10 мая. Чуў першы гром. Грымела, здаецца, на поўдні. Ёсць прыкмета: калі вясною першы раз загрыміць на поўдні, то лета будзе цёплае і пагоднае, а як на поўначы — то халоднае.

12 мая. В. Быкаў, кажуць, збіраецца пераязджаць у Мінск. Нібыта разводзіцца з жонкай.

15 мая. Вырашыў наведаць Камароўку, захацелася купіць мёду. Здзівіўся ранішняму небу. Такім актыўна-зялёным, бліскучым яно бывае, напэўна толькі вясной, у траўні месяцы, як калісьці называлі май.

Камароўка — вечны рухавік жыцця. Віруе народ. Гамоніць, здзіўляецца, спрачаецца, шуміць. Мала пра яе пісалі пісьменнікі. Ёсць, праўда, добры верш у Р. Барадуліна.

Купіў у дзядзькі, які з белымі нарукаўнікамі стаяў за прылаўкам, слоік мёду. Заплаціў 10 руб. Ліповы мёд. Выбар гатункаў, дарэчы, не вялікі. Агульная назва: кветкавы, кветкавы, кветкавы. А я хацеў бы, напрыклад, пакаштаваць мёду з арэшніку, з вербалозу. Арэшнік (ляшчына) па лесе ўжо цвіце, у нас яго, як і вербалозу, шмат. Добры меданос — свірэпа. Дапамагае пры прастудзе. Мядовая каралева — грэчка. Мой хросны Сямён Гардзеевіч — знаны ў наваколлі пчаляр — сеяў яе малымі загонамі праз дзень на працягу двух тыдняў. Цвіла яна, духмяная прыгажуня, доўга радуючы пчол і пчаляра.

16 мая. Пахаладала, як звычайна ў гэты час.

Вечарам уключыў «Спідолу», слухаў (чамусьці не глушылі) выступленне доктара Вітаўта Тумаша. Гаварыў пра культуру Вялікага Княства Літоўскага, пра «готыку, рэнэсанс і барока» ў Беларусі. Хацелася б пачуць пра духоўна-філасофскі змест гэтых паняццяў.

19 мая. Ва ўсю буяе вясна. Зацвітаюць яблыні. Калгаснікі садзяць бульбу. Хутка будзе цвісці бэз. Кветачка бэзу складаецца з чатырох пялёсткаў, рэдка — з пяці. У дзяцінстве ў гронцы бэзу мы шукалі якраз такую — з пяці пялёсткаў. Калі знойдзеш — рады, значыць пашанцуе, будзе ў жыцці шчасце!

Да ўсяго дакранаецца таямнічая сіла вясны.

20 мая. Пайшла пераправерка партызанскіх дакументаў. Некаторыя, здаецца, не супраць адабраць партызанства ў Брыля. Але ў Івана Антонавіча надзейны сведка — Калеснік.

24 мая. Нарада ў загадчыка, які сустрэў мяне пытаннем: «Ну, як там твае пісьменнікі?»

— Пішуць.

Шэф аказаўся настроеным надта патрабавальна:

— Дрэнна яны пішуць. Нам сягоння патрэбен стопрацэнтны станоўчы герой. У жыцці ён ёсць, а ў літаратуры?

— Няма, — хіхікнуў Парватаў.

Я запярэчыў:

— Ёсць. Хіба Антанюк у «Снежных зімах» Шамякіна не станоўчы персанаж? А ў раманах Мележа хіба іх няма? А Сотнікаў?

— Ну, наконт Сотнікава ты, Уладзімір Васільевіч, загнуў, — заўважыў шэф.

Я змоўк, не спрачаўся, бо гэта было не тое месца, дзе спрачаюцца.

5 чэрвеня. У лазні пачуў прымаўку (гаварылі голыя дзядзькі, седзячыў парылцы): «Той багаты, хто нікому не вінаваты». Калі так, дык я таксамане бедны.

Па вуліцы Пуліхава цвіце акацыя. Хто і калі яе пасадзіў?

13 чэрвеня. Памёр Сяргей Прытыцкі. Асоба гераічная. Гэта ён калісьці, у 1936 годзе, страляў у правакатара Стральчука і сам быў цяжка паранены. Прататып галоўнага героя кінафільма другой палавіны 50-х гадоў «Чырвонае лісце» («Беларусьфільм», сцэнарый А. Куляшова і А. Кучара), які так глыбока хваляваў наша пакаленне, — гэта ён, Сяргей Прытыцкі. Мне ён запомніўся яшчэ і тым, што на вяселлі ў Аляксея Карпюка (пасляваенныя гады) падарыў маладому «Капитал» К. Маркса (расказваў сам Карпюк).

Разам з тым Прытыцкі, як і ўсе яго калегі, — тыповы партыйны функцыянер. Герой і функцыянер у адной асобе.

На пахаванні выступіў М. Танк з вельмі прачулай прамовай. Машэраў плакаў. Цікава, пра што ён у гэты час думаў?

19 чэрвеня. Моцны паэт падняўся — Васіль Зуёнак. Яго «Крэсіва» і «Крутаяр» — арыгінальныя кнігі, у вершах шырока і пераканаўча праявіўся дэмакратызм аўтара, яго павага да жыцця, здольнасць бачыць паэтычнае ў звычайным, прывычным для ўсіх.

Ад Зуёнка можна чакаць многага, непадманнага.

29 чэрвеня — 2 ліпеня. У Маскве адбыўся V Усесаюзны з’езд пісьменнікаў. М. Танк выступіў з прамовай «На высокім уздыме».

На з’езд разам з іншымі паехаў Алесь Савіцкі. Апошнім часам, ён шырока выдае свае кнігі. […]

3 ліпеня. Дзень вызвалення Мінска. Алеі па-святочнаму ўпрыгожаны, шмат партрэтаў герояў Айчыннай вайны.

Вечарам сустрэўся з Тамарай, пайшлі ў Купалаўскі скверык, тут чысцейшае паветра. Аўтамашын у сталіцы ўсё больш і больш, пабольшала і загазаванасці. Дзяўчына мая — незачэпа, не дакраніся. Але ж няма кахання без прытуляння.

4 ліпеня. А можа, заставацца халасцяком?

Вальтэр, Платон, Пятрарка, Таса, Дантэ, Спіноза, Кальдэрон, Рышэлье, Брамс — усе, як вядома, засталіся халасцякамі. Найвялікшыя ў свеце мастакі — Рафаэль, Мікеланджэла, Леанарда да Вінчы таксама былі нежанатыя.

Халасцякаваў Кант. За гаспадаркай у яго прыглядаў слуга Лямпэ. Парадак захоўваўся адносны: нельга было чапаць звычайнага беспарадку.

Словам, адказу на гэтае пытанне няма. Нічога не застаецца, як паспадзявацца на волю лёсу.

6 ліпеня. Па радыё пачуў, што памёр Луі Армстронг, выдатны амерыканскі джазавы музыкант, кампазітар. Яго называюць «трубачом-рэвалюцыянерам».

8 ліпеня. Гарачыня. Да таго ж яшчэ і вільготнасць. У службовым кабінеце духата. Усе сядзім у пінжаках і пры туга завязаных гальштуках — здымаць забаронена. У Парватава пінжак зашпілены на ўсе гузікі, але трывае, часта курыць. Кандыцыянераў няма. Адзін хіба толькі Яўген Бабосаў дазваляе сабе зняць пінжак.

У дзяцінстве з дзядулем Лявонам у такую спёку ішлі ў клуню і клаліся на ток. Прыемна было адчуваць лёгкую прахалоду.

12 ліпеня. Цвітуць і салодка пахнуць ліпы. Толькі не чуваць пчол у іх залатой квецені. На гарадскіх плошчах шмат галубоў. Гарадскія галубы зусім не баяцца людзей, гуляюць побач. Пенсіянеры прывабліваюць іх хлебам. На ўсіх плошчах Мінска чуецца буркат іх любімцаў.

Час ад часу бачуся з Тамарай, адчуваю да яе духоўную прывязанасць. Каханне — гэта пазнанне. А пазнанне — рэч тонкая, можна сказаць, далікатная. Недалікатнае пазнанне можа выклікаць адваротную рэакцыю.

17 ліпеня. Ездзілі з Тамарай на возера. Нарэшце, здаецца, убіўся да яе ў ласку.

19 ліпеня. Раніцай, ідучы на работу, убачыў над Чэрвеньскім рынкам вясёлку. Сеў у трамвай, і па вокнах заляпалі дажджавыя кроплі.

24 ліпеня. Адзначае 60-годдзе Анатоль Астрэйка. Яшчэ не стары, але развіццё прыпынілася. Тое ж самае і ў яго сяброў: А. Бялевіча, П. Прыходзькі, Р. Нехая, А. Вялюгіна і інш. Эксплуатуюць стары стыль і прыёмы.

26 ліпеня. Выйшаў вялікім тыражом трохтомнік Сяргея Ясеніна (у прылажэнні да часопіса «Огонёк»). Дэфіцыт, як кажа Аркадзій Райкін. Атрымалі тыя, хто падпісаўся. Пісьменніка Васіля Хомчанку да вайны, быў яшчэ студэнтам педінстытута, арыштавалі, знайшоўшы ў куфэрку кніжачку Ясеніна.

28 ліпеня. Прачытаў у «ЛГ» артыкул варонежскага крытыка Гусева «Истины, которые не следует забывать». Піша пра ўзрастанне філасафічнасці сучаснай паэзіі, што выяўляецца ў патрэбе паэта «адчуць ісціну». Чаму адчуць, а не ведаць? Пра якую ісціну гаворка? А ці існуе яна — ісціна? У Гусева ўсё абстрактна, па-кніжнаму, з напускной сур’ёзнасцю. Гэта так званая ўніверсітэцкая крытыка.

29 ліпеня. Прыкмячаю, што хінецца да мяне Барыс Сачанка. Я паважаю гэтага пісьменніка. Першымі сваімі кнігамі ён, на мой погляд, шмат у чым абнавіў нашу літаратуру. Помню яго «Канапляны чад». А аповесць «Дзік — бадзяга» — выдатны твор!

Сачанка — кнігалюб, фанатычна любіць кнігу, асабліва рэдкую.

[…]

3 жніўня. Памёр Янка Маўр — пісьменнік майго дзяцінства. Меў 88 гадоў. Прызнаны дзіцячы пісьменнік.

Іван Чыгрынаў расказваў чутае ад Маўра — як старцы-прасіўцы, пабіраючыся па людзях, сыходзіліся ў пэўны дзень (часцей на нейкае свята) у прызначаным месцы, недзе на лясной паляне, распальвалі вогнішча і на гарачым вуголлі пяклі «барану» — вялікую яечню з назбіраных яек. Як сімвал сваёй прафесіі, свайго брацтва.

На пахаванні быў Васіль Зуёнак і яшчэ некаторыя. Жнівень — час водпускаў. І ўсё-такі болей было народу, чым, як кажуць, на пахаванні Стэндаля. Там за труной ішло ўсяго трое: Фёдар Талстой з Расіі, Альфрэд Мюсэ і яшчэ нейкі жабрак з надзеяй трапіць на памінкі.

5 жніўня. У Пятра Міронавіча новы памочнік — замест В. Панамарова Юрый Пятровіч Смірноў, які раней кіраваў групай лектараў. Кандыдат юрыдычных навук.

6 жніўня. Майго сябра Віктара Шматава прынялі ў Саюз мастакоў Беларусі. Павіншаваў. Ён мастак і мастацтвазнаўца. У аспіранцкія гады разам супрацоўнічалі, пісалі артыкулы пра гадавыя мастацкія выстаўкі. Нядаўна быў на гадавой выстаўцы ў мастацкім музеі, пачуў выраз: «земляные краски». Пасаромеўся спытаць, што гэта такое. Папытаю, думаю, у Віктара.

9 жніўня. У Жодзіне, на аўтазаводзе, выпусцілі новы самазвал на 75 тон — БелАЗ-549. Пра гэта загадчык аддзела абвясціў на «пяцімінутцы». Самазвал мае выкарыстоўвацца на серпанцінных распрацоўках.

11 жніўня. Аб’явіўся вялікі друг Савецкага Саюза спявак Дзін Рыд. Нешта ён не паладзіў са сваёй радзімай — ЗША.

Пра Амерыку сёння кажуць і так, і гэтак. Помню, з дзяцінства, аповеды дзеда Лявона Міхайлавіча пра яго знаходжанне ў Амерыцы з 1906 па 1913 гады. Паехаў яшчэ юнаком, а потым усё жыццё шкадаваў, што вярнуўся. ЗША, безумоўна, краіна глыбокай, самабытнай культуры, калі нарадзіла такіх вось пісьменнікаў, як вядомы на ўвесь свет Фолкнер. Мяне заўсёды цікавіла багатая амерыканская літаратура, што чамусьці вельмі здзівіла В. Быкава, калі я яму пра гэта расказаў. Пра тое, што і ён начытаўся Джэка Лондана, ён мне не сказаў. У Амерыцы ёсць нават такое, што цяжка ўцяміць. У газеце «Известия» прачытаў нядаўна пра «общества «неродящих» в США». Гэта значыць, тыя, хто вымірае. Адчуваючы такое, яны, відаць, і аб’ядноўваюцца.

12 жніўня. Карціць сустрэцца з Тамарай, даўно не бачыліся. Надвор’е добрае, сонца ўжо не пячэ.

Успомніў, як убачыў яе ўпершыню. Вочы — зычлівыя і шырока адкрытыя, нібы чакала чагосьці незвычайнага.

13 жніўня. Пятніца, Заранок запрасіў паехаць на Палессе, на Прыпяць. Даў згоду і пазваніў Тамары: «Паехалі разам». У яе іншыя планы — едзе да бацькоў.

Ляцелі самалётам «Мінск—Мазыр». Нас трое: Мікола, Юзік і я.

14—15 жніўня. Гасцяванне ў Міколы, у Гліннай Слабадзе. Маці Міколы — настаўніца мясцовай школы, мілая жанчына. Бацька не вярнуўся з вайны. Мікола ўспомніў, як некалі бегаў з такімі ж, як ён, падлеткамі ў Накаў па пенсію на бацьку. Ніна Іванаўна пусціла слязу.

Пасядзелі за бяседным сталом. Ніна Іванаўна, відаць, папярэджаная сынам аб нашым прыездзе, падала крупеню з грыбамі (гэта такі адмысловы суп), а на другое — смажаную гуску з яблыкамі, ядлаўцовымі ягадамі і часнаком. Прыгадаўся даўні помнік нашай літаратуры — «Прамова Мялешкі»: «Добрая была гуска з грыбкамі». У Ніны Іванаўны — з яблыкамі. Начавалі на сене. Раніцай выйшаў на двор, траву ўсцілала раса. Нізка слаўся дым з коміна, руплівая Ніна Іванаўна ўжо нешта гатавала.

Сняданак — святочны, з дранікамі і чаркай самагонкі. Ціснуў, відаць, неблагі майстра — вінакур. Прадукт атрымаўся са знакам якасці.

— Робім, як для сябе, — патлумачыла Ніна Іванаўна.

Доўга гулялі па Гліннай Слабадзе і завіталі да Міколавага знаёмага Івана. Гаспадар пачаставаў мёдам са свежымі гуркамі. Не абышлося без самагонкі, не горшай, чым у Ніны Іванаўны. Іван — пчаляр-бортнік, трымае свае борці (вуллі) у лесе на дубах. Кажа, што пчолы яго любяць. Пчолы джаляць, калі пах не падабаецца. Калі Мікола кудысьці выйшаў, гаспадар сказаў пра яго:

— Маладзец! Усё дастане. Нырне, а дастане!

У нядзелю паехалі на Прыпяць. Купаліся. Я пераплыў на той бераг і, адпачыўшы, вярнуўся назад. Імклівая плынь аднесла далёка ўбок.

У Мінск вярталіся таксама самалётам.

Канчаю пісаць, бо дужа стаміўся.

16 жніўня. Пачаў кашляць, надыхаўшыся свежым палескім паветрам.

Павысілася тэмпература. Пазваніў на работу свайму візаві Валерыю Сяргеевічу, сказаў, што захварэў. Гадзіны з дзве ці болей ляжаў на ложку, адчуваючы свой малапрыемны хваравіты стан. Нічога не хацелася. Раптам чую: званок у дзверы. Устаў, адчыніў. На парозе з’явіліся дзве дзяўчыны — Тамара з сяброўкай. Прыйшлі праведаць. Прынеслі шакаладны набор цукерак з лікёрам і іншымі напоямі. Я ўзрадаваўся прыгажуням.

— А як вы мяне знайшлі?

— Пазванілі на работу, Валерый Сяргеевіч падняў трубку і сказаў.

— Ну, дык добра зрабілі.

Тамара агледзела жытло: на падлозе пыл, па кутках павуцінне.

— Дзе ў вас ануча? — спытала.

— Я сам прыбяру.

Але яна кінулася ў ванну, знайшла анучу, намачыла, выціснула лішнюю ваду і пачала шчыраваць. Я міжволі загледзеўся на яе прыгожыя лыткі.

Частаваў дзяўчат чаем з каньяком. Гаманілі.

Цяпер, калі госці пайшлі, успамінаю народную прымаўку: «Каханне не блінцы, а закахаўшыся — канцы». Ну, што ж...

17 жніўня. На працы. Наведвалася двое пісьменнікаў. Не буду называць прозвішчы. Ёсць такія. Ходзяць, выпрошваюць узнагароды, прэміі, нагадваюць пра свае юбілеі.

22 жніўня. Прачытаў «Вершалінскі рай» А. Карпюка. Слаба. Неяк правінцыйна. А матэрыял цікавы!

31 жніўня. Пачуў барадулінскую эпіграму: «Коль на дружбу повелось, ваш — ишак, а наша — Лось». Не, так нельга. Выдатная паэтэса, жанчына...

На паэта К. (ён умее смачна гатаваць, у арміі быў поварам) прыдумаў: «паэт—трыбух». Гэта ўжо занадта.

3 верасня. 70 гадоў В. Вольскаму. Я. Герцовіч даў пра яго артыкул «Непаўторнасць», з якога відаць, як устарэла метадалогія гэтага крытыка. Ператварылася ў курэнне фіміяму.

