Недаробленая справа не давала спакою. Ніхто больш не званіў, не прыспешваў, а ўсё адно рупіла: трэба ж неяк закончыць гэтую праверку, зрабіць высновы, напісаць заключэнне. Не дзеля таго, каб абвінаваціць кагосьці, дарэмна Будыка нервуецца. Каб звярнуць увагу партыйных, гаспадарчых органаў на істотныя прамашкі ў рабоце вельмі патрэбнага інстытута.
Тры дні пісаў заключэнне. Адзін. Паехаў у інстытут, каб пазнаёміць Будыку і партком перад тым, як даць падпісаць членам камісіі. Адчуваў, што прыйдзецца трымаць бой: сакратар парткома — за дырэктара. Але менавіта гэта і ўзрушыла, узбадзёрыла, узняло настрой. Такі ён быў перад кожным боем, там, у партызанах, дзе ў баі лілася кроў, і пасля ў бяскроўных баталіях — на калегіях, нарадах, пленумах.
Ехаў і выпрацоўваў план абароны і наступу. Прыкідваў, вывяраў і аргументы людзей, якія будуць пярэчыць, уяўляў твары тых, хто будзе маўчаць. А, між іншым, чаму многія маўчаць? Замнога маўчуноў для такога вялікага і своеасаблівага калектыву. Варта і пра гэта сказаць.
У доўгім інстытуцкім калідоры перахапіў зяць. Нібы знарок падсцерагаў.
— Іван Васільевіч, хачу пагаварыць з вамі. Можна?
— Тут?
— Ага.
— Такая тэрміновая справа, што нельга пачакаць?
— Можна, але…
У Генадзевым голасе і ўсёй паставе зніклі самаўпэўненасць, развязнасць, іронія. Вярнулася сыноўская пачцівасць, павага да старэйшага, мудрэйшага; такім ён быў у першыя гады жыцця ў Антанюковым доме. Гэта прыемна ўразіла Івана Васільевіча, і ён, як кажуць, клюнуў на прыманку.
— Дзе ж нам пагаварыць?
— Ды лепш тут, у холе.
— Давай тут, калі нядоўга.
Яны пайшлі па калідоры да невялікага хола — месца сустрэч курцоў. Там стаялі нізкія крэслы, два столікі з попельніцамі, у кутках — дзве пальмы, на адной вісела: «Не кідайце акуркі ў вазоны». Яны не селі — стаялі пад пальмай. Генадзь ламаў пальцы — выдаваў сваю ўсхваляванасць.
— Не ведаю, як пачаць. Вось так… Я вам не чужы чалавек, Іван Васільевіч. Ад маёй работы залежыць шчасце нашай маладой сям’і. Можа памыліўся, што пайшоў сюды. Але ж я не сам папрасіўся. І мне падабаецца тут. Перспектыва ёсць. Толькі каб падтрымалі. Але ўжо нехта пачынае плесці інтрыгі. Усё спачатку ішло добра. Сам Валянцін Адамавіч хваліў. Я стараўся. А тут раптам загадчык лабараторыі чапляецца. Вядома, пачаліся прыдзіркі. Я малады інжынер, памылкі могуць быць. Але хіба так трэба выхоўваць маладых? Сёння ў загад, трапіў. Папярэджанне. Адразу папярэджанне! За месяц. Я ж ведаю, як гэта робіцца. Папярэджанне, пасля — вымова. А там — будзь здароў. І ніякі прафсаюз, ніякі суд не абароніць. Пагаварыце, калі ласка, з Валянцінам Адамавічам. Папрасіце… Ён слова скажа…
Іван Васільевіч адступіў на крок ад зяця, нібы для таго, каб лепш разгледзець даволі ўжо мажную постаць у модным касцюме: Генадзь купіў сабе новы касцюм, перайшоўшы ў інстытут, — каб быць на ўзроўні выгляду вучоных.
— Ты помніш нашу размову, маю… не параду, не… просьбу?
