IV

З-за павароту бязлюднай вуліцы вынырнула машына. Ударыла ў вочы снопам святла — асляпіла, прасігналіла.

Антанюк ступіў да штыкетнага паркана: дарога і тратуар слізкія.

«Волга» шуганула міма і раптам рэзка затармазіла. Пасажыр з пярэдняга сядзення паклікаў:

— Іван Васільевіч!

Машына ціха сунулася назад. Яго, Антанюкоў, наступнік — Андрэй Пятровіч, пра якога сёння ішла размова.

— Ты куды проці ночы?

— Гуляю!

— Во сіла волі ў чалавека! Няхай каменне падае — ён будзе гуляць. Сто гадоў пражывеш. Сядай — падвязу. Не дагуляеш — не бяда.

«Чаму такая ўвага? Ведае, што я адмовіўся, ці, наадварот, упэўнены, што я згаджуся вярнуцца яго падначаленым?»

Хлапчына гадоў чатырнаццаці ветліва даў «добры вечар», калі Антанюк сеў побач з ім.

Андрэй Пятровіч павярнуўся ўсім целам, тварам у твар.

— А мы з сынам зрабілі першую вылазку на падлёдны. На мора наша сіняе. Слаба. Дзесятак акунькоў.

«Мне зайздросціш, што гуляю, а сам у рабочы дзень ловіш рыбу».

Сын сказаў:

— Дзе ж ты хацеў налавіць — каля берага? Баяўся далей пайсці.

— Лёд яшчэ слабы. Але пасядзець прыемна. Сняжок падае. Цішыня.

— Клявала добра. Каб за востраў пайшлі…

— Ну, там ніколі не бралі.

— Што ты, тата! Забыўся? А помніш, як летась… Не паспявалі выцягваць.

— Дык хіба то за востравам? То ж у затоцы каля Семкавага…

— Каля Семкавага пад вясну. А то зімой, на канікулах. Калі Валодзька Кузьмін з намі ездзіў. І дзядзька Васіль.

Бацька і сын спрачаліся пра мінулагодні лоў і пра мінулагоднія снег і мароз. А ў Івана Васільевіча зашчымела сэрца. Вострым болем працяў смутак па сыне. І з’явілася адчуванне віны перад ім. Дзіўна, такое адчуванне не аднойчы ўжо з’яўлялася. Незразумела — чаму? Раней ці пазней Васіль павінен быў выканаць святы абавязак грамадзяніна. Ён, бацька, палічыў, што хлопцу будзе на карысць, калі ён выканае гэты абавязак хутчэй, пройдзе самую суровую школу, у якой не песцяць, не гладзяць па галоўцы. І аднак… Што ён, Антанюк, зрабіў для таго, каб у сына не ўзніклі тыя заскокі, тая блытаніна ў галаве, за якую прыйшлося караць? Працаваў, не шкадуючы сябе, — гэта так.

Але няпраўда, што зусім не заставалася часу, каб заняцца дзецьмі. Паехаць на паляванне час знаходзіў.

Спрабаваў браць сына. Хлопцу не спадабалася. Больш не паехаў — шкадаваў забітых звяроў. Маці кранула такая сынава чуллівасць. Ах, якое дзіця! Якое сэрца! Вольга ўвогуле супраць палявання. Нават цяпер. Як жа можна было прыблізіць яго, як уплываць?

Не, адчуванне віны не ад таго, што сарваў Васіля з універсітэта; армія — таксама універсітэт. Адчуванне віны ад таго, што, па сутнасці, не было завошта караць хлопца. Рэктар гэта разумеў. А ён, бацька, нечакана праявіў звышпрынцыповасць. Крыўднымі, абразлівымі здаліся сынавы словы «Ты сам закаранелы сталініст!» Цяпер ўсё гэта здаецца наіўным. Быў час, калі сутыкнуліся дзеці і бацькі, калі дзеці вінавацілі нас ва ўсіх грахах мінулага, нашых і чужых, у тых, што пры аб’ектыўным разглядзе можна было залічыць у памылкі росту, станаўлення, і ў тых, што рабіліся воляй, злоснай ці хворай, аднаго ці некалькіх чалавек. Але мы, бацькі, гэтак жа агульна, як агульна нас вінавацілі, адмяталі ўсё, чапляліся за мінулае і мімаволі прывязвалі сябе да таго, да чаго не мелі дачынення, супраць чаго змагаліся ўсім сваім жыццём, барацьбой і працай па здзяйсненні ідэалаў, завешчаных Ільічом. Мы гэтак жа агульна, без разбору, вінавацілі і яшчэ дагэтуль вінавацім дзяцей, што яны не такія, як мы, што, маўляў, куды ім да нас, мудрых, непагрэшных, загартаваных у баях. А, па сутнасці, усім нам, бацькам і дзецям, патрэбна крыху больш аб’ектыўнасці і самакрытычнасці — той самай, пра якую так многа гаворыцца.

Нам не трэба думаць, што дзеці горшыя за нас, а дзецям — што яны ва ўсім разумнейшыя. Лада пранікае ў таямніцы матэрыі і нават антыматэрыі, але яна ніколі не будзе ведаць таго, што ведае ён, яе бацька, што нажыта вопытам нялёгкага жыцця.

Кожнаму чалавеку — сваё. І кожнаму пакаленню — сваё. І нічога нельга закрэсліць з таго, што было. Дзеці павінны выхоўвацца не толькі на нашых гераічных справах, але і на памылках мінулага, каб не паўтарыць іх.

Ісціны агульнавядомыя, амаль банальныя. Іх лёгка паўтараць. Але нялёгка ажыццяўляць.

Калі дзеці былі малыя, ён, Антанюк, зрэдку расказваў ім пра свае партызанскія справы, безумоўна, пра самае гераічнае. Яны слухалі з захапленнем. Падраслі — пачалі скептычна ўсміхацца: не верылі, што ён такі герой. Бачылі звычайнага чалавека, якому ўласціва ўсё чалавечае. А ён пакрыўдзіўся, што яны абыякавыя да яго мінулага. Аддаліўся. Толькі цяпер вось зблізіўся з дачкой, падружыўся.

А сын далёка. Як зблізіцца з сынам? Што зрабіць, каб зразумець адзін аднаго?

Андрэй Пятровіч усё-такі спытаў на развітанне:

— Калі на работу?

Значыцца, не ведае. Лавіў рыбу.

— Не баішся, што я запатрабую, каб вярнулі на тое ж месца?

Андрэй Пятровіч хмыкнуў.

— Не баюся.

— Ведаеш, што не вернуць? Ці цэліш вышэй?

— Не ведаю. І не цэлю. Сам прашуся на інстытут.

— У навуку?

— Дарэмна я сляпіў вочы над дысертацыяй?

— Модным стала — ісці ў навуку.

— Больш пэўнасці.

— Гэта праўда: пэўнасці больш. Толькі нешта навукі не больш. Нашай, сельскагаспадарчай.

Андрэй Пятровіч засмяяўся зноў.

— Чакай. Скончылі з валюнтарызмам — рушым навуку.

Упэўненасць — пазайздросціць можна. А кіраўнік — пасрэдны. Для справы будзе лепш, калі ён падасца ў навуку. Адтуль толькі рэкамендацыі, а адгэтуль — загады. І колькі іх, непатрэбных, недарэчных!

