30 сакавіка. Дазнаўся, што ўчора, у нядзелю, адбылася аўтамабільная катастрофа. На скрыжаванні Ленінскага праспекта і вуліцы Энгельса. Пілатовіч, Р. Кісялёў і члены камітэта па Ленінскіх прэміях, што прыязджалі на агляд Хатыні і цяпер вярталіся на вакзал да поезда, відаць, спяшаліся. У «Чайку» ўрэзаўся ваенны «ЗіЛ». «Чайка» разбілася ў ляпёшку, пасажыраў выкінула на брук. М., які ехаў на «Волзе» за «Чайкай», бачыў, як у яе з усёй моцы ўдарыў «ЗіЛ»: «Як у амерыканскім баевіку, — жахаючыся, расказваў ён дрыжачым голасам, — «Чайка» паднялася ў паветра і павольна паплыла, то ўверх калёсамі, то ўніз, пакуль не асела на тратуары». М. кінуўся ратаваць Пілатовіча. Р. Кісялёва і астатніх падабралі і адвезлі ў другую чаргу. Цяпер усе ў лечкамісіі. Як жа будзем без начальніка? Надта шкада Станіслава Антонавіча.

31 сакавіка. Усе ў аддзеле без настрою. Шкада Станіслава Антонавіча. Хай бы хутчэй паправіўся.

1 красавіка. Дзень падманаў, ці, як яшчэ кажуць, дзень дурняў. Ведаеш, але ўсё роўна трапляеш у непамыснае становішча.

7 красавіка. Ноччу зноў грымела і па небе сягала маланка. Аднак хораша ўзыходзіла сонца, нагадаўшы мне раман Кулакоўскага з аднайменнай назвай. Удзень было 13 градусаў цяпла. Многія паздымалі верхняе адзенне, абыходзяцца пінжакамі. Вясна — ранняя.

Замест газеты «Літаратура і мастацтва» выходзіць тыднёвік і выглядае больш па-сучаснаму.

10 красавіка. Камусьці з сакратароў ці іх сямейнікаў не падышоў дыяганалевы плашч, узяты на гандлёвай базе. Машэраўскі целаахоўнік Вася (па забеспячэнні) прычапіўся да мяне (мусіць, яму здалося, што я па фігуры якраз пад гэты плашч падыходжу):

— Бяры!

Выйшлі з кабінета ў самы канец калідора, каля ліфта. Я прымераў. У плячах плашч быў вузкі.

— Вузкі, — канстатаваў я.

— Чаму вузкі?

— Бо не на мяне шыты.

— А чаму дзярзіш? Як фамілія? — Яго твар зрабіўся злосным і грозным.

— Пры чым тут фамілія?

— Так чаму не бярэш? Ну, ладна! — сказаў ён і адстаў.

Хай нясе назад, дзе браў.

12 красавіка. Дзень касманаўтыкі. Помню 1961 год, калі паляцеў Ю. Гагарын. Я тады служыў у арміі. Роту паставілі на плацу, на «смірна», і камандзір віншаваў. У асваенні космасу мы адзін час перагналі былі ЗША, а цяпер не інакш, як даганяем.

15 красавіка. Добра сядзець у цёплым кабінеце, бо за вокнамі дождж са снегам. А зусім нядаўна было трынаццаць градусаў цяпла. Надвор’е — як само жыццё.

Працуем над дакладам П. М. Машэрава да 100-годдзя з дня нараджэння У. І. Леніна.

16 красавіка. Усе работнікі нашага аддзела атрымалі медаль «За доблестный труд. В ознаменование 100-летия со дня рождения В. И. Ленина». Уручаў загадчык аддзела. Мне не дасталося. «Молодой, — сказаў Парватаў, — у вас всё ещё впереди». Я не пярэчыў. Маю медаль «За освоение целинных земель». Ну і што?

18 красавіка. Суботнік. Зноў на бетонных работах. Рабілі пляцоўку пад новы цэх на МТЗ. Зноў чарга самазвалаў з вадкім бетонам. У рамане М. Шагінян «Гідрацэнтраль» будаўнікі Ленінабуда, апантаныя лозунгам «Даёшь пятилетку в четыре года», працуюць з прыпеўкамі:

Петух кричит: ку-ка-ре-ку!

А мы кричим — даешь кирку!

Мы моўчкі завіхаемся з бетонам.

— Заморышся пыл глытаць, — паскардзіўся Валерый Сяргеевіч, калі ішлі на абед.

Дзіва што! Апроч алоўка, нічога ў руцэ не трымаўшы.

Дамоў пусцілі ў другой палавіне дня, пачуваў сябе змораным. Калега Лабун ходзіць сагнуўшыся. Чую, нешта і мне закалола ў пахвіне. Што гэта можа быць? Але нічога. Даўняя ісціна: што не забівае — робіць нас мацнейшымі.

20 красавіка. Недзе ўжо год, як я тут. А як там Інстытут літаратуры? Часам сумую. Цікавыя ўсё ж такі там людзі — Н. Перкін, М. Грынчык, А. Адамовіч, А. Коршунаў…

24 красавіка. Урачыстае пасяджэнне ў Палацы спорту, прысвечанае 100-годдзю з дня нараджэння У. І. Леніна. Даклад П. М. Машэрава. Шматлюдна. Пасля даклада — урадавы канцэрт. Спецыяліст па ўрадавых канцэртах — намзагаддзела Я. Б. Парватаў. Калі рыхтуюць урадавы канцэрт, ён заўсёды прысутнічае на здачы. Задача яго, як ён сам кажа, «шчакатлівая». Усякае можа здарыцца. Паводле яго слоў, у Маскве пры Сталіне такія абавязкі выконваў Храпчанка. Калі ў Вялікім тэатры — было гэта пасля вайны — ставілі оперу «Барыс Гадуноў», паўстала пытанне са славутай сцэнай «У Кромах». Да рэвалюцыі яе ставілі, але ж гэта было да рэвалюцыі. Храпчанка як начальнік Камітэта па справах мастацтваў звярнуўся ў ЦК: ставіць «У Кромах» ці не ставіць. Справу разглядалі на Палітбюро. Пасля таго, як Жданаў далажыў, пра што ідзе гаворка, усе доўга маўчалі, чакалі, як Сталін. І той, вытрымаўшы паўзу, абвясціў:

— Сцэну «У Кромах» паставіць, Храпчанку — пасадзіць!

Тут жа двое малойцаў схапілі Міхаіла Барысавіча пад рукі і пацягнулі з залы. І тут здарылася нешта нечаканае і неверагоднае: Міхаіл Барысавіч высока задраў галаву і гарлавым голасам, як певень, закукарэкаў: «Ку-ка-рэку!!!» Палічылі, што чалавек звар’яцеў. Такім чынам Храпчанка пазбег Гулагу і трапіў у псіхбальніцу.

На думку правадыра, ён праявіў палітычную тупасць, не ўцяміў патрабаванні «моманту». А момант быў такі, што сцэну «У Кромах» трэба было ставіць.

27 красавіка. Цёпла. Гняздо на бярозе атулілася зялёнай лісцвяной наміткай, за лісцем яго і не відаць. Але не чуваць пчол. Ёсць прыкмета: «У красавіку не лётаюць пчолы — спадзявайся халадоў і слаты». А можа, іх патравілі гербіцыдамі?

28 красавіка. Размова з Міколам Ткачовым, аўтарам схематызаванага рамана «Згуртаванасць» і цудоўнага апавядання «Краіна Цыганія». Ён часта курыць і лыпае вачыма. Не то ад здзіўлення, не то ад страху. Але збянтэжаным я яго не бачыў. Я з прыхільнасцю стаўлюся да Міколы Гаўрылавіча.

— Нешта я даўно ўжо нічога вашага не чытаў.

— Пішу… — Ён паглядзеў на мяне, нібы выпрабоўваючы.

Партыйныя ідэолагі не любяць, калі пісьменнік піша «не так», але і не любяць, калі ён наогул маўчыць. Гэта насцярожвае. Падумаць, дык яно і сапраўды, калі пісьменнік маўчыць, ён фактычна выпадае з-пад крытыкі, яго ўжо «не дастаць».

Каб супакоіць, я сказаў:

— Але ж вам хапае клопату і па Саюзу пісьменнікаў.

Міколава мянушка ў Саюзе пісьменнікаў — «Руды».

29 красавіка. Атрымаў і я медаль «За доблестный труд. В ознаменование 100-летия со дня рождения В. И. Ленина». Відаць, аказаліся лішнія. Але дзякуй!

30 красавіка. Атрымаў у размеркавальніку прадукты. Даюць — бяры, б’юць — уцякай. Але, калі што, не надта і ўцячэш.

Настрой — перадсвяточны.

1 мая. Быў на дэманстрацыі працоўных. Пісьменнікаў на гэты раз не выпускалі. Можа, гэта і да лепшага. А дзень цёплы, сонечны. Пра такі час кажуць: ласкавы май. На гасцявой трыбуне ўгледзеў сакратара партарганізацыі СП А. Кулакоўскага. Павіталіся.

Быў у гасцях у брата Лёні. Пасля дэманстрацыі народ выпівае сваю «законную» першамайскую чарку.

6 мая. Па старых традыцыях сёння Юр’я. На Юр’я мы, пастушкамі, выганялі на пашу кароў, на Панскае. Рана даводзілася ўставаць — гадзін у шэсць, калі гаспадыні падояць кароў.

8 мая. На вуліцы, як звычайна ў гэты дзень, шмат людзей. З медалямі, ордэнамі, стракатымі значкамі. Некаторыя ўжо на падпітку. Хто яны — героі? Хутчэй тыя, каму пашанцавала. Але я не супраць, каб іх называлі героямі. Сустрэў вечарам на праспекце Бярозкіна, ён прыкметна хвалюецца, курыць адну папяросу за другой, свой «Беламор». Павіншаваў яго з надыходзячым святам. У яго, ведаю, шмат узнагарод, ордэны Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны, але чамусьці не пачапіў. Можа, пачэпіць заўтра? Прайшоў вайну ад пачатку да Берліна.

9 мая. Святкавалі свята Перамогі. Гулянні, аркестры, песні, перапоўненыя кафэ і рэстараны.

Франтавікі, хто прайшоў само пекла вайны, неахвотна яго ўспамінаюць.

12 мая. Збіраюцца цвісці каштаны — не дазваляюць пакуль што халады.

Тэмпература паветра раптам апусцілася да сямі градусаў. «Халады на першацвет», як кажа Г. Далідовіч, які выпусціў кнігу прозы з такой назвай. 13 мая. На пасяджэнні секцыі прозы абмяркоўваліся раманы Л. Арабей «Іскры ў папялішчы» і Уладзіміра Карпава «Сотая маладосць». З разглядам гэтых твораў выступіў П. Пестрак. Успомніў, «для затраўкі» патрабаванне А. М. Горкага: «Писатель обязан смотреть на своих героев именно как на живых людей, а живыми они у него выйдут, если он в любом из них найдет, отметит и подчеркнет характерную, оригинальную особенность языка, жеста, фигуры, лица, улыбки, игры глаз и т. д. Отмечая всё это, литератор помогает читателю лучше видеть и чувствовать то, что им, литератором, отражено. Людей совершенно одинаковых нет, у каждого есть нечто своё — и внешнее, и внутреннее». Калі ідэя выказана ў творы абстрактна, калі агульнаму не адпавядае індывідуальнае і бракуе жывых чалавечых вобразаў і фарбаў жыцця, такі твор наўрад ці закране струны чалавечага сэрца. Тады можна гаварыць пра брак мастацкасці. Гэта Піліп Сямёнавіч «выразна», як ён сказаў, бачыць і ў адным рамане, і ў другім.

Ён адзначыў, што аўтары часам залішнюю ўвагу надаюць паказу побыту і забываюць на больш важныя рэчы. Як водзіцца, напомніў, што ў пісьменніка шмат абавязкаў перад народам, пра якія мы недаравальна забываем. Не паспеў скончыць свой даклад, як выступіў Карпаў з крыкам: «Гэта не даклад, а брэд маразматыка!..» Раманы У. Карпава схематычныя — Пестрак так пра іх і сказаў, дадаўшы сваё фірменнае: «Замест павярхоўнасці трэба шукаць глыбіню!»

Пестрака бараніла Вера Палтаран — жанчына з яскрава выражаным пачуццём спагадлівасці і справядлівасці. Калісьці яна падтрымала Івана Ралько, якога ў такой жа сітуацыі адправілі «ў накаўт», а цяпер вось — магло быць — і Пестрака. Апроч Палтаран, выступілі А. Асіпенка, І. Мележ, Я. Герцовіч.

Паміж некаторымі пісьменнікамі, паводле маіх назіранняў, існуе лютая злоба. Я гэта бачу, але гаварыць не хочацца. Непрыемна. І ўвогуле, кожны імкнецца цягнуць коўдру на сябе, ажно рвуць яе на часткі і лаюцца між сабой. Нават былыя рэпрэсіраваныя — людзі адной долі, якія столькі перажылі, не сябруюць паміж сабой і не цікавыя адзін другому. Успамінаюць, хто кім быў у «зоне», па той бок калючага дроту.

14 мая. Наперадзе — лета, а я павінен сядзець у гэтых мурах. Кожнага дня — пры гальштуку. Тут усе пры гальштуках, нават паштальён Саламон (яго кабінет у цокальным паверсе). Цікава, што было б, калі б прыйшоў на работубез гальштука?

21 мая. Цвітуць сады, але хмурна. Прашумела першая навальніца, непаўторная, як і першы снег.

Званілі з Брэста бацька з дзедам Лявонам. Дзядуля прасіў прыслаць гумовыя боты, старыя парваліся. Трэба будзе пашукаць па магазінах.

26 мая. Пілатовіч ужо збольшага ачуняў, і Марцэлеў носіць яму ў палату паперы. Добра гэта ці не? Мне здаецца, не надта. Але такі партыйны стыль — не пакідаць «паста». А папераў шмат.

1 чэрвеня. Пачалося лета. На досвітку спявалі салаўі. Ездзіў з Іосіфам Скурко электрычкай на Мінскае мора. Шмат сонца і тых, хто гераічна, да чарнаты, загарае. Пляжы густа ўсцелены людзьмі ў плаўках і купальніках.

Выкупаліся і мы.

Хтосьці ўтапіўся, шукалі аквалангісты.

2 чэрвеня. Панядзелак. Зноў на працы. Вечарам, як звычайна, дома. Шкада, што няма тэлевізара.

Знайшоў і купіў нарэшце гумовыя боты 42-га памеру. На пошце паклалі ў папяровы мяшок, на якім напісаў адрас. «Дойдзе!» — пасміхнулася паштарка.

8 чэрвеня. Трагічна загінуў у шахце ў Салігорску малады паэт Леанід Якубовіч. Зусім яшчэ малады, добры і зычлівы. Смерць у такім узросце — трагедыя.

12 чэрвеня. 70-гадоў — знакамітаму М. Забэйду-Суміцкаму. Гады дватры назад ён прыязджаў у Мінск, даваў канцэрт у зале кансерваторыі. Спяваў пад акампанемент «Дудку» і іншыя песні і арыі. Часам каменціраваў творы, якія выконваў, гутарыў з публікай. Побач са мной сядзелі Сцяпан Міско, Арсень Ліс, Алесь Яскевіч, Рыгор Піўтарак, хтосьці яшчэ. Крыху далей — Алесь Бачыла.

На канцэрце прысутнічаў Максім Танк — сябар Забэйды па міжваеннай Заходняй Беларусі. Прысвяціў яму верш. Была надзея, што Забэйда-Суміцкі пераедзе з Прагі, дзе ён жыве, у Мінск, але яна не здзейснілася. Родны дом для эмігрантаў чужы.

22 чэрвеня. Самы доўгі дзень. У гэты дзень пачалася вайна, і той час я выразна помню. Рухаўся праз Кругель нямецкі абоз. Паілі коней. У нас каля калодзежа даспелі прыгожыя буйныя вішні. Салдаты, не маючы часу стаяць і абіраць, дасталі з воза сякеру, ссеклі вішню і, прычапіўшы да воза, павалаклі з сабой. Мы толькі моўчкі пазіралі, страшна было штосьці сказаць.

23 чэрвеня. У тэатры імя Я. Купалы адбыўся ўрачысты вечар, прысвечаны 70-годдзю з дня нараджэння Кузьмы Чорнага. Пачынаў ён у 20-я гады. Цікавая пара! Гэта быў час бурнага росту маладой беларускай савецкай літаратуры, якая шпарка назапашвала жыццёвыя веды, мастацкае майстэрства, грамадзянскую сталасць. Я. Купала і Я. Колас, М. Гарэцкі і З. Бядуля, М. Лынькоў і К. Крапіва, М. Зарэцкі і П. Галавач, П. Броўка і П. Глебка, М. Лужанін і А. Александровіч і многія іншыя разам з К. Чорным былі сведкамі і актыўнейшымі ўдзельнікамі велічнага працэсу абуджэння і пераўтварэння жыцця, які ахапіў усю краіну, увесь народ.

«…Я думаю, — казаў Я. Брыль, — што К. Чорны настолькі ведаў тую зямлю, пра якую пісаў, што ён мог кожную грудку яе пазнаць навобмацак, кожнага жаваранка ці вераб’я назваць па імені ды па бацьку». Гэта «веданне» адбілася літаральна на ўсіх творах пісьменніка, які паслядоўна ўзнімаў у іх тэму сучаснасці.

Рэгіянальны каларыт у яго ўзмацняюць асаблівасці мясцовай гаворкі. У К. Чорнага шмат было гэтага рэгіянальнага, зямнога, свежага, сакавітага, пра што згадаў А. Бялевіч у сваіх успамінах:

«Хораша цяпер у полі, — гаварыў Кузьма Чорны. — Не забыўся. Калі ідзеш за плугам, у свежай баразне халадок пад босымі нагамі, прыемна пахнуць свежыя скібы. Любата… Або сенакос. Вельмі люблю. Сонцам, ветрам, чмяліным мёдам пахне ў пракосах ужо трошкі завялае, падсушанае сена. Дакосішся да ручаінкі, да крыніцы, а там вада чыстая, халодная, а ты сасмяг, прыляжаш напіцца, а халадок той крыніцы ўсяго цябе асвяжае. Паменціш касу і пайшоў свістаць, рэзаць: жых, жых!.. Музыка, браце. Музыка працы! — Кузьма Чорны задумаўся, закурыў, пачаў далей разгортваць сваю думку: — Ты панюхай паху на таку, водару ў бары, руку пагрэй зімою аб свежаспілаваны цёплы пень у лесе, ад вугалю ў кузні прыкуры, гэблікам дошку абгаблюй… Тады, як той казаў, чалавекам будзеш. Я тады добра зразумеў мудрага дзядзьку Кузьму: ён хацеў накіраваць мяне на тэмы жыцця і працы, хацеў каб пісаў я не толькі пра журавоў, буслоў, пра вербы і краскі, а каб ярчэй, паўней паказваў людзей працы, іх нялёгкія працоўныя будні, іх радасці, клопаты, смутак.

