На наступны дзень удзельнікі нарады раз’ехаліся па гарадах і раёнах рэспублікі. Я трапіў у групу, якую ўзначальваў Л. М. Навічэнка. Групу накіравалі ў Горы — тыя самыя, дзе нарадзіўся Сталін. Пабывалі на Гарыйскім баваўняным камбінаце — перадавым прадпрыемстве горада. Калектыў камбіната — пяць тысяч чалавек, і кожны чацвёрты — камуніст. Мяне здзівілі цяжкія ўмовы працы. У паветры густа, як снег кружыцца бавоўна, набіваецца ў нос і ў рот, немагчыма дыхаць. Слаба дапамагае абвадненне цэха, мноства фантанчыкаў і распрыскванне вадзяных кропель. Але такая баваўняная вытворчасць. Тут патрэбна поўная аўтаматызацыя.
Затым ездзілі ў саўгас, аглядалі цяплічную гаспадарку, у якой вырошчваецца гародніна. Умовы працы тут курортныя ў параўнанні з баваўняным камбінатам.
Вярнуўшыся з саўгаса, групу вадзілі па горадзе, паказвалі хату, у якой нарадзіўся Сталін. Надта ж бедная. Куратнік нейкі. Усе хіталі галовамі, дзівіліся. Каля гаркама партыі, які сваім пакатым рабрыстым дахам нагадвае берлінскі рэйхстаг, велічны, у поўны рост, помнік правадыру. У час антысталінскіх кампаній у канцы 50-х — пачатку 60-х гадоў помнік, каб не разбурыў хто, варатавалі прыхільнікі Сталіна («наследнікі»). Вечарам была сустрэча ў Гарыйскім дзяржаўным драматычным тэатры. Выступалі Л. М. Навічэнка, П. Зейле, А. Шарыпаў, Г. Броўман. Колькі слоў сказаў і я, падзяліўшыся сваімі ўражаннямі, але больш расказваў пра сучасную Беларусь.
26-га зноў усе групы з’ехаліся ў Тбілісі, зноў пачаліся пасяджэнні ў той самай зале Вярхоўнага Савета. Паслухаў многіх выступоўцаў — У. Сангі з Сахаліна, Л. Каюмава з Ташкента, эстонца В. Гроса, абхазца І. Тарба, якута С. Данілава, Б. Алейніка з Кіева, ленінградца А. Чапурова... Ад нас выступіў І. Чыгрынаў. Шмат было дзяжурных выступленняў.
Іван Гаўрылавіч між іншым сказаў: «Свой пасільны ўклад у стварэнне мастацкага летапісу аб партыі і яе байцах я спрабаваў унесці шасцісерыйным тэлевізійным фільмам «Руіны страляюць...»
Куратарам нашай беларускай дэлегацыі быў вядомы паэт Хута Берулава, які пабываў у Беларусі і вынес хвалюючыя ўражанні, напісаў паэму. Ён паказваў нам грузінскія помнікі, Свеці Цхавелі, манастыр, у якім знаходзіўся лермантаўскі герой Мцыры (наведалі мы гэтае месца ноччу), а таксама вадасховішча каля Тбілісі. Па берагах вадасховішча расце, у дзікіх умовах, тархун. Гэтую расліну (з выгляду накшталт нашай лебяды) ядуць з хлебам. Прыемная на смак. «Пакуль будуць хлеб і тархун, грузінскі народ не памрэ», — сказаў Берулава.
Між іншым у Тбілісі я сустрэў сваю знаёмую па аспірантуры (жылі ў адным інтэрнаце) Назі, якая запрасіла мяне на сваё вяселле. Не ў Тбілісі, а ў нейкім дальнім раёне. Берулава адраіў на той аснове, што гэта, мяркуючы па той мясцовасці, дзе яно павінна было адбыцца, будзе не грузінскае вяселле, а армянскае.
Не надта мне спадабалася, што тут няма прывычкі вяртаць на здачу капейкі. Яшчэ рубля можна дачакацца, а пра капейкі трэба напамінаць. Прадаўцам гэта дужа не падабаецца. Аддаюць са злосцю.
Вярталіся самалётам. Не згадзіўся, пабаяўся ляцець самалётам, паехаў цягніком маскоўскі пісьменнік Юльян Сямёнаў, стваральнік раманаў пра Шцірліца.
30 красавіка. Размаўляў па тэлефоне з аўтарам ліста — казанскім прафесарам, які дужа ўкрыўдзіўся на І. Чыгрынава за адмоўны вобраз татарына ў рамане «Плач перапёлкі». Сказаў прафесару, што выклікалі Чыгрынава ў ЦК і мелі з ім гаворку на гэты конт, што ён нічога не мае супраць татар, што такі выпадак сапраўды меў месца ў той вёсцы, адкуль пісьменнік родам.
2 мая. Гэтыя дні бавіў з жонкай дома, на дэманстрацыю працоўных не хадзіў, адпачываў пасля камандзіроўкі ў Грузію.
Вечарам заходзіў К. Выйшлі разам на прагулку. К. расказваў, што пазнаёміўся з дзяўчынай з Канатопа. Ужо на другі дзень дамагаўся свайго, парваў трусікі, але нічога не выйшла. Слухаў пра ўсё гэта без цікавасці, мяне заўсёды раздражнялі грубыя словы, грубыя жэсты, вульгарнасць.
3 мая. У часопісе «Дружба народов» наткнуўся на радкі крытыка Л. Аннінскага (салідны крытык): «...интимная, моментальная запись для себя, если она принадлежит личности, остаётся как неопровержимый документ эпохи». Трэба мець гэта на ўвазе.
4 мая. Заходзіў Юзік, чытаў вершы. Ёсць і моцныя, з глыбокім пачуццём.
Выйшлі прагуляцца. Расліннасць набіраецца хларафілу, зелянее. Зайшла размова пра мову. Гаварылі пра рознае, у тым ліку пра яе. Калі ж набярэцца хларафілу наша мова? У «Вопросах философии» прачытаў цытату з невядомага мне нямецкага філосафа Хайдэгера: «Мова ёсць дом быцця», «мова — самае поўнае адлюстраванне духоўнага жыцця народа, яго характару».
Юзік — паэт, яму гэта вельмі блізка.
6 мая. Ускладалі разам з Толем Грачанікавым кветкі да магілы П. Труса (70-годдзе).
О вёска, вёска пры дарозе!
Пад ціхі гоман вербалоз
Яшчэ з гадоў свайго дзяцінства
Я пакахаў цябе да слёз...
Прыводжу гэтыя радкі па памяці. Помніцца многае. Пра апошнія дні Паўлюка расказваў С. Шушкевіч, сябар яго маладосці.
9 мая. Быў у Плешчаніцах. Цесць з цешчай гасцінныя да неадчэпнасці. Усе ветэраны ў гэтым гарадку пачапілі ўзнагароды, апроч маіх — цесця і цешчы. Сціплыя! Хадзілі на Чысцік. Як заўсёды, шмат народу. Ужо з раніцы пачалося пагалоўнае п’янства. Гарэлкай, мне здаецца, сунімаецца вастрыня ўспамінаў, драматызм нядаўняга — нядаўняга! — мінулага. Іван Платонавіч і Вера Васільеўна распавядаюць пра жудасныя здарэнні ў часе блакады на Паліку.
Партызаны нярэдка ставілі насельніцтва ў сітуацыю, якая патрабавала ахвярнай самааддачы. Ніхто, вядома, не пытаўся, ці згодзен ён на гэта.
Паднялі чарку, не чокаючыся, і мы з цесцем. Потым пілі запараны Верай Васільеўнай чай. Напарэшту Іван Платонавіч выпіў кварту вады. «Не магу, — кажа, — напіцца чаем».
Палюбіў я гэтых людзей.
На аўтобус праводзілі цесць разам са сваім шваграм Іванам Васільевічам. Адхінуліся на момант кудысьці і прынеслі пляшку віна «Солнцедар». Віно невядомага паходжання. (Кажуць, егіпецкае. Егіпецкія віны — надта церпкія). У цесця ў кішэні аказалася і шклянка. Я вяла запратэставаў, але выпілі, па чарзе. Швагер — весялун, пастаянна смяецца (брат Веры Васільеўны). Цесць сказаў:
— Ты, Валодзя, наступным разам прывязі лімон. Люблю на апахмелку кіслае. Цераблю парэчкі, але яны яшчэ не гатовыя.
Знайсці гэткаю парою ў Мінску лімон няпроста, але праз аддзел гандлю знайду. Раз цесць любіць лімон.
А «Солнцедар» добра хмеліць.
13 мая. Майская вясна — гэта нейкі цуд. Хутка зацвітуць каштаны, а за імі бэз і ружы. Салаўі ўжо пяюць.
16 мая. Прачытаў у «Полымі» рэцэнзію А. Пысіна на кнігу С. Гаўрусёва «Пераклічка». Хваліць, і не без падставы, за многія якасці. Цытуе:
Маё сэрца прысніцца
Дзесь цяжкому свінцу.
Дзе цвіла медуніца —
Я іду па сіўцу.
Гэта вельмі сугучна самому Пысіну. І чаму гэта яны — пра свінец ды пра свінец? Пысін прайшоў вайну.
Творчасць А. Пысіна — гэта яшчэ адзін беларускі паэт, адораны талентам філасафічнасці, — развівалася, можна сказаць, у межах традыцыйнай паэтыкі, але стымулявалася рухам дапытлівай філасофска-аналітычнай думкі. Сваім аўтарытэтам арыгінальнага і самабытнага мастака ён падтрымліваў «куляшоўскі» напрамак у беларускай паэзіі. Вельмі сугучны часу.
17 мая. Дзень нараджэння ў Тамары. Не запрашалі нікога, бо імянінніца цяжарная і ўжо даходжвае тэрмін. Не могуць вызначыць, сын будзе ці дачка.
20 мая. Зацвітаюць яблыні. Пахаладала. «Чаромхавыя халады», — як кажа Вялюгін.
23 мая. Для Тамары тэрмін радзіць. Кірыла адвезлі ў Плешчаніцы да бабулі.
25 мая. Субота. Паехалі з Тамарай на дачу. Зрабілі, мусіць, памылку, але своечасова выправілі, доўга не чакаючы, вярнуліся ў Мінск. І праз гадзіну выклікалі «хуткую». Апоўначы дазваніўся: дачка! Стала лёгка, хваляванні ўтаймаваліся.
26 мая. Нядзеля. Ездзіў у трэцюю бальніцу, у радзільнае аддзяленне, праведаць Тамару з дачушкай. Купіў прадукты (улічыўшы той раз), — перадаў запіску.
Зайшлі да мяне на кватэру А. Гардзіцкі і В. Каваленка. Праведаць. Я сказаў, што нарадзілася дачка. Павіншавалі, і я пайшоў па гарэлку. Падзею, такім чынам, адзначылі.
Вось у мяне ўжо двое дзяцей, сын і дачка.
27 мая. Бачыў Тамару. Выгляд стомлены, але трымаецца.
29 мая. Тамара з дачкой ужо дома, ужо першы раз купалі. Слаба бярэ грудзі. У Кірыла тут недахопаў не было.
30 мая. Указ аб узнагароджанні Адама Русака ордэнам Дружбы народаў за вялікія заслугі і ў сувязі з 70-годдзем. Учора ў філармоніі адбыўся яго вечар. Песенны рэпертуар паэта вялікі. Адна «Лясная песня» (на музыку Алоўнікава) чаго вартая!
У аснове песні «Бывайце здаровы», як сцвярджае знаны фалькларыст Іван Цішчанка, дзве яўрэйскія мелодыі, якія выкарыстаў кампазітар Любан. На «Днях беларускай культуры» ў Маскве, у пачатку саракавых, песню спяваў Л. Уцёсаў. Успрымалася яна як чыста беларуская, і я з гэтым згодзен. Гарадскія беларусы этнічна, мне думаецца, даўно парадніліся з яўрэямі.
4 чэрвеня. Цыклон аддаляецца. Пачало цяплець. Кіруша нарадзіўся ў канцы лістапада, зазімкам; малая — майская.
5 чэрвеня. Уладкаваў Заранка ў Ленінскі райкам КП Беларусі інструктарам аргаддзела. Хай расце!
7 чэрвеня. Малой далі імя Оля. Атрымалі пасведчанне аб нараджэнні. Вольга — імя са скандынаўскімі карэннямі, азначае: карысная.
14 чэрвеня. У «Атоліне» расце добры агарод — цыбуля, гуркі, памідоры, бульба, трускалкі. Даспявае маліна. Кусты чорных парэчак. Шкада толькі, што на дачныя ўчасткі ўбілася магутная цімафееўка, і якая пагражае паглынуць усё, што пасаджана чалавечай рукой. Аказваецца, насенне цімафееўкі раскідалі разам з угнаеннем, з якім яна была змешана і прызначалася для гарадскіх паркаў.
17 чэрвеня. Уразіла і не выходзіць з галавы прачытанае ў Бібліі, у другой, новазапаветнай частцы: натоўп цябе ўзнясе, але народ цябе і распне. Відаць, і сапраўды так. Так было з Ісусам Хрыстом у яго зямным жыцці.
19 чэрвеня. Васілю Быкаву 50 гадоў. Віншаванне адбылося ў Доме мастацтваў. Уступнае слова ад Шамякіна, дакладчык — Г. Бураўкін. Шмат віншаванняў ад прыватных асоб. Дакументы пайшлі на ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга. Быкаў варты большага. Па-новаму ўбачаная ім праўда вайны, «акопная праўда», адкрывае перад чытачом аграмадны пласт чалавечага жыцця. Выклікае павагу інтэлектуальная мужнасць пісьменніка — мужнасць пазіцыі. Гэта даецца цяжэй, чым нейкі імгненны ўчынак.
І яшчэ Быкава можна паважаць за тое, што ён аддадзены літаратуры, верны ёй, апроч літаратуры нічым не займаецца, не дзеліць пісьменніцтва з іншай прафесіяй, іншым родам дзейнасці, як некаторыя.
20 чэрвеня. Адбыўся чарговы пленум Саюза пісьменнікаў па пытанні: «Аб выкананні рашэнняў VI з’езда пісьменнікаў Беларусі». Дакладчык — М. Танк. Гаварыў некалькі гадзін без намёку на стомленасць. Публіка прытамілася, той-сёй нават пазяхаў. Пасля перапынку пачаліся выступленні. Хто пра што. Гаварылі і пра раман, і пра апавяданне. Так, адной інфармацыйнасці для сучаснага апавядання мала — яно таксама патрабуе «чалавеказнаўчага» падыходу, канцэптуальнасці, тыповасці герояў і абставін праблемнасці, сувязі з іншымі жанрамі.
На жаль, многія слынныя нашы апавядальнікі — В. Адамчык, А. Асіпенка, В. Быкаў, А. Марціновіч, І. Чыгрынаў і многія, многія іншыя ў апошні час неяк забыліся на гэты жанр, захапіліся буйнафарматнай прозай.
П. Пестрак з трыбуны задаў, невядома каму, пытанне: «Хто забараніў і не хоча, каб быў экранізаваны раман “Сустрэнемся на барыкадах”?» Пытанне прагучала рытарычна. А можа, калі надыдзе чарга?
А. Адамовіч гаварыў пра майстэрства літаратуразнаўца:
— Калі ўзяў у рукі палена (думку), пакруці яго з розных бакоў.
Гэта трэба запомніць.
На жаль, пісьменнікі ўсё яшчэ глядзяць на крытыкаў як на службу сэрвісу, узвялічваюць тых, хто іх абслугоўвае, дагаджае.
24 чэрвеня. Ад кагосьці чуў, што ў Югаславіі выйшла кніга літаратарадаследчыка (прозвішча не памятаю), спецыяльна прысвечаная двум радкам Маякоўскага. Вось гэтыя радкі:
Море
уходит
вспять,
Море
уходит
спать.
Што і казаць, радкі вельмі цікавыя ва ўсіх адносінах — і па форме, і па змесце.
Сам чытаў цікавую кнігу акадэміка Аляксеева пра адзін-адзіны верш Пушкіна — «Помнік». Ёсць і другія працы падобнага тыпу. Што гэта дае — пранікненне ў свет аднаго верша? Іншая справа, скажам, цыкл, пэўны перыяд, кніга, збор твораў і г. д. Яны, безумоўна, могуць даць даволі цэласнае ўяўленне пра творчы шлях паэта, яго мастакоўскае станаўленне. А адзін верш? Пра што ён можа расказаць?
Пра многае — і пра своеасаблівасці светаразумення паэта, характар яго мыслення, тэмперамент, паэтыку і інш. Паўней раскрываецца змест твора; засяроджанае заглыбленне ў адзін верш узбагачае наша ўяўленне аб паэзіі наогул, яе спецыфіцы ў адлюстраванні жыцця. Зразумела, і асобны верш лепш можна зразумець у кантэксце ўсёй творчасці паэта.
Думаю напісаць пра гэта артыкул у альманах «Дзень паэзіі».
26 чэрвеня. Мінску прысвоена пачэснае званне «Горад-герой». Усе расцэньваюць гэта як, хай сабе і запознены, акт справядлівасці. Лепш пазней, чым ніколі.
Пад уплывам, відаць, гэтай падзеі заходзіў І. Чыгрынаў. Прынёс даўжэзную скаргу — не ўключылі яго ў спіс прэтэндэнтаў на Дзяржаўную прэмію за тэлефільм «Руіны страляюць...» Нешта не ладзіць ён з Новікавым. У іх розная ацэнка гісторыі і персанажаў Мінскага падполля перыяду Вялікай Айчыннай вайны. Але ж, што датычыць тэлефільма «Руіны страляюць…», дык над сцэнарыем працаваў і І. Чыгрынаў, які таксама мае падставы прэтэндаваць на прэмію. Ігнаравалі яго дарэмна, несправядліва. Помню выступленне Чыгрынава ў Тбілісі. Справядлівасць трэба аднаўляць.
28 чэрвеня. У Саюзе пісьменнікаў Беларусі нядаўна абмяркоўвалі кнігу трох аўтараў «Я з вогненнай вёскі…» Выступаў Я. Брыль, затым М. Танк, С. Селіханаў, Р. Барадулін.