Жонка сказала з папрокам:

— Дзе ты бадзяўся? Табе званілі. Ад Пятра Фёдаравіча. Просіць зайсці. Заўтра.

— Я паеду да Васі. Уначы. Сімферопальскім.

Вольга Усцінаўна збялела.

— Што здарылася?

— Нічога. Проста мне захацелася пагаварыць з сынам. Маю права на такое жаданне?

— Няпраўда.

Убачыў: Вольга падумала немаведама што. Першы год яна жыла са страхам за здароўе і жыццё сына, пакуль не з’ездзіла да яго, не пабачыла, узмужнелага, бадзёрага.

Іван Васільевіч абняў жонку за плечы.

— Якая ты палахліўка! Клянуся: гэта — мая фантазія. Хадзіў-хадзіў — і надумаўся. Сустрэў аднаго таварыша з сынам. На рыбалку ездзілі.

Яна зазірнула ў вочы — паверыла.

Моўчкі сціснула руку — падзякавала, што ён думае гэтак пра сына і хоча пагаварыць з ім. Але і другое яе хвалявала.

— А як жа там? — кіўнула ўгору.

— Пачакаюць. Абыходзіліся два гады без мяне.

— Ты не задаволены размовай?

— Прапанавалі аддзел… Я адказаў: толькі на сваё месца.

— Так яно патрэбна табе, гэта месца?

— Мне патрэбна, каб некаторыя зразумелі…

— Зноў ваюеш? Божа мой!

— Два гады я ні з кім не ваяваў. Можна, нарэшце, дазволіць сабе такую раскошу?

— Табе здавалася, што не ваяваў. А сёння прыходзіла Мілана. Скардзілася. Нехта ім сказаў, што па тваёй прапанове гарком паслаў камісію правяраць інстытут. Навошта табе яшчэ заядацца з Будыкам?

— Чаму гэта ён так спалохаўся камісіі? Звычайная грамадская група дзяржпарткантролю. Нешта ж нам, пенсіянерам, трэба рабіць.

Вольга Усцінаўна папрасіла няўпэўнена, асцярожна:

— Ваня, а можа пачакаць з паездкай? Цябе просяць зайсці, а ты… нібы ўцякаеш. Што падумаюць?

— Я вольны пенсіянер. У мяне свае планы.

— А ўсё ж… — пачуцці яе дваіліся: так хацелася, каб муж паехаў да сына, але не менш хацелася, каб ён хутчэй вярнуўся на працу. Цяпер такая сітуацыя!

— Я надакучыў табе дома? — паспрабаваў пажартаваць Іван Васільевіч.

— Не надакучыў. Але я не магла не бачыць, як табе неабходна быць у калектыве, з людзьмі. На любой пасадзе. Навошта табе чыны?

— Не, мне трэба чын! Каб з найбольшым эфектам аддаць свой вопыт, ды і тую энергію, што накапіў за двухгадовы адпачынак.

— Ты на любым месцы ўмееш працаваць.

— Нешта цябе пацягнула на кампліменты. Збяры чамадан.

— А можа хоць заўтра?

— Оля, я рэдка калі адмяняю свае рашэнні. Ты ведаеш. У мяне не часта ўзнікала жаданне пагаварыць з сынам. На жаль, не часта. На жаль.

— Пра што ты хочаш гаварыць з ім?

— Ні пра што. Проста так. Пра жыццё. Можа яму пасля будзе лягчэй служыцца…

У маці вочы напоўніліся слязьмі шчасця.

— …а мне ваяваць, як ты кажаш… з валюнтарыстамі. Якое слова! А?

Жончыны вочы ўміг высахлі.

— Ох, Іван, Іван! Калі ты ўгамонішся?

— Калі накрыюць векам. Ды і тады яшчэ буду пускаць біятокі і не даваць некаму спакойна спаць.

Выйшла Лада са свайго пакоя. Стала ў дзвярах, ускудлачаная, хмурая, як заўсёды пасля таго, калі добра пасядзела над квантавымі тэорыямі. Магчыма, незадаволеная, што галасы бацькоў перашкодзілі.

— Чую, мае продкі вядуць вучоную размову. На сённяшнім узроўні. Пра біятокі.

Некалі Іван Васільевіч абурыўся, калі сын сказаў вось так — «продкі». А яна, Лада, праз тыдзень можа, паўтарыла, безумоўна, знарок гэтае слова, і з яе вуснаў яно прагучала, як жарт.

Успомніў гэта і яшчэ вастрэй адчуў смутак па сыне. Лада ўдачніца. Ёй усё ўдаецца. Не, няпраўда. Пры чым тут удача ці няўдача! Лада — талент, памножаны на недзявочую працавітасць. За гэта ён любіць дачку і ўсё даруе, нават «продкаў» і ўсё іншае.

— Пазнаць тайны біятокаў — да гэтага мы яшчэ павінны дайсці. Але я баюся, што людзі не вельмі ўзрадуюцца, калі нехта навучыцца лавіць кожны іхні імпульс. Табе, бацька, было б прыемна, каб нехта недзе сядзеў і чытаў твае думкі? Усё, пра што ты сёння думаў, што ўспамінаў, аб чым марыў.

Іван Васільевіч на міг сумеўся, успомніўшы, пра што думаў, што ўспамінаў, пакуль гуляў па гарадскіх вуліцах, памаладзелых ад снегу. Лада нібы здагадвалася пра яго ўспаміны. Уявіў, як бы ўсё, напэўна, ускладнілася, каб сапраўды нехта ўмеў настроіцца, напрыклад, на яго «хвалю», запеленгаваць у любым месцы — у лесе, у ложку, у самалёце і «весці»— дзень, два, тыдзень, запісваць усё, што прыходзіць яму ў галаву. А можа, наадварот, усё спрасцілася б? Людзі лепш разумелі б адзін аднаго, уведаўшы і зразумеўшы, больш верылі б, менш падазравалі б у тайных намерах.

Выказаў дачцэ гэтае, апошняе, меркаванне.

Яна на міг задумалася. Але тут жа скрывілася.

— Ты — ідэаліст, тата. Табе хочацца ўсе адкрыцці навукі павярнуць на ўдасканальванне чалавека…

— І грамадства.

— …Тым больш гэта ідэалістычна. Попел Хірасімы не зблізіў людзей, а раздзяліў іх яшчэ больш на варожыя лагеры. Вось табе вялікае адкрыццё!

— Няпраўда, Лада! — энергічна запярэчыла маці.— Попел Хірасімы зблізіў людзей. Усіх добрых людзей.

— Чуеш голас маці! — падтрымаў Іван Васільевіч.

— Я недзе чытала, што ў маці — голас сэрца, а не розуму. Баюся, што, калі ў мяне загаворыць сэрца, я плюну на расшчапленне атама і паверу ў трываласць свету. Першае слова майго дзіцяці будзе мець для мяне больш глыбокі сэнс, чым любая формула квантавай механікі. А пакуль што наадварот: я веру толькі ў формулы. Але не веру, што ад пазнання метаду разліку складаных атамаў я стану лепшая.

— Усё гэта, дачка, словы з модных кніжак. Поза. Мы з мамай добра ведаем, што ты не такая. І мне хочацца, каб ты гэтак жа сур’ёзна, як законы фізікі, вывучала і другія законы — жыцця, барацьбы… Попел Хірасімы раздзяліў не людзей — ён яшчэ больш раздзяліў класы, якія ніколі не маглі і не могуць прымірыцца…

— Вось бачыш — розніца толькі ў словах! А ты сам пацвярджаеш мае думкі: значыцца, усе роўна варожасць, якая заўсёды канчаецца трагедыяй. Даказаў яшчэ Шэкспір.

