Пра яго партызанскае каханне Вольга, безумоўна, ведала. Тады, адразу пасля вайны, часам без прычыны плакала па начах. А часам уедліва кпіла. Калі аднойчы ў кампаніі пачалася размова на гэтую тэму, яна сказала мужчынам — былым партызанам: «Сто разоў кляніцеся — нікому не паверу, што ён бязгрэшны».
Будыка выскачыў тады:
«Мне, Вольга, можаш верыць. Камандзір пацвердзіць».
Але, можна пацвердзіць. Здаралася, што, выпіўшы, ён цалаваў жанчынам рукі, але нават жанчыны з атрада ні разу не пусцілі плёткі, што начальнік штаба прытуліў хоць адну партызанку. Будыка, пэўна, чакаў такога запэўнення пры сваёй жонцы. Ён, Антанюк, адказаў жартам:
«Валя! Не высоўвайся і не займай пярэдніх месц, яны — для інвалідаў і дзяцей».
За сталом зарагаталі. Валянцін Адамавіч пачырванеў. У Міланы ў вачах бліснула маланка.
Іван Васільевіч здагадваўся, што Вольга ведае больш: імя Надзі і ўсё пра яе. Ад Міланы. Будыка не мог не расказаць жонцы, не мог не пахваліцца, які чысцюлька быў ён сам і як паводзіў сябе камандзір.
Але Вольга ні разу не папракнула канкрэтна, як кажуць — з указаннем адрасу, ні разу па-бабску не абразіла саперніцу. Відаць, ведаючы яе драму, па-жаночы спачувала, і можа нават жыла ў яе ўдзячнасць Надзі за яе высакародства, за тое, што ніякіх напамінкаў, ніякіх дамаганняў, усё — у мінулым.
І вось трэба сказаць, што не ўсё ў мінулым. Што ён, па сутнасці, удачарыў дачку той жанчыны. Хіба лёгка сказаць такое? Калі б ведаць, як Вольга паставіцца. Нават душа блізкага чалавека — таямніца.
Антанюк сядзеў у крэсле перад тэлевізарам, але глядзеў не на экран — у акно. Там, за шыбамі, у вячэрнім паўзмроку, ішоў снег. Мяло. Над снежнымі казыркамі, што звісалі з крышы дома насупраць, віхурыліся сінія смерчы, узнімаліся белымі пасмамі. Снежная зіма. Яна хвалюе, як, здаецца, ніводная з ранейшых. Абуджае ўспаміны. Кліча ў лес. Да сардэчнага болю хочацца ў лес. Але ж не кінешся туды, на ноч гледзячы. А сціхне заўтра, праясніцца — і знікне гэтае жаданне. Зноў будзе сядзець, прыкуты да тэлевізара. Добрая забаўка для дзяцей і пенсіянераў!
Думаць перашкаджае ўнук. Малы бясконца лапоча над вухам — просіць тлумачыць, што там адбываецца, на экране. А як ты вытлумачыш трохгадоваму дзіцяці сумны тэлевізійны спектакль? Ды і цяжка адарвацца ад думак і… ад снегу. Хутка сцямнее, уключаць святло, і знікне гэтая дзівосная казка на даху суседскага дома.
«Хлопчык мой, каб я ўмеў, то выдумаў бы казку пра снег і пра лес. Але я не ўмею выдумляць для такіх, як ты. Гэта вельмі нялёгка. Я маю казку пра лес, ды табе не зразумець яшчэ яе. Маю казку не кожны дарослы зразумее».
Як звычайна, увайшла ў пакой Лада, пастаяла хвіліну каля дзвярэй, адразу вызначыла каштоўнасць перадачы; што цікавае затрымлівае яе надаўжэй, а часам зусім адрывае ад формул.
— Дарагія мае мужчыны, навука і чалавецтва былі б глыбока ўдзячныя, каб вы хоць трохі прыглушылі гэтую шарманку.
— З найвялікшым задавальненнем я выключыў бы зусім, але ж тады шуму стане яшчэ больш.
— Не хацу выключаць! — заверашчаў малы.
— Вось бачыш…
— Кара боская на маю галаву — такі пляменнічак. Ён у вас дагледзіцца да псіхічнага расстройства. Ужо не спіць па начах. Калі людзям наканавана ад нечага загінуць, то гэта — ад тэлевізара.
Па яго прыездзе жонка выказала трывогу, што Лада стала дрэнна спаць, блукае начамі па кватэры, зрабілася нязвыкла маўклівая, засмучаная. Вольга Усцінаўна прасіла пагутарыць: «Табе яна больш давярае».
Не адрываючыся ад акна, Іван Васільевіч спыніў дачку:
— Лада!
— Я, тата.
— У цябе непрыемнасць?
— Не.
— Ты нездарова?
— Маміны выдумкі.
— Ты робішся не такой, да якой мы прывыклі.
— Усё цячэ, усё мяняецца, кажуць філосафы.
— Але нічога не адбываецца без прычыны.
— Калі скажу, што я закахалася, гэта вас супакоіць?
— Ад кахання весялеюць.
— Як хто. І гледзячы ад якога. І гледзячы на якім этапе.
— Цікавая тэорыя. У цябе які этап?
— Апошні.
— Што значыць — апошні?
— Не ведаю, што значыць, але ведаю, што апошні.
— Васіль расказаў мне пра тое, што ты таіла. Пра Сашу.
Вельмі хацелася павярнуцца, каб убачыць яе твар, вочы ў гэты момант. Але ў пакоі ўжо прыцемкі, і наўрад ці можна разгледзець, што адбілася на твары, што свеціцца ў вачах — радасць ці смутак. Ён не паварушыўся.
Лада адказала не адразу:
— Я рада, што ў вас наладзіўся такі кантакт… што вы пагаварылі нават пра маё каханне. Але я не даручала брату.
— Васіль не сказаў, што даручала. Прагаварыўся ў гутарцы. Але скажу шчыра: мяне трохі пакрыўдзіла, што ты гэтак таілася.
— Хіба каханне — для выстаўкі?
— Не. Але навошта цямніць неграм, Феліксам?
Лада засмяялася.
— Ахоўная маскіроўка.
— Што і ад чаго трэба ахоўваць? Чаму ўсё-такі апошні этап?
— Не турбуйся. Магу зрабіць яго першым.
— Ты загадваеш загадкі. Адгадваць іх — работа не для маёй старой галавы.