З той далёкай вясны, як светлы Першамай, увайшоў у маё сэрца добры дзядзька Кузьма».

А. Бялевіч разумее Чорнага недзе толькі напалавіну, тут яўны эмацыянальны перабор… У 20-я гады беларускія пісьменнікі шмат і ўважліва чыталі Гамсуна. Ц. Гартны нават свой раман «Сокі цаліны» назваў пад уплывам гамсунаўскага «Сокі зямлі». Маладой беларускай прозе даводзілася ставіць і вырашаць мастацкія задачы ўпоравень з літаратурамі сталымі.

Чорны быў добра знаёмы з праблематыкай Дастаеўскага.

27 чэрвеня. Сенакосная пара. Калісьці, працуючы ў Інстытуце літаратуры, браў адпачынак і ехаў у гэты час у Кругель, дапамагаў калгасу на сенаўборцы. Касы не цягнуў, але вазіў сена, складаў у стог, сустракаўся з хлопцамі-равеснікамі. Параскідала нас жыццё па ўсім СССР.

Цяпер сабе такое не дазволіш, сядзіш, як у клетцы. Уключыў радыёкропку. Перадавалі раманс на словы Купалы «Шумныя бярозы»:

Ой, пайду я ў поле,

Як бы на вайну,

Шукаючы волю,

Шаблячкай махну…

Гэты раманс заўсёды мяне хвалюе. Хто напісаў музыку?

30 чэрвеня. Бязвоблачнае неба. Соладка пахне ліпавая квецень. Ліпавых алеяў у Мінску шмат. Дзякуй тым, хто па вайне аднаўляў горад, садзіў дрэвы. Залішне, хіба што, насадзілі таполяў. Дрэва як дрэва, хутка расце (на гэтаі спадзяваліся тыя, хто садзіў), але ў чэрвені тапалінае семя — пух забівае дых. Успамінаюцца радкі Б. Пастэрнака:

Кругом семенящейся ватой,

Подхваченный ветром с аллей,

Гуляет, как призрак разврата,

Пушистый ватин тополей.

Мне ўсё цікава, мусіць, таму, што і я крыху пісьменнік.

1 ліпеня. У апошнім нумары часопіса «Вопросы литературы» артыкул А. Зверава пра сучаснага амерыканскага паэта і крытыка Эзра Паўнда, якога, на мой погляд, можна лічыць супермадэрністам. Да гэтага ў савецкім друку пра яго нічога не гаварылася, апроч кароткай інфармацыі ў КЛЭ (6-ты т.). А. Звераў цытуе ліст Э. Паўнда паэту Уільямсу. Вось погляд Э. Паўнда на сучасную літаратуру:

«Вось спіс тэм, якія я і 900 000 000 іншых абыгрывалі да бясконцасці:

1. Вясна — цудоўная пара года. Кветкі і інш., і інш., распускаюцца, цвітуць

і інш., і інш.

2. Юнак марыць. Яго мары лёгкія, сумныя, вясёлыя і інш., і інш.

3. Каханне, яго чароўнае трымценне. Невымоўнасць і г. д.

А) Каханне пры святле дня і інш., і інш., і інш.

Б) Каханне ў змроку ночы і інш., і інш., і інш.

4. Дрэвы, узгоркі і інш. мудрай воляй прыроды створаны так, што не

падобныя адно да аднаго.

5. Ветры, воблакі, дажджы і інш. праносяцца над імі і сярод іх.

6. Мужчыны ўлюбляюцца ў жанчын.

7. Мужчыны ваююць на вайне і інш., і інш.

8. Мужчыны адпраўляюцца падарожнічаць».

Эзра — дасціпны, умее пусціць пылу ў вочы. Вось вам адказ, — хоча сказаць ён, — на пытанне, чаму я мадэрніст. Мастацтва ў тупіку, я шукаю выйсце, шукаю новых шляхоў. Але довады яго легкаважкія.

2 ліпеня. Разглядаў скаргу на Антона Бялевіча — прыйшла на яго «цялега» з Віцебска. Зняважыў чалавека, нагаварыў абраз, і той не сцярпеў, накатаў ліст у ЦК.

Антон Бялевіч — гэта наш народны наіў: і хітрасць у ім, і грубасць, і ўсё астатняе. Піша доўгія вершы, якія называе «пугамі» і друкуе ў «Звяздзе», часцей на святы, юбілеі. У час вайны, з дрэнным зрокам, як белабілетнік, знаходзіўся ў Маскве. Вечна з ім былі нейкія прыгоды. У трамваі аднойчы пачуў, як двое незнаёмых абмяркоўвалі і хвалілі вартасці нямецкага «Месершміта», узбраенне і хуткасць. Ён палічыў, што гэта шпіёны, паклікаў міліцыянера і разам з ім адвёў «шпіёнаў» у аддзяленне. Ажно высветлілася, што гэта авіяканструктар Якаўлеў і адзін з інжынераў яго КБ. Бялевічу аднак, паводле яго слоў, падзякавалі за пільнасць.

Паклікаў Бялевіча на размову, на 12 гадзін. Спазніўся мінут на сорак. Пытаюся:

— Чаму спазніліся?

— Міліцыянер не прапускаў.

— Партбілет з сабой не прыхапілі? — Па партбілеце ў ЦК праходзяць без пропуску, і я меркаваў, што Бялевіч член партыі.

Ён павёў галавой:

— Дзе ж ты яго прыхопіш?.. Каб прыхапіць!..

Мяне, папраўдзе, гэтае жаданне «прыхапіць партбілет» рассмяшыла сваёй непрыхаванасцю. Ледзь стрымаўся ад смеху.

— Дык вось чалавек на вас скардзіцца.

— А хто такі?

— Вы ляцелі самалётам з Віцебска, сядзелі побач, прыставалі: «Нешта твой профіль мне не падабаецца!»

— Гаўнюк ён.

— Што вы сабе дазваляеце? Вы ж паэт!

— Я не цвярозы быў. Гэта мяне Даніла Райцаў падпаіў — я зараз пра яго паэму пішу, па матэрыял ездзіў. Дык ён з хлопцамі мяне праводзіў і пачаставаў. Гарэлкі, я ведаю, колькі мне трэба, норму сваю знаю і больш як бутэльку за раз не п’ю, а тут спірт. У Данілы знаёмыя на спіртзаводзе. Ну, налыкаўся, перабраў…

Тут была нейкая логіка, але хутчэй за ўсё логіка блазна. Я адчуў прыступ дзікага рогату і выбег з кабінета. Папрасіў Савіцкага завяршыць размову, бо сам ужо не мог.

3 ліпеня. Дзень вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Горад выглядае прыгожа, па-святочнаму. Духоўны цэнтр свята — плошча Перамогі з помнікам героям Айчыны. Помнік, мне здаецца, ды і плошча таксама, стаіць не на месцы. Не на месцы, бо ў яміне. Гэта асабліва відаць, калі глядзіш на помнік з гары, збоку Даўгабродскай. Вось на гэтай гары, на скрыжаванні праспекта і Даўгабродскай (дзе цяпер ходзіць трамвай), яго б у свой час і паставіць! Было б велічна — як узыходжанне на гару, на нашу Галгофу.

4 ліпеня. Памёр — прыйшла вестка — паэт і геолаг Міхайла Грамыка. У свой час рэпрэсіраваны, жыў у Маскве. У самым першым нумары «Полымя» (1922 год) апублікаваў паэму «Гвалт над формай». Чалавек універсальнай, шматграннай дзейнасці. Між іншым, адным з першых браў удзел у пошуках нафты на Палессі.

Кніга «Выбранае» выйшла ў Мінску, у 1967 годзе.

6 ліпеня. Забытае купальскае свята. Наперадзе купальская ноч, моладзь гуляе да раніцы: «Схожахуся на ігрышча, і ту умыкаху жены собе…»

Дзеці нараджаліся ў сакавіку. Сакавіцкія — народ здаровы і таленавіты, шчодра адораны Ярылам.

8 ліпеня. Апошнім часам чуў і занатаваў прымаўкі:

Прыбяры пень, дык і пень прыгожы;

З аднаго вала дзве шкуры не дзяруць;

Варанае яйка ўжо не зробіш сырым;

Прапаў, нібы бунька на вадзе;

Ад яго ўжо запалкі трэба хаваць, а мы яго…

9 ліпеня. Надта спякотны месяц — ліпень. Горача. Сонца смажыць, ажно млее зямля. У Сцяпана Гаўрусёва ёсць верш «Спёка».

Дарэмна, сонца, ты перасвяціла,

Свяціць і сонцу трэба разумней.

Кажуць, што гэта сказана пра Сталіна. Трэба будзе запытаць у самога Гаўрусёва. Але што можа адказаць паэт? Разумей, як хочаш, як зможаш…

10 ліпеня. Вычытаў у Фрэйда: лібіда. А што гэта такое, не ведаю, не магу даўмецца. Назва кнігі: «Леонардо да Винчи, этюд по теории психосексуальности». Гэта — старое выданне. Фрэйд ужо даўно не выдаецца, фактычна пад забаронай. У слоўніках нават слова гэтага няма.

14 ліпеня. Гарачыня 30 градусаў. Сустрэў Мікалая Губскага, даўняга знаёмага.

— Пар касцей не ломіць, — пажартаваў ён, выціраючы з ілба пот. — Я пасля вайны таксама працаваў у ЦК, у аргаддзеле. Аднойчы сядзелі мы ў пакоі на другім паверсе, якраз над ступенькамі. Курылі. Мой таварыш кінуў акурак у фортачку. Ішоў якраз, вылез з машыны, Панамарэнка, і акурак як на тое ўпаў проста яму на галаву, на тое месца, дзе ўжо добра намецілася лысіна. Віноўніка, вядома, знайшлі адразу. Прызнаўся. «Ну, с кем не бывает», — сказаў тады Панцеляймон. Але праз тыдзень звольнілі, бо, сказалі, некультурны. Тады, пры Сталіне, мы і па начах сядзелі. Сталін не спаў, дык Панамарэнка таксама не спаў, а раптам пазвоніць, пра нешта папытае. Што тады? А раз першы не выходзіць з кабінета, дык і ўсе загадчыкі на месцах. А раз загадчыкі, дык і мы, інструктары. Ну, а раптам даведка якая спатрэбіцца. А як цяпер?

— Цяпер вальней. Дапазна не сядзім.

15 ліпеня. Споўнілася 70 гадоў Уладзіміру Дубоўку. Выстаўка твораў паэта наладжана ў бібліятэцы імя У. І. Леніна. Дубоўка жыве ў Маскве, у Мінск наязджае рэдка, новых знаёмстваў сярод пісьменнікаў не заводзіць. Таленавітым быў незвычайна, але, як і многім з таго пакалення, не пашанцавала. Зрэшты, магчыма, пашанцавала ў чым іншым.

16 ліпеня. З’явілася новая «Волга», якую называюць «дваццаць чацвёртая». На гэтых машынах ездзяць сакратары ЦК.

17 ліпеня. Ужо ноч, але да гэтага часу ўсё ўва мне калоціцца. Зрэшты, запішу ўсё па парадку. Пасля работы (заўтра ж субота, выхадны) выйшаў у купалаўскі скверык. Сонца ўтаймавалася, не пякло. Паперадзе ішлі дзве маладыя, прыгожыя жанчыны. Мяне быццам нешта тузанула («лібіда»?), захацелася пазнаёміцца. Яны прыселі на лавачку каля прадаўгаватай клумбы. Пасярэдзіне клумбы тырчаў знак з надпісам, што тут будзе пастаўлены помнік выдатнаму рэвалюцыйнаму дзеячу Мяснікову (быў такі беларусафоб). Я павярнуў налева і прысеў на такую ж пафарбаваную лавачку з процілеглага боку. Нас аддзяляла клумба, і я са шкадаваннем убачыў, як мяне апярэдзілі нейкія хлопцы ў белых кашулях і, не марудзячы, падсуседзіліся да маіх прыгажунь. Завязваюць размову, хочуць пазнаёміцца. Я ўздыхнуў, дакараючы сябе за сціпласць, якая заўсёды мне перашкаджала: «Зноў упусціў шанец…» Не паспеў я гэтак падумаць, як убачыў нейкіх налётчыкаў. Нібы з неба зваліліся, чалавекі чатыры. Пераскочылі цераз клумбу, падляцелі да тых хлопцаў і давай іх біць. Білі жорстка. Кулакамі, а калі тыя пападалі на дол, дык нагамі. Адзін падхапіўся і пабег, замільгала паміж ліпамі яго белая акрываўленая кашуля. І жахнуўся. Шкада стала хлопцаў. Нічога дрэннага прагажуням яны не зрабілі. Гэта ж на іх месцы мог быць і я, калі б памкнуўся зрабіць спробу пазнаёміцца з красунямі. Таксама б — аднаго! — збілі б на горкі яблык. Да мяне дайшло, што гэтыя налётчыкі сядзелі ў засадзе, чакалі на «прынаду», захацелася пачасаць рукі. Цяпер да іх наблізіліся і красуні, і ўсе разам пачалі рагатаць, ажно згінаючыся ад рогату. Я не вытрымаў, падышоў да гэтай кампаніі і гучна, на ўвесь голас, скамандаваў:

— Стой! Усе! У міліцыю! — Паказаў рукою на выхад са скверыку і здзівіўся: яны пакорліва пайшлі, угнуўшы галовы, туды, куды я паказаў. Бліжэйшае аддзяленне міліцыі месцілася насупраць кінатэатра «Перамога» — туды я іх і павёў. Па дарозе яны пачыналі апраўдвацца, нешта казаць, але я быў няўмольны і вёў сябе рашуча: «Там разбяромся!» Нарэшце прыйшлі ў тое аддзяленне насупраць «Перамогі». Дзяжурны ва ўсіх, у тым ліку

і ў мяне, запатрабаваў дакументы.

— Сведкі ёсць? Дзе пацярпелыя?

Пацярпелых не было, і маіх затрыманых, перапісаўшы іх прозвішчы, адрасы і месца працы, адпусцілі. Мне паабяцалі прыняць адносна іх магчымыя захады. Я пакінуў свой службовы тэлефон (29-35-55) і патрабаваў, каб міліцыя далажыла пра вынікі сваіх «захадаў».

24 ліпеня. Пазванілі з міліцыі, сказалі, што з хуліганамі «разобрались», на рабоце пра іх учынак ведаюць. Вось і ўсё, чаго я дамогся. Не іначай, бацькі нейкія «высокапастаўленыя».

4 жніўня. Падаў заяву на адпачынак. Вечарам дазнаўся, што шэф налажыў станоўчую рэзалюцыю.

10 жніўня. Ніна Іларыёнаўна Глебка дамагаецца, каб у кватэры стварыць музей Пятра Глебкі. Кажа, што гэта была думка і самога Пятра Фёдаравіча. Ёй дапамагае мой сябар Сцяпан Міско. А што ў тым музеі паказваць? Аб гэтай прапанове ведае і Машэраў. Невядома, як ён паставіцца.

13 жніўня. У часопісе «Новый мир» апублікавана новая аповесць В. Быкава — «Сотников». Прачытаў. Увагу спыняе постаць Рыбака. Ён здраднік, але не такі адназначны, якімі паказваліся гэтыя персанажы да Быкава. Відаць, гэта бліжэй да праўды жыцця. Задумваешся: дзе дабро, а дзе зло? Відаць, няма таго, хто чысценька аддзеліць іх адно ад другога.

14 жніўня. Алесю Кучару — 60 гадоў. Надта ён малы ростам. Мае «Волгу» (24-ю) і калі сядзе за руль, дык спераду і не відаць. Таму і называюць: «Всадник без головы». Не, галава ў Кучара якраз ёсць, і крытык ён таленавіты, але пра яго ідзе дурная слава: у 30-я гады запляміў сябе даносамі. Сябраваў з Броўкам, Глебкам, Крапівой. Броўка расказваў мне, што ў 1937-м яны — Броўка, Глебка, Крапіва і Кучар — трымаліся разам, начуючы па чарзе ў кожнага.

Ніякай узнагароды Кучару ў сувязі з юбілеем не планавалася. А ён, здаецца, у добрай форме: запомнілася яго талковая рэцэнзія на паэму А. Куляшова «Цунамі» («ЛіМ» ад 31.01.69 г.).

19 жніўня. Ганаровую грамату Вярхоўнага Савета БССР атрымаў паэт Хаім Мальцінскі ў сувязі з 60-годдзем. Можна было б выпісаць і ордэн, бо і паэт ён выдатны, і герой вайны. Да таго ж яшчэ і бязногі інвалід. Помню яго вершы, напрыклад, вось гэты (ужо не помню, хто пераклаў):

Вось у акопе —

у гадах салдат

Перахрысціў рукою аўтамат:

— Ты, Божа, на грымотным рубяжы

Мне ворага забіць дапамажы!

Пра гэтае чатырохрадкоўе шмат можна сказаць!

21 жніўня. Святкаваў сваё 60-годдзе байкапісец Уладзімір Корбан. Марцэлеў скардзіцца: «Юбілейшчына захліствае, патанулі ў юбілеях!»

Калісьці ўедлівы А. Клышка прыдумаў дасціпны загаловак для сваёй рэцэнзіі пра байкі Корбана — «За мухай з абухам». Але гэтак можна сказаць і пра ўсіх савецкіх байкапісцаў.

22 жніўня. Субота. Хадзіў на Камароўку. Прадуктаў хапае, можна купіць, але зніклі бочкі з віном, якое прывозілі колісь малдаване: «Кабернэ», «Лідзія», любімае маё — «Ізабэла» і інш. Не раз бачыўся тут з Піліпам Сямёнавічам і інш. 50 кап. за шклянку.

