Пасля абеду яны пайшлі гуляць. Утраіх. Маці засталася парадкаваць у хаце. Прапанавала пагуляць Віталія. Ці то ад выпітага віна, ці ад шчасця яна рабілася ўсё больш і больш вясёлай. Маўкліва-стрыманая спачатку, нязлосна-іранічная недзе ў сярэдзіне абеду, пад канец дзяўчына ператварылася ў вясёлую рагатуху. Цяпер яна ўжо не таіла сваіх пачуццяў да Алега Гаўрылавіча. Нават пры Іване Васільевічу цмокнула дырэктара ў шчаку. Ён, на дзесяць год старэйшы за яе, збянтэжыўся. Дзіўна, але гэта — адно толькі гэта — не спадабалася Антанюку. Не верыў ён у цнатлівасць такога мужчыны. А ўсё, што не ад шчырасці, што ігралася, насцярожвала.
— Мы пакажам вам, чым слаўна і бясслаўна сталіца князя Сівалоба, — сказала весела Віталія.
— Сівалоб, — дырэктар саўгаса, — растлумачыў без усмешкі Алег Гаўрылавіч.
— А то ж вы ні разу добра не разгледзелі.
Дзяўчына ўсё яшчэ помсціла за тыя тайныя кароткія прыезды ці можа за тое, што ён так доўга хаваўся ад яе. Іван Васільевіч разумеў. Але сказаў:
— Я добра разглядаў гэтую «сталіцу» дваццаць гадоў назад. Мы выбівалі з яе паліцэйскі гарнізон.
— О, калі тое было! Любіце вы, партызаны, пахваліцца былымі заслугамі. Адна мама не любіць. З яе слова не выцягнеш. Але цяпер маму мы з Алегам Гаўрылавічам прымусім расказаць. Будзе дваццацігоддзе Перамогі — стэнд герояў зробім, цябе, мама, — на першае месца.
— Не мялі глупства, — па-настаўніцку строга сказала Надзея Пятроўна. — Ідзіце гуляць.
Надвор’е не змянілася за дзень. Было хмурна і ціха. ’Чуць марозіла. Гэтак жа, як раніцой, зрэдку ў паветры кружылі лёгкія-лёгкія, як таполевы пух, сняжынкі. Але і ў бязветранасць такую снег не засыпаў зямлі. Нячутнае дыханне здзьмухала яго.
Поле чорнае. І вуліца таксама. Толькі бялела каля парканаў, у канавах, у разорах і ярах.
Каб выйсці на «цэнтральны праспект», як іранізавала Віталія, яны пайшлі праз гароды. Вачам адкрылася зарэчнае балота, у гэты дзень жоўтае, як іржавая вада, з рэдкімі бярозкамі і маладым ляском удалечыні, недзе на тым краі.
— Сумны ландшафт, — сказаў Алег Гаўрылавіч.
— Няпраўда, — патрыятычна не згадзілася Віталія. — А мне тут усё люба, я тут вырасла. Вы пабачыце вясну! Рэчка наша так сабе, улетку, не падняўшы падол, пяройдзеш. А вясной, калі вялікая вада, — мора. Канца і краю не відаць. Увесь луг і балота заліты. Дзе-нідзе астраўкі… Вада спадае — луг зацвітае. І балота цвіце. Малая, я хадзіла з хлопцамі качыныя гнёзды шукаць. Браканьерка была. А пасля, калі паразумнела, выступала ў абарону качак. І цяпер вучням кажу… Іх мала засталося, качак. Чорт ведае, што робіцца! Паляванне адкрываецца — сюды сотні забойцаў прыязджаюць. Дзікуны! Чарада сабак. Трохстволкі. Двухстволак ужо мала на гэтую няшчасную птушку. — І да Івана Васільевіча: — Сказалі б там, у Мінску, каму трэба, хто мае ўладу, каб забаранілі такое паляванне.
— Я сам паляўнічы.
— Вы? Не кажыце мне гэтага! А то станеце маім ворагам!
— Паляванне можа прынесці карысць, калі яно вядзецца з галавой. Разумна.
— Усё мы ўмеем апраўдваць, — уздыхнула Віталія. — Балота пачалі асушаць… Вунь, бачыце, экскаватар працуе? Я тлумачу вучням: на карысць людзям. А ў самой часам сціскаецца сэрца. Што будзе з нашай рэчкай? З усімі рэкамі? Куды дзенуцца няшчасныя качкі, гусі, буслы, калі ўсё будзе асушана? Ці будзе ад гэтага карысць праз пяцьдзесят гадоў?
— Усе не будзе асушана. Будзе складаная навуковая сістэма рэгуліроўкі воднага рэжыму, — заўважыў Алег Гаўрылавіч.
— О божа! Алег! Не гавары так вучона! Калі я чую ці чытаю такія словы, то перастаю ім верыць.
Іван Васільевіч засмяяўся: Віталія нечакана, можа нават выпадкова, выказала тое, што, здавалася, адчуваў ён сам. Смех яго трохі збянтэжыў дзяўчыну, яна пачала як бы апраўдвацца:
— Мне нават самой робіцца няёмка, што не веру, здавалася б, такім разумным словам. А я хачу ўсяму верыць! Я ж павінна перадаць гэтую веру дзецям.
Была ў такім прызнанні дзіцячая наіўнасць, але была і глыбакадумнасць сталага чалавека, які сур’ёзна ставіцца да жыцця, імкнучыся зразумець з’явы ў іх узаемасувязі і дыялектычнай складанасці. І гэта спадабалася Івану Васільевічу. Лада. пранікае ў невымерна глыбокія законы будовы сусвету, але яна як бы адарвана ад грэшнай зямлі, яна ўжо ў космасе — у другім свеце; яна можа, безумоўна, таксама паразважаць аб асушцы балот, нават з прымяненнем фізікі і хіміі, але ніколі ў яе няма той зямной заклапочанасці, якая адчулася ў гэтай дзяўчыны — за людзей, за птушак, за будучыню: «Ці будзе ад гэтага карысць праз пяцьдзесят гадоў?» Лада крычала: «Пакіньце цвярдзіць, што мы павінны працаваць для шчасця будучых пакаленняў. Будучыя пакаленні паклапоцяцца самі пра сябе лепш, чым робім гэта мы!»
У Віталіі лепшае адчуванне сувязі будучага з мінулым і сучасным, больш простае і практычнае разуменне ролі чалавека на зямлі. Для яе, напэўна, бяссмерце, як і для добрай сялянкі, — у дзецях, а не ў адкрыцці фізічнага закона, які ўзбагаціць навуку. І закаханасць яе звычайная, без хітрасці, без ускладненых перажыванняў. Чуць ён, Антанюк, адстаў — і Віталія, відаць, ужо забылася пра яго. Узяла Алега пад руку, нешта гаварыла і весела смяялася. Што ж, усё натуральна. Яго, старога, шчасце, што захаваў успаміны пра маладосць, пра ўласныя пачуцці, пра свае думкі, імкненні таго далёкага часу. Гэта памагае разумець моладзь. Няўжо тыя, хто не разумее, так забыліся на сваю маладосць? Ці ўсё-такі яна была намнога інакшая, іх маладосць?
Але, інакшая, чым у Лады. Іншыя ўмовы, жаданні, імкненні. Аднак вось Віталіна маладосць, здаецца, не так ужо моцна адрозніваецца ад маладосці яго, Антанюка, пакалення савецкіх інтэлігентаў. Мы — ад зямлі, ад гэтых балот, ад гэтага «сумнага ландшафту»…
«Сумны ландшафт», «навуковая сістэма рэгуліроўкі воднага рэжыму»… Думкі перакінуліся на Алега Гаўрылавіча. А ён з якіх? Не падобны на тых, што рвуцца ў космас, згараюць каля атамных рэактараў. Але і ад тых, што прысвячаюць жыццё вывядзенню новага гатунку руж ці захаванню дзікіх. качак і буслоў, ён, здаецца, хоча адгарадзіцца. Чым? Сваёй артыстычнай знешнасцю? Стала зразумелай Надзіна трывога — мацярынскі неспакой. Таксама захацелася «раскусіць» гэтага чалавека — а што там усяродку? Ды ў яго моцная ахоўная шкарлупка — немнагаслоўнасць. Яна спадабалася там, за сталом. Але такі стары зубр, як ён, Антанюк, не можа не ведаць, што і за глыбакадумным маўчаннем часам хаваецца пустэча. Нямала страчаў і такіх.
Сяло некалі, у далёкія часы, цікава забудоўвалася: тры вуліцы ішлі паралельна, гароды ў гароды. Вуліцы тут, на Палессі, шырокія, не вузей якога мінскага праспекта. Так бы і далей забудоўваць. Але калі сядзібы пачалі перакройваць — каго абрэзаць, каму прытачыць, новыя хаты павыраслі паміж вуліцамі, без усялякай планіроўкі, новыя хаты — добрыя асабнякі, аазісы ў «сумным ландшафце». Нават цяпер, зімой, калі ўсё навокал гола, хатам гэтым надаюць утульнасць сады. «Садок вішнёвы каля хаты…»
Калі Іван Васільевіч сказаў пра планіроўку, Віталія з сарказмам адказала, што будаваліся тут пераважна тыя, хто меў права ставіць хату па прынцыпу: «дзе хачу, там будую» — былыя старшыні калгаса, сельсавета, брыгадзіры, сельпоўцы, участковы міліцыянер.
