У французаў у пашане верлібр, які на практыцы азначае раскаванасць асобы, а ў нас выдавецкі рэдактар Хв. Жычка не то жартам, не то ўсур’ёз павучае: «І верлібру рыфма не зашкодзіць».
16 студзеня. Даведаўся, што падпісана пагадненне аб міры ў В’етнаме. Хай адпачне гэты пакутнік-народ.
19 студзеня. Вярнуўся з Масквы, з пасяджэння Савета па крытыцы. Адзін паэт, якога крытыкавалі, смешна апраўдваўся:
— Вот Алёшка Сурков каждый день булку с маслом ест — вот у него и эпитеты. А я без масла, всухую ем.
Аляксей Суркоў займае высокае месца ў сучаснай літаратурнай іерархіі. Калісьці, у 30-я гады, свайго героя ён атэставаў так:
Он ходил рядовым при большой революции,
Подпирая плечом боевую эпоху.
Рамантыка Суркова была мне блізкай. Прыгадваюцца яго радкі, якія запомніліся яшчэ са школьных, з дзясятага класа, гадоў. Тады яны краналі нешта нутраное, хлапечае:
На белый снег по кромке клёша
Густая кровь стекает вниз.
А ну-ка, мальчик мой Алёша,
Вперед, в штыки, за коммунизм!
Цяпер, вядома, гэтак не пішуць. Суркоў устарэў. Пра гэта якраз і вялася гаворка. 70-я гады, мяркуючы па ўсім, вяртаюць паэзію ў рэчышча больш спакойнай плыні. Эксперыменты, уласцівыя 60-м гадам, засталіся ззаду, яны былі неабходным звяном у ланцугу развіцця паэзіі. На іх вопыце грунтуюцца творчыя пошукі, якія вядуць сённяшнія паэты. Ад беларускай паэзіі я чакаю большай самазаглыбленасці (пры абсалютнай адсутнасці эгаізму), маральнаэтычнага псіхалагізму і чысціні. Яна заўсёды жыла грамадскім неспакоем і была не столькі «чалавеказнаўствам», колькі «грамадазнаўствам», «народатворчасцю» (паводле выразу У. Калесніка). Уласнае «я» паэта заставалася ў ёй часцей за ўсё ў ценю ці на другім месцы. Такія асаблівасці беларускай паэзіі маюць глыбокія карані ў гістарычным лёсе нацыі, яе мастацкай свядомасці...
Вярнуўся ў Мінск, не пахадзіўшы па Маскве, бо не было часу, а мне заўсёды цікава назіраць маскоўскае жыццё — на вуліцы, на базарах, у транспарце. Раніцай прыехалі, вечарам паехалі назад.
22 студзеня. Прачытаў паэму Е. Лось «Высакосны год». Высакосны быў мінулы, 1972 год. Таленавітая паэтэса, чуе нейкі падземны «гул», «штуршкі»...
25 студзеня. У сталічным Мінску ў рабочай сям’і нарадзіўся мільённы жыхар. Гэта хлопчык. Відаць, падбіралі, каб адпавядала паходжанне. Але ўсё роўна — гэта падзея!
26 студзеня. Скліканы ІХ з’езд мастакоў Беларусі. У нас шмат добрых, шырокавядомых мастакоў. І нават тыя, хто менш папулярны, таксама цікавыя. Выстаўкі я не прапускаю, пра некаторыя пісаў. Ведаю, што сярод мастакоў вечна доўжыцца спрэчка, хто лепшы, больш таленавіты. Розныя формы і накірункі пошукаў. Тут таксама адгукаецца сусветная спрэчка паміж рэалізмам і мадэрнізмам. Заўзяты палеміст-скульптар Заір Азгур. Нядаўна чытаў яго артыкул «Змест часу». Абараняе рэалізм, але неяк па-рамесніцку, без натхнення, атаясамліваючы праўду з праўдападабенствам.
27 студзеня. Учора ў Саюзе пісьменнікаў выступалі лаўрэаты Дзяржаўных прэмій мінулага года — Вітка, Навуменка, Семяняка. З расповедам пра творчасць Навуменкі выступіў Арочка, які працуе ў Інстытуце літаратуры.
Між іншым, прызнаюся, што Івану Якаўлевічу атрымаць прэмію дапамог я. А зрэшты мая заслуга тут невялікая — я толькі падаў думку. Машэраў, мусіць, мае на яго нейкія віды.
28 студзеня. Адзін з высокапастаўленых насельнікаў пятага паверха нашай установы С. сказаў: «Вы, товарищи, плохо работаете с письмами трудящихся. Получается так, что после вашей работы он опять пишет по тому же вопросу. К нерадивым, тем, кто плохо работает с письмами, будем принимать соответствующие меры».
С. — наіўны. Справа не ў «нерадзівасці», а ў тым, што пытанні, якія нярэдка ставяць людзі ў сваіх лістах у ЦК, не заўсёды можна вырашыць. Апроч партыйнай улады, ёсць яшчэ і ўлада савецкая. Слабая, але ёсць. Ды і ўвогуле, надта шмат чыноўнікаў. Гэта ўжо не «праслойка», а нешта больш магутнае.
Пісьмовых адказаў аўтарам лістоў не даём, звычайна абмяжоўваемся размовай па тэлефоне. Папярэдне пасылаем паштоўку з указаннем нумара свайго тэлефона, па якім аўтару трэба пазваніць.
29 студзеня. Заходзіў М. Танк. Скардзіцца, што штодня звяртаюцца да яго нейкія людзі, часта на падпітку, па грашовую дапамогу, просяць хоць колькі рублёў. Ён — дэпутат Вярхоўнага Савета і нейкі «фонд» мае. Дае па пару рублёў, але на ўсіх не хапае.
30 студзеня. Сумеснае пасяджэнне секцыі крытыкі Саюза пісьменнікаў і супрацоўнікаў Інстытута літаратуры з абмеркаваннем прозы і паэзіі мінулага, 1972 года. У спрэчках выступілі П. Дзюбайла, М. Барсток, В. Гапава, А. Адамовіч, Д. Бугаёў і іншыя. Усё адбылося ў рамках прыстойнага, не так, як калісьці ў выпадку з Іванам Ралько.
П. Дзюбайла адзначаў, і гэта правільна, што ў творах 1972 года, прысвечаных маральным пытанням, адчуваецца недахоп сацыяльнай напоўненасці, шырыні грамадскага гучання.
А. Адамовіч падзяліўся сваімі планамі на 1973 год — тэарэтычнае асэнсаванне праблемы: нацыянальная літаратура ў сучасным свеце, у кантэксце сусветнай літаратуры. Заняты зборам і вывучэннем матэрыялу. Беларуская літаратура звяртае на сябе ўсё большую ўвагу ў Еўропе і за яе межамі.
Выступіў І. Шамякін (ён крыху прыпазніўся). Між іншым сказаў, і гэта прымусіла ўсіх задумацца, што пісьменнік, які працуе над сучаснай тэмай, ідзе па неразмініраваным полі. Аказваецца, яму таксама цяжка. Спачуваючы, усе ўздыхнулі.
2 лютага. З жалем даведаўся, што памёр мой любімы артыст Уладзімір Белакураў. Ён быў артыстам МХАТа і здымаўся ў кіно. У тэатры я бачыў яго ў ролі Чычыкава («Мёртвыя душы», інсцэніроўка М. Булгакава), а ў кіно — у фільмах «Чкалаў» і «Паядынак». Для мяне асабіста ён быў увасабленнем рускага характару. Гэта — нейкі, па маім уяўленні, купецкі размах, смеласць да нястрыманасці, гатоўнасць рызыкаваць і дэмакратызм. Гэткім я назіраў яго ў Доме акцёра ў Маскве. Шмат выпіваў. Прымусіў выпіць разам з ім шклянку гарэлкі нейкага знакамітага акцёра з Галівуда.
6 лютага. У тэатры імя Янкі Купалы адбыўся гарадскі літаратурны вечар, прысвечаны 150-годдзю з дня нараджэння вялікага венгерскага паэта Шандара Пецёфі. Арганізатарамі вечара былі Саюз пісьменнікаў Беларусі і Беларускае аддзяленне Таварыства савецка-венгерскай дружбы. Даклад пра жыццё і творчасць Шандара Пецёфі прачытаў доктар філалагічных навук, прафесар Алег Лойка.
Літаратурная праца Пецёфі, падкрэсліў ён, была зброяй працоўнага люду Венгрыі за нацыянальнае і сацыяльнае вызваленне. Непасрэдная сувязь з народам вызначала ідэйны змест яго паэзіі. Паэт сам са зброяй у руках удзельнічаў у рэвалюцыйным руху 1848 года, палымяным словам сваім натхняў на подзвігі народныя масы.
З новымі перакладамі твораў венгерскага паэта прысутных пазнаёмілі Мікола Хведаровіч, Анатоль Грачанікаў, Мікола Аўрамчык.
Існуе, між іншым, думка, што Пецёфі загінуў не ад шаблі рускага казака, а што яго саслалі ў Сібір і памёр ён там.
9 лютага. Пазваніў М. Танк, прачытаўшы маю рэцэнзію ў «ЛіМе» на яго зборнік «Хай будзе святло». Дзякаваў. Я здзівіўся: гэта першы выпадак, каб хто з пісьменнікаў падзякаваў за водзыў, а пісаў я шмат пра каго. Пра Танка — упершыню.
— Пра мяне астатнім часам мала хто піша, — у голасе Яўгена Іванавіча пачуліся крыўдлівыя ноткі.
— А Калеснік, Бярозкін?
— Бярозкін у трох соснах заблудзіўся.
І сапраўды, Рыгор Саламонавіч больш піша пра Куляшова, Панчанку, Пысіна... Таксама выдатныя паэты!
Падзякаваў паэту за званок.
І Шамякін пазваніў, пахваліў артыкул пра Танка.
— Уладзімір Васільевіч, хай бы вы пра прозу пісалі, гэта ўсё ж такі салідней!
Я сказаў, што падумаю.
— Падумайце.
12 лютага. Творчы працэс у кожнага мае свае дзівацтвы, свае «адхіленні». Працавалі і працуюць па-ўсякаму: Шылер трымаў ногі ў халоднай вадзе; Бальзак разуваўся, пісаў босым; Прус нюхаў парфуму; Хемінгуэй пісаў стоячы за канторкай; Глебка мяняў кашулю, завязваў гальштук і апранаў касцюм; Антон Бялевіч ставіць каля сябе міску з салёнымі гуркамі...
16 лютага. З раніцы пазваніў В. Барысенка:
— Як вы ставіцеся да кнігі Андраюка?
— Да якой?
— Якую рассыпалі з год назад у выдавецтве «Беларусь». Жычка, ці што?
Я стаў успамінаць. Сапраўды, такі факт меў месца. Матыў быў такі, што крытык, разглядаючы сучасную прозу, не ўспомніў усіх аўтараў. Некаторыя празаікі прайшлі незаўважанымі, што і выклікала адпаведную рэакцыю:
«Чаму не пішаш пра мяне?» Але ж пра ўсіх не напішаш. Андраюку спрыяў Мележ, але кніга не пайшла.
— Помню, помню, — адказаў я, — асабіста ў мяне прэтэнзій няма. Ды і, здаецца, Мележ яго падтрымлівае.
— Ну, тады будзем глядзець, — з лепшым настроем адпавёў Васіль Васільевіч.
— А як працуецца?
— І складаныя пытанні ёсць.
— Ну, вядома.
Яшчэ пра тое пра сёе пагаманілі і развіталіся.
17 лютага. Гэтымі днямі чалавецтва згадвае, што 500 гадоў назад нарадзіўся вялікі астраном Мікалай Капернік (19.02.1473 — 24.05.1543), які распрацаваў геліяцэнтрычную тэорыю будовы нашай планетнай сістэмы. Зямля перастала лічыцца цэнтрам Сусвету, адсунулася на перыферыю і пераўтварылася ў звычайную планету, што абарочваецца вакол Сонца. Гэта азначала карэнны пералом у астранамічнай навуцы і ў светапоглядзе людзей. Да Каперніка на працягу тысячы чатырохсот гадоў ва ўяўленні людзей панавала Пталамеева астраномія: Зямля нерухомая, знаходзіцца ў цэнтры Сусвету. Вакол яе абарочваюцца Сонца і планеты. Лічылася, быццам бы свет быў створаны спецыяльна для чалавека, цяпер гэтыя сцвярджэнні страцілі пад сабой глебу.
Сярод іншага, Капернік устанавіў, што дата нараджэння Ісуса Хрыста, адкуль вядзе пачатак наша летазлічэнне, павінна быць аднесена на чатыры гады раней, чым гэта вынікае з хрысціянскага календара.
Мікалай Капернік — сучаснік нашага Скарыны. Сучаснік Лютэра. Адзін і другі, відаць, жахнуліся ад таго, што Зямля перастала быць цэнтрам Сусвету і, выходзіць, Бог памяняў месца свайго знаходжання, аддаліўся ў касмічную бязмежнасць.
19 лютага. У Саюзе пісьменнікаў адбыўся вечар, прысвечаны 80-годдзю з дня нараджэння Максіма Гарэцкага — знакамітага беларускага празаіка, драматурга, крытыка і гісторыка літаратуры, вучонага-мовазнаўцы і фалькларыста, перакладчыка. Па-рознаму склаўся лёс кніг — творчай спадчыны пісьменніка. Адны з іх, здараецца, забываюцца адразу ж пасля смерці аўтара, другія наадварот — не толькі працягваюць жыць, але і ўзрастаюць у сваім значэнні і мастацкіх вартасцях.
Ён — аўтар раманаў «Віленскія камунары», «Камароўская хроніка», аповесцей «Меланхолія» і «Ціхая плынь», дакументальна-мастацкіх запісак «На імперыялістычнай вайне», кніг апавяданняў «Рунь», «Досвіткі», «Сібірскія абразкі», «Люстрадзён», шэрагу цікавых драматычных абразкоў, даследавання «Гісторыя беларускай літаратуры» і шматлікіх іншых твораў.
Усё зробленае М. Гарэцкі аддаў на суд часу — суд, як вядома, строгі. Пра адно ён прасіў: «Не выбівай з маіх худых і кволых рук гэтага маленькага пучочка васількоў». Рэдка хто з беларускіх паэтаў — ад М. Багдановіча да М. Лужаніна — не ўспамінаў у сваіх вершах пра «цвяток радзімы васілька». І для М. Гарэцкага васількі былі сімвалам Радзімы, сімвалам той «цярнёвай дарогі», якую прайшоў беларускі народ.
Разам з Купалам і Коласам М. Гарэцкі стаяў ля калыскі сучаснай беларускай літаратуры, будучага росквіту. Сёння яму споўнілася б 80 гадоў — на дзесяць гадоў ён маладзейшы за Купалу і Коласа, аднак уклад М. Гарэцкага ў развіццё беларускай культуры таксама важкі і значны. Яго жыццё і творчасць прыпадаюць на адзін з самых драматычных перыядаў у гісторыі Беларусі, які ўключае падзеі Першай сусветнай вайны, рэвалюцыйны ўздым, грамадзянскую вайну, пачатак сацыялістычнага будаўніцтва.
А. Адамовіч сцвярджае, што М. Гарэцкі сваёй творчасцю «ўгадаў» ці «прадказаў» будучыя тэндэнцыі і мастацкія праявы ў беларускай савецкай прозе, нават некаторыя тэмы і сюжэтныя сітуацыі. Напрыклад, апавяданні «Рускі» Гарэцкага і «Адна ноч» Быкава.
Са спадчыны М. Гарэцкага я ўжо многае прачытаў і асвоіў. Напрыклад, аповесць «Дзве душы». Дарэчы, Гарэцкі не першы ўзнімае пытанне пра «дзве душы», якія месцяцца ў адным чалавеку. Да яго пра «дзве душы» рускай інтэлігенцыі пісаў Горкі. Беларускі пісьменнік асэнсаваў гэтае пытанне на нацыянальнай глебе. У сучаснай нашай літаратуры гэтая тэма закрытая і забытая, але ў жыцці яна застаецца вельмі актуальнай.
Дарэчы, калі ўжо ўспомніў Горкага, дык прыгадаю і тое, што ў 1924 годзе ў Ленінградзе выйшла кніжка вядомага крытыка Карнея Чукоўскага «Две души Максима Горького».
20 лютага. Часопіс «Полымя» ўзнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны». Пазваніў Кастусь Ціханавіч, дужа ўзрадаваны: «Значыць, правільную лінію вядзём! Калі б што-якое, дык ордэна б не далі!» «Логіка ў яго развагах ёсць», — падумаў я. Павіншаваў і рэдактара, і рэдакцыю.
А ўвогуле гэта — падзея, і падзея прыемная: «Полымя» — першы часопіс у СССР, узнагароджаны ордэнам. За ім будуць узнагароджаны іншыя.
Нядаўна бачыўся з былым рэдактарам «Полымя» Паўлам Кавалёвым. Кавалёў — добры субяседнік. Пра «Полымя» ён аднак не ўспамінаў, а расказваў пра тое, як ажно ў 1937 годзе, у Негарэлым, сустракаў Валерыя Чкалава і яго сяброў па пералёце на АНТ-25 праз Паўночны полюс у Амерыку. Маладога журналіста Кавалёва паслала на гэтую сустрэчу газета «Звязда», дзе ён працаваў. Яго здзівілі лётчыкі-героі Чкалаў, Белякоў і Байдукоў, якія гарэлі энтузіязмам, жаданнем працаваць, тварыць, ставіць рэкорды. Пагранічнік, вітаючы лётчыкаў, на высокіх пачуццях сказаў:
— Таварышы! Над снежнымі прасторамі Арктыкі, Паўночным полюсам, полюсам непрыступнасці, ваш матор спяваў пераможныя песні краіны сацыялізму, мы гатовы былі ў любую хвіліну аддаць вам сваю кроў, каб матор не спыняў гэтай песні!
21лютага. Атрымаў двухпакаёвую кватэру ў новым доме, на Захарава 56. Плошча — 31 кв. метр. Аджалеў наш Машкоў. Літфонд даваў большую, трохпакаёвую (улічваючы пакой пад кабінет), але я адмовіўся. Было б падобна, што скарыстоўваю службовае становішча.