24 жніўня. Каля будынка СП па вуліцы Энгельса сустрэў Алеся Кучара. Падумаў, што будзе скардзіцца, што не атрымаў узнагароды, а ён пачаў з падзякі:

— Дзякуй вам.

— За што, Алесь Евелевіч?

— «Гадзіннік спыніўся апоўначы» назвалі класікай беларускага кіно. Гэта дарагога каштуе, для мяне гэта вельмі важна.

Я і сапраўды ўставіў нешта падобнае ў даклад Пілатовіча на нейкім пленуме. І вось вынік. Кучар — аўтар сцэнарыя гэтага фільма.

— Ну дык не зазнавайцеся, — пажартаваў я.

25 жніўня. Быкаўскую новую аповесць «Сотнікаў» прачытала ўжо і начальства, што сядзіць на пятым паверсе. Уражанне і пажаданні, па пунктах, перадаў загадчык аддзела:

«1. Не праяснены агульны фон аповесці. Варта было б, хаця б праз успаміны персанажаў, згадаць адзін-два эпізоды гераізму партызан, каб менш адчувалася прысутнасць мясцовай паліцыі.

2. Непрымальна фатальная асуджанасць Сотнікава, якая адбілася на яго паводзінах і ўчынках.

3. Сотнікаў павінен больш мужна трымацца перад смерцю, кінуць ворагам выклік.

4. Рыбак — катэгорыя сацыяльная. Сацыяльны пачатак належыць узмацніць, тады больш зразумелыя і ясныя будуць вытокі здрады.

5. Паказаць, што галоўную ролю адыграюць нямецка-фашысцкія захопнікі, а не паліцаі.

6. Ці трэба, каб стараста круціўся паміж двух агнёў?

7. Чаму людзі абмінаюць Басю, не імкнуцца ёй дапамагчы?»

З гэтах «уражанняў і пажаданняў» відаць, што аповесць прачытана даволі ўважліва. Можна ўсвядоміць таксама накірунак партыйных патрабаванняў. Але ці згаджацца з імі? Ніхто, дарэчы, не звярнуў увагі на тое, што станоўчы герой аповесці не чалавек з народа Рыбак (які і ўвасабляе народны пачатак), а інтэлігент Сотнікаў, які мае перавагу над «народным» рыбаком. Такое не ў традыцыях савецкай літаратуры. Але ці варта папракаць пісьменніка за гэта? У яго свая логіка і свая праўда.

28 жніўня. Артыкул Л. Прокшы ў «ЛіМе» «Праўда партызана Сотнікава». Аўтар піша: «Сотнікаў» — другая аповесць Васіля Быкава аб партызанах. Думкі чытачоў і крытыкі аб першай аповесці «Круглянскі мост» былі розныя і супярэчлівыя, вострыя, а часам занадта вострыя. Не будзем пакуль вяртацца да гэтага. Галоўнае іншае — ці зрабіў пісьменнік сабе з крытыкі адпаведны вывад? Аповесць «Сотнікаў» дае падставу меркаваць, што зрабіў, і гэта прыемна адчуваць.

Аповесць хвалюе сваёй суровай праўдай, думкамі, якіх нельга пазбыцца і пасля прачытання аповесці. «Сотнікаў» — гэта крок наперад пісьменніка Васіля Быкава ў мастацкім даследаванні мінулай вайны».

Станоўчая ацэнка Л. Прокшы азадачыла многіх, асабліва ў нашым будынку.

Па-беларуску «Сотнікаў» яшчэ не друкаваўся.

1 верасня. Еду адпачываць у Гагру, па пуцёўцы, у дом адпачынку «ХVII партз’езд». Маю білет да Адлера. Ходзяць чуткі, што на поўдні эпідэмія халеры, але гэта мяне не спыняе.

3 верасня. Атрымаў адпускныя. Купіў тое-сёе з курортнага адзення, астатняе куплю на месцы. Заказаў таксі на пяць гадзін раніцы да аэрапорта.

Бяру з сабой сшытак і шарыкавую аўтаручку, каб працягваць запісы. Зноў у модзе шарыкавыя ручкі. Такую я меў у падарунак ад бацькі яшчэ калі вучыўся ў школе. Усе прасілі даць папісаць.

4 верасня. У аэрапорце сустрэў намесніка кіраўніка справамі ЦК Гоцмана Васіля Антонавіча. Ён накіроўваецца ў Сочы, у санаторый імя Фрунзе. Гэта класам вышэй, чым «ХVII партз’езд» і не адпавядае маёй пасадзе.

Ляцім на вялікім, гаматным самалёце «АН-10». Салон, як кінатэатр, але пусты. Мы з Гоцманам ды яшчэ двое. Вышыня — восем з чымсьці, відаць далёка. У такім палёце я не ўпершыню, калісьці разам з Міколам Грынчыкам лёталі ў Душанбэ (Таджыкістан) на міжнародную канферэнцыю па фальклоры. У дарозе я выдаваў Грынчыка за Петруся Броўку. Падзівіўся, што пра Броўку чулі ўсюды. Так і кажуць: «Чулі, чулі».

Прыпынак, на паўгадзіны, рабілі ў Данецку і патарахцелі далей. Тыя двое сышлі ў Данецку, засталіся мы ўдвух — я і Гоцман. Ляцелі недзе гадзіны чатыры. Адлер сустрэў сонцам і паўднёвым цяплом. Успомніў інтэрв’ю футбаліста Славы Метрэвелі, у якога спыталі, калі ён адчувае сябе шчаслівым, той адказаў: «Калі прызямліўся мой самалёт». Развіталіся з Гоцманам, ён — у Сочы, а я — на поўдзень, у Гагру. Наняў таксі. Іх поўна, бо народу, з-за халеры, не шмат. Згаварыліся з шафёрам у цане — 25 рублёў. Едзем. Справа, да далягляду, мора. Ажно дух займае ад гэтага відовішча. Дарога вузкая, высока над вадою.

Мора я бачу не ўпершыню. Бываў і ў Алушце, і ў Ялце, але бываў (адпачываў) «дзікуном», г. зн. прыватным чынам, без пуцёўкі. Аднойчы разам з сястрой Евай, якая ў Алушце і сустрэла свайго будучага мужа — Валодзю Ложкіна.

У свой «ХVII партз’езд» уладкаваўся адразу. Памералі тэмпературу і накіравалі ў палату. Нумароў свабодных шмат. Перш за ўсё выкупаўся ў моры, — яно ў дваццаці метрах ад майго акна.

Абедаў з апетытам.

5 верасня. Пачаў знаёмства з Гаграй — утульным абхазскім гарадком ля мора. Калісьці тут на пляжы, уздоўж якога цягнецца Гагра, здымаўся славуты фільм «Весёлые ребята». Весялосці было, відаць, мала, бо ішлі арышты і некаторых, я чуў, забіралі, не чакаючы, проста са здымкаў.

З друку ведаю, што тут, у Гагры, нярэдка адпачывае Канстанцін Сіманаў — надзвычай уплывовая асоба ў СП СССР. Пераклаў на рускую мову (ці адрэдагаваў) раман Баграта Шынкубы (назву не помню) пра лёс абхазаў, якія ў пачатку ХХ ст. выехалі ў Турцыю.

Пазнаёміўся з мясцовым жыхаром Георгіем. Вечарам ён сядзеў у кафэ з паддашкам, на беразе мора, і цягнуў «Букет Абхазіі». Ён паляўнічы. У гарах ёсць і звер, і птушка, на якіх палююць! Расказаў шмат цікавага. Даў адрас: Гагра, вуліца Чаўчавадзе, д. 3, Кір’янаў Георгій Усцінавіч. Рускі, даўно тут жыве, стаў абхазам. Цікавіўся, ці можна ў Мінску прадаць мандарыны.

6 верасня. Цудоўна пахне магнолія — вялікія кусты, абсыпаныя ружовымі кветкамі. Сёння — нядзеля, няма ні зарадкі, ні працэдур, ні прыёму ў урача. Можна пагуляць, падыхаць марскім паветрам.

8 верасня. Сустрэў у аўтобусе Валодзю Караткевіча з Валяй, яго жонкай. З канца ў канец Гагры бегае невялічкі «ЛАЗ», возіць пасажыраў. Я, на прыпынку, заскочыў у заднія дзверы і шукаю вачыма кандуктара. Бачу, спінаю да мяне, сядзіць нейкі мужчына ў тэнісцы з чорным раменьчыкам цераз плячо. «Кандуктар!» — вырашыў я і, крануўшы чалавека за плячо, прашу:

— Дайце, пажалуйста, білецік.

Гляджу, а гэта наш Караткевіч, а побач Валя. Валодзя пазнаў:

— Здароў, стары!

Павітаўся з ім і з Валяй — пацалаваў ручку. Яны ехалі ў старую Гагру пагуляць па парку. Запрасілі далучыцца да іх. У Гагры пісьменніцкі Дом творчасці, і яны ўжо больш як тыдзень у ім знаходзяцца, адпачываюць па пуцёўцы Літфонду.

Выйшлі на прыпынку каля каланады, гэта і быў уваход у парк, які больш нагадваў батанічны сад, чым проста парк. Дрэвы, кветкі, водар. Тут расце зялёны бамбук — моцныя, хуткія на рост сцябліны імкліва цягнуцца ўгору. Усміхалася з неба сонца, і беглі белыя баранчыкі хмарак. Валя фатаграфуе нас сваім «Зенітам».

— Я тут не ўпершыню, — гаворыць Уладзімір Сямёнавіч. — Мінулай восенню з Брылём адпачывалі. Дык я яму кажу: «Не лезь ты, Іван Антонавіч, на сонца!» А ён не слухае, галаву пад паддашак схаваў, а ногі на сонца выставіў. А яно тут вунь якое пякучае! Абвастрыўся тромбафлебіт, і Іван Антонавіч мусіў датэрмінова ў Мінск вяртацца. А мне сонца хоць бы што! Я магу на сонцы хоць цэлы дзень!

— Ой, расхрабрыўся ты нешта! — пасміхнулася Валянціна.

Доўга з Караткевічамі вандравалі па гэтым эдэме, пакуль не стаміліся і не прыселі на лаўцы з відам на мора. Мне прыйшло на думку, што і да вайны нашы пісьменнікі любілі наведацца ў Крым — у Ялту, Кактэбель. Мора прыцягвала сваёй экзотыкай. Лужанін прывёз з Кактэбеля бутэльку марской вады. Я расказаў пра гэты выпадак сваім калегам Караткевічам.

— Дык ён жа і верш напісаў! — пажвавеў Валодзя і на памяць працытаваў радкі: «Хай сумны мой бацька рупліваю жменяй / У сваім агародчыку мора пасее…» Верш выдатны.

— Лужанін не благі паэт, — зноў азваўся Караткевіч, — мова ў яго старая, вытрыманая ў традыцыях Случчыны.

— Мова багатая.

— А я, — зноў загаварыў Уладзімір Сямёнавіч, — едучы сюды, пагартаў «Анталогію абхазскай паэзіі». На рускай мове. Абхазы маюць выдатных паэтаў!

Пагаварылі яшчэ пра тое пра сёе. З’явілася думка наведаць чабурэчную, — іх тут, у старой Гагры, паміж пляжам і паркам, хапала. Падышлі да адной: шашлыкі, чабурэкі, недарагое віно розных гатункаў. Я прапанаваў

«Букет Абхазіі», але Караткевіч зганіў яго («памыі!»):

— Давай «Александрыні». Сухое.

Заказалі пляшку «Александрыні» і чабурэкі.

— «Александрыні» — першы паратунак ад халеры, — патлумачыў Караткевіч.

— Упадабаў Валодзя «Александрыні», — пасміхнулася Валя. — Усё робіць не па правілах, як Гервасій Выліваха.

Жартоўны Караткевіч працытаваў «Ліст да Абуховіча» (я здзівіўся — на памяць ведае):

— «Віна вянгерскага не зажывалі. Перад тым мальвазію скромна півалі, мядок і гарэлачку дзюбалі…»

— Мальвазія — гэта, пэўна, не віно, а настойка на травах, — удакладніў я, жадаючы паказаць, што валодаю такімі-сякімі пазнаннямі. Пасля выпітага віна захацелася пашукаць туалет. Схадзілі і раз, і другі.

— У мяне не блага працуюць ныркі, — пахваліўся Караткевіч, зірнуўшы на жонку.

— Уладзімір Сямёнавіч, а як жа ты з Брылём адпачываў, ён жа не п’е? — пацікавіўся я.

— Мы не злоўжывалі.

Вярталіся з прагулкі ў добрым настроі. Пад канец Караткевіч хацеў заказаць яшчэ і шашлык, але шашлыкі аказаліся не з бараніны, а са свініны. «Баран горы ушол», — на наша запытанне адказаў афіцыянт, і мы адмовіліся.

9 верасня. Прыхільнікаў так званай тэмы сучаснасці зусім не цікавіць мінулае. Яно не прысутнічае ў іх творах, а калі і прысутнічае, то пад знакам: там было ўсё дрэнна, там была цемра. У Караткевіча зусім інакш.

12 верасня. Сустракаюся з Караткевічам, бачымся амаль кожнага дня. Заходжу да іх. Дом творчасці СП стаіць літаральна на пляжы, і, калі мора неспакойнае, пырскі пены залятаюць ім у акно — жывуць на першым паверсе. Валодзю гэта дужа імпануе, ён адчувае сябе як на караблі, Валі — не надта. Побач з імі жыве нейкі пісьменнік. У калідоры каля яго дзвярэй выстаўлена некалькі пустых бутэлек з-пад віна. Усё тое ж «Александрыні». Частка — «Псоў», «Ркацытэлі». Прыгадаўся верш Я. Смелякова, якога я калісьці, у студэнцкую пару, з падачы Калесніка, вельмі запаважаў. Смелякоў, як гэта вынікае з верша, аднойчы па вясне адпачываў у гэтым самым Доме творчасці, можа, нават у гэтым пакоі, і таксама пазіраў на пляж, на якім раніцой рабілі зарадку, разміналіся футбалісты маскоўскага «Спартака». З’явіліся радкі (было надрукавана ў часопісе «Юность»):

А у меня своя зарядка,

Она спортсменам не нужна —

Две сигареты для порядка,

Стакан грузинского вина…

Караткевіч курыць, пыхкае «Беламорам».

— Хачу падзякаваць за водзыў пра «Чазенію».

— Чыталі?

— Ну, а як жа. Разам з карэктурай.

Гаворка пра зборнік сучасных аповесцей нашых пісьменнікаў, што выходзіць у «Советском писателе» з маёй прадмовай. Асабліва моцная там аповесць Пташнікава «Тартак».

13 верасня. Хацеў запрасіць Караткевічаў у «ХVII партз’езд», але «чужых», у сувязі з халерай, не пускае адміністрацыя.

Я ўспомніў, як гады два-тры назад Караткевіч заходзіў да мяне разам са Сцяпанам Міско. Глядзелі па тэлевізары кінафільм «Шчорс» А. Даўжэнкі. Я жыў тады ў Лёні, чытаў «Каласы пад сярпом тваім» — раман, які высока падняў прэстыж беларускай літаратуры дома і ў свеце.

14 верасня. Пазнаёміўся з Юрыем Казаковым. Гэта — сусед Караткевічаў. Ён рэдка выходзіць са свайго нумара. Уладзімір Сямёнавіч з ім знаёмы з Масквы, калі вучыўся на курсах кінасцэнарыстаў. Казакова я ведаю па творах. Некалі ў аспірантуры разам з Алёшам Гардзіцкім і Сашам Яскевічам чыталі кнігу апавяданняў Юрыя Казакова: «Тэдди», «Голубое и зеленое», «Арктур — гончий пес» і інш. Выдатны апавядальнік, у традыцыях Буніна.

У апавяданні «Восень у дубовых гаях» Ю. Казакоў апявае рэдкую па прыгажосці ноч і дадае: «Галоўнае ў жыцці — не колькі ты пражывеш — а галоўнае, колькі ў жыцці ў кожнага будзе такіх начэй».

Загаварылі чамусьці пра абхазскую кухню.

— Вот кто знает абхазскую кухню, так это Симонов! — сказаў Казакоў.

Даведаўся, што жонка Юрыя — дачка нашага мовазнаўца М. Р. Судніка, дырэктара Інстытута імя Я. Коласа.

16 верасня. Тут недалёка знакамітая Піцунда — паўвостраў, на якім расце рэліктавая сасна. Наведаў гэты запаведны лес разам з Караткевічамі. Запрашалі Казакова, але ён нешта піша, адмовіўся. Незвычайная ігліца на сасне — доўгая і не зялёная, а нейкая бледна-блакітная, пад колер марской хвалі. Караткевіч увесь у палоне сумятлівых, узбуджаных пачуццяў, трапяткіх настрояў.

Вечарам, калі мы ўтраіх сядзелі ў кафэ, Караткевіч разважаў:

— А можа, мы і ёсць той рэліктавы этнас, пра які гавораць сучасныя этнографы? Рэліктавы этнас той, які дажывае адпушчаны яму на зямлі час, дажывае і нікому не пагражае.

— У чымсьці рэліктавы, а ў чымсьці і перспектыўны, — запярэчыла Валя. — Паглядзі, колькі ў нас вучоных! Выдатных вучоных! А літаратура, мастацтва!

Караткевіч ёсць Караткевіч. Помню, Калеснік мне казаў: «Ну што Барадулін: «Калаўроты, калаўроты…», а Караткевіч — «Матчына душа»!»

Гэта не зусім так ці, дакладней, зусім не так, — падумалася тады, — Калеснік задужа катэгарычны. Але сказаць — не сказаў, пашкадаваў нервы былога свайго выкладчыка. Пярэчанняў ён не церпіць, успыхвае як запалка.

18 верасня. Ездзілі на экскурсію ў Новы Афон. Гэта адсюль кіламетраў сто. Велічная гара, на якую вернікі паўзуць на каленях, вытоптваючы траву. Наверсе — храм, нейкія пабудовы, манастыр без манахаў. Царква вельмі прыгожая, напісаныя рускімі мастакамі абразы. Унутры ў сценах — вертыкальныя нішы, каб манахі ў час усяночнай маглі, стоячы, крыху адпачыць. Не відаць, што чалавек сядзіць, а ён стоячы сядзіць.