Калісьці, да вайны, В. Вольскі быў дырэктарам Інстытута літаратуры. Цяпер у ценю. У ЦК ні за чым не звяртаецца. Стаў надта ціхмяны. «Цяжар гадоў на карак цісне, — сумна прызнаўся пры сустрэчы і дадаў: — Як сказаў адзін паэт. Хто — дык ужо не помню».

У пачатку 30-х ГПУ праводзіла вобыск на кватэры Якуба Коласа. Прымаў удзел і Вольскі. «Абмацваў кожны рубчык», — успамінаў Колас. Але што зробіш — час быў такі.

8 верасня. У Мінск па запрашэнні А. Макаёнка прыехаў Яўгеній Еўтушэнка. Паэт вядомы далёка, папулярны, і я люблю яго вершы. Свежыя.

На Еўтушэнку нападаюць, але ён не саромеецца даваць здачы. І дае. Хтосьці, праўда, з незычліўцаў сказаў пра яго: «придворный вольнодумец». Зрэшты, яму самому гэта вядома болей, чым каму іншаму. Інакш бы ён не напісаў эпіграмы, прысвечанай свайму цёзку — Яўгенію Далматоўскаму:

Я — Евгений, ты — Евгений.

Я не гений, ты не гений.

Я г..., и ты г... —

Я недавно, ты давно.

Пра сучаснага рускага паэта Юрыя Кузняцова ён гаворыць як пра буйнога паэта-рэакцыянера. Уся паэтыка яго, на думку Еўтушэнкі, гэта казкі Афанасьева і анекдоты.

Макаёнак вельмі задаволены, што паэт аддаў у «Нёман» для першай публікацыі сваю новую паэму «Под тенью статуи Свободы». Прэстыжна!

Радаводныя карані Яўгенія Аляксандравіча — на Палессі.

10 верасня. Памёр Антон Алешка. Ваенурач і пісьменнік. У лютым разам ездзілі ў Гродна. Добры чалавек. Вельмі шкадую.

13 верасня. Быў у сваім Камянцы на раённай партканферэнцыі. У Кругель не заязджаў, не было як, папрасіў сакратара райкама, каб прывезлі дзядулю дроў. Пасля смерці бабулі Фёклы ў 1959 годзе ён ажаніўся, і я рады, што доўжыцца яго жыццё.

Пастаяў каля Камянецкага Стаўпа. Гэта славутасць маёй радзімы, узведзеная ў 1276—1277 гадах. Гісторыя Камянца глыбокая і драматычная. З 1366 года ён у складзе Вялікага Княства Літоўскага. Пачуўшы аднойчы ад А. Ф. Коршунава, што папраўдзе мы не беларусы, а літвіны, я ўспомніў, што менавіта літвінам лічыў сябе і дзед мой Лявонцій Міхайлавіч Сцепанюк (пра якогая толькі што згадваў).

15 верасня. Праводзіў Тамару. Хадзілі ў кіно. Здаецца, узрадавалася, калі ёй пазваніў.

17 верасня. Дзень уз’яднання Заходняй Беларусі з Усходняй. Сёлета пра гэта «свята», здаецца, ніхто не ўспамінае. У мінулым годзе таксама не помню, каб адзначалі.

На Камянеччыне добра памятаюць той час.

27 верасня. Званіў з Брэста бацька, сказаў, што дзеду загацілі ўвесь падворак калодамі. А хто яму іх папілуе? Трэба неяк ехаць, дапамагаць. Набыць пілу «Дружба» і ехаць.

1 кастрычніка. У «Маладосці» новая аповесць В. Быкава «Абеліск». Даследаванне маральнага патэнцыялу чалавека, яго маральных прынцыпаў.

3 кастрычніка. Былі з Сачанкам у Лужаніна. У размове Сачанка паскардзіўся, што прыяцель пазычыў грошы і не аддае. Аляксандр Амвросьевіч — мудрэц! — патлумачыў:

— Калі вы пазычаеце каму-небудзь грошы — гэта значыць, што аддаяце тое, што вам не патрэбна. Аддаяце лішняе. Вы не маеце права патрабаваць іх назад.

Вядома, Барыс Іванавіч з гэтым не пагадзіўся. Ды і я таксама. Нас падтрымала жонка Аляксандра Амвросьевіча Яўгенія Эргардаўна. Аляксандр Амвросьевіч паставіў на стол бутэльку. Барыс Іванавіч зірнуў на бутэльку (ён амаль не п’е) і расказаў анекдот:

— Урач пытае: «Скажыце, што прымушае вас так напівацца кожны дзень?» — «Нішто і ніхто! — адказвае чалавек. — Я дабраволец».

— Добраахвотнік, — паправіў яго Лужанін. […]

9 кастрычніка. Усе шукаюць працу для Аляксея Карпюка, які застаўся без працы. Ёсць у гэтым і наша віна. Маю на ўвазе тую камісію, якая правярала работу Гродзенскага аддзялення.

Працу, безумоўна, знойдуць.

12 кастрычніка. Адзначалася 75-годдзе з дня нараджэння Міхася Чарота. Адзін з нашых пакутнікаў. А на пачатку 20-х гадоў быў у вялікім фаворы! Пра яго пісаў сам У. Ігнатоўскі, сцвярджаючы, што Міхась Чарот «з’яўляецца адраджэнцам беларускай культуры як культуры пралетарыяў і сялянаў, падняўшыхся на барацьбу проціў палітыка-сацыяльнага, а разам з тым і культурна-нацыянальнага ўціску». Гэта быў час, калі пра паэзію пісалі дзяржаўныя дзеячы. Праца Ігнатоўскага пра Чарота называлася: «Матывы лірыкі беларускага песняра М. Чарота» (Мн., 1922).

Цікава было б паглядзець на паэму «Босыя на вогнішчы» праз «карнавальную» метадалогію М. М. Бахціна.

15 кастрычніка. На Камароўцы яшчэ з ліпеня распачалі работы па ўзвядзенні помніка Якубу Коласу. Помнік Янку Купалу будзе стаяць у скверы каля музея. Распачата падрыхтоўка да 90-годдзя з дня нараджэння аднаго і другога.

23 кастрычніка. У лазні пачуў, як чалавек казаў:

Плакаў я, плакаў,

а Бог быў аднакаў.

А як стаў танцаваць,

пачало шанцаваць.

Народны язык часта лжэ, але лжэ прыгожа.

3 лістапада. Дзень нараджэння Якуба Коласа. Разам з Данілам Канстанцінавічам адведалі коласаўскія мясціны на Стаўбцоўшчыне. Паслухаў яго меркаванні, каб быць у курсе справы, што трэба зрабіць да бацькавага 90-годдзя.

6 лістапада. Атрымаў святочны заказ у размеркавальніку. Даведаўся, што ў Саўміне, і ў гаркаме, і ў райкаме, і ў ЦК ЛКСМБ, і па іншых установах ёсць свае размеркавальнікі, свае «сталы заказаў».

7 лістапада. Сустракаўся з Тамарай. Запрашаў да сябе. Адбываецца, як сказаў бы Цішка Гартны (ці не ў яго я гэта вычытаў?) «марудлівая крышталізацыя пачуцця ў нетрах душы».

10 лістапада. У Беларусі адзначана 150-годдзе з дня нараджэння Ф. Дастаеўскага. У вёсцы Дастоева адбыўся юбілейны вечар, на якім з дакладам выступіў Аляксей Майсейчык. Алёша — таленавіты літаратуразнавец. Дастоева знаходзіцца на Брэстчыне, непадалёку ад Пінска. Тут літоўскія (беларускія) карані роду Дастаеўскіх. Дастоева і да гэтага часу наведвае адзін з нашчадкаў Фёдара Міхайлавіча — прафесар механікі Андрэй Фёдаравіч Дастаеўскі (здаецца, унучаты пляменнік, жыхар Ленінграда).

Рыгор Бярозкін нядаўна ў размове сказаў пра Дастаеўскага: «Там на кожнай старонцы ёсць каго любіць».

11 лістапада. Вечар з нагоды 150-годдзя з дня нараджэння Ф. М. Дастаеўскага ў тэатры імя Я. Купалы. З дакладам, даволі сухаватым, выступіў прафесар Ф. І. Куляшоў.

Я ўспомніў патрабаванне Дастаеўскага: «Смирись, гордый человек!» Цяжка знайсці пісьменніка больш эмацыянальнага. Чытаючы «Бесы» (па-беларуску —«Д’яблы»?), адчуваў жах ад дзікіх, гарачлівых, шалёных дыялогаў і маналогаўперсанажаў гэтага рамана. Не паспее скончыць адзін — як пачынае другі.

Каштоўнасць творчасці Дастаеўскага — бязлітасная праўда пра чалавека. Гэта — з аднаго боку. З другога — павага, вера ў яго.

Пытанні, якія хвалявалі Дастаеўскага, хвалявалі і хвалююць і беларускіх пісьменнікаў, якія ўбіраюць у свой роздум таксама і яго вопыт. Справа ў асаблівасцях таленту. У Я. Брыля ёсць тэндэнцыя акцэнтаваць маральны пачатак за кошт замоўчвання, «згладжвання» жыццёвай праўдзівасці. Пташнікаў, наадварот, больш прыземлены, рэаліст, нават «натураліст», яму трэба, відаць, большай духоўнай прасветленасці. У нас Дастаеўскім, у плане ўплыву яго творчасці на беларускую літаратуру, асабліва на Чорнага, вельмі зацікавіўся Алесь Адамовіч.

12 лістапада. Сустракаўся з Тамарай. Канчаткова павярнулася на сур’ёзнае.

15 лістапада. Нарада ў загадчыка. Гаворка пра паводзіны супрацоўнікаў: «Вы павінны прыстойна сябе паводзіць, таму што на вас звяртаюць увагу». Я згодзен, і нагадаць пра гэта не шкодзіць.

27 лістапада. Маё з Тамарай вяселле. У рэстаране «Журавінка». Прыязджалі бацькі, родзічы, дзядуля Лявонцій Міхайлавіч, цесць, цешча...

29 лістапада. Перад клубам творчай і навуковай моладзі Мінска выступаў вядомы кінарэжысёр Сяргей Параджанаў (аўтар фільма «Цені забытых продкаў» і інш.). Гэта было ў Доме акцёра, дырэктар якога запісаў выступленне Параджанава на магнітафонную плёнку і прынёс плёнку да нас, у ЦК.

Параджанаў сцвярджаў, што ведае наш беларускі менталітэт лепш, чым мы самі. Справа, маўляў, не толькі ў тым, што беларусы любяць бульбу.

30 лістапада. Скончыў самагубствам Уладзімір Корбан. А нядаўна ж (у мінулым годзе) у добрым настроі адзначаў 60-годдзе! Што здарылася?

7 снежня. Адбыўся ўрачысты вечар, прысвечаны 80-годдзю з дня нараджэння М. Багдановіча.

Упершыню ўбачыў яго партрэт і прачытаў вершы зімою 1945 года, калі вучыўся ў першым класе Кругельскай пачатковай тады школы. Вершы кранулі: «Здароў, марозны звонкі вечар!» Адчуў, што гэта пра наш вечар і пра наш мароз.

Максім Багдановіч — геніяльны наш лірык. З яго вершаў помніцца многае.

Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы

У ціхую, сінюю ноч

І сказаць:

«Бачыце гэтыя буйныя зоркі,

Ясныя зоркі Геркулеса?

Да іх ляціць наша сонца,

І нясецца за сонцам зямля.

Хто мы такія?

Толькі падарожныя, — папутнікі сярод нябёс.

Нашто ж на зямлі

Сваркі і звадкі, боль і горыч,

Калі ўсе мы разам ляцім

Да зор?»

Верш чытаецца як напісаны сёння.

Творчасць паэта ўвабрала ў сябе вялікае багацце сусветнай інтэлектуальнай культуры. Ён, мне здаецца, быў нават няблага знаёмы з вучэннем З. Фрэйда, які прыдумаў тэрмін «Яно» для абазначэння сферы безасабовага, тых інстынктыўных нахілаў, якія складаюць аснову фарміравання жыцця чалавека.

Набягае яно

Вечарамі, начамі,

Адчыняе вакно

І шамрэе кустамі.

І гавора адну

Старадаўнюю казку —

Аб любоў і вясну

І жаночую ласку.

Сэрца сніць аб красу —

Аб слядочак дзявочы,

Залатую касу,

Сіняватыя вочы...

Вершаскладаннем М. Багдановіча займаецца І. Ралько, які звярнуў увагу на выключна багаты метрычны рэпертуар паэта: 101 вершаваны памер.

10 снежня. Усе кажуць, што вельмі прыстойна было адзначана 80-годдзе М. Багдановіча. Прыемна чуць.

Трэба помнік і Максіму.

17 снежня. У Маскве запланавана правядзенне Савета па беларускай літаратуры пры Саюзе пісьменнікаў СССР. Наважыліся абмеркаваць ход падрыхтоўкі да 90-годдзя з дня нараджэння Я. Купалы і Я. Коласа ў галіне перакладу і выданняў. Удзельнічаць у пасяджэнні Савета даручана мне.

18 снежня. Даведаўся пра смерць Аляксандра Твардоўскага. Днём быў (разам з Тамарай) у філармоніі на сустрэчы з паэтамі Расулам Гамзатавым, Кайсынам Куліевым і Міхаілам Дудзіным — яны і паведамілі гэтую сумную навіну.

Заўтра еду (разам з групай беларускіх літаратараў) у Маскву на пасяджэнне Савета па беларускай літаратуры і выходзіць, на пахаванне Твардоўскага.

Асоба Твардоўскага бачная была здалёк. Са школы любіў яго «Васілія Цёркіна», іншыя творы, вершы.

20 снежня. У Маскве, на Беларускім вакзале, як звычайна, сустракала Валянціна Шчадрына з «рафікам». Прыехалі ў Саюз пісьменнікаў на вуліцу Вароўскага. Труна ўжо стаяла на сцэне ў вялікай зале ЦДЛ. Каля труны — ганаровая варта з пісьменнікаў. Давялося пастаяць і мне. Зала запоўнена людзьмі. Процьма народу. Пазнаў акцёраў Ульянава і Высоцкага. Сустрэў калегаў — Грыбанава і інш. — з аддзела культуры ЦК КПСС. Вельмі здзіўлены маім з’яўленнем у Маскве, на гэтым пахаванні. Пісьменнікам з рэспублік прыязджаць не рэкамендавана. Ад беларускіх пісьменнікаў адзін толькі А. Куляшоў, асабісты сябар. Потым пад’ехаў яшчэ і В. Быкаў.

На паніхідзе выступалі К. Сіманаў і інш. У канцы нехта ў зале закрычаў, нейкая жанчына, абвінавачваючы ў смерці паэта кіраўніцтва СП. Да яе праціснуліся людзі ў цывільным і вывелі з залы.

Хавалі на Новадзявочых могілках. Першым камяк мерзлай зямлі кінуў Салжаніцын. Камяк гулка грукнуў па вечку дамавіны. Потым Салжаніцын падышоў да магілы Хрушчова, якая знаходзілася побач, і нізка пакланіўся.

Паміналі ўскладчыну ў адным з маскоўскіх рэстаранаў. Быў Быкаў і некаторыя блізкія яму маскоўскія літаратары.

Няма Твардоўскага, мне гэта баліць.

21 снежня. Адбылося пасяджэнне Савета па беларускай літаратуры. Гаварылі ў асноўным пра пераклады твораў Купалы і Коласа на рускую мову, пра іх выданне ў парадку падрыхтоўкі да юбілеяў у маскоўскіх выдавецтвах.

24 снежня. «ЛіМ» з некралогамі. Кароткі водгук П. Панчанкі «Развітанне»:

«Цяжка і горка гаварыць аб гэтай незваротнай страце. Пасля смерці Маякоўскага не было такога вялікага гора ў савецкай паэзіі. Абое яны былі найвялікшымі песнярамі сацыялістычнай Радзімы.

«Краіна Муравія» — выдатная паэма Аляксандра Твардоўскага, яна была і ёсць лепшым паэтычным творам пра людзей эпохі калектывізацыі. «Васілій Цёркін», паэма, вершы ваенных гадоў былі грознай зброяй у змаганні з фашызмам. «За даллю даль» уражвае чытача сваім размахам, свежасцю паэтычных фарбаў, сілай абагульнення.

Усё жыццё Аляксандра Трыфанавіча Твардоўскага — паэтычны і грамадзянскі подзвіг у імя камунізму. Яго творы будуць жыць вечна.

Мы нізка схіляем галовы над салдацкай магілай выдатнага рускага савецкага паэта Аляксандра Трыфанавіча Твардоўскага».

Я згодзен з Панчанкам. Твардоўскі, між іншым, сказаў, што толькі тое застанецца ў гісторыі, што атрымае пацвярджэнне ў літаратуры.

26 снежня. Адзначаў разам з Тамарай дзень нараджэння. Запрасілі Лёню.

27 снежня. Нядзеля. З раніцы з Тамарай хадзілі ў бліжэйшы гастраном, дзе дырэктар усімі паважаны Пекер. У Мінску ўсё болей магазінаў самаабслугоўвання, але да Пекера гэтае наша новаўвядзенне яшчэ не дайшло.

Тое-сеё купілі пад Новы год.

31 снежня. У «ЛіМе» адказы пісьменнікаў на навагоднюю анкету. Піліп Пестрак:

«У перспектыве мне бачацца палескія балоты і змагары, якія іх асушваюць. Ужо даўно хочацца пра іх напісаць. Асушка Палесся разумеецца мною, як справа гістарычнай важнасці ў Беларусі, як пачатак новай эпохі ў гісторыі нашага землязнаўства і яго культуры.

Удалося пазнаёміцца з раманамі «Мсціжы» Івана Пташнікава і «Плач перапёлкі» Івана Чыгрынава. Лічу гэтыя творы ўдалымі».

Свае адказы змясцілі І. Шамякін, А. Савіцкі і інш. Ні чым надта не парадавалі.


1972


1 студзеня. Новы год сустракалі ў гасцях у Віктара Лапуця. Геолаг, адзін з адкрывальнікаў беларускай нафты на Палессі.