— Але ёсць не толькі попел Хірасімы. Ёсць Дубна, куды ты ездзіла. І ёсць Брацкая ГЭС. І Асуанская плаціна… Гэта яднае людзей. Людзі ўсё больш разумеюць, што будучыня чалавецтва ў гэтым — у Дубне, у Асуане.

— Чалавецтва, яно, тата, што атам: часціцы яго — класы, нацыі, дзяржавы, партыі — нясуць зарады. А яшчэ са школы я ведала, што ўзаемадзеянне зараджанай часціцы з атамным ядром, якое прыводзіць да ператварэння гэтага ядра ў новае ядро, называецца ядзернай рэакцыяй. Выбух — новае ядро. І новыя зараджаныя часціцы. Заварожанае кола. Нішто не можа існаваць без зараду. Дзе ж перспектыва спакою?

Іван Васільевіч здзівіўся. Здаралася, што і раней яны спрачаліся, і Лада з юнацкай палымянасцю старалася збіць бацьку складанымі матэматычнымі формуламі і катэгорыямі, якіх ён не мог ведаць. Але рэдка калі з законаў фізічных яна рабіла вось такія высновы сацыяльныя.

— Дзе ты гэта вычытала?

— Тата, ты кепска думаеш пра мяне.

— Не лічы, што робіш адкрыццё. Да нас з табой, даўно ўжо, ды і ў наш час нямала ёсць такіх, што пераносяць законы фізікі, біялогіі на грамадства. Пачытай у Леніна. Вялікімі вучонымі сталі тыя, хто адкрыў законы фізікі, і тыя, хто адкрыў законы развіцця грамадства. Але не тыя, хто хацеў механічна перанесці…

Лада засмяялася.

— А ты непахісны, дарагі татуля, у сваіх пераконаннях. Часам я зайздрошчу тваёй цвёрдасці. Мне хочацца, каб і ў маёй кібернетычнай машыне быў такі ж парадак. А то ў мяне часта блытаюцца плюсы і мінусы… А ты ўяўляеш, як можа змяніцца канчатковы вынік, калі зблытаць знакі?

Маці не любіла такіх залішне вучоных разважанняў. Сказала з папрокам:

— Ты блытаеш не адны знакі. Не заблыталіся ў людзях.

Лада зразумела — засмяялася.

— Не хвалюйся, мама. У мяне матэматычны разлік.

— Я паеду сёння да Васіля. Што яму перадаць? — спытаў Іван Васільевіч ў дачкі, зразумеўшы, што спрэчка перапынена.

— Чаму так знянацку?

— Так захацелася. Гэта цяжка растлумачыць — і бацькоўскі гнеў, і бацькоўскі смутак. Некалі ты зразумееш.

— Я разумею, — Лада сур’ёзна задумалася, але тут жа засмяялася. — Перадай, што я маю яшчэ аднаго жаніха. Няхай павіншуе. — Убачыла, што бацька здзівіўся, растлумачыла: — Табе маці не расказвала? Да мяне найсур’ёзнейшым чынам заляцаецца Фелікс Будыка. Во як выраслі мае акцыі! Да кандыдатаў. Учора запрасіў у тэатр. А я спытала, якія месцы, пайшла і купіла яшчэ адзін білет, узяла месца побач — на маё шчасце, яно было… І запрасіла Жазефа, малійца. О, як яны глядзелі адзін на аднаго! Памерці можна. У негра, калі гасла святло, бялкі блішчалі. Страшна рабілася. Думаю, дасць зараз Феліксу пад дыхавіцу. Во быў бы спектакль! Чорны студэнт пабіў белага кандыдата. Сенсацыя!

Іван Васільевіч не надта весела ўсміхнуўся.

— Не жартуй з агнём, Лада.

— О! Але ж трэба ведаць, хто з іх гарыць, а хто тлее. Парай мне выйсці за Будыку. Вясёленькае жыццё я наладзіла б свякрусе!

— Мілана Феліксаўна — недурная жанчына. Яна ўмее жыць з людзьмі.

— О, тата! Ці ты гэта? Можа, праўда, ты хочаш пасватаць мяне за Будыку? Засядзелася ў дзеўках? Прызнайся, цябе хвалюе гэта? У класічных раманах — кожнага бацьку хвалявала. Графа Растова, князя Шчарбацкага…

Дачка такі развесяліла Івана Васільевіча.

— Я дрэнны бацька, відаць, бо ніколі не думаў ні пра тваё, ні пра Маіна замужжа.

— Дзякуй богу. Хоць у адным бацькоўская псіхалогія за сто год прагрэсіравала.

Звычайна Лада перапыняла размову з бацькамі нечакана — трэба вучыць. Дзесяць мінут на разрадку — і даволі, дысцыпліна ў яе жалезная. У той вечар яны гутарылі доўга, то сур’ёзна, то жартаўліва. Ніхто не перашкаджаў. Вольга Усцінаўна пабегла ў магазіны: трэба сабраць сыну гасцінец; мужаў напамінак, што тыдзень назад выслалі яму пасылку, не спыніў маці. Як можна ехаць без нічога!

Не, я ні ў чым не магу лічыць сябе вінаватым. Ні перад кім з вас. І ніхто з вас не мае права судзіць мяне! Гэта магла б зрабіць ваша маці. Перад ёй я маю віну, але — дзіўна — ніколі не адчуваў яе так, каб караць сябе. Тое, што я сказаў маладому маралісту, які хацеў спалохаць маёй тайнай, праўда: той Антанюк застаўся там, за мяжой, і ўсё засталося з ім. Не, лухта. Ніхто не хаваў аднаго Антанюка і не нараджаў другога. Якая мяжа? Калі і што дзяліла? Ніколі я не дваіўся, здаецца. Ды не, дваіўся ўсё-такі. Інакш пражыць нельга.

«Вы, бацькі, што папы… Вам страшна, каб мы не дадумаліся да адмаўлення таго, што вам здаецца святым…» Не, дачка. Мне не страшна. Тое, што для мяне святое, вы ніколі не адмовіце, бо яно было, ёсць і будзе святым для ўсіх. За гэта я не баюся. І будучыня ваша не хвалюе, бо ведаю, што жыццё ваша будзе лепшае, чым маё.

А што такое лепшае? Спакойненькае? Больш дабрабыту?

«А я не веру, што ад пазнання метаду разліку складаных атамаў стану лепшая…» Любіш ты, Лада, выпускаць калючкі. Ты пранікла ў будову матэрыі куды глыбей, чым я за ўсё сваё жыццё, за ўсё навучанне, і па логіцы ты павінна стаць лепшая. Удасканаленая мадэль. Але, на жаль, не заўсёды так бывае. Навука не адна. Навук многа. Ёсць яшчэ гіганцкі і складаны атам, які называецца чалавецтвам… Аднак я паўтараю твае словы.

Мы, бацькі, падобны на папоў не ў боязі сваёй, што дзеці дадумаюцца да адмаўлення чагосьці, а ў тым, што любім паўтараць тое, што вядома кожнаму малому, і выдаем старыя, як свет, ісціны за сваю бацькоўскую мудрасць…

Зноў супынка? Чаму на гэтым перагоне поезд спыняецца каля кожнага слупа?