— Хвошч вунь павярнуўся «заднім фасадам» да Васількова і падсунуў яму пад вокны ўборную. Няхай, маўляў, нюхае.
Алег Гаўрылавіч дакорліва паківаў галавой, не ўхваляючы такую неэстэтычнасць настаўніцы. А ёй хоць бы што.
— Яны заеліся некалі, два старшыні — калгаса і сельсавета, хацелі з’есці адзін аднаго. Але разумны сакратар райкома абодвух пратурыў. Мінулым летам Васількоў яблыкі краў у Хвашча. А той пекануў яму соллю ў мяккае месца. Таварыскі суд судзіў. А мама — засядацель. Нарагаталіся ўсе да болю…
Віталія са смехам, з гумарам расказвала пра славутых навасёлаў.
Часам Іван Васільевіч прыкмячаў залішнюю ўедлівасць і бязлітаснасць у яе расказах. Гэта яго па-бацькоўску непакоіла: няма чаго маладой настаўніцы быць зласлівай; людзі ёсць людзі, за слабасць іх варта высмейваць, за подласць — караць, але не валіць усё ў адну кучу, не распальваць у сабе злосць і нянавісць. Сказаў пра гэта далікатна, мякка. Алег Гаўрылавіч ахвотна падтрымаў. Віталія не запярэчыла: яна згодна. Згодна з ім — Алегам. Яна заўсёды будзе згодна з ім, абы ён толькі дарыў сваю ўвагу, ласку. Мілая і заўсёды разумная жаночая пакорлівасць!
Антанюк падумаў, што, калі яны стануць мужам і жонкай, гэтая адданасць можа згасіць у ёй многа добрых, яркіх іскраў.
«Я кахаў Вольгу, кахаў Надзю. Я — грэшны… Але я не патушыў іх агню, ніводную не зрабіў сваім ценем, жонкай у патрыярхальным сэнсе, палюбоўніцай у абывацельскім значэнні. Не таму, што я такі… перадавы. Не, хутчэй за ўсё таму, што яны такія. Заставаліся верныя сваім характарам. Застанься і ты, дзіця, сама сабой, які б ён ні быў твой абраннік! Але як сказаць табе пра гэта?»
На «праспекце» Віталія зрабілася сур’ёзная і заклапочаная.
Падышлі да новага двухпавярховага будынка з белай цэглы. Побач з пачарнелымі хатамі (тут, на вуліцы, амаль усе старыя) ён выглядаў палацам. Віталія паказала на яго.
— Кантора саўгаса. Прыгожа, праўда? — яна спытала, здавалася, з гонарам, але тут жа павярнулася ў другі бок і сказала сумна: — А там наша школа. Праўда, затое ў нас два будынкі. Другі вунь на той вуліцы, у царкве. Кончым урок тут — бяжым туды. Пад дажджом, у завіруху. Добрая зарадка.
— Ёсць школы, дзе становішча горшае, — сказаў Алег Гаўрылавіч.
— Вялікі аптыміст! Як ты ўмееш суцяшаць сваіх падначаленых! Але растлумач мне: чаму кантору для бухгалтараў трэба будаваць у першую чаргу?
Алег Гаўрылавіч паскардзіўся Антанюку:
— Ніяк не можа зразумець, што гэта розныя ведамствы, розныя крыніцы выдаткавання.
— Не магу! Гэтага я не магу зразумець! І не хачу! — амаль крыкнула Віталія са злосцю. — Я ведаю адно: усе крыніцы — з адной крыніцы!
Дырэктар паціснуў плячамі.
— Нарэшце, аснова ўсяго — матэрыяльная база.
— А вось гэта я разумею, дарагі Алег Гаўрылавіч. Здала палітэканомію на пяцёрку, — сказала яна лагодна, з усмешкай, але за ўсмешкай гэтай схаваўся сарказм, які пацешыў Івана Васільевіча і супакоіў.
«Ды не, здаецца, не так лёгка зрабіць яе пакорлівай служкай. Бунт — яе стыхія. Яна яшчэ пакажа табе зубкі, пане дырэктар».
Пасля Віталія паказала клуб і… дом дырэктара саўгаса. Як школа з канторай, так і гэтыя будынкі былі насупраць адзін аднаго, цераз вуліцу. Дзяўчына больш не тлумачыла, толькі сказала, што былы дырэктар, напэўна, думаў аб планіроўцы сяла, таму не палез на гароды, а паставіў сціплы фінскі домік у адзін рад з хатамі. Домік сам па сабе сапраўды сціплы, але аброс прыбудовамі — шлакаблочнай кухняй, трохі не большай за ўвесь дом, зашклёнай верандай; на падворку — цагляны пограб і хлеў, у якім прасторна размясціліся б паўдзесятка кароў і столькі ж свіней.
Віталія, пэўна, хацела здзівіць Івана Васільевіча. Ды нішто яго здзівіць не магло: усё ён бачыў, усё ведаў, у прыватнасці добра ведаў тыя аперацыі, з дапамогай якіх будуюцца вось так — усё па каштарысу і ўсяго ў тры разы больш. Мясцовая ініцыятыва. За яе не караюць, а нават хваляць. Бяда толькі, што праяўляецца яна часцей за ўсё на збудаванні дамоў дырэктараў саўгасаў, старшынь калгасаў, ляснічых, раённых работнікаў. Не, у райцэнтрах, бадай, радзей, бо менш прастору ініцыятыве, менш сваіх уласных, не ўлічаных, сэканомленых матэрыялаў, а людзей на будаўніцтве занята больш, чым у саўгасе дзе-небудзь, і кожны нешта прыбудоўвае ці надбудоўвае ва ўласным доме.
Іван Васільевіч з гумарам сказаў пра гэта. Рассмяшыў Алега Гаўрылавіча. А Віталія ўздыхнула: — А на рамонт школы кубаметр дошак бывае цяжка выпрасіць.
Але, бывае і так. Усё залежыць ад таго, які след пакінула школа ў галаве таго ці іншага кіраўніка. На жаль, неаднолькавы след яна пакідае, не аднолькавай глыбіні барозны ў мазгах.
Яны не спыняліся, каб разгледзець старыя ці новыя пабудовы. Асабіста Івана Васільевіча больш цікавілі старыя, іх своеасаблівая архітэктура, палеская, непаўторная. Ён быў адзін з тых нямногіх, хто горача падтрымліваў ідэю аб стварэнні музея сялянскага быту, такога музея, які стаў бы даследчым цэнтрам, каб і архітэктары, якія праектуюць новыя сёлы, маглі павучыцца і выкарыстаць элементы нацыянальнай архітэктуры, а не капіравалі чужое, далёкае і непатрэбнае.
Дырэктар саўгаса сустрэў іх, калі яны вярталіся назад. Безумоўна, зрабіў выгляд, што сустрэў выпадкова, ідучы з работы. Антанюк ведаў гэтага чалавека (на прозвішча, калі яго назвалі, хоць і каларытнае яно, не звярнуў увагі — ці мала Сівалобаў!). А так — здалёк пазнаў і нават імя, па бацьку прыгадаў: Гардзей Лукіч.
Сівалоб некалі працаваў намеснікам начальніка абласнога ўпраўлення. Праўда, займаліся яны рознымі галінамі, і Антанюк непасрэдна не кіраваў ім, не сутыкаўся па рабоце. Але страчаліся часта — на калегіях, нарадах. З першага знаёмства Гардзей Лукіч, высокі, сутулы, з лысінай, але заўсёды паголены, у беласнежнай сарочцы і з акуратна завязаным гальштукам, хоць і ў пакамечаным касцюме — прыкметна, што чалавек многа часу праводзіць у машыне, — рабіў уражанне. Знешне больш падобны на прафесара, чым на сельскагаспадарчага кіраўніка. І трымацца ўмеў — паважны, спакойны, немнагаслоўны. Гэтым браў. Праз гэтыя і некаторыя іншыя якасці пэўны час лез па службовай лесвіцы. Пакуль не зразумелі, што, каб кіраваць такой складанай галіной гаспадаркі ў абласным маштабе, трэба мець нешта большае. Але доўга яшчэ трымалі — па інерцыі: куды дзенеш наменклатурнага таварыша? Гады тры назад мусілі-такі спусціць на раённае ўпраўленне. Не ўтрымаўся, выходзіць, і ў раёне. Вось дзе вынырнуў Гардзей Лукіч! Але дырэктар цяпер — фігура!
Узрадаваўся, задаволена засмяяўся, шырока развёў доўгія рукі, нібы сабраўся падляцець насустрач, як той гусак. Загудзеў:
— О-о, каго бачу! Іван Васільевіч! Якія вятры занеслі ў нашы балоты? У камандзіроўцы? — доўга трос руку.
