XV

Пазваніла Вольга. Доўга распытвала пра здароўе, пра работу, пераказвала сынава пісьмо і, як бы між іншым, паведаміла:

— Тэлеграма табе. Слухай: «Іван, памажы знайсці Віту». Без подпісу. — І з іроніяй і рэўнасцю ўсумнілася: — Куды яна магла дзявацца, ваша Віта? — Але тут жа знішчыла сваё сумненне мацярынскай разважлівасцю, амаль трывогай — Загубіце вы дзяўчыну сваімі тайнамі!

Магчыма, сама тэлеграма без гэтых жончыных слоў: «Загубіце вы дзяўчыну!»— не прачыталася б як роспачлівы кліч дапамогі. А тут адразу ёкнула сэрца: здарылася бяда. І вельмі можа быць, што вінаваты ён. Трэба ехаць. Не марудзячы ні хвіліны.

9 снежня 1964 года

Даўно не разгортвала гэты сшытак. Можа год. Чаму зноў захацелася нешта запісаць? Што? Дзённікі вядуць закаханыя. Няшчасныя. І, напэўна, вельмі шчаслівыя. А я? Паперы магу адкрыць тайну: здаецца, я закахалася. Але здарылася «такая бяда» не ўчора. І пісаць у дзённік пра каханне сваё ні разу не захацелася. А вось пра гэта… Чалавек сказаў, што ён мой бацька. Была я сіратой і раптам маю бацьку — партызанскага камандзіра. Ура! Рагатаць ці плакаць? Маці, якая столькі цямніла з маім нараджэннем, прызнала гэты факт. А каму, як не ёй, ведаць, ад каго я нарадзілася? Але ўсё-такі здаецца, што і цяпер яна нешта цямніць, не дагаворвае, мая святая мама. Сумна. Крыўдна. Якія дурацкія забабоны! Законна народжаная я ці незаконна? Што такое законна і незаконна? Ханжаства. Ідыятызм. Мне ўсё роўна, як мяне нарадзілі, па якіх законах. Ой, ці так? Думала ж, што мне ўсё роўна, хто мой бацька, ёсць ён ці няма. Ажно, выходзіць, не. Вось табе і на!

Некалі я ўзненавідзела гэтага чалавека, калі зразумела, чаго ён зрэдку наведваецца. Але паступова нянавісць прайшла. Я ўбачыла жыццё, і тайнае каханне маці здавалася смешным і наіўным. Каб я так не любіла маці, то са сваім дурным характарам, напэўна, здзекавалася б з яе. І так вырывалася — я натура ўсё-такі грубая, нястрыманая. Неяк спытала ў маці: «Чаму гэта твой каханы больш не прыязджае?» Яна загарэлася, як дзяўчынка. А пасля цішком плакала. Я папрасіла даравання. Маці ёсць маці. Нікога ў мяне бліжэй і даражэй за яе не было і няма.

Ох, як мне захацелася паздзекавацца з яго, калі маці, чырванеючы, прашаптала ў школьным калідоры, што прыехаў яе «партызанскі таварыш»! Ох, думала, дам я гэтаму таварышу! Аж пальцы засвярбелі. Але мама як адчувала: «Я прашу цябе, Віта… Я прашу…»

Здагадалася, пра што яна просіць.

Прыйшла дадому, а ён спіць на канапе. Як дзіця. Малы. І стары ўжо. Хіба пакрыўдзіш такога?

Праўда, калі ён сказаў, я такі чуць не ўзбунтавалася. Хацела крыкнуць: «А ці не залішне позняе ваша прызнанне, дарагі І. В.? На ліха мне цяпер ваша бацькоўства!»

Але пасля яго слоў я не магла ўжо сказаць нічога грубага, бестактоўнага. Усё перавярнулася ва мне. Выходзіць: бацька ёсць бацька. Вось табе і ўмоўнасці. Як зачараваў. Такая добранькая стала, ветлівенькая, што цяпер ажно брыдка.

У яго сям’я, дзеці. У мяне — сёстры і брат. І смех і грэх. Была я без роду, без племені — і на табе. Адразу разбагацела. Фантасмагорыя нейкая. Сон.

Сапраўды — што сон. Тыдзень хаджу як ачумелая. Распытваю ў маці: як жа я ўсё-такі нарадзілася? Бянтэжыцца, чырванее, як дзяўчо. Шкада мне яе. І злосць бярэ. «Ды не маленькая ж я, мама! Калі-небудзь да цябе дойдзе, што я не толькі дарослая, але і перарослая!» Цямніць мая матулька нешта. Ой, цямніць. Таму і радасць мая пацямнела. Сумненні з’явіліся. Ці не змовіліся яны? Не, мама сцвярджае, што праўда — ён мой бацька. Змову такую немагчыма зразумець. Хацела патрабаваць у маці: «Пакляніцеся!» Пабаялася — абразіцца.

Першыя дні так карцела Алегу сказаць, што І. В. — мой бацька. Расхацелася. Не скажу. Спытала, што ён думае пра І. В. «Калючы ён. Побач з такім цяжка жыць. Як ні павернешся — уколешся». — «А ты любіш мякенькіх? Як цёплая падушка? Дык ведай: я такая, як ён!» Хацелася пасварыцца. Але з Алегам нельга пасварыцца: вельмі ён добры. Добры ці добранькі? Не люблю добранькіх! Не люблю мякенькіх, лагодненькіх!

Калі І. В. такі, як кажа Алег, то я, без сумнення, яго дачка. Спытала ў маці: «І. В. быў суровым камандзірам?» — «Да сваіх? Да партызанаў? Што бацька родны. Любіў людзей, бярог. На дурную смерць ніводнага чалавека не паслаў».

Знайшла аб’ектыўнага суддзю! Мама моліцца на яго. За такое каханне, якое пранесла мама, можна ўсё дараваць. Я хацела б так пакахаць, як яна. Няхай нават і так няўдала — жанатага.

Выпаў снег. Глыбокі. А то ўсё дражніўся. Люблю такую зіму — снежную. Усё навокал — быццам толькі на свет з’явілася ці аднавілася.

Хадзілі з Алегам на лыжах. Ён не ўмее. Дзіўна. Дзе чалавек рос? Чым займаўся да трыццаці гадоў?

Вучыла яго. На рэчцы правалілася. Трамплінчык з берага мне падабаўся, я скочыла, а лядок кволенькі, снегам засыпаны. Ніколькі не спалохалася, бо ведаю: каб і хацеў утапіцца ў нашай рэчцы, то нельга — вады па калена, восень сухая была.

Алег вельмі спалохаўся. Разгубіўся, не ведаў, як ратаваць мяне. Бегаў па беразе, збялелы, лыжу сунуў: «Хапайся!» А навошта хапацца? Вада і праўда па калена. І побач лёд моцны. Чамусь у адным месцы такая праталіна. Нібы крыніца там гарачая.

Мама і Алег гадзіны тры адагравалі мяне. Як малую. Каб не захварэла. Маці цёрла ногі спіртам. Паілі чаем з гарэлкай. Фу, якая гадасць! Цяпер п’ю чай з малінай. Пітво багоў!

Абрыдлі іх турботы. Чуць вытурыла ў кіно. Ляжу адна. Часам так неабходна чалавеку пабыць у адзіноце! Цішыня. Па радыё Чайкоўскага перадаюць. Хораша! Аж плакаць хочацца. Старэю, мабыць. І інстытуце не любіла класікі — сумна. Эстраду давай, джаз! І раптам усё наадварот. Мама парадавалася б, каб даведалася, што я плачу, слухаючы Чайкоўскага. А можа гэта зусім і не ад музыкі? Я не так ужо ўважліва і слухаю. Я думаю. Поўная галава думак. Пра што? Пра ўсё. Хлушу я сама сабе. Больш — пра яго, пра І. В. Дзіўна, ні ў размове з мамай, ні ў думках я не магу назваць яго бацькам. Але думаю як пра бацьку. Адступілі сумненні. Хачу верыць усяму таму, што расказвала маці. Хачу любіць. Што ні кажыце — добра, калі ў чалавека — няхай яму і 23! — ёсць маці, бацька. І сёстры. І брат. Хачу любіць вас усіх, мае незнаёмыя сваякі!

Рэпеціруем «Лявоніху на арбіце». А ў «палацы культуры» нашым — холадна. У канторы саўгаса — дыхаць няма чым, вокны расчынены насцеж, каб ахаладзіцца, а тут паліто нельга распрануць.

Падбівала сваіх акцёраў усёй капэлай пайсці да Сівалоба. Адны саромеюцца, другія баяцца. Не ўсе згадзіліся. Зайцы. Але ўсе дружна наваліліся на Толю Плюшчая. Бедны Толік! Ён добры хлопец. Шчыры працаўнік. Але нясмелы. Дрыжыць перад старэйшымі, асабліва перад начальствам. Баіцца сапсаваць адносіны з дырэктарам, з парторгам. І ад камсамольцаў не ўмее адбіцца. Ён — паміж кавадлам і молатам. Я казала ўжо яму неяк: «Расплюшчаць цябе, Плюшчай, калі-небудзь». Смяецца: «Мяне „газікам“ ужо раз пераехалі». Ён аўтамеханік. Ляжаў пад «казлом», а шафёр не ўбачыў, рашыў адагнаць машыну, замінала яму. І адно кола пераехала Толю. Нічога, ніякага пералому. Ён, дурань, рашыў паказаць сваю эрудыцыю: «Я — што іёг». З таго часу і прыляпілі яму мянушку гэтую — Іёг. Толя не крыўдзіцца, а маці яго вельмі перажывае. Сварыцца з тымі, хто кліча сына так.

Толя расхрабрыўся ўчора, калі наляцелі на яго за халодны клуб. Пайду, кажа, пазваню Сівалобу, каб рэпеціраваць у канторы. А ў нас — прынцып.

«На чорта нам кантора, дзе ні сцэны, нічога. Напаліце клуб». Хоць наўрад ці можна яго напаліць. З Сівалобам я ўжо сварылася. Прабіць яго, здаецца, нічым нельга. О, гэта кадр той! Той яшчэ! Здаецца, так пра яго казаў І. В. Для мяне І. В. робіцца аўтарытэтам. Быццам да яго не ведала, што такое Сівалоб. Ведала!

Трэба паспрабаваць узяць яго абхадным манеўрам. Кажуць, маладая жонка вяроўку можа віць з мужа.

Так доўга не заходзіла да Сівалобаў таму, што вельмі ж хацелася зайсці ў іх дом-музей. Штодня парывалася і штодня стрымлівала сябе. Расказала ўсім дзяўчатам пра гурток па модах, спадзявалася, што дойдзе да Сівалобіхі жаданне наша і яна прыйдзе сама. Не прыйшла. Разы два сустрэла яе на вуліцы, у магазіне. Яна ветліва віталася, але нічога не пытала. Забылася на сваё абяцанне. Ці не хацела? Каб яна паўтарыла сваё запрашэнне — я пайшла б следам, як школьніца за настаўніцай, з сардэчным трапятаннем.

Сам Гардзей Лукіч, спаткаўшы аднойчы, здзівіў уважлівасцю і ласкавасцю. «Чаму ж не заходзіце, Віталія Іванаўна?» А раней не заўважаў, праходзіў міма. Можа і таму яшчэ не ішла, што ён запрасіў. У мяне гонару — што ў шляхцянкі слуцкай, у нашай Адаліны Аркадзеўны. О, як яна ненавідзіць мяне! Божа мой! Завошта? Настаўнікі кажуць: Адаліна лічыла, што дырэктар-халасцяк павінен быў належаць ёй, самай пекнай, самай адукаванай: гаворыць па-англійску, па-нямецку, па-польску.

Па-беларуску, праўда, развучылася случаначка. Я аднойчы сказала ёй пра гэта. Як яна ўз’елася! Але я не злуюся на яе. Шкада яе. Ёй так хочацца замуж. А хіба я вінавата, што не яна, а я спадабалася Алегу? Ніякая я не добрая. Я злосная, уедлівая. Штодня здзекуюся з яе — з Адаліны. А цётка Марына, гаспадыня яе, казала маёй маці, што кватарантка плача па начах, у падушку. А я не помню, калі плакала. Можа праўда для яе гэта трагедыя? А для мяне — жартачкі.

Раскідалася я сёння ва ўсе бакі. «У гародзе бузіна, а ў Кіеве дзядзька». Хацела запісаць толькі, як хадзіла да Сівалобіхі, а дапісалася да Адаліны. Няхай ёй добра ікнецца! А мне час ужо ў ложак, заўтра — першы ўрок. Чую: мама не спіць, услухоўваецца, стаіўшы дыханне, быццам хоча пачуць на адлегласці, пра што я пішу. Яна думае, што я ад кахання распісалася, бо раней жа не пісала. Не, мама, галоўная прычына, што я зноў пачала таемную размову з дзённікам — не маё каханне, а тваё: з’яўленне І. В., адкрыццё тайны, якую вы так доўга таілі. Амінь! Добрай ночы, Віталія!

Учора мой візіт да Сівалобіхі здаваўся значным, размова цікавай. А сёння сорамна за гэтае наведванне. Развалілася, як пані, на мяккай канапе, пейзажыкамі любавалася, арэшкі грызла, цукерачкі, лікёрчык лізала. Цьфу! Як мяшчанка. Слухала пустую балбатню. І сама малола ўсякую лухту. О, гэтая кошка можа замурлыкаць, зачараваць, выклікаць на шчырасць.

«Вам хочацца дзіця, Маша?»

«Дзіця? Я ўжо старая баба, мне трыццаць пяць гадоў».

Ухілілася ад шчырага прызнання, хітруха.

«А вам, Віта?»

«А я хачу мець сына. Прыгожага і разумнага».

Сама сабе ніколі не прызналася ў такім жаданні, а тут — на, любуйся, якая я. А можа няпраўду сказала? Для прыгожага слова ці насуперак ёй: ты — не хочаш, а я хачу. Але сёння ўсё роўна сорамна. Як можна дзяўчыне казаць такое? Яна мужу скажа, нават, калі хочаш, Алегу. Па сяле разнясуць. Варона ўсё-ткі я.

