвагі. У «ЛіМе» А. Савіцкі дае ўрывак з новага рамана «Плаўка» — пра рабочы клас. Пра рабочы клас пісаць цяжка — не сфарміравалася традыцыя. Але камусьці трэба пачынаць.
Сіла пісьменніка ў рэалізме, у той меры праўдзівасці, якую ён можа сабе дазволіць. Часам гэтая мера надта невялікая. Таму і не верыш таму, пра што пісьменнік піша.
25 жніўня. З «Ленінкі» прыслалі даведку на Янку Ліманоўскага.
«Ліманоўскі Янка.
У 20—30-х гадах быў вядомы як празаік, публіцыст, крытык, перакладчык. Яго аповесці, апавяданні, нарысы напісаны на самую разнастайную тэматыку. Гэта і мінулае (героіка ў гады Вялікага Кастрычніка і грамадзянскай вайны), і сучаснасць (сацыялістычнае будаўніцтва). На яго творах ляжыць адбітак тагочасу — сацыяльная зададзенасць і ілюстрацыйнасць. І ўсё ж творы Ліманоўскага мелі папулярнасць, станоўча ацэньваліся крытыкай (аповесць «Вецер з усходу», 1929, зборнік апавяданняў «Над абрывам», 1929).
Друкаваў крытычныя артыкулы і рэцэнзіі ў перыядычным друку. Некаторыя і сёння заслугоўваюць увагі («Маладняк» перад з’ездам», «Аб культурнайарыентацыі» і інш.). Актыўна ўдзельнічаў у літаратурна-грамадскім жыцці: выступаў з прамовай на I з’ездзе БелАПП («Маладняк», 1929, № 1), на Х з’ездзе Саветаў («Маладняк», 1931, № 3), уваходзіў у аргбюро літаб’яднанняЧырвонай Арміі і Флоту і г. д. Аднак на пачатку 30-х гадоў далучыўся да вульгарна-сацыялагічнай, «бэндаўскай» крытыкі, пісаў разносныя артыкулы і рэцэнзіі: «За два гады класавай барацьбы ў літаратуры» («Маладняк», 1931, № 6—7); «Аб творчасці Кузьмы Чорнага» («ЛіМ», 1933, 13 чэрвеня); «Аб творчасці М. Зарэцкага» («ЛіМ», 1933, 9 ліпеня) і інш. Рэзкія выпады Ліманоўскагабумерангам абрынуліся на яго самога. У 1937 г. ён быў выключаны з Саюза пісьменнікаў Беларусі (артыкул М. Клімковіча «Нацдэмаўскае і трацкісцкаеахвосце», «ЛіМ», 1937, 23 ліпеня).
Пэўных дакументальных звестак аб дзейнасці Ліманоўскага ў гады вайны, аб супрацоўніцтве з акупантамі, аб жыцці ў пасляваенны час у эміграцыі мы не маем».
Я таксама не маю, пра нешта можна толькі здагадвацца. Жывы герой для цікавага сюжэта, але хто дасць напісаць?
31 жніўня. Нядзеля. Быў на Камароўцы, пачуў прымаўку: «Чорны, як каўка». А што гэта — каўка? Яшчэ кажуць: «Не каўкай!»
4 верасня. З верасня Н. Пашкевіч ужо не рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва». Галоўны рэдактар «ЛіМа» — Леанід Прокша. Гэта, пэўна, нечакана для ўсіх. Раней Прокша рэдагаваў «Голас Радзімы».
8 верасня. М. Ткачоў прадставіў нарэшце спіс, але толькі адзін — на рэабілітаваных (членаў СП). Спіс рэпрэсіраваных, сказаў, прасіце ў КДБ.
Спіс рэабілітаваных беларускіх пісьменнікаў:
1. Янка СКРЫГАН
2. Алесь ЗВОНАК (Звонак Пётр Барысавіч)
3. Мікола ХВЕДАРОВІЧ
4. Андрэй АЛЕКСАНДРОВІЧ
5. Алесь ПАЛЬЧЭЎСКІ
6. Максім ЛУЖАНІН (Каратай)
7. Сцяпан ЛІХАДЗІЕЎСКІ
8. Ісак ПЛАТНЕР
9. Грыгор БЯРОЗКІН
10. Грыгор КАМЯНЕЦКІ
11. Станіслаў ШУШКЕВІЧ
12. Юрка ГАЎРУК
13. Сяргей ГРАХОЎСКІ
14. Дзмітрый АСТАПЕНКА
15. Сымон БАРАНАВЫХ
16. Уладзімір ХАДЫКА
17. Цішка ГАРТНЫ
18. Якаў БРАНШТЭЙН
19. Ісак ХАРЫК
20. Васіль ШАШАЛЕВІЧ
21. Юліян ТАЎБІН
22. Валерый МАРАКОЎ
23. Васіль СТАШЭЎСКІ
24. Платон ГАЛАВАЧ
25. Барыс МІКУЛІЧ
26. Сымон КУНІЦКІ
27. Міхась ЧАРОТ
28. Арон ЮДЗЕЛЬСОН
Званіць у КДБ па пытанні аб усіх рэпрэсіраваных адраіў Парватаў. «Это может навлечь тень на весь отдел». Ды я і сам не адважыўся. А каб яны былі, каб жылі, літарататура наша была б іншай, непараўнальна больш багатай. Вось што выходзіць з таго, калі літаратурная барацьба перарастае ў палітычную. Але дзякуй богу, што гэтая навала нейкім чынам спынілася, бо ў энкавэдзістаў было, несумненна, жаданне пасадзіць усіх пісьменнікаў. «Тады, — як сказаў адзін паэт, — давялося б у Доме пісьменніка павесіць замок». Можа, гэта і спыніла?
9 верасня. Жыву на зарплату, усведамляючы свой наёмны статус. Зарплата ў два разы вышэйшая, чым у інстытуце. Там атрымліваў 90 руб., тут — 180. Чаму, дарэчы, у нашай літаратуры не існуе тэмы грошай як важнага фактара ў чалавечых адносінах?
12 верасня. Адпрасіўся на пару дзён у Брэст, на вяселле Евы. Паеду заўтра з раніцы. Узяў у буфеце ЦК кілаграм сухой каўбасы. Больш за адзін раз не даюць.
15 верасня. З вяселля вярнуўся стомлены, бо быў за маршалка. Хата цесная, душна. Па маёй прапанове сталы накрылі ў садзе. Гасцей было не шмат: родзічы, сяброўкі, суседзі. Прыйшлі нейкіх двое пераапранутых і, калі маладыя ўсталі і адышліся, яны нахабна занялі іх месцы, сцвярджаючы, што яны якраз і ёсць маладыя. Дзве жанчыны, у адной падвязаныя пад носам вусы. Давялося добра ўпаіць іх гарэлкай, каб яны нарэшце саступілі месца нашым маладым.
Мясцовы вясельны жарт.
Пазнаёміўся з Валодзем — жаніхом, цяпер маім шваграм. Мужам Евы Ложкінай. Нібы ўжо і не сястра… Была Ева Гніламёдава, а цяпер хто?
17 верасня. 30-годдзе з дня ўз’яднання Заходняй Беларусі. У канцэртнай зале Белдзяржфілармоніі адбыўся ўрачысты вечар.
Распачата падрыхтоўка да Другога з’езда калгаснікаў Беларусі. Мне — праз памочніка — спушчана даручэнне: даць кавалак у даклад Першага — пра сучасную літаратуру і мастацтва і іх задачы ў сувязі з далейшым развіццём сельскай гаспадаркі і калгаснага ладу.
18 верасня. Не спаў ноч. Думаў, як выканаць гэты не сацыяльны нават, а партыйны заказ. «Беларуская літаратура — дзеравенская», — нібыта хацеў падбадзёрыць Парватаў. «А чаму б і не?» — падумалася. Успомніў пра «Палескую хроніку» Івана Мележа, пра грэблю, якую масцілі куранёўцы, каб без перашкод маглі дабрацца да мястэчка, у Юравічы. Гэтак для куранёўцаў-палешукоў пачынаўся шлях у сацыялізм. Сёння вялікіх маштабаў набрала меліярацыя. Правафланговы меліярацыі — Пётр Міронавіч. Эх, думаю, праз Мележа падтрымаюка я яго. Выходзіць, што і мы з Мележам прымаем удзел у гэтым працэсе. Думкі выліліся ў тры старонкі машынапіснага тэксту, набранага пяшчотнымі ручкамі Святланы Ампадзістаўны. Аддаў у рукі памочніка Пятра Міронавіча журналіста Валянціна Панамарова — чалавека вялікага, багатага целам, і вясёлага.
20 верасня. Выклікаў Валянцін і пахваліў: «Правільна, чувак, мысліш!» Гэтае «чувак» мяне крыху абурыла, але ж цяпер у Маскве так кажуць, а Валянцін — масквіч. «Страна ў нас індустрыяльна-аграрная. Правільна?»
— Правільна, — згадзіўся я. Пра Валянціна Панамарова ідзе пагалоска, што ён біёграф Пятра Міронавіча, якога Валянцін называе не інакш, як «папа». Кабінет Панамарова на тым жа пятым паверсе, недалёка ад «папы».
Мяне, здаецца, як бы нават і прыкмецілі, заўважылі. Прызналі. Дык можа ўсё будзе добра?
23 верасня. У Саюзе пісьменнікаў абмяркоўваўся праект новага Дома пісьменніка. Прызначылі месца — па вуліцы Фрунзе. «Наверсе вырашылі», — сказаў Шамякін. Гэта і сапраўды так. Будынак ЦК мае дабудоўвацца, пашырацца, і «асабняк Кубэ» перашкаджае. Доўга думалі, нарэшце Пётр Міронавіч вырашыў: «Ладна, зробім для вас падарак!» Ён меў на ўвазе пісьменнікаў. Нераўнадушны ён да пісьменнікаў!
27 верасня. Далі нарэшце кватэру — аднапакаёвую ў буйнапанэльным доме, па вуліцы Фабрычнай. Гэта ў раёне велазавода, насупраць кандытарскай фабрыкі «Камунарка», якая дыміць па той бок Партызанскага праспекта — Магілёўскай шашы. Побач — кафэ «Белочка». Прафесар Ларчанка, якога я часта сустракаю, калі ён ідзе на філфак, і з якім цікава бывае перакінуцца словам, сказаў, што да вайны ён там паляваў на зайцоў.
