20 чэрвеня. Прыязджаў з Масквы вядомы крытык і літаратуразнавец Уладзімір Максімавіч Піскуноў. Хоча тут абараніць дысертацыю. Нацэліўся на Інстытут літаратуры Акадэміі навук, дзе ёсць доктарскі савет. З Уладзімірам Максімавічам я пазнаёміўся ў рэдакцыі часопіса «Вопросы литературы» ў Маскве. Чалавек ён бывалы, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, пасля якой працаваў у камісіі, якая адбірала трафейныя кінафільмы для паказу ў СССР. Я гэтыя фільмы перагледзеў, здаецца, усе: «Тарзан» (4 серыі), «Девушка моей мечты», «Королевские пираты», «Леди Гамильтон», «Три мушкетера», «Кардинал Ришелье», «Дорога на Эльдарадо», «Тигр Акбар», «Сети шпионажа» і іншыя. Фільмы ўсіх кінастудый свету: нямецкія, аўстрыйскія, англійскія, французскія, амерыканскія… Не дубляваныя, а з цітрамі, трэба чытаць.

Дысертацыя Піскунова на тэму: «Человек в советском романе», — два таўсценныя тамы, пераплеценыя ў сіні каленкор.

Апякуецца ім наш Віктар Каваленка. Справа, здаецца, «на мазі».

21 чэрвеня. Піскуноў прапанаваў схадзіць у рэстаран і, здаецца, вельмі здзівіўся, калі я згадзіўся. А мне цікава пачуць маскоўскія навіны. Як там Яўгеній Еўтушэнка, Васілій Аксёнаў, Бэла Ахмадуліна? Уладзімір Максімавіч

хваліўся, што бывае ў іх кампаніі. Знаёмы з Назымам Хікметам, які дзівіць усіх сваёй неабыякавасцю да жаночага полу.

Раней Піскуноў працаваў у Інстытуце сусветнай літаратуры, пісаў у сааўтарстве з М. К. Геем. Колем Геем, — як ён гаворыць. Коля Гей — сын Канстанціна Гея, які ў пачатку 30-х гадоў быў на пасадзе першага сакратара ЦК КП Беларусі. Гэта ён дакладваў Сталіну пра Купалаў замах на самагубства ў 1930-м.

— Цяпер Коля, — Уладзімір Максімавіч крыху злараднічае, — пачаў піць.

Але, — дадае ён, нібы апраўдваючы былога свайго сябра, — у кожнага чалавека свая бочка. Хто з маладосці яе выпівае, а хто толькі пад старасць пачынае. Ад Піскунова пачуў прымаўку:

Чем правее, тем глупее,

Чем левее, тем подлее.

Гэта ўжо што тычыцца нашага менталітэту.

22 чэрвеня. Самы доўгі дзень. У гэты дзень пачалася вайна і разам з ёй маё ваеннае дзяцінства. Можа, калі і раскажу, што тады адбывалася. Я ўпэўнены, што імкненне захаваць уласнае жыццё ў страшэнных абставінах не менш годная і цяжкая справа, чым памерці, са зброяй у руках абараняючы іншых. Калі, зразумела, выжываючы чалавек не становіцца нягоднікам, здраднікам, забойцам. Але ўсяго было.

Я, па сутнасці, ветэран.

23 чэрвеня.Шкада Уладзіміра Максімавіча. Перашкодзіла яму абараніцца Фіглоўская. Агаварыла перад Машэравым. Уладзімір Максімавіч успамінае, што калісьці даў адмоўны водгук на яе дысертацыю, і яна запомніла.

Але саветаў па абароне па краіне шмат, недзе абароніцца.

25 чэрвеня — 70 гадоў Петрусю Броўку. Ён ужо з раніцы ў нас, у ЦК. Не ведае спакою нават у дзень юбілею. Вельмі плённа працуе як галоўны рэдактар Беларускай савецкай энцыклапедыі.

А мне падабаецца верш П. Броўкі «Калі надыдзе час спачынку…» Зрэшты, не толькі гэты. Адразу пасля вайны ён напісаў цудоўныя балады. Помняцца паэмы «Ясны кут» і «Голас сэрца». Мулявін не памыліўся, калі паклаў «Александрыну» на музыку.

27 чэрвеня. Завяршыліся Дні літаратуры і мастацтва БССР на Украіне. Канцэрты, творчыя сустрэчы, вечары, выстаўкі кніг, кінафільмы, спектаклі. Вярнуліся стомленыя. Пачнём рыхтавацца да візіту ў адказ.

29 чэрвеня. Былі на дачы ў Атоліне, трэба было падкарміць гуркі. Дачнік Мікуловіч — былы першы сакратар Гродзенскага абкама — вельмі працавіты і практычны чалавек. Па-свойму ініцыятыўны, вынаходлівы, нават дасціпны. Ходзіць за кароваю з вядром і ўмее своечасова падставіць яго пад хвост, калі тая пачне апраўляцца. Застаецца толькі здзіўляцца, — як кажа ў такіх выпадках Марцалеў. Сярод калегаў расце незадаволенасць, асуджэнне. Некаторыя бурчаць: «Гэта ж трэба, каб у чалавека, былога паважанага першага сакратара абкама, у такой ступені развіўся прыватна-ўласніцкі інстынкт! Ганьбіць, здзекуецца са звання партыйнага работніка!»

А можа, я часам думаю, жыццё і павінна быць гэткім прыземленым, абсурдным?

1 ліпеня. Шматлюдны ўрачысты вечар у Вялікім тэатры оперы і балета БССР, прысвечаны 70-годдзю Петруся Броўкі. Прысутнічалі П. Машэраў, Ц. Кісялёў, А. Кузьмін, пісьменнікі — свае і шмат прыезджых, грамадскасць, аматары паэзіі П. Броўкі. Зачытваліся прывітальныя тэлеграмы ад Шолахава, Ляонава, Сіманава, Грыбачова і інш. Шмат выступоўцаў. Тапілі чалавека ў мёдзе. Адчувалася, што Пятру Усцінавічу было прыемна.

Юбіляру ўручылі ўзнагароду — ордэн Дружбы народаў. У яго «іканастасе» якраз гэтага ордэна не хапала. Уручаў Машэраў. Машэраў з Броўкам на «ты».

Быў багаты банкет у рэстаране «Журавінка».

У фае рэстарана, калі разыходзіліся, убачыў Яна Скрыгана. Ён у нейкім незвычайным белым капелюшы. Капялюш адмысловы, з шырокімі палямі, я міжволі загледзеўся. Ён гэта заўважыў і пажартаваў:

— Праўда, у гэтым капелюшы я выглядаю прынамсі на дзесяць гадоў маладзей?

— А колькі вам гадоў?

— У капелюшы ці без яго?

Ян Скрыган любіць здзівіць. Апошнім часам памяняў імя — Янку на Яна. Дарэчы, я таксама справіў сабе касцюм. Надыбалі з Тамарай у ЦУМе. Тамара, праўда, адгаворвала мяне, не раіла — надта няпэўны колер: не то руды, не то сіні, не то зялёны. Нейкі рабы. А я такі колер люблю. Я называю яго балотным. Апрануў яго на Броўкаў юбілей, і нешта не ўпадабаў нам. загадчыка Яўген Барысавіч. Пыхнуў цыгарэтай і прызнаў, што надта «легкомысленный». Выходзіць, што ў Тамары і ў майго начальніка блізкія густы.

2 ліпеня. З раніцы Броўка ўжо ў ЦК. Зазірнуў да мяне. «Ну, як?» Я адказаў, што ўсё прайшло, як трэба. «Па вышэйшым разрадзе». Асабліва задаволены юбіляр тым, што пра яго напісаў Бярозкін. Паказаў мне газету «Вячэрні Мінск» з артыкулам Бярозкіна «Сталасць — гэта не старасць». «Узрост — усяго толькі лічба», — згадзіўся я.

Бярозкін, я заўважыў, быў на вечары і на банкеце. Выйшаў, падпіўшы, на веранду, гаманіў з калегамі, курыў свой «Беламор», нешта даказваў.

Добра, калі ўсім добра.

3 ліпеня. Ля Вечнага агню стаяць піянеры, у тым ліку і дзяўчаткі, прыціснуўшы да грудзей аўтаматы. Адзначаецца Дзень вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Настрой — урачысты.

5 ліпеня. На радзіме Кузьмы Чорнага, у вёсцы Цімкавічы, адбыўся вечар, прысвечаны яго 75-годдзю.

А. Адамовіч нагадаў нядаўна дзённікавы запіс Чорнага: «Божа, дай мне напісаць мае раманы!»

Перачытваю знаёмыя рэчы. У прозе К. Чорнага жыццё — як яно ёсць — набывае найвышэйшую каштоўнасць, тут шмат паэзіі, якая пераадольвае абсурд чалавечага існавання і дае духоўную апору, гарманізуе свет.

8 ліпеня. Хто ні разу (як і К. Крапіва) не звяртаўся ў ЦК ні з аніякай просьбай — гэта Алесь Звонак. З яго крыху сухаватай паэзіяй я пазнаёміўся яшчэ ў студэнцкую пару. Гэта быў зборнік «Табе адной», які ўбачыў свет у 1957 годзе, пасля вяртання аўтара ў Мінск. Падабаюцца яго радкі:

Парві няўдачы першай чарнавік, —

Надзеі голуб зноў ляціць высока.

Падабаюцца і іншыя вершы, Алесь Звонак — бліскучы тэхнік. Яму ўласціва дасціпнасць і дакладнасць слова, лёгкасць радка, валоданне партрэтным штрыхом.

Алесь — гэта псеўданім паэта, завуць яго Пётр Барысавіч.

Вядома, і ў яго біяграфіі пры жаданні можна адшукаць пляміны. Калісьці ён жорстка спляжыў сваіх паплечнікаў, ужо арыштаваных У. Дубоўку, Я. Пушчу і А. Дудара, сказаўшы пра іх: «махровыя нацыянал-дэмакраты ад літаратуры» («Зьвязда», 1930, 24 верасня). Але даўно гэта было, з таго часу мы ўсё ж такі як-ніяк крыху паразумнелі.

Я быў у яго на дачы, на Лысай гары. «Знаходжуся ў заслужанай невядомасці», — нібы пахваліўся ён. Дасціпны чалавек. Выпілі па чарцы (Гарык Вольскі недзе дастаў). Расказаў пра пісьменніка Ямпольскага (на жаль, не ведаю), якога ўзялі ў маі 1941 года за тое, што ён, школьнік старэйшых класаў, з сябрамі-аднакласнікамі размаўляў пра літаратуру. У якасці рэчдоказу было захаванне партрэта Троцкага. У працэсе рэабілітацыі (пасля дванаццаці гадоў адсідкі) Ямпольскі запрасіў паказаць яму той самы партрэт. Гэта была выдраная са школьнага падручніка фотарэпрадукцыя — Луначарскі ў рэвалюцыйным фрэнчы і пенснэ.

Пра «сваю» Калыму расказвае неахвотна. Адно сказаў, уздыхнуўшы: «Калыма — гэта Асвенцім без печаў».

І агарод у яго дагледжаны — стараецца жонка Берта. Расце нават грузінскі тархун (наша назва — эстрагон).

Узіраючыся ў стыль А. Звонака, у яго паэтычную манеру і ўлічваючы тое, што ён жыве на Лысай гары («сведка ўсіх падзей», — як сказаў пра сябе, з іншай нагоды, А. Куляшоў), мне падумалася, што, можа, ён аўтар вядомага «Сказа пра Лысую гару»). Напісаў яму на гэты конт ліст. А. Звонак адказаў мне таксама лістом. У якім адмаўляўся ад аўтарства: «…разумею Ваш намёк, але, на вялікі жаль, не я аўтар «Сказа пра Лысую гару», аб чым магу толькі шкадаваць». Не варта шкадаваць, Пётр Барысавіч, хоць я і згодзен з Вамі: «Сказу…» сапраўды нельга адмовіць у таленавітасці партрэтных вобразаў і характарыстык, але гэта ўсё ж такі нейкая зласлівая таленавітасць, якая ставіцца да чалавека залішне прадузята і аднабакова…

Тым не менш, «Сказ пра Лысую гару» належыць беларускай літаратуры і літаратурнай традыцыі — ён, думаецца, застанецца як сведчанне пра той час і пра таго «лысагорскага» чалавека. «Быў час, быў век, была эпоха…»

10 ліпеня. Забег задыханы Броўка. У Машэрава ён ужо быў, але далажыў і нам: «Выданне БелСЭ завершана. Дванаццаць вішнёвых тамоў!» Што ж, добры падарунак рэспубліцы. Як член ААН Беларусь павінна мець сваю нацыянальную энцыклапедыю (накшталт Брытанскай) і, вось, мае. У некаторых рэспубліках выйшлі яшчэ толькі першыя тамы, а ў некаторых толькі яшчэ створаны рэдакцыі.

Ёсць падставы, і не малыя, для радасці. Многае, асабліва біяграфічныя артыкулы, засмучае. Шмат пра што ў іх не гаворыцца, многае замоўчваецца, утойваецца, што вельмі прыкра. Як бы вось гэта вы можаце ведаць, а пра гэта ведаць не трэба, «не паложана». Сацыялістычны рэалізм.

11 ліпеня. На Уздзеншчыне, у Літвянскім сельскім Доме культуры, адбыўся вечар, прысвечаны 70-годдзю з дня нараджэння Пятра Глебкі. Ездзілі туды супрацоўнікі інстытута, які ён калісьці ўзначальваў. Неяк у Заслаўі я разгаварыўся з Р. П. Платонавым — намеснікам загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі. Дасведчаны чалавек, па спецыяльнасці — гісторык. Зайшла чамусьці размова пра Глебку, пра тое, як ён у 1945-м, з дазволу Панамарэнкі, ездзіў у Германію па жонку, якая апынулася там сярод перамешчаных асоб…

Кажуць, Глебка любіў павучаць. Глебка многае любіў. Назіральны мастак Віктар Шматаў прыкмеціў нават, што ў Глебкі «каньячная губа». Пятро Фёдаравіч любіў жыццё, хараство якога яшчэ і ў тым, што яно доўжыцца, працягваецца.

Эдуард Марцінавіч Скобелеў быў з Глебкам у Нью-Йорку на сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Цікава расказвае. Глебка прывёз адтуль чамадан эмігранцкіх выданняў.

75 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Дубоўкі. Трагічны лёс. Саслалі, адарвалі ад літаратуры, да якой вярнуўся толькі пасля вызвалення, у сярэдзіне 50-х. Час быў упушчаны, літаратура стала ўжо іншай, змянілася пад уплывам мадэрнізму паэтыка. Колішні авангардыст Дубоўка, аўтар вельмі цікавых паэм — «камбайнаў», выглядае сёння вельмі традыцыйна.

12 ліпеня. Ужо год, як будуецца БАМ. Пра гэта шмат гавораць і пішуць. Шмат камсамольскага задору і рамантыкі. Будаўнікі жывуць у палатачных гарадках. З’явіўся свой фальклор:

Приезжай ко мне на БАМ,

Я тебе на рельсах дам.

15 ліпеня. На фестывалі савецкай драматургіі ў Чэхаславакіі адзначаны пастаноўкі п’ес А. Макаёнка «Зацюканы апостал» і «Трыбунал». Таленавіты Макаёнак. Талент у ім ажно іскрыцца. Сёння многія тэатры запальваюць перад яго п’есамі святло сваіх рамп. І добрую «капейчыну» мае на ашчаднай кніжцы, што надае яму дадатковую вагу.

21 ліпеня. Вярнуліся з «Атоліна». Там усё буяе.

Так яно і павінна было здарыцца. Мікуловіч нядаўна атрымаў заўвагу ад Машэрава за свой дачны «досціп». Працаваць — працуй, але да такіх «вынаходніцтваў» не «ўзнімайся». Але хто данёс гэта наверх?

22 ліпеня. Ліпень — вяршыня лета. Высока ходзіць сонца. Адтуль, з вышыні, атрымліваем мы і ўся зямля энергію яго промняў. Усё, здаецца, уціхамірваецца. Прырода набіраецца сілы, становіцца дрымотнай, спеліць ураджай. Ноччу чутно, як расце, наліваецца жыта.

Але, як сказаў адзін італьянскі пісьменнік, «няма міру пад алівамі». У гэтыя выхадныя быў з Тамарай у Плешчаніцах. Чуў пра трагічную навіну. Дырэктар торфапрадпрыемства Рагуцкі застрэліў сваю каханку, а потым з той жа стрэльбы забіў і сябе. Амаль як Хэмінгуэй, толькі з іншай прычыны. Хэмінгуэй быў ужо стары і стрэліў у старасці, а Рагуцкі ў росквіце ўзросту і сіл. Меў жонку, сям’ю, але вельмі ўпадаў за сваёй рудой прыгажуняй. Быццам дурманам якім апаіла чалавека. Я яе бачыў. Ён пару разоў выпадкова падвозіў мяне да Мінска. Ззаду сядзела яна. Сапраўды прыгожая, але нейкай як бы грубаватай прыгажосцю. Звярталі на сябе ўвагу яе спелыя грудзі, пульхныя вусны, бляск вачэй і нейкая бессаромнасць. Модная, спушчаная на лоб рудая грыўка рабіла яе легкадумнай. Кончыкамі пальцаў яна ўвесь час папраўляла прычоску. Ведала, што ён кахае яе, і кахае, па-руску кажучы, «безумно».

Цяжка меркаваць, што там паміж імі ўжо адбылося, але, відаць, на нешта яна не згаджалася. А ён ад кахання, як кажуць, задыхаўся і млеў. Жыць без яе не мог. Сцервай была, няйнакш. Зрэшты, жанчына збольшага павінна быць сцервай. А як жа інакш? Гэта адпавядае яе прыродзе — да сэрца ліпнуць і ў кішэнь паглядаць.