«Чаму ж вы замуж не выходзіце?»

«Ніхто не сватаецца».

«Мужчыны неразумныя. Не бачаць, дзе скарб. Алег Гаўрылавіч вам падабаецца?»

Я не адказала.

«Пачырванелі. Значыцца, падабаецца».

Мама родная, як ганебна я сябе паводзіла! Я, якая нікому ні ў чым не ўступала, па слова ў кішэню не лазіла, пры тым першым наведванні сівалобаўскага музея з І. В. і Алегам так шпіляла гэтую Машу, што, пэўна, ёй і цяпер баліць! «А сабачкі ў вас няма?» Але ж і яна ўмее адказаць: «У нас кошка ёсць. Яна ловіць мышэй».

Невядома яшчэ, хто каго мацней укалоў. Урэшце, калі быць справядлівай, то нельга не прызнаць, што жанчына гэтая ўмее сябе трымаць, умее падабацца. Нават заваражыла і мяне. Сядзела я перад ёй дзве гадзіны, як трусік перад удавам.

На маю просьбу памагчы нам аформіць спектакль, зрабіць эскізы касцюмаў Маша засмяялася:

«Віта, мілая, якія эскізы! Вы будзеце шыць касцюмы для спектакля пра калгас?»

Пра эскізы я, безумоўна, ляпнула дзеля прыгожага слова, каб падняць значэнне нашай работы. Ніхто касцюмаў шыць не будзе. Хто нам грошы дасць? Ды і навошта, калі акцёры ў такім спектаклі могуць выйсці ў сваім натуральным выглядзе?

Але, здаецца, толькі тут не паддалася яе гіпнозу: настойліва прасіла памагчы нам падабраць касцюмы і зрабіць дэкарацыі.

«Ды не рабіла я гэтага ніколі».

«А вы паспрабуйце. Няўжо вам нецікава пабыць з моладдзю? Хіба не сумна адной сядзець?»

Спахмурнела трохі ад такога запытання. Відаць, усё-такі сумна. Але ж гонар, як у Адаліны.

Пэўна, каб адчапіцца ад мяне, паабяцала паспрабаваць.

«Толькі дайце мне час праверыць сябе. Што я ўмею».

Правярай на здароўе.

А вось школай чамусьці сама зацікавілася — гуртком кройкі і шыцця. Цяпер яе не шакіравала такая празаічная справа. «Мастак не шые». Цяпер сама сказала, што без практычнага шыцця мадэліраванне не мае сэнсу і тэарэтычна добраму густу навучыць нельга. Што праўда, то праўда.

Калі разважыць вось так спакойна ў вячэрняй цішыні, дык схадзіла я не без карысці. Дарэмна сёння цэлы дзень караю сябе, хоць учора адчувала пераможнай.

Не, Віталія, паводзіла ты сябе ўсё-такі шмат у чым не адпаведна твайму характару і прынцыпам. Згадзіся з гэтым, пакайся і… кладзіся спаць.

Адаліна даўно распускае пра мяне брудныя плёткі. Ігнаруючы, як кажуць, грамадскую думку, я ўвечары заходжу ў халасцяцкі Алегаў пакой пры школе. Яшчэ ў інстытуце была я злейшым ворагам умоўнасцяў і забабонаў.

Але тое, пра што плешчуць Адаліна ды іншыя кумкі, магло здарыцца толькі ўчора. На шчасце, не здарылася. На чыё шчасце?

І раней мы цалаваліся. Не святыя. Учора ён пачаў цалаваць, калі я сядзела на канапе. Цалаваў вельмі горача. І мне было премна. Я не адбівалася… пакуль рука яго не палезла куды не трэба. Тады я так ірванулася — недарма ў інстытуце была разрадніца — што ён апынуўся на падлозе. Мяне рассмяшыла, як ён пляснуўся. А ён пакрыўдзіўся, узлаваўся, кінуў мне: «Дурная!» Тады і я ўзлавалася, нагаварыла чорт ведае чаго і выскачыла, як абвараная.

Мне трэба было дзе-небудзь пагуляць у полі, каб супакоіцца. Але снег забіў усе дарогі і сцежкі. Мяло. І я адразу прыйшла дадому, разгарачаная, узварушаная. Мой выгляд спалохаў маці. Як яна ўглядалася ў мяне! Доўга. Моўчкі. І як хавала я вочы! Мама не вытрымала, спытала:

«Што з табой, Віта?»

«Нічога, мама».

Безумоўна, я пачырванела, збянтэжылася, як малая. О, мама, мама, якое ў цябе пільнае вока! Якія пакутлівыя хвіліны я перажыла, пакуль не здагадалася, што самае лепшае — сказаць, калі не ўсю праўду — сорамна ўсю — то хаця б паўпраўду.

«Я пасварылася з Алегам».

Маці ўздыхнула, здалося мне, з палёгкай. Ведаю: ёй не вельмі падабаецца Алег і мае адносіны з ім. Ды я пачала апраўдваць яго:

«Не думай дрэнна пра Алега. Гэта я вінавата. Ты ж ведаеш мой характар. Пачалі спрачацца пра фільм, а кончылі тым, што пасварыліся. Я нагрубіла».

Што я магу нагрубіць — у гэта мама паверыла. Дзіўна. І крыўдна. Нават мама лічыць, што я такая. А каго я абразіла? Абражаюць мяне.

Зноў-такі, нават мама лічыць, што я вельмі сучасная — у паводзінах, у поглядах на жыццё, на людзей, на мастацтва — на ўсё. І ніхто не ведае, што я можа самая старамодная. У галоўным — у пачуццях сваіх. Як тургенеўскія гераіні.

Гэтак жа было ў інстытуце з Лёнем. Год сябравалі. Усе дзяўчаты былі ўпэўнены, што мы пажэнімся. Але калі вясной у лесе ён вось так нахабна хацеў узяць мяне — я дала яму па мордзе. І скончылася на гэтым Лёнева каханне. На другі дзень хлопец пайшоў з Лейкай Квашой, а перад выпускам яны пажаніліся. Ужо дачку маюць. А я засталася з такам. Добра, тады мне было дваццаць. А цяпер дваццаць тры. Каму патрэбна такая цнатлівасць у такія гады? Тым больш, што гавораць пра мяне і думаюць зусім іншае. Можа нават і мама не ўпэўнена, што я не ведала мужчыны. І нікому не дакажаш. Мне будзе нялёгка перажыць, калі Алег адвернецца гэтак жа, як Лёня. Яго тут жа прыгрэе Адаліна. Яна прыгожая і, вядома ж, больш вопытная, не такая дурная, як я.

Каюся? Шкадую? Не! Не! Не каюся. Не шкадую. Зразумей жа ты, чалавек, інтэлігент, што я не магу так. Не магу. Абразліва гэта. Брыдка. Назаві мяне сваёй жонкай — і я лягу з табой у ложак. Прытулю тваю галаву да грудзей… Думаеш, я не хачу такой ласкі, не сумую па ёй? Але ж ты не назваў мяне сваёй жонкай. Што ж табе трэба ад мяне? Калі ты кахаеш, навошта табе трэба растаптаць дзяўчыну, прынізіць? Ты ж сам пасля перастанеш паважаць яе. А можа якраз наадварот? Мама… Неяк спытала ў яе:

«Ты ведала, што І. В. жанаты?»

«Ён сам сказаў».

«На што ж ты спадзявалася?»

«Ні на што. Я палюбіла».

Выходзіць, трэба пакахаць да ўтрапення, да самазабыцця, каб усімі ўчынкамі кіравалі пачуцці, а не розум. Напэўна, я кахаю залішне рацыянальна. Таму наканавана мне застацца векавухай. Не надта радасная перспектыва, але што зробіш… У мамы не лепшы лёс. Яна пакахала жанатага чалавека і да старасці застаецца вернай яму, многія гады не атрымоўваючы ніякай узнагароды за сваё каханне. Я, дурніца, не здагадалася тады ўвечары пайсці куды-небудзь з Алегам, каб яны, І. В. і мама, засталіся ўдваіх. Яны ж, па сутнасці, так і не пабылі адзін на адзін. Але думка пра іх сувязь таксама непрыемная, абражае. Брыдка, калі такія старыя мілуюцца.

З трапятаннем ішла ў школу. Як гляну Алегу ў твар? Як стрэне ён? Нічога. Як кажуць, вокам не маргнуў. Сустрэў ласкава і быў, бадай, больш уважлівы, чым раней.

Адаліна сінела ад злосці. Ды гэта сёння мяне чамусьці не радавала.

Ідзе снег. Трэці дзень сыпле. Колькі яго наваліла! З райцэнтра не могуць прывезці кінакарціну. Прарочаць: будзе ўраджайны год. Не вельмі веру прарокам. Нашы пяскі высыхаюць за тыдзень, а тарфянікі да чэрвеня будуць заліты вадой пасля такой снежнай зімы. Я ж помню — вырасла тут. Толькі тады мяне мала цікавілі справы калгасныя. А цяпер усё цікавіць. Па-першае, я — біёлаг, мне трэба навучыць дзяцей любіць зямлю, а не ўсе яе любяць цяпер так, каб яна шчодра плаціла за любоў і ласку. Па-другое, не магу быць абыякавай да людской радасці і гора, да ўдач і няўдач у працы, да парадкаў у саўгасе, у школе, да высакароднасці і нізасці, да людзей добрых і хапуг, нажывалаў. Калі я ўжо вырашыла назаўсёды застацца ў сваім сяле, якое стала родным, то хачу зрабіць нешта добрае. Таму і ваюю за школу, за клуб, за помнік партызанам. Думала: Алег будзе маім верным саюзнікам. Дарэмна спадзявалася, здаецца. Не, ён нічога, падтрымлівае. Але ж вельмі стараецца з усімі мець добрыя адносіны, ні з кім не пасварыцца. А хіба гэта магчыма? Самае небяспечнае, што пад яго ўплывам і я здаюся, раблюся такая ж — малюск бесхрыбетны. Мне варта было б разнесці сівалобаўскі мяшчанскі быт, а я хаджу і — сорамна прызнацца — любуюся і карцінамі, і мэбляй, і сервізамі. Учора зноў заходзіла. Праўда, так доўга, як той раз, не сядзела, але цукерачку з’ела. І цяпер вось захацелася пайсці да іх, бо больш няма куды. Да Алега — не магу. І ён не прыходзіць.

Раптам стала зусім не абыякава, што пра мяне гавораць, думаюць, пра што пляткарыць Адаліна. А што, калі пайсці да яе? Здзівіць. Ідэя — вартая ўвагі, але без маральнай падрыхтоўкі здзейсніць яе нялёгка. Няхай як-небудзь у іншы вечар. Зіма наперадзе. Аднак і да Сівалобаў не пайду.

Гэта з адной Машай прыемна пасядзець. Жанчына ёсць жанчына. А зараз, увечары, напэўна, гэты стары чунь дома. Пра што я з ім гаварыць буду?

Лаўлю далёкія станцыі. Уяўляю гарады. Захацелася туды, дзе мора агнёў і рака людзей. Можа праўда з’ездзіць да І. В.? Спачатку моцна загарэлася, а пасля пачала патухаць. Няёмка будзем адчуваць сябе — і ён, і я.

З прыёмніка льецца такая душэўная музыка, што хочацца і смяяцца і плакаць. Не ведаю нават — чыя. Здаецца, Грыг. Мама свеціцца — радуецца: нарэшце разумнее дачка. Ад джазаў у мамы балела галава.

Прыйшоў Алег, сур’ёзны, амаль афіцыйны, і пры маці, трагічным голасам, адгарнуў яшчэ адну старонку сваёй біяграфіі: афіцыйна ён не разведзены са сваёй былой жонкай, яна не дае разводу. Нішто сабе староначка! Колькі там яшчэ такіх старонак у яго светлай біяграфіі? Праз паўгода гэтак жа трагічна паведаміць, што мае не адну, а тры жонкі і чараду дзяцей? Ламаю галаву: чаму ён маўчаў дагэтуль? З якой мэтай? Навошта сказаў цяпер? На злосць мне? Ці каб апраўдацца? Маўляў, рады ў рай, ды грахі не пускаюць; даўно прапанаваў бы руку і сэрца, ды вось, бачыш, звязаны яны, рукі мае.

Закіпела я. Хацела пагаварыць з вока на вока. Але махнула рукой. Алег прапанаваў пайсці пагуляць. Адмовілася.

«Я разумею, — вінавата схіліў ён галаву. — Табе балюча. Даруй маю маладушнасць. Я хацеў усё ўладзіць — тады сказаць».

Мне балюча? Не. Болю не адчуваю. Хлушу, аднак. Усё-такі нешта трэснула вось тут — пад грудзьмі, пад маімі поўнымі і прыгожымі грудзьмі, якія даўно просяць мужчынскай ласкі і… дотыку пяшчотных дзіцячых вуснаў. Не сорамна будзе, калі мама чытае дзённік? Не, не сорамна! Нават перад мамай.

Спытала ў яе, што яна думае наконт Алегавага прызнання. Мама не адразу адказала. Падумала, уздыхнула. Сумна ўздыхнула.

«Хочаш, каб сказала праўду? І раней, і яшчэ больш цяпер, я хацела і хачу, каб ты звязала сваё жыццё з другім чалавекам. Не з ім. Не хіліцца маё сэрца…»

Мяне чамусьці апанавала злосць.

«А каго ты выбрала? Як ты звязала сваё жыццё?» — трохі не вырвалася. Дзякуй богу, спахапілася. Якое маю права так жорстка дакараць маму?

Сказала мякка, нібыта ў жарт:

«Дзіўна, што ты такая, мама, — старамодная».

Але і гэта пакрыўдзіла яе.

«Куды мне ўжо гнацца за вамі, моднымі!»

Размова гэтая адбылася яшчэ ўлетку на лузе. Мама з першых пасляваенных гадоў, як толькі прыжылася ў Калюжынах, улетку памагала ў калгасе, асабліва пад час сенакосу і жніва. Людзі здзіўляліся: якую выгаду мае настаўніца ад свае працы? Яна не заўсёды нават атрымлівала натуру на заробленыя працадні. Але, напэўна, і паважалі яе за гэта. Тады была сямігодка, настаўнікаў нямнога, і мама была, бадай, самая аўтарытэтная сярод іх.

