Іван Васільевіч разумеў жончыны трывогі і клопаты. Усё замужняе жыццё яна перажывала, бадай, пакутавала ад таго, што муж мала быў дома — з ёй, з дзецьмі, часта затрымліваўся вечарамі, часта выязджаў у камандзіроўкі, а ў выхадныя, святочныя дні — на паляванне.
Цяпер жа ёй здаецца, што ён замнога сядзіць дома, замнога думае, чытае. А яна лічыць, што для яго шкодна і адно і другое. Пра што ён можа думаць? Вядома ж, пра тое, што яго пакрыўдзілі, зрабілі заўчасна старым. А такія думкі, як сцвярджае медыцына, выклікаюць шкодныя эмоцыі. (Вольга Усцінаўна акуратна чытала часопіс «Здоровье».) Эмоцыі такія ў яго ўзросце могуць прывесці да цяжкіх змен у сардэчна-сасудзістай сістэме. Чытаць многа — не тыя вочы: даўно ўжо скардзіўся, што ад чытання баліць галава.
Вольга, начытаўшыся «Здоровья», лічыла, што для людзей іх гадоў галоўнае — дзейнасць. Недарэмна сама яна пасля працяглага перапынку — пакуль не выгадавала дзяцей! — пайшла на працу.
Іван Васільевіч бачыў: жонка моцна перажывае, што ён, яшчэ зусім здаровы мужчына, мусіў стаць пенсіянерам. Два гады жыве без калектыву, без людзей. А раней жа і дня не мог пражыць без супрацоўнікаў. А Вольга пераканана, што ў старасці чалавеку больш, чым нават у маладосці, патрэбны людзі.
Івана Васільевіча здзіўляла да гумарыстычнага замілавання, што Вольга, жанчына практычная, вельмі зямная, пад старасць робіцца такая кніжна-правільная.
Зрэдку і яго палохала, што ён як бы ўваходзіць у гэтую ролю — пенсіянера. Як прыступы болю ад каменя ў печані, гэтак жа раптоўна, без асэнсаванай прычыны, з’яўляліся часам страх і роспач. Але, на шчасце, не надоўга — на хвіліны. А так звычайна ён ставіўся з гумарам і да свайго новага становішча і да жончыных хваляванняў. А калі сядзеў падоўгу дома ў адзіноце, то зусім не адтаго, што яго скоўваў цяжкі роздум над уласным лёсам, як здавалася жонцы. Не. Часам ён проста бяздумна адпачываў пасля многіх год напружанай працы, часам паглыбляўся ва ўспаміны, а часцей за ўсё — проста іграў ролю, якую выдумала Вольга, забаўляўся, каб яшчэ больш занепакоіць яе і прымусіць глядзець за ім, як за малым. Ён не лічыў гэта жорсткім у адносінах да жонкі, бо не меў ні злосці, ні крыўды, і яе павялічаная ўвага да яго перажыванняў не раздражняла. Ён разумеў: гэта ў першую чаргу патрэбна ёй самой, без такіх клопатаў і хваляванняў жыццё яе збяднела б. Адно не спадабалася, і ён выявіў своеасаблівы пратэст. З паўгода назад ён пачаў употай, уначы, запісваць свае партызанскія ўспаміны. Вольга гэтак жа ўпотай пачала чытаць кожны запіс. Адшуквала рукапіс, дзе б ён ні схаваў,— у сваёй кватэры яна ўсё магла знайсці.
Іван Васільевіч узлаваўся і кінуў пісаць. Навошта? Нямала гэтых успамінаў напісалі без яго. І нямала няпраўды. Без намеру надрукавацца, без цэнзуры — жончынай, чытацкай, без хованкі, ён, магчыма, здолеў бы напісаць што-небудзь цікавае. А так — не.
Тыдзень назад, калі «ворага траў» папрасілі пайсці на ганаровую пенсію, гэтак жа, як некалі яго, Антанюка, Вольга Усцінаўна сказала, узрадаваная:
— Ваня, можа цяпер цябе вернуць на работу?
— А я не хачу! Мне добра пенсіянерам!
Ён сам не разумеў, чаму ўзлаваўся, і, сказаўшы няпраўду, спалохаў і засмуціў жонку.
Дзіўна: адстаўка чалавека, з якім ён, Антанюк, шмат у чым не быў згодзен і праз суб’ектыўнае пражэкцёрства якога несправядліва пакараны, не ўзрадавала. Толькі нагадала боль, які перажыў у тыя дні, калі рашаўся яго ўласны лёс. Тут жонка хвалявалася не без падстаў: апошнія дні ён, і праўда, жыў у цяжкім роздуме. З трывогай, з надзеяй. Зноў спрачаўся са сваімі праціўнікамі, сапраўднымі і ўяўнымі,— з людзьмі, якія кіравалі ім, з былымі сябрамі і — вельмі можа здарыцца — заўтрашнімі супрацоўнікамі. Але найбольш — з сынам…
«Ах, дзеці, дзеці! Я жыў для вас, працаваў для вас. І мне хочацца аднаго: каб хоць адзін з вас зразумеў гэта і сказаў дзякуй. Не за тое, што я нарадзіў вас, выгадаваў, вывеў у людзі. За работу, якую я рабіў для ўсіх. Для ўсіх дзяцей».
Іван Васільевіч ласкава паклаў руку на галоўку ўнука, на яго мяккія-мяккія, як пушок, залаціста-белыя валосікі. Трохгадовы хлопчык незадаволена крутнуў галавой, каб скінуць дзедаву цяжкую руку: захоплены казкай, ён не хацеў ніякай пяшчоты. Мужчына!