Нешта змянілася ў Генадзевым твары. Іван Васільевіч не адразу нават зразумеў, што з’явіліся тыя ж агідныя рыскі самаўпэўненай перавагі. Зяць па-зладзейску азірнуўся: ці няма каго блізка?
— Вам жа выгадна, каб я прыжыўся тут. Магу, калі трэба, такія факцікі сабраць…
— Пайшоў прэч! — крыкнуў Іван Васільевіч на ўвесь паверх.
Генадзь уміг змыўся — ведаў цесцеў характар.
Антанюка ажно закалаціла ўсяго. Было адчуванне, быццам плюнулі ў душу.
Жадаючы памагчы старому сябру, калектыву, рабіў ён гэтую праверку. Спрачаўся, сварыўся. Але не збіраў факцікі. «А ты!.. Чуць зачапілі цябе, папярэдзілі за нядбайства, відаць, і ты гатовы збіраць факцікі. Знайшоў сабе кадр, Валянцін Адамавіч! Можаш радавацца. Ці ты ўжо і сам раскусіў яго і даў каманду выжыць? Усё роўна не робіць гэта табе гонару. Ні тое, як ты нарадзіў яго, гэты кадр. Ні тое, як хочаш забіць».
Будыка стрэў дзіўна. Па-рознаму страчаў ён свайго былога камандзіра: з шчырай радасцю, з іранічнай весялосцю, з самалюбаваннем, пры людзях — афішыруючы дружбу, з насцярожанасцю і незадавальненнем, калі працавала камісія.
Цяпер жа нічога гэтага Валянцін Адамавіч не выявіў. Нават непрыветлівасці ці раздражнёнасці: зноў, маўляў, прынеслі цябе чэрці. Былі ў яго выглядзе нейкая змрочная абыякавасць і стомленасць, ажно пасінела пад вачамі і запаліліся павекі, быццам чалавек даведаўся, што невылечна хворы. Івана Васільевіча шчыра ўстрывожыў такі Будыкаў выгляд. Але ў кабінеце сядзеў супрацоўнік, і не было як адразу спытаць, чаму сябра такі. Калі планавік выйшаў, Валянцін Адамавіч сказаў сам, не чакаючы запытання:
— Можаш парадавацца: наша работа вылецела за спіса на першым туры абмеркавання. Памаглі лепшыя сябры! — ён нядобра хмыкнуў.
Антанюка ашаламіла: з-за прэміі такая змрочнасць, такі настрой?
— І для цябе гэта трагедыя?
Будыка зірнуў спадылба, адказаў узлавана:
— Але, для мяне гэта трагедыя!
— Валянцін! З чаго ты робіш трагедыю? Чаго табе не хапае? Грошай? Славы?
— Чаго мне не хапае — твайму прымітыўнаму розуму непасільная задача. Прэмія трэба не аднаму мне! Калектыў…
— Не хлусі! Перш за ўсё ты думаеш пра сябе. Не прыкрываліся калектывам!
— Даволі з мяне тваёй ханжаскай маралі. Знайшоўся духоўны ойча! Хопіць!
Тады Антанюк з усяе сілы пляснуў папкай па стале, падскочыў, і… сцены шыкоўнага кабінета, мэбля-мадэрн, тоўстыя тамы тэхнічных даведнікаў пачулі словы, якіх ніколі не чулі і наўрад ці пачуюць яшчэ калі, а гаспадар кабінета чуў іх апошні раз дваццаць гадоў назад у зямлянцы ці ў баі, калі камбрыга часам даводзілі вось да такога напалу і ён вось так узрываўся.
Невядомая сіла… не, вядомая, тая, якая мела над ім уладу там, у лесе, узняла стомленага, размяклага дырэктара з крэсла, і ён выслухаў усё, стоячы амаль «на смірна». Не пярэчыў. Не абураўся. Толькі спалохана пазіраў на дзверы, каб хто не ўвайшоў. Ведаў — цяпер камбрыга нішто і ніхто не спыніць. Няхай хоць дваццаць чалавек уварвецца.