А снег усё ідзе. Вунь у святле ліхтара кружаць якія матылі. Не рана? Нехта садзіцца. На такім паўстанку? Каб толькі не да мяне ў купэ. Эгаіст. Але ж поўна месц, вагон пусты. Міма. Дзякуй богу. Я павінен усё-такі разабрацца ў сваіх пачуццях. Чаму ўзнікла гэтае незразумелае адчуванне віны перад дзецьмі? Не толькі перад Васілём. Але і перад Ладай. Перад Вітай. Перад усімі дзецьмі. Якімі ўсімі? Не ўзнімайся, калі ласка да абстракцый. Ісціна заўсёды канкрэтная. Ладзе зайздросцяць. І я сам зайздрошчу такому таленту. І ганаруся. Хоць часам робіцца страшна за яе. Але сёння страху не было. Сёння грызе зусім іншае. Значыцца — Васіль. Можа ты даўно забыўся ўжо, як кінуў мне суровае абвінавачанне? А я помню, і мне баліць. Мая віна, што ты дрэнна ведаў, каму я служыў і як служыў. Я ніколі не ўмеў расказваць пра сябе, тым больш вам. Не ўмеў ці не меў часу? А можа баяўся? У самыя высокія, гераічныя моманты майго жыцця здараліся такія падзеі, сітуацыі, якія вы не здолееце правільна зразумець. І, аднак, я павінен быў расказваць больш. І не рэагаваць так хваравіта на любыя твае словы, помніць, што ў маладосці сам быў такі ж гарачы. Ды і не толькі ў маладосці. Напэўна, мне трэба было вось з такім спакоем і развагай разабрацца ў тваёй віне. Але ўсе мы з нервамі, у мяне яны добра такі падношаныя. А ты і да таго не раз біў па гэты сцёртых струнах. У малодшых класах прыносіў пяцёркі, а ў старэйшых тройкі. Званкі дырэктара, класнай, далікатныя просьбы прасачыць за сынам. Магло гэта мяне цешыць, радаваць так, як радавалі Ладзіны граматы і медалі?!

Пад націскам маці я пайшоў на ўніжэнне: прасіў за цябе, калі ты паступаў ва універсітэт. За Ладу не трэба было прасіць. Балела і цяпер баліць, што ты, мой адзіны сын, не такі, як твая сястра. Ну, няхай не выдатны — хаця б звычайны, як усе іншыя. А ці так ужо добра быць шэранькай звычайнасцю? Уласна кажучы, што я ведаю пра цябе? Што ты ўзначаліў кампанію крыкуноў, у якой, безумоўна, былі гультаі і, магчыма, хуліганы. Ім абы пашумець. Але хіба ўсе такія? Сам рэктар казаў: хлопцы здольныя і разумныя. Супраць чаго вы пратэставалі? Супраць аднаго дурня і прыстасаванца? Ці супраць метадаў выкладання? Хто ў гэтым разабраўся па сутнасці? Вы, нібыта, патрабавалі: «Марксізм-ленінізм павінен выкладацца сапраўднымі ленінцамі!» І наладзілі абструкцыю таму тыпу. Але ён і цяпер штодня ўзыходзіць на кафедру, тлусценькі, ружовенькі, задаволены сабой, і чытае, напэўна, усё па тых жа старых канспектах, зрабіўшы невялічкія купюры і такія ж устаўкі — каб звязаць з сучаснасцю.

Разумныя людзі з рэктарата, з гаркома і тады разумелі, што жорстка караць вас няма завошта. Караць трэба было за форму пратэсту, а не за сутнасць. Каб не распускаліся, не рабіліся анархістамі. Спадзяюся, што цяпер, у арміі, ты зразумеў гэта. Баюся я сустрэчы з табой, хоць яна і не першая. Але, здаецца, сам я стаў іншы. Тады я быў упэўнены, што ўсе вы заслугоўвалі больш суровага пакарання, што з вамі абышліся ліберальна і што я, адзіны, зрабіў мудра, памогшы, каб ты апынуўся ў другім універсітэце, дзе гэтак не няньчацца з такімі анархістамі.

Але цяпер я думаю: калі, па сутнасці, вы мелі рацыю, то як інакш вы маглі выказаць сваё абурэнне супраць подласці і невуцтва? Хіба не гэтак жа запратэставаў я супраць чарговага глупства і невуцтва ў вядзенні гаспадаркі? Дык чаму — адкажы сам сабе ў гэтым пустым вагоне, пад стук колаў — чаму тое, што ты праз усё жыццё рабіў сам, у сына, у сяброў яго палічыў крамолай? Здалося, што яны замахваюцца на тое святое, што ты заваёўваў крывёю, смерцю блізкіх? Не, і тады я не думаў так. Каб нешта падобнае ўчыніла Лада, я, напэўна, рэагаваў бы зусім інакш. А ты ўсімі сваімі паводзінамі накапліваў незадавальненне, расчараванне. І адбыўся выбух. Напэўна, сапраўды немагчыма растлумачыць бацькоўскі гнеў, як і смутак. Май на ўвазе, еду я не за тым, каб супакоіць сумленне і загладзіць сваю віну перад табой. Я не маці, каб плакаць і раскайвацца. Зараз не магу растлумачыць, навошта мне гэтая стрэча, але адчуваю, што яна такі патрэбна і табе і мне, што яна ў нечым паможа. У чым? Змагацца з дурнямі? Але які змагар той, хто на пенсіі? Пайсці на пасаду, якую прапанавалі? І памагаць такім, як Андрэй Пятровіч, прабівацца ў навуку? Як некаторыя навучыліся выбіраць месца там, дзе больш пэўнасці! Я ніколі не выбіраў.

Дзіця? Недзе праз купэ ці два. Немаўля… Выходзіць, не так пуста ў гэтым вагоне, што імчыць праз ноч, снежную імглу на поўдзень, да сонца…

А далібог, зрабілася неяк утульней ад дзіцячага плачу. Ён разбудзіў, запоўніў вагон, як тады ў тую снежную ноч запоўніў лагер і… і сагрэў зачарсцвелае, застылае сэрца камандзіра. Маё сэрца.

А вось і яна, маці, яе калыханка. Не бойся, жанчына. Не бойся некага разбудзіць, некаму перашкодзіць дасніць прыемны сон. Спявай гучней!

Чакай… Вось яно што! Віна? Завошта? Перад кім? Адказнасць. За цябе, Васіль. За цябе, Лада. За цябе, Сташко. За цябе, Віта. І за цябе, чужое немаўля. А віна… віну я адчуваю толькі перад табой, Павел. Перад адным табой.

Я знайшоў цябе ў лесе пасля таго, як Будыка сказаў мне тваю тайну. Ты сядзеў на пні. Свежыя сасновыя пні плакалі смалой. І бярозы плакалі. Кроплі бярозавіку звінелі ў збанах і кацялках, падвешаных партызанамі. Лес хаваў нас, грэў, паіў і карміў. Але вайна рабіла нас бязлітаснымі да лесу. Я сеў насупраць на такім жа пні. Я сказаў:

«Павер, Павел, я нічога не ведаў. Ты кахаў яе? З інстытута? Яна ведала пра гэта?»