Яны сядзелі перад тэлевізарам. Малы і стары. Глядзелі «Снежную каралеву». Антанюк даўно прыкмеціў, што з найбольшай цікавасцю ён глядзіць мультфільмы вось па такіх казках — па народных, па Пушкіну, па Андэрсену… Усё тут праўда. І снежная каралева, і гном, і забыццё маленькага Кая, і настойлівыя пошукі Герды. Казачныя прыгоды дзяцей хвалююць да нервовага ўзбуджэння, да слёз замілавання і захаплення. А вось многія фільмы для дарослых здаюцца яму надуманымі, нецікавымі, бо нібыта глыбокія праблемы, якія ўзнімаюць аўтары, па сутнасці ўяўныя, жыццё герояў спрошчана. Як, напрыклад, у фільме «Старшыня», які нядаўна паглядзеў. Яго, Антанюка, абурылі ўяўная смеласць і ўяўная праўда, падпарадкаваныя адзінаму ўмоўнаму тэзісу і адзінаму жаданню аўтараў фільма — дагадзіць аўтару тэзіса. Антанюк выдатна ведаў старшыню, з якога пісаўся герой, не аднойчы па рабоце сутыкаўся з гэтым складаным характарам. У фільме ўзялі знешнія рысы гэтага характару і знешнія прыёмы ў рабоце старшыні. Калі Іван Васільевіч паспрабаваў гэта выказваць, людзі, якія дзесятак год назад палічылі б такі фільм за крамолу і якія цяпер, праз два-тры тыдні, глыбакадумна, выдаючы за ўласную мудрасць, паўтараюць ягоныя, Антанюковы, словы, тыя ж людзі тады глядзелі на яго як на адстаўнога дзівака, якому ўжо няма чаго траціць: атрымаў персанальную — можа малоць што хоча.
Гаварыў тэлевізар ледзь чутнаму спальні Лада рыхтавалася да семінара па квантавай механіцы. У доме ніхто не мог павысіць голасу, калі яна садзілася за свае тэорыі. Дзіва, што яна хоць так дазволіла ім глядзець тэлевізар.
Іван Васільевіч многа разоў казаў і ў жарт і сур’ёзна, што Лада — эгаістка і дэспат у доме. Але любіў малодшую дачку і ўсё дараваў ёй — за здольнасці да навукі: рос выдатны фізік, дзіця свайго часу. Не якая-небудзь пасрэднасць, як… Як хто — ён баяўся казаць, бо калі аднойчы сказаў гэта пры жонцы, назваўшы старэйшую дачку Маю, Вольга абразілася і цэлы дзень плакала: для маці — усе дзеці роўныя.
Лада ўвайшла ў залу. Ведаючы, што яна адразу пачынае рабіць заўвагі аб тым, што на экране, Стасік борздзенька саскочыў з крэсла і крутнуў рэгулятар на поўную гучнасць.
Івану Васільевічу таксама не падабалася, калі Лада сваімі ўедліва-здзеклівымі, насмешлівымі заўвагамі разбурала той нязвыкла-ўзнёслы настрой, які стварала казка. Але на гэты раз Лада маўчала. Села каля стала і моўчкі глядзела заключныя сцэны мультфільма.
Кай і Герда развіталіся з аленем і лапландкай. Невядома, як малога, а старога гледача больш за ўсё крануў гэты дзівосны, разумны алень.
Іван Васільевіч нават употай выцер слязінку.
Лада ўздыхнула.
— Шчаслівыя дзеці са шчаслівых казак! Усе цуды ім так лёгка даваліся! Але мне іх шкада. Асколачкі таго тролевага люстэрка ўсё яшчэ лятаюць. І людзей мне шкада. Яны многа гавораць, а мала ведаюць. О, каб яны ведалі ўсе формулы тонкай структуры атама вадарода! Усе рэлятывісцкія эфекты!
— А навошта гэта ўсім ведаць? — усміхнуўся Іван Васільевіч.
— Праўда — навошта? А навошта гэта мне ведаць?! О божа! — прастагнала Лада, але Іван Васільевіч прывык, што дачка рэдка калі гаворыць сур’ёзна. — Я ўся набіта формуламі, як бочка селядцамі. Я праз формулы гляджу на свет, на людзей. Страшна! — тут ужо Іван Васільевіч насцярожыўся, бо словы дачкі не здаліся жартам — крык душы. — Мне бывае страшна! Я так многа ведаю, што часам здаецца — нічога не ведаю. Усе пастулаты, ураўненні, формулы зліваюцца ў кашмарную каламуць. Здаецца, што думкі мае, сама я — тая ж бясспінавая часціца ў кулонаўскім полі. Але ядро… Што ядро? Хто ядро? «Пастаянная тонкай структуры амега імкнецца да нуля, паколькі ў яе выражэнні хуткасць святла ўваходзіць у назоўнік». І я… я ў гэтым палёце думак прыходжу да нуля. Я — нуль, нуль, нуль! Я нічога не ведаю, нічога не адкрыю! Я натоптваю сябе чужымі формуламі.
На экране маладзенькая артыстачка спявала:
Вновь я грущу над заветным письмом,
Мой синеглазый друг.
Лада хмыкнула.
— Ах, якая страсць! Але для мяне — лірыка ці фізіка? — і, імкліва абышоўшы крэсла, у якім сядзеў бацька, выключыла тэлевізар. Трохгадовы глядач, якому, пэўна, падабалася песенька пра каханне, заверашчаў на ўвесь дом і, падхапіўшыся, пачаў малаціць Ладу кулачкамі па баку.
— Ладка-аладка-гадка! Ключы!
— Во як трэба ваяваць… за сваё права на эстэтычнае задавальненне. А што тады казаць пра змаганне за месца ў жыцці! Мой даражэнькі пляменнічак, крыкун і мазюка! Ты знаеш ураўненне Клейна — Гардона?
— Ключы!
У дзвярах з’явілася Вольга Усцінаўна.
— Стасюлька! Хадзем на кухню. Я табе казку раскажу.
— Не хачу казку! Хачу цявізал!
— О, няшчасце на маю галаву! Я сёння ж заяўлю ультыматум яго бацькам! Зязюлькі! Падкінулі плод сваёй халоднай любові!..
— Ключы! Ладка-аладка!
— Як не сорамна, Лада! Ты дэспат у доме. З-за сваёй фізікі ты гатова ўсіх нас выгнаць.
— І выганю!
— Іван! Чуеш, як яна размаўляе! А ты маўчыш, патураеш.
— Ключы!
— На табе твой цявізал. Але ціха! А то атрымаеш ураўненне Дзірака.
— Сама дзі-лака.
На экране танцавала балетная пара.