— Не… У гасцях.
— У каго? У яго? — працягнуў руку Алегу Гаўрылавічу.
— Не. У яе, — кіўнуў Антанюк на Віталію, якая збоку са скептычнай усмешкай назірала за іх сустрэчай, за прытворнай радасцю гаспадара абшараў.
— У яе? — здзівіўся, але тут жа спахапіўся, павярнуўся, каб павітацца, сказаў галантна: — Маю гонар, дарагая Віталія… Віталія…
— Іванаўна, — падказаў Антанюк.
— Помню, помню… Як жа! Але часам такія простыя імёны баішся пераблытаць. Гады, ведаеце… Склероз. Сваякі?
— Сваякі,— хутка адказала Віталія, магчыма, не жадаючы, каб Іван Васільевіч тлумачыў, што з маці яе разам партызанілі.
— То прашу быць і маім госцем, Іван Васільевіч! Дом вунь побач. Дзякуй, збудаваў папярэднік. Нішто хаціна.
— Ды не, дзякуй. Толькі ад стала.
— Ды хіба пагасціць — то абавязкова да стала. Можна — па шклянцы кавы. Мая жонка ўмее гатаваць цудоўную каву. І паглядзець у мяне ёсць што.
— Не будзем крыўдзіць гаспадара, — сказаў Алег Гаўрылавіч: яму хацелася зайсці.
Іван Васільевіч падумаў, што Сівалоб прыкметна змяніўся: менш стала паважнасці, уяўнай незалежнасці, больш — ліслівай мітуслівасці.
«Не ведае, пэўна, што я на пенсіі», — гэта развесяліла.
Паглядзець у доме сапраўды было што. Музей. Сцены пакояў завешаны карцінамі. Палотны мастакоў невядомых, пэўна невысокага таленту, але ж — арыгіналы. Больш — пейзажы. На дзвюх-трох карцінах Іван Васільевіч пазнаў знаёмыя мясціны, якімі не аднойчы любаваўся сам. Асабліва многа было Нёмана і Гродна.
Але раней, чым карціны, уразіла гаспадыня, якая сустрэла іх на прасторнай верандзе. Маленькая, але зграбная жанчына з прывабнымі ямачкамі на шчоках, з малінавымі вуснамі, як бы прыпухлымі ці капрызна надзьмутымі, што надавала яе твару міла-дзіцячы выраз. Была яна на добрых гадоў пятнаццаць маладзейшая за свайго лысага мужа. Проста, але не без густу адзетая — шарсцяны шэры касцюм, зялёная нейлонавая куртка на «бліцы». Куртку гэтую яна адразу ж зняла, завёўшы гасцей у цёплы дом.
І яшчэ адно ўразіла Івана Васільевіча — мэбля. Тут, у палескай глушы, стаялі стыльныя гарнітуры не бабруйскай, не мазырскай фабрыкі, а імпартныя, чэшскія ці нямецкія. Адкуль узяліся грошы, каб купіць усё гэта? Тры апошнія гады Сівалоб — на раённых пасадах. Ды і раней не такі ўжо высокі меў аклад. Ён, Антанюк, атрымоўваў у два разы больш, але каб і захацеў, то наўрад ці накапіў бы (як заклікаюць рэкламы ашчадных кас: «Деньги накопил — мебель купил»), каб набыць такую мэблю, а тым больш карціны. Чорт яго ведае, можа чалавек, які не ўмеў кіраваць саўгасамі, — мастак, мастак у душы і прызванне яго — збіраць карціны, рабіць прыгожыя інтэр’еры, любавацца імі. Можа гэта яго хобі. Ёсць жа ў яго, Антанюка, сваё хобі — паляванне.
Гаспадыня знікла — пайшла на кухню. Гаспадар паказваў гасцям карціны.
— Гэта Нёман ля Мастоў. Помніце, Іван Васільевіч? Дубы ля ракі. Гэта від з Нёмана — на Каложскую царкву. Друскенікі. Парк. Іван Васільевіч помніць. Мы з ім адпачывалі там. А гэта ўжо Дзвіна, Полацк. У сучасным пейзажы мастак шукаў прыкметы старажытнасці. Звярніце ўвагу…
Высокі, сутулы, лысы, ступаў ён мякка, як кот, і тут, у сваім доме, паважна, немітусліва, і ў голасе з’явіліся ранейшыя ноткі. Чалавек іграў глыбокага эрудыта.
Іван Васільевіч успомніў голас, паставу, першае ўражанне ад знаёмства з Сівалобам і ўсю эвалюцыю свайго стаўлення да гэтага дзеяча і цяпер не верыў нават таму, што ён расказваў пра карціны, не верыў глыбакадумнасці знаўцы мастацтва. Усумніўся нават, што гэта — страсць, захапленне?.. Хіба можа не яго захапленне, а той прывабнай жанчыны?
Віталія — Іван Васільевіч сачыў за ёй — спачатку глядзела на карціны з амаль дзіцячым захапленнем, а потым каля вуснаў яе з’явілася скептычна-насмешлівая маршчынка і пачала паглыбляцца, пакуль не зрабілася іранічнай усмешкай, зусім адкрытай.
— Гэта вы купілі ўсё, ці вам падаравалі? — спытала дзяўчына.
— І купляў, і дарылі. Таму, хто купляе, мастакі любяць дарыць. Пачала Маша. Яна жыла сярод мастакоў. А пасля і я загарэўся. Пазнаёміўся. Вазіў мастакоў на рыбную лоўлю. Я лавіў рыбу, варыў юшку, а яны пісалі эцюды і дарылі мне. — Сівалоб задаволена засмяяўся і пагладзіў лысіну: маўляў, разумная галава.
— Падарылі б вы школе гэтыя карціны, — сказала Віталія.
Сівалоб на міг застыў ад нечаканасці. Потым з натугай, з сутаргамі на твары выдавіў з сябе басавіты рагаток:
— Э-э, дарагая Віталія… Віталія… — зноў забыўся такое простае імя па бацьку. — Вы не ведаеце псіхалогіі калекцыянераў. Паспрабуйце папрасіць у філатэліста паганенькую марачку. Не дасць. Не таму, што скупы. Не зможа расстацца. Дык то ж марачка, а гэта карціна, твор мастацтва. Карціны пачынаеш любіць, як уласных дзяцей.
— У вас ёсць дзеці? — спытала Віталія.
Гардзей Лукіч сумеўся.
Іван Васільевіч здагадаўся: у яго ёсць дзеці, у яе няма, у гэтай прывабнай аматаркі мастацтва. Азірнуўся на адчыненыя дзверы — ці не пачула яна? — і ўбачыў яе ў пакоі з падносам у руках. Чула. Ямачкі на шчоках пабялелі, а вакол іх шчокі запунсавелі. Але сказала без злосці, са смуткам і ласкавым дакорам, ставячы паднос на стол:
— Вы ж добра ведаеце, што ў нас няма дзяцей.
— Адкуль мне ведаць? Вы ж немаладыя людзі ўжо, — бязлітасны ўдар па гаспадыні.— У вас могуць быць дарослыя дзеці, вучыцца дзе… Вы ўжо год у нас — і нікога з настаўнікаў не запрасілі паглядзець вашы карціны, — удар па абодвух.
— Я заходзіў не аднойчы, — сказаў Алег Гаўрылавіч.
— Паўгода Гардзей Лукіч жыў адзін, — далікатна апраўдвалася гаспадыня. — А пасля пакуль уладкаваліся… Калі ласка, просім, дом наш адчынены, — але колеры на яе шчоках перамяніліся: паружавелі ямачкі, і пабялелі шчокі каля вушэй.
— А сабачкі ў вас няма? — раптам наіўна, як малая, спытала Віталія. — Я вельмі люблю такіх малюсенькіх сабачак, што ляжаць на канапах.
Віталія секла з-за пляча. Віталія здзекавалася. Івану Васільевічу зрабілася боязна за яе. Стаў зразумелы Надзін страх за дачку. Такія, як Сівалоб, не даруюць непавагі. Хоць, здаецца, ён не зразумеў і адказаў шчыра, нават са шкадаваннем:
— Сабачкі няма.
А Маша — такое простае народнае імя, ніякага мяшчанскага адцення! — схіліўшыся над нізкім круглым столікам, каб не відно было твару, расстаўляючы маленькія кубкі, сказала з такім жа сарказмам — маўляў, як пытаеш, так адказваю:
— У нас ёсць кошка. Яна ловіць мышэй.
Тады толькі, напэўна, зразумеў сам і вярнуў гутарку назад да карцін:
— Вось калі пабудуем клуб, тады — так і быць! — аддамо частку карцін туды. Аддамо, Маша?
— Ты ведаеш, колькі я раздарыла іх.
— Што праўда — то праўда.
Гаспадыня ўзняла галаву, ямачкі на шчоках прыветліва смяяліся: адхлынула ад твару кроў гневу, і жанчына радавалася, што ўдалося схаваць сваю раздражнёнасць.