Каля дома растуць бярозы, рабіны, і гэта мне падабаецца. На дзедавым падворку ў Кругелі не было ні бярозы, ні рабіны. Рос каштан, вярба. У садзе стаялі асінавікі, атрыманыя з прывіўкі яблыневых атожылкаў да асінавых падвояў, а бярозы не было. Магутная ніцая бяроза ўзвышалася ў суседа, каля Шведавага плоту, і яна мне вельмі падабалася.
Недалёка ад дома чыгунка. Ідуць, стукаючы па стыках, паязды з Масквы і ў Маскву. Словам, на ўсход. Звініць на паваротным крузе трамвай № 2 — ідзе да вакзала.
Чутно дыханне лікёра-гарэлачнага завода на Кастрычніцкай вуліцы, за чыгункай. З таго боку патыхае брагай.
Усё гэта — беларускія матывы.
28 верасня. Убачыў у кутку ледзь прыкметную шчыліну паміж блокамі, амаль ад столі да падлогі, але, як ні дзіўна, цёпла, нават надта. Магчыма таму, што зусім побач ЦЭЦ, што абаграе гэты раён. Да трубаў і да батарэй не дакрануцца! Але пар касцей не ломіць.
4 кастрычніка. Займаюся рамонтам кватэры. Мой папярэднік парадкам яе запусціў (таксама, дарэчы, цэкоўскі таварыш), а грошы на рамонт не даў, як гэта паложана. Мясцовая ЖЭС дала брыгаду жанчын.
7 кастрычніка. У «Советской Белоруссии» — мая рэцэнзія на кнігу Васіля Віткі «Казкі», прадстаўленую Саюзам пісьменнікаў на Дзяржаўную прэмію БССР.
Адчуў, што цяпер мне не проста пісаць, бо невядома што думаць чытачу — ці гэта мая асабістая ацэнка, ці ацэнка той установы, у якой я працую. Імкнуся гаварыць толькі ад сябе.
8 кастрычніка. Адрамантаваў сваю аднапакаёўку. Пачаставаў руплівых жанчын. Упусціў кошку, што жыла ў пад’ездзе. На месца, якое яна выбера, пастаўлю ложак.
Наверсе сусед з прозвішчам Гвардыян. Шафёр. Возіць на «Волзе» нейкага начальніка. Гвардыян — грэчаскае слова, па-нашаму, настаяцель. У «настаяцеля» вочы чырвоныя, як цыбуля. «У свабодны ад работы час гляджу з жонкай тэлевізар», — сказаў ён пры знаёмстве.
Мэблі не дастаць. Стол і крэсла набыў па вялікім блаце — праз аддзел гандлю. Ложка пакуль што няма, рассцілаю коўдру і сплю на падлозе. Славуты Ле Карбюз’е лічыць, што дом, паводле яго слоў, гэта «машына для жыцця», машына са шкла і бетону. Мая аднапакаёўка, мяркую, толькі з нацяжкай падыходзіць пад гэтае вызначэнне. Карбюз’е доўга б з яе смяяўся. Але ў сваёй хаце добра. Ноччу — цішыня, знікаюць вечаровыя цені і гукі, і ёсць у гэтым свая чараўнічасць.
У сваёй хаце, як у нас кажуць, і качарга маці.
Зрэдку заходзіць Лёня.
12 кастрычніка. Пачаліся літаратурныя вечары пісьменнікаў Расійскай Федэрацыі. Прыехалі С. Вікулаў (кіраўнік дэлегацыі), Д. Кавалёў, Д. Яромін, М. Гарбачоў, П. Кабзарэўскі, Л. Рашэтнікаў, У. Прастакоў, В. Закруткін, У. Гардзейчаў, У. Аляксееў і інш. На правядзенне падобных мерапрыемстваў у рэспубліцы дае дазвол ЦК.
Госці ўладкаваліся ў гасцініцы «Мінск» і раз’ехаліся ў суправаджэнні беларускіх пісьменнікаў, як сказаў Д. Яромін, па гарадах і весях. Да «весяў», можа, і не дабяруцца, а ў абласных цэнтрах пагасцююць.
На мой погляд, апошнія гады ў грамадстве назіраецца рост цікавасці да літаратуры і мастацтва, да кнігі. Гэта добра, гэта абнадзейвае.
18 кастрычніка. Артыкул С. Пілатовіча ў «Полымі». Прычыніўся да яго і я. Добра высцебалі рэвізіянізм, але беспадстаўна пакрытыкавалі Анатоля Вярцінскага. Няёмка.
Нарэшце я зразумеў, што ўзялі мяне сюды, каб пісаў ім артыкулы і выступленні. Для сябе нічога не пішу. У планах было падрыхтаваць артыкул пра нашу паэзію, пачынаючы з 20-х гадоў, абмяжоўваючыся выключна назвамі кніг. Упэўнены, што назва зборніка, яго загаловак, дае дакладнае, цудоўнае ўяўленне пра стыль, паэтыку, сувязь са сваім часам. За ўсім гэтым відаць і аўтар.
Дарэчы, тут не проста з машыністкамі. Па-беларуску друкуе толькі адна — у машбюро. Наша сакратарка Святлана Ампадзістаўна, што сядзіць у прыёмнай, спецыялізуецца толькі на рускамоўных тэкстах.
19 кастрычніка. У вёсцы Слабада-Кучынка Капыльскага раёна адбыўся вечар, прысвечаны 70-годдзю Адама Бабарэкі, які тут нарадзіўся. Спадчына гэтага крытыка і эстэтыка (адзін з псеўданімаў — Адам Чырвоны) яшчэ слаба вывучана.
20 кастрычніка. Банкет у гонар пісьменнікаў Расійскай Федэрацыі, што вярнуліся з паездкі па Беларусі. Наладзілі банкет у Заслаўі, дзе пабудавалі вялікую гасцініцу для прыёма высокіх гасцей. Шыкарная зала, па сценах карціны з беларускімі вобразамі і матывамі. Паселі за агульны стол, але на адлегласці адзін ад аднаго. Стол дазваляў — доўгі. Я сядзеў па суседстве з Віктарам Каваленкам, паважаным нашым крытыкам і літаратуразнаўцам. Абслугоўваў банкет рэстаран «Мінск», па вышэйшым разрадзе. У кожнага за крэслам стаяў афіцыянт-мужчына, падлівалі каньяк і давалі з запальнічкі прыкурыць, калі хто курыў. Віктар Антонавіч, хоць і не курыў, таксама ўзяў цыгарэту, і афіцыянт тут жа шчоўкнуў каля яго носа запальнічкай. Прыемна!
Былі тосты, але нічога асаблівага. В. Закруткін, пісьменнік з Дона, перадаў прывітанне ад Шолахава. Пілатовіч паапладзіраваў, яго падтрымалі Марцэлеў і астатнія, у тым ліку я з Каваленкам. Паступова банкет падышоў да завяршэння. Ужо добра сцямнела. У «рафікі», іх было некалькі, сядалі на добрым падпітку, рагаталі, сардэчна развітваліся. Меўся ехаць і я, але Пілатовіч нечакана пацікавіўся:
— Недзе тут дача Макаёнка?
— Уладзімір Васільевіч, вы ў курсе? — падладзіўся да сакратара ЦК загадчык аддзела.
— Можна пашукаць, — прыкінуў я, — недзе каля шамякінскай, у Ждановічах.
«Шкада, — падумаў я, — што няма Лёшы Гардзіцкага, ён піша пра Шамякіна дысертацыю і часта гасцюе ў яго на дачы. Ён бы паказаў».
— Ну, дык паехалі! — не то прапанаваў, не то загадаў Пілатовіч. Я не быў п’яны, а цяпер канчаткова працверазеў, але кастрычніцкая ноч, цёмна, знайсці патрэбную дачу няпроста. Паехалі, з Марцэлевым, паперадзе.
Блукалі. «Волга» хісталася на калдобінах. Спынялі запозненых пешаходаў, пыталіся. Нарэшце натрапілі, асвяцілі хаціну фарамі. Гаспадар не спаў, адчыніў дзверы, папытаўся, хто. Запрасіў заходзіць.
— Даўно я шукаў сюды дарогі! — шматзначна сказаў Пілатовіч. Гэта трэба было разумець так, нібы ён шукаў кантакту з вядомым драматургам. Кантакту, які быў па нейкіх прычынах страчаны. Пасля я даведаўся (расказваў сам Макаёнак), што яны пасварыліся ў кабінеце Пілатовіча, які, паводле слоў Андрэя Ягоравіча, пачаў яго вучыць, «як пісаць п’есы», не перабольшваючы «крытычную дозу». Цяпер Макаёнак як бы ў стане творчага крызісу, аддаліўся ад жонкі, жыве на дачы адзін. Гасцям быў рады, крыху здзівіўся, кожнаму падаў руку. Дастаў са скрынкі і паставіў на стол бутэльку віна, запрасіў сесці.
— «Місket», — патлумачыў ён, ткнуўшы ў наклейку. — Вярнуўся нядаўна з Венгрыі (быў у складзе дэлегацыі ад СП СССР), там гэта самае дарагоевіно, а ў нас капейкі — рубель шэсцьдзясят пяць. Вось узяў у Ждановічах скрынку. Побач стаялі скрынкі з яблыкамі, з уласнага, відаць, саду, перакладзенымі сенам.
Пілатовіч, глянуўшы на скрынкі з яблыкамі, сказаў:
— Перад тым, як піць гарэлку, трэба з’есці кілаграм яблыкаў, і не будзеш п’яны.
— Нашто тады піць? — засмяяўся драматург.
Сакратара гэта нават быццам пакрыўдзіла.
— Вы заўсёды схільны чамусьці пярэчыць… — незадаволена хітнуў ён галавою.
— Не-е. Чаму вы так думаеце? Гэта я проста правяраю сябе, ці ўмею лагічна думаць. — Макаёнак адкаркаваў бутэльку, ляпнуўшы даланёю па донцу, разліў па шклянках віно.
— Ну, Андрэй Ягоравіч, а як працуецца? — нясмела ўступіў у размову Марцэлеў.
— Пакуль што без пэўнага выніку.