Першым стрэлам, калі яна ўстала і пайшла ад яго, у спіну яе штурхнуў, нібыта, як расказваў Пеця (мой швагер), прыкідку зрабіў, другім — яна, ганарыстая, нават не азірнулася — у патыліцу пацэліў. Потым перазарадзіў стрэльбу, зняў з правай нагі чаравік, сунуў рулю ў рот і нагой, вялікім пальцам, націснуў на цынгель…

Тэма кахання — неабдымная і бясконцая. Тры чвэрці сусветнай літаратуры круцяцца вакол гэтай тэмы і засяроджаны на ёй. У рамане Чыгрынава «Плач перапёлкі» яна, гэтая лінія, адсутнічае, і гэта ўспрымаецца мною як недахоп. А вазьміце класіку: «Манон Ляско» абата Прэво, «Мадам Бавары» Флабэра, «Анна Карэніна» Л. Талстога. Пра каханне, калі грозныя і цёмныя жарсці бяруць у чалавеку верх, напісаў А. Купрын. Маю на ўвазе яго «Наталлю Давыдаўну». Цікавае, з новым падыходам, апавяданне Б. Сачанкі «Канапляны чад».

Мінулы раз у лазні нейкі чалавек, неміласэрна хвошчучы сябе бярозавым венікам, расказваў пра жанчыну, якая, ужо з безнадзейнай анкалогіяй, намагалася адрэзаць мужу пэніс. Была да такой ступені раўнівая.

Тая, плешчаніцкая прыгажуня, дарэчы, таксама пакінула пасля сябе мужаўдаўца. Ён, бедны, узяўшы чарку, прыходзіў да яе на магілу ды там, каля магілы, ад перажыванняў, кажуць, і памёр.

24 ліпеня. Сапраўдны мастак павінен адчуваць стыхійную глыбіню быцця. Быццё — гэта «затока ў бурах» (выраз Янкі Скрыгана), у бурах непадуладных чалавеку жарсцяў. Гэта, дарэчы, я калісьці вычытаў у апавяданнях

Усевалада Іванова, якія ён напісаў у 20-я гады. Як і Янка Скрыган сваю «Затоку ў бурах».

27 ліпеня. Дзіўны анекдот пачуў учора — вось яго змест: «Незвычайнае нешта дзеецца ў свеце: немцы змагаюцца за мір (Вілі Брант), яўрэі ваююць (з арабамі), рускія змагаюцца з п’янствам (толькі што выйшла на гэты конт грозная пастанова ЦК)».

1 жніўня. Чытаў у «ЛіМе» рэцэнзію В. Каваленкі на аповесць Б. Сачанкі «Не на той вуліцы». Здалося, што крытык вельмі суб’ектыўна (занадта!) інтэрпрэтуе гэты твор. Днямі прысутнічаў у СП на гутарцы з пісьменніцай з Люксембурга Розмары Кіфэр. Хтосьці спытаў, як у Люксембургу пісьменнікі ставяцца да крытыкі. Самы высокі і патрабавальны крытык, — адказала Розмары, — сам мастак, яго сумленне і творчая прынцыповасць.

5 жніўня. З Б. Сачанкам і А. Вярцінскім ездзілі на кніжную базу да Лапцёнка. Барыс Іванавіч крыўдуе на Віктара за лімаўскі артыкул. А. Вярцінскі, здаецца, нераўнадушны да японскай літаратуры. Як толькі ўбачыў кнігу выбранага Ікары Сайкаку, тут жа ўзяў. Мне таксама дастаўся экзэмпляр.

Барыс Іванавіч «кантралюе» букіністыку Мінска, ведае, у каго які рарытэт. Пакуль кнігам ад тых, хто іх здае, трапіць на паліцу для ўсіх, іх праглядае Барыс Іванавіч. Праўда, такі ён не адзін, але Барыс Іванавіч вельмі паважаны і ўплывовы. Галіна Іванаўна — галоўны спецыяліст букіністычнай кнігарні — гаворыць пра свайго кнігалюба з пашанай.

Набытае ён вельмі беражэ і сцеражэ.

Апошнім часам чытаю (набыў у Лапцёнка) забытага рускага савецкага пісьменніка Андрэя Платонава. Па стылі неверагодна арыгінальны: «без меня народ неполный»; «его уважали сельсоветы»; «волосы её пахли природой»; «она умела первая, не предупреждая, целовать людей»; «в большом зале учреждения стоял гул от умственной работы»; «прошлый год я достала кровельное железо, мне пришлось за это сделать аборт»; «коровы, и особенно быки, слишком впечатлительны, чтобы переносить железнодорожную езду»; «счастье всегда имеет большой размер, оно равняется всему социализму» і г. д. За гэтымі стылявымі дзівосамі стаяць нейкія буйныя зрухі і зломы ў светапоглядзе і светаўспрыманні. А. Платонаў, як я цяпер разумею, быў захоплены вырашэннем нейкіх анталагічных пытанняў быцця. Гэтым у свой час і ў рознай меры былі заклапочаны нашы — Купала, Колас, Багдановіч, Бядуля, Гарэцкі, Чорны, але потым лінія перарвалася.

Неяк у Маскве я пазнаёміўся з літаратуразнаўцам Анатолем Абрамавым з Варонежа. Адтуль і Андрэй Платонаў. Многае з яго спадчыны (раманы, аповесці, п’есы), расказваў Абрамаў, не надрукавана і наўрад ці калі ўбачыць свет. Крытыкуе савецкую сістэму ад пачатку да канца.

15 жніўня. Паляцелі з Заранком і Іосіфам на Прыпяць. На адзін дзень. Тамара не пярэчыла.

У Гліннай Слабадзе наведалі бацькоў Міколы. Ніна Іванаўна ўсё такая ж гасцінная. Каб не рабіць ёй клопату, начавалі ў Мазыры, дзе была заказана гасцініца. У суботу быў цудоўны ўзыход сонца. Запомніліся пяшчотна-ружовыя аблокі, нібы напісаныя нейкім мастаком. Напрыклад, Шчаснай. Паехалі з мазырскімі знаёмымі на рыбалку. Палілі вогнішча, смажылі на патэльні рыбу (купілі ў рыбакоў). Загаралі, адчуваючы, што лета ўжо заканчваецца.

Навучыўся ездзіць на матацыкле «Ява».

Наступную ноч спаў у Заранка на сенавале. Люблю спаць, каб нада мною плавалі зоркі. Тады вельмі надзейны, даверлівы сон. Зоркі не здрадзяць.

Вярталіся дадому пад вечар на «Жыгулях». Няблага адпачылі.

18 жніўня. Заходзіў Шамякін. Пагаварылі. Скардзіцца на непрыяцеляў. Нейкія «тры Б.» Гаворыць пра іх, крыху картавячы. Цікуюць за ім, ставяць палкі ў колы. Але хто гэтыя «тры Б.», не сказаў. «Калі-небудзь іншым разам…»

Іван Пятровіч шмат працуе. Пры гэтым начамі, і ў асноўным над сучаснай тэмай. Пра паслабленне ўвагі да твораў аб падзеях сучаснасці гаварыў у выступленні на сходзе рэспубліканскага партыйнага актыву ў чэрвені гэтага года. «Думаю, — казаў ён, — асноўная прычына ў саміх творах. Відаць, мала сярод раманаў, аповесцей, п’ес, паэм ды фільмаў аб нашых днях і нашых сучасніках такіх, якія адказвалі б на тыя пытанні, якія хвалююць сёння грамадства. Няўмела і нясмела мы пішам пра сённяшняе жыццё…»

«Няўмела і нясмела…» Цалкам згодзен. Узяць хаця б тое плешчаніцкае здарэнне. Жарсці не на жарт! А дзе пра такое прачытаеш у нашай літаратуры? Усё прыгладжана, ураўнаважана, даведзена да «прыстойнасці». На жаль, і шамякінская «Міхаліна» не дае на гэта поўнага адказу.

Пазнанне чалавека было і застаецца галоўным прадметам літаратуры. Больш таго, сёння цікавасць да чалавечых глыбінь асобы выходзіць у літаратуры, як і ва ўсім сучасным мастацтве, на першы план. Не варта — у інтарэсах гэтай праблемы — рэзка размяжоўваць літаратуру па тэмах і звязваць з гэтым мастацкія крытэрыі літаратурнай творчасці. Галоўнае — у чалавеку, у асэнсаванні рэчаіснасці з маральнага пункту гледжання, у выяўленні духоўнага патэнцыялу асобы, у імкненні прасачыць, як гэты патэнцыял раэлізуе сябе ў дзеянні на карысць грамадства.

Хтосьці, адчуваю, можа сказаць: «Гладка гаворыш. А вось узяў бы і напісаў!..» Не кожнаму дадзена напісаць…

23—24 жніўня. Разам з дзецьмі (няма на каго пакінуць) выязджалі на дачу. Крыху працавалі на ўчастку. Збіралі апошнія памідоры, капалі моркву.

Сын суседа Грышы Вячоркі — школьнік. Пэўна, рамантык. Ходзіць па наваколлі, адзін. Пройдзе нейкую адлегласць, спыніцца, стаіць, нібы ў нешта ўслухваецца. Ці не паэт будзе?

На дачы добра, але вечарам, калі ехаць дадому, дык не ўбіцца ў аўтобус.

25 жніўня. Заходзіў Г. — стары, з аспіранцкіх часоў знаёмы, супрацоўнік аднаго з інстытутаў Аддзялення грамадскіх навук Акадэміі навук. Казаў, што ў калектыве Інстытута літаратуры маральнае разлажэнне, былы дырэктар Барысенка п’е.

— Ну, дык а хто цяпер не п’е?

— Ты, брат, як кароль Лір, — паспачуваў Г. — Пакуль у ЦК — цябе паважаюць, з табой лічацца, цябе баяцца. А калі што…

Папраўдзе, я над гэтым не думаў.

30 жніўня. Вецер. Гнуцца дрэвы. Ляціць лісце. Як заўсёды напрыканцы жніўня, перад вераснем. Прырода будзе рыхтавацца да зімы.

4 верасня. Літаратурны вечар, прысвечаны 30-годдзю ўтварэння ДРВ. Выступалі І. Мележ, М. Танк, Я. Семяжон, А. Грачанікаў, Г. Кляўко, Е. Лось, В. Іпатава і інш. Госць з В’етнама гаварыў аб папулярнасці беларускіх кніг у сябе на радзіме. У нас з в’етнамскіх падрадкоўнікаў удала перакладае Я. Семяжон. Малайчына Язэп Ігнатавіч!

6 верасня. Было задажджыла. Цяпер дажджы прыпыніліся. Пацяплела. Хадзіў на Камароўку. Купіў некалькі пачаткаў спелай, як бурштын, кукурузы і два кілаграмы груш. Хутка мама якой-небудзь аказіяй прышле з Брэста сваіх. Грушы ў нас растуць вакол хаты свае — буйныя, жоўтыя, чырванабокія, сакавітыя. Пакуль што пакаштуем з базару.

8 верасня. Па абедзе ў двары СП сустрэў К. Кірэенку. Павіталіся. Я спытаў пра здароўе. Пытанне яму яўна не спадабалася, хоць спытаў я без задніх думак. Больш я ні пра што не пытаўся.

16 верасня. Пасля работы напаткаў пісьменніка І., які вярнуўся з Фінляндыі.

— У музеі амаль і не хадзіў, увесь час бегаў па туфлі для жонкі, — з пісьменніцкай наіўнасцю прызнаўся ён.

20 верасня. Цікавая тэма: Дастаеўскі і Беларусь. Ёсць у Іванаўскім раёне невялікая вёска Дастоева. Яе ў 1506 годзе атрымаў у вечнае карыстанне адважны воін пінскага князя Фёдара Яраславіча Даніла Іванавіч Ірцішч. Ад назвы вёскі і бярэ пачатак прозвішча Дастаеўскіх.

Вялікі рускі пісьменнік Ф. М. Дастаеўскі ганарыўся тым, што яго продкі паходзілі з Беларусі. Ён жыва цікавіўся гісторыяй нашага народа. У кнізе І. П. Шпадарука «Ф. М. Дастаеўскі і Беларусь», якая выйшла ў выдавецтве «Народная асвета», прыводзіцца рэдкі дакумент 1865 года, у якім пісьменнік адзначае ўласцівыя беларускаму народу глыбокую «веру ў сябе і свае сілы, якая дала магчымасць яму ўстаяць на працягу раду стагоддзяў».

Карыстаючыся багатым фактычным матэрыялам, аўтар кнігі расказвае аб асноўных момантах жыцця і творчасці пісьменніка, аб уплыве яго творчасці на беларускую літаратуру, папулярнасці яго твораў у рэспубліцы, знаёміць з мінулым і сучасным вёскі Дастоева.

23 верасня. Пахаванне Міхася Лынькова. Памёр на 76 годзе жыцця. Вельмі сардэчны чалавек. Мне ён здаваўся старым і стомленым. Стаміўся Міколка-паравоз. На пахаванні гучала любімая песня нябожчыка «Жураўлі» на словы Р. Гамзатава.

Удава Соф’я Захараўна не захацела, каб некралог быў падпісаны прозвішчамі Броўкі і Лужаніна. Старыя рахункі.

2 кастрычніка. Споўнілася 60 гадоў Сяргею Сяргеевічу Смірнову. Я асабліва запаважаў яго, калі разам ехалі ў Брэст. З захапленнем слухаў яго аповеды. Было гэта гэтай вясной.

Паслаў віншавальную тэлеграму.

3 кастрычніка. Сёння было б, каб жыў, 80 гадоў Сяргею Ясеніну. У 60-я гады, будучы яшчэ аспірантам, я наведаў вёску Канстанцінава, дзе ён нарадзіўся. Тыповая руская вёска, якіх шмат на Разаншчыне. Стаіць яна на высокім беразе Акі на некалькі кіламетраў. Звычайная вуліца, дамы, дрэвы… Знаёмства з роднымі паэтавымі мясцінамі дапамагае глыбей зразумець яго творчасць.

Хата, дзе прайшло яго дзяцінства. «…З вуліцы выглядала яна вельмі прыгожай. Налічнікі, карніз і свяцёлка дзівосна выразаны і падфарбаваны белай фарбай. Жалезная страха, вадасцёкавыя трубы і абабітыя дошкамі вуглы надавалі ёй святочны выгляд», — так пісала аб роднай хаце сястра паэта Кацярына Аляксандраўна. Хата даўно згарэла. Але перад намі — дакладны адпаведнік ранейшай.

У Канстанцінаве адкрылі мемарыяльны музей паэта, і ўсё там зараз так, як было пры жыцці юнага Сяргея. Нават вуліца каля яго дома не заасфальтавана. Каля веснічак акуратна стаіць таполя, якую пасадзіў Сяргей Ясенін у адзін з апошніх прыездаў дадому. У садзе захавана невялікая хацінка, куды перабралася маці паэта пасля пажару.

«У кожнага паэта, — сцвярджаў Ясенін, маючы на ўвазе перш за ўсё, відаць, сябе самога, — ёсць свой агульны тон фарбаў, свой куфэрак слоў і вобразаў». Ясенінскі «куфэрак» — адзін з самых багатых. Уплыў Ясеніна на беларускую паэзію вельмі значны, асабліва ў 20—30-я гады ды і пазней таксама. Сёння паэта актыўна перакладаюць на беларускую мову, і гэта вельмі добра. Лепшыя пераклады — А. Куляшова і Р. Барадуліна. Вось узор барадулінскага майстэрства:

Шаганэ ты мая, Шаганэ!

Ці таму, што на поўначы доля,

Я гатоў расказаць табе поле,

Як ад поўні святлей збажыне.

Шаганэ ты мая, Шаганэ…

Мне здаецца, выдатна.

8 кастрычніка. У вёсцы Празарокі Глыбоцкага раёна адбылося адкрыццё помніка Ігнату Буйніцкаму. Аўтар — Іван Міско, які ўмее дамагчыся падабенства.

Паціху ўсё ж такі абстаўляемся помнікамі.

9 кастрычніка. Створана група па падрыхтоўцы даклада П. М. Машэрава на чарговым пленуме, уключылі і мяне. Кіраўнік — Ю. П. Смірноў. У прыёмнай групу з усмешкай агледзеў другі сакратар ЦК Аксёнаў: «Интеллектуалы?» — у яго голасе я адчуў нешта накшталт насмешкі. Потым быў інструктаж у таго, хто меўся выступаць з гэтым самым дакладам, — Пятра Міронавіча:

— Трэба, таварышы, зыходзіць з таго, што краіна бярэ новыя эканамічныя і духоўныя рубяжы. Рэспубліка наша, таварышы, індустрыяльна-аграрная. Закурыў цыгарэту, пстрыкнуўшы запальнічкай, раскурыў, дыхнуў блакітным дымам.

— Таварышы! Адышло ў мінулае слова пастух. Цяпер гэта аператар па выкарыстанні пашаў. Вось так! Якія магчымасці ствараюцца дасягнутымі поспехамі? І як да многага яны абавязваюць! І ў гэтай частцы трэба бачыць

недапрацоўкі. Яны ёсць. Пад цяперашняе пагалоўе не хапае кармоў. Спачатку трэба вырашыць кармавую праблему. Толькі пры наяўнасці кармавой базы можна разгортваць будаўніцтва жывёлагадоўчых комплексаў. Нас падвялі вучоныя, якія арыентавалі на бязгноевае ўтрыманне жывёлы. Беларускім землям патрэбен гной.

— Гной у кароўніку дае цяпло! — заклапочана азваўся намеснік загадчыка сельскагаспадарчага аддзела Сакалоў.

— Вот-вот. А мы захапляемся бязгноевым утрыманнем жывёлы!

— Свіней, — зноў падаў той голас.

Пётр Міронавіч не з тых, хто церпіць, калі яго перабіваюць.

— Нам у Беларусіі свінагадоўлю трэба менш за ўсё развіваць. Бязгноевае ўтрыманне ў Беларусіі шкоднае! — рэзка сказаў ён.

Гаварыў Пётр Міронавіч шмат, выказваў нават нешта «крамольнае»:

— Чалавек ёсць чалавек. Мы кажам, што праца — гэта добра. Так, але гледзячы якая праца! На Захадзе любая работа дае пражытачны мінімум. У ЗША чатыры працэнты беспрацоўных. Гэта — нармальна, беспрацоўе здымае многія праблемы.