— Гэта не загадка — задача, якую трэба мне рашыць самой. Калі рашу — адразу скажу табе пра вынік. А цяпер у мяне на стале задача на вымярэнне крытычнай энергіі каскадных ліўняў, таму я прыглушаю вашу шумілку.
Лада крутнула рэгулятар гучнасці і пайшла рашаць свае задачы, касмічную і душэўную.
Іван Васільевіч застаўся з унукам, які не адрываўся ад тэлевізара. Сініх смерчаў над карнізам даху ўжо не відно, толькі танец сняжынак на фоне асветленых у суседнім доме вокнаў. Усё складана ў свеце. І ў кожнага свае праблемы. Нават у гэтага малога. Але самыя складаныя з іх тыя, што вынікаюць з адносін паміж людзьмі.
У той жа вечар жонка проста-такі ашаламіла апошнімі хатнімі навінамі. Зноў прыходзіла Міля, скардзілася Вользе на яго, Антанюка! Узрушыў мужа, выбіў з творчай каляіны — перажывае чалавек, не есць, не п’е.
— Няхай схуднее, яму на карысць, — даволі абыякава напачатку азваўся Іван Васільевіч. Але жонка пачала дакараць:
— Ну, чаго ты задзіраешся з усімі? Вот жа чалавек! Не навучылі цябе яшчэ. Ну, там, у сельскай гаспадарцы, ваяваў, дык там ты хоць спецыяліст. А ў Будыкавы станкі чаму ты лезеш? Што ты разумееш у іх?
— Нічога. Але ў групе ёсць інжынер-станкабудаўнік. А я асабіста трохі разбіраюся ў людзях, у кадрах, у арганізацыйнай рабоце, у партыйнай. Вам з Будыкам хочацца поўнай бескантрольнасці? Я ніколі не ўзнімаў такі вэрхал, калі правяралі маю работу. А правяралі часцей.
— Па-першае, ты не на службе і мог адмовіцца.
— З партыі на пенсію не выходзяць, Вольга!
— А калі ўжо ўзяўся, то няўжо нельга зрабіць так, каб не разарваць дружбы? Столькі гадоў дружылі!
— Калі яна за столькі гадоў не загартавалася, наша дружба, — значыцца, не тая сталь.
— Ох, Іван, Іван! Табе хочацца страціць друга, які заўсёды можа памагчы, падтрымаць?
— Я не падаю, Вольга.
— Калі будзеш падаць, позна падтрымліваць. Я не менш за цябе не люблю розных блатаў, але жыццё ёсць жыццё. Ты нечакана паехаў да Басі — мне кальнула ў сэрца. Хто здолеў бы дазваніцца да часці? Валянцін здолеў. Цяпер ён запрасіў да сябе на работу Генадзя.
Вось гэта і ашаламіла.
— Будыка запрасіў нашага зяця? Сам? Калі? Праз каго?
— Учора ад яго імя пазванілі Генадзю на работу.
— І ты маўчала?
— Іван! Ты і ў гэтым гатоў убачыць бог ведае што. Трэба ж хлопцу расці.
— На заводзе нельга расці? Для добрага інжынера завод — лепшая школа. А ён без году тыдзень — і ўжо ў інстытут лезе… Нябось, з радасцю згадзіўся?
— Чаму ж не, калі прапануюць лепшае?
— Значыцца, са мной можна не раіцца? Я — нуль. Пенсіянер. Так?
— Ён самастойны чалавек…
— Калі сядзеў на маім карку, тады вы маўчалі пра самастойнасць! Самастойнікі!
Антанюк мацюкнуўся. Вольга ведала: — такое — каб Іван вылаяўся пры ёй! — здаралася раз у тры гады, калі абурэнне яго, як кажуць, даходзіла да званіцы, вось тады і біў гэты бом. Па-жаночаму мудрая, яна спяшалася тут жа пагасіць мужаў гнеў — уступіць, згладзіць. І цяпер пастаралася, каб мір і лад не парушыліся. Але між многімі лагоднымі словамі ўздыхнула, прызналася:
— Ох, Іван! Перастаю я разумець цябе.
Ён таксама паклаў нямала душэўнага намагання, каб ад злосці перайсці да здзіўлення і нават своеасаблівага захаплення сябрам: «Ну, і Астап Бэндэр ты, Валька! Аднак выдаеш сваю няўпэўненасць усё больш і больш».
Можна супакоіць сябе да абыякавасці: рабіце, што хочаце, мне ўсё роўна. Але Антанюк ведаў, што тады надыходзіць, па сутнасці, грамадская смерць чалавека, камуніста. Ён да гэтага апусціцца не мог. Калі Вольга ўжо забыла размову пра зяцеву работу, задаволеная, што муж зрабіўся такі добры, уступчывы, ён раптам папрасіў:
— Пазвані ты гэтаму будучаму вялікаму канструктару, папрасі, каб прыехаў.
Яна не зразумела, здзівілася і ўзрадавалася.
— Валянціну Адамавічу?
Іван Васільевіч усміхнуўся.
— Па-твойму, ён яшчэ будучы? Баюся, што былы. Я пра зяця твайго кажу.
— Ён такі ж і твой, — пакрыўдзілася Вольга. — Каб цяпер прыехаў? Позна ўжо.
— Няхай на сына хоць паглядзіць! Позна! Па тыдню сына не бачыць!
Вольга адчула, што Іван зноў «заводзіцца», — так яна называла гэта — і зноў пачала «спускаць на тармазах» (яго вызначэнне).
— Я пазваню. Але прашу цябе: пагавары спакойна. Абяцаеш?
— Хіба я крычаў калі?
— Не. Але ты часам гаворыш так уедліва, што гэта абражае.
— Ах, як ты баішся, што зяць абразіцца. А як ён са мной гаворыць апошнім часам — ты не чуеш?
— Не, чую. І казала яму.
— Уяўляю, як ты казала. Упэўнены: яму здалося, што ты прасіла прабачэння.
Жончына звышдалікатнасць часам кранала, а часам абурала.
Ён чуў праз дзверы, як яна гаварыла па тэлефоне, спачатку з дачкой, пасля — з зяцем, доўга ўгаворвала прыехаць. Адрывацца ад тэлевізара, ехаць па марозе, у завіруху ў такі позні час ім не хацелася. Зяць, відаць, дапытваўся, навошта ён так тэрмінова спатрэбіўся. Вольга Усцінаўна адказвала прыглушаным голасам. Іван Васільевіч разумеў яе становішча: не магла сказаць усю праўду, бо тады Генадзь можа не паехаць, і хлусіць Вольга не ўмела, таму мусіла гаварыць нейкую сярэдненькую праўду, якой цяжка пераканаць упартага і самаўпэўненага інжынерых. На сутнасці, старая жанчына мусіла ўніжацца перад дзецьмі.