20 верасня. Атрымаў тэлеграму ад Сабіра Садыхава, запрашае да сябе ў Баку, а потым у Таўзскі раён Кіравабадскай вобласці, дзе жывуць бацькі, г. зн. на «малую радзіму». Сабір — мой прыяцель па вучобе ў аспірантуры АН БССР. Фізіёлаг. Жылі ў адным пакоі. Ехаць? Не ехаць? Вырашыў усё ж такі ехаць, хочацца паглядзець на Азербайджан. Шкада, што не поўнасцю выкарыстоўваю пуцёўку: да канца тэрміну застаецца яшчэ добры тыдзень. Купіў білет на самалёт да Баку.

21 верасня. Развітаўся з Караткевічамі, праводзілі мяне да таксі. «А мы ўжо будзем тут дабываць», — сказаў Уладзімір Сямёнавіч і дадаў, што ў Баку ў яго шмат прыяцеляў сярод паэтаў.

Заўсёды ёсць за што дзякаваць лёсу. На гэты раз — за сустрэчу з Караткевічамі.

22 верасня. З Адлера да Баку ляцелі з кароткімі прыпынкамі ў Тбілісі і Ерэване. У Баку, ноччу, сустрэў Сабір. Аўтобусам дабіраліся ў горад да гасцініцы, у якую, аказалася, не проста ўбіцца. Стаяла доўгая чарга людзей у кепках-«аэрадромах» з працягнутымі пашпартамі, з якіх тырчаць асігнацыі — па 50 руб. і болей. Я здагадаўся пазваніць дзяжурнаму ў ЦК КП Азербайджана, сказаў, што я яго калега, і той дапамог уладкавацца.

23 верасня. Разам з Сабірам вандравалі па Баку. Узбіраліся на Дзявочую вежу. Горад прапах нафтай.

24 верасня. Цягніком разам з Сабірам едзем да яго на радзіму ў Таўзскі раён. З акна вагона відаць было маўзалей Нізамі — адзінокі будынак сярод поля. У Сабірава паселішча прыехалі толькі пад раніцу. Гэта ўжо побач з Арменіяй. У поездзе сустракалі сем’і армян, да якіх у Сабіра стрыманыя адносіны.

25 верасня. Паселішча — вялікае, у нас бы сказалі — мястэчка. Бацька Сабіра — паважаны чалавек, былы старшыня калгаса, Герой Сацыялістычнай Працы. З выгляду маленькі, як і Сабір. Завуць — Цяйяр. На знешняй, ад вуліцы, сцяне хаты, у нішы — ягоны партрэт. Падворак прасторны, агароджаны, ходзяць авечкі, растуць гранатавыя кусты. Тут разам з бацькам жывуць жанатыя двое братоў Сабіра, працуюць у калгасе. Пад вечар запрасілі мясцовага мулу, які зарэзаў барана, зняў скуру, расклалі мангал і напяклі смачных шашлыкоў. Апроч скуры (бараніцы) ад жывёліны нічога не засталося, усё пайшло на шашлык. І галава, і ўсё астатняе… Вячэра была багатая, з каньяком. Каньяк тут вырабляюць свой, са свайго вінаграда, нядаўна. У гэтай мясцовасці ў вялікай колькасці расце горны дубняк, які раней куплялі армяне і добра плацілі. Мясцовае насельніцтва да нядаўняга часу не ведала, нашто армянам патрэбен гэты дубняк. Цяпер не прадаюць, самі настойваюць на ім каньяк. Якасць каньяку пакуль што, мне падалося, невысокая.

26 верасня. Сабір павінен наведаць родзічаў (гэтага патрабуе мясцовы этыкет). Запрашае мяне. Кожны раз чай і роспыты: «Як там у вас у Беларусі?», «Ці шмат азербайджанцаў у Мінску?», «Ці гандлююць у вас паўднёвымі фруктамі?» і г. д. Гатовы, я зразумеў, закінуць фуру-другую. Вечарам сядзім на верандзе. Вячэраем. П’ем маладое віно. Сабір носіць закуску, прыгатаваную жанчынамі: плоў, закрашаны шафранам, пельмені, смажаныя ў масле, люля-кебаб. Спадабаліся салаты: чучу, фасоля з часнаком у гранатавым соку, баклажаны з моркваю, шмат цыбулі. Жанчын (жанок братоў Сабіра) амаль не відаць. Яны на кухні і на сваёй палавіне, не хочуць трапляць на вочы чужому. Зрэдку толькі выглядаюць у якую-небудзь шчылінку.

Ноччу кожны раз, калі я ўстаю, да туалета і ад туалета мяне суправаджае адзін з братоў ці іхні родзіч Ахмет. Каб не заблудзіўся. Куды? На жаночую палавіну?

27 верасня. Нядзеля. Ездзілі ў горы, на возера, на пікнік. У маім распараджэнні «Волга», у якую я запрасіў старога Цяйяра. Праз гадзіну-паўтары прыехалі на месца. Прыгожа! Берагі возера параслі кізілам. Ягады ўжо даспелі, і я пакаштаваў. Не надта, каб смачныя.

Сядзелі, разаслаўшы абрус з ежай. Пілі на свежым паветры гарэлку, закусвалі. Гаспадары, на падпітку, спрабавалі нешта спяваць. Адзін з застольнікаў дапытваўся ў мяне: «Калі прывязу ў Мінск фуру з абрыкосамі, ці зможаш дапамагчы прадаць?» Не маю ў гэтым вопыту.

28 верасня. Пара збірацца дадому, у родны Мінск. Трэба ехаць, бо, як у нас кажуць, першы дзень госць залаты, другі — срэбны, трэці — пайшоў вон. А я тут нават болей. Надавалі падарункаў: некалькі кашуль (ад кожнага члена сям’і), з якіх большасць, бачу, на жаль, не майго памеру, замалыя. Але што зробіш: даюць — бяры, бо пакрыўдзяцца. У дадатак атрымаў цэлую бочачку маладога віна, якую зручна несці як чамаданчык.

29 верасня. Зноў поездам разам з Сабірам, без прыгод, дабраліся да Баку, дзе я ў касе аэрафлоту купіў білет на самалёт да Мінска. Падзякаваў за гасціннасць. На развітанне Сабір сказаў, што неўзабаве думае жаніцца і што мяне запросіць на вяселле ў якасці «бея». Роля адказная.

30 верасня. Нарэшце я дома, у кватэры на Фабрычнай. Адчуваю сябе няблага, засумаваў па цішыні і адзіноце.

5 кастрычніка. Ужо на працы. У аддзеле ціха, усё па-ранейшаму, нічога не памянялася. Пазваніў Аляксей Мікалаевіч Кулакоўскі, паведаміў, што гаркам правярае партарганізацыю Саюза пісьменнікаў і што ён у трывозе.

Сказаў: «Супрацоўнікі гаркама не ведаюць нашай спецыфікі». Гэта сапраўды так. «Лайдакі!» — дадаў ён.

6 кастрычніка. Адвык цэлы дзень сядзець у кабінеце, але зноў даводзіцца прывыкаць.

Вечарам запрасіў калегаў дадому, пакаштаваць маладога азербайджанскага віна.

10 кастрычніка. Салжаніцын — лаўрэат Нобелеўскай прэміі. У гэтай прэміі, можа, не столькі літаратуры, як палітыкі. Не ўсё з твораў Салжаніцына мне даспадобы. «Один день Ивана Денисовича» — падабаецца. У захапленні ад апавяданняў «Матрёнин двор» і «Случай на станции Кочетовка». Менш — тыя ўрыўкі з рамана «В круге первом», якія хадзілі ў самвыдаце. Іншая паэтыка.

14 кастрычніка. Сталі вядомыя вынікі праверкі. У цэлым яны дадатныя, і Кулакоўскі задаволены, але адзначаны і недахопы, галоўны — недастатковая ідэйна-выхаваўчая работа.

15 кастрычніка. Прысутнічаў (Марцэлеў паслаў) на аб’яднаным сходзе партыйных арганізацый у клубе завода аўтаматычных ліній. Камуністы-пісьменнікі і адміністрацыя завода. Гэта ў парадку паляпшэння ідэйна-выхаваўчай работы. З нашых выступілі А. Кулакоўскі, П. Пестрак, А. Русецкі, Е. Лось, В. Мыслівец, які не так даўно працаваў тут мадэльшчыкам.

А. Кулакоўскі трымаецца салідна, па-шляхецку фанабэрыста — напісаў аповесць пра рабочы клас «Расце мята пад акном». Пра іншых кажа: «Лайдакі!» Гэта яго любімае слоўца. Дарэчы, у ім адсутнічае які-небудзь негатыўны змест.

16 кастрычніка. Алесь Разанаў працуе ў маім Кругелі, у школе, у якой я вучыўся з першага па дзясяты клас. У Мінску выходзіць (ці ўжо выйшла?) першая яго кніжка «Адраджэнне». Напорысты. Апякуецца Разанавым найбольш У. Калеснік, лічыць яго вельмі таленавітым.

17 кастрычніка. У Кругелі кажуць: «Така доля, як у небе столя». Ці чуў гэтую прымаўку Алесь Разанаў? Кватэру мае ў Аляксандра Ільяшава. У нас кажуць не Аляксандр, а Ліксандыр. Каларытны чалавек гэты Ліксандыр.

23 кастрычніка. Дайшла вестка, што памёр Юліян Пшыбась. Для мяне ён увасабляў сабой класіку і мадэрнасць. Як паэт імкнуўся пашырыць погляд на акаляючае жыццё і на свет, знайсці агульнае, што можа аб’яднаць усіх.

28 кастрычніка. У СП сустрэча з Янам Гушчам. Прыйшоў і я. Побач з Гушчам сядзеў Пятрусь Макаль, які яго суправаджае. Ян Гушча — перакладчык і папулярызатар беларускай паэзіі ў Польшчы, неўзабаве мае выйсці Анталогія беларускай паэзіі на польскай мове. Гэта — у Лодзі, дзе жыве перакладчык. Ян Гушча — смелы чалавек. Горкаўскае «человек — это звучит гордо» ён перайначыў так: «Чловек — то бжмі думне, кеды лежы ў трумне». Як у сук! Мне думаецца аднак, што тут з боку Гушчы ёсць нейкае іранічнагратэскавае перабольшванне. Але ж урэшце мастак мае на гэта права. Права згусціць, завастрыць. Зразумела, у рамкі сацрэалізму такое не ўкладваецца. Успамінаю, як гады два назад па радыё «Свабодная Еўропа» расказвалі пра драматурга Іянеска, які нібыта даказваў, што пяцьдзясят год Кастрычніцкай рэвалюцыі былі пяцьдзесяццю гадамі злачынств супраць чалавека.

1 лістапада. Слата. Няспынна, цэлы дзень, марасіў дождж. У ЦК новы сакратар па ідэалогіі — Кузьмін А. Т. Кажуць, пратэжэ Машэрава. Пілатовіч ужо не сакратар ЦК КПБ, а пасол СССР у Польшчы. Прыйшло распараджэнне ад Суслава. Калі чалавек ужо не начальнік, дык пачалі крытыкаваць. Гаспадар, маўляў, але без шырокага кругагляду. Разбурыў Нямігу.

2 лістапада. «Маладосць» працягвае публікаваць раман І. Чыгрынава «Плач перапёлкі». Добрыя водзывы. Мы стаялі з Барысам Сачанкам ля веснічак Дома пісьменніка, калі падышоў Чыгрынаў. Барыс Іванавіч жартам сказаў:

— А ты лысееш, Іван Гаўрылавіч.

У адказ пачулася:

— Напішы ты такі раман, і ты палысееш.

Барыс Іванавіч не разгубіўся:

— Я не лысею, каб ты ведаў, таму, што п’ю не гарэлку, а адвар з абляпіхі, адварваю ягады, — парыраваў ён.

Амерыканская пісьменніца Уіла Кадэр сцвярджала (недзе чытаў), што большая частка найболей важнага матэрыялу, які маецца ў распараджэнні пісьменніка, назапашана ім да пятнаццацігадовага ўзросту. «Плач перапёлкі» гэта пацвярджае.

4 лістапада. Дзіўлюся з Кулакоўскага — наколькі ён неабыякавы да жанчын. Сямейны чалавек, паважаны ўзрост, а паводзіць сябе, як халасцяк. У кішэні заўсёды мае шакаладку, каб пачаставаць.

Скардзіцца на яго мой візаві Валерый Сяргеевіч: называе яго прозвішча не Лабадо, а Лабада і сцвярджае пры гэтым, што так больш правільна. Трэба будзе з ім пагаварыць.

7 лістапада. Быў на парадзе і дэманстрацыі. Усё прайшло, як заўсёды. Некаторыя дэманстранты, выйшаўшы на праспект, былі ўжо на падпітку, гучна крычалі: «Ур-ра!» На трыбуне, сярод членаў Бюро ЦК А. Т. Кузьмін.

Завіталі з Савіцкім у госці да Івана Пятровіча. Пілі каньяк, закусвалі чырвонай рыбай. Марыя Філатаўна гатуе няблага.

Ні пра якую літаратуру не гаварылі.

8 лістапада. Апахмяляўся півам. Кажуць, што яго любіў Ленін, асабліва калі жыў за мяжой. Гэта, відаць, было добрае піва, а наша такое, што калі вып’еш, дык губляешся ў здагадках, што гэта было — піва ці проста нейкая вадкасць.

Нешта маркотна. Цешу сябе думкай нейкага філосафа: не бывае чалавечага жыцця без маркоты.

9 лістапада. На рабочым месцы. Святы змяняюцца на будні.

Зноў пачуў, у трамваі, вяртаючыся з работы, панамароўскае слоўца «чувак». Адзін аднаму гаварыў: «Мало того, что чувак всего с одним рогом, так еще и с обрезанным».

Што да чаго — не зразумеў.

10 лістапада. Вечарам, пасля работы, наведалі музей крыміналістыкі ў міліцэйскім вучылішчы на Варвашэні. Адкрыўся крымінальны свет з яго жахлівымі сюжэтамі. Як падумаеш — няма канца злачынствам. Моцна ж цісне жыццё на клавішы злачынных схільнасцей чалавека, homo sapiensa!

Палкія каханкі — яна і ён. Ён жанаты, яна замужняя. Пайшлі на тое, каб наняць забойцу для сваіх законных — жонкі і мужа. Маса дэталей і фатаграфій, на многіх трупы і кроў. Няўжо кожны чалавек — носьбіт патэнцыяльнага зла? Хіба што так. Чалавек — стварэнне на мяжы. У ім усё спалучана (дыялектычнае адзінства): дабро і зло, рацыянальнае і пазарацыянальнае, канечнае і бясконцае. Талкова заўважыў мудрэц Талстой: людзі — істоты плынныя. Сёння ён такі, заўтра — інакшы. У «Дзённіку» ў Л. Талстога за 1889 год ёсць цікавы запіс: «Как бы хорошо написать художественное произведение, в котором бы высказать текучесть человека, что он один и тот же — то злодей, то ангел, то мудрец, то идиот, то силач, то бессильнейшее существо».

У Андрэя Платонава (апавяданне «Смерти нет») вычытаў думку: «Человек имеет больше свойств, чем полагает Фосс (герой гэтага апавядання): у человека столько свойств, сколько граней в окружности».

11 лістапада. Вось і першы снег. Чысты і безабаронны. Хутка растае, жыве адно імгненне, дае халадок і бадзёрасць. Што было б з намі, каб не прырода?

13 лістапада. Артыкул С. Грахоўскага да 70-годдзя Нічыпара Чарнушэвіча ў «ЛіМе» — «Паэзіі радавы».

«Зусім нядаўна жыў сярод нас і больш за сорак гадоў працаваў у беларускай літаратуры сціплы, далікатны, уважлівы Нічыпар Чарнушэвіч. Часам ён прыходзіў на пісьменніцкія сходы. Некаторыя яго нават не ведалі ў твар. Пасядзіць, паслухае і непрыкметна знікне, як і прыйшоў. І кнігі яго не выклікалі бурных спрэчак у друку і на абмеркаваннях. Ён шмат напісаў і вельмі мала надрукаваў. У архіве пісьменніка засталіся вершы, п’есы, кінасцэнарыі.

…Шляхоў Нічыпару Чарнушэвічу давялося прайсці шмат. І ніводнага лёгкага. Ён зведаў смак казённай апекі над дзецьмі бежанцаў, гадамі галадаў у часе імперыялістычнай вайны і рэвалюцыі. З першых дзён Кастрычніка Н. Чарнушэвіч адразу ведаў, куды яму ісці. У Дарагабужы скончыў курсы чырвоных камандзіраў і павёў сваю роту на белапанскіх акупантаў. З баямі дайшоў да Варшавы, там трапіў у палон і на радзіму вярнуўся толькі ў 1921 годзе.

…Потым зноў «шляхі, шляхі» павялі далёка ад дому. Давялося доўга жыць у Вятцы, працаваць у вучэбна-педагагічным выдавецтве Масквы, інжынерам ляснога ведамства, рэдактарам Беларускага тэлебачання. У 1962 годзе выйшла кніга лірыкі Н. Чарнушэвіча «Нясу надзею», у 1966 г. — зборнік «Гаворка дум».

Тыповы шлях беларускага інтэлігента, літаратара».

16 лістапада. З часопіса «Нёман» прынеслі машынапісны «Дзённік» рэпрэсіраванага Барыса Мікуліча (1912—1954). Знаёмы з ім па «Выбраным» (1959). Друкаванне «Дзённіка» забараніў Галоўліт, з якім спрачацца цяжка.

Непрабівальны. Паспрабаваў гаварыць у аддзеле, але прыхільнікаў не знайшоў, а маёй улады недастаткова. «Дзённік» — апісанне пакут і надзей. Трэба падумаць, што можна зрабіць для Мікуліча.

17 лістапада. Упершыню ў гісторыі чалавецтва на Месяц дастаўлены савецкі аўтаматычны самаходны апарат «Луноход—1», кіруемы з Зямлі. Выдатнае дасягненне!