Нібы спахапіўшыся, сказаў:

— Сёння, таварышы, мы адчуваем якаснае абнаўленне ўсіх сфер нашага жыцця. Гэта — важна. Праз увесь даклад павінна прайсці думка пра якасць. Якасць — гэта высокая культура. Усе пытанні — з пазіцый бачання перспектывы: а што наперадзе. Дарам прадбачання валодаў Ленін і ніколі ў гэтым не памыляўся. Энгельс у тым-сім перабольшваў, але чытаецца ён, як раман. Давайце пафантазіруем і мы.

10—16 кастрычніка. Працавалі ў Заслаўі ў той самай саўмінаўскай рэзідэнцыі. Работа вялася дружна. Некалькі разоў наязджаў Пётр Міронавіч. У панядзелак 13 кастрычніка ён прыехаў пад уражаннем ад убачанага па тэлевізары (трансляцыя з Масквы) вечара, прысвечанага 80-годдзю з дня нараджэння С. Ясеніна. Распрануўся, павесіў на вешалку лёгкае асенняе паліто на футравай падкладцы. Пачаў не пра даклад, а пра Ясеніна. Гаварыў, як звычайна, па-руску:

— Я уловил, написано Есениным немало, создана музыка на его стихи, но сами стихи куда выше, чем музыка, куда музыкальнее. В стихах Есенина особая искренность, такой деликатный, нежный, хрупкий есенинский лиризм. Читали стихи два чтеца. Мне понравился второй чтец. Старался показать Есенина, а не себя, и я ему благодарен. Я хотел больше стихов. Однако, конечно, хороша и музыка Свиридова. Свиридов создает свою музыку…

Гэта я запісаў даслоўна і, жадаючы штосьці дадаць, сказаў, што Ясенін — постаць складаная. Сказаў і пашкадаваў. Пётр Міронавіч зрабіў паўзу, не надта прыхільна зірнуў у мой бок і адвярнуўся. Відаць, сапсаваў я яму песню. Ён любіць маналог, а я міжвольна паспрабаваў ператварыць яго ў дыялог. Я адчуў, што парушыў нейкую нябачную дэмаркацыйную лінію, якая аддзяляла мяне ад яго асобы. Да шэфа далучыўся і Юрый Пятровіч і таксама паглядзеў на мяне з дакорам і асуджэннем. Ну, але што зробіш…

— А цяпер, таварышы, пра даклад, — Пётр Міронавіч вярнуўся да асноўнай тэмы. — Не забыць справаздачную частку. Патрэбен аналіз. Аграрная сфера…

«Аграрная сфера» — галоўны канёк Пятра Міронавіча.

— Будуюцца выдатныя сельскагаспадарчыя комплексы: свінаводчыя, малочныя, па адкорме бычкоў. На жаль, часта забываюцца пытанні экалогіі, зямля заплывае адыходамі, знішчаецца прырода. У нас ёсць сур’ёзны прагрэс у эканоміцы, чаго нельга сказаць пра свядомасць людзей. Надта шкодзіць нам безгаспадарчасць.

«Правільна, талкова разважае», — падумаў я, успомніўшы чамусьці казахстанскую цаліну, калі быў там у другой палавіне 50-х гадоў. Колькі пшаніцы загінула там, зімуючы пад адкрытым небам пад дажджом і снегам! На наступны год далёка навокал чуўся бражны водар.

На інструктажы прысутнічаў А. Т. Кузьмін. Увесь час маўчаў. Рабалепствуе перад П. М. А што зробіш? Першы ёсць першы.

16 кастрычніка. Пётр Міронавіч даў «адмашку» — даклад у асноўным ухваліў. Калі Пётр Міронавіч скончыў і закурыў, нечакана азваўся калега М.:

— Харошая мысля, нездарма кажуць, прыходзіць апасля. У мяне такая мысля саспела. А чаму, калі на праблему глядзець комплексна, не зрабіць так: падзяліць адкормачны комплекс на тры ўчасткі. Першы — адкорм бычкоў. Другі — бройлерныя курачкі. І трэці — свінячы. Кормім бычкоў, а гной з-пад іх аддаем курам, ад кур — свінням. Атрымліваецца экалагічна закальцаваны цыкл, ну, і адпаведна — эканомія.

Гэта было так нечакана па вынаходлівасці, што на пачатку ніхто нават не засмяяўся.

— Гэта нейкае перпетуум мобіле, — здзівіўся Ходас.

Тады патроху пачалі смяяцца і нарэшце ажно зайшліся ад смеху. Смяяўся, круцячы галавой, і Пётр Міронавіч. У 30-я гады хацелі пшаніцу прышчапіць да пырніка, каб не трэба было сеяць, каб расла, як і пырнік. Прапанова М. — з таго ж шэрагу.

Напісаў ліст маме ў Брэст, павіншаваў з днём нараджэння.

17 кастрычніка. Пачала работу Дэкада кнігі ПНР у Беларусі. Быў на выстаўцы. Сустрэў Бярозкіна. Не ведаю, які ў яго быў настрой, але ён прапанаваў: «Давай, таварыш Гніламёдаў, сходзім у «Журавінку». Я ажно зніякавеў:

«У рэстаран? У рабочы час?» Аднак дзень хіліўся ўжо да вечара і рабочы час заканчваўся, а Рыгор Саламонавіч бясконца цікавы чалавек. Я ўздыхнуў і даў згоду, тым болей, што ў кішэні з паўсотні рублёў было. Ніколі б не дазволіў, каб за мяне плаціў Бярозкін.

«Журавінка» сустрэла гасцінна, селі за свабодны столік, зрабілі даволі сціплы заказ: дзвесце грамаў гарэлкі і мясную салату. Зайшла чамусьці гаворка пра Глебку. Можа таму, што і ён не супраць быў час ад часу завітаць у рэстаран. Бярозкін пахваліўся, што з Глебкам (відаць, яшчэ да вайны) выпілі бочку гарэлкі. Глебку хваліў, а на Крапіву скардзіцца. Аднёс у «Полымя» артыкул пра паэму Я. Купалы «На Куццю», а Кірэенка даў на водзыў Кандрату Кандратавічу, і той параіў устрымацца, не друкаваць. Пры савецкай уладзе гэтая купалаўская рэч — «невыязная», калі і друкавалася, дык толькі адзін раз, недзе на пачатку 20-х. Знаходзіцца ў «спецсхове».

Каб падняць субяседніку настрой, я прыгадаў, як быў усцешаны сябар Крапівы Броўка, калі прачытаў у «Вячэрнім Мінску» артыкул пра сябе «Сталасць — гэта не старасць», як хваліўся: «Сам Бярозкін пра мяне напісаў!

Бярозкін!» Чуў на свае вушы.

— Сапраўды, я даўно пра яго не пісаў, — пагадзіўся Рыгор Саламонавіч, — яшчэ з канца 50-х, калі ён не прыняў мой артыкул пра яго ў кніжцы «Паэзія праўды». Вельмі быў незадаволены, дык я перастаў яго чапаць.

Я прыгадаў, як ездзіў у Брэст у кампаніі Сяргея Сяргеевіча Смірнова і колькі дзіўнага, незвычайнага расказаў ён пра чалавечыя лёсы ў вайну. Пра некаторыя збіраецца напісаць.

— Хай бы пра мой напісаў, — уздыхнуў мой візаві. — Ён умее пісаць.

— Дык вас трэба звесці!

Бярозкін амаль не есць, затое часта курыць, зацята смаліць свой «Беламор». Раптам згадвае:

— У святлоўскай «Гренаде», памятаеце, ёсць радкі:

Смычками страданий

На скрипках времен…

— Памятаю.

— А ці ведаеце, што гэта за радкі? Што ў іх?

— Радкі прыгожыя, — сказаў я, а што імі хацеў сказаць паэт — гэтага я, па праўдзе, не ведаў.

— Гэта гісторыя яўрэйскага народа.

Я, прызнацца, быў здзіўлены.

— Дык вось і маё жыццё такое… — Ён памаўчаў. — Арыштавалі мяне перад вайною. Я быў на той час малады, але ўжо вядомы крытык. Разам з Піменам Панчанкам і Уладзімірам Кандраценем у 1938 годзе ездзіў на ўсесаюзныя курсы маладых пісьменнікаў у Маскву. Цікавая была паездка. Нам чыталі лекцыі, наладжвалі сустрэчы. Сустракаліся з Ісакам Бабелем, Аляксеем Талстым, Фадзеевым, Усеваладам Івановым, літаратуразнаўцамі Леанідам Цімафеевым і Барысам Сучковым, былі ў майстэрні Пятра Канчалоўскага, у тэатрах, у МХАТе, на выстаўках. Засталося шмат уражанняў, асабліва ад сустрэчы з Бабелем, ад якога я ўпершыню пачуў, што пісьменнік павінен быць паўнацэнным мужчынаю. Каб яго сексуальная энергія перайшла на творчасць, субліміравалася ў ёй. Інакш творчасць будзе бляклай і слабой. Пры гэтым Бабель спасылаўся на Горкага і Талстога. З Горкім Бабель сустракаўся, і той сам яму пра гэта казаў.

— А самі вы, Рыгор Саламонавіч, што на гэты конт думаеце?

— Я мяркую, што ўсё ж такі эмацыянальная прырода творчасці шырэй. Абапіраецца яна не толькі на сексуальную адоранасць творцы, але і на іншыя складнікі. Вы ж вось пішаце, дык паназірайце за сабой.

Узялі яшчэ па чарцы.

— Але ж мы ўхіліліся ад вашага аповеда, — напомніў я.

Рыгор Саламонавіч закурыў.

— Усяго не раскажаш. Гісторыя доўгая. Хіба што некаторыя моманты. Арыштавалі ў 1940-м, калі з групай пісьменнікаў вяртаўся з Беластока, дзе мы сустракаліся з пісьменнікамі-пачаткоўцамі і чытачамі. Арыштавалі на пад’ездзе да Мінска, у поездзе. Апранулі на мяне шынель і па пероне вялі ў шынялі. Магчыма, каб не відаць было, што вядуць арыштаванага, што вядуцца арышты. Але людзі азіраліся, шынель быў замалы. Трапіў на «валадарку», і пачаліся допыты. Следчыя мяняліся адзін за другім, а я сядзеў на адным месцы, не ўстаючы з табурэткі. Спаць не давалі. Канвеерная сістэма. Пра ўсё, здаецца, спыталі, усе пытанні вычарпалі, але следчаму пакідаць паддопытнага ў спакоі нельга, і зноў усё пачынаецца спачатку. Потым крыху адчапіліся, пакінулі ў камеры, перавялі ў Пішчалаўскі замак. Мне страшэнна балелі зубы, але на гэта ніхто не звяртаў увагі. Затое прынеслі з турэмнай бібліятэкі кнігу — «Пархоменка» Усевалада Іванова, таго самага, з якім у Маскве на курсах сустракаліся. Раман слабы, непраўдзівы. Потым, дарэчы, Усевалад Іваноў каяўся, што, здрадзіўшы сумленню, напісаў яго.

Рыгор Саламонавіч жартуе: «Вольгу Бяргольц таксама дапытвалі: «Вы были в связи с Авербахом?» — «Только в половой», — адказала паддопытная. Вядома, гэта не той жарт, з якога можна смяяцца.

— У першыя дні вайны нас, зэкаў, калонай пагналі на ўсход. Клалі ніцма да зямлі, прыстрэльвалі. Траплялі пад бамбёжку, і аднойчы мне ўдалося ўцячы. Падаўся на фронт. Прайшоў ад Сталінграда да Берліна. У сорак чацвёртым трапіла да мяне беларуская газета, даведаўся пра смерць Кузьмы Чорнага. Ведаеце, так шкада яго стала. Перамогу святкаваў у Берліне. З Берліна паслаў допіс у «ЛіМ» — развагі пра паэзію. І вось якая штука атрымалася: мой матэрыял прачыталі не толькі тыя, каму я адрасаваўся, але і ў КДБ. Гэта я зразумеў, калі заўважыў за сабою хвост — двух у дыяганалевых плашчах і юхтовых ботах. Зразумеў і адразу пайшоў да стаматолага, каб вырваць хворыя зубы. У турме надта цяжка з хворымі зубамі, ніхто не дапаможа.

Арыштавалі і пасадзілі ў Маабіцкую турму. Апынуўся я ў адной камеры з лётчыкам-эсэсаўцам. Праз дзень-другі сталі размаўляць, разгаварыліся. Я па-нямецку ведаю. Расказаў пра адзін эпізод са свайго ваеннага жыцця, які меў адносіны да авіяцыі. Было гэта на Варонежскім фронце, на перадавой. Мы тады з вінтовак лупілі па нямецкіх самалётах, якія часам над намі лёталі. Збіць самалёт з вінтоўкі цяжка, практычна немагчыма, і нам забаранілі псаваць патроны. І ведаеце, што адказаў немец?

— Дарэмна, — сказаў ён. — Куля трапляе ў крыло, і на плоскасці вырастае кветка. Машыну адпраўляюць у рамонт, нашываюць лату, папраўляюць крыло. Гэта займае пэўны час. Машына выходзіць са строю.

— Шкода відавочная, — згадзіўся я.

— А наша камандаванне забараняла.

Мяне інтрыгавала, што ў лёсе Рыгора Саламонавіча было далей.

— Выйдземце на свежае паветра, — прапанаваў ён, і мы разлічыліся з афіцыянтам.

Выйшлі на бераг Свіслачы.

— Потым, пасля берлінскага Маабіта зноў быў Пішчалаўскі замак і зноў прынеслі, падалі ў акенца раман Усевалада Іванова «Пархоменка». Проста містыка нейкая! Далей былі лагеры. Гэта — цяжкія старонкі майго жыцця. Вы не ўяўляеце, што гэта такое — жыццё за калючым дротам. Знясільваючая праца, жорсткасць начальнікаў, блатнякі… Дарэчы, пра гэта мог бы расказаць Сталяроў.

— Супрацоўнік бюро па прапагандзе літаратуры?

— Ён самы. Разам «маталі» тэрмін. Ён умеў «ціснуць» блатнякам раманы. «Анну Карэніну» пераказваў, і «Графа Монтэ-Крыста». Былі яшчэ ў нашай брыгадзе Барыс Сучкоў і Гумілёў Леў Мікалаевіч. З імі было цікава. Барыс добры ўчотчык быў, умеў вынікова закрыць нарад, а Леў Мікалаевіч кнігі свае сачыняў. Алоўка і паперы не давалі, дык ён у галаве, напамяць сачыняў.

— А хто ж на вас данос зрабіў? — спытаў нарэшце я.

— Айзік.

— Кучар?

— Ён.

Ідучы берагам Свіслачы, заўважылі ў вадзе нейкага вусатага звярка. Плыў да берага, смешна натапырыўшы вусы. Выдра, ці што? Рыгор Саламонавіч зноў закурыў, зацягнуўся папяросай.

— Цяжка табе там, у тваім ЦК, — паспачуваў ён, — кідай, ідзі куды ў газету ці часопіс. Ты ж маеш фах на руках, няблага пішаш пра літаратуру…

— Я пра гэта думаю.

Праз сквер дайшлі да праспекта і развіталіся.

Ноччу доўга не мог заснуць. Выйшаў на балкон. Неба. Зоры. Кажуць, што зорнае неба — гэта і ёсць самы вялікі цуд на свеце, што і нарадзіцца варта толькі дзеля таго, каб назіраць, цешыцца, здзіўляцца зорнаму небу, Месяцу, Сонцу. Гэта вызваляе ад пошлай аднастайнасці жыцця, адорвае пачуццём свабоды, адчуваннем паўнаты і інтэнсіўнасці ўражанняў і перажыванняў, пазбаўляе ад эгаізму і фанатызму.

18 кастрычніка. У «Мастацкай літаратуры» выйшла двухтомная «Анталогія ўкраінскай савецкай паэзіі» на беларускай мове. Алесь Траяноўскі просіць у гэтай сувязі напісаць артыкул для «Звязды». Няма жадання за што-небудзь брацца, але, відаць, давядзецца. Даўно ўжо нічога не друкаваў. Мусіць, згодна прымаўкі: «Салавей у клетцы не спявае». Затое цешыць чужы поспех. Выйшла выбранае Рыгора Барадуліна — «Свята пчалы». Добрую прыдумаў назву! Багатая атрымалася кніга, сардэчная.

Пад полазам белым,

з’інелай падковай,

Галінкай азяблаю

крохне —

хрусь,

Як яблык, крамянае і хрупаткое

Слова марознае: «Беларусь».

Хто яшчэ так скажа, як Барадулін?!

20 кастрычніка. 70-годдзе з дня нараджэння П. Броўкі адзначае Масква. Вечар у Калоннай зале Дома Саюзаў. Здаецца, ніхто з беларускіх паэтаў такога гонару не меў. Толькі вось выдзелілі для мерапрыемства «цяжкі» дзень — панядзелак.

21 кастрычніка. Хадзіў на спектакль «Брама неўміручасці» па п’есе Крапівы. Здзівіў рэжысёрскі «давесак»: над сцэнай, пад столлю бушуе і раве на ўвесь тэатр малпа. Што гэта абазначае, што сімвалізуе, — невядома. Наш час? Эпоху? Ці чалавечую структуру ўвогуле, у якой слаба ладзяць паміж сабой свядомае і бессвядомае, «кара» і «падкорка»?

23 кастрычніка. Паляцелі ў вырай гракі. Пацішэла.

Скардзіцца на нездароўе Мележ.

31 кастрычніка. Даклад М. Лобана на аб’яднаным пасяджэнні секцый прозы і крытыкі «Проза маладых — майстэрства, тэндэнцыі». У Саюзе пісьменнікаў, паводле маіх назіранняў, ідзе змена пакаленняў, але на плённым

развіцці літаратуры, у прыватнасці прозы, гэта амаль не адбіваецца. Проза маладых, трэба прызнаць, надта кволая, як і іх жыццёвы вопыт. Па сутнасці, няма цікавых дэбютаў і няма чаго чытаць. Бракуе сур’ёзных абагульненняў. Марцэлеў сказаў, што ў маладых «адчуваецца недахоп сацыяльнай напоўненасці». Гэта традыцыйнае патрабаванне артадаксальнай крытыкі. Але ж няма сацыяльнага без глыбіні звышсацыяльнага, метафізічнага, калі хочаце. Пра гэта варта было б сказаць маладым, але не скажаш, бо забаронена. Старыя дапамагаюць маладым, а маладыя калі-небудзь абавязкова скажуць: «Саступіце нам дарогу! Вы нам святло засціце, вам на той свет пара!»