Атрымалі навагоднія віншаванні ад мамы і цешчы Веры Васільеўны, Віталіка, Іосіфа Скурко, Тадэвуша, ад Майсейчыка з Брэста, ад некаторых пісьменнікаў.

2 студзеня. Што прынясе 1972-гі? Дзіўная рэч, але пра будучыню я ніколі не думаў, жыў днём сённяшнім, які цалкам задавальняў мае маладыя, сціплыя жаданні. Сёння таксама нібы ўсё ідзе роўна. Але ёсць змены, мне здаецца, у грамадскай атмасферы. З’явілася паняцце «дысідэнт». Пачатак чагосьці новага адчуваецца. Магчыма, павінна пачацца новая «адліга». Ідэалагічны ціск быццам узмацняецца, але, нягледзячы ні на што, павевы чагосьці свежага відавочныя. У гэтых працэсах далёка не апошнюю ролю адыгрывае літаратура. Я бачу, як мяняецца яе паэтыка, асвойваюцца формы мастацкай умоўнасці, з’яўляецца шматпланавасць. 60-я гады адзначаны ростам пазнавальных магчымасцей літаратуры пафасам праўдзівасці. Гэты працэс чымсьці нагадваў змаганне з белымі плямамі, за паўнату мастацкагістарычнага адлюстравання жыцця, што ў 70-я гады падхапіла ўжо новае пакаленне нашых маладых. Паглыбляецца сацыяльна-філасофская аснова літаратуры, пашыраецца паняцце сучаснасці, якое да гэтага часцей за ўсё разумелася, як толькі тое, што адбываецца сягоння, у гэтую мінуту. Сучасная беларуская літаратура — шырокая мастацкая панарама вобразаў і думак, глыбокіх пачуццяў і перажыванняў, у якіх знаходзіць выяўленне самасвядомасць савецкіх людзей — нашых сучаснікаў.

У Інстытуце літаратуры рыхтуецца да выдання васьмітомнік Кузьмы Чорнага, творчасць якога, у пісьменніцкім сэнсе, мае значную актуальнасць. Яна — сугучная часу.

У гэтым годзе будзе адзначацца 90-годдзе з дня нараджэння Купалы і Коласа. Аднаму і другому запланаваны помнікі ў цэнтры Мінска.

4 студзеня. Студзень — году пачатак, а зіме сярэдзіна. З 25 снежня мінулага да 16 студзеня гэтага года — Каляды. Здаецца, так? Настроіўся на пазітыўны лад. Усё, што адбываецца, паспрабую ацэньваць у пазітыўным ключы.

5 студзеня. Нарада ў кіраўніцтве СП з павесткай дня: «Як змагацца з п’янствам». На жаль, такая праблема існуе, але існавала яна і раней. У 1914 годзе ў Расіі на перыяд вайны продаж спіртных напояў быў забаронены. Але ж недзе даставалі. Гналі самагон, рабілі бражку. Распуцін піў сваю любімую мадэру. Шмат пілі пасля Вялікай Айчыннай вайны, даганяючы ўпушчанае. Мне здаецца, гэта тады прыдумалі кактэль пад назвай «ёрш». Незабыўны Мікола Засім заходзіў у летняе кафэ на бульвары Міцкевіча (так званы «Голубой Дунай») і прасіў:

— Дзяўчына, налі мне, калі ласка, шклянку піва і куфаль гарэлкі!

— Што? Можа наадварот?

— Рабі, як чула. Сёння я напісаў моцны верш.

За прылаўкам, побач з прадаўшчыцай стаяла драўляная бочка з півам і жалезная — з гарэлкай, і дзяўчына рабіла, «як чула», у шклянку налівала піва, а ў куфаль — чарпаком — гарэлку. Мікола расплачваўся і выліваў піва ў куфаль з гарэлкай. «Ёрш» вяртаў паэту натхненне.

Сёння таксама дэфіцыт натхнення ліквідуюць моцнымі напоямі. Лідзіруюць паэты — Антон Бялевіч, Анатоль Астрэйка, Анатоль Вялюгін, Пятро Прыходзіка, Рыгор Няхай. Папулярнае моцнае віно — «чарніла». Барыс Іванавіч Сачанка расказвае, што Піліп Пестрак п’е перад люстрам. «Ну, будзь здароў, Піліпе!» — кажа свайму адлюстраванню, чокаецца з ім чаркай і выпівае. І з таго, залюстранога, боку чалавек робіць тое самае — чокаецца і п’е. Адзін другому кажуць: «З добрым чалавекам прыемна выпіць!» Прыемна!

Немалую даніну Бахусу сплачвае Сцяпан Гаўрусёў. Неяк, яшчэ раней, быў у яго ў гасцях, ён жыве ў Зялёным Лузе. Адну бутэльку «Вермуту» распілі, а другую, сардэчны, пакінуў на раніцу — апахмяляцца. Бо вельмі, прызнаўся, даймае смага, а вінныя аддзелы з раніцы зачыненыя.

Разумею, што расказваць плёткі (нават калі яны праўдзівыя) пра паважаных людзей — занятак рабоў, але часам неяк не атрымліваецца ўстрымацца.

7 студзеня. У лімаўскую дыскусію пра крытыку ўмяшаўся К. Крапіва. Цяпер чамусьці ўсе думаюць, што ўсё залежыць ад крытыкі. Перад К. Крапівой выступалі І. Мележ, Э. Гурэвіч, Дз. Бугаёў і інш.

Узор цвярозага мыслення для мяне Чэхаў. Дык вось як разважаў ён наконт літаратурнай крытыкі, гаворачы пра сучасных яму прадстаўнікоў гэтага роду дзейнасці:

«Скабичевский и К — это мученики, взявшие на себя добровольно подвиг ходить по улицам и кричать: «Сапожник Иванов шьёт сапоги дурно!» и «Столяр Семенов делает столы хорошо!» Кому это нужно? Сапоги и столы от этого не станут лучше. Вообще труд этих господ, живущих паразитарно около чужого труда и в зависимости от него, представляются мне сплошным недоразумением. Что же касается того, что Вас обругали, то это ничего. Чем раньше Вас обстреляют, тем лучше» (Чехов, Собр. соч., т. 11. М., 1956, стр. 513).

Ацэнкі, здараецца, бываюць знішчальныя. Нядаўна прачытаў, што вядомы сатырык і дэмакрат Салтыкоў-Шчадрын назваў «Анну Каренину» Л. Талстога «Коровьим романом».

Адчуваецца, што сённяшняя крытыка ў разгубленасці, што страчана выразнасць крытэрыяў.

Вядома, ёсць у нас і сервільная крытыка, але дзе, скажыце, яе няма?

11 студзеня. У Саюзе пісьменнікаў сустрэў І. Чыгрынава. Хваліўся, што спрабаваў іграць з Аркадзем Аляксандравічам у шахматы, але прайграў недзе на сярэдзіне. Працягваць было бессэнсоўна, здаўся. Я параіў яму праштудзіраваць шахматныя партыі М. Батвінніка, асабліва яго гульню ў mittelshpili. Магчыма, тады ён адолее земляка.

17 студзеня. Адзначалі 80-годдзе Рыгора Шырмы. Вядомы фалькларыст, харавы дырыжор, грамадскі дзеяч. Для мяне Шырма — легенда міжваеннага дваццацігоддзя, легенда Заходняй Беларусі. У 1928—1937 гадах кіраваў Таварыствам беларускай школы (ТБШ). Рыгор Раманавіч — настаўнік рускага пісьменніка Гаўрылы Траепольскага. У бежанстве, у Варонежы.

21 студзеня. У «ЛіМе» артыкул А. Ліса пра Браніслава Тарашкевіча — да яго васьмідзесяцігоддзя — «Сейбіт і змагар». У 1918 годзе Б. Тарашкевіч распрацаваў і выдаў першую «Беларускую граматыку для школ», якая, на мой погляд, удала ўлічвала фоніку беларускай мовы.

Тарашкевіч — сімвал свайго часу і трагедыя беларускага лёсу.

22 студзеня. Прачытаў у «ЛіМе» заметку настаўніка з Маладзечаншчыны В. Міхасёнка пра верш М. Багдановіча «Зімой», дакладней нават пра два яго радкі:

Як мары, белыя бярозы

Пад сінявой начной стаяць...

Я, як і ўсе, лічыў, што мара — гэта нейкі прывід, здань, насланнё. Мара — імя пудзіла, якое спальваюць на вогнішчы ў ноч на Івана Купалу. В. Міхасёнак знайшоў — у гістарычным слоўніку, што мары ў старабеларускай мове маюць значэнні: смяротнае ложа, насілкі для нябожчыка. Семантыка — рэч плынная.

24 студзеня. Незадаволены «ЛіМам» Парватаў, курыць, пыхкае цыгарэтай і выгаворвае:

— Што гэта яны злоўжываюць вашымі выцінанкамі? Куды глядзіць Прокша?

Выцінанкі — гэта такія дасціпныя карункавыя выразкі з паперы, якія друкуе «ЛіМ». Чаму яны «нашы»? Парватаў знаходзіць «вопросы», як ён кажа, на роўным месцы, там, дзе іх няма.

Не, ацэньваць у пазітыўным ключы ўсё, што адбываецца, не атрымаецца.

25 студзеня. Збіраюся ў Маскву, дзе мае адбыцца пленум праўлення Саюза пісьменнікаў СССР, прысвечаны праблемам развіцця літаратурна-мастацкай крытыкі ў святле рашэнняў ХХIV з’езда КПСС. Еду разам з Шамякіным і Макаёнкам.

Утварыўся, кажуць, «дэфіцыт крытыкі». Некаторыя крытыкі пераходзяць у іншыя жанры. Зменшылася актыўнасць і «баявітасць» крытычных выступленняў. Зрэшты, незадаволенасць крытыкай мела месца ва ўсе часы.

Асабліва не любілі і не любяць яе пісьменнікі. Калі ў Аляксандра Дзюма папрасілі пяць франкаў на пахаванне вядомага крытыка, ён сказаў: «Атрымайце дзесяць — і пахавайце дваіх крытыкаў».

Крытык А. Тарасенкаў памёр рана. Пастарнак адрэагаваў: «Стаміўся ілгаць!»

У нашага Вялюгіна, я заўважыў, нейкая паталагічная злосць на крытыкаў (можа, што не пішуць пра яго?). М. Танк незадаволены Р. Бярозкіным, кажа: «Заблудзіўся ў трох соснах». Хто ж гэтыя тры сасны? Няўжо сярод іх няма Яўгена Іванавіча?

Партыя хоча, каб крытыка стала рычагом яе палітыкі ў галіне літаратуры і мастацтва.

26 студзеня. Пленум сабраўся ў ЦДЛ. З дакладам «Літаратурна-мастацкая крытыка і сучаснасць» выступіў мой даўні знаёмы, сакратар СП СССР В. М. Озераў. «Літаратурна-мастацкая крытыка, — канстатаваў ён, — не дастаткова актыўна ўдзельнічае ў фарміраванні новага чалавека. ...Атрымала распаўсюджванне «тэорыя» дэгераізацыі, прыхільнікі якой бачылі ў жыцці пераважна цёмныя бакі і не заўважалі працоўных і ратных подзвігаў савецкіх людзей, значнасці іх духоўнага, маральнага вобліку».

Потым было абмеркаванне — «прения», як тут кажуць. Гаварылі — хто што. Мне прыгадалася, што сказаў калісьці пра крытыку У. Маякоўскі:

«Мы должны уметь соразмерять право на нашу критику с энтузиазмом и пафосом, который мы вкладываем в дело социалистического строительства. И если нет, то права на критику вы не получите. Это нужно иметь ввиду» (Полн. собр. соч., т. 12. М., 1959. С. 385—387).

27 студзеня. У другой палавіне дня хадзіў па Маскве. Зайшоў у Кніжную лаўку пісьменніка на Кузнецкім мосце, але нічога не купіў.

Завярнуў у «Детский мир». Вячаслаў Адамчык наказаў купіць вашчаных сшыткаў для сваіх сыноў-школьнікаў. Такія сшыткі — на ўсю краіну — ёсць толькі ў Маскве ў гэтым універмагу. Сшыткі купіў. Мы калісьці пісалі чарнілам з крушынавых ягад на газетных палях.

Ідучы па вуліцы Горкага, параўняўся з магутным, шматпавярховым домам, у якім жыў А. Фадзееў. Успомніў, як быў ужо раз на гэтым месцы, калі вяртаўся з Казахстана, з цаліны, у 1956 годзе глыбокай восенню. Мемарыяльная дошка вісела, а побач была «Рюмочная». Стаяла чарга. Можа, калі-нікалі і Аляксандр Аляксандравіч тут стаяў? Не, не стаяў — яму, я думаю, налівалі без чаргі. Тут не стаяў, а любіў, як расказваў калісьці Іван Гутараў (які быў тады сакратаром партыйнай арганізацыі СП), наведвацца ў падвал да знаёмага шаўца. Там яны выпівалі і вялі нетаропкія філасофскія размовы. Таму, хваліўся Гутараў, дзе шукаць А. А., калі раптам паклічуць у ЦК, ён ведаў.

Вярталіся з Масквы фірменным цягніком № 1. З білетамі пастаралася супрацоўніца Літфонду Валя Пашкевіч, наша беларуска. Дзякуй ёй.

Крыху выпівалі. Частаваў Макаёнак. Ён мае рахунак у маскоўскай ашчаднай касе. Хваліцца, што кінуў курыць і здаравей, лепш сябе адчувае, асабліва што тычыць жанчын.

28 студзеня. У газетах, а сёння і ў «ЛіМе», апублікавана пастанова ЦК КПСС «Аб літаратурна-мастацкай крытыцы». «Абавязак крытыкі, — паводле гэтай пастановы, — глыбока аналізаваць з’явы, тэндэнцыі і заканамернасці сучаснага мастацкага працэсу, усямерна садзейнічаць умацаванню ленінскіх прынцыпаў партыйнасці і народнасці, змагацца за высокі ідэйна-эстэтычны ўзровень савецкага мастацтва, паслядоўна выступаць супраць буржуазнай ідэалогіі» і інш. Ці не залішне вузка разумеюцца ў гэтай пастанове рамкі актуальнасці крытыкі? Крытыка — самасвядомасць літаратуры. Таямніца натхнення пісьменніка, таямніца яго творчага свету — вось што важна высветліць. Крытыка павінна бачыць у мастацкім тэксце, як таго патрабаваў М. Бахцін, складаную сістэму сувязей, рухомае і зменлівае адзінства, якое можна раскладаць на састаўныя часткі, разнімаць і аналізаваць, тлумачыць, але да дна вычарпаць немагчыма, таму што яго сутнасць — шматзначнасць.

Крытыка, у лепшых сваіх узорах, не хоча паступацца творчым суверэнітэтам.

29 студзеня. Былі з Тамарай і Юзікам Скурко ў В. Лукшы. У яго новая жонка.

Купіў тэлевізар «Горизонт». Тамара любіць глядзець шматсерыйныя фільмы.

1 лютага. Споўнілася 60 гадоў Навуму Перкіну. Ездзіў (тралейбусам) у Інстытут літаратуры і павіншаваў юбіляра. Узнагародзілі Ганаровай граматай, хаця заслугоўвае большага. Выдатны літаратар, літаратуразнавец.

За плячыма — вайна.

Даведаўся, што цяпер многія супрацоўнікі інстытута пачалі пісаць вершы, не ў маладым ужо ўзросце — М. Барсток, І. Ралько, В. Івашын... Да кніжак справа яшчэ не дайшла.

У мінулым месяцы споўнілася 50 гадоў маскоўскаму крытыку А. Аўчарэнку. Вельмі амбітны вучоны, лічыць сябе найбольшым спецыялістам па сацыялістычным рэалізме. Зрэдзь піша і выступае на нарадах па беларускай літаратуры. Навум Саламонавіч мне больш сімпатычны.

5—6 лютага. Ездзілі з Тамарай у Плешчаніцы. Цесць Іван Платонавіч жыве на Вароўскага, 13. Яшчэ не стары, падбіраецца да шасцідзесяці. Жыццё не песціла. За печчу на драўляным ложку грэе старыя косці бабуля Соф’я.

Вера Васільеўна (цешча) частавала блінамі і самагонкай. Ён і яна — удзельнікі партызанскага руху ў сваім краі, шмат перажылі.

Я сказаў цесцю, пра што даведаўся нядаўна, чытаючы гістарычныя летапісы (рыхтуе В. Чамярыцкі), што ў 1127 годзе, падчас Полацка-Кіеўскай вайны, сын кіеўскага князя Ізяслаў узяў штурмам Лагойск. Іван Платонавіч дзівіцца, не верыць.

Вярнуліся з Плешчаніц аўтобусам, добра стомленыя. Цяжка дастаць білет.

Каля дарогі на Плешчаніцы — мемарыял «Хатынь».

8 лютага. Праводзім сустрэчы пісьменнікаў з рабочымі, калгаснікамі. Такая ўстаноўка дадзена Кулакоўскаму — сакратару партарганізацыі Саюза пісьменнікаў.

Піліп Пестрак наведаўся ў калгас імя Гастэлы пад Мінскам. «Я быў у вялікім захапленні, — сказаў ён пра свае ўражанні. — Чытаў свае лепшыя вершы аб прыродзе». Піліп Сямёнавіч вельмі абазнаны ў гэтым пытанні.

«Маці-прырода, — лічыць ён (надрукавана ў «ЛіМе»), — гэта адкрытая лірыка, і яна патрабуе душэўнай цеплыні паэта, памяркоўнага музычнага голасу, выключаючы ўсякія стукі і бразганіну... Прыўнясенне мадэрна ў

лірыку прыроды, мне здаецца, не ідзе на карысць якасці верша».

Я, калі прачытаў гэтае яго «крэда», падумаў: «Рэвалюцыянер («капэзэбовец»), а форму любіць спакойную, і «мадэрна», «гвалту над формай» не церпіць. Выходзіць, што нейкі надта законапаслухмяны рэвалюцыянер». У гэтым, відаць, асаблівасць беларускага менталітэту.

9 лютага. Прачытаў артыкул Паруйра Севака ў «Литературной газете» пра паэзію. Назва артыкула: «Поэзия никогда не рождается из мелочей». Ёсць цікавыя думкі. Напрыклад: «пісаць свабодным вершам цяжэй, чым рыфмаваным». Каштоўная — думка аб паэтычнай непаэтычнасці, скіраваная на развіццё паэзіі, уяўлення пра яе, на наватарства.