21 лістапада. Новы кансультант СП — Мікола Гамолка. Часта сустракаю і кожны раз дзіўлюся, што гэта звычайны чалавек. У дзяцінстве зачытваўся (у газеце «Сталинская молодёжь») аповесцю «За великую трассу», у якой размова ішла пра небяспеку новай вайны, вайны касмічнай. Аўтар п’есы «Бітва ў космасе», пастаўленай у нашым ТЮГу. Гамолка яшчэ і паэт, калісьці хадзіла па руках яго кніжка вершаў «Б’юць куранты». Назва крыху дзіўная: каго яны б’юць — куранты тыя? Няўдалая назва. Цяпер вершаў, здаецца, не піша. А я помню яго радкі:

На небе зоркі — як цвікі,

Такіх цвікоў павек не адарваць!

Канкрэтна, але дрэнна. Ніхто ж і не збіраецца іх адрываць. Проза яму болей удаецца.

Гамолка — паляшук, вельмі сімпатычны, просты да наіўнасці.

24 лістапада. Хадзіў у лазню (на Зм. Бядулі). Стаяў натоўп, бо не было гарачай вады. Знайшоўся нейкі ініцыятыўны чалавек і пачаў званіць у райвыканкам, потым у гарвыканкам. Дамогся, вада пайшла.

Мыліў спіну, па яго просьбе, нейкаму надта худому, ссохламу чалавеку. Па ім можна вывучаць анатомію. Спіна, як пральная дошка. На рэбрах цвёрдая мачалка ажно грукаціць, калі трэш ёю па спіне.

— Чалавеча, што ты худы такі? — не вытрымаў я.

— А гэта камуністы гэтак схудобілі, цела з мяне спусцілі. У лагеры быў…

Мне стала не па сабе: што было б, як бы ён адрэагаваў, каб даведаўся, што я інструктар ЦК.

27 лістапада. Дачытаў кніжку М. Гарэцкага «Дзве душы». Даў прачытаць Слава Чамярыцкі. Тэма «дзвюх душ», «двайніцтва» — даўняя ў сусветнай літаратуры (Гофман, Гогаль, Дастаеўскі). Аповесць Гарэцкага пра тое, як у чалавеку змагаюцца паміж сабой супрацьлеглыя пачаткі: «мяккасць» і «калянасць», «пластычнасць» і «цвёрдасць». І ўсё гэта ва ўмовах рэвалюцыі і грамадзянскай вайны.

30 лістапада. У адзінаццатым нумары «Полымя» — аповесць «Сотнікаў» В. Быкава. Раней яе апублікаваў А. Твардоўскі ў «Новом мире». Пілатовіч загадаў зверыць тэксты — беларускі і рускі. Партыйна-літаратуразнаўчы кантроль.

2 снежня. Тэксты тоесныя. Тоесныя нават па стылістыцы і мастакоўскім мысленні. Невядома, што з чаго перакладалася, бо адзін аўтар. Адзін тып думання, а мне хацелася знайсці нешта адметнае, беларускае. Быкаў будуе фразу па эстэтычных законах рускага рэалізму. У «Сотнікаве» (і іншых рэчах пісьменніка) адчувальны ўплыў Л. М. Талстога, у прыватнасці яго аповесці «Хаджы-Мурат». Цікавая тэма для даследавання.

4 снежня. Чарговая нарада ў загадчыка, які, мяркуючы па ўсім, быў не ў настроі, бо ўся размова звялася да павучанняў. У прыватнасці, ён сказаў:

— У асабістым жыцці і справах, таварышы, мы адлюстроўваем усе паводзіны камуніста — і на рабочым месцы, і дома, і, так сказаць, на вуліцы. Папярэджваю, таварышы, нас усе бачаць, усе за намі сочаць, нам нішто не даруецца. Мая справа папярэдзіць.

— Трэба быць вельмі ўважлівымі, — дадаў Парватаў.

7 снежня. Усеагульная цікавасць да кінаэпапеі «Освобождение» рэжысёра Озерава. Уражвае работа кінааператараў, сучасныя кінатэхналогіі (здымкі з верталёта і інш.). Мала яшчэ мы ведаем пра тую вайну. Добра іграюць літаральна ўсе акцёры.

Сталін — ідэалізаваны.

13 снежня. Барыс Бур’ян пакрытыкаваў маю рэцэнзію на зборнік А. Куляшова «Сасна і бяроза» за недастатковую ўвагу да аналізу мастацкіх сродкаў. Крытыка правільная, усе мы «недамагаем» на гэты аналіз, хварэем на недастатковасць эстэтычнага разляду твораў. Але мне зрабілася крыху не па сабе. Я ж, так бы мовіць, начальнік. Радавы пераносіць крытыку лягчэй.

Падпісаўся на наступны год на «ЛіМ», «Полымя», «Иностранную литературу» і часопіс «Амерыка». Апошнія два — вялікі дэфіцыт.

14 снежня. Паездка цягніком у Магілёў — на здачу спектакля «Баня» па камедыі Маякоўскага. Пазнаёміўся з арыгінальным Аркадзем Маўзонам, які прыехаў ад Міністэрства культуры і спазніўся, нягледзячы на тое, што прыляцеў самалётам. Доўга дабіраўся з аэрапорта, бо чакаў машыну, якую павінны былі за ім прыслаць. Чаму не прыслалі, не ведаю. На спектакль Аркадзь Іосіфавіч з’явіўся толькі пад канец, не ўсё бачыў, але выступаў з велькім апломбам, жэстыкуляваў абедзвюма рукамі. Гаварыў упэўнена, адзначаў недахопы, маючы вопыт, павучаў. Пасля спектакля крыху падпілі, у гасцінічным нумары. Аркадзь Іосіфавіч скардзіўся, што яму не шанцуе па жыцці. За спектакль «Канстанцін Заслонаў» усе ўдзельнікі атрымалі Сталінскую прэмію, апроч яго, аўтара п’есы.

Маўзон мне між іншым чымсьці спадабаўся. Ён неардынарны. Кулакоўскі расказваў, што ён згубіў білет члена Літфонду і напісаў заяву, каб выдалі новы, патлумачыўшы, што стары ён выкінуў разам са смеццем. Нейкая смеласць па-маўзонаўску.

17 снежня. На партыйным сходзе ў Саюзе пісьменнікаў абмяркоўвалася пастанова ЦК КПСС «Аб практыцы правядзення партыйных сходаў у Яраслаўскай гарадской партыйнай арганізацыі». З дакладам выступіў Антон Алешка. Ён цяпер намеснік сакратара партбюро. Выступілі: А. Шашкоў, І. Мележ, П. Пестрак, С. Шушкевіч, У. Юрэвіч, А. Эвентаў, А. Асіпенка. Поўны пратакол.

18 снежня. У «ЛіМе» — успаміны Я. Брыля пра польскіх пісьменнікаў Уладзіслава Бранеўскага, Леана Кручкоўскага, Юліяна Пшыбася і інш. Цікава, але ад аўтара ўспамінаў хочацца больш выразных ліній. Пераважаюць чыста акварэльныя мяккія фарбы.

20 снежня. Прачытаў у дванаццатым нумары «Полымя» артыкул І. Баса «Палескія пісьмы А. Блока». Ісідара Самойлавіча Баса ведаю і помню. Калісьці ў пару майго студэнцтва ён выкладаў старажытную рускую літаратуру ў Брэсцкім педінстытуце. Тады ён казаў нам, студэнтам, што яго вельмі цікавіць творчасць рускага паэта ХІХ ст. Івана Іванавіча Гольцмілера (я запомніў гэтае імя), пра якога нічога не вядома.

22 снежня. Гэтымі днямі, помніцца, адзначалі дзень нараджэння Сталіна. У народзе некаторыя і сёння сумуюць па Сталіне: «Ён бы навёў парадак!» Мае калегі-апаратчыкі Сталіна не любяць, ён прымушаў працаваць ноччу і наганяў страх. Ходзіць выраз «перамалоць у лагерны пыл».

23 снежня. Няма ні мяса, ні каўбас, затое шанцуе ў зімніх відах спорту: фігурысты, хакей, лыжы. Асабліва напружана праходзяць паядынкі з чэхамі.

У кватэры, дзякуй ЦЭЦ, цёпла. Радыятары — гарачыя, не дакрануцца. Праз шчыліну ў покуце паступае з вуліцы паветра, ахалоджвае і асвяжае.

25 снежня. Пятніца. Нарада маладых пісьменнікаў у Брэсце, праводзіў Саюз пісьменнікаў. Удзельнікі: Міхась Рудкоўскі, Жэня Янішчыц, Ніна Мацяш, Васіль Жуковіч, Алесь Разанаў і інш.

Нешта з Камянеччыны, дзе я нарадзіўся, няма ці амаль няма вядомых пісьменнікаў. Выключэнне — Плакід Янкоўскі, які нарадзіўся ў Вайской (1810—1872), і мой сучаснік Вася Жуковіч.

Маладым цяжка ў тым сэнсе, што позна нарадзіліся, ужо ўсё апета: рукі, ногі, твар, валасы, плечы — усё. Расліны, дрэвы, пейзаж — усё ўжо было. Сёння паэзія эвалюцыянуе ад лозунгавасці і апісальнасці да філасафічнасці, сталасці думкі.

26 снежня. Дзень нараджэння не адзначаў, але ведаю: маю ўжо 33 гады. Кажуць, што чалавечае жыццё складаецца з дзвюх палавін па 33 гады. Адна з іх (не абавязкова першая) бывае лепшая, другая — горшая. А як будзе ў мяне? Ажаніцца? Лейбніц — знаны матэматык і філосаф — пасля працяглага роздуму вырашыў, што калі жаніцца, дык не раней як у сорак гадоў, бо надта важны гэты крок — шлюб. Дачакаўшыся сарака, ён прапанаваў руку сваёй абранніцы, але тая, аказваецца, таксама думала і прыйшла да супрацьлеглай высновы.

30 снежня. Завяршаецца год, і думаеш, што там наперадзе. На гэтае пытанне, мусіць, ніхто не адкажа. Бачыш тое, што навокал, але прадбачыць цяжка.

Атрымаў віншавальную паштоўку ад Віталіка з Ленінграда. Успомніў, як калісьці мы з ім і трэцім братам Лёнем шукалі навагоднюю ёлку. Было гэта перад новым, 1950-м годам (дваццаць гадоў назад). Хацелася, каб ёлка на Новы год стаяла не толькі ў школе (я вучыўся ў 6-м класе, Віталік — у 4-м, Лёнік — у 3-м), а і ў нашай хаце. У лес, у Бярэзіну, пайшлі з раніцы, прыхапіўшы сякеру. Бярэзіна не так і далёка. Ішлі гасцінцам да Бабіцкай гары, а там звярнулі ўлева, у лясны масіў і пачалі азірацца, але ёлкі не траплялі. Рушылі ў глыб лесу. Снег у лесе мяккі, пушысты, і навалена яго столькі, што не прайсці. Хутка змарыліся, але ад мэты не адступалі. Дзень быў без сонца і па-зімоваму кароткі. Не заўважылі як і павечарэла. Пара было вяртацца дадому. Мацнеў мароз. Мы агледзеліся і з жахам зразумелі, што заблудзілі. Вакол усталявалася злавесная, напоўненая нямой, гнятучай пагрозай, цішыня. У які бок ісці — прапановы былі супрацьлеглыя. Мы з Віталікам сталі паміж сабой спрачацца. Кожны даводзіў сваё, свой накірунак, як вяртацца дадому, у якім баку наш Кругель. Скончылася тым, што Віталік пайшоў у адзін бок, а мы з Лёнікам у другі. Давялося паблудзіць, але дадому мы з Лёнікам усё ж такі дабраліся. Я адразу спытаў у мамы, ці дома Віталік. Брата не было, і я расказаў, як мы шукалі ёлку. Было ўжо позна, паднялі родзічаў, вёску і, запаліўшы ліхтары, пачалі шукаць. Прачасалі поле, лес. Усчалася завея. Я, галоўны віноўнік, помню, ад знямогі, фізічнай і маральнай, валіўся з ног. Шукалі да раніцы, і безвынікова.

— Куды ж ты пайшо-оў? — галасіла бедная мама. — Ой, доля мая горкая!..

Крыху адпачылі, забыўшыся сном, і ўжо прадоўжылі пошукі пры дзённым святле, ідучы па слядах. Сляды засталіся: вось ён ідзе, вось спыніўся каля куста, пайшоў далей. Асабліва перажывала мама, баючыся знайсці сына замерзлым. Баялася кожнага куста. Баялася, што задралі ваўкі. На аднаго ў нас напалі ваўкі, дык ён палез на дрэва, але драпежнік паспеў учапіцца яму ззаду за кажух і рвануў так, што пакінуў толькі каўнер ды рукавы. Аднак чалавек на дрэве выратаваўся.

Знайшлі Віталіка ў далёкай лясной вёсцы, ажно ў Робанцы, куды ён прыблукаў, шукаючы дарогі дадому. Цяпер Віталік жыве і працуе ў Ленінградзе. З’езджу, праведаю!


1971


2 студзеня. Вярнуўся самалётам з Ленінграда ад Віталіка. Сустракаў Новы год разам з яго сям’ёй. Пабудавалі кааператыўную двухпакаёвую кватэру на бульвары Наватараў. Пяты паверх. Даволі ўтульна. Прыгожая жонка Ала Андрэеўна і дачка Наташа.

3 студзеня. Юзік расказаў, што ў суботу сустрэў быў Анатоля Вялюгіна. Пагаварылі (у «Полымі — вершы).

— Выпіў учора, Анатоль Сцяпанавіч, — прызнаўся Юзік, — дык сёння пачуваю сябе не лепшым чынам.

— Калі ёсць здароўе, то трэба піць. Натхняе! — адказаў знакаміты паэт.

Даўно даў сабе слова не піць — пасля таго выпадку, калі настаўнічаў у Тамашоўцы. Там «Чайная» добрая была. Зайшлі мы з Уладзімірам Іванавічам, і начальнік заставы зайшоў. Адправіў на граніцу каравул і зайшоў. Пазнаёміліся — сімпатычны чалавек, старшы лейтэнант Нерабееў. Ну і выпілі за знаёмства. Выпілі раз, другі, а потым піва захацелася. Дзе ўзяць? У чайной — адна гарэлка. Што рабіць? Уладзіміра Іванавіча жонка забрала дадому, а мне Нерабееў кажа: «Пойдзем на той бок, у мяне там сябры, у іх піва ёсць!»

Пайшлі. Селі ў човен. Пераплылі Буг. На польскім баку ніхто не сустрэў, заходзім на іхнюю заставу — і там нікога. Нарэшце ўсё ж такі адшукалі нейкага пагранічніка, паслалі яго па начальніка заставы. Прыйшоў начальнік. Знайшлі піва і… польскай гарэлкі. Пілі за дружбу і напіліся так, што папрачыналіся ўжо на гэтым беразе. Польскія пагранічнікі вярнулі назад, у СССР. Каравул нас знайшоў. Дык Нерабееў нічога, а мяне чуць з партыі не выключылі.

Пісьменнікі выпіваюць — гэта вядома. Некалькі год назад у Мінск з групай польскіх літаратараў прыязджаў Уладзіслаў Бранеўскі. Відаць, хварэў, бо яшчэ на пероне, выйшаўшы з вагона, папрасіў «кілішачак вудкі». Пра гэта я прачытаў ва ўспамінах Я. Брыля.

Пра Фадзеева кажуць (у Маскве): «Бесперапынны запой на працягу трыццаці гадоў». Але Фолкнер піў яшчэ болей і напісаў некалькі дзясяткаў раманаў.

4 студзеня. Першы дзень у новым годзе на працы. Сабраў загадчык, павіншаваў з Новым годам, пажадаў здароўя, поспехаў. На стале ў загадчыка ляжыць кніга «На задворках». Яна мне знаёмая, выйшла ў мінулым годзе: артыкулы, фельетоны, памфлеты супраць буржуазных нацыяналістаў. Сустракаюцца прозвішчы Астроўскага, Езавітава, Казлоўскага, Іваноўскага, Ермачэнкі, Абрамчыка, Станкевіча і інш. У мінулым годзе прыязджаў «па падручнікі» Я. Ліманоўскі. Прыязджаў быццам У. Клішэвіч. Пра іх не згадваецца. Артыкул «Не вам беларусамі звацца» падпісалі Р. Барадулін, Г. Бураўкін, В. Быкаў, А. Вярцінскі, Н. Гілевіч, І. Пташнікаў, Б. Сачанка, І. Чыгрынаў.

Грунтоўная распрацоўка гэтай тэмы, на жаль, пад забаронай. Эмігранты нападаюць на нас, мы — на іх, а ісціна, хутчэй за ўсё, недзе пасярэдзіне.

6 студзеня. Заходзіў Аляксей Кулакоўскі. Выглядае вельмі мірна і шляхетна, а ў вайну, Шамякін казаў, камандаваў ротай штрафнікоў. Пагаварылі пра справы партыйныя. Аляксей Мікалаевіч лічыць, што пісьменнік абавязкова павінен працаваць у нейкай установе, інакш пра яго забудуць. Мне такая логіка не вельмі зразумелая, але я не пярэчыў.

Болей ужо не называе майго візаві «Лабада», кажа: «Лабадо». Правёў з Аляксеем Мікалаевічам «разъяснительную беседу» (слова з нашага партыйнага жаргону).

8 студзеня. Чуў выраз «наменаклатурны пахан», але не магу даўмецца, што ён азначае. Што гэта такое?

10 студзеня. Адпачываў пасля начнога дзяжурства ў прыёмнай Машэрава. У гадзіну ночы пазваніў нейкі шафёр. Прывёз, ажно з Нараўлянскага раёна, кароў на Мінскі мясакамбінат, а там нікога няма, адзін вартаўнік. «Чаго ж ты ў выхадны дзень іх вёз, — пытаю, — ды яшчэ нанач?» — «Так здарылася», — адказвае. Баіцца, што каровы за ноч схуднеюць, а то і наогул папрымярзаюць да долу, бо мароз. Чалавек з правінцыі ў сталіцы безабаронны. Я адшукаў дырэктара мясакамбіната, папрасіў прабачэння і растлумачыў, па якой прычыне званю. Ён паабяцаў разабрацца. Пад раніцу пазваніў шафёр, сказаў, што кароў паставілі ў цёплае месца. Перспектыва ў іх незайздросная, але і быдла паважаць трэба.