Даводзіцца здзіўляцца, што спатрэбілася больш як трыццаць год, каб спачатку здагадацца, што неабходна такая кніга, а потым — зрабіць тое, што зрабілі А. Адамовіч, Я. Брыль, У. Калеснік. Сама літаратура павінна была дайсці да ўсведамлення таго, што ніводзін пісьменнік не мае права сказаць пра сябе, быццам ён ведае ўсю праўду пра вайну. Усю праўду ведае народ, а абавязак пісьменніка і літаратуры — запісаць гэтую памяць народа і даць магчымасць з’явіцца ёй на старонках кніг.
Аўтары чуйна ўлавілі гэтую патрэбу літаратуры — даць выйсце народнай памяці аб вайне, аб перажытым. Яны аб’ехалі ўсю Беларусь, праявілі сапраўдны мастацкі такт, калі самі, як аўтары, адышлі на задні план, даўшы магчымасць гаварыць сваім героям.
Чалавечыя маналогі хвалююць сваёй праўдзівасцю. У іх адлюстроўваюцца, апроч усяго, і такія аспекты чалавечай асобы, якія раней абміналіся, якія тычацца самага нізу чалавечай свядомасці і падсвядомасці.
Вайна, як вядома, адкрыла чалавеку і тое, пра што ён, магчыма, і ўвогуле не павінен быў бы ведаць, бо яно, гэтае жудаснае пазнанне супярэчыць нармальнай чалавечай прыродзе.
«Я з вогненнай вёскі…» зробіць, безумоўна, адчувальны ўплыў на ўсю літаратуру аб вайне, на сам прынцып падыходу да яе адлюстравання.
Вайна з уласцівым ёй экзістэнцыяльным жахам быцця — дабраліся мы нарэшце і да гэтага ўзроўню праўды.
7 ліпеня. Субота. Былі на дачы, ваявалі з цімафееўкай. Магутная расліна! Надта глыбокі корань. Ёсць расліны з коранем куды карацейшым.
9 ліпеня. ЦК КПСС зацвердзіў праект будаўніцтва Байкала-Амурскай магістралі. Гэта будзе мець значэнне на перспектыву — як колішняя казахстанская цаліна, да асваення якой прычыніўся і я. Узнагароджаны медалём, які доўгі час чапляў на грудзі бацька. Нядаўна аддаў.
11 ліпеня. Задажджыла. Ужо каторы дзень ідзе дождж. Паслалі дакументы ў ЦК КПСС на прысваенне М. Танку звання «Герой Сацыялістычнай Працы». Па іншых рэспубліках такія прысваенні ідуць поўным ходам. А чым Танк горшы? Алесь Барскі кажа, што так, як Танк, у Польшчы пішуць даўно. Відаць, слаба ўчытаўся.
17 ліпеня. Мінск наведала дэлегацыя пісьменнікаў ФРГ у складзе Л. Раўнер, В. Фермана, Г. Платэ. У Саюзе пісьменнікаў з імі гутарылі М. Танк, А. Кулакоўскі, Я. Брыль, А. Грачанікаў і інш. Кланяемся, як звычайна, перад усімі прыезджымі. Нейкі правінцыйны комплекс непаўнацэннасці. Але ж трэба іх чым-небудзь і зацікавіць!
Я падумаў, што добра было б кнігу «Я з вогненнай вёскі…» перакласці на нямецкую і іншыя замежныя мовы, каб чыталі ўсюды і болей ведалі пра Беларусь. Глыбінны змест кнігі складае яе псіхалагічная праўда. Яна і абагульняе сабраны ў кнізе матэрыял і прымушае чытача зняць шапку перад памяццю расстраляных, спаленых фашыстамі людзей. Пекла «Боскай камедыі» Дантэ не можа зраўняцца з тым, што апісана ў кнізе «Я з вогненнай вёскі…»
Шкада, што на сустрэчу не быў запрошаны Р. Бярозкін, які ведае нямецкую літаратуру (асабліва міжваеннага дваццацігоддзя) лепш, чым хто. Добра валодае нямецкай мовай.
19 ліпеня. Сустрэча з настаўнікам беларускай мовы і літаратуры з Беласточчыны ў Саюзе пісьменнікаў.
Уступным словам сустрэчу адкрыў Аляксей Кулакоўскі. Гаварыў, як заўсёды, запінаючыся, з «паўзачкамі». У часе «паўзачак» узіраецца ў абліччы слухачоў, сочыць, як яны ўспрымаюць тое, што ён гаворыць. Выступалі Р. Барадулін, Г. Бураўкін, У. Караткевіч, А. Махнач, М. Татур, Р. Шкраба, П. Стэфановіч. Апошні прэзентуе сябе ў якасці перакладчыка з польскай і на польскую.
Вельмі ж харошыя людзі — настаўнікі з Беласточчыны.
20 ліпеня. Нічога цікавага не адбылося. Спрабаваў слухаць радыё «Свабода», але надта глушаць, не разабраць.
22 ліпеня. Гадуем з Тамаркай Кірушку і Волечку. Малыя дзеці спаць не даюць, а вялікія — жыць. Пра першае ведаем, а пра другое не дай Бог уведаць.
Дзеткі харошыя, прыгожыя і разумненькія.
25 ліпеня. Ноччу прыходзілі Віктар Лапуць і Сцёпа Міско. У кватэры аднак размаўляць не сталі, выйшлі на вуліцу, у сквер. Расказалі, што іх выклікалі ў КДБ, дзе распытвалі пра размовы ў акадэмічным інтэрнаце. Шыюць арганізацыю. Пыталіся і пра мяне. Між іншым, я заўважыў, што адносіны да мяне з боку некаторых асоб у ЦК памяняліся, сталі нейкімі насцярожанымі. Асабліва з боку супрацоўнікаў аргаддзела. Сустрэўшы мяне, некаторыя з іх апускаюць вочы.
Пачалася чарговая хваля барацьбы з «нацыяналізмам». Цяпер разумею, чаму Машэраў адмовіўся выступаць з прамовай у гонар Я. Купалы на адкрыцці помніка. Следам за ім адмовіўся выступаць і Ц. Я. Кісялёў.
Апроч Лапуця і Міско выклікалі яшчэ шэраг асобаў. У Кіеве — чуткі ёсць — ужо таго-сяго пасадзілі.
26 ліпеня. Лета. Цёпла, нават горача. Толькі ў сценах нашай установы — вечны халадок, сухасць, субардынацыя. Асабліва «субардынацыйна» паводзяць сябе калегі з аргаддзела.
31 ліпеня. У Мінску колькі дзён знаходзіўся госць з Манголіі — сакратар Саюза пісьменнікаў Манголіі, рэдактар часопіса паэт Далантайн Тарва. У клубе СП адбылася з ім сустрэча. Далантайн чытаў з перакладчыкам вершы. Перакладчык часта збіваўся.
2 жніўня. Э. С. пазваніў і сказаў, што фарміруецца група для турпаездкі ў Індыю і ёсць магчымасць з’ездзіць, пакаштаваць экзотыкі. А было б няблага. Індыя ўвайшла ў маё жыццё яшчэ ў дзяцінстве, у школьныя гады, у дзявятым класе. Выпадкова трапіла мне ў рукі кніга ў прыгожым цвёрдым пераплёце пад назвай «Раджа-йога». Выдавецтва братоў Сабашнікавых. 1909 год. На першай старонцы стаяў эпіграф да ўсёй кнігі: «Каждая душа потенциально божественна». Сэнс гэтых слоў дайшоў да мяне не адразу, але потым я ўсё ж такі ўцяміў іх. Аўтар, як сёння помню, нейкі Свамі Вівекананда. Хто ён, не ведаю да гэтага часу. Магчыма, нейкая містыфікацыя, але кнігу я прачытаў і пільна прыслухаўся да яе парад, захапіўся імі. Адчуваў, што гэта не наша, але тым не менш захапіўся. З раніцы купаўся ў нашай рацэ Лясной, піў праз нос рачную ваду, на беразе рабіў гімнастыку, асвоіў позу лотаса. І гэтак цягнулася доўга, але да медытацый я не дайшоў.
Сёння разумею, што ёга — гэта ірацыянальны падыход да жыцця, што гэта духоўнасць іншага тыпу, не пад нашы абставіны.
Індыя — не Балгарыя і не ГДР. Капкраіна. Для паездкі туды патрэбна не абы-якая праверка ў ідэалагічнай надзейнасці і высокі дазвол.
9 жніўня. Адкрыты помнік Ф. Скарыне ў Полацку, так сказаць, на радзіме. На цырымоніі адкрыцця прысутнічалі І. Шамякін, М. Дзялец, І. Навуменка, П. Пацей, В. Бандарчык і інш.
А ў Мінску, на жаль, да гэтага часу няма помнікаў ні Скарыне, ні Каліноўскаму, і невядома, калі паставяць. Такіх, каго варта ўшанаваць помнікам, у нас шмат.
18 жніўня. 40 гадоў з часу склікання Першага Усесаюзнага з’езда савецкіх пісьменнікаў. Пісьменнікі — М. Лынькоў, К. Крапіва, П. Броўка, М. Хведаровіч і інш. — выступаюць з успамінамі.
З’езд гэты з пазіцый сягонняшняга дня ўяўляецца даволі супярэчлівым і дзіўным. Даклад па паэзіі рабіў чамусьці М. Бухарын, які збэсціў Ясеніна і ўсхваліў паэзію Б. Пастарнака. Апошні аднак застаўся вельмі незадаволены з’ездам, таму што чакаў прамоў шырокага філасофскага зместу, верыў, што з’езд ператворыцца ў сход рускіх мысліцелей. Прамова А. М. Горкага здалася яму адзінокай на з’ездзе. Паэт быў расчараваны.
Беларускія пісьменнікі, якія выступалі на гэтым з’ездзе (Лынькоў, Клімковіч і інш.), неслі нейкую лухту: быццам бы галоўнай небяспекай для беларускай літаратуры «астаецца беларускі нацыяналізм» — ? Вульгарызатарскую ацэнку атрымала на гэтым з’ездзе наша дакастрычніцкая літаратура.
Вось табе і Першы з’езд.
Кажуць, што ў кулуарах з’езда распаўсюджвалася антысавецкая лістоўка. Ці праўда гэта? Пытаўся ў Лынькова. Кажа, што не чуў.
21 жніўня. Звярнуўся С. Шушкевіч з просьбай дапамагчы выдаць кнігу вершаў. «Мае кнігі на паліцах не стаяць», — піша. Ён і сапраўды шмат выступае перад чытачамі, друкуе біяграфічныя нататкі пра сяброў маладосці. Званіў дырэктару выдавецтва. Абяцаў улічыць.
29 жніўня. Замежны радыёголас (чуў па «Спідоле») перадаваў, што прайшло 25 гадоў з дня выпрабавання ў СССР, у 1949 годзе, атамнай бомбы.
Сёння ўсе баяцца атамнай вайны, якая ўсё можа знішчыць, нават само жыццё. На гэту тэму амерыканскі рэжысёр Стэнлі Крамер зняў фільм «На далёкім беразе». Хто бачыў, кажуць, уражвае. Бачыў Алесь Адамовіч недзе ў Маскве на закрытым праглядзе. Кажа, што гэта нешта неверагоднае.
8 верасня. Былі на дачы. Грыша Вячорка накапаў цэлы мех бульбы (участак, як і ў мяне, чвэрць соткі), перавязаў яго гічкай і папрасіў мяне дапамагчы ўскінуць яму на плечы. Я дапамог, і мех здаўся не надта цяжкім, але Грыша, ступіўшы колькі крокаў, на жаль, не ўтрымаў і разам з мехам паваліўся на зямлю. Яно і сапраўды: адкуль будзе сіла, калі, апроч аўтаручкі, нічога ў руках не трымаем. Ды і я не паспеў дапамагчы. Калісьці, у галалёд, ішоў побач з А. Кулакоўскім. Гэта было ў Наваполацку на семінары. Размаўлялі. Кулакоўскі нешта даказваючы, пакаўзнуўся і ўпаў і потым доўга выгаворваў мне, чаму не падтрымаў. Грыша ж толькі сціпла зазначыў:
— Гэта клубні такія цяжкія ўрадзілі, бо зямля добрая.
Ён эканаміст, і думкі скіроўваюцца ў гэтым напрамку. Мех ён усё ж такі данёс! Працавіты незвычайна. За гэта яго і Машэраў паважае.
17 верасня. Пазваніў Максіму Танку, хацеў павіншаваць з днём нараджэння. Ён на Нарачы. Відаць, хаваецца ад падобных званкоў. Паляць з Лыньковым вячэрні касцёр. Ці, дакладней сказаць, вечаровае вогнішча. Неяк я быў у яго ў кабінеце. Разгаварыліся. Я сказаў, што ён своеасабліва піша пра каханне. Не стаў удавацца ў падрабязнасці, у тое, што залішне ўмоўна часам выглядае яго гераіня. Баяўся, што пакрыўдзіцца. Ён пасміхнуўся і запярэчыў: «Лепш за ўсіх пра каханне складае частушкі народ»:
Мая жонка Януся
Кросны ткала на брусе.
Ой, на пуні кросны ткала,
Паміж ног чаўнок пускала.
Аднак у досціпе паэту не адмовіш.
27 верасня. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб прысваенні звання Героя Сацыялістычнай Працы М. Танку. Варты! З усяго нарыфмаванага ў гэтым годзе — у зборніках, перыёдыцы — запомніўся яго верш «Смак віна»:
Чаркай віна
Адзначаецца дзень нараджэння
І дзень развітання.
Розніцы, пэўна, між імі
Ніякай няма,
Калі не лічыць
Розніцы ў смаку віна.
Танкаўскі фірменны стыль. Еўрапейскі ўзровень.
28—29 верасня. На «Волзе» (аджалеў В. Гоцман) ездзілі ў Плешчаніцы да цешчы. Прымалі, як заўсёды, гасцінна, ад душы. З Пецем паехалі ў лес па грыбы. У знакамітае, як тут кажуць, Зардзяжжа. Павярнулі ў лясную прасеку (на яго ўазіку), пасунуліся ўглыб, у жаўцізну беразнякоў. Спыніліся. Цішыня. Чутно, як з бяроз і асін з меладычным звонам, чапляючыся за галіны, ападаюць рознакаляровыя лісцікі. У пабляклай траве, на сухіх сцяблінках, вісяць,.як дзявочыя завушніцы, спелыя ягады — чарніцы, брусніцы. Паветра здзіўляе сваёй празрыстасцю і свежасцю, настоенай на аскомістых пахах асенняга лесу.
1 кастрычніка. Заходзіў у СП. З Каралішчавічаў вярнуўся Прыходзька. Расказвае пра Пестрака і Гаўрусёва, якія там адпачываюць. Яны сябруюць, у Каралішчавічы прыехалі на тыдзень, узялі з сабой колькі пляшак гарэлкі, каб хапіла да канца тыдня, да пятніцы. Папрацаваўшы крыху, селі за стол і пачалі патроху «дзюбаць». Той-сёй далучыўся яшчэ, і гарэлачны НЗ хутка стаў малець.
— За які, Сцяпане, дзень ужо п’ём? — затурбаваўся Пестрак.
— Ды ўжо за чацвер, Піліп Сямёнавіч.
— Як так? А ты куды глядзеў?
— Не заўважыў.
— Ну, калі так, то давай і пятнічную.
Пра сябе Пятро кажа з павагай: «Жыў у сёмым пакоі, дзе звычайна спыняецца Кандрат Крапіва».
2 кастрычніка. Атрымаў характарыстыку на паездку ў Індыю. Характарыстыка — станоўчая. У ёй сказана:
«Тов. Гниломёдов В. В. награжден в 1958 году медалью «За освоение целинных и залежных земель», в 1970 году — медалью «За доблестный труд. В ознаменование 100-летия со дня рождения В. И. Ленина».
Тов. Гниломёдов В. В. рекомендуется для выезда в Индию-Цейлон в ноябре 1974 г. сроком на 14 дней в составе специализированной туристской группы Всесоюзного общества «Знание».
Секретарь ЦК КП Белоруссии
(А. Кузьмин).
2 октября 1974 г.»
Аказваецца, гэтая двухтыднёвая паездка не толькі ў Індыю, але і на Цэйлон.
5 кастрычніка. У «Литературной газете» ўбачыў свой артыкул «Почему летают птицы?» Хацеў сказаць пра асаблівасці сучаснай беларускай паэзіі.
9 кастрычніка. Неяк прачытаў у С. Гаўрусёва:
Ноч. Азяблы пенсіянер
Каля вогнішча грэе ўспаміны.
Проста і добра. С. Гаўрусёў вельмі таленавіты і таленавіты па-свойму, ён увасабляе, на маю думку, менталітэт Магілёўшчыны, радзімічаў. Але калі б хто папрасіў мяне даказаць, што гэта менавіта так, мне было б цяжка гэта зрабіць. С. Гаўрусёў — паэт шырокі, кожны знойдзе ў ім нешта сваё і для сябе.
15 кастрычніка. Некаторыя, болей з маладых, наведваюць у Зэльве Ларысу Геніюш. Мне гэтага рабіць няможна, але калісьці ў Інстытуце літаратуры я па сваёй тэме пісаў пра яе кнігу вершаў і паэм «Невадам з Немана», не ўяўляючы, што гэта небяспечна.
16 астрычніка.У Беларусі праходзілі Дні музыкі і літаратуры Чувашскай АССР. Пазнаёміўся з цікавым пісьменнікам Мікалаем Дзедушкіным. Ён крытык і літаратуразнавец. Расказваў, што чувашская літаратура запачаткавалася ў другой палове ХІХ стагоддзя. Да гэтага ў Чувашыі бытаваў толькі фальклор. У чувашскай мове шмат агульнага з даўняй, ужо нежывой, хазарскай.
19 кастрычніка. На маёй Берасцейшчыне павадак, разліўся Мухавец. Звычайна сціплая рака паводзіць сябе як грозная стыхія. Можа затапіць прылеглыя тэрыторыі. Будуюць дамбы, насыпаюць берагі. Паехала туды шмат маіх цэкоўскіх калег.
Пазваніў У. А. Калеснік. Ён у Мінску, у гасцініцы «Мінск». Выдае кнігу «Зорны спеў». Працуе з рэдактарам. Кніга разнастайная ў жанравым плане, абяцае быць цікавай.