Мама і мяне з школьных год прывучала да працы на зямлі; можа, таму і біёлаг атрымаўся, хоць і не дужа добры. Не скажу, што вельмі я рвалася да працы ў полі. Калі дзяўчат-равесніц брыгадзір пасылаў, то ішла, каб не адрывацца ад іх.

У саўгасе хапае рабочых рук, і мама не ходзіць ужо каторы год — няёмка, баіцца, каб не падумалі, што з-за грошай.

Але мінулым летам на суботнік на сенажаці паднялі ўсю інтэлігенцыю. Работа так спадабалася, што я засталася на лузе на цэлы тыдзень. Вясёлыя былі дзянькі. Напрацуешся, напяешся, нарагочашся! Засталіся ж адны дзяўчаты, якім не трэба карміць дзяцей, даіць кароў. Хлопцаў нежанатых, праўда, было нямнога. А дзе іх у наш час хапае на кожную дзяўчыну? Але ўсё роўна праводзілі вечары весела. Патанцаваць можна і з жанатымі. Мужчыны — народ дзіўны. Цэлы дзень махае касою па кустах — лугі нашы запушчаныя. А ўвечары другі адбівае такога «крыжачка» ці «гапака», што зямля гудзе. З дзяўчатамі асабліва любяць пакружыцца. Ды яшчэ каторы і грэшныя думкі трымае ў галаве, забыўшыся на жончыну кару. Мне было асабліва весела. Да мяне пачаў заляцацца Толя Плюшчай, Іёг гэты, наш камсамольскі лідэр. Ды яшчэ тады Алега не было. Не скажу, што мне падабаўся Толя. Але каму з нас, свіных донак, не прыемна, што сын адамаў кідае на цябе вокам?

Дзяўчаты кпілі з мяне, з Толі. І мне было смешна. З яго. Такі шумны, актыўны ў жыцці, перада мной рабіўся цішэй вады, ніжэй травы. Паводзіў сябе, як вучань, закаханы ў настаўніцу. Заставаліся адзін на адзін — двух слоў звязаць не мог. Я падарыла яму вечары два ці тры. Хадзілі па пясчаным беразе абмялелай ракі, слухалі дзеркачоў і лягушак, спевы і гоман каля недалёкіх буданоў. Дакрануцца да мяне Толя не адважваўся. І гаварыць у першы вечар давялося мне адной. Але пасля патроху разгаварыўся. І раптам пачаў агітаваць… уступаць у партыю. Можна было б пасмяяцца з такога закаханага, каб прадмет размовы не быў такі сур’ёзны і каб сакратар камсамольскай арганізацыі так горача не даказваў, што я «дастойная быць у авангардзе».

Пасля я доўга думала над гэтай размовай. І чым больш думала, тым больш пераконвала сябе, што Толя мае рацыю. Праўда, чаму мне не ўступіць у партыю? Столькі гадоў была нядрэннай камсамолкай. А потым што, калі перарасту? Далучуся да старых настаўнікаў, якія, азіраючыся, шэпчуцца пра тыя непарадкі ў саўгасе, у школе, пра якія я на сходах кажу на поўны голас? Не, не хачу азірацца! Хачу заўсёды быць у гушчы жыцця і памагаць людзям і сваёй працай, і сваёй грамадскай актыўнасцю! Кар’ера мне не трэба. Якая можа быць кар’ера ў настаўніцы? Дарасці да завуча гадоў праз дзесяць-пятнаццаць? Невялікая кар’ера і несалодкі хлеб.

Не, мне трэба адно: каб пра будаўніцтва школы, клуба, пра рамонт хат людзям, пра ўмовы працы даярак, пра той лён, што згнаілі, пра п’янства некаторых актывістаў гаварыць не з кумамі ды цёткамі, не ў настаўніцкай на перапынках, а там, дзе такія пытанні вырашаюцца, — у арганізацыі людзей, якія ўзялі на сябе высокі абавязак кіраваць жыццём.

Тады ж, улетку яшчэ, сказала пра сваё жаданне маці. Здзівіла мяне мама незвычайна. Яна спалохалася. Проста збялела. Ажно дыханне заняло ёй. Не адгаворвала. Але такім голасам папрасіла не спяшацца, падумаць, што мне зрабілася холадна ў спякотны дзень. Нічога не разумею і дагэтуль. Пражыла з маці дваццаць тры гады і, выходзіць, не ведаю яе. Партызанка, сяброўка праслаўленага камбрыга, пра якога ў кнігах пішуць, — за кнігамі такімі ты вельмі сочыш, мама! — і раптам спалох ад жадання дачкі зрабіць такі сур’ёзны крок. Не вальнадумства ж якое-небудзь.

Можа цябе спалохала, што я не ведаю, хто мой бацька, і мусіла б пісаць тую ману, якую ты сказала мне малой?

Карацей кажучы, астудзіла мяне маці тады. А пасля прыехаў Алег, з’явілася захапленне ім. Стоп! Што такое? Раней ты называла свае адносіны з ім каханнем. Цяпер — толькі захапленнем? Ах, божа… Ну, каханне, каханне. Ну, трэснула ў грудзях нешта… Не вельмі ўжо балела. «Загаіцца, пакуль жаніцца», як кажа наша тэхнічка Адарка.

Заносіць сёння нешта ва ўспаміны.

Учора перад рэпетыцыяй Толя раптам знянацку абваліў на маю галаву снежную гару. У яго таксама здараецца. «Віталія! Усё як мае быць! У райкоме я дамовіўся. З парторгам пагаварыў. Акрамя камсамола, рэкамендацыі даюць Ганкіна і Сівалоб. Афармляйся хутчэй. Толькі Лескавец прасіў зайсці».

Стаяла я, не ашаломленая — ачумелая, і лыпала вачамі.

«Толя, даражэнькі. Так жа не робіцца».

«Як так?»

«Ды так».

«А як робіцца?»

«Ды рэкамендацыі я сама павінна прасіць. У людзей, якія мяне лепш ведаюць».

Толя, калі гаворыць пра справы, ды яшчэ на людзях, смелы да нетактоўнасці.

«А ты сама і папросіш. Я за цябе прасіць не буду».

«Але ж ты папрасіў ужо».

«Ну, ведаеш, дрэнны я быў бы сакратар, каб пусціў на самацёк…»

«А калі я не хачу, каб гэтыя давалі».

«Ты што, ашалела? Запомні: у партыі ўсе роўныя. І калі камуністы — з якім стажам! — згодны рэкамендаваць цябе — скажы ім дзякуй. Няма чаго дзяліць людзей па тым, ці падабаюцца табе іх насы, ці не падабаюцца».

«Не насы — праца іх, паводзіны».

«Гэта — асобая размова. Будзеш мець права крытыкаваць любога члена партыі — скажаш пра іх працу».

Такі ён — наш Іёг. Адзін раз здаецца фармалістам, другі — настырным да нахабнасці, а ў іншых акалічнасцях, як у тыя вечары на лузе, — двух слоў вымавіць не можа, у сапраўднасці ж — сардэчны хлопец: вясёлы, жывы, сумленны да наіўнасці.

Пасля размовы на рэпетыцыі з’явілася ў мяне, далібог жа, шалёная думка. Цяпер, праз суткі, трошкі смешна самой. А ўчора, гледзячы на яго ў ролі, я ў думках сваіх зусім сур’ёзна папрасіла:

«Толя, даражэнькі, прызнайся мне ў каханні, пасватайся — і я тут жа выйду за цябе замуж».

Ты парадуешся, мама, прачытаўшы гэта? Не радуйся. Нічога не будзе. Гэта так — браджэнне пачуццяў, свавольства думак. Кахаю я ўсё-такі Алега, і табе, дарагая матуля, напэўна, прыйдзецца прызнаць яго зяцем. Я цярплівая. Пачакаю.

Ох, аднак і распісалася я сёння! Цікавы гэта занятак — пісаць вось так. Як бы яшчэ раз перажываеш тое, пра што запісваеш. Але перажываеш ужо не стыхійна — асэнсавана. І тады часам дзе-нідзе пачынаеш хітраваць сама перад сабой. Гэткая гульня ў «хованкі і адгадванне».

Канікулы. Дні цягнуцца сумна і аднастайна. Вазіла сваіх выхаванцаў на раённы агляд школьнай самадзейнасці. Але выступілі мы няўдала, радасці было мала і ў мяне, і ў вучняў. Вучняў прыгнятала беднасць нашых касцюмаў. У другіх школах — шык. Адкуль яны бяруць грошы?

Вярнулася злосная. На педсавеце дакладвала так, што маме зноў стала страшна за мяне. Дырэктар таксама і чырванеў, і бляднеў. Настаўнікі сядзелі, апусціўшы вочы. У адной Адэліны вочы гарэлі, як у тыгрыцы, якая пачула, што можна вырваць у суперніцы здабычу.

Мама і Алег, раптам зрабіўшыся аднадумцамі, дакаралі цэлы вечар, што так нельга паводзіць сябе на афіцыйных сходах, што патрэбны нейкі такт, развага, пачуццё меры і гэтак далей і гэтак далей. Усе мяне вучаць — абрыдла. Але не пярэчыла. Няхай думаюць, што раскайваюся, і пацешацца. Толькі так можна супакоіць маму.

Цяпер штодня — лыжы. Адзіная радасць. Хаджу больш з вучнямі. Зрэдку — з Алегам. Ён, нарэшце, навучыўся. Калі ідзем з Алегам, знарок вяду міма Адалінінай кватэры. Уяўляю, як яна шыпіць.

Хацелася аднойчы запрасіць Толю і прайсці міма школы. Як бы паглядзеў на гэта мой верны лыцар? Ды Толя — затурканы дзяляга. Замахаў рукамі, закрычаў:

«Ты жартуеш? Думаеш, у мяне ёсць час прагульвацца? Я — рабочы чалавек, а не інтэлігент які!»

Дурань. Быццам рабочаму нельга пагуляць на лыжах, ды яшчэ з дзяўчынай, якая табе падабаецца. Ох, гора мне з табой, Толя. Каб у цябе ў заляцанні было столькі актыўнасці, як у працы! Ты здолеў бы некага зрабіць шчаслівым.

Тады адразу, калі мы, пасля наведвання Сівалобаў, хадзілі з І. В. па вуліцы, і колькі дзён пасля яго ад’езду, мне так хацелася з’ездзіць і пазнаёміцца з яго сям’ёй — з сёстрамі маімі. Зачароўвала думка, што ў мяне ёсць сёстры і брат. Хадзіла, як п’яная. Але любы хмель выветрываецца. Наступае цвярозасць. Жаданне патроху астывала. Толькі цяпер вось, на канікулах, успыхнула іскрынка ў патухлым кастры, прабілася праз зляжалы пласт прысаку.

Сказала маме. І яна… зноў спалохалася. Што такое? Мамачка, любая, што з табой? Так упрошвала не ехаць, што мне стала сорамна, быццам я знарок здзекуюся з блізкага чалавека.

Магчыма, маме хацелася, каб я паабяцала, што ніколі туды не паеду. Ну, не! Такога абяцання я не дала. І не дам! З’ездзіць да І. В. я павінна. Абавязкова!

Нарэшце скончыліся канікулы. Працаваць весялей.

Сёння перад заняткамі ў настаўніцкай з’явілася Маша Сівалоб. Увайшла без збянтэжанасці, няёмкасці, як роўная да роўных, прыгожая, як багіня. Нават Адаліна перад ёй памеркла. Усе здзівіліся. Ды Алег хутка растлумачыў — прадставіў: «Наша новая настаўніца — Марыя Мар’янаўна Сівалоб. Райана дзеля эксперыменту дазволіла дзяўчат восьмых класаў перавесці на іншае палітэхнічнае навучанне — кроіць і шыць. Не адны даяркі ды цялятніцы патрэбны. Марыя Мар’янаўна — мастак-мадэльер. Спецыяліст высокага класа. Ёй перадаюцца ўсе гадзіны рысавання. Загад гатоў. Прашу любіць і паважаць новага члена нашага калектыву».

Мар’я Мар’яўна — вучні адразу яе так ахрысцілі, і я пішу па інерцыі — пераможна азірала калектыў, у які ўступала. У настаўнікаў былі посныя твары. Карней Данілавіч вельмі смешна ікнуў-хаўкнуў неяк, як падавіўшыся косткай. Але ніхто не засмяяўся.

Мяне спачатку хіба адно абурыла, што тып гэты — Алег, каханенькі, даражэнькі мой, нават мне ні слова не сказаў пра свае захады ўладзіць у школу Сівалобіху. Тайком ды цішком. Але мне спадабалася, што Маша да нас прыйшла. Гэта ж — здорава! У нас з’явяцца свае краўчыхі, мадэльеры. Пашыем, нарэшце, касцюмы для самадзейнасці і не будзем, як бяднячкі сярод багата апранутых. Сапраўды, колькі можна рыхтаваць даярак? Кароў на ўсіх не хопіць. Ды і што вучыць нашых дзяўчат гэтай прафесіі. Яны з маленства ўмеюць даіць. Ёсць хлопцы, якія нядрэнна малююць. Нарэшце, з імі будзе займацца чалавек, які ўсё-такі нешта разумее ў мастацтве, мае густ. Пакажа сваю калекцыю карцін.

Так прыкладна я разважыла, ведучы ўрокі. Безумоўна, пры гэтым падагравала крыўду на Алега, каб не астыла, спакушала сябе на вясёленькую размову.

Выйшлі са школы разам з мамай. І — о божа! — даўно не бачыла маму такой абуранай. Яна нават не саромелася слоў, якіх раней ад яе ніколі не чула.

«Г… кажа, твой Алег Гаўрылавіч, а не дырэктар. Дробны падхалім. Каб уладзіць жонку дырэктара саўгаса, ён адбірае кавалак хлеба ў дзяцей. Іх чацвёра. Сам Карней Данілавіч інвалід. Лёгкія прастрэлены».