«Прыходзіць час, калі трэба адкласці іголку, каб маглі пачаць шыць іншыя». Не ведаю, чыя гэта прымаўка, які народ яе стварыў, але яна правільная.

3 лістапада. Дзень нараджэння Якуба Коласа. Класік. Бацька нацыі. Дакладней, адзін з бацькоў.

Дачуўся, што аднаму з цеплаходаў Дунайскага параходства прысвоена найменне — «Якуб Колас».

У Інстытуце літаратуры выдаецца збор твораў у 14-ці тамах. Шкада аднак, што многія творы сапсаваныя цэнзурай, няаўтарскімі праўкамі і ў такім пакалечаным выглядзе і выдаюцца.

Ужо разы са тры наведаў коласаўскія мясціны — Мікалаеўшчыну, Альбуць, Высокі Бераг, Свержанскую граду і інш. Апошні раз у Мікалаеўшчыне былі з Данілам Канстанцінавічам. Заязджалі ў Стоўбцы. У нядзелю там базар. А я аматар завітаць на базар, на местачковы, паслухаць гаману, людскую рознагалосіцу. Прайшліся з Данілам Канстанцінавічам паміж радамі. Я пачуў, як адзін мешчанчук пытаўся ў другога:

— Ну, як кідаешся?

— Трапячуся, — адказаў той, частуючы сябра папяросай. — А ты як?

— Таксама. Трапячуся.

Гэта значыць — яны павіталіся. У Якуба Коласа такой формы людской гаворкі, здаецца, няма. Даніла Канстанцінавіч пацвердзіў:

— Няма.

А цікава. Нешта ў гэтым ёсць.

5 лістапада. У магазінах, асабліва ў прадуктовых, паўсюль чэргі. Заранок кажа, што тых, хто стаіць у чэргах, называюць стоікамі. Але не ўсюды дрэнна, у многіх калгасах і саўгасах рэспублікі справы ідуць няблага, як, напрыклад, у Верцялішках на Гродзеншчыне. У газетах друкуюцца матэрыялы: «Маладзеюць Верцялішкі». Шмат што, на маю думку, залежыць ад старшыні, ад яго чалавечых якасцей, таленту і магчымасцей.

8 лістапада. Памёр Ісак Ісакавіч Любан — славуты кампазітар, аўтар песні «Бывайце здаровы». Словы — Адама Русака, мелодыя — яўрэйская. Першым яе заспяваў Л. Уцёсаў. Палюбілася і прыжылася на Беларусі, ды і не толькі на Беларусі. Л. Уцёсаў спалучыў джаз з народнасцю. Вялікі артыст.

12 лістапада.У Саюзе пісьменнікаў Беларусі адбылася дыскусія «Паэт — пакаленне — час». З дакладам выступіў Алег Лойка. Адзначыў, што развіццё сучаснай беларускай паэзіі адбываецца па шляху большай праўдзівасці, шчырасці, перажытасці і аўтабіяграфізму. Унутранае аблічча яе лірычнага героя праступае ўсё больш выразна — у сацыяльна-філасофскім і маральна-этычным сэнсе. Абуджаюцца эстэтычныя пошукі, імкненне да наватарства, цікавасць да мастацкай шматколернасці слова. Паэзія ўсё часцей паглыбляецца ў індывідуальнае, уласнае, аўтабіяграфічнае. Схільнасць нешта абвяшчаць, да чагосьці заклікаць, прамаўляць саступае месца роздуму, рэфлексіі.

Чуў нядаўна ад рэдактара «Полымя» Кірэенкі, і гэта гучала як скарга, нараканне, што немагчыма сёння падабраць нізку новых добрых вершаў аб партыі, аб камуністах.

Я лічу, што на маладых не трэба крыўдаваць, не трэба іх залішне вучыць. Мэта кожнага пакалення — яно само. Кожнае пакаленне мае свой уласны ўнікальны досвед, свае патрэбы, жаданні, прэтэнзіі, дамаганні, урэшце новыя формы жыцця.

У перапынку, у кулуарных размовах Пімен Панчанка, страсаючы попел з цыгарэты, якую курыў, быў катэгарычны:

— Малады той, хто яшчэ не ілжэ.

Меў на ўвазе сябе? Залішняя катэгарычнасць заўсёды далёкая ад праўды.

14 лістапада. Вечар у СП, прысвечаны 100-годдзю Альберта Паўловіча (1875—1951). Аўтар папулярных гумарыстычных апавяданняў, жартоўных сцэнак, гумарэсак, анекдотаў, баек, лірычных вершаў. Сёння пра яго мала хто памятае. Чуў пераказ некаторых гумарэсак А. Паўловіча ад У. Караткевіча. Ведае!

16 лістапада. Сустракалі групу замежных пісьменнікаў — удзельнікаў Міжнароднага сімпозіума на тэму: «Гістарычны вопыт Другой сусветнай вайны і адказнасць пісьменніка за лёс свайго народа і чалавецтва ва ўмовах разрадкі міжнароднай напружанасці». Былі (хоць і не самыя знакамітыя) і немцы, і чэхі, і палякі, і французы, і масквічы, — і ўсе пагадзіліся, што тэма Вялікай Айчыннай вайны так і не стала гісторыяй. Гэтая думка гучала ў выступленнях многіх удзельнікаў сімпозіума — як нашых, так і замежных.

Ваенная тэма, на маю думку, эвалюцыяніруе ў плане паглыблення пасціжэння псіхалагічных і маральна-этычных канфліктаў, праламляючыся ў адчуваннях успрымаючага суб’екта, расце цікавасць да праўдзівых фактаў і дакументаў, да сімволікі і прытчавасці, фальклорных традыцый.

На агульным фоне рэзка выдзяляецца кніга А. Адамовіча, Я. Брыля і У. Калесніка «Я з вогненнай вёскі…» — пра людзей, якія прайшлі праз смерць.

17 лістапада. Тэатр імя Маякоўскага ў Маскве стварыў пастаноўку па аповесці В. Быкава «Трэцяя ракета». Рэжысёр — Я. Лазараў. Гэта стала вядома і ў нас. Калега В. К. з суседняга аддзела незадаволены. У час абедзеннага перапынку ў скверыку ён пачаў казаць: «Чаму гэта ўсё Быкаў ды Быкаў, як бы апроч яго нікога ў нас няма?» — «Ёсць», — згадзіўся я. — «Дык выходзіць, што дрэнна працуе Міністэрства культуры і ваш аддзел?» Я зразумеў, што тут што-небудзь даказваць не выпадае, але растлумачыў, што «Трэцяя ракета» — твор вельмі сцэнічны.

В. К., відаць, ведае, адкуль дзьме вецер. Работа нашага аддзела задавальняе далёка не ўсіх. Культура — справа тонкая, тут не надта загадаеш. Гэта яшчэ Ленін сказаў.

18 лістапада. З тыдзень ужо як атрымалі ліст ажно з Урала, з Іжэўска, ад нейкага Фокіна Варфаламея, удзельніка грамадзянскай вайны ў Сібіры ў 1918—1920 гадах. Піша пра другога ўдзельніка грамадзянскай вайны — Уладзіміра Азіна, з якім ён быццам бы служыў у 28-й дывізіі і якога ён абвяшчае здраднікам, спасылаючыся на тое, што добра ведае ўсё як было. У першым томе БелСЭ пра героя грамадзянскай вайны Уладзіміра Азіна — «жалезнага начдзіва» — змешчаны артыкул, а нейкі Фокін піша абы-што, нясе нейкую «адсябяціну» на падставе ўласных уражанняў і ўспамінаў. Даслаў ён свой ліст нам, таму што Азін — беларус, з сям’і «портного» Віцебскай вобласці.

Пераслаў ліст у акадэмію дырэктару інстытута Петрыкаву. Праз пару дзён прынеслі адказ, які мяне вельмі здзівіў. У ім гаварылася, што Інстытут гісторыі нічога пэўнага на ліст т. Фокіна адказаць не можа, паколькі няма дакументаў. Няма дакументаў? Але ж пра «жалезнага начдзіва» У. Азіна выйшла ўжо некалькі кніжак!

Што адказаць Фокіну?

19 лістапада. На зямлі, усё роўна як спачывае, снег. Але яшчэ не зіма, а толькі зазімак.

Адзначыў сваё сямідзесяцігоддзе Янка Скрыган. Сімпатычны чалавек і пісьменнік, сябар Паўлюка Шукайлы, у маладосці перахварэў на футурызм. Быў рэпрэсіраваны, доўгі час жыў у высылцы. Трымае ў кішэні сцізорык, прымацаваны тонкай вяровачкай да пояса. Люблю чытаць яго «Беглыя запісы», якія ён друкуе ў «ЛіМе». Вось адзін з такіх запісаў: «Успамінаю, як у нас гаварылі. Блакіт — гэта колер тонкі, лёгкі, з ласкаю для вока: блакітнае неба. А калі жанчына купляла хустку, то казала: «Купіла галубовую хустку». Гэта ўжо колер грубейшы, гусцейшы, больш празаічны.

Калі ткалі кросны, то ніколі не гаварылі, як у слоўніку: чаўнок. Гаварылі чоўнік. «Гэта ж мужчыны зрабілі новы чоўнік, дык цяжкавата ходзіць яшчэ».

А калі куплялі гаршкі на рынку, дык спрабавалі моц, стукаючы па іх костачкамі пальцаў. Калі гаршчок (ці міска, ці макацёр, ці гладыш, ці злівак) быў пабіты, гэта пазнавалі па глухім голасе. На такі гаршчок казалі, што ён трупціць. Здаецца, што іначай і сказаць нельга, але цяпер у любой пасуднай краме гавораць іначай: не звініць.

У слове «трупціць» было знаццё справы, прырода самой рэчы, вобраз, мадэль».

Здароўя Вам і доўгіх год жыцця, дарагі Іван Аляксеевіч.

20 лістапада. Варфаламею Фокіну адказаў праз Іжэўскі абкам партыі (там, аказваецца, яго ведаюць). Папрасіў сказаць, што яго ліст перададзены гісторыкам. Хай не турбуецца.

22 лістапада. «ЛіМ» друкуе ўрывак з рамана В. Адамчыка «Чужая бацькаўшчына» пад назвай «Тастамент». Мне падабаецца проза В. Адамчыка, асабліва ў яго апавяданнях («Кароль Нябожа» і інш.).

Сёння чуюцца галасы, што жанр рамана-эпапеі састарэў, што пісьменніку ў паказе жыцця трэба канцэнтравацца на адной асобе. Падобныя выказванні здаюцца мне празмерна катэгарычнымі.

24 лістапада. Паведамленне з Берна, дзе жыў Томас Ман: знойдзены і маюць быць выдадзеныя (калі дазволяць нашчадкі) яго дзённікі 1933—1955 гадоў. Вось бы пачытаць! Люблю гэтага пісьменніка, як і Р. Бярозкін. Т. Ман пайшоў, мне здаецца, далей за Дастаеўскага, абмежаванага ўсё ж такі расійскай праблематыкай, расійскім (рускім) менталітэтам.

26 лістапада. Пленум праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Парадак дня:

1. Падрыхтоўка да ХХV з’езда КПСС і ХХVІІІ з’езда Кампартыі Беларусі і зацвярджэнне даты склікання рэспубліканскага з’езда пісьменнікаў.

2. Абмеркаванне праблемы майстэрства пад дэвізам: «Час, пісьменнік, майстэрства».

З дакладам па першым пытанні выступіў І. Шамякін. Не ставала, на маю думку, канкрэтыкі.

З’езд дамовіліся праводзіць у першай палове мая наступнага года. Васіль Хомчанка задаў пытанне, калі будзе скончана будаўніцтва Дома пісьменніка. Ніхто гэтага дакладна не ведае.

Па другім пытанні слухалі М. Арочку (паэзія) і В. Каваленку (проза). М. Арочка адзначыў «працэс эпізацыі паэзіі», «настроенай на цвярозы роздум аб свеце». Хваліў «Варшаўскі шлях» А. Куляшова з яго «далёкасяжнай аб’ёмнасцю сэнсу», ганіў паэму М. Лужаніна «Як нараджаўся новы свет» за «раскіданасць і бесхрыбетнасць». У дакладзе знайшлі водгук і ацэнку многія паэмы і вершы. Сярод іншых быў згаданы верш П. Панчанкі «Творчасць»:

Іду, як заўсёды, у купалаўскі сад,

Падняўшы каўнер і насунуўшы кепку,

А ў садзе шуміць залаты лістапад…

Шапчу я: Іван Дамінікавіч, кепска…

Працуем, а нас не чытаюць амаль,

Жартуем, а людзям чамусьці не смешна…

Паэт — істота чуйная. Сапраўды, уражанне такое, што наступіла новая эпоха. Людзі жывуць іншымі, больш меркантыльнымі, клопатамі. Карыслівы інтарэс — не радасны. Сумна.

Я застаўся пры думцы, што паэзія — гэта перш за ўсё характар у яго эмацыянальным і маральным выяўленні. Паэзія павінна быць інтымнай, асабовай, экзістэнцыяльнай, як гавораць на Захадзе.

Востра прагучаў змястоўны даклад В. Каваленкі, які кваліфікавана крануў творчасць многіх празаікаў розных пакаленняў, імкнучыся давесці, што сапраўднае жыццё складаней, чым тое, якое адлюстравана ў нашых творах.

Выказваліся і самі празаікі, але не надта цікава.

П. Дзюбайла ў сваім грунтоўным выступе аналізаваў новую аповесць Б. Сачанкі «Не на той вуліцы». У аповесці выведзены адмоўны тып пісьменнікаграфамана Парасюка і станоўчы герой — герой-апавядальнік Калінка, якія на самай справе, паводле думкі П. К., родзічы, адзін і другі — прыстасаванцы.

Трэба будзе сказаць Барысу Іванавічу, каб не прымаў блізка да сэрца, а то ён уражлівы.

Відавочна, узрастае роля дакументальнага пачатку ў развіцці літаратуры. Я над гэтым шмат думаю. Мастацкая літаратура многае бярэ ў дакументалістыкі. Дастаеўскі знаходзіў у факце «глыбіню, якой няма ў Шэкспіра… Бо не толькі каб стварыць і пісаць мастацкія рэчы, але і каб толькі прыкмеціць факт, патрэбен таксама ў сваім родзе мастак». Некаторыя — магчыма, часткова ў сувязі з гэтай думкай Дастаеўскага, лічаць, што «сучасны» Шэкспір (г. зн. мастак яго маштабу) магчымы толькі на дакументальнай аснове. Не, думаецца, эстэтычная аснова сучаснай літаратуры ўсё ж такі шырэй, яна ўключае багаты свет уяўлення, здольны многае праясніць у самой рэчаіснасці. Будучы Шэспір абавязкова выкарыстае і гэтыя паэтычныя магчымасці.

Нейкі маладзён, але смелы (ці нахабны?) хлапчына падышоў да Брыля: «Вось я хацеў бы пісаць, як вы. Вось што за дзень убачыў, пра тое і напісаў. Скажыце, як гэта зрабіць?» — «Звычайная справа, — адказаў Іван Антонавіч, — няма нічога прасцей. Кладу перад сабой чысты аркуш, бяру пяро ці аловак і пішу». Яго суразмоўца нічога не адказаў, толькі ўздыхнуў.

29 лістапада. Быў у Атоліне. Чырванеюць на снезе сцябліны маліны. Цішыня. Адчынілі прадуктовы магазінчык з гарэлкай, але, кажуць, сочаць, хто колькі бярэ.

3 снежня. У знакамітай вёсцы Жупраны Ашмянскага раёна на магіле Ф. Багушэвіча адкрыты помнік. Скульптар, здаецца, З. Азгур. Мне здаецца, што ў яго беларускіх работах заўсёды прысутнічае яўрэйская тэма, гучаць тыя «скрипки времён», пра якія разважаў Барозкін.

5 снежня. Іосіф Скурко працуе ў міжнароднай маладзёжнай установе «Спутник». Мае службовую машыну — «Волгу». Працуе з замежнай моладдзю, з якой умее знайсці агульную мову. Пару дзён назад прапанаваў паехаць на Мядзельшчыну да дзядзькі Хведара — у Сваткі. Разам з намі едзе Рыгор Барадулін, якога Іосіф (мы, сябры, завем яго Юзікам) дужа паважае і любіць, лічыць сваім настаўнікам.

Выехалі ў пятніцу вечарам, пасля рабочага дня. Дарога — доўгая. Ехалі праз лес і ўваліліся ў прымерзлую і прыцярушаную снегам лясную калдобіну, ды такую глыбокую, што вада хлынула ў салон. Ледзь адчынілі дзверцы і выбіраліся па пояс у ледзяным крошыве. Вымаклі капітальна.

— Ну, усё! Запаленне лёгкіх забяспечана! — запанікаваў паэт.

Сталі ламаць ніжнія галіны дрэў і кідаць пад колы. Эфект — нулявы, прабуксоўваюць. Давялося пайсці наперад, пашукаць нейкага трактара. Цёмна, неба завалаклі хмары, але дарогу, прысыпаную сняжком, відаць. Прайшоўшы кіламетры з тры, адчуў пах нейкага варыва, а потым заўважыў і агеньчык. Гэта быў калгасны кароўнік, гатавалася ежа скаціне. Ля агню сядзеў дзяцюк гадоў трыццаці, падкладваў у агонь дровы. Аказалася, што ён і ёсць трактарыст. Болей таго: брат майго добрага знаёмага па Акадэміі навук Анатоля Шастаковіча. Хутка паразумеліся, ён завёў трактар, пасадзіў мяне побач, і мы паехалі на месца здарэння. «Волга» — лёгкая, і трактар выцягнуў яе, як кажуць, умомант, як пушынку, а праз гадзіну-паўтары мы былі ўжо ў Сватках у дзядзькі Хведара, які сустрэў нас вельмі гасцінна. Асабліва калі даведаўся, што з намі Рыгор Барадулін. Народ ведае сваіх паэтаў!