«Ад каго схаваць? Ад нявопытнай Віты, ад самаўпэўненага Алега Гаўрылавіча? Але не ад мяне, старога ваўка», — падумаў Антанюк.
— А калі ён будзе, той клуб? — зноў наступала Віталія.
— Прабіваю. Усімі сіламі націскаю. Вы думаеце, лёгка прабіць міністэрскіх планавікоў? Давайце папросім разам Івана Васільевіча, каб памог нам. Хоць ён сядзіць не на саўгасах, але голас яго важкі.
«Каб ты ведаў, што я ні на чым не сяджу, — не бачыць бы мне тваіх карцін. Сказаць? Паглядзець, якая ў цябе будзе фізіяномія? Не, не варта. Невядома, як вы паведзяце сябе. Віта не стрывае, калі вы праявіце хамства, і гэта ўскладніць яе жыццё».
— Памажыце нам, Іван Васільевіч, — з наіўнай шчырасцю папрасіла Віталія.
Антанюка скаланула — не мог зразумець, ці гэта здзек і з яго, з яго пенсіянерства, ці вера яе, што і пры цяперашнім сваім становішчы ён нешта можа зрабіць?
Частавалі Сівалобы таксама звышмодна, нібы ў пасольстве якім: Маша паставіла на стол маленькія чаркі, бутэльку каньяку, прыгожы кафейнік, тонкія лустачкі хлеба, масла ў адмысловым слоіку і скрылёчкі духмянай брынзы. І ўсё. Прыгожа, проста, апетытна. Ці даўно ад гасціннага стала, а захацелася пакаштаваць і масла, і брынзы, і кавы, ды і чарку каньяку выпіць. Хто ж з іх такі мастак? Безумоўна, яна, гаспадыня. Але ж з такім тонкім густам не пабаялася паехаць у палескую глухамань. Ці іншага выбару не было?
Спрытнасць, з якой гаспадыня сабрала на стол, уменне зрабіць усё так прыгожа, ціхая, ласкавая гасціннасць і стрыманасць яе ўтаймавалі Віталію. Дзяўчына сцішылася, нават скептычная ўсмешка знікла з твару, здалося, трохі нават збянтэжылася, калі запрасілі да стала, не ведала, як падступіцца, з чаго пачаць. Крэслаў да стала не падсунулі, сядаць не запрасілі. Сапраўды як на прыёме. Гаспадар наліў каньяк. Падняў чарку.
— За здароўе нашага госця Івана Васільевіча.
«Паехаць ты паехаў у саўгас. Мусіў. Але працаваць табе тут не хочацца. Рвешся назад у горад. Таму і арганізаваў усю гэтую паказуху, каб ашаламляць людзей простых: вось, маўляў, куды саслалі такую жанчыну, з такім густам», — і зноў захацелася сказаць, што ён, Антанюк, — пенсіянер, дарэмна перад ім стараюцца. Але зноў стрымаўся.
Выпілі стоячы. Гаспадыня паказала прыклад, як паводзіць сябе далей: наліла кавы, зрабіла бутэрброд з маслам і брынзай і, захапіўшы свой кубачак, села воддаль ад стала.
Віталія пацягнулася да яе — села побач. Віталія ішла на мір.
— Што вы канчалі? Якая ў вас прафесія?
— Я канчала інстытут лёгкай прамысловасці. І працавала мастаком-мадэльерам у атэлье.
— О, і вы хаваеце гэта! Паўгода жывяце — і ніхто не ведае. Навучыце нашых дзяўчат шыць.
— Мастак, Віталія, не шые.
Настаўніца збянтэжылася. Куды дзелася яе іронія! Чалавека, які ўмее рабіць тое, чаго не ўмее яна, нельга не паважаць.
— Прабачце, я не так сказала. Я разумею. Вось гэтаму і навучыце нас — добраму густу. Нарысуйце новыя фасоны, каб прыгожа было, зручна. Да нас жа тады ўвесь раён кінецца. З райцэнтра будуць прыязджаць.
Маша падумала і, мабыць, убачыўшы нейкую новую перспектыву для сябе, згадзілася:
— Добра. Давайце створым такі гурток.
— Не, праўда, вы не ўяўляеце, як гэта патрэбна і як хораша будзе. І для вас! Вам жа сумна…
Іван Васільевіч распытваў гаспадара пра саўгас. Скардзіўся Сівалоб: неразумна плануюць, без уліку таго, што іх саўгас за сто вёрст ад горада і вакол бездарожжа, вясной і ўвосень да чыгункі можна толькі на трактары дабрацца. Казаў праўду, але не без хітрасці: асцярожненька капаў на сваё кіраўніцтва, падкідваў факцікі — ведаў Антанюкоў характар, разлічваў, што той не змоўчыць, дзе-небудзь выкажа гэтыя факты.
«Усё ты ведаеш. Дзіўна, чаму ты не ведаеш, што я на пенсіі? Ці не шукаў ты ў той час шчасця дзе-небудзь у другой рэспубліцы?»
Саўгасныя справы па-сапраўднаму цікавілі Івана Васільевіча, і размова ішла жыва. Сівалоб расказвае не без хітрыкаў. Але і ён, Антанюк, распытвае, каб зразумець — які той дырэктар? Якія ў яго планы? Як за год вывучыў гаспадарку, людзей? І паступова пераконваўся: не змяніўся Гардзей Лукіч Сівалоб, якім быў, такім застаўся, зверху блішчыць, а ўсяродку — пуста. Глыбакадумна выказвае агульнавядомыя ісціны — пускае пыл. А эканоміку не ведае. Кіруе ўвогуле. Вось жа праклятая інерцыя! У атэлье яго трэба было ўладкаваць разам з маладой жонкай, няхай бы моднічалі, а не саўгас даручаць. Дык не ж — лічыцца спецыялістам па зямлі. Круціцца на адной і той жа арбіце.
Маша паказвала свае эскізы новых фасонаў. Да жанчын далучыўся Алег Гаўрылавіч; сумная для яго была размова пра саўгасную эканоміку.
Доўга пілі каньяк. Так і не дапілі. Паўпляшкі засталося — для іншых гасцей.
Віталія спытала на вуліцы:
— Што гэта за парода, Іван Васільевіч?
— Мілыя людзі,— адказаў Алег Гаўрылавіч.
— О, гэта вельмі цікавая парода! — сказаў Антанюк.
Пасля, ужо ў змроку, калі загарэліся агні і ў святле, што падала з вокнаў, кружыліся дзіврсныя матылі, яны хадзілі па вуліцы ўдваіх — Антанюк і Віталія. Правёўшы Алега Гаўрылавіча, вярталіся дадому, дзе іх чакала Надзя, чакала з нецярплівасцю і трывогай. Каля сваёй хаты дзяўчына папрасіла:
— Раскажыце… пра маіх сясцёр і брата.
За дзень, у размовах з людзьмі, Іван Васільевіч неяк адышоў ад таго, што здарылася раніцой, амаль забыўся на сваё рызыкоўнае прызнанне, а калі прыгадваў, то здавалася яно далёкім сном, фантазіяй, якая нікога не кранула, нічога не змяніла. Надзя, Віта жылі па-ранейшаму сваімі клопатамі і пра іх, штодзённыя клопаты, больш за ўсё гаварылі. Ажно — не, не так усё проста. Выходзіць, дзяўчына жыла ўвесь дзень з думкамі пра яго бацькоўства, больш таго — пра сваіх сясцёр і брата.
Нечакана просьба яе ўразіла Івана Васільевіча: як усё гэта важна і сур’ёзна, якую адказнасць ён узяў на сябе! І як заблытаў свае адносіны з многімі блізкімі людзьмі!
Ён пачаў расказваць пра Ладу. Чаму пра яе першую? Відаць, жыла падсвядомая вера, што Лада раней, чым хто іншы, можа зразумець яго… Напэўна, ён даўжэй, чым трэба, і з большым захапленнем гаварыў пра малодшую дачку. Віталія — о жах! — сказала з дзіцячай рэўнасцю:
— Больш за ўсіх любіце Ладу.
Іван Васільевіч спахапіўся.
— Ды не, цяжка сказаць, каго больш, каго менш. Бацькоўскія пачуцці — складаная рэч. Колькі дзён назад я адчуў такі смутак па сыне, што не ўтрымаўся і ў тую ж ноч паехаў… А пасля…
Хацеў сказаць: «А пасля, у поездзе, — па табе і, бачыш, апынуўся ў вас», — але не сказаў, не хацеў больш маніць, бо ў поездзе ён думаў пра яе маці.
Віталія не звярнула ўвагі на гэтае «а пасля». Ціха, нясмела папрасіла:
— Можна мне як-небудзь прыехаць да вас?
Такая натуральная просьба! І калі ўжо ён рашыў рызнаць яе сваёй дачкой, то, безумоўна, павінен быў адразу адказаць: «Вядома ж, можна».
Дзіўна, чаму ён затрымаўся з адказам?
Віта спытала шэптам:
— Вы баіцеся, што гэта ўскладніць вашы адносіны з сям’ёй? З вашай жонкай…
— Не. Я не баюся.