Антанюк доўга стрымліваў сябе, шастаў газетамі, каб не чуць жончыных перагавораў, але ўрэшце не стрымаўся. Зараз ён скажа гэтаму смаркачу такое, пасля чаго таму доўга не заснуць! Нахабнік! Але Вольга пазнавала мужаў настрой па кроках, па тым, як ён адчыняе дзверы. Яна здагадалася пра яго намер, як толькі ён выйшаў у калідор. Сказала гучна, злосна, рашуча:
— Можаш не прыязджаць! — і павесіла трубку.
Зяць даехаў з пасёлка трактарнага завода ў цэнтр за колькі мінут, Антанюк не чакаў яго так хутка.
Пазваніў ваяўніча, наступальна.
Іван Васільевіч падхапіўся з канапы, наблізіўся да дзвярэй, каб падслухаць: ці будзе Вольга перапрашаць зяця, інструктаваць яго. Як? Няўжо пойдуць на кухню шаптацца? Ён не дараваў бы жонцы такіх ганебных паводзін. Не, у Вольгі надзвычайнае чуццё і такт.
Зяць. Якая муха яго ўкусіла?
Цешча. Пры чым тут муха? Іван Васільевіч хоча з табой параіцца. Па тваёй жа справе. Сорамна, Генадзь. Просіць старэйшы таварыш.
Зяць. Мне ў восем на работу.
Цешча. Табе карысна прагуляцца перад сном. Пуза адгадаваў вышэй носа.
Зяць (ашаломлена). І вы — супраць мяне?
Цешча. Але, усе супраць цябе. Заелі няшчаснага! Амбіцыі ў цябе многа і маніі. Небяспечныя сімптомы. Глядзі, набыць хваробу гэтую лёгка, лячыць цяжка.
Зяць. Не захварэю, не бойцеся. З вашай дапамогай…
Цешча. Іван Васільевіч чакае.
Малайчына Вольга! Дзейнічае, як кажуць, сінхронна.
Антанюк сеў да стала, унурыўся ў прачытаныя ўжо газеты: размова сур’ёзная, і весці яе трэба ў сур’ёзнай паставе, не на канапе. Шкада, што застаўся ў піжаме, не падумаў,— трэба было адзецца па ўсёй форме.
Генадзь пастукаў, што рабіў вельмі рэдка.
— Калі ласка.
Убачыўшы цесця за сталом — нібыта здзівіўся:
— А я думаў, вы спіце даўно. Пенсіянеры рана кладуцца. Разам з курамі,— рагатнуў, задаволены сваім жартам.
Лезе хлопец на ражон. Правакуе. Але мала ў цябе практыкі, не так гэта робіцца, браце. Іван Васільевіч прыўзняўся, працягнуў яму руку.
— Добры вечар, Генадзь. Мы сёння не бачыліся.
Збянтэжыўся-такі ад таго, што не павітаўся першы. Пачырванеў.
— Добры вечар, Іван Васільевіч.
— Сядай, — а сам у газету. Няхай астыне. Бывае, што накаляюцца і на марозе.
Сеў зяць. Сцішыўся. Чакае.
Іван Васільевіч перачытваў нудны і сіропны нарыс пра калгаснага пастуха. У думках лаяўся: пасярод зімы — пра пастуха! Адменны стыль сельскай газеты. Праўда, і ў дрэннага журналіста бываюць цікавыя думкі, у гэтага — разумна напісана пра травы, зусім з іншых пазіцый, чым тыя, што панавалі паўгода назад. Задумаўшыся над сельскімі праблемамі, магчыма, ператрымаў, прапусціў патрэбны для пачатку размовы момант.
Генадзь спытаў амаль з выклікам:
— Ну?
Не астыў, значыцца.
— Што — ну?
— Навошта вы клікалі мяне? Мне рана ўставаць.
Іван Васільевіч ведаў: жонка знарок, захоўваючы тактоўнасць, не ўвайшла разам з зяцем, але стаіць за сцяной на варце, услухоўваецца.
Навошта ёй прыніжаць сябе падслухоўваннем? Ён паклікаў:
— Маці! Хадзі сюды, калі ласка.
Яна тут жа адчыніла дзверы.
Хлопца яўна нервавалі цесцевы паважнасць і спакой. Ад нецярплівасці ажно пальцы пачаў ламаць — чакаў размовы.
— Генадзь, я хачу папрасіць цябе: не пераходзь з завода ў інстытут.
— Чаму?
— Я растлумачу. Мы з Валянцінам Адамавічам старыя сябры, з вайны, ты ведаеш. Цяпер у інстытуце працуе група партдзяржкантролю. У ліку іншых недахопаў, відаць, будзе запісана аб падборы кадраў. Аб няправільным падборы. Мне не хацелася б ставіць свайго добрага сябра ў няёмкае становішча. Ты разумееш?
— Вы ж яго не прасілі! А я вас не прасіў. А каб і папрасіў, то — ведаю — слова не сказалі б.
«Дурань, не ведаеш, колькі слоў я сказаў за цябе. І вось удзячнасць!»
— Будыка сам запрасіў мяне.
— За якія заслугі?
— А чым я горшы за іншых?
— Што цябе спакушае?
— Ого! Пытаеце! На трыццаць рублёў больш!
— І гэта ўсё? Вырашаюць трыццаць рублёў?
— Для вас гэта можа дробязь, вы тысячы граблі.
— Генадзь! — папракнула Вольга Усцінаўна.
— Не турбуйся, Оля. Размова павінна ісці на поўнай шчырасці.
— А там, глядзі, і ў навуку можна пралезці.
— О божа, — прастагнала Вольга Усцінаўна. — З тых, хто пралазіць, ніколі не бывае вучоных.
— Але хто кандыдата хапне, дык не бядуе.