Ты засланіў твар рукамі. Мне здалося, ты плакаў. Хлопчык мой! У дваццаць адзін год ты быў дзіця і рамантык-паэт, ты адзіны ў лагеры выступаў у абарону лесу, каб ашчаджалі яго; у тваёй планшэтцы знайшлі сшытак вершаў, ты пісаў пра сваё каханне і пра лес. Але за лес ты сварыўся з тымі, хто бязлітасна знішчаў яго. Пра каханне сваё не сказаў нікому, нават ёй.

«Ты кахаў яе і аддаў таму… гаду?.. Наіўны дзівак!»

Ты адхапіў рукі ад твару, бліснуў вачамі.

«О, ты не наіўны. Цяпер я ведаю, які ты! Думаеш, табе ўсё дазволена? Дзе тваё сумленне? Чалавечае, партыйнае! У цябе сям’я. Дзіця. Дзе яны? Як яны жывуць? Што ты скажаш ім? Як глянеш у вочы Вользе?»

Павел, не трэба табе было гаварыць пра маё сумленне. Я — чалавек. Звычайны. Не бог. Вайна, горкія гадзіны, мая ўлада над людзьмі, над атрадам, якую тады яшчэ ніхто не кантраляваў,— магчыма, усё гэта і сапсавала мяне. Але ў галоўным, у самым святым, маё сумленне было чыстае. Я не шкадаваў сябе, ішоў пад кулі першы — ты гэта бачыў. І пра сям’ю я думаў, хоць тады ні ты, ні я не ведалі, што яна так вырасла: месяц назад недзе на Урале нарадзіліся Васіль і Лада.

Я адказаў жорстка:

«Не чапай маё сумленне! Перад сям’ёй я буду адказваць! І перад людзьмі. Калі застануся жывы. А цяпер…»

«Цяпер табе на ўсё напляваць. І на ўсіх! Акрамя хіба яе».

«Не, не на ўсё, Павел. І не на ўсіх. Я прашу: застанься. Яе адашлём. Куды-небудзь у бяспечнае месца, у другі раён».

Ты здзекліва хмыкнуў:

«Такая ахвяра! З-за мяне? Што ты, таварыш камандзір! Як будзеш жыць без яе, камандаваць? Загіне атрад. Не, лепш пайсці мне».

Павел, навошта ты казаў гэтыя словы? Я нікому не дазваляў здзекавацца з мяне, ні раней, ні пасля. Не, пасля я зрабіўся абыякавы да любых слоў. Цяпер я думаю: каб прыняў іх спакайней, з мудрасцю і разважлівасцю старэйшага чалавека, які быў табе не толькі братам, але і бацькам, іх, словы тыя, можна было б зусім інакш вытлумачыць, зрабіць мастком да нейкага прымірэння, якое магло б утрымаць цябе ў атрадзе. Не, наўрад ці памагло б. Цябе глыбока раніла мая сувязь з ёй. Можа мне балела б больш, каб ты загінуў у маім атрадзе, на маіх вачах. Даруй мне, Павел, тую ўспышку, тыя дурныя словы:

«Ну і каціся на ўсе чатыры! К чортавай мацеры! Слюнцяй! Саплівы рамантык!»

Даруй… Што б ні здарылася, я не меў права так развітвацца з табой, так праводзіць цябе…

Дзіўныя бываюць сны. Гэты мой сённяшні амаль дакладна паўтарыў тое, што здарылася дваццаць два гады назад. Усю гісторыю з дзецьмі. Толькі што ў сне сярод дзяцей — мой Васіль, маленькі, схудалы хлопчык у лахманах, з фурункулам на шчацэ. Тады іх было — не адзін такі. Ды мацней, непараўнальна мацней пачуццё, якое я ўчора не адразу пазнаў,— трывога за дзяцей, адказнасць за іх. У сне — боль. І крык. І гнеў у спрэчцы… Спачатку з тым жа Каральковым, як было ў сапраўднасці, а потым — дзіўна! — з Кляпнёвым. Чаму прыплёўся гэты тып? Тры разы жагніся і плюнь, калі сасніў папа ці чорта.

У вывадах нашай групы кантролю трэба-такі запісаць Будыку, што акружыў сябе падхалімамі, людзьмі, якія ў тэхніцы ні бэ, ні мэ… Можа дойдзе да яго. А тады ён падтрымаў мяне, Валька. Сам ранены ляжаў, а падтрымаў. І гэта я сніў. Дакладна — слова ў слова — усю спрэчку, усю размову. Пакуль не ўлез Кляпнёў. Ні ў якіх мемуарах не здолеў бы, пэўна, прыгадаць усё з такой дакладнасцю, як у сне… Галасы людзей, якіх даўно няма. Шум прапелераў. Калючы снег у твар… Спалоханыя і радасныя вачаняткі дзяцей у ілюмінатарах, калі самалёт пачаў вырульваць на ўзлёт. Развітальны круг самалёта…

Толькі пасля гэтага, здаецца, пачаўся сон: я азірнуўся і ўбачыў, што не ўсе дзеці паляцелі, што многа-многа засталося іх на заснежаным полі, застылых, галодных, у лахманах, і сярод іх — Вася, маленькі Вася. І працяў такі боль за іх, апанавала такая трывога!..

Ва ўспамінах гэтага, пэўна, перажыць нельга. Дзіўна, што ніколі нікому не расказваў пра эпізод з дзецьмі.

Мая брыгада — ужо брыгада! — дыслацыравалася ў глухім раёне, далёка ад чыгункі і гарадоў. Гэта быў наш, партызанскі, раён. Брыгада несла ахову цэнтральнага аэрадрома злучэння. Паліцаі і карнікі спрабавалі выбіць нас, знішчыць базу і аэрадром. Бой цягнуўся колькі дзён. Фашысты адступілі. Але і мы нямала людзей пахавалі, другіх прывезлі раненымі. Хто ранены лягчэй — размясцілі ў сваіх шпіталях. Цяжкія чакалі эвакуацыі. Самалёты прыляталі рэдка. Тая другая наша партызанская зіма, Сталінградская, не была такая снежная і суровая, як першая. Аднак зіма ёсць зіма. І ў наш мірны час, пры сучаснай авіяцыі і лакатарах у аэрапартах, абсталяваных па апошнім слове тэхнікі, зімой часам пасажыры сядзяць па тыдню. А што казаць пра той час, пра тыя транспартныя самалёты! За два тыдні — адзін рэйс. Самых цяжкіх эвакуіравалі. А раненых не менела. Пасля вядомага саннага рэйду на аэрадром прывезлі сваіх цяжкараненых мінскія партызаны. З імі прыехаў і Каралькоў, паранены ў руку.

Штодня мы слалі радыёграмы — прасілі прыслаць самалёты. Амаль штодня атрымлівалі адказы, што заўтра-паслязаўтра самалёт вылятае. Але дарэмна мы чакалі, не спалі начамі…

Вось у адзін з гэтых дзён ён і прыйшоў да нас. Яго прывялі ў штаб дазорныя. Стары прастуджаны чалавек, з хваравітым бляскам вачэй. Дамагаўся на ўсіх заставах і ў атрадах, каб яго даставілі да самага галоўнага партызанскага начальніка. Ён такі і спытаў, з ходу, адразу, як увайшоў у зямлянку і пасля святла з цяжкасцю разгледзеў сваімі запалёнымі вачамі мяне за сталом: «Вы галоўны?»