Вечарам наведаў яго, ён толькі што вярнуўся з бібліятэкі. Жартуючы, я сказаў: «Уладзімір Андрэевіч, як толькі вы пакінулі Брэст, адразу адрэагаваў Мухавец — разліўся». Калеснік смяецца. Значыць, настрой неблагі. Ён чалавек настрою.
22 кастрычніка. Ажыло раптам старое слова духоўнасць. Нібы ўваскрэсла, з’явілася з небыцця. Як яго разумець? Па традыцыі, духоўнасць — гэта вера ў нешта вышэйшае, у Бога, бескарыслівасць, неўтылітарнасць. На нарадах і ў прэсе шмат гаворыцца пра духоўнасць. Духоўнасць часцей разумеецца як грамадская псіхалогія, як заклік не надаваць вялікага значэння побыту. Гэтага, мне здаецца, мала. Духоўнасць — гэта патрэба ў бязмерным і бясконцым, у высокім, што над намі, што дыктуе нам думкі і паводзіны. Духоўнае і прыкладное. Без гэтай гармоніі: блізкага і далёкага, верху і нізу, па сутнасці, няма чалавека.
Насалода прыгажосцю — таксама духоўнасць.
25 кастрычніка. Заходзіў у госці да мяне Калеснік. Заўтра адпраўляецца ў Брэст. За кампанію я запрасіў Б. Сачанку і А. Гардзіцкага. Стала вядома, што В. Быкаву прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР за аповесці «Абеліск» і «Дажыць да світання».
— Даюць прэмію і па-ранейшаму дакараюць за «памылкі», — сказаў Барыс Іванавіч.
Дакараюць. В. Быкаў ставіць праблемы маральнага выбару і адказнасці, ствараючы сітуацыі, у якіх вядучай з’яўляецца маральная альтэрнатыва, і не тоіць пры гэтым, што ў яго гаворка ідзе пра калізіі, якія праходзяць праз жыццё кожнага сучаснага чалавека.
— Гэта Масква Дзяржпрэмію дала, а Дзяржаўную прэмію БССР Быкаў яшчэ не атрымліваў. Баяцца, відаць, нашы ідэолагі, каб самім не зрабіць «памылкі», — даволі дасціпна ўдакладніў Аляксей.
Усе засмяяліся, а Сачанка перавёў гаворку на іншае, спытаў, чаму Уладзімір Андрэевіч не перабіраецца ў сталічны Мінск.
— Прыжыўся я там, пазнавата мяняць і працу, і побыт, і асяроддзе, — уздыхнуў Калеснік.
1 лістапада.Збіраюся ў турыстычную паездку ў Індыю. Трэба абысці ўсіх урачоў, зрабіць неабходныя прывіўкі. Урач-хірург знайшла грыжу. Знайшла і развяла рукамі: «Не магу вас пусціць». Я стаў прасіць, сказаў, што гэтая паездка для мяне вельмі важная. «А калі абвастрэнне? А грыжа мае схільнасць да абвастрэння. Тады патрэбна будзе аперацыя. Аперацыя за мяжой — дорага. Хто будзе плаціць? Дзяржава? Не. Вылічаць з маёй зарплаты, а яна, вы ведаеце, невялікая. Адэскія біндзюжнікі ўжо праз тыдзень пасля такой аперацыі цягаюць мяшкі». — «Але ж няма часу!» — упрошваў я. Ледзь удалося ўгаварыць. «Калі забаліць, — змякчылася ўрач, — пакладзіце на тое месца штонебудзь гарачае і датрывайце да вяртання». Я запэўніў, што менавіта так — у выпадку чаго — і зраблю.
Адкуль у мяне гэтая грыжа, з чаго яна прыключылася? Ці не з суботніка яна, калі рваў шуфляй застываючы бетон?
2 лістапада. Маю ўжо білет на цягнік да Масквы. Ад’язджаю заўтра вечарам. Адпраўленне самалётам з Масквы.
Пазваніў Аляксандру Амвросьевічу, павіншаваў з 65-годдзем. Крытыкуе яго радыё «Свабода» за тое, што ўступіў у партыю.
3—20 лістапада. Нарэшце вярнуўся. Тыдзень у Шры-Ланцы і тыдзень у Індыі. Але запішу ўсё па парадку. На вакзале ў Мінску праводзіла Тамара і Коля Заранок са сваёй дзяўчынай. На раніцу быў ужо ў Маскве. Група сабралася ў політэхнічным музеі, дзе месціцца праўленне ўсесаюзнага таварыства «Веды», якое і пасылае нашу групу за мяжу. У групе дзесяць чалавек і кіраўніца, якая ведае англійскую мову і ўжо асвоіла гэты маршрут.
Пару чалавек з Масквы, адзін з Арэнбурга, адзін з Новасібірска, грузін, эстонец, казах, узбек і інш. У асноўным вучоныя, выкладчыкі. Прайшлі пільны інструктаж: не піць вады з водаправода, часцей мыць рукі, не ездзіць на рыкшы, бо гэта не да твару савецкаму чалавеку, не адлучацца ад групы і да т. п.
Даведаліся мы і пра такія невясёлыя рэчы, што ў Індыі, дзе насельніцтва 600 млн. чалавек, 6 млн. хворых на праказу, 15 млн. венерычных хворых, 5 млн. сляпых. Прырост насельніцтва — 2,5 працэнта ў год, ужываюцца меры па стэрылізацыі.
Выляталі вечарам, з аэрапорта «Шарамецьева». Ляцелі ў сталіцу Шры-Ланкі Каломба (першым у праграме стаяла Шры-Ланка) праз Тэгеран і Карачы. Вялікі ИЛ-62 патрабаваў дазапраўкі. Да Каломба падляталі раніцай, у ілюмінатары білі зыркія промні ўзыходзячага сонца, а знізу шырока разлёгся Індыйскі акіян. Прызямліліся, пачуўшы, як шасі грузна ткнулася аб бетонную паверхню аэрадромнай паласы. Выходзячы з душнага чэрава самалёта, я адразу адчуў пяшчотны, але моцны, духмяны водар цэйлонскага паветра, настоенага на паўднёвай расліннасці, на кветках, травах, чаі, акіянскіх водарасцях. Нешта падобнае адчуваў калісьці ў Гагры, калі адпачываў там разам з Караткевічамі.
З аэрапорта камфортны мікрааўтобус (лепшы за наш уазік) з прадстаўніком турфірмы даставіў у гатэль «Шры-Ланка» ў цэнтры Каломба. Шмат жадаючых было паднесці чамадан. Гэта такія ўвішныя смуглявыя падлеткі, ці, як кажуць беларусы, падлёткі. Падлёткі — больш падыходзіць, бо як схопіць чамадан, ускіне яго на плечы, дык, здаецца, ляціць паперадзе. Ты паднімаешся ліфтам на дзясяты паверх, а ён ужо там, стаіць ля дзвярэй і чакае. Штось трэба даць — цыгарэтку, цукерак ці драбочак цукру.
Па абедзе да мяне падышоў работнік пасольства і адначасова дырэктар Дома савецкай культуры ў Каломба і нечакана для мяне папрасіў прачытаць лекцыю пра А. П. Чэхава. Адзначалася, аказваецца, 84-я гадавіна наведвання гэтым пісьменнікам вострава Цэйлон, дзе ён быў восенню 1890 года. Я не спецыяліст па Чэхаву, але адмаўляцца не выпадала. Быў, па праўдзе, здзіўлены, што яго тут ведаюць і памятаюць. Згадзіўся, тым больш, што да лекцыі яшчэ заставалася пару гадзін і можна было падрыхтавацца, прадумаць. Вечарам за мной заехаў той самы дырэктар і падвёз да Дома савецкай культуры, дзе мелася адбыцца гэтае мерапрыемства. У прасторнай зале сабраўся народ — палітыкі, пісьменнікі, студэнты, маладыя манахі з нагала паголенымі галовамі, апранутыя ці, хутчэй, загорнутыя ў адзенне аранжавага колеру. Першым выступіў сівы мужчына, член Фронту народных пісьменнікаў (у нас толькі некалькі народных, а тут цэлы фронт), доктар Ліль Гунасекара, які нагадаў біяграфічныя звесткі пра жыццё і творчасць А. П. Чэхава, абставіны яго знаходжання на Цэйлоне і водзыў пісьменніка пра гэты востраў (у лісце да знаёмага): «Я был в аду, каким представляется Сахалин, и в раю, т. е. на острове Цейлоне». Затым далі слова мне. Прызнаюся, хваляваўся, не ўпэўнены, што скажу нешта новае для слухачоў, але потым супакоіўся. Мяне перакладалі двайным перакладам: з рускай мовы на англійскую, а з англійскай — на мясцовую, сінегальскую. У паўзах можна было падумаць, як павесці гаворку далей, на чым зрабіць акцэнт. Атрымлівалася няблага. Раптам устае малады чалавек, па-цэйлонску загарэлы, са стогам чорных валасоў на галаве ды кажа:
— Чэхаў устарэў, і мне не зразумела, чаму савецкі прафесар вядзе размову пра яго, а не пра актуальнага сёння Горкага, які стварыў вобразы рэвалюцыянераў.
Я, як умеў, яму адказаў, што, маўляў, не варта супрацьстаўляць гэтых пісьменнікаў, што яны, адзін і другі, пісалі праўду. Аднак малады чалавек застаўся, мяркуючы па яго выглядзе, не згодзен і незадаволены.
Пасля лекцыі ў кабінеце дырэктара выпілі кавы і кока-колы (мне спадабаўся гэты напітак — столькі пра яго чуў, але ніколі не каштаваў), і ён патлумачыў, што мой апанент — адзін з так званай групоўкі «Тамільскія тыгры», якія змагаюцца за сваю самастойнасць. Потым дырэктар на службовым «фордзе» павёз у гатэль. Па дарозе завярнулі на пляж (Каломба стаіць на беразе акіяна). Дырэктар пахваліўся, што ён дапамагае грашыма некаторым палітыкам левага накірунку.
І пачалося наша жыццё на Цэйлоне. Паказалі нам краіну. Шры-Ланка ў перакладзе з сінгальскай азначае «цудоўная краіна», «пэрэдайс», як кажуць цэйлонцы. Гэта значыць «рай», «эдэм». Сапраўды, прырода надзвычай шчодра адарыла гэты куточак нашай планеты. Пальмы, какосавыя арэхі, раскошныя паўднёвыя кветкі. І на схілах пагоркаў, вялікімі тэрасамі, плантацыі чаю. Экзотыка: малпы, чорныя сланы, «райскія птушкі» ў стракатым апярэнні. Падарожнічалі мы ў тым жа невялічкім аўтобусе з гідам, што сустрэў нас у аэрапорце. Дабраліся да Кандзі — старажытнай сталіцы вострава, якая нагадвае жывапісны парк — столькі тут вады, дрэў і зеляніны. Тут, у «Каралеўскім гатэлі», паводле сцвярджэння нашага гіда, начаваў у свой прыезд А. П. Чэхаў, любаваўся з яго акон прыгожым возерам, якое на Цэйлоне лічыцца сакральным. Каля возера адбываюцца нацыянальныя святкаванні, карнавалы са сланамі. Тут расце аграмаднае дрэва — магнолія, пасаджаная калісьці рускім царом Аляксандрам ІІІ, яшчэ калі ён быў маладым царэвічам.
У 1815 годзе Кандзі была абрабавана англічанамі, сярэбраных і залатых вырабаў у кандзійскіх храмах захавалася мала.
Нанач нам прызначылі «Каралеўскі гатэль», у якім начаваў А. П. Чэхаў. На кожнага асобны нумар. Ноччу назаляюць маскіты, таму над ложкам вісіць раскошны полаг з густой сеткай. Мэбля — старажытная, з нейкага моцнага, зацвярдзелага дрэва. Засынаў я з думкай, што, можа, у гэтым ложку спаў сам Чэхаў. Цалкам верагодна.
Наведалі многія мясціны — храмы, паркі, музеі, кемпінгі. Досыць цікава. Народ — прыгожы, асабліва дзяўчаты. Стройныя, з персікавым загарам.
Купілі падарункі дадому — цэйлонскія маскі. Яны шырока распаўсюджаны ў гэтай краіне як неад’емная частка народнай драмы і танцаў. Гэта — розныя гратэскныя выявы напаўбоскіх істот і людзей. Маскі тут вельмі папулярныя, асабліва ў вёсках.
Даведаліся аднак, што ў гэтай экзатычнай, крыху ленаватай краіне не ўсё так спакойна, як гэта можа здацца нявопытнаму турысту. Колькі гадоў назад былы студэнт, які скончыў універсітэт імя Лумумбы і вярнуўся на радзіму, узняў мяцеж з мэтай ні больш ні менш як узяць уладу і перабудаваць краіну на марксісцкі лад. Выступленне было бязлітасна падаўлена, пралілася кроў. Паўднёвыя жарсці разгараюцца… Але што да чаго, мы не распытвалі, бо нас папярэдзілі: фірма не любіць, калі турысты займаюцца палітыкай.
Настаў час перабірацца ў Індыю. Тут ужо карысталіся «боінгам». Сцюардэса тлумачыла па-англійску і паказвала, як трэба карыстацца выратавальнай камізэлькай. Адлегласць паміж востравам і мацерыком не вялікая. Пакуль яна тлумачыла, ляцелі ўжо над Індыяй і неўзабаве прызямліліся ў Мадрасе. Сустракалі супрацоўнікі турфірмы, усім нам павесілі на грудзі вянкі з нейкіх жоўтых духмяных кветак. Потым даведаліся: лотас.
Пасяліліся ў гасцініцы, і пачаліся вандроўкі па горадзе. Вось тут, на адной з плошчаў Мадраса, я і ўбачыў вялікую, пазелянелую ад вільготнага паветра з акіяна, скульптуру. Чымсьці паказалася мне незвычайнай, і я, пакінуўшы групу на аўтобусным прыпынку, падышоў да помніка. На цокалі па-англійску было напісана, што перада мной Свамі Вівекананда. Я ажно не паверыў сваім вачам. Той самы, чыю кнігу «Раджа-Йога» я прачытаў у далёкія школьныя гады! Прачытаў і спрабаваў карыстацца яе парадамі. Стаялі даты жыцця: «1863—1902». Сустрэча мяне ўсхвалявала, у такім выпадку паэты адгукаюцца вершамі, але я не паэт. Дарэмна я, выходзіць, сумняваўся, ці ёсць на свеце, ці рэальны ён — Свамі Вівекананда, ці не містыфікацыя гэта. Гід расказаў, што Вівекананда вельмі паважаная ў Індыі асоба. Вядомы, як прапагандыст індуізму. Лічыў, што індуізм — «маці ўсіх рэлігій», што адзіным сродкам выратавання чалавецтва з’яўляецца зварот да духоўна-рэлігійнага досведу. Ідэалам асобы лічыў духоўную незалежнасць, адчужанасць ад усяго.
Выходзіць, што праз маё жыццё прайшоў яшчэ адзін лёс.
У Мадрасе — гэта самая паўднёвая кропка Індыі — я няўдала купаўся ў акіяне. Горш, чым Пячорын Лермантава ў «Тамані». Згодна з праграмай, завезлі нас на пляж адпачыць, размясцілі ў кемпінгу, у сплеценых з лазы хатках. З хатак усе мы рушылі на пляж. Пляж — пусты. Мусіць, ніхто тут не купаецца. У белым пяску там-сям віднеюцца не то конскія, не то кароўі чарапы, абмытыя акіянскай вадой. Я паазіраўся навокал. На ўсім узбярэжжы аніякай выратавальнай службы. А што, калі каму-небудзь яна спатрэбіцца? Разам з іншымі распрануўся і я (плаваю няблага) і смела паплыў ад берага. Насустрач дзьмуў паўднёвы вецер, гнаў да берага хвалі з белымі грабеньчыкамі. Калі так, разважыў я, то лёгка будзе вяртацца назад і прыпусціў тэмп. Радаваўся: купаюся ў Індыйскім акіяне! Калі пра гэта марыў! Такое і ў галаву не прыходзіла. Нарэшце, задыханы, спыніўся, азірнуўся назад. Бераг застаўся ўжо даволі далёка. Калегі на пляжы паменелі ў памерах, здаваліся дробнымі казюркамі. Можна было вяртацца, і я тым жа «кролем» паплыў назад. Праз некаторы час заўважыў, што плыву, працую і рукамі, і нагамі, а бераг не набліжаецца і «казюркі» не павялічваюцца. Больш таго, мяне нібы нават адносіць назад, на поўдзень, да экватара. Утварылася плынь ад берага (пра такое я і не ведаў): вецер дзьмуў у бок берага, а плынь гнала ваду назад, а з вадою і мяне. Адчуў, як ад страху закалацілася сэрца, і вырашыў узяць крыху ўбок, быццам наперарэз плыні, аднак бераг не набліжаўся, і намаганні мае засталіся марнымі. Тады мне прыйшло ў галаву даць нырца і паспрабаваць плыць пад вадой. Замітусіліся, здалося мне, «казюркі» на беразе. Заўважылі, відаць, што таплюся. У галаву палезлі дурныя думкі: «Гэта ж трэба было ажно сюды ехаць, каб утапіцца. Ужо лепш было б утапіцца недзе дома, чым у Індыйскім акіяне. Столькі будзе клопатаў для ўсіх, столькі пытанняў…»
Нырну, падплыву і вынырну. Аддыхаюся і зноў ныраю. Трымаю сябе пад кантролем. Заўважыў, што гэта дало вынік: бераг стаў набліжацца, і ў мяне прыбавіліся сілы. Нарэшце, нырнуўшы, убачыў дно, бледнае, з чорнымі пісягамі. Дадаў намаганняў і ўжо паблізу берага паплыў без ныранняў. Урэшце дастаў нагою дна і яшчэ праз некалькі метраў стаў на ногі. Страшэнна змарыўся, змагаючыся з акіянам. І вады наглытаўся. Абяссілены, пастаяў. Потым пакрысе падаўся да берага. Крыху адпачыў, аддыхаўся. Успомніў, дарэчы, што не ў першы раз у сваім жыцці таплюся. Было ўжо такое ў дзяцінстве. Тапіўся ў Лясной, што цячэ каля самага Кругеля. Свая рака. Але плаваць не ўмеў, яшчэ толькі вучыўся. Пасля дажджу Лясная папаўнела, і мяне пацягнула на глыбіню. Выратаваў сябрук — Грыша Ільяшаў, крыху старэйшы за мяне. Выплысці ўжо не спадзяваўся, разгубіўся і ўжо думаў — канец. У галаве праімчалася, пранеслася ўсё пражытае, з поля вернуцца дзед з бабай і не знойдуць ключ ад хаты, які я, ідучы на рэчку, схаваў пад камень. Але, з дапамогай Грышы, выратаваўся. Каму, кажуць, лёс быць павешаным, той не ўтопіцца.