— О, гэта нешта сур’ёзнае. Мама, ты ж сама верыш, што я геній, — і зноў звярнулася да бацькі, як бы працягваючы перапыненую размову: — А калі я нішто? Пажыццёвая лабарантка? Дык на якога д’ябла мне такія пакуты? «Я помню чудное мгновенье, передо мной явилась ты…» — гэта я запамінаю лягчэй, чым мая дарагая сястра, літаратар. І калі напісана — помню, а яна забыла ўжо даўно. Я ўсё помню. І для гэтага мне не трэба было паліць свой мозг, закручваць звіліны такімі петлямі, што некалі сам Мефістофель зламає там нагу, у маім мозгу. Не! Усё! К чорту фізіку! Выходжу замуж! За таго чорненькага, Жазефа, што быў у нас на вечары. Помніш, мама? Нішто, праўда? Падгавару яго кінуць універсітэт, вярнуцца дадому, у Афрыку. Ён, здаецца, сын правадыра нейкага племя. Няхай робіць пераварот, скідае бацьку, садзіцца на трон. Я такі арганізую парадачак — свет здзівіцца! А цябе, тата, запрашаю вучыць неграў агранаміі. Хочаш, мы зробім цябе прэзідэнтам? Чаго ты ўсміхаешся? Быў жа беларус прэзідэнтам на Гавайскіх астравах. Чаму табе не пабыць? Ты чалавек справядлівы, не дэспат, не тыран… Шчыры інтэрнацыяналіст.
— Лада, не вярзі лухту.
— Мамачка, ты лічыш, што гэта лухта? Не, мая дарагая мамуля, ты дрэнна ведаеш сваю дачку.
Не, маці добра ведала шалёны характар малодшай Дарсі і ўжо тады, на тым вечары, моцна спалохалася, калі ўбачыла, як Лада танцавала са студэнтам-неграм нейкі афрыканскі танец, які здаўся ёй страшэнна дзікім.
— Іван, скажы, каб яна не іграла на маіх нервах.
— Ты не хочаш, каб я выходзіла за негра?
— Выкінь з галавы шалёныя думкі!
— Ага. А ты ведаеш, дарагая мама, што гэта называецца расізмам?
— Называй як хочаш.
— Во, таварыш марксіст, як выхавалі вы сваю жонку. Любуйцеся!
Іван Васільевіч зарагатаў.
— З табой, Лада, не засумуеш.
— Патурай, патурай, дык яна выкіне табе коніка, схопішся пасля за галаву, — пакрыўдзілася на мужа Вольга Усцінаўна.
— Ды ну вас! — адмахнуўся Антанюк, устаючы з крэсла.
— Усё. Адцягвай, мама, унука ад цявізала. Антракт скончаны. Дзея другая. Падрыхтоўка да практыкума: «Вымярэнне энергіі анігіляцыйных гамаквантаў». О мая няшчасная галава! Дарагія бацькі! Да вашага ведама: з’ява анігіляцыі заключаецца ў тым, што пры сустрэчы часціцы з антычасціцай абедзве перастаюць існаваць, ператвараюцца ў другія часціцы. Мудра? А якая пры гэтым выдзяляецца энергія? Вось таму прашу поўнай цішыні!
Але цішыня панавала нядоўга. Спачатку жонка шэптам прасіла паўплываць на Ладу, каб яна не захаплялася неграм, «бо пры яе дурным характары недалёка і да бяды».
Івана Васільевіча гэта развесяліла.
— Ты адсталы элемент, Вольга. Трэба мацаваць міжнародныя сувязі.
— А ты стары дурань, — узлавалася Вольга Усцінаўна, зразумеўшы, што муж здзекуецца з яе. Але злавацца яна не ўмела і праз хвіліну пачала з наіўнай хітрасцю ўгаворваць, каб ён схадзіў да каго-небудзь са старых сяброў, якія па-ранейшаму займалі высокія пасады.
— Такое адбылося. Няўжо табе нецікава даведацца, што там думаюць?
— Не, нецікава… Што думаюць — не кожны скажа. А што кожны з іх скажа — гэта я ведаю наперад.
— Іван, ты губіш сябе.
— Гублю.
— Ты замуроўваеш сябе ў чатырох сценах.
— Замуроўваю.
Яна трагічна прастагнала:
— О, каб хто ведаў, колькі ты пайграў на маіх нервах. Ад цябе пераняла Лада… Два тыраны!
Густыя, пасівелыя бровы яго сышліся над пераносіцай, паглыбелі зморшчына пад вачамі і каля рота. Глыбока ўдыхнуў і затрымаў паветра. Пакрыўдзілі жончыны словы. Але стрымаўся. Спытаў з болем, ласкава, шэптам:
— Я тыраніў цябе, Оля?
Жонка наблізілася, паклала руку яму на галаву, на валасы, якія заўсёды здаваліся ёй жорсткімі, можа таму, што ён заўсёды каротка стрыгся — пад бокс. Але некалі яны былі чорныя да варанога бляску, яго валасы, а цяпер, хоць і не вельмі яшчэ пасівелі, як бы выцвілі. «І, здаецца, памякчэлі», — падумала яна. Сказала:
— Тыраняць дзеці. Яны эгаісты. І ты. Ты зрабіўся як малы.
— Я — пенсіянер.
— Іван!
— У цябе нешта гарыць на кухні.
Пасля Іван Васільевіч задрамаў. Больш за ўсё яго палохала такая нечаканая дрымота. Часцей, чым што іншае, яна напамінала пра набліжэнне старасці, пра вымушаную бяздзейнасць. Раней ён мог працаваць двое сутак без сну, без адпачынку і не помніць, каб хоць раз заснуў за рабочым сталом, у крэсле.
Разбудзіў крык Лады і Стасіка. Зразумеў, што прыйшлі зяць і старэйшая дачка. Лада пратэставала супраць іх ранняга прыходу: заўтра ёй трэба вымяраць энергію гама-квантаў.
Голасу Маі не чуваць. Яе голасу ніколі не чуваць. Яна дамагаецца свайго маўчаннем і слязьмі. На маці дзейнічае гэта больш пэўна, чым Ладзін крык.
Гучыць паважны басок зяця. Усе трое наступаюць на Ладу, як заўсёды, абвінавачваючы ва ўсіх смяротных грахах: эгаізме, істэрычнасці і г. д.