26 лютага.Заходзіў Пятрусь Броўка. Дастаў з кішэні крокамер. Расказвае. Ходзіць штодня, з раніцы і вечарам. Робіць, хваліўся, дваццаць тысяч крокаў. Мацуе здароўе. Надта абураўся паводзінамі нейкіх турыстаў, якіх ён сустрэў каля Ждановіч. Здаравенныя хлопцы глуміліся з прыроды, псавалі лес.
— Выйшлі з аўтобуса, ссеклі, разумееш, чатыры маладзенькія сасонкі касцёр паліць. Я пачаў іх сарамаціць — дзе там! Доўга давялося ім тлумачыць...
Нехта іншы, напэўна, абышоў бы бокам, не стаў бы звязвацца з гэтымі «турыстамі», а вось Пётр Усцінавіч палічыў сваім абавязкам умяшацца, каб заступіцца за безабаронную прыроду.
27 лютага. З раніцы і амаль увесь дзень ярка свяціла сонца. Гэта так нечакана пасля зімовага сутоння, калі слепіць вочы снег і ўсё нібы прачынаецца да новага жыцця. Прыляцелі ці неўзабаве маюць прыляцець гракі. Пад вечар снег стаў блакітным. Люты — гэта ўжо амаль прадвесне. Уяўляю, як недзе ў Бярэзіне тужліва завыў воўк.
Гэта, мусіць, нейкі перажытак, рудымент — мая пастаянная ўвага да надвор’я, да стану прыроды. Хемінгуэя, думаю, гэта ніколі не цікавіла. Да надвор’я ў яго, пэўна, былі чыста прыкладныя адносіны. Галоўным для яго была яго работа. Мне падабаецца яго патрабавальнасць да сябе: «Я ніколі не раблю таго, што перашкаджае мне ў шэсць гадзін раніцы ўзяцца за работу».
Успомніў. І ўсё ж такі ў першай кнізе апавяданняў-замалёвак «У наш час» (1925) вобраз прыроды ёсць — вобраз лірычны, насычаны драматызмам.
28 лютага. У гэтым нумары «Маладосці» мой артыкул пра паэзію маладых пад назвай «Яны прыходзяць самі». Хацеў, было жаданне, падтрымаць. Не ведаю, аднак, наколькі гэта мне ўдалося. Дапамагала руплівая Вера Сямёнаўна Палтаран — колішняя аспірантка Інстытута літаратуры. Тады ён быў яшчэ Інстытутам мовы і літаратуры.
1 сакавіка. У Купалаўскім тэатры пайшла п’еса А. Макаёнка «Таблетку пад язык». У Маскве яна ідзе ўжо больш як месяц. Масква дае добры прыклад, у тым ліку і для нашага ідэалагічнага начальства, а то яно надта асцярожнае.
5 сакавіка. Вечар Анатоля Вялюгіна ў клубе СП Беларусі. Уступнае слова сказаў І. Шамякін. Выступілі П. Броўка, Е. Лось, А. Махнач, А. Слесарэнка, Р. Бярозкін. Вядома, хвалілі, бо не той момант, калі можна крытыкаваць. Зрэшты, ёсць за што і хваліць. Мне чамусьці перш за ўсё прыгадваецца эсэ Анатоля Вялюгіна «Дубовы лісток»: «На карце свету мая Беларусь як дубовы лісток: такія, вызначаныя граніцамі, як абрысы, густая зеляніна лугавін і дуброў, сінія жылкі рэк — Дняпра і Прыпяці, Нёмна і Бярэзіны.
Залатымі вузламі, глыбока і навечна, сплялося карэнне наскіх дубоў з карэннем смаленскіх, латгальскіх, літоўскіх, чарнігаўскіх...»
Прачытаў я гэтыя радкі і падумаў, што А. Вялюгін і ў прозе застаецца паэтам, верным свайму светаўспрыманню і стылю, які грунтуецца на сакавітым, поўным святла і жыцця мастацкім вобразе. Прыгадваецца яго ж думка:
«Паэзія ўсюды застаецца паэзіяй, калі яна — паэзія». Сакавіты вобраз, свежае, «роснае» слова — гэта, здаецца, адзначалі ўсе, хто пісаў пра яго творчасць. «Аскомай на зубе трашчыць рубін кіславатай брусніцы» — гэта з даўняга верша 1944 года, але з таго часу паэтычны густ Вялюгіна, здаецца, не змяніўся. «Я заўсёды баюся напышлівых выцвілых слоў», — прызнаецца ён у адным з вершаў, і гэтае прызнанне мае прынцыповае значэнне для яго мастацкай канцэпцыі, забяспечанай маральным вопытам паэта, усёй сукупнасцю яго творчай біяграфіі.
Р. Бярозкін тонка падмеціў гэтую ўлюбёнасць паэта ў слова, «якое павінна звінець, быццам медзь, і ззяць, нібы кропелька расы на сонцы», абазначаючы канкрэтную з’яву, прадмет, каларытную падрабязнасць.
Аднак, пры ўсім пры тым, у адносінах да паэзіі Вялюгіна цяжка пазбавіцца ад ўражання, што яна часта залішне халаднаватая, дэкаратыўная, што ёй нестае маральнай завостранасці.
5 — 7 сакавіка. Быў у Маскве на пасяджэнні Савета па беларускай літаратуры. Абмяркоўвалі кнігі маладых паэтаў — Арабейкі, Вераб’я, Дзюбы. Гаварылі пра выхаванне асобы — праз асобу паэта адлюстроўваецца жыццё народа. Паэт павінен вучыцца ўспрымаць падзею, факт усім сваім духоўным досведам, усёй біяграфіяй.
У абмеркаванні ўдзельнічалі маскоўскія перакладчыкі. Прымяраліся, але так, па-мойму, не прымерыліся. Чакаюць, каб галасы загучалі грамчэй, выразней.
Маскоўскае надвор’е — змрочнае. Неба завалакло брудна-шэрай смугой. Ляніва падаюць рэдкія сняжынкі.
Зайшоў у магазін падарункаў па вул. Горкага. Процьма народу. Праціснуўся неяк да прылаўка, падышла чарга. Спрактыкаваная прадаўшчыца спытала:
— Вам падарунак для жонкі ці што-небудзь даражэйшае?
— Даражэйшае, — сказаў я жартам.
— Тады вазьміце гэтыя духі. Французскія.
Заплаціў сорак рублёў.
Нашу дэлегацыю на Беларускім вакзале ў Маскве сустракала супрацоўніца СП СССР, наша зямлячка з-пад Гомеля Валянціна Шчадрына, яна нас і праводзіла.
8 сакавіка. Вярнуўся з паездкі стомлены. Рады быў, што ўжо дома. Павіншаваў Тамару са святам, уручыў маскоўскі падарунак. Кветак купіць не паспеў, але яна прабачыла...
9 сакавіка.Адказаў на пытанні «ЛіМа» пра сучасную беларускую паэзію. Гэта перад чарговым пленумам СП.
Здабыткі нашай паэзіі апошніх год даволі сціплыя, на мой погляд. Магчыма, я памыляюся. «Лицом к лицу лица не увидать...» Пройдзе час, і на адлегласці нешта ўбачыцца ў іншых маштабах. Усё можа быць.
На пытанне газеты «Отечествен фронт» — «Якая ваша думка пра маладую змену літаратараў?» — вядомы балгарскі пісьменнік Г. Джагараў адказаў: «Цудоўныя юнакі. Адзін другога таленавіцей. Такія таленавітыя, што часам немагчыма адрозніць аднаго ад другога. Прынамсі, сёння асоб сярод іх незаўважна».
Мне здаецца, што і ў нас кніг пакуль што з’яўляецца болей, чым яркіх творчых індывідуальнасцей. Шмат стандартнага, «сярэднеарыфметычнага». Неабходнасць пашырэння сваіх сацыяльна-грамадскіх, філасофскіх даляглядаў — такая праблема, думаецца, стаіць перад кожным паэтам.
10 сакавіка. Ужо ўсё падсохла. Дворнікі (у асноўным «дворніцы») падмятаюць, падбіраюць смецце. Асабліва прыгожа раніцай — неба чыстае і паветра таксама чыстае, яшчэ не загазаванае. Ранішняе сонца — чырвонага колеру.
11 сакавіка. Пазваніў з Брэста Калеснік. У яго канфлікт з рэктарам. Скардзіцца, што немагчыма працаваць і што мае намер ехаць у Мінск. Уладзімір Андрэевіч (бацьку па-мясцоваму, у Сіняўскай Слабадзе, адкуль Калеснік родам, звалі Андрыянам) — чалавек буяны і непакорны, як ён калісьці мне пра сябе гаварыў. Ды я і сам бачыў яго «выбуховасць», пярэчыць яму цяжка, загараецца як запалка.
Што датычыць пераезду ў Мінск, дык гэта справа зусім рэальная. Калесніка вельмі цэняць як крытыка. Толькі як паставіцца да пераезду Зося Міхайлаўна, жонка?
12 сакавіка. Сапраўдная вясна! Звіняць на вясеннім ветры дрэвы. Вецер упэўнена разганяе хмары, часцей паказваецца сонца, узнімаючыся ўсё вышэй. На дрэвах з’явіліся пупышкі.
15 сакавіка.Чарговы пленум СП Беларусі па надзённых праблемах сучаснай беларускай паэзіі. З дакладам «Сучаснасць і паэзія» выступіў А. Грачанікаў. Прысутнічаў з Масквы вядомы паэт Уладзімір Сакалоў. Ён пачынальнік так званай «ціхай» паэзіі, больш удумлівай і засяроджанай, якая прыйшла на змену гучнай эстраднай хвалі 60-х гадоў. Я помню яго радкі:
Хотел бы я долгие годы
На родине милой прожить,
Любить ее светлые воды
И темные воды любить.
«Ціхую» паэзію, у адрозненне ад «эстраднай», немагчыма пераказаць прозай. Выступаючы, У. Сакалоў прыгадаў словы А. Блока: «Чым мацней лірычны паэт, тым паўней лёс яго адлюстроўваецца ў вершах».
Сярод нашых паэтаў адэптам «ціхай» паэзіі з’яўляецца А. Грачанікаў.
19 сакавіка. Прыехаў Калеснік. У чорным паліто і шапцы-кучомцы. Выгляд — прыгнечаны. Уладкаваў яго ў гасцініцу ЦК (над сталоўкай на рагу Кірава і Энгельса). Мае намер папрацаваць у архіве гістпарта і ў «Ленінцы».
Не склаліся адносіны з рэктарам, перажывае. Хто б іншы на яго месцы напісаў бы на рэктара скаргу — у ЦК ці яшчэ куды-небудзь. Уладзімір Андрэевіч — трэба і тут аддаць яму належнае — на такое не здольны.
20 сакавіка,аўторак. У «Звяздзе» — мая рэцэнзія на зборнік вершаў П. Панчанкі «Снежань». Прызнацца, калі браўся за гэты сціплы водзыў (пазваніў Алесь Траяноўскі), дык хацеў паказаць, намякнуць Пімену Емяльянавічу, што «наверсе» да яго добра ставяцца. Нешта апошнім часам ён пахмурнеў і замаркоціўся, як бы на кагосьці ўзлаваўся. Кажуць, ён мала зарабляе (у параўнанні з нашымі «таўстасумамі»), а паэт неблагі. Як крытык скажу, што гэта адзін з самых шчырых, самых «псіхалагічных» сучасных паэтаў, адкрыты і імпульсіўны. Я спрабаваў з ім гаварыць. Пра сябе маўчыць. Па характары ён публіцыст, яго паэзія часцей за ўсё дыялог з тым, што знаходзіцца за яе межамі.
— Прыроды шкада, знявечылі мы прыроду! — быццам спяшаючыся, узахлёб, сіплым голасам кажа ён.
Можа Пімен Емяльянавіч не ведае, дык я сказаў яму, што ў Еўропе існуе Рымскі клуб — міжнародная грамадская арганізацыя, створаная ў 1968 годзе з мэтай зразумець вынікі навукова-тэхнічнай рэвалюцыі. Яна якраз арыентаваная на рэвалюцыю «чалавечых якасцей», каб менш было ў чалавека прагнасці. У Панчанкі ёсць апанент, носьбіт «сваёй праўды», з якім паэт вядзе своеасаблівы дыялог. Гэты апанент, здаецца мне, ён сам, учарашні.
Наколькі я ведаю, спее прапанова (асабліва падтрымлівае яе М. Танк) аб прысваенні Панчанку звання «Народны паэт БССР».
21 сакавіка. Купіў тэлевізар («Горизонт», у растэрміноўку). Тэлебачанне ў нас пакуль што слабое, але хочацца верыць у яго будучыню. З цягам часу яно павінна дапамагчы большай дэмакратызацыі нашага грамадства, знікненню шматлікіх ценявых сфер, умацаванню інфармаванасці, празрыстасці і галоснасці, калі прадстануць на ўсеагульны разгляд і асуджэнне ўсе магчымыя эканамічныя, крымінальныя і маральныя недахопы і злачынствы.
23 сакавіка. П. Панчанка падарыў свой трохтомнік з цёплым надпісам. Дзякуй.
26 сакавіка. Быў на закрытым праглядзе новага фільма (хутка выйдзе на шырокі экран) «Земля, до востребования...» — пра савецкага разведчыка з 30-х гадоў Льва Яфімавіча Маневіча. Родам ён з Беларусі. Адзін з буйных савецкіх разведчыкаў і, як усе яны, з трагічным лёсам: свае — сваіх...
27 сакавіка. Вецер, холад. Неба стальнога колеру. Потым паваліў снег і завіравала завіруха. Па Свіслачы марудна плыве бруднаваты гарадскі лёд, не то хворы, не то проста стомлены. Ляніва труцца адна аб другую шэрыя крыгі.
28 сакавіка. Праводзіў на брэсцкі цягнік У. Калесніка. Перад гэтым ён сустракаўся з дачкой. Настрой яго, бачу, ураўнаважыўся. Яму не казаў, бо можа пакрыўдзіцца, але паспрабую паўздзейнічаць на пана рэктара.
3 красавіка. Мудрасць (у духу Эклезіяста): «Не называй нікога шчаслівым, пакуль ён жыве» прачытаў у кнізе-зборніку «Мудрые мысли», які падрыхтаваў Іван Шпадарук (пакуль што ў рукапісе). Адкуль узяў — не памятае.
Пэўна, з Бібліі. Біблейскія думкі, часам крыху перайначаныя, качуюць з кнігі ў кнігу.
У Эклезіяста ёсць яшчэ такая нечаканая думка: «Не будзь залішне мудрым і залішне справядлівым, каб не загінуць».
Эклезіяст — геніяльны дыялектык.
9 красавіка. Учора памёр Язэп Лявонавіч Дыла. На 93-м годзе жыцця, у Саратаве, дзе жыў з 1931 года. Лёс беларускай інтэлігенцыі, прынамсі, многіх. Быў членам Беларускага савецкага ўрада — наркомам працы (студзень — люты 1919 г.), членам ЦВК БССР. Вядомы пісьменнік. Калісьці да яго ў Саратаў ездзіў Адам Мальдзіс.
14 красавіка. Былі ў Плешчаніцах (Гоцман даў машыну). Вярнулася зіма. Ішоў снег, і нейкі не красавіцкі, а быццам снежаньскі ці студзеньскі. Цешча Вера Васільеўна купіла пару парасят, будзе гадаваць ажно да зімы.
«Ешчы кабанчык!» — хваліць аднаго з іх, віславухага. Цесць кожнай раніцы, яшчэ цёмна, ідзе на работу ў Чысцік, на торфапрадпрыемства. Выбіраюць з плошчаў торф і адпраўляюць на Лукомльскую электрастанцыю. «Канчаюцца запасы торфу», — кажа ён.
Вера Васільеўна частавала рознымі прысмакамі. З бочкі, з самага дна, дастала вялізны качан капусты, парэзала на кавалкі, пасыпала перцам і падала на стол. Смаката! — як кажа ў такіх выпадках Янка Скрыган.
17 красавіка. Нарада ў сакратара ЦК па ідэалогіі А. Т. Кузьміна. Ён закурыў (шмат курыць) і даў агульную ацэнку становішчу ў ідэалагічным жыцці ў рэспубліцы, у прыватнасці ў літаратуры ды мастацтве:
— Астаёцца пасажалець, таварышы, што з літаратурнага абіходу выпадаюць, па сутнасці, паняцці партыйнасць, сацыялістычны рэалізм, народнасць, а замест іх гавораць: «чэсны пісацель». У мяне гэта выклікае па меншай меры недаўменне. Прашу, таварышы, звярнуць на гэта ўвагу. І яшчэ, таварышы. Нужон герой для падражанія. Такавых герояў, на жаль, няма. Не ў жызні, канешна, — у жызні іх многа, а ў кнігах, у мастацтве. Можа, адсюль і нашы беды.
Мы слухалі, не перабівалі. Уражанне, аднак, было такое, што Аляксандр Трыфанавіч гаварыў гэта, думаючы пра нешта іншае, быццам ужо лічыў шчупакоў, якіх зловіць заўтра на рыбалцы. Як і Пётр Міронавіч, шмат курыць.
20 красавіка. Не стала яшчэ аднаго добрага чалавека — памёр Георгій Іванавіч Жыхараў, прафесар кансерваторыі, вялікі патрыёт балалайкі. Лёнеў настаўнік. Брат яго паважаў, удзячны яму за школу. У Жыхарава вучыўся яшчэ адзін Леанід — Зубараў, але, здаецца, не вытрымаў яго праграмы.
21 красавіка. Камуністычны суботнік. Умацоўвалі берагі водаканала Вілія — Свіслач. Вада па гэтым канале паступае ў ёмістае вадасховішча («Мінскае мора»). У траве пракінуліся пралескі, там-сям і фіялкі. Лопаюцца пупышкі ў бяроз. Гамоняць птушкі. Лагодна прыгравае сонейка. Некаторыя людзі тачкамі возяць зямлю. Я нашу пласты дзёрну і ўкладваю, шэф папраўляе і ўтоптвае. Невядома чаму зноў успомнілася казахстанская цаліна, дзе пабываў з сябрамі ў студэнцкую пару. На сенакосе, у пойме Ішыма, мы, студэнты, складвалі стагі. Пасля дажджу тыя стагі нібы крыху папрыгіналіся, сталі меншымі.
— Вы плоха таптал! — крытыкаваў нас казах-учотчык.
— А калі было таптаць? — апраўдваўся Коля Купрэеў. — Вы ж казалі: «Давай норму!»