Плыў наўскасяк і значна аддаліўся ад таго месца, дзе знаходзілася група. Ну, думаю, пачнуць на мяне сварыцца, дастанецца мне за маё «плаванне». Яны ж перажывалі. Падышоў да іх і зразумеў, што ніхто нічога не заўважыў. Мне нават крыўдна стала. «Куды гэта вы хадзілі?» — спакойна спытаў старшы. — «Купаўся». — «Бярыце сваю долю!» — і працягнуў мне паўшклянкі каньяку. — «Замерз?» — «Не». Але каньяк быў дарэчы, каб зняць стрэс.
Пасля Мадраса быў Бамбей. Зноў ляцелі самалётам, ужо вінтаматорным, на ўнутранай лініі. І тут супрацоўнікі фірмы сустракалі вянкамі з жывых кветах лотаса. Пасялілі ў пяцізорачным дваццаціпавярховым гатэлі «Прэзідэнт», які, як шмат яшчэ па ўсім свеце, належыць Хітлану, яго фірме. Тут можна жыць, ніколі не выходзячы з памяшкання. У гатэлі ёсць усё — усе службы харчавання і побыту, магазіны, басейн, спартыўныя залы, вялікія залы, якія можна арандаваць для ўрачыстасцей, канферэнцый і ўсяго іншага. Ёсць тэлетайп. Мясцовая кінастудыя здымала тут, у фае, нейкі фільм з музыкай і танцамі. Па ступеньках бегалі, мітусіліся акцёры.
Вечарам мы выйшлі на прагулку. На Бамбей апусцілася паўднёвая ноч, і наш гатэль з зырка асветленымі вокнамі здаваўся фешэнебельным караблём, які кудысьці плыве ў густым цемрыве ночы. Цемра аднак была няпоўная. Вакол гатэля, на пустыры варушыўся цэлы табар з буданамі і дзіравымі палаткамі, гарэлі кастры, сноўдаліся нейкія людзі, гатуючы, мабыць, вячэру. З недарагіх транзістарных прыёмнікаў гучала бадзёрая музыка…
Недалёка ад Бамбея, у акіяне, ёсць востраў Элефант. Туды мы назаўтра і паехалі, дакладней, паплылі на лядашчым, старым, як свет, катары, які больш нагадваў карэту. Агледзелі гэты Элефант (слон — па-англійску). Цікава. Тут знаходзіцца высечаны ў скале храм з вялікімі шматфігурнымі барэльефамі на сценах — выявамі індуісцкіх багоў і багінь. Тут іх цэлы пантэон: Брахма, Крышну, Шыва, Калі і інш., кожны з якіх мае сваю іпастаць, свае рысы і прадвызначэнне. Калі — жонка Шывы, увасабляе грозны, гібельны пачатак, энергію разбурэння. Я нават падумаў, што беларускія словы каляны, каліва, каліць і інш. паходзяць да гэтага кораня і семантыкі — Калі.
Сланоў на вострае мы не бачылі, затое шмат малпаў, і многія вельмі нахабныя, надта любяць ласункі розныя і прысмакі. Цукеркі, цукар.
У Бамбеі жывуць парсы — па веры вогнепаклоннікі. Гэта — рэлігійная абшчына зораастрыйцаў. У храмах у парсаў ніякіх абразоў няма, сцены голыя — толькі ў алтары гарыць агонь. Шлюбам заручаюцца парсы яшчэ ў дзяцінстве. Жаніх мае нявесту, а нявеста жаніха. Прыйдзе час, падрастуць, — жэняцца.
Але самае, пэўна, цікавае у іх — абрад паховінаў. У зямлю яны, як хрысціяне, не закопваюць, але і не спальваюць, як індусы. У амерыканскіх індзейцаў існаваў звычай хаваць нябожчыкаў на дрэвах. Парсы і гэтага не робяць. Нябожчыкаў кладуць на дахі высокіх вежаў, пад адкрытым небам. Мы бачылі такія вежы ў адным з паркаў Бамбея. На гэтых вежах і на навакольных усохлых дрэвах стаяць магутныя арлы — грыфы, якія і зжыраюць гэтых нябожчыкаў. Косці праз рашотку ападаюць уніз.
Наведалі мы і школу ёгаў, але ніякіх цудаў, прызнацца, не паказвалі. Толькі на адной з фатаграфій убачылі, як дасканалы ёг завіс над зямлёй, а на другой фатаграфіі відаць было, як схуднеламу ёгу настолькі ўцягнула жывот, што відаць былі пазванкі на хрыбетніку.
Спаткалі ў Бамбеі людзей, на маё здзіўленне, абсалютна голых. Яны трымаліся неяк адасоблена, не разумеючы, чаму на іх звяртаюць увагу. Гэта, растлумачыў нам гід, індусы — дзігамберы, «апранутыя паветрам», як іх называюць. Жывуць яны ў гарах, але вырашылі, відаць, наведаць горад. Зрэдчас гэтак робяць.
Што кідаецца ў вочы, дык гэта рэзкія сацыяльныя кантрасты: багацце і галеча, раскоша і лахманы. Шмат народу пабіраецца, просіць, часам нахабна. Асабліва дзеці, падлеткі. Літаральна выцягваюць з кішэняў. Цікава, што да англічан (якіх сярод турыстаў тут шмат) яны не чапляюцца, а нас, савецкіх, проста за гузікі хапаюць. У мяне выцягнулі з кішэні расчоску.
Супрацоўнікі савецкага консульства ў Бамбеі, даведаўшыся, што я з Беларусі, папрасілі прачытаць лекцыю пра творчасць Івана Мележа, пра яго раманы, за якія ён адзначаны Ленінскай прэміяй. Мележ — лаўрэат Ленінскай прэміі, і гэта ўзвышае пісьменніка ў вачах маіх слухачоў. Лекцыя адбылася ў рэзідэнцыі консула, у садзе, пад адкрытым небам. Раней гэта быў маёнтак нейкага раджы. Цяпер наш кансулят, ахоўваецца непальцамі.
Індыйская кухня такая ж экзатычна-вострая і своеасаблівая, як і на Цэйлоне, дзе нас частавалі пякучым мясным блюдам кары. Пасля адпіваліся чаем. Тут таксама пякучасці хапае. Да мясных блюдаў абавязкова падаюць прыправу — чатні. Нешта падобнае на кампот, але іншае на смак, бо адначасова і салодкае, і горкае, і кіслае, і палкае (у роце гарыць!). Гід тлумачыў, што тут ёсць усё: і памідоры, і яблыкі, і манга, і цыбуля, і перац, і сельдэрэй, і лімон, і цукар, і соль, і шмат што яшчэ. Чатні ёсць, а хрэну і гарчыцы, вядома, няма. А некаторыя па роднай гарчыцы ўжо і засумавалі.
Пасля Бамбея апынуліся ў Дэлі. Сталіца — на закуску. Як звычайна, уладкаваліся ў гатэлі, і адразу ж нас запрасілі ў савецкае пасольства. Я разлічваў на нейкага высокага чыноўніка, але да нас выйшаў усяго толькі саветнік па сельскай гаспадарцы — паўнаваты мужчына з прымятым тварам. Гаварыў пра сельскую гаспадарку Індыі. Краіна — аграрная, 40 працэнтаў насельніцтва жыве за рысай беднасці. Зямля ў асноўным у руках памешчыкаў і кулакоў. Урад робіць стаўку на кааперацыю. Цікава было пачуць пра «зялёную» рэвалюцыю ў Індыі. Гэта так званая «пшанічная» рэвалюцыя, звязаная з вывядзеннем высокаўраджайнага гатунку пшаніцы з кароткім сцяблом. Дае ўраджай 18 цэнтнераў з гектара (у нас, у Беларусі, 17 ц.). Не хапае хімічных угнаеннняў, не хапае тэхналогій, ёсць перабоі з падачай электраэнергіі. Словам, краіна развіваецца.
— Краіна складаная, — працягваў саветнік, — супярэчлівая. Расшчапляюць атам, рыхтуецца індыйскі спадарожнік, а ў глухамані яшчэ квітнеюць забабоны, здараецца, што прыносяцца чалавечыя ахвяры. Тут каля дзясятка розных палітычных партый, у тым ліку дзве камуністычныя — прамаскоўская і прапекінская, надта экстрэмісцкая па характары. Але ж дэмакратыя!
Скончыўшы, саветнік нечакана спытаў:
— А ці няма ў вас з сабой сала? Я люблю гэты прадукт, а тут яго не дастаць.
Саветнік аказаўся ўкраінцам. Гарачыня, а яму хочацца сала. У некага знайшоўся кавалак ужо з’ёлклага сала, і яно стала ганарарам яму за інфармацыю. У мяне ўсталяваліся сяброўскія адносіны з Пацхішвілі — такім жа, як і я, членам групы. Ён мне прызнаўся, што вельмі хацеў бы праехацца на рыкшы, але адзін баіцца ды і грошай няма. У мяне таксама не было грошай, але была прыгожая аўтаручка. Такія рэчы тут у хаду. Вяртаючыся з пасольства, мы адарваліся ад групы і нанялі рыкшу. Ён ажно загарэўся, убачыўшы аўтаручку. Пёр да гасцініцы без перадыху. Спынілі яго недзе за квартал, бо баяліся, каб не ўгледзеў хто з нашых, але ўсё абышлося.
Назаўтра павезлі ў Агру — горад непадалёку ад Дэлі. У далёкім мінулым (ХVI—ХІХ стст.) Агра з’яўлялася рэзідэнцыяй Вялікіх Маголаў. Застаўся палац і многае яшчэ. Але самае галоўнае — выдатны помнік індыйскай архітэктуры, маўзалей султана Шах-Джахана і яго жонкі Мумтаз-Махал. Будынак з пяццю купаламі вышынёй 74 метры. З белага мармуру! З мазаікай з каляровых камянёў. Да Тадж-Махала прымыкаюць чатыры мінарэты і сад. Цяжка, немагчыма перадаць гэтую прыгажосць. Тадж-Махал трэба бачыць.
А якія легенды вакол гэтага мемарыяла! Легенда пра надзвычайнае каханне Шах-Джахана да сваёй жонкі Мумтаз-Махал, якая нарадзіла яму нешта з пятнаццаць дзяцей. Пра тое, як сын Джахана Акбар сапхнуў бацьку з трона і пасадзіў у турму, адкуль аслеплы Джахан праз люстэрка ўзіраўся ў далёкія абрысы Тадж-Махала, дзе знаходзіўся вечны прытулак яго каханай жонкі і дзе ўрэшце пахавалі і яго самога…
З Агры вярталіся ў Дэлі, як з сівой гісторыі ў сучаснасць. Наведалі музеі, паркі, прытуляліся да слупа з невядома якога металу, які быццам зваліўся з неба. Трэба задумаць жаданне, прытуліцца да слупа спінаю і абхапіць рукамі. Калі абхопіш — жаданне збудзецца. Я-такі абхапіў. Былі на тым месцы, дзе адбывалася ўрачыстае пахаванне Джавахарлара Нэру, дзе спальвалі яго астанкі.
І яшчэ пра адно, пра што я ведаю з кніг, а тут, у Індыі, убачыў наяве: па вуліцах бадзяюцца без усялякага нагляду старыя, схуднелыя каровы. Гэтыя жывёліны лічацца свяшчэннымі. Датуль, пакуль карова дае малако, гаспадар трымае яе ў хляве. А далей, пад старасць, калі карова запускаецца, ён выганяе яе «на свой хлеб». Вось яны і ходзяць, непрыкаяныя, у пошуках спажывы. Карова — свяшчэнная. З Эстоніі (гэта расказваў саветнік) была накіраваная партыя мясных кансерваў з эмблемай камбіната на банцы: круг, а ў ім галава каровы. Індзійцы адмовіліся прыняць. Тым болей, што большасць з іх вегетарыянцы. Шмат беспрытульных кароў і ў Дэлі…
Вельмі здзівілі адносіны індусаў да жыцця і смерці. У Рабіндраната Тагора сказана: «Рожденье и смерть — проявленья единой судьбы». Паэт, відаць, адлюстраваў народны погляд на гэтыя рэчы. Бачыў пахаванне, суправаджаемае вясёлай музыкай, а паперадзе нейкі чалавек размахваў рукамі і кружыўся ў танцы. Танцу прыпісваецца магічная роля, ён сімвалізуе абнаўленне свету. Колер смутку тут, як і на Цэйлоне, белы.
Дужа здзівілі мяне адносіны да сферы сексу. Далёка не патаемныя, а наадварот — нейкія бессаромна наіўныя, адкрытыя, у чымсьці сакральныя. Але і досыць зніжаныя. У грамадскіх месцах, у храмах, нярэдка можна сустрэць выявы інтымных момантаў і поз у палавых стасунках паміж мужчынамі і жанчынамі. Адчуваюцца нацыянальны стыль і традыцыі.
Неяк мы з Пацхішвілі ішлі шматлюднай вуліцай і раптам чуем, як нехта зазыўным голасам прамаўляе:
— Woman! Woman!
Гэта быў малады мужчына ў джынсах і лёгкай кашулі. На нагах, як і ўва ўсіх тут, сандаліі. Высока падняўшы руку з растапыранымі пальцамі, ён паўтараў адно і тое ж: «Woman, woman!»
— Зазывала! — першым здагадаўся сябар, тузануўшы мяне пад локаць. — Жанчыну прапаноўвае. Вунь, глядзі, пальцы расставіў. Пяць рупій! Пойдзем?
Вядома, з боку сябра гэта быў напэўна жарт. Прапанова зазывалы была небяспечная ва ўсіх адносінах…
Тэрмін нашай паездкі заканчваўся, і пара было вяртацца дадому. Былі ўжо куплены і падарункі: цэйлонскія маскі і дзясятак-паўтара дробных пакецікаў чаю. Дома чай — дэфіцыт, а тут танны. Захацелася купіць нешта для Тамары. Наткнуўся на пярсцёнак з чырвоным каменьчыкам — александрытам. Не хапала грошай, дык я прадаў сваю электрабрытву і гадзіннік, але пярсцёнак купіў. Сабе хацеў купіць пярсцёнак з агатам, але не было за што. Шкада, агат носяць філосафы.
Злавіў сябе на думцы: езджу за мяжу не толькі, каб нешта пабачыць, але і каб штосьці купіць. Чаго ў нас няма.
Назад ляцелі тым жа маршрутам. З Масквы — поездам.
Пабачыў шмат — і ў Індыі, і на Цэйлоне. Індыя, здалося мне, у адрозненне ад Шры-Ланкі, краіна больш жывая, дынамічная. Самае моцнае ўражанне і перажыванне — знаёмства з Індыйскім акіянам, які так крэпка залучыў мяне ў свае абдымкі і не хацеў выпускаць.
21 лістапада. Я дома, з сям’ёй. Абняла мяне маленькая наша Волечка. Расказваю, што бачыў і што перажыў «у далёкім краю» (М. Багдановіч), але пра тое, як тапіўся ў Індыйскім акіяне, каб не напалохаць, не кажу.
22 лістапада. Выйшаў на работу. Раздаў чай. Пакецікі маленькія, але ўспрынята добра.
23 лістапада. Працягваецца семінар творчай моладзі ў Каралішчавічах. Запрошаны маладыя празаікі, паэты, крытыкі з Мінска і іншых гарадоў і раёнаў Беларусі: В. Гігевіч, А. Камароўскі, В. Пак, С. Жахавец, Л. Цыхун, Р. Літвінаў, А. Емяльянаў, Л. Турбіна, У. Марук і інш. Новая прыліўная хваля ў літаратуры.
На заключны дзень разам з іншымі прыехаў і я. Перад абедам абмяркоўвалі творы семінарыстаў, чыталіся вершы.
— Хай голас дасць! — загадным тонам адгукаўся Піліп Пестрак, калі хтосьці з маладых паводзіў сябе залішне сціпла. Амаль як Сакрат, які казаў: «Загавары, каб я цябе ўбачыў!»
Разглядаліся пытанні майстэрства. А. Вялюгін у майстэрстве паэта асабліва цэніць гукапіс. Гукапіс — рэч каштоўная, але не варта зніжацца да таго, каб рабіць сабе з гукапісу куміра, пакланяцца яму.
І яшчэ. У маім становішчы нельга, але калі б было можна, я параіў бы маладым прачытаць Біблію. Там ёсць думкі, адрасаваныя якраз ім, маладым. Напрыклад: «Нічога канчатковага ў свеце яшчэ не адбылося, апошняе слова пра свет яшчэ не сказана, свет адкрыты і свабодны, яшчэ ўсё наперадзе і заўсёды будзе наперадзе».
Засцярога крытыкам: «Не трэба фарсіраваць геніяў!» Засцярога — правільная. Каб не закружылася галава.
У Каралішчавіцкім лесе глыбокая восень. На дрэвах яшчэ вісяць апошнія пацямнелыя лісты. Крычаць і сварацца паміж сабой сойкі. На крылах у іх бела-блакітныя палоскі. Адчуўшы небяспеку, хаваюцца паміж лісця.
На завяршэнне семінара сакратар ЛКСМБ Анціпаў уручаў некаторым удзельнікам граматы. Атрымала грамату і Вольга Іпатава, але, крыху счакаўшы, вярнула назад, спаслаўшыся на тое, што не ўзнагароджаны Алесь Разанаў. Мне гэта не спадабалася.
26 лістапада. У клубе СП сустрэў Мележа і сказаў, што чытаў у Бамбеі лекцыю пра яго раманы.
— Дзе? — не дачуў ці не паверыў Іван Паўлавіч. — У Бамбеі? Гэта ж, мабыць, у Індыі!