Няшчаснае дзяўчо! Пры нечалавечым напружанні розуму, якое трэба, каб пазнаць тайны ўсіх гэтых нуклонаў і антынуклонаў, пазітронаў і мезонаў, ёй прыходзіцца траціць сапраўды ядзерную энергію, каб арганізаваць цішыню. Наверсе гойсае суседскі сын — так, што звініць посуд у серванце, за сцяной бясконца дрынчыць піяніна, за другой сцяной плача дзіця. І гэта ў добрым старым доме, кватэрам у якім зайздросцяць. А як можна вучыць атамную тэорыю, пісаць вершы ў тых «гармоніках», якія пачалі будаваць у мікрараёнах?
Зяць увайшоў не пастукаўшы. Павітаўся — быццам ласку зрабіў:
— Добры дзень, Іван Васільевіч.
— Дзень добры, отрачэ Генадзіуш, сын Піліпаў.
Зяць рагатнуў з гэтай новай формы звароту да яго. Весела, але з ноткай гэткай прабачлівай паблажлівасці: маўляў, давай-давай, дзівач, стары хрыч, больш табе няма чым займацца. На стале, з-пад носа Івана Васільевіча, забраў усе газеты.
— Ёсць «нядзелька»? Трэба ўзяць пачытаць.
Трэба ўзяць — і ніякіх размоў. Не папросіць, не запытае: а ці прачытаў гэтую «Нядзельку» сам гаспадар?
Такая бесцырымоннасць ужо нават не абурала. Раней некалі абурала. Зяць, калі жыў тут, у іх кватэры, вось гэтак жа лазіў па кніжных шафах, не саромеўся заглянуць і ў шуфляду стала, калі Іван Васільевіч забываўся зачыніць на ключ. Мог вось так, без стуку, зайсці нават у спальню апоўначы, каб запытаць, дзе сённяшняя «Комсомольская правда» ці ў якім годзе памёр Пляханаў.
Разоў колькі Іван Васільевіч зрываўся — выдаваў «на высокіх нотах» і яму, Генадзю, і Маі, і добрай цёшчы, якая дрыжала, каб, крый божа, не пакрыўдзіць дарагога зяцька. Паступова выпрацаваўся як бы імунітэт: навучыўся не толькі стрымліваць абурэнне, але тушыць яго ў самым пачатку. А вось здзіўляцца не пераставаў. Моцна здзіўляла незвычайная здольнасць гэтага чалавека — іх зяця — не засвойваць, не прымаць самыя простыя, хаця б знешнія, правілы элементарнай інтэлігентнасці.
Іван Васільевіч пры ўсім сваім багатым вопыце ніяк не мог зразумець — чаму гэта? Не дурань жа хлопец. Безумоўна, хітры. Жаніўся, напэўна, з разлікам. Аднак не сказаць, каб вельмі ўжо спадзяваўся на цесцева становішча. За тое, што, працуючы слесарам у гаражы, вучыўся на вячэрнім аддзяленні інстытута і, хоць пасрэдна, але без адзінага правалу здаваў усе экзамены, — Іван Васільевіч дараваў яму ўсё.
І пасля тых сваіх зрываў караў сябе і прасіў прабачэння — не ў зяця! — у жонкі, бо з Генадзя «што з гусі вада», а Вольга плакала пасля мужавых успышак.
Але вось ужо два гады як Генадзь — інжынер, начальнік участка на аўтазаводзе. Не без яго, Антанюковай, дапамогі атрымаў кватэру, аднапакаёвую, але асобную і ў добрым раёне. Дзякуй за гэта, як і за многае іншае, Іван Васільевіч ад яго не пачуў. Больш таго, зяць паводзіў сябе так, быццам яго падманулі і не аддаюць шмат што з таго, што абяцалі. Прэтэнзій ён, праўда, ніякіх не выказваў — гэта была, бадай, адзіная прыкмета яго інтэлігентнасці, але браць не саромеўся; безумоўна, пад яго ўплывам і Мая рабілася па-кулацку прагная. Калі на наваселлі ў іх сярод шмат якіх рэчаў, зусім не патрэбных маладым людзям у маленькай кватэрцы, Іван Васільевіч убачыў і халат, які яму падаравалі ўзбекі, то гэта так развесяліла, што ён, падвыпіўшы, увесь вечар рагатаў, на здзіўленне сваім і гасцям. Вольга Усцінаўна толькі дома даведалася прычыну яго весялосці, калі ён пачаў дапытвацца: «Не, ты скажы мне, калі ласка, а халат… халат узбекскі навошта ім?» Але і гэта Іван Васільевіч умеў растлумачыць і дараваць. У зяця моцна трымаецца сялянская псіхалогія, праўда, не натуральная, не народная — разбураная, скамечаная горадам і не лепшымі асабістымі якасцямі. Такіх людзей сустракаў нямала, асабліва ў той сферы, дзе доўга працаваў,— у органах, якія кіравалі сельскай гаспадаркай.
Не мог дараваць зяцю толькі аднаго: як той сустрэў яго, цесцева, пенсіянерства. Сказаць нічога не сказаў. Але ва ўсім, што выказваў, як бы чуўся папрок: маўляў, падвёў ты мяне. Гэтага Іван Васільевіч не мог зразумець. На што яшчэ чалавек разлічваў? На пасаду, на кар’еру? Але ж зусім іншая галіна! Што мог прапанаваць Іван Васільевіч яму — інжынера РТС? Дык ні ў яго, ні ў дачкі думкі не было выехаць з Мінска. Куды там! Работай сваёй задаволены і яна і ён.
А потым гэтае абразлівае дараванне: што з цябе возьмеш, з пенсіянера! І сваяцкае суцяшэнне: не гаруй, стары, як-небудзь пражывем. Ужо разы два спрабаваў паляпаць па плячы.
Той добры імунітэт памагаў Івану Васільевічу ўсё сцярпець. Хацелася толькі аднаго: да канца зразумець гэтага чалавека, свайго зяця. Праўда, часам, асабліва цяпер, калі столькі вольнага часу для роздуму, рабілася горка. Жыў, працаваў дзеля дзяцей, а сваіх уласных не вельмі выхаваў, адна Лада радавала. А зяця за тры гады жыцця ў адной кватэры не толькі не здолеў выхаваць, навучыць свайму стаўленню да жыцця, да людзей, простай інтэлігентнасці, але нават добра зразумець не паспеў. Ці не перабольшваў ты, Іване, свае сілы і магчымасці? І можа так ва ўсім? Не, пагадзіцца з гэтым не мог! Ды і жыццё неаднойчы пацвярджала, што, нягледзячы на памылкі і слабасці, ён верна служыў ідэі і праўдзе.