Спрабавала я абараніць Алега:

«Ды не ўмее ён маляваць, Карней Данілавіч. Чаму навучыць такі настаўнік?»

«Навучае. Многа год. Схадзі на яго ўрокі па фізіцы».

«То і няхай выкладае адну фізіку».

«Лёгка табе разважаць! Колькі ён будзе мець гадзін, калі іх двое, фізікаў? Пасядзела б ты з такой аравай на адной стаўцы».

«Мама! Ты ж літаратар! Столькі гаворым пра эстэтычнае выхаванне. А рысаванне ды спевы аддаём — каму гадзін не хапае. Ды не багадзельня ж школа. Не сабес».

Пераканаць маму немагчыма. Супакоіцца яна не можа і дагэтуль. Пасля абеду сказала:

«Ідзі да гэтага… дырэктара. Зрабі так, каб ён не прыходзіў сёння да нас. Не жадаю бачыць яго фізіяноміі! А то калі я сарвуся і выкажуся — больш сюды ён не з’явіцца».

Алег адбіваўся ад маіх наскокаў: маўляў, асабіста ён ніякіх захадаў не рабіў, а таму і не казаў нічога, усё зроблена без яго, па ўказанні райкома. Можа праўда?

Усё разам — тое, што казала маці, і тое, што сказаў Алег, — заводзіць мяне, як гадзіннікавую міну, супраць гэтай Мар’яўны (дасціпныя ж дзеці!). Весці гурток на грамадскіх пачатках не вельмі кінулася. А за грошы — з’явілася з выглядам ахмістрыні.

Прыходзіў Толя. Быў заклапочаны. Як бы вінаваты ў нечым. Доўга разглядаў кнігі, загаворваў мне зубы. Бачыла: карціць яму сказать нешта не вельмі прыемнае. Для каго — думала. Нарэшце, узяўшы шапку, каб выходзіць, адваляўся:

«Да Сівалоба па рэкамендацыю не хадзі. Адмовіўся, — і ўзлаваўся — спачатку на яго: — Салідны чалавек, а паводзіць сябе… несур’ёзна. — Потым на мяне: — Відаць, зноў ты нагаварыла чорт ведае чаго? Лёгка вам крытыкаваць збоку. Пасядзелі б на яго месцы!»

«Нічога я нідзе не гаварыла. Наадварот, перад жонкай яго падхалімнічаю».

«Усё зразумела. Насмешнічаеш, мабыць. Памаўчала б хоць да ўступлення».

«Дзіўная ў цябе прынцыповасць, Толя! Калі такім чынам ты хочаш заціснуць мне рот, то можаш больш не вяртацца да гэтай размовы».

Адным словам, пагутарылі мы з Толем на высокіх нотах. А пайшоў ён — я задумалася: чаму Сівалоб адмовіўся ад свайго абяцання? Дасягнуў мэты — уладзіў жонку? Ці дайшло абурэнне, якое выказвала мама?

Як бы там ні было, але заела мяне моцна такое хамства. І я цвёрда вырашыла: уступлю! І як можна хутчэй. Чым я горшая за Сівалоба? Жыццё пакажа, хто з нас дасць больш карысці. Выступіць супраць? Не адзін Сівалоб вырашае. Ёсць арганізацыя, у ёй — сумленныя людзі, многія ведаюць мяне з маленства, дваццаць гадоў ужо. На біяграфіі маёй парушынкі няма. І рэкамендацыі дадуць без Толевай ці каго іншага дапамогі.

Сказала маме пра свой намер. Сказала рашуча, каб маці зразумела, што ніякія адгаворы яе і страхі больш не падзейнічаюць.

«Ты прасіла падумаць — я паўгода думала».

Радасці, безумоўна, маці не выказала, але таго страху, які апанаваў яе чамусьці ўлетку, цяпер і ў памінку няма.

Маці прыняла маё рашэнне амаль спакойна, са сваёй звычайнай разважлівасцю. Мы добра пагутарылі. Па-свойску.

Мама параіла: у старшыніхі сельпо таксама не прасіць рэкамендацыі. (Атрымай, Толік, дулю!) Лепш папрасіць у дзядзькі Хведара Карнейчыка. Былы партызан, цяпер — просты вартаўнік, у сяле яго ўсе паваяеаюць, нікому чалавек дарогі не пераступіў. А другую — у былога дырэктара нашай школы Ціхана Мікалаевіча. Ён вучыў мяне з першага па дзесяты клас. Цяпер на пенсіі. Жыве ў райцэнтры ў сына — рэдактара газеты.

Заўтра ж паеду да яго.

Ты — разумная, мама!

А вось тое, як Алег паставіўся да гэтае падзеі, наводзіць на розныя думкі, даволі супярэчлівыя. Ён сказаў:

«Віншую».

Але здалося: сказаў няшчыра, нават з іроніяй.

Я адказала:

«А можа рана яшчэ віншаваць?» — І весела падумала: «Табе, відаць, не хочацца, каб жонка была ва ўсім роўная з табою. Феадал!»

Цяпер думаю пра гэта яго «віншую» больш сур’ёзна. Робіцца сумна.

Яшчэ ён спытаў, таксама не без іроніі: «Гэта цябе Плюшчай загітаваў?»

Няўжо раўнуе? Ад такой думкі весялею.

Толя, даражэнькі, заходзь часцей да мяне ў госці! Абяцаю — больш не сварыцца. І на лыжы цябе пастаўлю. Сілком выцягну. І мы пройдзем міма школы. Няхай падзівіцца пан дырэктар!

Доўга думала над аўтабіяграфіяй. «Ніводнага факта таіць нельга». А што напісаць пра бацьку? Што?

Не напісала нічога. Гэта мой выклік грамадству. Я — незаконнанароджаная. Выдумаў жа нехта такое слова. Узаконіў. Якая брыдота! Быццам ад мяне залежала, як нарадзіцца — законна ці незаконна. Але ж існуе катэгорыя такіх дзяцей. Ім не запісваюць бацькавага прозвішча. Яны носяць мацярынскае, што, на маю думку, зусім лагічна і справядліва. Яны не ведаюць, хто іх бацька. Мне пашчаслівіла: я ўрэшце даведалася. Але ж, відаць, ёсць такія, для каго гэта застанецца тайнай на ўсё жыццё. І вось тут грамадства зрабіла вялікі крок наперад: не папракае і не дапытваецца, хто ж бацька. Дзецям дадзена права не ведаць, а калі і ведаць, то нідзе не асвятляць гэты сумны факт сваёй біяграфіі — нараджэнне без бацькі. Дык чаму я павінна крычаць? У мяне таксама ёсць права маўчаць. Але, мабыць, сумненні грызлі — паказала напісанае маме. Яна прачытала і нічога не сказала, Выходзіць, ухваліла. Зрабілася трошачкі як бы балюча. Відаць, хацелася, каб мама параіла, папрасіла напісаць пра І. В.

Ішла да Лескаўца — калені дрыжалі. Проста агідна. Перад незнаёмымі людзьмі я не вельмі смелая, губляюся. Са сваімі языкатая. Але ад такога перажытку, як страх перад начальствам, здаецца, вызвалілася даўно, яшчэ ў школе.

Лескавец усяго-наўсяго сакратар саўгаснай партарганізацыі, чалавек знаёмы. Дык чаго перад ім дрыжаць? За біяграфію? Баялася, што спытае пра тое, пра што не напісана? Не, проста, відаць, ад таго, што чалавек, якога страчаю амаль штодня, па сутнасці — малазнаёмы і загадкавы. З-за сваёй маўклівасці. Не люблю маўчуноў. Не разумела, як выбралі такога. Маці і рабочыя, праўда, гавораць пра яго добра: справядлівы, чулы. А я не разумею, як стасуюцца добрыя якасці з такім упартым маўчаннем? Ні дакладаў яго не чула, ні лекцый. На сходах адно-два словы зрэдку скажа — толькі аб практычных, гаспадарчых справах. Праўда, да маласлоўя яго прыслухоўваюцца. Але ўсё ж, здавалася мне, не трыбун, не змагар, такі не павядзе за сабой народ. Не тое, што камсамольскі правадыр наш — Толя. Гаварун, завадзіла. (Завадзіла, на лыжах выйсці не можа. Трэба выдумаць які-небудзь агітпаход, каб Толя мусіў весці сваю гвардыю.)

Ідучы, прадумала ўсё, пра што мог спытаць сакратар: ад майго нараджэння — да таго, што такое дэмакратычны цэнтралізм, ад спраў у школе — да вайны ў В’етнаме. Падрыхтавала звышразумныя адказы. Бліскучыя. Каб здзівіць Рамана Іванавіча. Але здзівіў ён. Перш за ўсё — звычайнасцю, з якой стрэў і пачаў разглядаць дакументы мае. Ніякіх эмоцый. Такая ўжо будзёншчына — што жах. Я не хацела святочнасці, але ўяўляла ўсё інакш. А тут спачатку патыхнула нават абыякавасцю. Але, прагледзеўшы анкету, аўтабіяграфію, Раман Іванавіч нечакана з цікавасцю і ўважлівасцю прачытаў рэкамендацыі. Гэта мяне і супакоіла і ў той жа час усхвалявала — з іншай прычыны.

«Добра. — Потым падумаў і пахваліў: — Малайчына! — І тут жа зноў здзівіў — пашкроб патыліцу, уздыхнуў: — Мнагавата інтэлігенцыі. А рабочых мала».

Я проста аслупянела. Што адказаць на такія словы? Дзе мае разумныя, дасціпныя адказы? Але крыўды не з’явілася. Раптам праз такі клопат неяк зусім з іншага боку адкрыўся ён, гэты маўклівы чалавек. Здаецца, пачынаю разумець, за што яго любяць рабочыя. У «кульдзюме» ў дзень палучкі паслухаеш: усім косці перамываюць — дырэктару, аграному, заатэхніку, брыгадзірам, Лескаўца ж вельмі рэдка калі чапаюць, нават п’яныя.

Пагаджаюся: чалавек добры. А ўсё ж — не змагар. А калі змагар, то не для нашага часу.

Пад канец нашае вельмі немнагаслоўнае размовы ён яшчэ раз здзівіў мяне.

«Слухай, — кажа, — дачка, ты ведаеш, які я гаварун. А мне на раённым семінары сакратароў даручылі даклад… пра работу з моладдзю, з камсамолам. Памажы напісаць такі даклад».

Не саромеецца чалавек прызнаць, што сам не можа напісаць нават пра сваю ўласную работу. А можа так хітра правярае, што я ўмею? Гэтага маўчуна голымі рукамі не бяры. А я, дурніца, вушы развесіла. Ну, няхай правярае! Хацелася б мне пабачыць, як ён будзе чытаць пра сваю работу з моладдзю. Я так размалюю!.. «Кожнаму дзіцёнку выдам па лапцёнку».

30 студзеня

Які радасны настрой! Маму ажно палохае мая весялосць. Прынялі! Сумненняў наконт таго, ці прымуць, безумоўна, не было. Але ўсё роўна перадрыжала, як ні перад адным экзаменам. Сорамна прызнацца нават самой сабе, як калацілася, ідучы на сход. Але ўсё адбылося прасцей, чым думала. Увогуле, амаль усё ў жыцці адбываецца прасцей, чым уяўляеш: знаёмства з новымі людзьмі, экзамены, прыём у камсамол, і нават у партыю, каханне і г. д., і г. д. Напэўна, і нараджаюць прасцей, чым я думаю, маючы ўяўленне па кнігах ды расказах. Акушэрка наша Ліза расказвае пра роды, якія прымае, як пра вельмі звычайную справу, ажно нецікава слухаць.

У галаве ў мяне карнавал. Але доўга пісаць не хочацца.

З-за свайго дурнога характару я магла-такі ўскладніць прыём. Знарок аддала Лескаўцу яго даклад пра работу з моладдзю за дзень да сходу. Няхай ведае, каго ён будзе мець у сваёй арганізацыі! Пасля, безумоўна, шкадавала і праз даклад гэты дрыжала. Магла ж аддаць пасля сходу.

Але сакратар яшчэ раз здзівіў. Перад сходам падышоў і падзякаваў за даклад — здаецца, зусім шчыра, без іроніі, без нічога. Калі даведаюся, што Раман Іванавіч прачытае ўсё, што напісала, на семінары, перад райкомам, канчаткова пераканаюся, што ён — Камуніст з вялікай літары, хто не баіцца па-ленінску самакрытыкавацца і ставіць вострыя праблемы.

Усё адбылося проста. Аднак… Дзядзька Хведар сказаў:

«Якія могуць быць пытанні? На нашых вачах вырасла. А палітыку… дык яна знае лепш за нас. І статут, канечне, выштудзіравала ад коркі да коркі. Прыняць!»

Як кажуць, прапанова кароткая і ясная. Аднак… было пытанне. Адно. Тое, якога баялася.

Спытаў Сівалоб. Сядзеў у першым радзе, як ксёндз. Свяціў лысінай. Круціў вялікімі пальцамі.

«Прабачце, Віталія Іванаўна… Хто ваш бацька? Дзе ён?»

Адчула, як зямны шарык, маленькі такі, ненадзейны, адарваўся ад маіх ног і паляцеў чорт ведае куды — у чорную бездань — і я засталася вісець у прасторы, без усялякай апоры. Нейкі міг не было і паветра, яно вылецела з лёгкіх, і я баялася ўдыхнуць, баялася разявіць рот. Відаць, паўза зацягнулася. Потым я ўбачыла вочы людскія, адны вочы, многа вачэй, і яны вярнулі мне сілу.

«Мой бацька — Антанюк, Іван Васільевіч».

Сказала — і адразу адчула, што ступіла на новую, больш трывалую планету, цвёрда стала на ёй. І тады ўжо амаль не кранула брудненькая ўхмылачка на доўгім выслізнелым Сівалобавым твары. А Алегавы вочы трохі не рассмяшылі. Яны зрабіліся вялікія, як шклянкі.