— У Індыі, — пацвердзіў я.
— Няўжо ажно там пра мяне ведаюць?
— Гэта было ў савецкім консульстве.
— А-а-а, у консульстве. Ну, там павінны ведаць.
Відаць, што ён не абы-якой думкі пра свае дасягненні. Дык яны гэтага і заслугоўваюць. У раманах Мележа і сапраўды ёсць пэўныя адкрыцці. Адно з такіх адкрыццяў — Іван Анісімавіч Апейка. Ён, між іншым, больш, чым іншыя героі, нагадвае мне постаць самога Мележа, яго характар і асобу. Апейка ў значнай ступені — вынік аўтарскага самавыяўлення, сцвярджэння сваіх асабістых гуманістычных ідэалаў.
Мае, безумоўна, рацыю Д. Бугаёў, калі падкрэслівае, што ў асобе Апейкі Іван Мележ паказаў маштабны характар камуніста — ленінца, сфарміраваны складанымі ўмовамі рэвалюцыйнага часу. У гэтым сапраўды народным па сваіх глыбінных вытоках характары знайшла сваё яркае ўвасабленне гуманістычная сутнасць сацыялістычнага грамадства.
А хіба ж не падобны на яго сам Мележ? Нацыянал-камуніст, як і Апейка. Хваліць кнігу А. Адамовіча «Горизонты белорусской прозы», якая выйшла нядаўна ў Маскве.
29 лістапада. М. Лынькоў узнагароджаны ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі. Споўнілася 75 гадоў. Дні два назад у Бабруйску адбыўся прысвечаны яму ўрачысты вечар. Выступалі С. Грахоўскі, Я. Казека, В. Вітка, А. Зарыцкі. Хлопцы з таго краю.
30 лістапада. Быў з Тамарай у гасцях у Заранка. Тым часам, пакуль я бадзяўся па Індыі, ён згуляў вяселле. Жонка вельмі прыгожая. Называе жонку каралевай. Яна ўкраінка, частавала палтаўскім баршчом і варэнікамі з капустай.
Дай ім Бог шчасця!
2 снежня.Пазванілі з лечкамісіі: падышла чарга класціся на аперацыю — на грыжу, якую я зарабіў на суботніку. Цягнуўся ў працы за Машэравым. (Галоўнае, што тую бетонную пляцоўку пад будучы цэх пасля нас перараблялі).
17 снежня. Вярнуўся з Аксакаўшчыны. Перанёс аперацыю на грыжу. Аперыраваў хірург Ярашэвіч. Спецыяліст — залатыя рукі. Апроч таго, з гумарам. Гаварыў са мной па-беларуску. Злева стаяў, асісціраваў, другі хірург, Іван Фёдаравіч. Таксама майстар.
Знешне на грыжу нішто не паказвала і не балела. Адно пагроза, што можа зашчаміць. Прызнацца, хваляваўся. Успамінаў адэскіх біндзюжнікаў: гераічныя людзі! У палаце чуў размову калег па няшчасці. Адзін гаварыў: «Мне казалі, што я ўжо адсюль не выйду». — «Выйдзеце», — няўпэўнена суцяшаў яго сусед.
Усё абышлося. Дзякуй урачам. Аперацыя прайшла пад мясцовым наркозам. Са стала на каталку пералазіў сам, амаль без дапамогі. Аб гэтым чамусьці наказвала Тамара — каб сам пералазіў. Ведае, што я нялёгкі…
У палаце разам са мной ляжаў мой знаёмы, былы дырэктар Брэсцкага музвучылішча Міхаіл Солапаў. Яму выдалілі жоўцевы пузыр і ўставілі ў рану, як звычайна ў такіх выпадках, гумовую трубку. Лежачы ў ложку, ён няўдала павярнуўся, і трубка правалілася ў жывот. Гэта здарылася ў пятніцу, дык цярпеў да панядзелка. У панядзелак павалаклі на рэнтген, а потым і на аперацыйны стол і тую трубку дасталі. Цяпер крэкча, бо баліць.
Солапаў — цікавы чалавек. Былы франтавік. Родам з Арлоўскай вобласці. З дробных дваран-аднадворцаў. Аднадворцы — нашчадкі старажытных полаўцаў, пра якіх ідзе размова ў «Слове аб палку Ігаравым». Калі я яму пра гэта сказаў, ён быў вельмі здзіўлены. Прыгадаў яму апавяданне Тургенева «Однодворец Овсянников».
На далечванне ў санаторый «Аксакаўшчына» паехалі разам. Па вечарах тут танцы. Солапаў — выдатны танцор, у першы ж вечар, не раздумваючы, кінуўся ў круг ды так стаў выбіваць чачотку, што аніяк бы не паверыў, што толькі што перад гэтым ён перанёс дзве аперацыі запар. Больш таго, без жоўцевага пузыра ён, здаецца, стаў яшчэ больш увішны (успомніліся «палавецкія пляскі» з вядомай оперы). У мяне з танцамі пакуль што горш.
18 снежня. Выйшаў нарэшце на работу. Тут усё па-ранейшаму, нічога не памянялася. Згодна з французскай прымаўкай, гэта не так і блага.
19 снежня. Рыхтуем даклад Машэраву да чарговага пленума ЦК КПБ. Скалацілі брыгаду, якая мае працаваць у Заслаўі, у саўмінаўскай рэзідэнцыі. Тут жылі яшчэ нядаўна такія візіцёры, як Л. Брэжнеў і Ж. Пампіду. Камендант (жвавая жанчына) расказвала, што вечарам асабіста кіпяціла ваду, і гарачы чайнік камердынер прыкладаў прэзідэнту да паясніцы. Пампіду скардзіўся на боль у нырках.
У нас свая работа — нацэльваемся на даклад. На пачатку Пётр Міронавіч правёў з намі інструктаж. Гаварыў гадзіны тры, галоўным чынам пра «аграрную сферу», мы запісвалі. Ён, заўважыў я, любіць, калі за ім запісваюць. Зрэшты, гэта ўласціва любому начальству.
— Даклад не простой, — папярэдзіў ён, закурваючы свой «Phillip Morris». — Патрэбны новыя ідэі, нельга трапляць у палон да старых паўтарэнняў. Трэба запрасіць саабражэнія ў Мінкульце, дзяржкамітэтах, аддзелах ЦК.
Кіраўнік групы Юрый Пятровіч спытаў у мяне:
— Ну, а што літаратары?
Калі што — дык адразу пісьменнікі. Але пытанне тут ёсць. У якой ступені наша літаратура судакранаецца з патрэбамі часу? Як яна адчувае сябе ў кантэксце гэтых патрэб? Што гэта за патрэбы?
Я — крыху адцягнена — сказаў, што няблага было б паставіць перад нашым літаратуразнаўствам і крытыкай задачу, каб яны разгледзелі пытанне, як у сённяшнім складаным свеце, ва ўмовах грамадска-гістарычнага жыцця другой паловы ХХ стагоддзя, беларуская літаратура (проза, паэзія, драматургія, крытычная думка) шукае і сцвярджае свой напрамак развіцця — як частка і з’ява шматнацыянальнай савецкай літаратуры. Якія працэсы адбываюцца ў нацыянальных літаратурах пад уплывам таго эстэтычнага ўзаемадзеяння і ідэалагічнай палярызацыі розных сіл і з’яў у свеце, што назіраюцца сёння ў савецкай літаратуры? Літаратура імкнецца забяспечыць гармонію старога і новага…
Машэраў аднак павёў гаворку ў іншым кірунку, спыніўся на недахопах пісьменніцкага майстэрства. Ён лічыць, што пісьменнікам нестае майстэрства, багацця і дасканаласці мовы, таму шмат няўдалых твораў. Мне падумалася, што яго думкі пераклікаюцца, а ў нечым і супадаюць з думкамі аўтара «Сказа пра Лысую гару». Мала ўвагі, маўляў, надаём майстэрству… І яшчэ ён сказаў:
— Я даўно над гэтым думаю. У Мінск трэба запрасіць літаратараў з усяго Саюза і пагаварыць пра нашу ваенную літаратуру. Наступны год — юбілейны, 30-годдзе Перамогі. Я мяркую, што ў наступным годзе мы такое мерапрыемства правядзём. Пра вайну напісана шмат, давайце паспрабуем разабрацца…
Завяршыў свой інструктаж Пётр Міронавіч пажаданнем, адрасаваным усім прысутным:
— Поначалу поработайте смело! А потом посмотрим.
Цікава, што там за мудрацы пішуць даклады Брэжневу?
23 снежня. У Заслаўі. Працуем над дакладам. У час адпачынку катаемся з Жэнем Бабосавым на лыжах. Праз дзень прыязджае Пётр Міронавіч, праводзіць гутаркі. Агульнавядома, што чым вышэй чалавек узнімаецца па службовай лесвіцы, тым менш у яго спагадлівасці і чалавечнасці. Пра Машэрава такога не скажаш. А службовы воз у яго нялёгкі.
Гартаючы неяк томік Петраркі, я прачытаў: «Калі б людзі разумелі, наколькі цяжкае вышэйшае становішча, яны не дамагаліся, а баяліся б яго». Але ўлада прыцягвае.
Вечарам Пятру Міронавічу напалілі лазню. Пасля яго папарыліся і мы. Потым сядзелі за сталом: закуска, чай і бутэлька гарэлкі. Вася Каленчыц разліў. Усе паглядзелі на налітыя чаркі, пасмяяліся, але ніхто нават не дакрануўся. Баяцца адзін аднаго. А мая рука неяк пацягнулася. Я ўзяў налітую чарку і выпіў. Трэба ж ратаваць гонар кампаніі.
26 снежня. Вярнуўся з Заслаўя. Далажыў загадчыку аддзела, як ішла праца над дакладам П. М. Машэрава. Пётр Міронавіч ужо азнаёміўся з тым, што атрымалася. У цэлым матэрыял, на яго думку, пакідае неблагое ўражанне, дае правільны накірунак, ёсць раздзелы і падраздзелы, якія могуць з’яўляцца добрай асновай.
Мяркую, што да Новага года скончым.
Сёння ў мяне дзень нараджэння. Адзначалі сціпла, па-сямейнаму. Начую дома.
27 снежня. Стары Гётэ, успамінаючы мінулае, перабіраючы ў памяці падрабязнасці пражытага, прызнаваўся (пра гэта сведчыць яго сакратар Экерман), што за ўсё жыццё толькі 15 мінут быў шчаслівы. Для Гётэ-алімпійца, задаволенага жыццём, які ведаў і ўмеў браць ад яго насалоду, малавата. Але цікава, што гэта былі за мінуты? Якія?
29 снежня. І. Чыгрынаў атрымлівае Дзяржаўную прэмію БССР як адзін з аўтараў сцэнарыя тэлефільма «Руіны страляюць…» Значыць, Іван Гаўрылавіч нездарма прыходзіў, нездарма скардзіўся.
Атрымаў прэмію і Новікаў.
30 снежня. У Кулакоўскага быў П. Пестрак. Прыходзіў плаціць партузносы. Зноў разводзіў рукамі: «Іду да цябе, Аляксей, і баюся, што па дарозе магу згубіць партбілет». Гэта мне перадаваў Кулакоўскі. Мусіць, старэе Піліп Сямёнавіч. Згубіць партбілет ён у душы баяўся ўсё жыццё, а пад старасць страхі вылазяць напаверх.
31 снежня. Сёлета А. Адамовічу прысуджана Літаратурная прэмія Міністэрства абароны СССР за «Хатынскую аповесць». Заслужана.
Варта было б адзначыць і кнігу «Я з вогненнай вёскі…», якую нездарма называюць фактам грамадзянскага подзвігу трох пісьменнікаў. На кожнай старонцы кнігі — чалавечая кроў, горкія слёзы, удушлівы пах палаючага «сінім агнём» чалавечага цела. Ці можна, знаходзячыся адзін на адзін з усім гэтым, ужываць слова «жыццё»? І як назваць кнігу пра гэта? Літаратурай? Не, гэта нешта іншае! Гэта — незагойны боль жыцця, загад людзям змагацца з тым, што пагражае жыццю. Часам здаецца, што аўтараў пакіне мужнасць, што яны, уражаныя адкрытым, застогнуць, закрычаць, выбухнуць градам праклёнаў. Але яны захоўваюць мужнасць. І гэта таксама ўваходзіць важкай часткай у высокае мастацтва, на ўзроўні якога створана кніга.
І крыху пра іншае. У Драздах для кіраўніцтва будуюцца дачы-асабнякі па шаснаццаць пакояў з кіназаламі, бібліятэкамі, басейнамі, саўнамі. І гэта ўсё, і абслуга — за дзяржаўны кошт. Успомніў, як сказаў Коля Заранок: «Камунізм — гэта ўтопія». Ён звязвае гэта з тым, што чалавечая прырода нязменная. Хваліўся, што прачытаў усяго Леніна, і аднекуль ведае, што жаданай ідэяй Маркса было выдаць дачок за багацеяў.
У Акадэміі навук звольнілі з працы Міколу Прашковіча, Сцяпана Міско і некаторых іншых. Прайшлі, чуткі даходзілі, рэпрэсіі на Украіне, пераследы за «нацыяналізм». Пачалі шукаць нацыяналістаў і ў нас, у Беларусі. Мне стала вядома, што шэф у сувязі з гэтай справай прапанаваў Машэраву вярнуць мяне назад у інстытут на пасаду старшага навуковага супрацоўніка. Бралі, маўляў, малодшым, а вяртаем з павышэннем — старшым. Я пра гэта не ведаў. А зусім неблагі варыянт. Машэраў не згадзіўся. З якіх меркаванняў — не ведаю.
1975
1 студзеня. Атрымаў навагоднюю паштоўку ад Максіма Танка. Не забыў. Я адразу пазваніў, падзякаваў і павіншаваў яго і яго жонку, якую ён пяшчотна называе Любашай. Пагаварылі пра мінулы год. Яўген Іванавіч прыгадаў, што ў мінулым годзе бура паваліла ў Белавежскай пушчы дуб Ягайлы, пад якім ён любіў адпачываць. Гэта значыць, Ягайла.
3 студзеня. Адзначалі 50-годдзе шэфа — загадчыка аддзела С. В. Марцэлева, запрасіў на кватэру. «Залаты юбілей». Гучалі тосты і добрыя пажаданні ў гонар юбіляра. Ён ужо доктар навук, хутка будзе прафесарам. Было нямала жартаў, весялосці, успамінаў. Яўген Барысавіч зачапіў (пры нагодзе ён гэта любіць) «сталінскую тэму». Размова зайшла пра дзіцячыя гады, пра выхаванне.
— А вы ведаеце, Сталін гладзіў мяне па галаве!
Усе прымоўклі.
— Я, таварышы, вучыўся ў школе разам з ягоным Васіліем. Зімнім вечарам неяк вывелі нас на Манежную плошчу, на каток. Хлопцы, і Васілій у іх ліку, каталіся на каньках, а я не ўмеў і стаяў ля кромкі лёду збоку. Раптам падыходзіць ён. Прагульваўся з аховай. Спыніўся каля мяне, вельмі ўважліва паглядзеў і пагладзіў па галаве.
— Сказаў што-небудзь? — пацікавіўся Лабун.
— Не.
Усе былі ўражаныя.
— Па шапцы пагладзіў ці па голай галаве? — спрабаваў удакладніць цікаўны Сяргей Лакішык.
Для Яўгена Барысавіча такое «ўдакладняючае» пытанне здалося, відаць, недарэчным.
— Якая розніца? — незадаволена буркнуў ён.
Юбіляр, мяркуючы па ўсім, таксама быў незадаволены, што размова адхілілася ўбок, перайшла на «коўзкую» тэму, далёкую ад юбілею.
6 студзеня. Вечарам разам з Б. Сачанкам былі ў Лужаніна. Яўгенія Эргардаўна прыгатавала сціплы стол, але было што і выпіць, і закусіць. Я вярнуў Аляксандру Амвросьевічу кнігу Б. Ліўшыца «Полутораглазый стрелец» — пра літаратурны рух пачатку ХХ ст., пра мадэрнізм, якую (старое выданне) браў у яго пачытаць. У Лужаніна шмат знаёмых сярод рускіх пісьменнікаў (калісьці — да вайны і ў час вайны — ён і сам знаходзіўся ў Маскве). Пасля вайны ён працаваў сакратаром Якуба Коласа, які сябраваў з многімі і многімі рускімі пісьменнікамі — і маскоўскімі, і ленінградскімі ад Сяргея Гарадзецкага (сябра Аляксандра Блока) да Аляксандра Пракоф’ева. Ведаў многіх і Аляксандр Амвросьевіч. Расказаў, як Саша Пракоф’еў (з яго слоў) гасцяваў у Сашы Фадзеева ў Перадзелкіне. Расказаў так, як бы гэта гаварыў сам Пракоф’еў:
— Сядзелі з самай раніцы, перагаварылі, здаецца, пра ўсё ды і выпілі добра. Але нешта гарэлка гэтым разам не брала, а ўжо звечарэла. «Пайшлі, Саша кажа, да Пастарнака, аб вышэйшых матэрыях пагаворым. Ён, брат, высока лятае…» Хаця выпіць яшчэ і было што. Я згадзіўся. Пайшлі. Дача Пастарнака побач, недалёка. Бачым, і веснічкі адчынены, і святло гарыць. Ну, Саша пастукаў. Раз, потым яшчэ раз ці два. Адчынілася фортка, і сам гаспадар вызірнуў — Барыс Леанідавіч. Убачыў Фадзеева, рукой махнуў: «Счас, Саша!» І тут жа прыносіць бутэльку гарэлкі і паўкруга сыру, праз фортачку падае: «На, Саша, трымай!» Аддаў і тут жа, нягоднік, фортачку зачыніў і занавеску зашмаргнуў. Стаім мы з Сашам, адзін на аднаго глядзім і плячамі паціскаем. Так ні з чым і вярнуліся. Ды як ні з чым? Гарэлку і сыр яму не пакінулі!..
Аляксандр Амвросьевіч дадаў, што ў Фадзеева звычайна запоі пачыналіся з чытання любімага верша Пастарнака. З якога, я, на жаль, не запомніў, бо паспелі ўжо выпіць па чарцы. Трэба будзе перапытаць.