— Я нічога не скажу. Я — дачка вашага партызанскага сябра. Няўжо ніхто з дзяцей вашых сяброў не заходзіць? Мне так хочацца пазнаёміцца…
— Пра што ты кажаш! Вядома ж, можна. Трэба! Абавязкова трэба прыехаць! Ты — дачка майго лепшага сябра! Там, у лесе, твая маці была самым блізкім мне чалавекам. І ты! Дзіця атрада! Цябе любілі. Ты даўно магла прыехаць. Мая віна…
— Не лічыце сябе вінаватым! Я не хачу! Раніцой у мяне ўспыхнула злосць, захацелася пагнаць вас прэч. Але я падумала: тады і маму трэба вініць. А завошта? За тое, што далі мне жыццё? Я — шчаслівая, што жыву.
Яны гаварылі ціха, трохі не шэптам. Хадзілі павольна. Мінулі свой дом. Вярнуліся і зноў прайшлі міма. Невядома, колькі яшчэ разоў прайшлі міма асветленых вокнаў. Нарэшце Надзя не вытрымала, пайшла іх шукаць, сустрэла і з радаснымі папрокамі павяла вячэраць. Занятак госця — бясконца есці.
Рэйд той наш, па сутнасці першы, быў удалы. Нагналі страху на стараст і паліцэйскіх. Далі зразумець і ім, здраднікам, і народу, што на захопленай ворагам зямлі захаваліся Савецкая ўлада і савецкі закон, што ёсць сіла, якая абароніць сумленных людзей, сурова пакарае адступнікаў.
Захапіўшыся, мы пад прыкрыццем завеі далёка заехалі — у суседні раён. Ды раптам распагодзілася, мароз ціскануў градусаў пад трыццаць. Удзень — сонца, глядзець балюча. Уначы — зорны дождж. І ціха-ціха. Палазы спяваюць — за пяць вёрст чуваць. Вяртаючыся назад, мы ўбачылі, што цягнем за сабой «хвост» — групу паліцаяў. Ад бою яны ўхіляліся. Праўда, у бой і мы не вельмі рваліся — патронаў мала засталося. Трэба было не толькі адарвацца ад паліцаяў, але і заблытаць сляды, каб не прывесці «бобікаў» у наш лес, у лагер. А гэта ў такое надвор’е нялёгка зрабіць. Па пратораных дарогах ехаць небяспечна, наўпрасцяк — снег глыбокі, ды і след па цаліне адразу выдасць. Ну, і кружылі. Як толькі не хітравалі. Чацвёра нашых фурманак раз’язджаліся ў розныя бакі, потым зноў з’язджаліся, выскаквалі на дарогі, заязджалі ў сёлы, мянялі коней, сані. Не спалі… Амаль не елі. За двое сутак, пэўна, кіламетраў сто пяцьдзесят адмахалі, спідометраў не было, не лічылі. Пакуль цвёрда, не ўпэўніліся, што адарваліся нарэшце. Тады толькі ўзялі курс на свой лес. Ды і то з перасцярогай. Вярнуліся паўжывыя. Марылі — добра адагрэцца. Прасілі, каб я загадаў Рошчысе раскашэліцца, не ціснуцца, як звычайна, і выставіць звыш нормы з НЗ. Мусіў паабяцаць ужыць сваю камандзірскую ўладу над ашчаднай гаспадыняй.
Спаўзлі з саней — хутчэй у зямлянкі, да печак. А я — да Рошчыхі, каб даць загад. Разляпілася, чортава баба, нават камандзіра страчаць не выйшла. Падыходжу да зямлянкі-шпіталю і… аслупянеў. Дзіця! Такая нечаканасць! Не думалася ў дарозе пра гэтую цяжарную жанчыну, што нечакана з’явілася і засталася ў лагеры. Хапала клопатаў іншых.
Можа не так бы ўразіўся, каб крык дзіцячы быў не такі. А то незвычайны нейкі — як крык роспачы, болю. Як кліч жыцця і адначасова кліч трывогі — просьба ратунку. Стаю перад дзвярамі, а зайсці баюся. Можа яно толькі нарадзілася? Голенькае? Можа нельга дзвярэй адчыніць, каб не ўпусціць холад? Можа мне, мужчыну, і заходзіць няёмка? Пагоніць Рошчыха, не пасаромеецца. Чаго, скажа, прэшся! Без цябе зробяць, што трэба.
Відаць, не ўвайшоў бы, каб яно так не крычала. А то не вытрымаў. Хуценька адчыніў дзверы, нырнуў у зямлянку. Дзіця Рошчыха трымае. А фельчар наш — Фіма Рубін, малады, у акулярах — над ложкам схіліўся заклапочаны, спалоханы. Убачыла мяне Рошчыха, заплакала.
«Памірае наша Надзечка, камандзір!»
«Памірае? Ад чаго?» — недарэчнае пытанне.
«Ад родаў. Гарачка. Учора яшчэ карміла, а сёння зусім непрытомная. Дзіцятка памрэ. Чым яго накорміш без маці?! Бач, як заходзіцца».
У першы міг апанавала мяне злосць. Наваліўся на фельчара:
«Ты што ж, чортаў эскулап, роды па-чалавечаму не мог прыняць?»
«А калі я іх прымаў? Разы тры на практыцы, ды і то пад кіраўніцтвам урача. Ды такое і ў раддомах бывае. У вопытных акушэраў».
«Бывае… А ў цябе не павінна быць! Не павінна! Чуеш?».
Не яму крыкнуў гэтыя словы — сабе. Злосць мая раптам перайшла ў актыўную рашучасць. Не можам мы дапусціць, каб у такі час, тут, у нас, у лагеры, памерлі маці і дзіця! Нельга дапусціць! Яны цяпер для нас — сімвал. Для мяне сімвал! Жыцця, перамогі! Зрабіць усё, што ў сіле нашай і звыш сілы, але ратаваць! Ратаваць!
«Што можна зрабіць, Фіма?»
«Для яе? — кіўнуў той на маці.— Трэба добры гінеколаг. І лякарствы, якіх у нас няма».
«Хто застаўся ў горадзе з такіх урачоў?»
«А ў нас толькі адзін і быў такі ўрач. Бумель Анна Отаўна».
«Немка?!»
Старую гэтую я помніў. Бадай, усе ў горадзе яе ведалі. Баба ўедлівая, наравістая, але акушэр-гінеколаг выдатны. Жанчыны на яе маліліся.
«Яна, безумоўна, засталася», — выказаў сваё меркаванне Рубін.
Я таксама не сумняваўся, што засталася.
«Што ж, прывязём Бумель!»
«Не паедзе!»
«Паедзе!»
«Тут нельга прымусам», — асцярожна папярэдзіў мяне малады гуманіст.
«Гэта мой клопат, доктар. Што трэба для яго? Ён? Яна?» — паказаў я на дзіця.
«Яна. Дзяўчынка. Ладненькая такая», — суровая, бязлітасная Рошчыха шморгала носам — шкада было дзіця.
Рубін паціснуў плячамі.
«Дзіцяці трэба малако, таварыш камандзір. Мацярынскае. Карміліца».
«Каб хаця карова ў нас была. Суседка наша некалі, скора пасля той вайны, вось так памерла ад родаў, а хлопчык застаўся. Дык мы малачко вадзічкай разбаўлялі — ды ў бутэлечку. А на бутэльку — соску. Адпаілі. Шчэ які хлопец жыве! Хіба мала іх, такіх! Толькі ўмець трэба».
«Добра. Карміліцу не абяцаю. А карова і соскі будуць! А пакуль што рабіце ўсё, што можна, каб падтрымаць іх! Рубін! Галавой адказваеш!»
Акалелы з рэйду Вася Шугановіч і распараны Будыка — любіў горача напаліць — ужо закусвалі, не дачакаліся, калі я ўскочыў у камандзірскую зямлянку. Будыка не ездзіў з намі, заставаўся за старэйшага ў лагеры. Сустрэў — і не сказаў пра такую незвычайную прыгоду ў лагеры. Гэта мяне абурыла.
«Ты што зрабіў, каб ратаваць жанчыну і дзіця?»
«Што я — галоўурач раддома? Што можна зрабіць?»
«Інтэлігент, такую тваю… Зараз жа паедзеш у горад і прывязеш урача!»
«Так ён нас чакае з табой, той урач! Можа хуткую дапамогу выклікаць?»
«Не зубаскаль, гуманіст! Збірайся!»
Будыка сядзеў расчырванелы ад выпітай самагонку у расшпіленай, непадпяразанай гімнасцёрцы.
«Ты сур’ёзна?»
«Няма прычыны для жарту. Памірае чалавек! І дзіця! Дзіця! Якое толькі што нарадзілася. Ты разумееш гэта?»
Будыка падняўся, расправіў гімнасцёрку, хоць папругі на ім не было.