Толькі яны ўдвух — Сівалоб і Алег — ведаюць, хто такі Антанюк. Больш ніхто не ведае. Але ніхто не стаў распытваць, хто такі Антанюк, дзе ён, чаму не жыве з намі. Напэўна — з-за павагі да маці не спыталі. О, добрыя, слаўныя людзі ў зашмальцаваных ватоўках, у падшытых валёнках, дзякуй вам за вашу далікатнасць, за вашу чуласць! За ўсё вам дзякуй! Што вырасла сярод вас, што жыву адным жыццём! Што вы шмат чаму навучылі мяне і даверылі дзяцей сваіх, каб нечаму і я навучыла іх.

Алег узрадаваны. Задаволены, што і ў мяне была тайна. Мякенькі дакараў увесь вечар: маўляў, яго піліла, што не сказаў адразу пра развод, што таіў гісторыю з назначэннем Мар’янаўны, а сама вось якая — больш важнае скрывала. Чаму? Навошта? З якой мэтай? Хіба сорамна за такога бацьку, нават калі ён жыве і з другой сям’ёй?

Здаецца, Алегу падабаецца, што ў мяне такі бацька. Ад гэтага зрабілася яшчэ больш радасна. Мы гулялі пасля сходу да позняй ночы. Зноў цалаваліся. Я была на сёмым небе і паводзіла сябе, як апошняя эгаістка, зусім забыўшыся на маму. А яна, нябога, перакалацілася мацней, чым я. І даўжэй. Намнога даўжэй. Калі я вярнулася апоўначы, мама яшчэ не спала.

Тады я зразумела і прасіла прабачыць. Пра тое, што мяне прынялі, яна ведала — збегала да дзядзькі Хведара. Але стары, безумоўна, нічога не сказаў пра Сівалобава пытанне. А калі я сказала пра яго і пра свой адказ — здалося, мама зноў спалохалася. Я абняла яе.

«Мамачка, даражэнькая, чаму ты такая баязліўка? Проста смешна. Не верыцца, што ты была ў партызанах. З малым дзіцем. Ты ж такія жахі расказвала пра блакады. Там ты не баялася?»

«І там баялася».

«Ну, добра, там — смерць… А цяпер чаго баішся?»

«Нічога я не баюся», — як бы схамянулася, што, па сутнасці, прызнала сваю боязь.

«Баішся, што пра цябе дрэнна падумаюць? Ты ж святая, мама. Ды і не ў сярэдневякоўе жывем. Хто што можа сказаць, што я нарадзілася не ад законнага шлюбу? Якая старасвеччына! Мяне гэта ні кроплі не турбуе. Я жыву — і мне хораша. Парадуйся разам са мной, мама!»

Але калі я сказала, што на тым тыдні еду да бацькі, мама ажно сцялася і пабялела. Пакуль што нічога не сказала, але адчуваю — рыхтуецца зноў адгаворваць. Нічога не будзе, мама! Цяпер я абавязкова паеду! Цяпер ужо нішто не стрымае мяне!

17 лютага

Не трэба было мне ехаць туды. Мама разумная, яна адчувала, што сустрэча з яго сям’ёй можа так развярэдзіць душу. Мама амаль узрадавалася, калі пачула, што пагасціла я ў ролі дачкі партызанаў яго брыгады — і толькі, не больш, што ніякай драмы не адбылося, усе змаўчалі. Мама ўзрадавалася… А я… Каб яна здагадвалася, як мне балюча. На душы пагана-пагана. Сорамна за свае паводзіны і жаданні. Сорамна за яго. Зайздросна. Ім, законным дзецям, зайздрошчу. Цьфу! Хочацца плюнуць на самую сябе. Дурная! Жыла, працавала сярод людзей, і ўсё навокал было проста і светла. А цяпер вось пакутуй. На ліха трэба была тая паездка!

Трапіла я на вяселле. Лада выходзіла замуж за марака. Пазнаёмілася з ім у Крыме, улетку на канікулы ездзіла да мора. І пажаніліся ўжо. Па-сучаснаму. Не тое што я.

Ап’янела я ад дарожных думак і мар, страху і шчасця, ад доўгага стаяння перад дзвярамі, за якімі шумела бяседа, ад яго радаснай сустрэчы, ад здзіўлення і радасці начальніка штаба — доктара навук, ад гасцей, ад віна — і вяселле гэтае ў маёй памяці, як сон, у якім усё перамешана: прыемнае і сумнае, вясёлае і жахлівае, высакароднае і брыдкае.

Нейкія барадатыя морды. П’яныя паэты. Тоўстыя вучоныя. Старыя і модныя танцы. Шалёная музыка. Каб не здавацца «дзярэўняй», я таксама круціла сваім тоўстым сялянскім азадкам. І, напэўна, выглядала, як карова на лёдзе. Дрыжыкі праймаюць, як успомню.

Але ўсё гэта, нарэшце, глупства ў параўнанні з тым, што я перажыла і перажываю цяпер.

Як яны паставіліся да мяне?

Лада — абыякава. Зразумела — ёй было не да мяне. На другі дзень пасля вяселля маладыя да вечара не вылазілі з свайго пакоя.

Старэйшая мая сястра, па-мойму, самаўлюбёная эгаістка, якую ўвогуле мала цікавяць іншыя людзі. Ды і гутарыла я з ёю, па сутнасці, адзін раз, на другі дзень — калі яна прыехала па сына.

Вольга Усцінаўна была вельмі ветлівая да мяне. Падкрэслена ветлівая. Але я баялася яе ветлівасці. Я баялася гэтай жанчыны і — сорамна прызнацца! — у душы ненавідзела; яна забрала маміна шчасце, хоць — на цвярозы розум — усё наадварот, і мне невядома, што яна перажыла і ці мела яна сама гэтае шчасце. Але адна рэч — розум, зусім другая — нашы пачуцці. Яны так часта не адпавядаюць розуму.

Адзін Вася адразу, на вяселлі яшчэ, за сталом, дзе сядзелі барадатыя фізікі, мабыць, нутром сваім, сэрцам пачуў нашу блізасць, сваяцтва. Кліч крыві, ці што? Мой слаўны, добры брат, ты адзіная светлая староначка ў маёй бяздумнай паездцы, у недарэчным гасцяванні. Я ўдзячна табе. О, каб ты ведаў, як я ўдзячна табе! За шчырасць тваю, за дружбу.

Едучы, я не толькі не спадзявалася на што-небудзь, я нават не хацела, каб ён абвяшчаў, хто я. Уяўлялася: значна цікавей, больш рамантычна будзе, калі наведаюся ў ролі дачкі яго партызан. Пагляджу на сваіх сясцёр. Камічная ж сітуацыя: я ўсё ведаю, а яны — нічога. Пра брата не думала, бо знала, што ён у арміі, што да яго нядаўна ездзіў бацька, а таму і марыць не магла, што мне так пашчаслівіць.

Спачатку ўсё ішло добра. Заварожаная вяселлем, ап’янелая ад уражанняў, той першы вечар, ноч і да вечара другога дня адчувала сябе можа шчаслівей за маладую. Але, напэўна, ва ўсім вінаваты Вася, яго такая нечаканая прыязнасць. Мы схадзілі ў кіно, глядзелі «Сакратарку». (Усюды мы, дзяўчаты, аднолькавыя!) І вось калі ішлі з кіно па ярка асветленым і шумным праспекце, невядома з якой прычыны страшэнна захацелася, каб Іван Васільевіч абвясціў, што я дачка яго і сястра ім. Вася хацеў гуляць, я пацягнула яго дадому.

Я глядзела яму ў вочы — Івану Васільевічу, за сталом, калі вячэралі. У думках прасіла, маліла, верачы ў біятокі, што перадаюцца нават за многія кіламетры блізкаму чалавеку. А тут жа адзін крок, цераз стол. Ён павінен быў прачытаць гэтае маленне ў маіх вачах. Але ён вінавата адводзіў свае вочы. Мяне ўразіла, што ён адчувае сябе вінаватым. Перад кім? Перада мной? Я ні ў чым не віню цябе. Нават цяпер. Перад тымі дзецьмі? Перад жонкай?

Але я не траціла надзеі. Чакала ўвесь наступны дзень. Нецярплівасць расла. Нервы напружваліся. Уначы мяне ліхаманіла. Не магла заснуць да раніцы. А за снеданнем зразумела: дарэмна чакаю — не скажа, баіцца. Баіцца! О, як гэта балюча раніла ў сэрца! Казачны рамантычны палац, які так старанна ўзводзіла, — ён не разбурыўся, не, ён як быццам у міг растаў, і засталася адна брудная лужына. Як пушок з адуванчыка, разляцеўся арэол, які зноў-такі стварыла яму я. Сорамна стала. За сябе: тату захацела мець, маленькая сіраціначка! Дайце ёй тату! За яго: такі мужны камандзір быў! І раптам: — звычайны баязлівец, страшна яму парушыць свой пенсіянерскі спакой, ускаламуціць абывацельскую самазадаволенасць жонкі, дачок. Ну, і напляваць на вас! Плюнула б, каб не Вася. Ах, Вася, Вася! Каб ты ведаў, як цяжка мне было на тым снеданні, дзе вы з Сашай весела дапівалі вясельнае віно, а Лада стомлена і шчасліва кпіла з вас, выконваючы ролю гаспадыні.

Іван Васільевіч сядзеў невясёлы, усміхаўся сумна. Былі хвіліны, калі рабілася шкада яго. І я зразумела: застануся яшчэ на адзін дзень — зраблю глупства, ад якога ўсім будзе непрыемна, А я зусім не хачу непрыемнасці людзям. Ні блізкім, ні далёкім.

Пасля снедання абвясціла аб сваім раптоўным ад’ездзе: трэба працаваць! Вася вельмі засмуціўся, прасіў застацца яшчэ хоць на дзень.

І. В. было няёмка — ён усё-такі адчуваў і разумеў! Але ў душы, мабыць, ухваліў маё мудрае рашэнне, маю тактоўнасць і дзякаваў, што не выдала нашай тайны. Ціха сказаў: «Даруй мне, Віта».

Бог з вамі, дарую: усе мы людзі, усе мы чалавекі.

Цяпер так думаю, а там пасля слоў яго чуць не зараўла. Ішлі да вакзала — і ў мяне дрыжалі вусны, неўпапад адказвала на Васевы пытанні; ён адзін праводзіў. На пероне не вытрымала-такі — зараўла, як вясковая баба. Вася спалохаўся. Дапытваўся: «Што з табой? Што здарылася? Хто цябе пакрыўдзіў?»

«Што ты! Ніхто мяне не пакрыўдзіў. Табе я асабліва ўдзячна, Вася».

Мы пацалаваліся на развітанне. Я першая пацалавала яго, майго слаўнага брата. Ён бег за вагонам. У марской форме. На яго глядзелі з добрымі ўсмешкамі. Калі поезд набраў скорасць і Вася адстаў, я зноў заплакала. Доўга не магла супакоіцца. Суседзі па купэ суцяшалі: маўляў, не на вайне ж хлопец, адслужыць і вернецца; па ўсім відаць, што кахае.

І смех і слёзы.

Каб адчапіцца ад чужых людзей, сказала, што гэта брат. Іх яшчэ больш здзівіла, чаму ж я плачу. Рэдка якая сястра так плача, развітваючыся з братам. Добра, што з Брэста трапіла са сваімі: загадчык фермы, заатэхнік, даяркі ехалі з нарады. Рагатала да непрыстойнасці. Дзяўчаты дзівіліся, чаму я такая вясёлая? Ці не па вясельныя пакупкі ездзіла? Яны чакаюць, што я вось-вось выйду за Алега. Чамусьці ўсе чакаюць нашага вяселля. Смех.

За тры дні адышла — астыла ці, наадварот, сагрэлася каля мамы. Каля яе хораша, спакойна неяк, трывала. Часам толькі бываюць хвіліны, калі хочацца плакаць. Ніколі не думала, што я такая плаксівая. Баба ёсць баба.

Сёння нядзеля. Мама паехала ў райцэнтр на рынак — па свежае мяса. Сяджу адна. Апанаваў смутак. Хапілася за дзённік. Запісала, паразважала сама з табой — і ўсё прайшло. Добрае зелле — гэты дзённік. Трэба часцей прымаць дозы запісаў. Паездка, відаць, пакінула глыбокі след у характары.

Алег спытаў учора:

«Ты чаму такая?»

«Якая?»

«Ды, ведаеш, нейкая не такая, як раней, да паездкі. Можа закахалася?»

«Закахалася».

«У каго?»

«Негр там быў, на вяселлі. Вельмі экзатычны. Як прышэлец з іншай планеты».

«Глядзі — магу паверыць. На неграў многія нашы дурніцы вешаюцца».

«Я — дурніца?»

Спалохаўся. Стаў на заднія лапкі.

Усяго, што адбылося са мной, я не расказала ні маме, ні Алегу. Яму расказваю так, быццам даўно ведаю і Маю, і Ладу, і Васіля. І ён думае, што я сапраўды іх даўно ведаю. Зноў упікнуў: маю такое шырокае сваяцтва і ні пра каго за паўгода слова не сказала! «Трэба ўмець!» — кажа Алег.

Праўду кажуць: любая рана гоіцца, калі ад яе не паміраюць. Любы боль сціхае. Прайшоў тыдзень, і шмат што з таго, што здавалася амаль трагічным, цяпер здаецца смешным. Жыццё ідзе сваёй чаргой. І ёсць вялікая мудрасць у яго штодзённасці, будзённасці, у рытме працы.

Набліжаецца вясна. Закладвалі парнікі. Рабілі новыя рамы, шклілі, вазілі гной. Між іншым, у мінулым годзе з цвердалобым Сівалобам прыйшлося весці вайну, каб узяць з канюшні машыну гною. А ў гэтым годзе ён гатовы аддаць школе ўвесь саўгасны гной. Не шкада. Вялікая сіла — матэрыяльная зацікаўленасць!

Вучні выпускных класаў зусім не цікавяцца зямлёй. На што яны спадзяюцца? Усе хочуць адарвацца ад зямлі. Трызняць горадам. Дзівакі. Некалі многія з іх пашкадуюць. Некалі і я была такая. А пасля, у інстытуце, шкадавала: мела б у школе больш увагі да таго, што і як расце на зямлі,— лягчэй набывалася б прафесія, і лепшы педагог атрымаўся б. На ўроках часта адчуваю правалы ў сваёй падрыхтоўцы.