Іван Васільевіч раптам адчуў дзіўную спустошанасць. Не хацелася больш гаварыць, пераконваць, тым больш прасіць. Дарэмная трата сіл. Дрымучы лес. Далей не прабіцца. Завал за завалам. Крыўдна. Тысячы людзей выхоўваў. А зяця за пяць год ніколькі не абчасаў, не прачысціў мазгоў — такі ж кулак, прыватнік, а можа нават горшы стаў. Што за чорт! Якія ж таемныя сілы дзейнічаюць у іншым кірунку? Хто ці што на яго ўплывае? Тыя пятнаццаць гектараў зямлі, якія меў бацька пры Польшчы? Свацця, калі прыязджае, то і цяпер успамінае гэтую зямельку і кляне нейкага Шуру, які ў трыццаць дзевятым абрэзаў лепшы ўчастак.
— А ты бядуеш? — ужо з абурэннем спытала цешча.
— Удваіх робім, а паліто зімовае хацеў пашыць, дык і не выйшла. Мая пашыла, тэлевізар купілі…
— А ты хацеў усё адразу? Нецікава будзе жыць далей. Гора вы не бачылі. Задужа многа атрымалі гатовага.
— Вы пасля вайны па ліцерах палучалі. А я ў калгасе бульбіне радаваўся.
— Ты запомніў ліцеры, а як я з трыма дзецьмі жыла ў эвакуацыі — пра гэта ты ведаеш? — у Вольгі Усцінаўны задрыжалі вусны.
Іван Васільевіч разгладжваў газету і разадраў папалам.
«Калі яшчэ што-небудзь скажа пра тысячы і ліцеры — паганю прэч».
Не, схамянуўся, здаецца, дайшло.
— Я ж не кажу, што вы гора не ведалі. Усім хапіла.
— Даволі дыскусіраваць пра гора. Я паўтараю сваю просьбу, Генадзь. Паўтараю вельмі сур’ёзна. Не спяшайся з адказам. Падумай.
— А што мне думаць! Вы можаце дружыць, можаце сварыцца. Вам што? Адзін персанальную мае. Другі хутка будзе акадэмікам і лаўрэатам. А мне трэба жыць. З-за вашых капрызаў я павінен адмаўляцца ад выгаднага месца! Будыка не баіцца, што пра яго скажуць. Я так бачу: напляваць яму на вашу камісію. А вы спалохаліся, каб не падумалі, што вы мяне ўладзілі. Чаго вам баяцца? Пенсіі не здымуць.
— Значыцца, цвёрда вырашыў?
— Цвёрда.
— Ну, што ж, будзь здароў. Дзякую, што прыехаў.
Іван Васільевіч засунуў рукі ў кішэні піжамнай курткі, схіліўся над газетай.
Генадзь падняўся, разгублена, азірнуўся, не ведаючы, як развітацца. Часта выручала добрая цешча. Утаропіўся на яе. Але яна разглядала свае ногці з рэшткамі манікюру, які зрабіла некалі на курорце. Не глянула нават. Гэта ўстрывожыла: цёшчына незадаволенасць можа адбіцца на іх дабрабыце больш прыкметна, чым: тыя трыццаць рублёў, якія атрымае, перайшоўшы ў інстытут. Але чаму ім так не хочацца, каб ён пераходзіў? З-за гонару? Дык і ў яго ёсць гонар! Няхай не думаюць!
— Добрай ночы!
Іван Васільевіч зразумеў зяцевы ваганні і, каб заспакоіць яго, адказаў амаль весела:
— Добрай ночы. Сына не забудзь пацалаваць.
Калі ляпнулі надворныя дзверы, Антанюк цяжка ўздыхнуў. Жонка паспрабавала супакоіць:
— Я пагавару з Маяй.
— Не! — рашуча запярэчыў ён. — Не трэба! Навошта? Гэта паражэнне. Маё. І я павінен перажыць яго адзін раз. Не хачу перажываць з-за аднаго двойчы ці тройчы! Не! Чуеш?
Усё, што рабіла Вольга ў доме, здавалася настолькі натуральным, што работы яе і душэўнай цеплыні, бадай, не прыкмячалі ні сам Іван Васільевіч, ні дзеці,— інакшай жонкі і маці проста не ўяўлялі. Але адну яе рысу Іван Васільевіч заўважаў кожны раз і кожны раз адчуваў удзячнасць — за тое, з якой шчырасцю і народнай прастатой яна прымала гасцей.
Заязджалі былыя партызаны, сакратары райкомаў, старшыні калгасаў, калгаснікі, заглядвалі акадэмікі і міністры; здаралася, што вельмі розныя людзі сыходзіліся разам. Неразумная гаспадыня пачала б дзяліць іх па рангах, аддаваць больш увагі вышэйшаму, радавалася б, што даярка, даведаўшыся, што прыйшоў вядомы пісьменнік, ад збянтэжанасці стараецца хутчэй знікнуць. Вольга ж вельмі хораша ўмела аб’яднаць за сталом розных людзей — не вясёлай дасціпнасцю, не вострымі слоўцамі, а ціхай сардэчнай гасціннасцю і аднолькавай уважлівасцю да кожнага.
Пасля таго як Антанюка папрасілі пайсці на пенсію, гасцей, натуральна, стала менш. Вольга Усцінаўна балюча перажывала гэта. І яшчэ больш радавалася таму, хто не мінаў дома, заязджаў, заходзіў па-ранейшаму. Даражыла дружбай з такімі людзьмі. Таму і баялася, што праз свой упарты характар ён, Іван, можа пасварыцца з Будыкам — з тым сябрам, які, здавалася ёй, заўсёды заставаўся верным, у шчасці і ў няшчасці.
Іван Васільевіч вярнуўся з-за горада — яго запрасілі ў групу, якая тэрмінова, па сігналах рабочых, правярала птушкафабрыку, — стомлены, акалелы, расстроены злоўжываннямі, якія выкрылі. Адчыніў дзверы сваім ключом, убачыў у калідоры на вешалцы кажух, хустку, на падлозе сялянскі кошык і ўзрадаваўся: госці. Госці з сяла!