— Вось давайце за вынік і вып’ем! — прапанаваў Пілатовіч, узяўшы ў руку шклянку.
Усе, у тым ліку і я, чокнуліся і адпілі.
За акном, у начной цемені, упаў з дрэва яблык, пляснуўся аб зямлю. У Чорнага ёсць апавяданне пра восень, пра даспеласць у шырокім сэнсе гэтага слова. «Вераснёвыя ночы». Там у садзе з грушы валяцца даспелыя плады. Добра напісана, як яны, набіраючы хуткасць, грукаюць аб зямлю, наводзяць на роздум.
Макаёнак успомніў і расказаў пра ўражанне ад першай пастаноўкі сваёй п’есы. З таго часу шмат вады сплыло, і ўзлёты зведаў, і няўдачы.
— А ты сабе вунь якую кар’еру падабраў! — раптам сказаў ён, маючы на ўвазе мяне.
Пілатовіч і Марцэлеў засмяяліся.
— Вы ж таксама калісьці ў райкаме працавалі, — адзначыў Пілатовіч.
— Было.
У мяне з Макаёнкам даўняе знаёмства і стасункі. Некалі, з год назад, я спрабаваў уладкавацца ў «Нёман» на працу, але атрымаў адмову. Так што цяпер на яго заўвагу прамаўчаў.
Пагаманілі пра тое-сёе яшчэ. Марцэлеў сказаў: «Пісьменнікі часам — як дзеці, імі трэба кіраваць, апякаць». — «Дзеці, — згадзіўся драматург, — але сукіны дзеці». Гэта зноў рассмяшыла.
Але пара было развітвацца. Сустрэчай былі задаволены і госці, і гаспадар.
Мы паехалі.
29 кастрычніка. У «Полымі» рэцэнзія Г. Бураўкіна на Н. Гілевіча — зборнік «Лісце трыпутніку»: «Адна з самых характэрных рыс паэзіі Н. Гілевіча — спакойная засяроджанасць і абсалютны давер да народнага вопыту».
Відаць, і сапраўды народнаму вопыту трэба давяраць.
2 лістапада. Дзень нараджэння паэта Максіма Лужаніна. Максім Лужанін — патрыярх беларускай літаратуры, стары, мудры паэт, яскравая творчая індывідуальнасць. Першая яго кніга — зборнік вершаў «Крокі» — выйшла ў свет шмат гадоў назад, у 1928 годзе, калі аўтар з’яўляўся студэнтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. «Хрысцілі» яе, як успамінае аўтар, Янка Купала і Цішка Гартны, які ў той час узначальваў выдавецтва. Па загадзе Цішкі Гартнага выплацілі і ганарар.
Ад Лужаніна я ўпершыню пачуў прымаўку: «Кінь за сабою, а знойдзеш перад сабою». Ад яго ж даведаўся, што аўтар «Самсона Самасуя» Андрэй Мрый — родны брат Васіля Шашалевіча. Для гісторыка літаратуры ўсё гэта ўяўляе несумненную цікавасць. «Запіскі Самсона Самасуя» былі надрукаваны ў часопісе «Узвышша» напрыканцы 20-х гадоў. Сёння пра іх ніхто не ведае. Я, аднак, чытаў у «Ленінцы». Не спадабаліся: усё на паверхні. І яшчэ. Аказваецца, са слоў Аляксандра Амвросьевіча, Язэп Пушча меў брата — літаратурнага крытыка Прушынскага, які да вайны быў узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны». Гэты Прушынскі ўсю вайну праседзеў у Мінску, друкаваўся ў беларускай прэсе.
Як і ў кожнага, на жаль, ёсць крытыкі і ў Лужаніна. Я сам чуў, як Р. Бярозкін хваліў верш майго земляка брэсцкага паэта Міколы Засіма «Заклік», у якім гаворка ішла пра партызанку і партызанскую тактыку:
А кулак наш, як жалеза,
Грудзь шырокая, што печ,
Дый пад бокам Белавежа, —
Можна ўдарыць, можна ўцеч.
«Тут, — захапляўся Рыгор Саламонавіч, — уся праўда пра партызанаў. За гэтыя радкі я аддаў бы ўсяго Лужаніна».
Крыўдна, бо несправядліва.
4 лістапада. У Чылі ўступіў на пасаду прэзідэнта краіны Сальвадор Альендэ — першы марксіст (сацыял-дэмакрат), які перамог на прэзідэнцкіх выбарах на амерыканскім кантыненце. Што б хто ні казаў, а сусветная рэвалюцыя, як прагназаваў Маркс, а за ім Ленін, працягваецца. Толькі, думаю, сацыялізм у кожнай краіне павінен мець свой твар.
6 лістапада. Атрымаў (за грошы) у размеркавальніку прадукты, бутэлькугарэлкі і бутэльку каньяку. У размеркавальніку было гармідарна.
Прыдбаў нарэшце ложак.
7 лістапада. Гадавіна Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. Дэманстрацыя і народ. Гэта фактычна асенні паўтор першамайскага свята. Яно такое ж казённа-масавае. Вялікім прыхільнікам масавых свят быў Сталін. Гэта не інакш яго духоўная спадчына.
Па маім запрашэнні заходзіў у госці Леанід Антонавіч Царанкоў. Калісьці, у 1954—55 гадах, на першым курсе, ён чытаў нам антычную літаратуру. Тады ён працаваў у Брэсцкім педінстытуце, цяпер у БДУ.
Леанід Антонавіч (чаму — не ведаю) ганіць уніятаў, быццам у яго з імі нейкія асабістыя рахункі. Бацька яго Антон Царанкоў да нядаўняга часу спяваў у Шырмавай капэле. Бас-прафунда. У вядомай песні «Вячэрні звон» ён, злева стоячы, і выдаваў гэтае «бом». Цяпер на пенсіі, але на канцэрты, дзе мае выконвацца «Вячэрні звон», Рыгор Раманавіч яго запрашае. Замены — няма.
8 лістапада. Прачытаў у «ЛіМе» рэцэнзію К. Буслава (акадэміка-сакратара аддзялення грамадскіх навук АН БССР) на зборнік П. Броўкі «Між чырвоных рабін». Разумны, напэўна, чалавек, але пра паэзію пісаць не ўмее.
11 лістапада. У Каралішчавічах, у Доме творчасці імя Я. Коласа, адкрыўся чарговы 10-дзённы семінар пачынаючых паэтаў і празаікаў. Запрошана каля 40 маладых аўтараў, у тым ліку А. Разанаў, Г. Карпава, Н. Шклярава,
М. Янчанка і інш. Маладыя, нават самыя пачынаючыя, наўрад ці паскардзяцца на недахоп увагі да іх. Кнігі, апавяданні, зборнікі вершаў выходзяць рэгулярна. Так, нядаўна на паліцах мінскіх кнігарняў паявіліся кнігі В. Мысліўца «Дубы не маўчаць», П. Місько «Калодзеж», С. Панізніка «Кастры Купалля», М. Купрэева «Непазбежнасць», М. Дуксы «Спатканне», І. Леткі «Тры крокі ад сонца». Да гэтага выйшлі з друку паэтычныя зборнікі В. Зуёнка, М. Маляўкі, А. Сербантовіча, В. Лукшы, Хв. Чэрні, А. Канапелькі, М. Кусянкова, А. Кавалюк. На падыходзе першыя і — я веру! — добрыя кнігі апавяданняў М. Капыловіча, А. Кудраўца, В. Карамазава, М. Гіля, К. Пішчыкавай, А. Масарэнкі і іншых.
Затаіліся лес і зямля,
Ліст апошні
вось-вось
сарвецца.
Здрыгануўся, уражаны, я,
Бы не ліст зрываецца —
сэрца.
Гэтыя нясмелыя радкі Генадзя Пашкова кранаюць трапяткім адчуваннем прыроды і адначасова сардэчнай пяшчотаю.
У Юркі Голуба мне спадабаўся яго лірычны эцюд — успаміны пра родную вёску, — які па асацыяцыі нагадаў мне вясковыя матывы з вершаў Паўлюка Труса («О вёска, вёска пры гасцінцы!..»). Традыцыя, асабліва ў сферы тэматычнай, прасочваецца дастаткова выразна.
Большасць маладых валодае зайздросным талентам любіць і разумець прыроду. Гэта дарагі талент! Я сустрэў яго ва Уладзіміра Дзюбы:
Бы ў прадчуванні небяспекі,
Асокі вострыя нажы
Павытыркалі грозна рэкі.
І кожны з тых нажоў дрыжыць…
Асаблівая чуласць і тонкасць адносін да «зялёнага свету» прыроднага, — у адным выпадку гэта галінка вярбы, у другім — лясная неруш, у трэцім — раўчук веснавой вады і песня жаўрука, — прыкметна ў дзяўчат. Усе яны — і Жэня Янішчыц, і Лена Руцкая, і Людміла Парымончык, і Ала Красінская — выступілі ўдала або амаль удала і пакінулі аб сабе добрае ўражанне.
З юнакоў шмат абяцае як паэт Алесь Разанаў. У яго бачна сваё нейкае асаблівае напружанае і не па гадах сталае ўспрыманне свету, арганічная неўтаймаванасць душы, абвостраная прага «адшукаць адкрыццё». Не ўсе з сямі змешчаных у зборніку вершаў аднолькава роўныя і добрыя. Мне найбольш запомнілася яго «Адкрыццё» — верш з напружана пульсуючай філасофскай думкай пра тое, якімі шляхамі і да каго прыходзіць доўгачаканае «адкрыццё» — «пад гоман рэчак і асін у выпадковасці адчайнай і невыпадковае зусім». Верш вызначаецца роздумам. Уменне думаць — якасць для паэта першародная, і прыемна, што яе знаходзіш у вершах Алеся Разанава.
У сувязі з праблемай маладых не лішнім будзе мець на ўвазе і думку славутага мастака П. Пікасо: «Трэба шмат часу, каб стаць маладым».
14 лістапада. Пленум праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Разгледжана пытанне: «Беларуская літаратура да 100-годдзя з дня нараджэння Леніна». Былі, як звычайна, прамовы. З грунтоўным дакладам пад назвай «На шырокай плыні жыцця і часу» выступіў сакратар СП І. Мележ. Даклад спадабаўся прысутным.