Загаварылі чамусьці пра Горкага. Аляксандр Амвросьевіч расказаў, як Горкі недзе ў сярэдзіне 30-х гадоў выказаў Сталіну жаданне напісаць пра яго кнігу. Сталін згадзіўся. Прайшоў час, але Горкі маўчаў, шкадаваў, пэўна, што гэтак неабачліва прагаварыўся. Сталін праз іншых людзей няраз нагадваў пра яго абяцанне, а потым адправіў яго ў ссылку, у Тэсель, як бы на папраўку, бо Горкі хварэў на туберкулёз. Тэсель — гэта ў Крыме. Пісьменнік паехаў туды разам з апошняй сваёй каханкай Алімпіядай Чартковай, якая была пры ім за медсястру. Ён пяшчотна называў яе Ліпкай…
Цікава сказаў пра Горкага Чэхаў: «По-моему, будет время, когда произведения Горького забудут, но сам он едва ли будет забыт, даже через тысячу лет». Гэта малавядомае выказванне, і зразумела, чаму. Чэхаў (памёр у 1904 годзе) зусім не цаніў творы Горкага і дзівіўся асабістым якасцям свайго калегі, які «пераняў» у яго актрысу Андрэеву.
7 студзеня. У маскоўскай літаратурнай прэсе можна прачытаць намёкі на тое, што, мяркуючы па ўсім, гераічная эпоха мінула. Пачынаецца фарміравацца (як і на Захадзе) час спажыўца. Мінула, відаць, ці мінае эпоха герояў, нахрапіста сцвярджае сябе шэрая паўсядзённасць. Прынамсі, паміраць за ідэю, як калісьці герой верша А. Суркова, ужо ніхто, здаецца, не збіраецца. Яшчэ Мантэнь, мудры Мантэнь, калісьці (ХVI ст.) сказаў: «Памерці за ідэю — значыць прыдаваць залішне шмат цаны недаказаным ісцінам». Тое ж — сам чуў — кажа і наш Макаёнак: «Гераізм не можа быць пастаянным станам чалавека. Удых патрабуе выдыху. Удых — выдых, удых — выдых!» Апошнім часам Макаёнак шмат чытае.
Усе бакі чалавечага існавання — раўназначныя для паўнацэннага жыцця, не толькі гераічныя. Літаратуразнаўчы варыянт гэтай думкі: ніякая ідэя — самая, здавалася б, новая і ёмістая — не здольная ўлічыць і змясціць у сабе ўсё багацце і шматстайнасць жыцця.
8 студзеня. Прыкрыя перабоі з прадуктамі. Тое, што ёсць, не высокай якасці. Кажуць, што ў час вялікага посту, перад Калядамі, вернікі задалі пытанне святару: «Ці можна нашу каўбасу лічыць мясным прадуктам? Калі нельга, дык ці можна спажываць яе ў пост?» Святар задумаўся і нічога пэўнага не мог адказаць.
12 студзеня. Хадзіў на Камароўку купіць сала. Сала цяпер прадукт не модны, гасцей салам не частуюць, але часам добра (памяць дзяцінства) з’есці скварку з цыбуляй. Успомніў, як захацелася сала таму ўкраінцу — саветніку нашага пасольства ў Дэлі. Гарачыня, па шчоках пот плыве, а яму сала давай.
13 студзеня. Быў на прэм’еры спектакля па п’есе М. Матукоўскага «Апошняя інстанцыя» ў Рускім тэатры імя Горкага. Рэжысёр Б. Луцэнка. Матукоўскі не бог ведае які драматург. Публіцыст-газетчык. Ні ў чым не сумняваецца. У яго ўсё плавае на паверхні.
17 студзеня. Сустрэў каля помніка Я. Купалы Рыгора Саламонавіча. Спытаў, ці чытаў ён раман А. Асіпенкі «Непрыкаяны маладзік» (нядаўна друкаваўся ў «Полымі»). Відаць, у крытыка не было настрою, бо адказаў даволі рэзка:
— Я яшчэ ў другі раз Томаса Мана не прачытаў, а вы мне пра Асіпенку кажаце.
Ну, я і заткнуўся. Пра А. Асіпенку ахвотна піша В. Каваленка. Удумлівы крытык, ён заўсёды ўмее знайсці нешта цікавае.
20 студзеня. Паклікаў Юрый Пятровіч. Прадстаіць вялікая праца: у Мінску склікаецца Усесаюзная нарада пісьменнікаў і крытыкаў па ваеннай літаратуры, пра што казаў калісьці Пётр Міронавіч. Разам з Юрыем Пятровічам пайшлі да яго на інструктаж. Там ужо сядзеў Кузьмін. Пётр Міронавіч пачаў дзяліцца сваімі развагамі:
— У жыццё ўжо даўно ўступаюць новыя пакаленні людзей, якія не ўдзельнічалі ў той, нашай, вайне, але якія павінны ведаць і пра пакуты, горыч страт, панесеных народам, і пра радасць здабытай Перамогі, якая была аплачана вялікай крывёй, і пра тое, чым мы, жывыя, абавязаны тым, хто астаўся на той вайне, каго няма побач з намі. Думаю, таварышы, што не трэба баяцца паўтарыць і ўжо добра вядомае, напомніць аб тым, што агрэсія Германіі супраць Савецкага Саюза паставіла пытанне аб існаванні славянскіх народаў. І гэта зусім не рытарычная і не палітызаваная фраза. Вядома гітлераўская практыка генацыду цэлых народаў. Знішчэнне яўрэяў на захопленых нацыстамі тэрыторыях, якое ўвайшло пазней у гісторыю пад назвай Халакост, пераўзышло ўсе вядомыя ў гісторыі прэцэдэнты. Такі ж лёс быў падрыхтаваны славянскім народам. Генеральны план «Ост», складзены тымі ж фашысцкімі «спецыялістамі», дэтальна прадугледжваў апакаліптычнае знішчэнне славянскіх народаў. Асноўная колькасць ахвяр барацьбы супраць фашызму прыходзіцца на іх. Вялікая Айчыннай вайна не хоча з намі расставацца і адыходзіць у гісторыю. Асабліва гэта становіцца ясным і зразумелым сёння, напярэдадні 30-годдзя Вялікай Перамогі, калі, здавалася б, па часе, попел астыў і настаў момант паглядзець на ўсё спакойнымі і бясстраснымі вачыма. Не, перажытае ў вайну, памяць аб героіцы і ахвярах, стратах, уздымах і падзеннях чалавечага духу, працягвае жыць у сэрцах ветэранаў, удзельнікаў вайны, партызан і іх нашчадкаў, захоўвае сваю актуальнасць, да гэтага часу вярэдзіць свядомасць мастакоў, у тым ліку і пісьменнікаў.
Не ўсё, вядома, з таго, што напісана на ваенную тэму, узнімаецца па сваіх гістарычных, філасофскіх, мастацкіх вартасцях, па сіле ўздзеяння на чытача да належнай вышыні, да таго, што зроблена для Перамогі партыяй і народам. Тут яшчэ шмат работы.
Як звычайна, Пётр Міронавіч гаварыў шмат. Закурыўшы цыгарэту і дыхнуўшы дымам, дадаў:
— Ну, канешне, нешта трэба сказаць і пра сучаснае становішча, пра пытанні эканомікі, кадравай палітыкі, маральнай атмасферы і г. д. Чыста літаратурныя праблемы закрануць самі пісьменнікі, нас жа больш цікавяць агульназначныя моманты.
Размова ў Машэрава выдалася цікавая, змястоўная. Мы, як звычайна, за ім запісвалі. Вядома, агульныя яго разважанні трэба палажыць на канкрэтыку. Гэта адказна, бо слухачы — пісьменнікі.
Пётр Міронавіч станоўча ацэньвае раман Шамякіна «Атланты і карыятыды».
— Вось толькі партработнікам зноўку не пашанцавала.
Юрый Пятровіч, невядома да каго звяртаючыся, па-філасофску зазначыў:
— Пишущие пусть бы выбирали свой предмет по силам.
Нічога не запярэчыш — святая ісціна.
Зайшла размова пра Быкава.
— Быкаў — франтавік, — памаўчаўшы, сказаў Пётр Міронавіч. — Ён піша на аснове асабістага вопыту, паказваючы вайну такой, якой сам яе бачыў, ведае і помніць. Чалавек ён складаны. Мы абавязаны на яго ўплываць. Па гэтым, — зірнуў на мяне, — будзем ацэньваць і вашу работу.
Я быццам заложнік ці што? Калі што — мяне будуць біць. «Казёл адпушчэння».
24 студзеня. Выконваю даручэнне Пятра Міронавіча. Праглядаю ўсё, што напісана на ваенную тэматыку — і мастацкае, і дакументальнае. Выдаецца ўсяго даволі шмат. Чытаю, раблю выпіскі. Кіруе працэсам Юрый Пятровіч — вялікі ўмелец складаць шэфу прамовы. Ведае артыстызм шэфа і асаблівасці яго позы і маўлення. Адчувае яго інтанацыю і падбірае пад яе словы, іх спалучэнне і выразы. Сам не раз бачыў, як ён чытае асобныя сказы і размахвае рукой, як бы дырыжыруе, намацваючы патрэбную інтанацыю.
31 студзеня. Прайшлі дзесяць дзён беларускай літаратуры ў Польшчы. Ездзіла дэлегацыя: М. Танк, Г. Бураўкін, А. Адамовіч, І. Чыгрынаў, П. Макаль і інш. Іван Гаўрылавіч на Прэзідыуме СП расказваў, што ў Польшчы быў аб’яўлены конкурс чытачоў на лепшую рэцэнзію на кнігі савецкіх пісьменнікаў. Сучасных, вядома. З беларускіх сярод пералічаных быў В. Быкаў (аповесць «Сотнікаў»). «Хай бы падобны конкурс абвясцілі і мы!» — падхапіў Б. Сачанка.
— Ціка-а-ва! — адгукнуўся на яго прапанову Мікола Гамолка. Гэта яго любімае слова, якое ён гаворыць кожны раз, дзе трэба і дзе не трэба. Пастаянна чуеш ад яго: «Ціка-ава!»
7 лютага. У 11.20. пазваніў з дому П. У. Броўка — вярнуўся толькі што з лячэння, з Масквы. Папытаў, ці маю яго кнігу «Пишу о сердце человечьем…» — на рускай мове. Маю. Сказаў, што няблага падлячыўся, адно толькі голас яшчэ не такі, як трэба, гаворыць дрыжачым басам. Сапраўды, голас дрыжыць. Плануе прысвяціць свайму хірургу некалькі вершаў.
8 лютага. У «ЛіМе» прачытаў, што на філалагічным факультэце Адэскага дзяржуніверсітэта імя Мечнікава адкрыўся літаратурны клуб «Савецкая Беларусь». Старшыня — невядомая мне Марына Пахалюк. «Цікава!» — як сказаў бы Гамолка.
11 лютага. Пазванілі з рэспубліканскага таварыства «Веды». Ёсць магчымасць паехаць у Польшчу з чытаннем лекцый па сучаснай савецкай літаратуры. Паездка плануецца на сакавік—красавік, групу фарміруе Масква. Даў згоду, пабачу Польшчу.
16 лютага. І. Я. Навуменка наладзіў банкет у рэстаране «Журавінка» ў сувязі з днём свайго нараджэння. Споўнілася 50. Сярод прысутных былі пісьменнікі, кіраўніцтва СП, рэдактары газет і часопісаў, уплывовыя крытыкі. Пачаставаць супрацоўнікаў інстытута збіраецца заўтра.
Навуменка ўзнагароджаны — ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Дакументы рыхтаваў я асабіста.
19 лютага. Пётр Міронавіч абмяркоўвае з намі даклад. Ён гаворыць, як звычайна, а мы з Юрыем Пятровічам, як звычайна, слухаем, робім паметкі:
— Неабходна адзначыць і тое, што прынятыя партыяй і ўрадам меры дабратворна сказаліся на паляпшэнні ўмоў жыцця і быту інвалідаў вайны, сем’яў загінуўшых воінаў, партызан і падпольшчыкаў. У нашай рэспубліцы рэгулярна праводзіцца абследаванне жыццеўладкавання гэтай катэгорыі насельніцтва, планамерна здзяйсняюцца канкрэтныя мерапрыемствы па задавальненні патрэб і запытаў інвалідаў вайны, сем’яў загінуўшых. Толькі за апошнія дзевяць гадоў звыш 120 тысячам з іх палепшаны жыллёвыя ўмовы. У цяперашні час больш за 10 тысяч інвалідаў вайны карыстаюцца бясплатна выдзеленымі аўтамабілямі і мотакаляскамі, палепшана іх медыцынскае абслугоўванне, стацыянарнае і санаторна-курортнае лячэнне…
Пётр Міронавіч гаварыў нібы разважаючы з самім сабой і, абапёршы галаву на руку, сказаў:
— Апошнім часам я думаю яшчэ над адной тэмай, над тым, што правільны асабісты інтарэс можа стаць перадумовай грамадскага дабрабыту. Але пра гэта, відаць, яшчэ не час…
Лішніх пытанняў мы не задавалі. Не паложана.
— І яшчэ. Закраніце пытанне пра рамантыку. Пра тое, што мы не можам абысціся без рамантыкі, я чытаў нядаўна ў Леніна, не помню ўжо ў якім томе. Знайдзіце. Вось пра гэта я павінен сказаць…
Будзем шукаць, падключым «Ленінку».
23 лютага. Ураніцу хадзіў на Камароўку. Іду па вуліцы, гляджу — Піліп Сямёнавіч узяў жменьку снегу і спрабуе на смак. Заўважыў мяне.
— Што, здзіўляешся? Гэта, брат, сакрэт талай вады. Яна адрозніваецца ад звычайнай. Бачыў, як вясной верабейка спяшаецца папіць талай вадзіцы?
— Дык ён жа і летам п’е…
— Не, талая — не тое! У талай вадзе і зерне хутчэй прарастае, і расток спарней развіваецца. Ого! Талая вада…
Я, шчыра кажучы, быў па-юнацку проста ў захапленні ад гэтай «мікралекцыі» Піліпа Сямёнавіча. Я ішоў, а ён ужо вяртаўся з Камароўкі, нешта купіў.
25 лютага. Завяршаем дапрацоўку даклада. Вычытваем пасля машыністак. Распрацавалі пытанне і пра рамантыку. Работа атрымалася салідная. Вядома, гэта дзякуючы Юрыю Пятровічу.
27 лютага. Адкрылася Усесаюзная нарада пісьменнікаў і крытыкаў «Неўміручы подзвіг народа ў Вялікай Айчыннай вайне і савецкая літаратура». Пасяджэнне адбываецца ў Тэатры оперы і балета.
Шмат гасцей з Масквы (я на вакзале сустракаў К. Сіманава, які прыехаў з жонкай «генеральшай» Жадавай), з іншых рэспублік. Мы размясцілі іх у гасцініцах «Юбілейная» і «Мінск». Запланавана наведванне «Хатыні» і Кургана Славы. Апроч пісьменнікаў, прысутнічаюць партыйныя і савецкія работнікі, прадстаўнікі палітупраўлення ЧБВА, камсамола, Рэспубліканскага Савета ветэранаў вайны.
І што для мяне вельмі прыемна — увесь Інстытут літаратуры. Аглядны даклад па тэме нарады падрыхтаваў Леў Якіменка. Затым заслухалі Пятра Міронавіча Машэрава. Гаварыў гадзіну з нечым. Чытаў сваю прамову з відавочнай насалодай, павышаючы і паніжаючы інтанацыю, робячы акцэнты на асобных словах і выразах. Пакінуў у пісьменнікаў, у большасці, вельмі добрае ўражанне. Гаварылі пра яго з пахвалой. Пра Брэжнева гэтак не гавораць.
— Але добра ведае сельскую гаспадарку! — сказаў Л. М. Навічэнка, які, як крытык, умее і «падкалоць».
Пасля Пятра Міронавіча выступалі па чарзе: Сяргей Баруздзін, генерал-маёр авіяцыі Клецкін, Юрый Збанацкі, Лазіз Каюмаў, Мікалай Грыбачоў, Мумін Канаат і інш.
28 лютага. Выступіў В. Быкаў. Запомніліся яго словы: «На фундаменце нашай Перамогі пабудаваны гмах сучаснага свету».
«Вайна, — сказаў ён, — шматаблічная, подзвіг чалавека ў ёй шматгранны, гэта вядома кожнаму. Было б дзіўным таму зводзіць літаратуру аб ёй да якойсьці, няхай і бліскучай, аднастайнасці, заўсёды згубнай для мастацтва. Як немагчыма ўніфікаваць вопыт усіх удзельнікаў гэтай чатырохгадовай драмы, таксама немагчыма дабіцца, каб усе аўтары пісалі аб адным і тым жа і былі аднатыпнымі па стылі і мове. Рознасць вопыту, натуральна, патрабуе розных тэм і зместу, неаднолькавасць таленту — рознай глыбіні адлюстравання характараў і з’яў. Усведамленне гэтай элементарнай ісціны здымае ўсю вастрыню праславутай спрэчкі аб «акопнай праўдзе» і «маштабнасці ахопу».
Добра! Лагічна!
К. Сіманаў жа, які таксама выступаў крыху пазней, сцвярджаў, што праўду пра вайну ведае толькі народ: «Ніхто не мае права сказаць: «Я ведаю вайну». Ніхто вайну не ведае. Магчыма, ведае нейкую часцінку. Адзін больш, другі менш. Вайну ў цэлым ведае народ, і народ трэба распытваць пра яе».
У гэтым я адчуў стоеную палеміку з Быкавым і з іншымі аўтарамі, а таксама падтрымку «Я з вогненнай вёскі…»
Выступалі Серо Ханзадзян, Давід Кугульцінаў, Леў Гінзбург, Анатолій Сафронаў, Нічыпар Пашкевіч, Юлій Ванаг, Сяргей Смірноў, студэнтка БДУ імя У. І. Леніна Галіна Пакіслюк.
1 сакавіка. Няма калі падступіцца да дзённіка, ідзе Усесаюзная нарада пісьменнікаў і крытыкаў «Неўміручы подзвіг народа ў Вялікай Айчыннай вайне і савецкая літаратура». Сёння — субота. Госці размеркаваліся на групы і раз’ехаліся ў вобласці для сустрэч з людзьмі. Вяртанне заўтра вечарам.