Не распрануўшыся — адразу ў пакой: хто прыехаў? За сталом п’юць чай расчырванелыя Вольга і старая сялянка, бабуля ў паркалёвай хусцінцы, завязанай «хаткай». Не адразу пазнаў Марыну Казюру. А пазнаў — расцалаваўся і… праслязіўся. Вельмі гэта занепакоіла жонку. Скупы Іван на слёзы, ой скупы. А тут не вытрымаў. Відаць, не толькі ад таго, што Марына — маці сыноў-партызан, якія загінулі. Вольга ведала пра іх трагічную смерць — чула і ад мужа, і ад самой Марыны, яна прыязджала ў хуткім часе пасля вайны — пакрыўдзілі яе ў раёне, лесу на хату не хацелі даваць. Пасля таго яе прыезду Вольга сама напамінала Івану, каб заехаў да Марыны: можа памагчы трэба ў чым-небудзь. Заязджаў, не часта, праўда. Ніякай дапамогі ёй больш не трэба было. І вось ужо колькі год не бачыліся! Можа таму і ўзрушыў так яе прыезд. Вольга таксама не ўтрымалася — тайком выцерла вочы. А Марына — нічога, пэўна, даўно выплакала ўсе слёзы. Паківала засмучана галавой.
— Пастарэў ты, камандзір, пастарэў,— але тут жа, як бы схамянуўшыся, падбадзёрыла: — Але нічога яшчэ, нічога, дзядок дзябёлы.
Вольга засмяялася.
— Распранайся, дзядок, мый рукі ды хутчэй да стала.
Калі Іван Васільевіч выйшаў, Марына сказала Вользе:
— Добры ў цябе чалавек.
— Добры.
— У згодзе жывяце?
— Усялякае здараецца. Бывае, што і пасварымся. За дзяцей.
— З-за сваіх дзяцей — хіба гэта сварка! — і цяжка ўздыхнула. О, як ёй хацелася б пасварыцца з мужам за дзяцей! Але няма мужа, няма дзяцей…
Вольга Усцінаўна зразумела гэта і задыхнулася, баючыся зарыдаць, выскачыла, нібыта ўспомніўшы, што на кухні нешта гарыць. У ванным пакоі Іван прычэсваўся перад люстэркам. Яна, як дзяўчына, прытулілася тварам да яго пляча.
— Ты што?
— Прад ёй мне сорамна…
— Калі ласка, без сантыментаў.
Вярнуліся разам. Марына ўбачыла яго ў добра скроеным сінім касцюме, пры гальштуку, умытага, прычасанага — і здзіўлена пляснула ў далоні.
— А божачка! Ды ты яшчэ што жаніх, а я цябе дзедам назвала. Звіняй дурную бабу.
— Не, Марына Аляксееўна, не прабачу! Такой абразы не дарую.
— Дык я ж да таго, што ўнука ўжо маеш. То хіба не дзед? — і хітра-хітра прыжмурылася.
На стале ляжалі на талерках яе гасцінцы: тоўсты брус сала, круг засушанага, аблітага маслам сыра, крамяныя, адзін у адзін, бурштынава-масляністыя баравічкі. Стаялі глечык з мёдам і адмысловая — адкуль іх у вёсках бяруць? — пляшка. Звычайная паўлітэрка з партвейнам побач з гэтай пузатай чорнай пляшкай мела выгляд як бедная сваячка перад багатай купчыхай. А ўвогуле ўсё выглядала вельмі апетытна і хораша, пасавала да тонкіх талерак, прыгожых чайных кубкаў, бліскучага электрасамавара.
Галодны Іван Васільевіч задаволена пацёр рукі, прыцмокнуў:
— Ах, якая смаката!
— Вазьмі маёй для апетыту, — прапанавала Марына і сама наліла з пузатай бутэлькі, яму — поўную чарку, сабе і гаспадыні па кроплі.— Чаркі ў вас маленькія. Нашы мужыкі дык стаканамі глушаць.
— За ваша здароўе, Марына Аляксееўна.
— На здаровечка вам, Іван Васільевіч. І вам, Вольга Усцінаўна.
Самагонка, пэўна пяршак, апякла — не прадыхнуць. Ловячы відэльцам грыбок, Іван Васільевіч другой рукой адганяў ад рота агонь. У госці задаволена смяяліся вочы, у якіх і праз смех быў відзён навекі застылы смутак.
— Сама гоніш?
— Сама.
— Пасадзяць цябе ў турму.
— Э-э, нічога я не баюся. Ды і хто гэта дасць у крыўду лепшую даярку! Ім жа сорамна будзе.
— Усё яшчэ доіш?
— Ага.
— А на пенсію не пара? — ён паглядзеў на яе рукі: хворыя рукі, пальцы пакручаны, з падагрычнымі вузламі. Яму не аднойчы рабілася сорамна і балюча, калі бачыў вось такія жаночыя рукі. А яны ж кормяць хлебам, пояць малаком усю краіну! Марына злавіла яго позірк і непрыкметна апусціла рукі пад стол.
— Пытаўся неяк дырэктар саўгаса, ці не хачу я на пенсію. Не, кажу, не хачу. Нудна будзе без работы. Што рабіць адной у хаце?.. Сама сабе агоркнеш.
«А я ўжо на пенсіі», — хацеў было прызнацца Іван Васільевіч, але стоена ўздыхнула жонка; зразумеў, што яна пра гэта не расказала, і змаўчаў таксама. Урэшце, ён заўтра ж можа пайсці працаваць! Ды і без пасады лынды не б’е. Знайшоў чым хваліцца старой калгасніцы!
— …А так я песні з дзяўчатамі папяю. Сардэчныя тайны іх паслухаю. А то калі з другой і паплачам разам.
— А ўвогуле як вам жывецца, Марына Аляксееўна?
Яшчэ з тых партызанскіх часоў Марына ў залежнасці ад сітуацыі, ад настрою ці ад месца размовы казала яму то «вы», то «ты». Між іншым, у тых мясцінах больш паважаюць зварот на «ты». Антанюк не толькі звыкся з гэтым, але і сам, непрыкметна для сябе, звяртаўся да добра знаёмых людзей такім жа чынам.
— Ох, камандзір, так жывецца, так хораша жывецца, што ажно сэрца баліць.
— Не разумею, — сур’ёзна вы ці ад бяды якой…
— Ды якая бяда цяпер! Сур’ёзна, Іван Васільевіч. Жывецца — луччай і не трэба можа. Па сто рублёў за месяц зарабляю. Карова, свіння, сад… Тэлевізар купіла. Цяпер, узімку, калі рана з фермы прыходжу, дзяцей з усёй вуліцы зазываю. Яны ўжо і чакаюць мяне. «Баба Марына ідзе!» Таму і баліць, калі ўспомню, як бы сыны мае маглі жыць, — і заплакала. Не, не ўсе мацярынскія слёзы выплаканы. Многа іх яшчэ выльецца. Ой, многа!
У Вольгі таксама вочы мокрыя, шукае ў кішэнях фартуха насовачку і не можа знайсці.