Калі напал трохі астыў, пайшлі словы, якія можна друкаваць:
— …Я не паспеў памагчы, ты ведаеш…
— Не ведаю, — агрызнуўся Будыка нарэшце.
— Дык ведай: шкадую, што не памог. Можа людзям было б лягчэй разабрацца. Але, відаць па ўсім, там не дурні… Без прэміі ў яго трагедыя!.. А што ж было трагедыяй, калі мы ляжалі ў блакадзе і крычала малое дзіця?.. Смаленая сава не клюнула цябе ў тоўстую… Трагедыя ў яго! Пасаромеўся б перад памяццю тых, каго няма ўжо. Братоў Казюраў, Шугановіча. У іх не было трагедыі… Яны ляжаць у зямлі, каб ты рабіў трагедыю з таго, што табе не далі яшчэ адной прэміі, яшчэ аднаго ордэна. Колькі ты іх нахапаў?
Раптам нязвыклая гарачыня разлілася ў жываце, падкацілася пад сэрца. Стала цяжка гаварыць. Рабілася млосна. Ніколі такога не было. Іван Васільевіч змоўк, прыслухаўся.
Тады, як бы адчуўшы, што абвінаваўца яго вытхнуўся, як бы ўрэшце дапяўшы, што перад ім — не камбрыг, а ўсяго-наўсяго пенсіянер, закрычаў Будыка.
Іван Васільевіч не слухаў.
«Няўжо інфаркт?» — і адчуў страх, якога, бадай, не ведаў ніколі. Аднак не хацеў, каб зрабілася блага тут, у кабінеце, перад гэтым, абураным яго словамі, сябелюбцам. Пайшоў да дзвярэй. Будыка не спыніў, але здзіўлена змоўк на паўслове.
Іван Васільевіч выйшаў у калідор, пасядзеў у у крэсле пад пальмамі, адкуль пагнаў прэч зяця.
Адлягло. Нічога страшнага не здарылася. Толькі трымалася млявасць у нагах. Ды страшная спустошанасць у душы. Абыякавасць да ўсяго. Такая ж, як на вяселлі.
Называецца, пазнаёміў дырэктара, партком з заключэннем, якое пісаў у бяссонныя ночы. Папка ляжыць на стале ў кабінеце. Хай застаецца Будыку на памяць. Чорт з ім! Усё. Кропка. Ніхто не прымусіць яго больш прыходзіць сюды, займацца такой праверкай. На якое ліха гэта яму патрэбна!
Апрануўся ў прыёмнай. Прыветлівая, гаваркая сакратарка, якая не аднойчы падавала каву, не падняла ад папер галавы, нічога не сказала — чула праз дзверы.
Іван Васільевіч выйшаў, не кінуўшы звычайнага «бывайце».
Душэўная спустошанасць і абыякавасць доўга не праходзілі. Дзень, Другі. Іван Васільевіч не вылазіў са свайго пакоя. Ляжаў бяссонную ноч. Ляжаў удзень. Але думкі не кіпелі, як звычайна. Дрымотна плылі, як у цяжкахворага, бясколерным марывам. Ні крыўды, ні горычы. Не шкада шматгадовай дружбы. Але падсвядома адчуваў: менавіта тое, што нічога і нікога не шкада, — больш за ўсё і прыгнятае. Хацеў запоўніць пустэчу ўспамінамі: можа абудзіцца нешта — боль, любоў ці хаця б злосць; нават злосці не было. Але ўспаміналася чамусьці пераважна маленства, такое далёкае. Не было яно бязвоблачнае, але і больш горкага, балючага ў ім не так ужо многа. Ды што тыя дзіцячыя болі ў параўнанні з тымі, якія перажыў пасля? Увогуле, успаміны маленства ўлагоджваюць, закалыхваюць чалавека, расслабляюць волю. Прыемна, соладка — ажно сэрца шчыміць, але нішто не заводзіць спружыны эмоцый.