11 студзеня. А. Куляшову далі Дзяржаўную прэмію за пераклады «Энеіды» І. Катлярэўскага, вершаў Лермантава, «Спеву аб Гаяваце» Г. Лангфела. Паэма «Цунамі» не ўспамінаецца. Яна была надрукавана ў вераснёўскай кніжцы «Полымя» за 1968 год, але не спадабалася Машэраву. Машэраў, кажуць, з пасляваеннага часу, будучы на пасадзе «камсамольскага бога», сябраваў з Куляшовым — аўтарам вершаў «Камсамольскі білет», «Камуністы» і інш. Цяпер Куляшоў пачаў пісаць інакш, і ў адносінах наступіла прахалода. Не водзіць ён дружбы і са сваім калегам П. Броўкам і, калі жыў П. Глебка, то і з ім. Моцна пасварыліся яшчэ на пачатку 50-х. Зацяты народ — пісьменнікі.

Майго земляка і сябра Аляксея Гардзіцкага прынялі ў члены Саюза пісьменнікаў. Павіншаваў.

14 студзеня. Даручэнне ад загадчыка аддзела: патрэбен матэрыял да чарговага мерапрыемства. Ён інструктуе (блакнот і аўтаручка заўсёды пры мне):

— На люты запланаваны ХХХІІ з’езд Кампартыі Беларусі. Момант — адказны. Кожны абавязаны працаваць лепш і больш. Вы напішыце, як творчы саюз можа аказваць уплыў на выхаванне новага чалавека. Вось, зыходзячы з гэтай думкі…

Вядома, літаратура ў многім фарміруе свядомасць чалавека, але патрэбны творы цікавыя, прарыўныя, а такіх нешта не відаць.

— Падумайце, як узмацніць сувязі пісьменнікаў з жыццём.

Думаю.

Прысутны намеснік загадчыка прамовіў, адкапыліўшы ніжнюю губу:

— Я назіраю за працэсам і бачу, што некаторыя на працягу гадоў маўчаць, чамусьці не пішуць. Як быць з такімі?

— Можа, такім варта плаціць ганарар за тое, што не пішуць. Невядома яшчэ, што б яны напісалі.

Усе засмяяліся.

А што? У 20-я гады ў Нарвегіі — я недзе пра гэта чытаў — сялянам плацілі грошы за тое, каб яны не апрацоўвалі зямлю.

15 студзеня. Л. Прокша змясціў у «ЛіМе» артыкул, скіраваны супраць вядомага дзеяча беларускай эміграцыі С. Станкевіча. Гаворка ідзе пра аповесць В. Быкава «Сотнікаў», пра якую С. Станкевіч даволі прыхільна азваўся па мюнхенскай радыёстанцыі «Свабода». Справа ў тым, што пра гэту аповесць у мінулым годзе пісаў і сам Л. Прокша. Хваліў. А тут хваліць С. Станкевіч. Атрымліваецца, што іх пазіцыі блізкія або наогул супадаюць?

Л. Прокша імкнецца адмежавацца: «Спадар Станкевіч не можа пагадзіцца з тым, што Сотнікаў — станоўчы герой аповесці. Наіўным было б думаць, што гэта асабістая думка спрытнюгі-«літаратара». За гэтым крыецца зусім іншае. А іменна: імкненне паралізаваць выхаваўчую ролю мастацкіх твораў, якія паказваюць мужнасць і стойкасць савецкіх людзей у час мінулай вайны, звесці значэнне мастацкай літаратуры аб вайне да паказу «трагедыі і пакутніцтва народа, спрычыненае вайной і партызаншчынай».

Апошняе — пытанне вельмі балючае і зусім не асветленае ў нашай літаратуры.

Вышэйшая асалода — гэта асалода ад праўды, — сказаў папулярны цяпер Васілій Шукшын. Недахоп праўды — ахілесава пята нашай літаратуры.

17 студзеня. Адкрыўся новы тэатр — Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі БССР. Гэта ў Доме афіцэраў. Пайшоў адзін. Пакуль што халасцякую.

Давалі «гераічную камедыю» (нейкае новае жанраўтварэнне!) «Спявае «Жаўранак», музыка Ю. Семянякі. Выйшаў з думкай, што прыстойную аперэту мог напісаць толькі Кальман.

19 студзеня. Вадохрышча. Бабулькі нясуць у бутэльках ваду. Вада — свянцоная. На Вадохрышча наша Зямля, як вядома, максімальна набліжаецца да Сонца, якое сілай сваёй энергіі ачышчае ваду і робіць яе лячэбнай.

У Кругелі, калі стаяла царква, гэта было вялікае свята, на замерзлай Лясной, у затоцы, прабівалі палонку і ставілі з ільду алтар. Адбывалася ўрачыстае богаслужэнне, стралялі з ружжа, выпускалі галубоў. Было ўсё па поўнай праграме. Было…

21 студзеня. Наведаў у Дзяржаўным музеі выстаўку Заіра Азгура. Уражанне такое, нібы трапіў у нейкае вельмі сумнае месца. Але добра відаць, што Азгур — вялікі працаўнік. Нездарма нейкі гумарыст з мастакоў сказаў: «У яго ў майстэрні галоў столькі, як у іншых бутэлек». Што відаць і на выстаўцы.

22 студзеня. А. Карпюк друкуе фрагменты са свайго «Вершалінскага раю» пра сектанта Альяша з Грыбоўшчыны. Асуджае Альяша і яго «апосталаў» з пазіцый асветніцкага бязбожжа.

Артыкул у тым жа «ЛіМе» У. Юрэвіча «Першапачатак народнага подзвігу» пра раман Чыгрынава «Плач перапёлкі» («Маладосць», № 10, 11, 12 за мінулы год). Хваліць, і заслужана.

24 студзеня. Чытаў нядаўна выдадзеную кнігу Гегеля — «Работы разных лет» (М., 1970. Т. 1). На стар. 385-й думка: «Каков человек, таков имир, и каков мир, таков и человек». З думкі філосафа вынікае, што свет творыцца кожным. Дабро і зло перамяшаліся. Часам цяжка аддзяліць адно ад другога. І яшчэ. Калі дэградуе асоба, дэградуе ўсё. Мы яшчэ не зразумелі значэння чалавечага фактару. У мяне, дарэчы, такое ўражанне, што гадоў 10—15 назад (я тады быў студэнтам, працаваў, служыў у арміі) людзі былібольш зычлівыя адзін да аднаго, дапамагалі ў жыццёвых цяжкасцях, падтрымлівалі. Сёння ў чалавечых адносінах больш адчужанасці, зайздрасці, непрыхільнасці.

25 студзеня. Панядзелак. З раніцы неяк апынуўся ў кабінеце загадчыка аддзела. Пачуваўся даволі раскавана і спытаў: «Што новага, Станіслаў Віктаравіч?» Той паглядзеў на мяне больш, чым строга: «Гэта вы павінны дакладваць мне, што новага, а не я вам!»

Настрой сапсаваў на цэлы дзень, але нічога не зробіш, бо ён начальнік. Але не разумею, чаго гэта ён на мяне так напусціўся.

28 студзеня. З добрымі вынікамі працуе Салігорскі калійны камбінат. Аднаму пісьменніку зрабілі закід, што герой яго аповесці атрымаўся залішне інтэлігентным — інфантыльным і кволым. Калега С. параіў аўтару:

— А ты яго ў Салігорск адпраў, у шахту апусці.

Там, маўляў, больш акрэслена вызначыцца яго грамадзянская пазіцыя. Неспавядзімы шляхі гасподні…

29 студзеня. У Доме мастацтваў адбыўся вечар у гонар 50-годдзя І. Шамякіна. На вечары былі М. Лынькоў, М. Танк, І. Навуменка, Б. Чалы, В. Бокаў… У «ЛіМе» цэлы разварот з артыкуламі М. Лынькова, В. Каваленкі і інш. Пра аповесць «Мост» калісьці добра пісаў В. Быкаў. І. Шамякін і В. Быкаў пачыналі пісаць пад уплывам твораў Дж. Лондана. Відаць, яго паэтыка здавалася ім найбольш прыдатнай, каб паказаць чалавека ў суровых абставінах вайны. Першае апавяданне І. Шамякіна «У снежнай пустыні» навеяна паэтыкай Дж. Лондана. Потым былі іншыя павевы, але пісьменнік развіваўся самастойна.

Творы Шамякіна запатрабаваныя, іх чытаюць, абмяркоўваюць. Чую часам крытычныя заўвагі ад сваіх калег партработнікаў. Памочнік Машэрава Панамароў сёння сказаў мне:

— Зря это он про охоту в Беловежской пуще, не надо было!..

Ён меў на ўвазе самы пачатак рамана «Снежныя зімы».

А лясны камандзір Кожар Ілья Паўлавіч, наадварот, прачытаўшы «Глыбокую плынь», выказаўся так: «Пісьменнік павінен быць што партызан: прайсці там, дзе ніхто не можа прайсці».

30 студзеня. Субота. Гуляў на банкеце, які даваў Шамякін у рэстаране «Юбілейны». Багата. Я залюбаваўся на белы абрус і іскрыстыя чаркі і фужэры з крышталю.

— Першы раз паставілі, думаем, не паб’юць, — патлумачыў афіцыянт з гальштукам-матыльком, праціраючы ручніком фужэр. — Усё ж такі Шамякін. Тамадой — Макаёнак. Шмат віншаванняў, тостаў, жвавасці. Іван Пятровіч крыху падпіў. Калі я яго віншаваў, ён жартам, але нечакана для мяне, спытаў:

— Уладзімір Васільевіч! Дык як Цака лічыць, таленавіты я ці не?

— Дзіва што! — пацвердзіў я, успомніўшы, што яго прадставілі да ўзнагароды ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.

1 лютага. Адліга. Параспускаліся рэкі. На дрэвах пачалі набухаць пупышкі. Стан прыроды мяне цікавіць здаўна, з дзяцінства. Перадалося, відаць, ад дзеда Лявонція Міхайлавіча Сцепанюка, які зжыўся з навакольнай прыродай усёй сваёй сялянскай істотай і ўмее бачыць і прадчуваць яе паводзіны. «Ягадаў шмат, — казаў ён, — значыць, зіма будзе халодная».

Потым, у студэнцкія гады, трапіла да мяне кніжка маскоўскага фенолага Зуева «Времена года», і я дзівіўся назіральнасці яе аўтара. «Багаты ўраджай рабіны, — пісаў ён, — прадказвае, што зіма будзе суровая». Або: «Калі дровы гараць з трэскам — будзе мароз» і г. д.

5 лютага. «ЛіМ» сціпла адзначыў 85-годдзе кампазітара Аляксея Туранкова. Ён ураджэнец Санкт-Пецярбурга, дзе і атрымаў музычную адукацыю. Пераехаў у Беларусь яшчэ ў 1918-м. Асвоіў беларускі мелас, напісаў шмат песень, оперы «Кветка шчасця» і «Яснае світанне». Нешта дрэннае цягнецца за ім з часоў нямецка-фашысцкай акупацыі. Падазрона перагукваецца яго прозвішча з прозвішчам аднаго з персанажаў п’есы К. Крапівы «З народам» (1948) — Шкуранкоў.

8 лютага. Яшчэ адно пяцідзесяцігоддзе. На гэты раз — Івана Мележа. У тым жа Доме мастацтваў, што і ў Шамякіна.

Ведаю Івана Паўлавіча Мележа, як і ўсе, даўно — па творах. Кнігу апавяданняў «У завіруху» прачытаў яшчэ ў 1947 годзе. Помню марозны зімні вечар: сяджу на цёплай печы, цьмяна свеціць падвешаная да столі газнічка (кнот «укручаны» — эканомім газу), сачу за лёсам герояў, за цікавымі падзеямі.

Бабуля Фёкла (яна была непісьменная) просіць:

— Чытай уголас!

І я чытаю:

«…Цяпер ён быў у нейкім забыцці ад нечалавечай стомы. Спатыкнуўшыся, ён упаў у снег і ляжаў колькі хвілін нерухома і маўкліва. Конь пастаяў крыху, пачакаў, потым занепакоіўся, шмаргануў повад раз, другі. Заслужац бяздумна павярнуўся і ўбачыў над сабою храпу каня: галава каня здавалася незвычайна вялікай. Каштан пазіраў круглымі вачыма трывожна і нецярпліва…»

Гэта было цікава. Пісьменнік надзвычай праўдзіва, пераканаўча паказваў чалавека ў жорсткіх абставінах вайны. Праўда выклікала давер, суперажыванне. Гадоў праз дзесяць-пятнаццаць яна стане галоўным крытэрыем ваеннай літаратуры, узніме ў ёй «другую хвалю». Але моцныя, маральна забяспечаныя парасткі гэтай праўдзівасці былі ўжо ў ранняга Мележа.

Убачыў упершыню Івана Паўлавіча ў годзе 1962-м, у клубе Саюза пісьменнікаў па вуліцы Энгельса. Быў вечар апавядання (зараз такія мерапрыемствы чамусьці забыты), вёў Мележ. Здзівіла яго тактоўнасць, павага да творчасці таварышаў, што чыталі свае апавяданні, натуральнасць паводзін і рухаў.

З гэтага часу, здаецца, і пачало ўмацоўвацца наша знаёмства.

Бывае, пры сустрэчы чалавек пытаецца: «Як жывеш?», «Як сям’я?» Хочаш нешта адказаць: жывыя, маўляў, і здаровыя пакуль што. А ён, аказваецца, цябе не слухае, хоць і трымае за гузік. Спытаўся, відаць, для «ветлівасці» і пачаў гамонку пра іншае, пра сваё.

Іван Паўлавіч не з такіх. Ён любіць пытаць і ўмее слухаць. Слухаць не раўнадушна, а актыўна, зацікаўлена.

— Як жывяце? Як сям’я?

— Пакуль што адзін, халасцяк.

— А колькі вам?

— Ды за трыццаць ужо…

— Калі ж тады жыць, — спакойна, мудра ўшчувае ён мяне.

У 60-я гады ён, інтэнсіўна працуючы над палескімі раманамі, час ад часу заходзіў у Інстытут літаратуры імя Я. Купалы абмяняцца думкамі пра апублікаванае, паслухаць калег-літаратуразнаўцаў.

Мяне і маіх таварышаў вабілі і вабяць у Мележу яго мастакоўскі аўтарытэт, самастойнасць, самавітая асоба з незалежнасцю думкі і ў той жа час жаданне зразумець цябе, праверыць тваю думку, стаўшы на твой пункт погляду.

Мележ і Шамякін — землякі, абодва з Гомельшчыны, з Палесся. Старажытны край! Некаторыя вучоныя лічаць Палессе прарадзімай славян. Кажуць, калі хочаш пачуць, як гаварылі ў часы Кіеўскай Русі, едзь на Палессе. Вядома, шмат вады сплыло з тых часоў. Шмат!

Мележ і Шамякін — пастаянныя сапернікі. Сапернікі і апаненты. Як і Шамякіна, яго ўзнагародзілі ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. «Трудавіком» — як у народзе называюць гэты ордэн.

9 лютага. Юбілейны банкет І. Мележа ў адрозненне ад І. Шамякіна ў рэстаране «Беларусь». Банкет таксама шыкоўны. Юбіляр не піў, а слухаў, што пра яго гаварылі, хто выступаў з тостамі.

12 лютага. Дапамагаю калегам у падрыхтоўцы Справаздачнага даклада ЦК ХХVII з’езду Кампартыі Беларусі. Вылучана пэўнае кола ідэй. Вось некаторыя. Чарговай ступені мы дасягнулі. Нашы людзі пад кіраўніцтвам партыі і ўплывам савецкага ладу жыцця, выхаваўчай работы, значна выраслі, асабліва ў духоўным плане. Зрабіць акцэнт на ўзмацненні ідэалагічнай барацьбы з буржуазным Захадам, на выпрацоўку ў савецкага чалавека правільнага, навуковага светапогляду і пачуцця савецкага патрыятызму. Зверху спушчаны тэзіс: над ідэалогіяй трэба больш працаваць, чым над эканомікай.

Не забыта і літаратура: развіццё літаратуры (і мастацтва) адстае ад запатрабаванняў грамадства развітога сацыялізму.

Часам можна пачуць выраз: «дрымучая свежасць думкі». Ён, па-мойму, не блага стасуецца да нашага «кола ідэй».

Як выпрацаваць «адзіны навуковы светапогляд», калі людзі з розным жыццёвым досведам, з рознай адукацыяй.

20 лютага. Быў у лазні. Дужа прыемная працэдура. Абнаўляе і цела і душу. Некаторыя абліваліся халоднай вадой. Нейкі дзядзька сказаў: «Халодная вада для паясніцы бяда». Трэба запомніць, бо гэтым часам злоўжываю і я.

Дадому вяртаўся з добрым настроем.

22 лютага. Пачаўся чарговы ХХVII з’езд Кампартыі Беларусі. На яго адкрыцці дэлегаты — так цяпер прынята — доўга апладзіравалі. Усе партыйныя форумы (з’езды, пленумы, канферэнцыі) ідуць пад бурныя і працяглыя апладысменты. Апладзіруюць усе — і зала, і прэзідыум. Апладысменты — вельмі значная, важная і абавязковая частка партыйнага рытуалу. Умелі бурна апладзіраваць пры Сталіне і асабіста яму. Старажылы нашай установы расказваюць, што на ХІХ з’ездзе ВКП(б) адна дэлегатка так горача запляскала ў далоні і пацягнулася да правадыра, калі ён узышоў на трыбуну, што звалілася з балкона, дзе яна знаходзілася, у партэр. Дарэчы, у кадрах кінахронікі, якая захавалася і паказвае Сталіна, калі ён падняўся на трыбуну, ёсць момант: правадыр у сваёй зашпіленай на ўсе гузікі «сталінцы» здзіўлена пазірае кудысьці ўверх, пад столь. Ці не на той балкон ён глядзіць, з якога звалілася ці валіцца ягоная фанатка? Вядома, што яе забрала «хуткая дапамога». Доўга вялося следства на той конт, што, можа, хто яе спіхнуў.

Сёння таксама апладзіруюць бурна, хаця, можа, крыху і механічна.

На ХХVII з’ездзе КПБ П. М. Машэраў сказаў (тое, што мы напісалі): «духоўны рост працоўных значна апярэджвае дасягненні літаратуры і мастацтва».