Іван Васільевіч сурова памаўчаў. Шмат чаму ён навучыўся за жыццё, але аднаму не навучыўся — суцяшаць людзей у горы словамі. Справай, дзеяннем здолеў бы суцешыць, словамі — не ўмеў.
Ды Марына сама імгненна высушыла вочы.
— Звіняйце вы дурной бабе. Прыехала нязваная, няпрошаная ды і псуе вам пастраенне. Выпі, Іван Васільевіч, шчэ… На нас, баб, не глядзі, слёзы ў нас блізка. Сала во паспытай, сыру. Усё сваё. Грыбкі, праўда, не мае, няма мне калі хадзіць па іх. Брата майго нявестка, аграномша, збірае. Во ўжо збірае! Ён, чалавек яе, Віктар, механік у саўгасным гаражы. Дык на машыне як паедуць… Па тры кашы прывозяць! І як яна толькі не гатуе іх! І марынуе, і соліць, і смажыць. У банкі закатає, дык, бачыш, сярод зімы адкрыеш — як учора сабраныя.
— Грыбкі адменныя.
— Ета, мо, шчэ не самыя луччыя. Луччых у яе не выпрасіш. Маладзічка маладая, а скупая. Больш за дзве сотні палунаюць, а дзіцятка адно. Кажу ёй: «Ты, Люда, хоць дзяцей радзіла б». Няма, кажа, калі. Вы чулі? Збіраць грыбы ёсць калі, а дзяцей няма калі! — Марына засмяялася.
І нельга было не падтрымаць яе смех.
Івана Васільевіча глыбока кранула такая сіла гэтай жанчыны, якая перажыла найвялікшае гора, такое стаўленне яе — адначасова і жартаўлівае і сур’ёзна-заклапочанае — да маладых, да праблем іх жыцця.
Вольга Усцінаўна пайшла, каб прывесці з дзетсада ўнука. Лады дома не было. Яны засталіся ўдваіх за сталом.
Марына піла чай — каторы кубак! Хваліла:
— Смачны ў вас чай. А казалі, што з гарадской вады нясмачны. Казалі — хлоркай пахне. Ажно няпраўда ўсё ёта.
Іван Васільевіч яшчэ пры жонцы запытаў пра сваіх партызан, каторыя з Казюр і з суседніх вёсак: як хто жыве? У каго якія дзеці? Марына расказвала ахвотна, то сур’ёзна, то з нязлосным гумарам, як пра тую братаву нявестку Люду. Але як толькі гаспадыня выйшла, яна тут жа перапыніла свой расказ, адсунула кубак з недапітым чаем, недаверліва глянула на дзверы — ці надзейна, ці не здолее хто падслухаць? — панізіла голас да паўшэпту:
— Гаворка ў мяне з табой, Іван Васільевіч, тайная. Каб ніхто не чуў. Дзела даўнішняе, але ж, бачыш, не забываюць злыя людзі. Вораг твой аб’явіўся. Пачытай, якое пісьмо мне прыслаў.
У Антанюка сціснулася сэрца ад нядобрага прадчування. Не ведаў віны за сабой, нічога не баяўся, а вось жа ўсё адно ўдарыла.
Марына дастала з кішэні кофтачкі хусцінку, разгарнула і сярод іншых папер і грошай знайшла складзены ў шмат столак ліст. Сама разгарнула, разгладзіла і пасля ўжо аддала яму.
Старонка машынапіснага тэксту. Ён не стаў шукаць акуляры. Прачытаў так, схапіў сэнс у адзін позірк. Кроў ударыла ў цемя, у скроні, запульсавала ў пальцах рук, і ліст задрыжаў. Нейкі ананімшчык раіў цётцы Марыне — такі зварот: «Дарагая цётка Марына!» — спытаць у партызанскага камандзіра Антанюка, праз што загінулі яе сыны. А загінулі яны таму, што ён, Антанюк, паслаў дзяцей, каб ратаваць сваю любоўніцу.
«Ёсць памылкі, а ёсць злачынствы. Памылкі ўсім даравалі, а за злачынствы і цяпер не позна судзіць».
Літары заскакалі, зліліся ў чорныя палоскі.
«Не паказаць хвалявання! А то падумае старая, што спалохаўся. Не, Марына не падумае. Не можа яна так падумаць!»
Паглядзеў на яе. Суровы твар. Цень гора ў вачах.
— Не здагадваешся, хто мог напісаць? Хто ў цябе такі вораг?
— Не. Такога ворага не ведаю. Такога ворага не было.
— Ёсцека, як бачыш. Злы чалавек. Страшны. Бойся яго, Іван Васільевіч. То ж падумаць — такое напісаць! Ды каму? Матцы. Праз дваццаць гадоў. Знаў, на што біў. Пракляццем страшным пракляла б я, каб не знала, як яно ўсё было, як вы самі ішлі на смерць, каб ратаваць… — вусны яе ўздрыгнулі.
Іван Васільевіч узяў яе рукі, шурпатыя, мазолістыя, у парыве ўдзячнасці хацеў пацалаваць іх. Але адчуў: пацалуе — заплача. Нервы напяты, не вытрымаюць.
— Дзякуй вам, Марына Аляксееўна.
— За што мне дзякаваць?
— За шчырасць вашу, за мудрасць.
— А божачка! Якая там мудрасць! Налучыла етую пісульку — тыдзень не спала, сэрца балела. Грэшны, думаю, чалавек Іван Васільевіч. Але хіба ж такі яго грэх? Мужчынскі, то няхай перад жонкай і каецца. Жыве з сям’ёй — значыцца, пакаяўся. А тут якісь павук паганую павуціну пляце. Адкуль заходзіць! Ой, здалёку! А невядома, дзе скончыць. Чаго хочаш, яшчэ заблытае добрага чалавека. Нагавор — што смала — нялёгка адмываецца. Дай, думаю, з’езджу, скажу, каб ведаў ды аглядаўся.
— Вось за гэта і дзякую, Марына…
Яна зноў азірнулася на дзверы, зноў сцішыла голас:
— Можа ён — муж яе? Паліцай той?
— Яго расстралялі.
— Знайшла-такі кара. Кроў людская не даруецца.
Памаўчала.
— А яна дзе? Усё саромелася папытаць. Каб не падумаў, што ў вочы калю.
— На Палессі, настаўнічае.
— Замужам?
— Не.
— Не? — здзівілася Марына. — Такая маладая была. І адна жыве?