«Няхай буду я».

«Не, без жартаў. Хто вы? Мне трэба ведаць».

«А ці не здаецца вам, што ў такой сітуацыі мы першыя павінны спытаць — хто вы?»

Ён не адразу зразумеў.

«Мне трэба ведаць… Зразумейце. Жыццё дзяцей… Вы — бацькі… Савецкія людзі…» — стары горача выкрыкваў словы без лагічнай сувязі.

«Хто вы?»

«Я дырэктар дзіцячага дома. У Пятроўцы. Ведаеце Пятроўку?»

Яшчэ б не ведаць! У мястэчку гэтым — паліцэйскі гарнізон, на які ў нас даўно гарэлі зубы.

Чалавек адубелымі рукамі расшпільваў кажушок, каб дастаць з-за пазухі нейкія дакументы, і ніяк не мог расшпіліць. Цяпер ён зацікавіў мяне.

«Дык што вы хочаце?»

Ён памкнуўся: да стала і зашаптаў, роспачліва, надрыўна, але шэпт той быў — што крык на ўвесь свет:

«Ратуйце дзяцей! Ратуйце дзяцей! Яны забіраюць па чатыры, па пяць і не вяртаюць маіх дзяцей! Што яны робяць з імі? Таварышы дарагія! Таварыш камандзір!..»

Сухія, чырвоныя ад бяссоння вочы напоўніліся слязьмі. І такія ж слёзы я ўбачыў у Каралькова, які ляжаў побач на канапцы, — яго той дзень ліхаманіла ад раны ці ад прастуды.

Я маўчаў, панурыўшыся. Дырэктар звяртаўся да нашай гуманнасці, да вялікага абавязку перад дзецьмі. Прасіў. Патрабаваў. Ён баяўся, што мы адмовімся, і спяшаўся пераканаць, захлынаючыся словамі.

Я доўга маўчаў. Ведаю, многія з сённяшніх гуманістаў могуць спытаць: чаму? Чаму маўчаў? Хіба можна было вагацца? А хто з вас, цяпер, у мірным жыцці, можа адразу, не задумаўшыся, узяць на сябе адказнасць за сотню дзяцей? Я мусіў браць адказнасць за іх жыццё. Дзіцячы дом — усё-такі дзіцячы дом, няхай галодны, халодны, пад вартай. Але штодня там не страляюць. А брыгада — фронт. Хто цягне дзяцей на фронт, на пярэдні край, пад кулі?

Фашысты растапталі ўсе законы чалавечнасці. На фронце бралі ў палон. Нас, партызан, расстрэльвалі на месцы. Дзеці ў зоне бою, у лесе, лічыліся партызанамі, іх знішчалі. Гэта я добра ведаў. Але менавіта тады, у той міг, з такой сілай упершыню адчуў тое, што ўчора. Сціснула-зашчымела сэрца.

Выгаварыўся дырэктар. Змоўк. Глядзеў на мяне. Гэтак жа глядзеў Каралькоў. Чакаў. Як прадстаўнік цэнтра, ён мог падказаць, нават загадаць. Але пабыўшы тры месяцы сярод партызан, разумеў, што выпадак не той, дзе можна ўжыць сваю ўладу.

«Колькі дзяцей?» — спытаў я.

«Шэсцьдзесят сем. А было сто восем. Сто восем! Куды яны забіраюць маіх дзяцей? Навошта ім дзеці?»

«Вывесці ўначы можаце ў лес пад Пацісню?»

Дырэктар здзівіўся, што я так ведаю наваколле далёкай Пятроўкі. Загарэўся. Замахаў рукамі.

«Выведзем, таварыш камандзір. Выведзем. Мы ж у маёнтку. Праўда, ахова і каля нас стаіць. Але — свае… Якія свае! Бобікі, сучыя сыны! Але ў нас… у нас… рахманыя. Яны не стаяць, а спяць у доме. Мы іх напоім… І самагонам. І снатворным… Выведзем!»

«Хто выйдзе з дзецьмі?»

«Трое нас. Усяго трое. Я… Клаўдзія Міхайлаўна. Не… я вам скажу па сакрэту. Яна — Клара Майсееўна. Наша старэйшая выхавацелька. Мы маскіруем яе і дрыжым, што хто-небудзь выдасць… Усе ж тутэйшыя. Ведаюць… Але гэта такі чалавек! Такі чалавек! Маці ўсім дзецям. Людзі праклялі б таго, хто выдаў бы яе немцам. Яна і корміць і лечыць дзяцей. Ды і не толькі дзяцей. Яна зарабляе нам хлеб тым, што лечыць другіх, роды прымае. Калі рабавалі аптэку, мы сёе-тое ўзялі для свайго дома. Дзеці ёсць дзеці. Яны хварэюць… А нам трэба жыць. Тады мы думалі — нядоўга. Вось-вось вернуцца нашы. Але калі немцы пачалі забіраць дзяцей…»

«Дзесяць фурманак хопіць?»

Дырэктар задыхнуўся ад шчасця.

Калі дзяжурны павёў яго на кухню — накарміць, Каралькоў падняўся і працягнуў мне левую руку: правая, забінтаваная, вісела на павязцы. Да болю сціснуў маю руку.

«Іван Васільевіч! Слоў ніякіх не кажу. Не трэба словы! — але, узрушаны, не вытрымаў: — Адно скажу: якія людзі! Якія людзі! Не, ты задумайся, камбрыг, толькі над гэтым фактам. Ніхто не выдае старую выхавацельку, хоць ведаюць нямецкія загады. Нават паліцаі баяцца… Гневу людскога баяцца. Матак, жонак, якія ніколі не даруюць. Які факт! А? Які факт».

Мне ён здаваўся звычайным. За паўтара гады партызанства мы былі сведкамі сотні выпадкаў вось такой інтэрнацыянальнай еднасці савецкіх людзей.

Калі дзяцей прывезлі, страчаць выйшаў увесь штабны атрад, усе сяляне вёскі, дзе мы размяшчаліся. А было гэта — толькі пачало днець, на світанні. Скаціліся яны калабочкамі з саней у сваіх лахманах і здзіўлена зіркалі, чаму сабралася столькі людзей і чаму жанчыны плачуць. А бабы праўда-такі нарабілі голасу. Хапалі малых, разводзілі па хатах, каб накарміць хутчэй, сагрэць.

Клопату дадалося. А самалёты не прыляталі. І надвор’е, здаецца, стаяла нішто. Хоць хто ведаў, якое яно было там, пад Масквой. Зводак не перадавалі. Але ж паўмесяца нідзе не магла гуляць завіруха. Каб хоць не было абяцанняў, можа чакалася б лягчэй. А тут яшчэ разведчыкі данеслі, што немцы рыхтуюць новае наступленне на наш раён. У мяне лопнула цярпенне. Я напісаў радыёграму:

«Начальніку штаба.

Калі заўтра-паслязаўтра не будзе самалётаў, адказнасць за смерць раненых, дзяцей ляжа на вас.

Камбрыг Антанюк».

Перад тым як аддаць шыфравальшчыку, паказаў Каралькову і Лагуну, камісару брыгады.

Каралькоў збялеў. Дрыжаў чалавек перад начальствам і за тысячу вёрст, за лініяй фронту.

«Ты сур’ёзна?»