Працавалі да трох гадзін, без абеду. На «цаліне» абед быў.
23 красавіка. Дзёран укладваць лягчэй, чым бетон. Учора адпачываў, ачухваўся пасля суботніка, а сёння на працу, да «станка».
Зямля падсохла. Набухаюць пупышкі на каштанах. Чуў, ідучы на службу, як шчабечуць птушкі, нібы кагосьці вітаюць.
24 красавіка. У памяшканні філармоніі прайшоў аўтарскі вечар А. Куляшова. Прыехалі М. Луконін, Я. Хелемскі, М. Нагнібеда, Д. Кугульцінаў, К. Куліеў. Адкрываў вечар П. Панчанка. Ён назваў паэзію Куляшова «духоўнай энцыклапедыяй яго пакалення». Ацэнка высокая і ў многім справядлівая, але я хацеў бы адзначыць іншае. У творчасці Куляшова спалучаліся рэальнасць з фантастыкай. Я сказаў бы — навуковай фантастыкай. У гэтыя — фантастычныя — абставіны паэт смела ставіць свайго героя: мастацкае пазнанне паядноўваецца з навуковым.
Некалі А. Эйнштэйн прызнаваўся, што Дастаеўскі (які, як вядома, называў свой рэалізм «фантастычным») даў яму больш, чым вышэйшая матэматыка Гаўса. Гэты кантакт паміж геніямі адбыўся, відаць, на нейкім глыбокім «душэўна-светапоглядным» узроўні, і абумоўлены ён быў адзінствам маральных, духоўных «суперзадач», якія перад імі стаялі. Пазнанне свету, шлях сацыяльнага і маральнага працэсу, сусветная гармонія і чалавек, яго лёс, адносіны да будучыні — усё гэта надзвычай хвалявала і Дастаеўскага, і Эйнштэйна, які захапляўся складаным дэтэрмінізмам у паводзінах герояў рускага раманіста (вядомае «раптам»!). Свет Эйнштэйна меў патрэбу ў новым, больш глыбокім узаемапранікненні аб’ектыўнага і суб’ектыўнага, у новым — чалавечым! — вымярэнні сувязей паміж з’явамі, якія адкрывала навука. Ідэі Дастаеўскага і Эйнштэйна, глыбокія іх думкі ўплываюць на характар сучаснага мыслення — у тым ліку на характар мастацкага мыслення. Іх адбітак знаходзім і ў «Новай кнізе» Куляшова, які — сын свайго веку — на дзіва глыбока адчувае адзінства свету і гістарызм яго развіцця, усеагульную сувязь з’яў. Гэта надае мужнасці і аптымізму:
Хацеў бы век, які ўжо на зыходзе,
Забраць мяне з сабой, а я руку
Гарачую працягваю прыродзе —
З дваццатага ў трыццатае стагоддзе.
Сёння значна ўзрасла актыўнасць куляшоўскага слова, актыўнасць яго стылю, які — на новай аснове — уключае зварот да такіх форм абагульнення, як фантастыка, гіпербала, прытча, сімволіка, якія канцэнтруюць у сабе характэрнае для сучаснай рэчаіснасці. Гаворачы пра «Новую кнігу» А. Куляшова, А. Кучар, спыняючыся на радках пра лес — «Яму, без мовы, як называюць вясну вясной?», — вельмі правільна адзначыў, што аўтар «даўно адмовіўся ад застарэлых і ўжо зааўтаматызаваных форм паэтычнасці, калі спяванне птушкі, шум лесу, бег ручая, толькі названыя, былі і паэтычнымі катэгорыямі. Цяпер інакш. Мала сказаць, што лес маўчыць. Як аб прыроднай з’яве, гэтым будзе сказана ўсё. Паэзія з’явіцца ад іншага. Лес нямы. Ён паўстае перад намі як жывая істота, якая мучаецца ад сваёй нематы. А яму без мовы нельга назваць «вясну вясной». Вось у гэтым радку і галоўнае. Здаецца, гэты нямы як бы курчыцца ад натугі, каб выгукнуць ёмістае, агністае слова «вясна».
А. Куляшоў расказаў пра свае творчыя планы (паэма пра Твардоўскага) і прачытаў новыя пераклады вершаў М. Луконіна і К. Куліева. Перакладчык ён выдатны. Перакладаў А. Пушкіна, М. Лермантава, І. Катлярэўскага, Г. Лангфела, Т. Шаўчэнку, С. Ясеніна, У. Маякоўскага, А. Твардоўскага, М. Ісакоўскага, М. Нагнібеду, К. Куліева і многіх інш.
Прыклад. Лермантаўскі радок «И звезда с звездою говорит» да Куляшова перакладаўся так: «Зорка з зоркай гутарку вядзе». Куляшоў перайначыў, пераклаў па-свойму: «Зорка зорцы голас падае». Гэта лепш — болей псіхалагічна напружана, з эмацыянальным падтэкстам. Спакойна гутарыць аб нейкай прычыне нельга, можна толькі падаць голас. Перакладчык супернічае з аўтарам.
30 красавіка. Свята пачалося ўжо ў канцы рабочага дня. Многія на падпітку. Народ падвяселены.
Першы гром. Гэта — казала некалі бабуля Фёкла — грамавік Ілья-прарок едзе па небе на сваёй калясніцы, грыміць калясьмі аб хмары.
1 мая. Стаялі з Тамарай на гасцявой трыбуне. Шмат паказной радасці, трыумфавання, і ўсё прасякнута палітыкай. Але свята ёсць свята. Радасна.
Я малады, жонка маладая і сябры маладыя.
3 мая.У клубе СП адбыўся аўтарскі вечар І. Чыгрынава. Пра раман «Плач перапёлкі» гаварылі А. Куляшоў і Р. Бярозкін. Выступалі І. Шамякін, А. Вялюгін, Р. Мачульскі, А. Залескі, М. Бацвіннік, В. Адамчык. Кожнае прозвішча знакавае, аўтар зрабіў вялікі «склік».
Я таксама прачытаў гэты раман і прысутнічаў на абмеркаванні, але не выступаў, цікава было паслухаць. Заслугу І. Чыгрынава бачу ў тым, што ён паказаў пачатак вайны на сваёй Магілёўшчыне. У нас на Брэстчыне ўсё было інакш. Нямецкія матацыклісты з’явіліся ў Камянцы (гэта мой райцэнтр) ужо к абеду 22 чэрвеня. Каб калі пра гэта напісаць!
Пасля абмеркавання ішлі з Бярозкіным. Рыгор Саламонавіч дадаў да таго, што сказаў на абмеркаванні:
— Але вобраз Цылі яму не ўдаўся. Адкуль ён ведае, якія ў яўрэйкі ногі?
6 мая. І. Я. Навуменка — дырэктар Інстытута літаратуры, змяніў на гэтай пасадзе Васіля Васільевіча. Іван Якаўлевіч непакоіцца, як пойдзе праца, бо акадэмія — гэта не ўніверсітэт. Павінна пайсці — жыццёвы вопыт у Навуменкі вялікі. Ён ведае: кіраваць — гэта значыць не перашкаджаць людзям працаваць.
7 мая. Чатыры засцярогі (пачуў ад Я. Брыля, калі быў у СП на Энгельса):
1. Добра харчуйся.
2. Нічым не пераймайся.
3. Будзь асцярожны на паваротах.
4. Не насі цесных ботаў.
Няблага. Ёсць у гэтым сэнс. Але...
8 мая. Заходзіў цікавы чалавек — Барыс Бендзік-Вераў. Цяпер ён масквіч, а да вайны жыў у Мінску. У 20-я гады ўваходзіў у рускамоўнае літаратурнае аб’яднанне «Звенья», якое складалася з маладых рабочых-гарбароў, што працавалі на Ляхаўцы, на гарбарным заводзе «Бальшавік». Расказваў, як яны наведалі Маякоўскага, які прыязджаў у Мінск для выступлення перад чытачамі і жыў у гасцініцы «Еўропа».
— Сустрэў нас не надта ветліва, можа, таму, што мы, мінскія паэты, зарана прыйшлі. Ён яшчэ спаў, таму і раскрычаўся. Было, праўда, ужо гадзін дзесяць раніцы. Мы сціпла павярнуліся і пакінулі апартаменты «Еўропы».
Разумелі: лепшы пралетарскі паэт!
— Лефавец, — паправіў я.
— Але я не па гэтым пытанні, — не ўдаючыся ў спрэчкі, працягваў госць. — Ведаеце, у канцы 1942 года, у Маскве, я часта заходзіў у рэдакцыю сатырычнага плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну». Рэдакцыя месцілася ў будынку газеты «Известия». Там, на Пушкінскай плошчы, у цесным коле сяброў-беларусаў, кожны дзяліўся сваімі задумкамі і планамі, адбіраліся вершы і апавяданні для перакладаў на рускую мову. Я прапанаваў сабраць усё лепшае, напісанае пра вайну беларускімі паэтамі, уключыць партызанскі фальклор і выдаць у перакладзе на рускую мову. Маю прапанову ўхвалілі. Рэдактарам будучай кнігі прызначылі Пятра Фёдаравіча Глебку. Я з імпэтам узяўся за працу. Перакладаў вершы Якуба Коласа, Петруся Броўкі, Максіма Танка, Пятра Глебкі і іншых. Апрацоўваў партызанскі фальклор. Уключыў лепшае, што пераклалі Міхаіл Галодны, Сяргей Гарадзецкі, Мікалай Рыленкаў...
— А Янку Купалу не ўключылі?
— Ды, ведаеце, з ім тады не ўсё было зразумела.
— А што такое?
— Ды я і сам не ведаю, — Бендзік-Вераў зрабіў паўзу і зноў пачаў пра сваё: — Дык вось нарэшце зборнік быў гатовы, і я пайшоў у інтэрнат Акадэміі навук СССР па вуліцы Горкага, дзе пражываў Глебка. Яго я застаў за пісьмовым сталом, ён быў у гімнасцёрцы з франтавымі пятліцамі. Я паклаў на стол папку і стаў прыспешваць Пятра Фёдаравіча хутчэй прыступіць да разгляду рукапісу. Пётр Фёдаравіч трымаў спакой:
— Перш чым пераходзіць да справы, падмацуем свае сілы снеданнем. — Падышоўшы да салдацкага куфэрка, дастаў адтуль невялікі кавалак сала і акрайчык хлеба і сказаў: — Гэты далікатэс мне землякі-партызаны ў падарунак прыслалі.
Я прачытаў чатырохрадкоўе з верша Глебкі «Родны хлеб»:
Вовеки будь
благословенным,
Хлеб трудных
партизанских дней,
Неквашенный,
непосоленный,
Хлеб Белоруссии моей.
Нарэшце, падсілкаваўшыся, мы прыступілі да абмеркавання рукапісу. Пільна абдумвалі кожны радок, горача спрачаліся.
Да позняга вечара абмяркоўвалі рукапіс. Скончыўшы работу, пачалі думаць, а як усё ж такі назваць будучую кнігу. Адна за другой узнікалі назвы: «Война народная», «С тобой, Беларусь», «Беларусь непокорённая» і шмат іншых, але ўсе яны не вычэрпвалі поўнасцю зместу зборніка.
Разгаварыліся пра партызанскі рух, які ахапіў усю Беларусь, пра падпольныя партыйныя арганізацыі, пра спаленыя фашыстамі вёскі і сёлы... І тут неяк сама сабой і нарадзілася назва — «Беларусь в огне».
Сказаўшы гэта, мой суразмоўца выняў з кішэні невялічкую, памерам у далонь, кніжачку з беларускім арнаментам на вокладцы. «Беларусь в огне», — прачытаў я. 1943 год выдання. Выдавецтва «Молодая гвардия». Пагартаў гэты рарытэт.
— Падарыць не магу — адзіны экзэмпляр. Вось каб перавыдаць!
— А ў выдавецтва звярталіся?
— Хачу звярнуцца.
— Трэба выдаць, — падтрымаў я, — і ў «Молодой гвардии», і ў нас.
9 мая. Свята Перамогі куды цікавейшае, чымсьці запалітызаванае Першае мая. Дзень Перамогі болей багаты ў эмацыянальным выяўленні, у сваёй сакральнасці. Асабліва гэта відаць у Плешчаніцах, дзе мы гасцявалі ў гэты час у Тамарыных бацькоў. Хадзілі ў Чысцік. Гэта — прыгарад Плешчаніц. Тут, побач з брацкай магілай, да гэтага часу стаіць пракаветная сасна з урослай у ствол пятлёй-зашморгай з тоўстага ржавага дроту. Месца пакарання савецкіх патрыётаў — падпольшчыкаў і злоўленых немцамі партызан. Пасля вайны вакол сасны паставілі жалезную агароджу, побач, на мемарыяльнай дошцы, імёны, прозвішчы тых, хто тут загінуў.
Даты жыцця. Шмат зусім маладых. Некаторым усяго толькі па шаснаццаць гадкоў. Мітынг. Сышліся людзі, мясцовыя і прыезджыя. Гучаць прамовы, успаміны.
— Людзёў шмат, — гаворыць цесць, — палец няма дзе ўторкнуць.
Непадалёку ад гэтых мясцін спаленыя карнікамі Хатынь і Дальва. Вера Васільеўна і Іван Платонавіч маюць баявыя ўзнагароды, медалі «Партызану Вялікай Айчыннай вайны» і ордэны. У Івана Платонавіча ордэн Чырвонай Зоркі, у Веры Васільеўны — ордэн Вялікай Айчыннай вайны ІІ ступені. Але, сціплыя, не пачапілі, нават на свята. Іван Платонавіч кажа, што згубілася гаечка, якой ордэн прымацоўваецца да пінжака з унутранага боку.
10 мая. На Бюро ЦК прынята пастанова аб прысваенні П. Панчанку ганаровага звання «Народны паэт БССР». Павіншаваў, не чакаючы пакуль пастанова будзе апублікавана як Указ Вярхоўнага Савета БССР. Панчанка рады, адчуў палёгку. З такім званнем і з часопісам размаўляць прасцей, і з выдавецтвам.
11 мая. Суш. Што будзе з ураджаем? Суш і холад.
Ладзім экскурсію пісьменнікаў, мастакоў і кампазітараў па навуковадаследчых інстытутах Акадэміі навук. Спыніліся на фізіках, тут дасягненні найбольшыя, фізікі працуюць на «абаронку».
12 мая.Пачуў на Камароўцы прымаўку: «Ну, гэты і з-пад сучкі яйкі дастане». Народ — мастак. Скажа, як звяжа.
Сустрэў С. Грахоўскага, ён недзе блізка тут жыве. Павіталіся, папыталі пра справы. Грахоўскі ў крыўдзе на мяне, што не ўдзяляю належнай увагі яго творчасці.
— Вы пра Танка пішаце, а я радавы, шараговец...
Крытык, на мой погляд, павінен пісаць пра тое, да чаго ён нераўнадушны. Але гэтага Грахоўскаму я не сказаў.
17 мая. Адзначаны юбілей Анры Барбюса — 100-годдзе з дня нараджэння. Даклад зрабіў прафесар па замежнай літаратуры Б. Міцкевіч, вельмі ціхі, сціплы чалавек. Кажуць, што Барбюс у свой час напісаў кнігу пра Сталіна і што там гаварылася, быццам Іосіф Вісарыёнавіч атрымліваў (20 — 30-я гады) сярэднюю зарплату савецкага рабочага.
Пайшоў дождж, а цяпла няма.
18 мая. У «ЛіМе» прачытаў артыкул С. Шушкевіча пад назвай «Пра рыфмы». Аўтар разважае на гэтую тэму чамусьці толькі на матэрыяле вершаў С. Грахоўскага. У паэта паўтараюцца, і даволі часта, рыфмы: свет-след;
чалавек-век; дарогі-трывогі... Вядома, гэта кідае цень на якасць вершаў. Але ўражанне такое, быццам Шушкевіч за нешта помсціцца.
Сачанка расказваў, як Я. Скрыган інспектаваў бухгалтэрыю, якой загадваў С. Шушкевіч. Было гэта ў нейкім сібірскім саўгасе. Адзін і другі знаходзіліся на чужыне, у высылцы, і гэта павінна было збліжаць, але яны замест гэтага пасварыліся.
Ёсць у гэтай гісторыі нешта беларускае.
25 мая. У «ЛіМе» Указ аб прысваенні П. Панчанку звання «Народны паэт БССР» і падборка ягоных вершаў сатырычнага кшталту — пра «хапуг». Не зусім уяўляю, што азначае гэтае слова — «хапуга». Зрэшты, у народзе кажуць: «Нахапаўся!» Пры нашым жыцці надта не нахапаешся, на ўсё — ліміт.
29 мая. З жалем даведаўся, што памёр Іосіф Камінскі — адзіны жыхар вёскі Хатынь, якому пашчасціла застацца ў жывых пасля той вядомай трагедыі. Працаваў у музеі Вялікай Айчыннай вайны.
5 чэрвеня.Уся першая палавіна дня прайшла ў Інстытуце фізікі АН БССР. Вучоныя (М. А. Барысевіч, Р. Б. Жбанкоў і інш.) расказвалі пра свае дасягненні. Госці вучоных — мастацкая інтэлігенцыя рэспублікі: пісьменнікі, музыканты, мастакі.
М. А. Барысевіч, прэзідэнт Акадэміі навук, трымаючы ў руках доўгую шкляную трубку, паказваў, як па лазерным промні можа наводзіцца на цэль ракета. З высокай дакладнасцю!
Як гэта ўсё ацаніць? Успамінаецца мудрэц Мантэнь: «Тому, кто не постиг науки добра, всякая наука приносит лишь вред».
Не лічу, аднак, што думка Мантэня мае непасрэдныя адносіны да супрацоўнікаў Інстытута фізікі.
7 чэрвеня. Надта зменлівае надвор’е — то сонца, то дождж. Рыхтуем семінар творчых саюзаў у Докшыцкім раёне. Там рэкордныя паказчыкі па ўраджайнасці зерневых, у асноўным жыта. Першы сакратар райкама партыі ў Докшыцах — У. Ф. Крышталевіч. Надта хваліць яе Пётр Міронавіч: «Сумела добиться!»
11 чэрвеня. З’явілася паэма «Сказ пра Лысую гару». Аўтар — нейкі Вядзьмак Лысагорскі, але гэта хутчэй за ўсё псеўданім. Сакратар Саюза пісьменнікаў Ткачоў Мікола Гаўрылавіч перадаў Савіцкаму, той — Марцэлеву, Марцэлеў — Кузьміну, Кузьмін — Машэраву. Усе чакаюць: што будзе?