Яшчэ раз падумаў пра назву — «Поэзия никогда не рождается из мелочей». Г. Ахматава даводзіла іншае: «Когда б вы знали, из какого сора растут стихи...» Дык хто з іх мае рацыю? Пытанне не простае, але на яго адказвае сама паэзія са сваімі неабмежаванымі магчымасцямі эстэтычнага пераўтварэння і сінтэзу рэчаіснасці з яе супярэчнасцямі і супрацьлегласцямі. Усё, урэшце, упіраецца ў талент...

12 лютага. Памёр Мікола Лупсякоў. На 53-м годзе жыцця (нар. у 1919-м). Празаік — пантэіст. Прырода, адчуванне якой моцна адбілася ў яго апавяданнях, была яго стыхіяй. Ён адчуваў яе нутром. Любіў знаходзіцца каля людзей. Сціплы і непатрабавальны ў побыце: «Летам кожны кусцік начаваць пусціць», — яго словы.

15 лютага. Пленум нашага СП па пытаннях крытыкі. З дакладам выступіў І. Мележ. У дакладзе ўсіх успомніў, нават мяне. За ім выступілі: П. Дзюбайла, А. Кулакоўскі, І. Навуменка, А. Аўчарэнка, Р. Шкраба і інш. Мележ паважае крытыкаў, асабліва тых, хто пра яго піша.

16 лютага. Прыслаў ажно з Масквы «цялегу» нейкі Васілёнак. Абвінавачвае Васіля Барысенку ў нацыяналізме. Ужывае самыя завостраныя прыметнікі: «ярый», «крупный», «застарелый» і інш. Зусім відавочна, што паклёп. Даручылі займацца гэтаю справаю мне.

18 лютага. Мастаку М. Савіцкаму — 50. Незвычайная біяграфія (палон у час вайны). Пра яго расказваў мне В. Шматаў. Знайшоў свой шлях, звярнуўшыся да «суровага» стылю з прыцэлам на маштабныя філасофскія абагульненні. Імкнецца казаць праўду, арыгінальны. Мае апанентаў і нават праціўнікаў.

19 лютага. Быў у лазні, у гарачай пары. Вяртаўся — дождж са снегам, слата. Зайшоў да «Пекера» і выпіў піва. Выпіўшы, губляўся ў здагадках — піва гэта ці проста якая-небудзь каламуць. Відаць, разбавілі вадой, перабраўшы меру.

22 лютага. У Акадэміі навук адбылася нарада па пытаннях развіцця культуры беларускай мовы. З дакладам выступіў М. Р. Суднік. У спрэчках выступалі К. Крапіва, М. Бірыла, Я. Скрыган.

Я сустрэўся з Барысенкам, папытаў у яго, хто такі Васілёнак. Гэта, аказваецца, фалькларыст і няўдалы спецыяліст па беларускай літаратуры. Чалавек з нядобрага мінулага. Нічога дадатнага Васіль Васільевіч пра яго не сказаў. Спытаў, чаму я ім цікаўлюся. Я адказаў, каб не трывожыць В. В., што па даручэнні начальства.

25 лютага. Споўнілася 80 гадоў Канстанціну Федзіну — у «ЛіМе» артыкул І. Мележа «Наш вялікі сябар». Ці прачытае яго сам «сябар». Прачытае, дык пэўна здзівіцца. К. Федзін — Старшыня Саюза пісьменнікаў СССР, але ўсю «гаспадарку» даверыў К. Маркаву. Маскоўскія перасмешнікі сцвярджаюць, не без дасціпнасці, што яго профіль падобны на чучала арла.

26 лютага. Шэсцьдзясят гадоў празаіку і крытыку Уладзіміру Карпаву. У час вайны быў разведчыкам, наведваўся ў Мінск акупаваны, сустракаўся з падпольшчыкамі. Аўтар раманаў пра Мінск, але незычліўцы (а ў каго іх няма?) кажуць пра яго кнігі: «Не за сваё ўзяўся».

28 лютага. Зноў вярнулася зіма. Схавалася сонца, пайшоў снег. Потым, к абеду, — ізноў выбліснула сонца і ўжо нікуды не хавалася.

Сустрэў Еўдакію Лось. Міла пагаварылі. Помню, у 1965 годзе выйшаў чарговы яе зборнік лірыкі «Хараство», і захацелася напісаць пра яго. «ЛіМ» надрукаваў маю рэцэнзію пад назвай «Радасцю свет надзяліць». Здавалася, што мне ўдалося схапіць эстэтычную сутнасць яе паэзіі — непасрэднасць адчування свету, уласцівую ёй народнасць, высокую культуру мастацкага мыслення.

— Дзякуй за падтрымку, — сказала яна пры сустрэчы, — але не ўсё вы ў мяне зразумелі...

— Еўдакія Якаўлеўна, можа, так і павінна быць: паэзія па сваёй прыродзе невычарпальная... «У кожным імгненні паэзія ёсць, у кожным здзяйсненні — яе прыгажосць...»

— Дык вось гэту прыгажосць і крытыку добра было б бачыць! І ўвогуле, дабрэйшым трэба быць.

Еўдакіі Якаўлеўне немагчыма было адмовіць у слушнасці, яна, як сама паэзія, была, кажучы па-руску, права. 1 сакавіка. Мастак Стальмашонак падрыхтаваў для вялікай справаздачнай выстаўкі ў Маскве групавы партрэт дзеячаў рэвалюцыі на Беларусі — Жылуновіча, Мяснікова, Кнорына, Адамовіча, Чарвякова.

3 сакавіка. 60 гадоў адзначае Тарас Хадкевіч. У «ЛіМе» — юбілейны артыкул Макара Паслядовіча. У мяне была размова з Тарасам Канстанцінавічам, — цяжка, як вялікую несправядлівасць, перажывае няўвагу да сябе з боку крытыкаў. Бачыць у гэтым недаацэнку.

4 сакавіка. Міхаілу Савіцкаму далі ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга. Ён, на маю думку, варты. У нашых творчых саюзах шмат народу, але памаштабнаму працуюць адзінкі, якія, па сутнасці, і ствараюць вядомасць і славу беларускаму мастацтву, літаратуры. У літаратуры гэта — М. Танк, А. Куляшоў, В. Быкаў, І. Мележ, І. Шамякін, А. Макаёнак, У. Караткевіч, Р. Барадулін і некаторыя іншыя. Не так і мала!

Шырока ідуць у тэатрах краіны п’есы Макаёнка «Зацюканы апостал», «Трыбунал». Гумар і сатыра, сатыра і гумар. Нядаўна чуў ад яго дасціпны анекдот. «Адзін чалавек гандлюючы газіраванай вадой, здолеў пабудаваць сабе дачу. Яго пытаюць: «Як гэта табе ўдалося?» А ён кажа: «Калі дзяржава змагла на простай вадзе пабудаваць цэлыя электрастанцыі, дык чаму нельга на газіраванай вадзе пабудаваць дачу?»

— Думаю выкарыстаць у п’есе, — дадаў Андрэй Ягоравіч.

«Выкарыстоўвай, але як паглядзіць на гэта Галоўліт? — падумаў я, — Цяжка потым абараняць».

8 сакавіка. Міжнародны жаночы дзень. Купіў кветак (дэфіцыт), павіншаваў Тамару. Люты і сакавік у гэтым годзе без снегу. Відаць, павярнула на вясну. У паветры адліга, з’явіліся першыя праталіны і сокарух у дрэвах.

«Сокарух» — гэта я пачуў ад садаводаў-навукоўцаў.

10 сакавіка. У цэху футаралаў Мінскага радыёзавода пад раніцу здарылася буйная аварыя. Загінула шмат рабочых. Сітуацыя надзвычайная, такога яшчэ не было.

Меў рацыю малады і мудры У. Караткевіч, калі пісаў (у адным з вершаў — «Баладзе»): «Трагедыі не знікнуць і пры Камуне...»

11 сакавіка. Шмат загінуўшых і параненых у цэху футаралаў. Трагедыя! Дастаюць з-пад завалаў. Пакуль што налічылі 82 чалавекі. Сэрца разрываецца.

У апошні час у нас стала болей розных ЧП, пажараў, паводак, землятрусаў, вывяржэнняў вулканаў.

15 сакавіка. Стала вядома, што ў цэху футаралаў загінула больш за 100 чалавек, звыш 200 паранена. Мы, партработнікі, ходзім па сем’ях, выказваем спачуванне, дапамагаем у пахаваннях. З Масквы прыехаў член Палітбюро ЦК КПСС Дз. Ф. Усцінаў, загадаў выдаваць «пособия» сем’ям загінуўшых, а таксама грошы на пахаванне і на памінкі. Я чуў яго выступленне.

16 сакавіка. Ужо каторы дзень займаюся «палымянскай справай». Два супрацоўнікі «Полымя» даслалі ў ЦК ліст, у якім сігналізуюць, што кіраўніцтва часопіса вымушае аўтараў пакідаць у рэдакцыі частку свайго ганарару. Матывуецца гэта неабходнасцю падрыхтоўкі да юбілею: у снежні гэтага года часопісу «Полымя» спаўняецца 50 гадоў. Набываюць ужо посуд, чарачкі, відэльцы...

Я да гэтага аднёсся спакойна. Спыніць гэтую «ініцыятыву» ды і ўсё. Начальства са мной не згодна. Справа набірае абароты. Выклікаю на гутарку тых, хто «аджалеў» грошы на юбілей.

Учора даваў тлумачэнні Алесь Асіпенка. Ён даў крыху, як сказаў, па ўласнай ініцыятыве. Алесь Харытонавіч хваляваўся, папрасіў вады. Наліў яму з сіфона шклянку газіраванай вады. Р. Бярозкін называе такую ваду сельтэрскай. Неяк заходзіў да мяне ў сувязі са сваім працаўладкаваннем.

Выклікаў Ілью Гурскага. Той прыйшоў і выклаў усё, як на духу: «Даў». Памаўчаў і патлумачыў: «Сказалі...» Паважаю Ілью Данілавіча. Ілья Данілавіч Гурскі — цікавы, па-свойму арыгінальны і самабытны пісьменнік. Мы

ведаем яго п’есы, напісаныя на актуальныя тэмы, ведаем вялікі, эпапейнага плана раман «У агні», які расказвае пра суровыя і гераічныя падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Гэтым творам уласціва адна адметная, вельмі каштоўная асаблівасць: аўтарскае ўменне глыбока і ярка раскрываць характары, унутраны свет людзей.

Пагутарыў яшчэ з некаторымі, хто апошнім часам друкаваўся ў «Полымі». Разгляд справы рыхтуецца на Сакратарыяце ЦК.

18 сакавіка. Хмарна. З неба сячэ крупка. А сапраўднага снегу няма. Каб не вымерзлі азімыя, бо вельмі холадна, мароз.

20 сакавіка. Кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР ад Старобінскай выбарчай акругі вылучаны Піліп Пестрак. Многія здзівіліся, што менавіта гэтак вырашылі «на версе». Я пазваніў, павіншаваў. Будучы дэпутат адказаў, што гэта яму не ўпершыню, што здаралася быць і дэпутатам СССР, так што са сваімі абавязкамі справіцца. Можам быць упэўнены.

21 сакавіка. Зняты з пасады, са страгачом, рэдактар «Полымя» Павел Кавалёў. На яго месца ідзе Кастусь Кірэенка. Сёння чакаў на прыём у прыёмнай Машэрава. Падтрымлівае яго Кузьмін, абодва заядлыя рыбакі.

Як на мой погляд, то Павел Кавалёў быў нармальны рэдактар, але так вось сталася. Знялі, ды яшчэ са строгай вымовай. Хто б мог падумаць?

22 сакавіка. Два дні ўжо сядзіць у прыёмнай Машэрава Кастусь Ціханавіч, чакае на гутарку.

23 сакавіка. Нарэшце Пётр Міронавіч прыняў, гутарыў гадзіны чатыры. На адваротным шляху Кастусь Ціханавіч, шчаслівы, завітаў да мяне. Я павіншаваў.

— Ну і аб чым гутарылі?

— Гаварыў ён, я маўчаў, слухаў.

— Варта было запісваць.

— Вот я пра гэта не здагадаўся, ды і паперы не было. А ён усё курыць і гаворыць, гаворыць і курыць.

— Вас не частаваў?

— Я ж не куру, кінуў.

24 сакавіка. Прачытаў у «ЛіМе» ўрывак «Пасля стрэлу» з новага рамана І. Чыгрынава. Гэта ўжо другі яго раман, які аўтар пакуль што вагаецца, як назваць. «Апраўданне крыві» — адзін з варыянтаў. На маю думку, не надта ўдалы, бо надта глыбакадумны. Якое апраўданне? Устанаўленне этнічнай тоеснасці? Як разумець? Ці апраўданне пралітай крыві? Ахвярнасць?

У надрукаваным урыўку палонны па імені Рахім забівае лася. Лось тут — вобраз сімвалічны, у якім тоіцца шматстайны змест.

25 сакавіка. Вечар Аркадзя Куляшова ў музеі Янкі Купалы. Было вельмі цікава. Куляшоў, без перабольшання, выдатны майстар слова, мастак высокай культуры, прадстаўнік лепшай часткі савецкай літаратуры.

Амаль да канца 50-х гадоў паэт маўчаў. Новае натхненне прыйшло не адразу, яно нараджалася ў пакутах, пра што расказана ў вершах пачатку 60-х гадоў «Чалавек юбілейнага ўзросту...», «Перад падарожжам» і іншых, сярод якіх такі шэдэўр, як «Элегія». Яна ўражвае багаццем унутранага жыцця аўтара, мужнасцю і бескампраміснасцю. Цытаваць «Элегію» фрагментамі, на маю думку, немагчыма. Напомню яе поўнасцю:

Жыццё маё — цяжкі з гадамі бой.

І чым далей, то ўсё даўжэй прывалы,

Буксуюць вершы, быццам самазвалы,

Ды знаю я: надыдзе момант той,

Калі не хвоі снамі баравымі

Атуляць мой дарожны неспакой,

А схіляцца зларадна нада мной

Мае гады з бародамі даўгімі.

Чаго прыйшлі, за цудамі якімі?

Якога мне яны жадаюць сну?

Яшчэ я ўстану, падапруся кіем,

Старэчыя бароды расхіну.

За ўсе гады вазьму з гадоў даніну,

З дарогай разлічуся рэштай дзён,

Астатнія, як костку, смерці кіну

За той парог, дзе векавечны сон.

Прыгадваецца пушкінскае: «Я жить хочу, чтоб мыслить и страдать...» Адзін вершаваны радок, а прастору — як у добрым рамане. Такі і Куляшоў — наследнік пушкінскай традыцыі, школы гарманічнай яснасці, любові да жыцця. Любові, якая перамагае:

— Адгукніся, вясна, мне зязюляй з-за рэчкі,

Дай яшчэ раз прыпасці да любай зямлі

І каштанаў сваіх незгасальныя свечкі

Над маёй адшумеўшай вясной запалі!

(«Пра восень»)

У канцы 50-х гадоў, у 60-я і зараз у творчасці А. Куляшова назіраецца шэраг дабратворных якасных змен — надзвычай пашыраецца яго паэтычны свет, узбагачаецца ўяўленне аб духоўных каштоўнасцях чалавека.

Куляшоў расказаў пра знаёмства з Купалам, пра сустрэчы і размовы з ім.

Шкада, што даўні (з часоў «Камсамольскага білета») прыхільнік таленту Куляшова — П. М. Машэраў не зразумеў паэму «Цунамі» і іншыя сучасныя рэчы паэта з уласцівым ім агульначалавечым поглядам на свет, на яго пагрозы.

30 сакавіка. Прыехаў з Масквы Алесь Рыбак — адказны супрацоўнік Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР. Сурганаў аддаў загад Марцэлеву ўладкаваць яго ў апарат Саюза пісьменнікаў Беларусі. Алесь Рыбак, кажуць, быў знаёмы з самім Варашылавым і часам нават пазычаў яму грошы. Нешта слаба верыцца. А можа?..

2 красавіка. Хораша ўзыходзіць над горадам сонца. Сапраўды «цар прыроды», як называў яго Пушкін. У дзяцінстве я мог глядзець на яго шырока расплюшчанымі вачыма, цяпер трэба цёмныя акуляры.

7 красавіка. У нас, у Мінску, прайшоў усесаюзны сімпозіум «Праблемы інтэрнацыянальнага выхавання ў дзіцячай літаратуры». З дакладам выступіў Васіль Вітка. Добры паэт і педагог. Вельмі законапаслухмяны. Калісьці, кажуць, напісаў не вельмі ўдалую п’есу пра Янку Купалу. Незадаволены быў Якуб Колас.

10 красавіка. Узмацянецца кніжны бум. Усе нясуць на прыёмныя пункты пукі макулатуры, каб набыць «Трох мушкецёраў», апавяданні пра Шэрлака Холмса, іншыя папулярныя кніжкі. Здаюць нярэдка не толькі газетныя падшыўкі, а і творы Гогаля, Горкага, нават класікаў марксізму-ленінізму, што, вядома, не ўхвальваецца.

12 красавіка. Зноў снег. Ідзе і тут жа растае. Гэты час у Мінску звычайна такі. Подых вясны. Прыляцелі ластаўкі.

17 красавіка. Заходзіў у СП да А. Кулакоўскага. Кажа, што толькі што быў Пестрак. Пытаўся: «А што будзе, калі раптам згубіць партбілет?» Надта гэтага баіцца.

— Дык хай не носіць з сабой, — параіў я. — Хай дома трымае.

— Я яму сказаў: знайдзі схованку і трымай у схованцы. — Манія нейкая, — няўцямна пахітаў галавой Кулакоўскі.

Захацелася павярнуць размову на жарт:

— У яго ж яшчэ і дэпутацкае пасведчанне — дэпутата Вярхоўнага Савета БССР. Пра яго нічога не казаў?

— Не, пра яго не ўспамінаў, — яшчэ раз на поўным сур’ёзе хітнуў галавой Аляксей Мікалаевіч.