Зяць, стоячы, праглядаў газеты. Раптам задаволена рагатнуў:
— Ніводнага слова пра яго. Як карова языком злізала. А мае хлопцы ўсё яшчэ п’юць за яго памяць… І анекдоты расказваюць.
— І ты з імі?
— А я сябе не аддзяляю ад народу!
— Ого!
— Што — ого? — насцярожана і амаль з выклікам спытаў зяць.
Іван Васільевіч не адказаў. Зяцевы разважанні пра палітыку здзіўлялі наіўнай прымітыўнасцю і блытанасцю, Антанюку раней неаднойчы рабілася сорамна, што чалавек, які жыве ў адной кватэры з ім, студэнт, вярзе часам такую лухту. Пасля ён навучыўся прапускаць міма вушэй Генадзевы «палітычныя мудрасці», не звяртаць увагі.
Апошнюю падзею Івану Васільевічу чамусьці не хацелася ні з кім абмяркоўваць, тым больш з такім «палітыкам», як гэты самазадаволены інжынер, які прыехаў з адзінаю мэтай — з’есці смачны абед, згатаваны цёшчай. То давай, браце, пра абед і гаварыць будзем.
— Каб ты не быў такі скупярдзяй, то захапіў бы пляшачку. Глядзі, весялей паабедалі б.
Генадзь рагатнуў ужо зусім інакш. Але сярод розных адценняў гэтага рогату Іван Васільевіч злавіў збянтэжанасць: усё-такі ніякавата хлопцу кожны раз прыходзіць на цесцеву чарку.
— Грошы ў Маі. Паспрабуйце выпрасіць у яе!
— Хто з вас на каго ўплывае?
Зяць не зразумеў.
— Мая была шчодрая дзяўчына.
— Лёгка быць шчодрай за бацькаў кошт!
Іван Васільевіч усміхнуўся.
— Дарагі Генадзь! Ты выказаў мудрэйшы афарызм. За такое — з мяне чарка! На Новы год!
— Каб сёння, — расчараваўся зяць, не зразумеўшы іроніі. Але тут жа весела рагатнуў і палез у кніжную шафу, дзе стаялі тамы энцыклапедыі.
— Паспрачаўся з адным на каньяк. Калі царствавала Лізавета?
Генадзь гартаў том, павярнуўшыся спіной. Іван Васільевіч разглядаў гэтую шырокую спіну, тоўсты карак, які зяць па-ранейшаму, па-сялянску, пасля стрыжкі галіў. Пасля сканчэння інстытута Генадзь неяк адразу моцна раздаўся ўшыркі. Іван Васільевіч з гумарам падумаў, што хлопец прагадаў на гэтым. Раней даношваў яго, цесцевы, касцюмы, трохі пацёртыя, але з дарагога матэрыялу. Цяпер яго касцюмы не налазяць, з меншага не зробіш большага. І Генадзь мусіць купляць сам. Але на дарагія, відаць, Мая не дае грошай. Носіць самыя танныя — «не аддзяляе сябе ад народу».
— Во гад, ён выйграў. А я думаў…— Генадзь заклапочана пашкроб патыліцу. — Я ж па гісторыі меў пяцёрку.
Вось гэтая яго наіўнасць таксама здзіўляла: калі па нейкім прадмеце меў пяцёрку яшчэ ў школе, то яму здавалася, што лепш за яго гэты прадмет ніхто не ведае і не можа ведаць. Неяк ён зусім сур’ёзна сказаў: «А што яны ведаюць, гэтыя акадэмікі! Толькі грошы грабуць».
Іван Васільевіч даўно прыкмеціў, што Вольга нібы пачала баяцца, калі яны заставаліся адзін на адзін, цесць і зяць. Можа таму паклікала:
— Лада дазволіла паглядзець тэлевізар. Калі ласка, прашу вас, таварышы мужчыны.
Лада сядзела ў крэсле, ужо абыякавая да ўсёй бытавой мітусні. Яго, бацьку, часам палохала гэтая здольнасць малодшай дачкі «адключацца» ад усяго. Толькі што была зямная, вясёлая, гарэзлівая і раптам быццам узнялася ў космас, у бясконцыя прасторы сусвету.
З экрана два вядомыя акцёры натужліва стараліся пасмяшыць тэлегледачоў. Але жарты — скроеныя з барадатых анекдотаў, якія Іван Васільевіч чуў яшчэ ў маладосці. Смяяліся Вольга Усцінаўна і Генадзь. Натхнёны перадачай, зяць пачаў расказваць свой анекдот.
— Іван Васільевіч, пра пенсіянераў чулі? Два старыя сядзяць у скверы. Падняліся… А тут вецер падзьмуў. Пахіснуліся, схапіліся адзін за аднаго, каб утрымацца на нагах. Пасля адзін пытае: «А што заўтра будзем рабіць?» — «Калі ветру не будзе, да дзяўчат пойдзем», — адказвае другі. Да дзяўчат! Го-го!..
Вольга Усцінаўна глядзела на мужа са страхам: яе абразіла зяцева бестактоўнасць, але прабраць яго не адважвалася. Каб супакоіць жонку, Іван Васільевіч прымусіў сябе засмяяцца. Анекдот ён чуў сто разоў, сам расказваў, зяця свайго добра ведаў, а таму нішто не кранула. Але на хамства часам трэба адказваць хамствам.
— Маладыя, муж і жонка, такія вось, як вы з Маяй, доўга думалі, што падарыць маці на імяніны. І нарэшце прыйшлі да згоды: падорым ёй самае дарагое, што ў нас ёсць — нашага першынца. Няхай цешыцца бабуля!
Генадзь рагатнуў. Мая ўспыхнула і выйшла з пакоя. Вольга Усцінаўна дакорліва паківала галавой:
— Хаця б дзяцей не чапалі ў сваіх дурных анекдотах.