«Мне зусім не да жартаў».

«Ды ты што, субардынацыі не ведаеш? Камбрыг! Май на ўвазе: быць савецкім партызанам — не значыць партызаніць, як табе ўздумаецца. Ты член партыі. Анархізму не дазволім! Забараняю слаць такую радыёграму!»

Я паслаў яго… Эх, як ён узвінціўся! Трохі да сардэчнага прыступу не дакрычаўся. Я загадаў паклікаць урача. Лагун, добры, разумны, але нерашучы чалавек, угаворваў мяне на вуліцы, па дарозе да зямлянкі, дзе змяшчалася рацыя:

«Нажывеш ты сабе, Іван Васільевіч, непрыемнасці».

«Ды я што — за чыны ваюю, за званні, за ордэны? Якая ў нас з табой можа быць непрыемнасць, большая за наступленне карнікаў, за блакаду? Што нам рабіць тады з раненымі? Пакінуць на здзек фашыстам?»

Радыёграма пайшла. На другую ноч прыляцеў самалёт. І Каралькоў адразу зрабіўся — хоць на хлеб яго маж. Трохі не лез цалавацца. Сам арганізаваў развітальны абед. Заглядваў у кацялкі на кухні. І ўсім «раздаваў ордэны».

А ў мяне заныла сэрца ў тую раніцу. Там жа на аэрадроме, каля замаскаванага самалёта. Смактала нейкая незразумелая трывога, ці боязь, ці бог яго ведае што. Увесь час здавалася, што нешта я зрабіў ці раблю не так, як трэба. Але што? Аб’ехаў пасты, наведаўся ў атрады, якія займалі самую дальнюю абарону. Не, усё як мае быць. Немцаў блізка не чуваць. Неба абяцае лётнае надвор’е. Уначы самалёт з цяжкараненымі возьме курс на падмаскоўны аэрадром. І ніхто яго ў такую ноч не перахопіць, толькі хіба над лініяй фронту абстраляюць зеніткі. Але пілот кажа, што гэта не страшна…

Недзе апоўдні вярнуўся ў штаб. Сядзяць Каралькоў, Лагун, Будыка, урач, пілот. Складаюць план эвакуацыі. Прасцей кажучы — складаюць спіс, каго вывезці ў першую чаргу. Працягнулі спіс мне. Доўга я чытаў дваццаць нейкіх прозвішчаў. Так доўга, што яны ўсе прыціхлі, насцярожыліся.

Урач сказаў:

«Хацелі Валянціна Адамавіча ўключыць — ён адмовіўся».

«Ды я ўжо скачу, як заяц», — засмяяўся Будыка, стукнуўшы мыліцай.

Між іншым, і пазней, увосень сорак трэцяга, ён адмовіўся эвакуіравацца. Выклікалі на нараду начштабаў — прытварыўся хворым. Усе лічылі за шчасце паляцець на Вялікую зямлю, а Будыка ўсяляк адкручваўся. Але тады я падумаў пра другое: «Валька адмаўляецца, хоць такі ж ранены, а некаторыя рвуцца…»

З новай сілай засмактала ўсяродку: нешта тут не так. Але што? І раптам… Кажуць у такіх выпадках — прасвятліла. Я кінуў спіс на стол і сказаў:

«Гэтым рэйсам паляцяць Чугуноў, Канцавы, Файзулін. Ім патрэбны неадкладныя аперацыі. Клара Майсееўна… І дзеці! Пілот, колькі можаш узяць дзяцей? Ад пяці да дзесяці год».

«Дзяцей? Якіх дзяцей?»

«Нашых».

«Здаровыя? Сядзець могуць?»

«Могуць».

«Ды такога гароху — чалавек… трыццаць».

«Зэр гут, панове афіцэры, — весела сказаў я. — Так і запішам: ляцяць усе малыя».

Але ў адказ — толькі больш шумнае, чым звычайна, са свістам і хрыпам, прастуджанае дыханне Каралькова ды скрып новай пілотавай партупеі.

Будыка вачамі ўхваліў: правільна! Але чакаў, пакуль выкажацца ўпаўнаважаны. Лагун таксама глядзеў у рот Каралькову. А той маўчаў. Доўга. «Чапай думае», — хацелася мне пажартаваць. А можа ён зараз устане і пацісне руку, як тады, пры дырэктары дзіцячага дома? Каралькоў усё ўзважыў, усё абдумаў з паважнасцю і сур’ёзнасцю чалавека, на якога ўскладзена найвышэйшая адказнасць. І сказаў разважліва і спакойна:

«Іван Васільевіч, мы разумеем цябе, твае пачуцці. Мы — усе бацькі, і першы наш клопат — пра дзяцей, што б ні здарылася, якая б складаная сітуацыя ні ўзнікла. Дзеці — наша будучыня. Але давай усё ўзважым. Уяві, што самалёт зноў не прыляціць тыдзень, а то і два. Ты чуў, што расказваў пілот? Усе транспартнікі кінуты пад Сталінград дабіваць Паўлюка. Вось і думай… А ў гэты час Швальдэ пачне наступленне. І раптам здарыцца, што вам прыйдзецца адступіць. Вайна ёсць вайна, асабліва партызанская. Дзяцей можна раздаць па сёлах. Сяляне іх смела возьмуць, бо іх лёгка выдаць за сваіх. Ды хто будзе дзяцей шукаць? А раненыя… Куды ты дзенеш раненых? Нарэшце, ты ўпэўнены, што самі раненыя зразумеюць нас? Яны ведаюць, што прыляцеў самалёт, і кожны марыць хутчэй апынуцца на Вялікай зямлі, у шпіталі. Ты не ведаеш псіхалогіі раненага?»

Яго тут жа падтрымаў наш брыгадны ўрач Вапняк. Мы ўжо ведалі: чуць што не так — доктар адразу ставіць ультыматум. Я не аднойчы пагражаў яму, што расстраляю за такія ультыматумы, але на яго гэта мала дзейнічала. Ён і тады пачаў з заявы, што калі такія раненыя — прачытаў прозвішчаў пятнаццаць — застануцца ў нашых умовах хоць на адзін дзень, ён складае з сябе абавязкі галоўнага ўрача. Можаце расстрэльваць яго, можаце вешаць — як больш даспадобы. За ім — Лагун, добранькі, далікатны. Нагадаў, што ў атрадзе жыве дзіця, якому ўсяго другі годзік — Віта! — і нічога, гадуецца, расце. Адным словам, нагадаў перад адлётам упаўнаважанаму, у якіх адносінах камандзір брыгады з маці гэтага дзіцяці. Капнуў. Ды мяне гэта мала кранула, бо тайны я не рабіў.

Будыка сказаў, што не можа згадзіцца, нібыта ўсе раненыя рвуцца ляцець. Давайце апытаем — добрая палавіна адмовіцца. Тыя трое адчулі: начштаба — мой саюзнік, і пачалі пераконваць яго.

Я маўчаў. Мабыць, не перабрадзілі яшчэ мае пачуцці, не выспела трывога. Мяне пераканалі. Я здаўся. Без бою. Толькі ўзяў з Каралькова абяцанне, што ён даможацца, каб выслалі спецыяльны самалёт за дзецьмі.