Памыўшы рукі, паселі за стол, накрыты ўвішнай гаспадыняй, узрадаванай прыездам Юзіка. Была і чарка. Гаспадар падаў прыклад — прыгожа выхіліў кілішак у рот. «Крэпкая, зараза!» — пахваліў гарэлку Юзік, спажыўшы свой кілішак. Пад канец выпілі журавінавага квасу.

Назаўтра дзядзька Хведар закалоў кабанчыка, які ўжо з раніцы падаваў трывожны голас, рохкаў, чуючы, відаць, нешта нядобрае. Калоў сусед, які памайстэрску валодаў «швайкай». Смалілі, як усюды цяпер, паяльнай лямпай. Тут вызначыўся Рыгор Іванавіч. Навучаны дзядзькам Хведарам, жвава вадзіў лямпай па свінячым азадку.

Частаваліся свежыной. Асабліва смачнай паказалася пячонка з цыбуляй.

Прабылі ў Сватках амаль увесь дзень. Дадому выправіліся толькі вечарам.

10 снежня. Начальству ўсё больш падабаецца выступаць з артыкуламі. Не даць рады! Толькі аднаму закончыш «матэрыял», як ужо нясуць «заказ» (хутчэй — загад) ад другога — пішы! Ды яшчэ патрабуюць нейкай асаблівай якасці. Кожны хоча паказаць, што ён сучасны і разумны. Відаць, цяпер такая партыйная мода, новы стыль. Адзін з сакратароў — дык той нават крыўду выказаў: «Себе вы вот как пишете, а мне не хотите…»

Трэба і сабе штосьці напісаць. Дзеля заробку. Зарплата невялікая, 220 руб. Ганарар якраз дарэчы.

13 снежня. Семінар дзіцячых пісьменнікаў у Каралішчавічах. Адкрыў Максім Танк уступным словам «Камуністычнае выхаванне дзяцей і моладзі і задачы беларускіх пісьменнікаў». Выступалі І. Чыгрынаў, А. Вярцінскі, Г. Бураўкін і ў тым ліку я. Сказаў, што лёс кнігі цяжка прадказаць, часам кніга мяняе свайго адрасата. «Рабінзон Круза» Даніэля Дэфо ствараўся для дарослых, а стаў любімай кнігай дзяцей, а, скажам, «Аліса ў краіне цудаў» пісалася Льюісам Кэралам для сваёй маленькай пляменніцы Алісы, а цяпер кнігу чытаюць дарослыя.

15 снежня. Панядзелак. Прачнуўся з раніцы, і ад адной думкі, што трэба ісці на работу, скіс, пагоршыўся настрой. Аднак спадзяюся, што калісьці усё ж такі атрымаю «вольную».

Выпісваю думку з ліста А. Чэхава нейкаму Леонтьеву-Щеглову (трэба даведацца, хто гэта):

«Не надо брезговать жизнью, какова бы она ни была».

Які аднак разумны Чэхаў! Таму яго і хочацца чытаць.

20 снежня. У лазні пачуў анекдот, хаця той лысаваты чалавек, які расказваў, запэўніваў, што гэта праўдзівае здарэнне. Муж з жонкай пасварыліся і некалькі дзён не размаўлялі. А калі ўжо трэба пільна высветліць тое ці іншае, пісалі адзін да аднаго запіскі. Аднойчы вечарам жонка знаходзіць запіску ад мужа:

«Разбудзі мяне заўтра у 6 гадзін раніцы».

Назаўтра муж прачнуўся і з жахам заўважыў, што ўжо 9 гадзін. Праклінаючы ўсё на свеце, зрываецца з ложка і раптам бачыць на коўдры паперку:

«Уставай, ужо шэсць!»

У гэтым анекдоце ёсць нешта вельмі беларускае, але не магу даўмецца, што.

Цікава ўсё ж такі пабыць у лазні, «у густой пары» (як казаў Кузьма Чорны), у асяроддзі звычайных дзядзькоў. Свой дух!

26 снежня. Дзень нараджэння адзначалі сціпла. Сціпла — гэта па-мойму. Быў Лёня. Тамара напякла пірагоў з капустай. Пірагі пячы ўмее, нездарма ў яе прозвішча па бацьку — Каравай. Кажу: «Хай бы ты не мяняла, а пакінула сваё».

27 снежня. У. Калеснік прыслаў, з аўтографамі сааўтараў, кнігу «Я з вогненнай вёскі…» Калі кніга друкавалася ў часопісе «Маладосць», Уладзімір Андрэевіч прапанаваў мне ўгадаць, якія старонкі (раздзелы) рыхтаваў ён. Я не змог ні ўгадаць, ні вызначыць па стылі. Цяжка ж вызначыць — гэта маналогі-ўспаміны людзей, людзей у стане афекту. Кіламетры плёнкі!

Нехта казаў, што ў Калесніка не склаліся адносіны з Адамовічам. Столькі ездзілі разам і — не склаліся?

30 снежня. Немагчыма прагназаваць літаратурны працэс. Літаратура мудрэй за самога пісьменніка. Цяжка прадказаць, як яна будзе развівацца. Пакуль што, прынамсі, гэта нікому не ўдавалася. У творчасці шмат таямніц. Амерыканскі пісьменнік і філосаф ХІХ ст. Эмерсон, рамантык па складзе душы, сцвярджаў, што «ў кожным закладзены зародак генія». Вось як!


1976


1 студзеня. Кіруша спявае каля навагодняй ёлкі:

В лесу родилась ёлочка.

А кто её родил?

Четыре пьяных ёжика

И Генка-крокодил.

Чалавеку два гады з нечым, а ўжо вунь што спявае. Недзе чуў! Ці навучыў хто? Воленька пазірае на брата, слухае, як ён спявае.

Вечарам хтосьці званіў, магчыма хацеў павіншаваць з Новым годам, але Тамара сказала, што ён (г. зн. я) адсыпаецца за мінулы год. Так яно, зрэшты, і было.

2 студзеня. На працы. Шмат віншаванняў. Столькі ў мяне ніколі не было. У асноўным ад пісьменнікаў. Загадчык нашага паштовага аддзялення (у цокальным паверсе) Парамон нават пажартаваў: «Вам столькі ж віншаванняў, як Пятру Міронавічу». Каб не заганарыцца! А то, чаго добрага, заганаруся.

5 студзеня. Пачалася падрыхтоўка да ХХVІІІ з’езда Кампартыі Беларусі, які мае адбыцца праз месяц — у пачатку лютага. Групу, якая будзе займацца напісаннем даклада, інструктаваў у сваім кабінеце сакратар ЦК па ідэалогіі А. Т. Кузьмін. Гаварыў пра тое, што лічыць неабходным «вставить в доклад». Не забыць пра выступленне М. Суслава (надрукавана ў «Правде»), а таксама выступленне Саломенцава на ўручэнні прэмій.

— Сфармуляваць даручэнне пісьменнікам і кіношнікам: работа па зборы жывых дакументаў удзельнікаў вайны, ветэранаў. Трэба спяшацца, таму што яны адыходзяць.

Гэтае ўказанне — у тую частку даклада, за якую адказваю я.

— Закрануць такую праблему, як «трагедия художника». Да-да! На прыкладзе Быкава. Ён імкнецца да ідэалу, а ідэал недасягальны. Ідэал! Гэта падалося мне нечаканым і цікавым. Асабліва з вуснаў сакратара ЦК. Аднак калі ўжо разважаць пра трагедыю Быкава (невядома ці такая трагедыя ёсць у наяўнасці), дык яна папросту заключаецца ў тым, што Быкаву перашкаджаюць. А можа, тое, што яму перашкаджаюць, стымулюе яго? Творчы працэс — рэч супярэчлівая.

— Павінна быць крытыка і самакрытыка, — працягваў свае развагі сакратар. — Часам натыкаешся на факты, абсалютна незразумелыя. Уявіце сабе: уручаем сцяг ЦК, а яны апладзіраваць не ўмеюць. Дажыліся! Еле-еле слышна. Ну, куда гэта гадзіцца? Эх, беларусы! — Замест «беларусы» ў яго атрымалася амаль па-японску: «бералусы». У голасе загучалі незадавальненне, прыкрасць: — Пра што гэта сведчыць? Пра тое, канешна, што на мястах у нас яшчэ нізкая культура. Храмае на абедзве нагі ідэалагічная работа. Важны праблемы міравазрэнія, класавага васпітанія. Апяць-такі, маладзёж…

Потым была гутарка ў Пятра Міронавіча, які паставіў задачу раскрыць гістарычныя дасягненні савецкага народа, прадумаць «меры» па росце і паляпшэнні работы кадраў на ўсіх узроўнях, прааналізаваць стан арганізатарскай работы партарганізацый. Не ўпусціць своеасаблівасць цяперашняга этапа.

Крыху нечаканым мне падалося, што «своеасаблівасць цяперашняга моманту» Машэраў бачыць у «гераізме адзінкі і мас»: «Героизм стал достоянием тысяч и миллионов. Это — одно из крупнейших наших завоеваний».

Асабіста для мяне больш актуальным сёння ўяўляецца не гераізм, а хутчэй меры заахвочвання, стымуляцыі працы, тое, што сам Пётр Міронавіч называе «побудительными мотивами». Але ці не пойдзе гэта «ўразрэз з сацыялізмам»?

Сустрэў Сашу Я. У яго шмат знаёмых сярод святароў. Відаць, з іх слоў папярэджваў, што на куццю, напярэдадні Раства, вельмі лютуе д’ябал, асабліва не дае спакою жанчынам, нават старым. Строгі пост, а сатана лютуе, зманьвае. Я ў падрабязнасці не ўдаваўся, не распытваў, але страху ён на мяне нагнаў.

7 студзеня. Раство Хрыстова. Паўсюль ажыўленне, радасць. Калега П. здзіўляецца, незадаволена круціць галавой.

8 студзеня. Дэлегатамі на ХХVІІІ з’езд Кампартыі Беларусі вылучаны М. Танк, І. Шамякін, П. Броўка, К. Крапіва. З гасцявымі мандатамі — І. Мележ, К. Кірэенка, А. Макаёнак, І. Чыгрынаў, А. Грачанікаў. Чыгрынава падтрымаў я. Ёсць у ім пісьменніцкая саліднасць.

9 студзеня. На анкету «ЛіМа» аб бягучым моманце адказвае шэраг пісьменнікаў і кампазітараў — І. Мележ, Я. Брыль, І. Шамякін, В. Быкаў, Г. Вагнер і інш. Д. Бічэль-Загнетава хораша выказвае свае ўражанні: «Радуе наша рэчаіснасць». Мне асабіста такія словы вельмі прыемна чытаць, я люблю дадатныя, пазітыўныя эмоцыі. Але цяпер, прызнаюся, пачуваю сябе не лепшым чынам. Надакучыла пісаць «матэрыялы» для начальства. Адчуваю, што гэтая пісаніна прыніжае мяне ва ўласных вачах.

10 студзеня. Іван Чыгрынаў успамінаў сваю маці, якая казала, што яе сын ніколі не імкнуўся, каб у яго былі сябры. Іван Гаўрылавіч тлумачыць:

— Не меў у гэтым патрэбы. Я заўсёды сам па сабе.

Між іншым, мне гэта зразумела, бо і мяне самога ніколі не цягнула бегчы за ўсімі, у натоўпе.

12 студзеня. Выраз (чуў яго ўжо не раз, асабліва ад В. Рабкова): «Интеллигент запущенный». Гэта, відаць, прозва нашай беднасці. Якім жа ён можа быць і будзе, інтэлігент той, пры такой жабрацкай зарплаце…

13студзеня. «Звязда» надрукавала маю рэцэнзію на анталогію ўкраінскай савецкай паэзіі на беларускай мове. Пісаў з ахвотай. Украіна заўсёды была для мяне роднай і блізкай. У маім Кругелі размаўляюць, можна сказаць, паўкраінску.

На Украіне шмат, больш чым дзе, выдатных паэтаў. Адзін з такіх — Андрэй Малышка, якога пераклаў Аркадзь Куляшоў:

Я не зайздрошчу ні душой убогім,

Ні іх жыццю, што ў сытым сне міне,

Няхай яны зайздросцяць тым дарогам,

Трывогам тым, што дасталіся мне.

Я не зайздрошчу дробным іх размовам,

Ліслівы тон душы не закране,

Няхай яны маім зайздросцяць словам,

Якія боль і радасць для мяне…

Аўтар і яго, як кажуць, «кангеніяльны» перакладчык тыпалагічна вельмі блізкія паміж сабой, пішуць і адчуваюць у адным паэтычным ключы.

15 студзеня. Даў нечаканасць шаноўны Піліп Пестрак. Пагубляў, бедны, усе дакументы: і партбілет, і пасведчанне дэпутата Вярхоўнага Савета БССР, і членскі білет Саюза пісьменнікаў, і іншае, у тым ліку білет члена Літфонда. Прынёс у праўленне Літфонда заяву: «Прашу выдаць мне паўторна білет члена Літфонда, бо без яго я нішто». Супрацоўнікі Літфонда, на чале з Віктарам Рабковым падраслі ў сваіх вачах і запаважалі сябе яшчэ больш.

16 студзеня. Створаны Савет пры СП Беларусі па сувязях з МУС. Мэта Савета — стымуляваць з’яўленне твораў пра супрацоўнікаў органаў унутраных спраў па ахове грамадскага парадку і барацьбе са злачыннасцю. Галоўны ініцыятар стварэння гэтага Савета — Мікалай Чаргінец. Ён аўтар некалькіх удалых дэтэктываў. Сябруе з Рабковым. Цікавы, мне здаецца, чалавек.

18 студзеня. Нядзеля. Чытаю М. Бахціна: «В языке нет лишних слов». Выдатная думка! Выдатная і правільная. Нездарма М. Бахцін цяпер самы папулярны тэарэтык літаратуразнаўства. Па-мойму, ён, апроч таго, глыбокі філосаф. Філасофская падкладка (кантаўская традыцыя) у яго адчуваецца.

20 студзеня. Аўтарскі вечар Пімена Панчанкі ў філармоніі. Уступнае, ухвальнае слова сказаў Н. Гілевіч. Выступілі П. Броўка, А. Куляшоў, М. Танк і інш. Пра паэзію П. Панчанкі і сказана, і напісана даволі шмат, а будзе напісана, па ўсім відаць, яшчэ больш — гэта з’ява жыцця, творчая, здольная на актыўнае ўзаемадзеянне з жыццём і часам. Ён — з тых паэтаў, якія не абмяжоўваюцца толькі адлюстраваннем свету, хай сабе і вельмі «мастацкім» адлюстраваннем, а страсна імкнуцца ўздзейнічаць на яго сілай сваіх пачуццяў, вобразаў, маральных ідэалаў. Можа, таму ў яго столькі чытачоў, сяброў, прыхільнікаў…

На мінулым тыдні ў «ЛіМе», на дзвюх палосах, было інтэрв’ю П. Панчанкі. На пытанне: «Над чым вы працуеце сёння?», ён адказаў:

«Калі гаварыць пра сённяшні дзень, дык цяпер я здаў да выдання зборнік вершаў пад назвай «Крык сойкі». Над гэтым зборнікам я працаваў апошнія тры гады. Спытаеце, чаму я так назваў зборнік? Сойка — вельмі прыгожая птушка. Цікавая яна яшчэ і тым, што заўсёды паднімае трывожны крык, калі непадалёку з’яўляецца нехта чужы. Голас сойкі трохі непрыемны, але рэзкі, як крык перасцярогі перад нейкай пагрозай…

Што я хачу выказаць такой назвай?

Я вельмі люблю лес, родную прыроду і мяне непакоіць тое, што на ўладаннях сойкі нярэдка з’яўляюцца, шчыра кажучы, непажаданыя госці з ліку турыстаў ці выпадковых вандроўнікаў. Назва кнігі, вядома, умоўная. Яе не трэба прымаць аднабакова, бо гэта не проста крык і нават не маё асабістае папярэджванне, а голас усяго нашага грамадства, усяго народа, які клапоціцца аб захаванні нашых лясоў, аб чысціні вод у нашых рэках, азёрах і марах, аб захаванні жывой прыроды, расліннага і жывёльнага свету, захаванні атмасферы, каб не толькі нам лепш жылося, але каб усю гэтую прыгажосць захаваць і перадаць нашым нашчадкам, унукам і праўнукам, людзям будучых пакаленняў і будучых стагоддзяў. Каб гэта здзейснілася, у кожным сэрцы сёння павінен гучаць крык сойкі».

Уражанне такое, што Панчанка палагаднеў, сцішыўся, стаў больш удумлівым. Паглядзім, гэта цікава.

26 студзеня. Перакладчык С. ізноў ажаніўся. Пры сустрэчы расказаў жарт: «Адзін у другога пытаецца:

— Ці праўда, што Бог забраў у цябе трэцюю жонку?

— Праўда, браце. Але я ўзяў чацвёртую: бярэ Бог, бяру і я».

С. скардзіцца на захворванне страўніка, харчуецца бурачкамі з маянэзам.

2 лютага. Усё больш прыкметная тэндэнцыя — рост дакументалістыкі. Яна мае свае рысы і адзнакі. У сучаснай дакументалістыцы стала вельмі адчувальна асабовасць аўтара, яго суб’ектыўнасць, нават калі ён свядома адыходзіць на іншы план, даючы слова героям і дакументам. Роля светапогляду, палітычнай, маральнай пазіцыі пісьменніка тут надзвычай вялікая. Гэта характэрна ўсім формам і жанрам дакументальнай літаратуры — уласна дакументальнай, мастацка-дакументальнай, навуковай.

Мастацкая дакументалістыка як адзін з відаў вялікай літаратуры мае сваё разгалінаванне жанраў, звязаных агульнай сістэмай з жанрамі ўласна мастацкімі — раманам, аповесцю, п’есай, паэмай і г. д., ніколькі не адмяняючы іх, а наадварот — узбагачаючы.

Дакумент забяспечвае літаратуру праўдай, паэзіяй «нехлусні». Літаратура можа і павінна параўноўваць сябе з дакументалістыкай — гэта для яе важна. Дакументальны матэрыял заўсёды плённа ўплываў на прозу, раман, даючы ім амаль, так сказаць, «гатовы змест» і напрамак далейшых пошукаў, актыўна ўплываючы на мастацкую форму.