Сёння ў дзесятым дзве гадзіны вяла дыскусію. Са мной гавораць, як з роўнай. І любяць — за шчырасць. Я часам кажу такія рэчы, пачуўшы якія аднойчы цнатлівая Адаліна трохі не самлела і напісала ў райана. Але, на маё шчасце, інспектар, які прыехаў правяраць, сам біёлаг, недурны чалавек, згадзіўся, што біёлаг — як і медык, і не можа быць забароненых тэм на шляху пазнання чалавека і прыроды, і яшчэ — што вучні дзесятых-адзінаццатых класаў — не дзеці, гутарыць з імі трэба пра ўсё, што з’яўляецца прадметам навукі і мастацтва. Адным словам, Адэлька мусіла праглынуць пілюльку, яшчэ адну.

Мама, праўда, лічыць, што я даю вучням замнога дэмакратыі. Спрачаемся пра тую мяжу, якую нельга пераступаць у адносінах настаўніка з вучнямі і ў адносінах вучнёўскага калектыву, няхай і старэйшых класаў, да таго, што робіцца навокал сталымі людзьмі, педагогамі, бацькамі. Я за тое, каб не хаваць ад вучняў нашых учынкаў — усё роўна не схаваеш! — а выхоўвацца самім, выхоўваць найперш усіх дарослых, з якіх дзеці бяруць прыклад.

О, як лёгка было б працаваць настаўнікам, каб навокал зніклі гультаі, дармаеды, п’янюгі, зладзеі, дэмагогі, хлусы, ханжы! Мама ў адным мае рацыю: у тэорыі ўсё прасцей, чым на практыцы. Праўда, як ставіцца да тых плётак, якія распускае пра мяне Адаліна і якія, безумоўна, даходзяць да вучняў? У сяле ўсім адразу ўсё становіцца вядома, старым і малым. Але не ўсе аднолькава могуць разабрацца, што да чаго. Як растлумачыць такія рэчы вучням? У старыя часы за такія плёткі мужчыны вызывалі на дуэль. Можа мне пляснуць Адаліне па мордзе пры ўсіх настаўніках? Не хочацца пэцкаць рукі аб такое…

Выпусцілі «Лявоніху». Адзін раз наш халодны клуб нагрэўся — дыханнем людзей. Паўнютка было. Прынялі на «ўра». Рагаталі — сцены дрыжалі. А мне не спадабалася. Уласная ігра не спадабалася: не тую Лявоніху ўяўляла, якую сыграла, хоць жанчыны ахалі ад захаплення: «Усё ж папраўдзе». Але яшчэ больш не падабаўся Толя ў ролі Глуздакова. Не яго роля. Не той тыпаж, не тое амплуа, як казаў нам у інстытуце акцёр Маліноўскі.

Глядзела ў залу на першы рад, на лысага Сівалоба і са смехам думала: во каму трэба іграць Глуздакова! Можа прапанаваць? А Толя ўвогуле не за сваю справу ўзяўся. Даравання ў яго акцёрскага — ні кроплі. Энтузіяст без таленту.

Сказала яму пра гэта — пакрыўдзіўся. Во праява! За работу крытыкуй яго колькі хочаш — не крыўдзіцца, адбіваецца, даказвае, але без крыўды. А сказала, што ён дрэнны акцёр, — ажно пабялеў увесь, зубы паказаў: «Ты ў нас геній! Ярмолава новая!» На гэтай глебе можна сур’ёзна пасварыцца. Цяпер я ведаю, чым можна дапячы ўраўнаважаную, далікатную, абваражальную Мар’яўну: сказаць, што яна бяздарная мастачка. А я пераконваюся, што гэта сапраўды так: вучыць яна рысаванню не лепш за Карней Данілавіча. Але вучняў старэйшых класаў зачаравала, асабліва хлопцаў. Прыгожая. Хлопцы любяць прыгожых. А можа гэта і нядрэнна? Няхай хоць так развіваюць свой эстэтычны густ.

Вася прыслаў пісьмо. Доўгае, шчырае, ласкавае. Прызнаецца ў каханні да мяне. «Вярнуўшыся сюды, у горы, на адзіноце, у каравулах, я адчуў, што там, у Мінску, нарэшце, сустрэў тое адзінае шчасце, без якога, відаць, жыццё не мае сэнсу. Я сустрэў цябе». І гэтак — на шасці старонках. Ніхто яшчэ мне не пісаў так. І ўсё пачалося спачатку: занылі раны, якія амаль загаіліся, востра забалела ў сэрцы.

Адзіны чалавек, які, здаецца, па-сапраўднаму пакахаў… Кашмар нейкі! Вася, слаўны мой, дарэмна ўсё гэта. Калі і няпраўда, што ты кроўны брат, усё роўна ты брат, і нічога, акрамя дружбы, паміж намі быць не можа. Ніколі.

Але што адказаць, каб не зрабіць гэтак жа балюча табе?

Доўга думала. Дзень, другі. Сёння паказала Васева пісьмо маме. Прачытала мая дарагая матуля — збялела. Спалохалася зноў. Але цяпер яе боязь зразумелая, бо і сама я спалохалася, калі першы раз прачытала. Для маці было б найвялікшым святатацтвам такія нашы адносіны. Яна ў роспачы сказала: «Божа мой, як мы заблыталіся ўсе».

Адразу не надала значэння гэтым яе словам. А цяпер думаю пра іх. Хто ў чым заблытаўся? Выходзіць, што ёсць яшчэ нейкія тайны. Ад каго? Якія? Спытала ў маці: што адказаць Васілю?

«Напішы, што маеш жаніха, што выходзіш замуж. Каб ён не спадзяваўся».

Здзівіла мяне яе парада. І ўзлавала.

«А чаму я не магу напісаць, што ён — брат мой? Чаму? — І здарыўся маленькі прыступ істэрыі, я крычала: — Чаму мы хлусім адно аднаму? Чаму гуляем у жмуркі? Столькі год хавала тайну майго нараджэння! Святыя грэшнікі! Ён, камбрыг твой, і цяпер баіцца сказаць праўду сваёй сям’і! Героі! Абывацелі! Спакой свой баіцеся парушыць! Не жадаю браць з вас прыклад! Чалавек цягнецца да мяне з усёй шчырасцю, а я павінна тлуміць яму галаву дзеля чаго? Не, я напішу праўду!»

Дзіўна — мама не абразілася, не пакрыўдзілася. Пакорліва згадзілася: «Напішы праўду. Так будзе лепш. Усім нам».

Мінуў яшчэ адзін дзень, а я так дагэтуль нічога не напісала Васілю. Здаецца, пачынаю разумець і маму, і Івана Васільевіча. Нялёгка бывае сказаць іншы раз праўду, не ведаючы, як яе могуць прыняць, што яна прынясе блізкаму чалавеку — радасць ці гора. Падумаю, як можа ўзварушыць, узбунтаваць маё пісьмо хлопца, які, магчыма, стаіць каля страшэннай зброі, штодня знаходзіцца побач з небяспекай, — сэрца стыне. Ды калі і не сядзіць ён там на ракеце ці на атамнай бомбе, усё роўна спакойным такі чалавек не застанецца: напіша бацьку — невядома як напіша! — папросіць тлумачэння; пісьмо, напэўна, прачытаюць Вольга Усцінаўна, Лада. Гэта ж нейкая ланцуговая рэакцыя. Чаму я павінна адразу, адным махам, зрабіць столькім людзям непрыемнасці, пасварыць, сутыкнуць ілбамі? Ці не лепей ужо адной трохі папакутаваць — і супакоіцца. Урэшце, і праўда — усе раны гояцца. Ды і якая гэта рана? Так, глупства. Непаразуменне. Калі-небудзь пазней буду расказваць пра ўсю гэтую гісторыю з гумарам.

Нічога пісаць не буду. Нічога не было. Усё засталося па-ранейшаму. Школа, вучні, мама, Алег, якога я ўсё-такі кахаю.

Лёгка рашыць: не буду пісаць. А ён прыслаў другое пісьмо. Такое ж ласкавае, гарачае. Абяцае пісаць штодня. Вясёленькае ў цябе пачынаецца жыццё, Віталія Іванаўна. Успомніла маміну параду. Напісала, што ёсць жаніх і я вось-вось выйду замуж… Прашу дараваць, жадаю шчасця… І шмат усялякай лухты. Як малапісьменная сентыментальная дура. Добра, што не паслала такое ідыёцкае пісьмо. Несла на пошту і не данесла: падрала на дробныя кавалачкі, пусціла на вецер. Няхай так ляціць. Брыдка зрабілася, што маню такому чалавеку. Каб хоць праўда хто-небудзь сур’ёзна пасватаўся. Алег, ці Толя, ці хоць чорт з канапель. Дык не ж, не хочуць, гады. Алег палезе цалавацца — навешаю аплявух.

Але што напісаць Васю, каб было разумна, праўдзіва, не крыўдна яму?

Напісала Васілю. Напісала, што я, па-першае, незаконнанароджаная — гэта ўсё-такі нейкая праўда; па-другое, відаць, ад усведамлення сваёй няроўнасці з другімі я вырасла з дурным характарам — нявытрыманая, злосная, мяне не любяць вучні, таварышы па рабоце (божа, якая хлусня і самапаклёп!).

Калі ты, маўляў, убачыш мяне ў будні, а не на свята, не ў гасцях, упэўнена: працверазееш і горка расчаруешся. А я не хачу гэтага. Я суровая рэалістка. І гэтак далей, і гэтак далей… Сорак бочак арыштантаў…

Аднак не стрымалася — пакінула прадушыну: «Але і з такім сваім характарам я ўмею быць вернай у дружбе. Калі цябе не палохаюць такія мае якасці, застанёмся добрымі сябрамі. Больш — хачу папрасіць: давай сябраваць. Я ўпэўнена: твае дабрата, чысціня, рамантычнасць будуць хораша ўплываць на мяне. Памажы мне стаць лепшай».

Адным словам — нагарадзіла супярэчлівага глупства. Цяпер шкадую, што і гэтае пісьмо не пусціла на вецер ці не ўклеіла ў дзённік, а ўкінула ў скрынку. Цяпер, напэўна, як закаханая дзяўчынка — са страхам, з заміраючым сэрцам, — буду чакаць адказу. Адчуваю: балюча, вельмі балюча перажыву, калі Вася больш нічога не напіша.

Учора Алег хацеў пацалаваць, калі мы засталіся ў нас у хаце ўдваіх. Я рашуча адхілілася:

«Не!»

Здзівіўся. Засмуціўся.

«Усё-такі я не разумею цябе пасля паездкі. Ты зусім змянілася. Што здарылася? Можна падумаць: закаханая ў некага іншага».

«Я трапіла на вяселле. І мне самой захацелася замуж».

«Хіба замужжа — гэта штамп у пашпарце, а не вера ў чалавека, у яго пачуцці?»

«Запрасі сваю былую жонку на размову. Я хачу ведаць праўду пра вашы адносіны не толькі з тваіх вуснаў».

Як ён закіпеў!

«Праўда адна! Тая, якую я расказаў! А табе трэба быць суддзёй, а не педагогам. Ты не верыш людзям! Патрабуеш немагчымага…»

«Нічога немагчымага няма. Магу сама з’ездзіць да яе, калі ты гэтак баішся».

«Вось як яно! Нарэшце, ты раскрылася, цяпер бачу: ніякага кахання ў тваёй душы няма! Ты пустая і халодная. Адзін жаночы мяшчанскі разлік ды можа самалюбства штурхнулі цябе на сувязь са мной».

«Выбірай словы, пан дырэктар!»

«Я кажу пра душэўную сувязь».

«Калі ёсць разлік, душэўнай сувязі быць не можа».

«Але ты іграла каханне, як дрэнная акцёрка! Тлуміла мне галаву».

«Няшчасны хлопчык! Яго падманулі! Не позна змяніць адрас. Я дам новы: Адаліна. Яна чакае — не дачакаецца».

Адчуў мой нарачоны, што ад нашых адносін не застанецца і трэсак. Даў задні ход. Падлізваўся. Ліслівіў. Супакоілася. Не сварылася. Але развіталася холадна. І ніякага раскаяння. Відаць, ён зразумеў: нямнога ў мяне такога пачуцця, праз якое забываешся на ўсё на свеце. Ці можа такое пачуццё бывае толькі ў семнаццаць? А ў дваццаць тры — цвярозая разважнасць? Ой, не! «Любви все возрасты покорны».

Шуміць вясна. Пасля апошняй прадвясенняй завірухі — «ехала масленіца» і нагнала снегу пад стрэхі — наступіла цяпло. Сонца майскае. Шугануў снег. Зараўлі раўчукі. На вуліцы — патоп. У настаўніцкай стаяць гумавыя боты — пераходзіць з аднаго будынка школы ў другі. Але цяпер гэта прыемныя прагулкі, не тое, што ўвосень, калі губляеш боты ў гразі. Люблю шырокія рэкі. Праўда, апошнія дзве ночы пачало падмарожваць. Можа высушыць, вымаразіць, і не будзе такога разліву, як, помню, разлілося аднойчы, калі я вучылася яшчэ ў школе. Тады наша вузенькая Хлява стала што Амазонка — таго берага не відаць было. Дзівіліся людзі — столькі вады!

Сёння ўзламаўся лёд. Стукала, як з гармат. Сарвала ўрок у сёмым — хадзілі глядзець крыгаход. Мы ж — натуралісты!

І была прыгода.

Падагнала да берага вялікую крыгу. Косця Вусік скочыў на яе і мяне паклікаў:

«Віталія Іванаўна, праплывём?»

Як дзяўчо-гарэза, ускочыла на крыгу следам за вучнем. Адпіхнуўся ён. Закружыла нас і панесла. Панесла на сярэдзіну рэчкі, дзе мчалі другія крыгі. Спалохалася я. Не за сябе. Я добра плаваю. За яго, за вучня, хоць ён, чарцянё, плавае, мабыць, лепш. А ён — малайчына: хоць бы што.