— З дачкой. Дачка таксама настаўнічае. У той жа школе.
— Пішуць?
— Пішуць.
— Многа хто з партызанаў піша вам?
— Не, цяпер ужо нямнога.
— Забываюцца людзі. У кожнага свая жызня, свае болькі. Не дзіва, столькі гадкоў праляцела.
Марына як бы знарок адводзіла размову далей ад пісьма, якое ляжала на стале паміж імі, далей ад усяго таго, за што чапляліся цяжкія ўспаміны. Ёй, відаць, шчыра хацелася забыць на гэта і пагутарыць пра што іншае. А ў Івана Васільевіча тахкала сэрца:
«Хто? Хто? Хто?»
І не было адказу на гэтае «хто?». Не было вытокі — з якой прычыны? Чаму паклёп узнік цяпер, калі ён менш за ўсё сустракаецца з людзьмі? Каму ён перашкаджае? Чым? Бясспрэчна, ёсць сувязь паміж ананімкай у ЦК і гэтай. Адна рука. Адзін почырк. Нехта баіцца, што ён вернецца на работу, на старое месца? Хто? Пераемнік? Але адкуль ён ведае пра Марыну і ўвогуле ўсю даўнюю трагічную гісторыю? Усё да драбніц ведае толькі адзін чалавек — Будыка. Валька? Не! Не! Не! Ён жа ведае ўсю праўду больш, чым нават Марына.
І маці праз затуманены велізарным горам розум здолела зразумець тады правільна. Не паверыла цяпер, хоць боль многіх гадоў мог зрабіць яе падазронай.
Ніхто з партызан слова не сказаў у асуджэнне ўсяго таго, што было зроблена. Выратавалі раненых, дзяцей, жанчын. З начштабам яны, па сутнасці, пароўну дзялілі адказнасць за ўсе аперацыі. Са сваёй вайсковай вежы Валянцін лічыў удачамі і рэйд за Дняпро, і адступленне людзей з лагера, і бой пасля фашысцкай правакацыі з абменам афіцэраў на Пецю. Па Будыкавай логіцы ўсё — звычайнае, будзённае: вайна не бывае без ахвяр. Смерць братоў Казюраў для начштаба — адзін з эпізодаў, не вельмі значных. У баі за ўратаванне аднаго з іх загінулі дзесяткі людзей, камісар атрада загінуў.
Балела аднаму чалавеку — яму, Антанюку. Адзін ён адчуваў тую віну, пра якую цяпер напісаў невядомы няпрыяцель. Не перад атрадам адчуваў сябе вінаватым. Не перад людзьмі. Перад ёй — Марынай. І перад тымі, хто загінуў у баі.
Цяпер сваёй шчырасцю, сваім клопатам пра яго спакой, пра яго добрае імя старая спакутаваная жанчына абудзіла той боль.
— Марына Аляксееўна, я пільнаваў вашых сыноў, трымаў пры сабе. На вачах. Я мог і ў тую ноч трымаць іх побач. Але вы ведаеце, немцы і паліцаі прыціснулі нас да Дняпра, трэба было вырывацца з боем. У той групе, якую паслалі для аховы лагера, я лічыў, хлопцы будуць у большай бяспецы. Атрымалася наадварот.
Марына перапыніла:
— Не карайце сябе, Іван Васільевіч. Хто ведае на вайне, дзе каго смерць сцеражэ. Расказвалі вы, відна, некаму вось так, а паганец гэты, — яна ўзяла пісьмо, пачала павольна складаць яго, як бы збіраючыся падраць, — вораг гэты ваш перавярнуў усё проці вас. — Працягнула пісьмо. — Наце, схавайце ці спаліце. Нашто трывожыць Усцінаўну?
…Усе былі за тое, каб працягваць праверку інстытута: сакратар гаркома, старшыня камітэта. А камісія распадалася. «Захварэлі» два пенсіянеры; адзін з іх, адстаўны палкоўнік, безнадзейна занядужаў ва ўзросце сарака пяці гадоў. Невядома па чыім загадзе адклікалі на іншую праверку, больш тэрміновую, штатнага працаўніка камітэта. Да самога Антанюка пачалі праяўляць увагу, якой ніколі не было раней, і даваць адказныя даручэнні, не фармальныя, даволі цікавыя, ад якіх цяжка было адмовіцца. Даручалі справы па рознай лініі — праз абком, гарком, камітэт кантролю, камітэт па ахове прыроды.
Але нішто не магло ўвесці старога зубра ў зман. Усё ён ведаў — дзеянне ўсіх рычагоў. Нехта недзе цешыў сябе думкай, што справу з інстытутам можна «спусціць на тармазах»: і без таго зацягнутая праверка яшчэ больш зацягнецца, а Будыка — не дурань, за гэты час навядзе парадак у сваёй вялікай і складанай гаспадарцы. І тады ў размове на бюро гаркома ці на пасяджэнні камітэта, калі такое абмеркаванне адбудзецца, пра ўсе памылкі можна будзе гаварыць у мінулым часе. А гэта шмат значыць для вывадаў: кіраўнік зразумеў, выправіў.
Аднаго не цяміў гэты «нехта недзе», што ён, Антанюк, згадзіўся правяраць і настойліва працягвае працу зусім не дзеля таго, каб утапіць дырэктара ці яшчэ каго, а для таго, каб Валянцін, стары сябра, сапраўды не дурны чалавек, здольны канструктар, зразумеў свае памылкі, навёў парадак у інстытуце і не лез далей у балота, у якое цягнулі яго розныя жукі і кляпні-сляпні.
Антанюка не абуралі людзі, якія націскалі непрыкметна, ціха, хітра на розныя тайныя рычагі і кнопкі. У іх не хапала рашучасці дзейнічаць адкрыта. Не той час — не тая ўпэўненасць у сваёй непагрэшнасці. Ён глядзеў на іх дзейнасць з гумарам. Абураў Будыка: усё ідзе ад яго націску, ад яго ўпартай упэўненасці ў сваёй непагрэшнасці. Не, дробныя недахопы, памылкі Валянцін Адамавіч прызнаваў — усе тыя, якія не краналі яго славы вучонага, якія можна зваліць на падначаленых: за ўсім, маўляў, не ўгледзіш. Але менавіта гэтая паблажлівая ўступка — «на табе костачку і адчапіся!» — увесь Будыкаў націск, захады, накшталт гісторыі з Генадзем больш за ўсё злавалі Івана Васільевіча, рабілі зацятым і неадступным. Выконваў даручэнне камітэта па ахове прыроды і зноў ішоў у інстытут. Здаралася, што з шасці членаў камісіі з’яўляўся ён адзін. Бачыў: супрацоўнікі з яго пасміхаюцца. А Валянцін зноў зрабіўся добры і прыветлівы.