А Лада прастагнала:
— О божа, якое ўбоства!
І хоць сказала яна, магчыма, пра тое, што гучала з тэлевізара, бо тут жа злосна выключыла, але Івану Васільевічу здалося, што — пра іх, і словы Ладзіны балюча апяклі. Праўда, убоства! Гэтае заўчаснае пенсіянерства мімаволі робіць яго дробязным, засмоктвае ў ціну быту, сямейных праблем, якія часам не варты выедзенага яйка. Замест таго, каб штораніцы чытаць зводкі, як ідуць работы па асушэнні Палесся, колькі пасеяна азімых, ён мусіць цікавіцца, ці «быў жывоцік» у Стасіка, перад тым як весці яго ў садзік.
Настрой сапсаваўся.
Жонка, сямейны сейсмограф, адразу пачула яго душэўныя штуршкі. Насцярожылася, як тая птушка.
Добра, што ў доме ёсць Лада. Нездарма ёй далі такое імя. Праўда, і яна часта псуе настрой. Але, па сутнасці, толькі яна адна можа і ўзняць яго, бацькаў настрой.
Лада стаяла каля акна і чытала вершы:
В песне любой
отстоялась любовь.
В каждой звезде
отстоялось время везде.
Усіх прымусіла слухаць з большай увагай, чым слухалі тэлеперадачу. Нават Генадзя, які лічыў вершыкі дзіцячай забаўкай, а пісьменнікаў — хлусамі. «Хіба яны пішуць праўду? Выдумляюць усё».
Мая спынілася ў дзвярах.
Маці сядзела каля стала, па-сялянску, па-старэчы падпёршы кулаком шчаку.
А каждый вздох возник
сперва как крик.
— Пані літаратарка, хто гэта? — спытала Лада старэйшую сястру.
Мая паціснула плячамі.
— Еўтушэнка, — упэўнена адказаў Генадзь.
Івану Васільевічу спазма сціснула горла. Ён глядзеў у падлогу — не хацеў, каб хто-небудзь убачыў яго вочы, вільготныя ад слёз замілавання і гордасці.
«Дзіця маё! Колькі ўсяго змяшчаецца ў тваёй маленькай галоўцы! Навошта табе яшчэ гэтыя вершы?»
— Гарсія Лорка! — паведаміла Лада і прапанавала: — Давайце, інтэлігенты, абедаць!
Пасля абеду прыйшлі госці. Нечаканыя. Незапрошаныя. Валянцін Будыка з жонкай. Даўно ўжо яны не заходзілі вось так проста, на агеньчык. Таму Вольга Усцінаўна неўзлюбіла Валянціна, які некалі, у першыя пасляваенныя гады, амаль штодзень заглядваў і ў якога яна тады нават трохі была закахана, безумоўна, глыбока таемна (у якой жанчыны не бывае такіх таямніц!). І хаця Будыка, не ў прыклад іншым сябрам, не адвярнуўся, але заглядваў усё радзей і радзей. Гэта крыўдзіла Вольгу, горка было расчароўвацца ў блізкіх людзях.
Але цяпер гасцям узрадавалася. Шчыра. За мужа. Яны — як тая ластаўка, якая вясны не робіць, але з’яўляецца самай вернай прыкметай яе. Можа яшчэ наступіць вясна і ў Іванавым жыцці? Будыка — пралаза, ён першы даведваецца пра ўсе змены. Ён на «ты» з міністрам.
Захацелася, каб мужчыны па-ранейшаму хораша пасядзелі, пагутарылі. Ашчадна вяла яна апошні час гаспадарку, але тут расшчодрылася: паслала Генадзя купіць каньяку і шампанскага. А калі той прынёс — з надзеяй, што і сам паласуецца, Вольга Усцінаўна ўпотай папрасіла Маю павесці мужа ў кіно, каб не замінаў у размове. Загад жонкі — найвышэйшы загад, і Генадзь мусіў скарыцца.
Мужчыны сядзелі ў кабінеце. Мілана Феліксаўна памагала гаспадыні варыць каву, рыхтаваць закуску. Вольга Усцінаўна не спяшалася, каб даць мужчынам пагутарыць з вока на вока. Госця таксама не спяшалася, хацела даўжэй затрымацца ў кухні, каб усё агледзець, бо кухня, а не гасцінны стол, красамоўней за ўсё расказвае, як жыве цяпер сям’я, які мае дастатак. Адначасова госця паказала сябе, свае ўборы.
— Волечка, дай мне фартушок, а то запэцкаю сваю абнову. Ну, як мой касцюм? Нешта ты маўчыш.
Касцюм быў пашыты выдатна. І матэрыял адмысловы. Манжэцікі і каўнерык з сабалінага футра. Будычыха адзявалася з вялікім густам, на зайздрасць многім жанчынам. І ўвогуле сачыла за сабой. Пяцьдзесят год, а як дзяўчынка — па паставе, вядома, не з твару; гады на твары не магла схаваць ніякая касметыка: наадварот, здавалася, чым больш яе, тым выразней яны вылазяць, гады.
Вольга Усцінаўна шчыра пахваліла касцюм:
— Навучыліся ў нас шыць, нарэшце.
— У нас?! Што ты! У Вільнюсе шыла. Кляпнёў завёз. Ён ведае ўсіх лепшых краўцоў ва ўсім Саюзе. Бандыт, але карысны. Хочаш, я цябе туды завязу? Будыка дасць машыну…
— Што ты, Міля! Куды мне ў Вільнюс! У атэлье напроці свайго дома няма калі схадзіць. Ды і грошы! На мой заробак ды Іванаву пенсію…
— Будыка кажа, што Івана вернуць на работу. Мой жа ўсё вынюхаць можа, ды яшчэ маючы такога ганчака, як Кляпнёў… Я часта кажу яму, Валю: каб твайго спрыту трохі сыну… Розум бацькаў, а спрыт… Асабліва да дзяўчат… Мой жа малады чорт быў… А сын…
«Чорт» гэты — Валянцін Адамавіч, манументальна прыгожы, у чорнай тройцы, пашытай не менш умела, чым жончын гарнітур, засунуўшы вялікія пальцы ў кішэнькі камізэлькі, хадзіў па пакоі перад гаспадаром, які з нагамі забраўся на шырокую тахту і таму здаваўся там, у ценю — свяціў адзін таршэр над сталом — хлопчыкам.