12 чэрвеня. Прачытаў «Сказ пра Лысую гару». Ніякай крамолы не знайшоў, апроч дасціпна-сатырычных партрэтаў некаторых літаратараў — А. Ставера, М. Хведаровіча, А. Астрэйкі, Б. Сачанкі, С. Александровіча, К. Кірэенкі і іншых «лысагорцаў», што пабудавалі на Лысай гары дачы. Зрэшты, якія там дачы. Катухі з фанеры!
14 чэрвеня. Прачыталі «Лысую гару» і на кіраўнічым «версе». Рагаталі. Твор спадабаўся сваім досціпам, бясспрэчнай таленавітасцю. Спадабалася, відаць, і яго антыпісьменніцкая скіраванасць, бо што непакоіць аўтара «Сказа...»? Што ён хоча сказаць? Яму здаецца, што «лысагорцы» больш увагі ўдзяляюць уласным агародам, чым творчай, пісьменніцкай справе.
О, калі б так пераціралі
Любы радок і кожны сказ,
Якія б дулі вырасталі
На творчым зябліве ў нас!
А то прывыклі, марнатраўцы,
Паперу крэмзаць, абы з рук,
Не ганарару б ім, а трасцы
За той «цяп-ляп», што пруць у друк.
Святая прастата! — хочацца ўсклікнуць. У тым, хіба, справа, што пісьменнікі займелі сякія-такія дамкі (з дошак, бо з бярвенняў не дазвалялася) і агароды? Справа хутчэй у тым, што рэгламентуецца сам творчы працэс...
А радок свой яны «пераціраюць»!
Хто ж аўтар?
15 чэрвеня. Семінар творчай інтэлігенцыі ў Докшыцкім раёне. У мінулым гэта быў адзін з самых бедных раёнаў рэспублікі. Зямля — няўдобіца, камяні. Колькі іх ні збіралі, зямля выціскала з сябе столькі ж. Здавалася, што камяні растуць, плодзяцца. Цяпер змаганне з імі павялі шырокім фронтам, і, здаецца, камяні адступілі.
Ад’язджалі аўтобусамі (вялізныя «ікарусы») ад будынка ЦК. Сабраліся члены праўленняў трох саюзаў. Старэйшыя — М. Лынькоў, П. Броўка, М. Танк, Р. Шырма, З. Азгур... Вясёлая гамана. Тыя, хто чытаў «Сказ пра Лысую гару», пад уражаннем прачытанага. Падышоў Пётр Міронавіч, пасвойску з усімі павітаўся. Гамонка перайшла на паэму. Ніхто не ведае, хто яе напісаў. А. Вялюгін, які з’явіўся разам з зяцем Алесем Шлегам, адразу пачаў апраўдвацца:
— Гэта не я, Пётр Міронавіч, не я.
— Ну и зря! — адказаў той.
Усе прымоўклі. Адчулі, што «Сказ...» Машэраву спадабаўся. Рушылі ў дарогу цяжкія «ікарусы», у якіх размясціліся інтэлігенцыя, а таксама кіраўніцтва Мінскага раёна, па тэрыторыі якога маем ехаць. У аўтобус сеў і сакратар ЦК А. Т. Кузьмін. Паперадзе — машына ДАІ. Першы сакратар Мінскага райкама пачаў праз мікрафон-узмацняльнік (узмацняльнік, ці мацюгальнік, як яшчэ называюць гэтае прыстасаванне) дакладваць аб сваіх дасягненнях. Папрацавалі добра. На мяжы Мінскага і Лагойскага раёнаў з хлебам-соллю сустракала кіраўніцтва Лагойшчыны. Мінскія саступілі ім месца. Лагойскія пачалі аповед пра свае дасягненні.
Далей лагойскае начальства змянілася бягомльскім. Хлеб-соль прымалі М. Танк і Р. Шырма. Зноў пачаліся справаздачы. Лічбы, паказчыкі, часам сухавата, але мінчане слухаюць. Значыць, цікава. Едзем. Каля дарогі, у палатках з цэлафанавай плёнкі стаяць накрытыя сталы з пачастункам, але спыняцца няма калі. Уперад!
Нарэшце, на межах сваіх уладанняў, сустрэла сама Ульяна Феакцістаўна. Стройная, бялявая. Як быццам і радая гасцям, але ў вачах сум, заклапочанасць. «На круг» намалацілі шмат. Бункерная вага ўражвае — недзе пад 35 цэнтнераў. (Усё адно, як, жартам сказаць, бочку вады ў бункер той вылілі). Усе дзівяцца, што людзі ўмеюць гэтак працаваць. Ульяна Крышталевіч з былой парабчанкі, пастушкі вырасла ва ўмовах Савецкай улады ў палітычнага і грамадскага дзеяча, стала дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР, Героем Сацыялістычнай Працы.
У Докшыцах, у рэстаране, Ульяна Феакцістаўна пачаставала смачным абедам. Пасля абеду паехалі па гаспадарках. Настрой у калгаснікаў добры, не гаруюць. А калісьці, адразу пасля вайны, — расказвала Ульяна Феакцістаўна, — ім прапаноўвалі перасяліцца ў іншае, лепшае месца. На выбар: у Казахстан, Сібір ці яшчэ куды. Накіравалі былі пасланцоў у Казахстан. Тыя паглядзелі, паазіраліся: «Зямля добрая, без камянёў, але лесу нямашака». А на радзіме цешыць вока лес. Вярнуліся, расказалі пра ўбачанае землякам. Не паехалі, не пакінулі роднай, хай і камяністай, зямелькі. Засталіся і, выходзіць, правільна зрабілі, дачакаліся лепшага.
М. Калачынскі і іншыя занатоўваюць пачутае ў блакноты. Мне гэта падабаецца. Значыць, сур’ёзна ставяцца.
З’явіўся на верталёце Пётр Міронавіч. Правялі мітынг. Першы сакратар ЦК — неблагі аграном, у пытаннях сельскай гаспадаркі разбіраецца. Яго прамова спадабалася, здаецца, усім.
Павячэралі за агульным сталом. Было сухое віно і тосты. Вечарам акружылі з усіх бакоў Пятра Міронавіча, які расказваў, што зроблена, ставіў новыя задачы. Усіх здзівіла, што каля яго радыёстанцыя.
— Для сувязі з Палітбюро, — патлумачыў ён.
Назаўтра, ранічкаю, развітаўшыся з Докшыцамі, з мілай Ульянай Феакцістаўнай, накіраваліся ў Мядзельскі раён. Праязджаючы чыгуначны пераезд каля Глыбокага, Максім Танк (я сядзеў блізка ад яго) распавёў, як тут, у гэтым якраз месцы, у 1936-м яго арыштавала дэфензіва. Сустрэлі двое мацакоў у чорных капелюшах і загадалі ісці з імі. Прыгналі ў Глыбокае, у пастарунак. Глыбоцкая дэфензіва вызначалася асаблівай лютасцю. Мала хто выходзіў адсюль.
— Мог бы і я скончыць тут жыццёвую сцяжыну, — пасміхнуўся паэт, — але, на шчасце, запатрабавала мяне Вільня, перадалі туды.
Гасцявалі ў Мядзельскім раёне. Былі ў розных гаспадарках. Гаспадарчыя вынікі тут слабейшыя, чым у суседзяў. За абедам (з сухім віном) Машэраў доўга і нудна распякаў за гэта старшыню Мядзельскага райвыканкама.
Фатаграфаваліся, разам з Пятром Міронавічам, на ступеньках каля Нарачанскага мемарыяла.
Дадому, у Мінск, вярнуліся познім вечарам. Ёсць, вядома, стомленасць, але адчуванне такое, што паспрыялі пісьменнікам у іх нялёгкай працы, паказалі сучаснасць, паднялі настрой, пераканалі ў запатрабаванасці.
22 чэрвеня. Першым на вынікі Докшыцкага семінара адгукнуўся М. Калачынскі. Спёк свой каравай. У «ЛіМе» нізка яго вершаў, якая так і называецца — «Докшыцкі каравай». Паставіўся да справы быццам і сур’ёзна, аднак вершы слабаватыя.
Паехаў у Докшыцы і В. Мыслівец. Відаць, прывязе нарыс. В. Якавенка ўжо, кажуць, там.
26 чэрвеня. У СП наведаў Таццяну Кузьмінічну, зайшоў да М. Танка. У яго кабінеце рэдка застанеш гаспадара, але на гэты раз ён быў. Збіраецца на Нарач. Лета. Спраў менш. Разгаварыліся пра лысагорскую паэму.
— Некаторыя, — пачаў разважаць Яўген Іванавіч, — ківаюць на мяне, быццам бы аўтар я. Не, не я.
Я сказаў, што такога пытання, каб адшукаць, хто аўтар, няма. Хай гэтым займуцца тэкстолагі. Хай сваё слова скажуць навукоўцы.
— Наўрад ці скажуць, — запярэчыў паэт. — Тут, ведаеце, невядома на каго і падумаць. Справа ў тым, што паэт можа напісаць нечаканую рэч. Напісаў жа Блок паэму «Дванаццаць», якую ніхто ад яго не чакаў. Вы ж ведаеце, што пасля гэтага пачалося, якія нападкі былі на яго.
— Нападкі знішчальныя. Як толькі ён іх вытрымаў...
— Вытрымаў, але ж хутка і памёр.
Яўген Іванавіч, напэўна, ведае пра ўсё з белаэмігранцкай прэсы 30-х гадоў. Ён шмат ведае...
28 чэрвеня. Звычайны дзень. У Алтаі закончыўся Фестываль беларускай літаратуры і мастацтва.
У Кіеве працягваецца Выстаўка беларускай кнігі.
Жыццё на месцы не стаіць.
30 чэрвеня. У Ароў-парку (ЗША) адбылося адкрыццё помніка Янку Купалу. Удзельнічала дэлегацыя з Мінска: Андрэй Макаёнак і Анатоль Анікейчык — скульптар, аўтар помніка паэту ў Мінску і адзін з аўтараў помніка Я. Купалу ў Ароў-парку.
Да Купалы ў Ароў-парку ўжо стаялі асілкі паэзіі Уолт Уітмен і Тарас Шаўчэнка. Тарас Шаўчэнка, кажуць, стаіць ва ўсіх краінах.
1 — 2 ліпеня. Нядзеля. Вярнуўся з Брэста. Быў у мамы, трэба час ад часу праведваць. Прыехаў (дызель) на раніцу. Ужо з раніцы было шмат сонца. Мама сустрэла як заўсёды пяшчотна. Адразу сказала, між іншым, што хоча купіць машыну «Жыгулі». Яна носіць на базар цыбулю, часнок, укроп, пятрушку і трохі грошай сабрала.
«А хто ж на ёй будзе ездзіць?» — спытаў я. Ева, мая сястра, жыве з мужам у Іжэўску ў яго родных.
«Хай стаіць, каля хаты, каб людзі бачылі, што ў нас ёсць машына», — быў адказ.
«Ну, што ж, — падумаў я, — можна разважаць і так. «Кожны чалавек жадае самасцвердзіцца. Гэта якраз той выпадак, і не трэба перашкаджаць».
Пад абед стала зусім горача. Сядзелі ў альтанцы, гаманілі пра ўсё. Успаміналі пра Кругель. Жонка дзеда Лявона, Марыя Ільінічна, вельмі руплівая і працавітая. І па сваёй гаспадарцы паспявае, і ў калгасе.
У Мінск вярнуўся позна ноччу.
4 ліпеня. Чуў па радыё, што ў Хельсінкі пачала работу нарада па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (СБСЕ).
Па «Свабодзе» перадавалі, што ў СССР квітнее падхалімаж падначаленых перад начальствам. Што праўда, то праўда. У начальства столькі падліз…
5 ліпеня. Бушавала навальніца. Раззлавалася так, што, здавалася, не будзе ёй і канца. Пазалівала падземныя пераходы. Аднавілася старажытная Няміга, паплыла вуліцай. У Мінску ў гэты час такое здараецца. Звычайная для сталіцы з’ява. Паўночнае паветра сутыкаецца з паўднёвым — і гэта якраз над Мінскам.
7 ліпеня. Свята паэзіі на радзіме Янкі Купалы — у Вязынцы. Выступаюць паэты. Няма канца вершам. «Вершы ў вялікай колькасці — рэч невыносная», — гэта я неаднаразова чуў ад А. Вялюгіна. Мусіць, і сапраўды гэтак.
Сустрэў на свяце шаноўнага Л. А. Царанкова, які калісьці чытаў антычную літаратуру ў Брэсцкім педінстытуце. Стары мінчанін, ён расказаў пра выпадак, які здарыўся з яго сынам Жэнем. Гадавалае дзіця, ён толькі яшчэ вучыўся трымацца на нагах, выпаўз на вулічны брук, па якім ішоў няспынны рух рознага транспарту. Здарылася гэта якраз насупраць дома, у якім жыў паэт. Янка Купала ў той час вяртаўся з лазні, што знаходзілася ў Траецкім прадмесці. Трымаў пад рукой ражку і скрутак з бялізнай. Ажно бачыць — па бруку соўгаецца малое, а зверху, ад Савецкай вуліцы, спускаецца запрэжаны параю коней ламавік, і, мяркуючы па ўсім, фурман малога не заўважае. Восьвось адбудзецца трагедыя. Купала, не раздумваючы, кінуў тое, што трымаў у руках, і хутчэй да малога. Выхапіў Жэню літаральна з-пад конскіх капытоў. Выратаваў.
Такога пра Купалу я яшчэ не чуў.
8 ліпеня. Справіў пяцідзесяцігоддзе Валянцін Панамароў — былы памочнік Машэрава. Цяпер ён палітычны аглядальнік на беларускім тэлебачанні, на яго месцы Ю. П. Смірноў.
Юбілей абышоўся без узнагароджання. Запрашаў на тэлебачанне і мяне, але я не пайшоў. Палохае слова «палітычны».
12 ліпеня. У цокальным паверсе ёсць бібліятэка, у якую часам у вольную хвіліну зазіраю і я. Чытачоў тут не шмат, можа, і таму, што бібліятэка небагатая, але часам аглядаючы, з дазволу добрай Барыкады Яфетаўны, паліцы, можна натрапіць на нешта зусім нечаканае. Стаяць у кутку «Отечественные записки» — за 70-я гады мінулага стагоддзя з раманам У. Крастоўскага «Петербургские трущобы», «Дневники» Ф. М. Дастаеўскага, «История русской литературы 40-х годов ХІХ в.» І. Замоціна... Якім ветрам іх сюды занесла, невядома. Днямі напаткаў кніжачку «Характары». Аўтар — Феофраст, старажытнагрэчаскі філосаф-мараліст. Сабраў 30 кароткіх характарыстычных чалавечых тыпаў: прытворшчык, падліза, пустаслоў, баязлівец, нягоднік, крыхабор і інш. Феафраст улічвае маральныя якасці чалавека, але людзі розныя не толькі па маральных параметрах, але і па ўсіх астатніх. Магчыма, гэта і добра. Ад рознасці патэнцыялаў узнікае рух, жыццё.
Перабіраю пісьменнікаў — у кожнага свой характар. Цэлы букет характараў. Характары нязменныя, але яны вянуць, як і кветкі.
19 ліпеня. У мінскім клубе імя Дзяржынскага адбыўся вечар з нагоды 80-годдзя з дня нараджэння Маякоўскага. Выступалі: Шамякін, Кірэенка, Хведаровіч, Грахоўскі, Барадулін, Гілевіч. Маякоўскі сябраваў з чэкістамі, і вечары яго памяці ў Мінску па традыцыі праходзяць на «тэрыторыі» КДБ. Кажуць, што аўтару адной з запісак на сустрэчы з чытачамі ён адказаў: «Вам вместо меня ответит ГПУ».
У прэзідыум вечара прыслалі запіску:
«Вы сказалі, што ёсць пераклады Маякоўскага на беларускую мову, але ці ёсць у гэтым патрэба? Вершы Маякоўскага ж ад гэтага не стануць яшчэ лепшымі, больш зразумелымі для беларусаў, хутчэй наадварот. Увогуле, ці ёсць патрэба перакладаць з рускай мовы на беларускую?
Студэнты.»
Адказваючы, І. Шамякін сказаў, што ў нас перакладаюцца творы і рускіх пісьменнікаў, і ўкраінскіх, хаця ўкраінскія таксама блізкія нам па мове, і іншыя. Гэта мае вялікае грамадскае і чыста літаратурнае значэнне, узбагачае майстэрства, мову.
20 ліпеня. У «ЛіМе» таксама адзначаны юбілей Маякоўскага. Артыкул цяпер народнага паэта П. Панчанкі «Я зямлю гэту люблю!..» і таленавітыя пераклады Р. Барадуліна.
Маякоўскі надта складаны — і як паэт, і як асоба. Паэт Хадасевіч назваў «глашатая рэвалюцыі» Маякоўскага глашатаем пошласці, грубасці і глупства, які з карысці «ўтаптаў у гразь» усё ўзнёслае.
Непрыяцеляў у Маякоўскага было шмат. Альвэк Іосіф Саламонавіч, таксама паэт, аўтар брашуры «Нахлебники Хлебникова», абвінавачваў У. Маякоўскага, М. Харджыева і іншых ва ўзурпацыі літаратурнай спадчыны і архіва Веліміра Хлебнікава. Неаднаразова наладжваў публічныя скандалы ў час выступленняў Маякоўскага.
Маякоўскі адмоўна ставіўся да мінулага, не любіў, мякка кажучы, бацькоўскі, родавы пачатак: «Стар — убивать. На пепельницы — черепа» (паэма «150 000 000»).
24 ліпеня. Дзень нараджэння Рыгора Кобеца, споўнілася 75. Быў рэпрэсіраваны. Апынуўся ажно на Далёкім Усходзе. Аўтар сцэнарыя знанага кінафільма пра яўрэяў-перасяленцаў. Аўтабіяграфія яго ў кнізе «Пра час і пра сябе». Помню, у падручніку па беларускай мове для шостага класа (аўтары Корзун і Жыркевіч) быў сказ (ілюстравалася нейкае правіла): «Чалавек — неймаверна моцная істота». Я сумняваўся, што гэта так. Рыгор Кобец не пакідае сумненняў. Пакручастае жыццё ў гэтага чалавека, шмат перажыў. Круты замес у нашага стагоддзя!