«Думаецца, — казаў дакладчык, — нельга не падтрымліваць права кожнага пісьменніка пісаць пра тое, што яго хвалюе, што ён ведае, калі гэта толькі мае значэнне для літаратуры, для народа. Трэба падтрымліваць і цяпер усе значныя творы, над якімі працуюць таварышы, і жадаць з поспехам завяршыць іх. Трэба бачыць шырока наша літаратурнае поле. Але ёсць і другі бок справы. Ёсць жыццё, якое ідзе, і якое дыктуе сваё права, і ёсць чытач, які таксама патрабуе кніг пра новае.
А мы гэтых кніг даём вельмі мала. Трэба быць больш чулым да жыцця. Быць у ім, у самым яго віры. Сярод тых, хто робіць яго — калгаснікаў, рабочых, інжынераў, салдат».
Многія адзначалі ўменне беларускіх пісьменнікаў пісаць этнаграфію, побыт. Маскоўскі крытык А. Аўчарэнка, які прысутнічаў як госць, быў на гэты конт іншай думкі:
— Вузкі бытавізм, таварышы! Мяне трывожыць адыход ад сацыяльных праблем! Страчаны высокі рамантызм пошуку!
Меўся выступаць наш В. Барысенка, і на яго вельмі насцярожана, нават непрыязна пазіраў Пестрак. Прычына — усім вядомая. Барысенка калісьці ў сваёй прамове на сходзе, на якім крытыкавалі Барыса Пастарнака, замест «Пастарнак» неасцярожна сказаў (агаварыўшыся, вядома) «Пестрак». Пестрак, які прысутнічаў на сходзе і рыхтаваўся да свайго антыпастарнакаўскага выступлення, падскочыў як ужалены. Відавочна, ён напалохаўся ад нечаканасці, што гаворка раптам перайшла на яго. Потым Барысенка паправіўся, але Піліп Сямёнавіч не змаўчаў: «Каб не несці лухты, трэба выступаць па паперцы, хоць ты і акадэмік!»
Узяў нарэшце слова С. А. Пілатовіч. Над гэтым выступленнем ён працаваў сам, без чыёй-небудзь дапамогі. Тую частку, якая тычылася СП, я занатаваў:
«У творах нашых пісьменнікаў усё яшчэ сустракаюцца асобныя хібы: пасіўнае сузіральніцтва, элементы біялагізму, смакаванне адмоўнага ў чалавеку, невыразнасць ідэйных пазіцый».
Якіх-небудзь канкрэтных прозвішчаў ён не называў.
У ЦК гэты час усе былі надта насцярожаныя, чакаючы, што мае выступіць Аляксей Карпюк. Баяцца, бо за Карпюком слава вострага прамоўцы. Але абышлося.
15 лістапада. З раніцы і ўвесь дзень страшэнны галалёд. Спыніўся транспарт, і я да трамвая ішоў пяшком. Адзін раз пакаўзнуўся і ляпнуўся заднім месцам.
17 лістапада. Салжаніцын выключаны з Саюза пісьменнікаў. Падтрымлівае яго Твардоўскі.
18 лістапада. Паслаў тэлеграму маме, учора быў дзень яе нараджэння, а я ў службовай мітусні забыў. Вяртаючыся з пошты, назіраў, як у Свіслачы, ля моста, плаваюць у незамерзлай вадзе дзікія качкі. На поўдзень ляцець паленаваліся.
19 лістапада. Шмат размоў пра муміё — нейкую, як кажуць, горную смалу, якой лечаць розныя, амаль усе, хваробы. Як бы арліны памёт. Здабываюць муміё ў гарах Сярэдняй Азіі.
20 лістапада. Выйшаў з друку першы том БелСЭ. Калі за справу возьмецца Броўка, дык абавязкова чагосьці даб’ецца. Гэтага, на жаль, нельга сказаць пра Танка, пра Крапіву, а людзі між тым уплывовыя.
21 лістапада. Вечарам у кіназале Дзяржкіно БССР глядзелі кінакамедыю «Брыльянтавая рука». «А ўсё-такі «Волга-Волга» лепшая!» — адзначыў Парватаў і патлумачыў:
— Сталін пасля прагляду «Волгі-Волгі» сказаў: «Как будто в отпуске побывал!»
Кожнаму — сваё.
23 лістапада. Праводзілі на пенсію сакратара ЦК Ф. — чалавека даволі сталага веку. На партсходзе апарата ён прачытаў даклад, напісаны памочнікамі. Там была фраза: «Мы являемся передовой державой ХХ столетия». Ён прачытаў: «Мы являемся передовой державой ха-ха столетия». Слухаючы, вышкаленыя апаратчыкі, ледзь стрымлівалі смех. Машэраў зрабіў заўвагу памочнікам за тое, што так атрымалася.
Гэта ж прамоўца з тэкстам у руках так недарэчна памыліўся. А каб адняць у яго тэкст? Што б ён тады сказаў? Выглядаў бы пэўна як герой Аркадзія Райкіна.
Старыя партыйцы часам здзіўляюць палымянасцю сваіх прамоў. Нядаўна слухаў абкамаўскага дзеяча Івана Фраловіча. Ён з такой жарсцю агітаваў за ўгнаенне палёў, што падскоквала перад ім трыбуна, у якую ён грукаў кулаком, і калацілася паветра. Хаця пытанне, здавалася б, яснае і зразумелае кожнаму. Гэта, я думаю, бальшавіцкі стыль.
Такія кіраўнікі, як Машэраў, Пілатовіч, Ціхан Кісялёў — людзі новага пакалення. У часы «адлігі» (пасля смерці Сталіна) часам думалася, што жыццё рухаецца не барацьбой класаў, а барацьбой, зменай пакаленняў. Рэзон у гэтым, напэўна, ёсць, але бедныя заўсёды будуць касіцца на багатых.
25 лістапада. Страшэнна доўга — ад маіх студэнцкіх гадоў — гаварылі пра неабходнасць абараніць Байкал ад цэлюлозных стокаў. Цяпер паведамілі, што Байкал ахоўваецца як запаведнік. У гэтым, думаю, вялікая заслуга пісьменніка Сяргея Залыгіна.
27 лістапада. Сённяшнім днём пачынаецца перадкалядны пост. Ведаю гэта з дзяцінства: Піліпаўка («У Піліпаўку воўк нема вые» — Я. Купала). Але цяпер, у наш час, гэтых традыцый ніхто не трымаецца. Няма як. Трымалася Піліпаўскага посту бабуля Фёкла, якая мяне гадавала і якую я вельмі любіў. «Вось памру я, — казала яна мне малому, — што без мяне рабіць-меш, як без мяне будзеш?» — «Не памрэш». — «Пакладуць мяне ў труну, заб’юць цвікамі…» — «А я тыя цвікі павыцягваю і цябе выпушчу…» — «Выпусціш? Мяне ж у магілу закапаюць, пяском засыплюць». — Мне вельмі шкада бабулю, ледзь не плачу, але выйсце знаходжу: «А я цябе адкапаю і выпушчу!» Бабуля ўздыхае, з вачэй коцяцца слёзы.
Дзесяць гадоў ужо, як няма яе на свеце.
2 снежня. Споўнілася 70 гадоў Міхасю Лынькову. Сярод пісьменнікаў у яго мянушка «Лынь». Ад урачыстага вечара «Лынь» адмаўляўся, бо, па ўсім відаць, адчувае сябе пакрыўджаным. Марцэлеў сустрэўся з ім у скверыку каля тэатра Я. Купалы і доўга ўгаворваў. Нарэшце-такі ўламаў.
Лынькоў працяглы час узначальваў СП Беларусі. Калі яго ў чарговы раз перавыбіралі на пасаду старшыні СП БССР, Янка Журба казаў:
— Міхась Ціханавіч! Кіруйце намі, як і раней кіравалі.
Але не. М. Лынькова выпхнулі з кіраўніцтва СП і ён на працягу многіх гадоў з’яўляўся старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры. Да нас, маладзейшых, звяртаўся са словам «уюнаша»: «Вы, уюнаша…» Але звычайна маўчаў. Кіраваў СП П. Броўка.
Зм. Бядуля вельмі любіў апавяданне М. Лынькова «Гой», лічыў яго адным з лепшых у беларускай літаратуры.
У 30-я гады Лынькоў выкладаў беларускую літаратуру ў сакрэтнай школе, арганізаванай для заходнебеларускіх камуністаў (членаў КПЗБ). Там у яго было іншае прозвішча — псеўданім Бельскі. Па часе Міхась Ціханавіч зрабіўся філосафам — не то стоікам, не то скептыкам.
Да юбілею ўзнагароджаны ордэнам Леніна. Дакументы на ўзнагароджанне пісьменнікаў — у сувязі з юбілеямі, святамі і іншымі нагодамі — рыхтую я. Гэта мой абавязак.
3 снежня. Слухаў лекцыю для работнікаў апарата пра міжнароднае становішча. Чытаў лектар ЦК КПСС. Сказаў між іншым, што партыя і ўрад робяць усё для ўмацавання абароны, што «нарошчвае тэмпы лёгкая прамысловасць». Перашкаджаюць «засуха» і «навадненія».
Сапраўды, у ГДР, напрыклад, у «ограниченном контингенте» — паўмільёна чалавек, дзясяткі палігонаў. Пра гэта прыгадваеш, слухаючы песню «Огромное небо».
5 снежня. Група польскіх пісьменнікаў у Мінску. Адбылася сустрэча ў СП. З гарэлкай. Загаварылі, падпіўшы, пра Сянкевіча. П. Пестрак (быў на падпітку — ?) сказаў:
— «Огнем і мечом» — біблія польскага шавінізму. Польскія пісьменнікі з гэтым не згадзіліся. «Пан жартуе», — азваўся хтосьці з іх. Падобныя пікіроўкі і сапраўды лепш за ўсё успрымаць з жартам, з гумарам, прынамсі, памяркоўна, знаходзіць дасціпны адказ. Неяк прыязджаў у Мінск Уладзіслаў Бранеўскі. Беларускія пісьменнікі прымалі яго ў Каралішчавічах, у Доме творчасці, накрылі стол. Пан Уладзіслаў падпіў і ўспомніў польска-савецкую вайну 1919—1920 гадоў, у якой ён удзельнічаў, ды і кажа: «А пад Баранавічамі, панове, мы вам усыпалі, як трэба». Наступіла няёмкая паўза, і першым ачомаўся Броўка, чалавек даволі гарачы, які таксама быў на падпітку.