Жонка вядзе сваё:
— Хандрыць пачынаеш, Іван. Нядобрыя сімптомы. Ідзі папрасі, нешта ж прапануюць. Згаджайся на любую пасаду, абы з людзьмі, у калектыве.
— Нікуды я не пайду. Трэба — паклічуць.
— Каму патрэбны твой гонар? А калі не паклічуць больш?
— Значыцца, абыходзяцца без мяне.
— Але ж ты сам не можаш абысціся без работы. Хіба я не бачу! Не з тваім характарам.
— Табе здаецца так. Пенсіянер — даволі масавая прафесія ў наш час. Пажыць за кошт грамадства — немалая спакуса.
— Іван, ад каго ты хаваешся за жарцікі? Ад мяне? Я наскрозь цябе бачу.
Іван Васільевіч не сказаў, што, на жаль, Вольга бачыць не ўсё, прынамсі гэты раз — не тое, не тую прычыну хандры яго. Хаця і сам ён не мог добра асэнсаваць гэтую прычыну. Расчараванне? Але хіба ён быў гэтак зачараваны Будыкам? Не. Не аднойчы разыходзіліся ў поглядах на жыццё. Сварыліся. Урэшце, нічога дзіўнага, што такому чалавеку, як Будыка, адхіленне работы ў першым туры моцна сапсавала настрой. Ён, Антанюк, не разумець гэтага не мог. У кожнага свае слабасці. Будыкавы ён ведае лепш, чым свае ўласныя. І сто разоў дараваў яму гэтыя слабасці. А вось гэтага дараваць не мог. Не злоснага папроку, што ў яго, Антанюка, «прымітыўны розум», — гэта глупства! А злоснага прызнання, што для яго, Будыкі, неатрыманне прэміі — трагедыя. Але цяпер ужо ўсё роўна: перажывай сваю трагедыю сам! Разам мы перажывалі сапраўдныя трагедыі.
— Паехаў бы на паляванне, — параіла Вольга.
— Паляванне ўжо забаронена. Час табе ведаць.
— На ваўка не забаронена. Пахадзіў бы па лесе. Лес цябе бадзёрыць.
Вольга ведае: лес бадзёрыць. Але цяпер яму нікуды не хочацца — ні ў лес, ні ў поле. Ні гуляць па горадзе.
Увайшла Лада.
— Ты нездаровы, тата?
Іван Васільевіч хутка падняўся з канапы, расцёр рукамі твар, быццам са сну.
— Не, здаецца, здаровы. А што?
— Ты ніколі столькі не ляжаў. Што з табой?
— Нічога.
— Ты стаў нейкі не такі, як заўсёды.
— А ты? Ты таксама не такая.
— Я? — Лада задумалася, стоячы пасярод пакоя.
— Мы ні разу не пагутарылі пасля вяселля. Так, як раней.
Лада прысела на край крэсла, пасля скінула тапкі і залезла ў крэсла з нагамі, падкурчыла іх — зусім па-дзіцячаму і па-хатняму. І ўжо праз адно гэта бацька адчуў яе даверлівую блізкасць.
— Я не такая… — з роздумам прызналася Лада і тут жа горача запэўніла: — Але не стала горшая, тата! Не! Не думай… Я люблю цябе… гэтак жа…
Як чалавеку мала трэба: даччыно прызнанне ў любові — і ў застылае сэрца быццам ўліўся цёплы жывы струмень. Іван Васільевіч удзячна, але бадай збянтэжана ўсміхнуўся дачцэ.