18 красавіка. Увесь дзень ішоў дождж. Дарэчы: трэба наталіць зямлю вільгаццю. На гарадскіх дрэвах — каштанах, бярозах — запальваюцца зялёныя агеньчыкі — набухаюць і раскрываюцца пупышкі.

Адскочыла маладая травічка. Цяпер у вёсцы ёю ласуюцца куры.

Ажылі і затурбаваліся ўжо, пэўна, пчолы, збіраюць свой праполіс.

Непаўторная пара!

Сустрэў Паўла Кавалёва. Упэўнены, што без яго «Полымя» выходзіць не зможа. Чакае, калі папросяць дапамагчы. Тады давядзецца ўсё паставіць на сваё месца.

Святая наіўнасць!

18 красавіка. Прынёс ліст Алесь Бачыла. Назваў яго «тлумачальнай запіскай». Аддаў у прыёмную Кузьміна, ад якога ліст трапіў да мяне.

«САКРАТАРУ ЦК КП БЕЛАРУСІ

таварышу КУЗЬМІНУ А. Т.

Паважаны Аляксандр Трыфанавіч!

Пішу гэтую тлумачальную запіску, як і было дамоўлена з Вамі. Вельмі прыемна, што ў рэспубліцы, згодна з рашэннем ЦК КПБ, так хораша было адзначана 80-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Паэт такую высокую пашану заслужыў сваёй выдатнай творчасцю. І ўсё ж нашай літаратуразнаўчай навукай і даследчыкамі магло быць больш зроблена ў справе вывучэння жыцця і творчай дзейнасці паэта. Мы амаль не вывучылі асяроддзе і акружэнне паэта ў яраслаўскі перыяд, амаль не даследавана дзейнасць яго старэйшага брата Вадзіма, які сваёй рэвалюцыйнай дзейнасцю зрабіў вельмі вялікі ўплыў на паэта. Праўда, мы шмат чаго ўжо не здолеем высветліць, бо няма ў жывых тых, хто тады вучыўся разам з М. Багдановічам. Аднак, яшчэ жывуць некалькі чалавек, якія блізка ведалі паэта і маглі б сёе-тое ўспомніць. Нам неабходна арганізаваць запісы іх успамінаў. Усё гэта людзі пажылога ўзросту і адкладваць такую работу нельга. Вось іх прозвішчы:

1. Войцік Людвіка Антонаўна (дзявочае прозвішча Сівіцкая, літаратурны псеўданім Зоська Верас), жыве ў Вільнюсе па праспекце Краснай Арміі, 180, кв. 22. Яна працавала з Максімам Багдановічам у ваенны час у 1916—1917 гадах у Мінску ў Камітэце помачы ахвярам вайны. Яна ведала не толькі Максіма Багдановіча, але і шмат каго з беларускіх пісьменнікаў, артыстаў і дзеячаў культуры. Магчыма, варта падумаць над тым, каб яе ўспаміны выдаць асобнай кніжкай.

2. Смоліч Аляксандра Ігнатаўна. Жыве ў Кіеўскай вобласці, п/а Міроцкае. Яе муж — блізкі сябар Максіма Багдановіча. Ён збіраў грошы, каб паслаць паэта лячыцца ў Крым у 1917 годзе, праводзіў паэта ў яго апошнюю паездку. У яе хатнім архіве відаць ёсць і некаторыя матэрыялы, якія могуць зацікавіць літаратурную грамадскасць Беларусі.

3. Акадэмік Т. Годнеў. Ён вучыўся ў той час у Яраслаўлі. Друкаваў свае ўспаміны пра паэта. Варта цяпер папрасіць яго пашырыць гэтыя ўспаміны.

4. Ванда Лявіцкая — дачка Ядвігіна Ш., перапісвалася з Максімам Багдановічам. (Жыла на Стаўрапальшчыне, цяпер памерла). Але ў іхсямейным архіве (была замужам за Я. Лёсікам) меліся цікавыя матэрыялы і дакументы літаратуразнаўчага характару. Пры арышце Лёсіка хатнія архівы былі канфіскаваны і цяпер павінны знаходзіцца ў Саратаўскім абласным КДБ. Варта было б пацікавіцца, што ёсць у тым архіве. Нам вядома, што Я. Лёсік — родзіч Я. Коласа, і там маглі быць матэрыялы, звязаныя з дзейнасцю народнага паэта. Можа б, нашы адпаведныя органы запрасілі, калі не сам архіў, то хоць бы яго спіс, каб ведаць, што там ёсць.

5. Багдановіч Аўгуста Іванаўна, гор. Яраслаўль, вул. Юнасці, дом 9, кв. 48. Другая жонка малодшага паэтавага брата Паўла. Я двойчы ў іх быў, калі збіраў матэрыялы пра Максіма Багдановіча. У другі раз пасля ўжо смерці Паўла Адамавіча. Тады я прывёз і перадаў нашаму Цэнтральнаму літаратурнаму архіву вялікі альбом з фатаграфіямі і цікавыя дакументы (пра ўсё гэта напісана ў маёй кнізе «Дарогамі Максіма»). Але некаторыя рэчы там яшчэ засталіся. Я сам трымаў у руках сярэбраны юбілейны медаль, якім быў узнагароджаны Максімаў брат Лёва за паспяховае заканчэнне гімназіі, трымаў і разрыўную кулю, якой Лёва быў паранены ў часе Брусілаўскага прарыву. Там знаходзіцца і картонны куфэрак (такі ж быў і ў Максіма), у які складваліся рэчы. У такім куфэрку ляжалі і рукапісы паэта, калі бацька перадаваў іх Інбелкульту. Усё гэта не шкодзіла б забраць. Яно спатрэбіцца потым пры арганізацыі музея. Пакуль што хай бы яно захоўвалася ў нашым краязнаўчым музеі. Варта было б запрапанаваць Інстытуту літаратуры АН БССР уключыць у свае планы навуковыя працы, прысвечаныя тэмам «Максім Багдановіч і яго акружэнне», «Сям’я Багдановічаў і М. Горкі», «М. Багдановіч — крытык, гісторык, публіцыст».

І ўсё ж для далейшага вывучэння і асабліва збірання матэрыялаў пра жыццё паэта нам патрэбна мець у Мінску мемарыяльны музей М. Багдановіча. Па вуліцы М. Горкага насупраць парку стаіць дом, у якім нарадзіўся паэт. Пра гэта гаворыць мемарыяльная дошка, прымацаваная на гэтым будынку. Вядома, дом цяпер мае крыху іншы выгляд. Зроблена надбудова трэцяга паверха. Раней дом быў двухпавярховы. Яго здымкі публікаваліся. Музей мог бы стаць не толькі цэнтрам збірання матэрыялаў пра жыццё і творчасць паэта, але і добрым прыкладам для выхавання ў наведвальнікаў патрыятызму, інтэрнацыяналізму і паказу вялікай дружбы паміж дзеячамі рускай, украінскай і беларускай літаратур. Там маглі б знайсці адлюстраванне сувязі Багдановічаў з Максімам Горкім, іх шматгадовай дружбы. Там магла быць паказана дзейнасць і старэйшага брата паэта Вадзіма, які ўдзельнічаў у рэвалюцыйнай рабоце сярод гімназістаў побач з такім выдатным дзеячам, як Якаў Свярдлоў. Вадзім меў сувязь і перапіску з Германам Лапаціным — перакладчыкам твораў К. Маркса на рускую мову, калі пісаў сваю манаграфію пра Г. Лапаціна. Там магла быць адлюстравана і шматгранная дзейнасць М. Багдановіча, як крытыка і публіцыста. Ён часта выступаў з артыкуламі пра рускіх пісьменнікаў, пра класікаў украінскай літаратуры, пра пісьменнікаў іншых літаратур былой царскай Расіі. М. Багдановіч высока ацэньваў творчасць Яна Райніса. У музеі Яна Райніса захоўваецца экзэмпляр зборніка М. Багдановіча «Вянок», дзе нават зроблены пад вершамі падрадкоўнікі. Як сцвярджаюць латышскія даследчыкі, Ян Райніс збіраўся перакладаць вершы Багдановіча на латышскую мову.

М. Багдановіч першы ў беларускай крытыцы яшчэ ў дарэвалюцыйны час загаварыў пра вялікае значэнне рускай культуры для росквіту літаратур народаў Расіі.

У агульным літаратурным музеі, які плануецца мець у новым будынку Дома пісьменнікаў, усё гэта нельга будзе паказаць у поўным аб’ёме. Для такой вялікай паэтычнай фігуры, як Максім Багдановіч, патрэбен асобны музей. На першых часах ён мог бы быць філіялам Музея Янкі Купалы. Для гэтага трэба было б, каб Міністэрства культуры БССР знайшло тры-чатыры штатныя адзінкі супрацоўнікаў, якія б і пачалі назапашваць адпаведныя матэрыялы. А там праз гадоў пяць можна было б і адчыняць музей Максіма Багдановіча.

Сёння неяк дзіўна атрымліваецца: мы маем у рэспубліцы не толькі музеі Я. Купалы і Я. Коласа, але і іх філіялы на перыферыі (што вельмі добра), і не маем музея трэцяга нашага класіка, вядомасць якога далёка пайшла за межы не толькі рэспублікі, але і Савецкага Саюза. Ці не тлумачыцца гэта тым, што Я. Купала і Я. Колас жылі пазней і пра ўвекавечванне іх памяці паклапаціліся ў значнай ступені і іх родзічы. У Максіма Багдановіча такіх родзічаў не знайшлося, а тыя, што яшчэ жылі ў апошнія гады, не разумелі ў поўным аб’ёме значэнне М. Багдановіча для нашай і еўрапейскай культуры. Я дадаю слова «і еўрапейскай культуры», грунтуючыся на манаграфіі даследчыцы паэта ў Англіі, якая напісала ў сваёй працы, што ў пантэоне паэтаў свету Максім Багдановіч займае сваё месца, як роўны сярод роўных.

Хай жа стварэнне музея М. Багдановіча зробіцца і нашым клопатам, і хай гэтая тлумачальная запіска стане хоць невялічкім штуршком у ажыццяўленні гэтай патрэбнай справы.

З глыбокаю павагаю

Алесь БАЧЫЛА,

засл. дзеяч культуры БССР.

18 красавіка 1972 г. Мінск».

Прыемна было пераканацца, што Алесь Бачыла — чалавек сур’ёзны, нелегкадумны. Сярод створаных ім лібрэта беларускіх опер — «Зорка Венера» (музыка Ю. Семянякі), на сюжэт жыцця і кахання М. Багдановіча.

Гэтую оперу я слухаў у 1970 г. Па лірызме яна блізкая да М. Багдановіча, аўтар глыбока пранікся духам Максіма. «Тлумачальная запіска» — вынік гэтага захаплення.

Аляксей Карпюк па-свойму вядзе дыялог з ЦК, Алесь Бачыла — пасвойму. І адно другога, відаць, не выключае, але на Карпюка пазіраюць як на дысідэнта.

19 красавіка. Рэзка пахаладала. Пайшоў снег. Настрой у прыроды мяняецца гэтаксама нечакана, як і ў начальства.

22 красавіка. Пайшлі на суботнік. Зырка свеціць сонца, але халаднавата. Некаторыя кажуць, што гэты холад як быццам нават прадугледжаны прыродай, каб пагінулі розныя садовыя шкоднікі.

Бетонныя работы. Зноў бетаніруем пляцоўку пад чарговы цэх на аўтазаводзе.

Настолькі адразу рэзка пахаладала, што ажно дзіўна. Ноччу — замаразкі.

Разам з намі працаваў Пётр Міронавіч са сваімі ахоўнікамі. Мы час ад часу пазіралі ў той бок, але блізка не падыходзілі.

26 красавіка. Падзея! Мележу прысуджана Ленінская прэмія за раманы «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы». Павіншаваў. Не ведаю, як будуць ацэньвацца гэтыя творы па часе, калі, напрыклад, памяняецца традыцыйная паэтыка рамана, а сёння гэта вельмі прыстойныя рэчы, і аўтар, здаецца, ідзе далей, у глыбіню праблемы, даследуе чалавечы характар.

30 красавіка. Скончыў шафёрскія курсы і здаў іспыт (тэорыя і практыка),атрымаў вадзіцельскія правы — пасведчанне вадзіцеля. Маю права вадзіць аўтамабілі, дазволеная максімальная вага якіх не перавышае 3500 кг (7700 фунтаў) і колькасць сядзячых месц якіх, апроч сядзення вадзіцеля, не перавышаевасьмі. Засталося купіць аўтамабіль, што з маёй зарплатай не так проста.

З пісьменнікаў многія маюць і водзяць аўтамабілі: І. Шамякін, І. Мележ, А. Кулакоўскі («Запарожац»), Т. Хадкевіч, У. Карпаў, К. Кірэенка... М. Лужанін мае «Волгу», але шафёра наймае. І. Навуменку возіць жонка.

Днямі, ідучы праспектам, бачыў, як ад цырка да плошчы Перамогі разагнаўся і праімчаўся на задніх колах «Запарожац», падняўшы ўгору пярэднія. А я ці змог бы гэтак?

31 красавіка. На рабоце не затрымліваюся, вяртаюся пасля шасці. Яшчэ відна. Вось што значыць вясна.

Заўтра на дэманстрацыю не пайду.

1—2 мая. Рэха свята, якое адбываецца ў цэнтры, каля будынка ЦК, дасягае і маёй Фабрычнай. Калі раніцай выйшаў, каб схадзіць у гастраном «да Пекера», пачуў праз стук колаў цягнікоў водгукі палымяных лозунгаў і заклікаў. Святкаванне набірае «абароты».

Запрасіў у госці Лёню, які ўсё яшчэ халасцякуе. Пасядзелі разам. Добра, што заўтра выхадны.

Назаўтра — выхадны і дзень апахмелкі. Між іншым, будаўнікі савецкай краіны і савецкага ладу жыцця прадумалі і зрабілі правільна, улічыўшы народныя традыцыі, пайшлі насустрач пажаданням працоўных: якая можа быць праца 2-га мая? Галовы ва ўсіх цяжкія.

4 мая. У Кіеве выйшла ў двух тамах анталогія «Білоруська радянська поезія». Вельмі прыемная падзея. Заўсёды цікава, як сваё выглядае ў іншай вопратцы. У вершах з’яўляюцца новыя адценні сэнсу. Нешта, вядома, страчваецца. М. Лужанін кажа: «Арыгінал — віно, а пераклад — вада». Не, не заўсёды вада. Захоўваецца і віно.

8—9 мая. Былі з Тамарай у Плешчаніцах у яе бацькоў. Тут таксама ёсць невялічкі гарнізон (вайсковая аўташкола) і меў месца парад. За парадам прайшлі калектывы працоўных, са сцягамі і транспарантамі, але больш скавана ў параўнанні са сталічнай «разняволенасцю».

Мае цесць і цешча, Іван Платонавіч і Вера Васільеўна, — удзельнікі партызанскага змагання ў сваёй мясцовасці. Расказваюць шмат цікавага. Вайна, хоць да яе і рыхтаваліся, стала для ўсіх, ад радавога чалавека, шараговага байца да Сталіна, вялікай нечаканасцю — нечаканасцю па вераломнасці і нахабнасці нападзення гітлераўскіх войскаў на Савецкі Саюз, насуперак існаваўшаму дагавору, і ў сэнсе таго, якой яна аказалася.

Цесцю і цешчы (яны, маладыя, на той час яшчэ не пабраліся) давялося перажыць шмат страху і гора. У Плешчаніцах і вакол мястэчка, як і ўсюды на акупаванай тэрыторыі, разгарнуўся партызанскі рух. Ініцыятыва належала акружэнцам. Івана Платонавіча яны ўвялі як свайго разведчыка ў нямецкую ўправу ў Плешчаніцах. Ён аб усім папярэджваў, аб усіх планах немцаў. Вельмі небяспечная работа, за якую потым, у 1944-м, жорстка паплацілася сям’я. Вера Васільеўна таксама трымала сувязь з партызанамі, перадавала медыкаменты (яна працавала ў аптэцы). Невыносна цяжка было ў блакаду. Асабліва, калі карнікі блакіравалі возера Палік, дзе ваявалі партызанскія брыгады і хаваліся-ратаваліся жыхары. Сядзелі па шыю ў халоднай вадзе, у балоце. Плакалі дзеці, немаўляты. Даведзеныя да адчаю людзі злаваліся, патрабавалі, каб яны змоўклі. Жах! Урэшце, у некаторых, дзіця і замаўкала... А потым пра такіх з пагардай гаварылі, зласловілі: «Яна дзіця сваё задушыла...»

Як перажыць гэтую траўму? І ці можна яе перажыць? Мусіць, з ёю і памрэш...

Вось і думаеш: для беларуса лес ды балота — сімвал жыцця, сімвал лёсу.

На плешчаніцкай пілараме ўсё яшчэ крышацца аб кулі і асколкі сталёвыя зуб’і піл, калі распілоўваюць былыя партызанскія, а цяпер леспрамгасаўскія сосны!

12 мая. Квецень і зеляніна на дрэвах усё гусцейшыя. Прыгадаў свой Кругель. Першым цвіце ў нас папоўскі сад — там шмат сліў. Соладка пахнуць квітнеючыя грушы. Ноччу п’яніць пах чаромхі. І халаднавата. Гэта — халады на першацвет, ці, як іх яшчэ называюць, чаромхавыя халады. А. Вялюгін нават назваў гэтак свой зборнік вершаў.

Калі вучыўся ў школе, пасля вайны, прывезлі аднойчы каляровы кінафільм «Жизнь в цвету» — пра Мічурына. Потым даведаўся, што гэта фільм А. Даўжэнкі. Дык у Кругелі вясной квецені бывае не меней, чым у тым кінафільме.

Сад — прыгожы ў любую пару, у любое надвор’е. Не ведаю, чые гэта словы: — «Жизнь — сад, плачущий после дождя». Кажуць, што гэтак разумеў паэзію Барыс Пастарнак, што гэта яго паэтычная канцэпцыя. Напэўна ж, у гэтай канцэпцыі ёсць філасофская падаснова. Можна сцвярджаць, што гэта жыццелюбівая філасофія. Адукацыю Пастарнак атрымаў у Германіі, у прафесара Коэна.