4 лютага. Будуецца Дом літаратара (архітэктар Грыгор’еў).

Алесь Адамовіч (сказаў пры сустрэчы) завяршае манаграфію «Беларуская проза на літаратурнай планеце». Гэта ці не адзіны ў нас даследчык, які разглядае беларускую прозу не толькі ў яе нацыянальнай спецыфіцы, але і імкнецца паказаць яе як частку агульнасаюзнага працэсу ў кантэксце сусветнай літаратуры. Алесь Адамовіч — вучоны-кампаратывіст, крытык і пісьменнік у адной асобе. Ён, трэба адзначыць, не надта паважае філасофскія сістэмы, якія прэтэндуюць на канчатковую ісціну і прад’яўляюць да жыцця вузкія, дагматычныя патрабаванні. У сваім бачанні беларускай літаратуры, на якую ён імкнецца глядзець «здалёку і зблізку», у створанай ім канцэпцыі рамана тэарэтычная думка даследчыка адчувае сябе досыць свабодна, натуральна і нязмушана, у злагадзе з гістарычнай логікай літаратурнай творчасці, развіццём мастацкага слова.

5 лютага.Адкрыўся ХХVІІІ з’езд Кампартыі Беларусі. Плошча каля Дома афіцэраў застаўлена машынамі: «волгі», «уазікі», «масквічы».

6 лютага. Выступленне М. Танка на ХХVIII з’ездзе Кампартыі Беларусі: «Разам з партыяй, разам з народам». Усё тое ж самае, што колькі гадоў таму.

10 лютага. Пасяджэнне секцыі крытыкі і літаратуразнаўства з дакладам М. Мушынскага «Сучасная беларуская літаратура ў люстры крытыкі». Выступілі А. Клышка, М. Лобан, К. Губарэвіч, А. Мальдзіс, з пісьменнікаў-«генералаў» ніхто не выступаў, апроч хіба што Мікалая Аляксеева — генерала ад інфантэрыі, але ніяк не ад літаратуры.

Адносна ўплыву крытыкі і літаратуразнаўства на бягучы літаратурны працэс. Колькі помню — крытыкаў заўсёды крытыкавалі за недастатковасць такога ўплыву. Аднак ён ёсць і праяўляецца па-рознаму. Не толькі, скажам, у закрытых выдавецкіх рэцэнзіях. (Калі б выдаць закрытыя рэцэнзіі некаторых крытыкаў, то, думаю, атрымаліся б цікавыя, шчырыя кнігі, якія б, безумоўна, сведчылі ў карысць такога ўплыву.) Часам крытыка і тым уплывае на твор і нават дае яму ацэнку, што не гаворыць пра яго. Па-рознаму складваюцца ўзаемаадносіны крытыкі і літаратуры.

Вядома, ва ўстанаўленні каштоўнасці твора вялікая роля належыць крытыцы. Тут маюць значэнне ўсе якасці асобы крытыка: сіла інтэлекту, жыццёвы вопыт, маральныя прынцыпы, эстэтычная чуласць, культурная памяць, інтуіцыя. Гэта яшчэ раз было падкрэслена на гэтым пасяджэнні, у дакладзе і ў некаторых выступленнях.

14 лютага. Нядзеля. Гартаю час ад часу падораны калісьці Коршунавым (і ўкладзены ім) зборнік прадмоў і пасляслоўяў Ф. Скарыны. На гэты раз спыніўся на прадмове да «Книги Иудив вдовици»: «Як звяры, што блукаюць у пушчы, ад нараджэння ведаюць сховы свае, як птушкі, што лётаюць у паветры, помняць гнёзды свае, як рыбы, што плаваюць у моры і ў рэках, чуюць віры свае і як пчолы бароняць вуллі свае — гэтак і людзі да месца, дзе нарадзіліся і ўзгадаваны ў Бозе, вялікую ласку маюць».

Хочацца з’ездзіць у Кругель, убачыць аднапасельцаў.

16 лютага. Дні беларускай літаратуры ў Гродзенскай вобласці. Групы пісьменнікаў накіраваны ў кожны раён. У Смаргонь паехалі Я. Семяжон, Е. Лось, Ю. Голуб, Р. Семашкевіч і я. Меркавалася, што М. Танк мае далучыцца да гэтай групы, у якую ён уключаны, пазней. Паехалі ад ганку СП на ўазіку, які прадаставіла кіраўніцтва Смаргонскага раёна. Па дарозе спыніліся ў вёсцы Дамашы, адкуль Рыгор Міхайлавіч родам, у яго хаце. Маці паіла гарачым чаем на зёлках. Паехалі далей. Дарога няроўная, калдобістая ды яшчэ і галалёд. Адзін раз крутанута так, што ўазік развярнула ў адваротны бок. Еўдакія Якаўлеўна ажно заекатала ад страху. Уазік наш на летніх, ужо добра пацёртых шынах, дык яны і коўзаюцца.

У Смаргоні каля райкама партыі сустрэў Юрка Голуб, які з’явіўся напрамую з Гродна. Адбылася гутарка ў райкаме партыі. Першы сакратар тав. Патрыкееў азнаёміў з раёнам, яго эканомікай і паказчыкамі ў бягучым часе.

Смаргонскі раён як асобная адміністрацыйная адзінка ўтвораны ў 1960 годзе. У раёне 57 тыс. насельніцтва (28 чал. на 1 кв. км), 23 калгасы. З гістарычных мясцін — Крэва, дзе была заключана Крэўская унія, ёсць помнікі ад Першай сусветнай вайны. Тут стаяў фронт. Я ўспомніў, што недзе тут у студзені 1917 года ў баі пад Смаргонню быў паранены мой дзядуля Лявонцій Міхайлавіч. Падабралі санітары, і ён ляжаў у шпіталі ў Залессі. Куля трапіла ў левае плячо. Ледзьве ўратавалі руку і то, дзякуючы доктару Талстой (дачцэ Л. М. Талстога), якая па медыцынскай часці служыла ў тым шпіталі. Яна ж яго і лячыла. Рука захавалася, хоць і напаўжывая, але плуга трымаў.

Абудзіў ад успамінаў голас Патрыкеева, які гаварыў пра ўраджайнасць. Ураджайнасць па Смаргонскім раёне — 12,8 цэнтнераў у 8-й пяцігодцы і 22,3 цэнтнера ў 9-й. Надоі малака — па 386 цэнтнераў на 100 га «пашні» (раллі).

17—18 лютага. Сустрэчы ў калектывах працоўных. Чытанне вершаў, адказы на пытанні. Голуб і Семашкевіч выступаюць, падтрымліваючы адзін аднаго, але найбольшы поспех мелі Я. Семяжон і Е. Лось. У Язэпа Ігнатавіча цудоўныя пераклады, асабліва з Бёрнса, у Еўдакіі Якаўлеўны — лірыка.

Гаспадары частавалі гарэлкай і мясцовай палыноўкай, а пасля заключнага вечара (Танк так і не з’явіўся) на заводзе жалезабетонных вырабаў (дырэктар — мажная жанчына з рашучым характарам) быў банкет у раённым рэстаране. Далучыўся тав. Патрыкееў, які выйшаў невядома з якога ўвахода. Паселі за стол, і Патрыкееў, сеўшы ў тарцы, пачаў казаць:

— Я спрабаваў чытаць беларускую літаратуру, але ў вас няма вострых сюжэтаў.

Семяжон пасміхнуўся і як бы нават падтрымаў яго:

— Жыццё — гэта суцэльныя сюжэты. Раз, два — і сюжэт, — дыпламатычна зазначыў ён.

— Вось я аб гэтым і кажу! — Патрыкееў ткнуў у паветра пальцам.

«Ну, што яму запярэчыш, — падумаў я, — і ці варта. Так павялося ўжо, што ў літаратуры ўсе лічаць сябе «докамі». Рыгор нешта пачаў казаць, удакладняць накшталт таго, «якія сюжэты вы лічыце вострымі», але прысутныя пабралі ўжо ў рукі чаркі, збіраючыся выпіць за поспехі.

Крыху падпілі, і стала шумна, пачаўся абмен думкамі, аповеды, анекдоты. Язэп Ігнатавіч успомніў, як англійская каралева, калі ён быў з адказным візітам у Англіі ў складзе савецкай дэлегацыі (адразу пасля вайны), падарыла яму адрэз «з тонкага-тонкага бастону» на касцюм. «Усё адно як ведала, што ў нас тады не дастаць было».

Азваўся, калі жанчыны кудысьці адышліся, і Патрыкееў. Аказваецца, ён таксама ведае нямала анекдотаў. Расказаў пра ветэрана, у якога спыталі:

— Скажите, вы пережили такие непростые времена. Когда вам было лучше: при Сталине, Хрущеве или Брежневе?

— При Сталине, — ответил ветеран.

— Но почему?!

— Бабы были моложе.

Слухачы пакаціліся ад смеху.

Потым размова зайшла пра вайну. Семяжон і Патрыкееў — яе ўдзельнікі. «Дзе ж цяпер Гітлер?» — задаў пытанне Патрыкееў. Язэп Ігнатавіч сказаў агульнавядомае: застрэліўся, а труп спалілі, абліўшы бензінам. Усё гэта, дарэчы, доказна апісана ў кнізе Алены Ржэўскай «Берлин, май 1945», на што Патрыкееў адрэагаваў з сумневам:

— Пакуль не прачытаю, не паверу.

У мяне гэтая кніга ёсць, паабяцаў прыслаць Патрыкееву.

20 лютага. Я ўжо ў Мінску, дзень правёў на рабоце. Тут усё па-ранейшаму, «цякучка», як заўсёды. Атрымаў паштоўку ад Сабіра з Баку, віншуе з кожным святам, на гэты раз з днём Савецкай Арміі.

21 лютага. Паслаў Патрыкееву ў Смаргонь кнігу А. Ржэўскай «Берлин, май 1945».

Марудна будуецца Дом пісьменнікаў па вуліцы Фрунзе, трэба падганяць. Гаварыў з архітэктарам Грыгор’евым.

22 лютага. Разам з Барысам Сачанкам наведалі Лужаніна і Яўгенію Эргардаўну. Гаспадар у добрай форме, жвава бярэ чарку.

— Як бавіце час? — бадзёра спытаў Барыс Іванавіч.

— Для мяне ўжо час — гэта чаканне старасці, — сціпла адпавёў гаспадар.

— Яшчэ, Саша, не грашы! — запярэчыла яму Яўгенія Эргардаўна.

— Не старасці, а будучыні, — удакладніў Барыс Іванавіч.

— Дык гэта адно і тое ж.

Узаемаадносіны чалавека з часам заўсёды былі няпростыя. Я ўспомніў сітуацыю ў рамане Аскара Уайльда «Партрэт Дарыяна Грэя». Там герой, чым бліжэй да старасці, тым болей маладзеў. Гэта, зразумела, прыдумка пісьменніка. А. Уайльд у духу свайго часу часта эксперыментаваў, змешваючы такія паняцці, як ісціна, мараль, прыгажосць. А заадно — старасць і маладосць.

— Людзі хочуць жыць доўга, дажыць да старасці, — зноў уставіла слова гаспадыня, — а дажыўшы, крыўдуюць на яе, бэсцяць. Зрэшты, нічога іншага ад людзей не даводзіцца і чакаць.

— Старасць таксама неблагі час, — сказаў Аляксандр Амвросьевіч. — Важна не даваць, каб ён цябе сагнуў. Каб чалавек не звяў і не ўпаў у дэпрэсію. Тут могуць дапамагчы праца, прырода, лес…

Беларуская прымаўка наконт старасці сцвярджае: «Пад старасць і кот дурнее». Ну, але гэта ўжо гаворка ідзе пра глыбокую старасць. Не ўсё так песімістычна, як здаецца: старасць — недзе я чытаў — час зусім асобных, непаўторных фізічных і псіхалагічных працэсаў, вышыня жыццёвага досведу, і крыўдна было б усяго гэтага не мець.

23 лютага. «Мужчынскі» дзень. На гэты раз ён выпаў у нядзелю.

Вечарам еду ў Маскву.

З’явіўся другі нумар «Полымя» з маім артыкулам «Воблік пакалення». Пакаленне і час. Час таксама мае свае адметныя рысы, сваё аблічча. Уражанне такое, што сёння страчана навізна часу. Як у Сальвадора Далі: гадзіннік расплыўся і спыніўся.

24 лютага. Пасяджэнне Савета па беларускай літаратуры ў Маскве. Абмяркоўваўся стан беларускай прозы. Выступалі Ю. Верчанка, А. Аўчарэнка, І. Чыгрынаў, Дз. Кавалёў, В. Каваленка, В. Аскоцкі, А. Адамовіч і інш. З Кастрамы прыехаў Ігар Дзядкоў. Гаварылі пра рознае і па-рознаму.

Найболей блізкі да ісціны ў ацэнцы сучаснага стану беларускай літаратуры быў, на мой погляд, А. Адамовіч (якога Аўчарэнка называе на ўкраінскі манер — Олэсь), які выказаўся так:

— Сучасную беларускую літаратуру мы вымяраем крытэрыямі высакаразвітай літаратуры, той, якая ўвабрала ў сябе і «крок наперад у эстэтычным развіцці чалавецтва» — эстэтычны вопыт Л. Талстога, а таксама Дастаеўскага. «Крок» гэты азначае бязлітаснасць праўды аб чалавеку і адначасова павага, вера ў яго. Літаратура, адзначалі выступоўцы, пачынае абмяркоўваць пытанні паходжання, адзінства і прызначэння чалавека, зямлі і космасу. Яна імкнецца спазнаць сувязі, якія спалучаюць у адно цэлае, скажам, кветку пралескі, бляск зоркі і лёс чалавека. Пісьменнікі востра адчулі, што навукова-тэхнічная і гаспадарчая дзейнасць чалавека вядзе да дэгуманізацыі свету. Беларуская літаратура ў лепшых сваіх узорах адстойвае гуманістычныя ідэалы сусветнай культуры, захоўвае і адкрыта дэманструе сваю каштоўнасную арыентацыю.

Ігар Дзядкоў дрыжачым голасам гаварыў аб нейкіх бязлітасных людзях, «бестрепетно беспощадных», якія кожнага гатовы ўзяць за глотку і душыць. Крыху здагадваюся, каго ён меў на ўвазе.

26 лютага. Суседні аддзел прапаганды здымае з новага зборніка П. Панчанкі некалькі вострых вершаў, назва таксама не падабаецца. Гэта якраз той «Крык сойкі», пра які паэт гаварыў у сваім інтэрв’ю «ЛіМу» ў мінулым месяцы. Выкідаюцца цудоўныя вершы: «То ў надзеях, то ў скрусе…», «Я гаварыў занадта гучна…», «Замоўкнуў жураўліны скрып калысак…» і інш. Мае калегі залішне, кажучы па-руску, «усердствуют», «рвение не по разуму». Вырашыў шукаць дапамогі ў А. Т. Кузьміна.

Пімен Емяльянавіч заадно крыўдуе і на сваіх калег. Аднойчы я спытаў у яго, хто з пісьменнікаў яму падабаецца.

— Талстой, Шэкспір і Дастаеўскі.

— А з нашых?

— Ніхто.

Вельмі сярдзіты. Не надта спрыяе і тое, што паэт мае званне народнага. Нарэшце, не так даўно, атрымаў.

27 лютага. Пачалася падрыхтоўка да чарговага, VІ з’езда пісьменнікаў СССР, перад якім павінен адбыцца VІІ з’езд пісьменнікаў Беларусі. Трэба будзе правесці справаздачныя сходы ў абласных аддзяленнях. Вырашана дэлегатаў на з’езд не выбіраць, а запрасіць увесь склад СП. Паўстала пытанне, дзе, у якім памяшканні праводзіць з’езд. Нехта (здаецца, Юрэвіч) выказаў намер выступіць. І. Чыгрынаў паціху пажартаваў:

— Ну-ну, патаўчы ваду ў ступе.

Часам бачуся з Іванам Гаўрылавічам. Ён апантаны сваімі раманамі, ездзіць па тых месцах, дзе адбываліся падзеі, сустракаецца з героямі. «Раман, браце, гэта не дысертацыя, — кажа ён мне, — для рамана вунь колькі ўсяго трэба!» Расказаў, што, працуючы над «Плачам перапёлкі» (гэта было на дачы), падтрымліваў сябе варэннем. Салодкае паляпшае памяць, але падскочыў «сахарок». Цяпер збівае з дапамогай доктара Ладуценкі. Што ж, творчасць — яна жорсткая, патрабуе здароўя.

29 лютага. «Прощеное воскресение». Не ведаю, як гэта па-беларуску. Людзі даруюць адзін аднаму крыўды, просяць прабачэння. І гэта, павінен сказаць, няблага прыдумана. Айцы царквы папрацавалі на гэты конт добра, удумліва.

4 сакавіка. Не перастаю думаць над чыгрынаўскім «патаўчы ваду ў ступе». Часам ён у некалькіх словах умее сказаць пра многае. Я з ім згодзен. Геніяў зараз у нас няма, у асноўным усе «таўкуць ваду ў ступе».

Дык як, у якім напрамку пабудаваць работу з’езда?

Надзённыя пытанні сучаснага — тым больш сённяшняга! — літаратурнага працэсу… Адказаць на іх заўсёды было няпроста. «У сучасніка, — пісаў некалі Ю. Тынянаў, — заўсёды ёсць адчуванне няўдачы, адчуванне, што літаратура не ўдаецца…» Папрокаў (друкаваных і асабліва вусных) у адрас сучаснай беларускай літаратуры (усіх родаў і жанраў) шмат: літаратура, кажуць, «прабуксоўвае», адстае ад імклівай плыні жыцця з яго новымі тыповымі канфліктамі, праблемамі, характарамі… недастаткова ўплывае на духоўныя запатрабаванні чалавека, слаба фарміруе іх…, крытыка, маўляў, стала падобнай на літаратуру — такой жа рахманай, бясстраснай, паблажлівай, — бо яна прымірылася з яе недахопамі…

Не адмаўляю, у гэтых меркаваннях ёсць значная доля ісціны. Аднак такая аднабаковая і адназначная ацэнка ўсяго літаратурнага працэсу была б, безумоўна, памылковай, несправядлівай. Ён развіваецца, хаця і нераўнамерна, але расткі новага, свежага, абнадзейваючага ўзнікаюць у мастацтве пастаянна. Важна ўсё ж такі мець на ўвазе пэўную канструктыўную лінію яго развіцця і пошукаў.