— Але… ведаеш… як табе растлумачыць?.. Замужжа шмат што змяніла. Я легкадумна ставілася да яго. О, гэта ўсё больш сур’ёзна!.. Табе я прызнаюся… Праводзячы іх, Сашу і Васю, я раўла на вакзале, як баба. Хіба падобна гэта на сучаснага фізіка? Смех… Ці адносіны да цябе… Помніш, я звыкла яшчэ са школы, і гэта працягвалася ўсе гады ва універсітэце… ідучы раніцой на заняткі, я залазіла ў кішэні твайго паліто і выграбала дробязь — на пончык, на каву, на кіно. Зрэдку ты злаваўся: сядзеш у тралейбус, памацаеш у кішэнях, а там — ні капейкі. А то… на нейкі дзень пасля вяселля… па інерцыі пацягнулася была да твайго паліто і адхапіла руку. Сорамна зрабілася. Цяпер я не растрачу стыпендыю за два дні, як раней…
Зусім расчуліла такое прызнанне. Трохі не да слёз. Але адказаў з грубаватай разважлівасцю:
— Мужыцкая псіхалогія ў цябе абуджаецца. Плюнь на такія ўмоўнасці. Ты ведаеш мае адносіны да грошай. Марнатраўства не люблю. Але каб дачка не магла ўзяць на снеданне… Чаму? Глупства!
Лада памаўчала, падумала, гледзячы на бацьку; у вачах таіўся смутак, быццам развітвалася з нечым дарагім.
— А можа гэта добра, тата?
— Што ж тут добрага?
— Чалавек павінен мяняцца. Ты кажаш — «мужыцкая псіхалогія». У мяне абуджаецца штосьці іншае. Ці прыходзіць запознена сталасць. Ведаеш, у мяне цяпер такое адчуванне, быццам я, нарэшце, ступіла на зямлю. Пад нагамі стала цвёрда. Не гайдае, не калыша, не адносіць убок… Я кпіла з нашых геніяў. Аднак сама глядзела на іншых людзей як бы з вышыні. Я адганяла іх, такія думкі, але ўсё адно яны наведваліся — аб нашай выключнасці. Мы, фізікі, ведаем, пазнаём тое, чаго не ведае дзевяноста дзевяць працэнтаў людзей. Больш, мабыць. Нам адкрываюцца тайны сусвету. Мы яшчэ здзівім чалавецтва! Чым? Над гэтым я часцей і часцей задумваюся цяпер. І вось пасля замужжа я адчула сябе звычайным чалавекам сярод звычайных людзей. Кропляй у моры. І нічога іншага мне не хочацца. Ніякай выключнасці. Навошта? Выключнасць аддаляе ад людзей. А я ні ад каго не хачу аддаляцца. Плакала на вакзале — і мне не было сорамна, людзі разумелі. Пішу Сашу наіўныя пісьмы, нешта накшталт таго, што пісалі тургенеўскія гераіні,— і мне хораша. Хіба толькі смешна самой: я — і такія старасвецкія пачуцці! Што сказаў бы Віцька Дзюба, каб даведаўся?! — Лада, камічна прыжмурыўшыся, паківала галавой.
— Мяне радуюць твае адчуванні. Звычайна закаханыя ўзнімаюцца ў неба і нічога не бачаць на зямлі. У цябе — наадварот. Гэта добра. Але я баюся, каб усё тое, што абуджаецца ў цябе, не адціснула фізіку, не зменшыла твайго захаплення…
— Захаплення квантавай тэорыяй? — Тата! Фізікай не захапляюцца! Гэта не музыка. Таму, хто не ведае, яна здаецца бог ведае якой рамантычнай. Як мне ў школе. Але тое дзіцячае захапленне даўно мінула. Цяпер я катаржанка. Прыкута да навукі, як да галеры. Няспынна, звыш сіл маіх, мушу грабсці. Не рукамі. Мазгамі! А куды плывем? — Лада ўздыхнула. — Куды мы плывем? Мая любоў дала трохі свабоды. І радасці.
Іван Васільевіч са смуткам падумаў: «Любоў да бацькоў і наша да цябе, выходзіць, не давала гэтай радасці. Пакуль не з’явіўся ён, гэты хлапчына». Але крыўды не было — лёгкі смутак і здзіўленне перад адвечным цудам, які робіць каханне.
— Відаць, ужо ніхто і нішто не здыме мяне з гэтай галеры. Але я хачу, каб над ёй свяціла сонца. І побач былі людзі…
Лада гаварыла трохі супярэчліва.