13 мая. А. Карпюка выключылі з партыі. Выключыў Гродзенскі абкам. А як на мой погляд, дык больш партыйнага сярод літаратараў і не было. Нездарма калісьці на Карпюкова вяселле прыйшоў сам Сяргей Прытыцкі і падарыў «Капітал» Маркса.

Да таго ж Карпюк — партызан з салідным стажам.

17 мая. Дзень нараджэння Тамары. Сабраліся сяброўкі. Шампанскае, торт, кава (растваральная, якую цяжка дастаць, толькі «па блаце»). Падпілі, пачаліся танцы. Цеснаватая кватэра. Медыкі, дарэчы, умеюць весяліцца.

24 мая. Чаромхавыя халады, здаецца, мінаюць. У кустах каля Свіслачы, за чыгункай, засеў нейкі ашалелы салавей і, адчуўшы цяпло, несціхана пускае ў наваколле свае галасістыя трэлі. Нягледзячы на тое, што яго глушаць паязды, якія праязджаюць міма.

26 мая. Адбылася сустрэча балгарскіх і беларускіх пісьменнікаў. З боку гасцей выступілі Н. Вылчаў, Д. Ангелаў, І. Давыдкаў і інш. Я пашкадаваў, што сярод іх не было Георгія Вылчава, з якім я блізка знаёмы.

31 мая. Дацвітаюць каштаны. Заўтра — пачатак лета, але па тэмпературы гэта яшчэ не адчуваецца.

Завяршаюцца работы па ўзвядзенні помніка Я. Купалу ў скверы каля яго дома-музея.

8 чэрвеня. На старонках «ЛіМа» чарговая дыскусія — пра паэзію. Нічога, здаецца, новага. Але часам варта нагадаць, паўтарыць і вядомыя ісціны. Тую, скажам, што не варта рэзка дзяліць паэзію на «асабовую» і «грамадзянскую». У любым выпадку паэт зыходзіць з уласнага характару, ён заложнік сваёй біяграфіі.

Намеціўся зрух у жанры паэмы (А. Куляшоў, А. Русецкі і некаторыя іншыя). Паэма — жанр асабліва цяжкі, тут патрэбна, як хтосьці сказаў, філасофская сістэма.

9 чэрвеня. Субота. Здавалі нормы на значок «ГТО». З гэтай мэтай ездзілі на стадыён «Ураджай». Увесь калектыў апарата ЦК. Не было толькі сакратароў і загадчыкаў аддзелаў.

Да нас на гэтым стадыёне здаваў нормы «ГТО» апарат Саўміна. Колькі ў нас аднак чыноўнікаў! Зрэшты, я і сам чыноўнік. Нормы «ГТО» здаў.

14 чэрвеня. Пазваніла Ева, сказала, што бацькі разводзяцца і што мне трэба прыехаць. Мама ў роспачы.

Першым пачуццём, якое адчуў, быў сорам. Па шэсцьдзясят гадоў і разводзяцца. Але паеду. А можа, ўладжу? На выхадныя. Д’ябал бацьку ў рабро казыча ці што? У вайну ж не мала страху глынуў. Гестапа два разы арыштоўвала, а потым і фронт прайшоў. Досвед багаты і павінен схіляць да чалавечнасці, але, відаць, не надта схіляе...

16—17 чэрвеня. Быў у Брэсце. Наведаў маму. Бедная, яна ўжо жыве на сваёй палавіне — ад вуліцы. Яна ўжо быццам і звыклася з новым сваім становішчам, не заўважае яго. Надта яе шкада. Мама — равесніца Кастрычніцкай рэвалюцыі, нарадзілася ў лістападзе 1917 года. Бацька на пяць гадоў старэйшы. Кахалі ж адно аднаго! Любіліся, — як у нас кажуць. А цяпер разводзяцца. Непрадказальны чалавечы лёс.

Нас, дзяцей, у бацькоў чацвёра — тры сыны і дачка. Не ўсё было складна ў жыцці, але ж жылі...

Сустрэўся з бацькам на яго палавіне. Маўчыць, а потым кажа: «Лёс такі...» Раніцой зноў хадзіў. Паспрабаваў паразмаўляць з ім яшчэ, адгаварыць ад разводу, — маўчыць. Жыла б бабуля Фёкла, яна б яму паказала, як разводзіцца! Дзед Лявон такога ўплыву на яго не мае.

Наведаў свайго хроснага бацьку, «хрышчонага», як кажуць у нас у Кругелі, Сямёна Гардзеевіча Жука. І ён мяне пазнаў, і я яго, хоць, калісці свежыя і пукатыя, шчокі хроснага ўпалі, абвастрыліся шырокія яцвяжскія скулы, абцягненыя сухой абветранай скурай.

— Маё шанаванне! — сказаў ён, адчыніўшы дзверы. Сямён Гардзеевіч, як заўсёды, колькі яго помню, пры гальштуку, завязаным вялікім шчыльным вузлом. Быццам і не развязвае яго, і спіць з ім.

— Як жыццё? — пацікавіўся я.

— Жывём, не наракаем.

На стале з’явілася пляшка гарэлкі, каўбаса, нарэзаная тонкімі кружочкамі, талерка з белым налівам — раннімі яблыкамі. Прыгадалася даўняя парада бедалагі Пілатовіча (гэта было калісьці на дачы ў Макаёнка — як хутка бяжыць час!): перад тым, як піць гарэлку, з’еш кілаграм яблыкаў і не будзеш п’яны.

Выпіўшы чарку, Сямён Гардзеевіч стаў смелым і сказаў:

— Камунізм — гэта, хоба на яго, бязбожная вера. — А потым дадаў: — Без Бога — гэта ўсё адно як ісці па лесвіцы без парэнчаў. Абавязкова пакоцішся ўніз.

Яшчэ пра сёе-тое пагаманілі. Малым я верыў, што ёсць разумныя, мудрыя людзі, здольныя разабрацца ў жыццёвых складанасцях. Цяпер бачу, што такіх людзей або зусім няма, або яны вельмі рэдкія. Мой хросны — з іх, пэўна, ліку.

«Хрышчоны» прызнаўся, што больш за ўсё любіў назіраць за пчоламі, легчы каля вулею і глядзець, як яны снуюць — то вылятаюць з лёткі, то вяртаюцца назад. Вулей ажно гудзеў ад іх бесперастаннага клопату.

Сямён Гардзеевіч і ў савецкай турме сядзеў (двойчы) і ў нямецкай. Вызваліўся з лагера ў Казахстане ў 1952 годзе, а поўнасцю рэабілітаваны толькі ў 1963-м.

— Голад быў такі, братка, што срака да шкілету прыліпала. Ой!..

Сямён Гардзеевіч наліў, і мы зноў выпілі.

— Але што добра ў Расіі, гэта, братачка, хоба на яго, на кожнай станцыі табе кіпяток. Бяры і пі ад пуза!

На развітанне хросны падарыў мне Біблію. Падарыў і сказаў:

— Каб на спажытак!

З брэсцкімі сябрамі-літаратарамі не сустракаўся.

23—24 чэрвеня. Летняе сонцастаянне. Купалле. Адзначаюць яго цяпер хіба толькі на Палессі!

Чытаю Біблію, падораную хросным. Сустракаюся з ёю, вядома, не ўпершыню. Яшчэ з дзяцінства запомніў паданне пра Майсея, якое, уздзеўшы на нос акуляры, чытаў нам, яшчэ нават не падлеткам, аднавясковец Анатолій Мельнічук. Баптыст, ён меў Біблію і захапляўся Пяцікніжжам. Але цяпер, зразумела, успрыманне гэтай кнігі інакшае, нібы больш блізкае. На некаторых мясцінах спыняюся, хочацца выпісаць:

«Судей не злословь и начальника в народе твоем не поноси» (Исход,22, 28).

Натрапіў на такое павучанне: «Чти отца и мать, и будешь долголетен на земле» (Исход, 20, 12).

26 чэрвеня. Пішам для Машэрава прамову на адкрыццё помніка Янку Купалу. Заданне не простае, бо як прымірыць паэта з савецкай уладай? Уладай, ад якой ён столькі нацярпеўся. «Глядзіце, каб не перагнулі палку!» — папярэдзіў Кузьмін. Што ён гэтым хацеў сказаць, для мяне было незразумела. Кузьмін Аляксандр Трыфанавіч — сакратар па ідэалогіі, лічыць, што над ідэалогіяй трэба больш працаваць, чым над эканомікай, аднак чалавек ён дабрадушны.

30 чэрвеня. Многае з Купалавай спадчыны не выдаецца з 20-х гадоў — вершы, паэмы, п’еса «Тутэйшыя», публіцыстыка. Забаронена і знаходзіцца ў спецсховішчы. Ёсць, такім чынам, два Купалы — дазволены і недазволены, савецкі і антысавецкі.

Даклад (прамова), вядома, пра Купалу савецкага.

4 ліпеня. Нарэшце прамова гатова. Перадалі наверх. Што скажа П. М. Яму выступаць з ёю на адкрыцці помніка.

На Купалаў юбілей з’язджаюцца госці. Прыехалі пісьменнікі з Узбекістана, Таджыкістана, паведамілі аб прыездзе яшчэ — з Грузіі, Украіны, Літвы...

5 ліпеня. Машэраў адмовіўся выступаць з нашай прамовай — перадаверыў выступленне Старшыні Савета Міністраў Кісялёву. Па матэрыялу аднак у Пятра Міронавіча заўваг няма. Ціхан Якаўлевіч Кісялёў да вайны працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры. Яму, пэўна, будзе прасцей арыентавацца ў гэтым пытанні.

6 ліпеня. Раніцай быў у Саўміне, паклікаў Ціхан Якаўлевіч. У яго ўжо сядзеў Броўка, пра нешта гаманілі. З маім прыходам прыступілі да прамовы, унеслі некаторыя, нязначныя, папраўкі. Броўка прапанаваў уставіць вядомыя радкі пра «Камуну»:

З Масквы, з Крамля, хадою ўдумнай,

Усенароднай, чалавечай,

Праз поле, поплавы, буруны

Ідзе, таварышы, камуна

На свеце шчасце ўвекавечыць.

Бачу, што Ціхан Якаўлевіч мнецца, шкрабе за вухам, азадачаны. Гаманкі Пётр Усцінавіч запэўнівае:

— Добра, добра...

7 ліпеня. 90-годдзе з дня нараджэння Янкі Купалы. У Мінску пастаўлены выдатны помнік работы скульптара А. Анікейчыка. Усё гатова да адкрыцця. Купалаўскі сквер (каля дома-музея) з раніцы стаў напаўняцца людзьмі — мінчане, госці сталіцы, пісьменнікі з братніх рэспублік, што прыехалі на свята. Помнік занавешаны белым прасцірадлам. Дзесяць гадзін. Слова для прамовы з нагоды адкрыцця помніка Янку Купалу далі... старшыні гарвыканкама Васілю Іванавічу Шарапаву. Крыху накульгваючы, ён падышоў да мікрафона. Сумленна, толькі зрэдчас блытаючыся ў націсках, ён прачытаў прамову і апусціў прасцірадла.

Помнік атрымаўся вельмі прыгожы, велічны.

У 17.00 — урачыстае пасяджэнне ў оперным тэатры. Адкрыў уступным словам М. Танк. Выступалі госці. Арыгінальна, вынаходліва. Рускі паэт М. Луконін сказаў, што беларусы — самы лепшы народ у Савецкім Саюзе.

Яму вельмі апладзіравалі. Грузінскі літаратуразнавец Б. Жгенці з бляскам прааналізаваў верш Купалы «Генацвале», даказаўшы, што і верш дасканалы, і яго стваральнік — постаць надзвычай узнёслая і высакародная. Рэгламент — 10 мінут — перабраў удвая, літаральна зачараваўшы прысутных, у тым ліку і высокі прэзідыум.

14 ліпеня. Не перастаю думаць над тым, чаму Машэраў і Кісялёў адмовіліся выступаць з той прамовай. Адказ знаходжу адзін — пераляк перад абвінавачваннем у нацыяналізме. Гэтага ўсе баяцца як агню. Ужо адно тое, што паставілі помнік нацыянальнаму паэту, дае падставы для «пудлівых» думак. Кажуць, што Купала знаходзіўся пад пастаянным наглядам, што сярод яго гасцей часта можна было бачыць нейкага Сікорскага, які, па чутках, працаваў у следчым аддзела ГПУ.

16 ліпеня. Нармальны летні дзень. Градусаў, відаць, дваццаць, а можа, і больш. Цвітуць на алеях ліпы. Адна, я заўважыў, цвіце і плача — напала тля. Ліпавае лісце ў расе, і з яго сочыцца і капае на тратуар нейкая вадкасць.

19 ліпеня. Надрукаваны Указы Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР аб прысваенні ганаровага звання «народны пісьменнік» Беларусі Івану Мележу і Івану Шамякіну. Два Іваны, два празаікі ў адной запрэжцы.

Як на мой погляд, дык гэтыя званні — «народны пісьменнік» і «народны паэт» — састарэлі. Яны ж, адзін і другі, сучасныя празаікі, мадэрныя, як кажуць на Захадзе, а не акыны якія-небудзь, стваральнікі абагульненабезасабовага эпасу, эпасу «на ўсе часы». Томасу Ману ці У. Фолкнеру такога звання ніхто не даваў, хоць яны пісьменнікі будзь здароў якія! Іншая справа — заслужаны работнік, заслужаны дзеяч, кандыдат або доктар навук. Гэта зразумела і карэктна.

Але цягнуцца да гэтых званняў нашы паэты і пісьменнікі абедзвюма рукамі.

21 ліпеня. А ў Брэсце справы ідуць сваім парадкам. Пазваніла Ева. Адбыўся суд. Развяліся. Памяняліся палавінамі. Бацька перасяліўся ў палавіну ад вуліцы, мама, як і хацела, у палавіну ад агарода.

24 ліпеня. Панядзелак. У Беларусі праходзяць Дні савецка-польскай дружбы і польскай культуры. Сёння быў прыём у Саюзе пісьменнікаў, былі М. Танк, Я. Брыль, А. Кулакоўскі, В. Жукроўскі, Р. Вацлаўскі і інш.

В. Жукроўскі — выдатны празаік, тое-сёе яго я чытаў. Захапляецца творамі В. Быкава.

Прыём прайшоў на прыстойным узроўні, зусім па-сяброўску. Далёкая і блізкая гісторыя нашых адносін не простая, аднак на паверхню гэта, дзякуй богу, не выходзіць.

1 жніўня. Ужо каторы дзень гарачыня. Днём тэмпература паднімаецца да 35 градусаў. З дня ў дзень такое надакучвае.

Паслаў дзядулю ў Кругель свой вельветавы касцюм: пінжак і нагавіцы. Хай прабачае, што не новы. Крыху панасіў. Але яму будзе дарэчы.

3 жніўня. Таварыства «Веды» прапанавала турпаездку ў Балгарыю ў складзе групы, у другой палавіне жніўня. Кошт пуцёўкі — палавінны, 140 руб., другую палавіну аплачвае само таварыства. Згадзіўся. Вядома, за кошт адпачынку.

9 жніўня. Славуты на ўвесь свет італьянскі кінарэжысёр Ф. Феліні сказаў, што калі б ён ставіў фільм пра рыбу, то ён таксама быў бы аўтабіяграфічны. Гэта я вычытаў у часопісе «Искусство кино». Падобную думку наш Р. Бярозкін выказаў гадоў дзесяць назад у кнізе «Спадарожніца часу» (1961), разважаючы пра паэзію М. Лужаніна: «Добрыя, яркія вершы пачатку трыццатых гадоў сталі б яшчэ лепшымі, калі б сам паэт увайшоў у іх з усім, што яму блізка і дорага: з роднай вёскай на Случчыне, з бацькам на агародзе».

Фактычна адно і тое ж, па-рознаму выкладзенае. Над аўтабіяграфічным пачаткам у творчасці варта задумацца. Тут шмат спосабаў і форм.

12 жніўня. Лёня, Юзік і Мікола, а таксама я з Тамарай, ездзілі электрычкай у Заслаўе паглядзець гэтае мястэчка. Цяжарнасць Тамары крыху ўтаймавалася, яна ўжо не кволіцца і ахвотна падтрымала прапанову наведаць Заслаўе. Месца — гістарычнае. Сюды калісьці, у канцы мінулага тысячагоддзя, вялікі князь кіеўскі Уладзімір («Красное Солнышко») саслаў сваю жонку палачанку Рагнеду разам з сынам Ізяславам. Уладзімір і пабудаваў гэты горад, назваўшы ў гонар сына Ізяслаўлем. Памерла Рагнеда ў 1000-м годзе. Легенда расказвае, што перад смерцю Рагнеда заплакала, і ў ваколіцах горада забіла адразу некалькі крыніц, якія і цяпер часта называюць «слёзы Рагнеды». Каля адной з такіх крыніц, якая сочыцца з-пад каменя, мы былі, пастаялі. Тамара дастала з рэчмяшка шклянку, і мы пакаштавалі «слязу Рагнеды». Смачная, несалёная.

Ізяслаў толькі на год перажыў маці. У пантэоне, які шануюць нашы калабаранты, Рагнеда займае пашанотнае месца як гераіня і патрыётка.

Калісьці, недзе з ХІ стагоддзя, тут існаваў акружаны вадой замак. І цяпер стаіць закінуты храм, пабудаваны на тэрыторыі замка ў ХVI стагоддзі, у эпоху Рэфармацыі. Пабудавалі яго кальвіністы як свой сабор (пра што сведчыць і архітэктура храма). Кальвіністы — беларускія пурытане, «божыя абраннікі». Тэма, ці, лепш сказаць, з’ява беларускага кальвінізму, дарэчы, абсалютна недаследаваная. У наступным стагоддзі, у перыяд Контррэфармацыі, у спрэчцы з кальвіністамі пераважылі католікі і з кальвінісцкага сабора ў Заслаўі зрабілі касцёл, а ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя гэта была ўжо праваслаўная царква.

У Заслаўі ёсць музей, дзейнічае, дарэчы, паравы млын. На цяперашні час гэта рэдкасць. Помню такі млын, у часе вайны, у маім Камянцы.