— Чуў, што сказаў Дуглас-Х’юм у сваім апошнім інтэрв’ю пра змены ў нас?
— Не меў шчасця прысутнічаць на яго прэс-канферэнцыі.
— О, з тыповай англійскай дасціпнасцю! Кажа, як усё ў дваццатым стагоддзі парадаксальна: самы красамоўны дзеяч сышоў са сцэны, не сказаўшы ніводнага слова.
— Акуратна ты слухаеш брахуноў,— не без уедлівасці кінуў Антанюк.
Будыка зарагатаў гучна-раскаціста, быццам гром пракаціўся, паступова заціхаючы. Іван Васільевіч падумаў, што зяць яго рагоча залішне коратка, а вось гэты вучоны муж залішне доўга. Па рангу.
— Мне прысылаюць бюлетэнь замежнай інфармацыі.
— Добры ў цябе настрой сёння.
— А чаму ён павінен быць кепскі? Усё, што робіцца, робіцца на лепшае. Паслухай людзей, ад якіх ты адарваўся.
«Яшчэ адзін з тых, хто лічыць, што не аддзяляе сябе ад народу».
— Дзе мне слухаць! На «інфаркт-штрасе», дзе шпацыруюць пенсіянеры?
— А што ты скажаш, калі я паведамлю, што маецца думка вярнуць цябе на работу?
Антанюк адчуў, як тахкнула сэрца, кроў ударыла ў скроні. Але за імгненнай радасцю — злосць.
— А я не хачу. Мне добра пенсіянерам.
— Спадабалася сядзець у кустах? Не хлусі, Іван. Скажы каму іншаму, не мне. Я цябе ведаю як аблупленага. Наскрозь бачу. З тваім партыйным сумленнем, з тваёй энергіяй…
— Людзі мяняюцца, дарагі Валянцін Адамавіч. У цябе даўно ўжо не было жадання заглянуць мне ў душу… А я ўжо не той…
— Не папракай. Ты ведаеш, як я быў заняты гэты час. Ты ўяўляеш, што значыць доктарская?! З усіх тваіх якасцей я ведаю дзве, якія нямала рабілі клопату і табе і другім: упартасць і гонар, проста-такі шляхецкі, як у маёй жонкі…
— У мяне яшчэ заўсёды была свая ўласная думка. Не забывай, калі ласка, пра гэта.
— З-за ўпартасці і гонару ты можаш адмовіцца. Ну, і будзеш дурань! Праз год-два на цябе забудуць. А ты мог бы яшчэ папрацаваць з карысцю… для народу.
— Ты ўгаворваеш так, быццам сватаеш да сябе.
— О, каб мне аддалі цябе, я знайшоў бы табе пасаду, хоць ты і не тэхнік!
— Кляпнёва замяніць не магу.
— Што ты тыцкаеш у вочы гэтым Кляпнёвым! Ты трымаў каля сябе Кацара, я — Кляпнёва. Калі па вушы загружаны работай, навукай, грамадскай дзейнасцю, трэба, каб табе памагаў вось такі арганізатар… Інакш запарышся.
— Мне крыўдна за Кацара, што ты раўняеш яго з Кляпнёвым. Кацар быў спецыяліст, светлая галава, найлепшы рэферэнт па эканоміцы. Чалавек згарэў на рабоце.
— Пра нябожчыкаў гавораць толькі добрае. Ведаю. А ты скажы пра мяне, жывога, добрае слова. І нават пра Кляпнёва. Пра такога, які ён ёсць, з усімі грахамі. А я скажу пра цябе. У гэтым сутнасць сяброўскай узаемападтрымкі…
— А як жа з крытыкай? — прыжмурыў вочы Антанюк, з цікавасцю разглядаючы мажную постаць сябра.
Будыка зарагатаў зноў гэтак жа — доўга, раскаціста.
— А цябе, Іван, з тваіх прынцыповых пазіцый нічым нельга сапхнуць, — і, перапыніўшы смех, сур’ёзна сказаў: — За гэта я люблю цябе. За чысціню тваіх намераў.
— Дзякуй. Даўно ўжо не чуў я прызнанняў у любові.
— Не іранізуй, Іван, з самага святога — з дружбы. Май на ўвазе, іронія псуе чалавека. Можаш зрабіцца скептыкам і цынікам. Сам сабе перастанеш верыць.
— Не турбуйся. Мая вера ў сябе вельмі трывалая.
— Толькі ў сябе?
— Іў добрых людзей.
— А мяне да якіх залічваеш?
— Цябе? Да сярэдненькіх.
Будыка не загрымеў рогатам, а нечакана рассыпаў незнаёмы дробненькі смяшок, нядоўгі — як жменю пацерак сыпануў на падлогу.
— Дзякуй. Магу спадзявацца, што атрымаю вышэйшую атэстацыю?
— Пастарайся.
— Ох, Іван, Іван. Уяўляю, як Вользе з табой. З такім характарам…
— Захацелася паплакаць над яе лёсам? — Антанюк адным махам, з акрабатычнай імклівасцю спусціў ногі, сунуў іх у тапкі, падхапіўся, гатовы, здалося, да бойкі.— Плакальшчык! — і вылаяўся.
Валянцін Адамавіч стаяў пасярод пакоя, спакойны, добры, з вышыні глядзеў на сябра і ўсміхаўся, лагодна, амаль з замілаваннем, як бы кажучы: «І такога я цябе люблю!»
— Ты, Іван, мяне здзіўляеш і захапляеш. У партызанах пры ўсёй энергіі ты часам здаваўся флегматыкам. Самы разважлівы камандзір!.. А пад старасць робішся халерыкам… І халерай! — і засмяяўся, не зарагатаў, а засмяяўся натуральна.
Смех гэты, знаёмы яшчэ з тых часоў, калі яны спалі ў адной зямлянцы, дзіўным чынам падзейнічаў на Івана Васільевіча: як свежы ветрык, у міг здзьмуў раздражнёнасць, узлаванасць. Захацелася кінуцца на гэтага манументальна-паважнага асілка, паваліць на падлогу, выпэцкаць, пакамечыць яго дарагі касцюм.