27 ліпеня. 50 гадоў Міколу Грынчыку. Таленавіты вучоны і поўнасцю захаваў народныя рысы. Удзельнік вайны. Пайшоў на фронт як толькі вызвалілі Заходнюю Беларусь. Цяжка паранены (у галаву).
1 жніўня. На Палессі, радыё перадавала, гарыць торф. Відаць, і ў Кругелі на Прыдатках таксама.
7 жніўня. У Мінску пабывалі польскія пісьменнікі В. Яжджынскі, Т. Хрусцялеўскі, С. Пагачэўскі, А. Занеўскі. Адбылася сустрэча з беларускімі пісьменнікамі: Максімам Танкам і іншымі. Усё прайшло нармальна.
9 жніўня. А. Савіцкі пайшоў у адстаўку. Не даравалі яму аповесці «Тры непражытыя дні», убачыўшы парнаграфію. Мы з Марцэлевым баранілі, але скарысталі ўладу тыя, хто наверсе.
У рэшце рэшт, можна разважаць і так, што Савіцкага шчыльней прыгарнула да сябе літаратура. Гэта — жанчына раўнівая, яна патрабуе да сябе і ўвагі, і вернасці і не любіць, каб пісьменнік дзяліў сябе паміж ёй і службай, як робяць некаторыя.
А. Савіцкі, трэба сказаць, умее пісаць, валодае майстэрствам. Але пісаць пра жыццё чалавечага цела ў нас фактычна забаронена. Калісьці пісалі, традыцыя перарвалася.
Маякоўскі калісьці перад тым, як надрукаваць паэму «Воблака ў штанах», прачытаў яе Чукоўскаму. Там былі словы: «Мария, отдайся!»
— Не, не так! — запярэчыў Чукоўскі. — Цяпер так не кажуць — «аддайся». Цяпер кажуць проста: «Дай!»
Маякоўскі, чуйны да новага, выправіў у тэксце: «Марыя, дай!»
10 жніўня.Грубая рэцэнзія В. Нікіфаровіча ў «ЛіМе» на нядаўна выдадзены зборнік вершаў Р. Семашкевіча «Субота». Рэцэнзент яўна прыпісвае аўтару нейкую вузкасць яго паэтычнага «я», цьмянасць інтымных перажыванняў яго лірычнага героя, не заўважае працэсу творчага станаўлення Семашкевіча, які расце на вачах. Трэба пашукаць, каб хто яго абараніў. Цяжка працаваць з Жычкам.
16 жніўня. З анекдотаў. Чалавек ідзе па могліцах і бачыць, як кагосьці хаваюць: аркестр, гара вянкоў... Чалавек цікавіцца:
— Не ведаеце, ад чаго ён памёр?
Нейкая бабка адказвае:
— А ты на вянкі паглядзі, там напісана ад чаго.
— «Ад мясцкома», «Ад групы таварышаў», «Ад любячых жонкі і сына», — прачытаў той.
20 жніўня.Прайшло дваццаць гадоў з таго часу (паведаміла радыё «Свабода»), як Савецкі Саюз абвясціў аб паспяховых выпрабаваннях атамнай бомбы. У той час я збіраўся ісці ў 10-ты клас, ведаў, што такую бомбу мае Амерыка. Тагачасны ваенны псіхоз не спыняецца і сёння, страх працягваецца.
25 — 26 жніўня. Былі ў Плешчаніцах. Пеця вазіў у лес у грыбы. Таўстушак (па-мясцоваму — кабылкі) — хоць касой касі. Гэта як лясныя шампіньёны. Ружовыя такія, крамяныя, амаль як рыжыкі. Назбіралі і насмажылі. Смачна!
Прызвычаіўся да паездак у Плешчаніцы. Асвоіў дарогу. За Лагойскам яна ідзе праз лес. За Хатынню паўз дарогі, асабліва з правага боку, стаяць славутыя плешчаніцкія сосны. Меднастволыя, высокія, як мачты. Надта прыгожыя. Уладзімір Карпаў кажа, што тут пры незразумелых абставінах, ужо перад вызваленнем, загінуў Рыгор Мурашка.
31 жніўня. 80-годдзе Паўліны Мядзёлкі. Жыве недзе, здаецца, у Будславе. Заслужаны дзеяч культуры БССР. Не проста атрымаць такое званне на перыферыі. Гэта з яе Янка Купала напісаў сваю Паўлінку — гераіню аднайменнай камедыі. Кажуць, што Уладзіслава Францаўна не вельмі з ёю ладзіла...
Мала, аднак, мы ведаем пра жыццё нашых вялікіх паэтаў і пісьменнікаў. А трэба было б.
1 верасня. Людзі пераказваюць масу анекдотаў пра Чапаева і яго ардынарца Пецьку. Бедны Васіль Іванавіч! Але чаму анекдоты менавіта пра яго? І з такой інтэнсіўнасцю выдумваюцца? Магчыма, таму, што і сам Чапаеў у многім выдуманы... Раман «Чапаеў» — сумеснае сачыненне Фурманава і Лепяшынскага.
2 верасня. Пачаўся новы навучальны год. Скверык — у абедзенны перапынак назіраў — запруджаны студэнтамі-філфакаўцамі. Будынак філфака — побач. Маладыя абліччы. Калісьці (дзевятнаццаць гадкоў назад) і я паступаў у БДУ, на геолага-геаграфічны. Меў медаля, але не паступіў. «Не судьба». Працаваў у геалагічнай партыі і зразумеў, як гэта цяжка.
4 верасня.Зацверджаны загадчыкам сектара мастацкай літаратуры. Трэба шукаць чалавека на сваё месца.
Дарэчы, разам са мною на Бюро ЦК зацвярджалі новага рэктара Брэсцкага педінстытута імя А. С. Пушкіна. Гэта — Андраюк Георгій Пятровіч, мой зямляк, з суседняй вёскі Выгнанка. Калісьці разам пасвілі кароў. Сказаў яму, каб не крыўдзіў Калесніка, якога ведае ўся Беларусь.
— Я яго паважаю! — пасміхнуўся Георгій Пятровіч, Жора, як мы яго звалі.
8 -9 верасня. Ездзіў у Брэст, наведаў маму. Пачуў, відаць, са сваёй палавіны мой голас, з’явіўся і бацька. Пагаманілі мірна, выпілі чарку. Я чамусьці ўспомніў сваё вяртанне з арміі. Гэта было недзе ў снежні 1961 года. Бацькі жылі тады адносна дружна, узрадаваліся, адзначылі маё вяртанне. Назаўтра пайшлі разам з бацькам у горад папіць піва. Дайшлі да Вялікага базару (гэта каля Мухаўца). Пастаялі ля аднаго ларка, ля другога (брэсцкае піва смачнае) і гэтак дайшлі да турмы, якая была адчыненая. Колькасць турмаў у той «хрушчоўскі» час скарачалася. Брэсцкая пуставала ўжо. І вароты, і дзверы былі адчыненыя, і ніхто, здаецца, яе не вартаваў. Пабудаваная яна была яшчэ да польскіх часоў. Мы прайшлі па калідорах, зазірнулі ў камеры, агледзелі сцены з нейкімі знакамі, імёнамі. Але пра свае ўспаміны я казаць не стаў.
Пад вечар наведаў Калесніка. Уладзімір Андрэевіч расказаў пра сваіх выхаванцаў — маладых паэтаў, расказваў таксама пра пасяджэнне літаратурнага аб’яднання пры абласной газеце «Зара». Нейкі стары прынёс тоўстую папку ўспамінаў, пачынаючы яшчэ з той сусветнай вайны. Але чамусьці прапушчаны падзеі сямнаццатага года. Рэцэнзент (адзін з брэсцкіх літаратараў) указаў яму на гэта: «Як магло так здарыцца?» Стары шчыра прызнаўся: «Ведаеце, — кажа, — што, я надта захоплены быў сваёй Люсяй. Не заўважыў, як праімчаўся год і ўсе падзеі. Нічога вакол сябе не бачыў».
Што ж, здараецца, відаць, і гэтак.
15 верасня. Субота. Ездзіў у Атоліна паглядзець на сваю дачу, якую атрымаў як загадчык сектара. Гэта аднапакаёвая кватэра на другім паверсе (будынак — двухпавярховы), кухня і душ з газавай калонкай для падагрэву вады. Плюс яшчэ агарод, 2 соткі. Маліна, пасаджаная ўжо, чырванее па-асенняму аголенымі сцяблінамі. Побач такі ж агарод памочніка Машэрава Вячоркі. Усё гэта пад Мінскам, за Прылукамі. Па выхадных ходзіць аўтобус.
17 верасня. Дзень нараджэння М. Танка. Адзначае недзе на Нарачы. Прыгадалася з яго давераснёўскага:
За песні і сасонкі,
Узгоркі і даліны —
Люблю цябе я звонка,
Люблю цябе, краіна.
Простыя радкі. Простыя і чароўныя. Пра Танка гавораць як пра паэта еўрапейскага маштабу. Думаю, што для гэтага ёсць усе падставы.
18 верасня. На пасаду інструктара амаль сілком узялі А. Кудраўца, які працаваў галоўным рэдактарам выдавецтва.
21 верасня. Пятніца. Сустрэў Вячаслава Адамчыка. Нешта кволіцца, як быццам не зусім здаровы. Працуе ў «Маладосці» і сам шмат піша. Выдатны апавядальнік і, думаю, раманіст. Добра помню колішняе яго апавяданне «Кароль Нябожа», асабліва апісанне начной навальніцы. Я скептычна стаўлюся да прозы ад першай асобы, дзе гэтае суцэльнае «я» цісне і на персанажаў, і на сюжэт, і на канфлікт. У Адамчыка, як і ў Чыгрынава, спалучаюцца падыход да рэчаіснасці, характэрны для сацыяльнага рамана (Я. Колас), і суб’ектыўная манера выкладання, паглыбленае даследаванне псіхікі герояў (К. Чорны).
Адамчык казаў, што шмат чытае Дастаеўскага і Буніна. Вядома, іх уплыў, як і ўплыў Коласа і Чорнага, можна адшукаць і ў яго, аднак піша ён усё ж такі па-свойму таленавіта і арыгінальна.
22 верасня. На бярозах жаўцеюць пакуль што толькі некаторыя галінкі. Жухне трава і больш туманіцца далячынь. Заружавелі ўжо, пэўна, асіннікі на камянецкім гасцінцы...
Пішу гэтыя радкі і напэўна ведаю, што, апроч мяне, ніхто іх чытаць не будзе. Але гэта, з другога боку, і добра: пішы, што хочаш, пра што хочаш і як хочаш.
24 верасня. Цікавую мясціну прачытаў у старога пісьменніка В. Верасаева:
«Хочаце ведаць душу чалавека, глядзіце на яго вусны. Цудоўныя, светлыя вочы і драпежныя вусны. Дзявоча-нявінныя вочы і па-саноўніцку падцятыя вусны з бурчліва апушчанымі ўніз куточкамі. Сцеражыцеся вачэй! З-за вачэй менавіта так часта і памыляюцца ў людзях. Вусны не зманяць».
27 верасня. Не выходзіць з галавы контррэвалюцыйны пераварот у Чылі, здзейснены рэакцыйнай хунтай Піначэта, смерць прэзідэнта рэспублікі С. Альендэ.
29 верасня. Наведваўся ў Атоліна. Ехалі назад — перапоўнены аўтобус. Размовы — пра Чылі. Там грамадзянская вайна.
2 кастрычніка. Супрацоўнікі часопіса «Полымя» скардзяцца на галоўнага рэдактара. Шчыльна кантралюе, прыдзіраецца, усіх падазрае ў нядобразычлівым да сябе стаўленні. Тут ужо, відаць, маем справу з характарам.
Характар — рэч упартая, яго не пераробіш.
3 кастрычніка. Намячаецца паездка ў ГДР па лініі Саюза пісьменнікаў СССР. Мэта — удзел у канферэнцыі «Вобраз сучаснага рабочага ў літаратурах сацыялістычнага рэалізму». Лічыцца, што ў нас назапашаны значны вопыт па гэтым пытанні.
9 кастрычніка. У Мінск з’ехаліся перакладчыкі беларускай літаратуры на мовы народаў СССР: Я. Хелемскі, А. Жукаўскас, М. Нагнібеда, А. Астроўскі, Б. Кежун, І. Міхайлаў, Ю. Ванаг, Э. Насыраў, Э. Матузявічус, Р. Кулініч, В. Юхімовіч і інш. Адбываецца канферэнцыя, абмен досведам. Мастацкі пераклад дапамагае ў пашырэнні арсенала выяўленчых сродкаў, далейшым развіцці мовы, стыляў і жанраў.
Я. Хелемскі прызнаўся, што яму з беларускіх паэтаў лягчэй перакладаць А. Куляшова. А вось паэта іншага пакалення — Р. Барадуліна — перакладаць цяжэй: «Барадуліна мне цяжэй перакладаць не толькі таму, што ён піша не так, як я. Іншая лексіка, іншая фраза, іншая гульня са словам — гэта не самае складанае для перадачы. Урэшце, гэта пытанне тэхнікі, якая ў паэта з багатым перакладчыцкім вопытам дастаткова адпрацаваная.
Цяжэй перакладаць атмасферу, успрыняцце жыцця, уласцівае пакаленню Барадуліна. Яго свежасць, віртуознасць і шчырасць я высока цаню».
Некаторыя з прыезджых, як, напрыклад, латышскі перакладчык Відруліс, гавораць па-беларуску. Перакладчыцкую справу трэба падтрымліваць, яна сябе акупіць.
12 кастрычніка. Настроіў быў «Спидолу» на заходняе радыё — што там «з-за бугра» кажуць. Казалі пра акадэміка Яўхіма Карскага. Падлічылі «дэбет — крэдыт» і зрабілі выснову: рускі вучоны. Надта ж катэгарычна. Не мала ён зрабіў і для Беларусі. Пра гэта нам, студэнтам, казаў калісьці Уладзімір Андрэевіч.
13 кастрычніка. Быў на пахаванні. Хавалі былога работніка ЦК, пенсіянера. Адчувалася, што нябожчыка абышлі пашанай. Труну выносілі з партшколы. Ззаду хтосьці, відаць, нейкі кадравік, уздыхнуў, пацмокаў языком, прамовіў:
— Эх, анкетка была б чысценькая, каб не тая дворнічыха!
Быў такі эпізод у жыцці памерлага, што ён, пажылы ўжо чалавек, закахаўся ў маладую, гожую дворнічыху, якая падмятала тэрыторыю каля пад’езда, дзе жыў гэты чалавек. Была разведзеная (ды яшчэ і з дзецьмі), і жвавы мужчына паклаў на яе вока. Стварылі персанальную справу, закацілі страгача.
Пра гэта, мабыць, і згадаў кадравік.
14 — 15 кастрычніка. Наведаў з сям’ёй Плешчаніцы. Нездарма любяць восень. Яе ёсць за што любіць. Паветра чыстае і свежае. Апрануліся ў залатое адзенне лясы. Абсыпалася жаўталісцем трава. Зелянеюць толькі вастраверхія ёлкі. Цішыня. Але накрапвае дождж, халаднаваты, абложны.
21 кастрычніка. Пачытаў сёлетні зборнік Сцяпана Гаўрусёва «Пераклічка» — вершы і паэма.
Зноў зазірнула і ў маё акно
Дажджоў асенніх шэрае сукно.
Яму аддалі маладосць браты,
Ім саграваліся і я, і ты...
Гаўрусёў сябруе з Пысіным. Гэта відаць нават па вершах.
24 кастрычніка. Тыдзень маладзёжнай кнігі, сустрэчы з чытачамі. У Цэнтральным кніжным магазіне ў Мінску чытачы мелі спатканні з В. Віткам, М. Калачынскім, Х. Мальцінскім. Перад студэнтамі медінстытута выступілі
А. Грачанікаў і Р. Бярозкін. Шчыры чалавек — Анатоль Грачанікаў. Паляшук. Дзіця вайны. Бярозкіну падабаецца яго паэзія. А. Грачанікаў і «ціхі», і «звонкі» адначасова. Помніцца яго верш пра «асеннія асіннікі»:
Ёсць у іх журба неверагодная,
Саладжавы і гаркавы пах,
Ад якога — усё такое роднае,
Што аж слёзы, слёзы на вачах.
Лірык, свет прапускае праз сябе.
27 кастрычніка. Ездзіў у Атоліна. Згроб з градаў апалае лісце і закапаў пад кусты смародзіны, узрыхліў глебу. Якая цёплая восень. Туман. Крыху дождж. Але таксама цёплы. Цуд!
Тамара хоча заняцца ў Атоліна кветкамі.
31 кастрычніка. Сустрэў Адамовіча (спяшаўся па нейкай прычыне ў СП): «Ну, як ты там кіруеш?» — «Дык вам збоку відней». — «Вяртайся ў інстытут, там будзеш больш незалежны...» Адамовіч усё разумее, усё бачыць, жыццё навучыла многаму.
2 лістапада. Еду ў ГДР на дзесяць дзён для ўдзелу ў міжнароднай канферэнцыі пісьменнікаў і крытыкаў «Вобраз сучаснага рабочага ў літаратурах сацыялістычнага рэалізму». Не так самому хочацца сказаць, колькі паслухаць іншых.
Атрымаў характарыстыку па месцы працы. Падпісаў сакратар ЦК Кузьмін А. Т. Там сказана:
«Тов. Гниломедов В. В. является членом Союза писателей СССР, активно выступает в области литературной критики. В 1966 году защитил кандидатскую диссертацию. Автор монографии «Традиции и новаторство» — о современной белорусской литературе.
Тов. Гниломедов В. В. проявляет творчество и инициативу в работе, оказывает помощь партийным комитетам в улучшении воспитательной работы, уделяет внимание подбору и расстановке кадров, принимает активное участие в общественной работе».
Едзем удвух — у Маскве далучаецца вядомы крытык Міхаіл Сінельнікаў.
Маю ўжо чыгуначны білет да Масквы. Адтуль самалётам.
14 лістапада.Вярнуўся нарэшце з паездкі ў ГДР. Туды і назад ляцелі самалётам.