— Але ж потым! Потым! — загаманіў ён. — Як далі! Як далі!
Усе зарагаталі, у тым ліку і Бранеўскі, і, напэўна, яшчэ болей запаважалі адзін аднаго. Гэта мне расказваў сам Пятро Усцінавіч. 8 снежня. Прыехаў з Масквы Н. Пашкевіч, цяпер ён рэдактар нейкага аддзела «Правды». Пасада мае вагу, але, прызнаецца, «цягне дадому». 10 снежня. Меў гонар прысутнічаць на семінары творчай моладзі ў Наваполацку. Удзельнікі — маладыя паэты, празаікі, мастакі, кампазітары, артысты з усёй Беларусі. Праводзіў семінар ЦК ЛКСМБ. Былі, як звычайна, госці з Масквы. Няблага было б запрасіць таго-сяго і з іншых рэспублік, але гэтага чамусьці не практыкуецца. Летам пазамінулага года на такі ж семінар на Свіслачы прыязджаў з Масквы філосаф Васіль Талстых. Помню яго пытанне: «Калі б тапіліся Ландау і нейкі Іваноў, дык каго б вы ратавалі першага?» Пытанне сталася нечаканым, і не ўсе ведалі, як на яго адказаць. Ёсць пытанні, маральнага характару, адказ на якія падказвае сам час, час, у які ты жывеш…
Словам, запрашэнне гасцей трэба вітаць, яны будзяць думку, узбагачаюць. На гэты раз з Масквы былі вядомыя літаратурныя крытыкі В. Кожынаў і А. Міхайлаў. Даволі цікава выступалі па праблемах сучаснай (рускай) літаратуры, як бы ў дыялогу, змяняючы адзін аднаго і, мне падалося, не надта звяртаючы ўвагу на тое, ці іх хто чуе. Той-сёй усё ж такі пачуў, і не ўсе згадзіліся з неаславянафільскім ухілам у іх развагах. Той-сёй пачаў пярэчыць. Выступаць перад моладдзю няпроста, бо гэта публіка не толькі патрабавальная, яе так і падмывае на спрэчку. З гаворкі гасцей выходзіла, што аповесць В. Бялова «Звыклая справа» лепшы твор сучаснай літаратуры. У процівагу гэтаму былі названы творы Быкава, Мележа, Шамякіна. Бакі не паразумеліся, і, магчыма, гэта спарадзіла адасобленасць. Пасля вячэры госці ў сваім нумары выпівалі адны. Я жыў па суседстве і чуў, як грымелі чаркі са звонкага шкла завода «Неман». Ішла гучная размова і гучалі вершы. Слоў не разабраць, але водгалас магутны. Тосты і вершы. Звіняць чаркі і чытаюцца вершы. Цютчаў: «Умом Росию не понять…», потым яшчэ і яшчэ. Пераваліла за поўнач, але масквічы не зважалі на час. Я нават пазайздросціў. Я таксама люблю вершы, аднак, відаць, не ў такой ступені і не з такой раскаванасцю духу. Беларус.
Хацеў пастукаць, напрасіцца ў госці, далучыцца да гэтага натхнёнага вершагаварэння, але пасаромеўся. Беларус.
Маскоўскіх паэтаў (і не толькі паэтаў) добра ведае наш Р. Бярозкін, высока ставіць Твардоўскага, Слуцкага, Ціханава, Глазкова, Святлова. Здзіўляецца вострай і нейкай нязмушанай дасціпнасці двух апошніх. Аднойчы ён чуў і расказваў мне, як Святлоў сказаў пра паэта Уладзіміра Лугаўскога: «Ён помнік, які прапіў свой п’едэстал». Са смакам цытуе Мікалая Глазкова:
Если встретишь Нефертити,
Не хватай ее за тити.
Адкуль толькі ўсё ведае!
18 снежня. Памёр Пятро Глебка. Звярнуў увагу, што на пахаванні не было ні Броўкі, ні Крапівы. Дзе яны падзеліся?
Кажуць, што чалавек пасля сябе не можа пакінуць нічога лепшага, як добры ўспамін. Здаецца, гэта менавіта такі выпадак, выпадак з Глебкам. Я запомніў колішняе выступленне П. Глебкі на адным са сходаў у Акадэміі навук, яго словы:
«Калі ў маёй памяці ўстаюць словы Багушэвіча: «Не пакідайце роднай мовы, каб не памерці», у мяне па скуры прабягае мароз. Яны гучаць, як труба архангела, што склікае на страшны суд».
Каля труны сядзела і горка плакала ўдава Ніна Іларыёнаўна. Пасля вайны яна апынулася ажно ў Германіі (сярод перамешчаных), дык Глебка з дазволу Панамарэнкі ездзіў туды за ёю, выбавіў, вярнуў. Пахавалі Глебку на Маскоўскіх могілках.
Крапіва, аказваецца, знаходзіўся ў лечкамісіі, Броўка таксама хварэе — язва страўніка.
Пра нябожчыка Глебку І. Шамякін сказаў: «У яго было вельмі хворае сэрца, а ён яшчэ і піў».
20 снежня. Купіў нарэшце (размяркоўваў прафкам) «Воспоминания и размышления» Жукава. Суха, няма побыту, нешта тоіць. На масавага чалавека глядзіць з пункта гледжання статыстыкі.
Па кінатэатрах фільм «Брыльянтавая рука».
24 снежня. «Литературная газета» піша, што ў Берліне адбыўся сумесны калёквіум пісьменнікаў ГДР і СССР на тэму «Вобраз рэвалюцыянера ў сучаснай сацыялістычнай літаратуры». Цікавы народ — рэвалюцыянеры.
Асабістага для іх нібы і не існуе. Але, з другога боку, не існавала і стрымліваючых рамак. У Леніна пра рэвалюцыянера чытаем: «Плох тот революционер, который в момент острой борьбы останавливается перед незыблемостью закона» (ПСС, т. 36, стар. 504). Недзе чуў, што па колькасці прафесіянальных рэвалюцыянераў Расіі няма роўных сярод іншых краін. Адзін з першых такіх «прафесіяналаў» — Нячаеў. Яго апраўдвае вядомы паэт Б. Слуцкі:
Нечаев… Прилепили к нему «щину»,
В истории лишили всяких прав.
А он не верил в сельскую общину,
А верил в силу. Оказалось — прав.
— Он был жесток.
— Да, был жесток. Как все.
— Он убивал.
— Не так, как все. Единожды.
Дыскусія працягваецца, пра што сведчыць берлінскі калёквіум.
25 снежня. Ёсць у апараце ЦК група рыбакоў-фанатаў: Лабун, Есьман, Шоба, Корбіт і інш., чалавек дванаццаць. Субота і нядзеля — іх «рыбныя» дні, у святы таксама на рыбалцы. Устаюць рана-раненька, гадзіны ў 3-4.
Аўтобус з базы ЦК вязе на нейкую рэчку ці азярцо. Ёсць, расказваюць, сярод іх адзін, які раніцай з бадуна пастаянна падае ў ваду. Дык яго прывязваюць за лазовы куст.
Мне б з імі, але дзеля гэтага трэба быць фанатам і на ўсё астатняе забыцца.
26 снежня. Дзень нараджэння і падарунак: устаноўка тэлефона: 4-34-37. Некалі інстытуцкі калега В. К. Зайцаў расказваў пачутае ад вядомага пісьменніка Г. Шторма — як у яго кватэры паставілі тэлефон. Аднойчы да яго з’явіўся пасыльны з запіскай: «Пазваніць па такім вось нумары». Тэлефона Г. Шторм не меў, і давялося — справа была зімой — ісці за квартал да тэлефоннай будкі. Набраў патрэбны нумар, назваў сябе, яму адказалі: «Будзеце гаварыць з таварышам Сталіным». Шторм падумаў, што гэта розыгрыш, але праз нейкі час у трубцы пачулася: «Товарищ Шторм?» — «Да-да». — «Гаварит товарищ Сталин». — Шторм справіўся з хваляваннем і дрыжачым голасам адказаў: «Слушаю, товарищ Сталин». — «Я прочитал вашу книгу об Ушакове, и у меня есть серьезные замечания». — «Слушаю, товарищ Сталин». — Шторм намацаў і дастаў з кішэні запісную кніжку і аловак, прыладзіўся запісваць. Сталін пачаў даваць заўвагі, указваць на памылкі аўтара, а Шторм, калоцячыся ад страху, занатоўваць. Сталін педантычна назваў старонку і фармуліраваў недахопы і ўпушчэнні аўтара. Ля будкі назбіралася чарга пазваніць, людзі сталі стукаць у дзверы, прыспешваць. Шторм, як мог, адбіваўся, і суразмоўца адчуў гэта: «В чем дело, товарищ Шторм?» Той растлумачыў, што ён звоніць з тэлефоннай будкі і што ля будкі назбіралася чарга. Пачуліся гудкі — гэта Сталін паклаў трубку. Пісьменнік быў у адчаі, дадому вярнуўся з самымі змрочнымі думкамі. І сапраўды, праз паўгадзіны пастукалі. З’явіліся нейкія людзі ў мангольскіх кажухах, з нейкім абсталяваннем, скруткамі кабелю, незадаволеныя («каму гэта сярод ночы спатрэбіўся тэлефон»), працягнулі па плінтусу кабель, устанавілі тэлефонны апарат, падключылі і праверылі работу. Не паспелі яны выйсці за дзверы, як тэлефон зазваніў. Пісьменніку нічога не заставалася, як падняць трубку і прыкласці да вуха.
— Продолжим, товарищ Шторм, наш разговор, — пачуў ён знаёмы голас.
У мяне, вядома, усё было не так, а інакш, прасцей. Тэлефон паставілі.
27 снежня. Абстралялі картэж з касманаўтамі. Кажуць, стралялі не ў касманаўтаў, а ў Брэжнева. Нейкі дзівак (!) страляў з двух пісталетаў. Перадало радыё «Свабода». Папалі быццам бы ў нейкага касманаўта. Шкада, калі так.