Скончыўшы агляд, наведалі кафэ, а потым яшчэ сядзелі на беразе Свіслачы. Вярнуліся пад вечар.

14 жніўня. На тым тыдні купіў у ГУМе туфлі і сёння ў парадку рэкламацыі аднёс назад, скрозь адсталі падэшвы. Дрэнны клей ці што? Узяў іншую пару. Можа, з гэтымі пашанцуе. Абутку шмат, але дрэнны, а прымаць назад не надта хочуць: «Вы ж іх насілі».

16 жніўня. Забіты Лявон Баразна. Як некалі Хадановіч. Трагедыя. Хадановіча я ведаю менш. Лявона — больш. Выступаў рэцэнзентам на абароне яго дыпломнай работы ў тэатральна-мастацкім інстытуце. Вышытая карціна. Дыван. Сюжэт — міф пра заснавальніка старажытнага Мінска асілка Мянеска.

Чаму так здарылася?

17—31 жніўня. Паездка у Балгарыю. Да Масквы цягніком, а адтуль самалётам. У палёце частавалі балгарскім каньяком — «Плиска», 50 грамаў. Прызямліліся ў сафійскім аэрапорце і размясціліся ў гасцініцы «Rodina». Нас трое: грузінскі паэт Шалва Парчхідзе і алтайскі бурат Бабабаеў. Шалва цікава гаворыць пра грузінскую паэзію, сцвярджае, што яна такая выкшталцоная, што немагчыма прыдумаць нічога новага. Буйны талент прыдумае, пераверне ўсё! — кажу я яму, і грузін незадаволена матляе галавой, здзіўляючыся, што я не магу ўцяміць гэткай простай ісціны.

Бабабаеў называе сябе протабалгарынам і едзе, паводле яго слоў, да нашчадкаў.

Назаўтра вазілі нас па балгарскай сталіцы. Горад надзвычай прыгожы. Стаіць непарушна помнік рускаму цару Аляксандру ІІІ. Ён у балгар у вялікай пашане. Гэтаксама, як генерал Скобелеў.

У маўзалей Георгія Дзімітрава чамусьці не вадзілі. Былі затое ў велічным храме Аляксандра Неўскага, у якім, у падвальным паверсе, сабрана незлічонае багацце абразоў, якія нагадваюць і ўвасабляюць сабой духоўны патэнцыял балгар.

Сустрэўся з сваім даўнім знаёмым — літаратурным крытыкам Георгіем Вылчавым (ён калісьці прыязджаў у Мінск, і я ім крыху апекаваўся, жылі ў аспіранцкім інтэрнаце). Разам наведалі пісьменніцкі клуб. У нас у Мінску такога няма. Усе размовы і перамовы ў кафэ. Народу поўна. Гэта — пісьменнікі. Гамоняць, п’юць каву і нешта больш моцнае і шмат кураць. Славутыя цыгарэты «БТ». Георгій пачаставаў мяне слівовіцай.

Я не надта знаёмы з балгарскай літаратурай, але чытаў класіка І. Вазава «Под игом», з сучасных — Д. Дзімава (раман «Табак»), тонкага стыліста Я. Станева, А. Гуляшкі, які чымсьці падобны на нашага Шамякіна, і інш.

Папулярная — Георгій увёў мяне ў курс справы — проза Камена Калчава, асабліва яго кніга «Сафійскія апавяданні».

Балгарскую паэзію ведаю, можа, нават і лепш. Неблагі перакладчык балгарскіх паэтаў — Н. Гілевіч. Калісьці захапляўся зборнікам яго перакладаў з балгарскай — «Ад стром балканскіх».

Паездзілі па краіне. Наведалі Плоўдзіў, Дзімітраўград, Вяліка-Тырнова, Шумен. Асабліва сімпатычныя малыя дамкі, накрытыя чырвонай чарапіцай. Усюды шмат помнікаў далёкай і блізкай гісторыі. Скульптурныя выявы легендарнага Аспаруха. Доўгі час тэрыторыя Балгарыі знаходзілася ў складзе хітрай Візантыі, потым была заваявана Асманскай імперыяй. Незалежная Балгарыя — з 1908 года.

Шмат сустрэч з людзьмі, якім я, выступаючы, расказваў пра Беларусь («Прыгожая назва», — адзначалі мае слухачы), пра яе сучасны дзень, пра літаратуру і дружбу беларускіх і балгарскіх пісьменнікаў.

Балгараў я здаўна ўспрымаў як родзічаў. Знешне, аднак, на беларусаў яны мала падобныя, больш, здалося мне, на армян. Смуглыя, чорнавалосыя, гаманлівыя і шмат кураць. І кухня ў іх бліжэйшая да армянскай: вострыя стравы з бараніны, рыбы. Іхнія — чоп-кебаб, гювеч, плоў, перац, фасоля, брынза.

Шалва — чалавек ужо немаладога веку, паджылы, але не дурань выпіць. Выпіўшы, аднак слабее, абмякае і мае патрэбу ў дапамозе. Яго перасталі браць на прыёмы, не запрашаюць. Шалва, натуральна, незадаволены. Бабабаеў — той мацнейшы (нездарма лічыць сябе протабалгарынам).

Перад ад’ездам яшчэ раз бачыўся з Георгіем Вылчавым. Ён пад сакрэтам расказаў пра норавы мясцовых урадаўцаў і партыйных бонзаў, якія маюць свае персанальныя рэчкі, дзе ловяць стронгу. Я быў здзіўлены. У нас Белавежскую пушчу яшчэ, здаецца, не дзеляць. Палююць разам.

Перад ад’ездам нам падарылі па салідным цяжкім альбоме «Георги Димитров наш съвременник» (Выдавецтва «Наука и изкуство», София).

Купіць нічога не купіў, ды і на тыя левы, што нам далі, нічога надта не купіш. Набыў толькі некалькі лыжных шапачак, на сувеніры.

2 верасня. Запрасіў у госці Аляксей Гардзіцкі, які развёўся, але з таго часу так і не ажаніўся. Жыве адзін. Былі ў яго з Тамарай, слухалі песні Булата Акуджавы і Аляксандра Галіча. «Облака плывут в Абакан...»

Перадаў Аляксею прывітанне ад Г. Вылчава.

10 верасня. У колерах прыроды яшчэ пераважае зелень, аднак уступае ў свае законныя правы восень. Ночы сталі халодныя. Ідучы на работу, адчуваў, як у твар пругка дыхае вецер. «Жыццё — спешка», — як любіць нагадваць паэт і літаратуразнаўца Алесь Барскі. Я чалавек флегматычны, спешкі не люблю. Іду заўсёды разглядаючыся па баках. Помню лацінскае прыслоўе: «Спяшайся не спяшаючыся».

11—16 верасня. Тыдзень літаратур народаў СССР. Прыехалі вядомыя і невядомыя пісьменнікі, здалёк і зблізку: В. Закруткін, Д. Кугульцінаў, В. Бокаў, У. Жукаў, Б. Камалаў, Г. Шукрай, А. Малдоніс і інш. Групамі раз’ехаліся па ўсіх абласцях рэспублікі. Выступленні, выступленні, выступленні... Апарат нашага СП меў клопатаў, падключаны былі абласныя аддзяленні, актыўны ўдзел прымалі беларускія літаратары. Усё прайшло, здаецца, без нечаканых здарэнняў. Не пашкодзіла і тое, што было выпіта шмат гарэлкі.

Гэтым дням добра спрыяла залатая беларуская восень.

17 верасня. 60 гадоў народнаму паэту Беларусі Максіму Танку. Ушанаванне паэта прайшло ў тэатры Я. Купалы, адкрываў вечар І. Мележ. Было запрошана шмат гасцей, пісьменнікаў з-за межаў Беларусі, з іншых рэспублік.

М. Танк — паэт вышэйшай пробы. Прагрэсіўная беларуская і польская крытыка ўжо ў 30-я гады вельмі высока ацаніла яго творчыя магчымасці: «Зямля Нарачы і Нёмана з часоў Міцкевіча не мела такога вялікага паэта» (Е. Путрамант). У маладой заходнебеларускай літаратуры М. Танк быў не адзінокі. Побач з ім працавала цэлая плеяда маладых таленавітых паэтаў: М. Васілёк, М. Машара, П. Пестрак, В. Таўлай, Н. Тарас, М. Засім, А. Іверс і інш. Аднак творчая індывідуальнасць М. Танка сярод іх ужо тады была вельмі самастойнай. Ён быў прызнаным лідарам заходнебеларускай паэзіі, чыя творасць вылучалася шырынёй сацыяльнага і чалавечага зместу і незвычайнай яркасцю вобразнага мыслення.

Звоніць аб камень

Сталёвы нарог.

Конь упіраецца, скібы цяжкія...

Глянь! На ўсходняй старонцы —

Іскры! Барозны затлелі зарою.

Выарам хутка і сонца!

Гэта паэт пераломнай эпохі, эпохі пераходу ад старой, сялянскай цывілізацыі (па сутнасці сярэднявечча) да цывілізацыі індустрыяльнай, якая ў ХХ стагоддзі замаячыла і перад Беларуссю.

І ад астрога да астрога плятусь —

Беларусь ты мая, Беларусь!

(«На этапах».

Вільня. 1936. С. 104).

У паэме «Нарач» (1937) ён апеў паўстанне рыбакоў, жорстка падаўленае польскімі ўладамі. Мяне захапляюць танкаўскія верлібры:

Дрэвы паміраюць,

калі перастаюць пазнаваць

змены года

і не адгукаюцца рэхам...

Чалавек — калі страчвае здольнасць

здзіўляцца і захапляцца

жыццём.

Самы вясёлы ў Саюзе пісьменнікаў — Максім Танк. У яго заўсёды напагатове жарт, свежы анекдот, а між тым усе ведаюць, што ў яго хранічная арытмія і здароўе далёка не бездакорнае.

М. Танк «неадвязна» (слова П. Пестрака) звязаў сябе з партыяй, аднак умее захаваць раўнавагу паміж лозунгам і жыццём. Вось верш, напісаны ў пачатку 60-х:

Я ўпэўнены, што ля ўваходу

У камунізм спытаюць:

— З чым прыходзіце вы,

Які знаеце танец?

Танец жывата?

Вы не індус, здаецца,

А іграеце? На там-таме,

А не на жалейцы?

Ну, а страву якую

Прынеслі вы з дому?

Шашлык — гэта не ваш,

Усім добра вядома.

А якія вы маеце ўборы,

Узоры тканінаў?

Не, самбрэра і кенты

Не з вашай краіны.

А спяваеце песні

На мове якой?

Кажаце, што на многіх,

Толькі не на сваёй?..

І мне здаецца,

Адправяць ад парога

Не аднаго давучыцца

Дзівака такога...

Мой навуковы кіраўнік Леанід Мікалаевіч Навічэнка, калі я прачытаў яму гэты верш у яго кіеўскай кватэры, быў надта ўсхваляваны і здзіўлены: «Хто гэта? Дужа гарній вірш!» — «Максім Танк!» — адказаў я з гонарам, як бы напісаў гэтыя радкі сам.

Ой, відаць, нялёгка яму («І дурны ж ты, Квэк, што згадзіўся стаць над цыганскім табарам каралём...»)

[…]

На досціпы наш брат-літаратар вялікі майстар.

18 верасня. Учора адзначаў (нават калі і з’ехаў куды на сваім чырвоненькім «Масквічы») свой дзень нараджэння шаноўны Уладзімір Калеснік. Танку — 60, а яму — 50. Аўтар цікавага даследавання «Паэзія змагання» — кнігі пра маладога Максіма Танка і заходнебеларускую паэзію давераснёўскага перыяду. Калеснік прааналізаваў станаўленне паэта і яго светапогляду, прасякнутага філасофіяй гістарычнага матэрыялу.

Я быў і ў Сіняўскай Слабадзе на Нёмане, дзе ён нарадзіўся, і ў Карэліцкіх лясах, у Налібоцкай пушчы, дзе партызаніў у Вялікую Айчынную вайну. Пасля падзей верасня 1939 года У. Калеснік становіцца студэнтам Наваградскага педвучылішча, і ў ім умацоўваецца ідэя сацыялізму, якой ён, трэба сказаць, сімпатызаваў, па асабістым прызнанні, з юначых гадоў. Тут меў значэнне ўплыў роднага дзядзькі капэзэбоўца-падпольшчыка Арсеня Балабановіча, але не толькі аднаго яго, а ўсяго сацыяльна-гістарычнага кантэксту, з якім быў звязаны юнак. У педвучылішчы яго напаткала каханне да прыгожай дзяўчыны, таксама студэнткі, Зіны Маслоўскай, у якой ён убачыў свой ідэал — духоўнае багацце ў спалучэнні са знешнім хараством. Гэтая падзея, думаецца, паклала глыбокі адбітак у яго душы і мела ўплыў на ўсе кругі яго жыцця. Зіна Маслоўская загінула ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Алёша Майсейчык, які працуе з Уладзімірам Андрэевічам на адной кафедры, расказвае, што яго ў 1944-м, пасля вызвалення, паставілі дырэктарам Мірскага спіртзавода. У абавязкі дырэктара ўваходзіла кожны раз пасля атрымання гатовай прадукцыі здымаць пробу. Гэтага Уладзімір Андрэевіч не вынес і падаўся ў Баранавічы, у студэнты. Там быў настаўніцкі інстытут.

Калеснік — геній размовы і прамовы. Любіць яго слухаць Янка Скрыган. Слухаць і каменціраваць:

«Уладзімір Калеснік, выступаючы неяк на сходзе, сказаў: «Па нашых творах рысы сучасніка выглядаюць часам расплывіста». А практыка абмяжоўваецца толькі адным, далёка не лепшым словам: расплыўчата.

Ён жа, гаворачы пра нейкую каларытную фігуру, сказаў: «Не так разумны, як нюхлівы».

Якая яркая перадача вобраза!»

Зараз У. А. Калеснік чытае гісторыю беларускай літаратуры і фальклор у Брэсцкім педінстытуце.

Мне імпануе яго роздум:

«Гармонія — гэта залаты плён кавання супярэчнасцей. Яна выступае як свята жыцця, як момант, калі пазнаннем, змаганнем і працай пераможана процьма злыбед, калі адолены адны жыццёвыя супярэчлівасці, а іншыя не паспелі завязацца».

«Паэт шукае гармонію Сусвету ў прыродзе і ў сабе, ды неўпрыцям сам становіцца Сусветам».

Ад Калесніка я ўпершыню пачуў пра нашага філосафа Ігната Канчэўскага.

21 верасня. Росквіт бабінага лета. У паветры плавае пяшчотнае павуцінне. З неба, з туманістай далечыні, чуецца жураўлінае «кру». Пачынаюць залацець дрэвы.

22 верасня. Была Еўдакія Лось. Скардзілася, што не заўважаюць. Не згодзен. Толькі што выйшла кніжка паэзіі «Лірыка», чытачы ставяцца з павагай. Еўдакія Якаўлеўна між іншым сказала:

— А я магла б і «Бярозку» рэдагаваць. Як вы думаеце?

— Дык вакансіі няма.

Паэтэса пакрыўдзілася:

— Мусіць, не дачакаешся ад вас…

Не выходзіць з галавы тэракт супраць ізраільскіх спартсменаў на ХХ летніх Алімпійскіх гульнях у Мюнхене. Свет становіцца ўсё больш жорсткім.

25 верасня. Чую адмоўныя водгукі на раман А. Савіцкага «Тры непражытыя дні». […] Панікаваць, вядома, не трэба, трэба пастарацца ўлічыць крытыку.

29 верасня. Доўжыцца Тыдзень беларускай літаратуры на Чарнігаўшчыне. Паехалі туды асобы не першага раду, а хутчэй сераднячкі. Прыходзяць весткі, што крэпка налягаюць на гарэлку.

3 кастрычніка. П. Броўку прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы. Даведаўшыся, пазваніў яму дадому.

— Віншую, Пётр Усцінавіч, з высокім званнем!

Ён падзякаваў і з хваляваннем у голасе сказаў:

— Але адказнасць якая! Уявіць сабе: Герой Сацыялістычнай Працы!

Ведаеце, пра што я зараз падумаў? Учора аднёс у «ЛіМ» сем новых вершаў, а сёння адзін усё ж такі забяру назад.

— Нашто?

— Не той узровень. Для Героя Сацыялістычнай Працы ён слабаваты.

— А можа, толькі здаецца?

— Забяру.

6 кастрычніка. Час ад часу заглядаю ў падораную хросным Біблію. Дзіўныя рэчы знаходжу. Напрыклад: «Не будь слишком строг, и не выставляй себя слишком мудрым; зачем тебе губить себя?» (Эклезиаст: гл. 7, радок 16).

Кніга Эклезіяста, напісаная царом Саламонам дзве тысячы гадоў таму, ні на грам не страціла сваёй праўдзівасці. Возьмем хоць бы гэткую мясціну:

«И обратился я и видел под Солнцем, что не проворные побеждают в беге, не храбрым достаётся победа, не мудрым — хлеб, не у разумных — богатство, и не искусным — благорасположение, но время и случай для всех их. Ибо человек не знает своего времени...»

«Чалавек не ведае свайго часу» — як глыбока сказана.

10 кастрычніка. Ніксан — хітры: і з Кітаем добры, і з Масквой. Кітай ён палохае Масквой, а Маскву — Кітаем. Гэта пачуў ад лектара ЦК КПСС, які прыязджаў у Мінск.

13 кастрычніка. У Саюзе пісьменнікаў была сустрэча з пісьменнікамі В’етнама. Ад нас прысутнічалі М. Аляксееў, В. Рудаў, Г. Бураўкін, А. Асіпенка, М. Кругавых, М. Гамолка, Л. Прокша, А. Рыбак і інш. Гэтай краіне цяжэй, чым каму.

28 кастрычніка. Пазваніў М. Прашкевіч. Стаў пытацца, ці чытаў я ў апошнім «ЛіМе» яго артыкул пра фільм рэж. Рубінчыка «Магіла льва». Артыкул, прызнаўся, не чытаў і фільм не бачыў. Мікола пашкадаваў, ён знайшоў шмат неадпаведнасцей у сюжэтных калізіях паміж фільмам і паэмай Я. Купалы і ўказаў на гэта Рубінчыку і іншым стваральнікам кінаверсіі. Правільна. Класіку трэба паважаць.