Міша Сінельнікаў — прыстойны хлопец, з ім я, здаецца, пасябраваў. Расказаў пра ўсе маскоўскія навіны, пра існаванне так званай «рускай партыі». Гэта — Міхаіл Аляксееў, Іван Стаднюк, Станіслаў Куняеў, Міхаіл Гадэнка, Уладзімір Чывіліхін, Міхаіл Шаўчэнка, Генадзій Гусеў, Уладзімір Фірсаў... Я толькі краем вуха чуў пра дыскусію «Классика и мы», а ён прысутнічаў на ёй, перадаў напал спрэчак, падрабязнасці. «Руская партыя» не давярае нават такім рускім інтэлектуалам, як С. Аверынцаў, А. Бітаў, А. Чухонцаў. Міша шмат што ведае. Добра, разважліва выступіў ён і на канферэнцыі. Жылі мы пад Берлінам, у пісьменніцкім пансіянаце «Petcov». Забяспечаны былі і перакладчыцай. У мінулым яна ленінградка, а цяпер — жонка афіцэра арміі ГДР.
Пансіянат не такі і малы — чалавек на дваццаць утрыманцаў, але гаспадараць у ім, усё робяць, услугоўваюць двое — муж і жонка, людзі сярэдняга веку, па-нямецку працавітыя, з усім спраўляюцца. Нагатаваць, памыць, прыбраць, замяніць — няма праблем. У вестыбюлі ля парога нерухома ляжыць аграмадны чорны ньюфаўнленд — сабака-вадалаз, важыць кілаграмаў семдзесят, а можа, і болей. Калі адчыняеш дзверы, дык баішся, каб не наступіць. Надзвычай рахманы, ласкавы, пры мне ні разу не забрахаў, нават не буркнуў. Добры ныральшчык, цягае з вады тапельцаў, хаця паблізу, здаецца, ніякіх вадаёмаў не відаць, і з пастаяльцамі такіх выпадкаў не здараецца. Гаспадар пра яго сказаў, што ўмее адрозніваць насельнікаў пансіяната ад чужых. Чужога можа і спыніць.
У гэтым пансіянаце сустрэлі свята 7 лістапада. Немцы нас павіншавалі, паставілі на стол віно, закускі. Мелі месца тосты, а потым шмат піва.
Канферэнцыя працягвалася некалькі дзён. Было гасцей «з усіх валасцей» — пісьменнікі краін народнай дэмакратыі. Старшынстваваў сухарлявы прафесар Гюнтэр Найман, добра абазнаны ў тэорыі чалавек.
Славацкая пісьменніца (не запісаў прозвішча) гаварыла пра гармонію тэхнічнага прагрэсу і чалавечай маральнасці. Слушна! Нам перакладала наша перакладчыца. Завязалася спрэчка пра сацыялістычны рэалізм, пра тое, што ў ім галоўнае. Балгарын сказаў, што галоўнае — гэта партыйнасць. Я з ім не пагадзіўся і выказаўся, як калісьці мяне вучыў Уладзімір Андрэевіч Калеснік, што галоўнае ў сацыялістычным рэалізме — сацыялістычны ідэал. Ад Калесніка я чуў пра гэта не адзін раз.
Я адзначыў, што галоўнае, чым павінна займацца літаратура, гэта — чалавечыя стасункі, якія грунтуюцца на маральнай аснове. Зрэшты, гэта вядомая рэч, гэтым займаецца кожны пісьменнік. А той, хто гэтым не займаецца, проста не пісьменнік. Мне заўсёды ўяўлялася смешным і недарэчным сцвярджэнне: «Пісьменнік павінен ведаць жыццё». Але ж пра кожнага, хто мае гадоў сорак, можна сказаць, што жыццё ён ведае. Для пісьменніка ж мала проста ведаць жыццё. Трэба ўмець думаць, разважаць. Трэба спрабаваць знаходзіць болевыя моманты жыцця. Болевыя кропкі. Ставіць пытанні, якія хвалююць не адну нейкую групу людзей, а пытанні агульныя, аднолькава важныя для ўсіх.
Назіральны Міша Сінельнікаў прыслаў мне запіску: «Наш председатель лицом похож на Палиевского». Паліеўскага слаба ведаю.
Затым з грунтоўным паведамленнем па галоўнай тэме «Вобраз сучаснага рабочага ў літаратуры» выступіў калега Сінельнікаў.
Было некалькі аглядных паездак у Берлін і ў Патсдам, а таксама ў горад Бельштат, дзе стаяла савецкая вайсковая часць. Трапілі на афіцэрскую выпіўку, дзе пакаштавалі шнапсу. Берлін падаўся змрачнаватым. Холад, слата, падае мокры снег.
Бачыў Берлінскую сцяну. Здаля, бо блізка не падпускаюць. Нямецкія памежнікі жартаваць не любяць. На месцы ГДР калісьці была Прусія. Рэгламент, імкненне да парадку, «ordnung» тут надта адчуваецца.
Наведалі з Сінельнікавым пару магазінаў. Купіў для Кірушы сандалікі.
Зайшлі паглядзець і ў прадуктовыя магазіны. Шмат гатункаў каўбас. Кажуць, адна савецкая турыстка, убачыўшы такі багаты выбар, страціла прытомнасць і ля прылаўка павалілася. Можа, успомніла што. Мы нічога не бралі: няма грошай ды і далёка везці. Наша перакладчыца ўзяла некалькі банак кітайскага варэння з ружаў.
На расстанне ніякіх падарункаў немцы нам не дарылі. І мы не ў крыўдзе. Бо здараецца горш. У нас быў выпадак, што камуністам з ГДР, якія знаходзіліся ў Мінску на экскурсіі, падарылі па банцы штучнай ікры. Тыя спачатку ўзрадаваліся, радасна дзякавалі, а потым расшалопалі, што штучная, і пакідалі ў Доміку І з’езда РСДРП, у кутку.
Нядобра атрымалася.
У Мінск вяртаўся праз Маскву. Начаваў у Мішы, прыемная жонка, уся кватэра ў кнігах, сабака. Перад ад’ездам дамоў купіў тое-сёе з прадуктаў. Мінчане (і не толькі яны) пачалі вазіць з Масквы не толькі прамтавары, але і прадукты, асабліва каўбасу. Кажуць, што гэта часовыя цяжкасці. На гэты конт ужо існуе анекдот: «Што ў нас самае пастаяннае? Часовыя цяжкасці».
Усё ж такі добра хоць калі пабываць за мяжой. Не ўвесь той свет, што ў акне. Мне здаецца, у ГДР пабудаваны сапраўдны сацыялізм, з ажыццёўленымі прынцыпамі, і жывуць там нашмат лепш, чым у нас.
15 лістапада. Чытаю, перачытваю А. Купрына. Яго проза, на мой погляд, жыццёвай назіральнасцю сваёй багацейшая за прозу Буніна, тым больш за Андрэева. Заўважыў, што гэтых пісьменнікаў — людзей адной эпохі — многае яднае з нашым Якубам Коласам. Усе яны па-новаму ўбачылі свет — той, што ў нас і што вакол нас. Убачылі ярчэй, выразней, у новым асвятленні. Яны, безумоўна, мадэрністы. Не ў крайняй яго выяве, а ў выяве канструктыўнай, нармальнай, здаровай.
27 лістапада. У Саюзе пісьменнікаў адбыўся вечар, прысвечаны 70-годдзю Піліпа Пестрака. Уступнае слова сказаў Іван Мележ, пра жыццё і творчасць распавёў Алесь Кучар. Юбіляр узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў, але ўзнагарода чамусьці позніцца. Гэта маскоўскія баяры (з ЦК) не спяшаюцца. Правінцыя можа і пачакаць — разважаюць яны.
Піліп Пестрак — самая каларытная постаць сярод беларускіх пісьменнікаў. Я люблю яго раман «Сустрэнемся на барыкадах», хоць там шмат недагаворанага, зацэнзурнага. Вельмі мілагучныя вершы Піліпа Пестрака аб прыродзе. І ў рамане «Сустрэнеся на барыкадах» пейзажы, прыродныя інтэр’еры проста выдатныя, у ім таксама шмат паэзіі. Аўтар хоча, каб яго экранізавалі, каб з’явіўся яшчэ адзін фільм «Чырвонае лісце», але, відаць, давядзецца шмат чакаць.
Пестрак — гэта наш народны філосаф. Па тыпе мыслення я аднёс бы яго да «дасакрацікаў», якія яшчэ не парвалі з міфалагічным станам чалавечай свядомасці і шчодра жывіліся — чаму сёння можна толькі пазайздросціць — прыроднымі імпульсамі чалавечага побыту, існавання і думання.
Да гэтага часу захоўваю кнігу «Беларускія народныя прыказкі і прымаўкі», якую Піліп Сямёнавіч падпісаў мне «з пашанай». Гэта было, як сведчыць надпіс, 25.ХІ.1957 г., у маю студэнцкую пару.
29 лістапада. Выпаў снег і шчыльна лёг на дол. Зазімак. Яшчэ растане. Адпачываю, бо ноч дзяжурыў у прыёмнай Пятра Міронавіча. Дзяжурыць даводзіцца прыблізна раз у месяц. На гэты раз пазваніў нехта з вуліцы Калініна. Лопнула труба і затапіла кватэру. ЖЭС не рэагуе. Званіў старшыні Першамайскага райвыканкама. Дапамагло.
Чытаючы Буніна, наткнуўся на нечаканую думку:
«Мир стал как будто ещё моложе, свободнее, шире и прекраснее после того, как кто-то навеки ушел из него».
Думка такая, што цяжка нават з ёй пагадзіцца. Але хутчэй за ўсё... правільная. Яна сведчыць пра тое, што Бунін — мадэрніст.
1 снежня. Кнігі многіх (ці не ўсіх?) беларускіх пісьменнікаў і паэтаў выходзяць у Маскве на рускай мове. Галоўны перакладчык беларускай літаратуры ў Маскве — Міхаіл Гарбачоў. Кажуць, на яго працуе цэлы сіндыкат.
Усё, як кажуць, схоплена.
2 снежня. Наведаўся Мікалай Іосіфавіч Панасюк — былы дырэктар Камароўскай сярэдняй школы, у якой я калісьці, пасля арміі, працаваў. Пасядзелі, успомнілі тыя цудоўныя, з сённяшняга пункту погляду, часы. Гэта была вясна 1962 года.
У Мікалая Іосіфавіча праблема: адабралі дырэктарства і адабралі несправядліва, з выдуманымі падставамі, падманам. Як дапамагчы? А ён дзеля гэтага і прыехаў.
3 снежня. Хадзілі разам з Мікалаем Іосіфавічам у аддзел навукі і навучальных устаноў наконт яго праблемы. «Будзем глядзець», — паабяцаў інструктар гэтага аддзела. З тым Мікалай Іосіфавіч і паехаў.
8 снежня. Дзень прайшоў, як звычайна. Вечарам адзначалі дзень нараджэння Эдуарда Скобелева. Быў багаты стол, які накрыла мама Эдуарда. Цудоўныя тосты. Хораша вёў рэй Валянцін Панамароў. Прызнаюся, Эдуард Марцінавіч — загадка для мяне. Як яму, бедаку, удаецца спалучыць сваё пісьменніцтва з працай у казённым доме, якім з’яўляецца наша ўстанова.
12 снежня. У Мінск прыехалі славацкія пісьменнікі Г. Брындзава, В. Шыкула і Й. Баты. Госці мелі гутаркі ў Саюзе пісьменнікаў і Беларускім таварыстве дружбы і культурных сувязей з замежнымі краінамі. Вадзілі іх і ў Літаратурны музей Якуба Коласа. Мала мы славакаў перакладаем.
18 снежня. У космасе — Пётр Клімук! Герой! Той самы Пеця Клімук, які ў 1961 годзе скончыў Камароўскую сярэднюю школу, дырэктарам якой тады быў Мікалай Іосіфавіч. Яго вучань. Цяпер ён, думаю, дапаможа свайму былому настаўніку.
19 снежня. Памёр пісьменніцкі доктар Нейфах Якаў Вульфавіч — галоўны ўрач паліклінікі Беларускага аддзялення Літфонда СССР. Сын прынёс бацькаў партбілет, аддаў А. Кулакоўскаму. Добры быў чалавек — Якаў Вульфавіч.
20 снежня. Лёня прынёс навіну: бацька ажаніўся, прывёў на сваю палавіну маладуху, маладзейшую за мяне.
25 снежня. Вечар, прысвечаны юбілею А. Міцкевіча. 175 гадоў з дня нараджэння. Даклад зрабіў А. Лойка. Мае бацькі вучыліся ў польскай школе «паўшэхнай» і з той пары памятаюць многія вершы Міцкевіча.
Калі разыходзіліся пасля вечара, хтосьці згадаў радкі ў перакладзе на рускую мову:
Меня читает Минск и Новогрудок чтит,
Переписать меня вся молодёжь спешит.
А хто такі Міцкевіч? Паляк? Беларус? Ліцвін? Хто на гэтае пытанне адкажа? Узрос ён на мясцовай глебе, на беларускім (ліцвінскім) фальклоры, побыце. У творах шмат беларускай лексікі.
Рамантыкі лічылі, што паэт — гэта вулкан, а твор — застылая магма. Гэта не іначай, як пра Міцкевіча, ці наогул пра паэзію. Проза больш абачлівая, чым паэзія.
Міцкевіч — паэт-загадка.
26 снежня. Мой дзень нараджэння. Яўгенія Эргардаўна Пфлямбаўм (жонка М. Лужаніна, паэтэса) сказала (па тэлефоне), што мой знак — Казярог. Але што гэта азначае, яна не ведае. Не ведаю і я, таму крыху заінтрыгаваны, але ж астралогія — не навука. Хаця, з другога боку, біблейскія вешчуны па ўбачанай на небе новай зорцы прадказалі нараджэнне Ісуса Хрыста.
І яшчэ, сказала яна, мая стыхія — зямля; планета — Сатурн; камень — граніт; метал — волава; талісман — чорны кот; колер — бронзавы (я люблю балотны колер — з выгляду гэта адно і тое ж); кветкі — гваздзік, нарцыс. Не была б Яўгенія Эргардаўна паэтэса...
27 снежня. У маскоўскім часопісе «Дружба народов» натрапіў на адну мясціну з артыкула Р. Семашкевіча:
«Празмернае захапленне інтымным светам павяло за сабой паслабленне грамадзянскага гучання верша. Не хапае грамадзянскасці, маладыя паэты не знайшлі яшчэ свайго погляду на свет, без чаго няма творчай індывідуальнасці».
Усе, і не толькі крытыкі, скардзяцца, што ў цяперашняй маладой паэзіі шмат халтуры, пракідаецца вульгарнасць, безгустоўнасць. Напрыклад:
Я падыходжу да тваёй спадніцы,
Як конь да стога.
Ужо нават не ведаю, хто гэта сачыніў, які ўмелец. Надта прымітыўнае светаўспрыманне.
Часты матыў у паэзіі — сум па вёсцы, па родным гняздзе, краявідах. Але ж гэтага мала. Мне здаецца, што лірычнаму герою не хапае рэфлексіі, развагі над тым, чым ён заняты, што робіць.
У вялікім, шматгалосым паэтычным хоры чуцён голас маладой Жэні Янішчыц:
Збудуйце цішу для мяне,
Яна з зялёнымі вачамі,
Яна спакойна спіць начамі,
Збудуйце цішу для мяне.
Шчасце Жэні — паэзія. Што б там наперадзе ні было!
Так што па вялікім рахунку паэзія ў нас ёсць. І паэзія, і паэты. І няма чаго гнявіць на гэты конт Бога.
Курыруе паэтаў намеснік старшыні СП Анатоль Грачанікаў. Сам выдатны паэт і чалавек прыстойны, з ім добра працаваць.
29 снежня. Хадзіў у лазню змываць «грахі», што назбіраліся за год. Купіў у лазеншчыка бярозавы венік. Венік у гэтай «установе» — незаменная рэч. Нічым так не прагрэеш арганізм (душу і цела), як ім. У веніку — сіла прыроды, фітанцыды, якія ачышчаюць скуру ад рознага бруду, знішчаюць бактэрыі. Гарачы, напараны венік — гэта цуд. З розных венікаў — дубовых, кляновых, яловых, ядлаўцовых, з крапівы, венікаў з ліпы і асіны — я аддаю перавагу бярозаваму. Бярозавы венік болей, чым які, убірае ў сябе жар, узмацняе лімфаток, лашчыць.
У лазні пра ўсё пачуеш. Нейкі аматар гарачай пары распавядаў пра чалавека (не ведаю, верыць гэтаму ці не), які гэтым летам адпачываў разам з ім у Сочы. Чалавек гэты шукаў для сваёй жонкі (яна знаходзілася пры ім) мужчыну, які мог бы яе задаволіць, бо сам не мог, але вельмі кахаў.
Чаго толькі на свеце не здараецца. У лазні, паводле маіх назіранняў, паміж голымі людзьмі наладжваецца нейкі асаблівы давер, і яны расказваюць тое, што, апрануўшыся, чалавек не раскажа.
Вяртаючыся дамоў, не забыў зайсці да «Пекера».
30 снежня. 1973-ці завяршаецца. Усяго ў дзённік не ўпішаш, якім ён быў.
Многія пісьменнікі атрымалі ганаровыя званні, ордэны, медалі, граматы, прэміі.
Адбыўся плённы семінар у Докшыцкім раёне.
Сёння П. Панчанка зноў прыслаў мне свой трохтомнік. Відаць, забыў, што адзін раз ён гэта ўжо зрабіў.
Сёлета Янка Брыль атрымаў польскую літаратурную прэмію імя В. Петшака. Што гэта за прэмія?
Смуткуюць людзі з прычыны забойства чылійскага прэзідэнта Альендэ.
З адмоўных момантаў можна прыгадаць і тое, што (ажно не верыцца) абакралі нашага шэфа. Вялікі спіс рэчаў, якімі пакарысталіся злодзеі.
Без настрою нешта Валерый Сяргеевіч. Шмат курыць, зблаг. Партыйная работа забірае шмат сіл.
1974
2 студзеня. Пачаўся новы, 1974-ты. Хутка яны імчаць нашы гады-гадочкі, і вокам не міргнеш. Няўжо калі-небудзь прыйдзе старасць, няўжо пастарэю? Не верыцца. Зрэшты, пра гэта не думаю. Новы год сустрэлі нармальна, па-сямейнаму. На шыбах растуць атожылкі снежных «раслін» — гэта на мароз.