«Я слухаюся, камандзір. Я — чалавек вайсковы. Падпарадкуюся. Але, — ён павярнуўся да Ціхановіча. — Прашу камісара запомніць: за нейкі тыдзень камандзір двойчы пасылае людзей на рызыкоўныя аперацыі, якія прадыктаваны не патрэбамі атрада, не баявымі меркаваннямі, а…»
«Чым?»
«Не ведаю, чым — цяпер. Той раз — тваім цяжкім душэўным станам», — хітры, чорт, умеў выбіраць круглыя слоўцы, асцярожныя, якія не ўзрывалі, як дэтанатар.
«Я табе, Валянцін, растлумачу як-небудзь у вольны час, чым прадыктаваны мае загады — і гэты, і той. А цяпер не будзем траціць час».
«Колькі шанцаў за тое, што ўрача ўдасца вывезці?» — наступаў Будыка.
«Паеду я! — раптам сказаў Вася Шугановіч. — Я ведаю горад, а начштаба не ведае».
«З ім паедзе Краўчанка».
«Усё адно — паеду я!»— Вася паўтарыў гэта так, што я зразумеў: спрачацца дарэмна, камісар не адступіць.
«Начштаба! Дакументы на паліцэйскага. З Перароста! І на фурмана!»
Будыка кінуўся да жалезнай скрынкі, дзе ляжалі сакрэтныя дакументы і розныя пячаткі. Аформіць любы дакумент — ён мастак.
«Каго прывезці?» — спытаў Шугановіч.
«У горадзе застаўся адзін патрэбны ўрач».
Вася сам здагадаўся.
«Бумель?»
«Немец?» — насцярожыўся Будыка.
«Немка».
«Ці не часта возім немцаў у лагер? Давозімся!» — нечакана ўзвысіў голас начштаба.
Я асек яго:
«Заткніся! Не твая справа. Рыхтуй дакументы! — І да Васі: — Вам толькі дабрацца туды, а назад сама яна будзе найлепшым пропускам. Няхай захопіць дакумент. Вып’ем на дарогу. Я таксама еду. У Капань. Шукаць парадзіху. Ці, у крайнім выпадку, дойную карову. Цяпер гэта таксама нялёгка».
Будыка адарваўся ад папер, вінавата папрасіў:
«Прабач, Іван Васільевіч. Цяпер разумею цябе».
Кранула яго шчырасць, нават трохі збянтэжыла.
«Ну, ладна. Без сантыментаў. Бяры шклянку. За поспех, Вася».
«За здароўе Анны Отаўны. Каб яна жывая ды здаровая была, — усміхнуўся камісар. — Шчыра п’ю за немку».
«Яна цябе не ведае?»
«Адкуль! Сельскага настаўніка? Гэта яе ўсе ведаюць».
«У Лазавенкі замяні коней. Назад — перапражэш».
У Пераросце за старасту быў наш чалавек.
«Рана прыйдзецца бабулі вочы завязваць».
«Будзь акцёрам — сыграй рэквізіцыю».
Коні, якія не былі ў рэйдзе, не лепшыя. На іх не разгонішся асабліва. Гэта мяне турбавала. Я выехаў разам з хлопцамі з лесу. Сядзеў на санях з Шугановічам, удакладняў дэталі незвычайнага задання. Будыка, каб пачуў, пэўна, абвінаваціў бы: маўляў, ніводнае баявой аперацыі камандзір так дэталёва не ўдакладняў. Сказаць можа і не сказаў бы, а падумаў бы напэўна, бо была ў гэтым праўда. Баяўся я правалу. Паслаць на смерць Васю і старога будзёнаўца — і нічым не памагчы няшчаснай жанчыне…
Калі паслаў Будыку, Паўла і гэтага ж Краўчанку захапіць немца, таксама баяўся, перажываў, але тая боязь была інакшая. Тады быў душэўны крызіс. А цяпер наадварот: уздым, прага дзейнасці, нецярплівасць — хутчэй, хутчэй…
Развітаўся я з імі на ўзлеску і доўга стаяў. Слухаў галашэнне палазоў, і здавалася мне, што вельмі ж павольна яны аддаляюцца. Трохі не кінуўся наўздагон, каб паехаць самому. Толькі зразумеў — не дагнаць мне іх: яны на пары лепшых коней, у мяне — адзін няўклюда, ламавік. На ім я паехаў у Капань. Вёска — наша, партызанская. Кожны трэці жыхар — наш сувязны. Ды і ў атрадзе з Капані чалавек восем. Вёска бедная, на пясках, і ў мірны час там больш з лесу жылі — бандарнічалі. Але людзі апошнім з намі дзяліліся. За дабрату іх мы плацілі такой жа дабратой. Увосень наляцелі на млын, дзе немцы малолі, пудоў трыста пшанічнай мукі вывезлі, большую частку капанцам раздалі — дзецям на блінцы.
Былі там, як і ўсюды, свой паліцэйскі, стараста… Але кіраваў жыццём у вёсцы былы брыгадзір бандарнай арцелі — Сцяпан Кулік. Нямецкія памагатыя, тыя, што не ішлі на сувязь з намі, трымалі нейтралітэт: ведалі, зачэпяць каго з нашых — не жыць ім і не схавацца.
Да Сцяпана і падаўся адразу. Сям’я Сцяпанава прывыкла да такіх начных наведванняў. Умоўна шкрабнуў у шыбу — адразу адчынілі. Без слоў. Сам гаспадар. Здзівіўся, праўда, трохі, затрывожыўся.
«Адзін? Іван Васільевіч! Што здарылася?»
«Ёсць пільная справа».
«Чакай, я кажух накіну, у каморы пагаворым».
«Можна і ў хаце».
Звычайна сакрэтныя размовы вялі мы ў каморы: усё-такі дзеці ёсць дзеці, хоць і немалыя яны ў Сцяпана і навучаныя бацькам і вайной.
Увайшлі ў хату.
«Зусім адзін?»
«Не. Каля лазні — Коля з канём».
«Пазаўчора „бобікі“ наведваліся, памагалі інспектару падатак збіраць. Дзесятак свіней, ірады, павезлі. Свярбелі ў хлопцаў рукі зрабіць ім „цёмную“, ды я стрымаў».
«Правільна. Не чапай у сябе дома. А то спаляць сяло, куды дзенем людзей зімой?»
«Дык што цябе прывяло пасярод ночы?»
«Скажы, у цябе парадзіха ёсць у сяле?»
«Якая парадзіха?»
«Жанчына, што нядаўна нарадзіла».
«Навошта яна табе? Загадкі задаеш, Іван Васільевіч».
«Ёсць?»
Жонка Сцяпана пачула такую незвычайную, непартызанскую размову, высунулася з-за шырмы, зацікаўленая.
«Анюта, Люба не разбуралася яшчэ?»
«Не».
«Тады такой, што нядаўна, няма. Маладыя бабы цяпер разумныя, не вельмі кідаюцца. Але скажы — навошта яна вам?»
«Жанчына ў нас нарадзіла…»
«У лагеры? Адкуль узялася такая? Нешта я не бачыў».
«Ад мужа-падлюгі ўцякла. Але гарачка ў яе пасляродавая. Трэба дзіця ратаваць».
Анюта надзела спадніцу, выйшла без кофтачкі, у палатнянай сарочцы з вышыванымі рукавамі. Зразумела, што ў такой справе яна — першы дарадца: шасцярых нарадзіла.
«Іван Васільевіч, ды неабавязкова цягнуць вам бабу такую ў лес. Не кожная паедзе. Гвалту наробіць. Сваё дзіця. А калі яшчэ і муж дома, слюнцяй які… У мяне, калі Нінка знайшлася, такі масціт надарыўся, што ўсё малако згарэла за два дні. Дык я Нінку каровячым выпаіла. Кіпяточкам разбаўляла…»
«Добра, Анюта, угаварыла. Па праўдзе кажучы, па карову я і прыехаў. Пра парадзіху на ўсякі выпадак спытаў. А можа, падумаў, на шчасце ёсць такая смелая. Мы б яе, як княгіню, завезлі. А цяпер думайце, у каго пазычыць карову. Вернем, як толькі сваю раздабудзем. А дабудзем хутка. Канфіскуем у якога-небудзь фашысцкага паслугача».
«Дык што тут думаць! Забірайце нашу. Яшчэ доіцца. Праўда, мала ўжо дае. Запускаць скора трэба. Але для дзіцятка і для хворай маці хопіць малачка».
«У вас свае дзеці».
«Нічога. Жывыя будуць. Не маленькія. Ды і ведаем: не прападзе за вамі, Іван Васільевіч».
Ах, Сцяпан, ах, Анюта! Трэба мне і вас праведаць! Колькі гадоў не бачыліся! Ці жывыя вы там?
Кіламетраў дзесяць ад Капані да лагера. А з каровай трохі не да раніцы цягнуліся. Упіралася, рыкала на ўвесь лес. Ваўкоў наклікала. Страляць прыйшлося.
У лагеры трывогу ўзнялі. Будыка з разведчыкамі насустрач прыляцелі.
У лагеры — адразу да Рошчыхі.
«Што, Люба?»