23 лютага. Выступаў М. Танк. Цікава. У паэзіі, у вершах ён вельмі праўдзівы. Паэзія яго мне імпануе, падабаецца. Галоўная думка яго выступлення: беларуская савецкая літаратура знаходзіцца на крутым уздыме. Я так бы не сказаў, хаця працэсы самаруху літаратуры, творчы пошук не спыняюцца. Дрэнна, аднак, што яна паднявольная, абмежаваная прынцыповымі патрабаваннямі сацыялістычнага рэалізму.

М. Танку, як звычайна, прапанавалі выступіць «зверху».

Нехта з дэлегатаў ад Гродзенскай абласной партарганізацыі пакрытыкаваў сакратара Гродзенскага аддзялення СП Беларусі Аляксея Карпюка за слабы ўдзел у ідэйна-выхаваўчай рабоце.

25 лютага. Дзень прайшоў нібыта спакойна, але пад канец тэрмінова выклікаў загадчык аддзела.

— Паездзеце ў Гродна ў складзе пісьменніцкай камісіі для праверкі Гродзенскага аддзялення.

Гэта сталася для мяне нечаканасцю і нечаканасцю не надта прыемнай.

— А хто ў той камісіі?

— Мікола Ткачоў і Алешка.

— Антон Алешка?

— Ён самы. Камандзіроўка вам ужо выпісана, білеты бярыце на заўтра, на раніцу.

Што ж, трэба ехаць. У калідоры паспачуваў, курачы цыгарэту, Парватаў:

— Не простае ў вас даручэнне, — сказаў ён і, крывячы губу, выпусціў струмень дыму.

Я паспеў сазваніцца з Ткачовым і Алешкам, яны ўжо ў курсе справы. Едзем цягніком, білеты ўзяў на сябе Мікола Гаўрылавіч, каб ехаць у адным вагоне. Ён аргсакратар, пазваніў Карпюку ў Гродна, каб сустрэў.

У дарозе, пад стук колаў, зайшла размова — завёў Мікола Гаўрылавіч — пра чалавечую адказнасць, пра гуманнасць і далікатнасць. Для яго ўзор чалавечнасці — Максім Танк.

— Браў мяне адказным сакратаром у «Полымя». Я быў тады малады, кволы, — гэта ў сорак дзявятым было. «Ну, нічога, — кажа, — калі не справішся, дык тады я буду вінаваты. Уся адказнасць, — кажа, — на мне». Гэта значыць, на ім.

26 лютага. Аляксей Нічыпаравіч — чалавек абавязковы, сустрэў асабіста, паспеў нават заказаць гасцініцу. Распытаў, як ехалі, пацікавіўся настроем. Мікола Ткачоў сказаў, паўтарыўшы тое, пра што ён папярэдзіў па тэлефоне:

— Маем заданне паглядзець работу вашага Гродзенскага аддзялення.

— Правярайце, раз даручылі, — хітнуў галавой Аляксей.

Дамовіліся, што сустракацца з пісьменнікамі будзем з кожным паасобку, а потым збяромся ўсе разам. Аляксей Нічыпаравіч згодна хітае галавой. Уладкаваліся ў гасцініцу. Нумары, як манастырскія келлі, не павярнуцца, ложак кароткі нават для мяне (1,77 м), і хто гэта так суперэканомна праектаваў і будаваў? Але затое асобна, па аднаму.

27 лютага. Першая сустрэча — з самім Карпюком. У маіх вачах ён заслугоўвае і павагі, і пашаны. Родам з-пад пушчы. У давераснёўскія часы, яшчэ юнаком, стаяў за беларушчыну. Рос сярод людзей — вясковых падпольшчыкаў, якія свята верылі ў сацыялістычны ідэал. «Чысты, — як ён кажа, — і незаплямлены». У вайну сядзеў у нямецкім канцлагеры, уцёк, камандаваў партызанскім атрадам імя К. Каліноўскага на Гродзеншчыне.

Сустрэча наша адбывалася ў доміку Элізы Ажэшкі, дзе цяпер месцяцца некаторыя культурныя ўстановы, у тым ліку Гродзенскае аддзяленне СП. Пагаварылі пра жыццё, пра планы. Карпюк працуе цяпер над раманам «Вершалінскі рай» — пра вясковага сектанта з вёскі Грыбоўшчына, які стварыў «сваю царкву», папулярную ў мясцовага жыхарства.

— Няма кантакту з абкамам, — уздыхнуў Аляксей Нічыпаравіч, — няма з імі паразумення! Што ні параіш, не слухаюць.

Я яго разумею. Карпюк — праўдалюб і «праўдаруб». У яго аўтабіяграфічным нарысе «Мая Джамалумгма» ёсць такая мясціна: «Для чаго чалавек жыве? Мабыць, для барацьбы за Праўду. У мой век Праўда знаходзіцца ў вялікіх ідэях камунізму, я за іх змагаўся, як толькі мог. Канечне, часамі рабіў гэта няўмела, а часамі груба, але гэта ішло ад неразумення і ўзросту».

Гаворка, як бачым, пра тую ж «чысціню і незаплямленасць». Гэта — вялікая, сусветная праблема камуністычнага руху. У СССР, дзе ўлада належыць камуністам, яна асабліва вострая. Многае адкрылася ў 1956-м. «Оказался наш Отец Не Отцом, а сукою», — спявае Галіч.

Вядома, заглыбляцца ў гэтыя пытанні ніхто з нашай кампаніі не стаў. Небяспечна для ўсіх. Карпюк загаварыў пра сяброў, спытаў, што там у Мінску, як Максім Танк, Караткевіч, Брыль. Даведаўшыся, што я з Брэстчыны, вучыўся ў Калесніка, расказаў пра яго юнацкія адносіны з Зінай Маслоўскай, якую ён таксама ведаў і якая гераічна загінула ў часе вайны. Я яшчэ раз падумаў, што ўсе яны — і Карпюк, і Калеснік, і Быкаў, і загінуўшая Зіна Маслоўская — прадстаўнікі ўнікальнага пакалення, якому трэба давяраць, досвед якога неабходна цаніць і шанаваць.

28 лютага. Наведалі майго даўняга сябра па аспірантуры Сяргея Кліманскага. Заваліліся да яго ў складзе ўсёй камісіі. Ішлі па цаліку, грузнучы ў глыбокім снезе. Сям’я Кліманскіх — гасцінная. Пачаставалі добрай вячэрай. Асабліва смачнымі здаліся зразы. Была музыка з грамафона. Музычных навінак гаспадары не прызнаюць. Антон Антонавіч, танцуючы з гаспадыняй, зачапіўся за дывановую дарожку і ўпаў. Але ўсё абышлося.

1 сакавіка. На дварэ мароз, завіруха, а ў нумары гасцініцы «Беларусь» цёпла. Нумар маленечкі, але нічога, адпачыць, пераначаваць можна, а каб не наша «не простая», як сказаў Парватаў, місія, дык было б і зусім няблага.

На сустрэчу з Быкавым паехалі Ткачоў і Алешка ў рэдакцыю абласной газеты, дзе ён працуе. Я ўстрымаўся, хай, думаю, яны пагавораць паміж сабой па-пісьменніцку.

Быкаў уступіў у літаратуру ў канцы 50-х — пачатку 60-х аповесцямі «Жураўліны крык», «Трэцяя ракета», у аснове якіх быў асабісты ваенны вопыт пісьменніка і ў якіх ён паказаў вайну так, як ён сам яе бачыў, ведаў і памятаў, — з яе трагедыямі, жорсткасцю, крывёй і з вялікім гераізмам. Ядро яго прозы адно і тое ж: сюжэтна аповед арганізоўваецца вакол якога-небудзь аднаго, часам нязначнага з пункта гледжання агульнай стратэгіі вайны эпізода, а для ўсёй карціны ўласціва рэалістычная верагоднасць і дакладнасць, дакладнасць і яскравасць слова, гераічны пафас. Тым не менш, яго творчасць непакоіць многіх, асабліва ў партыйных колах. Некаторыя незадаволены тым, што, засяроджваючы ўвагу на псіхалогіі подзвігу, беручы яго маральны аспект, Быкаў недастатковую ўвагу надае раскрыццю другога аблічча героікі — яе дзейснасці. Гэты разрыў, разрыў «духоўнага і дзейснага», адчувальны і ў «Сотнікаве». Сотнікаў моцны духам, але нямоглы фізічна, а яго маральны антыпод Рыбак паказаны чалавекам дужым і фізічна моцным. Слабы фізічна «ачкарык» Ляховіч

(«Круглянскі мост»), а яго маральны антаганіст Брытвін на здароўе не скардзіцца.

Непакоіць і тое, што пісьменнік залішне часта спыняецца ў сваіх творах на постацях здраднікаў і баязліўцаў. Нашто іх столькі?

Сустрэча прайшла нармальна, Ткачоў і Алешка засталіся задаволеныя. Думаю, што Быкаў таксама.

У другой палавіне дня бачыліся з Д. Бічэль і М. Дуброўскім, якому ўжо добра за семдзесят і які, здаецца, ужо даўно кінуў пісаць. Нядаўна, паўжартам паведаміў Карпюк, ажаніўся, але далёка не ў першы раз. Прасіў палепшыць кватэрныя ўмовы.

2 сакавіка. На агульную сустрэчу ў домік Элізы Ажэшкі прыйшлі ўсе. Прыбегла В. Іпатава, якую камісія не запрашала, паколькі яна не член СП. Дуброўскі — у кажуху і валёнках. Намяло снегу па калені.

Пісьменнікі-гродзенцы пацвердзілі, што ўмовы для працы ёсць. Дуброўскі яшчэ раз паўтарыў просьбу аб кватэры. Некаторыя выказалі прэтэнзіі да мінскіх выдавецтваў, дзе рукапісы часам залежваюцца. Былі скаргі таксама на няўвагу з боку мясцовых уладаў. Д. Бічэль пусціла слязіну.

Ад’язджалі ў Мінск вечарам. Праводзіў, як і сустракаў, Аляксей.

— Глядзіце, хлопцы, беражыце сябе, — праяўляючы клопат, паўтараў ён. — У вагоне можа быць халадно, зіма, не прастудзіцеся.

«Зычлівы!» — думалася пра яго. І яшчэ я падумаў: «Нельга заганяць чалавека ў куток».

5 сакавіка. 75-годдзе К. Крапівы. У школе, дваццаць гадоў назад, «праходзілі» яго п’есу «Партызаны», а ў АН БССР убачыў яго самога. Твар — маска з застылым выразам сухасці і адчужанасці; ніколі не скажаш, што гэта майстар смеху. А між тым гэта так. К. Крапіва — постаць самабытная, але не адназначная. У свой час працаваў адказным сакратаром часопіса «Узвышша», а да гэтага — інструктарам Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Інбелкульце. Неяк П. Броўка расказваў, як ён пазнаёміўся з Крапівой. Гэта было ў Полацку, куды Крапіва прыехаў у камандзіроўку, каб праінспектаваць краязнаўчую работу ў горадзе. Броўка ў гэты час працаваў у Полацку адказным сакратаром акруговай газеты «Чырвоная Полаччына». Крапіву сустрэў, калі той аглядаў вал Івана Грознага. Беларускі тып сатырыка-гумарыстычнай ацэнкі, — мяккай, не на паверхні, а прыхаванай, быццам малапрыкметнай, нутраной. Вось як у няскончаным рамане «Мядзведзічы» Крапіва малюе ўпаўнаважанага з Цэнтра, што выступае перад сялянамі:

«Пачаў ён здалёк, як кажуць, ад Адама, гаварыў вельмі агульнымі фразамі, устаўляючы шмат незразумелых слоў, глытаючы іх канцы».

У 20-я гады сачыніў вострую эпіграму з палітычным сэнсам, якая з таго часу не перадрукоўвалася.

— У твае, браток, кабылы

Заўважаюцца ўхілы:

Хвост направа служыць крыва,

а налева звісла грыва.

— Што ты, браце, што ты, мілы,

То ж не гора — благадаць:

Каб не гэтыя ўхілы,

То б і цэнтра не відаць.

Кажуць, што ў 30-я гады таго-сяго залажыў. Думаю, аднак, што гэта няпраўда, бо інакш не паслалі б саракатрохгадовага камандзірам роты на савецка-фінляндскай вайне 1939—1940 гг. Надзвычай смелая п’еса «Мілы чалавек» (1945), але не даспадобы мне «Людзі і д’яблы» (1958). «Людзіі д’яблы» былі пастаўлены на сцэне тэатра імя Я. Купалы, але неўзабаве спектакль знялі з рэпертуару пасля шматлікіх пісьмаў былых мінскіх падпольшчыкаў у сувязі з тым, што п’еса была створана на аснове не зусім правераных крыніц.

Цяпер Кандрат Кандратавіч піша — я чуў калісьці ад Глебкі — п’есу пра элексір неўміручасці: хто варты быць неўміручым? Словам, падаўся ў філасофію.

7 сакавіка. Унізе, на цокальным паверсе, прадавалі кветкі. Заўтра Міжнародны жаночы дзень. Сёння правялі агульны сход апарата з дакладам старшыні прафкама тав. Вухава, які падкрэсліў, што нашы жанчыны ні ў чым не саступаюць мужчынам.

Купіў некалькі цюльпанаў, але не ведаю, каму падарыць. Усё яшчэ халасцяк. Хтосьці вельмі правільна казаў: «Дрэнна быць аднаму».

10 сакавіка. Утрох (я, Ткачоў і Алешка) падрыхтавалі, нарэшце, даволі аб’ектыўную і вядома, станоўчую (з некаторымі толькі заўвагамі) даведку па выніках нашай камандзіроўкі. Аддалі загадчыку аддзела, а той панёс наверх. Пачнецца, як заўсёды, праўка, рэдагаванне.

13 сакавіка. Панамароў нудзіцца сваім становішчам памочніка ў Пятра Міронавіча. Завалены работай па выступленнях шэфа («папы», як ён кажа). Прэтэндуе на нейкую высокую пасаду, але наўрад ці хто паставіць. Высокія пасады падобныя на крутыя скалы: туды ці арлы ўзнімаюцца, ці ўзбіраюцца тыя, хто поўзае. Панамароў, здаецца, не адносіцца ні да першай катэгорыі, ні да другой.

14 сакавіка. Ноччу марозіць, з раніцы, калі ідзеш на службу, хрусціць лядок, а ўдзень растае.

15 сакавіка. Іосіф хоча сфатаграфавацца для часопіснай падборкі ў «Маладосці». Папрасіў у мяне гальштук у белую палоску, які яму надта падабаецца. Даў.

17 сакавіка. Зямля падсохла, з раніцы сыпануў сняжок. Звычайнае для канца сакавіка надвор’е: вецер, калючы сняжок, хмарнае неба.

Па пошце, у абедзенны перапынак, паслаў дзеду Лявону ўпакоўку балгарскіх цыгарэт «Шипка». Лёгкія. Ён так і не кінуў курыць.

Вечарам чытаў ваенныя мемуары — кнігі маршала Конева «Сорок пятый» і лётчыка Пакрышкіна «Небо войны». Цяжка было ўсім, хто ваяваў.

18 сакавіка. В. Панамароў прэтэндуе на рэдактара «Немана». Пісьменніцкай падтрымкі аднак не мае. Не падтрымлівае яго і наш аддзел. «Папа» таксама перастаў глядзець у яго бок.

22 сакавіка. Па панядзелках па даручэнні Ленінскага райкама партыі вяду тэарэтычны (!) семінар з работнікамі ашчадных кас. Збіраемся ў памяшканні ашчаднай касы па вуліцы Кірава. Гэта каля вакзала. Тэма семінара — «Навуковы камунізм». Пазнаёміўся з чалавекам, які працуе ў гэтай ашчаднай касе. Прозвішча — Троцкі. Пытаюся: можа з Трокаў родам? Ёсць такі горад у Літоўскай ССР. Не, кажа, прозвішча памяняў дзед у пачатку яшчэ 20-х гадоў, каб быць бліжэй да рэвалюцыйных падзей. З цягам часу дзеда, за прозвішча, палічылі, што сваяк Льву Троцкаму, расстралялі, а сын і ўнук выжылі. Цяпер да прозвішча ніхто надта не чапляецца.

26 сакавіка. Распагодзілася. Падбіраем рэдактара на «Неман». Да С. заходзіў Хведар Жычка (яны сябруюць). Чуў, як Хведар на развітанне сказаў, заікаючыся і смешна вымаўляючы «л» замест «р»: «Жыццё — гэта балба».

31 сакавіка. Галоўны орган у чалавека — гэта нос. Гэта яшчэ Гогаль заўважыў. Нос адчувае пах. Калі пах добры, значыць маем справу з жывым, нармальным, калі дрэнны — значыць разлажэнне. На вуліцах пасля зімы шмат смецця (нос гэта адчувае), праз пару тыдняў — суботнік, уборка.

1 красавіка. Дзень падманаў. Быў напагатове, што хто-небудзь паспрабуе ўвесці ў зман, але абышлося. У мінулыя гады такое здаралася.

3 красавіка. Прачытаў выступленне М. Шолахава на партыйным з’ездзе ў Маскве. У сваім стылі. Усіх крытыкуе, але, у адрозненне ад Карпюка, не чапае партыі, кіраўніцтва, і яго ўзносяць да неба.

4 красавіка. Туман. Вільгаць. Вясна. Завяршыліся Дні беларускай літаратуры на Брэстчыне. Апошнім часам Брэстчыну пачалі называць Берасцейшчынай. Гэта, відаць, больш правільна, бо ў нас, у Кругелі, кажуць не Брэст, а Берасць.

З Брэстам у мяне звязана безліч успамінаў.

Мы, студэнты, любілі сваіх выкладчыкаў — Смальянаву, Калесніка, Германовіча, Царанкова, Барысаўца. І паміж сабой сябравалі — Грыша Лазіцкі, Федзя Цудзіла, Марк Любін, Вера Ляшук, Віктар Карповіч, Тася Тарасевіч,

Фіра Гафштэйн, Вера Маннук… У Марка Любіна ў пашпарце стаяла: Мендэль Янкавіч Любін, — але па яго просьбе яго называлі Марк Якаўлевіч. Ніхто не пярэчыў — каму што даспадобы.