3 студзеня. Звычайны рабочы дзень. Парамон прынёс віншаванні, дасланыя мне па месцы працы. Гэта ў асноўным пісьменнікі, паштоўка ад Петруся Броўкі.
4 студзеня. У «ЛіМе» артыкул сакратара Мінскага гаркама Т. Дзмітрыевай «Героі побач» пад рубрыкай: «Сучаснік у працы і літаратуры». Вядомая рэч: сучаснік — на першым плане, але атрымліваецца так, што калі не сучаснік, а чалавек мінулага часу, дык ён ужо і не можа прэтэндаваць на паўнавартаснага героя, не мае права. Быццам дыскрымінацыя. Разважаючы так, мы далёка зойдзем! Нехта павінен быў бы паправіць Т. Дзмітрыеву. Герой — не абавязкова наш сучаснік, а той, хто ідзе паперадзе, здольны ахвяраваць сабой дзеля іншых. Хай сабе і чалавек з мінулага часу.
Час — вобраз вечнасці. Так лічыў вялікі Платон. Вечнасць — гэта ідэя, якая знаходзіць увасабленне ў часе. Часы мяняюцца, а вечнасць — не. Вечнасць абавязкова павінна прысутнічаць у вобразе станоўчага героя.
7 студзеня. Дачытаў «Замак» Ф. Кафкі. На некаторых старонках адчуваеш жах, хоць нічога незвычайнага быццам і не адбываецца. Поўнае праўдападабенства, рэалізм. Між тым Кафку ўсе лічаць мадэрністам, і самым буйным, стопрацэнтным. Відаць, так яно і ёсць. Дык што такое мадэрнізм і чаму мы яго так афіцыйна не любім? Гэта разрыў з мастацкай традыцыяй (рэалістычнай) ці далейшае яе развіццё?
Уяўленне пра мадэрнізм у шырокага чытача (у тым ліку і ў мяне) такое, што ад мадэрнісцкага твора мы чакаем парушэння звыклых эстэтычных і этычных канвенцый. Ёсць, відаць, гэтыя «парушэнні» і ў Кафкі, які падыходзіць да жыцця, прызнаючы ўласцівую яму ірацыянальнасць і непазнавальнасць, агулам сцвярджаючы прыярытэт асабістага перад грамадскім, незалежнасць мастакага ад грамадства. Узнік гэты мастацкі напрамак у канцы мінулага стагоддзя і прэтэндуе на перадачу самых тонкіх і складаных душэўных рухаў і настрояў чалавека. Мадэрністы не давяраюць рацыяналізму, лічаць, што аднаго розуму мала, болей пакладаюцца на інтуіцыю. Мадэрнісцкі раман рашуча адмовіўся ад паказу стабільных характараў, ад прычынна-выніковага прынцыпу ў кампазіцыі, ад усяведа-аўтара, ад паэтыкі і вопыту рамана ХІХ ст. Дыялектыка душы заменена псіхааналізам. Псіхааналіз у мадэрнізме — даследаванне бессвядомай часткі індывідуальнага душэўнага жыцця.
Філасофскім падмуркам мадэрнізму лічацца фрэйдызм і экзістэнцыялізм. Экзістэнцыяліст Сартр даказвае, што чалавек ёсць «істота без сутнасці», што яго свядомасць плынная, не замацаваная на пэўных маральных апорах. Гэта фактычна пацвярджае і Кафка, героі якога пазбаўлены ўнутраных якасцей і ўласцівасцей.
Пішу, бо неадчэпна пра гэта думаю. Цікава, што і ў Заходняй Еўропе, і тым болей у Амерыцы мадэрністаў прызналі далёка не адразу. Праз суд быў забаронены Джойсаў «Уліс», накладзена «табу» на творы Лоўрэнса, Генры Мілера, Селіна і інш. І толькі ў 60-я гады тыя забароны былі перагледжаны і зняты.
Урокі мадэрнізму не прайшлі дарэмна і для беларускай літаратуры. У нашай літаратуры мадэрнізму мала, але ён ёсць. Пачынаючы ад Янкі Купалы і Якуба Коласа да Васіля Быкава ўключна. Савецкая літаратура — гэта, так бы сказаць, процілегласць мадэрнізму, своеасаблівы антымадэрнізм, які, як і мадэрнізм, ужывае паэтыку замоўчвання, пропуску самага важнага. Савецкая літаратура абыходзіць, абмінае цэлыя тэмы, сектары чалавечага жыцця, рэчаіснасці, быццам яны і не існуюць. Процілегласці сыходзяцца. Вядома, гэтае пытанне патрабуе спецыяльнага і незалежнага даследавання. Зрэшты, як і пытанне аб рэалізме. Рэалізм таксама з’ява зусім не аднастайная. Гэта — цэлая тыпалогія мастацкай творчасці. Зварот мастака да густых фарбаў, прыёмаў фантастыкі, гратэску, сімволікі, бурлеску, сатыры, дэфармаванне свету відавочнай рэальнасці ўзбагачае рэалізм, збліжаючы яго з плынню жыцця. Жыццё павінна пранікнуць у твор пісьменніка ўсімі магчымымі спосабамі, пранікнуць праз самога аўтара, яго арганіку, пачуццё крыві, жывёльную эманацыю, пах. Тое, што ідзе ад голага лагізавання, ад абстрактнага, — забівае літаратуру.
9 студзеня. Дазнаўся, што ЮНЕСКА выпусціла ў свет каталог самых прадстаўнічых твораў сусветнай літаратуры, які ўключае кнігі, напісаныя не толькі на сучасных мовах, але і на старажытных — латыні, старажытнагрэчаскай, шумерска-акадскай (Вавілон). Каталог змяшчае назвы звыш 70 твораў рускіх, украінскіх і беларускіх пісьменнікаў. Хацелася б ведаць, хто туды трапіў з беларускіх аўтараў.
12 студзеня. Добрая справа лазня — праганяе з душы сум. Быў у лазні — усё адно што «быў у чысцы» (гэтак называецца выдатная паэма Ф. Багушэвіча). Парылка на 100 градусаў, бярозавы венік, палок на самай верхатуры, сухая пара — аднаўляюць і амалоджваюць.
17 студзеня. Дзень нараджэння, юбілей, Алеся Якімовіча. 70 гадоў чалавеку. Надта шмат напісаў. Казку-паэму «Каваль Вярнідуб» я чытаў у дзяцінстве. Да гэтага часу помню эмацыянальнае ўражанне.
Пашанцавала гэтаму пісьменніку перажыць 1937-мы, але след застаўся. Глядзіць у адну нейкую кропку, маўчун, а што ў галаве — невядома. Калісьці біўся, недарэка, з Лупсяковым. Непрыемна было, калі ён накінуўся з крыкам на «Песняроў», што давалі канцэрт у клубе СП: «Хуліганы! Псуеце фальклор, народнае! Песню перакручваеце!» Але з кім не бывае. У чалавека кансерватыўны густ. «Песняры», узброеныя мікрафоннай тэхнікай, спявалі так, што дрыжэла столь старога будынка Ваньковіча.
19 студзеня. На мінулым тыдні адбыўся творчы вечар драматурга А. Макаёнка. Даклад зрабіў Г. Колас. Даклад — прыстойны, лагічны. Макаёнак і сапраўды надта сучасны паводле праблематыкі драматург.
Прысутнічаў Шамякін. Макаёнак жартам кажа на Шамякіна: «Буржуін!» Гумар і тэатральнасць з Макаёнка так і пруць. Прывёз аднекуль маску: акуляры з носам і вусамі. Мяняе чалавека да непазнавальнасці. Уздзеў гэтую штуковіну на твар і зайшоў у рэдакцыю часопіса «Полымя». Там сядзела некалькі літаратараў: Анатоль Вялюгін, Тарас Хадкевіч, Антон Алешка, Барыс Сачанка, Якаў Герцовіч, нехта яшчэ. Ніхто яго не пазнаў. Прадставіўся, што ён грузінскі пісьменнік Вано Гоміашвілі, прыехаў з Тбілісі. Гаварыў з моцным каўказскім акцэнтам.
— Гамарджоба! Как, скажи, кацо, познакомиться с белорусскими драматургами, если они, конечно, у вас есть?
— Есть! — пацвердзілі прысутныя.
— Кто?
— Ну, Кондрат Крапива, например, Андрей Макаёнок…
— Макаёнок? Немного слышал… Ну и как он пишет? Ошибки у него есть? Недостатки?
Усе прымоўклі: Азваўся Герцовіч:
— Есть.
— И что он себе позволяет?
— Есть у него перекосы…
— Перекосы, говоришь? Ну и что?
— С критикой нужно осторожней, а он перебарщивает. Опять же, злоупотребляет условными формами…
— Да-а-а! Выходит, нарушитель еще тот! С такими надо построже!..
З гэтымі словамі Макаёнак зняў маску. Ад нечаканасці ўсе ажно войкнулі, а потым дружна зарагаталі. Апроч Герцовіча, які пачаў апраўдвацца:
— Я ж не пазнаў вас, Андрэй Ягоравіч. Прабачце! Я не хацеў нічога дрэннага казаць. Гэта дробныя заўвагі. Я хацеў наадварот, звярнуць яго ўвагу…
— Нічога, я не ў крыўдзе, — рагочучы, заспакоіў ён крытыка.
22 студзеня. Надзвычай папулярная ў нас паэзія Лоркі. Вечар-канцэрт «Сэрца Гранады» адбыўся ў клубе СП Беларусі. Гучалі пераклады І. Тынянавай, Н. Кісліка, Н. Гілевіча, Р. Барадуліна. Трэба сказаць, што пераклады Барадуліна віртуозныя. Не адрываючыся ад арыгінала, ён прыдумаў беларускага Лорку, па-іспанску жыццелюбівага, вытанчанага эстэта, закаханага ў нацыянальны фальклор і адначасова пазначанага трагізмам светаадчування.
25 студзеня. Новы герой космасу Пётр Клімук сустракаўся са студэнтамі Белдзяржуніверсітэта. Хацелася пабываць на гэтай сустрэчы і мне. Клімук — з Камароўкі, той вёскі, на поўдзень ад Дамачава, дзе я калісьці настаўнічаў. Клімук скончыў Камароўскую сярэднюю школу яшчэ да таго, як я прыехаў туды на працу. Цікава, ці пазнаў бы я ў ім нешта «камароўскае»? У мяне засталіся вельмі добрыя ўспаміны пра Камароўку і пра суседнія Тамашоўку і Прыбарава, пра тамтэйшых людзей. З этналагічнага боку гэта нашчадкі дулебаў.
Я ўспомніў пра мінулагодні візіт М. І. Панасюка, яго скаргу. Ці здолее Пётр Клімук паўплываць на гэтую справу? А хацелася б!
26 студзеня. Калегаў-крытыкаў дзівіць мой артыкул пра Б. Сачанку ў «Маладосці». А чаму не сказаць добрае слова пра цікавага пісьменніка? Барыс Іванавіч шмат піша.
28 студзеня. Памёр, вельмі нечакана, ноччу, Валерый Сяргеевіч. Шкада. Добры быў чалавек. Светлая яму памяць. Не вытрымала сэрца. Памёр у лечкамісіі. Усім аддзелам сачыняем некралог.
2 лютага. Вярнуўся з Масквы, дзе адбылася Усесаюзная нарада крытыкаў у сувязі з пастановай ЦК КПСС «Аб літаратурна-мастацкай крытыцы». З дакладам па надзённых праблемах сучаснай літаратурнай крытыкі выступіў Л. Навічэнка. Два гады прайшло з часу прыняцця пастановы ЦК КПСС аб крытыцы, але становішча спраў у гэтай галіне нашага літаратурнага жыцця не на шмат палепшылася. Па-ранейшаму існуюць праблемы як тэарэтычнага, так і практычнага характару. Усё часцей чуецца заклік: «Літаратуразнаўства павінна стаць навукай!» Асабліва стаяць за гэта М. Я. Палякоў і М. Б. Храпчанка. Літаратуразнаўства, вядома, бліжэй да навукі (прынцып гістарызму), а крытыка — на аддаленні.
Пётр Выхадцаў (Ленінград) абвінавачвае Ю. Сураўцава і некаторых іншых у «спекулятыўнай крытыцы». Вядома, спекулятыўная крытыка, як і сервільная, навукай быць не можа.
Вандруючы па Маскве, нечакана апынуўся ў Чыстым завулку. Успомніў, як гадоў колькі назад мы тут са Сцёпам Міско шукалі канцы архіва Жыровіцкага манастыра. Гэты багаты архіў у 1915 годзе, пры наступленні немцаў, быў вывезены на ўсход.
Мы наведалі некаторыя службы патрыярхата, рэдакцыю часопіса Маскоўскай патрыярхіі, але канцоў не знайшлі.
3 лютага. Артыкул К. Кірэенкі і І. Вейняровіча пра А. Салжаніцына ў «ЛіМе» — «Літаратурны ўласавец». Але ж сярод уласаўцаў былі розныя людзі. Пытанне, мякка кажучы, не простае. Кажуць (чуў у Маскве), бароніць Салжаніцына адзін толькі акадэмік Сахараў, які вынайшаў у свой час савецкую вадародную бомбу.
4 лютага. Адбылося пасяджэнне камісіі па нарысе і публіцыстыцы. Хадзіў на гэтае пасяджэнне. Абмяркоўваліся кнігі мінулага года: «Рабочыя людзі» В. Мысліўца, «Дрэва жыцця» П. Місько, «Зялёны трохкутнік» Л. Левановіча.
Тэксты насычаны інфармацыйна, аўтары пішуць пра тое, што добра ведаюць, і чытач павінен быць удзячны ім за гэта. Нарыс, публіцыстыку, эсэістыку трэба развіваць.
6 лютага. 60-годдзе Аркадзя Куляшова. Як я сабе ўяўляю, Куляшоў развіваўся на стыку паэтык Маякоўскага і Твардоўскага. Зрэшты, уплывалі на яго многія, і ад гэтага арыгінальны, самабытны талент беларускага паэта толькі мацнейшы.
Урачыстае пасяджэнне адбылося ў тэатры імя Я. Купалы. Вечар адкрыў М. Танк. З прывітальнымі словамі выступілі Я. Хелемскі, М. Дудзін, Р. Гамзатаў, К. Куліеў, Д. Кугульцінаў.
Гучала песня:
Бывай, абуджанная сэрцам, дарагая.
Чаму так горка, не магу я зразумець.
Шкада заранкі мне, што ў небе дагарае
На ўсходзе дня майго, якому ружавець...
Алеся — першае каханне Куляшова. Кажуць, што яна яшчэ жыве і што паэт хацеў з ёю сустрэцца. Пра гэта мне расказваў Бечык.
Апублікаваны ўказ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб узнагароджанні А. Куляшова ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Гэты ордэн называюць «трудовик», ён не самы прэстыжны. Паэт відавочна заслугоўвае на большае. Не могуць дараваць дружбы з Твардоўскім?
У часопісе «Маладосць» артыкул М. Лужаніна да 60-годдзя А. Куляшова «Сэрца, дзе ўсёй зямлі трывога...» Напярэдадні юбілею заходзіў да мяне В. У. Івашын і казаў, што ён прапанаваў А. Куляшову напісаць пра яго творчасць грунтоўны артыкул. Яны з паэтам — радня, «сваты», і артыкул павінен быў быць, зразумела, глыбокім і станоўчым, але Куляшоў адмовіўся: «Прашу вас, не пішыце». Хай бы напісаў!
8 лютага. У «ЛіМе» натрапіў на рэцэнзію Уладзіміра Кобрына на зборнік вершаў Э. Скобелева «Капли дождя». У. Кобрын — супрацоўнік маскоўскай «Литературной газеты», тое-сёе крытыкуе, але ў таленце аўтару не адмовіш. Скобелеў, на мой погляд, больш паэт, чым празаік. Жадаю яму яшчэ болей разняволіцца. Апантаны пісаннем, піша ў кожную свабодную хвіліну.
12 лютага. Быў на вечары, прысвечаным 60-годдзю з дня нараджэння В. Таўлая. Гэта — рэвалюцыйны рамантык, які страсна хацеў, каб яго песня «калыхала паходы». Як паэт Таўлай мне вельмі сімпатычны. У яго чысты, адкрыты пафас. Выдатную паэму «Таварыш» на рускую мову пераклаў Канстанцін Сіманаў. Яе можна рэкамендаваць юнацтву.
Выступілі Я. Брыль, Р. Бярозкін, Я. Міско, М. Арочка, міністр асветы М. Мінкевіч. З патрыятычнага боку паказаў сябе В. Таўлай і ў Вялікую Айчынную вайну. Атрымаўся цікавы вечар. Чаму не было Пестрака?
14 лютага. А. Салжаніцын пазбаўлены грамадзянства і выдвараны за межы Савецкага Саюза. У «ЛГ» пад рубрыкай «Отпор литературному власовцу» надрукаваны асуджальныя матэрыялы, падпісаныя шэрагам асоб з пісьменніцкага асяроддзя. А можа, гэта так, як некалі Валя Лукша надрукаваў у «Чырвонцы» нібыта мой водзыў у адабрэнне чэхаславацкіх падзей. Было гэта летам 1969 г. Я ішоў у інстытут, з раніцы, і ўбачыў на вітрыне Дома друку на першай паласе «Чырвонай змены» заметачку: «Ухваляю...» і г. д. і подпіс: «Уладзімір Гніламёдаў». У інстытуце першым на мяне накінуўся Вячаслаў Зайцаў — старшы навуковы супрацоўнік. Не пажадаў слухаць ніякіх тлумачэнняў. Але хіба гэта правільна? Я ж ніякага дачынення да гэтай заметкі не меў, пастараўся дружбак.
22 лютага. У «ЛіМе» ўрывак з новай аповесці В. Быкава «Воўчая зграя». Паэтыка чыста быкаўская, сітуацыя выбрана пагранічная. Падзеі — партызанка падчас Вялікай Айчыннай вайны. Але ёсць і другі план — выхад у сучаснасць: ці вартыя мы, цяперашнія, тых ахвяраў, якія былі прынесены дзеля нас, будучага пакалення, хто жыве сёння.
23 лютага. Памерла Паўліна Мядзёлка. Калісьці бачыў яе ў Інстытуце літаратуры. Запомніліся тонкія рысы твару, інтэлігентнасць. Перажыла і Купалу, і саперніцу сваю Уладзіславу Францаўну, і многіх яшчэ. Добра, што пакінула ўспаміны, але ўсяго, вядома, не апішаш.