«Не бойцеся, кажа Віталія Іванаўна, у мяне ж жардзіна. Мы ў мінулым годзе з хлопцамі ажно да Лешні плылі».

Люблю людзей смелых. Ніяк не магу зразумець дагэтуль: мама смелая ці баязліўка? Што яе павяло ў атрад? Смеласць? Мужнасць? Нянавісць? Жаданне змагацца? Ці адно каханне да І. В.? Але, відаць, і гэта немалая смеласць — пайсці за каханым у такі час, у такую небяспеку, у такім стане. Думаю: ці пайшла б я? Даўно думаю. Можа за кім-небудзь і пайшла б. Але за Алегам, здаецца, не пайшла б. Прывет, бабуля! Дадумалася. Дапісалася. Радуйся!

Пісьмо ад Васі. Адказ на маё. Ён робіць тое ж самае: выкрывае сябе. Усе свае заганы. Большасць з іх, безумоўна, выдумаў гэтак жа, як і я. І такі ж нястрыманы, грубіян, за што выключылі з універсітэта. Неадукаваны, некультурны, «дагэтуль з памылкамі пішу». Памылак я знайшла толькі дзве, нязначныя. Стыль, праўда, не выдатны, але ж не ва ўсіх літаратурны талент; мне, напрыклад, лепш было б падаць на філфак, але яшчэ малая я ўзненавідзела стосы замурзаных сшыткаў, над якімі мама сляпіла вочы; цяпер хоць я памагаю ёй.

Да чаго можа быць даведзена гэтае наша самавыкрыццё, самазбіванне? Да абсурду? Да знявагі? Але я не хачу зневажаць! Я хачу любіць! Але як адвабіць яго ад сябе? Як сказаць, што пра такое каханне, пра якое ён піша, і думаць няма чаго? Вярнуцца да хлусні з замужжам?

Можа праз гэтыя свае думкі я сёння такі фартэль выкінула, што зараз самой трохі сорамна і смешна.

Ішоў камсамольскі сход; я — член бюро, а таму яшчэ ў камсамоле. Толя Плюшчай доўга і сумна — цікавы ж хлопец, жывы, а на трыбуне — нуднік! — расказваў пра нядаўні пленум. Я не слухала — думала пра сваё. А калі ён скончыў і спытаў, у каго ёсць якія пытанні, я па-школьнаму падняла руку.

«Што там у цябе?»

«Толя, чаму ты не жэнішся?»

Дзяўчаты пырснулі, нехта з хлопцаў рагатаў басам — як гром Пятроўскі прагрукатаў.

Толя, гаротнічак, як ён спачатку разгубіўся! Пачырванеў, пасінеў, пабялеў. А пасля ўзлаваўся — крыкнуў:

«Ты што — п’яная?»

Выручыў мяне інжынер-планавік Пятро Хрыпач:

«Дык спалі ж, Толя, усе. Чаму не зрабіць разрадачку? Тут жа не акадэмікі, а камсамольцы».

Але няшчаснаму Толю не стала лягчэй ад такой ацэнкі яго даклада. Пасля сходу ён ішоў следам і ўсю дарогу «распякаў». Казаў, што мой учынак вельмі не да твару настаўніцы, члену бюро, кандыдату ў члены партыі, што па сутнасці — гэта хуліганскі ўчынак, што каб ён, Толя, быў які-небудзь бюракрат, а не такі аб’ектыўны чалавек і паскардзіўся б Лескаўцу, паставіў бы пытанне афіцыйна, то, не паспеўшы паступіць у партыю, я магла б вельмі лёгка схапіць вымову. Разумела, што збянтэжаны, узлаваны Іёг наш меле лухту, палохае — ніхто за такія жарты вымовы не дае, а таму адказвала яму зноў жа жартамі. Але Толя ніяк не мог супакоіцца. Правёў дадому, зайшоў у хату, пачаў скардзіцца на мяне маме.

Я сказала:

«Толік, давай я цябе пацалую, і ты адразу пра ўсё забудзеш». Спалохаўся, дзівак, ажно адступіў ад мяне. Змоўк і хуценька змыўся. Мама смяялася, калі ён пайшоў.

Люблю, калі мама смяецца!

22 сакавіка

Адэлька сёння ўвесь дзень ззяла, як намаслены блінец. І круцілася вакол мяне, добранькая, звышветлівая, далікатная — хоць да раны прыкладай. Я адразу зразумела, што рыхтуе нейкую гадасць, але ніяк не магла здагадацца — якую.

Пасля ўрокаў выскачыла са школы разам са мной.

На вуліцы — гразь па калена. Каля хат пратаптана сцежачка, у самых гразкіх мясцінах дзеці паклалі цэглу, жардзіны. Так прабіраемся.

Я — у звычайных ботах, таму ішла смела, хутка — знарок, ведаючы, што Адэлька мужыцкі абутак ніколі не абувае, яна — у шыкоўных боціках. Ёй нялёгка было ісці за мной. Але ішла. Бегла, як сабачка, ззаду. І стракатала, як сарока. Пачала з прызнанняў у любові. Такога ханжаства я не магла сцярпець. Спынілася, крута павярнулася. Ад нечаканасці яна трохі не плюхнулася з кладачкі ў гразь.

— Вось што, Адэля, любоў тваю я ведаю. Кідай сваю жабу адразу, не бойся — праглыну.

Сцялася, збянтэжылася, на хвіліну нібы завагалася, але ўсё роўна кінула:

— Адарка бачыла, як Алег Гаўрылавіч цалаваўся з Сівалобіхай. Пазаўчора, пасля заняткаў гуртка.

Я засмяялася. Гучна. І далібог жа — весела, шчыра весела. Бо адразу ўявіла сцэнку: Алег і Сівалоб счапіліся за чубы з-за гэтай Мар’яўны. Спектакль на ўвесь раён! Потым успомніла, што Сівалоб лысы, без чуба, і зрабілася чамусьці яшчэ больш смешна.

Адэлю ўзлаваў мой смех.

— Не прытварайся, калі ласка! Ненавіджу прытвор! Рагочаш, а на сэрцы кошкі шкрабуць — хіба не відно! — і, абураная, павярнулася, пайшла назад.

Шкрабуць, Адэлька, балюча шкрабуць. Цяпер, тут, дома, за дзённікам, асабліва чую. Але чорт з імі, з кошкамі! Урэшце, усе раны гояцца. І не такія! Так нават лепш. Ставім кропку, паважаны Алег Гаўрылавіч!

…Іван Васільевіч дачытаў дзённік і падняў галаву. І — вочы ў вочы. Надзя сядзела з другога боку стала, насупраць, па-жаночаму гаротна падпёршы шчокі рукамі. Гэтак яна села, калі ён пачаў чытаць. І за ўвесь доўгі час — немалы сшытак! — ні разу не варухнулася, не змяніла паставы, ні словам, ні рухам, ні ўздыхам не перашкодзіла, не перапыніла. Але ўвесь час Іван Васільевіч адчуваў яе вось гэты позірк, яна чытала разам з ім і адначасова пільна сачыла за выразам яго твару — як рэагуе на той ці іншы запіс. Іван Васільевіч з усяе сілы стараўся не выдаць сваіх пачуццяў, хоць было гэта часам вельмі нялёгка.

Цяпер Надзя глядзела са страхам — чакала, што скажа ён, адзіны чалавек, якога паклікала на дапамогу і які з’явіўся хутчэй, чым яна меркавала.

Ён зноў ішоў ад станцыі пехатой. Але гэта не снежаньская дарога, цвёрдая, што асфальт. Цяпер прыйшлося мясіць гразь. Ад стомы ныла цела. І разбалелася нага. Раненая. Дваццаць гадоў маўчала, а тут раптам дала пачуць сябе.

Ён мімаволі зморшчыўся ад вострага болю — і Надзя ўздрыгнула. Каб адвесці яе думкі хоць на момант у другі бок, узварухнуць нечым, ён растлумачыў:

— У мяне баліць нага.

Яна чакала іншых слоў, і гэтыя, здалося, яшчэ больш спалохалі, не сэнсам сваім — непатрэбнасцю ў такі момант, калі ім, яму і ёй, трэба гаварыць не пра сябе — пра Віталію. Дзе яна?

Іван Васільевіч глядзеў на знаёмае аблічча, у знаёмыя вочы. Знаёмыя? Не, вочы амаль незнаёмыя. Дзіўна. Кажуць, самае пастаяннае ў чалавека — вочы. А ў Надзі змяніліся вочы. Ніколі не бачыў такія — такія шырокія — пэўна, ад таго, што схуднела, такія глыбокія — можа ад пільнага ўглядання, і… сумныя. Сумнымі бачыў яе вочы і раней, але той смутак быў зусім іншы, чым гэты. Увогуле Надзя моцна змянілася са снежня, і, безумоўна, усё адбылося за апошнія тры дні, пасля таго, як знікла немаведама куды дачка.

Калі ён прыйшоў, Надзя была ў вялікай чорнай хустцы. Хустка гэтая спалохала. Але калі жанчына, хоць і блытана, расказала, што здарылася, і Антанюк зразумеў, што пакуль што трагедыі няма, то перш за ўсё чамусьці папрасіў скінуць хустку. Надзю гэта ібы ўзбадзёрыла. Яна паслухмяна скінула хустку і, пакуль ён чытаў, сядзела перад ім з непакрытай галавой. Але валасы не былі так старанна прычасаны і прыгладжаны, як тады, у снежні. І цяпер Іван Васільевіч убачыў ва ўсклочаных пасмах на скронях нямала срэбра.

Вочы ўвесь час былі сухія, ніводная слязінка не бліснула ні пры сустрэчы, ні цяпер.

Іван Васільевіч і пасля дзённіка не адчуў тае бяды, якую, напэўна, убіла сабе ў галаву спалоханая маці.

Нямала трагічнага ў Віталіных адносінах з людзьмі: дзяўчына на ўсё ўмела глядзець разважліва, аптымістычна, нават з гумарам. Але яны шмат у чым вінаваты — маці і ён. Відаць, калі назваўся бацькам, трэба было ісці далей — браць на сябе большыя абавязкі, большую адказнасць. Бяды ён пакуль што не адчувае. Аднак дзённік моцна ўразіў. Можа таму не прыходзяць словы суцяшэння — не звычайныя словы, не банальныя, а такія, якіх чакае Надзя, верачы, што сказаць іх можа толькі адзін ён.

Не вытрымаў Надзінага позірку — апусціў вочы, пачаў гартаць сшытак, каб упэўніцца: ці то яму здалося, ці сапраўды Віталія не заўсёды ставіла даты, толькі ў асобных выпадках. Але, гэта так. Якія ж падзеі запісваючы, ставіла яна дату? Паведамленне Адэлі, што Алег цалаваўся з другой. Але ж гэта магла быць звычайная плётка зайздросніцы.

Іван Васільевіч шукаў у сшытку іншыя даты. Ах, вось — пасля гасцявання ў яго, у бацькі. Самыя цяжкія старонкі.

Надзя не дачакалася яго суцяшэнняў — загаварыла сама, пачала расказваць тое, што расказвала, калі ён скідаў паліто, толькі ўжо ў іншай паслядоўнасці, з іншымі падрабязнасцямі.

— Яна спытала, Іван… зусім спакойна… О, каб ты бачыў, як яна спытала! «Гэта праўда?» — і з грэблівасцю сунула мне гэтае пісьмо… Я нават не прачытала… Я ўбачыла яго прозвішча — Сваяцкага — і ўсё зразумела. Я адказала: «Гэта праўда. Але ты зразумей…» Яна закрычала: «Не трэба мне тваіх тлумачэнняў! Не трэба!» Я заплакала. Віта маўчала. Праз слёзы я прачытала пісьмо. Іван… Хто яго напісаў? Гэта не ад шчырасці, не таму, каб сказаць праўду. Не. Ад злосці. Ад вялікай злосці, Іван… Каму мы зрабілі зло? Чаму наша тайна не магла назаўсёды застацца тайнай — для яе? Яна верыла, што ты — бацька. І радавалася… Як дзіця…

— Я паводзіў сябе ганебна, калі яна прыехала. Нельга спыняцца на паўдарозе. Калі я ўдачарыў яе, назваў сябе бацькам, то абавязан быў зрабіць усё, каб яна паверыла ў маю бацькоўскую шчырасць.

— Не карай сябе, Іван. Вінавата я. Трэба было сказаць ёй праўду. Даўно. Усё забываецца. Усе раны гояцца. Ой, не, Іван, не ўсе раны гояцца. Колькі такіх, ад якіх паміраюць!

— Надзя, калі ласка, без трагедыі. Нічога ж не здарылася. Пабудзе дзе-небудзь у сяброўкі, супакоіцца… і вернецца. А калі і не вернецца, застанецца працаваць у другім месы… Хіба можаш ты ўсё жыццё трымаць яе каля сябе?

Надзя ні слова не адказала на такое тлумачэнне.

— Я ўспамінаю, Іван… Я цяпер успамінаю ўсё да драбніц, і шмат ад чаго робіцца страшна. Не помню, ці доўга я плакала. Але помню: не адразу, не, можа праз паўгадзіны, а можа і праз гадзіну яна раптам ласкава абняла мяне. «Супакойся, мама. Я ж ні ў чым не ўпікаю цябе. Відаць, другія маці зрабілі б гэтак жа. І я таксама, калі стану маці, магчыма, буду такая. Відаць, многія дзеці не ведаюць пра сваіх бацькоў». Я чакала, што яна пачне распытваць пра Сваяцкага. Іван! Я таму і таіла, што не магу гаварыць пра яго без жаху, без амярзення. Як ён растаптаў маю душу тады! Можа нядобра, можа за гэта я пакарана, але толькі тады, калі ты сказаў, што яго няма жывога, я адчула сябе вызваленай. Я радавалася… І вось ён ажыў. Ён помсціць мёртвы! Каму спатрэбілася пісаць? Навошта? Іван!

— Надзя! Калі ласка, супакойся.