Быў урачысты абед. Пілі спірт. Гаварылі развітальныя тосты, сур’ёзныя і жартаўлівыя. На стол падавала Надзя. Пілі за яе здароўе. П’янаваты Будыка цалаваў ёй рукі. П’янаму Вальку заўсёды хацелася цалаваць Надзіны рукі і прызнавацца, што ён ажаніўся без кахання, але ніколі не здраджваў жонцы. Аднойчы я даў яму па мордзе за гэта — за напамінак, што ён лепшы за мяне, грэшнага.

Здаецца, усё было як мае быць. Усе былі задаволены. І я таксама. Праўда, асаблівай весялосцю не вызначаўся на тым абедзе, але і не сядзеў цёмнай хмарай. Тое трывожнае ранішняе пачуццё пэўна заснула, ап’янелае.

Пасля абеду Каралькоў і Будыка спалі — людзі раненыя. А я выйшаў на вуліцу заснежанай лясной вёсачкі. Паглядзеў на блізкі лес — наш, а з другога боку — на далёкі, што сінеў за палямі; за ім, тым лесам, — вораг. Трохі бліжэй да вёскі — пасадачнае поле. Там, у бярэзніку, замаскаваны самалёт, які так доўга чакалі. Калі прыляціць наступны? І зноў засмактала ў сэрцы трывога. А тут яшчэ і яны, дзетдомаўцы, трапілі на вочы. Колькі хлапчукоў разам з сялянскімі цягнулі з лесу на саначках сухое галлё.

Быў мой загад — памагчы сялянам нарыхтаваць і перавезці паліва. Чаму дзеці возяць на сабе? Моцна дасталося каменданту і камандзіру штабнога атрада.

Заглянуў у шпіталь. Пад паветкай легкараненым глушаць самагонку. Вапняк, хітруга, ведаў, калі можна пярэчыць, ставіць ультыматум, а калі трэба маўчаць. Стаяў навыцяжку, згаджаўся: «Слухаюся, таварыш камбрыг!»

Ускочыць хіба ў сядло — і ў дальні атрад? Няхай праводзяць самалёт без мяне. Зайшоў у хлеў, пастаяў каля свайго гнядога, пагладзіў яго, нецярплівага, гарачага. Конь ірваўся на прастор. Няхай бы ляцелі ледзяныя іскры з-пад капытоў! Надзя баіцца маіх паездак — у атрадах цяпер многа дзяўчат. О, жаночая душа! Ужо ты прысвоіла мяне і да ўсіх раўнуеш. А сама заліваешся чырванню, калі начштаба цалуе табе рукі. Пэўна, прыемна. Хацелася «завесці» сябе, узлавацца на ўсіх і сапраўды махнуць у лес, аднаму, — няхай шукаюць камбрыга! Не, нічога не кранала, нічога «не заводзіла». Усё адлятала рыкашэтам. Адно стаяла перад вачамі, сціскала сэрца: дзеці. Як іх прывезлі, застылых, спалоханых і ўзрадаваных, што яны сярод партызан, як Надзя карміла адразу траіх, самых малых, гадоў па пяць, а я памагаў ёй. І ранены Будыка памагаў. Скакаў на мыліцах перад малымі. Хацеў насмяшыць. Дзеці не смяяліся. Глядзелі сумна, са спачуваннем. Яны ўсё разумелі. Ведалі, што такое раны. І Надзя зноў заплакала ад гэтых іх позіркаў. Дзеці адталі толькі тады, калі перад імі з’явілася жывая лялька — маленькая Віта. З ёй яны гулялі, як дзеці. Але, Віта расце ў атрадзе. Аднак колькі страху перажываю я ў кожным баі! За яе адну. А колькі можна перажыць за ўсіх? Але нельга не згадзіцца з Каральковым, з Лагуном: раненыя ёсць раненыя, яны нашы байцы, нашы таварышы. Хіба я вораг сваім людзям?

Паехаў на аэрадром. Чырвонае марознае сонца ўпала ў лес. Пасінеў снег. Пілот і штурман прагравалі маторы. Неўзабаве ў аэрадромную зямлянку прывезлі першых раненых. Не самых цяжкіх. Мелася на ўвазе, што цяжкіх прывязуць к самаму адлёту, каб з саней — у самалёт.

І вось тады выспела гэтае маё пачуцце і сарвалася, як той яблык, нечаканай камандай:

«Адставіць вазіць раненых! Перадаць дырэктару, Клары Майсееўне — сабраць дзяцей! Каму менш дзесяці!»

Праз паўгадзіны на аэрадром прымчаліся ўпаўнаважаны, камісар, начштаба.

Цяпер ужо Каралькоў крычаў на ўсё поле, абвінавачваючы мяне ва ўсіх грахах, існых і выдуманых.

«Як упаўнаважаны цэнтра, я адхіляю вас ад камандавання брыгадай. Таварыш Лагун, прыміце камандаванне!»

Я спакойна паказаў яму дулю. Ён мяне будзе адхіляць! Дзе ты быў у сорак першым? Каралькоў схапіўся за кабуру. Але ў мяне пісталет быў бліжэй.

Камісар кінуўся паміж намі. Прасіў. Маліў.

Каралькоў загадаў пілоту:

«Не слухайцеся гэтага чалавека! Я — прадстаўнік цэнтра! Самалётам магу камандаваць толькі я!»

Пілот узлаваўся.

«Пайшлі вы!.. У мяне сваіх камандзіраў хапае! Я — рамізнік. Павязу — каго пагрузяць».

Пагрузілі пяцярых цяжкараненых і дзяцей. Праўда, менш, чым я меркаваў,— самых малых і хворых.

Каралькоў спрабаваў улезці ў самалёт, каб ляцець з дзецьмі. Але каля трапа стаяў я.

«Вы, таварыш Каралькоў, не цяжкаранены і можаце пачакаць. Вам гэта будзе на карысць. Падумаеце, астынеце…»

«Ну, бандзюга, ты гэты дзень будзеш помніць да канца жыцця», — пагразіў ён мне.

Я помню яго, Каралькоў. Помню. І ведаю, як ты хацеў з’есці мяне. Першы раз прамахнуўся. А потым залішне доўга хадзіў вакол, прыцэльваўся і… спазніўся. Наступіў час, калі ты мог толькі памагчы паслаць мяне на ганаровую пенсію. Не больш. А цяпер укусі ты мяне… Тады мы цябе добра-такі астудзілі. На тваё шчасце, другі самалёт прыляцеў вельмі хутка, нешта дні праз тры-чатыры. Праз месяц мяне выклікалі ў Маскву. Валька Будыка параіў цішком:

«Не ляці. Дамо радыёграму, што ляжыш з запаленнем лёгкіх».

Я праўда-такі трохі грыпаваў. Ніколі і нідзе не быў я баязліўцам, але ў той раз паслухаўся інжынера — не паляцеў. Лагун, які злятаў, вярнуўшыся, выказваў крыўду, праўда, нібыта жартуючы:

«Сапсаваў ты, Іван Васільевіч, нам з начштаба кар’еру. Казалі аўтарытэтныя людзі, што на ўсіх траіх нас былі падрыхтаваны наградныя лісты — на залатыя зорачкі».

Тады Будыка смяяўся. А цяпер нешта часта ўспамінае гэтую неатрыманую зорачку.

— Кіеў-пасажырскі. Стаянка дваццаць мінут.

О, гэта я столькі праваляўся! Выйду, гляну на цябе, бацька гарадоў славянскіх!

Загрузка...