Аднойчы ідзём з Маркам Якаўлевічам па Савецкай. Было гэта ў 1957-м, вясной. Едзе на возе, па бруку, селянін. Едзе без аднаго задняга кола, воз валачэцца на жэрдцы, падкладзенай пад вось. Што зробіш — зламалася кола, і чалавек едзе на бярозавай жардзіне. Бегае вакол воза нейкі ўвішны суб’ект з фотаапаратам, фатаграфуе і так, і сяк, папраўляе на галаве вазака зімовую шапку-аблавушку. Нешта ва ўсім гэтым падалося нам наўмысным і здзеклівым. Мы з Маркам падышлі да таго фатографа. Аказалася — журналіст з ФРГ. У нас узняўся патрыятычны пыл: «Што ж ты робіш, нягоднік? Вакол столькі цікавага, вартага ўвагі, нашага, савецкага, а ты прычапіўся да няспраўнага воза на бярозавай жардзіне! Замежныя газеты, вядома, з ахвотай апублікуюць здымак — зламаны воз на прымітыўнай жардзіне, наіўны паляшук у аблезлай аблавушцы…» Разам з Маркам узялі гэтага журналіста ў работу: «Засвяці плёнку!» Той страшэнна напалохаўся, але выканаць наш загад адмовіўся. Тады мы павалаклі яго ў міліцыю, дзе сустрэў дзяжурны. Немец апраўдваўся, нешта тлумачыў. Дзяжурны прысарамаціў яго, але паводзіў сябе больш спакайна за нас. Плёнкі ў журналіста не адымаў, а толькі пахітаў галавой і павадзіў пальцам. Іншаземец развітаўся і пайшоў.

У нас з Маркам было адчуванне выкананага абавязку.

6 красавіка. Прысутнічаў на пасяджэнні Сакратарыята СП. Разглядаліся пытанні падрыхтоўкі да чарговага з’езда пісьменнікаў Беларусі. З асноўным, справаздачным, дакладам будзе выступаць М. Танк як старшыня Прэзідыума СП. У дапамогу яму — кансультанты, робяць агляды па жанрах. Намецілі рабочыя органы з’езда і месца правядзення — тэатр імя Я. Купалы. Абмяркоўвалі, каму адкрываць з’езд. Я. Брыль падаў думку прасіць Кандрата Кандратавіча.

У канцы вырашылі замачыць добры пачатак, крыху расслабіцца і выпіць па чарцы. Між іншым, цікава прыгледзецца, як хто п’е. Кожны, мушу сказаць, па-свойму. М. Танк толькі прыгубіў. Рагоча грамчэй за ўсіх, але не п’е, трымае кілішак у руцэ, «грэе».

12 красавіка. Якая гэта прыгожая пара года — вясна! Нават у горадзе, які скрозь утыканы дымнымі трубамі. На Берасцейшчыне, відаць, ужо амаль лета. Ужо, пэўна, прыляцелі буслы. Лаўлю сябе на думцы, што мяне, як заўсёды, цікавіць жыццё прыроды. Усё ж такі прырода — гэта норма, гаючы сродак, які можа супакоіць, вярнуць да раўнавагі.

13 красавіка. Правёў у ашчаднай касе чарговы семінар. Разглядалі пытанне аб экалогіі, пра ўзаемаадносіны чалавека і прыроды. Разважаў у асноўным я, семінарысты паводзяць сябе даволі пасіўна. Большасць удзельнікаў семінара — дзяўчаты, жанчыны. Ну, і той Троцкі. Слухалі, мне здалося, уважліва. Тэма ўзаемадачыненняў чалавека і прыроды выразна выступае ў нядаўнім вершы А. Куляшова «Сасна і бяроза»:

Трымаюць Зямлю без падважнікаў тых,

Без мудрага троса

Жывымі рукамі карэнняў сваіх

Сасна і бяроза…

Ёсць у гэтым вершы і, думаецца, прыхаваны падтэкст, палеміка. Камуністы, як вядома, ставяць на мэце перарабіць, перабудаваць свет, у тым ліку пакарыць прыроду, на месца «першай» прыроды паставіць «другую», штучную, якая, аднак, павінна скласці матэрыяльную аснову камуністычнай цывілізацыі. Паэт на баку прыроды, прыроднага ўлоння, адмаўляе значэнне «мудрага троса». Вядома, сваім семінарыстам я пра гэта не сказаў. Не сказаў таксама, што і сам чалавек — частка прыроднага космасу і што адпаведна патрабуе больш паважных адносін да сябе. Але гэта — асобная тэма.

Закончыўшы семінар, ідучы на работу, параўняўся з дзяўчынай у летнім паліто, рослай, з доўгімі косамі. Была яна з сяброўкай. Разгаварыліся.

— Я простая медсястра, — сказала яна. Працуе ў дзіцячай чыгуначнай паліклініцы. Назвала сваё імя: Тамара. Жыве ў інтэрнаце. Здалася прыгожай. Зрэшты, кожная жанчына па-свойму прыгожая, варта толькі ўгледзецца. Я ў гэтым пераканаўся. Фрэйд, якога я чытаў у акадэмічнай бібліятэцы, пісаў, што светам кіруе сексуальнасць. Гэтую думку ў змененай форме часта паўтарае А. Мальдзіс, згадваючы польскую прымаўку: «Мы жондзімы святэм, а намі — кобеты».

Толькі чаму сказала: «Простая медсястра»? Медсястра ды і ўсё. Чым гэта блага? Дала тэлефон.

15 красавіка. Падрыхтоўка да VI пісьменніцкага з’езда. Здаецца, будзе выступаць Пётр Міронавіч. Панамароў ужо на іншай пасадзе — працуе на тэлебачанні на чале групы палітычных аглядальнікаў, так што рыхтаваць прамову Машэраву давядзецца мне аднаму. Хачу, каб выступіў па-беларуску.

18 красавіка. Выхадны. Захацелася сустрэцца з Тамарай. Пазваніў. Паехала ў Плешчаніцы, да бацькоў. Тамара — у перакладзе з іўрыта — фінікавая пальма. Падабенства з пальмай ёсць.

19 красавіка. Пішу прамову Пятру Міронавічу. Ён даў згоду выступіць на беларускай мове. Інструктуючы мяне па сваім выступе, ён, між іншым, сказаў:

— Ні ў якім разе нельга павучаць — гаварыць пісьменніку: пішы вось так і не інакш. Кожны піша па-свойму. І яшчэ. Звярніце ўвагу на мову, на майстэрства.

24 красавіка. Як звычайна — суботнік. Зноў цягалі бетон. Бетаніравалі пляцоўкі пад новы цэх. Пад канец ледзьве трымаўся на нагах, нічога не хацелася, апроч адпачынку.

Пасля суботніка ў некаторых радыкуліт. Інструктар з аддзела транспарту наогул цягне нагу і круціць галавой. «Укалваў, як Паўка Карчагін», — кажа ён. У мяне пры рэзкім руху паколвае ў паху.

Парватава на суботніку не было, спаслаўся на тэрміновае заданне.

А Пётр Міронавіч быў.

У перапынку мае калегі звярталі, у чарговы раз, увагу на тое, што Пётр Міронавіч надта хутка ездзіць на сваёй «Чайцы». Чалавек з аргаддзела — знаўца гэтага пытання — даступна патлумачыў, што Пётр Міронавіч — кандыдат у члены Палітбюро ЦК КПСС і яму ездзіць павольна не дазваляецца. Ён чалавек дысцыплінаваны, трымаецца інструктыўных указанняў ад службы бяспекі, ездзіць заўсёды з хуткасцю не меней як 90 км у гадзіну. Пятра Міронавіча паважаюць.

25 красавіка. Заўтра пісьменніцкі з’езд. Сёння раздаюць дэлегатам «папкі». Дэлегаты — усе члены СП. Будзе вялікі склік.

26—27 красавіка. У памяшканні Купалаўскага тэатра адбыўся VI з’езд пісьменнікаў Беларусі. З’езд адкрываў К. Крапіва. З дакладам выступіў М. Танк. Шмат было пісьменніцкіх прамоў, але не пра галоўнае. Галоўнае ў тым, што выступіў П. М. Машэраў. Як і планавалася, выступіў па-беларуску. Перад гэтым, паклікаўшы мяне, удасканальваўся ў беларускім вымаўленні. Абрусеў ён парадкам, даводзілася папраўляць.

Настаяў, каб у дакладзе быў абзац пра станоўчага героя. Пісьменнікі, на яго думку, часта арыентуюцца на крайнасці. Нярэдкія факты, калі пісьменнік, паказваючы тую ці іншую з’яву жыцця, бярэ толькі крайнія моманты, крайнія полюсы. З аднаго боку — ідэальна станоўчы герой, з другога — заведама адмоўны тып. А ці не ўпускаем мы пры гэтым з поля зроку неабдымна шырокую сферу спраў і здзяйсненняў мільёнаў і мільёнаў нашых людзей, людзей цікавых, змястоўных, з гушчы якіх, дарэчы, і вырастаюць героі нашага часу, чыё жыццё і праца, у сваю чаргу, з’яўляюцца ўзорам для пераймання і паступова становяцца нормай жыццядзейнасці для большасці членаў нашага грамадства. Герой — той, хто рашуча не прымае снабізму, лайдацтва, самазадаволенасці і самазаспакоенасці.

У тэорыі гэта, вядома, прыгожа, але як на практыцы?..

Падыходзіў да мяне Васіль Васільевіч Барысенка, перад выступленнем Машэрава. Хваляваўся, чакаючы крытыкі ў адрас інстытута. Я супакоіў свайго былога дырэктара. В. Барысенка нагадвае мне літаратурнага героя, для якога галоўнае — «абы ціха», бо баіцца ўсяго, а рэакцыя начальства можа быць самая нечаканая. Пасля В. Барысенкі сустрэў А. Семяновіча. Ён былы аспірант Васіля Васільевіча, цяпер кандыдат навук, выкладае ў педінстытуце. Бачыў, што я стаю з яго былым шэфам, і стаў казаць, як не паладзіў, размінуўся з ім. Яблыкам разладу стаўся малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры Дзмітрый Бародзіч, да якога Барысенка меў прэтэнзіі, а Семяновіч абараняў.

Пачаўся з’езд. У прамовах некаторых выступоўцаў пракідалася думка, што больш адпаведнай увагі да сябе патрабуюць самыя асновы чалавечага быцця — прырода, гісторыя, інтымная сфера, жыццё духу. Жыццё мае столькі таямніц, а наша літаратура пакуль што піша пра гэта мала, а больш пра ўраджайнасць, надоі, выкананне плана.

Яшчэ раз пераканаўся, што талент мусіць мець выйсце, што для пісьменніка павінен існаваць сектар свабоды.

Старшынёй СП абралі М. Танка. Калісьці пра Броўку (думаю, што менавіта пра яго) Танк напісаў так: «І дурны ж ты, Квэк, што згадзіўся стаць // над цыганскім табарам каралём...» А цяпер і сам згадзіўся. Навіна, што адзін з яго намеснікаў цяпер — А. Грачанікаў. Думаю, што справіцца, досвед работы з людзьмі ў яго ёсць.

Абралі дэлегатаў на V з’езд пісьменнікаў СССР.

30 красавіка. Пасля работы прайшоўся па скверыку каля тэатра Я. Купалы. Сустрэў Я. Брыля. Павітаўся. У руцэ, пры кішэні, трымае паўлітэрку. Я выгляду не падаў, але здзівіўся: Іван Антонавіч не п’е. Але ж заўтра свята.

Можа, будзе госць...

1 мая. Я чуў, ад старых людзей, што калі ноч пад 1 мая зорная і цёплы дзённы вецер, то лета будзе з бурамі, але цёплае і ўраджайнае. Здаецца, так і было — і ноч зорная, і цёплы ветрык днём.

Быў на дэманстрацыі. Шматлюдна і чырвана ад сцягоў і лозунгаў, грымелі рэпрадуктары, але ўсё афіцыйна, прывычна, асаблівай радасці не адчувалася. Мне ўспомнілася дзяцінства — першы ў маім жыцці Першамай 1946 года. Я тады вучыўся ў другім класе нашай Кругельскай школы. Да свята рыхтаваліся загаддзя. Меркавалася, што калонай пойдзем у сельсавет, у Ратайчыцы, дзе адбудзецца дэманстрацыя. Трэба было, каб у кожнага вучня быў чырвоны сцяг. А дзе яго ўзяць у 1946 годзе? Нідзе не купіць. Бабуля адрэзала кавалак палатна і пафарбавала ў чыгунку з буракамі. Кіпяціла з гадзіну, а можа і болей, каб палатно набралася чырвані. Потым сушыла. Кужаль пачырванеў, але колер далёка не адпавядаў чырвані афіцыйнай, яму не хапала яркасці. Атрымаўся, цяперашнім словам кажучы, нейкі рэвізіянісцкі. Тым не менш мы з дзедам змайстравалі сцяг, прымацаваўшы палатно да дрэўка. Ваенрук у школе мой сцяг забракаваў — не той колер, і, калі калона рушыла ў Ратайчыцы, паставіў мяне ззаду, у самым канцы, «замыкаючым». Спачатку ішлі па вуліцы праз сваю вёску. З хаты выйшлі дзед з бабуляй і, стоячы каля веснічак, падбадзёрвалі мяне, махалі рукамі.

— Вышэй нагу! — чулася дзедава каманда (калісьці ён служыў у войску,яшчэ царскім).

Да Ратайчыцаў дарога няблізкая — шэсць кіламетраў. Там быў мітынг. Народу назбіралася поўна, з усяго сельсавета. Прамовы выступоўцаў складаліся ў асноўным з гучных заклікаў і пажаданняў. Слухалі мы стоячы, мітынг доўжыўся не адну гадзіну. Дадому брылі ўжо не калонай, а даволі бязладна. Без абеду я дык зусім змогся і ледзь валок свой «бурачковы» сцяг. З яго, здаецца, выветрылася апошняя чырвань. Ішлі, помню, не дарогай, а напрасткі, полем, пераходзілі рэчку...

Успаміны, успаміны...

7 мая. Юбілей Сцяпана Ліхадзіеўскага. 70 гадоў. Цяпер ён жыве ў Ташкенце, сярод узбекаў. Некалькі гадоў таму мы з М. Грынчыкам наведалі яго ў яго кватэры, у блочным доме, у якім ён жыве пасля землятрусу. Гасцінны. Паставіў на стол гарэлку. Дачка (не помню імя) згатавала плоў з бараніны, нарэзала памідораў. Да гарэлкі — беларускі матыў — падала селядзец з цыбуляй, бульбу. Ташкенцкі жнівень гарачы, на сонцы градусаў сорак. Абліваліся потам. Сцяпан Іванавіч хварэе на цукровы дыябет, і дачка (налаўчылася) час ад часу закасвае бацьку рукаў і коле інсулін. Сцяпан Іванавіч, як дыябетчык, аддае перавагу гарэлцы, каньяк не спажывае. Ён, казаў, адзіны на ўсю Сярэднюю Азію доктар навук па замежнай літаратуры. Дасканала ведае французскую мову. Дысертацыя — па творчасці Анатоля Франса. Доктарская ступень далася цяжка, таму што яе, як і кандыдацкую, прысвяціў аднаму і таму ж пісьменніку — Анатолю Франсу.

Гаварылі аб усім. Сцяпан Іванавіч быў нядаўна з сынамі ў Мінску і на роднай Случчыне, пахадзілі з косамі па лузе. Каб дзеці ведалі, дзе і якая іх радзіма.

Сцяпан Іванавіч між іншым выказаў глухую крыўду на С. Пілатовіча, які абяцаў дапамагчы пераехаць на працу ў Мінск, у БДУ, але не спраўдзіў свайго абяцання («Абяцаў чарэшні на вярбе», — жартаваў Сцяпан Іванавіч), і на сябра Стася Шушкевіча, які, мяркуючы па ўсім, не надта цэніць паэзію Ліхадзіеўскага. Яны, дарэчы, перапісваюцца, і Стась не ўтрымаўся, каб не адзначыць, што яго кнігі раскупілі, а зборнік Сцяпана Іванавіча заляжаўся.

Пасля ўсяго, калі гарачыня крыху спала, Сцяпан Іванавіч нас праводзіў. Побач з яго домам — Фархадскі рынак. Прагуляліся па ім — квяцісты, гаманкі ўсходні базар. Купілі кішміш.

8 мая. Пярэдадзень свята Перамогі. Сабраліся, апроч загадчыка, С. Парватаў ужо каторы раз расказвае (забывае, што ўжо казаў пра гэта), як на ваенным заводзе, за Уралам, дзе ён у вайну працаваў парторгам ад ЦК, выпрабоўвалі новую канструкцыю мінамёта. Заданне заключалася ў тым, каб у хуткім тэмпе зрабіць запар 50 стрэлаў і паглядзець, які будзе вынік. Выехалі на палігон, устанавілі канструкцыю, і, па камандзе, пачалося выпрабаванне. Прысутнічала, як належыць, дзяржаўная камісія, якую ўзначальваў сам Парватаў. Да палавіны ўсё ішло нармальна, а потым ў мінамёта нечакана пачаў задзірацца хобат, і міны сталі класціся ўсё бліжэй і бліжэй. Асколкі засвісцелі над галовамі, камусьці з абслугі знесла шапку. Камісія схавалася ў бліндаж, і пачаліся спрэчкі. Некаторыя настойвалі на спыненні выпрабаванняў. Маўляў, загінуць людзі. Але гэта азначала б зрыў плана выпуску прадукцыі, за што можна было б трапіць пад трыбунал. Парватаў не дапусціў зрыву тэрмінаў, і ўсё неяк абышлося.

9 мая. Дзень Перамогі. На жаль, яшчэ не для ўсіх ён стаў днём справядлівасці. Барыс Сачанка расказваў пра чалавека з суседняй з яго Вялікім Борам вёскі, якога кіраўніцтва калгаса не запрашала на святкаванне Дня Перамогі, бо ён трапіў у палон. Здарылася гэта ў трагічным 1941-м. Калі вызваліўся з палону, прысудзілі да штрафбата, у якім праваяваў — цэлы, не паранены — да канца вайны. У гэты дзень, 9-га Мая, ён выпівае з такім жа штрафніком, як і сам.

Сустрэўся з Юзікам Скурко, які пазнаёміў з Міколам Заранком. Родам ён з-пад Мазыра, вёска Глінная Слабада. Аспірант Інстытута філасофіі. Да гэтага ён працаваў на Палессі, у вёсцы Зеляночы, у пачатковай школе дырэктарам. Жыццёвы вопыт мае. Адзначылі свята Перамогі. У Міколы на вайне загінуў бацька.

Загрузка...