Мне выпала ехаць у Брэст, цягніком. Кампанія выдалася вельмі цікавая: С. С. Смірноў, які праславіўся кнігамі пра абаронцаў Брэсцкай крэпасці, Міхаіл Аляксееў, Б. Васільеў, М. Луконін, В. Озераў, пару чалавек яшчэ, некаторыя з жонкамі. Чаго толькі ні расказвалі! Часам цяжка было нават паверыць. Дзюбалі гарэлку. Міхаіл Аляксееў, як чалавек (лідар — ?) «рускай партыі», трымаўся крыху адасоблена.
Агледзелі крэпасць. Сустракаліся з калектывам дывановага камбіната.
3 сакавіка. Раніцай быў працяг пасяджэння. Выступалі Аляксандр Розен, Юрый Сураўцаў, Пятро Кручанюк, Яўгеній Вараб’ёў, Міхаіл Аляксееў, Рэваз Джапарыдзе, Максім Танк… Заключнае слова — Віталій Озераў.
Нарада, думаю, прайшла не без карысці. Усе гэта прызнаюць. Было шмат цікавых, у літаратурным і проста чалавечым плане, выступленняў. Яшчэ відавочней стала, што ваенная тэма аказала і працягвае аказваць значны ўплыў на ўсю літаратуру, на яе маральна-этычныя пошукі, паказ чалавека, меру праўдзівасці і ўзбагачэння паэтыкі. І яшчэ. 1960-я гады фарміруюць зусім іншы вобраз Вялікай Айчыннай вайны. Яе вопыт па-ранейшаму захоўвае сваю актуальнасць, але яго ацэнка аказваецца нашмат больш складанай і неадназначнай, і гэта прынцыпова. З часоў «адлігі» ваенная тэма ў нашай літаратуры па сутнасці стала антываеннай.
Вечарам 3-га сакавіка, у рэстаране «Журавінка», адбыўся ўрадавы прыём у гонар удзельнікаў нарады.
7 сакавіка. Заўтра Жаночы дзень. Вясна. Абавязкова трэба дастаць кветкі. Як-ніяк, у маёй сям’і дзве жанчыны. Буду званіць Міколу. Ён ведае, як гэта зрабіць.
Прачытаў Тамары, як характарызаваў жанчыну знакаміты філосаф Кант:
«Жена должна быть подобна башенным часам, чтобы делать все минута в минуту, и не похожа на часы, чтобы не оглашать всех тайн, она должна уподобиться улитке в отношении любви к своему дому и не походить на улитку, чтобы не нести на себе все хозяйство».
Тамара смяецца.
11 сакавіка. Аўтарскі вечар М. Танка ў філармоніі. Былі з Тамарай (з дзецьмі засталася Вера Васільеўна). Выступілі Я. Брыль, Р. Барадулін, Р. Шырма, Я. Міско. З поўнай падставай гаварылі пра тое, што ў паэзіі Танка адлюстравалася жыццё народа, свет яго традыцый і культуры. Але гэта, як я разумею, не гарантыя спакою ў наш трывожны, разбэрсаны век. Народ са сваімі традыцыямі пачувае сябе не надта камфортна і таксама мае патрэбу ў падтрымцы і абароне. Паэзія Танка сведчыць, што ён шукае маральнай апоры, шукае аптымізму.
Паэт адказаў на запіскі чытачоў.
12 сакавіка. Аформіў дакументы для паездкі ў Польшчу і атрымаў дазвол. Завяршаю падрыхтоўку лекцыі «Сучасная савецкая літаратура: чалавек і прыроднае ўлонне». Карыстаюся творамі і выказваннямі У. Вярнадскага, С. Залыгіна, В. Распуціна, В. Казько і некаторых іншых пісьменнікаў і вучоных.
14 сакавіка. Упершыню пакаштаваў віскі. Разам з Жэнем Б. трапіў на пачостку, якую наладзіў А. заезджым філосафам-функцыянерам, супрацоўнікам маскоўскага часопіса «Вопросы философии». Мае, відаць, інтарэс, бо і сам «філосаф». Пра А. я ведаю толькі тое, што ён, будучы аспірантам, звычайна разношваў свайму навуковаму кіраўніку купленыя ім новыя і яшчэ цеснаватыя туфлі.
Усё адбывалася ў лазні. Апошнім часам лазня з парылкай стала моднай, паказчыкам жыццёвага камфорту. А. працаваў за мяжой, мае «боны», г. зн. магчымасць схадзіць у «Ивушку», купіць дэфіцыт. Ён гэта і зрабіў, прынёс з «Ивушки» тры бутэлькі віскі «Белая лошадь». Філасофскія праблемы не абмяркоўваліся, а віскі падалося смачным. Нагадвае нашу самагонку. Быццам адно і тое ж.
З аспіранцкіх часоў мяне цікавіць катэгорыя сувязі. Гэта, мне здаецца, надзвычай важная філасофская праблема. Сувязі часавыя і сувязі прасторавыя. Як яны дзейнічаюць паасобку і разам? Як праяўляецца тыпалогія сувязей, іх дыялектыка, непазбежнасць? У чым іх аб’ектыўнасць і заканамернасць? Хацеў падыскутаваць на гэту тэму з заезджымі філосафамі, але «Белая лошадь» (0,7 у бутэльцы) змарыла, прыціснула да стальніц.
16 сакавіка. Дрэнны настрой, і не магу зразумець, чаму. Прычын для дэпрэсіі, здаецца, няма, а настрой дрэнны, і не ведаю, як гэта вытлумачыць. Псіхолаг і паэт Уладзімір Леві лічыць, што гэта інтуітыўнае прадчуванне чагосьці нядобрага. Знак аднекуль збоку ці зверху, з космасу. Вось пішу гэта і адчуваю, як незаўважна падступае да мяне незразумелы смутак. Падступае і авалодвае маёй істотай.
Меў рацыю чуйны П. Панчанка, калі пісаў: «Бяда і радасць ходзяць побач вечна».
17 сакавіка. Напрыканцы рабочага дня пазваніў М. Лужанін:
— Калі можаце, зайдзіце сёння да мяне.
— Здарылася што?
— Нічога асаблівага, але зайдзіце.
Я згадзіўся. У шэсць з мінутамі паклаў паперы ў стол і накіраваўся да Аляксандра Амвросьевіча, жыве ён побач, на вуліцы Я. Купалы, ля Свіслачы, у адным пад’ездзе з прэзідэнтам Акадэміі навук Барысевічам.
Сустрэў гаспадар, які быў адзін у хаце. Яўгенія Эргардаўна кудысьці выйшла, сервіраваўшы стол. Мы селі.
— Гэтую ноч не спаў, — уздыхнуў Аляксандр Амвросьевіч. — Тады, у 1934-м, у гэтую сакавіцкую ноч да мяне пастукалі. Зайшлі і забралі, арыштавалі. Па даносе, нават ведаю, хто. Але, прабачце, не скажу, не буду забіваць вам галавы.
Я не стаў дапытвацца.
— Была зацяжная адліга, а потым падмарозіла.
Аляксандр Амвросьевіч падняўся, дастаў з напольнага гадзінніка прыхаваную там пляшку гарэлкі, паставіў на стол.
— Сядзеў тут, у «амерыканцы», тут і судзіла «тройка» так званая, далі пяць гадоў лагераў. Абвінавацілі ў нацыяналізме. Нацдэм! Верш фігураваў у справе. Я яго яшчэ ў снежні 1928-га надрукаваў у часопісе «Чырвоны сейбіт». Нумар 12(32) — як цяпер помню. І верш помню.
Ён пачаў чытаць, верш называўся «Беларусь»:
Кожны дзень прыходзіць расцвітаць,
Каб пасля памерці за гарамі.
Мы не хочам радасці пітаць,
Што чужымі дадзена рукамі.
Каб ізноў не йсці ў кабалу —
Дышуць сталлю нашыя заводы,
І нясе магутны Асінбуд
Электрычную сваю пагоду.
І калі ў саўгасавых палёх
Завястую наш савецкі трактар,
Гэта значыць лепшых міліён
Пойдзе ў вёску брукаваным трактам.
Вось чаму я радасці хачу,
Каб свая, нязломная, жывая,
Каб заўжды свіцілася ў ваччу —
Што і мы сягоння расцвітаем!
Паэт змоўк, наліў у кілішкі пітво, і мы выпілі.
— Няўжо за гэты верш вас пасадзілі? Што ж у ім благога?!
— Пасадзілі, братка, пасадзілі і на Усход павезлі, у «цялятніках». На Таварнай станцыі доўга стаялі, пакуль пагрузілі ўсіх. Чутно было, як ля вагонаў варта з прымкнёнымі штыкамі размаўляла з чыгуначнікамі.
— Каго везяце? — пыталіся тыя.
— Надземаў вязём.
Замест «нацдэмы» чырвонаармейцы (народ просты) вымаўлялі «надземы». Жыццёвая «адысея» Лужаніна надзвычай багатая. Ды, відаць, і складаная. З высылкі трапіў у Маскву, дзе працаваў у ведамасным выдавецтве «Недра» рэдактарам. У вайну ваяваў, але яго ўвосень 1942 года перавялі з-пад Сталінграда на новае месца службы — зноў у Маскву. У 1945 годзе быў накіраваны ў Германію вяртаць кнігі, вывезеныя немцамі з Беларусі. Якуб Колас узяў яго сабе за сакратара.
20 сакавіка. У Вільнюсе адбылося адкрыццё Дзён літаратуры і мастацтва Беларускай ССР. Кіраўнік беларускай дэлегацыі Кузьмін. Перад ад’ездам, мне запомнілася, сказаў: «Беларусы і літоўцы — добрыя суседзі, ніколі паміж сабой не ваявалі». Сапраўды так.
21 сакавіка. Прыляцелі гракі. Падзяліліся на пары і заняліся рамонтам мінулагодніх гнёздаў.
Ноччу ішоў дождж. Галалёд. Ідучы на службу, ледзь не ўпаў.
27 сакавіка. Дні тры назад пазваніў бацька. Памёр дзядуля Лявон Міхайлавіч. Стары ўжо быў, 87 гадоў, але з дапамогай Марыі Ільінічны яшчэ даваў сабе рады, надта не хварэў, калі не лічыць таго, што рэзка пагоршыўся зрок. Вестка літаральна ашаламіла. Праўду кажуць, што чалавек столькі разоў памірае, колькі разоў траціць сваіх блізкіх.
«И от судеб защиты нет», — як сказаў паэт. Так было, так будзе.
Калі б апісаць усё тое, што пабачыў дзядуля на сваім жыцці, хаця б знешне, падзейна, дык цяжка было б даць веры, што чалавек столькі можа, што ў яго такі вітальны запас. А ён любіў жыццё! Маладым паехаў і гадоў сем пражыў (прапрацаваў) у Амерыцы. Працяглы час знаходзіўся ў бежанстве ў Расіі. Паранены (куляй, у левае плячо) у Першую сусветную вайну. Потым было вяртанне на радзіму. Польшча. Нягоды Другой сусветнай вайны. Пасляваенныя нястачы. Калектывізацыя (аб’явілі кулаком) і інш., і інш. Усё жыццё шкадаваў, што не навучыўся ездзіць на веласіпедзе (веласіпед набыў) і не ўмеў плаваць (рака побач). Лічыў, што да гэтага не здатны.
Развітваліся з дзядулем пагодным вясеннім днём. На полі там-сям яшчэ ляжаў снег, але сонца выглядала з-за хмар па-вясенняму, дарыла шмат святла. Над могілкамі, над поймай нашай ракі Лясной кружыўся адзінокі журавель.
Бывай, дзядуля.
Паэт Рыльке (як і ўсе паэты, крыху дзівак) трактуе ў сваіх вершах смерць — гэта парадаксальна — як адну з мэтаў асэнсаванага, паўнавартаснага жыцця чалавека.
31 сакавіка. У Расіі на вырашэнне нацыянальнай самасвядомасці прэтэндуюць пісьменнікі-«деревенщики»: В. Бялоў, В. Распуцін, В. Астаф’еў, В. Носаў, В. Шукшын і інш. А ў нас? У нас, я думаю, у першую чаргу гэта У. Караткевіч, Л. Геніюш, У. Калеснік, А. Лойка…
Некаторыя лічаць нашу беларускую літаратуру традыцыйна вясковай. Вядома, генетычна вясковыя рысы ў ёй ёсць, і шмат, але яна намнога багацей. Хіба можна, напрыклад, Максіма Танка, які, здавалася б, усё жыццё
вядзе «перапіску з зямлёй», назваць сялянскім паэтам? Ясна, што гэты прыметнік не вызначае галоўнага ў творчасці паэта. А творчасць М. Багдановіча, М. Гарэцкага, М. Зарэцкага, К. Чорнага, ды і саміх — Купалы і Коласа? А што — І. Чыгрынаў і Б. Сачанка вясковыя пісьменнікі? Не, не толькі вясковыя. Аснова іх творчасці — агульначалавечае.
Руская «вясковая» проза — гэта рэакцыя на тыя працэсы, якія мелі і маюць месца ў рускай вёсцы апошніх дзесяцігоддзяў. Параўнайце «Палескую хроніку» І. Мележа з «Развітаннем з Мацёрай» В. Распуціна і вы ўбачыце гэтую розніцу.
2 красавіка. Цёпла. На вуліцу можна выходзіць у адным касцюме, без плашча, але «распранацца» пакуль што ніхто не адважваецца.
3 красавіка. Каб зрабіць прыемнае І. Мележу (скардзіцца на нездароўе), надрукаваў рэцэнзію на яго ваенныя дзённікі, апублікаваныя ў сакавіцкім нумары часопіса «Маладосць». Добра асветлены ў іх першыя дні вайны. Аўтар піша, як у адно імгненне зніклі паняцці «малой крыві» і «на чужой тэрыторыі» — палілася вялікая кроў, загарэліся свае, родныя гарады і вёскі. У франтавым дзённіку малодшага палітрука І. Мележа, які ў той час толькі марыў стаць пісьменнікам, 4 ліпеня 1941 г. з’явіўся запіс: «Вайна такая не падобная на тую, якой мы яе ўяўлялі. Ой, як сурова яна нас вучыць. Бязлітасна».
Гэта, на жаль, не дастаткова перадаюць творы пісьменніка пра вайну. Але вінаваты ў гэтым больш час, калі яны былі напісаныя. Вось і ваенныя дзённікі таксама чакалі, калі нешта зменіцца.
11 красавіка. У «Правде» — артыкул В. Быкава «Сорок третий». Нічога асаблівага, цяпер такія артыкулы пішуць усе. Але Быкаў — мастак, ён піша вобразна, панарамна, ён малюе. Гаворка ідзе пра незабыўныя падзеі ваеннага лета 1943-га:
«Весь июль сорок третьего года внимание мира было приковано к пылающим и грохочущим, политым кровью и мазутом курским полям. 12 июля под Прохоровкой произошло знаменитое, для нас победоносное сражение, когда войска 5-й гвардейской танковой армии встретились с двумя танковыми корпусами фашистов. Более полутора тысяч танков и самоходных орудий столкнулись здесь во встречном наступательном бою. Мир тогда еще не знал подобной картины — две противоборствующие гигантские лавины танков стальным морем залили степной простор».
Аналіз спалучаны з абагульненнем, аб’ёмным па сваім змесце:
«Битва была выиграна благодаря усилиям всего ведомого Коммунистической партией воюющего советского народа, начиная от бойцов передового охранения где-то под Белгородом и кончая подростком-учеником на каком-нибудь из оборонных заводов Сибири. Замечательную победу под Курском ковали все сообща: и те, о героизм которых разбилась бронированная мощь вермахта, и те, кто в глубоком тылу создал все необходимое для достижения победы».
Артыкул — уклад у агульную канцэпцыю гісторыі Вялікай Айчыннай.
12 красавіка. Беларуская літаратура вядома і на Кубе. Творы М. Танка і В. Быкава ў перакладзе на іспанскую надрукаваны ў кубінскім часопісе «Union».
15 красавіка. У Маскве адбыўся аб’яднаны пленум праўленняў творчых саюзаў СССР, прысвечаны 30-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. У нас такое мерапрыемства не плануецца, таму што нядаўна была ўсесаюзная нарада фактычна па гэтай тэме.
22 красавіка. У СП БССР адбыўся адкрыты партыйны сход камуністаў СП БССР з удзелам прадстаўнікоў Мінскага станкабудаўнічага завода імя Кірава. Было абмеркавана пытанне «Аб умацаванні і пашырэнні творчай садружнасці з працоўнымі калектывамі». Я не выступаў, кіраваўся прымаўкай: менш гавары, то больш пачуеш. Выступаў У. Юрэвіч.
Не лёгкі занятак — партработа. Цяжка ўкласці душу ў справу, да якой яна не ляжыць.
26 красавіка. Суботнік. Калегі мае па Інстытуце літаратуры, як звычайна, працавалі ў Батанічным садзе, а я тут пры амуніцыі, у камбінезоне і з шуфлем, зноў на бетонных работах, з растворам, які, стаўшы ў чаргу, скідаюць самазвалы. Аднак ужо так, як раней, не шчыраваў. Не выжыльваўся. Ды і начальства побач не было — недзе, казалі, на рыбалцы.
1 мая.На трыбуну не хадзіў. Вельмі ціснуць на псіхіку лозунгі з рэпрадуктараў. Той, хто ідзе паўз трыбуны ў шэрагах працоўных, зблізу чуе іх некалькі мінут, а той, хто стаіць на трыбуне, чуе іх увесь час. Адно і тое ж!
У дзяцінстве на дэманстрацыі ў сельсавеце, у Ратайчыцах, лозунгі, панапісанаму, выкрыкваў сам старшыня. Помню, з усяе сілы гукнуў:
— Няхай жывуць савецкія пажарнікі!
Я не ведаў, хто такія «пажарнікі», і спытаў у настаўніцы. Яна растлумачыла, што гэта тыя, каторыя тушаць пажар. Мне было дзіўна, бо ў нашай вёсцы іх не было. Калі загаралася ў каго сажа, дык ваду насілі і падавалі на дах усе.