— На ліха табе здаўся мой зяць? — спытаў яго Антанюк.
Будыка пераможна рагатнуў.
— Думаеш, цябе хачу ўлашчыць? Не. Добра ведаю: такога чорта, як ты, нічым не ўлашчыш. А ты так падумаў? Прызнавайся. Перабольшваеш, Іван, сваю ролю. Узяў я твайго зяця са сваіх эгаістычных меркаванняў. Можаш запісаць у акт. Спатрэбіўся інжынер у сакрэтную лабараторыю. Навошта мне шукаць невядома каго, браць па рэкамендацыі Жука ці Кляпнёва? Каб ты яшчэ адзін факт запісаў? Я ўзяў чалавека, якога добра ведаю, члена партыі, з чысценькай біяграфіяй, сына калгасніка, зяця персанальнага пенсіянера. Хітры Будыка? Хітры. Асцярожны. Але і смелы! Не баюся адказнасці! Не баюся плётак! Нават тваёй камісіі не баюся. З’еў?
Пасля гэтай размовы з’явіліся-такі ў Антанюка сумненні: можа сапраўды ўсе факты, якія яны выявілі і якія здаюцца яму значнымі,— для Будыкі як вучонага, для развіцця аўтаматызацыі — дробязь. У вялікай справе і вялікія абмашкі можна дараваць. Няхай апошнія аўтаматы не арыгінальныя па канструкцыі, але, відаць, карысць прамысловасці яны прынясуць немалую — тут Валянцін, напэўна, мае рацыю.
Але ад сумненняў нічога не засталося пасля таго, як неўзабаве Іван Васільевіч папрысутнічаў на партыйным сходзе ў інстытуце. Абмяркоўвалі навуковыя вынікі мінулага года. Сам па сабе сход як сход. Інструктар райкома запісаў яго ў актыў работы парткома і сваёй уласнай. Актыўна выступалі. Былі крытыка і самакрытыка. Але што ўразіла Антанюка — амаль у кожным выступленні, адкрыта ці ў падтэксце, гучала: пад кіраўніцтвам Валянціна Адамавіча, дзякуючы Валянціну Адамавічу, толькі Валянцін Адамавіч мог дамагчыся…
Антанюк сядзеў збоку, углядаўся ў твары камуністаў і бачыў: ёсць людзі, якія трымаюцца іншай думкі, хоць, магчыма, і не адмаўляюць аўтарытэт Будыкі — скептычна не ўсміхаюцца. Але такія маўчаць. Чаму? Дзіўна, што сам дырэктар прымае гэтыя выступленні як зусім натуральныя. Не падобна, што ён арганізаваў іх знарок для райкома, для камісіі. Не, хутчэй за ўсё такія выступленні сталі тут звычайнай з’явай. З імі звыкліся. На іх, бадай, глядзяць, як на прапаганду дасягненняў усяго інстытута. Мала хто думае, як гэта небяспечна. Для Будыкі. Для калектыву. Не, хвароба гэта такая, што пілюлямі не вылечыш. Трэба аперацыя. А на аперацыю не згодны ні сам пацыент, ні блізкія і далёкія. Як пераканаць? Каго трэба ў першую чаргу пераконваць?
Пасля сходу Будыка, здаецца, зрабіўся яшчэ больш самаўпэўнены. Даведаўся, што Антанюк у інстытуце, знарок, відаць, прыйшоў у планавы аддзел, пачаў кпіць пры супрацоўніках:
— Адзін? Нешта твая камісія распаўзаецца. Лейцаў няма. Няма. Слабы ты стаў, Іван. У нас у буфеце выяўлена растрата. Во козыр! Займіся. Вельмі можа быць, што гэта вучоныя, абжоры і п’янюгі, аблічылі няшчасную буфетчыцу. Доктар навук Будыка… Бачыш, як адгадаваўся? — паляпаў сябе па жываце. — Во, кандыдат Барэцкая… яна па дзве курыцы з’ядала… Які буфет вытрымае!
Планавікі і эканамісты весела смяяліся. Любілі дырэктара, асабліва жанчыны, — за прастату, дасціпнасць. Ды і за выгляд: мужчына што трэба!
Антанюк не падтрымаў яго. Сказаў сур’ёзна:
— Парай, Валянцін Адамавіч, на якім заводзе лепш праверыць эканамічную выгаднасць замены старога абсталявання на вашы аўтаматы.
— На якім? Можаш паехаць у Іркуцк. Далёка? У Каір. Не дадуць дазвол? У Ерэван. Няма камандзіровачных? Я магу выдаць са сваіх сродкаў. Нам такія даныя таксама спатрэбяцца. Згода?
— Згода. Давай у Іркуцк. Пайшлі, выпісвай! — узяў Будыку за локаць і павёў у калідор.
Валянцін Адамавіч трохі сумеўся.
— Ты што, сур’ёзна намерыўся ехаць?
— Я ж не такі жартаўнік, як ты. Хадзем, хадзем.
— Не будзь ідэалістам, Іван. Як я магу даць такую камандзіроўку чалавеку, які да інстытута не мае адносін?
— Ну дык, тваю… не блазнуй перад людзьмі! А то дам па мордзе — ідзі тады скардзіся на мяне куды хочаш, — Антанюк развярнуўся, як для Ўдару.
Будыка баязліва адступіў — ведаў характар свайго камандзіра. Паківаў галавой, дакараючы:
— Старэеш, Іван. Жарты перастаеш разумець. Дрэнны сімптом. Дружбай не даражыш.
Зноў хацелася сказаць, што даражыць дружбай, вельмі даражыць, і ўсё, што робіць, — стараецца дзеля яго ж, Валянцінавай, карысці, дзеля дружбы іх. Але адчуваў, што няма патрэбных слоў, а са звычайных Будыка пасмяецца: «Піянерскі ідэалізм». Таму не стаў больш гаварыць на гэтую тэму. Хопіць, адзін раз пагутарылі. Але пасля, развітаўшыся, дзён колькі адчуваў сябе пагана, нібыта вінаватым ці пераможаным.