«Апрытомнела — закрычала: дзе дзіця? Карміла. Але няма ў яе малака: смактала, смактала дзіцятка, а ўсё роўна галоднае. Крычала, пакуль не знемаглося — заснула. А яна трызніць пра дзіця».
«Ідзі даі карову».
З каровай валаводзіліся ў дарозе — не пераставаў думаць пра Шугановіча і Краўчанку: як там у іх? А калі наступіла раніца і па маіх разліках яны павінны былі вярнуцца з немкай ці без немкі, я не стрываў: падняў разведчыкаў, ускочыў у сядло, паімчалі да Перароста. У полі сустрэлі. Ляцяць узмыленыя коні. Краўчанка з абледзянелымі вусамі, у армяку, на каленях стаіць, кіруе лейцамі. А ў вазку на сене побач сядзяць Вася Шугановіч і яна — Анна Отаўна. У старым янотавым футры, у аблезлай мужчынскай шапцы. З завязанымі ручніком вачамі. І смешна. І сумна. Вася мне сігнал падаў: маўчыце, маўляў, не вярэдзьце заўчасна. Але яна пачула тупат другіх коней, фырканне. Спытала:
«Вашы?»
«Нашы», — лагодна паведаміў Вася.
«Ох, бандыты!»
Вось думаю, Краўчанка дасць ёй зараз за «бандыты», пекане трохпавярховым, будзёнаўскім. Не, усміхаецца дзед, весела падміргвае мне.
У лагеры развязалі ёй вочы, пад ручкі, як княгіню, з саней звялі. Яна жмурыцца на снег, а з вачэй ажно іскры сыплюцца. Я ветлівенька прадставіўся, казырнуў.
«Камандзір атрада».
Яна зноў:
«Ох, бандыты!»
Партызаны, якія стаялі блізка, загулі ад абурэння. Але я паказаў за спіной кулак: маўчаць! Ні слова!
«Дзе вашы раненыя ці хворыя? Хто ў вас тут? Няма мне калі вашы паганыя морды разглядаць».
Паспрабуйце сцярпець такое. Цярплю і другім усялякімі знакамі загадваю маўчаць. Вяду ў зямлянку.
Пачула яна дзіцячы крык — пасвятлела з твару. Зайшла ў зямлянку — адразу футра з сябе, акуляры на нос, рукавы закасала і покрыкам на Любу:
«Вады! Гарачай!»
А пасля да нас з Рубіным:
«А вам што трэба? Жаночага органа не бачылі?»
Вылецеў я з зямлянкі, як пасаромлены хлапчук. Рубін — за мной.
«А ты куды? Ты ж — медык, чорт на цябе! Вока не спускай! І вучыся!»
Пакуль бабуля чаравала там над Надзяй, Вася Шугановіч расказваў, як яны ўзялі. Хапіла клопату.
Па бальшаку ў горад Краўчанка не паехаў — пры выездзе застава, яшчэ затрымаюць, нягледзячы на паліцэйскія дакументы. Ці — чаго добрага — на знаёмага наскочыш.
Аб’ехаў па заснежаных кар’ерах цагельнага завода. Чуць коней не ўтапіў у снезе. Выбраўся ў глухі завулак, ад якога недалёка быў і дом Бумель. Добры дом — асабняк за высокім плотам. Муж яе, нябожчык, інжынерам на лесапілцы рабіў — меў з чаго пабудавацца.
Пастукаў Вася ў браму — сабака азваўся на другім баку. Ваўкадаў. Не загаўкаў, а папераджальна загырчэў: маўляў, не ўздумай лезці, я з тых, хто многа шуму не робіць, але клыкі мае вострыя.
А ў Васі такі быў намер перамахнуць цераз плот, каб дабрацца да вокнаў. Загрукаў у браму мацней. Вучоны сабака адышоў да дома і загаўкаў недзе, мабыць, на ганку — будзіў гаспадароў. Нарэшце стрэлілі прымёрзлыя дзверы. Жаночы голас, малады, спытаў спачатку ў сабакі:
«Хто там, Рэкс?»
А пасля крыкнуў да таго, хто грукаў:
«Хто там?»
«Я начальнік паліцыі з Перароста. У мяне памірае жонка. Я прашу Анну Отаўну…»
«Анна Отаўна нікуды не паедзе ў такую рань. Увогуле яна ў сёлы не выязджае цяпер».
І ляпнулі дзверы. Заскуголіў сабака, якога не пусцілі ў цяпло.
Што рабіць? Як прарвацца да самой Бумель?
Шугановіч узяў у Краўчанкі пугу — і на плот. Ваўкадаў кінуўся, каб сцягнуць чалавека з плота. А Вася сам скочыў на сабаку. І добра аперазаў пугай. Заенчыў звер, падтуліўшы хвост, азіраючыся, пацягнуўся на ганак, каб там з дапамогай гаспадароў перагарадзіць няпрошанаму госцю дарогу ў дом.
Адразу засвяцілася ў вокнах. За дзвярамі мужчынскі голас нешта сказаў па-нямецку.
Спалохана крыкнуў на двор:
«Бэр? Я страляйт!»
«Эх, як вы тут напалоханы! Я ля пушчы жыву і не баюся. Я начальнік паліцыі з Перароста. Анна Отаўна! У мяне памірае жонка! Вы ж урач. Вы павінны зразумець».
Тады расчыніліся дзверы, і з’явілася яна сама — як прывід: белыя валасы, чорнае паліто ці футра і з-пад яго — доўгая, да падлогі, белая начная сарочка.
«Што вам трэба?»
«У мяне памірае жонка. Я — начальнік паліцыі».
«Мяне не цікавіць, хто вы. Адкуль?»
«З Перароста».
«Я нікуды не езджу».
Шугановіч упаў на калені.
«Анна Отаўна! Даражэнькая! Адна надзея на вас. Прашу. Усё жыццё буду маліцца за вас. Трое дзяцей сіратамі застануцца. Пашкадуйце».
Відаць, кранула яе.
«Зайдзіце ў дом».
У пакоі, цьмяна асветленым лямпай, малады немчык падазрона агледзеў Шугановіча, не вымаючы рукі з кішэні начнога халата, — яўна трымаў пісталет.
Анна Отаўна з другога пакоя нешта гаварыла яму па-нямецку. Выйшла яна ўжо ў чорным плацці. Таксама агледзела Васю, здзівілася:
«У цябе трое дзяцей? Калі паспеў?»
«Паспеў».
«А ў паліцыю чаго падаўся?»
«А што я, горшы за людзей?»
«Хіба ўсе людзі ў паліцыі?»
«А я так думаю — лепшыя».
«А я так не думаю».
Немчык лыпаў вачамі — не ўсё разумеў. Бумель пераклала, але не тое, што сказала, — Вася зразумеў па яе інтанацыі і па хітрай усмешцы дзяўчыны, якая грэла спіну каля грубкі.
«Што з жонкай?»
«Пазаўчора нарадзіла. Фельчарыца наша роды прымала. А ўчора гарачка такая пачалася, што непрытомная баба ляжыць, трызніць…»
Доктарка ціхенька свіснула.
«Нічым я вам не памагу. У мяне ў бальніцы паміралі ад такога заражэння. Тут можна спадзявацца толькі на яе самую ды на бога. Няма чаго мне ехаць па марозе».
Вася Шугановіч шапку аб падлогу і зароў, як малы.
«Не паеду я без вас. Не паеду! Хоць забіце! Цешча галосіць. Яна мяне з хаты выганіць без вас».
Яна перагаварыла з немцам:. Пытае:
«Які ганарар будзе?»
«Які ганарар?»
«Што ж вы думаеце — я бясплатна паеду?»
«А-а, вы пра плату! Заплачу, Анна Отаўна. Добра заплачу. Хочаце — рублямі, хочаце — маркамі».
«Два пуды мукі, тры кіло сала, дзве жывыя курыцы, два літры самагонку першака».
«Добра-такі заламіла баба», — смяяўся пасля Шугановіч.
«Усё будзе. Больш будзе».
Яна паглядзела на гадзіннік.
«Пачакаем, пакуль развіднее».
А да відна яшчэ гадзіны дзве. Снежань. Замаліўся Вася:
«Анна Отаўна! Дарагая кожная хвіліна. Коні стынуць. Дзядзька родны замерзне ў санях».
Спакусіў старую высокі ганарар. Згадзілася. Хутка адзелася. Прынесла ёй дзяўчына акушэрскі сакваяжык. Вася кажа:
«Анна Отаўна, дакуменцік які захапіце».
«Навошта?»
«Назад дзядзька вас павязе, можа без мяне. Каб нашы не чапляліся на кантрольных пастах».
Паслухалася — узяла.
Селі. Паехалі.
Паколькі вырашылі вяртацца па сваім следзе — цераз цагельню, Шугановічу прыйшлося дачасна, на соннай вуліцы горада, раскрыць карты.
«Анна Отаўна, няхай вас не здзіўляе дарога, па якой мы паедзем. Нам не хочацца страчацца з вашымі паліцаямі. Характары ў нас розныя».
Тузанулася бабуля, быццам бы хацела з саней вываліцца.