29 снежня. Пазванілі з лечкамісіі — Броўку збіраюцца аперыраваць на рак страўніка. Алена Міхайлаўна ў роспачы.
30 снежня. Новы год буду сустракаць у прыёмнай Машэрава. Упёрлі на дзяжурства як навічка. Авохці мне!
31 снежня. Атрымаў у сталоўцы, на цокальным паверсе прадукты — каньяк, ікру. Вядома, за грошы, але ў гарадскіх гастраномах гэтага не дастаць. Падкормліваюць ці прыкормліваюць? Успамінаецца верш У. Салаухіна
«Волки», радкі адтуль:
Вы тоже волками были,
Но вас прикормили…
Упершыню Салаухін публічна прачытаў гэты верш на вечары паэзіі ў Канцэртнай зале імя Чайкоўскага ў Маскве. Прысутнічалі на гэтым вечары (удалося купіць білеты) і мы з Віктарам Каваленкам. Віктар Антонавіч жахаўся смеласці аўтара.
1970
1 студзеня. У чаканні Новага года ёсць нешта стоенае, містычнае, але вось ён надышоў. Вярнуўся з дзяжурства і залёг спаць. Раблю гэты запіс ужо пад абед, калі прачнуўся. Дзяжурства доўжылася да раніцы, без нечаканасцей, у прыёмнай Машэрава. У суседнім пакоі, праз дзверы ад прыёмнай, у рабочы час, днём, сядзіць Віктар Якаўлевіч Крукаў — загадчык агульнага аддзела ЦК КПБ, першы памочнік Машэрава. Кажуць, нібыта ён патомны казак, з Дона. Машэраў для яго ўжо чацвёрты кіраўнік. Кіраўнікі змяняюцца, а ён не.
Усё ж такі дзіўна і нечакана тчэцца чалавечы лёс. Ніколі не думаў, што давядзецца знаходзіцца ажно тут. Не спаў, успамінаў. Успомніў чамусьці дзіцячы дом у Тамашоўцы, у якім працаваў у 1959 годзе, дыван у кабінеце дырэктара, падобны на барак будынак, выхаванцаў. Дзе яны цяпер — мае выхаванцы? Дзе Анатоль Сідарэвіч, які ўвесь час чысціў на кухні бульбу? Старэйшыя спіхвалі гэтую працу на малодшых, слабейшых.
1969-ты застаўся ззаду. У цэлым, можна сказаць, быў ён для мяне ўдалым. Пашырыўся жыццёвы і літаратурны вопыт. Атрымаў кватэру, хоць і са шчылінай у кутку, у покуце (свіціцца паміж блокаў), але жыць можна. Пазвоньвае час ад часу тэлефон, ёсць сябры, шмат знаёмых…
Пара ўжо было б займець гаспадыню, а то залішне доўжыцца мой халасцяцкі тэрмін. Быў бы навукоўцам, дык можна было б заставацца халасцяком, як Прашковіч. За жонку — навука. А ў цяперашнім становішчы трэба, відаць, жаніцца. З Н. Б. не сустракаюся, надта яна высокай аб сабе думкі. Ганарыстая. Месца для мяне ў яе сэрцы не знайшлося…
Прыдбаў транзістарны радыёпрыёмнік «Spidola». Бярэ «галасы». Шкада, што дом блочны, сцены тонкія, могуць пачуць суседзі. «Пільных» шмат. Ды і надта ўпарта глушаць. Глушылкі — у цэнтры Мінска, на Залатой Горцы.
Змяніў мяне пад раніцу інструктар з аддзела гандлю. Заўтра — зноў на работу.
2 студзеня. П. Броўка ў Крамлёўскай бальніцы ў Маскве. Будзем спадзявацца на лепшае. Званіў Алене Міхайлаўне.
3 студзеня. Мароз 25 градусаў са снегам і ветрам. Адвячоркам аднак мароз спаў. Замець наваліла вялікія гурбы снегу. Можна патануць.
Чытаю ваенныя мемуары С.Штэменкі «Генеральный штаб в годы войны». Лепш, чым у Жукава, больш аб’ектыўна.
6 студзеня. У «ЛіМе» надрукаваны артыкул Л. Абэцэдарскага «Заўвагі гісторыка» — пра «Гісторыю беларускай дакастрычніцкай літаратуры». Бачу ў гэтым рэцыдыў старой вульгарызатарскай крытыкі. Так і сказаў Марцэлеву, калі ён выклікаў мяне да сябе ў кабінет. Не ведаю, якія высновы ён зробіць.
7 студзеня. Адзначыў 60-гадовы юбілей Якаў Герцовіч. Пытанне аб узнагароджанні не ставілася. Пісьменнікі адносяцца да яго непрыязна. Быў выпадак, калі Я. Герцовіч напісаў адмоўную рэцэнзію на «Каласы пад сярпом тваім» У. Караткевіча (а раман выдатны!) і хацеў змясціць у «Советской Белоруссии», але справа не задалася. Цяжка зразумець пазіцыю крытыка — чаму ён гэтак робіць? І ўжо не раз.
8 студзеня. Сонечны дзень. Неба такое блакітнае, што, здаецца, і летам такога блакіту не бывае. Дзень пачаў прыкметна прыбываць.
10 студзеня. Да Лабадо — майго візаві — амаль штодня прыходзіць N. — артыст тэатра Я. Купалы, расказвае пра абстаноўку ў тэатры, дзеліцца інфармацыяй. Валерый Сяргеевіч слухае, пускае цыгарэтны дым. Курыць досыць шмат, я адчыняю дзверы, бо фортак у нас няма. З іншых тэатраў чамусьці не ходзяць.
14 студзеня. Бачу, што многія шукаюць са мной знаёмства, а магчыма, і дружбы. У тым ліку і тыя, хто раней ніякай цікавасці да мяне не праяўляў, а часам ставіўся непрыхільна, нават варожа. Чалавек павінен умець дараваць, павінен дараваць! Колькі людзей мяне крыўдзілі! Помню эпіграф да «Анны Карениной»: «Мне отмщение, и Аз воздам».
Што тычыцца мяне, дык я стараўся не рабіць нікому злога. Але і дабро часам абарочваецца злом. Не проста аддзяліць адно ад другога, як немагчыма раздзяліць рай і пекла.
17 студзеня. Я зразумеў: людзі, якія знаходзяцца ў гэтым доме, да самазабыцця любяць уладу. Бюро — гэта фікцыя. Машэраў усё вырашае аднаасобна. Адзін, хто яму ў мяккай форме можа запярэчыць, гэта Пілатовіч. Машэраў — легендарны партызан, Герой Савецкага Саюза. Пілатовіч таксама партызан. У Беларусі Машэраў на самай круцізне ўлады, але пакорліва і безагаворачна падпарадкоўваецца Маскве.
Машэраў, усе ведаюць, вельмі хутка ездзіць — не менш, як 90 км у гадзіну.
— Ездзіць — па інструкцыі зверху, — патлумачыў мне мой візаві Валерый Сяргеевіч. — Ёсць інструкцыя ЦК КПСС. Бранірованы «ЗіЛ», і меней за 90 — нельга. Мала ці што, а раптам замах?!
Галоўнае, вядома, эканоміка. Чыя яна — гэта пытанне. Рэспубліканская прамысловасць фактычна аддадзена ў саюзнае падпарадкаванне. Беларусь — зборачны цэх.
Горад жыве параўнаўча няблага, трэба падняць вёску. На сельскую гаспадарку — асаблівая ўвага. Усё большых тэмпаў набірае меліярацыя, а між тым некаторыя сцвярджаюць, што балоты патрэбны не меней, чым меліярацыя.
Словам, задачы, якія стаяць перад рэспублікай, далёка не простыя. Зрэшты, простымі яны ніколі і не былі. А палітычнае рашэнне прымаць трэба.
19 студзеня. Заходзіў на работу да мяне Якаў Герцовіч — вядомы літаратурны крытык. Скардзіўся на тое, што не ўзнагародзілі ў сувязі з юбілеем, забылі. Я яго, як мог, супакоіў. Ён слухаў. Расказваў пра некаторыя моманты з гісторыі літаратуры, пра якія я, прызнацца, не ведаў. Пачытаў верш Я. Коласа:
Нас падзялілі. Хто? Чужаніцы,
Цёмных дарог махляры.
К чорту іх межы! К д’яблу граніцы!
Нашы тут гоні, лясы!
Якаў Герцовіч — чалавек, я пераканаўся, не подлы, ён шчыра верыць у ідэалы камунізму, у палітыку партыі. Гэта засталося ў яго з 20-х гадоў. Ён камсамолец той пары. Прызнаўся, аднак, што не паважае А. Фадзеева, хоць ён даўно ўжо на тым свеце.
— Чаму?
— Бабнік. Калі ты змагар за ідэю, дык пра баб забудзь, — патлумачыў Якаў Беніцыянавіч, папраўляючы на носе акуляры.
— ?
— Адну жанчыну, якая прыйшла ў СП скардзіцца, спыталі, адкуль у цябе дзіця? Яна адказала: «Главным образом от Фадеева». Вось так.
— Што тут скажаш?
21 студзеня. У «Маладосці» натрапіў на верш А. Сербантовіча з такімі прачулымі радкамі:
Давай, алень! Давай, што ёсць!
Хай снег сцякае па каленях…
І абганяе маладосць
Старое мудрае ўменне!
Сённяшнія творчыя дэбюты маладых часта бываюць цікавейшыя і нават больш удалыя, чым у папярэднікаў. У іх сіла і непасрэднасць пачуццяў. Таленавітыя сярод маладых ёсць.
22 студзеня. «Литературная газета» прапануе правесці ў Мінску сумесна з СП Беларусі сімпозіум па творах аб рабочым класе. Аддзел даў згоду.
23 студзеня. М. Танк нядаўна вярнуўся з Англіі. Расказаў там, што ў нас вельмі папулярны Байран. Англічане дзівіліся: там Байрана даўно забылі.
Гэта вельмі цікава. Ёсць, відаць, пэўныя прычыны. Англічане даўно ўжо не рамантыкі.