Івана Васільевіча не аднойчы здзіўлялі віражы ў логіцы яе жыццёвай філасофіі. У найскладанейшых навуковых высновах мысленне яе куды больш паслядоўнае, няўхільнае. Між іншым, гэта не толькі ў яе. Нават Будыка — і той увесь час здзіўляў такімі вось заскокамі і пераскокамі.
Няхай Лада ў нечым крыху і рысуецца. Але яе прызнанне пра грошы, даверлівы расказ пра самае інтымнае — пра пачуцці свае пасля замужжа — і ўвогуле ўся размова жыццятворным бальзамам запаўнялі душэўную пустэчу, абуджалі ранейшую цікаўнасць да праяў жыцця. Іван Васільевіч быў удзячны дачцэ.
Яны доўга гутарылі пра розныя другарадныя рэчы, нават паспрачаліся пра новы фільм. Ён чакаў, што Лада загаворыць пра Віталію. Чакаў і баяўся. На яе шчырасць трэба адказаць такой жа шчырасцю і праўдзівасцю. А што сказаць? Якую праўду?
Лада нічога не сказала пра Віталію. Быццам не існавала яе. Гэта і супакоіла і расчаравала: Лада столькі гаварыла пра набліжэнне да людзей і ў той жа час нібы не жадае прызнаць чалавека, які жыў у доме побач у дні яе найбольшай радасці. Не думаць пра Віталію дачка не магла. Значыцца, у нечым тоіцца, не ўсё раскрывае, што ў душы.
Калі Лада, нарэшце, пайшла, Іван Васільевіч пахадзіў па пакоі ў роздуме, потым колькі разоў энергічна і весела, па-маладому, прысеў і пачаў адзявацца: захацелася пагуляць па марозе.
А ўвечары пазваніў Будыка. Як ведаў, што ў камбрыга змяніўся настрой. Невядома, што было б, каб пазваніў да размовы з Ладай.
— Што робіш, дзед?
— Шукаю некралог у газетах. Думаў, памёр, што прэмію не далі.
— Заразны ты чалавек, Іван.
— Чым я каго заразіў?
— Каго — прынцыповасцю, каго — казлінай упартасцю.
— Цябе — чым?
— Мяне — дружбай.
— Стары падхалім!
— Вось такой абразы табе не даруюць. Не я, Міля. Які я стары? Запытай у яе.
— Хвалько!
— Прыходзь каньяк піць. Маю пляшку французскага.
— Не чакай.
— Трымаеш прынцып?
— Трымаю.
— То і чорт з табой.
— Няхай застаецца з табой. У цябе з ім больш сваяцтва.
— Ох, і даў мне бог друга!
— Бог даў, бог можа забраць.
— Не дзьміся, певень. Я першы схіляю галаву. Папку табе вярнуць?
— Прышлі. Я не ўсё напісаў, маю новыя думкі.
— Пішы, пішы. І нагою калышы. Неглыбока арэш. Недахопы ў рабоце інстытута я выкрыў глыбей. Прачытай маё пісьмо ў ЦК.
— Адкуль такая самакрытычнасць?
— Ды вось адтуль.
— Ход канём?
— Канём ці сланом — думай, як хочаш. Я стаўлю тэхнічныя праблемы. А ў цябе што? Кадры, партработа… дробязь.
— Калі табе захацелася адвесці душу, не чапай гэтых спраў. А то я табе зноў скажу, што дробязь, а што не дробязь.
— Маўчу. Дык не хочаш убачыць маю прасветленую фізіяномію?
— Не.
— Што ж, пачакаю. Каньяк не скісае. Кланяйся Вользе.
— Прывет Мілане.
Дваістае пачуццё было ад гэтай телефоннай размовы. Але тое, што Будыка ўсё-такі пазваніў першы, таксама ўзрадавала. Значыцца, даражыць яшчэ дружбай. Колькі разоў яны сварыліся вось так! Не заўсёды меў рацыю ён, Антанюк. Але заўсёды першы ішоў на прымірэнне Валянцін. Што гэта? Слабасць яго? Ці сіла?