З’езд павінен адказаць на многія пытанні.

5 сакавіка.«ЛіМ» дае матэрыялы да юбілею К. Крапівы. Яму — 80 гадоў. Выступілі П. Броўка, С. Шушкевіч, З. Стома і інш.

Арыгінальны чалавек, не падобны на каго іншага. Арыгінальны драматург. Яго «фантастычная камедыя» «Брама неўміручасці», дае, мне здаецца, падставы меркаваць, што славуты асветнік, пад канец жыцця, у пэўнай ступені зняверыўся ў ідэях і ў ідэалогіях — у здольнасці іх ахапіць цэласную карціну быцця, карэнным чынам змяніць чалавечую прыроду. Уважліва прачытаўшы п’есу, можна прыйсці да высновы, што аўтару «Брамы неўміручасці» ідэі, нават самыя маштабныя, здаюцца частковымі, прыватнымі, а пагэтаму і абстрактнымі, у гэтым сваім творы Крапіва набліжаецца да шырокай панарамы жыцця. Жыццё заўсёды складаней, чым мы аб ім думаем.

У мове — пурыст, праціўнік дыялектызмаў. Партыйныя босы яму давяраюць. Афіцыйны ахоўнік працэсу набліжэння беларускай мовы да рускай.

6 сакавіка. Субота, але давялося выступаць перад слухачамі рэспубліканскіх курсаў у партшколе. Прачытаў лекцыю пра сучасную беларускую літаратуру і развіццё літаратурнага працэсу, расказаў пра тое, што чуў на пасяджэнні Савета па беларускай літаратуры пры Саюзе пісьменнікаў СССР у Маскве. Гэта былі ідэалагічныя работнікі, якія на месячных курсах падвышалі сваю кваліфікацыю.

У канцы мне паступіла запіска:

«У. В. Гніламёдаву.

Ці маглі б Вы з пазіцый літаратурнага крытыка выказаць свае адносіны да ўрыўкаў з новага твора І. Шамякіна, што друкуюцца сёння на старонках «Звязды»? Ці даюць «Два месяцы новай эры» падству лічыць, што гэты новы твор зойме пачэснае месца ў беларускай Ленініяне, стане значнай з’явай у літаратуры 70-х?»

Шамякін мае свайго чытача, для якога ж, пэўна, і піша. А «пачэснае месца» — гэта ўжо хто і як на яго трапіць. Дзіўныя людзі гэтыя «ідэалагічныя работнікі».

7 сакавіка. Снегу няма, усё растала, з дрэў капаюць кроплі веснавой вільгаці. Часам я гляджу на дрэва і паміж галінак бачу чыйсьці твар, як бы на мяне чалавек глядзіць. Але гэта калі даць свабоду ўяўленню, а, відаць, поўнай свабоды даваць яму нельга.

8 сакавіка. Жаночы дзень. У армянскага радыё запыталі, што такое надзея. Радыё адказала, што гэта вельмі жывучая руская баба. Што б ні здарылася, яна памірае апошняй.

Літаратура — тая ж надзея.

12 сакавіка. У Люксембургу, у Доме савецкай культуры, адбыўся вечар беларускай літаратуры. Чыталі ўрыўкі з твораў В. Быкава і Е. Лось. Прысутнічаў пасол.

Цяпер Еўдакія Якаўлеўна, пэўна, не будзе скардзіцца на няўвагу да сваёй творчасці.

13 сакавіка. Нарэшце ўладжана пытанне з «Крыкам сойкі», удалося адстаяць і вершы, і назву. Шчыра дапамог М. Ф. Дубянецкі.

Дзень прыкметна павялічыўся.

16 сакавіка. Зноў пачалася зіма. За ноч наваліла снегу. За акном — завіруха. Ужо каторы раз сёлета пачынаецца зіма. У лісце да свайго сябра М. А. Максімовіча Гогаль прасіў: «Напиши, в каком состоянии у вас весна».

Стыль дзелавы, нават, я сказаў бы, сучасны. Дзіўна, што такое мог напісаць Гогаль. Дык вось у нас «состояние весны» такое, што яшчэ ляжыць снег.

20 сакавіка. П’янства. Калі хто не п’е, кажуць, што, мусіць, ён хворы. На адной з пісьменніцкіх нарад у Мінску нядаўна масквічка Т. З. падпіла так, што давялося выклікаць «хуткую».

У Бібліі (Евангелле) сказана: «Впредь пей не одну воду, но употребляй немного вина, ради желудка твоего и частых твоих недугов» (1 Тим., 5, 23). Мы гэтае «немного» парушаем. Замест «немного» атрымліваецца «много». Маскоўскі паэт Ягор Ісаеў гаварыў нядаўна (на пісьменніцкай нарадзе ў Маскве): «Что такое коммунизм? Это способность к интенсивному общению друг с другом. Сегодня же интенсивным стало общение через градус, через бутылку…» Ягор Ісаеў умее гаварыць жвава, сыпле «прибаутками».

Алесь Шлег учора ўпэўнена сказаў: «Гарэлка і сала дрэнныя не бываюць». Малады, а вунь які разумны і куды гне. А можа, ад каго чуў?

Кажуць, што пісьменнік П., п’яны, дабіраючыся позна ноччу дадому, спяваючы «Ах ты, мая гарэліца, ах ты, весялуха», наткнуўся на ліхтаровы слуп і ўпёрся ў яго лбом, спрабуючы ўставіць ключ. Вырашыў, відаць, што дадыбаў да кватэры.

А можа, гэта ад часу залежыць? Можа, наш век такі — пякучы, як спірт? Нездарма Г. Апалінэр назваў калісьці сваю знакамітую кнігу вершаў «Алкаголі»?

22 сакавіка. Дайшла вестка, што памёр Уладзімір Дубоўка. Зламаў «шыйку бядра». У Маскву на пахаванне едзе Ю. Пшыркоў.

26 сакавіка.Стала вядома, што С. В. Марцэлеў ідзе з ЦК у Акадэмію навук на пасаду дырэктара Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору.

Прыслаў паштоўку Баруздзін з «Дружбы народов». Просіць кнігу ў бібліятэку для будаўнікоў Нурэкскай ГЭС, над якімі вядзе шэфства часопіс «Дружба народов».

28 сакавіка. Што такое? Ноччу грымела. Дождж, снег і… маланка, ды такая шумная, бліскучая, асляпляльна-белая. Пад раніцу аднак усё аціхла, распагодзілася. Ішоў на працу без парасона. З прыемнасцю назіраў, як засінела — між хмарамі — неба. Але рэшткі снегу яшчэ ляжаць.

29 сакавіка. Быў у гасцях у Бярозкіна. Жыве ён на плошчы Якуба Коласа каля філармоніі. Запрасіў сам Рыгор Саламонавіч. Перад гэтым ён узяў у мяне томік Мандэльштама (выдадзены нядаўна ў серыі «Бібліятэка паэта»), і, відаць, не хоча з ім расставацца. «Не буду ж я чытаць Багрыцкага. Багрыцкі — гэта кансервы. За Мандэльштама, — кажа, — дам табе Ду Фу і Лі Бо». Адзін і другі ў мяне ёсць.

— Маякоўскі ў такіх выпадках казаў: «Отнеситесь!» Прасіць ён не любіў, ганарысты быў, а казаў: «Отнеситесь!»

— Дамовіліся, Рыгор Саламонавіч, хай Мандэльштам застаецца ў вас. А кітайцы ў мяне ёсць.

— Ну, то добра. Вось толькі прадмова Дымшыца тупая…

Бярозкін адчувае і ведае паэзію, упэўнена ў ёй разбіраецца, мае свае крытэрыі ацэнкі і цікава піша. Падпісаў мне сваю кніжку «Свет Купалы». Я яе прачытаў ужо да гэтага і высока стаўлю, як значны крок у развіцці купалазнаўства. Янка Купала, паводле Бярозкіна, не толькі паэт, а, у нацыянальным сэнсе, нешта больш сакральнае.

Сям’я Рыгора Саламонавіча — жонка Юлія Міхайлаўна Канэ (літаратурны крытык, як і Бярозкін), двое дзетак. Кватэра прасторная, столь высокая, але жывуць, мне падалося, небагата, хутчэй нават бедна. З «новай буржуазіяй», што пры ўладзе, не маюць нічога агульнага.

На стале — бутэлька «Кабернэ», закуска, пачак «Беламору».

Размова зайшла пра Маякоўскага. М. Лужанін неяк даваў мне чытаць кнігу «Воспоминания современников о Маяковском». Адна з аўтараў гэтых успамінаў — жанчына-мастачка — піша, што ў 20-я гады ў асяроддзі савецкай інтэлігенцыі модным было ўтвараць сямейныя шлюбы з трох чалавек: двое мужчын і жанчына, або дзве жанчыны і мужчына. «Такое было веянне часу», — патлумачыў Аляксандр Амвросьевіч.

— Было, — згадзіўся Рыгор Саламонавіч. — «Сексуальная рэвалюцыя», пра якую надта гучна гамоняць на Захадзе і якая мае нават сваіх тэарэтыкаў, такіх, як Маркузэ, пачалася не ўчора. Яе прадказаў Ленін: «В области брака и половых отношений, — лічыў ён, — близится революция, созвучная пролетарской». Новыя адносіны назвалі «грамадзянскім шлюбам» Восіп Брык, Ліля і Маякоўскі жылі разам грамадзянскім шлюбам. Але гэта складаная гісторыя. Гэта людзі неардынарныя. Восіп Брык і Ліля, як і Маякоўскі, шмат ездзілі па свеце, выконвалі розныя заданні, даручэнні высокіх службаў.

Маякоўскі быў чалавекам рашучым, бескампрамісным і самаўпэўненым, імкнуўся выглядаць нахабным, лідарам, непераможным любоўнікам.

Восіпа (ён быў вядомы працамі па вершаскладанні), пасля смерці Маякоўскага, зганіў Ілья Сяльвінскі, напісаўшы на сцяне дома, каля пад’езда, дзе жылі Восіп і Ліля, такое двухрадкоўе:

Здесь живет не Брик — исследователь стиха,

А шпик и следователь ЧК.

Заадно зганіў і Маякоўскага. Адразу як толькі яго не стала.

— Я пра гэта не чуў, — прызнаўся я.

— Пасля смерці У. Маякоўскага Л. Брык паспела пабыць жонкаю Прымакова — кавалерыста, героя грамадзянскай вайны, якога яна ўгаварыла паслаць ліст Сталіну ў абарону Маякоўскага. Гэта на гэтым лісце Сталін налажыў рэзалюцыю: «Маяковский был и остаётся лучшим поэтом нашей советской эпохи». Брык памёр у 1945 годзе. Цяпер Ліля жонка Васілія Катаняна — даследчыка творчасці Маякоўскага. У Парыжы ў яе сястра Эльза (Эльза Трыяле, замужам за Луі Арагонам).

Эльзу Трыяле я ведаю як французскую пісьменніцу, друкуецца ў «Иностранной литературе», у перакладзе на рускую мову.

Рыгор Саламонавіч закурыў і працягнуў гаворку:

— Ці ведаеце такога пісьменніка, як Барыс Пільняк?

— Ведаю. У КЛЭ пра яго артыкул. Аповесць «Голы год» чытаў, пра «кожаные куртки»…

— Напісаў ён шмат. Таксама, як і Маякоўскі, шмат па свеце ездзіў. Напісаў «Повесть непогашенной луны», у якой расказаў, як Сталін забіў Фрунзе. Між іншым, яе надрукаваў «Новый мир» у 1926 годзе. Увесь тыраж часопіса быў канфіскаваны. Чэкісты прыходзілі да падпісчыкаў на кватэру і забіралі часопіс у тых, хто выпісваў яго і паспеў атрымаць.

Пра ўсё пра гэта чую ў першы раз.

Спытаў у Бярозкіна: «А што такое трацкізм?» Трацкізм, Троцкі — пра іх маё пакаленне ведае няшмат, і гэтыя тэмы ніхто не абмяркоўвае. Калі часам чуеш, дык толькі «Иудушка Троцкий».

— Постаць неардынарная. Ленін давяраў Троцкаму бясконца. Гэта ж дзякуючы яму перамаглі ў грамадзянскай вайне, калі толькі ў такой вайне можна перамагчы. Выдатны, палымяны прамоўца. Умеў разварушыць чалавека. Апроч таго, і, можа, гэта самае галоўнае, ініцыятар сусветнай рэвалюцыі, яе тэарэтык. Абяцаў напаіць коней у Атлантычным акіяне. Але не ўдалося. Пасля вайны, калі пасябравалі з Кітаем, казалі: «Не вышло через Берлин — выйдет через Пекин». Між іншым, — Рыгор Саламонавіч зноў зацягнуўся сваім «Беламорам», — Троцкі назваў сталінцаў «тэрмідарыянцамі», гэта значыць, якабінцамі-адступнікамі, якія здрадзілі пралетарыяту ў імя новай буржуазіі, карыстаючыся стомленасцю рэвалюцыянераў і ўсяго народа. Пра ўсё гэта чую ўпершыню.

Бачыцца з Бярозкіным цікава, але калі падумаеш, што ў панядзелак з раніцы на работу, дык сумна ўздыхнеш.

31 сакавіка. Распагодзілася. Над зямлёй стаіць лёгкі, празрысты туманок.

Пётр Міронавіч за тое, каб чарговы пісьменніцкі з’езд, прызначаны на пачатак мая, адбыўся толькі ў новым Доме літаратара. Усе сілы кінуты на завяршэнне будаўніцтва.

Марцэлеў перайшоў на працу ў Акадэмію навук, але развітання не было, «адвальнай» чаркі не паставіў.

1 красавіка. Іван Навуменка пазваніў і запрасіў на працу ў Інстытут літаратуры, сваім намеснікам. Падумаў, што гэта першакрасавіцкі жарт, і так яму і сказаў. Іван Якаўлевіч пакрыўдзіўся:

— Што вы! Якія жарты! З работнікамі ЦК не жартуюць!

Калі так, дык прапанова сур’ёзная. У гэтай прапанове ёсць сэнс. Мне трэба больш пэўнае, «сваё» месца. Як-ніяк, у наступным годзе мне будзе сорак. Партыйная кар’ера мяне не цікавіць. Быць цаглінай у пірамідзе? Можна было б працаваць, але маральнага задавальнення не меў бы. Надакучыла, па праўдзе кажучы, мне гэтая мая служба. На памяць прыходзяць радкі (не памятаю, хто іх напісаў):

Гроша не стоит жизнь, мой друг,

Коль некогда взглянуть вокруг.

Добра было б, каб выбрацца адсюль натуральным, так сказаць, чынам, без спагнанняў і вымоў, хаця б як Марцэлеў.

6 красавіка. З раніцы паваліў снег, заляпіў твар, пакуль я ішоў на працу. Па абедзе распагодзілася. Сувязь з прыродай дадае сіл. Вучуся любіць дрэннае надвор’е: калі бушуе стыхія: дождж, снег, мароз, завея… Добра, па-філасофску, гучыць радок з папулярнай песні: «У природы нет плохой погоды».

Ціснем на будаўнікоў. Падключылі аддзел будаўніцтва.

8 красавіка. Надвор’е няпэўнае, як заўсёды ў гэтую пару. Пазваніў Ян Скрыган. Гэты чалавек мне сімпатычны. Зычлівы. На гэты раз па-свойску мяне прысароміў:

— Як гэта вы памыліліся?

— Дзе?

— У сваім артыкуле. У назве паэмы Янкі Купалы «Над ракою Арэсай». У вас — «Над ракой Арэсай». Купала любіў поўнагалоссе! Поўнагалоссе!

Мне стала сорамна, вымушаны быў прызнаць сваю памылку. Падзякаваў, паклаў трубку і міжвольна пасміхнуўся. Ян Скрыган яшчэ нядаўна пісаўся Янка Скрыган. Выходзіць, што скараціў на адзін склад сваё імя. А Купала ж любіў поўнагалоссе!

10 красавіка. Дзіўлюся: грэчаскі паэт, сусветна вядомы Яніс Рыцас выдаў 60 зборнікаў вершаў і каля 10 кніг літаратурна-крытычных артыкулаў. Для нашых паэтаў і крытыкаў такія лічбы недасягальныя. Зверху, з Дзяжкамітэта па друку кажуць: «Нет бумаги!»

11 красавіка. Цэлы дзень ліў дождж.

Неаднаразова чую па замежным радыё выраз «советские диссиденты». Хто гэта? У слоўніку іншамоўных слоў диссидент — «инакомыслящий». Той, выходзіць, хто думае не так, як усе, не згодны з думкай афіцыйнай. Калі так, дык той-сёй з пісьменнікаў фактычна дысідэнты, толькі не заяўляюць пра свае думкі ўголас.

12 красавіка. Вяртаючыся з лазні, што на велазаводзе, заўважыў у вітрыне гастранома па Партызанскім праспекце партрэт з чорнай стужкай на ражку. Памёр дырэктар гэтага гастранома Пекер. Шкада. Выдатны быў чалавек, руплівец у сваёй справе.

14 красавіка. На «пяцімінутцы» Парватаў, які цяпер часова выконвае абавязкі загадчыка аддзела, сказаў, пыхкаючы цыгарэтай (пры Марцэлеве ў кабінеце не курыў), што Марцэлеў «тармазіў аддзел» і «засланяў некаторых супрацоўнікаў». Меў на ўвазе, відаць, сябе. Хацелася яму запярэчыць, але ён так бліснуў на мяне сваімі акулярамі, што я адразу прымоўк. «Пяцімінуткі» Парватаў расцягвае на гадзіны. Марцэлеў быў больш лаканічны.

15 красавіка. Заходзіў Іван Якаўлевіч. Напомніў пра сваю прапанову. Я згодзен. Не ведаю, аднак, як начальства. Наша ўстанова такая, што ты не гаспадар свайго лёсу. Куды пашлюць.