2 сакавіка. Спыніла мяне выказванне А. Купрына:
«Я глубоко убеждён в том, что Чехов с одинаковым проникновенным любопытством разговаривал с ученым и с разносчиком, с просящим на бедность и с литератором, с крупным земским деятелем и с сомнительным монахом, с приказчиком и с маленьким почтовым чиновником, отсылавшим его корреспонденцию».
Гаворачы пра Чэхава, Купрын меў, вядома, на ўвазе і сябе. А якое дасканалае гэтае выказванне па стылі!
4 сакавіка. Заходзіў Лужанін — выбівае збор твораў. Быў у Дубянецкага. Да гэтага туды заходзіў Пімен Панчанка. І ўжо быццам стаяў у плане.
7 сакавіка. Заўтра жаночае свята. Галоўная праблема, як заўсёды перад 8-м сакавіка, — кветкі. Дастаў! У выніку чаго ўзвысіўся ў жончыных вачах.
11—12 сакавіка. Адбыўся «круглы стол», арганізаваны СП Беларусі і «Литературной газетой». На парадку дня пытанне: «Жыццё рабочага класа ў люстры літаратуры». З Масквы былі А. Хакімаў, Т. Залатухіна, А. Бачароў.
Р. Мустафін — з Казані.
Наша стагоддзе — самае інтэлектуальнае, навуковае, самае тэхналагічнае. Пра гэта казалі многія. На жаль, не прагучала думка, што развіццё тэхнічнага прагрэсу не вырашае праблемы чалавека і грамадства, не паказвае шляху да мэты. Гэтая думка, дарэчы, гучала на мінулагодняй канферэнцыі і ў Берліне. Чалавек заўжды быў прадметам літаратуры, аднак цяпер сфера пісьменніцкай кампетэнцыі ў адносінах да яго пашыраецца, разам з характарам пісьменнікаў цікавіць яго лёс, абароненасць перад сіламі зла, магчымасці, жыццёвая доля.
Госці і беларускія пісьменнікі наведалі завод халадзільнікаў. Сёння, 12 сакавіка, сустрэча з рабочымі адбылася на заводзе ЭВМ. Беларусь — рэспубліка індустрыяльная. Здзейснілася мара Паўлюка Труса — паэта 20-х гадоў: «Беларусь, калі ты станеш краем фабрык дымных і машын?»
13 сакавіка. Паведамілі па тэлебачанні, што ў джунглях філіпінскага вострава Лубан быў знойдзены японскі салдат, які хаваўся там амаль 30 гадоў. Увесь гэты час ён верыў, што Другая сусветная вайна яшчэ працягваецца.
15 сакавіка. Каля СП сустрэў П. Панчанку. Гнеўны. Можа, не варта было яго і чапаць, але я, павітаўшыся, спытаў пра настрой, і ён загаварыў, пазіраючы кудысці ўбок:
— Ведаеце, такога яшчэ не было, каб такое засілле чыноўнікаў. Надта велізарная колькасць! Росквіт бюракратыі! Закаснеласць і закасцянеласць! Затхласць!
Я маўчаў, думаючы, чаму ўсё гэта ён кажа мне. Можа, нелады з выданнем кнігі? Ці хто пакрыўдзіў? Можа, страціў форму? Творчы крызіс? І кажа пра ўсё мне. Значыць, давярае. Начальству я пра гэтую сустрэчу, вядома, не скажу, але паэту трэба неяк дапамагаць. З такім настроем цяжка.
Успомніў: ці не пра збор твораў тут гаворка ідзе?
20 сакавіка. І снег, і сонца. Неба — бледна-блакітнае з невыразнымі белымі аблачынкамі, аднак ноччу яшчэ цісне мароз. Надвор’е няўстойлівае.
22 сакавіка. Нанач чытаў Біблію. У Евангеллі ясна сказана: «Несовершенно всё земное и человеческое». Успомніў рэзкі, ажно дрыжэлі вусны, маналог П. Панчанкі. Больш ураўнаважана, але і больш важка ён сказаў пра
гэта сваім вершаваным радком:
«Не спакушай нас высокай песняй
Гэтак рана, Галактыка.
Як валуны неачэсаныя —
У нас цяжкія характары.
Ёсць у нас і турмы
З арміяй канвойнай,
Ёсць у нас плямёны
З каменнага веку.
Мы яшчэ ў жорсткасці,
Мы яшчэ ў войнах,
Мы яшчэ ў злосці,
А ты нам — пра Вегу».
Гэта са зборніка «Пры святле маланак» (Мн., 1966, стар. 90).
25 сакавіка. Дзень утварэння БНР. Пра падзеі таго часу (1918 год) мне шмат расказваў Алесь Бачыла. Я пра гэта мала ведаў. Выходзіць, што сапраўднай, паўнавартаснай нацыянальнай дзяржаўнасці ў нас, беларусаў, няма.
Чалавечы лёс драматычны, наш, беларускі, — у асаблівасці. Але слаба мы яго ведаем, ён усё яшчэ ў спецхране.
27 сакавіка. Доўжацца Дні культуры Літоўскай ССР на Беларусі. У Палацы культуры прафсаюзаў адбыўся вечар літоўскай і беларускай паэзіі. Выступалі госці: В. Пальчынскайтэ, А. Малдоніс, А. Балтакіс, Ю. Марцінкявічус і нашы паэты М. Лужанін, М. Калачынскі, А. Грачанікаў і інш. Літоўцы сёння маюць выдатную літаратуру — ва ўсіх жанрах: паэзія, проза, мемуарыстыка. І ўсё замешана на нацыянальнай праблематыцы.
28 сакавіка. Прынята пастанова ЦК КПБ «Аб падрыхтоўцы і правядзенні 30-годдзя вызвалення Беларускай ССР ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў».
У дакуменце згадана і пра пісьменнікаў, у якіх свой, і не малы, абсяг дзейнасці ў гэтым напрамку. Трэба, каб жыла памяць пра перажытае, каб не забывалася суровая праўда, каб не збядняўся экзістэнцыяльны вопыт чалавека.
Я помню той час — лета 1944-га. Майму Кругелю пашанцавала: вёска ацалела — людзі, дрэвы, пабудовы. Шырокаю, паўнаводнаю ракою рухалася войска. Ішлі з усходу, з Камянца. Гэта былі байцы 218-й стралковай дывізіі генерал-лейтэнанта Уладычанскага Антона Сцяпанавіча. Мае вяскоўцы добра памятаюць гэты дзень: 5 ліпеня 1944 года, серада.
Іх, чырвонаармейцаў-вызваліцеляў ішло шмат. У расшпіленых гімнасцёрках, нагружаныя шынельнымі скаткамі, рэчмяшкамі, сапёрнымі рыдлёўкамі, кацялкамі і іншай амуніцыяй. За спінамі — доўгія вінтоўкі з прывінчанымі рабрыстымі штыкамі. Хто — у ботах-кірзачах, хто — у абмотках. У некаторых на папругах матляліся гранаты. Трактары цягнулі за сабой гаўбіцы. Праехала з пашчапанымі бартамі палутарка, за ёю санітарная машына.
Ліпень звычайна месяц навальніц, а ліпень 1944-га з самага пачатку выдаўся сухім і гарачым. З раніцы ўсё больш прыпякала сонца, а далей, пад поўдзень, устанавілася невыносная гарачыня. Ні хмаркі, ні аблачынкі, ні ветрыку. Ад спёкі і пылу пашарэла трава і лісце дрэў. На выцвілых гімнасцёрках цямнелі пляміны ад поту. Вайскоўцы былі змораныя, недаспаўшыя, але вясёлыя. З усіх бакоў — песні, жарты, досціпы, і зусім не дакучала гарачыня. З хат і схронаў павыходзілі на вуліцу людзі. Замітусіліся жанчыны, падносячы вайскоўцам малако, хлеб, квас...
Можа, калі-небудзь пра гэта напішу.
30 сакавіка. Забавілася недзе, запазнілася ў гэтым годзе вясна. Надвор’е, як кажуць у такіх выпадках, няпэўнае, у паветры белыя мухі.
М. Лужанін даў пачытаць дылогію У. Крастоўскага «Кровавый пуф» — пра часы К. Каліноўскага (выданне савецкае, даваеннае). Да мяне яе бралі Караткевіч і Куляшоў.
1 красавіка. Заходзіў на работу Коля Заранок. Казаў, што расчараваўся ў навуковай кар’еры і хоча (як і я) перакваліфікавацца ў партыйнага ці савецкага работніка, гэта значыць чыноўніка. Я падумаў, што гэта першакрасавіцкі жарт, ажно не. Падобна, што чалавек усё ўзважыў. Калі так, дык паспрабую дапамагчы.
2 красавіка. Распачынаюцца Дні культуры Польскай Народнай Рэспублікі ў СССР. Усё ж такі ў гэтых «днях», і не толькі польскіх, надта шмат казённага фармалізму і штампаў. Але для пісьменнікаў ёсць магчымасць сустрэцца, пагаманіць, бліжэй пазнаёміцца.
5 красавіка. Шамякін па сакрэце сказаў мне, што ён прасіў у старшыні Камітэта дзяржаўнай бяспекі БССР генерала Пятрова Біблію, але той паціснуў плячыма: «Дзе я табе дастану?» «Дастаць» ён бы мог, але баіцца». А мы з Тамарай купілі румынскі гарнітур — два ложкі і дзве тумбачкі пры іх, запакаваныя ў скрынкі. І ў тых тумбачках былі схаваныя і Біблія, і Евангелле. А ў мяне ўжо ёсць Біблія, падораная Сямёнам Гардзеевічам, маім хросным. Даць адну Шамякіну?
Баімся адзін другога.
8 красавіка. Званіў А. Грачанікаў. Паведаміў, што ў канцы месяца ў Тбілісі збіраецца Усесаюзная нарада пісьменнікаў і крытыкаў і што ён мае намер уключыць у беларускую дэлегацыю і мяне. Я згодзен, калі дасць дазвол начальства. Шэф быццам і не супраць. Парватаў спытаў: «А хто замест вас?» Як бы няма каму.
Мэта нарады — абмеркаваць праблемы, звязаныя з увасабленнем вобраза камуніста ў сучаснай літаратуры.
10 красавіка. Вечар М. Хведаровіча — круглая дата, 70 год. Уступнае слова пачулі ад Е. Лось. Пра творчы шлях паэта расказаў Р. Бярозкін. Расказаў і аб’ектыўна, і цёпла. Віталі Міколу П. Броўка і А. Грачанікаў, а таксама супрацоўнікі беларускіх часопісаў. У пачатку 30-х гадоў Хведаровіч працаваў у апараце ЦК, як я сёння. Можа, таму ён пры сустрэчы пасміхаецца?
З нашага боку юбілей М. Хведаровіча адзначаны ўручэннем яму Ганаровай граматы Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР.
11 красавіка. Сёння скончылася нарада па беларускай драматургіі, скліканай Саветам па беларускай літаратуры СП СССР, СП БССР, Усерасійскім тэатральным аб’яднаннем, Мінкультам БССР і БТА. Адбылася яна ў Мінску, у клубе СП. З дакладам выступіў маскоўскі драматург А. Салынскі. У спрэчках удзельнічалі У. Няфёд, С. Алёшын, Н. Пашкевіч, А. Сабалеўскі і інш. У адзін голас хвалілі А. Макаёнка. Макаёнак на кані. Вечарам некаторых запрасіў у рэстаран. Трапіў у кампанію і я. Паднялі адну чарку, другую, і ўзрушаны Макаёнак сказаў: «Дзякуй, братцы, што ёсць на свеце Масква!» Яго можна зразумець: часцей за ўсё першай ставіла яго п’есы Масква, а потым ужо беларускія тэатры. Баімся.
15 красавіка. Вялікдзень. Шмат народу было на ўсяночнай. Многа моладзі. Некаторыя — шчыра, некаторыя з цікавасці. Сабор, што на плошчы Свабоды (пляц Волі), не мог усіх змясціць. Стаялі на цвінтары і навокал.
А нашу царкву (прыгожую, драўляную, сіне-блакітную, што засталася яшчэ ад уніятаў) разбурылі пры Хрушчове. Прыехала машына з вучнямі ГПТВ, і разбурылі.
16 красавіка.Атрымаў дасланы ў наш ЦК ліст з Казані, ад нейкага прафесара літаратуры, які прачытаў раман І. Чыгрынава «Плач перапёлкі» (выдадзены на рускай мове ў «Советском писателе», у Маскве) і вельмі незадаволены і абражаны тым, што ў якасці адмоўнага персанажа, здрадніка ў ім выведзены татарын. Просіць паведаміць аб прынятых мерах у адносінах да аўтара.
Расказаў Івану Гаўрылавічу. Паціскае плячыма, кажа: «Гэта ён у «Дружбе народаў» прачытаў». «Плач перапёлкі» друкаваўся ў гэтым часопісе.
— Дык што адказаць прафесару? — спытаў я.
— Але ж «Кніга пра разгром Мамая, цара татарскага» таксама паказвае татар не ў лепшым святле, але ніхто аўтара ў гэтым не абвінавачвае. Чаму ж да мяне чапляюцца?
— Мамай — гэта старажытнасць, а вы ж сучасны, савецкі пісьменнік.
Словам, паразмаўлялі.
18 красавіка.Церусіцца дробны сняжок, але набліжэнне мая, вясны, гарачай пары адчуваецца. Магчыма, гэта запраграмавана ў нашых генах? Можа, гэта мы самі абнаўляемся? Кажуць, абнаўляйся, як зямля і дрэвы, і будзеш шчаслівы. Усё, аказваецца, проста. Але як абнавіцца? І, па-першае, што такое — абнавіцца? Пачаць раніцай рабіць фіззарадку? Ці прабежкі (бягом ад інфаркту)? Кінуць курыць? Так, і гэта таксама. Для мяне абнавіцца азначае змяніцца самому, памяняць да лепшага адносіны да навакольнага, да людзей, стаць зычлівей і дабрэй. Помню, у дзяцінстве бабуля Фёкла нагадвала ўсім пра свята «Даравальная нядзеля». Адзначалася гэтае свята вясной. Бабуля прасіла ў нас, сямейнікаў, у суседзяў прабачэння за тое, што, можа, каго калі пакрыўдзіла. І старалася не крыўдзіць нікога.
Аказваецца, рэлігія, якую мы прагналі са свайго жыцця, забылі, мудра клапацілася пра маральнае і фізічнае (пасты) здароўе.
19 красавіка. Заўтра — суботнік. Рыхтуюся. Трэба рана ўставаць. Няўжо будзе бетон?
20 красавіка. На гэты раз зноў працавалі на Вілейска-мінскай воднай сістэме, у раёне Мінскага вадасховішча — «мора». Дрэвы яшчэ голыя, вецер. Яскравых уражанняў не меў. Запомніліся чайкі. Прыгожыя, серабрыстыя, як самалёты, яны рабілі крутыя віражы над вадою, шумна махаючы моцнымі крыламі.
21 красавіка. Нядзеля. Ачухваюся пасля суботніка. Хадзіў з раніцы ў лазню. Пасля лазні піў піва. Няблага.
Збіраюся ў Тбілісі.
23—28 красавіка. Пішу гэтыя радкі па вяртанні з Тбілісі, дзе быў на Усесаюзнай нарадзе, на якой абмяркоўваліся пытанні ўвасаблення вобраза камуніста ў сучаснай літаратуры. Ад СП Беларусі прысутнічала цэлая дэлегацыя: А. Адамовіч, А. Грачанікаў, І. Чыгрынаў, Н. Гілевіч, я. Ляцелі самалётам ТУ-154, білеты купілі ўсім разам (купляў работнік апарата СП Сталяроў). Ігралі ў карты, у дурня, паклаўшы паміж сядзеннямі чамаданчык. Выйграваў у асноўным Адамовіч. Гэта было нават дзіўна, асабліва для Чыгрынава, які, відаць, лічыў сябе неблагім гульцом. Адамовіч патлумачыў, што навучыўся ў партызанах.
Гаспадары сустракалі ў аэрапорце, пасялілі ў гасцініцы «Іверыя», на праспекце Руставелі, у цэнтры Тбілісі. Іверыя — старажытная назва Грузіі. Тут ужо «прапісаліся» і асвоіліся тыя, хто прыехаў раней, — пісьменнікі, крытыкі і інш. Няблага сябе пачуваюць.
Работа нарады пачалася ў 10 гадзін раніцы, у зале пасяджэнняў Вярхоўнага Савета Грузінскай ССР. У нас, у Беларусі, такога ніколі не было. Але ж гэта Грузія!
Нарада гэтая своеасаблівая, актыўны ўдзел прымаюць у ёй партыйныя і савецкія работнікі, дзеячы прамысловасці, навукі, сельскай гаспадаркі Грузіі. У прэзідыуме сядзяць урад Грузінскай ССР, міністры, сакратары ЦК на чале з Першым сакратаром Шэварнадзе Э. А. Над прэзідыумам, пад столлю, дэвіз нарады: «Ум, честь и совесть нашей эпохи» (В. И. Ленин). Адкрываў канферэнцыю Георгій Макеевіч Маркаў (Старшыня праўлення Канстанцін Федзін ужо надта стары, не прыехаў, сядзіць, кажуць, у сябе на дачы). Пачаліся выступленні. Хто выступаў, адзначалі, што ўсё часцей і часцей у апошнія гады сустракаем у літаратуры героя новага тыпу, героя, народжанага навукова-тэхнічнай рэвалюцыяй. Гэта — камуніст, перадавы рабочы, інжынер ці кіраўнік вытворчасці, чалавек цікавы, развіты, які ўсё вакол сябе і сябе самога падпарадкуе рабоце. Такі Чашкоў з п’есы І. Дварэцкага «Чалавек з боку». Яго лічаць тыповым для сучаснай літаратуры. Я згодзен: ён дзелавы, але Чашкову, як на мой погляд, бракуе чалавечых якасцей. У гэтым сэнсе ён больш нагадвае інтэлектуальнага робата. Мне болей даспадобы герой аповесці В. Бялова «Звычайная справа» «адсталы» селянін Іван Афрыканавіч. Пачаліся выступленні. Выступаў між іншым і Валянцін Катаеў, але з яго ўхілістага выступлення нічога не запомнілася.