Добра, што Мікола працуе над сабой і пашырае свой старажытніцкі кругагляд.

Не ўтрымаўся ад успаміну, як калісьці Мікола, як і я, бедны малодшы навуковы супрацоўнік, купіў на Камароўцы кароўе вымя, доўга яго варыў і потым частаваў мяне са Сцяпанам Міско. Мяса ці то не ўварылася ці то само па сабе было цвердаватае, хрумсцела на зубах, але на маладое здароўе прыдалося.

30 кастрычніка. Пераход ад кастрычніка да лістапада. Паўсюль цішыня. Час духаў. Дзяды.

Святыя дзяды, завем вас,

Хадзеце да нас!..

Помню пра гэтае свята сустрэчы з продкамі па фальклорных лекцыях Калесніка.

3 лістапада. 90-годдзе з дня нараджэння Якуба Коласа. Адкрыты помнік работы З. Азгура.

З падрыхтаванай намі прамовай выступіў на гэты раз міністр культуры.

Класікі — сучаснікі ўсіх эпох. Гэткі і Колас. Мне ён дарагі тым, што ўмацаваў у беларускай літаратуры павагу да ўнутранага свету чалавека, з яго аўтаноміяй, уласнымі параметрамі душы.

Колас — першы ў нашай літаратуры, хто перанёс акцэнт таго, пра што расказвае, на тое, што вымаўляе. Значэнне Коласа як глыбокага мастака, чалавеказнаўцы для станаўлення рэалізму ў беларускай літаратуры надзвычай вялікае. Дзякуючы яму, а таксама яго паплечнікам, беларуская літаратура пачала даволі хутка, «паскорана» ўсведамляць сябе, сваё месца ў свеце, узнімаючыся да такога ўзроўню, які ўжо не мог не выклікаць цікавасці да яе з боку іншых народаў. «У творчай эвалюцыі свае сімпатыі да селяніна Якуб Колас пашырыў, — адзначае А. Лойка, — да чалавека ўвогуле». І не толькі Колас — іншыя таксама. Гэта быў знамянальны працэс: як-ніяк, цэлы народ — беларусы, перад якімі рэвалюцыя расчыніла дзверы ў будучыню, — уключаўся праз родную літаратуру ў сусветную плынь быцця, уваходзіў у кола народаў свету.

Усім гэтым мы абавязаны нашым пісьменнікам-пачынальнікам, пачэснае месца сярод якіх па праву належыць Якубу Коласу.

Праўда, азгураўскі помнік падабаецца не ўсім.

6 лістапада. Атрымаў у размеркавальніку прадукты. Указ па барацьбе з п’янствам адбіўся і на нашым размеркавальніку: болей адной бутэлькі не даюць. Але ў звычайным магазіне не купіш і гэтага. Хто бывае ў Маскве, валачэ адтуль прадукты.

Вечарам адбылося ўрачыстае пасяджэнне ў гонар Кастрычніцкай гадавіны.

7 лістапада. Як звычайна, парад і дэманстрацыя працоўных. На гэты раз не хадзіў, таму што кожны раз фактычна адно і тое ж.

14 лістапада. Аб’яднаны пленум творчых саюзаў Беларусі (пісьменнікі, кампазітары, мастакі) і тэатральнага аб’яднання з нагоды 50-годдзя ўтварэння СССР. Уступнае слова К. Крапівы. Даклад М. Танка «Ідэйная якасць, высокае майстэрства».

Мы часта карыстаемся магічнай формулай: дэманструем, прадэманстравалі і г. д. Аднак тое, што мы дэманструем, часцей за ўсё адна бачнасць: нашы дасягненні, дружба народаў, ідэйнае адзінства, перавага над праціўнікам і г. д. Гэтай рыторыкай у поўнай меры начыніў свой даклад (з дапамогай кансультантаў) Яўген Іванавіч.

Пішам даклад Машэраву да 50-годдзя ўтварэння СССР. Усё гэта будзе і ў гэтым дакладзе. Перад гэтым ён нас збіраў у сваім кабінеце і доўга інструктаваў, курачы амерыканскія цыгарэты «Fillip Morris».

Кіруе нашай групай Юрый Пятровіч. Адчувае мелодыку машэраўскай мовы, інтанацыю шэфа. Мець такога памочніка — вялікая ўдача.

15 лістапада. У наступным месяцы — паўстагоддзя часопісу «Полымя». Першы нумар выйшаў у снежні 1922 года. Параіліся з А. Т. Кузьміным і дамовіліся прасіць ЦК КПСС узнагародзіць часопіс ордэнам «Дружбы народаў». Вечарам паслаў дакументы ў Маскву.

17 лістапада. Кожны вечар гуляем з Тамарай па Фабрычнай пад ліпамі. Позняцца нешта нашы роды. Хвалюемся, і яна, і я.

20 лістапада. У мяне нарадзіўся сын. Раніцай пабег у раддом праведаць. Перадаў запіску і — дурань — свежыя газеты. У адказ атрымаў вымову: «Я есці хачу, а ты мне газеты...» Я тут жа выправіўся, наладаваў пакет бутэрбродамі, купіў на Камароўцы яблыкаў. Хлопчык — здаровенькі.

22 лістапада. Новыя клопаты. Як назваць? Тамары падабаецца імя Кірыл. У перакладзе са скандынаўскага Кірыла — сонца. Пакуль што нашу перадачы ў шостую клініку, дзе ён нарадзіўся.

Мяне бацька назваў у гонар Леніна. Было гэта пры «панскай Польшчы».

23 лістапада. Заказаў «Волгу». Заўтра куплю кветкі. Уцяпляю кватэру. Заткнуў шчыліну ў покуце. Буду забіраць з раддома.

25 лістапада. Уцяпліў вокны і дзверы на балкон. Малы штодня прымае ванны з марганцоўкай. Купіў яму ложак. Асабліва завіхаецца вакол сыночка маці. Паведамляем родзічам.

28—29 лістапада. Прымаем наведвальнікаў. Віншаванні. Ліецца гарэлка.

1 снежня. Анатолю Вольнаму (паэту, фельетаністу, кінасцэнарысту) споўнілася б 70 гадоў. Жыццё абарваў 1937-мы. Артыкул С. Шушкевіча ў «ЛіМе». Подобныя памінальныя згадкі гучаць як своеасаблівыя трэны. Часта, на жаль, напісаны яны па-казённаму суха. С. Шушкевіч пра тое-сёе ўспомніў, але няма, напрыклад, аповеда пра ўзаемаадносіны Анатоля з Верай Харужай, якую ён кахаў, а потым паміж імі нешта адбылося. Што? У лістах Веры пра гэта ёсць.

4 снежня. М. Гамолка падарыў новую сваю кнігу «Девушка шла по войне». Цікава. Характар гераіні праяўляецца ў выпрабаваннях, добра паказана яе эмацыянальна-псіхалагічнае жыццё, вернасць у каханні і дружбе. Мікола сказаў мне, што прататыпам стала яго жонка. Я яе крыху ведаю: прыходзіла да нас ў аддзел па кватэрным пытанні. Баявая. Размаўляла, мякка кажучы, на павышаных танах. Парватаў ад яе кудысьці схаваўся, а потым пытаў: «Кто такая?»

14 снежня. Прыязджалі плешчаніцкія — дзед, баба, Пеця і іншыя родзічы — адзначыць нараджэнне яшчэ аднаго ў сваім родзе. Навезлі самагонкі («паравой» — як кажа цешча, якая яе і цісне), вяндліны, салцісонаў і іншых прысмакаў, на якія Вера Васільеўна вельмі здольная. Нездарма ў яе прозвішча Кухаронак.

У кватэры цёпла. Малы ляжаў голенькі ўпоперак ложка, круціў галоўкай і сукаў ручкамі і ножкамі. Скончылася застолле вечарам. Госці былі на добрым падпітку, раз’язджаліся, гаманілі, цягнулі нястройнымі галасамі нейкую песню.

20 снежня. Урачыстае пасяджэнне ў гонар 50-годдзя ўтварэння СССР у Палацы спорту. З гучным дакладам — Пётр Міронавіч. Пасяджэнне вітаюць, арганізаваныя супрацоўнікамі нашага аддзела, асабліва заслужаныя прадстаўнікі працоўных — ад рабочых, калгаснікаў, інтэлігенцыі, камсамола, піянераў і ў тым ліку ад камуністаў-ветэранаў. Гэта — М. Арэхва і інш. (арганізоўваў якраз я). М. Танк не ўтрымаўся, каб не пажартаваць:

— О-о, старыя камуністы ўзялі ўладу!

Жарт гаркаваты, у яго падтэксце можна знайсці ўсё.

Даклады Пётр Міронавіч чытае, як мастацкі чытальнік, мяняе інтанацыю. Многія, трэба прызнаць, ім захапляюцца. І для гэтага ёсць падставы. Пётр Міронавіч — новы тып партыйнага дзеяча, які не абмяжоўваецца палымянымі прамовамі, як, да прыкладу, Іван Фролавіч, і не толькі ставіць мэту, а імкнецца знайсці шляхі і сродкі для яе рэалізацыі.

26 снежня. Прынялі ў Саюз пісьменнікаў. Уступаць прапанаваў — Барыс Іванавіч, ён жа даў і рэкамендацыю, а яшчэ далі А. Асіпенка і Дз. Бугаёў. У гэтым годзе выйшла мая кніга «Традыцыі і наватарства» (тыраж прыстойны — 2500 экз.), што і дае мне такое права. Прайшоў прыёмную камісію (закрытае галасаванне), і цяпер пытанне вынеслі на Прэзідыум. Максім Танк, пагартаўшы паперы ў маёй асабістай справе, пажартаваў у сваёй дасціпнай манеры:

— Дык у яго сёння двайное свята, яшчэ і дзень нараджэння!

Адказаў на зададзеныя пытанні. Галасаванне на Прэзідыуме таксама тайнае, закрытае. Прагаласавалі — за.

Ведаю, што трэба шмат працаваць над сабой, даставаць з сябе ўсё, што падорана прыродай, продкамі.

Ну што ж «упярод і з песнямі!», як загадваў калісьці мой старшына роты Прахарэнка.

27 снежня. Убачыў нарэшце свет сёмы том Кароткай літаратурнай энцыклапедыі. Якое глыбокае вызначэнне філалогіі даў у ім С. Аверынцаў!

«Одна из главных задач человека — понять другого человека, не превращая его ни в поддающуюся «исчислению» вещь, ни в отражение собственных эмоций. Эта задача стоит перед каждым отдельным человеком, но также перед каждой эпохой, перед всем человечеством. Филология есть служба понимания и помогает выполнению этой задачи».

28 снежня. Заходзіў Якаў Герцовіч. Скаргі, што забылі, значыць, не патрэбны. А потым прызнаўся, што і сапраўды пяро прытупілася, горш стаў адчуваць ідэйныя арыенціры. Прасіў падказваць, каго трэба ўзяць пад крытычны прыцэл.

Герцовіч — крытык са сваім густам, хай ім і кіруецца.

Навагодні Дзед Мароз. Закурыў цыгарэту, пыхнуў дымам, бліснуў шкельцамі акуляраў.

— Вы пішаце пра паэзію. На вялікі жаль, у апошнія гады наша лірычная паэзія многае страціла ад сваёй грамадзянскасці, сваёй блізкасці да народнага жыцця.

Я не стаў спрачацца. Ён дакурыў цыгарэту і пайшоў, насунуўшы на галаву шапку.

29 снежня. Па тэлебачанні паказвалі, як пагрозліва дыміць на Камчатцы вулкан Алаіт. Прачнуўся і дыміць, выкідае з чэрава чырвоную магму.

У нас лёс грозна напомніў аб сабе выбухам у цэху футаралаў на радыёзаводзе.

31 снежня. Год прайшоў, мне здаецца, у цэлым не марна. З’явіўся, насупраць думцы Герцовіча, — шэраг, я сказаў бы, выдатных кніг П. Броўкі, М. Танка, А. Куляшова, П. Панчанкі, М. Лужаніна, В. Віткі, К. Кірэенкі,

А. Пысіна, Н. Гілевіча, Р. Барадуліна, В. Зуёнка і інш. І ў кожнай з іх ёсць яркія, па-сапраўднаму змястоўныя творы, якія і падводзяць пэўныя вынікі, і адначасова ў многім вызначаюць новыя перспектывы развіцця нашай паэзіі — у сэнсе арыентацыі на свежыя ідэйна-тэматычныя пласты рэчаіснасці, новыя спосабы яе асэнсавання, паказ шматмернасці духоўнага свету сучаснага чалавека.


1973


1 студзеня. У сувязі з 50-годдзем СССР наша рэспубліка, як адна з заснавальніц Саюза, узнагароджана ордэнам Дружбы народаў. Паэты прывіталі гэтую падзею вершамі (В. Вітка, Е. Лось). Прыемна. Калегі-літаратары, як звычайна, віншавалі з Новым годам. Атрымаў паштоўку ад Максіма Танка. Кароткае віншаванне. Дзякуй. Але, на жаль, не вершам, а прозай.

У «ЛіМе» апублікаваны спіс лаўрэатаў Дзяржаўных прэмій БССР 1972 года. Гэта — В. Вітка, І. Навуменка, мастак А. Кашкурэвіч (за цыкл графічных лістоў «Партызаны») і інш.

2 студзеня. Нарада ў загадчыка аддзела. Станіслаў Віктаравіч павіншаваў, не забыў, з Новым годам. «С новыми успехами!» — дадаў Яўгеній Барысавіч.

— Дасягненні ў нас, таварышы, ёсць, — згадзіўся загадчык. — Мінулы год быў удалы. Паставілі помнікі народным паэтам, зрабілі шмат карыснага. Аднак на кожным напрамку сёння стаяць новыя задачы. Пра задачу, якая стаіць перад пісьменнікамі, я ведаю. Устаноўка ЦК: трэба стварыць літаратуру пра рабочы клас рэспублікі.

6 студзеня. Надвор’е — мароз, завея. У Кругелі кажуць: «Студзень мяце — ліпень залье».

Чытаю «У кіпцюрах ГПУ». Даў пачытаць Слава. Кругі пекла, праз якое прайшоў ні ў чым не вінаваты Ф. Аляхновіч. Страшна, што там няма на што абаперціся. Мараль — як вата.

9 студзеня. Панядзелак. Кузьмін сабраў групу, якая павінна напісаць даклад да чарговага пленума ЦК. Сакратар ЦК закрануў многае: ідэалагічную барацьбу, масава-палітычную работу, выхаванне «правільнага» светапогляду і інш. Мне быў адрасаваны папрок у тым, што пісьменнікі быццам бы абыякавыя да сучаснасці: «Тема современности затрагивается с каким-то равнодушием».

— Трэба, таварышы, каб было дзве-тры цытаты з класікаў. Абавязкова — Маркса і Леніна, — напомніў Аляксандр Трыфанавіч. — Пагартайце адпаведныя тамы. Я думаю, што гэта не складана, гэта вы як бачыш зробіце.

Аляксандр Трыфанавіч — прыстойны чалавек, але зусім пазбаўлены гуманітарнай адукацыі, што на яго месцы вельмі б не зашкодзіла.

Ад Кузьміна паклікалі да Машэрава. Пётр Міронавіч у добрым настроі, курыць свой заўсёдны «Phllip Morris» з чорным фільтрам. Гутарка доўжылася гадзіны тры. Гаварыў Пётр Міронавіч, мы запісвалі.

— Трэба чытаць, таварышы, партыйныя дакументы, калектыўная думка партыі — у дакументах! — напомніў ён. — І ніякага прагматызму. Нашы ідэі вышэй за ўсё.

Ніхто не пярэчыў.

— Ну, а як літаратары? — спытаў Юрый Пятровіч, які як памочнік кіруе ўсім працэсам падрыхтоўкі такіх дакладаў і добра ведае аратарскія магчымасці свайго шэфа.

Я выказаўся ў тым кірунку, што сёння галоўнае і найбольш складанае для пісьменнікаў — гэта праблема станоўчага героя, чалавека на сваім месцы, з пачуццём адказнасці і ініцыятывы. Інакш кажучы, гаворка ідзе пра стварэнне вобраза нашага сучасніка, які стаў бы нашым субяседнікам і дапамог разабрацца і ў навакольным свеце, і ў саміх сабе.

Са мной згадзіліся. Згадзіўся і Пётр Міронавіч.

— Вось і паразважайце на гэту тэму! Падумайце! Не забывайце нашу ўстаноўку: больш твораў пра рабочы клас рэспублікі!

Далей ён падзяліўся сваімі ўражаннямі ад даклада Брэжнева ў Маскве на ўрачыстым пасяджэнні ў гонар 50-годдзя ўтварэння СССР. Брэжнеўскі даклад мы чыталі ў газетах.

— Ці заўважылі вы, што наш даклад быў лепшы?

Пытанне для ўсіх нас было нечаканым. Прысутныя сціпла прамаўчалі. «Амбітны ты чалавек, Пётр Міронавіч! — падумаў я. — Амбітных не любяць...»

12 студзеня. У «ЛіМе» змешчаны ўрывак з даўно чаканай п’есы К. Крапівы «Брама неўміручасці», якую аўтар, паводле яго слоў, «скончыў у мінулым годзе». П’еса пра тое, як аднаму вучонаму ўдалося адкрыць закон неўміручасці. Мяркуючы па ўрыўку, п’еса мае нейкі «назіральны» характар.

14 студзеня. Камедыю А. Макаёнка «Таблетку пад язык» паставілі ў Маскве, у тэатры сатыры. Назвалі камедыяй-рэпартажам. Правільна зрабілі: у «Таблетцы пад язык» нічога агульнага з традыцыямі Астроўскага і Крапівы.

15 студзеня.Толькі што вярнуўся з вечара французскай паэзіі, які адбыўся ў філармоніі. Гэта былі вершы з «Анталогіі французскай паэзіі», якую склаў Прэзідэнт Францыі Жорж Пампіду. Пампіду не толькі палітык, але і крытык, і літаратуразнавец, вялікі аматар паэзіі, якую ведае дасканала.

Загрузка...