— Вы добра ведаеце, працуючы тут, — дадаў Іван Якаўлевіч, — што сёння для літаратуры трэба. Дзе зерне, а дзе палова.

— Залішне добра пра мяне думаеце.

— Не, не залішне.

Памаўчаўшы, Іван Якаўлевіч паскардзіўся на пажарніка, які загадаў выкінуць з лесвічнай пляцоўкі драўляную скрыню, у якой захоўваецца бульба.

— Хай адчэпіцца.

Адчэпіцца, гэтае пытанне няцяжкае, папрашу С. У кожнага свае «ліхадзеі-праціўнікі». У Івана Пятровіча — «тры Б.», у Івана Якаўлевіча — «пажарнік».

16 красавіка. Спецыяльна хадзіў да Кузьміна (пад канец рабочага дня), казаў аб прапанове Навуменкі перайсці ў Інстытут літаратуры.

— Куды ты спяшаешся?

— Пара.

— Ну, падумаем, — паабяцаў Аляксандр Трыфанавіч, — пачакай.

17 красавіка. Быў у лазні. Кранула пачутая гісторыя пра галубоў. Расказаў лазеншчык, які прадае бярозавыя венікі. Інтэлігентны, мне падалося, чалавек. Распавёў пра сваіх знаёмых, якія жылі ў суседнім пад’ездзе, у трохпакаёвай кватэры, на Трактарным. Муж і жонка. Разводзілі галубоў: адзін з пакояў з дзвярыма на балкон — ім. Зляталіся гэтыя птушкі з усяго раёна. Галубы, цэлая хмара, літаральна нейкі галубіны базар. Гаспадыня карміла іх, аберагала ад холаду, дагаджала. А ў чым справа? У вайну і адразу пасля вайны Даша (так звалі гаспадыню) служыла медсястрой у адным з севастопальскіх шпіталяў. Ляжалі там параненыя маладыя матросікі, яшчэ, можна сказаць, дзеці. Некаторыя паранены цяжка, невылечна. Хадзіла за імі Даша. Яе пацыенты часта паміралі, згасалі як свечкі. Маладая медсястра плакала, яна моцна іх шкадавала. Тыя, хто заставаўся жыць, бачылі гэта і суцяшалі яе, як маглі:

— Цёця Даша, ты не засмучайся, не пераймайся дужа, паміраць нам не страшна. Мы ж пасля смерці галубамі станем, будзем як галубы лятаць.

Дык вось і Даша, і разам з ёю муж яе Аляксей і сябравалі з галубамі. Даша, не шкадуючы пенсіі, праз два-тры дні хадзіла на Камароўку і валакла адтуль у кашолках зерне, крупы, гарох, камбікорм.

Не так даўно Даша памерла. Аляксей застаўся адзін. Колькі дзён пасядзеў, паназіраў за асірацелымі птушкамі, а потым, узяўшы з сабой кашолкі, падаўся на Камароўку. Так і павялося. З раніцы Аляксей, ужо ў гадах, ідзе на Камароўку па корм для сваіх галубоў. Ходзіць, каб захавалася памяць пра Дашу і пра тых галубчыкаў-матросікаў.

Гэтая гісторыя мяне вельмі кранула.

Голуб — эмблема міру, а згодна з хрысціянскай традыцыяй — сімвал Святога Духа. Тыя хлапчукі маглі пра гэта не ведаць, але інтуітыўна яны, відаць, нешта адчувалі.

24 красавіка. Быў з калегамі на суботніку. Атрымалася замінка з месцам яго правядзення. Засмечаны «Дразды», дзе ў цёплых дачах жыве начальства, і меліся ехаць туды, але ў апошні момант адмянілі. Накіравалі ў «Атоліна» ўпарадкаваць тэрыторыю. На гэты раз папрацавалі ўсмак. Вясна. Дрэвы выкінулі дробныя чырванаватыя лісточкі і пахарашэлі. Свяціла сонца, калючае, з ультрафіялетам. Потым пайшоў дожджык. Заўтра — Вялікдзень.

25 красавіка. Вялікдзень. У царкве Аляксандра Неўскага на Вайсковых могілках шмат народу. І ўнутры, і на паперці, — усіх храм не ўмяшчае. Вернікі і проста цікаўныя. Такіх найбольш.

Цікавыя адносіны ў нас паміж царквой і дзяржавай. У Маскве чуў такі анекдот. Дырэктар завода пазваніў святару, каб папрасіць стульчыкаў для сходу. Той адмаўляецца, і тады дырэктар гаворыць: «Не будзе стульчыкаў для сходу — не будзе піянераў для хору». Святар крыўдзіцца: «Няма піянераў для хору — не будзе манашак у лазню». Дырэктар адказвае: «Не будзе манашак у лазню — дык не будзе камсамольцаў на Вялікдзень». «Ах так! Дык не будзе вернікаў на выбары!» — «А вось за гэта, бацюшка, можна і партбілет на стол пакласці!»

27 красавіка. Вечар, прысвечаны 90-годдзю з дня нараджэння З. Бядулі. Даклад зрабіў В. Каваленка. Прысутнічалі П. Броўка, К. Крапіва, М. Танк, Р. Шырма. З успамінамі выступілі Л. Рахленка, А. Якімовіч, брат пісьменніка М. Я. Плаўнік.

З. Бядуля знайшоў свой Іерусалім у Беларусі, сярод беларускіх людзей і беларускай прыроды. Спрабаваў пісаць на розных мовах, але менавіта беларускую адчуў як сваю.

Нядаўна даведаўся, што супрацоўнікі «Нашай нівы» хацелі Бядулю ахрысціць, што, на іх думку, станоўча адбілася б на жыцці і творчым лёсе пісьменніка, але ён не згадзіўся.

Афіцыйна лічыцца, што Бядуля — адзін з заснавальнікаў метаду сацыялістычнага рэалізму ў беларускай літаратуры.

28 красавіка. Сход у Магілёўскім абласным аддзяленні. Справаздачу трымаў Аляксей Пысін. Паэт ён добры, а адміністратар з яго слабы. Відаць, не за сваё ўзяўся. Ёсць на яго скаргі ад магілёўцаў. Зрэшты, з пісьменнікамі ладзіць цяжка.

29 красавіка. Аўтарскі вечар Івана Мележа ў Акадэмічным тэатры імя Я. Купалы. Выступілі пісьменнікі Н. Гілевіч, П. Панчанка, А. Аўрамчык, Е. Лось, А. Лойка. Прыехалі землякі. Мележ трымаўся бадзёра.

Некаторыя кажуць, што, апроч «Палескай хронікі», ён нічога, вартага ўвагі, не напісаў. А хіба «Палеская хроніка» — гэта мала? Незычліўцы ёсць у кожнага.

У тым, што ён кажа пра Шолахава (з нагоды яго 70-годдзя), гучыць сваё, уласнае, пра што ён безупынна думае:

«В наше время кое-кто страстно убеждает, что движение истории и бытие народное превосходно можно изобразить и через одну личность и что, надо думать, время эпопей ушло в прошлое. Но все эти сомнения властно сметает созданное Шолоховым в недавние времена. Какой многоликий, многосудебный, могучий поток народной жизни — радостей, страданий, надежд, отчаянья, нежности и жестокости, — жизни необратимой, неостановимой, открывается нашему взору и нашему сердцу в его романах! Какой многоцветный и какой естественный, удивительно правдиво и точно запечатленный мир живет в извечном обновлении в его книгах!» («Новый мир», 1975, № 3. С. 233—234).

1 мая. Холад з самай раніцы. Вецер. На трыбуну не хадзіў.

Гартаў новы зборнік паэзіі П. Панчанкі «Крык сойкі», падораны аўтарам. Усё на месцы. Паэт павесялеў.

4 мая. Прыгожа апранаюцца ў бледна-зялёныя строі бярозы. Каштаны ўжо распусціліся. Ідучы на працу, чуў, як падаюць галасы птушкі. Які ён усё ж такі прыгожы гэты свет!

У СП ідзе падрыхтоўка да VІІ з’езда, завяршаючы этап. Апарат СП перабіраецца ў новае памяшканне — Дом літаратара.

6 мая.З маіх назіранняў. Кіраўнікі СП пабралі (каму даў Літфонд, каму — Машэраў) прыстойныя кватэры. Засяляюць старыя кватэры дзярждзеячаў (Прытыцкага і інш.). Партдзярждзеячы засяляюцца ў новыя, сучасныя. Мяне гэта радуе. Засяляюцца і каля сябе селяць дзяцей, іх сямейныя атожылкі. Ну і добра! Атрымліваюць новыя, больш прыдатныя кватэры пісьменнікі. Але ж пішуць горай! Вось у чым пытанне. А. Пысін лепшыя свае кнігі — «Мае мерыдыяны» і «Твае далоні» — напісаў у ваннай з сумешчаным санвузлом, седзячы на накрытай ракавіне. Цяпер, кажуць, атрымаў нешта асобнае (абкам адшкадаваў), але справы з вершамі пайшлі горш.

Творчасць! Яна нараджае шмат нечаканых пытанняў.

7 мая. Пачуў першы гром. Мякка, раскаціста грукатала далячынь, зычыла чалавеку здароўя і моцы, жадаючы падтрымаць яго сілы. «Не старэй!» — гаварыла гэтае грукатанне. Нібы атрымаўшы дазвол, прыпусціў дождж.

9 мая. Дзень Перамогі. «Свята са слязамі на вачах», якое з новай хваляй абуджае размовы пра тое, што было ў вайну, успаміны. Некаторыя кажуць, што ў 1941-м у палон трапіла чатыры мільёны. Жахлівая лічба! Гавораць пра памылкі камандавання, пра страх і жах, пра тое, як у спіну цэліўся заградатрад. Успамінаюць жывых, памінаюць мёртвых. Вялікая Айчынная вайна — цэлая эпоха ў нашым жыцці, глабальная падзея вялікага значэння, наступствы якой адчуваюцца і сёння. Сёння мы прыходзім да высновы, што вайна была куды больш пачварнай і бессэнсоўнай, чым гэта здавалася раней. Неяк з Іванам Гаўрылавічам успаміналі пісьменніка Алеся Рылько, які гэтак рана пайшоў з жыцця. Чыгрынаў сказаў, што яго дагнала вайна, ён, будучы ў партызанах, шмат перажыў. Для яго вайна сталася вельмі эксклюзіўнай.

Ваенныя і паваенныя чалавечыя лёсы нечаканыя і невытлумачальныя. Самую вялікую колькасць самазабойстваў далі тры пасляваенныя месяцы — май, чэрвень, ліпень. Факты былі абсалютна невытлумачальныя — канчалі з сабой не людзі, замешаныя ў супрацоўніцтве і г. д., а афіцэры з бліскучай біяграфіяй, з мноствам узнагарод, як той прыгажун-лейтэнант, пра якога расказвала ў Інстытуце літаратуры Эся Гурэвіч (медсястра ў часе вайны). Ён быў студэнтам БДУ, малады і, здавалася, нясумны, з цэлым каскадам ордэнаў і медалёў на кіцелі. Застрэліўся ў 1946-м, у Дзень Перамогі.

Часта можна пачуць: «Толькі каб вайны не было». Гэта таксама ўспамін пра Айчынную вайну (1941—1945 гадоў), хоць у аснове яго — нагнятанне сучаснага ваеннага псіхозу. Тым не менш, як ні дзіўна, памяць пра гераізм, пра трагічны гераізм, прытупляецца, і, відаць, нічога не зробіш, нічога, як гавораць у нас, у Кругелі, «не парадзіш», мінулае забываецца. Такі закон прыроды, закон энтрапіі. А можа, гэта і добра?..

Мінску даўно прысвоена ганаровае званне «Горад-герой», а ўзнагароды — ордэн Леніна і медаль «Залатая Зорка» так і не ўручаны.

11 мая. Пачаў работу VІІ з’езд пісьменнікаў Беларусі. Уступнае слова тэмпераментна, махаючы рукамі, сказаў П. Броўка, які прыкметна паздаравеў пасля хваробы. Падзякаваў партыі і ўраду за падарунак пісьменнікам — новы Дом літаратара. Са справаздачным дакладам выступіў М. Танк. Гаварыў доўга. Хтосьці, здаецца Бураўкін, пажартаваў, што гаварыў чатыры з паловай гадзіны, а голас не толькі не сеў, а стаў яшчэ званчэйшы.

Ад рэвізійнай камісіі выступіў А. Зарыцкі. Звычайны даклад. Але перад гэтым Зарыцкі прыслаў у ЦК данос на М. Танка, быццам бы ён утойвае ганарар і не плаціць партыйныя ўзносы. Ад Зарыцкага ніколі такога не чакаў. Ціхмяны, марудлівы, маўклівы, але, відаць, точыць чалавека зайздрасць. Ці крыўда? Вельмі высокай думкі пра сябе, пра свой талент, а гэтага не заўважаюць. Вось і вынік. Мне прыгадалася сказанае У. Дамашэвічам на нядаўнім пісьменніцкім пленуме: «У нашым пісьменніцкім асяроддзі… няма шчырасці, добразычлівасці, многа зайздрасці, падколвання, падседжвання, падстаўлення ножкі, незычлівай усмешкі ў спіну. Няма радасці за чужы поспех. Ахайванне чужога і некрытычнае стаўленне да свайго ўласнага. Я — усё, астатнія — нішто. Ён адзін робіць літаратуру, астатнія — перашкаджаюць яму. Радасць, што нехта паслізнуўся, яшчэ большая, калі той нехта ўпаў і разбіў сабе галаву».

Не помню, каб Зарыцкаму як пісьменніку давалі нейкага медаля ці прэмію.

Вячэрняе пасяджэнне пачалося ў 1530. Як і на ранішнім пасяджэнні, прысутнічаў П. М. Машэраў і іншыя кіраўнікі. Адзін за другім падыходзілі да трыбуны П. Панчанка, І. Навуменка, І. Шамякін, М. Матукоўскі, Г. Бураўкін, А. Адамовіч, Н. Гілевіч, Я. Брыль, М. Дзялец і шмат хто яшчэ. У многім традыцыйнае: ура, ура і ўра! Але былі выключэнні. Я. Брыль сказаў (пераказваю): «Нават у лепшых творах — сумнае адчуванне недагаворанасці ў галоўным, недасказанасці, недапаказанасці. Невядома, што рабіць, каб быць дастойным чалавекам…»

На з’ездзе адзначаўся павышаны даследчыцкі пафас літаратуры, якая ўсё часцей вяртаецца да філасофскіх пытанняў маралі, сэнсу жыцця, ролі прыгажосці ў свеце. Трэба ставіць пытанні. Не абавязкова тыя, якія могуць быць вырашаны сёння, але ставіць іх неабходна.

Гаварылася пра дакументалістыку, наватарскі пафас дакументалістыкі, якая разбурае клішэ, стэрэатыпнасць мыслення, несумненны. Дакументалісты ўмеюць браць «павесційную» форму з самога жыцця. Менавіта жыццёвы матэрыял вызначыў форму кнігі «Я — з вогненнай вёскі…» Маналогі яе герояў — гэта застылая плынь іх свядомасці, беражліва захаваны аўтарамі кнігі.

Вымалёўваецца новая карціна свету. Сучаснасць ускладнілася ў самой сваёй жыццёвай сутнасці, — чалавецтва апынулася перад праблемай захавання навакольнага асяроддзя, зберажэння гістарычнай памяці і ўсіх каштоўнасцей, створаных народамі. У літаратуры ўстанавіўся новы погляд на станоўчага героя: цяпер сталі шукаць у ім духоўны змест, патрабаваць, каб ён адчуваў норму ідэальнасці, без якой не можа існаваць ніякай маралі.

Афіцыйныя патрабаванні між тым застаюцца амаль нязменнымі. Пісьменнікам па-ранейшаму трэба апяваць сучаснасць.

З прывітальнай прамовай выступіў Сяргей Міхалкоў. Ад ЦК КПСС на з’ездзе прысутнічаў загадчык сектара мастацкай літаратуры ў аддзеле культуры К. М. Далгоў. Калі прыехаў, дык у гасцінічным нумары пачаставаў мяне каньяком. Каньяк не дарагі — «Плиска». Падарыў мне брашуру, якую напісаў сам, з аглядам сучаснай буржуазнай філасофіі. Моцна яе крытыкуе.

На з’ездзе з’явіўся Марцэлеў. Выгляд меў ужо не той, што раней, больш сціплы. Я папрасіў Таццяну Кузьмінічну выдаць яму з’ездаўскую папку са справаздачнымі дакладамі праўлення, рэвізійнай камісіі, даведнікам, блакнотам, запісной кніжкай, каляндарыкам і шарыкавай аўтаручкай. Як і кожнаму дэлегату. Ён быў вельмі ўдзячны «за памяць». У будаўніцтве гэтага Дома літаратара актыўны ўдзел браў і ён. Можа, не трэба гэтага забываць.

Некаторыя пісьменнікі паспелі ўжо лыкнуць, спатыкаюцца, з непрывычкі, на вострых мармуровых ступеньках у вестыбюлі. А. Міронаў, паслізнуўшыся, разбіў нос.

12 мая. Другі дзень работы з’езда. Бралі слова Б. Сачанка, М. Лужанін, А. Макаёнак, Ю. Міхневіч, А. Асіпенка, В. Мыслівец…

У часе перапынку на абед (паабедаўшы ў камфортным кафэ Дома літаратара), дэлегаты (некаторыя на падпітку) пацягнуліся на свежае паветра. Выйшаў і я. У парку Горкага ўбачыў Віталя Вольскага — сядзіць з кійком на лавачцы, адпачывае, слухае птушак, цешыцца іх галасамі. Я прывітаўся і з ветлівасці спытаў:

— Чаму вы не выступаеце?

Ён пасміхнуўся і сказаў:

— Я ўжо па цяперашнім часе глуп. Мне ўжо выступаць не трэба.

«Мудры чалавек», — падумаў я, назіраючы, як ён доіць клінок бародкі, — а яшчэ ж не надта стары. 75 гадкоў сёлета мае адзначыць. Мы ўжо яму і двухтомнік запланавалі ў «Мастацкай літаратуры».

Загрузка...