— Гэта ў гарадах, — дадала настаўніца.
5 мая. Учора святкаваўся Вялікдзень. Уражанне ад калегаў, якія курыруюць гэты бок грамадскага жыцця, «справы рэлігіі»: «Надта шмат народу на ўсяночнай. Не праціснуцца. Шмат моладзі, камсамольцаў».
6 мая. У Празе, у Доме савецкай навукі і культуры, адбыўся вечар, прысвечаны сучаснай беларускай літаратуры. Браты-славяне не забываюць. Асабліва памятае пра нас Вацлаў Жыдліцкі.
7 мая. Сустрэў суседа М. Запрасіў зайсці да яго на хвіліну. Жонка кудысьці з’ехала. Атрымаў глыток свабоды. Кватэра ў яго невялікая. Здзівіў мяне аграмадны гадзіннік, ад падлогі да столі. Унутры яго важна шавяліўся маятнік. Сусед расказаў, што цешча яго — вядомая разведчыца часоў вайны — забрала гэты гадзіннік ад Кубэ. Можа, маніць? Як гэта яна магла зрабіць? Да таго, як яго падарвалі на міне, ці пасля таго? М. паціскае плячыма, не ведае.
У гісторыі Мінска часоў акупацыі шмат цьмянага, нявысветленага, таемнага, сакрэтнага (як, скажам, гісторыя Баляслава Берута).
Гісторыя Мінскага падполля ў гады Вялікай Айчыннай вайны да гэтага часу застаецца непраясненай, нягледзячы на чэрвеньска-ліпеньскую 1969 года пастанову «Аб дадатковых мерах па вывучэнні падполля…» Загадкава выглядае постаць сакратара падпольнага гаркама партыі Івана Кавалёва. Дарэчы, яшчэ жыве яго ўдава Матрона Кузьмінічна Кавалёва.
З таго, што высветлена, што атрымлівае вядомасць і галоснасць, таксама, відаць, не ўсяму можна верыць. У літаратурных колах жартуюць. Аказваецца, усе падпольшчыкі і партызаны хаваліся на гарышчах у хатах беларускіх пісьменнікаў. Мазураў — у Барыса Сачанкі, Піліп Пестрак (дэпутат Вярхоўнага Савета СССР) — у Міколы Капыловіча, Прытыцкі — у Сцяпана Міско ў Чамярах.
Але чаму я надзвычай рады, дык гэта таму, што нарэшце прызналі ветэранамі вайны былых палонных і штрафнікоў.
8 мая. Урачыстае пасяджэнне ў Крамлі, у Палацы з’ездаў. З вельмі доўгай прамовай выступіў Леанід Ільіч. Шмат апладысментаў. Літаральна пасля кожнага сказа. Толькі сцішацца — пачынаюць ізноў. Пад канец гаварыць яму стала цяжка. Сківіцы слаба падпарадкоўваліся, рухаліся быццам самі па сабе, чапляючыся адна за другую. Стары ўжо, а гадоў 5—6 назад гаспадар быў хоць-куды.
Нарэшце скончыў. Прагучала традыцыйнае: «Няхай жыве камунізм!»
9 мая. З учарашняга дня ў Плешчаніцах. Павячэралі як трэба. Эх, залатая ў мяне цешча! Раніцай цесць схадзіў у Чысцік па піва. Прынёс два трохлітровікі. Я яшчэ спаў.
10 мая. Хларафіл набірае сілу. Буйна зацвілі каштаны. Успамінаюцца радкі Аркадзя Куляшова:
І каштанаў сваіх незгасальныя свечкі
Над маёй адшумеўшай вясной запалі…
Прачулая, трапяткая паэзія гэтага душэўнага жэсту асабліва востра і глыбока адчуваецца, відаць, у пажылым узросце…
Заўтра еду ў Маскву, адтуль — у Варшаву. У Маскве інструктаж і знаёмства з групай. Тэкст лекцыі аддрукаваў, каб карыстацца і прад’явіць па месцы патрабавання.
11—23 мая. Выкладаю свае ўражанні па вяртанні з Польшчы. Туды ехаў, як звычайна ў падобных выпадках, праз Маскву. У Маскве з вакзала падаўся ў знаёмы Політэхнічны музей. Група наша маленькая: доктар педагагічных навук Белых Мітрафан Дарафеевіч і я, грэшны. Атрымалі інструктаж, гэтым разам не надта строгі. Напомнілі, аднак, што адносіны з польскім бокам да гэтага часу досыць супярэчлівыя, таму не трэба губляць пільнасці. Пра лекцыю ніхто не пытаў.
Паездка ў Польшчу, адразу скажу, была не такая багатая на ўражанні, як у Індыю, але па-свойму цікавая, змястоўная. На вакзале ў Варшаве сустрэла прадстаўніца ТWP (Товажыство ведзы повшэхны) прыветная жанчына пані Хэлена Пентрыкоўска. Размясціліся ў гатэлі з сярэдняй колькасцю зорачак, але ў асобных нумарах. Затым накіраваліся ў Палац культуры, пабудаваны калісьці Сталіным па тыпу маскоўскіх «высотак». У Палацы адбылася сустрэча з настаўнікамі і інспектарамі школ, якія, трэба сказаць, задавалі пытанні і актыўна цікавіліся пастаноўкай школьнай адукацыі ў СССР. Мітрафану Дарафеевічу, а часткова і мне, давялося адказаць на шматлікія пытанні. Аднак мы былі ўсцешаны такой нечаканай цікавасцю да вопыту савецкага школьніцтва і адчувалі задавальненне ад сустрэчы з работнікамі польскай школы.
Вечарам хадзілі па вуліцах, знаёміліся з Варшавай. Пасля вайны горад адноўлены такім, якім быў да разбурэння. Я імкнуўся ўявіць, як успрымалі гэтыя вуліцы, дамы і помнікі мае землякі, якім даводзілася наведаць Варшаву. Да вайны, недзе ў сярэдзіне 30-х, сюды, у Варшаву, пяшком, пад кіраўніцтвам польскага настаўніка Мандрашчака хадзілі хлопцы-падлеткі — мае аднасельцы — павіншаваць Пілсудскага ў дзень яго нараджэння. Але маршалка не засталі, адпачываў недзе на курорце «u Wlochach», так што вярнуліся не пабачыўшы. Аднак уражанняў мелі шмат: аўтамабілі на брукаваных варшаўскіх вуліцах, высокія, па некалькі паверхаў дамы, палацы, музеі, занятыя самі сабой людзі… Іванька Шаўчук — дзяцюк з прыбабахам — дзівіўся мноству пячных каміноў над дамамі: «Але ж і каміноў! Людкове, але ж і каміноў!»
Назаўтра нас з Мітрафанам Дарафеевічам пані Хэлена пазнаёміла з праграмай нашага знаходжання ў краіне. Ён мусіць ехаць на поўнач, у Ольштын, я — на поўдзень, у Люблін. Будзем аглядаць мясцовыя славутасці і сустракацца з людзьмі. Прызначылі гідаў — студэнтаў-русістаў з Варшаўскага ўніверсітэта. Мною заапекавалася пані Эльжбэта — разумная, усмешлівая студэнтачка, даволі камунікабельная.
Да Любліна ехалі «Ікарусам». «Люблін — не Варшава, — распавядала па дарозе пані Эльжбэта. — У нас варшавяк на галаву вышэй за астатніх, варшавяка ўсе паважаюць. Варшавяк — «шмат гонару!» Мяне гэта, прызнаюся, здзівіла. Здзівіла, бо, па-першае, я ўпершыню пра гэта пачуў, па-другое, я прывык, што ў прынцыпе ўсе людзі роўныя (савецкае выхаванне!), і тое, што чалавек жыве ў сталіцы, не дадае яму чагосьці надзвычайнага. Не раз, дарэчы, у гэтым пераконваўся.
У Любліне выступаў у клубе савецкай кнігі і прэсы «Маша» перад русістамі — выкладчыкамі рускай мовы і літаратуры. Прысутнічала чалавек 50. Пыталіся пра сацыялістычны рэалізм, пра тое, ці выяўляе ён шматстайнасць савецкай літаратуры. Я адказаў, што тэорыя сацыялістычнага рэалізму развіваецца, што гэты метад адкрыты для розных мастацкіх канцэпцый і паэтык. Савецкія пісьменнікі не паўтараюць М. Астроўскага з яго раманам «Як гартавалася сталь». У станоўчых героях Чынгіза Айтматава, Васіля Быкава, Алеся Ганчара, Валянціна Распуціна, Васіля Шукшына, Уладзіміра Цендракова і іншых адлюстравалася новая гуманістычная канцэпцыя, больш багатая ў параўнанні з той, якая панавала ў мінулым.
На наступны дзень выступаў з лекцыяй перад слухачамі народнага ўніверсітэта ў Гардзеніцах (20 км ад Любліна). Прысутнічала чалавек 80. Тут цікавіліся ўсім: і літаратурай, і тэатрам, і гісторыяй. Я, як умеў, адказваў. Адзін з прысутных (стары член Народнага фронту — гэтак ён сябе адрэкамендаваў) напомніў, што нікому, а толькі палякам Сталін дазволіў у 1945 годзе ўнесці свой сцяг у пераможаны Берлін, дзе да гэтага палякі ніколі не былі.
Слухачы пыталіся, што чытаюць у Савецкім Саюзе, ці папулярныя ў СССР Дастаеўскі і Чэхаў, цікавіліся кнігамі К. Сіманава.
Абедалі позна, у тых жа Гардзеніцах, у сталовай мясцовага сельскагаспадарчага тэхнікума. Стол даволі сціплы: чырвоны боршч і катлета, — і мы пабралі ўжо лыжкі і пачалі сёрбаць гэты боршч-юшку (у Польшчы яго падаюць без варыва), як мой візаві — гаспадар пан Вантрабянскі (дырэктар гэтай вучэльні і заадно старшыня мясцовага прадстаўніцтва TWP) раптам уважліва на мяне зірнуў і хітравата спытаў:
— А можа, пане професожэ, по-за протоколэм? Дактары пану не забараняюць?
— Ён пстрыкнуў сябе пальцамі ніжэй вуха.
Я няпэўна паціснуў плячыма.
— Ядвісё! Ядвісё! — паклікаў пан Вантрабянскі.
Падышла афіцыянтка — маладая дагледжаная бландзінка з карункавым фартушком і ў белай накрухмаленай наколцы.
— По пенцьдзесёнт! — загадаў, хвацка махнуўшы рукой, мой візаві. Я між іншым падумаў, што закажа болей, таму што разам з намі сядзелі яшчэ некалькі чалавек з нашай «світы», і яны відавочна не адмовіліся б ад пачастунку, але не, пан Вантрабянскі аказаўся чалавекам эканомным. Ядвіся прынесла на талерцы дзве чарачкі, і мы выпілі, экзарбітавалі, як казалі даўней. Крыху няёмка было перад астатнімі, але я тут усяго толькі на правах госця.
Пасля Гардзеніцаў вярнуліся ў Люблін. Маю спадарожніцу пані Эльжбэту змяніў мясцовы гід пан Яцэк Гонсёроўскі, таксама малады і ўвішны, ён забяспечыў турыстычную частку праграмы. Агледзелі цэнтр горада, спыніліся каля помніка Люблінскай уніі. Гэта даўно пастаўлены абеліск на адной з плошчаў у гонар Люблінскай уніі 1569 года, якая аб’яднала Вялікае Княства Літоўскае з Польшчай у Рэч Паспалітую з польскім каралём на чале. Гэтае дзяржаўнае ўтварэнне існавала да 3-га падзелу Рэчы Паспалітай.
Наведаліся ў касцёл Святога Станіслава, дзе была падпісаная гэтая унія. Ёсць звесткі, што беларускія паслы падпісалі яе пад прымусам.
Зазірнулі ў музей сучаснага мастацтва. Мадэрнізм у яго горшым разуменні. Цяжка гэта назваць карцінамі, у лепшым выпадку проста опусы: нейкія плямы, выпадковыя зігзагі пэндзля, штучныя, адарваныя ад рэчаіснасці фарбы.
Пан Яцэк — чалавек не без гумару: «У Польшчы, — сказаў ён, — калі першы хваліць другога, то часцей за ўсё, каб насаліць трэцяму». Але ці толькі ў Польшчы?
Назаўтра пабывалі ў Майданаку. Гэта былы гітлераўскі канцлагер. Жахлівае месца, ва ўсім праступае пачварнае аблічча фашызму. Сапраўдная фабрыка смерці.
17 мая ўзялі курс на Радам (цэнтр Радамскага ваяводства). Па дарозе спыняліся ў летняй рэзідэнцыі польскіх каралёў Казімежы Дольным, у горадзе Варка, наведалі сядзібу-музей Баляслава Пруса ў Грубешуве. Люблю гэтага раманіста, майстра сацыяльна-псіхалагічнага аналізу.
Цікавай для мяне з’явілася сустрэча ў горадзе Варка з выкладчыкамі і вучнямі мясцовага ліцэя, школьнымі настаўнікамі і іншымі асобамі. Я распавёў пра сучасную савецкую літаратуру, пра экалагічныя праблемы, вастрыню якіх яна імкнецца асэнсаваць. Потым пайшлі пытанні і выступленні ад публікі. Кранулі гістарычныя падзеі. Нейкі мужчына, сівы і з кульбай, кінуў рэпліку, што ў 1939-м СССР выступіў на баку Гітлера. Я адказаў, што гэтак лічыць нельга. Пераканаўчы доказ таму — 22 чэрвеня 1941 года, якое можа быць адказам на кінутую рэпліку. Публіка, здаецца, мяне падтрымала.
Выступаў перад творчай моладзю і актывам Саюза сацыялістычнай моладзі Польшы, а таксама разам з польскімі пісьменнікамі ў клубе міжнароднай кнігі і прэсы ў праграме «Вясеннія сустрэчы з савецкай літаратурай».
У Радаме прысутнічаў на вельмі цікавым, разняволеным канцэрце-конкурсе савецкай песні. Падарылі доўгагральную пласцінку з песнямі Акуджавы па-польску. Па-польску Акуджава гучыць не горш, чым па-руску.
Нарэшце вярнуўся ў Варшаву, дзе ў гатэлі сустрэў Мітрафана Дарафеевіча. Запрасілі нас прыняць удзел у падвядзенні вынікаў конкурсу сярод тых, хто вывучае рускую мову. «Алімпіяда—75» — так называлася гэтае мерапрыемства — праходзіла ў Інстытуце рускай мовы. Дырэктар Інстытута — вельмі прыстойны чалавек — праф. Івінскі П. І. з Вільнюса.
З пасольства званіў Мечыслаў Сянкевіч.
Увечары выкраіў гадзінку, каб наведаць Барскага. Знайшоў Валбжыка 15, дзе ён «мешка». Халасцякуе. Кватэра застаўлена самаварамі. Сотні дзве, цэлая калекцыя. Стаяць на паліцах, як кнігі ў бібліятэцы. Алесь правільна ўкладвае грошы, далёка глядзіць. У дзедавай хаце ў Кругелі валяецца на гарышчы пазелянелы самавар, які бабуля Фёкла ў 1922 годзе прывезла з Заволжа. Жылі небагата, на чай і цукар грошай не хапала і вядзёрны самавар закінулі на гарышча. Хай бы Алесь забраў.
Алесь частаваў варанай бульбай, якую шчодра пасыпаў скваркамі. Бульба — смачная. Была пані з прыгожымі ножкамі.
22 мая. Злазіў з цягніка ўжо ў Мінску. Развітаўся з Мітрафанам Дарафеевічам, які тым жа цягніком паехаў у Маскву.
Загадалі напісаць справаздачу.
24 мая. Учора споўнілася 70 гадоў Шолахаву. У «ЛіМе» з вялікім партрэтам гэтага пісьменніка артыкул І. Чыгрынава «Урокі вялікага настаўніка». Сёння, на дачы ў Атоліне, чытаю гэты артыкул. Усё быццам бы і правільна, а нестае нейкай ізюмінкі, чагосьці асабістага, пісьменніцкага. У вусных гаворках Іван Гаўрылавіч любіць распавядаць пра стасункі паміж Шолахавым і Сталіным, ведае нават тое, пра што правадыр цікавіўся і пытаў, калі выклікаў аўтара «Ціхага Дона» да сябе ў кабінет і размаўляў з ім. Апроч таго, Іван Гаўрылавіч быў нават у тым доме на вуліцы Сіўцаў Уражак у Маскве, дзе мае кватэру Шолахаў. Як бы прымярае сябе на Міхаіла Аляксандравіча.
У Польшчы пра Шолахава ніхто не пытаў.
Выходзіў на ўчастак паглядзець, што Тамара паспела пасадзіць за маю адсутнасць. Але ж гаспадарлівая! Гуркі ўзыходзяць, а памідоры ўжо растуць, гайдаюцца на градзе. Шмат кветак: ружы, вяргіні, нарцысы, цюльпаны. І любімыя Тамарыны клімацісы.
Цэкоўскія дачнікі працуюць як двухжыльныя, лепш чым над пісьмамі працоўных. Што значыць — працаваць на сябе.
26 мая. На працы ў аддзеле ўсё без змен. Ну, што ж, можа гэта і някепска, калі няма дрэнных навін. Горш, калі навіны дрэнныя.
7 чэрвеня. У Пастарнака натрапіў на такое месца: «Терять в жизни более необходимо, чем приобретать. Зерно не даст всхода, если не умрет. Надо жить не уставая, смотреть вперед и питаться живыми запасами, которые совместно с памятью вырабатывают забвения». Цікавы паэт — цікавы філосаф.
13 чэрвеня. Заранок ужо ў гарадскім камітэце партыі. Расце. Лезе на неба, як цыган па драбіне.
17 чэрвеня. Кандрату Крапіве прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы. Дакументы паслалі калі! А толькі цяпер стала вядома.
Ніколі не бачыў у ЦК Кандрата Крапіву. Ды і ў Саюз пісьменнікаў ён не ходзіць. Нейкая загадка. Пятрусь Усцінавіч дык у нас днюе і начуе. Умее даступіцца да начальства, нешта камусьці «выбіць» — ордэн, званне, кватэру. Кандрат Кандратавіч — не.