— Ты ведаеш, Іван… потым, пацалаваўшы мяне, Віта пачала наводзіць парадак… на стале, на этажэрцы, у шафе. Асабліва старанна, вельмі ж старанна перастаўляла кнігі, быццам шукала патрэбную. Яна ж увогуле па характары раскідуха, у яе часта кнігі, рэчы валяюцца дзе папала. Спачатку мне так і здалося, што яна шукае нейкую кнігу ці сшытак. Я ведала, што яна вядзе дзённік, але ні разу не заглянула ў яго. «Віта, ты шукаеш што?» — «Не!» — адсекла груба. І тады я спалохалася, Іван. Мне здалося, што яна развітваецца з кнігамі. Страшна, Іван, калі чалавек развітваецца з рэчамі. Ты бачыў калі? Я не зводзіла з яе вачэй. Але хутка яна кінула перабіраць кнігі. Легла і прытварылася, што спіць. Ніколі не клалася ўдзень. А пасля паднялася — пачала рыхтавацца да ўрокаў. Гаварылі мы пра будзённае, як звычайна, толькі менш… немнагаслоўна, не па-жаночаму. Толькі пад вечар ужо, слухаючы па радыё музыку, Віта задумліва сказала: «Трэба пра ўсё расказаць Лескаўцу». О, як апякло гэта мяне, Іван! Я нават не падумала, што ёй трэба прайсці яшчэ цераз такое выпрабаванне. А яна думала, Іван. Выходзіць, перабірала кніжкі, ляжала — і думала. Я сказала, што пайду і сама ўсё растлумачу — мая ж віна, не яе. «Не! Я сама!» — сурова так крыкнула, са злосцю. Аж вочы загарэліся. Маўляў, хопіць, патлумачылі, наблыталі, цяпер сама буду разблытваць, не маленькая. Але мне стала лягчэй пасля яе выкрыку. Праўду кажу, Іван. Я веру людзям… верыла, што зразумеюць… Лескавец, іншыя. Не сябе я асцерагала, не за сябе баялася. За яе. Ты ведаеш. І можа нават лепш, што нарэшце адкрылася праўда. У той міг, далібог жа, даравала ананімшчыку. Нельга жыць усё жыццё з тайнай ды яшчэ хаваць яе ад самага роднага чалавека. Нельга! А пасля Віта спытала, калі яго асудзілі, у якім годзе, дзе. Спакойна спытала. Як пра чужога. І гэта мяне яшчэ больш супакоіла. Праўда, увечары была зноў трохі спалохала. Пачула, што ідзе гэты… Алег Гаўрылавіч, — схавалася за шырму, папрасіла сказаць, што няма дома. Я ж тады не ведала пра гэта, — Надзя тыцкнула рукой у сшытак, грэбліва зморшчылася, сашчапіла пальцы. — Божа мой! Трэба ж так, каб усё навалілася ў адзін час! Я не верыла гэтаму чалавеку! Не верыла, што ён прынясе Віце шчасце.

Дырэктар і яму не спадабаўся тады, у снежні, калі пазнаёміліся вось тут, у хаце, але Іван Васільевіч стараўся быць аб’ектыўным, стараўся нават пранікнуцца сімпатыяй. Не вельмі прывабным выглядае чалавек гэты і з дзённіка дзяўчыны, якой сур’ёзна хацелася звязаць з ім жыццё. Але навошта капаць на свежую мацярынскую рану!

— Адаліна… ці як яе?.. магла ўзвесці паклёп.

— Ах, Іван, хіба бяда толькі ў тым, што ён пацалаваў гэтую размаляваную ляльку ці яна яго… Не! Эгаіст! Сябелюбец! Ён так і не зразумеў Віцінай душы. Каб ён стаў другам, да якога можна было б прыйсці і пра ўсё расказаць… Каб я апынулася на такім раздарожжы, то паехала б да цябе, Ваня. Нягледзячы ні на што. А да каго паехала яна? Да каго, Іван? Я дала тэлеграмы ўсім сяброўкам, з якімі яна калі-небудзь перапісвалася.

— З парторгам… як яго?

— Наш? Лескавец.

— Яму яна сказала?

— Не ведаю.

— Дарэмна, Надзя. Гэта ж вельмі важна: як яны гаварылі? Што яна сказала? Што адказаў ён? Адгэтуль трэба пачынаць…

— Наўрад ці гаварыла з ім Віта. Нехта ведаў бы ўжо… Сам бы ён прыйшоў…

— Ды як сказаць! Мяркуючы па Віціным запісу, Лескавец не такі просты чалавек. Я пайду пагутару з ім.

Тады толькі Надзя ўспомніла, што ён з дарогі.

— Паснедай, Іван.

Іван Васільевіч ішоў да канторы саўгаса па гразкай сцежцы па-за гародамі, прыкладна той жа дарогай, па якой некалі вяла яго Віта, каб паказаць «славутасці» Калюжын. Ішоў у глыбокай задуме і не адразу пачуў, што яго нехта гукае.

— Таварышок, а таварышок!

Азірнуўся — яго даганяў стары, з лейцамі ў руках, з сякеркай, засунутай за вяроўчыну, якой падперазана старая, многа разоў латаная ватоўка. Падышоў, зняў аблезлы трывух, павітаўся, пакланіўся.

Івана Васільевіча нават трохі збянтэжыла такая пачцівасць. Падумаў, што хіба можа дзед паспеў ужо прычасціцца з раніцы.

— Так што звіняюсь, таварышок. Кім вы даводзіцеся вучыцельцы нашай… Надзеждзе Пятроўне?

Насцярожыла такое пытанне. І зноў-такі збянтэжыла: кім ён цяпер ёй даводзіцца?

— Яна была ў маім атрадзе. У партызанах.

— А-а, — усё зразумеў дзед, прыжмурыў маленькія і хітрыя, не прамытыя з ночы вочкі.— То слухай, таварышок, што я хачу табе расказаць… Надзежду Пятроўну не хацеў лякаць. Мала куды магла паплыць дзеўка. Маладая — вецер у галаве.

Іван Васільевіч пачуў, што млеюць ногі.

— Куды паплыць, дзед? Калі?

— Ды слухай ты па парадку. У аўторак было. Я адонкі з-пад саўгаснага стога падбіраў. Думаю: усё роўна залье. А на другім адонку, глядзі ты, клок які аставілі, не сабе ж бралі… Не трэслі ламачча… Пакуль стаялі стагі — не пойдзеш. Хто ведае, адкуль вязеш? З адонка ці са стога… Прыпішуць табе… А я, таварышок, чужога крошкі нідзе. Але калі вада залівае дабро…

— Дзед!

— Ды так во, таварышок. На чаўне перавозіў сянцо. Човен добры. На ім да Кіева можна даплыць. З’ездзіў я раз, два, назграбаў пудзік там; дзярмо, канечне, таварышок, падмочанае, ды кароўка есць, непераборлівая…

— Дзед! Дык куды паплыла Віталія?

— Хіба я кажу, што паплыла? Можа і не паплыла. Я што кажу? Плыў трэці раз, пад вечар ужо, а на беразе стаіць хтось… Думаю, можа сам Сівалобы. Адкуль, скажа, сена, дзед? На Панскім жа яшчэ стагі асталіся. Ні адзін год не аставаліся. А то стаяць. На пасяўную, ці што? Хоць хто цяпер на конях арэ? Трактарамі ўсё, таварышок. Як загудзяць!..

— Дзед!..

— То я і кажу… падплыў — ажно то яна, маладая вучыцелька… дачка Надзежды Пятроўны. Прагульваецца. Анцілігенцыя! «Добры вечар, — кажа, — дзед. Дайце я вам памагу». Яна пехцярок узяла, а я ў вожачкі навязаў. Так за раз і перанеслі. Колькі таго сена, таварышок! Спасібачка табе, дачка. Дай бог здароўя. І баба мая благадарнасць наказала. Пакуль тое сена дагледзеў, на гарышча зацягнуў. Пайшоў, каб чаўнок выцягнуць да вербаў ды замкнуць на ноч. Чаўны ў нас да-аўно не кралі… Ды і замочак ад чэснага чалавека… ад дзяцей. Глядзь-праглядзь — няма чаўна. Во, думаю, праява. Хтось з саўгаснікаў пабачыў-такі ды перагнаў, каб гэтае самае… вяшчэсцвеннае мець. Клок жа які сена астаўся. Пазавуць заўтра. Ды я не злякаўся. Лёгка ж пазнаць, адкуль яно, сена тое — з Панскага ці з-за бярэзнікаў.

— І чаўна дагэтуль няма? — Іван Васільевіч не пазнаў свайго голасу — ці то асіп так раптам, ці то спытаў шэптам?

— Пазаўчора не шукаў… Ждаў — пазавуць… А ўчора баба кажа: Пятроўніна дачка з’ехала нязвесна куды. Матка тэлеграмы б’е ва ўсе канцы. Тут мне і цюкнула, таварышок. Калі ж яна магла паехаць? А чоўна такі няма.

Дзед часам гаварыў, як блазен ці п’яны, а гэтыя словы сказаў сур’ёзна і ціха, і загноеныя вочы сталі пранікліва-разумныя і сумныя. Дзед моўчкі і глыбока спачуваў, гледзячы яму ў вочы. Іван Васільевіч пачуў востры боль у назе. І страшэнную стомленасць. На міг зрабілася млосна — пачарнела неба і расплыўся жоўтай плямай твар старога. Спалохаўся, што можа ўпасці. Толькі аднойчы ў жыцці, у партызанах, пры запаленні лёгкіх было такое: пацямнела ў вачах, закружыліся сосны, і ён упаў на парозе зямлянкі.

Як здалёк ці з-за сцяны, далятаў дзедаў голас.

— Пабялеў ты, таварышок. Не пужай ты Надзежду Пятроўну. Бабы — яны, знаеш, якія. Нервы ў іх слабыя. Ну, няхай паплыла. Дык маладыя цяпер усюды плаваюць, усюды ходзяць. Іх хлебам не кармі, а дай ескурсію. Яна дзеўка смелая. А човен добры. На ім да Кіева можна даплыць.

Раніца была хмурная, калі ён ішоў са станцыі. Не па-вясноваму халодная. А цяпер воблакі рассейваліся, выглядвала сонца. На прасторы вады — як кінуць вокам — па хвалях то там, то там скакалі «зайчыкі». Каб не вецер, напэўна, стала б па-вясноваму цёпла. Але вецер дзьме з ракі… Халодны. Якая рака? Рэчка. Раўчак, на які ён — колькі ні прыязджаў — не звяртаў увагі. А Віта казала: «Каб вы бачылі, як яна разліваецца, наша рэчка!» Так, так, ён помніць: яна казала, як разліваецца іх рэчка… яе рэчка. Не, не яе рэчка! Не яе! Дзе яна, рэчка?

Цяпер, у разліве, невядома нават, дзе яна, рэчка? Там, дзе стаіць яшчэ адна вярба, па голле ў вадзе? Ці там, дзе плавае на хвалях лаза? Ці тут, адразу каля гэтай пясчанай касы, на якой растуць вербы, чарада старых, скурчаных і самотных вербаў? Да адной з іх прывязаны ланцугом човен. Чаўны трэба замыкаць! Ад дзяцей. Як трэба хаваць патроны ад дзяцей. Як яна, аднак, разлілася, гэтая нікому не вядомая, не пазначаная на геаграфічных картах рэчка! Палеская рэчка. Вунь дзе другі бераг. Каля другой вёскі. Як яна называецца, тая вёска? Хвалі ліжуць пясок. Хвалі змываюць пясок і калі-небудзь падмыюць гэтыя вербы. Ці можа хвалі намываюць пясок, і вербы тут будуць расці вечна? Яна, малая, гуляла пад гэтымі вербамі. Яна хадзіла тут тры дні назад. Памагла старому перанесці сена.

Хто вінаваты? Хто? Я? І я таксама. Нельга хаваць праўду. Ніякую. Якая б суровая яна ні была. Нявыгадная. Небяспечная. Асабліва нельга хаваць ад дзяцей. Асабліва.

Вярніся, Віта! І я ўсё табе раскажу. Ты разумная, ты зразумееш. Навошта ты хочаш так пакараць маці? Яна не заслужыла гэтае кары. Не, не заслужыла. Каб ты сама стала маці, то ведала б цану жыцця. Яна ведала, маці твая. І я ведаю. А ты не паспела ўведаць. Вярніся, Віта!

Які халодны вецер! І якія халодныя хвалі. Размываюць яны касу ці намываюць? Небывала шырокі разліў. Небывала? А можа ён быў такі ў тую снежную зіму? Снежныя зімы! Вялікая вада! Часам яны прыносяць бяду. Але часцей даюць радасць — добрыя ўраджаі. Віта не верыла ў гэта. Як яна пісала? На пясках — высыхае за тыдзень, на тарфяніках вада трымаецца да чэрвеня. Выходзіць, снежныя зімы не даюць тут ураджаю?

Гудуць трактары. Дзесьці на базе. Выходзяць на пасяўную. «Хто цяпер на конях арэ? Трактарамі ўсё, таварышок». Але, трактарамі! Вунь яны гудуць! «Яна дзеўка смелая. А човен добры». Ты мудры, дзед. На тваім чаўне можна да Кіева даплыць. Але навошта Віце плыць да Кіева? А чаму не паплыць? На злосць усім. І каб атрымаць разрадку. Я таксама раблюся скептыкам і панікёрам. А мне цяпер трэба спакой і сіла… Спакой і сіла. На дваіх — на сябе і на Надзю.

Чаму стаю тут, на гэтым ветры? Трэба ж нешта рабіць. Даць тэлеграмы ва ўсе пункты па рэчцы… І далей — па Прыпяці…

Дакуль можна даплыць за тры дні?

Гудуць трактары…

І зазвінеў званок. Недзе бліжэй.

Іван Васільевіч не адразу дацяміў, што звоняць у школе. А зразумеў — скалануўся. Прыпаў ілбом да старой вярбы.

Віту знайшлі ажно ў Петрыкаве, у бальніцы, з цяжкім запаленнем лёгкіх.

Загрузка...