«Валька, чорт, я цябе таксама люблю, хоць ты і свіння!» — хацелася крыкнуць, зарагатаць. Але не крыкнуў. Толькі торкнуў кулаком у Будыкаў мяккі жывот. Гасцінна сказаў:
— Пайшлі, пузан, каньяк піць.
За сталом сядзелі хораша. Весела. Успаміналі розныя прыемныя дробязі з мінулых сустрэч, з сумесных паездак на курорты. Жартавалі. Жанчыны цадзілі шампанскае. Мужчыны патроху каўталі «мядзведзя». Але бяседу іх неспадзявана перапынілі. Спачатку — тэлефонным званком. Папрасілі Будыку. Ён коратка паслухаў і адразу дазволіў:
— Добра. Заходзь.
— Хто гэта? — спытаў Іван Васільевіч.
— Кляпнёў.
— Кляпнёў?!
— Ён едзе сёння ў камандзіроўку ў Маскву. Трэба падпісаць адно пісьмо.
Што ж, трэба дык трэба, адказнаму работніку няма спакою ні ў выхадны, ні ў гасцях. Антанюк гэта ведаў па сваёй рабоце.
Кляпнёў заглянуў з калідора, убачыў накрыты стол, зрабіў выгляд, што збянтэжыўся, доўга і мнагаслоўна прасіў прабачэння ў гаспадыні. Анёл, а не чалавек. Увасабленне найвышэйшай этыкі.
Іван Васільевіч адразу адзначыў: Кляпнёў з ім зноў на «вы» — з павагай, не так, як у апошняе паляванне ў Белавежы.
«Во барометр, сабачы сын!» — але ў той жа час было і прыемна.
Яшчэ раз папрасіўшы прабачэння, Кляпнёў сказаў, што распранацца не будзе, бо дужа спяшаецца — да цягніка ўсяго тры гадзіны, а ў яго яшчэ не сабраны чамадан.
Будыка, не чытаючы, падпісаў нейкія два дакументы і, вяртаючы іх Кляпнёву, спытаў:
— Дык можа возьмеш з намі на дарогу?
Эдзік каўтануў сліну і аблізаў тоўстыя вусны.
— Калі гаспадары дазволяць…
— Калі ласка, калі ласка, — шчыра запрасіла добрая Вольга Усцінаўна, якая ў той вечар гатова была прыняць хоць сотню гасцей.
Кляпнёў пайшоў у калідор, скінуў сваё шыкоўнае, кароткае — па апошняй модзе — і лёгкае, на паралоне, паліто і вярнуўся назад… з бутэлькай кубінскага рому.
Адна Вольга Усцінаўна, якая ўмела лавіць кожны мужаў душэўны рух, убачыла, як Іван перасмыкнуўся, як змяніўся з твару. Спалохалася. Вачамі прасіла, маліла, каб маўчаў. Навошта псаваць такі вечар?
Калі Кляпнёў выпіў чарку, другую і ўвайшоў у сваю натуральную ролю ўсязнайкі і балбатуна, Іван Васільевіч раптам ціхенька войкнуў і схапіўся за сэрца.
— Ваня! Што з табой? — жонка не на жарт спалохалася.
— Усё тое ж. Спазмы. Дай валакардзін.
— Можа выклікаць урача?
— Не, не трэба. Я паляжу. О-о, як сціснула!
Будыка і Кляпнёў асцярожна, пад рукі завялі яго ў кабінет і паклалі на канапу.
Вольга Усцінаўна дрыготкімі рукамі накапала лекаў.
— Я выклічу «хуткую».
— Ды пачакай. Ведаеш жа, што я не люблю гэтых эскулапаў. Адразу калоць пачнуць.
Пасля чуў праз дзверы: дзесьці ў калідоры заклапочана шапталіся Вольга і Будыкі. А Кляпнёў цадзіў над фужэрам кубінскі ром, выдумалі такі адмысловы корак, што, каб наліць, трэба спачатку добра патрэсці. І піў залпам. Задужа дарагое пітво, каб пакідаць. Во свіння!
Валянцін Адамавіч увайшоў на пятках, каб не рыпець чаравікамі.
— Ну, як ты?
— Нічога. Лепей трохі. Прабач, што сапсаваў абедню.
— Што ты, дзівак. Ты прабач, што мы ўварваліся. Але не думаў, што і ў цябе маторчык пачаў здаваць… Падкасілі яны цябе, гэтыя два гады… адпачынку. Ну, ляжы. Мы пойдзем. Будзь здароў.
На развітанне Кляпнёў з-за дзвярэй прыглушаным голасам прапанаваў тост:
— За ваша здароўе, Іван Васільевіч.
Правёўшы гасцей, Вольга Усцінаўна на насочках, у адных панчохах, увайшла і ўсхвалявана спытала:
— Як ты, Ваня?
У адказ Ваня падкінуў трохі не да столі ногі, скаціўся на падлогу і пайшоў па дыване… на руках. Перад жонкай перакуліўся цераз галаву і стаў на ногі.
— А вось так!
Ашаломленая Жанчына спачатку жахнулася, потым засмяялася, нарэшце незласліва абурылася:
— Як табе не сорамна! Так напалохаў! А я думаю: што «ўсё тое ж»? Якія спазмы? І валакардзін адна я п’ю.
— Прабач, Вольга. Але калі я падумаў, што трэба тры гадзіны слухаць балбатню гэтага прайдзісвета… Ды цяпер і не веру, што ён сёння едзе ў Маскву… Мне і сапраўды трохі не стала млосна… Сядзеў і ламаў галаву: што выдумаць?
— Але і выдумаў! А хочаш — і я цябе здзіўлю? Мілана сватала Ладу… за Фелікса… Кажа, ён прызнаўся, што Лада падабаецца яму.
— Ну і ну! Што ж ты адказала?
— Нічога не адказала. Але падумала, што можа і нядрэнна было б… Свае людзі…
Іван Васільевіч нахмурыўся.
— Свае! Што да мяне, то лепей няхай яна едзе ў Афрыку. Не люблю абывацельскіх змоў! Не хапала Ладзе шукаць багатага жаніха!
Вольга Усцінаўна цяжка ўздыхнула.