«Спакойна, гарантуем поўную бяспеку, вяртанне назад, запрошаны ганарар. Нават курачак раздабудзем».
«А калі я закрычу?»
«Не раю. Маем кляп», — адгукнуўся Краўчанка.
«А пагоняцца — у нас не будзе другога выйсця…» — Шугановіч дастаў з кішэні кажуха пісталет.
«…як, забіць старую акушэрку? Бандыты!»
«Асцярожна, дамачка!» — папярэдзіў Краўчанка.
Змоўкла. Толькі ў кар’ерах, калі коні мясілі сумёты, зноў азвалася:
«Папярэджваю. Я ўмею патрашыць толькі баб. Адразаць ногі ці рукі вашым раненым я не ўмею. І не буду! Так што вы дарэмна везяце мяне».
«Вы зоймецеся сваёй справай».
«Рабіць аборты вашым шлюхам?»
Краўчанка не стрываў:
«Ты ў мяне дакаркаешся, старая варона! Каб ты не была так патрэбна, я з табой іначай гаварыў бы!»
Прыйшлося Шугановічу асекчы будзёнаўца. І прабачэння прасіць у доктаркі.
Яна змоўкла — што вады ў рот набрала. Толькі калі прапанавалі перад Пераростам вочы завязаць, моцна абурылася і пакрыўдзілася. Па-мужчынску лаялася.
Доўга, гадзіны дзве, займалася Бумель нашай хворай. Ды і дзіцяткам таксама, як пасля Люба расказвала: агледзела, перавязала па-свойму пупок, вучыла штучна карміць — у якіх прапорцыях змешваць малако і ваду.
Мы ёй у камандзірскай зямлянцы сняданак падрыхтавалі. Царскі — па нашых умовах. Выставілі ўсё лепшае, што мелі. Выйшла яна з зямлянкі — я сустрэў яе. Хмурая, але на твары ранейшай злосці няма.
«А цяпер што будзеце рабіць са мной?»
Я руку да шапкі.
«Камандаванне атрада просіць вас паснедаць з намі».
Здзівілася. Дала згоду, як міласціну:
«Што ж — паснедаем».
У зямлянцы ўбачыла Васю Шугановіча, яго вінаватую ўсмешку — зноў натапырылася бабуля. Адразу папярэдзіла:
«За вашы штучкі — двайны ганарар. Курачак забыўся захапіць, калі коней перапрагаў? Кансервамі аддасі. Дваццаць банак. Жывяце, бачу, не бедна», — кіўнула на стол.
«За ганарар не турбуйцеся», — заспакоіў Вася.
«Я не турбуюся. Ты турбуйся».
«Рукі памыеце?»
Інстынктыўна зірнула на свае кастлявыя кісці, потым — на наш ручнічок, што вісеў на цвічку каля ўмывальніка. Бруднаваты ручнічок, партызанскі. Грэбліва зморшчылася.
«Ох, бандыты! Заразілі бабу, а потым Бумель хапаюць пасярод ночы. Вам здаецца, Бумель — бог святы. А яна такая ж баба, толькі старая. Чыя жонка?»
«Мая», — адказаў я.
«Не хлусі, Антанюк. Твая выехала. Хіба другую завёў?»
Як апякло варам мяне. Няўжо, думаю, Люба ці Рубін па прастаце сваёй выбалбаталі прозвішча маё і ўсё іншае? Шкуру спушчу, калі так. Хоць мяне яна магла ведаць з даваеннага часу. Невысокая пасада — загадчык райза, з гарадскімі медыкамі амаль не сустракаўся, але калі гэтая бабуля спецыяльна цікавілася партактывам… Усё-такі — немка. Пытаюся з іроніяй:
«Немцам і такія дэталі маёй біяграфіі вядомы?»
Зразумела.
«Не ведаю, што вядома немцам. А я ведаю. Пра цябе ў горадзе нямала гавораць. Цэлыя легенды ходзяць. Нямецкае камандаванне ўзнагароду абвясціла за тваю галаву».
«Вялікую?»
«Не помню сумы. Але помню, калі прачытала, то падумала: тыповая нямецкая скупасць. За такую галаву не шкада ў пяць разоў больш. Дарагая галава».
Вася Шугановіч засмяяўся. А Будыка, які праз усю размову пунсавеў, асабліва калі яна зноў нас бандытамі назвала, нешта сярдзіта сказаў па-нямецку. Анна Отаўна пераклала:
«Афіцэр кажа, што за такія жарты ў ваенны час расстрэльваюць. Мне гэта пагражае?»
«Вам пакуль што пагражае вось гэтая чарка спірту, — я наліў ёй паўшклянкі, а нагой пад сталом штурхануў начштаба: будзь чалавекам, а не ваенным бюракратам! — П’яце так ці разводзіце?»
«Разводжу».
Развяла вадой і, не чокнуўшыся, кульнула шклянку да дна.
«А я вып’ю…» — пачаў Вася.
«Толькі не за здароўе парадзіхі!» — перапыніла Бумель.
«Чаму?»
«Ніколі не піце за чалавека, які на мяжы жыцця і смерці! Я забабонная».
Я асцярожна спытаў:
«Ёсць надзея, Анна Отаўна?»
«Спадзявацца можна толькі на бога. Ды на яе самую. Такія ў нас у бальніцы паміралі. У мірны час».
«І нічога нельга зрабіць?»
«Што магла — я зрабіла, — кладучы на талерку скрылі смажанага духмянага сала, задумалася, уздыхнула. — Паспрабую яшчэ што зрабіць. Не для вас, галаварэзы, — але не бандыты ўжо. — Для яе. Няшчасны род! Чаго толькі не выпадае на долю нашай сястры! Я перадам лякарства. У нас такога не было. (Усе трое пасля яе ад’езду ўспомнілі гэтае „ў нас“: значыцца, яна прылічае сябе да нас, да савецкіх людзей, а не да фашыстаў). — Антыбіётык. А немцы маюць. Ваш жыдок умее хоць уколы рабіць?»
«Ён жа ў райбальніцы працаваў».
«Помню. Але было там няўмекаў колькі хочаш. Хіба так трэба вучыць медыкаў, як мы вучылі?»
«Раскусіць» яе было немагчыма. Яшчэ разы са два яна выказвалася супраць нашых даваенных парадкаў: і гэта дрэнна і тое не так.
Будыка не стрымаўся, хоць я і штурхаў яго, уедліва спытаў:
«Пад уладай суайчыннікаў вам жывецца лепш?»
«Не закідайце вудачкі, таварыш афіцэр. Не клюне. Я думала, вы разумнейшы. Вас вайна ўзрадававала? А я — жанчына. Урач. Акрамя клічу крыві ёсць кліч розуму».
Разумейце, маўляў, як хочаце.
Дзіўна, што Будыку яна казала «вы», а нам з Васем — «ты».
У канцы снедання, калі крыху падвыпілі, я паспрабаваў быў распытаць у яе пра некаторых знаёмых, у тым ліку і пра Сваяцкага. Таксама не клюнула бабуля. Адсекла:
«Ці не захацелася вам зрабіць мяне сваёй шпіёнкай? Вы хітрыя, але і я не дурная… Ды і мала цікавяць мяне гэтыя людзі. Я з імі не сустракаюся».
Заплацілі мы ёй шчодра. Рошчыха жахнулася, калі даведалася, хоць, каб уратаваць Надзю і дзіця, нічога не шкадавала. Прасіла не казаць партызанам, як дорага нам абышоўся гэты прымусовы візіт немкі.
Будыка таксама вурчаў. Праводзячы Бумель, парываўся папярэдзіць, што калі партызан, які павязе яе, не вернецца… Ды я разгадаў яго намер. Спыніў: ніякіх папярэджанняў! Будзем верыць да канца.
Партызан вярнуўся. І прывёз паўнюткі чамадан бінтоў і лякарстваў розных — якраз таго, чаго ў нас не хапала. Во бабуля. Палаяла на чым свет стаіць, але аказалася чалавекам. За нашу шчырасць і шчодрасць гэтак жа шчодра адплаціла. І пасля не раз выручала. Медыкаментамі. Толькі медыкаментамі. Маўляў, выконваю абавязак урача, і не больш. А нам больш ад яе і не трэба было нічога. Сувязных у нас хапала.
Будыка тады сказаў, калі мы разглядалі прысланыя Аннай Отаўнай медыкаменты:
«На гэты раз, камандзір, інтуіцыя цябе не падвяла. Але калі-небудзь ты пагарыш з-за сваёй даверлівасці».
Гарэў. Але не згарэў. Не згарэў, Валянцін Адамавіч! А людзей часам выратоўваў. Можа і Надзю выратаваў тым нямецкім антыбіётыкам. І Віту.
Спяць дачка і маці на адным ложку. Не, маці не спіць. Я чую па тваім дыханні, Надзя. Пра што ты думаеш? Чаму табе не спіцца? Спі. Добрых сноў табе, мой харошы друг. Час і табе заснуць, Іване, няўрымслівы пенсіянер. Заўтра — у дарогу.