24 студзеня. Субота. Па суботах хаджу ў лазню. Яна тут блізка — на велазаводзе. У лазні сваё жыццё, свае дзівацтвы. Дзівакоў на свеце шмат. Мінулым разам прыйшоў быў чалавек на падпітку (што ні ў якім разе рабіць нельга!) і з патэфонам. Распрануўся, завёў патэфон, і ўсе, хто быў у прымыльніку, пачулі «Очи черные». Затым чалавек з патэфонам накіраваўся ў парылку. Адтуль данеслася «Купите бублички». «Мае дзве насалоды, — падумаў я, — ад гарачай пары і ад мілай музыкі. І цела пацее, і душа радуецца».
Вяртаючыся з лазні, зайшоў да «Пекера» і з прыемнасцю выпіў куфаль піва. Вырашыў пазнаёміцца з дырэктарам. Ён быў якраз у сваім кабінеце. Вясёлы, зычлівы яўрэй. Узрадаваўся, калі даведаўся, што перад ім яго пастаянны кліент. Можа, калі спатрэбіцца які дэфіцыт, дык звярнуся да яго.
Дзень паступова павялічваецца.
26 студзеня. Панядзелак. Сустрэў Пілатовіча з абдзёртым тварам. Павітаўшыся вусна, без поціску рук, размінуліся. Марцэлеў, які перад сакратаром ЦК прыгінаецца, са спачуваннем сказаў, што Станіслаў Антонавіч катаўся з жонкай на лыжах і ўпаў, зачапіўшыся за куст. Нічога не зробіш, закон сусветнага прыцягнення на пасады не зважае.
27 студзеня. С. займаецца скаргай міліцыянера на пісьменніка Д. Участковы міліцыянер і Д. не паладзілі паміж сабой, і Д. паабяцаў адпомсціць. Ён вывеў у сваім апавяданні адмоўнага персанажа (міліцыянера, які бярэхабар), даўшы яму прозвішча гэтага беднага ўчастковага. Апавяданне чыталася па радыё. Пайшлі размовы. Участковы рве на сабе валасы, склаў скаргу ў ЦК, у іншыя адрасы. С. збіраецца ехаць на месца, у раён, каб супакоіць пакрыўджанага.
Жорстка з боку пісьменніка Д.
30 студзеня. Чытаў «ЛіМ», часопісы. «ЛіМ» пры новым рэдактары (Л. Прокша) не стаў горшы.
Трошкі павялічыўся, стаў даўжэйшы дзень.
1 лютага. Ідучы паркам Горкага (да Лёні), сустрэў М. Лужаніна. У даўгім кажуху, паверх абшытым даматканым сукном і ў поясе перахопленым сырамятным рэменем, з цяжкім лясным кіем у руцэ, у цёплай, глыбока насунутай на галаву, шапцы. Падмарожвала, над вачыма навісалі заінелыя бровы. Аляксандр Амвросьевіч кіўнуў на маё прывітанне. Беражэ, відаць, горла. На холадзе не пагаворыш.
3 лютага. Пісьменнік, член партбюро, генерал Аляксееў паскардзіўся сакратару партарганізацыі Кулакоўскаму на прыстарэлага Янку Маўра. Аляксееў накіраваўся да яго ўзяць партузносы, не ведаючы пра Маўравы сюрпрызы, з якімі ён часта сустракае гасцей. На гэты раз дзівак падклаў пад ножкі крэсла, у якое павінен быў апусціцца генерал, петарды. Петарды самаробныя, але бухнулі, як сапраўдныя, з дымам. Баявы генерал не ўцяміў, што адбылося, ускочыў і кінуўся ў дзверы. Гаспадар хацеў спыніць і, магчыма, павініцца, але яму гэта не ўдалося.
На наступны дзень да Маўра паслалі Карпава, былога разведчыка, які, як сказаў Кулакоўскі, лепш можа ацаніць абстаноўку. Кулакоўскі не памыліўся, Маўр партузносы-такі заплаціў.
4 лютага. На імя Пілатовіча прыйшоў ліст ад Алеся Адамовіча. Аўтар «Войны под крышами» інфармуе сакратара ЦК адносна нейкага К. Пагоцкага, які пазнаў сябе ў рамане ў персанажы Казіку Жыгоцкім і, мякка кажучы, вельмі незадаволены гэтым (даслаў скаргу ў «Беларусьфільм»).
6 лютага. Паслалі ў Маскву, у ЦК КПСС, за подпісам Пілатовіча просьбу, каб дазволілі газету «Літаратура і мастацтва» («ЛіМ»), якая выходзіла два разы на тыдзень, ператварыць у тыднёвік такой жа назвы, меншым фарматам (палавіна паласы «Праўды»). Гэта — даўняя просьба кіраўніцтва СП і рэдакцыі «ЛіМа». Папера тая ж, аб’ём захоўваецца, а магчымасцей для публікацыі літаратурных твораў (асабліва прозы, апавяданняў) болей.
Можа, адгукнуцца?
11—12 лютага. Працавала міжрэспубліканская канферэнцыя-сімпозіум «Савецкі рабочы і яго вобраз у нашай шматнацыянальнай літаратуры». З’ехаліся госці. З Варашылаўграда прыехаў пісьменнік Уладзіслаў Цітоў — без абедзвюх рук. Былы шахцёр, пакалечыўся ў выніку выбуху на шахце. Даглядае яго жонка — прыгожая маладзіца. З Вільнюса з’явіўся В. Пяткявічус — аўтар рамана «Група таварышаў». Ад «Литературной газеты» Ф. Таўрын.
Нашы: Пестрак, Спрынчан, Карпюк, Маўзон, Мыслівец. Прысутнічаў дырэктар маторнага завода У. Ражкоў.
Мелі месца абмеркаванне, спрэчкі. І. Шамякін, адкрываючы сімпозіум, сказаў: «У Мінску ў восем разоў павялічылася насельніцтва ў параўнанні з даваенным, разоў у пяць павялічылася колькасць пісьменнікаў, якія жывуць толькі ў Мінску, не кажучы ўжо пра тых, што жывуць у іншых гарадах. Але колькасць твораў, на жаль, не вырасла. А галоўнае, яшчэ болей марудна растуць мастацкія вартасці твораў на тэму пра рабочы клас у параўнанні з творамі на іншыя тэмы — тэмы вясковыя, тэмы нашай гісторыі, на тэмы баявых подзвігаў нашага народа». Мне цікава было паслухаць Пестрака, старога камуніста-капэзэбаўца. Я таксама паспеў запісаць некалькі яго думак:
«Пра мараль і эстэтыку. Адчуваецца, што ў гэтым сэнсе сярод новага пакалення ламанне нейкае адбываецца, няма ўстойлівых норм паводзін. Адчуваецца ігнараванне старых норм. Але ж яно, новае пакаленне, будзе будаваць камунізм ужо ў складанейшых дасягненнях тэхнікі і навукі… Ключ да ўсяго, зразумела, асвета, адукацыя, якія штурхаюць новых людзей у яшчэ нязведаныя нетры агульнанароднага руху…»
Выступаў У. Юрэвіч. Ён прыхільнік таго, каб аднолькавую ўвагу удзяляць — гораду і вёсцы, 50 на 50.
Не ўтрымаўся, выйшаў да трыбуны Аляксей Карпюк, стаў казаць пра непарадак у сваім Гродне, пра, як ён сказаў, «хлеб на асфальце». Гараджане не шануюць хлеб, не даражаць харчамі, выкідаюць на сметнік харчовыя адыходы. Пяць тысяч тон харчовых адыходаў у год — паводле яго падлікаў — ідзе на сметнік!
Нехта гукнуў:
— Не па тэме гаворыш!
Прамоўца сумеўся і тут жа скончыў заклікам як найхутчэй вырашыць гэту праблему. Такім людзям, як Карпюк, па менталітэце наканавана змагацца. Змаганне — самы, відаць, глыбінны сэнс яго жыцця. Загану ён знойдзе ўсюды і ў кожным.
Пра многае гаварыў В. Пяткявічус, у прыватнасці, ён зазначыў: «Камсамол зжыў сябе як арганізацыя моладзі». Гэта было нечакана для ўсіх.
Выступалі яшчэ. Госць з Варашылаўграда У. А. Цітоў сказаў літаральна так: «Меня интересует такой аспект. Почему мы сидим здесь за этим столом на этом симпозиуме и говорим о токарях, слесарях, шахтерах, т. е. тех, кто стоит у станков, кто добывает этот уголь, а не сами стоим у станков и в шахтах, где добывается уголь?..» Пагадзіліся ўсё ж такі на тым, што адной тэхналогіі для пісьменніка мала, што за тэхналогіяй павінна быць чалавечая душа.
Вынікі гаворкі дыпламатычна падвёў Янка Брыль. «Искусство, — напомніў ён словы Л. М. Талстога, — есть микроскоп, который наводит художник на тайны своей души и показывает эти общие всем тайны людям». Але як адшукаць гэтыя «тайны» ў вытворча-тэхнічным працэсе, у бразгаце жалеза — няясна. Ясна адно: каб праца была не проста вытворчай тэмай, а паказвалася, асэнсоўвалася шырэй — як быццё, дзеянне. Да гэтага калісьці заклікаў Горкі.
Трэба, кажучы інакш, каб у абсягах рабочай тэмы чалавек выступаў не проста як носьбіт пэўных (хай сабе і дадатных) якасцей — вытворчых, маральных, эстэтычных і інш., гэта значыць, спрошчана, схематычна, а як істота цэласная.
17 лютага. К. Кірэенка на вечары ў СП расказваў пра сваю паездку ў ЗША ў складзе беларускай дэлегацыі на Генеральную Асамблею ААН. Адчуваецца, што ад класавых пазіцый не адхіляўся.
25 лютага. Сонца і мароз. Пяць градусаў. У бібліятэцы (на цокальным паверсе) узяў раман Дастаеўскага «Братья Карамазовы». У студэнцкую пару прачытаў спехам, рыхтуючыся да экзаменаў. Пачытаю больш уважліва.
27 лютага. А прыемна вярнуцца пасля работы, вечарам, дадому, дахаты, у цёплую, нягледзячы на шчыліну ў куце, кватэру. Гэта нават арыгінальна, непрывычна: праз шчыліну бачу снег, але цёпла, топяць апантана, як у тым варшаўскім публічным доме. Помню шарж у «Шпільках». Такіх «дамоў» цяпер у сацыялістычнай Варшаве быццам бы і няма, але на малюнку прастытутка крычыць уніз качагару: «Перастаньце тапіць! Партнёры пацеюць і выкоўзваюцца з рук!»
1 сакавіка. П. Броўку прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР імя Я. Купалы за 1969 г. за кнігі «Заўсёды з Леніным» і «Між чырвоных рабін».
У галіне журналістыкі прэмію атрымала Вера Палтаран за зборнік нарысаў «Ключы ад Сезама». За гэтую прэмію стаяў я. Гэта жывая нарысавасць, пазначаная жыццёвасцю сваіх вытокаў і творчым неспакоем. Добрая мова.
3 сакавіка. У «ЛіМе» змешчаны «Адказ гісторыку» навуковых супрацоўнікаў Інстытута літаратуры імя Я. Купалы. Правільна робяць мае калегі, што адбіваюцца, ставяць хулігана на месца.
6 сакавіка. Пятніца, але ва ўсю ішла падрыхтоўка да жаночага свята 8 Сакавіка. Куплялі кветкі, цукеркі, гарэлку (па адной бутэльцы). Ва ўсіх установах вечары, шмат афіцыйных дакладаў пра роўнасць савецкай жанчыны з мужчынай. «У нас дэмакратыя, — з гонарам гавораць дакладчыкі, — мужчына і жанчына роўныя, дыскрымінацыі няма». Але, думаю, роўнасць — гэта не толькі палёгка, але і цяжар, асабліва для жанчыны.
8 сакавіка. Заходзіў Юзік Скурко, чытаў новыя вершы. Відаць, цяжка яны яму даюцца. Лепш выходзяць вершы сюжэтныя. Вось на іх і трэба звярнуць увагу.
Выйшлі пагуляць. На тратуары шмат вераб’ёў. Надта не ладзяць паміж сабой, б’юцца, ажно пух ляціць. Верабей — птушка патрэбная. Кітайцы — разумныя, здавалася б, людзі — знішчылі сваіх вераб’ёў, а цяпер купляюць за мяжой.
9 сакавіка. Нядзеля. Чытаў «Братьев Карамазовых». Тыпы арыгінальныя да неверагоднасці. Савецкая літаратура і крытыка пакінулі мастацкі вопыт Дастаеўскага ўбаку, хаця час ад часу згадваюць. У 30-я гады толькі ў адмоўным плане. Вядомы крытык В. Шклоўскі абвясціў: «Дастаеўскага нельга зразумець па-за рэвалюцыяй і нельга зразумець інакш, як здрадніка». Гэта было ў 1934 г., на Першым Усесаюзным з’ездзе савецкіх пісьменнікаў. Сёння ўсталяваўся іншы погляд на Дастаеўскага — як на тонкага псіхолага і гуманіста, які праўдзіва адлюстраваў сацыяльныя кантрасты свайго часу, сутыкненні яскравых і самабытных рускіх характараў і страсныя пошукі чалавечай і грамадскай гармоніі.
Дастаеўскі ўплываў на творчасць многіх пісьменнікаў, у тым ліку, думаю, і на беларускіх. Прыхільнік гэтай думкі — Алесь Адамовіч.
12 сакавіка. Старшыня СП М. Танк, сакратары І. Шамякін, І. Мележ, Я. Брыль, П. Панчанка, М. Ткачоў у С. Пілатовіча. Гаворка пра новы Дом пісьменніка, пра аб’яднаны пленум творчых саюзаў рэспублікі, прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння Леніна.
Пастаўлена задача, каб вобраз правадыра, «самага чалавечнага чалавека», удасканальваць і ўзвышаць. Старыя шаблоны сёння не пераконваюць, трэба новыя падыходы.
Пілатовіч незадаволены, што ролю Леніна ў нейкім тэатры даручылі акцёру па прозвішчы Трус. Дык што рабіць беднаму акцёру? Мяняць прозвішча?
Гаворка пра Аляксея Карпюка. Маюць, відаць, здымаць яго з пасады сакратара Гродзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў. Танк спрабаваў бараніць Карпюка, успамінаў маладосць, сваё выступленне ў Віленскім універсітэце (пры Польшчы), калі камсамольцы, у тым ліку і Аляксей Карпюк, ахоўвалі яго ад хуліганаў, знаходжанне ў партызанах, нешта яшчэ. Пілатовіч на гэта нічога не адказаў, прамаўчаў. У рэзюмэ ён зазначыў:
«Я думаю, такая арганізацыя, як Саюз пісьменнікаў, павінна лічыць для сябе не толькі магчымым, але і абавязковым выйсці за рамкі сваіх унутраных пытанняў і займацца пытаннямі рэспублікі ў цэлым і пытаннямі больш шырокімі, чым яны сёння разглядаюцца. Бо гэта самая кваліфікаваная з усіх творчых партыйных арганізацый краіны, гэта бясспрэчна, і ні ў кога не можа быць якіх-небудзь крыўд, ні ў мастакоў, ні ў кампазітараў, ні ў кога іншага. Вось мы хацелі гэта пачуць.
Нам бы хацелася, таварышы, мы б жадалі, каб нашы просьбы і задачы, якія ставіць Цэнтральны Камітэт перад пісьменнікамі, і крытыка наша, якая была і на пленуме, — яна дайшла да вас, — я хачу падкрэсліць, што яна была добрасумленнай, добразычлівай, таварыскай, — былі б вам зразумелы. Мы будзем гаварыць аб станоўчых баках літаратуры і аб недахопах яе. І вы не павінны крыўдзіцца…»
Пакрыўдзіўся А. Кулакоўскі за тое, што яго, сакратара партарганізацыі, не запрасілі на гэтую сустрэчу.
Забыў яшчэ адну дэталь: Пілатовіч настаяў, каб у Саюз пісьменнікаў быў прыняты Гаўрыла Шутэнка. Гэта — паэт, піша вершы (даволі слабыя), былы танкіст, інвалід.
14 сакавіка. Сонца ўсё вышэй і вышэй, але часам яшчэ валіць буйны снег. На дрэвах — шэрань.
18 сакавіка. Памёр Анатоль Сербантовіч. На пахаванні, калі труну паставілі ў Саюзе пісьменнікаў, вельмі галасілі сёстры. Заўчасна памёр. Малады і таленавіты. Кулакоўскі спрабаваў суняць жанчын, але Алесь Асіпенка спыніў яго: «Гора, братка, трэба выплакаць». Шкада, вельмі шкада Толю, сэрца праткнуў востры боль…
22 сакавіка. Добрая нядзельная раніца. Сонца. Цішыня. Усё навокал як бы чагосьці чакае. На прыпынку раніцой шмат народу. Усе — на працу.
Распусціліся дрэвы, але гэта не радуе майго суседа па паверсе Якава Лукіча. «Сакавік зялёны — ураджай благі», — кажа ён. Якаў Лукіч — чалавек прыязны, камунікабельны. Неяк расказаў пра сябе, пра тое, як цяжка скадвалася жыццё — яго і жонкі. Жонка яго Станіслава Францаўна да вайны, дзяўчынай, займалася ў клубе імя Чкалава, захаплялася парашутным спортам, а за адно вучылася і на радыстку. Аднак не думала, што лёс складзецца менавіта так: у 41-м годзе, вясною, яе выкінулі з парашутам і рацыяй на тэрыторыю Польшчы, на поўдзень ад Варшавы, а неўзабаве Германія напала на СССР, пачалася вайна, а ў Станіславы Францаўны сапсавалася рацыя. Усю вайну маўчала. Аб’явілася толькі пасля вызвалення Польшчы. Ну, вядома, пасадзілі. З лагера дапамог выбавіцца Якаў Лукіч, які, відаць, не пераставаў кахаць сваю «парашутыстку».
Бачу часам Станіславу Францаўну. Яшчэ не старая, бадзёрая і вясёлая.
23 сакавіка. З ЦК КПСС прыйшоў дазвол на выданне тыднёвіка «Літаратура і мастацтва».
Л. Прокша дужа рады.
Вечарам, калі ішоў дадому, лёталі гракі — гэта ў іх любоўныя гульні. Сядаюць на бярозу і спарваюцца. Нейкая пара на самай вершаліне майструе гняздо, ён і яна нястомна носяць і складаюць сухія галінкі. Гняздо прыкметна чарнее на фоне неба.
26 сакавіка. Адбыўся пленум творчых саюзаў Беларусі. Ад ЦК КПБ выступаў С. Пілатовіч. Падкрэсліў ленінскія прынцыпы нашай літаратуры і мастацтва: ідэйнасць, партыйнасць, народнасць, ад якіх адступаць нельга.
Было шмат выступоўцаў, усе хвалілі Леніна.
Дзіўлюся і не разумею, чаму пра Леніна гэтак дрэнна пісалі такія пісьменнікі, як Андрэеў, Купрын, Горкі, Бунін і многія іншыя, у тым ліку і наш Бядуля. Потым, відаць, калаціўся ад страху.
28 сакавіка. Прыехаў Ян Гушча. Сустракалі яго Я. Брыль і П. Макаль. Гушча — вядомы польскі паэт і перакладчык, жыве ў Лодзі.
29 сакавіка. Заходзілі ў госці Сцяпан Міско і Рыгор Барадулін. Рыгор здаў у выдавецтва новы зборнік — «Вяртанне ў першы снег». Назва якая — барадулінская! Ужо пра адну назву можна напісаць цэлае даследаванне.
Пагаварылі, выпілі па чарцы кан’яку, закусілі цукеркамі. У каробцы іх было не шмат, і яна хутка апусцела. На дне каробкі Барадулін напісаў, дастаўшы з кішэні аўтаручку:
Я не аматар
хітрых кодаў,
Адкрыты тэкст
даю ў эфір:
«Не знайся з сумам,
Гніламёдаў,
Харошы друг Уладзімір!»
Рыгор. 29.III.70 г.
Я, прызнаюся, крыху вінаваты перад ім. Калісьці, яшчэ маладым, напісаў даволі крытычную рэцэнзію пад назвай «Вобразы і мікравобразы» на яго кнігу «Нагбом» (1963). Бярозкін потым мяне дакараў, а паэт пакрыўдзіўся. Але цяпер, здаецца, адносіны аднавіліся. З людзьмі трэба ладзіць.